V. Праздник Пасхи
Скіфапаль сустрэў каманду Ісуса вельмі гасьцёўна, калі прыдарожная карчма прапанавала ім добры адпачынак і смачную ежу. Пакуль жа ўсё гатавалася, Марыя прапанавала ўсім хлеб ды вэнджаную рыбу. Ісус першым узяў кавалак рыбы, падзякаваўшы Марыю ад імя ўсіх вучняў і гэтым самым зьняў тую рэшту напружанасьці таго, што сярод іх была гэтая жанчына, якая зьявілася сярод іх вось так – зьнянацку.
Добрая вячэра і добры адпачынак надаў і добрага настрою, калі яны выправіліся ў далейшы шлях, ідучы каля зьвілістага Ярдану. Кожны з іх ведаў гэты шлях, многія ж і з дзяцінства, але ім усім было прыемным яшчэ і яшчэ раз успомніць часы Гедэёна і іншыя моманты гісторыі Ізраіля, якія зьвязаныя непасрэдна з Ярданам. Дзень падыходзіў да свайго завяршэньня і яны прыпыніліся непадалёк ад таго месца, дзе Ісус прымаў хрост ад Яна. Ранак сустрэў сяброў добрым настроем і яны накіраваліся да Ерыхону, каб потым зьвярнуць у накірунку Віфаніі.
І вось Віфанія, дзе іх сустракалі Лазар і ягоныя сёстры Марта ды Марыя. Ісус пазнаёміў Сваіх спадарожнікаў з гаспадарамі гэтага дому, якія лічыліся для Ісуса амаль што роднымі людзьмі. Марыя адразу ж далучылася да сёстраў Лазара ў клопатах па прыгатаваньню вячэры для ўсіх прысутных у гэтым добрым ды гасьцёўным доме. Добрая вячэра ды добрыя размовы заўсёды збліжаюць і вучні Ісуса, як дарэчы і сям’я Лазара, адчулі гэтыя роднасьць і роўнасьць, якія выходзілі з паводзінаў і словаў ад Настаўніка Ісуса.
На падыходзе да Ерусаліму пілігрымы бачылі вялікія натоўпы гебраяў, якія імкнуліся на сьвята Пасхі, каб прынесьці пэўныя ахвяры і атрымаць свабоду ад грэху на наступны год. З году на год гэта мела аднолькавую гісторыю, якая была на ўсе ўласныя вочы. Пілігрымы, якія прыходзілі з усёй абшары Рымскай імперыі, павінны былі набыць пэўныя ахвяры, у выглядзе жывёлаў ці птушак, каб прайсьці абрад ачышчэньня ад грахоў.
Двор паганаў, з ягонай шырынёй і доўгімі аркадамі, безумоўна ж служылі спакусаю для гебрайскай прагнасьці, бо многія ведалі тое, што ўжо даўно нейкі Баба-бен-Бута першым прыгнаў у гэты двор 3000 авечак дзеля продажу на вялікія храмавыя сьвяты. Перад імі разьмяшчаліся і мянялы, якія сядзелі за столікамі, на якіх разьмяшчалія стопкі дробных храмавых манетаў, за якія і набываліся гэтыя ахвярныя жывёлы.
Чаму гэта так? Людзі прыходзілі з дальніх краёў, маючы рымскія грошы, якія лічыліся непрымальнымі для гебрайскага Храма, а таму іх трэба было абмяняць на храмавыя грошы. На гэтыя грошы і набываліся ахвярныя жывёліны. Але і гэта ня ўсё, бо за дваццаць дзён да Пасхі пачынаўся час збору храмавага падатку, які накладаўся на кожнага гебрая, дзе б ён не знаходзіўся. Большасьць жа грошай, якія прыносілі з сабою гебраі насілі ў сабе паганскія сымбалі, а таму іх неабходна было памяняць на грошы храмавыя, за што мянялы мелі прыбытак у пяць адсоткаў ад любой колькасьці памененых грошай.
Такім вось і быў уваходны двор у Храм Ізраіля. Двор, які быў прызначаным быць домам малітвы для ўсіх народаў, стаўся месцам, якое было падобным па нечысьціні на бойню, а па гандлёвай мітусьні – на вялікі рынак. Мыканьне быкоў, блеяньне авечак, гаворка на розных мовах, гандль ды лаянка былі чутнымі на ўсёй тэрыторыі Храма.
