Откровение апостола Иоанна. ч. 4
«І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю; бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі, і мора ўжо няма. І я, Ян, угледзеў сьвяты горад Ерусалім, новы, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны як нявеста, убраная для мужа свайго. І пачуў я гучны голас з неба, які казаў: вось, скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; яны будуць Ягоным народам, і Сам Бог з імі будзе Богам іхнім, і ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло» (Адк 21:1-4).
Ужо шмат адкрыла нам гэтая цудоўная кніга. І пакуты, і радасьць і надзею. Мы ўбачылі, як былі зьнішчаны ворагі Ісуса Хрыста: зьвер, ілжэпрарок, спакусьлівы Бабілон і сам д’ябал. І вось зараз нам адкрываецца слаўны вынік справы Ісуса Хрыста. Усе абяцаньні Госпада зьдзейсьнены, а праведнікі атрымалі чаканую і велічную ўзнагароду, атрымаўшы перамогу сілаю свайго Збаўцы: «Але ўсё гэта пераадольваем сілаю Таго, Хто палюбіў нас» (Рым 8:37). Ісус Хрыстос адкрывае нам бачаньне ўсяго новага і чаканага на працягу ўсяго нашага хрысьціянскага жыцьця.
Новае неба і новая зямля.
Бог стварае новае неба і новую зямлю. Біблія і пачынаецца менавіта так: «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю» (Быц 1:1). Бог стварыў усё гэта з нічога – словам Сваёй сілы. І вось яны мінуюцца, як і казаў Ісус Хрыстос: «Неба і зямля мінуюцца, а словы Мае не мінуюць» (Мк 13:31).
Бог стварае новае. Новае неба і новую зямлю. І гэта азначае, што будзе вынішчана ўсё, што мае дачыненьне да грэху і праклёну. Гэта тычыцца і кожнага няверуючага. Не застанецца нічога беззаконнага і бязбожнага. Не застанецца нічога шкоднага і разбуральнага. Новае неба і новая зямля будуць дасканалым месцам для існаваньня Божага народу разам са сваім Богам. Усё нябеснае і зямное аб’яднаецца ў Госпадзе Ісусе Хрысьце, Які будзе Валадаром над усім.
Новы Ерусалім.
Сьвяты новы горад паўстае як нявеста Ісуса Хрыста. Нявеста – гэта сапраўдная Царква Хрыста, народжаная Богам сілаю Сьвятога Духа. Царква як горад: «І выйшлі на шырыню зямлі і аблажылі табар сьвятых і горад любасны» (Адк 20:8).
Стары Запавет таксама кажа пра гэта: «Таго дня пасьпяваная будзе песьня гэтая ў зямлі Юдавай: горад моцны ў нас; ратунак даў ён замест мура і вала» (Іс 26:1).
Сёньня Ісус Хрыстос валадарыць над намі ў нашых сэрцах, хаця грэх, які працягвае жыць у нас, намагаецца парушыць нашыя адносіны з Богам. Але ўсё будзе па новаму і ня будзе больш гэтых перашкодаў, а будзе тое, што Бог самым натуральным чынам будзе жыць са Сваім народам. І ня будзе больш сьмерці, плачу і енку, бо ўсё будзе новым.
Сам Бог пацьверджвае гэтыя словы: «І сказаў Той, Хто сядзеў на пасадзе: вось, твару ўсё новае. І кажа мне: напішы; бо словы гэтыя праўдзівыя і слушныя. І сказаў мне: збылося! Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец; сасьмягламу дам задарма з крыніцы вады жывое» (Адк 21:5-6).
Бог дае нам напамін пра тое, што Ён ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец, а таксама пра тое, што збаўленьне і ўсынаўленьне – гэта Ягоны дар, жывая вада для сасьмяглых.
І вось тое, да чаго імкнецца сэрца веруючага чалавека – быць у гэтым цудоўным горадзе, што ёсьць жыцьцё вечнае побач з Госпадам нашым Ісусам Хрыстом. Апостал Ян вітае нас ў гэтым і паказвае будучую праслаўленую Царкву, якая будзе сабраная ў адно на нябёсах перад Госпадам. Ян убачыў аднаго з сямі анёлаў, чары якіх несьлі пошасьці для гэтага сьвету.
