VIII. Нагорная проповедь
Ёсьць нешта невыразна цудоўнае ў гэтым адзінотным часе. Поўнае маўчаньне ды цішыня, якая, раз ад разу, перарываецца крыкам начной птахі ці выцьцём дзікага зьвера. Зоркі неабсяжнага начнога неба, уражваючыя сваёй колькасьцю і чалавек, што адчувае ўсё гэтае хараство і які набірае з гэтага моц на далейшую працу ад чыстага паветра і нябёсаў, што адчыненыя пры гэтым напружаным і маўклівым зносінам з Айцом і Госпадам – усё гэта бачыцца карцінаю, поўнай добрага захапленьня ды бязьмежнага зачараваньня.
Курн-Гацін і быў такім прыгоркам каля Капернаума, дзе Чалавек Ісус маліўся да Айца, каб вызначыць Сваё далейшае служэньне.
Прыгорак Курн-Гацін быў адзіным прыгоркам у гэтай частцы Галілейскага мора. Ён быў падобным на ўсходняе сядло з дзьвума высокімі лукамі. З заходняга боку ён уздымаецца крыху вышэй за хвалюючаю зелянінай даліны, а з усходу апускаецца да берагу Галілейскага мора. Гэты прыгорак і быў прыстасаваным прыродай ня толькі дзеля асабістага непрацяглага адзіноцтва, але і дзеля таго, каб служыць прыродным памяшканьнем для натоўпу народа, які адшукваў Ісуса.
Менавіта сюды пайшоў увечары Ісус, каб асьвяжыцца чыстай вадою з невялікага ручая, а таксама паглядзець на драпежных птушак, што сяліліся і жылі у гэтым месцы. Але найбольш таго, Ён жадаў адкрыцьця ад Айца на Сваё далейшае служэньне. Першыя пробліскі сонца ўжо вызначалі сваю прысутнасьць з усходу, калі Ён пачуў знаёмыя галасы, якія набліжаліся да Яго. Гэта і былі тыя, якіх Ён і запрасіў да Сябе сёняшнім ранкам. Гэта, у большасьці, і былі, Ягоныя вучні, якія ня ведалі, ў дакладнасьці, пра далейшыя іхнія дзеі.
Ісус, сустрэўшы вучняў, зьвярнуўся да іх з тым, што Ён павінен вызначыць сярод іх дванадцаць бліжэйшых, якія б прынялі ад Яго вучэньне і праўду, каб несьці яе ўсяму астатняму сьвету. Ён і вызначыў гэтыя дванаццаць, каб былі з Ім і каб пасылаць іх для абвяшчэньня Ягонае праўды. Вось тыя, якіх Ён паклікаў: Сымона, даўшы яму імя Пётр, і Якуба Зэбядэявага, і Яна, брата Якуба, даўшы ім імя Боанэргес, што значыць “Сыны грому”, і Андрэя, і Філіпа, і Барталамея, і Мацьвея, і Тамаша, і Якуба Алфеявага, і Тадэвуша, і Сымона Кананіта, і Юду Іскарыёта.
Ісус назіраў на тую радасьць, якая была сярод вучняў і якія віншавалі адзін аднога, што сталіся афіцыйнымі ды бліжэйшымі вучнямі Ісуса. Яны пачалі разумець тое, што ўсе яны асобна і ўсе разам павінны былі прыняць на сябе абавязак быць побач з Настаўнікам заўсёды: харчавацца беднай ежай, мець прытулак пад невядомым дахам, у знойны дзень бадзёрыцца і спаць, як і Ён, пад зорным небам.
На ўсходзе як на ўсходзе. Вестка пра тое, што Ісус сустракае ноч на гэтым узгорке, разьляцелася імгненна па ўсёй акрузе, як нешта незвычайнае, а таму мноства людзей, зранку, пацягнуліся да прыгорку, у надзеі пачуць ці пабачыць нешта незвычайнае ад гэтага новага прарока. Вучні Ісуса зусім не чакалі такой навалы людзей, якія прыйшлі з усіх куткоў Галілеі. Але гэта сталася і Ісус, бачачы ўсё гэта, пачаў дзейнічаць, бо інакш і ня мог.
