III. Первые ученики

III. ПЕРШЫЯ ВУЧНІ


Ісус вяртаўся да людзей з поўнай упэўненасьцю ды разуменьнем Свайго далейшага дзеяньня, бо гэтыя сорак дзён не былі толькі днямі падрыхтоўцы да сутычкі з д’яблам. Пост ды малітоўнае зьвяртаньне да Айца – гэты цудоўны дыялог – далі Яму магчымасьць канчаткова засвоіць тое, што, у далейшым, належыць Яму рабіць, каб безумоўным чынам выканаць волю Айца.

Ён будзе жыць і працаваць, будучы упэўненым у тым, што выбраны шлях угодны Айцу і што праз абвяшчэньне Валадарства Ён будзе раскрываць Айца, паказваючы ўсім Ягоную любоў і ласку для ўсіх. Увогуле, гэтыя сорак дзён не былі толькі часам спакушэньня. Гэты быў час вялікіх рашэньняў. Гэта быў час вялікіх настаўленьняў Айца дзеля далейшага жыцьця і служэньня Ісуса.

Пасьля настаўленьня Айца Ісус ужо адчуваў у Сабе звышчалавечыя здольнасьці, якія адкрывалі Яму шлях да зьдзяйсьненьня цудаў ды кіраваньня прыродай. Але Ён добра засвоіў тое, што гэтыя звышздольнасьці будуць накірованымі да іншых людзей і ніколі да Сябе, як засвоіў і тое, што Ён і ёсьць сапраўдным Мэсіей.

І тут адкрываліся пэўныя цяжкасьці, бо гебраі лічылі тое, што будучы Мэсія будзе цудатворцам нашмат большым за Майсея і Сваімі цудамі ды цудоўнай сілаю усталюе вечнае валадарства гебраяў. Ісус добра ведаў пра тое, што цуды ня ёсьць асноўным дзеяньнем, бо яны выклікаюць толькі зьнешнюю пакору, ніяк не раскрываючы Бога і не ўсталёўваюць Божага Валадарства. Ісус прыпамятаў Сваю вандроўку, калі наведаваў розныя мясьціны і розныя гарады.

Александрыя, Рым, гарады Грэцыі, Дамаск – усе яны былі перад вачыма Ісуса. Ён ведаў тое, якія метады выкарыстоўваюцца ў гэтым сьвеце, каб дасягнуць сваіх мэтаў у гандлі ці палітыцы. Ці будзе Ён карыстацца гэтымі чалавечымі метадамі дыпламатыі ці кампрамісаў? Безумоўна што не. Больш таго, усталёўваючы Валадарства, Ён будзе адкідваць любыя саступкі мудрасьці сьвету і ўлады багацьця.

Ён будзе засноўвацца, у Сваёй дзейнасьці, выключна на волі Айца. Ісус вырашыў ствараць Божае Валадарства ў сэрцах людзей з дапамогаю звычайных, але цяжкіх метадаў, якія павінны несьці ў сабе Ягоныя зямныя пасьлядоўнікі ў-ва ўсе вякі, распаўсюджваючы ды пашыраючы гэтае Валадарства. Ён ня будзе спекуляваць Сваёй боскасьцю, каб набыць вядомасьці ды палітычнай вагі, бо гэта азначала б саступаць злу і мець справу з грахом. Ён будзе ставіць вернасьць Айцу вышэй за ўсе іншыя сьвецкія тленныя меркаваньні.

Ён вяртаўся да людзей добра разумеючы тое, як гебраі ўяўлялі сабе Мэсію. Яны ўяўлялі вызваліцеля, які прыйдзе, каб вызваліць іх ад ворагаў Ізраіля і зрабіць гебраяў галоўнымі ў сьвеце, якія б ня ведалі ніколі больш галечы ды прыгнёту. Ісус жа бачыў іншае, ведаючы тое, што гэтая мара гебраяў ёсьць нязбыўнаю марай. Ён нясе для іх іншы шлях у Божае Валадарства, які ёсьць зьнішчэньнем зла ў сэрцах людзей і які ёсьць духоўным дзеяньнем.

