Вельмiшаноуны мiкроб. Раздзел 10

Пераклад на беларускую мову раздзела з аповесці «Глубокоуважаемый микроб» (1978 г., публ. з 1987 г.) рускага пісьменніка Кіра Булычова (Ігара Усеваладавіча Мажэйка) (1934 – 2003).


РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ,
у якім Удалоў ляціць на планету Сапур для абмену досведам у сферы жыллёвага будаўніцтва


– Вось наш карабель, – сказаў конік, падыходзячы да невялікай лятучай талерачкі, якая стаяла асобна ад зорных караблёў, там, дзе бетон лётнага поля саступаў месца зялёнай траве і трыпутнікам.
– Даляціць? – спытаў Удалоў, збянтэжаны сціплымі памерамі судна.
– А што з ім здарыцца? Не бойся. Я таксама жыць люблю.

Удалоў падумаў, што конік гэтым разам кажа праўду, і першым увайшоў у цеснае, але камфартабельнае нутро талерачкі.

– Ляцець да Сапура паўгадзіны. Кіраванне аўтаматычнае, – сказаў конік. – Папярэджваю, ты мяне слухайся беспярэчна. Чужая краіна, чужыя звычаі. Калі спадабаецца, закупім насенне.

Конік упэўнена сеў ля стырна, а Удалоў уладкаваўся ў другім крэсле і прышпіліўся пасамі. Яму было прыемна думаць, што перамог міжпланетнага прайдзісвета, і таму ён з задавальненнем памацаў у кішэні патаўсцелы гаманец. Потым выняў скрыначку і падміргнуў скарпіёнчыку, ад чаго ў салоне талерачкі запахла суніцамі і падзьмуў лёгкі брыз.

Талерачка павольна ўзнялася над касмадромам і, набіраючы хуткасць, паімчалася на суседнюю планету.

Конік упэўнена дзейнічаў рычагамі, талерачка неслася за межы атмасферы – раптам хтосьці аглушальна чыхнуў.

– Гэта ты чыхнуў? – спытаў Удалоў.
– Не. Хіба не ты?

Яны замаўчалі. Стала трывожна. На караблі хаваўся хтосьці трэці.

– Тут ёсць хто?

Маўчанне.

– Выходзь або страляю, – прыгразіў конік.

І тады пачулася шорганне, дзверы шафы, у якой захоўваліся посуд і скафандры, адкрыліся, і адтуль нясмела выйшла вузкая істота, падобная на грыб-мухамор у жалобе. На істоце была цесная вопратка з махрыстым поясам і камечаны шырокі капялюш чорнага колеру з белымі круглымі плямамі. Рукі яе былі ў белых пальчатках, у правай руцэ сакваяж.

Істота адкашлялася, зняла капялюш, выявіўшы пад ім зусім голую галаву без слядоў расліннасці, і спытала:
– Я вам не перашкодзіў?
– Мы не пасажырскі карабель, – няветліва адказаў конік. – Што, грошаў на білет не было?
– А куды мы ляцім? – спытаў мухамор.
– А куды вам трэба? – спытаў конік.
– Найдалей, – сказаў мухамор.

Удалоў зразумеў, што твар мухамора густа пакрыты белай і блакітнай фарбай, па якой намаляваны журботныя сінія бровы, а пад вачыма чорным намазаны вялікія плямы.