Ён сыйшоў з вяршыні, каб аздаравіць многіх з тых, хто меў у гэтым патрэбу, а потым запрасіў усіх уладкавацца на зялёным лузе і выслухаць Яго. Вытрымаўшы паўзу, калі прысутныя тут людзі разьмясьціліся на сваіх месцах і паглядзеўшы на Сваіх вучняў, пачаў Сваю пропаведзь:
«Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае. Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя. Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю. Шчасьлівыя тыя, што прагнуць і смагнуць праведнасьці, бо яны будуць насычаныя.
Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя. Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя. Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праведнасьць, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.
Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зьневажаць вас, і перасьледаваць, і казаць усякае злое слова хлусьліва. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая нагарода вашая ў небе; бо так перасьледавалі прарокаў, якія былі раней за вас. Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям.
Вы — сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме. Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе.
Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, аніводная ёта ці рыска не праміне з Закону, пакуль ня станецца ўсё. Вось жа, хто парушыць адно з гэтых найменшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым названы будзе ў Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе ў Валадарстве Нябесным.
Бо кажу вам: калі праведнасьць вашая не перавысіць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, вы ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Вы чулі, што сказана старадаўнім: “Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду”. А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: “Нікчэмны”, падлягае сынэдрыёну, а хто скажа: “Дурань”, падлягае гееньне вогненай. Дык калі ты прынясеш дар твой на ахвярнік, і там узгадаеш, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар твой перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой.
Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе паслугачу, і ня быў ты кінуты ў вязьніцу. Сапраўды кажу табе: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.
Вы чулі, што сказана старадаўнім: “Не чужалож”. А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну, жадаючы яе, ужо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім. Калі ж правае вока тваё згаршае цябе, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну. І калі правая рука твая згаршае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.
Сказана таксама, што, калі хто разлучаецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй развод. А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты, той робіць яе чужаложніцай, і хто жэніцца з разьведзенай, той чужаложыць.
Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўнім: “Не прысягай фальшыва, але спаўняй перад Госпадам прысягі твае”. А Я кажу вам: не прысягай зусім, ані небам, бо яно — пасад Божы; ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Ягоных, ані Ерусалімам, бо ён — горад вялікага Валадара; ані галавою сваёю не прысягай, бо ня можаш аніводнага воласу зрабіць белым ці чорным. Але няхай будзе слова вашае: “Так, так”, “Не, не”, а што больш таго, тое ад злога.
Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”. А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, павярні да яго і другую, і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе вопратку, аддай яму і шаты; і хто прымусіць цябе ісьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве.
Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся. Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных. Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода? Ці ж ня так робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж не такім чынам робяць і мытнікі? Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе.
Сьцеражыцеся, не рабіце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, Які ў небе. Калі ж даеш міласьціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб людзі славілі іх. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю. У цябе ж, калі ты робіш міласьціну, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая, каб міласьціна твая была ўтоена, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на вуглах вуліцаў, спыніўшыся, маліцца, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
А молячыся, не гаварыце лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя. Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. Маліцеся ж вось гэтак: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё; прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня. І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амэн”.
Бо, калі вы будзеце адпускаць людзям грахі іхнія, то і вам адпусьціць Айцец ваш, Які ў небе. А калі ня будзеце адпускаць людзям грахоў іхніх, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых. А калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць абліччы свае, каб, посьцячыся, паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю. А ты, посьцячыся, памаж галаву тваю і абмый аблічча тваё, каб ня перад людзьмі паказацца посьцячым, але перад Айцом тваім, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць; але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ані моль, ані іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае. Сьветач цела ёсьць вока. Калі вока тваё чыстае, усё цела тваё будзе сьветлае. Калі ж вока тваё злое, усё цела тваё будзе цёмным. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, дык якая ж цемра сама?
