VI. Нет пророков...
З узыходам сонца Ісус выправіўся ў родны Назарэт. Капернаумскі шлях сустрэў Яго зялёнымі фарбамі даліны Туран, сялянскія палеткі зелянеліся змагардавымі фарбамі ад узыходзячага ранішняга сонца. Гэты ранішны час ужо вывеў сялянаў з дамоў, каб зямля адчула клопат іхніх рук для будучага добрага ўраджаю.
Ісус зусім не сьпяшаўся, любуючыся хараством даліны, бо заўсёды атрымліваў асалоду ад гэтых, знаёмых з дзіцячых гадоў, мясьцінаў. Ён затрымаўся ў маленькай, добра вядомай прыдарожнай карчме, дзе Ісус апошні раз прыпыняўся ў той час, калі вяртаўся ў Назарэт пасьля Сваёй вандроўцы ў Рым. Маленькая прыдарожная гасьцініца прыняла Яго на адпачынак, прапанаваўшы няхітрую, але смачную ежу.
Сонца яшчэ толькі пачало свой шлях, каб саступіць неба месяцу, які будзе асьвятляць ноч. Ісус сядзеў на невялікім прыгорку, непадалёк ад карчмы, разважаючы пра тое, як Яго сустрэнуць у родным Назарэце. Ісус ведаў непадробную любоў Сваіх родных. Але як з іншымі? Ці ёсьць прарокі ў сваёй бацькаўшчыне? Але, што будзе – тое і будзе. Ноч набліжалася і Ісус, памаліўшыся Айцу, адыйшоў да адпачынку. Ранак сустрэў Ісуса ў добрым настроі і, пасьля сьняданку, Ён працягнуў Свой шлях, каб у другой палове дня дасягнуць роднага дому.
Ён працягнуў Свой шлях, каб у другой палове дня дасягнуць роднага дому. Ісус ішоў па дарозе, калі даліна саступіла сваё месца пагоркам і дарога, выгібаючыся, нібы зьмяя, падымалася ў гору. Горная прахалода сур’ёзна адчувалася тут, але Ісус не заўважаў гэтага, бо думкі пра родны дом і Свах родных сагравалі Яго. Гэтае пачуцьце прыходзіла да Яго заўсёды, нават і з дзяцінства, калі Ён набліжаўся да Назарэту.
Так было ў той час, калі Ён ішоў тут з бацькам, так было і заўсёды, калі Ё ішоў, як і зараз, адзін. Ён ішоў па дарозе, калі з правага боку ад дарогі адкрылася мястэчка Хэфэр, добра Яму знаёмае, бо яшчэ ў дзяцінстве Ісус прыходзіў сюды з бацькам, выконваючы розныя плотніцкія замовы. Ды і потым, будучы ўжо галавой сям’і, Ён шмат разоў прыходзіў сюды па Сваіх плотніцкіх ды будаўнічых справах і добра ведаў тое, што мінуючы Хэфэр, можна ужо лічыць завароткі дарогі, бо пасьля сёмага завароту перад Ім адкрыецца Назарэт.
Родны Назарэт. Колькі разоў Ён бачыў з гэтага шляху невялікае паселішча з сотняю белых дамоў і плоскіх дахаў. Цудоўнейшае відовішча адкрылася перад Ісусам, Які, прыпыніўшыся, удыхаў такое цудоўнае паветра радзімы. Вясеньняе цяпло ўжо паўплывала на схілы гор, якія на вачах ператвараліся у сад з вялікай колькасьцю кветак самага рознага адценьня. Зялёныя ўжо палеткі пачыналі сваё жыцьцё, каб радаваць вока чалавека, даючы надзею на добры ўраджай.
Ісус, гледзячы на гэтае хараство, вызначаў тую дасканаласьць Божага стварэньня, у якое Ён уклаў Сваю любоў і дасканаласьць. Ён ішоў да людзей, якія ведалі Яго з дзяцінства, дзе прайшло Ягонае дзяцінства, юнацтва ды і дарослыя годы. Тут Ён вучыўся, тут Ён набываў майстэрства і, менавіта тут, адчуў місію Сына чалавечага і Сына Божага.
