IX. Галилейское море

IX. ГАЛІЛЕЙСКАЕ МОРА


Юда, разам з Пятром і Янам, гатаваў сваю лодку для воднай вандроўцы, прыбіраючы розныя рыбацкія прылады, якія будуць залішнімі ў гэтым пераходзе на ўсходні бераг Галілейскага мора. Ісус жа, гэтым часам, вучыў і адказваў на пытаньні даволі такі немалога натоўпу, калі да Яго падыйшоў кніжнік з Магдалы, які, без сумненьняў, быў упэўненым у тым, што ягоны афіцыйны статус нясе ў сабе першапачатковае права быць у ліку найбліжэйшых вучняў Ісуса.

І, падыйшоўшы, гэты кніжнік сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». Ісус, добра бачыўшы сэрца гэтага чалавека, ніяк не адпрэчыў ягоную паслугу, але і не прыняў яе, бо ўбачыў у такім хуткім захапленьні чалавека нотки эгаістычнага самаспакушэньня, а таму і патлумачыў тое, што служэньне Яму не базуецца на багацьці, пашане і ўсяго таго, што абяцае зямныя выгоды: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву схіліць».

Ісус дэлікатна адмовіў ад сумеснага марскога вандраваньня яшчэ некалькім чалавекам, але ніяк ня быў супраць таго, што жадаючыя могуць плыць за Ім на іншых лодках. Нарэшце Ісусу паведамілі тое, што лодка Юды гатовая да адплыцьця і Ён, разам з вучнямі, накіраваўся да берагу, дзе было ўжо ўсё падгатавана да воднага вандраваньня.

Галілейскае мора прыняло вандроўнікаў лёгкім ветрыкам, але не спадарожным, а гэта азначала тое, што шлях да ўсходняга берагу ня будзе хуткім, бо тыя дзевяць кіламетраў па прамой да ўсходняга берагу ператвараюцца ў кіламетраў трыццаць, бо ветразная лодка здольная ісьці супраць ветру толькі пад пэўным войстрым вуглом, так званымі галсамі.

Але гэта ніяк ня зморчвала настрою групы Ісуса, бо лёгкі ветрык і невялічкія хвалі дадавалі нейкага рамантызму, асабліва тым, хто не адчуваў у сваім жыцьці гэтай харашосьці. Яны назіралі за хвалямі, адчуваючы на сабе подуху ласкавага ветрыку, радуючыся і таму, што за імі ішлі яшчэ некалькі лодак прыхільнікаў Ісуса. Сам жа Ісус, адчуўшы стомленасьць, паклаў Сваю галаву на скураную падушку рулявога і заснуў глыбокім сном працы ды стомленасьці,- ціхім сном тых, хто знаходзіцца ў міры з Богам.

Галілейскае мора ёсьць морам асаблівым і кожны, хто ўзрос тут, добра ведае непрадказальны характар гэтай глыбокай западзіны зямной паверхні. Мясцовыя рыбакі добра ведалі круты характар свайго мора і для іх ня стала нечым незвычайным набліжаючыя хмары ад усходу. Яны не дасягнулі яшчэ і сярэдзіны мора, як у паветры праняслася віхура і мора скалыхнулася.

Небясьпека сталася сур’ёзнай, бо лодка была значна перагружанай, а чатырнаццаць чалавек на рыбацкай лодцы – гэта не для такога надвор’я. Лодка хавалася ў пене буруноў, якія яе накрывалі, а жахлівыя хвалі імкнуліся нахіліць лодку і напоўніць яе вадою. Сітуацыя сталася крытычнай і толькі ў гэты час вучні вырашыліся пабудзіць Яго адчайнымі крыкамі замяшаньня ды жаху: «Госпадзе! Збаў нас, мы гінем!»