Такім і сустрэў Ерусалімскі храм групу пілігрымаў з Галілеі, якую узначальваў іхні Настаўнік Ісус. Ісус ведаў усё гэтае з дзяцінства, але зараз настаў Ягоны час, а таму настаў час і дзейнічаць. Ён, узязўшы кавалкі вяровак з долу зрабіў з іх біч, каб ачысьціць сьвяты двор ад гэтай брыдоты. Ён выгнаў з Храму ўсіх жывёлаў, а потым перакуліў сталы мянялаў, рассыпаўшы ўсе стосы мяняльнай манеты, прымушаючы іхніх гаспадароў зьбіраць свае манеты на пыльным доле.
Падыйшоўшы ж да гандляроў галубамі, Ён стрымана прапанаваў ім выйсьці з тэрыторыі Храма, бо добра ведаў тое, што ахвярныя галубы былі даступнымі толькі для бедных гебраяў. Ніхто гэтага не чакаў, бо ніхто з прысутных ніяк ня мог гэтага і ўявіць, але яны пачулі ўладны голас Ісуса, Які адказваў ўсім: «Забярыце гэта адсюль і не рабіце дом Айца Майго домам гандлю».
Усё гэтае сталася на вачах вучняў Ісуса, якія былі нечакана зьдзўленымі такім вось дзеяньнем Настаўніка. А ці толькі вучні, бо ўсе прысутныя тут бачылі гэты гандль з маленства, шчыра лічачы, што ўсё адбываючае ў Храме – гэта традыцыі іхніх бацькоў і, увогуле, продкаў. Але чаму гэтыя прагныя гандляры не адказвалі Ісусу ў голас, нашэптваючы толькі нейкае незадавальненьне, зьбіраючы сваіх жывёлаў на вуліцах горада? Ці не таму што рэшткамі свайго сумленьня, вольных ад прагнасьці і бязьвер’я, недзе адчувалі праўду ў гэтых дзеях, як, дарэчы, і ў-ва ўсіх іншых Сына чалавечага?
Нават сьвятары, фарысэі ды кніжнікі, нягледзячы на сваю горасьць ды фармалізм, не маглі яўна процідзейнічаць гэтаму дзеяньню. Але не былі б яны фарысэямі, калі б не запыталі б Ісуса пра тое, якой уладаю Ён гэта робіць. Дзе знакі, як доказ такой улады? Ісус, уважліва паглядзеўшы на іх, адказаў, чым вельмі зьдзівіў фарысэяў: «Зруйнуйце гэтую бажніцу, і Я за тры дні адбудую яе». Як так?
Зруйнаваць Храм,- Храм, на які вядомы сваім багацьцем валадар выдаткаваў свае вялічэзныя сродкі,- Храм, на будоўлю якога патрабавалася тысячы вазоў коней, дзесяць тысячаў працаўнікоў, а нават і тысячу сьвятароў, якія клалі падгатаваныя камяні,- Храм, які лічыўся адным з цудаў сьвету.
Храм, які вызначаўся бліскучымі дахамі, мурмурам, залатымі вінаграднымі лозамі над уваходам, багатай храмавай заслонай і мноствам золата, срэбра ды каштоўных камянёў. Сорак шэсьць гадоў патрабавалася на ягоную будоўлю, а гэты нікому невядомы галілеец прапануе зруйнаваць яго, каб за тры дні наноў яго адбудаваць. Нічога сабе. Нічога не зразумелі і вучні Ісуса, але Ён сказаў ім пра тое, што з цягам часу яны зразумеюць пра што тут ішла гаворка.
Віфанія сустрэла сяброў на зыходзе дня добрай вячэрай ад Лазара і прапануемым добрым адпачынкам. Усё да гэтага і ішло, калі яны пачулі стук у дзьверы і, як вызначылася, нейкі чалавек пажадаў размовы з Ісусам. Нікадэм, юдэйскі начальнік, які быў сярод юдэяў у той час, калі яны размаўлялі з Ісусам у Храме, уважліва слухаў гэтую размову і вырашыў тое, што словы Ісуса няпростыя, як і Ён Сам, бо да яго дайшлі ўжо чуткі з Галілеі пра незвычайныя цуды ад Ісуса.
