Послание Иакова

ПАСЛАНЬНЕ
ЯКУБА


«Якуб, слуга Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццаці каленам, што ў расьцярушаньні: радавацца!» (Як 1:1).


Пасланьне Якуба – гэта самая практычная кніга Новага Запавета. Яно не дактрынальнае, але можа разглядацца як настаўленьне ў хрысьціянскіх паводзінах, якія базуюцца на падмурку веры. Гэта кніга практыкі і маралі хрысьціяніна. Сам Якуб быў надзвычайна практычным і таму ён прапаведаваў тое, што праяўляў у сваім жыцьці. Пасланьне Якуба – гэта кніга сьвятога жыцьця хрысьціяніна.

Якуб – адзінакроўны брат Ісуса Хрыста. Ён не падрымліваў Ісуса пад час Ягонага грамадзкага служэньня, але навярнуўся пасьля сустрэчы з уваскрослым Госпадам: «Потым зьявіўся Якубу, таксама ўсім апосталам» (1 Кар 15:7).

Прыйшла вялікая перамена ў жыцьці Якуба. Ён стаўся вучнем Ісуса Хрыста і мужам малітвы. Якуб даволі хутка стаў лідарам сярод хрысьціянаў Ерусаліма і гэта пацьверджваюць словы Пятра, які цудоўным чынам быў вызвалены з цямніцы пасьля забойства Ірадам Якуба, брата апостала Яна: «А ён, даўшы рукою знак, каб маўчалі, расказаў ім, як Госпад вывеў з цямніцы, і сказаў: перакажэце ўсё гэта Якубу і братам. Пасьля выйшаў і пайшоў у іншую мясьціну» (Дзеі 12:17).

Якуб узначаліў царкву Ерусаліма і нароўні з Пятром і Янам лічыўся адным з кіраўнікоў хрысьціянаў. Менавіта пра гэта кажа Павал будучы ў Ерусаліме пасьля свайго вяртаньня з роднага Тарса: «Пасьля, праз тры гады, хадзіў я ў Ерусалім пабачыцца зь Пятром і пабыў у яго дзён пятнаццаць. А другога з апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якуба, брата Госпадавага» (Гал 1:18-19).

Якуб быў забіты юдэямі ў 62-63 годзе па Р.Х. Пра гэта сьведчыць юдэйскі гісторык Язэп Флавій, які кажа пра тое, што менавіта ў гэты час быў забіты камянямі кіраўнік хрысьціянскай царквы Ерусаліма Якуб. Якуб застаўся верным Хрысту і сабе, бо замацаваў сваё хрысьціянства і веру ў Ісуса Хрыста сваёй крывёю. Лічыцца, што пасланьне Якуба было напісанае да 49 года па Р.Х., калі адбыўся першы Ерусалімскі сабор, дзе разглядаліся пытаньні юдэйства ў хрысьціянстве. Пасланьне Якуба не нясе ў сабе гэтых пытаньняў і таму лічыцца, што яно было напісанае да сабора ў Ерусаліме. А калі гэта так, дык пасланьне Якуба можна лічыць першай кнігай Новага Запавета.

Якуб, у сваім пасланьні, зьвяртаецца да хрысьціянаў з гебраяў, «якія ў расьсеяньні». Справа ў тым, што першыя хрысьціяне, якія жылі ў Ерусаліме, вельмі цярпелі ад перасьледу, у якім узяў актыўны удзел і Саўл, будучы апостал Павал. Яны вымушаны былі расьсейвацца па розных месцах Юдэі і Самарыі, а таксама ў Фінікію, Кіпр і Антыёхію. Якуб зьвяртаецца да «дванаццаці каленаў», спасылаючыся на Стары Запавет і памінаючы Госпада Саваофа, што кажа пра вельмі значную прывязку Якуба да закону Майсеева, як і пра напамін іншым прытрымлівацца гэтага закону.

