Первое послание апостола Петра
АПОСТАЛА ПЯТРА
«Пётр, апостал Ісуса Хрыста, прышэльцам, расьсеяным
у Понце, Галятыі, Кападокіі, Асіі і Віфаніі, выбраным
паводле веданьня Бога Айца, пры асьвячэньні ад Духа,
на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста:
ласка вам і мір хай памножацца» (1 Пят 1-2).
Першае пасланьне апостала Пятра накіравана да веруючых гебраяў у мясьцінах Малой Азіі, якія пералічаны апосталам у першым вершы свайго пасланьня. Пётр напісаў сваё пасланьне дзеля таго, каб падтрымаць і абадзёрыць веруючых, кажучы ім пра сілу ласкі Божай. Галоўнай думкаю Пятра ў гэтым пасланьні ёсьць тое, што мы павінны пераносіць выпрабаваньні і пакуты цярпліва, радасна і ў славу Божую.
Чытаючы пасланьне Пятра, мы павінны заўважыць асноўнае слова гэтага твора – «пакуты», якое ўзгадваецца самое ці раўназначнае яму 21 раз і таму вызначае апавяданьне гэтай кнігі. Дададзім да гэтага і тое, што пакуты Ісуса Хрыста мы бачым у кожным разьдзеле гэтага пасланьня.
Лічыцца, што пасланьне апостала Пятра было напісанае ў 63-64 годзе па Р. Х. перад сваёй пакутніцкай сьмерцю ў Рыме пад час цэзара Нерона ў 65 годзе па Р. Х. Тэма ганеньня хрысьціянаў, якая праходзіць у пасланьні, па ўсёй верагоднасьці, не зьвязаная з цэзаравай забаронаю хрысьціянства, бо Пётр кажа тут пра кіраўнікоў як пра абаронцаў добрага грамадзкага жыцьця. Забарона цэзара зьявілася ў больш позьні час. І з гэтага можна зрабіць выснову, што ганеньні хрысьціянаў праяўляліся ў форме паклёпаў, грамадзкага асуджэньня, нападкаў натоўпу і нейкіх лакальных узьдзеяньняў мясцовых уладаў.
Цікавым уяўляецца і пытаньне пра месца напісаньня першага пасланьня Пятра, які піша як быццам бы з Бабілона: «Вітае вас выбраная, падобна вам, царква ў Бабілоне і Марк, сын мой» (1 Пят 5:13).
Некаторыя дасьледчыкі так і сьцьвярджаюць, што Пётр напісаў сваё пасланьне, калі знаходзіўся ў Бабілоне і стварыў там новую хрысьціянскую царкву. Але гэта наўрад ці можа быць дакладным, бо гістарычныя і археалагічныя дасьледваньні кажуць, што калісьці магутная сталіца паганаў, была пад час Пятра і Паўла ў такім разбураным стане, што даўно ўжо пазбавілася сваіх жыхароў.
Назва «Бабілон» сустракаецца ўжо як сымбаль Рыма і менавіта пра гэта кажа апостал Ян у кнізе Адкрыцьця: «І на лобе ў яе напісана імя: таямніца, Бабілон вялікі, маці блудадзеек і мярзотаў зямных. Бачыў я, што жанчына апоена была крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісусавых, і, бачачы яе, дзіву даваўся вялікаму»; «А жанчына, якую ты бачыў, ёсьць вялікі горад, што валадарыць над зямнымі валадарамі» (Ян 17:5-6; 18).
Сваё пасланьне Пётр дасылае праз нейкага Сілуана, як кажа Пётр: «Гэта сьцісла напісаў я вам праз Сілуана, вернага, як думаю, вашага брата, каб упэўніць вас, суцяшаючы і сьведчачы, што гэта ў праўдзе ласка Божая, у якой вы стаіце» (1 Пят 5:12).