Ісус жа, прачнуўшыся ад гэтых крыкаў, устаў і забараніўшы буры дэманстраваць сваю сілу, запытаў у спадарожнікаў: «Чаго вы палохаецеся, малаверы?», выклікаўшы ў адказ, паміж сабою, пытаньне: «Хто ж Ён, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»

Бура сьціхла, зноў над імі сьвяціла сонца, а ветрык зьмяніўся на спадарожны і яны пайшлі роўным курсам да ўсходняга берагу Галілейскага мора. На жаль, яны ня ўбачылі лодак, якія ішлі за імі, бо, хутчэй за ўсё, бура раскідала іх у розныя бакі. Наперадзе ўжо набліжаўся бераг каля Гэргесы, невялікага гораду краіны Гадарынскай.

Вечар сустрэў падарожнікаў на высокім беразе мора, дзе яны і расклалі свой табар для начнога адпачынку. Запасьлівы ды практычны Юда ўсё прадугледзеў для гэтага і ўжо хутка яны мелі гарачую ежу з вогнішча ад малодшага брата Ісуса. Гэта быў добры час, калі Ісус меў цудоўную магчымасьць распавесьці Сваім вучням пра сувязь з Айцом, як і тое, што адбылося сёньня, пад час іхняга вандраваньня.

Юда, як яму падавалася, добра ведаў свайго Брата, але тое, што ён адчуў сёньня, ня толькі зьдзівіла, але і усхвалявала яго. Ці ж гэта ня цуд, калі чалавек кіруе стыхіямі? З гэтым усе і паклаліся спаць, ня ведаючы таго, што іх чакала ў новым дні.

Ноч яшчэ не саступіла сваіх правоў, а ранак толькі пачынаў свой шлях у новы дзень, калі вандроўнікі прачнуліся ад моцнага і апантанага крыку. Да іх набліжаўся чалавек у лахманах, на руках якога боўталіся абрыўкі ланцугоў і які крыкам прамаўляў нешта незразумелае. Вучні з жахам назіралі за тым, як гэты апантаны чалавек набліжаўся да Ісуса, Які спакойна, але ўважліва глядзеў на гэтага няшчаснага.

Ён жа, убачыўшы Ісуса, упаў перад Ім, закрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, ня мучай мяне». Ніхто з прысутных не зразумеў таго, чаму гэты чалавек прамовіў гэтыя словы, але добра ведаў гэтае Ісус, Які ўжо загадаў духу нячыстаму выйсьці з гэтага чалавека, што ўжо доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і дэман гнаў яго ў пустыні.

Ісус, супакоіўшы астатніх, спытаўся ў яго, кажучы: «Якое тваё імя?» Ён жа сказаў: «Легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго. І прасілі Яго, каб не казаў ім ісьці ў бездань, а ўвайсьці у гурт сьвіньняў, якія пасьвіліся непадалёку. Ісус дазволіў ім гэта і ўсе, з вялікім зьдзіўленьнем, убачылі незвычайную карціну, калі гурт рынуўся са стромы ў мора і загінуў.

Людзі, якія пасвілі гэты гурт сьвіньняў, жахнуліся гэтага і хутка пабеглі ў горад, каб паведаміць усім пра гэтае жахлівае і незвычайнае здарэньне. Сітуацыя склалася незвычайная, бо як гэтаму можна было паверыць, а таму немалая колькасьць раз’юшаных людзей пайшлі на бераг мора, каб на свае ўласныя вочы ўбачыць тое, што сталася вынікам таго, што яны страцілі такі вялікі гурт сьвіньняў.

Прыйшоўшы ж на бераг, яны ўбачылі невялікую групу людзей сярод якіх сядзеў, у ціхасьці і розуме, добра знаёмы ўсім чалавек, які быў для ўсіх іх даўняй праблемаю. Вучні далі гэтаму чалавеку адзеньне і ён, ветліва зьвярнуўшыся да суграмадзянаў, распавёў ім тое, што атрымалася тут і як ён атрымаў волю ад дэманаў. Вучні дадалі людзям і тое, што ня быў здольным распавесьці гэты чалавек, які назваўся Легіёнам.