Ісус вяртаўся да людзей з ясным разуменьнем таго, якім прапаведнікам праўды Яму трэба было стаць. Гэта ня будзе лёгкім шляхам і гэтая Ягоная жыцьцёвая чара – рэшта Ягонага чалавечага жыцьця – будзе вельмі горкай, але Ён вып’е яе да дна. Ён ня будзе вымяраць духоўныя праблемы матэрыяльнымі меркамі і адмовіцца ісьці да духоўнай славы праз выкарыстаньне сьвецкай улады. Ён ведае тое, што большасьць гебраяў ня прыме Яго, бо Ягоная дзейнасьць ня будзе адпавядаць іхнім ўяўленьням пра Мэсію, але Ён будзе несьці ім праўду, чаго б гэта Яму не каштавала.

Усе гэтыя сорак дзён Ян працаваў на тым жа месцы каля Ярдана, прапаведуючы Валадарства Нябеснае і пакаяньне грэшнікаў. Сонца схілялася ўжо да захаду, калі Ян, сідзячы каля вогнішча, размаўляў з Янам і Андрэем, сваімі вучнямі, якія прыйшлі да яго сёньня з Ерусаліму. Ян і Андрэй паходзілі з Капернауму ды Бэтсаіды, а ў Ерусаліме яны знаходзіліся па гандлёвых справах сваіх сем’яў, якія накіроўвалі на продаж у Ерусалім рыбу з Галілейскага мора.

Яшчэ не настаў сезон рыбалоўнай справы, але яны знаходзіліся тут, каб сфармаваць пэўную колькасьць замоваў на рэгулярную пастаўку рыбы гэтага рыбалоўнага сезону. Зараз жа яны накіроўваліся дадому у Капернаум ды Бэтсаіду, вырашыўшы правесьці некалькі дзён з настаўнікам.

Яны слухалі Яна, які расказваў ім пра ўчорашнюю дэпутацыю фарысэяў з Ерусаліму, якія, пасьля непрацяглай размовы, запыталіся ў яго: «Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?» Ян жа адказаў ім: «Я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас Той, Якога вы ня ведаеце; гэта Той, Які ідзе за мною, але наперадзе мяне быў, Якому я ня варты разьвязаць рамень сандала Ягонага».

Вучні ўважліва слухалі Яна, які, між тым, расказваў ім пра свайго стрыечнага брата Ісуса, на Якога, пасьля хрышчэньня, сыйшоў Божы Дух і Які, на нейкі час, адыйшоў у Юдэйскую пустыню.

Ранішняе сонца ўжо сагравала ўсё тое, што было пад ім на зямлі, калі Ісус убачыў блакітныя воды зьвілістага Ярдана. Падыходзячы бліжэй убачыў Ён і Яна, які, у атачэньні натоўпу, казаў пра пакаяньне грэшнікаў. Ян і Андрэй сядзелі каля настаўніка, калі Ян убачыў Ісуса і, як быццам бы чакаўшы Яго, з хваляваньнем прамовіў: «Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грэх сьвету. Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Ідзе за мною Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”. І я ня ведаў Яго; але дзеля таго, каб Ён быў зьяўлены Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадою. Я бачыў Духа, Які зыходзіў з неба як голуб і застаўся на Ім. І я ня ведаў Яго, але Той, Які паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: “На Кім угледзіш Духа, Які зыходзіць і застаецца на Ім, Ён і ёсьць Той, Які хрысьціць Духам Сьвятым”. І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён і ёсьць Сын Божы».

