Спёка

Спёка


Тыдзень льецца дождж. Тыдзень я п’ю. Не кампот, скажу вам. Настрой ёсць ніжэйшым за плінтус. У такі час заўсёды нешта здараецца. І ты жахліва чакаеш калі хто патэлефануе. Сон не ідзе. Ранішняя каша імгненна ўцякае з рандолі. Кот з дакорам глядзіць на мае спробы зрабіць хоць нешта палезнве у доме. І, не дачакаўшыся запрашэння да абеду, знікае пад радыятар. Там хоць нейкае цяпло.

Галава рыпіць і расколваецца ад думак. Што ж не так? Што рабіць? 
Адчуванне такое, як перад залпам. Ведаеш, чакаеш, але як толькі бабахне дык сэрца гатова выскачыць з грудзей, і хочацца крыкнуць на ўсю глотку: аааааааааа! Людзііііі! Што вы творыце?! Людзі, апамятайцеся! 
Мір. Праца. Жвачка.

Але ракеты ляцяць. Людзі з усмешкай паляць і рэжуць адзін аднаго. Сатана падняўся з пекла. Падняў з самага дна чалавечай душы самыя страшныя заганы і жаданні.

Гарэлка не дапамагае. 
Заснуць няма ніякай магчымасці. 
Правальваешся на паўгадзіны. Абрыўкі сну не паспяваеш утрымаць бо ізноў падаеш у цемру. І так да самай раніцы. Раніцай з шумячай галавой ідзеш умывацца і чысціць зубы. Халодная вада цвярозіць. Скіроўваеш струмень душа на патыліцу, коле мільёнам гойстрых шыльцаў.
Пачынаюць вылазіць начныя абрыўкі. Складаюцца ў агульную карціну...

Я ўжо колькі часу еду ў паўпустым метро. Я проста еду. Я не хачу наверх, на паверхню. Там лівень. Холад. Вільгаць хапае слізкімі халоднымі лапамі і запаўзае пад вопратку. Бр-р-р. Бр-р-р. 
Пакрываюся гусінай скурай да самага кончыка носа.

У вагоне ўсе мокрыя і злосныя. Ніхто не чытае кніг, ніхто не ўтыкнуўся ў смартфона. Усе са шкляным позіркам глядзяць слепымі вачыма перад сабой. 
Пра што думаюць гэтыя людзі? Якія іх думкі, жаданні? Хто яны? Шчаслівыя? 
Не? 
Куды яны едуць?

Вада сцякае з іх макінтошаў, парасонаў, ботаў на падлогу. І ўтварае маленькія калюгі. І нават азерцы. 
Стары побач дзюбкай парасона злучае гэтыя азерцы ў адно вялікае. Святло лямпы адлюстроўваецца ў ім і слепіць мяне. Стары нешта бурчыць сабе пад нос. 
Слухаю абрыўкі: вайна. Сволачы. Помста!

На чарговай станцыі заходзіць натоўп. Усе мокрыя. Здаецца, наверсе лівень не спыняецца. Тэмпература ў вагоне падае. Я скурчыўся. Мае красоўкі прамоклі наскрозь, і я адчуваю, як холад учапіўся за мізінец на левай назе жалезнымі абцугамі. Мяне пачынае трэсці.

Стары раскрывае свой парэпаны куфэрак, дастае згортак і працягвае мне. 
Вось, пакаштуй. Сагрэешся. 
Не ў сілах адмовіцца, я з асалодаю ўпіваюся ў вяндліну.

Падымаю вочы, насупраць, у незаслоненым акне, адбіваюцца два старыя. 
У маленькім, у старым капелюшы, я пазнаю сябе. 
Ну які ж я стары? Я яшчэ малады. Вось красоўкі. Вось смартфон. Мне яшчэ семнаццаць год!

Стары зноў абарочваецца. 
Вось, кажа, пенсію затрымалі. Вы паспелі атрымаць?

Мой мозг не вытрымлівае такога штурму. 
Бутэрброд з вяндлінай расчуліў мяне. Мне зрабілася цёпла, і слёзы пырснулі з вачэй.

Ну што вы так, супакойвае стары. 
Не перажывайце. 
Зараз усюды так. Вайна.

- Вайна? - перапытваю я. 
І аглядаюся вакол.

Усе ў вагоне ў камуфляжы. З аўтаматамі. Некаторыя перавязаныя. 
Цяжкі пах копаці, гару б’е ў нос.

Стары тым часам працягвае: 
- Хутка канечная. Нас там павінны сустрэць. Давай, дружа, да нас, у рамроту. Першы час будзе цяжка. А потым уцягнешся, прывыкнеш. 
Дождж скончыцца. 
Хутка будзе лета. 
І мы, павер, ім усім зробім спёку.


Рецензии