От крещения до искушения

АД ХРОСТУ ДА СПАКУШЭНЬНЯ

Ісус ійшоў па знаёмаму шляху ўздоўж берагу Галілейскага мора, гледзячы на блакіт воднай прасторы, над якой, дзе нідзе, невялікімі крыламі узвышаліся ветразі рыбакоў. Рыбацкі час яшчэ не настаў, але лодкі, з рознай нагоды, ужо слізгалі па воднай роўнядзі, набіраючыся вопыту і майстэрства, слухаючыся ветру ды невялікіх хваляў. Ужо вечарэла, калі перад Ім адкрылася Магдала і ўжо праз хуткі час Ісус вітаўся з роднымі, якія, як быццам бы чакалі Яго, бо адразу запрасілі на вячэру. Ісус распавёў родным пра мэту Сваёй вандроўкі як сустрэчу з братам Янам, не ўдаючыся ў падрабязнасьці гэтага вандраваньня.

Ісус не затрымаўся ў Юды і, з першымі праменямі сонца, выйшаў з Магдалы ў накірунку Тыберыяды і Філатэрыі, якая была паўднёвай кропкай Галілейскага мора і была знакамітаю тым, што менавіта адсюль выцякаў Ярдан. Ісус прыпыніўся ў мясцовай прыдарожнай гасьцініцы, дзе Яму прапанавалі смачную вячэру і добры адпачынак. Наступным ранкам Ён рушыў у бок добра знаёмага Скіфапаля, праз які праходзілі ў Ерусалім пілігрымы з Назарэту.

Далейшы шлях, уздоўж Ярдана быў добра знаёмым з дзяцінства, але адчуваньне захапленьня ніяк ня згасла, бо і зараз, з тым жа пачуцьцем, Ісус глядзеў на зьвілісты Ярдан, які нёс свае зіготкія ды цурцаючыя воды да Мёртвага мора. На поўначы, па ранейшаму, ўзвышаўся, адзеты ў сьнежны капялюш, Гарызім, які велічна пазіраў на гэтую цудоўную даліну. Мінуючы Скіфапаль, праз тры гадзіны, Ён дасягнуў ручая, які вясёла цурчэў, заклікаючы да сябе падарожнікаў. Каля гэтага ручая Ісус і размясьціўся пад зоркавым небам Ярдана.

Прахалодная ноч каля Ярдана не даставіла непрыемнасьцяў, бо запашаная коўдра, з вярблюжай воўны, добра захоўвала цяпло чалавечага цела. Калі першыя прамені сонца засрэбнулі плыню Ярдана, Ісус, сабраўшыся, пайшоў далей, калі хутка дасягнуў таго месца, дзе левы прыток Явок, перасякаючы Перэю, упадае ў Ярдан. Ён прыпыніўся на гэтым месцы, як прыпыняліся ўсе пілігрымы, якія ішлі ў Ерусалім, успамінаючы даўнюю падзею часоў Гедэёна, калі мадыяніцяне імкнуліся, з таго берагу, захапіць гэтыя мясьціны Ізраіля.

Ісус добра памятаў тое, як пілігрымы, усе разам, узносілі хвалу Госпаду, Які, дзіўным чынам, разьбіў для Ізраіля ўсё варожае войска. Калі ж захад прыняў да сябе дзённае сонца, Ісус прыпыніўся каля гары, якая ўзвышалася над Ярданскай далінай. Гара Сартаба, на вяршыні якой знаходзілася крэпасьць, прыняла, ў мінулыя часы, зьняволеньне адной з жонак Ірада ды магілы двух, забітых ім, сыноў. Гэтыя ўспаміны з дзяцінства, як быццам бы вярнулі Яго ў тыя часы, калі Ён адчуваў, побач з Сабою, бацьку і маці.

Дасягнуўшы перакрыжаваньня, дзе адкрываўся шлях да Ерыхона, Ісус зноў прыпыніўся пад уплывам успаміну той Сваёй першай вандроўцы Ў Ерусалім, калі маці распавяла Яму пра цёзку - Ісуса сына Нава, які кіраваў войскам сыноў Ізраіля пры заваёве Ерыхона. Ісус глядзеў на шлях да Ерусаліму і ўяве бачыў той бясконцы паток пілігрымаў, якія імкнуліся ў сьвяты горад на сьвяткаваньне Пасхі. Вярнуўшыся ад успамінаў Сваёй першай пасхальнай вандроўцы ў Ерусалім, Ісус працягнуў шлях на поўдзень уздоўж Ярдана.

