VII. Служение в Капернауме
Павітаўшыся з імі, Ісус прапанаваў вучням пайсьці на бераг мора, каб распрацаваць план далейшых іхніх дзеяньняў. Лёгкі марскі брыз, абдымаючы сяброў, даваў пэўную прахалоду, пераадольваючы сьпякоту, якую прыносіла ўсё вышэй узыходзячае сонца. Ціхі плёскат невялікіх хваляў дадаваў да гэтага нейкі супакой і добры повад да разважлівасьці.
Ісус расказаў вучням усё тое, што адбылося з Ім у Кане і Назарэце. Але гэта ўжо ўсё у мінулым, а ім, усім разам, трэба вызначыць план сваіх дзеяньняў, як мінімум, на месяц. Ісус, папрасіў вучняў першымі выказаць свае думкі на гэты конт. Першым выклікаўся нешта прапанаваць Сымон і, як гэта адчуў Ісус, гэтая думка зьяўлялася калектыўным рашэньнем. Справа ў тым, што цешча Сымона, аздароўленая Ісусам, паходзіла з Капернаума, а зараз жыла ў Бэтсайдзе, у доме Пятра. У Капернауме ж застаўся невялікі дом, у якім, па меры неабходнасьці, пражывалі Андрэй і Сымон. Яны ж і прапанавалі гэты дом для агульнага служэньня, а нават і для адпачынку.
Ісус з задавальненьнем падтрымаў гэтую прапанову, бо наяўнасьць уладкаванага месца для збору і вучэньня – гэта азначае большую арганізаванасьць, а значыць і большую выніковасьць іхняга агульнага служэньня. Ісус прапанаваў усім неадкладна пайсьці да гэтага дому, каб сумеснымі намаганьнямі прывесьці яго ў належны стан так, як гэта бачыў Ісус- вельмі патрабавальны да хатняй чысьціні ды ўтульнасьці.
Сябры пагадзіліся з гэтым і рэшта гэтага дня, а таксама і наступны дзень прайшлі ў напружанай, але жаданай працы, калі дом быў цалкам падгатаваным для далейшага служэньня. Сябры дамовіліся пра тое, што яны сустрэнуцца тут праз два дні, а заўтрашні і пазазаўтрашні дзень усе яны правядуць у сваіх сем’ях, каб выканаць, кожны свае, гаспадарчыя патрэбы.
Ісус правёў гэтыя дні дома займаючыся, як і Ягоныя вучні гаспадарчымі справамі. Ён майстраваў драўляныя прылады для хатняга спажываньня, а таксама дапамагаў Рут у садзе каля дому, распавядаючы сястры пра Італію і сталіцу сьвету – Рым. Так, у працы і размовах, прайшлі гэтыя дні.
Ісус пачынаў кожны дзень вельмі рана на пустэльным месцы каля Галілейскага мора, каб памаліцца Айцу і падзякаваць Яго за гэты новы дзень, які надае Яму новыя сілы на новае служэньне. Маці Марыя не магла нарадавацца прысутнасьці Ісуса, Які напаўняў іхні дом радасьцю ды супакоем. Рут не адыходзіла ўвесь гэты час ад Ісуса, атрымліваючы ад Яго адказы на ўсе пытаньні, якія зыходзілі ад гэтай цудоўнай дзяўчыны. Час бяжыць вельмі хутка і вось настаў той ранак, калі вучні ўжо сядзелі ў іхнім доме, чакаючы Настаўніка Ісуса. Прыйшла да іх і Марыя з Магдалы, бо вучні паслалі ёй вестку праз знаёмага, які прыходзіў у Магдалу па сваіх справах.
Прывітаўшы ўсіх Ісус сеў на месца перад усімі, каб пачаць іхняе першае служэньне. Узнёсшы хвалу Богу, Ісус адзначыў тое, што ў суботу, якая будзе праз дзень, Ён будзе вучыць у сынагозе, а зараз, у гэтыя дні, Ён будзе настаўляць іх, Сваіх вучняў у Пісаньнях, якія казалі пра будучага Мэсію, а таксама адказваць на пытаньні вучняў. Такім чынам і прайшлі гэтыя два дні. Увечары вучні, як і Ісус, разыходзіліся па сваіх дамах, а тут, на правах гаспадыні, заставалася Марыя з Магдалы, каб падтрымліваць чысьціню і што-нішто гатаваць для прысутных у доме.
Субота сустрэла сяброў у сынагозе, якая была ўжо амаль што запоўненай, калі Ісус уваходзіў у залю. Ён адчуваў на Сабе ўважлівыя погляды людзей, які ўжо ведалі пра цуды, якія Ён ужо пасьпеў стварыць. Яны і чакалі Ягонага вучэньня, калі падыйшоў час да тлумачэньня. Ісус, ўзяўшы сьвітак, прачытаў з Ісаі і пачаў тлумачыць напісанае. Вучэньне Ісуса не было смутным ці застылым у вядомых формулах, але было такім, у якім перадаюцца жывыя думкі паламяным словам – вучэньне, у якім сэрца казала сэрцу.