Родныя сустрэлі Ісуса, як заўсёды, цёпла і ў радасьці. Якуб, Язэп, Мірыям і Марта, разам з сем’ямі, запрашалі Ісуса ў свае дамы, каб пачаставаць ды пабыць з Ісусам, слухаючы Яго і атрымліваючы адказы на свае шматлікія пытаньні. Некалькі дзён спатрэбілася Ісусу, каб наведаць кожнага з братоў і сёстраў, даючы кожнаму Сваё цяпло і Сваю любоў.
Яму спадабаўся стан майстэрні роднага дому, дзе працавалі Якуб і Язэп, выконваючы замовы па ўсёй Галілеі. Ісус з задавальненьнем паўдзельнічаў у выкананьні некаторых вырабаў, якія цудоўным чынам ператвараліся з драўлянай нарыхтоўцы ў вопытных руках майстра. Так, незаўважна прайшдо два дні, калі настала субота і калі ўсе яны сабраліся ў сынагозе.
Добра знаёмы будынак, які з дзяцінства стаўся другім Ягоным домам. Тут Ён вучыўся, тут Ён спасьцігаў Пісаньне і тут Ён упершыню пачаў тлумачыць Пісаньне. Пачатак служэньня пачаўся звычайным чынам. Чыталіся малітвы шэма і два павучэньні: адно з Закону, а другое з прарокаў. Усё як звычайна. Пасьля ж гэтага хазан, які быў настаўнікам Ісуса ў дзяцінстве, адкінуў шаўковы покрыў, за якім захоўваўся сьвяты сьвітак і, па просьбе Ісуса, дастаў сьвітак прарока Ісаі і перадаў яго падыйшоўшаму Ісусу.
Ісус, разгарнуўшы сьвітак, знайшоў вельмі знаёмае месца з Ісаі: «Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздараўляць скрышаных сэрцам, абвяшчаць вязьням вызваленьне і сьляпым — вяртаньне зроку, пусьціць змучаных на свабоду,і абвяшчаць год Госпада прыемны».
Знаўца Пісаньня хазан зьдзіўлена заўважыў тое, што Ісус прыпыніўся перад словамі: «і дзень помсты Бога нашага», калі прыняў у свае рукі сьвітак ад Ісуса. Ісус сеў на Сваё месца і зьвярнуўся да ўсіх прысутных: «Сёньня споўнілася Пісаньне гэтае, якое ў вушах вашых». Зьдзіўлены шэпт прайшоўся па радах прысутных, якія ціха, але зьдзіўлена, канстатавалі пра тое, што Ісус ёсьць сынам Язэпа.
Ісус жа, чуючы гэта, прамовіў да ўсіх прысутных: «Вядома, вы скажаце Мне гэткую прыповесьць: “Лекару, аздараві Самога Сябе; зрабі і тут, у бацькаўшчыне Сваёй, тое, што, мы чулі, сталася ў Капернауме”». Праз працяглую паўзу Ён працягнуў да заціхлых прысутных: «Сапраўды кажу вам: Ніводзін прарок не прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй. Праўдзіва кажу вам: Шмат удоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі было зачынена неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі; і ані да аднае з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую. І шмат было пракажоных у Ізраілі пры прароку Элісеі, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, акрамя Наемана Сірыйца».
Калі Ісус прамаўляў Свае апошнія словы, было яўна заўважна тое, што першае захапленьне Ягонай мудрасьцю прайшло, калі толькі назаране ўніклі ў сутнасьць Ягонай заявы. Абурэньне сходу не было нечым незвычайным, а таму нянавісьць адразу ж праявілася на тварах прысутных: «Ці не Ягоная маці ёсьць Марыя, і браты Ягоныя Якуб і Язэп, Сымон і Юда, а таксама і сёстры Ягоныя ёсьць паміж намі. Адкуль жа ўсё гэта ў Яго?» Хто Ё такі? Гэта не вучоны рабін з вучняў Гамаліэля, але чаму Ён кажа так з такім аўтарытэтам, якога не дапускалі нават і вялікія кніжнікі? Ці мае права прапаведаваць такім чынам просты цясьляр, Якога ведалі ўсе з дзяцінства?
