XI. Гермон

XI. ГЭРМОН


Апостальская група, на чале з Ісусам, падыходзіла да Бэтсаіды, дзе іх чакалі Пётр, Андрэй і Тамаш. Сонца толькі толькі ўзыходзіла з усходу і ранішняя прахалода прыемна лашчыла сяброў. Аб’яднаўшыся, яны, усе разам, накіраваліся ў бок Цэзарэі Філіпавай. Шлях да Цэзарыі быў добра знаёмы сябрам і яны ішлі, назіраючы зялёныя ўжо сялянскія палеткі, выклікаючы непадробную радасьць у сэрцы кожнага галілеяніна.

Яны мінулі Харазін, ідучы на поўнач у бок возера Мером і хутка дасягнулі перакрыжаваньня, дзе пачынаўся шлях да Дамаску. Гэта было даволі населенае месца, дзе можна было адпачыць і пахарчавацца, а таксама і набыць нешта неабходнае ў дарозе. Менавіта тут сябры і вырашылі прыпыніцца на адпачынак, разьмясціўшыся табарам непадалёк ад карчмы.

Хутка каля іх сабраўся немалы натоўп, бо многія ўжо ведалі гэтых людзей, сярод якіх быў Той, Хто быў здольным рабіць розныя цуды і вучыў Божаму Валадарству. Да іх падыйшла невялікая група людзей, якія ішлі за Ім аж ад Бэтсаіды, чакаючы таго моманту, калі апостальская група стане на адпачынак. Яны вялі з сабою сьляпога, з вялікай надзеяй на тое, што Ісус, дакрануўшыся, аздаровіць сьляпога і дасьць яму зрок.

Нічога ня кажучы, Ісус узяў сляпога за руку і адвёў таго падалей ад натоўпу, каб аздаравіць яго. Ісус плюнуў яму на вочы і ўсклаў на яго рукі, як вочы сьляпога прасьвятлелі і ён пачаў нешта бачыць. «Настаўнік, я бачу людзей, што ходзяць як дрэвы» - толькі і змог прамовіць гэты чалавек. Ісус жа зноў усклаў Свае рукі на ягоныя вочы, як раптам зрок цалкам вярнуўся і аздароўлены пачаў усё ясна ды добра бачыць.

Ісус забараніў яму вяртацца да натоўпу, але загадаў таму адразу ж вяртацца ў Бэтсаіду, каб пачаць новае жыцьцё. Вярнуўшыся да натоўпу, Ён сказаў тым, якія прывялі сьляпога, што сляпы ўжо не сьляпы і самастойна пайшоў дадому.

Ісус сеў на Сваё месца і, узьняўшы руку, патрабаваў цішыні. Людзі ўважліва глядзелі на Ісуса, калі Ён прамовіў да іх: «Падобнае Валадарства Нябеснае да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасеяў на полі сваім. Яно меншае за ўсякае насеньне, а калі вырасьце — большае за ўсе расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і хаваюцца ў галінах яго»

І яшчэ сказаў да іх: «Падобнае Валадарства Нябеснае да кісьлі, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё».

Разьвітаўшыся з прысутнымі, сябры працягнулі свой шлях у паўночным накірунку. Вучні Ісуса ішлі моўчкі, разглядаючы прыгажосьць навакольля, але, кожны з іх думаў пра тое, што гэтым хацеў сказаць іхні Настаўнік. Наперадзе, справа, адкрылася перад імі возера Мером, блакітныя воды якога вабілі да сябе падарожнікаў. Сябры збочылі і падыйшлі да берагу возера, каб застацца тут на ноч і адпачыць.

Калі ж яны разьмясьціліся, Пётр першым запытаў Ісуса пра тое, што хвалявала і ўсіх вучняў: «Дзеля чаго гаворыш ім у прыповесьцях?» Ісус чакаў гэтага пытаньня, а таму, паглядзеўшы на вучняў, адказаў ім: «Бо вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім ня дадзена. Бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае. Дзеля таго гавару ім у прыповесьцях, што яны, гледзячы, ня бачаць і, слухаючы, ня чуюць, і не разумеюць.

І спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: “Слыхам пачуеце, і не зразумееце, і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце. Бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма, і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх”. Вашыя ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць. Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі ўбачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і пачуць, што вы чуеце, і ня чулі».

З павагай і любоўю глядзелі вучні на Настаўніка, калі Ён казаў гэтыя словы, бо кожнае слова Ісуса напаўняла іхняе сэрца радасьцю адкрыцьця сапраўднага сэнсу Ягонага вучэньня.