Ён казаў Сваю высокую пропаведзь і ўвесь сход простага, але веруючага ды цямлівага народу слухаў Яго з немалым захапленьнем і пачцівым зьдзіўленьнем. Ісус зрабіў паўзу, адчуўшы поўную цішыню залі, калі гэтую цішыню разарваў дзікі крык: «Аёй! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы». Адразу ж, усё зразумеўшы, Ісус падыйшоў да гэтага чалавека і загадаў духу нячыстага дэмана: «Змоўкні і выйдзі з яго!»
Супакой, дабрыня і сіла боскага загаду была непераадольнай і з гэтага ашалелы ўпаў на падлогу ў жахлівым прыпадку, з крыкамі і канвульсіямі, але хутка супакоіўся і падняўся на свае ногі здаровым чалавекам. Ягоны погляд, ягоны зварот да іншых яўна паказвалі на тое, што гэты чалавек пазбавіўся ўплыву сілы злосьці, зноў атрымаўшы розум. Прысутных жа ахапіў непадробны страх і яны казалі паміж сабою: «Што гэта за слова такое, што з уладаю і моцаю Ён загадвае духам нячыстым, і яны выходзяць?»
Людзі выходзілі з сынагогі ўражанымі настолькі, што чуткі пра гэтае аздараўленьне адразу ж выйшлі па ўсіх вакалічных месцах Капернауму. Ісус жа з вучнямі пайшлі ў свой дом, дзе Ён працягнуў Сваю пропаведзь, адказваючы на шматлікія пытаньні.
Калі ж настаў вечар і зайшло сонца, да дому падыйшоў невялікі натоўп, які прывёў з сабою хворых людзей, а таксама і апанаванага дэманам. Ісус выйшаў у суправаджэньні вучняў і, усклаўшы руку на кожнага з іх, аздаравіў кожнага хворага. У тым ліку і апанаванага, забараніўшы дэману казаць пра тое, што Ён - Хрыстос і Сын Божы. Калі ж людзі разыйшліся, разыйшліся і яны, дамовіўшыся сабрацца тут праз два дні. Засталася ў доме толькі Марыя з Магдалы, як прызначаная гаспадыня для нагляду за домам.
Наступныя дні Ісус правёў у майстэрні Зэбедэя, з якім Ён дамовіўся на працу ў любы вольны час, каб падтрымаць матэрыяльна маці і сястру Рут. Ісус радаваўся гэтай магчымасьці, бо Яму вельмі падабалася тое, што Ён рабіў тут. Радаваліся і шматлікія працаўнікі майстэрні, бо з імі працаваў сам Настаўнік, Якога ведалі ў майстэрні ўсе. Больш таго, яны ведалі і пра тыя цуды, якія былі створаныя Ісусам. Ісус жа, выкарыстоўваў кожны перапынак, каб прапаведаваць гэтым людзям Божае Валадарства.
Але і гэта яшчэ ня ўсё, бо, па сканчэньню дзённай працы, Яго чакалі ўжо людзі, з розных мясьцінаў Галілейскага мора, каб паслухаць гэтага новага прарока, а таксама і прасіць аздаравіць некаторых з іх. Ісус аздараўліваў гэтых хворых і, адказваючы на іхнія пытаньні, прапаведаваў пра любоў да іх Айца. Сонца ўжо заходзіла і дзень саступаў свае правы ночы, калі Ісус прыйшоў дадому, дзе Яго чакалі Ягоныя родныя. Смачная вячэра, цёплая размова з маці і Рут, хатняя ўтульнасьць – усё гэта разьмяшчала да супакою і да начнога адпачынку.
Усход ранішняга сонца сустрэў Ісуса каля мора, дзе Ён, звычайна, размаўляў з Айцом, умацоўваючыся ў Сваім служэньні. Дома Яго чакаў сьняданак, а потым Ён павінен будзе быць у іхнім доме сходу, дзе, напэўна, Яго ўжо чакалі вучні.
Ісус не пасьпеў яшчэ падняцца на Свае ногі, калі да Яго падыйшоў невялікі натоўп з ваколіцаў Капернауму. Гэтыя людзі прывялі з сабою хворага юнака, які меў, ад нараджэньня сухую правую руку. Ісус, падыйшоўшы да хворага, запытаўся ў юнака пра тое ці верыць той у сваё аздараўленьне. Засмучаны юнак толькі змог згодна кіўнуць галавою, калі Ісус дакрануўся да хворай рукі і сказаў: «Па веры тваёй будзе здаровай рука твая». І вось, на вачах у зьдзіўленых людзей, рука юнака, на вачах ўсіх, ператварылася ў здаровую руку чалавека. Радасьці рдных гэтага юнака не было межаў і людзі, якія прыйшлі сюды, затрымлівалі Ісуса, але Ён сказаў ім: «І ў іншых гарадах Я мушу дабравесьціць Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы».
