Послание к Филимону
АПОСТАЛА ПАЎЛА
«І вось, калі маеш за супольніка мяне, дык прымі
яго, як мяне» (Філ 1:17).
Адзін знакаміты пісьменьнік выказаўся прыкладна так: «Калі б я намагаўся пісьменьніцкай славы, дык пажадаў бы, каб некаторыя з маіх лістоў захоўваліся ў маіх сяброў пасьля маёй сьмерці». Мы павінны быць далёкімі ў думках ад таго, што апостал Павал намагаўся асабістай славы, але адно з ягоных прыватных лістоў было вельмі высока ацэнена ў будучым часе. З усёй прыватнай перапісцы Паўла гэта адзіны ліст, які захаваўся. Самае кароткае з усіх пасланьняў апостала Паўла. І гэты ліст – каштоўнасьць.
Пасланьне Паўла да Філімона было напісанае апосталам пад час першага зьняволеньня ў Рыме і накірована Філімону, які жыў у Калосах і быў вядомым членам мясцовай царквы. Гэта адбылося ў 62 годзе па Р. Х. Пасланьне апостала Паўла было напісанае на грэцкай мове і складалася з 355 словаў. Яно каштоўнае і па сёньня тым, што нясе ў сабе тыя прынцыпы, якія заклалі падмурак для будучага ў скасаваньні інстытута рабства.
Раб Філімона Анісім зьбёг ад свайго гаспадара і дасягнуў Рыма, дзе пазнаёміўся з Паўлам і стаў хрысьціянінам. Зусім верагодна, што Анісім зьбёг з нейкімі грашамі Філімона. Рымскае жыцьцё Філімона – гэта вельмі блізкія зносіны з апосталам і хрысьціянскае служэньне.
Павал добра разумеў, што добры і шчыры памочнік Анісім па-ранейшаму застаецца рабом Філімона і таму апостал ня мог пакінуць у такім стане гэтую сітуацыю. Апостал Павал вельмі жадаў збавіць зьбеглага раба ад жорсткага пакараньня, якога ён заслугоўваў па законах Рыма. Ён жадаў замірыць Філімона з Анісімам выступаючы ў ягоную абарону, але і не зьмяншаючы ягонае злачынства.
Павал адаслаў Анісіма да Філімона з лістом, дзе ён просіць прыняць беглага раба: «Ужо ня як раба, а вышэйшага за раба, брата любаснага, асабліва мне, а потым болей табе, і па целу і ў Госпадзе» (Філ 1:16).
Апостал зьвяртаецца да свайго вучня і сябра ад ранейшых часоў Філімона з дэлікатнай абаронаю хрысьціяніна і раба Анісіма. Якія цудоўныя шляхі Госпада. Анісім зьбёг ад Філімона бяз усякага апраўданьня, але Госпад прывёў яго да Паўла, які навярнуў яго да Ісуса Хрыста і накіраваў ногі Анісіма да ягонага гаспадара.
Новы Запавет нідзе адмоўна ня кажа пра рабства, бо калі б гэта было ня так, дык падаўленьні паўстаньняў рабоў зьвязалі б з абвяшчэньнем хрысьціянамі сацыяльных рэформаў. Але, тым ня меньш, менавіта хрысьціянства падарвала асновы рабства, зьмяніўшы сэрцы рабоў і гаспадароў. Менавіта Біблія паклала канец злу, якое несла ў сабе рабства.
Апостал Павал усьведамляў, што раб Анісім ня можа без ягонай дапамогі прыйсьці да свайго гаспадара. І таму ён піша свайму сябру Філімону ліст і перадае яго праз Анісіма.
Ліст Паўла да Філімона – гэта ўзор такту і ветлівасьці, што павінны быць у характары кожнага хрысьціяніна: «Бо мы маем вялікую радасьць і ўцеху ў любові тваёй, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых. Таму, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што трэба, з любові лепей прашу, ня хто які там, а я, Павал – старац, а цяпер вязень Ісуса Хрыста; прашу цябе за сына майго Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах маіх: ён быў калісьці нягодны табе, а цяпер годны табе і мне: я вяртаю яго; а ты прымі яго, як маё сэрца» (Філ 1:7-12).
