Второе послание апостола Иоанна

ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ
АПОСТАЛА ЯНА


«Кожны, хто пераступае вучэньне Хрыстовае і ня
жыве ў ім, ня мае Бога; а хто жыве ў вучэньні
Хрыстовым, той мае і Айца, і Сына» (2 Ян 1:9).

Другое пасланьне апостала Яна адрозьніваецца ад іншых пасланьняў Новага Запавета тым, што яно накірована выключна да «выбранай спадарыні». Хто была гэтая «спадарыня» дакладна невядома і гэты факт дае падставу для дасьледчыкаў на розныя меркаваньні адносна таго, каму ж Ян на самой справе адрасаваў сваё пасланьне. Увыніку існуе некалькі думак па гэтаму пытаньню.

Некаторы думаюць, што зварот «выбраная спадарыня» кажа пра прыналежнасьць гэтай асобы да вышэйшага і заможнага грамадзтва.

Існуе таксама думка пра тое, што гэтай спадарыняй была Марта з Віфаніі. Справа ў тым, што слова «спадарыня» адпавядае грэцкаму слову «кірыя», якое ў сваю чаргу перакладаецца на гебраскую мову як «Марта». І калі гэта так, дык пад словам «сястра» мы можам разумець і Марыю: «Вітаюць цябе дзеці сястры твае выбранае. Амэн» (2 Ян 1:13).

Ёсьць і больш грунтоўная думка, якая кажа пра тое, што «выбраная спадарыня» - гэта ўвасабленьне нейкай мясцовай царквы, а яе дзеці, якія ходзяць у праўдзе – гэта члены гэтай царквы, бо спадарыню і яе дзяцей любяць усе, хто спазнаў праўду: «Старац – выбранай спадарыні і дзецям яе, якіх я люблю ў праўдзе, і ня толькі я, але і ўсе, хто спазнаў праўду» (2 Ян 1:1).

Цяжка ўявіць, што нейкая асобная хрысьціянская сям’я набыла такую вядомасьць у хрысьціянскім сьвеце, але зусім няцяжка ўявіць гэта на прыкладзе царквы. Больш таго ні спадарыня, ні яе сястра, ні яе дзеці не названыя па імёнах, а асабістыя звароты стаяць у множным ліку. Гэтыя асаблівасьці, разам з папярэджваньнем пра ілжэнастаўнікаў і заклікам любіць адно аднаго, адпавядаюць звароту да якой-небудзь царквы, а не да асобнай сям’і. Але дзе знаходзілася гэтая царква, нам невядома.

Цікавыя назіраньні і цікавыя думкі. Але ня гэта галоўнае ў пасланьні апостала Яна. Тэма хрысьціянскай любові і праўды – вось тое галоўнае, што мы бачым у гэтым пасланьні. Мэта ж пасланьня – папярэджаньне супраць звады ілжэнастаўнікаў: «Бо многія зваднікі ўвайшлі ў сьвет, якія не вызнаюць Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе: такі чалавек ёсьць зваднік і антыхрыст» (2 Ян 1:7).

Ян у сваім пасланьні называе сябе старцам і гэта кажа пра тое, што пад час напісаньня, ён быў даволі старым чалавекам. Лічыцца, што апостал Ян напісаў сваё другое пасланьне ва ўзросьце прыблізна 90 гадоў.
Слова «праўда» - галоўнае ў гэтым пасланьні. Яно сустракаецца ў тэксьце пяць разоў і таму асноўныя думкі пасланьня базуюцца на слове «праўда»:

Жыцьцё ў праўдзе павінна быць нашым галоўным прыярытэтам: «Я вельмі ўсьцешыўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх такіх, якія ходзяць у праўдзе, як мы атрымалі ў наказ ад Айца» (2 Ян 1:4).


Жыцьцё ў праўдзе патрабуе ад нас, каб мы любілі адзін аднаго: «І сёньня прашу цябе, спадарыня, ня як новую запаведзь прадпісваючы табе, а тую, якую маем ад пачатку, - каб мы любілі адно аднаго. Любоў бо ў тым, каб жылі мы паводле запаведзяў Ягоных. Гэта – тая запаведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб жылі згодна з ёю» (2 Ян 1:5-6).


Жыцьцё ў праўдзе патрабуе ад нас быць асьцярожнымі і пільнымі: «Сачэце за сабою, каб нам ня страціць таго, над чым мы працавалі, а каб атрымалі поўную ўзнагароду. Кожны, хто пераступае вучэньне Хрыстовае і ня жыве ў ім, ня мае Бога; а хто жыве ў вучэньні Хрыстовым, той мае і Айца і Сына. Хто прыходзіць да вас і ня прыносіць гэтага вучэньня, таго не прымайце ў дом і не вітайце яго; бо хто яго вітае, той мае ўдзел у ліхіх учынках ягоных» (2 Ян 1:8-11).


Сапраўдная любоў павінна грунтавацца на захаваньні праўды. Бог хоча, каб мы любілі адзін аднаго. І таму мы маем Сьвятога Духа, Які вылівае Божую любоў у нашыя сэрцы і Які зьяўляецца Духам праўды. Ягоны абавязак – праслаўляць Ісуса Хрыста. І таму немагчыма ўявіць, каб любоў, якая пагаджаецца з вучэньнем, якое скажае праўду пра Хрыста, магла зыходзіць ад Сьвятога Духа. І тым больш быць доказам гэтай любові.

Ян завяршае сваё пасланьне наступным чынам: «Многае маю пісаць вам, ды не хачу на паперы чарнілам; а спадзяюся прыйсьці да вас і гутарыць вуснамі, каб радасьць вашая была поўная» (2 Ян 1:12).

Гэта была сардэчная любоў, але толькі па праўдзе, у якой адзін Хрыстос – мера, а паслушэнства – яе плады.


Рецензии