Анёл узьнёс Яна на вялікую гару, каб паказаць наш новы Ерусалім: «І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую і высокую гару і паказаў мне вялікі горад, сьвяты Ерусалім, які сыходзіў з неба ад Бога: ён мае славу Божую; сьветласьць ягоная падобная да каштоўнага каменя, як бы да каменя ясьпісу крышталёвага; ён мае вялікую і высокую сьцяну, мае дванаццаць брамаў і на іх дванаццаць анёлаў, на брамах напісаны імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраілевых: з усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з поўдня тры брамы, з захаду тры брамы; мур горада мае дванаццаць падмуркаў, і іх імёны дванаццаці апосталаў Ягняці» (Адк 21:10-14). Зьвярнем з гэтага ўвагу на сьцяну горада, ягоныя брамы і ягоны мур.
Наогул сьцены павінны забясьпечваць бясьпеку грамадзянаў гэтага месцу. А як разумець тое месца, дзе ня будзе ніякага зла? Адказ ў тым, што гэтая сьцяна будзе напамінам. Пра што? Пра тое, што хрысьціяне павінны памятаць свае вароты, за якія нельга дапускаць у сваім жыцьці ніякага зла. Прарок Ісая кажа менавіта пра гэта: «Ня чуваць будзе болей насільля ў зямлі тваёй, спусташэньня і разбурэньня – у межах тваіх; і будзеш называць сьцены твае ратункам і брамы твае – славаю» (Іс 60:18).
Ян прымае ад анёла залатую трысьціну, каб вымераць асноўныя параметры горада і ахарактарызаваць тыя каштоўныя матарыялы, з якіх ён складзены. Мы ўбачылі, што гэты горад мае форму куба з памерам кожнага яго бока – 12000 стадыяў, што складае прыкладна 2280 км. Чаму менавіта куб? Ці не таму, што скінія, якую Бог загадаў зрабіць Майсею, мела таксама кубічную форму? Заўважым яшчэ адну акалічнасьць убачанага Янам «А храма я ня ўбачыў у ім, бо Госпад Бог Усеўладны – храм Ягоны, і Ягняці. І горад ня мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў месяцы на асьвятленьне сваё, бо слава Божая асьвятліла яго, і сьветач ягоны – Ягня» (Адк 21:22-23).
Скінія Старога Запавета была ў храме горада Ерусаліма як месца знаходжаньня Госпада. Але ў Новым Ерусаліме храма няма, а гэта можа азначаць, што Новы Ерусалім – гэта і ёсьць новая скінія (замест страчанай старазапаветнай), дзе будзе жыць Бог разам са Сваім народам. Таму зразумела і адсутнасьць у ёй сонца і месяца, бо жытло Божае заўсёды асьветлена Ягонай славаю. Безамоўна тое, што памеры Новага Ерусаліма, як і многае ў відзежах Яна, сымбалічныя. Але гэта дае нам нагоду для пэўнага разважаньня.
Канкрэтныя памеры горада могуць казаць пра абмежаванасьць у тым сэнсе, што ня ўсе людзі змогуць стаць ягонымі жыхарамі, а толькі тыя, хто выбраны Госпадам і надзелены Духам Сьвятым. А гэта значыць – і хрысьціяне. Ня тыя, хто прылічвае сябе да хрысьціянства, ня ведаючы ні Царквы, ні Слова Божага. І ня тыя, хто пакланяецца косткам ды дошкам, праслаўляючы Дзеву Марыю. А тыя, хто вызнае Ісуса Хрыста сваім Госпадам і Збаўцам, маючы ў сэрцы сваім Духа Сьвятога. Безумоўна і тое, што старазапаветныя сьвятыя Ізраіля будуць прысутнічаць у Сьвятым горадзе, як і кажа апостал Ян : «Ён мае вялікую і высокую сьцяну, мае дванаццаць брамаў і на іх дванаццаць анёлаў, на брамах напісаны імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраіля» (Адк 21:12).
