Послание к Евреям
«Таму, браты сьвятыя, супольнікі нябеснага
пакліканьня, уразумейце Пасланца і Першасьвятара
вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста, Які верны Таму,
Хто паставіў Яго, як і Майсей ва ўсім доме ягоным»
(Геб 3:1-2).
Аўтар пасланьня да гебраяў дакладна вызначае Ісуса Хрыста як першасьвятара, Які прынёс Сябе Самога ў дасканалую і дастатковую ахвяру за грахі. Які і зараз служыць у нябесным сьвяцілішчы за нас. Сэнс пасланьня ў тым, каб падкрэсьліць перавагу Ісуса Хрыста над кожным асьпектам ці прататыпам Старога Запавета і ўтрымаць першых хрысьціянаў ад вераадступніцтва, а таксама ад звароту хрысьціянства да юдаізму.
Няма адзінага меркаваньня пра тое, хто напісаў пасланьне да гебраяў. Большасьць дасьледчыкаў лічаць аўтарам пасланьня апостала Паўла. Але існуюць і іншыя меркаваньні, па якіх аўтарамі могуць быць і такія імёны, як Барнаба, Цімафей і Апалос. Марцін Лютар, дарэчы, лічыў за аўтара гэтага пасланьня Апалоса. Але вось думка вядомага багаслова трэцяга стагодзьдзя па Р. Х. Арыгена: «Хто напісаў пасланьне да гебраяў, ведае толькі адзін Бог».
Пасланьне было накірована гебраям, якія прынялі веру ў Ісуса Хрыста, але невядомы канкрэтны адрас гэтага пасланьня. Ці не таму, што гебраі прысутнічалі ў большасьці цэркваў Ісуса Хрыста? Безумоўна тое, што пасланьне адрасавалася да непалестынскіх гебраяў, якія не былі непасрэднымі сьведкамі Ісуса Хрыста: «Дык як мы ўнікнем, занядбаўшы такое вялікае выратаваньне, якое, спачатку абвешчанае Госпадам, было ў нас умацавана тымі, якія чулі ад Яго» (Геб 2:3).
Пасланьне да гебраяў не нясе ў сабе ніякіх зьвестак пра разбурэньне Ерусаліма ў 70 годзе па Р. Х. Гэта падказвае пра больш ранейшы час напісаньня пасланьня да гебраяў, які датуецца паміж 64 і 68 гадамі па Р. Х.
Мэта напісаньня гэтага пасланьня ў тым, што з-за ганеньняў, гебрайскія хрысьціяне пачыналі думаць, што прыняўшы Ісуса Хрыста яны згубілі сваё гебрайства (ахвярнік, сьвятароў і г.д). І ў сувязі з гэтым яны пачалі зьмяньшаць хрысьціянскія каштоўнасьці і засяроджвацца на сваіх пакутах. Такі стан гебрайскай думкі ставіў іхняе хрысьціянства на мяжу адступніцтва. І таму пасланьне да гебраяў мае мэту вяртаньня ад памылковасьці да праўды Эвангельля.
Пасланьне да гебраяў можна падзяліць на тры часткі: Перавага Ісуса Хрыста (1:1-1о:39); Неабходнасьць веры (11:1-13:17); Заключная частка (13:18-25).
• Перавага Ісуса Хрыста (1:1-10:39).
Пасланьне намагаецца не дапусьціць гебраяў, якія прынялі Ісуса Хрыста зваротна ў мінулае, а гэта значыць у юдаізм. Аўтар параўноўвае самых шаноўных людзей Ізраіля, і ня толькі, з Госпадам Ісусам Хрыстом. І калі ён робіць гэта, дык усе гэтыя людзі, якімі б яны не былі праслаўленымі і дастойнымі, ****неюць перад Ім. Але ўсё па парадку.
Перавага над прарокамі (1:1-3).
Як пропаведзі Ісуса Хрыста, так і Ён Сам мае безумоўную перавагу над ўсімі прарокамі. Пропаведзі прарокаў не былі поўнымі і абвяшчаліся па-рознаму і ў розныя часы. Ісус Хрыстос не адмаўляў працу прарокаў, бо шмат разоў спасылаўся на іх. Але тое, што абвесьціў Ён, зьяўляецца канчатковым.
