Откровение апостола Иоанна. ч. 1

АДКРЫЦЬЦЁ (АПАКАЛІПСІС)
АПОСТАЛА ЯНА


«І калі я ўбачыў Яго, дык упаў да ног Ягоных, нібы
мёртвы. І Ён усклаў на мяне правіцу Сваю і сказаў
мне: ня бойся; Я ёсьць першы і апошні і жывы на
векі вечныя, амэн; і маю ключы пекла і сьмерці.
Дык вось, напішы, што ты бачыў, і што ёсьць, і што
будзе пасьля гэтага» (Адк 1:17-19).


Кніга Адкрыцьця апостала Яна – гэта цудоўнейшае завяршэньне Божай бібліятэкі Сьвятога Духа. Першая кніга Бібліі паказвае нам створаную зямлю, апошняя ж кніга паказвае яе па-за мінулым.

У Быцьці зьяўляліся сонца і месяц, а ў Адкрыцьці мы чытаем: «І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ні ў сьветачы, ні ў сьвятле .сонечным, бо Госпад Бог асьвятляе іх» (Адк 22:5).

У Быцьці знаходзіўся сад (рай), які быў жытлом для першага чалавека, а Адкрыцьцё кажа нам пра горад, які будзе жытлом для ўсіх народаў. Быцьцё паказвае нам шлюб першага Адама, а ў Адкрыцьці мы бачым шлюб Другога Адама. У Быцьці ўпершыню мы бачым твар вялікага ворага – д’ябла, а Адкрыцьцё дае ўяўленьне ягонай канчатковай долі. Быцьцё – гэта пачатак суму і пакутаў, дзе мы чуем першы плач і першую сьлязу, а Адкрыцьцё нясе нам вестку пра тое, што ня будзе больш смутку, сьмерці і хваробы: «і ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло» (Адк 21:4).

У Быцьці мы чуем праклён, які ўпаў на нас з-за грэху Адама, а ў Адкрыцці мы чытаем: «І нічога ўжо ня будзе праклятага» (Адк 22:3). У Быцьці мы бачым чалавека, выгнанага з раю, дзе расло дрэва жыцьця, а ў Адкрыцьці мы бачым вяртаньне чалавека да тых ўмоваў, дзе дрэва жыцьця зноў у ягоным карыстаньні.

Кніга Адкрыцьця, безумоўна, самая цяжкая ня толькі для чытаньня, але і для тлумачэньня. Напэўна таму, нягледзячы на абяцаныя дабраславеньні, гэтай кнізе не надаюць пэўнай і належнай увагі. Але чаму так адбываецца? Разважаючы пра гэтае пытаньне ўзьнікае думка, а аўтар гэтых радкоў пацьверджвае гэта асабістым перажываньнем, што да гэтага яўна мае непасрэднае дачыненьне д’ябал, бо кніга Адкрыцьця вельмі шмат кажа пра ягоную канчатковую паразу. Усьведамляючы гэта, мы павінны пераадоліць заслону складанасьцяў, якую ставіць перад намі д’ябал, каб добра ведаць нашую вечную будучыню, як і зьнішчэньне назаўсёды крыніцы зла.

Апостал Ян напісаў гэтую кнігу, калі знаходзіўся ў выгнаньні на высьпе Патмос. Гэта адбылося ў 95 годзе па Р. Х, пад час рымскага цэзара Даміцыяна, калі пачаліся жорсткія ганеньні на хрысьціянаў імперыі. Дарэчы, выспа Патмос – гэта месца, куды зьмяшчалі цяжкіх злачынцаў ці скажоных. Гэта было даволі пустэчнае месца. Сюды і выслалі ворагі Хрыста апостала Яна ў спадзяваньні пазбавіцца вучэньня Ісуса Хрыста.

Адкрыцьцё Яна – гэта адкрыцьцё Самога Госпада Ісуса Хрыста: «Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць рабам Сваім, што мае быць неўзабаве. І Ён паказаў, паслаўшы яго праз Свайго анёла рабу Свайму Яну, які сьведчыў пра слова Божае і сьведчаньне Ісуса Хрыста, і што сам бачыў» (Адк 1:1-2).

