Второе послание апостола Петра
АПОСТАЛА ПЯТРА
«Сымон Пётр, раб і апостал Ісуса Хрыста, тым, якія
прынялі з намі аднолькава дарагую веру ў праўдзе
Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста: ласка і мір вам
хай памножыцца ў пазнаньні Бога і Хрыста Ісуса,
Госпада нашага» (2 Пят 1:1-2).
Другое пасланьне Пятра накірована тым жа цэрквам, да якіх ён зьвяртаўся ў першым сваім пасланьні. Раней ён зьвяртаўся да тых хрысьціянаў, якія пакутавалі ад ганеньняў, каб супакоіць і абадзёрыць іх. Але зараз ён зьвяртаецца з іншым пасланьнем, дзе выказваецца занепакоенасьць вельмі сур’ёзнай небясьпекай, якая зыходзіла ад ілжэнастаўнікаў.
Пётр засяроджвае ўвагу на тых людзях, якія прапагандавалі ілжывыя вучэньні, практыкуючы ў іх лёгкую маральнасьць і тым самым робячы замах на чыстату Царквы. Пасланьне Пятра накірована супраць гэтага, але асаблівым чынам яно накірована супраць адмаўленьня будучага прышэсьця Ісуса Хрыста, даючы пры гэтым сапраўднае хрысьціянскае веданьне.
Апостал Пётр напісаў сваё другое пасланьне перад сваёй сьмерцю ў прамежку паміж 64 і 66 годам па Р. Х. Трэба сказаць, што і па сёньня існуюць спрэчкі адносна аўтарства гэтага пасланьня, якія ўзьніклі, дарэчы, яшчэ з трэцім стагодзьдзі. Але мы ня будзем засяроджваць на гэтым сваю ўвагу і прапануем зацікаўленым самастойна разгледзець гэтае пытаньне. Мы ж павінны ведаць, што раньняя хрысьціянская Царква зацьвердзіла гэтае пасланьне сапраўдным і кананічным творам апостала Пятра.
Другое пасланьне Пятра дае нам кранальныя зьвесткі пра старэчы ўзрост Пятра і ягоную хуткую сьмерць: «А справядлівым лічу, пакуль я ў гэтай цялеснай храміне, падбадзёрваць вас напамінам, ведаючы, што неўзабаве павінен буду пакінуць храміну маю, як і Гаспад наш Ісус Хрыстос адкрыў мне. Буду аднак старацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды згадвалі гэта ў памяці» (2 Пят 1:13-15).
Пасланьне Пятра можна падзяліць на чатыры часткі: Узрастаць у веры (1:3-21); Небясьпека ад ілжэнастаўнікаў (2:1-22); Стаяць у веры (3:1-16); Заключная частка (3:17-18).
• Узрастаць у веры (1:3-21).
Пасьля кароткага ўступа-прывітаньня, апостал Пётр пераходзіць да тэмы ўзрастаньня ў веры. Заўважым, што Пётр не адразу пачынае казаць пра ілжэнастаўнікаў і тую шкоду, якую яны нясуць у сваіх вучэньнях. Ён заклікае хрысьціянаў узрастаць у веры, бо добра ведае, што ілжэнастаўнікі наўрад ці змогуць паўплываць на веруючых, калі тыя будуць моцнымі ў хрысьціянскай веры і дабрадзейнымі ў жыцьці. Больш таго, Пётр дае веруючым напамін пра тое, што Эвангельле, якое яны прынялі – гэта праўда Госпада і ніякія ілжэнастаўнікі не павінны сбочыць іх з правільнага Божага накірунку.
Узрастаньне ў веры, да якога заклікае апостал Пётр – гэта ёсьць ня што іншае, як узрастаньне даверу ўсемагутнаму Богу, які дае нам вялікія і каштоўныя абяцаньні: «Як ад Божае сілы Ягонай даравана нам усё патрэбнае для жыцьця і пабожнасьці, праз спазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю, якімі нам дараваны вялікія і каштоўныя абяцаньні, каб вы праз іх сталіся супольнікамі Божае прыроды, адышоўшы ад псоты пажадлівасьцю, якая пануе ў сьвеце, дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсю дбайнасьць, пакажэце ў веры вашай цноту, у цноце разважлівасьць, ва ўстрымлівасьці цярплівасьць, у цярплівасьці пабожнасьць, у пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любасьць» (2 Пят 1:3-7).
Духоўны рост хрысьціяніна вызначаецца ягоным усьведамленьнем пра тое, што прынятае ім Эвангельле заслугоўвае даверу. А калі гэта так, дык сьцьвярджэньні ілжэнастаўнікаў пра тое, што гэта «хітра сплеценыя байкі» ня маюць пад сабою ніякай падставы: «Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і славу, калі ад гожай славы даляцеў да Яго такі голас: “Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў”. І гэты голас, які з нябёсаў зышоў, мы чулі, калі мы былі з ім на сьвятой гары» (2 Пят 1:17-18).
Пётр дае напамін хрысьціянам пра тое, што ён адчуў разам з іншымі вучнямі Хрыста на сьвятой гары: «І перамяніўся перад імі, і зазьзяла аблічча Ягонае, як сонца, а ўбраньне Ягонае стала белае, як сьвятло. І вось, явіліся ім Майсей і Ільля, і з Ім гутарылі» (Мац 17:2-3).
Пётр, Якуб і Ян на свае ўласныя вочы ўбачылі, як перамяніўся Ісус, адкрыўшы ім Сваю Божую прыроду. Вучні таксама чулі і голас з неба, які абвесьціў Ісуса Сваім Сынам.