Якой жа будзе нашае жыцьцё на набёсах? Што мы будзем рабіць і якімі мы будзем у гэтым цудоўным Божым горадзе? Гэта будзе жыцьцё пакланеньня Госпаду. Там не патрэбна будзе хадзіць у царкву, бо самое знаходжаньне ў горадзе азначае жыцьцё разам з Госпадам і прыналежнасьць да Ягонага народу. Веліч і слава Госпада будуць паўсюль, як нашая радасьць, бо нават самыя блізкія адносіны з Богам тут на зямлі, ніяк ня можа параўнацца з радасьцю і захапленьнем там, дзе ты маеш магчымасьць быць ахопленым зьзяньнем, славай і веліччу нашага Бога: «А як напісана: “ня бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што тым Бог падрыхтаваў, хто любіць Яго”. А нам Бог адкрыў гэта Духам Сваім; бо Дух ва ўсё пранікае, і ў глыбіні Божыя» (1 Кар 2:9-10).
Гэта будзе дзейнае жыцьцё, бо ўсе будуць нястомна і няспынна служыць Госпаду. Так, як Дух Сьвяты працуе штодзённа ў сэрцы кожнага хрысьціяніна. Усе жыхары Новага Ерусаліма будуць ушаноўваць Госпада Бога. І там ня будзе больш цёмнай начы, дзьверы будуць заўсёды адчыненыя, таму што ня будзе больш ніякага ворага: «Брамы ягоныя ня будуць замыкацца ў дзень, а ночы там ня будзе» (Адк 21:25).
Гэта будзе чыстае жыцьцё, бо грэх больш ня будзе адлучаць нас ад Бога і перашкаджаць нашым зносінам з Ім. Усе наступствы і плады грэху зьнікнуць, а выбраныя Божыя, якія запісаныя ў кнізе жыцьця будуць цалкам сьвятымі: «І прынясуць у яго славу і гонар народаў; і ня ўвойдзе ў яго нічога нячыстага, і ніхто, аддадзены погані і хлусьні, а толькі тыя, якія запісаны ў кнізе жыцьця» (Адк 21:26-27).
Вось такім чынам адкрываецца перад намі цудоўнейшая рэальнасьць таго, што зьдзейсьніць для нас Бог. А таксама слава Царквы, як скініі Божай і горада Новы Ерусалім. Чалавечаю мовай дасканала апісаць гэта немагчыма і мы разумеем, што апостал Ян толькі крыху прыадчыняе завесу нябёсаў. І калі мы апынемся там, дык будзем вымушаны пагадзіцца з тым, што сказала валадарыня Саўская валадару Саламону, калі прыехала да яго і ўбачыла ўсё на свае ўласныя вочы: «І сказала валадару: слушна тое, што я чула ў зямлі сваёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю; але я ня верыла словам, пакуль не прыйшла, і ня ўбачылі вочы мае: і вось, мне і палавіны ня сказана; мудрасьці і багацьця ў цябе болей чым я чула. Шчасныя людзі твае і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю» (3 Вал 19:6-8).
Можна пэўным чынам параўнаць першыя два разьдзелы кнігі Быцьця і два апошнія разьдзелы кнігі Адкрыцьця. Для Адама і Евы стварыў Бог рай у Эдэме: «І пасадзіў Госпад Бог рай у Эдэме на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога стварыў. І выгадаваў Госпад Бог з зямлі кожнае дрэва прыемнае з выгляду і добрае ў ежу, і дрэва жыцьця пасярод раю, і дрэва спазнаньня дабра і зла. З Эдэма выплывала рака на арашэньне раю; і потым разьдзялялася на чатыры ракі» (Быц 2:8-10).
А зараз чытаем напісанае апосталам Янам: «І паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выплывала ад пасада Бога і Ягняці. Пасярод вуліцы яго, і па той бок ракі і па гэты, дрэва жыцьця, якое дванаццаць разоў родзіць плады, дае на кожны месяц плод свой; і лісьце дрэва – на ацаленьне народаў» (Адк 22:1-2).
З Эдэма выплывала рака, якая давала жыцьцё кожнаму Божаму стварэньню. І гэта ёсьць дабраславеньне Госпада. Кніга Адкрыцьця таксама кажа пра раку крыштальнай чысьціні, якая выплывала ад пасада Бога і Ягняці. Дарэчы слова вада і вада жыцьця сымбалізуюць у Бібліі насычэньне і асалоду, якія выліваюцца са збаўленьня, якое дадзена дарам, як Божае дабраславеньне. І вось гэта крыштальная рака дабраславеньняў няспынна тячэ праз сэрца Царквы, каб дрэва жыцьця давала шмат пладоў для жыцьця і ацаленьня народа Божага.