Ян і Андрэй зачаравана глядзелі на постаць Ісуса і не пазнавалі Яго, хаця хто ня ведаў Яго ў Капернауме. Гэта быў той самы Ісус, але і ня той, бо з гэтага Ісуса зыходзіла нейкае непаўторнае ды невыразнае сьвятло, якога яны ня бачылі ў ранейшага Ісуса. Ісус ня стаў рушыць пропаведзь Яна, бо за гэтай пропаведзьдзю павінен быў яшчэ адбыцца даволі такі доўгатэрміновы абрад хрышчэньня.

Ісус адчуваў вялікую стомленасьць, бо сорак дзён у пустыне не былі прыемным ды лёгкім шпацырам, але напружанай ды цяжкаю справай, а таму Ён, не падыходзячы да натоўпу вакол Яна, адыйшоў да бліжэйшай карчмы, каб падсілкавацца ды адпачыць ад гэтай вялікай стомленасьці.

Наступны ранак сустрэў Ісуса першымі праменямі ўзыходзячага сонца, калі Ён, у поўнай меры адчуўшы смак добрага сьняданку, пайшоў у бок таго месца, дзе прапаведаваў і праводзіў хрышчэньне Ягоны стрыечны брат Ян. Яшчэ не прыйшлі людзі да пропаведзі Яна і ён стаяў, размаляючы з вучнямі Янам і Андрэем, калі яны заўважылі Таго, каго яны і чакалі ўвесь гэты час.

Хрысьціцель першым заўважыў Ісуса яшчэ здалёк і, крыху пачакаўшы, прамовіў да сваіх вучняў, паказваючы на Ісуса: «Вось, Ягня Божае!» Ісус, падыйшоўшы да брата, вітаўся з ім, як вітаюцца родныя людзі, а потым, не ўваходзячы ў падрабязнасьці, распавёў увогуле пра жыцьцё апошніх дзён жыцьця ў Юдэйскай пустыне. Яны пачалі разьвітвацца, калі пачалі падыходзіць людзі, каб паслухаць пропаведзь Яна ды адрымаць ад яго хрышчэньне. Андрэй і Ян зачаравана глядзелі на братоў, ніяк сябе не праяўляючы, але, калі яны разьвіталіся і Ісус пайшоў па дарозе на поўнач уздоўж Ярдана, яны не, згаворваючыся ды нават не разьвітаўшыся з настаўнікам, пабеглі ўсьлед за Ісусам.

Ісус ійшоў па дарозе, гледзячы на блакітныя воды Ярдана і думаючы ня толькі пра гэтую сустрэчу з Янам, бо Ён адчуваў тое, што за Ім ішлі знаёмыя Яму маладыя людзі з Капернаума. Яна Зэбедэевага ён ведаў ужо не адзін год, хаця Ян не вызначаўся нейкімі зносінамі з Ім, але яны сустракаліся ў сям’і Зэбедэя ды ў сынагозе, дзе, час ад часу, прапаведаваў Ісус.

Ісус ведаў і Андрэя, хаця ніколі з ім не размаўляў, акрамя звычайных вітаньняў пры сустрэчах у Капернауме. Так прайшло больш за дзьве гадзіны, калі Ісус, ня вытрымаўшы, павярнуўся і запытаў: «Што шукаеце?» Чаканае і нечаканае. Яны ішлі за Ісусам, шукаючы моманту, каб зьвярнуцца да Яго. Гэта і было чаканым, але ня сталася, бо Ісус сам зьвярнуўся да іх. І гэта было нечаканым, бо Ягня Божае сам зьвяртаўся да іх.

Ён першым паклікаў іх і яны не знайшлі нічога іншага, як запытаць: «Раббі, дзе жывеш?» Ісус, уважліва ды ветліва, паглядзеўшы на сяброў, прамовіў да іх: «Прыйдзіце і ўбачыце». Яны пайшлі далей разам, спачатку моўчкі, а потым Ісус узяў, як старэйшы, размоўную ініцыатыву ў Свае рукі. Такім чынам Ён даведаўся ад Сваіх малодшых сяброў тое, што яны рабілі гэтым часам у Ерусаліме і якімі былі іхнія далейшыя планы па прышэсьці дадому.