Як з кропкі погляду часу, бо нічога новага не чакаецца, так і па зьместу, бо нічога новага ня будзе сказана: «Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў, у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога і вякі стварыў» (Геб 1:1-2).
Госпад Ісус мае перавагу прарокамі і таму, што зьяўляецца спадкаемцам усяго, бо менавіта праз Яго Бог стварыў гэты сьвет. Ён ёсьць зьзяньне славы Айца і таму трымае ўсё словам сілы Сваёй. І таму ахвяра Ісуса Хрыста ёсьць дасканалая ахвяра Бога. За ўсіх нас.
Перавага над анёламі (1:4-14).
Ісус Хрыстос мае перавагу за небажыхароў - анёлаў таму, што Ён зьяўляецца Сынам Божым, а анёлы павінны былі пакланяцца Яму: «Бо калі і каму з анёлаў сказаў Бог: “Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе”? І яшчэ: “Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам”? Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: “Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя”.Пра анёлаў сказана: “Ты творыш анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі палымяны агонь”. А пра Сына: “Пасад Твой, Божа, у век веку; жазло валадараньня Твайго – жазло праўды» (Геб 1:5-8).
Пасланьне кажа пра анёлаў, як пра стварэньні Божыя для выкананьня волі Божай і слугаваньня Яму: «Каму калі з анёлаў сказаў Бог: “Сядзі праваруч Мяне пакуль пакладу Тваіх ворагаў падножжам нагам Тваім”? Ці ж ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне тым, якія маюць успадкаваць збавеньне» (Геб 1:13-14).
Перавага над усім, нягледзячы на Сваё зьневажэньне (2:1-18).
Перш чым паказаць зьневажэньне і ўзвышэньне Ісуса Хрыста, Пасланьне да гебраяў заклікае і ўсіх нас быць асабліва ўважлівымі да чутага, каб не адхіліцца ад шляху праўды. Такая ўвага вельмі неабходная, бо мы кранаемся да абсалютнай сапраўднасьці Эвангельля і той велічы збаўленьня, якое яно нясе нам. Ісус Хрыстос зьявіўся нам чалавечай істотаю, каб стаць Тым, Хто Сваёй сьмерцю можа вярнуць упаўшае чалавецтва да вышэйшага стану, у якім ад пачатку стварыў яго Бог: «Бо належала, каб Той, дзеля Каго і ўсё і праз Каго ўсё, многіх сыноў вядучы да славы, Пачынальніка выратаваньня іх зрабіў праз цярпеньні» (Геб 2:10).
Перавага над Майсеем (3:1-19).
Ісус Хрыстос, як Сын Божы, Які стаіць над домам Бога, мае перавагу над Майсеем, які ёсьць просты служыцель у доме Яго: «Таму, браты сьвятыя, супольнікі нябеснага пакліканьня, уразумейце Пасланца і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста, Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Майсей ва ўсім доме Ягоным. Ён бо варты тым большае славы перад Майсеем, чым большы гонар мае ў параўнаньні з домам той, хто ўладкаваў яго; бо кожны дом ладкуецца некім; а Хто ўладкаваў усё, ёсьць Бог. І Майсей верны ва ўсім доме Ягоным, як службіт, на сьведчаньне таго, што трэба было абвясьціць. А Хрыстос – як Сын у доме Ягоным; а дом Ягоны – мы, калі толькі адвагу і спадзяваньне, якімі хвалімся, цьвёрда захаваем да канца» (Геб 3:1-6).
Пасланьне заклікае да веры і дае напамін пра прыклад Ізраіля. Сумны напамін пра тое, што гебраі, якія выйшлі з Егіпта, памерлі ў пустыне з-за свайго непакорства і па волі Божай: «Бо некаторыя, што чулі, пачалі абурацца; але ня ўсе, што выйшлі з Егіпта з Майсееем. На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што зграшылі, чые косьці засталіся ў пустыні?» (Геб 3:16-17).
Перавага на Ісусам сынам Нава (4:1-16).
