Первое послание апостола Иоанна

ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ
АПОСТАЛА ЯНА


«І вось зьвеставаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем
 вам: Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры»
(1 Ян 1:5).


Першае пасланьне апостала Яна было напісанае каля 90 года па Р. Х. у Эфесе і накірована да ўсіх хрысьціянаў. Мэта напісаньня Янам гэтага пасланьня мае вельмі сур’ёзныя падставы. Як толькі была заснавана хрысьціянская Царква, розныя ілжэвучэньні пачалі пранікаць у жыцьцё Царквы Ісуса Хрыста. Некаторыя з навернутых з юдаізма і паганства намагаліся аб’яднаць хрысьціянскую веру з асновамі іхніх папярэдніх поглядаў.

Усё гэта прыводзіла да ерасі і адступніцтва, дасягнуўшы ў выніку гнасьціцызму. Гэтая секта адмаўляла чалавечую прыроду Ісуса Хрыста, а таксама прытрымлівалася і іншых ерэтычных поглядаў. Ян напісаў сваё першае пасланьне, каб абвергнуць гэтыя ілжывыя погляды і паказаць на адметныя прыкметы тых, хто на самой справе ведае Госпада: «Гэта напісаў вам я, хто верыць у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што вы, веруючы ў Сына Божага, маеце жыцьцё вечнае»(1 Ян 5:13).

Пасланьне Яна вельмі цікавае па свайму складу. Яно не патрабуе нейкага выразнага аналізу, бо Ян не зьбіраўся пісаць нейкую навуковую працу, але як сапраўдны пастар, які вельмі клапоціцца пра сэрцы і душы хрысьціянаў, зьвяртаецца да Царквы Ісуса Хрыста. Ян пяшчотна клапоціцца пра іх, аберагаючы ад ілжэнастаўнікаў і сваім словам жадае абудзіць іх.

Гэтае пасланьне можна падзяліць на тры часткі: Аспрэчваньне памылковасьці (1:1-2:2); Прыкметы веры (2:3-5:12) і Заключная частка (5:6-21).


• Аспрэчваньне памылковасьці (1:1-2:2).

Асабістае Слова Бога, дадзенае нам, зьявілася на гэтай зямлі ня ў выглядзе духа ці нейкай ідэялогіі, але ў вобразе канкрэтнага Чалавека Ісуса. Апостал Ян абвяшчае гэта, як і тое, што ён ёсьць жывы сьведка жыцьця і сьмерці Хрыста. Ян абвяшчае сваё пасланьне і заклікае ўсіх прыслухацца да тых, хто бачыў і чуў Ісуса Хрыста: «І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была поўная» (1 Ян 1:4).

Ужо на пачатку жыцьця хрысьціянскай Царквы існавала шмат гнасьцітычных плыняў, але Ян засяродзіў сваю ўвагу на той, якая сьцьвярджала што цела чалавека заганае ды грэшнае і таму Госпад Ісус ня мог мець чалавечую прыроду. Каментуючы гэтую памылковасьць, Ян дае напамін пра тое, што ён бачыў на свае ўласныя вочы і адчуваў сваімі рукамі цела Госпада Ісуса Хрыста, якое было рэальным фізічным целам: «Пра тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што разглядвалі і што адчувалі рукі нашыя, пра Слова жыцьця» (1 Ян 1:1).

Ян падкрэсьлівае яшчэ адну памылковасьць гносьцікаў, якія казалі пра тое, што грэх не жыве ў чалавеку, а калі ён праяўляецца, дык гэта ніяк не перашкаджае нашым зносінам з Богам. Апостал не згаджаецца з гэтым і кажа, што грэх жыве ў нас і вельмі моцна перашкаджае нашым зносінам з Госпадам: «Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас. Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі нашыя і ачысьціць нас ад усякай няпраўды. Калі кажам, што мы не зграшылі, дык робім з Яго падманшчыка, і слова Ягонага няма ў нас» (1 Ян 1:8-10).