Ісус добра разумеў тое, што ім пажадана было атрымаць нейкага незвычайнага пацьверджаньня Ягонага права на званьне Мэсіі. Бо як гэта разумець, што Ён робіць цуды ў нейкай Кане ці Капернауме, а ня тут, на радзіме? Ісус ведаў гэтыя ня выказаныя ў голас пытаньні і таму Ён сказаў ім: «Вядома, вы скажаце Мне гэткую прыповесьць: “Лекару, аздараві Самога Сябе; зрабі і тут, у бацькаўшчыне Сваёй, тое, што, мы чулі, сталася ў Капэрнауме”».
І дадаў да гэтага вельмі непрыемныя словы да Сваіх суайчыньнікаў: «Сапраўды кажу вам: Ніводзін прарок не прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй. Праўдзіва кажу вам: Шмат удоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі было зачынена неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі; і ані да аднае з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую. І шмат было пракажоных у Ізраілі пры прароку Элісеі, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, акрамя Наемана Сірыйца».
Дык што ж гэта такое? Яны, выбраны народ, аднолькавыя з паганамі ды пракажонымі? Слухаць такое было немагчымым і ня дзіўна тое, што ледзь-ледзь прыхоўваемая лютасьць распалілася агнём. Ісус быў перарваным ужо не незадаволеным шэптам, але крыкамі галоснай лютасьці. У прыпадку крыважэрнай злабы, якая заўсёды была характэрнай для гэтага дзіўнага, буйнага ды нецярплівага народу, яны вывелі Ісуса з сынагогі і павялі Яго на вяршыню гары, каб скінуць Яго са скалы. Невялікі Назарэт разьмясьціўся на паўдзённым схіле гары, дзе ёсьць мноства стромых скалаў, да адной з іх і павялі Ісуса, каб скінуць Яго на сьмерць.
Але. Але час Ягоны яшчэ не прыйшоў і яны, суайчыньнікі Ісуса, былі збаўлены ад злачынства, якое пакрыла б іх вечнаю ганьбай. І таму Ісус, прайшоўшы паміж іх, пайшоў Сваёй дарогай. Родныя Ісуса з жахам назіралі за ўсім гэтым, але яны, з зьдзіўленьнем і радасьцю пабачылі, як іхні родны Ісус, нікім не крануты, пайшоў у бок Капернаума.
Як гэта магло стацца, калі ніхто з натоўпу раз’юшаных юдэяў ня змог прычыніць зло іхняму Ісусу? Можа таму, што гэтыя раз’юшаныя людзі прыпыніліся, апамяталіся і усароміліся, калі бачылі Ягоны спакойны і добры погляд? Можа быць.
Ён жа ішоў падарозе, разумеючы тое, што ўжо ніколі ня будзе прапаведаваць у гэтай сынагозе і ніколі болей ня прыйдзе ў Назарэт. Ісус ішоў сярод даліны, дзе Ён гуляў у дзяцінстве, дзе працаваў у юнацкія часы і думаў пра тое, што Ён ідзе адзін і не адзін сябар Ягонага юнацтва не суправадзіў Яго з жалем і засмучэньнем. Такая вось праўда жыцьця, але Ісус ішоў у Капернаум, дзе Яго чакалі сапраўдныя сябры – Ягоныя вучні і з гэтага часу Ягоны дом быў ужо канчаткова ў Капернауме, на ветлівых водах Галілейскага мора.
Капернаум сустрэў Ісуса прыемным блакітам Галілейскага мора ціхім плёскатам невялікіх хваляў, якія набягалі на бераг і вярталіся назад, каб зноў набегчы на бераг. Ісус прыпыніўся на знаёмым месцы берагу, дзе Ён часта маліўся ў ранішні час, каб абдумаць Свае далейшыя дзеяньні і адпачыць ад пераходу з Назарэта. Ісус з пяшчотаю глядзеў на марскую далю, дзе соваліся ветразі рыбакоў, з прыемнасьцю адчуваючы лёгкі ветрык, які прыносіў Яму прыемнае вітаньне ад мора.