Нешта падобнае на страх ахапіў жыхароў Гэргесы і яны, пад уплывам гэтага страху, прасілі Ісуса пайсьці ад іх, бо вялікая матэрыяльная страта ўплывала на гэтае прашэньне. А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім, але Ісус адпусьціў яго, кажучы: «Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, разам з усімі мясцовымі жыхарамі, абвяшчаючы па ўсім горадзе тое, што ўчыніў яму Ісус.

Але гэта адбылося не адразу, бо шмат хто з прышлых жадаў паслухаць Ісуса пра адзінага Бога і Ягоную любоў да іх. Але, праз некалькі гадзінаў, прыйшоў час, і Ісус, цёпла разьвітаўшыся з мясцовымі жыхарамі, спусьціўся да лодкі, дзе Яго ўжо чакала ўся Ягоная каманда. Іхні курс ляжаў да Капернауму і нічога цяжкага на гэтым шляху не павінна было адбыцца, бо нават і спадарожны ўсходні вецер быў для іх сяброўскім, каб яны, найкарацейшым шляхам, дасягнулі кропкі заканчэньня гэтага вандраваньня.

Мілы і родны Капернаум сутрэў іх ціхім і ласкавым плёскатам берагавых хваляў Галілейскага мора. Ісус шчыра падзякаваў усіх за гэтую вандроўку і адпусьціў усіх дадому па сваіх клопатах на тры дні, каб потым сабрацца ў іхнім агульным доме для вызначэньня сваіх далейшых дзеяў. Тыя ж, хто ня меў тут пастаяннага прытулку, павінны былі застацца ў іхнім доме і гэтыя тры дні прысьвяціць, з большага, упарадкаваньню неабходнага дабрабыту месца, дзе яны зьбіраліся і вучыліся ад Ісуса. Ісус жа, разам з Юдам, пайшоў дадому, дзе іх цёпла сустракалі маці і сястра Рут.

Ранак, як звычайна, сустрэў Ісуса на беразе мора, дзе Ён маліўся да Айца, набіраючы ад Яго сілы на сёняшні дзень, бо Ісус не чакаў яго лёгкім, але на тое і дабраславіў Яго Айцец, каб адкрыць людзям сапраўдны вобраз Бога. Ісус вяртаўся дадому ў добрым настроі, дзе Яго, акрамя родных, чакаў і вельмі смачны сьняданак ад маці ды Рут.

Юда павінен быў вяртацца ў Магдалу і гэтае воднае вяртаньне не чакалася быць цяжкім, бо ўсходні вецер дазваляў яму, як кажуць у паўветру, уздоўж заходняга берагу мора, хутка дасягнуць Магдалы, дзе яго чакалі родныя людзі, каб, сустрэўшы, пачуць у дэталях усё тое, што з імі адбывалася пад час гэтага вандраваньня.

Ісус разьвітаўся з братам і, калі той адыйшоў ад берагу, нясьпешна пайшоў у бок дому. У планах Ісуса была праца ў майстэрні Зэбедэя, каб падтрымаць матэрыяльна Сваю сям’ю, але гэты план меў быць, нейкім чынам, парушаным, бо каля Свайго дому Ён убачыў натоўп, сярод якога вызначаўся Яір, начальнік сынагогі.

Яір, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны, бо ў яго была адзінародная дачка, гадоў дванаццаці, і яна памірала. Ісус добра ведаў гэтага добрага чалавека і таму, адразу ж пайшоў з ім, супакойваючы Яіра. Зацікаўлены натоўп крочыў за імі, нават і ціснуўшы на іх.

Але вось, што гэта? Ісус раптам адчуў усёй Сваёй істотаю слабасьць, як быццам бы частка сілы выйшла з Яго, таму Ён прамовіў да Пятра, які ішоў побач з Ім: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, якая выйшла з Мяне». Пётр не зразумеў таго, што адбылося, але ўсё стала зразумелым, калі Ісус раптоўна павярнуўся, убачыўшы жанчыну, якая, упаўшы перад Ім, расказала Яму перад усім народам, з якое прычыны яна дакранулася да Яго, і як адразу была аздароўлена.