Ніхто ня можа служыць двум панам; бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне. Таму кажу вам: не клапаціцеся пра душу вашую, што вам есьці і што піць, ані пра цела вашае, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела — за адзеньне? Паглядзіце на птушак нябесных, што ані сеюць, ані жнуць і не зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за іх.
Хто з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? І наконт адзеньня чаго клапоціцеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць. А Я кажу вам, што нават Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так апранае, дык ці ня шмат больш вас, малаверы? Дык не клапаціцеся, кажучы: “Што нам есьці?”, ці: “Што нам піць?”, ці: “У што апрануцца?” Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Айцец ваш Нябесны ведае, што вам усё гэтае патрэбна. Шукайце ж перш Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё дадасца вам. Дык не клапаціцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень сам будзе клапаціцца пра сябе. Досыць кожнаму дню свайго ліха.
Не судзіце, каб не былі суджаныя. Бо якім судом судзіце, такім будзеце суджаны, і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць. Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш? Ці як скажаш брату твайму: “Дазволь, выму сучок з вока твайго”, а вось, у воку тваім — бервяно? Крывадушнік! Вымі перш бервяно з вока твайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго.
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас. Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць. Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень? І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю? Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго. Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі.
Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторны шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўваходзіць праз іх, бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала хто знаходзіць іх. Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя.
Паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з церняў вінаград або з асоту фігі? Гэтак усякае добрае дрэва дае плады добрыя, а благое дрэва дае плады дрэнныя. Ня можа дрэва добрае даваць плады дрэнныя, ані благое дрэва даваць плады добрыя. Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь. Таму паводле пладоў іхніх пазнаеце іх.
Ня кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе! Госпадзе!”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе. Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?” І тады прызнаюся ім: “Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне”.
Дык кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на скале. І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў умацаваны на скале. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека дурнога, які пабудаваў дом свой на пяску. пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той, і ён упаў, і было падзеньне ягонае вялікае».
Бязсонная ноч на прыгорку, а потым і пропаведзь, далі Ісусу адчуваньне стомленасьці, а таму Ён прапанаваў вучням накіравацца ў іхні дом, каб вызначыць свае далейшыя дзеяньні. Дома іх сустракала Марыя, прапанаваўшы ўсім які-ніякі рыбны пачастунак, які яна прынесла з Магдалы. Ісус абвесьціў ўсім тое, што гэтую палову дня, а таксама і заўтрашні дзень іх чакаюць асабістыя клопаты, але праз дзень усе зьбіраюцца тут, каб ранкам пайсьці ў бок Наіна з падарожжам, прыкладна ў адзін тыдзень.
Разьвітаўшыся, усе разыйшліся. Пайшоў і Ісус, падзякаўшы Марыю за пачастунак, якая павінна была застацца ў доме да прыходу ўдзельнікаў вандраваньня. Дома Ісуса сустракала Рут, якая, у хваляваньні, чакала Ісуса. Ісус, абняўшы сястру, шчыра павітаў яе і прылёг на некалькі гадзін для адпачынку. Бліжэй да вечару, Ён ужо займаўся плотніцкай справаю, каб удасканаліць умовы жыцьця ў іхнім, і без таго, утульным доме. Рут, гледзячы на Ісуса, дзівілася ня толькі працаздольнасьці, але і Ягоным уважлівым адносінам да яе і іхняй маці.
Ранак сустрэў Ісуса, як звычайна, на беразе мора ў малітве і адчуваньні Айца, каб упэўніцца ў правільнасьці далейшых крокаў. Хутка скончыўся гэты час і Ісус вярнуўся да дому і, пасьля сьняданку, пайшоў да Сваіх вучняў, якія ўжо чакалі Яго. Пасьля сардэчнага вітаньня і сумеснай малітвы, яны пайшлі з Капернауму ў бок Наіна. Ранішняя прахалода бадзёрыла і група вандроўнікаў, у добрым настроі, ішла па дарозе, якая зьвіліста пракладала ім шлях па сялянскім надзелам, якія радавалі вока сваімі рознакаляровымі фарбамі.