Ісус Хрыстос мае перавагу над Ісусам сынам Нава, які ўвёў Ізраіль у Ханаан. Хрыстос жа вядзе веруючых да вечнага супакою ў нябёсах, дзе Бог увайшоў у спачын ад Сваіх справаў тварэньня: «Бо калі б Ісус сын Нава даў ім спачын, дык не было б сказана пасьля таго пра іншы дзень. Таму народу Божаму яшчэ застаецца субоцтва. Бо, хто ўвайшоў у спачын Ягоны, той і сам спачыў ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх» (Геб 4:8-10).
Відавочна тое, што Ісус сын Нава ня ўвёў Ізраіль у гэты нябесны спачын, бо праз шмат гадоў пасьля таго Давід кажа пра тое, што Ізраілю яшчэ мае быць увайсьці ў супакой: «Сорак гадоў раздражняў Мяне род гэты, Я сказаў: гэта народ, які заблудзіўся сэрцам; яны не спазналі дарог Маіх; і таму прысягнуў Я ў гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у Мой спакой» (Пс 94:10-11).
Але Ісус Хрыстос вядзе нас у гэты супакой. Ня ў будучы нябесны супакой, а ўжо ў сёняшні, бо Ён адкупляе нас ахвяраю, якая ёсьць Ён Сам за нас.
Пасланьне заклікае нас увайсьці ў гэты нябесны супакой сваёй вернасьцю Ісусу Хрысту: «І вось, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага» (Геб 4:14).
Хрыстос пацярпеў за нас добра ведаючы нашую недасканаласьць, каб мы, па веры ў гэтую ахвяру, мелі магчымасьць збаўленьня. Гэта азначае тое, што Ісус Хрыстос ёсьць дасканалая ахвяра за ўсіх нас, якая адмаўляе разуменьне таго, што збаўленьне залежыць толькі ад добрых справаў чалавека. Так, добрыя справы ў веры неабходны, але яны ёсьць вынік веры ў Ісуса Хрыста і дэманстрацыя свайго хрысьціянскага паходжаньня.
Перавага над сьвятарствам (5:1-10:39).
Ісус Хрыстос мае перавагу над Ааронам і ягонымі пераемнікамі на пасадзе Першасьвятара. Пасланьне кажа нам пра агульныя рысы паміж сьвятарствам Аарона і сьвятарствам Хрыста. Як і Аарон, Хрыстос быў пакліканы на сьвятарства Богам. Як і Аарон, Хрыстос спазнаў спакушэньні чалавечага жыцьця і таму меў спачуваньне да чалавечага роду. Але ёсьць і тое, што вельмі адрозьнівае Ісуса Хрыста ад Аарона. Хрыстос стаў сьвятаром з клятвай Божаю. У той час як Аарон быў толькі пакліканы Богам на служэньне. Ісус Хрыстос вечны. У той час як сыны Аарона сьмяротныя, а іхняе сьвятарства пераходзіла ад аднаго да другога. Ісус Хрыстос ня меў грэху.
У той жа час сыны Аарона былі грэшнымі. Ісус Хрыстос дзейнічае ў нябеснай сферы. У той час як сыны Аарона дзейнічалі толькі ў сферы зямных сымбаляў. Ісус дабраахвотна прынёс Сябе ў ахвяру, якая ёсьць дасканалая і апошняя. У той час як сыны Аарона прыносілі ў ахвяру жывёлаў, якія ня здольны былі зьнішчыць грэх. І нарэшце Стары Запавет кажа пра тое, што будзе Новы Запавет, які скасуе папярэдні – той, што ўсталяваў сьвятарства Аарона і сыноў ягоных.
Пасланьне да гебраяў кажа пра Ісуса Хрыста, Якога мы бачым Першасьвятаром па чыне Мэлхісэдэка: «І быў названы ад Бога Першасьвятаром па чыне Мэлхісэдэка» (Геб 5:10).
Псальма 109 кажа нам, што мэсіянскі валадар будзе сьвятаром згодна Мэлхісэдэку: «Прысягаўся Госпад і не раскаецца: Ты Сьвятар навекі паводле абраду Мелхісэдэкава» (Пс 109:4).
