XII. Путешествие семидесяти
Пётр, праціснуўшыся скрозь немалой колькасьці прысутных тут людзей бліжэй да Настаўніка, пачаў разумець сэнс размовы сваіх сяброў з Ісусам. Ісус распавядаў шматлікім прысутным пры тыя цудоўныя посьпехі, якія мелі месца ў папярэдняй вандроўцы дванаццаці Ягоных апосталаў. Пётр бачыў надхнёныя твары сваіх сяброў і сэрца яго прыемна трапятала ў адчуваньні прыналежнасьці да гэтага цудоўнага дзеяньня.
Пасьля невялікай паўзы, Ісус зьвярнуўся да прысутных з прапановаю замацаваць гэты посьпех, паслаўшы па гарадах і мястэчках яшчэ адну групу, але значна большую, каб несьці Ізраілю вестку пра набліжаючае Божае Валадарства. Ісус глядзеў на зацікаўленыя твары прысутных тут шматлікіх вучняў, добра ведаючы іхні настрой паўдзельнічаць у такім цудоўным служэньні.
Такім чынам вызначыліся семдзесят вучняў, якія, праз тры дні, павінны былі выйсьці з Капернаума па двое ў напрамку вызначаных тут маршрутах. Ня ўсе з вызначаных вучняў былі жыхарамі Капернауму ці Бэтсаіды, а таму яны павінны былі разыйсьціся па сваіх гарадах ды мястэчках, каб папярэдзіць сваіх блізкіх пра гэтую вось неспадзяваную вандроўку.
Усе пагадзіліся з Ісусам, калі Ён зьвярнуўся да вучняў, кажучы да іх: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё. Ідзіце! Вось, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ані кайстры, ані торбы, ані сандалаў, і нікога ў дарозе не вітайце.
У які ж дом увойдзеце, перш кажыце: “Супакой дому гэтаму!” І калі будзе там сын супакою, то супачыне на ім супакой ваш, а калі не, то да вас вернецца. А ў доме тым заставайцеся, ешце і піце, што ў іх ёсьць; бо работнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. І калі прыйдзеце ў які горад, і прыймуць вас, ешце, што вам дадуць; аздараўляйце ў іх хворых, і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
А калі прыйдзеце ў які горад, і ня прыймуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажыце: “І пыл, які прыліп да нас ад вашага гораду, абтрасаем вам. Аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. Кажу ж вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым гораду гэткаму.
Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, яны даўно б навярнуліся, седзячы ў зрэбніцы і попеле. Але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам. І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш. Хто слухае вас, той Мяне слухае, і хто адкідае вас, той Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, той адкідае і Таго, Хто паслаў Мяне»
Вучні Ісуса, якія былі прызначаныя да вандроўкі разыйшліся па сваіх хатах, каб падгатавацца да няблізкага шляху, а Ісус, застаўшыся з апосталамі, абвесьціў ім пра тое, што яны таксама пойдуць з Галілеі ў бок Ітурэі, на той бок Ярдану.
Наступныя два дні Ён запланаваў працягнуць працу ў майстэрні Зэбедэя, калі астатнія разыйшліся па сваіх справах, каб быць гатовым да новай сваёй вандроўцы. Так у працы ды іншых гаспадарчых клопатах і прайшлі гэтыя дні, калі нарэшце семдзесят вучняў Ісуса пайшлі па сваіх маршрутах, памятаючы сказаныя на дарогу словы Настаўніка.
Сам жа Ісус, у суправаджэньні апосталаў і вялікага натоўпу людзей, пайшоў у межы Ітурэйскія. Шлях да Бэтсаіды дастаткова кароткі, але ён значна расьцягнуўся па часе, бо працэсія вандроўнікаў, раз за разам, прыпыняла свой рух. Да іх падыходзілі розныя людзі, просячы аздаравіць іхніх родных ды бліжніх. Ісус жа, прыпыняючы працэсію, аздараўляў усіх, хто меў у гэтым патрэбу.
Так, нясьпешна, яны ўвайшлі ў межы Ітурэйскія, калі, на адпачынку, нейкі законьнік запытаў у Ісуса: «Настаўнік! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?» Ісус, уважліва паглядзеўшы на законьніка, сказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» Ён жа, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе».