Так яны і ішлі знаёмым шляхам уздоўж Ярдана, прыпыняючыся на начны адпачынак у прыдарожнай карчме ды разважаючы пра служэньне іхняга настаўніка Яна Хрысьціцеля. Незаўважна прабёг гэты час, калі яны наблізіліся да Магдалы, дзе і прыпыніліся на адпачынак у родных свайго новага Настаўніка. Вячэра, добрыя размовы і цудоўны адпачынак, дадалі вандроўнікам настрою і ранкам, з першымі праменямі сонца, яны рушылі далей, у накірунку Капернаума.

Набліжэньне роднага дому ўзбуджала ўсіх, тым больш што блакіт Галілейскага мора саграваў сэрца кожнага, хто нарадзіўся тут і вырас у гэтай прыгажосьці. Тут быў дом Яна, але, як было сказана Ісусам, яны пайшлі ў Ягоны дом, каб правесьці гэтую ноч пад адным дахам у доме Настаўніка.

Было ўжо каля дзясятай гадзіны, калі яны ўвайшлі ў дом Ісуса. Маці і малодшая Рут заўважылі іх яшчэ на падыходзе да дому, а Рут выбегла наперад, прыціснуўшыся, у непрыхаванай радасьці, да Ісуса. Ісус цёпла павітаўся і з маці, а потым былі смачная вячэра, размовы пра падзеі апошніх дзён і начны адпачынак. Раніцай жа, дамовіўшыся пра будучую сустрэчу, новыя вучні Ісуса разыйшліся па сваіх хатах: Ян пайшоў да Зэбедэя, а Андрэй накіраваўся ў бок Бэтсаіды.

Імкліва дабегшы да свайго дому, пасьля хуткага вітаньня, Ян пачаў з хваляваньнем распавядаць пра хрышчэньне Ісуса і словы Яна пра тое, што Ісус і ёсьць Божае Ягня. Зэбедэй уважліва выслухаў сына і, ведаючы Ісуса, ня вельмі гэтаму зьдзівіўся, хаця адчуваў і тое, што гэтая навіна адкрывае перад імі нейкую новую старонку іхняга жыцьця. Калі ж эмоцыі Яна крыху сьцішыліся Зэбедэй загадаў сыну не забываць і пра іхнюю жыцьцёвую ды прамысловую справу, а таму Ян павінен быў распавесьці пра вынікі гэтай камерцыйнай вандроўкі ў Ерусалім.

Задаволены Зэбедэй, выслухаўшы справаздачу сына, паслаў Яна па справах у майстэрню, каб той, адначасова, агледзеў новы рыштунак да лодкі, які выконваўся па задумцы Ісуса. Андрэй жа, тым часам толькі падыходзіў да свайго дому ў Бэтсаідзе, калі насустрач яму нясьпешна ішоў ягоны брат Сымон, які накіроўваўся да берагу мора.

Андрэй хутка кінуўся да брата і, пасьля кароткага вітаньня, з хваляваньнем сказаўшы таму: «Мы знайшлі Мэсію, — што перакладаецца Хрыстос». Нешта кальнула ўнутры Сымона: «Няўжо сапраўды адбылося тое, пра што стагодзьдзямі марылі ўсе гебраі? Няўжо настаў час пераменаў і яны атрымаюць новае жыцьцё пад кіраўніцтвам Мэсіі Хрыста? Няўжо так будзе?». І нешта падказвала яму: «Будзе Сымон, абавязкова будзе. Будуць перамены ў тваім жыцьці пад кіраўніцтвам Хрыста і атрымаеш ты новае жыцьцё з Хрыстом і ў Хрысьце».

Браты дамовіліся пра тое, што заўтра зранку яны пойдуць у Капернаум, каб сустрэцца з Ісусам, а зараз іх чакалі неадкладныя хатнія справы. Сымон пайшоў да берагу, каб завершыць рамонт рыштунку, а Андрэй пайшоў да бацькі, каб данесьці да яго пра вынікі сваёй камерцыйнай вандроўкі ў Ерусалім.