Імя Сілуан лацінскае, што па арамейскі азначае «Сіла». І зусім верагодна, што гэта і ёсьць паплечнік апостала Паўла Сіла. І на тое ёсьць падстава, бо многія простыя хрысьціяне пачалі думаць пра тое, што апосталы Павал і Пётр мелі розныя погляды на асновы хрысьціянскай веры. Таму вельмі верагодна, што Пётр, напісаўшы гэтае пасланьне перадаў яго азіяцкім цэрквам праз сябра і паплечніка апостала Паўла, каб такім чынам абвергнуць памылковыя думкі тамтэйшых хрысьціянаў.
Першае пасланьне Пятра можна падзяліць на шэсьць асноўных частак: Прывітаньне Пятра (1:1-2); Божая ласка на збаўленьне (1:3-2:12); Божая ласка на паслушэнства (2:13-3:12); Божая ласка на пераадоленьне пакутаў (3:13-4:19); Божая ласка на служэньне (5:1-11) і Заключная частка (5:12-14).
• Прывітаньне Пятра (1:1-2)
Пётр вітае ўсіх тых, да каго зьвяртаецца як апостал і жадае ім Божай ласкі і міру. Уступ Пятра нельга разглядаць як неабходную фармальнасьць, бо мы бачым, як Пётр пачынае праслаўленьне велічы Божага збаўленьня. Ён разумее, што можа дапамагчы тым да каго зьвяртаецца і таму дае ім усьведамленьне часовасьці цяжкасьцяў і пакутаў. Дзякуючы збаўленьню, якое дае Бог, хрысьціяне набывалі духоўны погляд далей зямнога жыцьця, каб адчуць вечную славу.
Але чаму збаўленьне хрысьціяніна ёсьць вялікае і слаўнае? Таму што хрысьціяне былі «выбраны паводле веданьня Бога Айца», а гэта азначае, што яны былі выбраныя яшчэ да пачатку ўсяго. Пётр кажа пра гэта, каб суцешыць і абадзёрыць ня толькі першых хрысьціянаў, але і нас з вамі. Пётр кажа пра «асьвячэньне ад Духа» і «акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста». Бог прадвызначае асобны шлях для тых, хто далучаецца да народу Божага. Сьвяты Дух асьвячае іх, перамяняючы іхнія сэрцы дзякуючы збаўляльнай сьмерці Ісуса Хрыста. І іншага шляху, каб стаць сынам ці дачкой Божай, не існуе.
• Божая ласка на збаўленьне (1:3-2:12)
Апостал Пётр даволі падрабязна раскрывае нам усю веліч нашага збаўленьня. Яно велічнае, бо дае нам вялікія Божыя дабраславеньні. Яно дае нам надзею, вечную спадчыну і вялікую радасьць, якую Ён укладае ў нашыя сэрцы: «Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што з вялікай Сваёй міласьці адрадзіў нас праз уваскрэсеньне Ісуса Хрыста з мёртвых да жывое надзеі, да спадчыны нятленнай, чыстай, неўвядальнай, захаванай на нябёсах вам, сілаю Божаю праз веру ахаваным на ратаваньне, якое гатова адкрыцца ў апошні час. З гэтага радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў, каб выпрабаваная вера вашая сталася каштоўнейшаю за пагібельнае, хоць і агнём прабаванае золата, на пахвалу і гонар і славу пры зьяўленьні Ісуса Хрыста, Якога ня бачыўшы, любіце, і Якога, дагэтуль ня бачачы, але веруючы ў Яго, прымаеце з радасьцю нявымоўную і слаўнаю, дасягаючы нарэшце вераю вашаю выратаваньня душ» (1 Пят 1:3-9).
Усё трымаецца Богам. Ён клапоціцца пра нас, каб пакуты і выпрабаваньні не нараджалі ў нас страх, а прыводзілі да радасьці, каб спакусы і выпрабаваньні толькі ўмацоўвалі нашую веру, якая б ад гэтага была здольная вытрымліваць любыя іншыя выпрабаваньні, якія сустракаюцца ў нашым жыцьці.
