Послание Иуды

ПАСЛАНЬНЕ ЮДЫ


«Юда, раб Ісуса Хрыста, брат Якуба, пакліканым, якія
асьвечаныя Богам Айцом і ахаваныя Ісусам Хрыстом:
міласьць вам і мір і любоў хай памножацца» (Юд 1:1-2).


Юда, адзінакроўны брат Ісуса Хрыста, зьвяртаецца ў сваім пасланьні да хрысьціянаў, якія адчувалі тыя ж цяжкасьці і праблемы, як і іхнія браты па веры, да якіх зьвяртаўся і апостал Пётр. Як і Якуб, ён ня быў сярод дванаццаці. Ён быў звычайным вучнем Ісуса Хрыста.

Просты чалавек, але гарачага духу і споўнены прароцкага служэньня.

Лічыцца, што сваё пасланьне Юда напісаў у 69 годзе па Р. Х. і гэта тлумачыцца тым, што ў сваім пасланьні ён спасылаецца на прароцтва другога пасланьня апостала Пятра, якое было напісанае раней. Пасланьне Юды не накірована якой-небудзь канкрэтнай царкве. Ён зьвяртаецца да ўсіх хрысьціянаў, а гэта азначае, што і для нас з вамі.

Юда зьвяртаецца да Царквы, дзе ўжо зьявіліся людзі, прызначаныя да асуджэньня: «Бо пракраліся некаторыя людзі, спрадвеку прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што абарочваюць ласку Бога нашага ў нагоду да распусты і выракаюцца адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста» (Юд 1:5).

Пасланьне Юды ёсьць адно з самых важных у Бібліі, бо апісвае гісторыю адступніцтва ад самага пачатку і да канца. Юда кажа пра анёлаў, не захаваўшымі сваёй годнасьці; мы бачым самаправеднага Каіна і разбэшчаных садамлянаў. Мы бачым бунтуючага Ізраіля, змусту зьдзірства Валаама і зацятасьці Карэя: «Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай, упадаюць у змуству зьдзірства, як Валаам, і ў зацятасьці гінуць, як Карэй» (Юд 1:11).

Пасланьне апостала Юды – гэта заклік пастаяць за веру, якую ён разумеў як праўду раз і назаўсёды дадзенай народу Божаму: «Любасныя! маючы ўсю руплівасьць пісаць вам пра супольнае збавеньне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам умаўленьне - паспрыяць веры, адзін раз перададзенай сьвятым» (Юд 1:3).

Юда б’е трывогу, бо тое, што пакінуў нам Ісус Хрыстос знаходзіцца ў небясьпецы. Царква павінна быць папярэджана пра гэтую небясьпеку, каб ведаць пра тыя меры бясьпекі, што прывядуць да чыстага вучэньня Ісуса Хрыста.

Юда кажа хрысьціянам пра тое, як яны могуць процістаяць ілжэнастаўнікам, каб захаваць сябе ў Ісусе Хрысьце:

Стаяць у веры і маліцца Духам Сьвятым: «А вы, любасныя, будуючыся на найсьвяцейшай веры нашай, молячыся Духам Сьвятым, захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы міласьці ад Госпада нашага Ісуса Хрыста на вечнае жыцьцё» (Юд 1:20-21).

Юда кажа, што хрысьціяне павінны жыць у сьвятле Божай любові, памятаючы кожны дзень, што Бог іх палюбіў і збавіў іх ад сьмерці вечнай.

Дапамагаць іншым. Апостал Юда заклікае ў сваім пасланьні дапамагаць іншым людзям, вырываючы іх са сьмяротнага вогнішчу вечнай пагібелі: «І да адных будзьце літасьцівыя, з разважлівасьцю; а другіх страхам ратуйце, вырываючы з агню, выкрывайце са страхам пагарджаючы нават вопраткаю, якая апаганена целам» (Юд 1:22-23).


Пасланьне Юды завяршаецца ўрачыстым праслаўленьнем Бога і нашага Збаўцы Ісуса Хрыста, да якога з вялікай радасьцю далучаюцца ўсе веруючыя хрысьціяне ўжо зараз і на вякі вякоў. І гэта ёсьць радасьць нашага праслаўленьня ва ўсім нашым хрысьціянскім жыцьці: «А таму, Хто можа захаваць вас ад падзеньня і паставіць перад славаю Сваёю беспахібнымі ў радасьці, адзінаму, самаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму праз Ісуса Хрыста Госпада нашага, слава: веліч, сіла і ўлада перад усімі вякамі, сёньня і ўсявечна. Амэн» (Юд 1:24-25).


Рецензии