Першыя прамені сонца ўжо кранулі роўнядзь Галілейскага мора, калі Сымон і Андрэй накіраваліся ў бок Капернаума. Да іх прыяднаўся і Філіп, які жыў па суседству з Сымонам. Ён ішоў да Зэбедэя, каб замовіць яму новы ветразь да сваёй лодкі. Пераход іхні ня быў доўгім, бо размова сяброў заўсёды скарачае шлях і хутка Філіп зьвярнуў да майстэрні Зэбедэя, а браты накіраваліся да дому Ісуса. На падыходзе да дому, яны ўбачылі Настаўніка, Які майстраваў лаўку ў невялікім садзе з боку дома, дзе праглядаліся ўжо пышныя бутоны руж, за якімі даглядала прыгажуня Рут.

Ісус жа здалёк заўважыў братоў і чакаў, працуючы, калі яны падыйдуць да Яго. І вось настаў той момант, калі Ісус павярнуўшыся да братоў і ўважліва паглядзеўшы на Пятра прамовіў да яго: «Ты — Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, — што перакладаецца Скала». Сымон ня здолеў нічога сказаць у адказ, толькі сэрца, у вялікім трапятаньні, казала яму тое, што гэтым ранкам і пачынаецца нейкае новае ды невядомае яму жыцьцё. Крыху пачакаўшы, пакуль Ісус скончыць Сваю справу, яны, усе разам, накіраваліся да майстэрні Зэбедэя.

Майстэрня сустрэла сяброў вытворчым гоманам, які складаўся з гукаў інструмантаў і галасоў майстроў, якія ўладарылі над сваім прафэсійным інструмантам. Сьпецыфічны, але прыемны пах апрацаванага дрэва і розныя прапіткі дадавалі да гэтага тую непаўторную атмасфэру, якая вельмі падабалася Ісусу.

Паперш чым сустрэцца з Зэбедэем Ісус пазнаёміў Сваіх сяброў і вучняў з тымі навінкамі ў рыштунку рыбацкіх лодак, над якімі Ён працаваў увесь апошні час. Вучні з цікавасьцю і захапленьнем слухалі Ісуса, бо сэрцы іхнія былі ў гэтых вырабах, таму што менавіта ад іх залежаў дабрабыт іхніх сем’яў. Але, тым ня меньш, яны стаялі каля Ісуса ня дзеля гэтага, але каб пачуць ад Ісуса тое невядомае і новае, да чаго так імкнуліся іхнія сэрцы.

А вось і Зэбедэй, які шчыра павітаўся са знаёмымі яму вучнямі і па свойскі абняўся з Ісусам, Якога ён ня бачыў ужо амаль што два месяцы. Зэбедэй запрасіў іх у свой дом, дзе іх ужо чакалі браты Ян і Якуб, які ўжо пачуў усхваляваны аповяд брата пра тое, што менавіта Ісус ёсьць Агнец Божы. Пасьля пачастунку ад Зэбедэя, Ісус, зьвяртаючыся да вучняў, якія, ад нараджэньня былі прафесыйнымі рыбакамі і лавілі рыбу, прамовіў да іх: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў».

Яшчэ не супакоіліся сэрцы вучняў ад прапановы Ісуса, калі ў пакой, павітаўшыся, увайшоў Філіп, які шукаў Зэбедэя, каб замовіць новы ветразь для сваёй рыбацкай лодкі. Убачыўшы позірк Ісуса, Філіп прыпамятаў словы Андрэя пра Настаўніка і раптам адчуў у сэрцы сваім нейкае, невядомае яму, хваляваньне. Ісус жа, убачыўшы ўсё гэта, прамовіў да Філіпа: «Ідзі за Мною».