І вось ён тут, пад пакрывай ночы, каб паразмаўляць з гэтым незвычайным Чалавекам. Ісус ветліва прыняў Нікадэма, які зусім незвычайна зьвярнуўся да Ісуса: «Раббі! Мы ведаем, што Ты Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з ім Бог».
Ісус адказаў яму проста, але і не зусім: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца звыш, ня можа ўбачыць Валадарства Божага». Нікадэм, у нейкай замяшальнасьці, запытаўся пра гэтае незразумелае: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці сваёй і нарадзіцца?»
Ісус добра разумеў незразумеласьць Нікадэма, а таму адказаў таму больш падрабязна: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае. Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух. Не зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: Трэба вам нарадзіцца звыш. Дух дыхае, дзе хоча, і голас Яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць; гэтак і ўсякі, народжаны з Духа».
Ашаломлены Нікадэм не зразумеў таго, як гэта можа здарыцца і Ісус больш падрабязна патлумачыў Нікадэму: «Ты — настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага не прыймаеце. Калі Я сказаў вам пра зямное, і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць пра нябеснае? І ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Сын Чалавечы, Які ў небе, Які з неба зыйшоў. І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі злыя. Бо кожны, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не былі дакараныя ўчынкі ягоныя. А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены».
Нікадэм застаўся да ранку ў доме Лазара, але ён працяглы час ня мог заснуць, разважаючы пра словы Ісуса, якія станоўча леглі на ягонае сэрца.
Ранак сустрэў усіх у добрым настроі і яны, пасьля сьняданку, разьвіталіся з домам Лазара і Нікадэмам, які накіраваўся ў Ерусалім. Ісус жа, з вучнямі, накіраваліся ў Галілею праз Самарыю. Звычайна юдэі ігнаравалі гэты шлях з-за фарысейскага фанатызму, але гэта не для Ісуса і яны пайшлі ў бок Сыхары.
Два дні пешага шляху прайшлі для вандроўнікаў вельмі павучальна, бо Ісус тлумачыў ім з Пісаньня тыя моманты, дзе сказана пра Сына чалавечага, Які ёсьць Мэсіяй. Яны адпачывалі ў прыдарожнай карчме і вось наперадзе ў іх ужо выяўляўся горад Сыхар, перад якім была крыніца Якуба, каля якой Ісус і вырашыў адпачыць. Вучні пайшлі ў горад, каб набыць ежы, а Ісус разьмясьціўся на каменных месцах для адпачынку. Было ж каля шостае гадзіны, што адпавядае поўдню для нашага часу.
Ісус сядзеў у роздуме і чаканьні, калі да крыніцы прыйшла жанчына. Быў найбольш сьпякотны час дня і гэта было дзіўным, што звычайная жанчына не назапасілася вадою ў больш прахалодны час. Павітаўшыся з жанчынаю, Ісус папрасіў даць Яму вады піць, але пачуў у адказ наступнае: «Як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны Самаранкі?»
Так, Ісус ведаў пра адносіны юдэяў да самаранаў, але гэта не пра Ісуса, калі Ён адказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы і Хто кажа табе: “Дай Мне піць”, то ты прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое». Цікавая рэч, што адчула гэтая жанчына, але яна з сумненьнем адказала Ісусу: «Пане! У Цябе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі. Дык адкуль у Цябе вада жывая? Няўжо Ты большы за бацьку нашага Якуба, які даў нам гэты калодзеж і сам з яго піў, і сыны ягоныя, і статак ягоны?»
Ісус, ведаючы гэты адказ, сказаў ёй: «Усякі, хто п’е гэтую ваду, зноў будзе смагнуць. Хто ж вып’е ваду, якую Я яму дам, ня будзе смагнуць ніколі, але вада, якую Я дам яму, станецца ў ім крыніцаю вады, якая цячэ ў жыцьцё вечнае». Іскра надзеі засьвяцілася ў вачах жанчыны, калі яна папрасіла Ісуса: «Пане! Дай мне гэтай вады, каб я ня смагнула і не прыходзіла сюды чэрпаць». На наступныя словы Ісуса, каб яна прывяла сюды свайго мужа, яна адказала, што такога ня мае.