Пасьля хатняга сьняданку, Ісус пайшоў да Сваіх вучняў, якія ўжо чакалі Яго. Зайшоўшы ў дом, Ісус, павітаўшыя з усімі, заўважыў тое, што сярод вучняў сядзелі ня меньш за дзесяць чалавек, якія прыйшлі паслухаць Ісуса. Ён не сустракаўся асабіста з гэтымі людзьмі, але, на зьдзіўленьне ўсіх, Ісус павітаўся з кожным з іх, называючы іх па імяні.
Рэшту дня яны правялі ў вучэньні Ісуса, а таксама ў планаваньні свайго часу, уключаючы і час суботні. Было вырашана тое, што яны пойдуць у сваю першую вандроўку на некалькі дзён у Бэтсайду і Харазін, каб правесьці служэньне ў сынагозе Харазіна.
Праз дзень, калі сонца ўжо падымалася з усходу, Ісус, у суправаджэньні вучняў і тых, хто прыяднаўся да іх, пайшоў у бок Бэтсайды, дзе павінны былі прыяднацца яшчэ некалькі вучняў. Яны ішлі па дарозе ўздоўж берагу мора, калі, дасягнуўшы ўскраіны Бэтсайды, яны ўбачылі братоў Андрэя і Сымона, якія мылі сеткі пасьля няўдалага лову. Ісус вырашыў затрымацца тут на некаторы час, каб адпачыць ды нечым дапамагчы братам рыбаловам.
Але не прайшло і паўгадзіны, калі каля іх сабраўся даволі такі вялікі натоўп, каб паслухаць Слова Божае ад Ісуса. На вадзе, уткнуўшыся ў бераг, знаходзіўся човен Сымона, у які і ўвайшоў Ісус. Ён папрасіў Сымона адпіхнуць човен у ваду, каб быць перад натоўпам і бачыць усіх. Ісус казаў ім пра Божае Валадарства і пра любоў Бога да ўсіх іх і калі Ён скончыў Сваю пропаведзь, дык зьвярнуўся да Сымона: «Адплыві на глыбіню і закіньце сеці вашы дзеля лову».
Засмучаны Сымон не паверыў у посьпех гэтага, але, дзеля павагі, адказаў Ісусу: «Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але паводле слова Твайго закіну сеці». Не прайшло шмат часу, калі сетка напоўнілася рыбай, а гэта рука рыбака вызнае безпамылкова. З вялікай цяжкасьцю Сымон, з дапамогаю Андрэя, выцягнуў сетку, якая была запоўненая рыбай настолькі, што запоўніла ўвесь рыбацкі човен.
Яны з цяжкасьцю падгрэблі да берагу і тут ўжо дапамагалі выцягваць сетку сябры і вучні Ісуса. Калі рыба была ўжо на беразе, Сымон, нечакана ўпаў да каленаў Ісуса, кажучы: «Выйдзі ад мяне, Госпадзе, бо я — чалавек грэшны». Прысутныя зьдзіўлена глядзелі на Сымона, мала што разумеючы, але Ісус бачыў у ім крык, уласьцівы толькі ўзвышаным ды высакародным сэрцам, а таму адказаў Сымону: «Ня бойся, ад цяпер будзеш лаўцом чалавекаў».
Ісус глядзеў на гэтую вялікую колькасьць бліскучай на сонцы, але гатовай да сьмерці рыбы і ў гэтый жа час заклікаў Сваіх вучняў на высокую справу, на ўлоў у эвангельскую сетку людзей, але не для сьмерці, а дзеля збаўленьня. Гэтага канчатковага закліку было дастаткова, каб сам Сымон, ягоны брат і ўсе астатнія вучні сталіся лаўцамі людзей. Зараз жа яны, ўсе разам, пагрузілі рыбу ў кашы і занесьлі ўсё гэта ў дом Сымона, дзе хатнія братоў прынялі ўлоў, каб належным чынам падгатавацца да заўтрашняга ранку, калі прыйдуць з усёй акругі пакупнікі.
Ісус жа, па запрашэньню Сымона і Андрэя, пагадзіўся застацца тут на адпачынак да ранку. Сонца ўжо схілялася да захаду, калі ўся група вандроўнікаў разьмясьцілася ў садзе побач дома Сымона, дзе Ісус працягнуў тэму Сваёй пропаведзі на беразе мора. Смачная вячэра добры адпачынак чакалі сяброў у доме Сымона, каб зранку працягнуць сваю вандроўку.