Ісус жа, гледзячы на прасьветленыя твары вучняў, даў ім яшчэ адну прыповесьць: «Падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, і пасеяў між пшаніцаю кукаль, і пайшоў. Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады паказаўся і кукаль. І прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? Адкуль тады кукаль?” Ён жа сказаў ім: “Вораг чалавек зрабіў гэтае”.

А слугі сказалі яму: “Дык хочаш, мы пойдзем і зьбярэм яго?” А ён прамовіў: “Не, каб, зьбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: 'Зьбярыце спачатку кукаль і зьвяжыце яго ў снапы, каб спаліць іх, а пшаніцу зьбярыце ў сьвіран мой”». Заўважыўшы зацішную паўзу, Ісус убачыў тое, што і зараз патрабуецца тлумачэньне гэтай прыповесьці.

Ён, запрашаючы жэстам прысесьці, працягнуў: «Сейбіт добрага насеньня — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта сьвет, добрае насеньне — гэта сыны Валадарства, а кукаль — сыны злога; вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал, жніво — сканчэньне веку, а жняцы — анёлы. Бо як зьбіраюць кукаль і агнём паляць, так будзе пры сканчэньні веку гэтага: пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе згаршэньні і ўсіх, хто чыніць беззаконьне і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў. Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Валадарстве Айца іхняга. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

Ранак сустрэў сяброў прыемнай прахалодай і добрым настроем. Прамені ўзыходзячага сонца шрэбрылі паверхню возера Мером, напаўняючы кожнае сэрца супакоем і надзеяй на добрае ў гэтым дні. Сябры, вярнуўшыся на шлях, накіраваліся далей у бок Цэзарэі Філіпавай, адчуваючы ўсё больш і больш цяпла ад узыходзячага сонца з усходу.

Яны ішлі сярод хараства палеткаў, якія радавалі вока кожнага чалавека, што бачыў усё гэтае хараство. Ярдан вітаў іх, калі яны пераходзілі на правы ягоны бераг, даючы напамін Ісусу пра той незабыўны момант, калі Ён атрымаў хрост ад Яна ў паўднёвай частцы гэтай ракі. Так, у добрым настроі, яны і набліжаліся да Цэзарэі Філіпавай, дзе іх чакаў адпачынак на ўваходзе ў горад.

Сонца ўжо схілялася на захадзе, калі сябры ўладкаваліся на тэрыторыі прыдарожнай карчмы дзеля начнога адпачынку. Калі ж яны сядзелі, пазіраючы на зыходзячае сонца, да іх падыйшоў невялікі натоўп, каб паслухаць гэтага Настаўніка, пра якога ўжо ведала ўся Галілея.

Ісус, нечакана для ўсіх, зьвярнуўся да іх: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце. Няма нічога, што звонку чалавека, што ўваходзячы ў яго, можа яго апаганіць, але тое, што з чалавека выходзіць, апаганьвае яго. Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае».

Зьдзіўленыя людзі, мала што зразумеўшы, запыталі пра сэнс гэтай гаворкі. Ісус жа, пасьля некаторай паўзы, прамовіў да ўсіх: «Няўжо вы такія няцямкія? Няўжо не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа яго апаганіць, бо ўваходзіць ня ў сэрца ягонае, але ў жывот, і выкідаецца прэч, ачышчаючы ўсякую ежу».

І праз пэўную паўзу дадаў да Сваіх папярэдніх словаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, яно апаганьвае яго, бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, чужалоства, распуснасьць, забойствы, крадзяжы, хцівасьць, зласьлівасьць, подступ, бессаромнасьць, злое вока, блюзьнерствы, пыха, глупота. Уся гэтая ліхота знутры выходзіць і апаганьвае чалавека».

Паслухайце і яшчэ: «Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які, знайшоўшы, чалавек схаваў, і ў радасьці сваёй ідзе, і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле. Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлінаў, які, знайшоўшы адну каштоўную пэрліну, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе».

Ісус зьвярнуўся да прысутных: «Ці зразумелі вы ўсё гэтае?». І, атрымаўшы станоўчы адказ, дадаў да іх: «Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць са скарбу свайго новае і старое».

Сонца хавалася на захадзе, запрашаючы чалавека да адпачынку. Так і адбылося, але людзі разыходзіліся ў вялікім роздуме, а групоўка Ісуса, таксама ў роздуме, пачала разьмяшчацца на начны адпачынак. Ісус адразу ж заснуў, што ніяк ня скажаш пра вучняў, калі кожны з іх, яшчэ некаторы час, не мог заснуць, абдумваючы падзеі ды вучэньні Ісуса на працягу апошніх некалькі дзён.

Ранак сустрэў сяброў сваёй прахалодай, але прамені ранішняга сонца ўжо працягвалі ім сваё цяпло. Пасьля ранішняга сьняданку, сябры нейкі час адпачывалі, калі да іх падыйшоў невялікі натоўп, з якога вылучылася мясцовая жанчына і эмацыйна зьвярнулася да Ісуса: «Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!»