Ісус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Рабі гэтак, і будзеш жыць» Законьнік жа гэты, не адмовіўшыся ад спакушэньня, запытаў Ісуса: «А хто мой бліжні?»
На гэтае сказаў Ісус: «Нейкі чалавек зыходзіў з Ерусаліму ў Ерыхон і натрапіў на разбойнікаў, якія зьнялі з яго вопратку, зьбілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога. Здарылася, што нейкі сьвятар зыходзіў гэтай дарогаю і, убачыўшы яго, прамінуў яго. Таксама і лявіт, апынуўшыся на тым месцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы, прамінуў яго.
А Самаранін нейкі, ідучы, падыйшоў да яго і, убачыўшы яго, зьлітаваўся. І, падыйшоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў карчму, і паклапаціўся пра яго. А на другі дзень, адыходзячы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся пра яго і, калі выдасі што болей, я, вярнуўшыся, аддам табе”.
Хто з гэтых трох, ты думаеш, стаўся бліжнім таму, які натрапіў на разбойнікаў?» Ён сказаў: «Той, які зьлітаваўся над ім». Тады Ісус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі гэтак». Засмучаны законьнік зразумеў усю чысьціню ды шчырасьць словаў Ісуса, зразумеўшы і тое, што ніякія фарысэйскія хітрыкі ня здольныя падцікаваць нейкую няпраўду, а таму пайшоў разам з усімі далей, каб бачыць і чуць цудоўныя словы і дзеі гэтага Настаўніка.
Наперадзе была Гэргеса. Яны ішлі ўздоўж берагу Галілейскага мора і заходні восеньскі ўжо ветрык прыемнай прахалодай абдымаў іх, даючы кожнаму з прысутных пачуцьцё сілы і радасьці. Восеньскі блакіт мора дадаваў кожнаму нешта такое, што нельга было выказаць словамі, але з прыемнасьцю клалася на кожнае сэрца.
Дасягнуўшы Гэргесы, яны прыпыніліся на ўскрайку горада каля прыдрожнай карчмы, каб некалькі гадзін адпачнуць ды падсілкавацца той няхітрай ежай, якую маюць заўсёды пры сабе вандроўнікі. Карчма дала ім віна, а ўсё астатняе, цудоўным чынам, апынулася на невялікім абрусы, клапатліва пакладзеным запасьлівым Тамашам.
Гэтым жа часам Ісус, крыху адыйшоўшы ад вучняў, маліўся да Айца, калі да Яго падыйшлі Ян і Андрэй з просьбай ад усіх вучняў: «Госпадзе! Навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх».
Ён жа, падыйшоўшы да вучняў, з якімі стаяў і невялікі натоўп, зьвярнуўся да ўсіх прысутных: «Калі моліцеся, кажыце: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень. І адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”».
Пасьля няхітрага вандроўнага абеду, сябры ўжо зьбіраліся ў далейшы шлях, калі да іх падыйшла група людзей, якія прывялі свайго родзіча, які быў нямым ад нараджэньня. Яны прасілі аздаравіць нямога у прысутнасьці вялікай колькасьці людзей, якія хутка сабраліся вакол іх.
Ісус, уважліва паглядзеўшы на нямога, уголас загадаў дэману нямоты выйсьці з гэтага чалавека. Праз некалькі хвілінаў турзаньняў, дэман пакінуў цела гэтага чалавека, а сам чалавек, нарэшце, вымавіў свае першыя ў жыцьці словы. Зьдзіўлены натоўп заціх, а фарысэі, што былі сярод натоўпу, громка выказаліся наконт гэтага наступным чынам: «Праз Бэльзэбула, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў».
Гэта было выклікам і таму Ісус, павярнуўшыся да фарысэяў, зьвярнуўся да ўсіх прысутных: «Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее, і дом на дом упадзе. Калі ж і шатан разьдзяліўся сам у сабе, дык як устаіць валадарства ягонае? Бо вы кажаце, што Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў. Калі ж Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў, сыны вашыя праз каго выганяюць іх? Дзеля гэтага яны будуць судзьдзямі вашымі. Калі ж Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць дасягнула да вас Валадарства Божае.