Ранак сабраў сяброў у садзе, дзе яны, разам з Ісусам, маліліся ранішняй малітвай. Пасьля сьняданку яны, у добрым настроі, накіраваліся ў далейшы шлях. Шлях жа іхні пралягаў па дарожцы на правым беразе Ярдана, якая пачыналася пры ўпадзеньні Ярдана ў Галілейскае мора. Падымаючыся ўверх па плыні ракі, яны зачаравана глядзелі на блакітную водную стужку, якая, невялікай зьвілістасьцю, не магла ня радаваць вока вандроўніка.
Наперадзе адкрылася ім невялікая вёска, дзе яны і вырашылі супыніцца на адпачынак. Некалькі дзясяткаў дамоў з плоскімі дахамі, квітнеючыя ўжо сялянскія палеткі і дабразычлівыя людзі сустрэлі іх, калі вандроўнікі разьмясьціліся табарам у ваколіцы каля Ярдана.
Паўдзённае сонца адорвала вандроўнікаў сваім цяплом, калі да іх падыйшлі з дзясятка два мясцовых жыхароў вітаючы Ісуса і Ягоных вучняў, бо зьвесткі пра дзеі ды цуды Ісуса былі ўжо вядомымі тут. Яны жадалі скарыстацца гэтай магчымасьцю і паслухаць гэтага новага Прарока.
Ісус запрасіў іх разьмясьціцца каля іх і, пасьля гэтага, пачаў прапаведаваць Божае Валадарства, дзе пануе Божая любоў да ўсіх людзей у гэтым сьвеце. У поўнай цішыні Ісус скончыў Сваю пропаведзь. Яшчэ некалькі хвілінаў працягвалася гэтая цішыня, якая не нарадзіла ніякіх пытаньняў, бо сялянская асьцярожнасьць патрабавала стрыманасьці і абмяркаваньня гэтых пытаньняў, як мінімум, паміж сабою.
Падзякаваўшы і разьвітаўшыся, сяляне пайшлі ў паселішча, а вандроўнікі, пад кіраўніцтвам Ісуса, пайшлі далей – уверх па плыні Ярдана. Гадзіны праз тры яны дасягнулі мосту праз Ярдан, па якому праходзіў шлях на Дамаск і па якому ня так даўно праходзіў Ісус ад Дамаску да Капернауму. Сонца ўжо схілялася на захад і яны вырашылі застацца тут на ноч. Прыдарожная карчма прыняла іх і яны разьмясьціліся на пастаялым двары карчмы. Тут заўсёды было людна, бо падарожнікі, якія ішлі ў бок Дамаску і наадварот, мелі патрэбу да адпачынку.
Вандроўнікі павячэралі ў карчме, а потым разьмясьціліся на вольным месцы пастаялага двара. Яшчэ было сьветла, калі некалькі чалавек з падарожнікаў пазналі Ісуса і Ягоных вучняў. Вестка гэтая хутка абляцела ўсіх прысутных і ўжо хутка калі іх сабраўся немаленькі натоўп, каб паслухаць Ісуса.
Ісус пачаў казаць прысутным будучае Божае Валадарства, калі да іх падыйшоў нейкі чалавек і, пазнаўшы Ісуса, кінуўся перад ім на аблічча і заклікаў да Яго пра сваё аздараўленьне. Гэты чалавек быў цалкам закручаны ў сваё адзеньне, бо быў увесь у праказе.
Ён упаў перад Ісусам, молячы Яго: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць». Усе прысутныя ўздрыгнуліся жахам ад таго, што Ісус хоча дакрануцца да гэтага пракажонага, але Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны». І адразу праказа зыйшла з яго.
Натоўп, у захопленым зьдзіўленьні і ў поўнай цішыні, пачуў Ісуса, Які загадаў гэтаму чалавеку нікому пра гэтае не казаць, але пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім. Аздароўлены чалавек, адкрыўшы твар свой, не пайшоў ад іх адразу, але застаўся, каб паслухаць Ісуса, Які працягнуў перарваную пропаведзь.
Назаўтра, пасьля адпачынаку, вандроўнікі адвярнулі ад Ярдана і пайшлі па шляху ў бок Харазіна. Яны нясьпешна ішлі па прыгожаму Капернаумскаму шляху сярод зялёных сялянскіх палеткаў, калі Ісус адказваў вучням на іхнія пытаньні пра мінулае вандраваньне Ісуса на абшарах Рымскай імперыі. Яны ўжо некалькі разоў прыпыняліся на кароткі адпачынак і заўсёды да іх падыходзілі людзі, каб павітаць гэтую прапаведніцкую групу і паслухаць новага прарока.