У Філіпа не было ніякіх сумненьняў, бо гэтыя некалькі словаў Ісуса, як маланка, працьцялі ягонае сэрца так, што Філіп зразумеў свой далейшы жыцьцёвы шлях толькі ў яднаньня з Ісусам. Але, тым ня меньш, Філіп павінен быў скончыць даручэньне ад бацькі і ён, разам з Зэбедэем выйшлі з дому да майстэрні, каб выбраць новы ветразь для сваёй лодкі. Калі ж яна ішлі да майстэрні, насустрач ім ішоў Натанаэль.

Філіп, выбачыўся перад Зэбедэем і затрымаўся, каб сказаць сябру: « Мы знайшлі Таго, пра Каго пісаў Майсей у Законе і Прароках, — Ісуса, сына Язэпа, што з Назарэту». Натанаэль, які вызначаўся арыгінальнай разважлівасьцю у Капернауме ды Бэтсаідзе, адказаў свайму сябру: « Ці ж можа быць што добрае з Назарэту?» Філіп, добра ведаючы Натанаэля, з упэўненасьцю ў голасе адказаў свайму сябру: «Прыйдзі і паглядзі».

Натанаэль пачакаў Філіпа, пакуль той вырашыў свае справы з Зэбедэем і яны пайшлі ў бок дому Зэбедэя. Яны, падыходзячы да дому Зэбедэя, убачылі Ісуса, Які выйшаў з дому і стаяў у суправаджэньні вучняў. Ісус, убачыўшы Натанаэля, які падыходзіў да Яго сказаў, зьвяртаючыся да ўсіх: «Вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма подступу». Зьдзіўлены, але не паказваючы сваё зьдзіўленьне Натанаэль запытаў Ісуса: «Адкуль Ты даведаўся пра мяне?» Адказ Ісуса зьдзівіў і патрос Натанаэля: «Раней, чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад дрэвам фігавым, Я бачыў цябе».

Узрушаны Натанаэль, ужо без усякага сумненьня, сказаў Ісусу: «Раббі! Ты — Сын Божы! Ты — Валадар Ізраіля!» Адказ Ісуса яшчэ больш узрушыў Натанаэля: «Ты верыш, бо Я сказаў табе: “Я бачыў цябе пад дрэвам фігавым”? Угледзіш больш за гэтае».

Ісус, уважліва паглядзеўшы на вучняў, дадаў да Сваіх словаў наступнае: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: ад цяпер угледзіце неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага».

Ісус, разам з вучнямі, вярнуўся ў Свой дом, дзе іх чакала маці Ісуса і прыгажуня Рут, якая і запрасіла сяброў на вячэру, якую яна прыгатавала разам з маці. Пасьля вячэры маці абвесьціла Ісусу пра тое, што яны запрошаны да далёкіх родзічаў у Кану Галілейскую на вясельле, якое мелася адбыцца праз тры дні. На вясельле былі запрошаны і вучні Ісуса, якія, з вялікім задавальненьнем, прынялі гэтае запрашэньне. Яны дамовіліся на тое, што праз два дні яны сустрэнуцца ў доме Ісуса, каб пайсьці разам у Кану Галілейскую.

Вучні разыйшліся па дамах, калі ноч, павольнымі крокамі, пачала закрываць Галілейскае мора. Гэтыя два будучыя дні меліся быць для іх рознымі, але і адзінымі ў тым, што кожнаму з іх адчуваўся цяг часу вельмі марудным, але і неабходным, бо ў кожнай сям’і неабходным было абмяркаваць той новы статус вучняў Ісуса, які вызначаў кардынальна новыя адносіны гэтых людзей і іхніх сем’яў.

Гаспадарчыя клопаты таксама мелі немалаважнае месца ў іхнім жыцьці, і гэтыя два дні яны і скарысталі дзеля надзённых патрэбаў для сваіх родных. І вось, на ранку, яны чакалі Ісуса з роднымі каля іхняга дому, каб пайсьці ў першую сваю вандроўку з Настаўнікам. Шлях да Каны ня быў цяжкім, бо надвор’е спрыяла гэтаму, а добрая размова і першыя настаўленьні Ісуса успрымаліся з радасьцю і настроем, што зрабіла гэты шлях хуткім ды лёгкім.