Маўклівая паўза навісла над усімі, калі вучні зьвярнуліся да Настаўніка: «Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі». Ісус адказаў ім: «Я пасланы толькі да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі», але жанчына пачуўшы гэтыя словы Ісуса, сьмела падыйшла да Яго і ў шчырасьці папрасіла: «Госпадзе! Дапамажы мне», але пачула не зусім прыемны адказ: «Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».

Ісус, у добрым сэнсе, зьдзівіўся мудрым адказам гэтай жанчыны: «Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх», а таму абвесьціў да яе: «О, жанчына! Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш». Пётр, зьвярнуўшыся да Тамаша, заўважыў у голас: «Можна толькі ўявіць пачуцьце гэтай жанчыны, якая знойдзе ў доме сваім дачку аздароўленай».

Людзі, уражаныя ўбачаным, разыходзіліся, а апостальская група, на чале з Ісусам, накіравалася ў бок гары Гэрмон. Гара Гэрмон сустрэла Ісуса рознакаляровымі фарбамі разнастайных кветак ды зялёнымі дрэвамі. Вандроўнікі разьмясьціліся табарам на прыгожым лузе, калі Ісус вызначыў трох Сваіх вучняў, якія павінны будуць узыходзіць разам з Ім на гару. Пётр, Якуб і Ян павінны былі пайсьці з Ісусам на гару Гэрмон, вяршыня якой велічна зьзяла белым сьнежным капялюшам, які добра праглядаўся нават і па-за межаў Галілеі.

Ісус давёў да усіх план далейшых дзеяньняў на бліжэйшы час. Асноўная група застаецца ў табары, а Ісус, разам з вызначанай групай, узыходзіць на гару да знаёмага Ісусу горнага лугу, дзе яны застануцца на ноч. Праз паўгадзіны яны ўжо крочылі па горнай сьцежцы ўгору да пакрытай расой ад прахалоднага ды сьвежага подыху сьнежнай вяршыні лугавіны, якая магла падаць тую высокую адзіноту, якую і жадаў Ісус дзеля душэўнага супакою перад надыходзячай барацьбой. Менавіта тут Ён і знайшоў тое месца, дзе можна было схіліць калені разам з вучнямі ў маўклівай малітве.

Прахалода высокагорнага лугу была вельмі прыемнай Ісусу пасьля сьпякоты дня, якая засталася ўнізе, пад гарою. Ён прыйшоў сюды ў суправаджэньні трох выбраных сьведкаў. Ягоная душа была напоўненай ня толькі нябеснага супакою, які навяваў на гэтую душу зносіны з Нябесных Айцом, але і глыбокім усьведамленьнем таго, што падтрымкай Яму будзе нябесная сіла і тое сьвятло, якое ня мае патрэбы ня ў сонцы, ні ў луне, ні ў зьзяючых зорках.

Ён прыйшоў сюды дзеля таго, каб падгатавацца да сьмерці. Ён мае побач трох апосталаў, каб яны пабачылі Яго славу – славу Сына Божага і напоўніліся Божай ласкай і праўдай, каб яны ўмацаваліся ў веры і не сумняваліся, гледзячы на будучыя ганебныя прыніжэньні крыжовага пакараньня.

Вечар, як прадвесьнік ночы, ахінаў іх, калі Ісус, упаўшы на калені, пачаў маліцца да Айца. Шчырая малітва ўзьнесла Яго вышэй за смутак і бедствы гэтага сьвету, які не прымаў Яго. Ісус пераўтварыўся так што твар Ягоны блішчэў як сонца, а адзеньне стала белым, як сьнег на вяршыні Гэрмона. Усё зьзяла ў постаці Ісуса, уся ягоныя асоба дыхала боскім бляскам і гэта можна было параўнаць толькі адначасова са сьвятлом, сьнегам і маланкай.

І вось, каля Яго зьявіліся два чалавекі – Майсей і Ільля. Калі ў пустыне Ён падрыхтоўваў Сябе да вялікай справы жыцьця, да Яго прыходзілі ды служылі Яму анёлы жыцьця, але зараз, калі Ісус падрыхтоўваў Сябе да сьмерці, да Яго зьявіліся служыцелі з магілаў, якія размаўлялі з Ім пра Ягоны канец зямнога жыцьця ў Ерусаліме. Менавіта гэта апосталы і ўбачылі, калі раптоўна прачнуліся, бо, пасьля папярэдняй сумеснай малітвы, яны пазасыналі, укруціўшыся ў сваё верхняе адзеньне.