Шлях ня быў доўгім і ўжо, праз даволі кароткі час, Ісус убачыў Свайго стрыечнага брата Яна ў атачэньні натоўпу людзей і які адказваў на пытаньні пасьля сваёй пропаведзі.

Не прыцягваючы да Сябе ўвагі, Ісус, падышоўшы да натоўпу, выразьліва пачуў голас брата, які зьвяртаўся да фарысэяў ды садукеяў: «Спараджэньні яхідны, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Учыніце ж плод, годны навяртаньня, і ня думайце гаварыць у думках сваіх: “Бацьку маем Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; дык кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь. Я хрышчу вас у вадзе на навяртаньне, але Той, Хто ідзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варты несьці сандалы Ягоныя. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў агні. Веялка Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасным».

Будучы ў Капернауме, Ісус ужо чуў ад іншых людзей тое, што Ян прапаведуе Валадарства Божае, а тлумачэньні гэтага былі вельмі рознымі. Але, які б сэнс не ўкладаўся ў сэнс пропаведзі Яна, Ісус бачыў вялікую зацікаўленасьць да заклікаў гэтага шчырага, дзейнага, хаця і немудрагелістага прапаведніка праведнасьці ды пакаяньня, які ўрачыста заклікаў сваіх слухачоў «бегчы ад будучага гневу».

Калі Ян пачаў абрад хрышчэньня, Ісус цярпліва дачакаўся таго моманту, калі апошні з натоўпу выйшаў ад Яна з Ярдану. Калі ж Ян, аўтаматычна, паглядзеў у бок берагу, ён зразумеў усё. Перад ім стаяў Той, Якому ён ня быў вартым нават несьці Ягоныя сандалы. Як у сьне ён бачыў тое, як Ісус уваходзіць у Ярдан, падыходзячы да яго.

Ня вытрымаўшы ўнутранай напругі, Ян толькі і здолеў прамовіць: «Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» Ісус добра бачыў гэтую разгубленасьць Яна, а таму дабразычліва ды даверліва прамовіў да яго: «Пакінь цяпер; бо гэтак нам належыць споўніць усякую праведнасьць».

Супакоіўшыся Ян распачаў так знаёмы яму абрад, добра ведаючы тое, што брат Ісус няспынна моліцца да Госпада. Нябёсы расчыніліся ў той момант, калі Ісус выходзіў з Ярдану і Ён, як дарэчы і Ян, угледзеў Духа Божага, які зыходзіў, як голуб і яны абодва пачулі голас з неба, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».

Ужо вечарэла і Ян, выйшаўшы з вады, сядзеў разам з Ісусам ля вогнішча, абсыхаючы і гатуючыся да няхітрай вячэры. За вячэрай яны размаўлялі ўспамінаючы свае былыя сустрэчы, як і тое, што адбывалася ў іхнім жыцьці апошнімі гадамі. Ян распавёў Ісусу пра сваё назарэйства, працу пастухом і сьмерць маці Эльжбеты, як і пра сваё жыцьцё ў пустыні.

Але галоўным у аповядзе Яна была даведка ад маці пра анёла Божага Габрыеля, які вызначыў волю Бога пра нараджэньне Яна, а потым і Ісуса. Ісус ня ведаў гэтага ад маці, але гэта Яго амаль што не зьдзівіла, бо Ён адчуваў гэтае ўсім Сваім сэрцам, а зьвесткі ад Яна толькі паставілі ўсё на свае месцы. Ян упэўніўся ў тым, што Ісус і ёсьць тым Мэсіей, пра што і казала ягоная маці Эльжбета. Так яны прагаварылі да апоўначы, калі, памаліўшыся, ляглі на адпачынак.

