Незалежныя

Ёхан Леверда
---------------------
Мінскія назіранні

Незалежныя

Няміга. Ля храма. Падышлі двое. Хлопец і дзяўчына. Жахлівыя. Не жабракі. Не змораныя. Не часовыя цяжкасці. Гатовы медыцынскі плякат. Твары ў язвах. Скура. Скура яна нібы перапалены папяровы аркуш. У дзяўчыны вочы выгарэлыя. Пустыя. Без колеру. Без чалавека ўсярэдзіне. Рукі ў абодвух ёсць драцінамі ад старой кітайскай зарадкі. Папрасілі грошай.

Я заўсёды даю. Часам чалавеку не стае пяці рублёў не на дозу. А на яшчэ адзін вечар каб застацца жывым.

Даў. Разгаварыліся. Са Светлагорска.

І тут усярэдзіне нешта хрумстнула. Светлагорск. Дзевяностыя…

І нешта ўва мне зрушылася. Успомніў сваіх. Усіх, хто пайшоў. Каго закапалі. Каго не паспелі закапаць па-людску.

Бываў я ў розных кампаніях. З дымам. З планавымі. Са шпрыцамі. З філасофіяй начных кухняў. З гэтым адвечным, халера яго бяры, адзін раз - не...

Не ўвязаўся. Бацька ў дзяцінстве сказаў коратка і проста, даведаюся, галаву скручу.

Без лекцый. Без псіхалогіі. Савецкая педагогіка. Рабочая. І спрацавала.

Мне ўжо гадоў пад сраку. Я жывы.

Хаця, калі шчыра... І сам незалежны.

Проста мая аптэка называецца каньяк.


Рецензии