Пётр параўноўвае веру з золатам, сапраўднасьць якога правяраецца агнём, каб павялічвалася ягоная чыстата і якасьць. Апостал зьвяртаецца да нас, як і да тых першых хрысьціянаў, якія ня бачылі асабіста Ісуса Хрыста і якія павінны сэрцам бачыць уваскрослага Госпада, каб зьнішчыліся ўсе зямныя перашкоды паміж намі і Ісусам Хрыстом.
Нашае збаўленьне нясе ў сабе веліч і славу яшчэ і таму, што зьяўляецца вынікам старазапаветных прароцтваў: «Якраз гэтага выратаваньня датычыліся вышукі і дасьледваньні прарокаў, якія прадказвалі вызначаную вам ласку, дасьледуючы, на каторы і на які час паказваў існы ў іх Дух Хрыста, калі Ён прадвяшчаў Хрыстовыя цярпеньні і славу, якая прыйдзе пасьля іх; ім адкрыта было, што ня ім самім, а нам служыла тое, што цяпер абвешчана вам праз зьвеставальнікаў Духам Сьвятым, пасланым з нябёсаў, у што хочуць пранікнуць анёлы» (1 Пят 1:10-12).
Апостал Пётр засяроджвае нашую ўвагу на тое, якім павінен быць водгук хрысьціяніна: «Як паслухмяныя дзеці, не кіруйцеся ранейшымі пажаданьнямі, якія былі ў няведаньні вашым, а на прыклад Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятыя ва ўсіх учынках; бо напісана: “Будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты”» (1 Пят 1:14-16).
Усім нам належыць памятаць пра тое, які Бог, хто такі Ісус Хрыстос, што Ён зрабіў для нас і кім сталі мы дзякуючы Ісусу Хрысту. Мы павінны быць паслухмянымі Божымі сынамі і дочкамі, збаўленымі ад марнага жыцьця. Мы павінны быць жывымі камянямі, з якіх будуецца духоўны дом. Мы павінны быць валадарскім сьвятарствам і родам выбраным.
Мы павінны быць памілаваным народам Божым: «Але вы – род выбраны, валадарскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчаць дасканаласьць Таго, Хто выклікаў вас з цемры ў цудоўнае Сваё сьвятло; колісь не народ, а сёньня народ Божы; колісь непамілаваныя, а сёньня памілаваныя» (1 Пят 2:9-10).
«Пачуй Госпадзе малітву маю, і выслухай енкі мае, ня будзь бязуважны да сьлёз маіх, бо вандроўнік я ў Цябе і прыхадзень, як бацькі мае ўсе» (Пс 38:13).
Мы вандроўнікі ў гэтым сьвеце, але павінны паводзіць сябе ў гэтым сьвеце так, каб ня ганьбілася імя хрысьціяніна. Нашае жыцьцё праходзіць у гэтым сьвеце, але яно не ад гэтага сьвету і таму хрысьціянін мае іншыя вымярэньні каштоўнасьцяў тых ці іншых зямных рэчаў і абставінаў.
І таму апостал Пётр зьвяртаецца да ўсіх нас, заклікаючы да дабрадзейнага жыцьця: «Любасныя, прашу вас! як прышэльцаў і вандроўнікаў, пазьбягаць цялесных пахацінстваў, што паўстаюць супраць душы, і жыць дабрадзейна сярод паганаў, каб яны за тое, што клянуць вас, як ліхадзеяў, пабачыўшы добрыя дзеі вашыя, уславілі Бога ў дзень адведзінаў» (1 Пят 2:11-12).
• Божая ласка на паслушэнства (2:13-3:12).
Пасланьне Пятра заклікае хрысьціянаў да паслушэнства ў асноўных сфэрах хрысьціянскага жыцьця, зьвяртаючы ўвагу на кожнадзённыя асабістыя спакушэньні, з якімі хрысьціяніну трэба весьці барацьбу ў самім сабе:
Урад (2:13-17).