Сярод цемры ночы, выліваючы моцнае сьвятло на горную зеляніну, зьзяла постаць Ісуса, а каля Яго, у тых жа бліскучых хвалях славы, стаялі яшчэ два старца, якіх адразу ж пазналі апосталы. Яны размаўлялі ў горнай цішыні пра хуткі канец у Ерусаліме, калі гэты цудоўны відзеж пачаў гаснуць і гэтыя вялікія госьці гатаваліся сыйсьці.

Зьдзіўлены і захоплены Пётр, першым ачуняўшы ад гэтага цудоўнага відзежу, ня ведаў тое, што ў Ісусе ўжо выкананы «закон і прарокі» і не зусім разумеючы, што іхні Настаўнік бясконца вышей за Сынайскага законьніка і Кармільскага мсціўцу, прапанаваў неверагоднае: «Госпадзе! Добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлі».

Але на гэтую неабгрунтаваную прапанову адказу не было і, разам са знікненьнем Майсея і Ільлі, іх ахінула сьветлае воблака і яны пачулі выразны голас з неба: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне; Яго слухайце». Жах кінуў вучняў на зямлю, калі яны пачулі гэты голас з неба, але пачалі супакойвацца і ўставаць, калі пачулі свайго Настаўніка: «Устаньце і ня бойцеся!»

Калі апосталы, падняўшы свае вочы, узьняліся і аглядзелі навакольле, яны ўбачылі толькі Ісуса. Ня стала сьветлага воблака і белага, як сьнег, адзеньня. Яны былі толькі з Ісусам і толькі зоркі сваім спакойным сьвятлом асьвятлялі высокія горныя схілы.

Ноч ужо саступала свае правы надыходзячаму ранку дня, калі першыя прамяні ўсходняга сонца прынесьлі сваё сьвятло на горную лугавіну Гэрмона, дзе гэтага чакалі, размаўляючы паміж сабою, апосталы на чале з Настаўнікам. Унізе было яшчэ даволі цёмна, калі група пачала зыходзіць з гары, але перад гэтым Ісус забараніў ім расказваць альбо каму тое, што яны бачылі ці чулі тут, на гары: «Нікому не кажыце пра гэты відзеж, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых».

Яны паабяцалі Яму, хаця ніхто з іх не зразумеў сказанага Настаўнікам, але іх хвалявала і іншае пытаньне, бо яны бачылі Ільлю і таму ўпэўніліся ў тым, што іхні Настаўнік і ёсьць Хрыстом. Яны ўжо крочылі па горнай сьцежцы ўніз, калі вучні запыталі Ісуса: «Чаму ж кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці спачатку?»

Ісус жа, не спыняючыся, адказаў ім: «Ільля сапраўды прыйдзе спачатку і направіць усё. А Я кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, але ўчынілі з ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы мае перацярпець ад іх». Далей уся група ішла моўчкі, бо стала зразумелым тое, што Ён казаў ім пра Яна Хрысьціцеля.

Кантраст паміж супакоем, славаю, нябесным зносінам на гары і замяшаньнем, шаленствам ды нявер’ем, якія сустрэлі Ісуса і апосталаў, калі яны зыйшлі на ўзровень чалавечага жыцьця дзівіць уяўленьне чалавека ўсіх вякоў. Пад час адсутнасьці Ісуса, тут, у падножжа Гермона зьдзейсьнілася падзея, якая прывяла Ягоных вучняў да спалоху і зьбянтэжанасьці.

Людзкі натоўп, на чале з кніжнікамі, громкімі крыкамі ціснула невялікую групу выбраных сяброў Ісуса. І вось, у гэты крытычны момант, натоўп убачыў Ісуса, Які набліжаўся да людзей у суправаджэньні трох вучняў. Постаць Ісуса пераняла ўвагу натоўпу і людзі, супакоіўшыся, віталі знакамітага ўжо Настаўніка.

Ісус, зьвярнуўшыся да кніжнікаў, запытаў іх: «Да чаго гэтая спрэчка з імі?» Кніжнікі, на зьдзіўленьне натоўпу, маўчалі, як маўчалі, усьведамляючы сваю няўдачу, і вучні Ісуса. Тады выйшаў наперад чалавек з натоўпу, зьвяртаючыся да Ісуса: «Настаўнік! Малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён адзінародны ў мяне. І вось дух бярэ яго, і ён неспадзявана крычыць, і тузае яго з пенай; і ледзь адступае ад яго, разьбіўшы яго. І я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не змаглі».

Ісус уважліва агледзеў натоўп, каля якога стаялі засмучаныя вучні і раптам зьвярнуўся да ўсіх: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго».

