IV. Капернаум

IV. КАПЕРНАУМ


Шлях да дому заўсёды ўспрымаецца карацей, асабліва калі ідуць разам родныя людзі. Родныя ня толькі па крыві, але і зьвязаныя нейкай агульнай справаю. Вучні ўжо лічыліся роднымі, бо Ісус сам паклікаў і прыняў іх да Сябе. А родныя людзі ёсьць вольнымі людзьмі, а таму іхнія размовы з Ісусам меліся быць адкрытымі ды шчырымі. Пытаньні вучняў краналі больш бытавых ці сямейных тэмаў і гэта ніяк не зьдзіўляла Ісуса, бо Ён сам, ужо шмат год, быў галоўным у сям’і і Яму прыйшлося выхоўваць усіх Сваіх малодшых братоў сёстраў.

Малодшая Рут ішла моўчкі, слухаючы адказы Ісуса на пытаньні вучняў і ў сэрцы сваім радуючыся таму, што ўсемагутны Бог даў ёй такога найлепшага выхавацеля ў сьвеце, якім і быў яе старэйшы брат Ісус. Маці Марыя ішла разам з усімі моўчкі, слухаючы, тым ня меньш, гэтыя размовы і не дзівілася таму, што казаў Ісус, успамінаючы тую размову з анёлам пра будучага сына Ісуса.

Яна так не распавяла і па сёньня пра ўсё гэта свайму Ісусу, але яна ня ведала і тое, што Ісус ужо даведаўся пра ўсё гэта ад Яна, сына сваячніцы Эльжбеты. Ісус не казаў пра гэта Марыі і ня толькі з-за павагі да гэтай роднай і цудоўнейшай жанчыны ў сьвеце, але і з-за таго, што гэта было яе выбарам і яе волей. Галоўнае ж было ў тым, што яны ідуць усе разам, у любові адзін да аднога. Божае сьвятло ахінае іх і Божая любоў напаўняе іхнія сэрцы.

Неўзабаве заблішчэла блакітнымі фарбамі Галілейскае мора і ўжо праз гадзіну яны былі на ўскрайку Капернаума. Марыя запрасіла ўсіх да дому, каб, крыху пачакаўшы, яны мелі магчымасьць падсілкавацца тым, што на хуткую руку прыгатуюць ім маці Ісуса ды сястра Рут. Калі яны толькі падыходзілі да дому, яны ўбачылі малодшага брата Ісуса – Юду, які прыйшоў у Капернаум па справах, але першае было тое, што ён вельмі жадаў пабачыцца з маці і Рут.

Юда павітаўся з вучнямі Ісуса, прыемна адзначыўшы тое, што знаёмыя яму Ян ды Якуб сустракаюць яго вучнямі любімага брата. Яны сядзелі на лаўцы каля дома, якую зусім нядаўна змайстраваў Ісус, калі выйшла з дому Рут, каб запрасіць усіх на вячэру, бо час ужо спасылаў для гэтага. Пасьля смачнага сьняданьня вучні адыйшлі па сваіх хатах, дамовіўшыся прыйсьці да Ісуса праз два дні і быць гатовымі да новай вандроўцы па Галілеі. Юда ж, ня вельмі сьпяшаючыся, вырашыў затрымацца тут на некалькі дзён.

З першымі праменямі сонца Ісус пайшоў на бераг Галілейскага мора, каб пад ціхі плёскат вады памаліцца Айцу ды абдумаць план дзеяў на сёняшні дзень. Заўтрашні дзень быў ужо прадвызначаны, бо кожны гебрай добра ведаў дзеі суботняга дня, але сёньня Ён, можа і з дапамогаю Юды, змайструе паліцу для посуду, якой яўна не хапала ў хаце. Ісус не сьпяшаўся і, сідзячы на беразе, любаваўся тым, як узыходзячае сонца паступова перафарбоўвае колер марской паверхні.

У добрым настроі Ён вяртаўся да дому не чакаючы таго, што Ягоныя планы прыйдецца нейкім чынам пераглядаць. Усход – справа тонкая, а таму чуткі на ўсходзе разлятаюцца вельмі хутка. Цуд ператварэньня вады ў віно быў ужо вядомы ў розных месцах Галілеі і ня дзіўна тое, што каля хаты Ісуса Яго ўжо чакаў невялікі натоўп людзей, якія размаўлялі з Юдай, чакаючы Ісуса.