Праз некалькі гадзінаў хады яны прыпыніліся на адпачынак каля невялікай вёсачкі, калі да іх падыйшлі сяляне, бо хто ўжо тут ня ведаў цуды ад Ісуса і ня чуў пра нядаўняю пропаведзь на гары каля Капернауму. Ісус, ад імя ўсіх, вітаў сялянаў і запытаў іх пра іхняе жыцьцё. Пасьля ж размовы з сялянамі ды невялікага адпачынку, вандроўнікі працягнулі свой шлях у напрамку Наіна. Праз некалькі гадзінаў хады, вандроўнікі ўбачылі ўскараіну горада Наіна.
Яны наблізіліся да гораду, калі перад імі, нечаканым чынам, адкрылася пахавальная працэсія. Ісус, даведаўшыся ад удзельніка гэтага мерапрыемства пра тое, што ўдава хавае свайго маладога і адзінага сына, перапыніў працэсію, прамовіўшы да маці гэтага юнака: «Ня плач». Потым жа, падыйшоўшы да пахавальных насілак, крануўся мёртвага, сказаўшы; «Юнача, табе кажу: "Устань!"».
І вось дзіва. Мёртвы юнак ажыў і пачаў гаварыць да сваёй маці, якая кінулася да яго. Прысутныя сталіся ў жаху і зьдзіўленьні, кажучы пра тое, што вялікі прарок паўстаў між імі, як і тое, што Бог адведаў Свой народ. Маці і сын зьвярнуліся да Ісуса з падзякаю, запрасіўшы вандроўнікаў у свой дом, які ня стаўся пустым з-за сьмерці гэтага юнака. Ісус пагадзіўся з гэтай прапановаю і яны, усе разам, пайшлі да дому гэтай удавы. Яны вырашылі застацца тут на некалькі дзён, каб прапаведаваць сярод мясцовых жыхароў Божае Валадарства.
Ранак сустрэў сяброў добрым настроем і сумеснай малітвай, да якой прыяднаўся і ўваскросшы юнак, які ўважліва прыслухоўваўся да кожнага слова Ісуса. Сьняданак ад маці юнака спадабаўся ўсім, але што за гоман, які адчуўся каля дому? Ісус сустрэў прышлых людзей, запрасіўшы іх да ранішняга сьняданку, каб тыя распавялі прычыну іхняга зьяўленьня.
Яны прыйшлі ад Яна, які быў у вязьніцы, з пытаньнем; «Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага? Ісус, уважліва паглядзеўшы на прысутных, прамовіў да іх; «Пайдзіце, паведаміце Яну, што вы бачылі і чулі, што сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім дабравесьціцца. І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне».
Калі ж пасланцы ад Яна пайшлі, Ісус, выйшаўшы з дому, зьвярнуўся да натоўпу, кажучы пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае? Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў пышным адзеньні і жывуць раскошна, знаходзяцца пры дварох валадарскіх. Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока. Ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”. Бо кажу вам: "Сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Яна Хрысьціцеля; але меншы ў Валадарстве Божым большы за яго".
І ўвесь народ, які слухаў яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хрысьцячыся хрышчэньнем Янавым; а фарысэі і законьнікі адкінулі параду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў яго”. Госпад жа сказаў: “З кім параўнаю людзей пакаленьня гэтага? І да каго яны падобныя? Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы, і клічуць адзін аднаго, і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.
Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ані хлеба ня есьць, ані віна ня п’е, і вы кажаце: “Дэмана мае”. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і вы кажаце: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”. І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе».
Ісус, пасьля гэтага звароту, падыйшоў да вучняў, дзе Яго чакаў чалавек з фарысэяў, які назіраў за Ісусам увесь гэты час, пагаджаючы ўсім Ягоным дзеям. Гэты фарысэй запрасіў Ісуса ды вучняў да сябе, каб разам паесьці. Ісус пагадзіўся з гэтай прапановай і яны, усе разам, пайшлі да дому гэтага чалавека. Увайшоўшы ў дом, усе ўбачылі накрыты стол, як быццам бы ўсе гэтага чакалі.