Вяртаючыся да кнігі Быцьця, мы бачым пасярод рая два дрэвы. Першае з іх – гэта дрэва жыцьця, якое давала ўсё для фізічнага жыцьця Адама і Евы. Але ў больш поўным сэнсе яно давала цудоўную магчымасьць, будучы ў цудоўным стане і разуменьні падзякі за тое, што яны маюць, атрымліваць цудоўную магчымасьць цесных зносінаў з Богам.
Гэтае дрэва казала пра Бога, Які быў у гэтым садзе сярод створанага Ім Свайго народу. Што ж сымбалізуе дрэва жыцьця ў кнізе Адкрыцьця? Перш за ўсё вяртаецца тая рэальнасьць, якую згубілі для нас усіх Адам і Ева. Яно азначае дасканалае жыцьцё з Богам, якое адчуюць веруючыя. Гэтае дрэва дае шмат плоду, а гэта значыць, што тая асалода, якую мы адчуем мае вечны характар. Як і нашае жыцьцё.
Але, у сваіх разважаньнях, мы ня можам мінуць дрэва пазнаньня дабра і зла, якое таксама расло пасярэдзіне рая. Мы ведаем далейшае, якое зьвязана з гэтым дрэвам. Бог наказаў ня есьці з яго і шчыра папярэдзіў Адама: «А з дрэва пазнаньня дабра і зла, ня еж з яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш з яго , сьмерцю памрэш» (Быц 2:17).
Людзі не паслухаліся Бога, зграшылі і такім чынам наклікалі на сябе сьмяротны прысуд, асуду і праклён. Праклён – гэта праява Божага гневу і асуда грэшніка. Але дзякуючы Эвангельлю мы можам пазбавіцца гэтага, бо сэнс Эвангельля ў тым, што Ісус Хрыстос стаў праклёнам за ўсіх нас: «Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закона, зрабіўшыся за нас пракляцьцем – бо напісана: “пракляты кожны, хто вісіць на дрэве”» (Гал 3:13).
І вось, мы разумеем, што веліч нашага збаўленьня выяўляецца ў тым што «І нічога ўжо ня будзе праклятага» (Адк 22:3). Ня будзе на нябёсах ні зьмея, ні д’ябла; ні дрэваў праклёну, ні ні грэху, ні спакушэньня ці распусты. Бог створыць усё новае.
Калісьці пасад Божы быў пасадам суду, бо ўсе мы былі пад праклёнам Божым. Але зараз, калі Ягняці праліў за нас Сваю каштоўную Кроў, гэты пасадам стаўся для нас пасадам ласкі Божай. Але з чаго будзе складацца нашая асалода ў Госпадзе?
Мы ўбачым аблічча Госпада: «І ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае будзе на лобе ў іх» (Адк 22:4). Імя на лобе кажа пра тое, што мы належым Госпаду. Альтэрнатыва гэтаму – пячатка ад зьвера і тыя, хто мае гэта патрапіць туды, куды патрапіў той, каму гэтая пячатка і прыналежыла: «А д’ябал, які зводзіў іх, укінуты ў озера вогненнае і сернае, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць пакутаваць дзень і ноч ва векі вечныя» (Адк 20:10).
Мы будзем непасрэдна ведаць Госпада: «І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ні ў сьветачы, ні ў сьвятле сонечным, бо Госпад Бог асьвятляе іх; і будуць валадарыць ва векі вечныя» (Адк 22:5).
• Заключная частка (22:6-21).
Перад намі ня толькі заканчэньне адной з кніг Бібліі. Гэта заключнае Слова Бога. І заключная тэма гэтай кнігі – вяртаньне Ісуса Хрыста, чаканае другое Ягонае прышэсьце. І ў гэтай частцы кнігі Адкрыцьця ёсьць тэмы, якія мы павіны асьвятліць, а гэта ёсьць:
Напамін: «І сказаў мне: гэтыя словы слушныя і праўдзівыя; і Госпад Бог сьвятых прарокаў паслаў анёла Свайго паказаць рабам Сваім тое, што мае быць неўзабаве» (Адк 22:6).