Калі ўзброены асілак ахоўвае панадворак свой, тады ў бясьпецы маёмасьць ягоная. Калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго, бярэ ўсю зброю ягоную, на якую той спадзяваўся, і раздае дабро ягонае.
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той раскідае. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і, не знаходзячы, кажа: “Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў”. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае для чалавека таго апошняе горш за першае».
Аздароўлены чалавек, усхваляваны цудам выгнаньня дэмана і неадрыўна глядзеўшы на Ісуса, раптам адчуў тое, што Ісус зьвяртаецца, перш за ўсё, да яго. Гэта ён павінен запоўніць ачышчаны ад злога духа свой душэўны і сардэчны дом вераю ў свайго Збаўцу Ісуса. І гэта не было ўжо нейкім намерам зрабіць гэта, але аздароўлены яўна адчуваў тое, што ягонае сэрца напаўняецца Ісусам.
Ён адчуў у сабе вялікую патрэбу ісьці за Ісусам, стаўшы Ягоным вучням. Ісус жа, разумеючы ягонае імкненьне, наказаў яму ісьці дадому, каб парадаваць сваіх родных і даводзіць да іншых людзей тое, што адбылося з ім і, самае галоўнае, пра словы Ісуса, як і пра тое, што ён адчувае пры гэтым, напаўняючы верай у Ісуса сябе і сваіх блізкіх ды знаёмых людзей.
Натоўп, атачаючы Ісуса, не разыходзіўся, калі пачуліся патрабавальныя крыкі да Ісуса прадэманстраваць усім якога-небудзь знаку з неба. Ісус разумеў спакушальны фарысэйскі характар гэтага закліку, а таму проста зьвярнуўся да натоўпу: «Пакаленьне гэтае злое; яно шукае знаку, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока. Бо, як Ёна стаўся знакам для Нініўцаў, так будзе і Сын Чалавечы для пакаленьня гэтага. Валадарка з Поўдня ўстане на суд з людзьмі пакаленьня гэтага і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасьць Салямона, і вось, тут большы за Салямона.
Нініўцы ўстануць на суд з пакаленьнем гэтым і асудзяць яго, бо яны навярнуліся праз пропаведзь Ёны, і вось, тут большы за Ёну. Бо ніхто, запаліўшы сьвечку, не стаўляе яе ў тайным месцы, ці пад пасудзіну, але на сьвечніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі сьвятло.
Сьветач цела ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, тады і ўсё цела тваё сьветлае, а калі яно будзе злое, тады і цела тваё цёмнае. Дык зважай, каб сьвятло, што ў табе, не было цемрай. Калі ж цела тваё ўсё сьветлае і ня мае ніводнае цёмнае часткі, дык будзе сьветлае ўсё, нібы бліскавіца асьвятліла цябе».
Час надыходзіў да абедзенага, калі адзін з фарысеяў запрасіў Ісуса да сябе. Ісус пагадзіўся, добра разумеючы тое, што Яго чакае сустрэча, дзе гасьцёўнасць ці простая ветлівасьць былі малаверагоднымі. Калі яна і ня несла ў сабе непрыхаванай варожасьці ды нявер’я, дык цікавасьць бліжэй паглядзець на гэтага новага Настаўніка была відавочнай.
Калі Ісус увайшоў у дом, Ён ня ўбачыў каля Сябе ветлівых твараў, які мелі патрэбу ў Ягонай дапамозе, але, наадварот, Ён бачыў халодныя ды жорсткія твары, якія з халоднай цікавасьцю вывучалі гэтага Настаўніка. Не было побач ветлівых і простасардэчных вучняў,якія б падтрымалі Яго, але Ісус добра разумеў тое, што гэта Ягоны асабісты паядынак з гэтымі прадстаўнікамі Закону.
Кніжнікі, законьнікі і фарысэі, фанабэрыста выконваючы свае артыстычныя абмываньні і назіраючы адзін за адным, важна займалі свае месцы за сталом. Калі ж усе прысутныя пазаймалі свае месцы, Ісус проста падыйшоў да стала і ўзьлёг за трапезу. Неўхваляльная цішыня і нахмураныя бровы прысутных яўна паказвалі на незадаволенасьць таго, што Ісус прайгнараваў абмываньне.