Гаспадар дома адразу ж запрасіў усіх да пачастунку, нягледзячы на ўсякія папярэднія фармальнасьці. Так ды так. Усе прысутныя ўзьлеглі за сталом, прымаючы стравы ды ласункі, калі да іх увайшла мясцовая грэшніца з нейкім збанком у сваіх руках. Нічога ня кажучы, яна падыйшла да Ісуса і плачачы, пачала выціраць Ягоныя ногі сваімі валасамі, каб потым цалаваць іх і мазаць мірам са свайго збанка.
Сымон, той самы фарысэй, які запрасіў Ісуса да сябе, сказаў сам у сабе: «Калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна — грэшніца». Ісус чакаў такой рэакцыі ад фарысэяў, а таму зьвярнуўся да Сымона, каб нешта сказаць яму.
Атрымаўшы згоду ад Сымона, Ён зьвярнуўся ня толькі да Сымона, але і для ўсіх прысутных: «У аднаго пазычальніка былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят. А як яны ня мелі, чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы, каторы з іх больш узьлюбіць яго?» Сымон, разумеючы тое, што гэтае пытаньне было да яго, адказаў Ісусу: «Думаю, што той, якому больш дараваў».
Ісус жа, пагадзіўшыся з Сымонам, зьвярнуўся да яго: «Ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла ногі Мае і валасамі галавы сваёй выцерла. Ты пацалунку Мне ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае цалаваць ногі Мае. Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам памазала ногі Мае. Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што яна шмат узьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць».
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў ёй: «Адпускаюцца табе грахі. Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі». Падзякаваўшы Сымона за пачастунак, Ісус, з вучнямі, вярнуўся да ўдавы, каб, адпачнуўшы, пайсьці далей з пропаведзьдзю па Галілеі.
Назаўтра ж была субота і сябры, пасьля сьняданку, накіраваліся да сынагогі, каб удзельнічаць у суботнім служэньні. Служэньне праходзіла як звычайна і Ісус тлумачыў з прарока Ісаі, калі Ён, з узвышэньня, убачыў чалавека, у якога правая рука была сухая. Гэта не засталося незаўважаным фврысэямі, якія, дарэчы, частаваліся разам у Сымона і якія ўважліва назіралі за Ісусам, каб, у выпадку чаго, абвінаваціць Яго у парушэньні суботы.
Ісус выдатна прачытаў іхнія думкі па іхніх тварах і ў адказ гэтаму, падыйшоўшы да гэтага чалавека, папрасіў таго ўстаць і стаць пасярэдзіне памяшканьня. Калі ж гэта адбылося, Ён зьвярнуўся да ўсіх прысутных: «Спытаюся Я ў вас: “Што трэба рабіць у суботу: дабро ці зло? Збавіць душу ці загубіць?”» Ісус бачыў розныя погляды прысутных гебраяў, як станоўчыя, так і адмоўныя. І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў чалавеку: «Выцягні руку тваю». Ён так і зрабіў, і сталася рука ягоная здаровая, як другая.
Ісус добра бачыў і тое зло, якое адлюстроўвалася на тварах і ў сэрцах немалой частцы прысутных тут людзей, якія нічога добрага Ісусу не жадалі. Але, што сталася, тое і сталася. Ісус жа, з вучнямі, пайшоў далей ва ўсходнім напрамку ад Наіна. Яны ішлі па дарозе праз поле, дзе буйна каласілася ўжо жыта. Разьмясьціўшыся на адпачынак, некаторыя з вучняў зрывалі каласы і елі, расьціраючы іх рукамі. Гэта не засталося незаўважаным групай фарысэяў, якія праходзілі міма іх: «Навошта вы робіце тое, чаго ня сьлед рабіць у суботу?»
Ісус не прымаў удзелу ў гэтым імправізаваным перакусу, але адразу ж адказаў на гэтае пытаньне: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі? Як ён увайшоў у дом Божы, і ўзяў хлябы пакладныя, якіх ня можна было есьці нікому, апрача сьвятароў, і еў, і даў тым, што з ім былі». На маўчаньне фарэсэяў Ён дадаў ім тое, што цалкам ашаломіла іх: «Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».