Сонца перайшло ўжо за поўдзень, калі здалёк паказаўся Харазін. Сябры прыпыніліся на ўскрайку, калі Сымон, які вельмі добра ведаў гэты горад, а таксама і ягоны сусед Філіп, які выклікаўся ісьці ў горад разам з Сымонам. Яны пайшлі ў горад, каб знайсьці месца для адпачынку, бо наступны, суботні дзень, меўся быць служэньнем у мясцовай сынагозе.
Не прайшло і гадзіны, калі вярнуліся да сяброў Сымон і Філіп з весткай пра тое, што іх усіх, з радасьцю, гатовы прыняць іхні сябар з дзяцінства, у якога, дзеля гэтага, былі неблагія ўмовы. Тамаш, так звалі гэтага чалавека, ветліва сустрэў гасьцей і прапанаваў ім разьмясьціцца ў гасьцявым доміку ды запрасіў іх на вячэру, якая адбудзецца праз адну гадзіну ў садзе каля дому.
Гэты Тамаш меў дваццаць дзевяць гадоў, быў жанатым і меў чатырох дзяцей. Ён сябраваў з братамі Андрэем і Сымонам, займаючыся рыбацкай справаю, таксама дзякуючы гэтаму сяброўству. З маладосьці ён пераспрабаваў розныя прафесіі, але, дзякуючы братам, прыяднаўся да рыбацкай справы, як канчатковай ступені свайго прафесыйнага выбару.
Тамаша ў горадзе ведалі ўсе, бо ён вызначаўся лагічным і скептычным складам розуму, але ягоная адважная адданасьць не дазваляла суграмадзянам лічыць яго банальным скептыкам. Выхаваньне Тамаша праходзіла, як і ўсіх іншых, у школе пры мясцовай сынагогі, але ўсе пагаджаліся з тым, што Тамаш меў неблагія аналітычныя здольнасьці, а з гэтым і здольнасьці арганізацыйныя.
Але і ня толькі, бо ўсе вызначалі ягоную мужнасьць і ягоную шчырасьць. Усё гэта ўжо ведаў і бачыў Ісус, калі яны разьмяшчаліся і гатаваліся да вячэры. Тамаш спадабаўся Ісусу і, пад час вячэры, Ісус зьвярнуўся да Тамаша з прапановай ісьці за Ім, разам з астатнімі вучнямі. Тамаш, не задумваючы пагадзіўся. Ды і як не пагадзіцца, калі сярод іх знаходзяцца ягоныя сябры, якіх ён паважаў і якія станоўча паўплывалі на ягонае жыцьцё. Бяседа ў садзе каля дома зацягнулася да цямна, у якой самым актыўным субяседнікам і стаўся Тамаш. Пасьля ж агульнай малітвы прысутныя адыйшлі на адпачынак, каб сустрэць ранак у добрым настроі.
Усходняе сонца дасылала свае першыя прамені, калі Ісус ціхенька выйшаў у сад, каб сам на сам зьвярнуцца ў малітве да Айца, каб даць Яму дабраславеньня на гэты дзень. Ісус яшчэ ня скончыў малітву, калі да Яго прыяднаўся Тамаш ў малітве да Бога. Вучні, прачнуўшыся, выйшлі з дому і ўбачылі Ісуса і Тамаша, які, з сур’ёзным тварам, нешта казаў Ісусу, а Ісус, вельмі ветліва і дэлікатна, адказваў Свайму новаму вучню і сябру.
Убачыўшы сяброў і павітаўшыся з імі, Тамаш пайшоў у дом, каб паклапаціцца за сьняданак, а астатнія вучні, пасеўшы вакол Ісуса, пацікавіліся ў Яго пра тэму будучай пропаведзі сёняшняга служэньня ў сынагозе. Валадарства Божае – вось тэма сёняшняй суботняй пропаведзі. Пасьля ж смачнага сьняданку, уся група Ісуса, у суправаджэньні сям’і Тамаша, накіравалася да сынагогі Харазіна.