Хутка прывялі хлопчыка. Але тое, што было далей, жахнула ўсіх прысутных. Убачыўшы Ісуса, хлопчык упаў на зямлю і ў жахлівых канвульсіях качаўся па зямлі з пенай у роце. Ісус не сьпяшаўся і таму запытаўся ў бацькі: «Калі гэта здарылася з ім?» «З дзяцінства, Настаўнік. Зьлітуйся і дапамажы нам» - адказаў яму няшчасны бацька.

Ісус жа, быццам бы вяртаючы гэтыя словы, прамовіў да гэтага чалавека: «Калі колькі-небудзь можаш верыць, памятай пра тое, што ўсё магчыма веруючаму». І тут здарылася неверагоднае, калі бацька хворага хлопчыка, упаўшы на калені, выпусьціў крык, які стаў вядомым у-ва ўсе вякі: «Веру, Госпадзе! Дапамажы майму нявер’ю».

Народ дадаваўся да натоўпу, з цікавасьцю і захапленьнем, назіраючы за магчымым цудам ад Ісуса. Ісус жа, зьвяртаючыся да хворага, сказаў: «Дух нямы і глухі. Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш ніколі ў яго не ўваходзь». Натоўп ахнуў, калі пасьля словаў Ісуса з хлопчыка зноў вырваўся дзікі крык ды моцныя канвульсіі яшчэ тузалі цела хворага, але пена з роту ўжо не вылівалася.

Раптам хлопчык заціх і заставаўся ляжаць нерухома, калі, у цішыні пачуўся шэпт сярод натоўпу пра тое, што, напэўна, хлопчык памёр. Але ўсё гэта было ня так і Ісус, узяўшы хлопчыка за рукі, падняў яго жывым і перадаў яго ў рукі бацькі. Усе разыходзіліся разам з шчасьлівым бацькам ды аздароўленым сынам, захоплена разважаючы пра гэты цуд ад Ісуса.

Сонца ўжо пераваліла на другую палову дня і апостальская група вырашыла адпачыць перад вяртаньнем у Капернаум. Сярод вучняў Ісуса ўсталявалася напружаная цішыня, якая вылівалася, як натуральная рэакцыя, з папярэдніх падзеяў на гэтым месцы. Пётр, Ян і Якуб, усё яшчэ захопленыя начнымі падзеямі на гары, глядзелі на сваіх сяброў з зьдзіўленьнем і спачуваньнем, а астатнія вучні перажывалі сорам няўдачы, не разумеючы тое, чаму ўсё гэта так адбылося.

І таму пытаньне апосталаў пра прычыну іхняй няўдачы выглядае ня толькі лагічным, але і разумным. Ісус чакаў такога пытаньня ад вучняў, а таму і не сьпяшаўся тлумачыць ім прычыны іхняе паразы. Але зараз Ён шчыра сказаў ім тое, што гэта адбылося з прычыны іхняга малавер’я, без усякага тлумачэньня ранішняга здарэньня. Вучні ўжо мелі пэўны практычны вопыт па выгнаньню дэманаў і таму яны напружана разважалі пра словы Настаўніка.

Лёгка можа стацца тое, што вера іхняя аслабла пад час адсутнасьці Ісуса ці яны не былі здольнымі зладзіць з гэтымі цяжкасьцямі, ня маючы каля сябе Пятра і сыноў Зэбедэя. Але яны зразумелі тое, што Ісус даў ім вялікі ўрок пра веру, якой усё магчыма, бо нават вера і з зерне гарчычнае можа перасунуць гару так, як будзе загадана.

Яны нясьпешна ішлі па дарозе ў накірунку Бэтсаіды, калі дасягнуўшы месца, дзе пачынаўся шлях на Дамаск, вырашылі застацца ў гэтым людным месцы на ноч, бо сонца ўжо схілялася на захад, запрашаючы путнікаў да адпачынку. Калі ўся група размясьцілася, Тамаш зьвярнуўся да Ісуса з пытаньнем: «Дык хто большы ў Валадарстве Нябесным?»

Ісус раней чуў гэтыя спрэчкі сярод вучняў, але ня ўмешваўся ў іхнія размовы. Зараз жа пытаньне адрасавалася непасрэдна Яму і Ён, як Настаўнік, павінен быў даць Сваім вучням вычарпальны адказ. Ісус паклікаў дзіцятка, які апынуўся побач, і, паставіўшы яго сярод вучняў, зьвярнуўся да іх: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і ня станецеся, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

Дык хто панізіць сябе, як гэтае дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным. І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прыймае. А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб павесілі млынавы камень на шыю ягоную і ўтапілі яго ў глыбіні мора.

Гора сьвету ад згаршэньняў, бо патрэбна, каб прыйшлі згаршэньні; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць згаршэньне. Калі ж рука твая ці нага твая горшыць цябе, адсячы іх і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгавым ці калекаю, чым, маючы дзьве рукі або дзьве нагі, быць укінутым у агонь вечны.

І калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную. Глядзіце, не пагарджайце ані адным з малых гэтых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага. Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб збавіць тое, што загінула.

Як вы думаеце, калі б нейкі чалавек меў сто авечак, і адна з іх заблукала, ці, пакінуўшы дзевяноста дзевяць у гарах, ня пойдзе ён шукаць тую, што заблукала? І, калі станецца, што знойдзе яе, сапраўды кажу вам: ён узрадуецца з яе больш, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі. Гэтак няма волі Айца вашага, Які ў небе, каб загінуў адзін з малых гэтых.

Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго між табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, ты здабыў брата твайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьведак змацавалася ўсякае слова. Калі ж не пачуе, скажы царкве, а калі і царквы не пачуе, няхай будзе ён табе, як паганін і мытнік.

Сапраўды кажу вам: усё, што вы зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана ў небе. Ізноў кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодзяцца адносна любой справы, дык што ні папросяць, станецца ім ад Айца Майго, Які ў небе. Бо дзе двое або трое сабраныя дзеля імя Майго, там Я сярод іх».

Вучні ўважліва слухалі Настаўніка і калі Ён скончыў, Пётр, жадаўшы працягнуць гэтую размову, зьвярнуўся да Ісуса: «Госпадзе! Колькі разоў брат мой будзе грашыць супраць мяне, і я дарую яму? Ці да сямі разоў?»

Ісусу спадабалася гэтае пытаньне і Ён, зьвярнуўшыся да ўсіх, адказаў Пятру: «Не кажу табе: да сямі, але да сямідзесяці разоў па сем. Дзеля гэтага Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які захацеў разрахавацца са слугамі сваімі. Калі ж пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў дзесяць тысячаў талентаў. А як ня меў што аддаць, пан ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць. Тады слуга той, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: “Пане! Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё табе аддам”.

Пан, зьлітаваўшыся над слугою тым, адпусьціў яго і дараваў яму пазыку. А слуга той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”. Тады таварыш ягоны, упаўшы да ног яго, прасіў яго, кажучы: “Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё аддам табе”.

А той не захацеў, але адыйшоўшы, кінуў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу. Таварышы ягоныя, убачыўшы, што сталася, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, паведамілі пану свайму ўсё, што сталася. Тады пан ягоны, паклікаўшы яго, кажа яму: “Злы слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты прасіў мяне. Ці ж ня мусіў і ты зьлітавацца над таварышам тваім, як і я зьлітаваўся над табою?”

І, загневаўшыся, пан ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі не даруе кожны з вас ад сэрца свайго брату свайму грахоў ягоных».

Бэтсаіда сустрэла сяброў ветлівым сонцам і супакоем вуліцаў. Яны разьвіталіся з Тамашам, Андрэем і Пятром, якія накіраваліся дадому, каб праз тры дні сустрэцца ў іхнім капернаумскім доме. Сябры ішлі ўздоўж берагу Галілейскага мора, з цеплынёй назіраючы тое, як белыя ветразі рыбацкіх лодак, нібыта птушкі, павольна луналі над блакітнай паверхняй іхняга роднага мора.

Капернаум сустрэў іх правінцыйнай цішынёй пустых вуліцаў і толькі дзе-нідзе дзіцячыя крыкі разразалі гэтую цішыню. У іхнім доме іх ужо чакала Марыя, якая толькі ўчора, разам з Юдай, прыйшла з Магдалы. Пасьля радаснага вітаньня, яна запрасіла ўсіх да абеду, бо пасьпела ўжо што-нішто прыгатаваць.

Пасьля невялікага адпачынку яны разыйшліся, каб сустрэцца тут праз тры дні. Ісус ійшоў дадому ў добрым настроі, ведаючы тое, што там, акрамя маці і Рут, чакаў Яго і брат Юда, які прыйшоў у Капернаум, каб тэрмінова набыць што-нішто для рыштунку сваёй рыбацкай лодцы і, карыстаючыся гэтай нагодай, наведаць маці ды сястру.

Рут, як і заўсёды, першай убачыла Ісуса і радасна выбегла Яму насустрач. За ёй, нясьпешна, выйшлі Яму насустрач маці і Юда, які, пасьля цёплага вітаньня, паведаміў Ісусу пра мэту свайго візіту ў Капернаум. Ісус планаваў гэтыя тры дні працаваць на прадпрыемстве Зэбедэя, а таму паабяцаў брату дапамогу ў неабходнай камплектацыі заказу.