Кніга Адкрыцьця ня ёсьць складаная прароцкая адмысловасьць, але гэта ёсьць пасланьне, якое мае сваёю мэтай абадзёрыць цэрквы Ісуса Хрыста. Абадзёрыць таму, што поўная і канчатковая перамога Госпада Ісуса Хрыста і Ягонай Царквы над д’яблам, з ягонымі памагатымі, будзе абавязковай і безумоўнаю. І для таго, каб правільна зразумець гэтую кнігу, трэба зьвярнуць увагу на тое, што яна паказвае Госпада Ісуса Хрыста як Пераможцу, Які адкрывае нам нашую будучыню.

Зьмест гэтай кнігі – гэта шлях і мэта Царквы Ісуса Хрыста, а таксама і ўсяго сьвету. Мы ўбачым шлях спакусы і выпрабаваньняў, па якіх вядзе Ён Сваіх выбраных людзей дзеля ачышчэньня і ўдасканаленьня. Мы ўбачым таксама вялікую і цудоўную мэту, да якой Ён вядзе іх Сваёй рукою. Мы ўбачым шлях Царквы Ісуса Хрыста ў вернасьці і памылковасьці на апошнім прамежку гэтага шляху. Царкве прыйдзецца прайсьці праз цемру, але яна не павінна расчароўвацца, бо Госпад прадказаў ёй гэта раней. Царква павінна ведаць, што ўсё скончыцца перамогай яе Госпада, Які дасьць ёй пэўную частку ў Ягонай перамозе.

Кнігу Адкрыцьця можна падзяліць на шэсьць частак: Уводзіны (1:1-8); Першы відзеж: Хрыстос і царква (1:9-3:22); Другі відзеж: Хрыстос і сьвет (4:1-16:21); Треці відзеж: Хрыстос і перамога (17:1-20:15); Чацьверты відзеж: Хрыстос і вечнасьць (21:1-22:5); Заключная частка (22:6-21).


• Уводзіны (1:1-8).

Адкрыцьцё прыналежыць Ісусу Хрысту, Які атрымаў гэта ад Бога і даручыў запісаць гэта Свайму апосталу Яну. Тое, што адкрыцьцё дадзена Яму, мае надзвычайна важнае значэньне. Яно адразу ж становіцца сьведчаньнем Ісуса Хрыста і словам Божым, якое праз Яна мае прароцкі характар.

Дух Божы дасылае Царкве ласку Айца і Сына, даючы ёй гэтае прароцтва і паказваючы Царкву ў сьвеце, як і сам гэты сьвет: «Дабрашчасны, хто чытае і слухае словы прароцтва гэтага і выконвае напісанае ў ім; бо час блізкі. Ян сямі цэрквам, якія ў Азіі: ласка вам і мір ад Таго, Які ёсьць, і быў, і прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад пасадам Ягоным, і ад Ісуса Хрыста, Які ёсьць сьведка верны, Першынец з мёртвых і Ўладар валадароў зямных; Яму, Хто палюбіў нас і адмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёю, і зрабіў нас валадарамі і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму, слава і ўлада на векі вечныя. Амэн» (Адк 1:3-6).


• Хрыстос і царква (1:9-3:22).

Апостал Ян бачыць праслаўленага Ісуса Хрыста ва ўсёй Ягонай велічы і атрымлівае ад Яго даручэньне напісаць пасланьне да сямі цэрквам «Я быў у духу ў дзень нядзельны і чуў за сабою гучны голас, быццам трубны, які казаў: “Я ёсьць Альфа і Амэга, першы і апошні”; тое, што бачыш, напішы ў кнігу і пашлі цэрквам, якія ў Азіі: у Эфэс і ў Сьмірну, і ў Пергам і ў Фіятыру, і ў Сардыс, і ў Філядэльфію і ў Лаадыкію» (Адк 1:10-11).

Але чаму Яну даручана было напісаць менавіта гэтым цэрквам, запытае нехта? Можа гэта абумоўлена геаграфічнай блізкасьцю да выспы Патмос? Мы ня можам гэтага ведаць, але мы можам выразна бачыць тое, што на прыкладзе гэтых цэркваў Бог зьвяртаецца да ўсёй Сваёй Царквы ад таго памятнага дня Пяцідзясятніцы і да Свайго другога прышэсьця.

Кожная пералічаная Госпадам царква мела свае асаблівасьці і характэрныя рысы. Таксама, як і цэрквы сучасныя, бо любая царква – гэта супольнасьць людзей, якія і вызначаюць гэтыя характэрныя рысы. Азначаныя Госпадам цэрквы Азіі паказваюць нам і сёньня як стан цэркваў увогуле, так і стан саміх хрысьціянаў, што складаюць Цела Ісуса Хрыста – Яго Царкву. І таму будзе вельмі карысным разгледзець гэтыя асаблівасьці і характэрныя рысы цэркваў, да якіх зьвяртаецца Госпад праз апостала Яна:


Эфеская царква (2:1-7).