Гаспадар дома і выказаў сваё зьдзіўленьне на тое, што Ісус не абмыўся перад бяседай. Ісус чакаў гэтых словаў, а таму хутка адказаў фарысэю: «Цяпер вы, фарысэі, келіх і місу звонку ачышчаеце, а нутро вашае напоўненае рабункам і зласьлівасьцю. Неразумныя! Ці ня Той, Хто зрабіў тое, што звонку, зрабіў і нутро? Давайце лепш міласьціну з таго, што ў вас унутры ёсьць, і тады ўсё будзе ў вас чыстае. Але гора вам, фарысэі, што вы даяцё дзесяціну з мяты, руты і ўсякай гародніны, і абмінаеце суд і любоў Божую; і гэтае мусіце рабіць, і таго не пакідаць.
Гора вам, фарысэі, што любіце першыя месцы ў сынагогах і вітаньні на рынках. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы быццам магілы схаваныя, і людзі, ходзячы над імі, ня ведаюць гэтага».
Навіслую цішыню перарваў адзін з прысутных законьнікаў: «Настаўнік, кажучы гэта, Ты і нас зьневажаеш». Ісус, павярнуўшыся да гэтага чалавека прамовіў у адказ: «І вам, законьнікі, гора, што вы абцяжарваеце людзей цяжарамі невыноснымі, а самі адным пальцам сваім не кранаеце цяжараў. Гора вам, што будуеце магілы прарокам, а бацькі вашыя забівалі іх. Гэтым вы сьведчыце і згаджаецеся са справамі бацькоў вашых, што яны сапраўды забілі іх; а вы будуеце ім магілы.
Дзеля гэтага і мудрасьць Божая сказала: “Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных будуць забіваць, а другіх будуць перасьледаваць”, каб была спагнаная з пакаленьня гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад заснаваньня сьвету, ад крыві Абэля да крыві Захарыі, забітага паміж ахвярнікам і Домам Божым. Так, кажу вам: будзе спагнана з пакаленьня гэтага. Гора вам, законьнікі, што вы ўзялі ключ разуменьня: самі не ўвайшлі і тым, што ўваходзілі, забаранілі».
Ісус, не зьвяртаючы ўвагі на тое, што фарысэі ды кніжнікі, злуючыся, пачалі дапытвацца ў Яго пра сэнс Ягоных словаў, выйшаў з гэтага дому, дзе Яго чакаў шматтысячны натоўп. Ён разумеў нявымоўнае пытаньне натоўпу, а таму пачаў гаварыць да іх: «Сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць. Бо няма нічога прыхаванага, што б не адкрылася, і тайнага, пра што б не даведаліся. Дык што вы кажаце ў цемры, будзе пачута ў сьвятле; і што скажаце на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў.
Кажу ж вам, сябры Мае: ня бойцеся тых, якія забіваюць цела і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць. Перасьцерагаю ж вас, каго баяцца: бойцеся таго, які мае ўладу, забіўшы, укінуць у геенну. Так, кажу вам, яго бойцеся.
Ці ня пяць вераб’ёў прадаюцца за два асары? І аніводзін з іх не забыты перад Богам. Але ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык ня бойцеся; вы даражэй за многіх вераб’ёў. Кажу ж вам: усякага, хто прызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі, а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, ад таго адракуцца перад анёламі Божымі.
І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана, а хто будзе блюзьніць на Духа Сьвятога, таму ня будзе адпушчана. А калі прывядуць вас у сынагогі, і да начальнікаў, і да ўладаў, не клапаціцеся, як ці што будзеце адказваць, ці што будзеце гаварыць, бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што мусіце гаварыць».
Ісус скончыў гаварыць і цішыня яшчэ вісела над натоўпам, калі сярод людзей выразна прагучаў нейкі голас: «Настаўнік! Скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай». Ісус не зьдзівіўся гэтай просьбе, бо шмат хто з людзей не адыходзіць ад асабістага «я» і заўсёды намагаецца выкарыстаць падобныя абставіны на сваю карысьць.
Ён ня дзеля таго стаяў перад натоўпам, каб прымаць удзел у падзеле маёмасьці сярод братоў, а таму Ісус даволі строга адказаў на гэтую просьбу: «Чалавеча, хто паставіў Мяне судзьдзём ці разьмеркавальнікам між вамі?», а потым дадаў да ўсіх: «Глядзіце і захоўвайце сябе ад хцівасьці, бо жыцьцё чалавека ня ў мностве маёмасьці яго».