Гебрайскія хрысьціяне праходзілі праз жорсткія выпрабаваньні і спакушэньні і таму Якуб піша ім, каб абадзёрыць і суцешыць. Наогул, жыцьцёвыя нягоды вельмі часта ўзьдзейнічаюць на нашую веру і мы пачынаем меньш служыць Госпаду, а то і перапыняем служэньне. Гэта азначае, што сур’ёзныя выпрабаваньні ў нашым жыцьці здольныя адмоўна ўзьдзейнічаць на нашае духоўнае жыцьцё. І таму Якуб піша гэта ня толькі для першых хрысьціянаў, але і для нас, каб дапамагчы ўсім, хто будзе чытаць гэтае пасланьне, наноў адчуць рэальнасьць хрысьціянства.

Пасланьне Якуба можна падзяліць на тры часткі: Выпрабаваньні хрысьціяніна (1:2-17); Сіла хрысьціяніна (1:18-25); Справы па веры (1:26-5:20).


• Выпрабаваньні хрысьціяніна (1:2-17).

У першым вершы свайго пасланьня Якаў вітае «расьсеяных» хрысьціянаў Ерусаліма і заклікае іх «радавацца». І гэта ня проста пажаданьне, але пачатак настаўленьня тых, хто пакутуе ў выпрабаваньнях: «Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні, ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю, а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы» (Як 1:2-4).
Якаў паказвае адрозьненьні паміж выпрабаваньнямі і спакушэньнямі. Так, ён кажа, што Бог пасылае выпрабаваньні, каб зрабіць чалавека цярплівым, але Гасподзь нікога і ніколі не падахвочвае грашыць. Гэта робіць д’ябал, які выкарыстоўвае нашы грахоўныя жаданьні, каб зь іхняй дапамогаю ўвесьці нас у грэх. І толькі ад Бога зыходзіць «усякае даньне добрае»: «У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: “Бог мяне спакушае”; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога, а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем; а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць. Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя: Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, а ні ценю пераменнасьці» (Як 1:13-17).
Розьніца паміж выпрабаваньнямі і спакушэньнямі можа выглядаць наступным чынам: Бог дае нам выпрабаваньні, каб зрабіць нас цярплівымі і выявіць у нас найлепшыя якасьці; д’ябал жа падкідвае нам спакушэньні, каб мы праявілі сябе з найгоршага боку.

• Сіла хрысьціяніна (1:18-25).
«Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў. Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе; бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай. Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы» (Як 1:18-21).
Слова Божае – гэта тая крыніца, дзе ёсьць усё неабходнае для таго, каб мужна і зь вераю пераносіць выпрабаваньні і пазьбягаць спакушэньняў. Сіла Божага Слова мае вельмі моцную праяву ў зьвяртаньні чалавека да Госпада. Кожны хрысьціянін збаўляецца па ласцы Божай, якая праяўляе сябе ў Слове Божым і якая дзейнічае празь яго.
Сіла, якая праяўляецца такім чынам, даступна кожнаму хрысьціяніну. І мы павінны валодаць гэтай сілаю. Але як мы можам гэтага дасягнуць і набыць сілу Слова Божага? Мы павінны чуць яго, прымаць яго і выконваць яго: «Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе. Бо хто слухае слова і не выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы свае ў люстры: ён паглядзеў на сябе, адыйшоўся – і адразу забыўся, які ён ёсьць. А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні» (Як 1:22-25).

• Справы па веры (1:26-5:20).
«Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць. Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам» (Як 1:26-27).
Якаў у гэтых вершах паказвае тры адметных прыкметы хрысьціянства: утаймаваньне языка; клопат пра маючых патрэбу і аддзяленьне ад сьвету. І далей, ён раскрывае сутнасьць гэтых прыкметаў і пасьвячае асноўную частку свайго пасланьня тлумачэньню вышэй сказанага, але робіць гэта ня ў тым парадку, які дадзены Якавам у вершах 26-27.