Горад Эфес быў галоўным і квітнеючым горадам правінцыі Рыма ў Малой Азіі. Вялікія багацьці былі назапашаныя ў гэтым горадзе, а з гэтым, разам з імі, зьявіліся і заўсёдныя спадарожнікі гэтага: юрлівасьць цела, юрлівасьць вачэй, жыцьцёвая гордасьць і гэтак далей. Больш таго, назва Эфес азначае «юр». Для сапраўднага Бога там было вельмі мала месца, бо калі параўноўваць Эфес нават з Атэнамі, дык тут ня было ахвярнікаў з надпісам:«невядомаму Богу». Але менавіта ў Эфесе апостал Павал заснаваў царкву, якая была прыемная Госпаду і якая шукала сьвятасьці і чысьціні ня толькі ў сваіх членах, але і ў сваіх настаўніках. Яна была ў цеснай сувязі з Духам Сьвятым і таму была ў згодзе са словам Божым.

 «Але маю супраць цябе тое, што ты занядбаў першую любоў тваю. Дык узгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі ранейшыя ўчынкі; а калі ня так, дык неўзабаве прыйду да цябе і зрушу сьветач твой з месца ягонага, як не пакаешся» (Адк 2:4-5).

«Але». Лепш не было б гэтага «але». Бог бачыць усю глыбіню сэрца чалавека, а значыць і царквы. Ён бачыць павярхоўнае пачуцьце той першай любові, як бачыць і тое патухлае сэрца, розум якога яшчэ падае нейкія штуршкі сапраўднай любові.

«Занядбаў першую любоў тваю» – вось тое, з чым Госпад зьвяртаецца ня толькі да царквы Эфеса, але і да кожнага з нас. Гэта папярэджаньне. І гэта зусім не азначае, што кожны хрысьціянін хворы на гэта, але кожны хрысьціянін павінен разважаць пра тую сваю першую любоў да Госпада, якой ён не павінен здраджваць ніколі, але захоўваць і нават павялічваць у сваім пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Бог кажа царкве, як кажа і кожнаму хрысьціяніну, што захаваньне любові да Госпада Ісуса Хрыста вядзе да жыцьця вечнага ў прысутнасьці Божай, а гэта ёсьць стан Адама ў Эдэмскім садзе: «Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: Хто перамагае, таму дам паспытаць ад дрэва жыцьця, што сярод раю Божага» (Адк 2:7).

Першая любоў. Яна прадугледжвае пэўную пасьлядоўнасьць у часе і ступені. Як для Царквы, так і для кожнага хрысьціяніна было вялікім і неспасьцігальным цудам тое, што Бог дабраслаўляючы збавіў іх і прыняў для служэньня. Але з цягам часу ўсё гэта сталася звычнай справаю. Любоў і падзяка схаладнелі. І ўзьніклі пытаньні. Для каго яны працуюць? Для Госпада і сваіх братоў ці сёстраў? Ці дзеля асабістай славы? Няхай кожны з нас уважліва асэнсуе зварот Ісуса Хрыста як да царквы Эфеса, так і да кажнага хрысьціяніна: «Дык узгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі ранейшыя ўчынкі; а калі ня так, дык неўзабаве прыйду да цябе і зрушу сьветач твой з месца ягонага, як не пакаешся» (Адк 2:5).


Сьмірненская царква (2:8-11).

Горад Сьмірна знаходзіўся непадалёк ад Эфеса на беразе Эгейскага мора. Імя гэтага горада адбіваецца і на характар тамтэйшай хрысьціянскай царквы. «Сьмірна» - слова грэцкае, якое азначае арабійскую смалу, вельмі горкую на смак, але пахошчую пры яе паленьні. Напой з гэтай смалы і віна гатавалі для асуджаных на сьмерць, каб паменьшыць іхнія пакуты.

Гэты напой давалі і Ісусу Хрысту пад час укрыжаваньня. Іншая справа, што Хрыстос адмовіўся ад яго, каб сьвядома адчуць сьмерць за ўсіх нас: «І давалі Яму піць віно з сьмірнаю; але Ён ня ўзяў» (Мар 15:23). Падобна горкай сьмірне царква Сьмірны была багата насычана скрухай і пакутамі, але ў агні гэтых пакутаў яна распаўсюджвала добрыя пахошчы і таму была каштоўнай перад Госпадам.