Рэшта дня прайшла ў цёплых размовах, калі Юда расказваў Ісусу пра свае справы і справы дзядзькі Ісуса, а Рут расказвала Яму пра свае посьпехі ў сваім цудоўным кветкавым садзе каля іхняга дому. Хутка маці паклікала іх на вячэру, а калі сонца канчаткова схавалася на захадзе, усе паклаліся на начны адпачынак, каб сустрэць першыя ранішнія прамені сонца ў добрым настроі.

Ранак, як заўсёды, Ісус сустракаў на беразе Галілейскага мора непадалёк ад Капернаума, молячыся да Айца, каб атрымаць ад Яго сілы для далейшага служэньня. Неўзабаве да Яго прыяднаўся і Юда, які ведаў дзе моліцца Ісус. Яны сядзелі на беразе мора, моўчкі назіраючы невялікія ранішнія хвалі, якія, з невялікім плёскатам, накатвалі на бераг, раз за разам ласкаючы марскі берагавы пясок.

Яны сядзелі на беразе мора, успамінаючы сваіх родных, што засталіся ў Назарэце, у якім прайшла значная частка іхняга жыцьця. Ісус жа, з сумам вызначыў пра Сябе тое, што Ён больш ніколі ня ўбачыць гэтага роднага месцу. Сонца незаўважна падымалася ўсё вышэй і браты нясьпешна пайшлі ў бок майстэрні Зэбедэя, дзе Ісуса чакала трохдзённая праца, па якой Ён ужо знудзіўся, а таму яны ўжо зацікаўлена размаўлялі пра тыя дробязі, якія былі вельмі важнымі ў рыштунку рыбацкай лодцы.

Майстэрня сустрэла братоў прыемнымі вытворчымі пахамі ды ветлівымі працаўнікамі, якія радасна віталі Ісуса, прадчуваючы цікавую размову з Ісусам пад час адпачынку. Так і прайшлі гэтыя тры працоўныя дні ў майстэрні Зэбедэя, калі настаў ранак, які абвесьціў сустрэчу Ісуса з апосталамі ў іхнім агульным доме.

Наступным ранкам Ісус, пасьля малітвы на беразе Галілейскага мора, прыйшоў да іхняга агульнага дому сходаў, дзе яго сустрэла Марыя з Магдалы, якая даглядала за гэтым домам. Яшчэ нікога не было і Марыя з Ісусам абменьваліся тым, што істотнага адбылося ў іхнім жыцьці за гэтыя тры дні.

Ісус распавёў Марыі пра Сваю працу і пра тыя дыялогі, якія адбыліся паміж Ім і працаўнікамі прадпрыемства Зэбедэя, а Марыя проста ды сьціпла паказала на ідэяльны парадак у гэтым доме, што і ўказвала на працу гэтай цудоўнай жанчыны. Ісус шчыра падзякаваў Марыю за яе працу, калі пачалі прыходзіць Ягоныя вучні. Вітаючы Ісуса і Марыю, яны расьсядаліся па сваіх месцах, абменьваючыся пры гэтым рознымі навінамі, якія адбыліся за гэтыя дні.

Пётр, з братам Андрэем, ужо падыходзіў да дому сходаў, калі да іх падыйшлі зьбіральнікі дыдрахмаў, зьвярнуўшыся да Пятра: «Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?» Пётр нават і не задумаўся, калі станоўча адказаў на пытаньне зьбіральнікаў. Ды і як ён мог адказаць іначай? З такой думкай ён і ўваходзіў у дом, дзе ўжо сабраліся астатнія вучні.

Пётр не пасьпеў нічога яшчэ сказаць, калі Ісус папярэдзіў яго пытаньнем: «Як ты думаеш, Сымоне, валадары зямныя з каго бяруць мыта ці даніну, ці са сваіх сыноў, ці з чужых?» Пачуўшы ад Пятра тое, што даніну бяруць з чужых, Ісус дадаў да сказанага: «Значыцца, сыны вольныя. Але, каб нам не згаршаць іх, пайшоўшы на мора, кінь вуду, і першую рыбу, якая пападзецца, вазьмі, і, расчыніўшы ёй рот, знойдзеш статыр; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе».

Пётр добра ведаў гэты дом, а таму ўзяў у вядомым месцы вуду і накіраваўся на знаёмае месца ў мора. Усё атрымалася менавіта так, як і прадказваў Ісус. Хутка у руцэ Пятра знаходзіўся статыр, што раўнялася чатыром драхмам, які ён неадкладна і аддаў зьбіральнікам гэтага рэлігійнага падатку. Вярнуўшыся ў дом, Пётр жэстам сігналізаваў Ісусу пра тое, што ўсё ім зроблена дакладна і адразу ж прыяднаўся да астатніх вучняў, якія, слухаючы Настаўніка, абмяркоўвалі свае далейшыя планы.