Клопат пра маючых патрэбу (2:1-26).
«Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы. Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы, і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо:сядзь тут, каля ног маіх, дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы злаўмыснымі судзьдзямі?» (Як 2:1-4).
Якаў распавядае нам пра багатага і беднага, якія ўваходзяць на сход веруючых. Ён асуджае тых, хто аддае перавагу і пашану багатаму, не заўважаючы беднага. Якаў кажа далей, што Бог выбраў бедных, зрабіўшы іх багатымі вераю і нашчадкамі Царства Божага, а некаторыя, што прыходзяць на сход, пагарджаюць імі і тым самым парушаюць закон: «Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, - добра робіце. Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы» (Як 2:8-9). Мы бачым пра выкладзеную сутнасць закона, якую даў нам Ісус Хрыстос – царскаму закону. Выбіраючы багатых, і грэбуючы беднымі, хрысьціяне парушаюць сам закон, які не дазваляе гэтага, бо гэта наносіць урон аўтарытэту Заканадаўцы ў вачах іншых людзей. Грэбуючы беднымі, яны тым самым дэманструюць, што ня любяць блізкіх, як саміх сябе.
«Якая карысць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго? Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку, а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць? Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе» (Як 2:14-17). Якаў кажа, што хрысьціянін павінен мець асабістае дачыненьне да добрых справаў адносна маючых патрэбу, а калі не, дык ці мае ён веру? Вельмі важны момант у пасланьні Якава і даволі складаны, бо ў гэтым праглядаецца нязгода з вучэньнем апостала Паўла пра тое, што збаўленьне атрымліваецца па ласцы Божай, але не па справах: «Бо мы прызнаём, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад дзеяў закону» (Рым 3:28). Многія людзі і прыходзяць да высновы па словах Якава, што добрыя дзеі вызначаюць веру і як вынік – збаўленьне. Але ці так гэта?
Ці супярэчыць Якаў Паўлу? Не, не супярэчыць, бо гэта так на першы погляд здаецца. Зьвернем увагу на словы Якава: «калі хто кажа, што мае веру». Ён ня кажа: «калі, хто мае веру» і ў гэтым ёсьць істотная розьніца, бо Якаў вёў барацьбу з тымі, хто на словах спавядаў веру ў Хрыста, але на справе ніяк не праяўляў міласэрнасьці Госпада. Павал таксама казаў пра тое, што ісьціная вера вядзе да добрых справаў: «Бо мы – Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў назначыў нам выконваць» (Эф 2:10). Ісьціная вера заўсёды робіць добрыя справы, а добрыя справы зьяўляюцца доказам ісьцінай веры.

Утаймаваньне языка (3:1-12).
Якаў даволі падрабязна раскрывае адну з прыкметаў ісьцінага хрысьціянства – адносіны да языка як фізічнай часткі чалавека, якая зьяўляецца самым хуткім указальнікам сэрца, паказваючы ступень забруджанасьці сэрца злом гэтага сьвету. «Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік; гэтак сама і язык – невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі агонь як многа рэчыва паліць; і язык – агонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены; бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, паўзуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймована прыродаю чалавечай, а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта – неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты. Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога. З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць» (Як 3:4-9).
Мы бачым непасьлядоўнасьць чалавека, які здольны дабраслаўляць і праклінаць. Менавіта таму Якаў зьвяртаецца да мудрасьці, бо сам у жыцьці быў мудрым чалавекам і меў тую мудрасьць, якая дадзена была яму Духам Сьвятым. Якаў кажа пра мудрага чалавека, які лічыцца такім не па ўзроўню ведаў, але па сваіх справах: «Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю» (Як 3:13).
Перад намі паўстаюць два рода мудрасьці. Першая – гэта мудрасьць плоцкая, бо выходзіць з упаўшага чалавека: «Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду: гэта бо ня мудрасьць, што з гары прыходзіць, а зямная, плоцкая і дэманская; бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незгладзь і ўсё ліхое» (Як 3:14-16). Другая ж мудрасьць дабраславёная Госпадам і якая праслаўляе чалавека: «А мудрасьць, якая прыходзіць з гары, найперш – чыстая, потым – згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная і некрывадушная» (Як 3:17).
Божая мудрасьць кіруе языком чалавека і ўтаймоўвае яго. Божая мудрасьць, якая сеецца ў сэрца чалавека, павінна ўзрастаць і даваць свае плады ў дзейнасьці чалавека: «А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру» (Як 3:18).