Царква ганеньняў і скрухі, якія дазволіў Бог, каб праз гэта высьветліць шлях да багацьця духоўнага і жыцьця вечнага: «Ведаю твае дзеі, і скруху, і галечу, - але ж ты багаты, - і праклёны ад тых, якія кажуць пра сябе, што яны юдэі; але яны не такія, а зборня д’ябальская. Ня бойся нічога, што табе выпадзе перацярпець. Вось, д’ябал будзе ўкідаць з асяродзьдзя вас у цямніцу, каб спакусіць вас, і будзеце мець скруху дзён дзесяць. Будзьце верны да сьмерці, і дам вянок жыцьця» (Адк 2:9-10).

«Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: Пераможца не зазнае шкоды ад другое сьмерці» (Адк 2:11).

Гэтая вестка ня толькі для царквы Сьмірны, бо яна накірована да ўсіх нас без усякіх выключэньняў. Няхай кожны ўсьвядоміць, што служэньне Ісусу Хрысту не дае аўтаматычна шчаслівае і бясьпечнае жыцьцё, бо шлях Царквы Хрыстовай падобны да крыжовага шэсьця Ісуса Хрыста. Шлях Хрыста – гэта наш шлях. І не павінна быць інакш: «Бо мы жывыя няспынна аддаемся на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў сьмяротным целе нашым» (2 Кар 4:11)

Але ці можам мы сцьвярджаць, што пасля гэтага часу аднавілася тая першая любоў, якая дадзена была Духам Сьвятым у сэрца апостальскай Цаквы? Мяркую, што не. І гэта тычыцца кожнага з нас, бо мы можам быць вернымі Ісусу Хрысту, але ў той жа час ужо ня быць у той першай любові, якая ахінула нас пры Божым пакліканьні. Як у жыцьці паміж мужам і жонкай, так і жыцьці духоўным – найвялікшае шчасьце, калі мы захаваем тую першую любоў, якую даў нам Бог.


Пергамская царква (2:12-17).

Горад Пергам знаходзіўся на поўначы ад Сьмірны. Ён прыналежыў да Рыма і быў вельмі багатым, адукаваным, але і вельмі распусным горадам. Мы ня маем біблейскіх зьвестак пра стварэньне царквы ў Пергаме і гэта ня так важна. Але важна тое, што царква Ісуса Хрыста была заснаваная сярод жахлівага маральнага падзеньня, бо няма месца, дзе не перамагло б Эвангельле: «Ведаючы твае дзеі, і што ты жывеш там, дзе пасад сатаны, і што трымаеш імя Маё, і ня зрокся веры Мае нават у тыя дні, калі ў вас, дзе жыве шатан, забіты верны сьведка Мой Анцыпа» (Адк 2:13).

Справы і дзеі Пергамскай царквы значна адрозьніваліся ад папярэдніх разглядаемых у гэтай кнізе цэркваў. Але нічога ня выскальзнула ад позірку Госпада, бо Ён каштоўна ставіцца да любой справы ў імя Ягонае, якое б па велічыні сваёй не было б спраўджана ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста. Вернасьць царквы Пергама можа і непараўнальна з царквой Сьмірны, але Бог падкрэсьлівае і яе, бо перад Ім больш каштоўна быць верным у бязбожным грамадзстве, чым наадварот. У вачах Госпада хрысьціянін у атручанай прасторы бязбожжа – намнога большы хрысьціяніна, які знаходзіцца ў коле хрысьціянскага асяродзьдзя.

Можна прывесьці прыклад такога становішча. Адзін брат працаваў у калектыве, дзе не было ні воднага веруючага чалавека, але кожны дзень ён сьведчыў пра Госпада. Усе насьміхаліся над ім і таму гэты брат вырашыў звольніцца з гэтага месца. Ён знайшоў неблагое месца ў асяродзьдзі веруючых людзей. Здаецца што добра, але больш ніхто не супрацівіўся яму і яму больш не прыходзілася сьведчыць пра Госпада. Ні халодна і ня горача. І таму мы павінны ведаць, што Бог ведае дзе мы жывем і ставіць нас там, дзе мы і павінны быць, даючы нам сілу ў якой мы маем вялікую патрэбу, каб служыць Яму нягледзячы на ўсялякія перашкоды.