Ад аўтара:

«Сейбіт добрага насеньня — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта сьвет, добрае насеньне — гэта сыны Валадарства, а кукаль — сыны злога; вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал, жніво — сканчэньне веку, а жняцы — анёлы».

Дадзены тэкст ёсьць сінадальным перакладам Новага Запавету, але зьвярнуўшыся да грэцкага перакладу, мы прачытаем некалькі інакш: «Добрае насеньне – гэта сына Валадарскага, а кукаль – сына злога».

Малая дэталь, але перамяняе шмат што, бо мы павінны бачыць тут не чалавека, але вучэньне. Вучэньне Ісуса Хрыста ёсьць праўдаю ці добрым насеньнем, а кукаль – ёсьць прыдумкаю людзей, якая будзе існаваць у будучым доўгія вякі, пакуль не адбудзецца жніва і, як сьледства, сапраўднае вучэньне Ісуса будзе ачышчана ад кукалю ды пакладзена ў духоўны сьвіран нашага Збаўцы.

Пісаньне ня кажа дакладна пра тое, на якую гару падымаліся апосталы з Ісусам. Існуе думка, што гэтай гарою быў Фавор, бо недарма там былі пабудаваныя, пачынаючы ад шостага стагодзьдзя, тры царквы і манастыр. Лука кажа, што яны ўзыйшлі на гару, а Мацьвей кажа больш дакладна: «На гару высокую». Фавор, у адрозьненьні ад Гэрмона, ніяк не зьяўляецца гарой высокай, а Гэрмон і перакладаецца як «гара».

Такім чынам і аўтар гэтых радкоў прыядноўваецца да тых дасьледчыкаў, якія лічылі і лічаць тое, што сустрэча Ісуса з Ільлёй і Майсеем адбылася менавіта на высокай гары Гэрмон. І вось мы бачым Майсея, прадстаўніка і аўтара Закону, тых самых сьмертаносных літараў, як вызначае іх апостал Павал. Мы бачым побач з Майсеем і Ільлю, прадстаўніка Прарокаў, якія стаялі на літары Закона.

Мы бачым і цікавую рэакцыю Пятра, які, як бы, прапануе сумясьціць дзеяньне Закона ды вучэньне Прарокаў з вучэньнем Настаўніка Ісуса. Але голас з воблака ўсё ставіць на свае месцы: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне; Яго слухайце».

Не Закон і Прарокаў, але Сына Божага павінны мы слухаць, Які і адкрывае нам сапраўднага Айца. Які ёсьць любоўю ды сьвятлом і ў Якім няма ніякае цемры і ніякага зла.

«Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?» З даўняга часу існаваў звычай зьбіраць з кожнага, дасягнуўшага дваццацігадовага ўзросту, гебрая «даніну Богу». Гэтыя грошы прызначаліся для закупу ахвяраў, пакладных хлябоў і, таксама, для розных іншых выдаткаў пры храмавых служэньнях. Гэты падатак павін быў даваць кожны гебрай, дзе б ён не знаходзіўся і якім бы багацьцем ён не валодаў.

Падатак гэты зьбіраўся ў першы дзень месяца Адара спакойна ды ветліва. Калі ж плата затрымлівалася на дваццаць пяць дзён, дык зьбіральнікі, таксама ветліва, давалі напамін канкрэтнаму гебраю.

Зварот да Пятра і нясе ў сабе ветлівасьць ды дэлікатнасьць. Але чаму зьбіральнікі не зьвярнуліся да Ісуса асабіста і чаму яны зьвярнуліся да Пятра амаль што восеньню, праз значны тэрмін ад месяца Адара?

Першая здагадка ў тым, што Ісус мала затрымліваўся ў Капернауме, але іншая кажа пра тое, што фарысеі наўмысна турбавалі Ісуса, каб выказаць пагарду гэтаму Настаўніку ў вачах народа. Хуткі адказ Пятра зьбіральнікам: «Так», безумоўна што быў пасьпешным, але прабачальна Пятру, бо ён шмат чаго яшчэ ня ведаў.

Грошы гэтыя, згодна ўстанаўленьню, былі грашыма адкупленьня за душу, а ці павінен быў Збаўца, Які адкупаў душы людзей коштам Свайго жыцьця, плаціць грошы адкупленьня за Сваю асабістую душу?

Гэтыя грошы прызначаліся для служэньня ў храме, а ці абавязаны быў плаціць Той, чыё цела і было новым Божым храмам? Ён увайшоў у Сьвятая сьвятых коштам асабістай крыві. Ён плаціў тое, чого ня быў павінен, каб збавіць ад пазыкі нас, якую заплаціць мы ня здольныя.

Мы ж, прыяднаўшыся да вучняў Ісуса, будзем уважліва назіраць тое, як будзе складацца далейшае служэньне Ісуса і Ягоных вучняў.


Рецензии