Што мела на ўвазе жанчына нам невядома, але толькі не для Ісуса, Які і адказаў ёй: «Добра ты сказала, што ня маеш мужа, бо мела ты пяць мужоў, і той, якога цяпер маеш, ня муж табе. Гэта ты праўдзіва сказала». Зьдзіўленая гэтым словам жанчына прамовіла да Яго: «Пане! Бачу, што Ты — прарок. Бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерусаліме месца, дзе павінны пакланяцца».
Так, вельмі незвычайная жанчына, можа таму такім чынам Ісус і зьвярнуўся да яе: «Жанчына, павер Мне, што прыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерусаліме ня будзеце пакланяцца Айцу. Вы ня ведаеце, каму пакланяецеся; а мы ведаем, Каму пакланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў. Але прыходзіць час, і ён ужо прыйшоў, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе. Бог ёсьць Дух, і тыя, якія пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе».
Жанчына, ашаломленая гэтымі словамі, ледзь знайшла ў сабе сілы прамовіць да Ісуса: «Ведаю, што прыходзіць Мэсія, называны Хрыстос, і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё». Адказ жа гэтага чалавека увогуле ашаломіў яе: «Гэта Я, Які гавару з табою».
Калі вучні вярнуліся з гораду, жанчына пасьпяшалася ў адваротны шлях, кажучы ўсім сустрэчным: «Пайдзіце, пабачце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстос гэта?» Зацікаўленыя людзі пайшлі да крыніцы Якуба, дзе і пачулі слова Ісуса, Які адказаў вучням на прапанову ўжыць ежу, якую прынесьлі яны, а ня нехта іншы: «Мая ежа ў тым, каб выканаць волю Таго, Хто Мяне паслаў, і скончыць справу Яго. Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і прыйдзе жніво? Вось, Я кажу вам: Падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, як яны пабялелі да жніва. Хто жне, атрымлівае плату і зьбірае плён дзеля жыцьця вечнага, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся. Бо ў гэтым спраўджваецца слова: “Адзін сее, а другі жне”. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы прыйшлі на працу іхнюю».
Самаране, якія, ў вялікай колькасьці, чулі гэтыя словы запрасілі Ісуса і вучняў Ягоных застацца ў іх на некалькі дзён, на што сябры і пагадзіліся, бо гэта давала цудоўную магчымасьць істотна павялічыць колькасьць прыхільнікаў Ісуса Мэсіі.
Праз некалькі дзён яны выправіліся дадому ў Галілею, прыпыніўшыся ў Скіфапале, каб адпачнуць у прыдарожнай карчме ды працягнуць свой шлях. Яны прыйшлі ў Магдалу, дзе прыпыніліся на адпачынак у родных Ісуса. Марыя ж пайшла дадому, дамовіўшыся на тое, калі яна прыйдзе да Ісуса ў Капернаум. Ранак сустрэў іх прахалодай Галілейскага мора, калі, пасьля сьняданку, вучні Ісуса пайшлі ў бок Капернаума. Сам жа Ісус застаўся яшчэ на некаторы тэрмін у Магдале, каб потым пайсьці да Сваіх родных у Назарэт.
Некалькі гэтых дзён прайшлі на моры з братам Юдай, калі Ісус дапамагаў Яму у нялёгкай рыбацкай працы. Ісусу падабалася гэтая праца, бо тут прысутнічала рамантычная складаючая. Вецер, хвалі, напоўненыя ветразі, хуткая хада па марской паверхні,- усё гэта захапляе сэрца чалавека і напаўняе яго жыцьцёвай сілай. За вячэрай Ісус абвесьціў Сваім родным, што зранку Ён пойдзе ў Назарэт праз Кану Галілейскую з наведваньнем блізкіх знаёмых у доме, дзе Ён зрабіў з вады віно.
Ранак сустрэў Ісуса ў дарозе. Сонца, уздымалася з-за мора з усходу і прыемна сагравала сьпіну Ісуса, Які яшчэ і яшчэ раз пракручваў у Сабе падзеі двух апошніх дзён. Ісус ішоў па камяністай дарозе, назіраючы стракатыя палі ды фруктовыя сады, якія былі складзены ў цудоўную прыродную мазаіку. Ісус добра ведаў гэты шлях, але цудоўная прырода Галілеі, зноў і зноў, вабіла вока любога падарожніка.