Хутка яны дасягнулі Ярдану, зьвярнуўшы на поўнач, у бок Галілейскага мора. Перад імі адкрылася прыгожая карціна ўпадзеньня ракі Ярмук на левым беразе Ярдану і ўжо, даволі хутка яны прыпыніліся на адпачынак у даволі людным месцы, дзе Ярдан выцякаў з Галілейскага мора. Вечарэла, а таму вандроўнікі разьмясьціліся, як і многія іншыя, на начны адпачынак каля Ярдану пад начным небам.
Ранак пачаўся з малітвы і няхітрага сьняданку, калі каля іх сабраўся немалы натоўп з праходзячых людзей ды мясцовых жыхароў, жадаючых паслухаць слова ад Ісуса. Ісус, аглядзеўшы прысутных, вырашыў прыповесьцю вучыць слухаць слова: «Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і, калі ён сеяў, адно ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго; а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці; а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна, і заглушыла яго; а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынесла плод стакротны». Сказаўшы гэтае, Ён усклікнуў: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
Дзіўная пропаведзь, але і незразумелая, а таму, напярод, вучні наблізіліся да Ісуса з пытаньнем: «Што значыць прыповесьць гэтая?»
Ісус, безумоўна ж, чакаў гэтага пытаньня, а таму, супакоіўшы прысутных, зьвярнуўся, паперш, да вучняў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а для рэшты яны ў прыповесьцях, так што яны, бачачы, ня бачаць і, чуючы, не разумеюць» і толькі потым зьвярнуўся да натоўпу: «Вось жа прыповесьць гэтая: насеньне ёсьць слова Божае. А што пры дарозе — гэта тыя, якія слухаюць, а пасьля прыходзіць д’ябал, і забірае слова з сэрца іхняга, каб не паверылі і не былі збаўленыя. А што на камяні — гэта тыя, якія, калі пачуюць, з радасьцю прыймаюць слова, ды ня маюць кораня і часова вераць, а ў час спакусы адпадаюць. А што ўпала ў цярніну — гэта тыя, якія слухаюць, але, адыходзячы, заглушаюцца клопатамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі, і не даюць плоду. А што ўпала на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы, і даюць плод у цярплівасьці.
Ніхто, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінаю, або ня ставіць пад ложак, але ставіць на сьвечнік, каб тыя, якія ўваходзяць, бачылі сьвятло. Бо няма нічога таемнага, што б ня выявілася, ані схаванага, што ня сталася б вядомым і ня выйшла на сьвятло. Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго будзе забрана і тое, што ён думае мець».
Ранкам, пасьля малітвы ды сьняданку, вандроўнікі пайшлі ўздоўж заходняга берагу Галілейскага мора ў бок роднага Капернауму. Кожны з іх неаднаразова хадзіў па гэтай дарозе, але кожны раз хараство Галілейскага мора захапляла сэрцы кожнага з іх. Яны мінулі Тыберыяду і ўжо хутка вандроўнікі наблізіліся да Магдалы, дзе іх заўсёды чакалі.
Брат Ісуса Юда, як і дзядзька Ісуса, заўсёды чакалі роднага чалавека, як і ўсіх тых, хто быў з Ісусам. Большасьць вучняў Ісуса ведалі Юду, які даволі часта прыходзіў у Капернаум, каб неведаць, па-першае, маці і сястру, а таксама і майстэрню Зэбедэя, каб замовіць тыя ці іншыя прылады да сваіх рыбацкіх лодак. Пасьля добрай вячэры Ісус, нечакана, на зьдзіўленьне Сваіх вучняў, папрасіў брата перавесьці іх на ўсходні бераг Галілейскага мора, у краіну Гадарэнскую. Атрымаўшы згоду ад Юды, усе адыйшлі да адпачынку, каб ранкам працягнуць сваю вандроўку зусім нечаканым бокам.