Яны прывялі сюды хворага чалавека, у якога была пашкоджанай правая рука так, што ўжо некалькі гадоў ён ня мог ёю нічога рабіць. Ісус усё зразумеў і без усякіх пытаньняў падыйшоў да гэтага чалавека і, крануўшыся да хворай рукі, прамовіў да яго: «Няма больш тваёй хваробы. Ідзі і працуй». Натоўп разыходзіўся, дзівячыся з гэтага і задаючы адзін адному пытаньне: «Адкуль у Яго такія здольнасьці?»

Ісус жа пайшоў у хату і, пасьля сьняданку, пачаў з задавальненьнем майстраваць паліцу, бо рукі ўжо знудзіліся па падобнай працы. Юда ж, накіраваўся на сустрэчу з Зэбедэем, каб замовіць што-нішто з рыбацкага рыштунку. Маці, разам з Рут, выйшлі ў свой невялікі садочак, каб даглядзець тыя расьліны, якія вырасталі тут. Ісус жа, таксама прыстасаваўся каля дому, дзе захоўваліся драўляныя матэрыялы, каб пачаць Сваю працу.

Наступны, суботні дзень сустрэў Ісуса на беразе Галілейскага мора, калі сонца ўжо ўздымалася з усходу, усё больш і больш выяўляючы блакіт пакуль што ціхай паверхні воднай прасторы. Памаліўшыся да Айца, Ён з захапленьнем глядзеў на гэтае хараство, якое было так цудоўна ды дасканала створана Богам. Вяртаючыся дадому, Ісус ужо ведаў які тэкст з Пісаньня Ён прапануе ўсім прысутным сынагогі, каб праславіць слаўнае імя Айца.

Дома ўжо чакаў Яго смачны сьняданак, пасьля ж чаго Ён, разам з маці, Юдай і Рут, накіраваўся на суботняе служэньне ў сынагогу. Перад уваходам у сынагогу Яго віталі вучні Ісуса Ян і Якуб, а таксама і іхні быцька Зэбедэй. Служэньне пачалося як звычайна і таксама, як звычайна, калі настаў пэўны час, Ісуса запрасілі на кафедру, каб прачытаць нешта з Пісаньня і, па магчымасьці, патлумачыць гэтыя словы.

Ісус, ведаючы што робіць, адкрыў кнігу Псальмоў і прачытаў наступнае: «Госпадзе, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая ўзьнесеная па-над нябёсы! З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты зрабіў умацаваньне супраць ненавісьнікаў Тваіх, каб спыніць ворага і мсьціўцу. Калі я гляджу на неба Тваё, твор пальцаў Тваіх, на месяц і на зоркі, якія Ты паставіў, я думаю: «Што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты наведваеш яго? Не нашмат Ты паменшыў яго перад багамі, і славай і веліччу Ты ўкаранаваў яго, і даў яму панаваць над творамі рук Тваіх, і ўсё Ты паклаў пад ногі яму: авечак і валоў усіх, і зьвяроў палявых,птушак у небе, і рыбаў у моры, і ўсё, што ходзіць сьцежкамі марскімі». Госпадзе, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі».

Ісус не тлумачыў напісанае, але тое, як Ён агучыў гэтыя словы, адбілася ў сэрцах прысутных так, што пэўны прамежак часу сынагога назірала поўную цішыню.

Калі ж яны выходзілі пасьля служэньня, да іх хутка падыйшоў чалавек, які, як казалі многія, быў апанаваны нячыстым духам і які крыкам зьвярнуўся да Ісуса: «Пакінь! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!» Ісус, уважліва паглядзеўшы на гэтага чалавека і ўсё зразумеўшы, загадаў дэману: «Замаўчы і выйдзі з яго».