Малодшая сястра Ісуса Рут з цікавасьцю назірала за імі і слухала іхнія размовы, адзначаючы тое, што прамовы Ісуса адрозьнівалісь ад ранейшых з ёй размоваў нейкай незразумеласьцю. Але Рут, слухаючы Ісуса, захаплялася Ім, як захаплялася Ім з дзяцінства, бо Ён быў для яе ня толькі старэйшым братам, але і безумоўным аўтарытэтам.

Вясельле ў Кане было ўжо на стадыі падрыхоўцы маладых да працэдуры шлюбу, калі прыйшла дэлегацыя з Капернауму. Сустрэча адбылася сьціплай з запрашэньнем да ўдзелу цэрэмоніі абвяшчэньня шлюбу і шчырага пачастунку. Так прайшоў і наступны дзень, але вось, на пачатку вечара трэцяга дня, выявілася тое, што віно, якое планавалася для гасьцей, амаль што скончылася. Гаспадары вясельля паскардзіліся пра гэтае Марыі, маці Ісуса, а тая, ведаючы сакрэт нараджэньня Сына і спадзяючыся на Ягоныя свышздольнасьці, бо памятала Ягоныя словы ў Ерусалімскім храме, калі знайшлі Яго, быццам бы згубленым у дзяцінстве пра Айца.

Нешта ўскалыхнула яе і яна, падышоўшы да Яго, з надзеяй зьвярнулася да Сына: «Віна ня маюць». Ісус усё бачыў і ўсё разумеў, але ці дзеля гэтага Ён пачынае Сваё служэньне ад Айца? Ісус, павярнуўшыся да маці сказаў ёй: «Што Мне і табе, жанчына? Гадзіна Мая яшчэ не прыйшла». Маці ж ёсьць ня толькі маці, але яшчэ і жанчынай з характарам, а таму яна зьвярнулася да слугаў, добра ведаючы пра тое, што Ісус усё гэта чуе і ня зможа зрабіць насуперак роднай маці: «Што Ён вам скажа, зрабіце». Ці ж не бывае падобна і ў нашым жыцьці, калі маці, на правах маці, настойвае на нечым сваім, калі ведае пэўныя магчымасьці сына?

Як бы тое не было, але менавіта Марыя сталася надхняльнікам першага цуда, які выйшаў ад Ісуса. Ісус жа, падыйшоўшы да шасьці каменных глякаў, якія стаялі дзеля ачышчэньня юдэйскага і зьмяшчалі дзьве ці тры меры, загадаў слугам: «Напоўніце вадою глякі». Слугі, зьдзіўляючы гэтаму загаду, выканалі яго, але ня так проста было прынесьці такую колькасьць вады з калодзежу.

Калі ж справа была скончанай, Ісус аддаў дзіўны загад: «Чэрпайце цяпер і нясіце да маршалка». Калі ж маршалак пакаштаваў вады, якая сталася віном, — а ён ня ведаў, адкуль яно, слугі ж, якія налівалі ваду, ведалі, — кліча жаніха і кажа яму: «Кожны чалавек перш падае добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль». А ці ж можа ад Ісуса быць інакш? Такім вось чынам, дзякуючы маці, усе мы ведаем тое, што зрабіў Ісус у Кане Галілейскай. Ён выявіў славу Сваю як Сына Божага і гэта было адкрыцьцём для вучняў, якія былі ад гэтага ў захапленьні. Вясельле прайшло ў добрым настроі і Ісус, з сям’ёй ды вучнямі, вярнуліся ў Капернаум, каб быць там некаторы час.