Ад аўтара:
Нават няўважлівы чалавек ня можа быць няўразьлівым той аграменнай розьніцы, якая існуе паміж сэнсам гэтай пропаведзі і абвяшчэньнем закону на гары Сыная. Закон, абвяшчэньне якога атачалі громы ды маланкі, быў законам бяз усякай ласкі, як і казаў апостал Павал: «Літара, якая забівае».
Але ня так у пропаведзі Ісуса, калі Ягонае слова разьлівалася боскаю музыкай сярод усеагульнай цішыні, сярод прыемнага ды ціхага ранку. Закон ад Майсея зыходзіў навальніцаю для застрашанага сумленьня ад нявідзьмай істоты ў атачэньні аблокаў і усёпажыраючага агню ды клубаў дыму. Але ня так з Ісусам, Які чувалым чалавечым голасам кранаў чалавечыя сэрцы адзіна толькі словамі любові і міра.
Той быў абвешчаны ў голай ды пустыннай гары, якая сваімі ўцёсамі з чырвонага граніту, як быццам бы пагражала абпалёнай пустыні. Пропаведзь жа Ісуса прамоўлена на квітнеючым зялёным лузе, адрозьніваючыся ад прыгорка, які крута спускаўся да срэбна-блакітнага мора. Майсей застрашваў сэрца страхам, а Ісус лашчыў яго мірам ды любоўю.
Пропаведзь пачыналася словам «Шчасьлівыя» і пераліках добрага ў жыцьці чалавека. Так, Ісус добра разумеў тое, што гебраі знаходзіліся ў чаканьні Мэсіі, які пазбавіць іх ад рымскага гнёту і зьявіцца з урачыствамі перамогі ды помсты. Уяўленьне гэтых людзей было напоўненым прароцтвамі пра тое, што менавіта ён апране ўвесь народ у пурпур ды каштоўныя камяні і будзе харчаваць іх лепшай маннай чым тая, якая была дадзенай іхнім продкам у пустыне.
Але вось, нечаканасьць. Ісус адкрываў ім іншае Валадарства і іншае шчасьце: багацьце ў беднасьці, веліч у слабасьці і вышыню ў працы ды цяжкасьцях. Працягваючы параўнаньне закона застрашэньня і закона ласкі Божай, Ён паказаў народу тое, што Стары Запавет часовы, а новы Божы запавет застанецца на вякі, бо Стары Запавет уяўляў сабою вобраз і цень, які патрабаваў вонкавых праяваў, калі Новы павінен пранікаць у думкі.
Стары зьмяшчаў у сабе правілы паводзінаў, а Новы – таямніцу паслухмянасьці. Запаведзь «Не забівай» з гэтага часу распаўсюджвалася на пагардлівыя словы і нянавісьць, а пачатак пералюбства хаваецца ў пажадлівым поглядзе. Забарона клятвапарушэньня ўключыла зараз у сябе усякую пустую ды вонкавую клятву, а закон пра права адплаты саступіў месца закону поўнай самаадданасьці. Любоў да блізкага распаўсюдзілася і на ворагаў. І ўвогуле, з гэтага часу дзеці Божага Валадарства павінны намагацца толькі пра тое, каб быць дасканалымі, як дасканалы іхні Айцец Нябесны.
Новае жыцьцё, як наступства новага закону ласкі Божай, у-ва ўсіх адносінах процілеглае ад той звычайнай дробязнай патрабавальнасьці фарысэйскага фармалізму, якая да гэтага часу лічылася найвялікшай рэлігійнасьцю. Міласьціна павінна давацца не паказальна, але сьціпла ды таемна. Малітва павінна быць ня ў галосным і прылюдным выкананьні, але ў сьвятым адзіноцтве. Пост не выконваецца дзеля выгляду, каб славіліся дабрачыннасьці, але таемна дзеля самаадданасьці.
І ўсё гэта зьдзяйсьняецца толькі з-за любові да Бога, у сардэчнай простасьці, якая не шукае зямной узнагароды, але зьбірае для сябе самой нябесныя ды вечныя скарбы. Шчырасьць такога служэньня павінна быць поўнай і без усякіх падзелаў ці выключэньняў, бо Бог, да Якога зьвернуты нашыя малітвы, ёсьць Айцец, Які ўсё стварыў і Які апранае на кветкі адзеньне, лепш за адзеньне валадароў, а таму дасьць і тым Сваім дзецям, хто мае на першым месцы шуканьне міласьці Айца.