Служэньне праходзіла як звычайна гэта адбывалася ў любой гебрайскай сынагогі і, як гэта і адбываецца звычайна, Ісуса запрасілі наперад, каб тлумачыць пэўныя вытрымкі з Пісаньня. Ісус, узяўшы ў рукі сьвітак Псальмаў, прачытаў: «Штодня буду дабраслаўляць Цябе і буду хваліць імя Тваё на вякі і вечна. Вялікі ГОСПАД і годны хвалы, і веліч Ягоная недасьледная. Пакаленьне пакаленьню будзе хваліць творы Твае і пра магутнасьць Тваю будзе апавядаць. Пра слаўную годнасьць велічнасьці Тваёй і пра цудоўныя дзеі Твае буду разважаць. Пра магутнасьць дзеяньняў страшных Тваіх няхай гавораць яны; а я пра веліч Тваю буду абвяшчаць. Успаміны пра вялікую добрасьць Тваю яны будуць пераказваць і весяліцца дзеля праведнасьці Тваёй. Літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, павольны да гневу і вельмі міласэрны. Добры ГОСПАД да ўсіх, і літасьць Ягоная — па-над усе справы Ягоныя. Няхай славяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, усе творы Твае, і багабойныя Твае няхай дабраслаўляюць Цябе! Пра славу Валадарства Твайго няхай гавораць яны і пра магутнасьць Тваю расказваюць, каб даведаліся сыны чалавечыя пра магутнасьць Ягоную і пра славу велічнасьці Валадарства Ягонага. Валадарства Тваё — валадарства на ўсе вякі, і панаваньне Тваё — у-ва ўсіх пакаленьнях».
Скончыўшы чытаць, Ісус прамовіў да прысутных: «Я прыйшоў дзеля таго, каб абвесьціць усталяваньне Валадарства Айца. І гэтае Валадарства будзе аб’ядноўваць, пакланяючыя Яму душы юдэяў і паганаў, багатых і бедных, вольных і нявольных, таму што Мой Айцец любіць усіх людзей. Ягоная любоў і Ягоная міласэрнасьць распаўсюджваюцца на ўсіх. Дух Майго Айца зацьвердзіць вас у будучым Валадарстве духоўнага разуменьня і боскай праведнасьці. Валадарства Маё не ад гэтага сьвету. Сын Чалавечы не павядзе войскі на бітву дзеля ўсталяваньня пасаду ўлады ці валадарства славы гэтага сьвету. Калі прыйдзе Маё Валадарства, вы спазнаеце Сына Чалавечага, як раскрыцьцё вечнага Айца. Людзі гэтага сьвету змагаюцца за ўсталяваньне валадарстваў сьвету, але Мае вучні ўвойдуць у Валадарства нябеснае шляхам маральных рашэньняў і духоўных перамогаў, а калі ўвойдуць у яго, яны набудуць радасьць, праведнасьць і вечнае жыцьцьцё. Не давайце ж сябе падмануць, калі нехта прыйдзе і скажа: “Вось валадарства”, бо Валадарства Маё ня ёсьць бачным і ня ёсьць матэрыяльным. Валадарства гэтае ўжо зараз сярод вас, бо дзе Дух Божы вучыць і вядзе сэрца чалавека, там сапраўды і ёсьць Валадарства нябеснае. Валадарства Божае ёсьць праведнасьць, мір і радасьць у Сьвятым Духе. Ян хрысьціў вас дзеля пакаяньня і адпушчэньня грахоў, калі ж увойдзеце ў Валадарства Божае, будзе вам хрост ад Духа Сьвятога. Валадарства Божае падобнае зярняці, якое прарастае ў добрай зямлі. Але не адразу дае яно сьпелы плод. Патрэбны пэўны час, паперш чым зерне Валадарства, пасеянае ў сэрцы чалавека, прынясе сьпелы плод сьвятасьці, праведнасьці і вечнага збаўленьня. Я прыйшоў прапаведаваць вестку пра Божае Валадарства, але ня дзеля таго, каб даць новы цяжар тым, хто жадае туды ўвайсьці. Я абвяшчаю новы і лепшы шлях і тыя, хто прыме гэты шлях, набудуць Божы супакой. Я прыйшоў абвесціць веру – дар Божы – веру ў тое, што Бог любіць вас бясконцай любоўю і гэтага дастаткова, каб прыняць Божае Валадарства».
Ісус скончыў Сваю пропаведзь і сеў на Сваё месца ў поўнай цішыні. Ягоныя словы ўзрушылі ўсіх, у тым ліку і вучняў. Ісус уважліва глядзеў на прысутных і добра бачыў тое, што большасьць з іх не былі гатовымі да прыняцьця Ягонай весткі. Некаторая частка юдэяў паверыла ў гэта, хаця далёка ня ўсё ім было зразумелым. Частка прысутных не былі гатовымі прыняць словы Ісуса пра духоўнае ўяўленьне Божага Валадарства, а астатняя частка прысутных наогул нічога не зразумела, а таму зрабіла выснову пра тое, што Ісус «не ў сваім розуме».
Людзі разыходзіліся ў вялікім задуменьні, бо сказанае Ісусам было нечаканым адкрыцьцём, а таму патрабавала асэнсаваньня ды вызначэньня сваёй пазіцыі адносна пачутага. Ісус жа з вучнямі, пасьля служэньня, разьвітаўшыся з Тамашам і дамовіўшыся на сустрэчу ў Капернауме праз тры дні, пайшлі ў бок Бэтсаіды, абмяркоўваючы пропаведзь Ісуса ў сынагозе.