Пётр кажа, што кожны хрысьціянін павінен усьведамляць, што ўрад дадзены людзям Богам для таго, каб караць зло і вітаць добрае. Але як зразумець паслушэнства тым кіраўнікам, якія ёсьць жорсткія, цёмныя і разбэшчаныя? У гэтых выпадках чалавеку неабходна вельмі дакладнае разуменьне волі Бога, каб не парушыць абавязак падпарадкаваньня. Як бы тое не было, але для хрысьціяніна вельмі важна тое, каб ён зацьвердзіўся ў цярплівым падпарадкаваньні. Так казаў і апостал Павал, калі заклікаў хрысьціянаў Рыма падпарадкоўвацца цэзарам.
Але ці ёсьць тут мяжа? Паслушэнства – заўсёды правільнае, але толькі не ў адносінах да чалавека, які мае адкрыты намер зганіць Бога. Трэба заўсёды падпарадковацца ўладам, акрамя тых выпадкаў, калі ўлады патрабуюць ад нас выступаць супраць Госпада: «Але Пётр і Ян сказалі ім у адказ: памяркуйце, ці справядліва перад Богам – слухацца вас болей чым Бога?» (Дзеі 4:19).
Там, дзе ўлада выконвае Божае даручэньне караць зло, дык там павінен хрысьціянін быць паслухмяным і падтрымліваць урад. І ў гэтым выпадку хрысьціяне павінны браць на сябе і палітычныя абавязкі, каб не дапусьціць да ўлады зло. Апостал Пётр зьвяртаецца да першых хрысьціянаў з вельмі моцным заклікам, які можна назваць і палітычнай заявай: «Усіх шануйце, братэрства любеце, Бога бойцеся, валадара паважайце» (1 Пят 2:17).
Праца.
Ніхто з апосталаў Ісуса Хрыста не вітаў, але і не адмаўляў рабства, бо яны ведалі, што калі Эвангельле распаўсюдзіцца «ува ўсіх народах, пачынаючы з Ерусаліма», дык яно абавязкова скасуецца. Але пакуль яно існавала, рабы-хрысьціяне павінны былі нават выкарыстоўваць сваё становішча, каб вернай і добрай працай садзейнічаць распаўсюджваньню Добрай весткі пра Ісуса Хрыста: «Слугі, - з поўным страхам скарайцеся гаспадарам, ня толькі добрым і лагодным, але і суровым. Бо гэта спадобнае Богу, калі хто па сумленьні перад Богам, церпіць нягоды, пакутуючы несправядліва» (1 Пят 2:18-19).
Шлюб.
Многія жанчыны навярнуліся да Госпада ўжо будучы ў шлюбе і таму перад імі паўстала ня простае пытаньне: «Як прывесьці сваіх няверуючых мужоў да Ісуса Хрыста?» Пасланьне апостала Пятра заклікае іх заваёўваць сэрцы мужоў для Бога, каб яны ўбачылі ўсё сьвятло і ўсю прыгажосьць жыцьця, якое перамяняецца ў Ісусе Хрысьце: «Гэтак сама і вы, жанчыны, карэцеся сваім мужам, каб тыя з іх, хто не скараецца слову, праз паводзіны жонак сваіх бяз слова здабываныя былі, калі ўбачаць вашае чыстае, багабаязнае жыцьцё. Хай будзе акрасаю вашай ня зьнешняе пляценьне валасоў, не залатыя ўборы альбо прыгажосьць у строях, а чалавек шчырага сэрца ў нятленным харастве лагоднага і маўклівага духу, што каштоўна перад Богам» (1 Пят 3:1-4).
Таксама і да мужоў зьвяртаецца Пётр, калі заклікае іх паважаць сваіх жонак, зьвяртаючы ўвагу на тое, што мужы і жонкі роўныя перад Богам: «Гэтак сама і вы, мужы, абыходзьцеся разумна з жонкамі, як з самым крохкім посудам, і рабеце ім гонар як супольным спадкаемніцам любадайнага жыцьця, каб ня было вам звады ў малітвах» (1 Пят 3:7).
Царква.