Такім вось быў, але ў больш яркіх і датыкальных абрысах, зьмест гэтай наймацнейшай пропаведзі Ісуса. І зусім ня дзіўна тое, што людзі, якія слухалі гэта, дзівіліся гэтаму вучэньню. А зьдзіўленьне іхнае было ў тым, што Ён вучыў іх, як маючы ўладу, а ня як кніжнікі ды фарысэі.
Але вось кніжнікі ці сафэрымы (сэфэр – кніга), існавалі ад часоў Эздры, у абавязак якіх уваходзіла перапіс, чытаньне, выпраўленьне, выклад і абарона кнігаў закону, які падзяляўся на дзьве часткі: закон вусны (Тора сэбеалпі) і закон пісьменны (Тора сэбектэб). Ад Эздры прайшло шмат часу і кніжнікі прынесьлі шмат складанасьцяў, праклаўшы шлях да неразважлівасьці закону.
Вучэньне кніжнікаў заўсёды існуе каля сьвятароў ды фарысэяў ў Храме, у сынагогах ды ў сынедрыёне, выяўляючы сябе ў дробязных дробязях. Нельга казаць і тое, што вучэньне кніжнікаў пазбаўлена і нейкага маральнага вучэньня, бо, безумоўна, ёсьць тут і высокія думкі. Але яно нашмат больш занятае лявіцкімі абрадамі адносна мяты, анісу, кмену, даўжыней каёмак, шырынёю філактэрый, памыцьцём чашаў, прыкметамі пры зьяўленьні новага месяцу і пры пачатку суботаў.
Што ж тычыцца вучэньня Ісуса, дык яно настолькі адрозьнівалася па свайму характару і свайму зьместу, наколькі храм блакітнага неба, пад якім яно выкладалася, быў вышэй за духату сынагогі.
Яно выкладалася там, дзе гэта было магчымым: на гары, на дарозе, у доме фарысэя. Яно не дапускала выключэньняў і выходзіла велічна ды прыгожа як адному слухачу, так і ўсхваляванаму натоўпу.
Ягонае вучэньне адносілася не да дробязных дзесяцінаў і абрадавых ачышчэньняў, але абдымала сабою чалавечую душу, чалавечае жыцьцё і вучыла Надзеі, Веры і Любові.
І як жа прыгожая ды сьвежая простая гаворка Ісуса ў параўнаньні з іншымі вучэньнямі, якія даходзілі да вушэй народа. У ёй няма нічога навуковага, нічога штучнага ці ўрачыстага, няма гістарычных прыёмаў ці школьных мудрасьцяў. Простая, як страла, гэтая мова пранікае ў глыбіні душы і духа, каб вызначыць там свае правілы.
Усё коратка, ясна, дакладна, поўна сьвятасьці і звычайных вобразаў. Мы бачым зьяўленьне і рэчы, якія сталіся тлумачэньнем вялікага Божага абяцаньня, дзе гаворыцца пра вясновыя кветкі, пра сьветлае і пахмурнае неба, пра ўсход і заход сонца, пра вецер і дождж, пра пэрліны і грошы, пра сетках і рыбе.
У прамовах Ісус заўсёды сустракаюцца віно і пшаніца, ячмень і алей, працаўнікі і гаспадары, валадары і пастухі ды шмат што яшчэ. Ён ведаў усё жыцьцё і глядзеў на яго настолькі ж міласцівым, як і валадарскім вокам. Ён радаваўся народнай радасьцю, як і сумаваў пра іхнія клопаты. Вочы Яго напаўняліся сьлязьмі пры пакутах зямной безнадзейнасьці, але і блішчэлі ласкавасьцю, калі глядзелі на гульні дзяцей у вулічных гульнях.
Мы ж прасочым за далейшым шляхам гэтай цікавейшай вандроўцы.
Свидетельство о публикации №226070500647