І вось пасланьне прыводзіць падобныя рысы паміж Ісусам Хрыстом і гэтай закадкавай асобай Старога Запавета, якому Абрагам даў дзсяціну са сваёй вайсковай здабычы пры збаўленьні свайго пляменьніка Лота: «Бо Мэлхісэдэк, валадар Саліма, сьвятар Бога Ўсявышняга, - той, які сустрэў Абрагма і дабраславіў яго, калі гэты вяртаўся пасьля паражэньня валадароў, якому і дзесяціну выдзеліў Абрагам з усяго, - па-першае, згодна са значэньнем імя – валадар праўды, а потым і валадар Саліма, што азначае – валадар сьвету, бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды. Бачыце, які вялікі той, каму і Абрагам-патрыярх даў дзесяціну з найлепшых здабыткаў сваіх» (Геб 7:1:4).
Мэлхісэдэк быў сьвятаром Бога. Сьвятаром зьяўляецца і Ісус Хрыстос. Вызначым асабліва, што імя Мэлхісэдэк азначае «валадар праўды», а назва горада Салім азначае «мір» (у сэнсе паўнаты Божых дабраславеньняў). Аб’яднаючы словы «праведнасьць і мір», мы атрымліваем тыя характэрныя рысы, якія прысутнічаюць у сьвятарскім служэньні Ісуса Хрыста. Заўважым таксама, што Пісаньне не дае нам ніякіх зьвестак пра радавод Мэлхісэдэка, а таксама пра нараджэньне і сьмерць гэтага валадара. Усё гэта дае нам тыпалагічную выяву, якая паказвае нам вечнасьць Ісуса Хрыста у процілегласьць сьмяротнасьці ўсіх сьвятароў Ааронавага калена.
Перавага Ісуса Хрыста таксама і ў тым, што Мэлхісэдэк атрымлівае дзесяціну ад Абрагама, чыім нашчадкам быў Аарон. Больш таго, менавіта Мэлхідэсэк дабраславіў Абрагама, бо звычайна большы дабраслаўляе меньшага: «Бяз усякага супраціву меньшага дабраслаўляе большы» (Геб 7:7).
Пасланьне да гебраяў кажа нам пра больш значнага Сьвятара, Які ўзвышаецца над усталёваным законам сьвятарства лявітаў. Але, як мы бачым, такія адносіны да закону ад пачатку служэньня Ісуса, яўлялі юдэйству няпераадольную перашкоду.
Гэтая частка пасланьня дае таксама настаўленьні сьвятарам і ўсім хрысьціянам, каб ісьці да Госпада новым і лепшым шляхам праз Ісуса Хрыста замест застарэлага старазапаветнага шляху і каб трымацца разам Сьвятара Хрыста Ісуса: «І вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвяцілішча праз Кроў Ісуса Хрыста, шляхам новым і жывым, які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыцца, праз цела Сваё, і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым, прыступайма са шчырым сэрцам, з поўнаю вераю, крапленьнем ачысьціўшы сэрцы ад пахібнага сумленьня, і абмыўшы цела вадою чыстаю, будзем трымацца вызнаньня надзеі непахісна, бо верны Той, Хто абяцаў; будзем уважлівыя адно да аднаго, заахвочваючы ў любові і добрых учынках; ня будзем пакідаць сходу свайго, як гэта ў некаторых у звычаі; а будзем намаўляць адно аднаго, і тым болей, чым выразьней бачыце набліжэньне дня таго» (Геб 10:19-25).
Пасланьне папярэджвае нас, што адступленьне ад веры прыводзіць да жудасных наступстваў. Але яно ня вучыць таму, што сур’ёзныя папярэджаньні азначаюць страту збаўленьня. Гэтыя заўвагі папярэджваюць пра небясьпеку зьнешняга выразу веры, калі яна не адлюстроўваецца ў сэрцы: «Праведны вераю жыць будзе; а калі хто завагаецца, не хінецца да таго душа Мая. А мы ня з тых, што вагаюцца на пагібель, а стаім у веры на ратунак душы» (Геб 10:38-39).
• Неабходнасьць веры (11:1-13-17).
Вера – гэта слова, якое сустракаецца ў гэтай частцы пасланьня 18 разоў. Але, што такое вера? Вера ў нябачны сьвет, які ёсьць рэальнасьць. І Госпад адкрывае нам вочы, каб мы гэтую рэальнасьць убачылі. Вера не зьяўляецца нейкім невыразным прадчуваньнем, але гэта ёсьць упэўннасьць, бо менавіта вера кажа нам пра тое, што Бог стварыў сьвет з нічога. Вера кажа нам пра тое, што Бог ніяк не залежыць у Сваім тварэньні ад матэрыі. Веру нельга неяк патлумачыць, але пра яе можна сьведчыць. І таму пасланьне да гебраяў займаецца гэтым, прыводзячы прыклады тых мужоў і жонак, пра веру якіх сведчыць Сам Бог.