«Але маю крыху супраць цябе, бо ёсьць у цябе там такія, што трымаюцца вучэньня Валаама, які навучыў Валака ўвесьці ў спакусу сыноў Ізраілевых, каб яны елі ідалаахвярнае і любаблуднічалі» (Адк 2:14).

Бог выказваецца пра тыя недарэчнасьці, якія мелі месца быць. І той факт, што царква цярпела (і церпіць) гэтыя ілжэвучэньні – гэта грэх усёй Царквы. Ілжэвучэньне Валаама складалася з таго, што ён намагаўся ад валадара Валака почасьці і ўзнагароды. Мы можам бачыць гэта ў кнізе Лікі Старога Запавета (разьдзелы 22-25). Сутнасьць дзейнасьці Валаама ў тым, што ён параіў Валаку не ваяваць з Ізраілем, але наблізіцца і парадніцца з ім, а гэта значыць прапанаваць паганства.

Тое, што царва цярпела гэта ў сваім асяродзьдзі – гэта наш усеагульны грэх, бо калі мы церпім у царкве Божай гэтае зло, дык гэта наш грэх. І ў гэтым мы бачым вялікую адказнасьць царквы Ісуса Хрыста ня толькі за жыцьцё яе членаў, але і за ўварваньне ў іхняе жыцьцё ілжэвучэньняў у любым розным выглядзе. Так, Бог можа даць нашмат і нашмат болей чым усе Валакі гэтага сьвету. Дык як жа іншы можа спазнаць тое што ад Бога, але не ад Валака?

Слова Пергам азначае шлюбны зьвяз царквы са сьветам. І чытаючы гісторыю мы ўбачым, што ўсё споўнілася дакладна па Пісаньню, бо шлях вучэньня Валаама пра яднаньне з Валакам зьдзейсьніўся. Хрысьціянства набліжаецца да паганства – да сьвецкага духу, бо яно пайшло з іператарскай уладаю цесна побач. Губляецца чыстата і сьвятасьць веры, як і непапсрэдна асабістыя адносіны да свайго Збаўцы, бо ўсё ператвараецца ў абрады і напічкваецца паганствам.

Царкоўнае кіраваньне зьдзяйсьняецца моцнай дзяржаўнай рукою, пры такой жа моцнай матэр’яльнай падтрымцы. Ісусу Хрысту і Сьвятому Духу ці засталося месца ў такой царкве, хоць яна і называлася Хрыстовай?


Фіятырская царква (2:18-29). Горад Фіятыр знаходзіўся непадалёк ад Пергама ў паўднёва-усходнім напрамку. У Фіятыры жыло шмат людзей, якія прыйшлі з Македоніі і якія займаліся многімі рамёствамі. Новы Запавет не дае нам зьвестак пра тое, як і калі ўтварылася Фіятырская царква. Але з Дзеяў апостальскіх мы ведаем, што Фіятыры – гэта радзіма Лідзіі, якая навярнулася ў Філіпах пасьля прапаведзі апостала Паўла: «І адна жанчына з горада Фіятыр, якую звалі Лідзія, гандлярка парфіраю, шаноўніца Бога, слухала; і Госпад расхінуў сэрца ейнае слухаць тое, што казаў Павал» (Дзеі 16:14).

Зусім верагодна, што яна, разам са сваімі хатнімі і прынесла з Філіпаў у Фіятыры Эвангельле, што сталася грунтам для заснаваньня першай Фіятырскай царквы.

«Ведаю твае дзеі, і любоў, і служэньне і веру, і цярплівасьць тваю, і тое, што апошнія дзеі твае большыя за першыя. Але крыху маю супраць цябе, бо ты патураеш жонцы Езавэлі, якая сябе называе прарочыцай, навучаць і зводзіць у зман рабоў Маіх, любаблуднічаць і есьці ідалаахвярнае. Я даў ёй часу пакаяцца ў распусьце яе, але яна не пакаялася. Вось, Я кідаю яе на ложак і тых, што ў распусьце з ёю, у вялікую скруху, калі не пакаюцца ў дзеях сваіх. І дзяцей яе аддам сьмерці, і зразумеюць усе цэрквы, што Я Той, Хто выпрабоўвае сэрцы і вантробы; і аддам кожнаму з вас паводле ўчынкаў вашых. А вам і астатнім, хто ў Фіятыры, якія не трымаюцца гэтага вучэньня і якія ня ведаюць так званых глыбіняў д’ябальскіх, кажу, што не ўскладу на вас іншага цяжару; толькі тое, што маеце, трымайце пакуль прыйду» (Адк 2:19:25).