Прысутныя тут людзі яўным чынам пачуўшы гучны крык дэмана убачылі тое, як раптоўна перамяніўся апанаваны, бо прасьветлены твар і радасны погляд зьдзівілі ўсіх прысутных і выклікалі наступнае пытаньне: «Што гэта? Што гэта за новае вучэньне, што з уладаю загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»

Пытаньняў ды вітальных словаў было зашмат і сям’я Ісуса вельмі няхуткім тэмпам дабралася да свайго дому, але і там іх ужо чакаў пасыльны ад Сымона, які пераказаў просьбу вучня прыйсьці да яго, бо цешча Сымона зьлягла ў гарачцы і ёй тэрмінова патрабавалася дапамога. Ісус, не заходзячы нават у Свой дом, пайшоў у Бэтсаіду разам з Янам ды Якубам. Шлях ня быў доўгім і вось яны ўжо ўваходзяць у дом Сымона і Андрэя, дзе і ляжала хворая жанчына.

Нічога ня кажучы Ён, падыйшоўшы да яе ўзяў хворую за руку, узьнёсшы пра Сябе малітву да Айца. І вось цуд. Хвароба адыйшла ад хворай, якая спакойна ўстала з ложку, каб прыгатаваць ежу для Ісуса і тых, хто былі з Ім, калі, неўзабаве, падыйшоў вечар. Але спакойнага вечару не атрымалася, бо калі зайшло сонца, каля дома Сымона сабралася шмат жыхароў Бэтсаіды, якія прывялі з сабою многіх хворых ды апанаваных дэманамі. Гэта была немалая праца, але Ісус аздаравіў хворых і выгнаў дэманаў, забараніўшы тым гаварыць пра тое, што Ён ёсьць Хрыстом.

Першыя ранішнія прамені сонца толькі краналі берагі мора, калі Ісус, нікога ня будзячы, выйшаў з дому і накіраваўся на пустынны бераг Галілейскага мора, усходней Бэтсаіды. Ён маліўся да Айца, просячы сілы ў далейшым служэньні і дзякуючы за тое, што Бог трымае і накіроўвае Яго. Так працягвалася некалькі гадзін, калі Ён пачуў галасы вучняў, што былі ўчора з Ім.

Яны прынесьлі Настаўніку ежу, а таксама і навіну: «Усе шукаюць Цябе». Ён жа, падсілкаваўшыся, сказаў ім наступнае: «Ня будзем жа зараз вяртацца ў горад, але пойдзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там Я абвяшчаў, бо Я дзеля гэтага і прыйшоў». Гэтая вандроўка расьцягнулася на два дні, калі Ісус выганяў дэманаў і аздараўляў розных людзей.

На другі ж дзень прыходзіць да Яго пракажоны і, упаўшы перад Ісусам на калені, кажа Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць». Ісус, з любоўю і болем, паглядзеўшы на хворага і крануўшыся яго, сказаў таму: «Хачу, будзь ачышчаны». На вачах у прысутных, дзіўным чынам, скура гэтага чалавека стала здаровай, але Ісус строга сказаў таму «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і прынясі за ачышчэньне сваё тое, што загадаў Майсей, дзеля сьведчаньня ім».

Так, такі быў парадак, бо толькі рабін мог канстатаваць тое, што гэты чалавек быў ачышчаным ад гэтай невылечнай хваробы. Дзень падыходзіў да свайго завяршэньня, калі яны вырашылі разыйсьціся па сваіх дамах і сустрэцца на другі дзень пасьля суботы, каб ісьці ў Ерусалім, бо была ўжо блізка Пасха юдэйская.

Суботняе служэньне ў сынагозе Капернаума праходзіла ў звычным парадку, калі хазан запрасіў Ісуса прачытаць з Пісаньня. Ісус ўзяў сьвітак і знайшоў кнігу Ісаі: «І сказаў Госпад: «За тое, што народ гэты набліжаецца да Мяне толькі вуснамі сваімі і славіць Мяне губамі сваімі, а сэрца ягонае далёка ад Мяне, і страх іхні перада Мною — толькі прыказаньне чалавечае, якое вывучылі яны, таму вось, Я зноў учыню дзіўнае з народам гэтым, робячы цуды і дзівосы. І загіне мудрасьць мудрацоў іхніх, і разумнасьць разумных іхніх зьнікне»

Ісус адклаў сьвітак і, зрабіўшы паўзу, пачаў вучыць па гэтых словах. Ён казаў прысутным, што Бог кажа пра тое, што сэрца чалавека, які трымаецца адзіна закона Майсея, на жаль, далёкае ад Госпада. Вусны ж чалавека прамаўляюць да Бога зусім фармальна, не ўкладаючы ў словы свае адданасьці і любові, бо страх перад законам робіць іх такімі. Так, Бог даў закон праз Майсея, але адзіна праз непаслухмянасьць ды непакору іхніх продкаў, якія не паверылі Госпаду ў пустыне Сыная.