Але разам з тым, Ян упэўнівае ўсіх нас, што мы маем Заступніка, дзякуючы ахвяры Якога, усе мы маем прабачэньне ў Айца, бо Ісус і ёсьць ахвяра мілажалю за нас: «Дзеці мае! гэта пішу вам, каб вы не грашылі; а калі б хто зграшыў, дык мы маем Заступніка перад Айцом, Ісуса Хрыста Праведніка. Ён ёсьць ахвяра мілажалю за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і ўсяго сьвету» (1 Ян 2:1-2).


• Прыкметы веры (2:3-5:12).

Апостал Ян прысьвяціў асноўную частку свайго пасланьня дэтальнаму тлумачэньню трох прыкметаў сапраўднай веры: вера, паслушэнства і любоў. І тут мы назіраем вельмі цікавы падыход Яна да тлумачэньня гэтых прыкметаў веры. Ён падзяляе гэтую частку пасланьня як бы на тры падчасткі, у кожнай з якіх асобна разглядае гэтыя прыкметы:


; Падчастка 1 (2:3-27).

Ян заклікае да паслушэнства, каб кожны хрысьціян выконваў запаведзі Ісуса Хрыста, бо хто выконвае іх, на тых і спаўняецца Божая любоў. Мы павінны слухацца Госпада так, як слухаўся Айца Ісус Хрыстос: «Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен паводзіць сябе, як Ён паводзіўся» (1 Ян 2:6).

Запаведзь любові да брата свайго вельмі старажытняя, але ў тойжа час яна і новая, бо такая любоў, якая здольная прынесьці ахвяру асабістага жыцьця дзеля блізкага і нават ворага свайго, не абвяшчалася раней і да сьмерці Ісуса Хрыста на Крыжы, не існавала.

Але з прышэсьцем Госпада і Збаўцы цемра праходзіць і новая любоў узыходзіць у сьвятле Ісуса Хрыста: «Хто любіць брата свайго, той жыве ў сьвятле, і няма ў ім звады. А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра засьляпіла яму вочы» (1 Ян 10-11).

Ян вельмі выразна кажа і пра нашую веру, бо ўсё збаўленьне залежыць ад прызнаньня чалавекам Ісуса Хрыста і той, хто ўхіляецца ад гэтага, адкідвае адзінства з Ім і Айцом: «Кожны, хто адмаўляе Сына, ня мае і Айца; а хто вызнае Сына, мае і Айца. Дык вось, што вы чулі ад пачатку, тое хай і будзе ў вас; калі будзе ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце Ў Сыне і Айцы. А абяцаньне, якое Ён абяцаў, ёсьць жыцьцё вечнае. Гэта я напісаў вам пра тых, якія зводзяць вас. А ўрэшце памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вам няма патрэбы, каб хто вучыў вас; але як самое гэта памазаньне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае і нязманлівае, дык чаму яно навучыла вас, у тым і заставайцеся» (1 Ян 2:23-27).

; Падчастка 2 (2:28-4:6)

Апостал Ян усклікае, зьвяртаючыся да нас: «Глядзеце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца і быць дзецьмі Божымі. Сьвет таму ня ведае нас, што не спазнаў Яго. Любасныя! мы цяпер дзеці Божыя; але яшчэ ня выявіліся, чым будзем. Ведаем толькі, што калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзем Яго, як Ён ёсьць» (1 Ян 3:1-2).

Мы пачынаем разумець, якія перамены выклікаў унутры нас Айцец Ісуса Хрыста. Але будзем асьцярожныя, каб выраз «дзеці Божыя» не ўспрымаўся фармальна. Мы павінны быць сапраўднымі дзецьмі Божымі, якія абавязаны Божай ласцы і аддадзены першароднаму Сыну Божаму ў Ягоную ўласнасьць. І менавіта таму мы, як і Ён, зьяўляемся чужымі і не раскрытымі для гэтага сьвету. Сьвет ня ведае нас. А мы? Мы ў паслушэнстве чакаем Ісуса Хрыста, каб убачыць славу Яго і адчуць невядомае нам ператварэньне. Гэтая надзея і ёсьць сілаю для нашага збаўленьня.


«Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, - каб мы любілі адно аднаго, ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго. А за што забіў? За тое, што дзеі ягоныя былі ліхія, а дзеі брата ягонага былі праведныя. Не зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас. Мы ведаем, што мы перайшлі са сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці» (1 Ян 3:11-14).