Шлях з Магдалы да Каны ня вельмі доўгі і ўжо праз пяць гадзінаў хады Ісус падыходзіў да дому знаёмых Яму людзей, дзе і адбыўся Ягоны першы цуд. Цёплая сустрэча, цёплыя словы – усё гэта радавала сэрца Ісуса, бо сардэчнасьць ды шчырасьць гэтых людзей была відавочнай, а таму і вячэра праходзіла ў незвычайна даверлівай абстаноўцы. Ісус распавёў ім пра Сваіх новых вучняў і вандроўку з імі ў Ерусалім. Ён нічога не казаў ім пра падзеі ў Храме і начную размову з фарысэем Нікадэмам. Так што, падзякаваўшы Богу за гэтую сустрэчу і гэтую вячэру, яны паклаліся на адпачынак, каб сустрэць ранак, які падаруе ім Бог.
Ранішняя малітва, смачны сьняданак і вось зараз аповяд Ісуса пра Сваю вандроўку ў Рым, прыпыніў грукат у дзьверы. Увайшоўшага чалавека Ісус ведаў, як ведалі яго і ўсе ў Капернауме. Гэта быў урадовец Хуза, які меў дачыненьне да палацу Ірада ў Тыберыядзе. Хуза бачыў, як Ісус аздараўляў хворых у Капернауме, а таму ягоная асабістая бяда і прывяла яго да Ісуса ў Кану. Хуза даведаўся ад вучняў Ісуса тое, што Ён застаўся на некалькі дзён у Магдале, каб потым пайсьці да родных у Назарэт. Урадовец неадкладна выправіўся ў Магдалу, дзе і даведаўся пра тое, што Ісус, яшчэ ўчора, пайшоў у Назарэт, але праз Кану, каб наведаць там добрых знаёмых. Сонца яшчэ толькі ўздымалася, калі Хуза накіраваўся ў бок Каны Галілейскай.
І вось ён, стоячы перад Ісусам, просіць Яго термінова прыйсьці ў Капернаум і аздаравіць сына ягонага, бо той канаў. Ісус адчуў у гаворцы Хузы нейкую ўладную патрабавальнасьць, але не падаў выгляду, бо добра ведаў сэрца чалавека, як ведаў і тое, што ў гэтым сэрцы месьціцца адчай і пэўная надзея. Ісус ня мог не дапамагчы гэтаму урадоўцу, бо Ён ведаў тое, што хворы хлопчык наспраўдзе знаходзіцца на рысе сьмерці і дапамога патрабуецца неадклална. Але Ён не зьяўляецца лекарам па выкліку, а таму Ісус кажа Хузу: «Вы не паверыце, калі ня ўбачыце знакаў і цудаў».
Скрышаны ўрадовец, амаль што ў адчаі просіць Ісуса: «Госпадзе! Прыйдзі, пакуль не памёр хлопчык мой». Ісус чакаў гэтых словаў, дзе чуліся шчырасьць і давер, а таму зьвярнуўся да Хуза: «Ідзі, сын твой жывы!» Нешта перавярнулася ў сэрцы Хузы, бо ён адчуў як супакой накрывае ўсю ягоную істоту і вера ў тое, што што Ісус вярнуў хлопчыку здароўе, напоўніла ягонае сэрца. Хуза нясьпешна пайшоў у бок Капернауму, адчуваючы тое, што хваляваньні за жыцьцё сына значна паўплывалі на фізічны стан урадоўца, а таму ён прыпыніўся на адпачынак у прыдарожнай карчме.
Ранак яшчэ не перадаў свае правы дню, калі слугі Хузы, здалёк заўважыўшы гаспадара, выбеглі яму насустрач і паведамілі таму, што хлопчык жывы і добра сябе адчувае. Пачуўшы ад слугаў, што гэта адбылося ў сёмай гадзіне ўчорашняга дня, менавіта ў той час, калі ён размаўляў з Ісусам, Хуза, як і ўвесь ягоны дом, сталіся прыхільнікамі Ісуса.