Зараз жа настае той час, калі Бог хоча выправіць гэтую сітуацыю і таму пасылае Сына чалавечага да іх, каб Той, робячы цуды і дзівосы, паказаў ім сапраўдны твар Бога, Які ёсьць любоўю і сьвятлом для ўсіх людзей і Які ня мае нічога агульнага са злом і сьмерцю.

Ісус яшчэ некалькі хвілінаў стаяў перад прысутнымі, уважліва назіраючы за іхнімі тварамі. Ён бачыў твары, на якіх праглядалася надзея, але Ён ясна бачыў і «разумных мудрацоў» фарысэяў, якія ўсім сваім насьцярожаным выглядам, выдавалі асабісты недавер, а нават і варожасьць. Былі ж і такія, праз якіх словы Ісуса праляцелі наскрозь, не зачапіўшы іхнія сэрцы. Але як бы тое не было, многія разыходзіліся па дамах неабыякавымі: адныя адчувалі нараджэньне сьвятла і надзеі, а іншыя ж, наадварот, напаўняліся раздражненьнем ад сказанага Ісусам.

Сям’я, разам з Ісусам, накіроўвалася ў бок дому. Яны ішлі моўчкі, думаючы кожны пра сваё. Ісус моўчкі разважаў пра тое, што, гледзячы на маўклівую рэакцыю прысутных у сынагозе, далёка ня ўсе гебраі прымуць Яго і Ягонае вучэньне. Марыя, ведаючы незвычайнасьць нараджэньня Ісуса, хвалявалася за Сына, бо ня ведала будучыні Ісуса. Юда моўчкі разважаў пра тое, што сказанае Ісусам яму вельмі спадабалася і ён наспраўдзе адчуў нейкую палёгку і надзею. Рут нічога асабліва і не зразумела са сказанага Ісусам, але яна, у сэрцы сваім, ганарылася тым, што Ён ёсьць разумным ды мудрым, бо вучыць людзей, а тыя ўважліва Яго слухаюць.

Такім вось чынам і прайшоў гэты дзень. Маці і Рут адпачывалі дома, а Ісус з братам сядзелі на беразе Галілейскага мора, калі Ісус, пад ціхі плёскат набягаючых хваляў, адказваў на шматлікія пытаньні Юды. Сонца ўжо хавалася за заходнімі ўзгоркамі, а гэта азначала тое, што субота скончылася і пачынаўся адлік часу наступнага дня. Яны пайшлі дадому, але там, безумоўна чакана, іх ужо чакаў невялікі натоўп людзей, якія прынесьлі да Ісуса трох моцна хворых людзей з надзеяй на тое, што Ісус аздаравіць іх. Ісус, памаліўшыся да Айца, дакрануўся да кожнага з іх, кажучы: «Пайшла з цябе хвароба твая. Устань і ідзі здаровым». Вечар для Ісуса скончыўся смачнай вячэрай і ўсе хатнія, памаліўшыся, паклаліся на адпачынак.

Ранак наступнага дня сустракаў Ісуса каля мора, калі Ён, у адзіноцтве, маліўся, адчуваючы тую сілу, якую даваў Яму Айцец. Але і ня толькі сілу, а і яснае веданьне таго, што Ён павінен рабіць далей. Калі сонца было ўжо дастаткова высока Ён пайшоў па вуліцах Капернауму, апынуўшыся каля мытнага месца, дзе сядзеў, на сваім працоўным месцы, Левій Алфеяў. Ісус ведаў Левія і раней, бо хто ня ведаў гэтага мытніка ў Капернауме. Левій жа, не адзін год, назіраў за Ісусам у цяплыні сэрца, але дзеі Ісуса апошнімі днямі вельмі моцна ўскалыхнулі ягонае сэрца. Як такое можа быць, а можа і сапраўды Ён зьўляецца пасланьнікам Бога?