Ад аўтара:

Цырымонія шлюбнага вясельля пачыналася ў той час, калі дзень аддаваў свае правы ночы. Нявеста, пакрытая вуальлю і упрыгожаная жывымі кветкамі, пры сьвятле факелаў, са сьпевамі, на фоне флейт і барабанаў, адпраўлялася ў дом жаніха. Там чакалі яе мясцовыя дзевы, а сустракаў яе жаніх з сваімі маладымі сябрамі. Звычайна шлюбны пір працягваўся сем дзён, але гэта не было абавязковым, бо ўсё залежала ад дастатку сем’яў.

Мы ня ведаем тое, як было ў дадзеным выпадку, але факт у тым, што пір быў яшчэ далёка ня скончаным, калі высьветлілася непрыемнае – віно амаль што скончылася. Той хто ведае, як паважаецца на ўсходзе гасьцёўнасьць, якім сьвятым абавязкам, што даходзіць нават і да марнатраўства, лічыцца частаваньне ўсіх, хто прыйдзе сюды, дык той разумее,- якая гэта жахлівая сітуацыя, калі выяўляецца падобны недахоп.

На ўсходзе найпершай неабходнасьцю было тое, што пасьля нейкай вандроўцы трэба абмыць ногі, а перад ужываньнем ежы і рукі. Дзеля гэтага і стаялі гэтыя каменныя глякі, якія зьмяшчалі ў сабе дзьве ці тры меры вады, якая і сталася матэрыялам для пераўтварэньня яе ў вельмі якаснае віно. Гэты першы цуд Ісуса ўразіў прысутных сам па сабе, але для Ісуса гэта не было задавальненьнем бязьдзейнай цікаўнасьці, бо было накіраваным на аднаўленьне радасьці для тых, хто прысутнічаў на гэтым вясельлі. Як жа ж тое не было, але невялікае паселішча, простае вясельле ў простым доме, простыя прысутныя тут сталіся сьведкамі гэтага першага цуда, як некалькі простых пастухоў сталіся сьведкамі звышнатуральных падзеяў, якія калісьці адбыліся пры нараджэньні Ісуса.

У дадатак, зьвярнем яшчэ увагу на некалькі характэрных рысаў гэтага першага цуда нашага Збаўцы. Першая з іх – гэта адсутнасьць усякага сябелюбства. Той, Хто для пазбаўленьня асабістага пачуцьця голаду, не схацеў пераўтварыць у хлеб камяні ў пустыне, Той з задавальненьнем, для пазбаўленьняя засмучэньня ды клопатаў шлюбнага піру, ператварае ваду ў віно.

Усе, хто чытаў Біблію, памятаюць тое, што першым цудам Майсея было ператварэньне ракі ў кроў, што азначала сьмерць; першым жа цудам Ісуса было ператварэньне вады ў віно для супакою вясельнага збору, што азначала адваротнае сьмерці – жыцьцё. Больш таго, падобна ўсім цудам Ісуса Хрыста, гэты першы цуд аб’ядноўвае ў сабе характар справы міласэрнасьці і прароцтва. Ісус прыйшоў ператварыць прыніжанае ў вялікае і цудоўнае: закон Майсея – у закон свабоды; Янавы хрост – у хрост Сьвятым Духам; клопат і ўздыхі – у надзею і дабраслаеньне; ваду – у віно.

Сьвятое таінства шлюбу, упрыгожанае Ягонай прысутнасьцю і Ягоным першым цудам, прадказвала таемны шлюб паміж Ім і царквою, а простая вада, ператвораная цудоўным чынам у віно, ёсьць ператварэньнем нашага зямнога жыцьця, якое зьмяняецца ў прадчуваньні небеснай радасьці, калі Ён будзе піць, разам з намі, гэтае віно ў Валадарстве Божым на шлюбным вясельлі Божага Ягняці.

Мы ж вяртаемся разам з Ісусам у Капернаум, каб паглядзець на тое, як будзе працягвацца грамадзкае служэньне Ісуса ў суправаджэньні Сваіх вучняў.


Рецензии