Паўднёвае сонца шчодра аддавала сваё цяпло і ў сукупнасьці з прахалодай мора, гэты адпачынак, як напэўна і іншы адпачынак зморанага путніка, у той ці іншай ступені, выклікаў прыбытак сілаў, каб ісьці далей, у гэтае жыцьцё. Ісус вырашыў наведаць адразу Зэбедэя, бо ягоная майстэрня знаходзілася зусім непадалёку, тым больш што Ісус ужо знудзіўся па вытворчасьці, якую Ён добра ведаў, бо аддаў нямала Свайго часу гэтаму прадпрыемству.
Прыход Ісуса да Зэбедэя азначаў яшчэ і тое, што Ягоныя вучні адразу ж даведаюцца пра тое, што іхні Настаўнік ужо тут, а таму назаўтра яны прыйдуць да Ісуса. Дома сустракалі Ісуса Маці і Рут, а смачная вячэра прадугледжвала і дабры адпачынак.
Ранак, як заўсёды, сустрэў Ісуса на беразе мора, дзе Ён маліўся да Айца, просячы дабраславеньня на далейшыя дзеяньні разам з Ягонымі вучнямі. Вяртаючыся да дому Ён заўважыў Рут, якая ўжо працавала, даглядаючы свае цудоўныя кветкі і нявольна залюбаваўся грацыёзнасьцю Сваёй сястры.
Рут ветліва вітала Ісуса, запрасіўшы Яго да сняданку і яны пайшлі ў дом, дзе іх ужо чакала маці, накрываючы на стол розныя смачныя стравы. Ісус распавёў маці пра пра іхніх родных у Назарэце, пра іхні дом, пра справы, якія вялі браты Ісуса, але Ён нічога не сказаў пра падзеі ў сынагозе, каб нічым не хваляваць маці. Пасьля сьняданку Ён выйшаў з дому, каб паглядзець на цудоўны сад сястры Рут, але гэта не атрымалася, бо, каля дому, Яго ўжо чакалі вучні, вітаючы свайго Настаўніка. Павітаўшыся з імі, Ісус прапанаваў вучням пайсьці на бераг мора, каб распрацаваць план далейшых іхніх дзеяньняў.
Ад аўтара:
Ісус у сынагозе Назарэту. Якое ж нашае ўяўленьне пра сынагогу, дзе прапаведаваў Ісус? Увогуле сынагогі складаліся з адной чатырахвугольнай залі і порцікам з калонаў грэцкай архітэктуры. Самы дальні бок быў, ад часоў Саламона, накірованы да Ерусаліму, які і называўся «кіблег», што азначала сьвяты накірунак. Розныя месцы мелі і розныя будынкі, у сэнсе памераў і аздабленьня. З аднога боку ад уваходу знаходзіліся месцы для мужчынаў, а на процілеглым баку, за рашоткай, былі месцы для жанчынаў, якія закручваліся ў шырокі покрыў.
У тым баку, які глядзеў на Ерусалім, знаходзіўся «тэбах» ці каўчэг, з размалёванага дрэва, дзе захоўвалася Сьвятое Пісаньне, а крыху збоку знаходзілася ўзвышанае месца «біма» для чытальніка ці прапаведніка. З іншага боку, на некаторым ўзвышэньні, сядзелі старэйшыні сынагогі, а крыху вышэй сядзеў начальнік сынагогі «Рош-гак-кэнэзэф». Усе яны сядзелі пад каўчэгам і тварам да сходу. Самая сынагога, у старажытнасьці, мела назву «Бэф Тэфілаг» - дом малітвы, а ў часы Ісуса Хрыста сынагога мела назву «Бэф Кэнэзэф» - дом сходу. Такой была і сынагога ў Назарэце, дзе не знайшлося месца прароку у сваёй бацькаўшчыне.
Але, вось зараз, Ісус у Капернауме пачынае новы этап Свайго служэньня. Будзем жа і мы побач з Ісусам, гледзячы на тое, як усё будзе працягвацца.
Свидетельство о публикации №226063000117