Бог бачыць усё. Ня толькі нашыя памылкі і грахі, але і ўсё тое, што можа ўзрадаваць і суцешыць Яго. Зьвяртаючыся да Фіятырскай царквы Ён і пералічвае тое добрае, што бачыць у ёй: «І любоў, і служэньне і веру, і цярплівасьць тваю, і тое, што апошнія дзеі твае большыя за першыя». Але Той, Хто бачыць усё, бачыць і небясьбеку, якая падкрадаецца да царквы, каб зьнішчыць пералічанае Госпадам.

Зло, якое было захаваным у Пергаме, у Фіятырскай царкве стала адкрытым і яўным у выглядзе жонцы Езавэлі. Але хто гэта для Фіятыры? Жанчына, секта ці нейкая царкоўная групоўка? Мы ня ведаем. Але мы ведае з гісторыі Ізраіля, што Езавэль была паганкай і фактычна кіравала Ізраілем, будучы жонкай Ахава. Яна пакланялася Ваалу і схіліла Ізраіля да ідаласлужэньня.

Такім чынам яна была прарочыцай паганства сярод народу Божага, які адкінуў Госпада і прыляпіўся да любаблуднай Езавэлі. Нешта падобнае Бог бачыць і ў Фіятыры, бо Фіятырская Езавэль уводзіла сярод дзяцей Божых нешта такое, што было мярзотным у вачах Госпада. Заўважым, што менавіта Езавэлі быў дадзены нейкі час для пакаяньня нягледзячы на тое, што царква Фіятыры моўчкі дазваляла дзейнасьці паганства. Езавэль не пакаялася і таму праяўляецца гнеў Божы ў выглядзе вялікай скрухі для тых, хто падтрымлівае паганства Езавэлі.

Але пагрозы Госпада не для ўсіх: «А вам і астатнім, хто ў Фіятыры, якія ня трымаюцца гэтага вучэньня і якія ня ведаюць так званых глыбіняў д’ябальскіх, кажу, што не ўскладу на вас іншага цяжару». Заўважым, што Бог лічыць гэтыя ілжэвучэньні цяжарам для верных. І гэта так, бо калі мы бачым зло і нічога супраць яго ня робім, дык гэта становіцца для нас даволі цяжкім пакараньнем.

Але Бог міласэрны і таму прапануе верным Сваім: «Толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль не прыйду». Гэта азначае ня што іншае, як маючая быць небясьпека можа згубіць тое, што яны мелі, бо плынь зла намагалася пахіснуць іхнюю плынь у Ісусе Хрысьце. Бог дадае: «Пакуль прыйду», накіроўваючы гэтым наш позірк на Сваё другое прышэсьце і працяглы час гэтай барацьбы.


Сардыская царква (3:1-6).

Ня больш чым за пяцьдзясят кіламетраў на поўдзень знаходзілася старажытняя сталіца Мідыйскага валадарства – Сардыс. Апошні з мідыйскіх валадароў увайшоў у прымаўку з-за свайго багацьця. Гэта быў Крэз. Грэцкі філосаф Салон аднойчы размаўляў з гэтым валадаром. Крэз хваліўся перад ім сваім багацьцем, кажучы, што няма ў сьвеце такога шчасьліўца, як ён. На што Салон выказаў наступнае: «Ніколі нельга лічыць шчасным чалавека, пакуль ён жывы»

Далейшыя падзеі валадара Крэза былі такімі, што ён быў пераможаны, сыны ягоныя былі забітыя, а сам валадар павінен быў быць спаленым на вогнішчы. І вось, у апошні момант, Крэз успомніў пра філосафа ўсклікнуўшы: «О Салон, Салон, Салон». Гэтыя словы пачуў валадар пераможца і ўнікнуўшы ў сэнс словаў грэцкага філосафа, памілаваў Крэза.