Ісус пачуў тое, што гэтая жанчына мела крывацечу дванаццаць гадоў і аддала на лекараў усё ўтрыманьне сваё, і ніводзін ня здолеў вылечыць яе, але падыйшоўшы ззаду, дакранулася да крыса шаты Ягонай; і адразу спынілася ў яе крывацеча. Ісус жа, крануўшы гэтую жанчыну, сказаў ёй: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».

Працэсія накіравалася далей, калі нехта, выбегшы з дому Яіра, зьвярнуўся да гаспадара: «Дачка твая памерла; не турбуй Настаўніка». Але Ісус, супакойваючы Яіра, сказаў яму: «Ня бойся, толькі вер, і будзе збаўлена». Ісус не дазволіў ў дом Яіра нікому, акрамя бацькоў ды вучняў Сваіх: Пятра, Яна ды Якуба. Людзі галасілілі каля дому па памерлай, але Ісус, павярнуўшыся, сказаў ім: «Ня плачце; яна не памерла, але сьпіць», убачыўшы ў іхніх вачах розныя пачуцьці: ад веры да недаверу.

Увайшоўшы ў дом і падыйшоўшы да дзяўчыны, узяў яе за руку, кажучы: «Дзяўчынка, устань!» і калі гэта здарылася, Ён загадаў бацькам даць ёй есьці. Радасьці бацькоў не было межаў, але Ісус папрасіў іх не казаць нікому пра тое, што тут адбылося. Ісус, адчуўшы вялікую стомленасьць ад гэтых падзеях сёняшняга дню, накіраваўся дадому, адпусьціўшы вучняў па сваіх справах, каб сустрэцца з імі праз два дні.

Цяплыня родных людзей сустрэла Ісуса ў ветлівым родным доме, дзе Ён, пасля добрага пачастунку, вырашыў адпачнуць у цішы ды супакоі іхняга дому. Увечары, пасьля адпачынку, Ён расказаў маці і Рут пра тыя прыгоды ды пэўныя цяжкасьці, якія падцікоўвалі іх пад час іхняе вандроўкі.

Маці моўчкі ўспрымала гэты аповяд, але Рут, нястрымана перабіваючы Ісуса, закідвала Яго рознымі пытаньнямі, атрымліваючы на кожны з іх зразумелыя адказы. Ісус, адказваючы Рут, падзівіўся пэўнай глыбіні гэтых пытаньняў і парадаваўся на тое, што Ягонае выхаваньне малодшай сястры ня сталася дарэмным.

Наступныя два дні Ісус працаваў у майстэрні Зэбядэя, бо ўжо знудзіўся па гэтай працы, а галоўнае тое, што Ён на практыцы адчуў станоўчыя якасьці іхніх лодак, ды рыштунку да іх, нават і ў экстрэмальных сітуацыях. У перапынках паміж працай, каля Яго зьбіраліся амаль што ўсе работнікі майстэрні, каб паслухаць слова ад Ісуса і атрымаць адказы на свае пытаньні.

Ісус адпачываў сярод гэтых цудоўных людзей, якія, разам з Ім, стваралі і стваралі добра тое, што так было неабходным для працы ды пражыцьця многіх і многіх людзей каля Галілейскага мора. Суботні дзень быў асабліва сьвяточным, калі Яго сустракаў Яір і ягоная цудоўная дачка. Служэньне ў сынагозе прайшло як звычайна, але і незвычайна, бо Ісус, тлумачачы Пісаньне, адкрываў Бога ў любові і дабраславеньні, нічога ня кажучы пра гнеў Божы ды Ягоныя пакараньні.

Бог ёсьць любоў ды сьвятло і няма ў Ім ніякае цемры. Словы Ісуса гучалі ў поўнай цішыні, бо тое, што Ён казаў, адбівалася ў сэрцах па рознаму: адны адчувалі нейкую палёгку, а іншыя страх перад тым, што яны ня будуць адчуваць гневу Божага. Людзі разыходзіліся пасьля служэньня ў задуменьні і разважаньні пра Божую любоў і Божае дабраславеньне.