Бэтсаіда сустрэла іх суботнім супакоем і сябры, разьвітаўшыся з Андрэем і Сымонам, пайшлі далей, у напрамку Капернаума. Капернаум, як і Бэтсаіда, як і іншыя гебрайскія паселішчы, захоўваў суботні супакой, а таму вуліцы горада былі бязьлюднымі. Сябры зайшлі ў іхні агульны дом, дзе іх сустрэла Марыя з Магдалы чысьцінёй дома і суботнім пачастункам. Сябры дамовіліся сустрэцца тут праз тры дні, каб кожны з іх прысьвяціў гэтыя дні сям’і ды гаспадарчым клопатам. З гэтым усе і разыйшліся па сваіх дамах. Пайшла ў Магдалу і Марыя, каб папрацаваць у сваёй гандлёвай лаўцы на рынкавай плошчы горада.
Ранак, як звычайна, сустрэў Ісуса на беразе мора, дзе Ён, у адзіноцтве, маліўся да Айца. Сонца ўжо ўсходзіла з усходу, калі Ісус пасьпяшаўся да дому, дзе Яго ўжо чакаў сняданак, каб ісьці ў майстэрню Зэбедэя, каб гэтыя тры дні, працуючы, зарабіць грошы для падтрымцы сям’і. Ісус з задавальненьнем працаваў у майстэрні, тым больш, што многія тэхналагічныя працэсы апрацоўцы дрэва для корпусу лодак былі ўкаранёнымі менавіта Ім.
Пад час абедзенага перапынку, каля Яго сабраліся працаўнікі майстэрні, задаючы пытаньні, адносна ўчорашняй пропаведзі ў Харазіне, бо весткі на ўсходзе распаўсюджваюцца вельмі хутка. Ісус гэта добра ведаў і таму гэтаму ніяк не зьдзівіўся, а таму Ён пачаў тлумачыць, у скарочаным выглядзе, Свае словы пра Божае Валадарства. Так і праходзілі гэтыя тры дні, калі ўвесь вольны час, акрамя часу працы ў майстэрні, Ісус прапаведаваў Божае Валадарства немалой колькасьці людзей, якія прыходзілі з розных ваколіцаў Капернаума, каб паслухаць Ісуса.
Да Яго прыводзілі і хворых дзеля аздараўленьня, якіх Ісус, цёпла прымаючы, аздараўляў. Ён памятаў і пра хатнія справы, а таму працягваў цясьлярскія справы па ўпарадкаваньні хатняга быту Сваёй сям’і. Ісус з задавальненьнем дапамагаў Рут у садзе, атрымліваючы вялікую асалоду ад той рознакаляровай кветкавай прыгажосьці, якая выходзіла з пад рук сястры Рут.
Пасьля ранішняй малітвы і сьняданку Ісус пайшоў да вучняў, якія ўжо чакалі Яго ў іхнім доме. Ён быў прыемна зьдзіўленым, калі ўбачыў тое, што акрамя вучняў тут было і шмат іншых людзей, якія чакалі Ягонага слова. Ісус, прыяднаўшыся да прысутных і ўважліва паглядзеўшы на іх, зразумеў тое, што іх цікавіла і што турбавала. А турбавалі іх сродкі, дзякуючы якім можна дасягнуць Божага Валадарства.
Ісус, вытрымаўшы паўзу, зьвярнуўся да прысутных з тлумачэньнем таго, што патрэбна для дасягненьня Божага Валадарства. Добрыя ўчынкі, як вучылі гебраі ад Майсея ці зьмену сьвядомасьці праз веру? Сьвядомасьць праз веру, бо вера зьяўляецца адзінай умовай для прыняцьця Валадарства Айца. Ян вучыў іх пакаяньню, як уцёкі ад будучага гневу, але як глядзіць на гэта Ісус?
Ісус жа, зьвярнуўшыся да іх, прамовіў: «Вера – гэта адчыненая дзьвер для ўступленьня ў сучасную, дасканалую і вечную любоў Бога». Прысутныя бачылі тое, што Ісус не казаў як прарок, які прыходзіць дзеля абвяшчэньня слова Божага, але яны адчувалі тое, што Ён кажа ад сябе, маючы на тое ўладу. Ісус жа, зьвяртаючыся да іх, імкнуўся адвярнуць іхні розум ад смагі цудаў, але зьвярнуць увагу да пошуку сапраўднага пачуцьця і ўпэўненасьці, якія нараджаюцца ў чалавеку Божым Духам: любові і збаўляльнай Божай ласцы.