І каб замацаваць сказанае, распавёў да натоўпу невялікую прыповесьць: «У аднаго багатага чалавека быў добры ўраджай у полі, і ён разважаў у сабе, кажучы: “Што мне зрабіць, бо ня маю, куды злажыць плады мае?” І сказаў: “Вось што зраблю: раскідаю сьвірны мае, і пабудую большыя, і зьбяру туды ўсю пшаніцу маю і ўсё дабро маё, і скажу душы маёй: 'Душа! Шмат дабра ляжыць у цябе на шмат год; супакойся, еш, пі, весяліся'.” А Бог сказаў яму: “Неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты прыдбаў?” Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее».
Ісус павярнуўся да вучняў, якія стаялі справа каля натоўпу і зьвярнуўся да іх так, каб чулі ўсе прысутныя: «Дзеля таго кажу вам: Не клапаціцеся дзеля душы вашай, што вам есьці, ані дзеля цела, у што адзецца. Душа большая за ежу, і цела — за адзеньне. Паглядзіце на груганоў, якія ані сеюць, ані жнуць, няма ў іх камораў, ані сьвірнаў, і Бог жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за птушак? І хто з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
Дык вось, калі і найменшага ня можаце, навошта клапоціцеся пра іншае? Паглядзіце на лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць; але кажу вам, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх. Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык тым больш вас, малаверы.
І вы не шукайце, што вам есьці, ці што піць, і не турбуйцеся. Бо ўсё гэта шукаюць народы гэтага сьвету; а ваш Айцец ведае, што вам гэта патрэбна. Найбольш шукайце Валадарства Божага, і тое ўсё дададуць вам. Ня бойся, малы статак, бо Айцец ваш упадабаў даць вам Валадарства. Прадавайце маёмасьць вашую і давайце міласьціну; учыніце сабе кайстры, якія не старэюць, скарб у небе, які не зьнікае, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль ня нішчыць. Бо дзе ёсьць скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
Няхай будуць паясьніцы вашыя падперазаныя, і сьвечкі запаленыя, і вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго з вясельля, каб, як прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчасьлівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што яны чуваюць.
Сапраўды кажу вам: ён падпярэжацца, і пасадзіць іх, і, падыйшоўшы, будзе паслугаваць ім. І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, то шчасьлівыя слугі тыя. Бо вы ведаеце, што, калі б ведаў гаспадар дому, а якой гадзіне прыйдзе злодзей, ён чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой. І вы таму будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіне, пра якую ня думаеце».
Разьвітаўшыся з натоўпам Ісус накіраваўся ў адваротны шлях дадому, у Капернаум. Вучні ішлі побач, калі Пётр, які ішоў праваруч Ісуса, запытаўся ў Яго: «Ці да нас ты казаў гэта, ці да ўсіх?»
Ісус прыпыніўся і калі ўсе вучні падыйшлі да Яго прамовіў да іх, пацьверджваючы тое, што тыя словы былі накірованыя перш за ўсё да іх: «Хто ёсьць верны і мудры аканом, якога пан паставіць над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?
Шчасьлівы той слуга, якога пан ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта. Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго. Калі ж слуга той скажа ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці пан мой”, — і пачне біць слугаў і служак, і есьці, і піць, і напівацца, прыйдзе пан слугі таго ў дзень, які ён не чакае, і ў гадзіну, пра якую ня ведае, і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з бязьвернымі.
Слуга ж той, які ведаў волю пана свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў паводле волі ягонай, будзе моцна біты, а які ня ведаў і зрабіў вартае кары, біты будзе меней. Бо ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і вымагацца будзе, і каму шмат даручана, з таго больш запатрабуюць.
Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і як хачу, каб ён ужо загарэўся! Бо хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і як Я ня маю супакою, пакуль гэта ня зьдзейсьніцца! Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць супакой зямлі? Не, кажу вам, але разьдзяленьне. Бо адгэтуль пяцёра ў адным доме падзеляцца, трое супраць двух і двое супраць трох. Падзеляцца бацька супраць сына, і сын супраць бацькі; маці супраць дачкі, і дачка супраць маці; сьвякруха супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць сьвякрухі сваёй».