Гэты цуд, улічваючы значны грамадзянскі стан урадоўца Хазы, вельмі хутка, як гэта і бывае на Ўсходзе, стаўся вядомым ня толькі ў Капернауме, але і ў многіх іншых месцах Галілеі. Вучні займаліся сваім звыклымі справамі, бо пачаўся ўжо рыбацкі сезон і тыя, хто быў зьвязаны з гэтым промыслам, займаліся лоўлей, каб нейкім чынам забясьпечыць свае сем’і. Ісус жа, прабыўшы яшчэ некаторы час у Кане, накіраваўся ў родны горад Назарэт, дзе Яго чакалі родныя браты і сёстры.
Ад аўтара:
Зруйнуйце гэтую бажніцу, і Я за тры дні адбудую яе. Гэта словы Ісуса, якія вельмі зьдзівілі фарысэяў. Яны схіляліся да матэрыяльнага сэнсу гэтых словаў Ісуса, ведаючы колькі матэрыяльных сродкаў і часу было пакладзена на будаўніцтва гэтай бажніцы. Такое літаральнае тлумачэньне яны далі на Ягоныя словы, хаця маглі бачыць і тое, што, спасылаючыся на прарокаў, у гэтых словах магла захоўвацца глыбокая тайна.
Гэтыя словы так уразілі фарысэяў і кніжнікаў, што яны добра памяталі гэты выпадак і тры гады пасьля, калі яны былі грамчэй за іншых у час абвінавачваньня Ісуса ў прысутнасьці першасьвятара. Але, каб з гэтага скласьці абвінавачваньне, трэба было сказіць гэтую фразу Ісуса, а таму яны і сьведчылі фальшыва супраць Яго, кажучы: «Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную бажніцу гэтую, зробленую рукамі, і праз тры дні збудую іншую, якая не рукамі зробленая”». Ісус ніколі не казаў нічога падобнага, але яны добра разумелі тое, што гэтая хлусьня ўяўляла сабою надзейны сродак, каб узьняць лютасьць суду адносна Ісуса.
Апостал Ян, у сваім Эвангельлі, кажа пра тое, што Ісус, у дадзеным выпадку, меў на ўвазе бажніцу цела Свайго, але дадае і наступнае: «Калі ж Ён уваскрос з мёртвых, узгадалі вучні Ягоныя, што Ён казаў гэтае, і паверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Ісус» І сапраўды, да гэтага часу быў толькі адзін Храм сапраўднага Бога, Храм сымбалічны і, згодна веры гебраяў, меў у сабе «воблака славы», якое было сьведчаньнем прысутнасьці Бога ў народзе.
Але зараз Божы Дух выбраў жытлом храм цела Сына Божага. Праз тры гады так і будзе, калі разбураная бажніца цела Ісуса, будзе адноўлена ўваскрасеньнем Ісуса Хрыста, а яшчэ потым, ад Пяцідзясятніцы, Сьвяты Дух будзе ўваходзіць у кожнае сэрца, якое паверыць у Госпада і Збаўцу. Менавіта так кажа сапраўднае Эвангельле, якое, дарэчы, пачынаецца ад крыжовай сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса Хрыста.
Але цікава яшчэ і тое, што юдэі, тым ня меньш, бачылі больш дакладны сэнс у словах Ісуса : «Зруйнуйце гэтую бажніцу, і Я за тры дні адбудую яе». І вось чаму. Пасьля сьмерці Ісуса, калі Ён ужо ляжаў у магіле, яны прыйшлі да Пілата і сказалі яму: «Пане! Мы ўзгадалі, што падманшчык той, як быў яшчэ жывы, казаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”»
Няма доказаў таго, што Ісус патлумачыў Сваю думку фарысэям, няма зьвестак і таго, што ім маглі растлумачыць вучні Ісуса, бо яны і самі нічога з гэтага не зразумелі. Фарысэі і сьвятары разумелі ўсё гэта больш ясна, чым вучні Ісуса, таму што не былі, як вучні, людзьмі любячымі, незаганымі і простымі, бо нягледзячы на вучонасьць, сэрцы фарысэяў былі напоўненымі нянавісьцю. Усё ж гэта скончылася ня толькі забойствам Ісуса, але і крывёю, якую яны наклікалі на сябе ды на сваіх дзяцей.
Мы ж накіруемся разам з Ісусам у Назарэт, куды выправіўся Ісус з Каны Галілейскай.
Свидетельство о публикации №226062701634