Прыклады веры (11:1-40).
Чаму Абэль быў лепшы ў вачах Госпада, чым ягоны брат Каін? І чаму Авель прынёс ахвяру Госпаду лепшую чым Каін? Ці быў Абэль больш пакорны перад Госпадам? Стары Запавет не тлумачыць гэтага. Але Бог засьведчыў пра ягоную ахвяру, прыняўшы яе. Чаму ахвяра Абэля сталася да спадобы Госпаду? Вера Абэля – адзіны адказ на гэтыя пытаньні: «Вераю Абэль прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ» (Геб 11:4).
Верыць – значыць, як Энох, дагадзіць Богу: «А бяз веры дагадзіць Богу немагчыма; бо трэба, каб той, хто прыходзіць да Бога, верыў, што Ён ёсьць, і шукальнікам Яго дасьць» (Геб 11:6).
Верыць – значыць, як Ной, падпарадкавацца Божаму наказу пасярод разбэшчанага сьвету і сур’ёзна ставіцца да будучага Божага суду над гэтым сьветам.
Верыць – значыць, як Абрагам, безумоўна падпарадкавацца пакліканьню Госпада і ісьці туды, куды пакажа табе Бог. Ня ведаючы калі і як мы атрымаем ад Яго дабраславеньні: «Вераю Абрагам паслухаўся наказу ісьці ў краіну, якую меўся атрымаць у спадчыну, і пайшоў, ня ведаючы куды ідзе» (Геб 11:8).
Таксама і Сарра атрымала сілу нарадзіць, калі зацьвердзілася ў веры: «Вераю і сама Сарра (будучы бясплодная) атрымала сілу на прыняцьце семені і не па часе ўзросту нарадзіла; бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў» (Геб 11:11).
Верыць – значыць выстаяць у спакушэньні, спадзяючыся на Госпада нават насуперак здароваму сэнсу: «Вераю Абрагам, будучы спакушаны, прынёс у ахвяру Ісаака і, маючы абяцаньне, прынёс адзінароднага, пра якога сказана: “У Ісааку табе семя”; бо ён думаў, што Бог моцны і з мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці» (Геб 11:17-19).
Вера падштурхнула Майсея адмовіцца ад валадарскай сям’і і прыняць пакуты разам са сваім народам: «Вераю Майсей, у сталым веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай, і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую, грахоўную асалоду, і зьневажаньне Хрыстовае палічыў большым сабе багацьцем, чым Егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на аддзяку. Вераю пакінуў ён Егіпет, не пабаяўшыся гневу валадарскага; бо ён, як бы бачачы Нябеснага, быў цьвёрды. Вераю справіў ён пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першынцаў не крануў іх. Вераю перайшлі яны Чэрмнае мора, як па сушы, - на што рызыкнуўшы, Егіпцяне патанулі» (Геб 11:24-29).
Вераю ўпалі сьцены Ерыхона пасьля сямідзённай аблогі, а Рааў-распусьніца не загінула: «Вераю Рааў-распусьніца, мірна прыняўшы выведнікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загінула з нявернымі» (Геб 11:31).
Вераю прарокі Госпада пераносілі жудасныя пакуты і ў той жа час перамагалі валадарствы, тварылі праўду і атрымлівалі абяцаньні. Але ўсе верныя Госпаду ад пачатку, не атрымалі пакуль галоўнага абяцаньня, якое падгатаваў усім верным Бог: «І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага, таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці» (Геб 11:39-40).
Стойкасьць веры (12:1-29).
Безумоўна тое, што Госпад Ісус Хрыстос зьяўляецца найлепшым прыкладам стойкасьці ў веры. Першыя хрысьяне маглі ўмацавацца гледзячы на пакуты Ісуса Хрыста: «Гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч пасада Божага. Падумайце пра Таго, Хто перацярпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі» (Геб 12:2-3).