Сказаў таксама і натоўпам: «Калі вы бачыце воблака, якое падымаецца з захаду, адразу кажаце: “Дождж набліжаецца”, — і стаецца гэтак. І калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: “Сьпёка будзе”, — і стаецца. Крывадушнікі! Аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяцё? Чаму ж вы сябе саміх ня судзіце праведна?
Бо калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальніка, па дарозе аддай заробленае, каб пазбыцца яго, каб ён не прывёў цябе да судзьдзі, і судзьдзя не аддаў бы цябе кату, і кат ня кінуў бы цябе ў вязьніцу. Кажу табе: Ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі яму і апошняй лепты».
Наперадзе была Бэтсаіда. Вучні ішлі моўчкі, абдумваючы няпростыя словы Ісуса. Ня ўсё было зразумелым, але нешта падказвала кожнаму з іх памаўчаць і добра абдумаць усё тое, што яны пачулі ад Настаўніка. Сонца няўмольна схілялася на захад, а таму, разьвітаўшыся з Пятром, Андрэем і Тамашам, сябры пасьпяшаліся ад Бэтсаіды да Капернаума.
Прамені ўзыходзячага сонца вясёла блішчэлі ў невялікіх хвалях Галілейскага мора, калі Ісус маліўся да Айца на знаёмым ранішнім беразе. Ён сядзеў на беразе мора, з прыемнасьцю ўспамінаючы хатнюю вячэру і цёплыя словы ад маці і сястры, якія, дарэчы, больш слухалі Ісуса пра Ягоную вандроўку на той бок Галілейскага мора.
Сонца падымалася ўсё вышэй, калі Ісус пайшоў у бок дома, дзе Яго чакаў ужо смачны сняданак ад родных Яму жанчын. Падыходзячы дадому, Ён убачыў некалькі вучняў з сямідзесяці, якія чакалі Яго, каб нешта паведаміць, як падумаў Ісус, пра сваю вандроўку.
Павітаўшыся з Ісусам, яны паведамілі Яму тое, што вандроўка прайшла пасьпяхова і што іхняя справаздача чакае Настаўніка ў іхнім доме сходаў, як толькі Ісус прыйдзе. Ісус падзякаваў іх за ранішнюю сустрэчу і паабяцаў прыйсьці да іх адразу ж пасьля сьняданку.
Пад час сьняданку Ісус слухаў навіны Капернаума, якія адбыліся пад час Ягонай адсутнасьці ў горадзе. Падзякаваўшы маці і сястру за сьняданак і за навіны, Ісус накіраваўся да дому сходаў, дзе Яго ўжо чакалі Ягоныя вучні.
Павітаўшыся, Ён сеў на Сваё месца, моўчкі гледзячы на Сваіх вучняў. Паўза не зацягнулася і вучні казалі Яму: «Госпадзе! І дэманы падпарадкоўваюцца нам у імя Тваё», суправаджаючы сказанае шматлікімі прыкладамі, якія адбыліся пад час іхняе вандроўцы.
Ісус, выслухаўшы вучняў, прамовіў да іх: «Я бачыў шатана, які ўпаў з неба, як бліскавіца. Вось, Я даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак жа з таго ня радуйцеся, што духі вам падпарадкоўваюцца; але радуйцеся з таго, што імёны вашыя запісаны ў небе».
Ісус з задавальненьнем слухаў гэтых людзей і, узрадаваўшыся ў духу, прамовіў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе». А потым, зьвяртаючыся да вучняў, сказаў да іх: «Усё Мне аддадзена Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, акрамя Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, акрамя Сына і каму Сын хоча адкрыць».
І дадаў наступнае: «Шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце! Бо кажу вам, што многія прарокі і валадары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і ня бачылі; і пачуць тое, што вы чуеце, і ня чулі».
Шмат яшчэ было пачута Ісусам падрабязнасьцяў гэтай вандроўцы і Ён радаваўся ў сэрцы Сваім таму, што перамяняецца сэрца чалавека ад зла да любові – той любові, якая дадзена ад Бога, Які і ёсьць любоў.