Першыя прамені сонца, якія прыляцелі з-за Ярдана, абудзілі Яна, які меў сваім намерам што-нішто яшчэ распытаць у Ісуса, але Ісуса не было. Запытаўшы сваіх вучняў пра Ісуса і не атрымаўшы адказу, Ян пачаў гатавацца да пропаведзі, бо з усіх бакоў ужо пачалі падыходзіць людзі, якія жадалі пакаяцца ды прыняць хрышчэньне ад гэтага шчырага прапаведніка Яна.

З гэтага дня пропаведзь Яна толькі ўзмацнілася і гучала з новай упэўненасьцю, калі ён абвяшчаў будучае Валадарства і доўгачаканага Мэсію. Ён быў упэўненым у тым, што ў хуткім часе ён зноў сустрэнецца з Ісусам і ад гэтага сэрца Яна знаходзілася ў радасным прадчуваньні, дадаючы ўпэўненасьці ў тым, што ён рабіў апошнім часам.

Юдэйская пустыня ёсьць месцам на заходнім узьбярэжжы Мёртвага мора, тэрыторыя Юды – аднаго з дванаццаці каленаў Ізраіля і, адначасова, аднагучная з назваю паўднёвага гебрайскага валадарства.

З даўніх часоў гэтыя мясьціны былі сховішчам назарэяў ці нават злачынцаў. Голыя камяні, абпаленыя сонцам ды распалены пясок да таго часу, калі прыйдзе і сюды дождж, які месцамі ператварае гэтае гіблае месца, пакрываючы яго пяшчотнай зелянінаю. Сюды і накіраваўся Ісус, калі Ян яшчэ адпачываў, бо адчуваў заклік Духа Айца, які павёў Яго менавіта сюды, каб зацьвердзіць Ісуса на будучае служэньне.

Сорак дзён. Лік, які сустракаўся ў Пісаньні вельмі часта і заўсёды пры спакушэньнях ці пакараньнях. Знамянальны лік, бо сорак дзён заставаўся Майсей на гары Сынай і сорак дзён знаходзіўся Ільля ў пустыне. Сорак жа дзён Ісуса ня ёсьць тым жа дзеяньнем, бо ўлюбёны Сын Божы, напоўнены Духам, ёсьць асаблівым дзеяньнем усёй сусьветнай гісторыі.

Гэты час вызначаў далейшае жыцьцё і служэньне Ісуса, а сорак дзён посту ёсьць ня болей чым цудоўнае скарачэньне часу, каб падвесьці пэўныя вынікі і азначыць будучае служэньне. Безумоўна тое, што гэтыя сорак дзён ня ёсьць прыдумкай, бо яны наспраўдзе існавалі, але гэта ня сорак дзён Ільлі, калі той захоўваўся ад небясьпекі.

Сорак дзён Ісуса ёсьць першым этапам грамадзкага служэньня нашага Госпада і Збаўцы. Нельга казаць і тое, што гэты час быў для Ісуса нейкім незаўважаным. Як Чалавек, хаця і дасканалы, Ён адчуваў вялікую патрэбу ў ежы, але Ён, як дасканалы Чалавек, вытрымаў усё гэта. Нарэшце ж, як проста Чалавек, згаладнеў, даючы магчымасьці спакусьніку вызначыцца, каб заслабелая істота пайшла на павадзе ў д’ябла.

Як бы тое не было, але гэты пост значна падзейнічаў на Ісуса, бо гэта для Яго было абставінай незвычайнай. Ён ніколі ня вёў жыцьцё аскета і ніколі ня клаў на Сябе такіх выпрабаваньняў, бо не адчуваў у Сабе патрэбы ачышчэньня постам ды нейкімі абмежаваньнямі. І вось зараз, калі аслабелы Ісус захацеў есьці і зьявіўся спакусьнік, у нейкім выглядзе, які і пачаў сваю д’ябальскую справу.

«Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі». Менавіта так зьвярнуўся спакусіцель да Ісуса, бо на што ня пойдзе чалавек, калі голад адольвае яго, тым больш што чалавек валодае нейкай уладаю ў гэтым сьвеце. Гэта было спакушэньне пачуцьцяў, зьвяртаньне да ніжэйшых, але моцных патрэбаў чалавека, якія, дарэчы, аднолькавыя з усімі жывёламі.