– Прызнавайся, навошта забраўся ў нашу талерачку, а то высаджу цябе ў вакуум, – прыгразіў конік Торы.
– Чалавекалюбства не дазволіць, – адказаў мухамор, – хаця мне гэта ўжо ўсё роўна. Адным мерцвяком больш...
– Супакойцеся, – сказаў Удалоў. – Тут няма ворагаў. Вас хтосьці пераследуе?
– Не, – сказаў мухамор. – Горш. Я пераследую. Але безвынікова.
– Няшчаснае каханне? – спытаў Удалоў са спачуваннем.
– У сваім родзе, – сказаў мухамор. – Я, разумееце, далакоп.
– Я адразу адчуў у ім штосьці злавеснае, – заўважыў конік.
– Працягвайце, – прамовіў Удалоў. – І ў далакопаў могуць быць перажыванні.
– Дзякуй, – адгукнуўся далакоп. – Вы добры чалавек. Хацеў бы я ведаць ваша імя. Вы першы, хто сказаў мне добрае слова за апошні год.
– Мяне завуць Карнэлій Удалоў. Хто ж вы такі, няшчасны далакоп?
– Мая гісторыя жудасная, – пачаў далакоп, усаджваючыся ў крэсла, якое яму саступіў Удалоў. – Я пражыў сваё жыццё на далёкай адсюль планеце шэсць-Г у сузор’і Кіта.
– Як жа, ведаю, – сказаў конік, які не хаваў свайго раздражнення з’яўленнем пасажыра. – Паскуднае месца. Я там ліхаманку падхапіў.
– Я сын далакопа і ўнук далакопа, – працягваў далакоп-мухамор. – Гэта наша спадчынная спецыяльнасць. Я не ўяўляю сабе іншага рамяства, затое ў сваім я прафесіянал. Да мяне адмыслова прыязджалі паміраць з суседніх кантынентаў.
– Ты бліжэй да справы, – сказаў конік. – Самарэклама нас не цікавіць.
– Торы, ты нетактычны! – папракнуў яго Удалоў.
– Я працягваю, – сказаў мухамор. – Апошнімі гадамі нашая планета перажывае экалагічны крызіс. Стала менш лясоў, адчуваецца нястача драўніны, паперы, даражэюць натуральныя прадукты...
– І павялічваецца смяротнасць, – уставіў са спачуваннем Удалоў.
– Ах, не ў гэтым справа, – запярэчыў далакоп. – Справа ў тым, што сёння годна пахаваць чалавека каштуе ў тры разы даражэй, чым дзесяць гадоў таму. Мы, далакопы, каб не разарыцца, вымушаны падымаць цэны.
– У колькі разоў? – пацікавіўся конік.
– Не, толькі так, каб пакрыць выдаткі. Галоўнае – гонар фірмы. Мы паступова банкрутавалі і бяднелі і ўсё ж стараліся забяспечыць нашым суайчыннікам годнае пахаванне ў межах іх бюджэту. Праўда, нам не заўсёды гэта ўдавалася. І вось ва ўмовах эканамічнага крызісу нам быў нанесены здрадніцкі ўдар у спіну.
– Урад прыціснуў? – спытаў конік яхідна.
– Горш. Пачаўся ўсеагульны страйк насельніцтва планеты.
– Яны самі сябе хавалі? – спытаў Удалоў.
– Яшчэ горш. Яны адмаўляліся паміраць. Уяўляеце, усе, аж да глыбокіх старых, застрайкавалі і перасталі паміраць з адной толькі падступнай мэтай – разарыць людзей, якія клапоцяцца пра тое, каб забяспечыць кожнаму годную сустрэчу з вечнасцю.
– І не паміраюць? – захіхікаў конік.
– Ужо паўгода.
– І нават штрэйкбрэхераў няма?
– Было два, – адказаў мухамор. – З ліку нашых сваякоў.
– Вы б знізілі кошты, – параіў Удалоў. – Людзям жа таксама цяжка – паўгода без адзінай смерці.
– Не, справа ў прынцыпах, – сказаў мухамор. – Мы эмігравалі. Я, у прыватнасці, прыляцеў сюды.
– І тут не паміраюць?
– Паміраюць, але тут свае далакопы, якія не пусцілі мяне ў свой прафсаюз. Таму я забраўся ў ваш карабель, каб адшукаць планету, дзе жыве насельніцтва, вартае паслуг маёй старажытнай фірмы.
– Так, гісторыя, – прамовіў Удалоў. І зразумеў, што ніяк не можа выклікаць у сабе спачуванне да гора далакопа. Конік працягваў хіхікаць, паўтараючы: «Ніхто не памірае! Вось малайцы!» Мухамор падабраў ногі, надзеў капялюш і спытаў:
– Сняданак будуць падаваць?

Удалоў выняў бутэрброды, пачаставаў спадарожнікаў, пажаваў сам. «Вось, лячу я з адной планеты на іншую, – разважаў ён, – у аддаленай кропцы космасу жую спакойна бутэрброд нават не з маслам, а з невядомым тлушчам і з каўбасой, якая зроблена з нечага такога, пра што лепш і не думаць. Лячу нібы ў камандзіроўку, нічому не здзіўляюся, гляджу ў ілюмінатар на невядомыя мне сузор’і, а ў бясконцай далечыні прасторы згубілася мая родная Зямля, і на ёй нязначнай кропкай размясціўся горад Вялікі Гусляр, мала каму вядомы нават у межах нашай неабсяжнай радзімы. А на іншым канцы Галактыкі, можа быць, тужыць па мне незнаёмая, але закаханая дзяўчына Тулія, у якой такая мілая і добрая мама родам з Атлантыды. Вось так збліжаешся з людзьмі, перастаеш дзівіцца, як пераставаў у свой час дзівіцца вандроўнік Марка Пола, абышоўшы Зямлю, але ж нельга не здзіўляцца, інакш і няма сэнсу пускацца ў далёкія вандроўкі. Не здзіўляцца можна і дома, каля экрана тэлевізара...» За ілюмінатарам, рухаючыся паралельным курсам, мігцела нейкая кропка.

– Зірні, Торы, – сказаў Удалоў, – нехта за намі ляціць.
– Нічога цікавага, – адказаў конік. – Блукаючая зорка.
– Не падобна да блукаючай зоркі, – прамовіў далакоп. – Я шмат па космасе лятаў, спецпахаванні абслугоўваў, а такіх блукаючых зорак не бачыў. Па-мойму, і праўда за намі хтосьці гоніцца.
– Не звяртайце ўвагі, – паспешліва запярэчыў конік. – Ці мала дрэні ў космасе лятае. Лепш даядайце і рыхтуйцеся да пасадкі.

Далакоп змераў коніка недаверлівым прафесійным позіркам, але прамаўчаў, а Удалоў зноў пачаў разважаць пра дзівацтвы свайго лёсу.

– Трэба ездзіць, – сказаў ён, нарэшце, уголас. – Трэба больш ездзіць і глядзець.
– Не, – запярэчыў далакоп. – Лепш не ездзіць і паміраць дома.


06-08 чэрвеня 2026, Яроміна, Гомель, Шведская Горка;
08-10 чэрвеня, 06, 08-09 ліпеня 2026, Гомель (дапрацоўка, шматлікая рэдактура з дапамогай Гугл ШІ).


Рецензии