Ад аўтара:
Пра выбраньне сямідзесяці вучняў мы чытаем толькі ў Эвангельлі ад Лукі, які кажа нам тое, што колькасьць верных Ісусу вучняў было даволі вялікай. І не было ніякай праблемы, каб з гэтай колькасьці выбраць семдзесят найлепшых. Вандроўка сямідзесяці адрозьнівалася ад вандроўцы дванаццаці тым, што Ісус паслаў іх у тыя месцы, якія павінны былі быць падгатаванымі да прыходу самога Ісуса.
Вынікам іхняе вандроўкі павіннна была быць дзейнасць па падрыхтоўцы людзей да прыняцьця вучэньня Ісуса. Мы яшчэ пабачым тое, што пасьля гэтага Ісус накіруецца ў Фінікію, дзе знаходзіліся гарады Тыр і Сідон, што ёсьць узьбярэжжам Міжземнага мора, а потым у краіну Дзесяцігародзьдзя.
Сямідзесяці вучням Ісус сказаў: «Нікога ў дарозе не вітайце», а дванаццаці такога не казаў. Але чаму? Справа ж у тым, што ўсходнія народы, асабліва паганскія, віталіся даволі працяглы час па тагачаснай традыцыі, што магло пашкодзіць справе пропаведзі вучняў Ісуса.
Вучні павінны былі вельмі шанаваць свой час, які быў вызначаны непасрэдна дзеля мэты іхняе вандроўкі. Таксама Ісус сказаў вучням: «І калі будзе там сын супакою, то супачыне на ім супакой ваш, а калі не, то да вас вернецца»
Сын супакою – гэта той чалавек, які гатовы прыняць і які прымае той мір душы, які дае вучэньне Ісуса. Настаўляючы вучняў абтрасаць ад ног пыл тых гарадоў, якія іх ня прымуць, Ісус дадаў да сказанага тое, што павінны сказаць вучні тым людзям: «Аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае».
Ісус заклікаў вучняў не дакараць гэтых людзей і ня гневацца, але папярэдзіць на тое, што калі яны пакаюцца, дык адчуюць сябе збаўленымі, бо Божае Валадарства не закрытае для іх і заўсёды іх прыйме.
І вось Ісус сустракае семдзесят вучняў пасьля іхняе вандроўкі, якія радасна паведамілі тое, што і дэманы падпарадкоўваліся ім у імя Яго. Ісус пацьвердзіў гэта, бо бачыў тое, як шатан падаў перад пропаведзьдзю Божага Валадарства. Ён бачыў тое, як разбураецца валадарства д’ябла, які страчвае ўладу над чалавечымі сэрцамі. Шатан падае з неба, як бліскавіца, калі падае с пасаду ў сэрцах чалавечых.
Ісус даў Сваім вучням уладу перамагаць варожую сілу і гэтая сіла распаўсюджваецца на ўсе вякі ды на ўсіх служыцеляў Ісуса Хрыста. Але ня сьлед радавацца гэтай уладзе, бо існуе і небясьпека набыцьця гордасьці ад гэтых посьпехаў. Сапраўдны ж посьпех у тым, што нашыя імёны запісаныя ў кнізе нябёсаў, даючы нам напамін пра бясконцую пазыку перад Богам Айцом і Ягоным Сынам.
Ісус, гледзячы на Сваіх вучняў, радаваўся духам і дзякаваў Айца за гэтае дзеяньне і гэтую мудрасьць: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе».
Гэтыя семдзесят не былі самымі мудрымі і разумнымі людзьмі гэтага сьвету, але былі былі падобнымі да немаўлятаў, праз якіх Бог і дасягае найлепшых вынікаў. Так разважаў і думаў Ісус, калі зьвяртаўся да ўсіх Сваіх вучняў з тым, што яны жывуць у днях незвычайнай радасьці таго, што адбываецца зараз, на іхнія ўласныя вочы: «Шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце!»
Хутка і скончыўся гэты цудоўны дзень, які парадаваў усіх, хто быў разам з Ісусам. А мы, хто з цікавасьцю назірае за дзейнасьцю і жыцьцём Ісуса Хрыста, пачакаем наступнага дня, каб пайсьці разам з Ісусам і паглядзець на служэньне нашага Госпада і нашага Збаўцы.
Свидетельство о публикации №226071201763