А як жа іхнія продкі ў пустыні, атрымаўшыя закон ад Майсея ці Ёў, які казаў пра тое, што неабходна прымаць ад Бога ня толькі добрае, але і злое? Як жа так, што Бог не жадае кожнаму чалавеку ніякага пакараньня? Пытаньні нараджалі іншыя пытаньні, якія хутка распаўсюджваліся па ўсёй Галілеі і, безумоўна ж, патрабавалі пэўнага адказу ад Ісуса.


Ад аўтара:

Мясцовасьць, усходняга берагу Галілейскага мора, была гарыстай, а таму і месцам для пахаваньня памерлых, дзе, дзеля гэтага, вырабляліся магілы ў гэтых скалах. Такім вось чынам там, дзе вандроўнікі Ісуса ўладкаваліся на гэтым беразе, з гэтыў скалаў зьявіўся чалавек, які быў апантаны вельмі моцным вар’яцтвам і, як усе лічылі, уладаньнем дэманаў.

Увогуле, у тыя часы, не існавала ніякіх больніцаў ці дамоў для вар’ятаў. Тыя ж, хворыя на вар’яцтва людзі, выганяліся з грамадзтва і, пры неабходнасьці, закоўваліся ў ланцугі. Некаторыя з іх праяўлялі звышнатуральную сілу і зьбягалі са сайго зьняволеньня. Пры падобных абставінах, такія людзі шукалі сховішча ў пустых пячорах паміж скалістых гораў, якія служылі людзям месцам пахаваньня.

Зразумела ж і тое, што смурод, жах і пустэча гэтых месцаў толькі павялічвалі вар’яцтва, а таму хворы чалавек адчуваў сваю хваробу ў вышэйшай ступені. Хворы чалавек ня проста так пападаў сюды, але ў выніку вышэйшай канцэнтрацыі фізічных сілаў, разрываў тыя ланцугі, у якія ён быў закаваным і зьбягаў у больш бясьпечнае для сябе месца. Але гэтае месца мела іншыя небясьпечнасьці, а таму такі чалавек, парэзаны камянямі, бадзяўся дзень ды ноч па навакольлі, напаўняючы гэтае самае навакольле дзікім крыкам.

Такі вось чалавек і сустрэўся з прысутнасьцю Ісуса ды Ягоным поглядам на праблему гэтага хворага чалавека. Назваўшы сябе, гэты чалавек зьмяшаў сваё імя з тым, як быццам бы, мноствам нячыстых духаў, якія гнязьдзіліся ў ягонай душы і таму заклікаў Ісуса ня мучыць яго да часу. Дэманы, кажучы, ягонымі вуснамі, прасілі каб Ён не загадваў ім ісьці ў бездань, але дазволіў увайсьці ў статак сьвіньней, які потым, разам з дэманамі, загінуў у моры.

Дык што гэта было? Паказчык ступені апантанасьці чалавека, які стаўся роўным апантанасьці вялікага статку сьвіньней, якія, з гэтага, кінуліся ў мора? Цяжкі момант для тлумачэньня, а таму няхай кожны, уважліва прачытаўшы словы Лукі, разважыць пра гэты цуд Ісуса самастойна.

Мы ж толькі дададзім тое, што Сын Божы рабіў на зямлі справы, якія, па сваёй сутнасьці, перавышаюць чалавечае разуменьне. Гэтая ж справа міласэрнасьці адносна цяжка хворага выклікае толькі зьдзіўленьне і глыбокую павагу, але не выклікае недаверу ці непаразуменьня, а таму адыход дэманаў у гурт сьвіньняў не патрабуе нейкіх асаблівых тлумачэньняў.

Ісус жа, вярнуўся ў Капернаум, каб працягнуць Сваё служэньне. Будзем жа прысутнымі каля Яго і мы, каб пабачыць тое, што будзе адбывацца далей.


Рецензии