Менавіта царква павінна паказваць тую відавочную розьніцу, якую хрысьціянская вера ўтварае ў жыцьцях людзей, якія прыходзяць да Ісуса Хрыста. Але яна ня будзе здольная гэта рабіць, калі ў ёй будзе шмат адмоўных разнагалосьсяў. І таму апостал Пётр заклікае хрысьціянскае грамадзтва: «Нарэшце, будзьце ўсе аднамысныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя, шкадоблівыя, пакорнамудрыя; не плацеце злом за зло, альбо кленічам за кленіч; наадварот, дабраслоўце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб успадчыніць дабраславеньне» (11 Пят 3:8-9).
• Божая ласка на пераадоленьне пакутаў (3:13-4-19).
Пасланьне апостала Пятра дае хрысьціянам настаўленьне, якія тычацца пераадолення пакутаў. Апостал упэўнівае ўсіх нас прадухіляць непатрэбныя пакуты сваім дабрачынным жыцьцём. Ён кажа пра тое, што калі хрысьціяне прымаюць пакуты, дык гэтыя пакуты павінны быць за праўду.
Хрысьціяне павінны пераносіць пакуты належным чынам, спадзяючыся на Госпада і маючы добрае сумленьне: «І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро? Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся. Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас пытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна; майце добрае сумленьне, каб гэтым, за што ліхасловяць вас як зладзеяў, былі пасаромлены ўсе, хто асуджае вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце» (1 Пят 3:13-16).
Апостал Пётр кажа, што хрысьціяне павінны быць заўсёды падгатаванымі к непазьбежным пакутам у гэтым сьвеце. Але нашыя пакуты павінны быць узгодненымі з пакутамі Ісуса Хрыста. Так кажа і апостал Павал: «Сёньня радуюся ў цярпеньнях маіх за вас і дапаўняю нястачу ў целе маім скрухаў Хрыстовых за цела Ягонае, якое ёсьць Царква» (Кал 1:24).
Пётр заклікае нас прымаць выпрабаваньні ня як нешта нечаканае, але ў радасьці і праслаўленьні Ісуса Хрыста: «Любасныя! вогненай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой, але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся. Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце» (1 Пят 4:12-14).
• Божая ласка на служэньне (5:1-11).
Пётр вяртаецца да падрабязнасцяў хрысьціянскага жыцьця. Ён настаўляе пастыраў, будучы сам пастырам. Настаўляе на тое, каб пасьвіць Божы статак з ахвотай і богаспадобна, падаючы прыклад пакорлівасьці іншым хрысьціянам: «Дык вось, упакорцеся пад моцнай рукою Божай, хай узьнясе вас у свой час; усе клопаты вашыя ўскладзеце на Яго, бо Ён дбае пра вас» (1 Пят 5:6-7).
Апостал папярэджвае пра вялікую небясьпеку, якая падсьцерагае кожнага хрысьціяніна з боку спакусіцеля д’ябла і заклікае на спадзяваньне супраць гэтага на Ісуса Хрыста: «Цьверазейце, чувайце, бо супраціўнік ваш д’ябал ходзіць, як рыклівы леў, шукаючы каго праглынуць; стойце супраць яго цьвёрдаю вераю ведаючы што такія самыя цярпеньні выпадаюць і братам вашым у сьвеце. А Бог усялякай ласкі, паклікаўшы нас у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, Сам пасьля нядоўгага цярпеньня вашага, няхай удасканаліць вас, няхай угрунтуе, няхай умацуе, няхай зробіць непахіснымі. Яму слава і ўлада навекі вечныя. Амэн» (1 Пят 5:8-11).
• Заключная частка (5:12-14).
Апостал Пётр зявяршае сваё пасланьне тым, што тлумачыць мэту ягонага напісаньня, перадаючы прывітаньне ад братоў і сёстраў у-ва Хрысьце, якія жывуць у Рыме (Бабілоне). Ён вітае іх і ад імя Марка – аўтара Эвангельля паводле Марка. Пётр заклікае ўсіх нас вітаць адзін аднога сардэчна і з любоўю: «Вітае вас выбраная, падобна вам, царква ў Бабілоне і Марк, сын мой. Вітайце адно аднаго пацалункамі любові. Мір вам усім у Хрысьце. Амэн» (1 Пят 5:13-14).
Свидетельство о публикации №226052201959