Вучні, уважліва назіраючы за Настаўнікам, убачылі тое, што Ён, з вялікім спачуваньнем і павагаю, ставіцца да кожнага чалавека, з якім Ён сустракаецца, і гэтыя паводзіны Ісуса вырабляла ў іх вялікае ўражаньне. Яны ўбачылі і тое, што не было для Ісуса больш важным, чым канкрэтны чалавек, які апынаўся побач Яго. Так і працягнулася гэтая сустрэча, калі яны дамовіліся зноў сустрэцца заўтра у гэткі ж жа час.
Пачатак наступнага дня не адрозьніваўся ад папярэдніх. Малітва ў адзіноце на беразе Галілейскага мора, сьняданак ад маці і Рут ды сустрэча з вучнямі ў іхнім агульным доме. Ідучы да вучняў, Ісус з прыемнасьцю ўяўляў, а нават і бачыў, ветлівыя твары і вочы, якія смагнулі Ягонага слова. Падыходзячы да дому, Ён, з зьдзіўленьнем, убачыў мноства людзей, які стаялі каля ўваходу, бо не змаглі разьмясьціцца ў памяшканьні. Праціскаючыся ўнутр, Ісус заўважыў сярод прысутных і фарысэяў з кніжнікамі, якія адрозьніваліся ад іншых сваім адзеньнем.
Сход пачаўся з агульнай малітвы, але не пасьпелі яны скончыць яе, калі зьверху, на даху, пачуўся нейкі незвычайны грукат і ашаломленыя прысутныя ўбачылі, як, разам з падаючым пылам, раскрываецца адтуліна ў страхе дома. І што гэта? Яны ўбачылі, як на вяроўках спускаецца на сярэдзіну ложак з нейкім спараліжаваным чалавекам.
Ісус моўчкі назіраў за ўсім гэтым, дзівячыся той веры людзей, якія прынесьлі сюды хворага чалавека. Супакоіўшы рукой замяшальніцтва прысутных, Ісус, устаўшы, сказаў, зьвяртаючыся да хворага: «Чалавеча! Адпускаюцца табе грахі твае» і паглядзеў, пры гэтым, у бок фарысэяў ды кніжнікаў, які шапталіся паміж сабою пра блюзьнерства, бо гэта ёсьць Божае дзеяньне. Ісус добра ведаючы сэнс гэта шэпту, сказаў да іх: «Што вы думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”? Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, — сказаў Ён спараліжаванаму. — “Кажу табе: устань і, узяўшы ложак твой, ідзі ў дом твой”».
Людзі, у захапленьні, глядзелі на спараліжаванага, які, на зьдзіўленьне ўсіх, даволі ўпэўнена падняўся і, славячы Бога, разам з ложкам, выйшаў з дому. Ісус жа паклікаў тых, хто разьбіраў страху, наказваючы адрамантаваць яе, а таксама, разам з Марыяй, навесьці чысьціню ўнутры дома. Сам жа Ісус, разам з прысутнымі, пайшоў на тое месца каля мора, дзе Ён звычайна маліўся.
Ісус паглядзеў на групу вучняў, якія прыйшлі за Ім, убачыўшы сярод іх ужо знаёмыя твары, якія Ён бачыў сярод іншых на іхніх зборах. Ён вітаў іх, назваўшы іх па імёнах: Барталамея, Якуба Алфеявага, Тадэвуша, Сымона Кананіта і Юду Іскарыёта, які прыйшоў з паўднёвых берагоў Ярдана. Пасьля сумеснай малітвы, Ісус сказаў вучням тое, што чакае іх заўтра зранку на прыгорку каля гораду. Зараз жа няхай усе разыйдуцца па сваіх справах ды клопатах. Ісус таксама пайшоў да дому, дзе чакалі Яго хатнія клопаты ды смачная ежа ад Сваіх любых хатніх жанчынаў. Калі ж сонца было ўжо далёка на захадзе, Ён выправіўся ў бок прыгорка Курн-Гацін, каб правесьці там ноч у адзіноцтве ды малітве.
Ад аўтара:
Ісус добра ведаў тое, што вучні не засвойваюць Ягонае вучэньне ў той меры, якую Ён жадаў бачыць. Хаця вучні і ўсьвядомілі некаторыя бакі Божага Валадарства, яны намагаліся зьвязваць новае вучэньне з тым вучэньнем, якое яны засвоілі ад юнацтва і дзе павінен быў адноўленым пасад Давіда ды і сам Ізраіль, у якасьці галоўнай дзяржавы гэтага сьвету. З гэтага і вызначылася тэма размовы на адной з сустрэчаў у іхнім доме сходаў.
Але трэба ісьці далей. Пойдзем за Ісусам далей і мы, будучы нябачнымі сьведкамі Ягонага служэньня.
Свидетельство о публикации №226070301841