Гэта былі зьвесткі гісторыі. Але, як тое не было, ва ўсе тыя старажытныя часы Сардыс быў месцам цудоўнай прыроды, мастацтва і архітэктуры. Гэта было месца весялосьці і раскошы. Але і сюды Госпад паслаў Сваю вестку, якая дае радасьць і шчасьце ня толькі ў гэтым жыцьці, але і ў жыцьці будучым. Мы ня маем зьвестак пра час час стварэньня хрысьціянскай царквы ў гэтай мясьціне, але пад час напісаньня кнігі Адкрыцьця яна існавала.

І тое, што Госпад кажа пра яе дае нам магчымасьць адчуць тое, якой павінна быць царква праўды Божай: «Узгадай, што ты прыняў і чуў, і зьберагайся і пакайся. Калі ж ня будзеш чуваць, дык Я найду на цябе, як злодзей, і ты ня ўведаеш, а каторай гадзіне найду на цябе. Але ў цябе ў Сардысе ёсьць некалькі чалавек, якія не апаганілі вопраткі сваёй і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя. Пераможца апранецца ў белае адзеньне; і ня выкрэсьлю імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя ягонае прад Айцом Маім і прад анёламі Ягонымі» (Адкр 3:3-5).

Заўважым, што нават некалькі чалавек Госпад мае на ўвазе і Ён бачыць іх у белым адзеньні. Але што гэта азначае? У Старым Запавеце мы бачым сьвятароў у белых адзеньнях. Ні воднай плямы. Гэтае адзеньне атаясамляла праведнасьць і сьвятасьць, якое ёсьць сутнасьцю ў Ісусе Хрысьце.

Бог зьвяртаецца да канкрэтнай асобы – «пераможцы», бо гэтым самым Ён заклікае нас дасягаць перамогі праз Таго, Хто пры ўсіх абставінах абяцае перамогу  і белае адзеньне. Няхай Госпад дае перамогу кожнаму, хто нават ледзь- ледзь жывы, бо перамога існуе і Бог заклікае да яе ўсіх, хто мае вушы, каб пачуць Госпада.


Філадэльфійская царква (3:7-13).

Горад Філадэльфія быў калісьці вінным рынкам Фрыгійскіх валадароў і меў даволі колькаснае насельніцтва. Сам горад ня быў нейкім значным, бо па воле Рыма, ён ня меў нават сваёй судэбнай установы і належыў да юрысдыкцыі Сардыса. Між тым гэты горад вядомы дзякуючы царкве, да якой зьвяртае Сваю ўвагу Ісус Хрыстос. З усіх сямі цэркваў да якіх зьвяртаецца Ісус Хрыстос праз апостала Яна, яна самая прыемная для Госпада.

Мы ня бачым няікай вымовы, але бачым пахвалу з вялікімі дабраславеньнямі. Гісторыя кажа, што нават у цяжкі час мусульманскага нашэсьця, хрысьціянства Філадэльфіі не пахіснулася, калі 80 гадоў адстойвала сваю веру і ў рэшце рэшт заключыла мір з найбольш жорсткім кіраўніком сельджукаў.

Так падыходзіць Госпад да гэтай царквы: «Так кажа Сьвяты, Праведны, Які мае ключ Давідаў, Які адмыкае – і ніхто не замкне, замыкае – і ніхто не адчыніць: ведаю твае дзеі; Я адамкнуў перад табою дзьверы, і ніхто ня можа зачыніць іх; ты няшмат маеш сілы, і захаваў слова Маё, і ня выракся імя Майго. Вось, Я зраблю, што з д’ябальскай зборні, з тых, якія кажуць пра сябе, што яны юдэі, але самі не такія, а хлусяць – вось, Я зраблю тое, што яны прыйдуць і паклоняцца перад нагамі тваімі, і уведаюць, што Я палюбіў цябе. І як ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, дык і Я захаваю цябе ад гадзіны спакушэньня, якая прыйдзе на ўвесь сьвет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі. Вось, Я прыйду неўзабаве; трымай, што маеш, каб хто ўхапіў вянка твайго» (Адк 3:7-11).


Трымай, што маеш.

Гэта гімн хрысьціянства, які на працягу дзьвух тысяч гадоў кажа нам пра тое, што мы павінны старанна захоўваць той будучы вянок, які пакладзе на нашыя галовы сам Бог: «А цяпер рыхтуецца мне вянок праўды, які дасьць мне Госпад, справядлівы Судзьдзя, у дзень той; і ня толькі мне, але і ўсім, што палюбілі прышэсьце Яго» (2 Цім 4:8).