Пётр, у дадатак да гэтага, кажа пра сапраўднасьць апостальскага слова, спасылаючыся на зьдзейсьненасьць прароцтваў Старога Запавета. Апостал упэўнены ў тым, што Біблія дае нам прароцкае слова, на якім мы можам з упэўненасьцю грунтавацца і ўжываць якое ў сваім кожнадзённым жыцьці: «І пры тым мы маем самае пэўнае прарочае слова; і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яго, як да сьветача, які зьзяе ў цёмным месцы, пакуль не пачынае брацца на дзень і ня ўзыдзе ранішняя зорка ў сэрцах вашых, ведаючы перш за ўсё тое, што ніякага прароцтва ў Пісаньні нельга тлумачыць паводле свайго разуменьня. Бо ніколі прароцтва не бывала агалошана з волі людзской, а прамаўлялі яго сьвятыя Божыя людзі, натхнёныя Духам Сьвятым» (2 Пят 1:19-21).
Апостал Пётр мае прароцкае Божае адкрыцьцё, таму што ён сьведка. Тое, што апосталы бачылі ў Ісусе Хрысьце, у падрабязнасьцях адпавядала слову прарокаў.
• Небясьпека ад ілжэнастаўнікаў (2:1-22).
«Былі й ілжэпрарокі ў народзе, як і ў вас будуць ілжэнастаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі, і адракаючыся ад Госпада, Які адкупіў іх, навядуць самі на сябе неўзабаўную пагібель. І многія пасьледуюць іхняй распусьце, і праз іх шлях праўды будзе зьняважаны. І ў любадзірстве будуць лавіць вас лісьлівымі словамі; суд ім даўно гатовы і пагібель іхняя ня дрэмле» (2 Пят 2:1-3).
Апостал Пётр кажа пра непазьбежнасьць зьяўленьня ілжэпрарокаў у Царкве. І гэта не дарэмна і заўсёды своечасова, бо менавіта пра гэта казаў Ісус Хрыстос вучням Сваім: «І ў адказ Ісус сказаў ім: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман; бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: “я Хрыстос”, - і многіх увядуць у зман» (Мац 24:4-5).
Пётр кажа пра хітрасьць ілжэнастаўнікаў, якія зьвядуць многіх, але і самі навядуць на сябе неўзабаўную пагібель.
Пётр кажа пра ілжэнастаўнікаў як пра тых, хто пагарджае ўладамі і ня мае ніякай маральнасьці: «Вочы іх поўныя юру і няспыннага грэху; яны вабяць нямоцныя душы; сэрца іх прывучана да любадзірства: гэта – сыны пракляцьця» (2 Пят 2:14).
Ілжэнастаўнікі любяць нажыву і не выконваюць сваіх абяцаньняў. І як вынік гэтага мы можам бачыць і даволі актыўную рэлігійную дзейнасьць, якая ніяк не вядзе да сапраўднага збаўленьня, але наадварот у грахоўнае мінулае: «Бо, калі, унікнуўшы нечысьці сьвету праз апазнаньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, зноў заблытваюцца ў іх і перамагаюцца імі, дык апошняе для такіх бывае горш за першае. Лепей бы ім не спазнаць дарогі праўды, чым, спазнаўшы, вярнуцца назад ад перададзенай ім сьвятой запаведзі. Бо здараецца з імі як у той праўдзівай прымаўцы: Сабака вяртаецца на ваніты свае, і: памытая сьвіньня ідзе качацца ў балоце» (2 Пят 2:20-22).
• Стаяць у веры (3:1-16).
Апостал Пётр узьнімае пытаньне пра час другога прышэсьця Ісуса Хрыста. І гэта ёсьць даволі распаўсюджанае пытаньне і ў наш час, калі многія няверуючыя як і тыя, якія фармальна прылічваюць сябе да Хрыста, кажуць пра гэта з недаверам і насьмешкай. Але ніхто ня можа сьцьвярджаць, што Царква Ісуса Хрыста спатыкнулася на гэтай праблеме.
Запытайцеся пра гэта ў Ісуса Хрыста і вы зразумееце ўсё: «Прыйдзе ж дзень Госпадаў, як злодзей ноччу, і тады нябёсы з грукатам мінуцца, а стыхіі, распалённыя, разбурацца ўшчэнт, зямля і ўсе дзеі на ёй згараць. Калі так усё гэта зруйнуецца, дык якімі павінны быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці вы, хто чакае і прагне прышэсьця дня Божага, калі ўспалымнёныя нябёсы разбурацца і распалёныя стыхіі растопяцца. Але мы, паводле абяцаньня Ягонага, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх жыве праўда»(2 Пят 3:10-13).
Будзе новае неба і будзе новая зямля, на якіх будзе толькі праўда і гэта будзе новы Ерусалім, дзе нябёсы ніколі болей ня будуць запэцканыя д’яблам. Сьвятыя будуць у нябёсах у сваім вечным стане, а зямля - новая зямля - збаўленая ад злога.
• Заключная частка (3:17-18).
«Дык вось вы, любасныя, паведамленыя пра гэта загадзя, асьцерагайцеся, каб вам не захапіцца аблудамі беззаконьнікаў і не адпасьці ад сваёй угрунтаванасьці, а гадуйцеся ў мілаце і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер і ў дзень вечны. Амэн» (2 Пят 3:17-18).
Свидетельство о публикации №226052300306