Левій здалёк заўважыў Ісуса, Які, як бачылася, набліжаўся менавіта да яго. Сэрца затрапятала ў грудзях слабой надзеяй грэшніка на тое, што Ісус пакліча яго, як ўжо паклікаў шасьцёх Сваіх вучняў. Так Левій, не дарэмная надзея твая, бо Ісус ідзе за табою. Як у сьне ён пачуў вітаньне Ісуса і прапанову-загад: «Ідзі за мною». Нешта перавярнулася ў ягоным сэрцы і ён, адразу ж перадаўшы мытныя сшыткі сваім памочнікам, падыйшоў да Ісуса і запрасіў Яго ў свой дом, каб пачаставаць ужо свайго Настаўніка.

Ісус пагадзіўся з прапановаю Свайго новага вучня, тым больш, што сьняданку сёняшняга дня для Яго яшчэ не было. Па дарозе да дому Левія, яны сустрэлі Яна і Якуба, якія цёпла павіталі Левія, як частку сваёй каманды вучняў Настаўніка Ісуса. Яны разам увайшлі ў дом Левія і ўзьляглі за сталом, які дзіўным ды хуткім чынам напаўняўся смачнымі стравамі непрыкметнымі дзеямі жонцы ды дачцы Левія.

Дзіўным жа чынам дом Левія напоўніўся сябрамі ды супрацоўнікамі Левія і ўсім хапіла месца, і ўсім хапіла ежы. Месца тут знайшлося і для некаторых фарысэяў, якія добра ведалі ўсіх прысутных тут людзей, а таму пытаньне да Ягоных вучняў выходзіў за межы застольнай размовы і таму дайшло да вушэй Ісуса: «Чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?»

Ісус, узьняўшы Свой погляд на прысутных фарысэяў, адказаў ім за Сваіх вучняў: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я прыйшоў клікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да навяртаньня». Ісус падзякаваў Левія за пачастунак, запрасіўшы яго пайсьці разам з усімі на Пасху ў Ерусалім і што іхні адыход адбудзецца ўжо праз адзін дзень. Ісус, у саправаджэньні Сваіх вучняў, зноў пайшоў на бераг Галілейскага мора, але іх суправаджаў ужо даволі вялікі натоўп, які хацеў чуць вучэньне Ісуса. Яшчэ некалькі гадзінаў Ісус вучыў людзей на беразе Галілейскага мора, калі ж сонца ўжо хавалася на захадзе дык ўсе, хто быў тут, разыйшліся па сваіх хатах.

Праз адзін дзень, калі дзень толькі ўздымаўся над Галілеяй, Ісус, у суправаджэньні Сваіх вучняў, накіраваўся ў Ерусалім. Яны ішлі па прыморскай дарозе, добра вядомай ім усім, ў напрамку Магдалы, дзе Ісус планаваў адпачынак у Сваіх родных. Тым больш што Юда, які быў увесь гэты час з Ісусам, вяртаўся ў свой новы дом, які, дарэчы, патрабаваў яшчэ шмат намаганьняў, каб прывесьці яго ў такі стан, калі ня сорамна будзе прывесьці туды маладую жонку.

Яны не затрымаліся ў Генісарэце, працягнуўшы свой шлях да Магдалы, дзе, як запэўніў усіх Юда, іх чакала добрая вячэра, добрыя размовы і добры адпачынак. Шлях, складзены з пытаньняў ды адказаў, заўсёды нашмат карацей звычайнага. Так і сталася, бо ўжо хутка яны падыйшлі да дому дзядзькі Ісуса. Цёплае вітаньне, запрашэньне да адпачынку і добры пачастунак – гэта вельмі важна, але хто можа зразумець сэрца рыбака, калі ён сустракаецца з братам па Галілейскаму мору.