Аддзяленьне ад сьвету (4:1-5:20).
Гэтая характэрная прыкмета ісьцінага хрысьціянства кажа пра тое, што мы павінны карыстацца толькі Божай крыніцай мудрасьці і добра памятаць пра тое, што наш самы магутны вораг – гэта мы самі: «Адкуль у вас свары і раздоры? ці не адгэтуль, ад пажаданьняў вашых, што варагуюць у чэлесах вашых? Хочаце – і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце – і ня можаце дамагчыся; зводзіцеся і варагуеце – і ня маеце, бо ня просіце; просіце – і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, а каб ужыць на пажаданьні вашыя. Пералюбнікі і пералюбніцы! ці ж ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць супроць Бога! Дык вось, хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу» (Як 4:1-4). Якаў кажа, што эгаізм вельмі дрэнна адлюстроўваецца на адносінах ня толькі да людзей, але і да Бога. Істота чалавека зайздросная, бо напоўнена зайздрасьцю да іншых людзей і нават звароты да Бога не накірованыя на добрае, але на тое, каб споўніліся пажаданьні злога сэрца. А ці ёсьць выйсьце?
Мы можам пазьбегнуць гэтага толькі ў тым выпадку, калі скорымся перад Госпадам, бо Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату: «Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас; да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя; смуткуйце, плачце і галасеце: сьмех ваш няхай абернецца ў плач, а радасьць – у смутак. Упакорцеся перад Богам, і ўзвысіць вас» (Як 4:7-10). Мы павінны вартаваць сваё сэрца, каб нікога не ліхасловіць і нікога не судзіць: «Не ліхаслоўце адзін аднога, браты хто ліхасловіць брата альбо судзіць брата свайго, той ліхасловіць і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, дык ты не выканаўца закону, а судзьдзя. Адзін Заканадаўца і Судзьдзя, Які можа і ўратаваць і загубіць: а ты хто, што судзіш іншага?» (Як 4:11-12).
Якаў кажа нам пра свавольства і звычку ня памятаць пра Бога, а таксама пра самаўпэўненасьць чалавека ў тым, што ён можа зрабіць усё што пажадае, не залежачы ад Госпада. Але ён паказвае і тое, да чаго гэта звычайна прыводзіць: «Багацьце ваша спрахла, і вопратку вашу патачыла моль. Золата ваша і срэбра паржавела, і ржа іхняя засьведчыць супраць вас і зьесьць плоць вашу, як агонь: вы назапасілі сабе скарб на астатнія дні. Вось плата, якую вы затрымалі ў працаўнікоў, што жалі палеткі вашыя, лямантуе, і лямант жняцоў дайшоў да вуха Госпада Саваофа. Вы раскашвалі на зямлі і асалодамі цешыліся, як бы на дзень заколу. Вы засудзілі, забілі Праведніка: Ён не супрацівіўся вам» (Як 5:2-6).
Каб быць аддзеленым ад гэтага сьвету трэба быць доўгацярплівым: «Доўгацярпіце і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прышэсьце Гасподняе блізіцца» (Як 5:8). Якаў заклікае для гэтага маліцца за сябе і іншых людзей, а таксама вяртаць на ісьціны шлях тых, хто збочыў зь яго «Братове! калі хто з вас ухіліцца ад праўды, і наверне хто яго, хай той ведае, што хто грэшніка навярнуў з аблуднай дарогі ягонай, той уратуе душу ад сьмерці і пакрые мноства грахоў» (Як 5:19-20). Якаў выкладае гэта ў самай абагульнённай форме, але гэта і пацьверджвае тое, што мы бачым у гэтых словах усеагульны сэнс пасланьня апостала Якава.


Рецензии