У чым жа каштоўнасьць пасланьня Паўла да Філімона?
Раскрыцьцё характара апостала Паўла.
Характар чалавека выяўляецца ў найбольшай ступені з ягоных прыватных лістоў, а ня з нейкіх афіцыйных пасланьняў. У той час калі чалавек нейкім чынам праслаўляецца ў вачах людзей, якія чытаюць афіцыйныя творы, дык прыватны ліст паказвае сапраўдны выгляд аўтара. Так і з Паўлам. Мы бачым з гэтага кароткага ліста характар Паўла: ветлівы, ласкавы, рахманы, сьвяты і ня маючы сябелюбства чалавек.
Узор такта і мудрасьці.
Пасланьне Паўла да Філімона – гэта ўзорны ліст, стандарт высакароднага, тактычнага і дэлікатнага хадайніцтва. Жадаючы пяшчотна крануць сэрца Філімона, Павал некалькі разоў кажа пра тое, што ён ёсьць вязень: «З любові лепей прашу, ня хто які там, а я, Павал – старац, а цяпер вязень Ісуса Хрыста» (Філ 1:9).
Павал сардэчна кажа пра дастоінствы Філімона і такім чынам складае ўмовы таго, што Філімон праявіць іх і ў адносінах да Анісіма: «Чуючы пра тваю любоў і веру, якую маеш ад Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых, каб дзеяньне веры тваёй было чыннае ў спазнаньні ўсякага ў вас дабра ў Хрысьце Ісусе. Бо мы маем вялікую радасьць і ўцеху ў любові тваёй, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых» (Філ 1:5-7).
Заўважым, што Павал не называе імя Анісіма да таго часу, пакуль ён асьцярожна не пракладзе шлях да гэтага.
Адмаўляючыся ад улады апостала, Павал хадайнічае, як шчыры сябра: «Так , браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе» (Філ 1:20).
Павал шчыра просіць пра Анісіма, як пра свайго сына, спадзяючыся на станоўчы адказ Філімона: «Прашу цябе за сына майго Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах маіх»; «Спадзяючыся на слухмянасьць тваю, ведаючы, што ты зробіш і болей, чым прашу» (Фил 1:10; 21).
Шчыра прызнаючы крыўду, Павал абяцае заплаціць за Анісіма «Ён быў калісьці нягодны табе, а цяпер годны табе і мне: я вяртаю яго»; «Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, альбо вінаваты табе, лічы гэта на мне» (Філ 1:11; 18).
Павал кажа Філімону, што выпадак з Аанісімам – гэта воля Божая, дадзеная Філімону на добрае: «Бо, можа быць, ён на тое часова адлучыўся, каб прыняў яго на заўсёды» (Філ 1:15).
Заўважым, што на думку Паўла Анісім ня зьбёг, а толькі часова адлучыўся. Узор тактычнасьці і дэлікатнасьці.
Яшчэ адзін урок дыпламатычнай мудрасьці дае нам Павал, калі кажа, што ён хутка атрымае волю і прыйдзе да Філімона: «А разам падрыхтуй мне і памяшканьне; бо спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дараваны вам» (Філ 1:22).
І сапраўды, як бы мог сустрэць Паўла Філімон, калі б ён ня выканаў Паўлава прашэньне?
Аналогія збаўленьня.
Грэшнік зьяўляецца ўласнасьцю Госпада, а той ня толькі зьбёг ад свайго Гаспадара, але і абрабаваў Яго. Закон не дае яму сховішча, але ласка Божая дае яму магчымасьць збаўленьня. Грэшнік бяжыць хавацца ў Ісусе Хрысьце. У Ім ён адраджаецца, як сын і знаходзіць Хадатая перад Гаспадаром. Ён вяртаецца да Бога і прымаецца Ім ужо ня як раб, але як Сам Хрыстос. І ўсе ягоныя запазыкі запісаны на рахунак Ісуса Хрыста. Амэн.
Свидетельство о публикации №226052001626