Ісус з задавальненьнем назіраў за гэтай размовай, бо Ён, як ніхто іншы, быў бязмоўным удзельнікам гэтай сьпецыфічнай гаворкі пра станоўчыя зьмены ў іхнім рыбацкім рыштунку, якія выходзілі з майстэрні Зэбедэя. Ноч прыняла іх на адпачынак у добрым настроі, калі яны, памаліўшыся, адыйшлі да сну.

Ранак сустрэў Ісуса на беразе мора, калі першыя прамені сонца адкрывалі цудоўныя фарбы паверхні вады. Ісус маліўся да Айца і да Яго, яўным чынам, прыходзіла усьведамленьне таго, што Ён павінен, на нейкі час, затрымацца ў Магдале, бо павінна адбыцца тут нешта важнае. Ісус дзякаваў Бога за гэтае адкрыцьцё, калі да Яго падыйшоў Андрэй  і паклікаў Яго да сьняданку, бо шлях да Ерусаліму яшчэ вельмі ня блізкі, а таму ім трэба пасьпяшацца.

Ісус падзякаваў Андрэя за гэты клопат і яны пайшлі да сваіх сяброў, якія ўжо ўзьлягалі за ранішнім сталом. Пасьля сьняданку Ісус абвесьціў сябрам тое, што яны затрымаюцца ў Магдале яшчэ да поўдня, каб паглядзець прыгажосьць гэтага месца. Вучні моўчкі пагадзіліся, а Юда, не прыхоўваючы сваю радасьць, вітаў гэтае рашэньне Ісуса, а таму прапанаваў усім сваю дапамогу у якасьці гіда. Ісус з радасьцю пагадзіўся з прапановаю брата, хаця і Сам добра ведаў Магдалу.

Пасьля невялікага адпачынку пасьля сьняданку, яны, усе разам, выйшлі ў горад, дзе Юда, як сапраўдны гід, распавядаў ім ня толькі пра будынкі ці вуліцы, але і пра гісторыю гэтага гораду. Ісус з прыемнасьцю назіраў за братам, бо, па шчырасьці, не чакаў ад Юды такіх здольнасьцяў. Яны ішлі па галоўнай вуліцы Магдалы, якая прывяла іх да рынкавай плошчы, дзе, як і паўсюды на ўсходзе, быў ня толькі гандль, але і розныя іншыя зносіны сярод людзей.

Тут спрачаліся філосафы, гандляры дамаўляліся адзін з адным, тут жа сустракаліся жыхары Магдалы, каб абмяркоўваць розныя свае справы. Тут жа, як у цэнтры апрацоўцы рыбы з усяго Галілейскага мора, было шмат людзей з усёй Палестыны, ды і ня толькі, каб закупаць гатовыя рыбныя прадукты і дастаўляць іх у свае гарады ці паселішчы.

Галілейская Магдала і вызначалася сярод іншых галілейскіх гарадоў ды паселішчаў тым, што тут збіралася шмат паганскага народу з усіх куткоў імперыі. Жыцьцё кіпела, рыбны гандль квітнеў, як, дарэчы, квітнеў тут і гандль сэксуальных паслугаў. Дзеля гэтага існавалі некалькі невялікіх крамаў, дзе працавалі прывабныя гандляркі, якія гандлявалі ня толькі рыбай, але і свам целам у адмысловых пакоях тых жа крамаў.

Быў яшчэ ранак і можа таму, з гэтых адмысловых крамаў, была адчыненай толькі адна, на ўваходзе якой сядзела маладая прывабная жанчына, завітыя доўгія валасы якой вабілі позіркі многіх прысутных на гэтай плошчы. Ісус запытаў Юду, які добра ведаў Магдалу і, адпаведна, гэтую рынкавую плошчу, дзе, час ад часу, прадавалася оптам і іхняя рыба, пра гэтую маладую жанчыну. Юда і сказаў Ісусу ўсё тое, як яно ёсьць, дадаўшы да гэтага, што добрапрыстойны гебрай ня будзе нічога купляць у гэтай краме, бо гэтае месца прызначана для паганаў.