Словы анёла тычацца, дарэчы, усёй кнігі Адкрыцьця. Мы прачыталі ў ёй шмат чаго, але ўсё што мы прачыталі, лічыцца сапраўдным. Анёл Госпада кажа, што Бог асьвятляе прарокаў Духам Сьвятым. І тут ня можа быць ніякай нявызначанасьці, бо Бог не пакідае нічога, а бязбожны ня высьлізьне ад суду.
Абяцаньне: «Вось, прыйду неўзабаве: дабрашчасны той, хто трымаецца словаў прароцтва кнігі гэтае. Вось прыйду неўзабаве, і адпомства Мая са Мною, каб адддаць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных» (Адк 22:12).
Сам Ісус кажа, што Ён хутка прыдзе і будзе пасьля гэтага адпомства тым, хто не пайшоў за Ім, бо вызначана ўжо тое, што ў Хрыста ўжо загатаваныя ўзнагароды і пакараньні. Узнагароды для праведных, а пакараньні для бязбожных.
Запрашэньне: «І Дух і нявеста кажуць: прыйдзі! Спрагнены хай прыходзіць, і, хто жадае, няхай бярэ ваду жыцьця задарам» (Адк 22:17). Мы разумеем, што гэтае запрашэньне для ўсіх тых, хто прагне Бога і прагне збаўленьня. Тым больш, што жывая вада збаўленьня даецца задарам.
Але мы павіны нешта рабіць, бо чым больш мы разважаем пра магчымасьць убачыць Ісуса Хрыста, тым больш мы павінны маліцца пра гэта. Прыйдзі – гэта слова малітвы, якое трэба незьлічоны раз паўтараць каб каб слухаючы гэта пачуў слова Госпада і прыхінуўся да Яго. Мы запрашаем ад імя Ісуса Хрыста кажучы: «Бо расплата за грэх – сьмерць, а дар Божы – жыцьцё вечнае ў Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым» (Рым 6-23).
Папярэджаньне: «І я таксама сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтай: калі хто дадасьць што да іх, на таго накладзе Бог пошасьці, пра якія напісана ў кнізе гэтай: і калі хто адыме што ад словаў кнігі прароцтва гэтага, у таго адбярэ Бог удзел ў кнізе жыцьця і ў сьвятым горадзе і ў тым, што напісана ў кнізе гэтай. Той, хто сьведчыць гэта, кажа: вось, прыйду неўзабаве! Амэн. Так прыйдзі Госпадзе Ісусе, Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн» (Адк 22:18-21).
Нам трэба абвяшчаць завершанасьць Пісаньняі, як тое, што Бог даў нам у слове Сваім непарушнасьць і непагрэшнасьць Самога Сябе. Менавіта пра гэта кажа апостал Павал, калі зьвяртаецца да Цімафея: «А ты трымайся таго, чаго навучаны, і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны; пры гэтым ты змалку ведаеш сьвятыя Пісаньні, якія могуць умудрыць цябе ў збавеньне вераю ў Хрыста Ісуса. Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці, каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны» (2 Цім 3:14-17).
Дабраславеньне: «Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн» (Адк 22:21). Кніга Адкрыцьця і, як мы разумеем, уся Біблія не магла завершыцца неяк па-іншаму. Ад першай да апошняй кнігі Бібліі – усе яны напоўнены ласкаю Божай. Ласка Божая выбрала нас і яна збавіла нас. Ласка Божая дасьць нам бездакорнасьць у славе Божай:
Я стаю скораны Тваім сьвятлом,
пакрыты Тваёй славы крылом.
Я стаю, ведаю, што ў цемры жыў,
Ты Кроўю Сваёй грэх мой амыў.
Цяпер вядзе мяне заўжды любоў Твая,
Бо Ты аддаў жыцьцё, цудоўнае Ягня.
Я стаю, скораны любоўю Тваёй,
прабачыў Ты і даў супакой.
Я стаю, створаны магутнай рукой,
ачышчаны праз кроў і агонь.
Цяпер вядзе мяне заўжды любоў Твая
бо Ты аддаў жыцьцё, цудоўнае Ягня.
Вялікі Бог, вялікі Бог!
Спаткала Твая ласка мяне,
Быў ня з чым, цяпер жыву праз Цябе.
Вялікі Бог, вялікі Бог!
Любоў Твая зьмяніла мой шлях,
нада мною, Госпад веліч Твая.
З мірам Божым усім!
Свидетельство о публикации №226060301879