Адна кропля забiвае каня
Калі тата захварэў, прыйшоў доктар і сказаў:
– Нічога асаблівага, маленькая прастуда. Але я вам раю кінуць курыць, у вас у сэрцы лёгкі шумок.
І калі ён пайшоў, маці сказала:
– Як гэта ўсё ж такі глупа даводзіць сябе да хвароб гэтымі праклятымі папяросамі. Ты яшчэ такі малады, а вось ужо ў сэрцы ў цябе шумы і хрыпы.
– Ну, – сказаў тата, – ты перабольшваеш! У мяне няма ніякіх асаблівых шумоў, а тым больш хрыпаў. Ёсць усяго толькі адзін маленькі шумок. Гэта не ў лік.
– Не – у лік! – усклікнула мама. – Табе, канешне, патрэбны не шумок, цябе б больш задаволілі скрып, ляск і скрыгат, я цябе ведаю...
– Ва ўсякім разе, мне не патрэбны гук пілы, – перапыніў яе тата.
– Я цябе не пілую, – мама нават пачырванела, – але зразумей ты, гэта сапраўды шкодна. Ты ж ведаеш, што адна кропля папяроснай атруты забівае здаровага каня!
Вось так раз! Я паглядзеў на тату. Ён быў вялікі, што і казаць, але ўсё-ткі менш за каня. Ён быў большы за мяне ці за маму, але, як ні круці, ён быў меншы за каня, і нават за самую лядашчую карову. Карова б ніколі не змясцілася на нашай канапе, а тата змяшчаўся свабодна. Я вельмі спужаўся. Я ніяк не хацеў, каб яго забівала такая кропля атруты. Не хацеў я гэтага ніяк і нізавошта. Ад гэтых думак я доўга не мог заснуць, так доўга, што не заўважыў, як усё-такі заснуў.
А ў суботу тата ачуняў, і да нас прыйшлі госці. Прыйшоў дзядзька Юра з цёткай Кацяй, Барыс Міхайлавіч і цётка Тамара. Усе прыйшлі і пачалі паводзіць сябе вельмі прыстойна, а цётка Тамара як толькі ўвайшла, так уся завярцелася, і затрашчала, і ўселася піць гарбату побач з татам. За сталом яна стала акружаць тату клопатам і ўвагай, пыталася, ці зручна яму сядзець, ці не дуе з вакна, і ў рэшце рэшт да таго наакружалася і наклапацілася, што ўсыпала яму ў гарбату тры лыжкі цукру. Тата размяшаў цукар, сербануў і зморшчыўся.
– Я ўжо адзін раз паклала цукар у гэты кубак, – сказала мама, і вочы ў яе сталі зялёныя, як агрэст.
А цётка Тамара разрагаталася ва ўсё горла. Яна рагатала, як быццам хтосьці пад сталом кусаў яе за пяткі. А тата адсунуў перасалоджаную гарбату ў бок. Тады цётка Тамара вынула з сумачкі тоненькі партсігарчык і падарыла яго тату.
– Гэта вам на суцяшэнне за сапсаваную гарбату, – сказала яна. – Кожны раз, закурваючы папяроску, вы будзеце прыгадваць гэтую смешную гісторыю і яе віноўніцу.
Я страшэнна раззлаваўся на яе за гэта. Навошта яна нагадвае тату пра курэнне, раз ён за час хваробы ўжо амаль зусім адвык? Адна ж кропля курыльнай атруты забівае каня, а яна нагадвае. Я сказаў:
«Вы дура, цётка Тамара! Каб вы лопнулі! І ўвогуле вон з майго дома. Каб нагі вашай тлустай больш тут не было».
Я сказаў гэта пра сябе, у думках, так, што ніхто нічога не зразумеў.
А тата ўзяў партсігарчык і павярцеў яго ў руках.
– Дзякуй, Тамара Сяргееўна, – сказаў тата, – я вельмі крануты. Але сюды не ўвойдзе ніводная мая папяроска, партсігар такі маленькі, а я куру «Казбек». Зрэшты...
Тут тата зірнуў на мяне.
– Ну-ка, Дзяніс, – сказаў ён, – замест таго каб выдуваць трэці кубак гарбаты на ноч, хадзі-ка да пісьмовага стала, вазьмі там скрынку «Казбека» і падкараці папяроскі, падрэж так, каб яны ўлезлі ў партсігар. Нажніцы ў сярэдняй шуфлядзе!
Я падышоў да стала, знайшоў папяросы і нажніцы, прымерыў партсігар і зрабіў усё, як ён загадаў. А потым аднёс поўны партсігарчык таце. Тата адкрыў партсігарчык, паглядзеў на маю работу, потым на мяне і весела рассмяяўся:
– Палюбуйцеся, што зрабіў мой кемлівы сын!
Тут усе госці пачалі наперабой выхопліваць адзін у аднаго партсігарчык і аглушальна рагатаць. Асабліва старалася, канешне, цётка Тамара. Калі яна перастала смяяцца, яна сагнула руку і касцяшкамі пальцаў пастукала па маёй галаве.
– Як жа ты дагадаўся пакінуць цэлымі кардонныя мундштукі, а амаль увесь тытунь адрэзаць? Кураць жа менавіта тытунь, а ты яго адрэзаў! Ды што ў цябе ў галаве – пясок ці апілкі?
Я сказаў:
«Гэта ў цябе ў галаве апілкі, Тамарышча Сяміпудавае».
Сказаў, вядома, у думках, пра сябе. А то б мяне мама налаяла. Яна і так глядзела на мяне штосьці ўжо занадта пільна.
– А ну, хадзі сюды, – мама ўзяла мяне за падбародак, – зірні-ка мне ў вочы!
Я пачаў глядзець у маміны вочы і адчуў, што ў мяне шчокі сталі чырвоныя, як сцягі.
– Ты гэта зрабіў знарок? – спытала маці.
– Так, – сказаў я, – я гэта зрабіў знарок.
– Тады выйдзі з пакоя, – сказаў тата, – а то ў мяне рукі свярбяць.
Відаць, тата нічога не зразумеў. Але я не стаў яму тлумачыць і выйшаў з пакоя.
Не жартачкі – адна кропля забівае каня!
20-21 траўня 2026, Гомель, Шведская Горка;
22, 27-28 траўня 2026, Гомель (шматлікая рэдактура з дапамогай Гугл ШІ);
30 траўня 2026, Гомель, Шведская Горка (дробная рэдактура).
Свидетельство о публикации №226053001252