Якое ж зьдзіўленьне адчуў Юда, калі ўбачыў тое, што Ісус, нічога ня кажучы, накіраваўся да гэтае крамы. Павітаўшы Марыю і ўважліва паглядзеўшы на яе, Ён ясна ўбачыў дэманаў, якія панавалі ў ёй. Гледзячы ёй прама ў вочы, Ісус загадаў дэманам выйсьці з жанчыны, якія і выйшлі з яе пад курчы цела і здушанага глухога крыку. Зьдзіўленая і прыціхшая Марыя запытальна глядзела на Ісуса, Які прамовіў да яе «Ад сёньня ты свабодная ад грэху. Калі хочаш, можаш ісьці за Мной»

Ісус вярнуўся да вучняў і прыяднаўся да размовы з невялікім натоўпам, які сабраўся вакол іх. Але як жа Марыя, якая, як быццам бы, нарадзілася наноў? Яна адчула ў сабе нешто новае і чыстае, як тая чысьціня, якую яна ўбачыла ў вачах Ісуса, калі Ён уважліва глядзеў на яе. Яна ўжо пагадзілася з тым далейшым і невядомым жыцьцём, якое чакае яе, бо яна была ўжо ўпэўненай ў тым, што чысьціня гэтых вачэй гарантуе ёй яе асабістую чысьціню. Але, дзеля гэтага, трэба было ісьці за Ім, вучыцца ў Яго і прыносіць пэўную карысьць для групоўцы Ісуса.

Яна тэрмінова сабрала што-нішто з асабістых рэчаў і нейкіх грошай, як і харчу з хлеба ды вэнджанай рыбы і, зачыніўшы краму, пакорліва стала каля Ісуса і ягоных вучняў, спадзяючыся на тое, што яе не прагоняць і яна пойдзе разам з усімі ў Ерусалім. Ісус усе гэтае бачыў, а таму, павярнуўшыся да Марыі, прадставіў яе Сваім вучням, якія зьдзівіліся такому рашэньню Настаўніка, але на тое і Настаўнік, Які мае права ўсталёўваць Свае правілы сярод іхняй групоўцы.

Падзякаваўшы Айца за вызваленьне Марыі Ісус адчуў тое, што яны павінны працягнуць свой шлях у накірунку Ерусаліму. Юда праводзіў гэтых, ужо родных праз Ісуса, людзей да ўскрайку Магдалы і, разьвітаўшыся, вярнуўся да сваіх рыбацкіх клопатаў.

Наперадзе была Тыберыяда – горад, які будаваўся як сталіца Галілеі замест папярэдняй Цыпоры і усе вандроўнікі разумелі тое, што імя гэтага гораду атаясамлялася з імянем імператара Тыберыя. Цудоўнае і прыгожае месца, але гэтая прыгажосьць, у значнай меры, абавязана Галілейскаму мору, якое ўваходзіла ў гэты горад амаль што да цэнтру, што рабіла гэтую мясьціну непаўторнай.

Ісус вырашыў не прыпыняцца, а ісьці да Філатэрыі, якая была паўнёвай кропкай Галілейскага мора і дзе пачынаў свой зьвілісты шлях знакаміты Ярдан, які быў такім няпростым для Ізраіля на шляху ў зямлю абяцаную. Яны працягнулі свой шлях у накірунку Скіфапаля, дзе і павінны былі прыпыніцца на адпачынак, каб працягнуць свой далейшы шлях у Ерусалім.


Ад аўтара:

Першы цуд Ісуса упэўнівае ўсіх нас у тым, што Ён не прыйшоў выдаліць вучняў ад сваіх абавязкаў у гэтым сьвеце. Наадварот, Ён хоча навучыць людзей жыць лепш, высакародней ды больш шчасна ў гэтым сьвеце. Ён шчыра бачыў іх мужамі, бацькамі і добрымі грамадзянамі ў сваёй краіне.

Галілея – гэта тое месца, дзе Бог выхаваў Свайго Сына Ісуса і даў Яму пачаткам грамадзкага служэньня Капернаум – горад дзейных і творчых людзей, бо не сакрэт тое, што людзі, якія ведаюць сакрэты хваляў, ветру і ветразя – яны, па вызначэньню, ня могуць быць людзьмі нятворчымі ды бязьдзейнымі.