Мы бачым процілеглыя пачуцьці чалавека, але любячы чалавек падобны да Ісуса, а любоў Божая імкнецца пашырыць сваё ўзьдзеяньне і паменьшыць у чалавеку эгаістычныя праявы.

«Любасныя! ня кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо многа ілжэпрарокаў зьявілася ў сьвеце. Духа Божага (і духа аблуды) пазнавайце так: кожны, які вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе, ёсьць Божы; а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе, ня ёсьць Божы, а гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце. Дзеці! вы Божыя, і перамаглі іх, бо Той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьвеце» (1 Ян 4:1-4).

Да пропаведзяў, якія спакушаюць нас мы павінны ставіцца ня як слухачы, але як правяраючыя. Вера ў Ісуса Хрыста дапаможа нам у гэтым, бо адзіная мерка гэтага – дачыненьне да Ісуса Хрыста.


; Падчастка 3 (4:7-5:5).

Ян працягвае тэму любові, як прыкмету веры хрысьціяніна, бо Бог і ёсьць любоў: «Любасныя! Будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога; хто ня любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсьць любоў. Любоў Божая да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у сьвет Адзінроднага Сына Свайго, каб мы атрымалі жыцьцё праз Яго. У тым любоў, што ня мы палюбілі Бога, а Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго, каб умілажаліцца з грахоў нашых. Любасныя! калі так палюбіў нас Бог, дык і мы павінны любіць адно аднаго» (1 Ян 4:7-11).

Але што ёсьць любоў? Дасканалая любоў. Гэта тое становішча, якое цалкам грунтуецца на Божай ласцы, а не на нейкіх сваіх дасягненьнях. Божая ласка струменіць любоў Бога на сваіх дзяцей. Бог любіць нас так, што і мы любім сваіх братоў і сёстраў у Ісусе Хрысьце. Любоў Божая ў Ісусе Хрысьце павінна быць распаўсюджана па ўсім сьвеце і таму апостал Ян шчыра і самааддана робіць гэта. Гэта тычыцца і ўсіх нас, каб несьці любоў Бога да кожнага чалавека.

«І мы спазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе. Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім. Любоў да той дасканаласьці дасягае ў нас, што мы маем адвагу ў дзень судны, бо ўчыняем у сьвеце гэтым, як Ён» (1 Ян 4:16-17).

Апостал Ян заклікае ўсіх нас да паслушэнства, калі кажа пра наказ Госпада любіць блізкага так, як мы любім Бога, бо Бог любіць нас: «І мы маем ад Яго такі наказ, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго» (1 Ян 4:21).

Любоў і паслушэнства вядуць чалавека са стану, у якім знаходзіцца сьвет, у сапраўднае Валадарства Ісуса Хрыста. Сьвет кожнадзённа мае сваім намерам спакусіць нас, заблытаць, зрабіць больш жорсткімі сэрцы нашыя. Але Бог падтрымлівае тых, хто ў паслухмянасьці любіць Яго і выконвае запаведзі Госпада, бо толькі праз Ісуса Хрыста мы маем цьвёрдую апору ў гэтым бурным патоке жыцьця.


• Заключная частка (5:6-21).

Ян завяршае сваё пасланьне тым, што прад’яўляе нам трох сьведак, якія абвяшчаюць пра Ісуса Хрыста і кажуць пра ўпэўненасьць, якую можа мець кожны хрысьціянін у пытаньні збаўленьня і малітвы: «Бо тры сьведчаць на набе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух; і гэтыя Тры – Адно. І тры сьведчаць на зямлі: дух, вада і кроў: і гэтыя тры пра адно» (1 Ян 5:7-8).

Вада – паказвае нам на хрост Ісуса, пасьля якога Айцец абвесьціў з нябёсаў, што Ісус зьяўляецца Ягоным Сынам.

Кроў – паказвае на сьмерць Ісуса Хрыста на Крыжы.

Сьвяты Дух – зсышоў на зямлю дзеля таго, каб сьведчыць пра Ісуса Хрыста як пра Сына Божага.


Рецензии