Ісус добра разумеў усё гэта, а таму адказ спакусіцелю быў такім, што ня вельмі яму спадабаўся: «Напісана: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых». Спакусіцель, расчарована скрывіўшыся, ня страціў надзеі і працягнуў сваю д’ябальскую справу. Ён зразумеў тое, што Ісус перамог у гэтым раундзе спакушэньня, але барацьба яшчэ ня ёсьць скончанай, а таму ёсьць і новая прапанова кінуцца з самага верху сьвятыні: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”».

Ісус разумеў тое, што ад Яго патрабуюць доказу Ягонай пасьвячонай улады, як звароту да скрыўленых духоўных інстынктаў чалавека, якія ляцяць на крылах духоўнай гордасьці. Расчараваны спакусіцель і пачуў ад Ісуса адпаведнае: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго».

Параза спакусіцеля не прыпыніла яго ў сваім імкненьні дасягнуць пэўнага выніку і таму ён, з высокай гары паказвае Ісусу ўсе валадарствы сьвету і іхнюю славу, прапануючы простаму Чалавеку ўсе гэтыя валадарствы: «Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».

Ісус добра ведаў чалавечыя слабасьці, бо чалавека можна купіць і не за такія багацьці і ўладу. Пэўныя грошы і нязначная ўлада ўжо ёсьць повадам таго, што можна пакланіцца д’яблу. Але ўсё гэта не пра Ісуса, а таму Ён адказвае спакусіцелю: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы”».

Ісус, вандруючы па імперыіі Рыма, добра ведаў гісторыіі тых людзей, якія за ўладу над іншымі кланяліся перад д’яблам і нічога добрага, у далейшым, іх не чакала. Гісторыя наймагутнейшага чалавека таго часу – імператара Тыберыя – ёсьць таму прыкладам. Тагачасны гісторык і філосаф Пліній называе яго «самым найняшчасьнейшым чалавекам». І гэта нягледзячы на тое, што гэты чалавек меў неабмежаваную ўладу і незлічоныя багацьці. Ён пісаў з сваёй рэзідэнцыі на цудоўнейшай высьпе свайму разбэшчанаму сенату пра тое, што ён ня ведае што ім напісаць, скардзячыся на ўсіх багоў ды багіняў за тое, што яны загубілі яго.

Такім чынам Ісус стаўся пераможцам у гэтай барацьбе дзякуючы самаадданасьці, што заўсёды і прыносіць перамогу. Час такой барацьбы, які скончваецца перамогай, можна сьмела лічыць самым лепшым у жыцьці чалавека, бо тут прысутнічае ўзвышаная Божая прысутнасьць. Спакусіцель адступае, а Ісус разумее тое, што настаў час вяртацца да людзей.


Ад аўтара:

Служэньне Яна і даволі шырокі народны інтарэс да ягонай пропаведзі адбыўся ў той час, калі адбыўся пачатак грамадзскага служэньня Ісуса Хрыста. Гэта ёсьць цікавым фактам, бо гэта ёсьць тым часам, калі гебрайскі народ з нецярпеньнем чакаў зьяўленьня Мэсіі. Трэба заўважыць тое, што Ян і Ісус вельмі адрозьніваліся адзін ад аднога. Палкі ды старанны працаўнік Ян і спакойны ды разважлівы працаўнік Ісус.

Менавіта Ісус быў добрым суцяшэньнем для сьвету і ў гэтым сэнсе быў прыкладам для людзей, але зусім не такім быў Ян і наўрад ці мог быць прыкладам ці суцяшэньнем для людзей. Ён прапаведаваў Валадарства Нябеснае, але практычна не спазнаў хаця б крышку таго шчасьця, што дае гэтае Валадарства. Вось словы Ісуса пра Яна Хрысьціцеля: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае? Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходзяцца ў дамах валадарскіх. Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока. Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”. Сапраўды кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго».

Калі Ян прапаведаваў будучае Валадарства, ягонай думкай было наступнае: «Пакайцеся ды бяжыце ад будучага гневу». Гэта ад Яна. Калі ж пачаў прапаведаваць Ісус, дык заклік да пакаяньня захаваўся, але за гэтым заклікам заўсёды ішла Добрая вестка пра радасьць і свабоду новага Валадарства.