Спартовец бяжыць да сваёй мэты, а мэта выяўляе веліч задачы, дае сілы, ўсталёўвае правілы паводзінаў і размяркаваньня высілкаў. Ісус Хрыстос – нашая мэта. Да Яго мы павінны бегчы. І толькі Яму мы абавязаны пачаткам нашай веры. Паводзіны Ісуса Хрыста даюць нам магчымасьць навучыцца паводзінам у праўдзе.
Ісус Хрыстос зьяўляецца для нас ня толькі ўзорам, але і правадыром нашай веры. І калі мы ідзем шляхам Хрыстовых пакутаў, мы ня будзем знаходзіцца ў духоўным сьне, але будзем глядзець толькі на Яго, як на самую жаданую мэту нашага шляху жыцьця.
Пасланьне да гебраяў дае настаўленьні да хрысьціянаў і заклікае іх да духоўнай жыцьцяздольнасьці, якую яны могуць атрымаць, умацоўваючыся ў Госпадзе і прыводзячы ў парадак сваё духоўнае жыцьцё: «Старайцеся мець мір з усімі і сьвятасьць, без якое ніхто не пабачыць Госпада. Сачэце, каб хто ня страціў ласкі Божае; каб які “горкі корань, калі вырасьце, не нарабіў шкоды, і каб ім не апаганіліся многія”; каб не было паміж вамі якога распусьніка, альбо бязбожніка, які, нібы Ісаў, за адну ежу адмовіўся ад свайго першародства» (Геб 12:14-16).
Пасланьне папярэджвае нас таксама і пра тое, што грэбаваньне словам Божым вядзе да асуды. У чаканьні вялікай мэты мы павінны захоўваць, як сьвятыню, наступнае: падзяку і служэньне ў самадысцыпліне і пакланеньні: «І вось мы, прымаючы Валадарства непахіснае, будзем захоўваць ласку, якою будзем служыць у спадабаньне Богу, з багавейнасьцю і страхам, таму што Бог наш ёсьць “агонь, які паядае”» (Геб 12:28-29).
Праявы веры (13:1-17).
Хрысьціянская адданасьць Ісусу Хрысту павінна праяўляцца на практыцы. Гасьціннасьць і спачуваньне пакутуючым павінна прысутнічаць у нашым кожнадзённым жыцьці: «Браталюбства, між вамі няхай будзе. Гасьціннасьці да вандроўнікаў не забывайце; бо праз яе некаторыя, ня ведаючы, гасьціннна прынялі анёлаў. Памятайце вязьняў, як бы і вы з імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе» (Геб 13:1-3).
Хрысьціянін павінен быць задаволеным сваім становішчам, а таксама праяўляць свае пачуцьці ў падзяке Госпаду, ў дабрачыннасьці і ў падпарадкаваньні духоўным настаўнікам: «Дык будзем жа праз Яго няспынна прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыцца, плод вуснаў, якія славяць імя Ягонае. Не забывайце таксама дабрачыннасьці і шчырай супольнасьці, бо такія ахвяры падабаюцца Богу. Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівыя, бо яны недарэмна рупяцца за вашыя душы, як абавязаныя даць адказ; каб яны рабілі гэта з радасьцю, а ня ўздыхаючы, бо гэта вам не карысна» (Геб 13:15-17).
• Заключная частка (13:18-25).
«Малецеся за нас; бо мы ўпэўненыя, што маем добрае сумленьне, бо ва ўсім хочам паводзіцца сумленна. Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй вярнуты быў вам. А Бог згоды, Які ўзьнёс з мёртвых Пастыра авечак вялікага Крывёю запавету вечнага, Госпада нашага Ісуса (Хрыста), хай удасканаліць вас у кожнай добрай дзеі, на выкананьне волі Ягонай, творачы ў вас заўгоднае Яму, праз Ісуса Хрыста. Яму слава на векі вечныя ! Амэн. Прашу вас браты, прымеце гэтае слова ўмаленьня; я ж няшмат і напісаў вам. Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены, і я разам з ім, калі ён неўзабаве прыйдзе, пабачу вас. Вітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас Італійскія. Ласкаа з усімі вамі. Амэн» (Геб 13:18-25).
Свидетельство о публикации №226052101555