І калі хто не чакае Госпада ці не падгатаваныя да гэтага, няхай не чакае і вянка ад Бога. Ісус Хрыстос казаў вучням: «Будзьце падгатаваныя» Няхай кожны з нас разважыць пра гэта і адкажа на гэтае простае пытаньне: «Ці трымаю я свабоду і збаўленьне, якія даў мне Ісус Хрыстос на тым Крыжы, на якім павінен быць я?».


Лаадыкійская царква (3:14-22). Горад Лаадыкія, як і Фідадэльфія знаходзіўся ў Фрыгіі. Апостал Павал кажа пра гэтае месца ў сваім пасланьні да Каласянаў: «Калі гэтае пасланьне прачытана будзе ў вас, дык распарадзецеся, каб яно было прачытана і ў Лаадыкійскай царкве; а тое, якое з Лаадыкіі, прачытайце і вы» (Кал 4:16).

Вядома, што заснавальнікам царквы ў Лаадыкіі быў Эпафрас, як пра гэта і кажа апостал Павал: «Вітае вас Эпафрас, раб Ісуса Хрыста, які заўсёды дабразычыць вам у малітвах, каб вы былі дасканалыя і напоўненыя ўсім, што даспадобы Богу. Сьведчу пра яго, што ён мае вялікую рупнасьць (і клопат) за вас і за тых, якія ў Лаадыкіі і Ераполі» (Кал 4:12-13).

Якое цуднае імя дае Сабе Госпад, калі зьвяртаецца да гэтай царквы. Ён называе Сябе Амэн, што азначае: сапраўдна, нязьменна, да будзе так: «Так кажа Амэн, сьведка верны і сапраўдны, пачатак тварэньня Божага: ведаю твае дзеі; ты ні халодны, ні гарачы; о, калі б ты быў халодны альбо гарачы! Але як што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, дык выкіну цябе з вуснаў Маіх» (Адк 3:14-16).

Ісус Хрыстос ёсьць сьведка верны і сапраўдны, бо сьведчаньне Яго неабвержанае, а тое, што Ён кажа пра Лаакідыйскую царкву – гэта сапраўдны яе стан. Але які гэты стан?

Лаакідыя бачыла сябе ў вельмі ўпрыгожаным сьвеце і ня бачыла свой сапраўдны стан. Толькі Хрыстос сьведчыць пра сапраўднае. Халоднасьць – гэта стан чужога сэрца, ніколі яшчэ не сагрэтага Ісусам Хрыстом. Бог кажа: «Ты не гарачы», а гэта азначае, што царква Лаадыкіі была абыякавай да Божай справы, якую даручыў ёй Хрыстос.

Стан паміж халодным і гарачым ёсьць нейкая цяплыня, якая ёсьць характарысьцікай ня толькі Лаадыкійскай царквы, але і многіх сучасных хрысьціянскіх цэркваў. І гэта вельмі сумна, калі не сказаць жахліва, бо большасьць сучасных хрысьціянаў задавальняюцца духоўнай цяплынёй. Што гэта азначае? Тое, што чалавек ня цалкам прыналежыць гэтаму сьвету, але ён і ня цалкам прыналежыць Ісусу Хрысту.

Вельмі сумна знайсьці тую «залатую» сярэдзіну паміж сьветам і Госпадам, думаючы, што гэта ёсьць тая сапраўдная глеба, на якой ёсьць магчымасьць патураць свайму целу і адначасова мець зносіны з Богам. Не падабаецца гэта Госпаду, бо таму Ён і кажа: «Дык выкіну цябе з вуснаў Маіх». Гэта тычыцца кожнага з нас, каб адказаць на простае пытаньне: «Які я? Халодны, гарачы ці проста цёплы?».

«Каго Я люблю, тых выкрываю і караю. Дык вось будзь руплівы і пакайся. Вось, стаю каля дзьвярэй і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён са Мною. Пераможцу дам сесьці са Мною на пасадзе Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на пасадзе Ягоным. Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам» (Адк 3:19-22).

Ісус зьвяртаецца да кожнага з нас, бо хоча быць з намі і запоўніць Сабою ўсю нашу сардэчную прастору. Ён хоча, каб мы былі пераможцамі і падзялілі з Ім Ягоны пасад. І таму Ён хоча бачыць нас гарачымі ў веры і служэньні, бо як Ён перамог сьмерць і грэх, так і мы павінны быць пераможцамі. Ні халоднымі і ня цёплымі, але гарачымі ў сваім служэньні. Амэн.


Рецензии