У гебраяў было дастаткова розных уяўленьняў пра вызваліцеля, якога яны вельмі чакалі. Гэтыя розныя плыні абгрунтоўвалі свае думкі адпаведнымі месцамі сьвятых кнігаў юдэяў. Увогуле, гебраі лічылі тое, што пачаткам іхняй нацыі быў Абрагам, а кульмінацыяй іхняга развіцьця будзе Мэсія, Які пачне адлік новага часу - Божага валадарства.

Калі ж мы паглядзем на ранейшыя часы гебрайскай гісторыі, дык убачым тое, што вызваліцеля гебраі ўяўлялі па рознаму: адразу лічылася тое, што вызваліцель ёсьць слугою Госпада, потым жа Сынам Божым, а ў больш позьні час – Сынам Чалавечым ці сынам Давіда. Пад час жа Яна і Ісуса гебраі мелі ўяўленьне пра будучага Мэсію, як пра дасканалага ды ўзорнага гебрая, які б спалучаў у сабе функцыю прарока, сьвятара і валадара.

Увогуле, гебраі верылі ў тое, што падобна Майсею, які вызваліў іхніх продкаў ад егіпецкага прыгнёту з дапамогаю разнастайных цудаў, будучы Мэсія вызваліць гебрайскі народ ад рымскага панаваньня з дапамогаю яшчэ больш цудатворнага дзеяньня ды цуда нацыянальнага трыумфу. Фарысэі выявілі не адну сотню ўрыўкаў з Пісаньня, нягледзячы нават і пэўнай супярэчлівасьці гэтаму, яны сцьвярджалі пра тое, што гэтыя ўрыўкі Пісаньня прадказвалі прышэсьце Мэсіі.

Фарысэі разглядалі розныя дробязі часу ды функцыяў, але ніяк ня бачылі асобу абяцанага Мэсіі. Яны шукалі аднаўленьня гебрайскай нацыі, як сьвецкага ўзвышэньня Ізраіля, але ніяк не збаўленьня сьвету. Таму мы можам зразумець тое, што Ісус ніколі ня змог бы адпавядаць матэрыяльным ўяўленьням гебрайскай сьвядомасьці пра сапраўднага Мэсію. Таксама гебраі мелі супярэчлівыя ўяўленьні пра нацыянальны грэх і заганую прыроду чалавека. Некатарыя настаўнікі вучылі таму, што грэх Адама стаўся праклёнам для чалавецтва і што менавіта Мэсія здыме гэты праклён ды вярне чалавеку Божае дабраславеньне.

Іншыя вучылі таму, што Бог, калі стварыў чалавека, уклаў у яго як добрую, так і злую сутнасьць, з цягам часу пашкадаваўшы на гэтае. А таму, казалі яны, і прыйдзе Мэсія, каб зьняць з чалавека ягоную злую сутнасьць. Большасьць жа гебраяў верыла ў тое, што рымская ўлада прысутная тут з-за нацыянальнага грэху і што гебрайскі народ ня зьдзейсьніў чыстасардэчнага пакаяньня, а таму Мэсія пакуль што не прыходзіць. Гэтае пакаяньне было жывой тэмаю сярод юдэяў, а таму пропаведзь і хрышчэньне Яна бачыліся як набліжэньне Божага валадарства, а значыць і прышэсьце Мэсіі.

Гебраі па рознаму ўяўлялі сабе Мэсію. Яны бачылі Яго дасканалым чалавекам (сынам Давіда), звышчалавекам (як напісана ў прарока Данііла) і нават боскай істотай (пра што кажа кніга Еноха), але ніколі, і ні ў каго, не ўзьнікала і думкі пра тое, што гэта можа быць зьвязам чалавечага і Божага. Гэты зьвяз ніколі раней не раскрываўся. Ён будзе раскрыты толькі ў Ісусе. Сьвет нічога такога ня ведаў, пакуль Сын Божы не зьявіўся людзям у гэтым сьвеце.

Мы ж пойдзем разам з Ісусам, каб стаць сьведкамі Ягоных першых крокаў у Ягоным грамадзкім служэньні.


Рецензии