Капернаум паміж схіламі прыгожых прыгоркаў адчуваўся нейкім зямным раем, бо ў-ва ўсёй Палестыне няма такіх садоў, як у краіне Генісарэцкай, што азначаецца як багатыя сады. Вялікае мноства кветак раскідана па даліне, якая выглядае смагардавым полем. Нельга выбраць прыроды больш прыдатнай, чым тая, дзе і пачалася гісторыя дабравесьця, як Божы план пачаць гэтае цудоўнае дзеяньне у такіх цудоўных мясьцінах.

«Ад сёньня ты свабодная ад грэху. Калі хочаш, можаш ісьці за Мной» Гэтыя словы Ісуса ўразілі Марыю так, як уражвалі і ўражваюць многіх і многіх людзей у далейшыя вякі. Гэта быў цуд пераўтварэньня ў новага ды чыстага чалавека. Ісус меў уладу ад Айца ачышчаць чалавека ад грэху. Але як быць з самім грэхам і куды ён задзеўся?

Мяркую пра тое, што мала хто ў гэтым сьвеце задумваўся над гэтым пытаньнем, але сам грэх кудысьці сыйшоў. Кажуць, што думка чалавека ёсьць рэч матэрыяльная, а як жа быць з грэхам? Вось вам думка аўтара гэтых радкоў. Ісус нарадзіўся не ў Адаме, а таму і бязгрэшным. Ісус прыйшоў да Янавага хросту бяз грэху, пра што і сказаў Хрысьціцель. Ісус і пачаў Сваё служэньне бяз усякага грэху, а таму маючым ўладу над грэхам.

Прыйдзе пэўны час і Ісус будзе ўкрыжаваным за ўсіх нас, стаўшыся нашым грэхам, а таму Ён, будучы бязгрэшным, прымаў увесь цяжар нашага грэху на Сябе. І сярод першых гэтага цудоўнага дзеяньня была Марыя з Магдалы, якая адчула чысьціню наноў народжанага чалавека. Ісус вызваліў нас, раз і назаўсёды, ад цяжару грэху, даўшы нам свабоду ад Майсеевага закону і адкрыўшы нам Божы закон жыцьця – праведнага жыцьця, дзякуючы дадзенай нам бязьмернай Божай ласкі, якую мы атрымалі дарма.

Ян Хрысьціцель прапаведаваў сярод бязмоўнай пустыні пры водах Мёртвага мора. Усё навокал давала напамін злачыннага мінулага і мёртвай пустошы. І вось тут, пад медна-чырвоным небам, сярод распаленай пустыні і прапаведаваў Ян хрост пакаяньня. Ісус жа пачаў Сваё дзейснае грамадзкае служэньне, у прысутнасьці вучняў ды родзічаў, у такім цудоўным горадзе, якім і быў Капернаум на цудоўнейшым Галілейскім моры, якое ёсьць безумоўнай пэрлінай Галілеі.

Назва гэтага натуральнага вадасховішча морам безумоўна што перабольшана, бо памеры яго невялікія – 20x9 км., што толькі ў два разы больш за памеры штучнага Мінскага мора. Але гэтае ўнікальнае Божае стварэньне давала мясцовым рыбакам сродкі для існаваньня, а іхнія ўловы разыходзіліся амаль што па ўсёй Рымскай імперыі.

Язэп Флавій, дарэчы, апісваў прыгажосьць водаў мора, пальмы, вінаградныя лозы, фігі, міндальныя дрэвы, гранаты і цяплыню вясны кажа пра тое, што поры года, напэўна, спрачаюцца за чэсьць валоданьня гэтай мясцовасьцю. Але ня толькі прыгажосьць гэтай мясцовасьці была прыдатнаю для вучэньня Ісуса, бо, яшчэ раней, прароцтва Ісаі пра тое, што зямля Завулона і зямля Невфаліма, па той бок Ярдана, Галілея паганская ўбачыць святло вялікае і што для тых, якія знаходзяцца ў краіне і цені сьмяротнай, зазьзяе сьвятло.

Мы ж, прыяднаўшыся да гэтай цудоўнай групы, пад кіраўніцвам Настаўніка Ісуса, пойдзем разам з імі ў Ерусалім і паглядзем на тое, што адбудзецца ў далейшым.


Рецензии