Живин день. Вальпургиева ночь

Таямніца споведзі - ёсць таямніца. Але хачу падзяліцца адной, бо на тое ёсць нагода. "Адлюстраванне інфернальнага свету ў творчасці" - ці лічыць гэта грэхам, калі ты веруючы, ды і атэіст - кожны вырашае сам. "Не будзі ліха, пакуль яно ціха" - да гэтай высновы прыйшоў даўно. У маладосці не бачыш межаў для самавызначэння, вопыт абмяжоўвае. Толькі пару дзён назад глядзеў (і слухаў) оперу "Макбет", дзе тагасветнае і магічнае працінае ўсё дзеянне (аб гэтым я распавёў напярэдадні). Не даследваў, як такая тэматыка паўплывала на асабісты лёс  Шэкспіра і Вердзі. Але такія мастадонты сусветнай літаратуры і музыкі нічога не баяліся. А нам - простым смяротным....?
 "Жывін дзень. Вальпургіева ноч (выпрабаванні для чалавецтва)"  - так гучыць назва справаздачнага прадстаўлення 320Н групы харэаграфічнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Мастацкі кіраўнік курса і дацэнт кафедры харэаграфіі Ірына Канавальчык асабіста запрасіла мяне на свой паказ па прадмеце "Мастацтва балетмайстара". На трэцім курсе, як звычайна, студэнты працуюць з беларускім фальклорам - традыцыйнымі танцамі, гульнямі, абрадамі. Але як магла такая філасофская тэма спалучацца з пералічаным. А "Вальпургіева ноч" увогулле суадносіцца з "Фаустам" Гётэ - Гуно. У аздобленнай праграмцы напісана: "Раскладайце агні вялікія, паліце нудоту нячыстую.... А ці ёсць такія абрады ці загаворы, якія здольныя ўратаваць душы людзей ад немінуючай пагібелі... Ці справіцца народ з гэтымі выпрабаваннямі, а можа апусціцца ў цемру вечных пакут, пакажа гісторыя...А пакуль настае час вітаць прыход вясны...". Мы ў свае студэнцкія гады такой экзістэнцыяльнай тэмы не краналі. Але, відаць, настаў час.
  Сцэнічнае дзеянне можна назваць тэматычным спектаклем, дзе студэнты не толькі танчылі, але і паказалі сябе выразнымі акторамі. Драматургія ладзілася больш на мізансцэнах, танцы толькі адлюстроўвалі ці працягвалі дзеянне. Сінкрэтызм у фальклоры патрабуе ад выканаўцаў умення і танчыць, і спяваць, і наваць граць на дудках (у дзяцінстве столькі дудак змайстраваў з вярбы, якая расла каля дому). На леташняй фальклорнай вечарыне харэографам ладзіць спектакль дапамагалі студэнты рэжысёрскай спецыялізацыі. Цяпер абышліся самі, але аздобіць спектакль спевамі запрасілі ансамбль "Беларуская песня" ( маст.кіраўнік І.Грамовіч). Ды вось думаю, можа б танцоры і спелі, бо прырода фальклору таго патрабуе. І звонкія галасы дзяўчат і хлопцаў у драматычных сцэнках наводзілі на тую думку. Мы ў свой час студэнцтва спявалі самі, як умелі. Шкада, што танец вывучаюць акторы-рэжысёры і спевакі-народнікі, а вось і танцорам-народнікам прышліся б да спадобы гуртоўныя спевы.
  Харэаграфію спектакля можна ўмоўна падзяліць на абрадавую, вырашаную пластыкай і часткова традыцыйным танцам і традыцыйнай харэаграфіяй у рознай ступені апрацоўкі. Вядучая пара - Мефістофель у крывава-чорным адзенні і пухнатая Вясна-красна раз-пораз з'яўляліся на сцэне як сымболі спараджэння зла і адраджэння.  Першае адводзілася адлюстроўваць хлапцам-мужчынам (каму ж яшчэ?), а другое - дзяўчатам (год жанчыны, калі што). Мушу сказаць, што хлапечыя танцы мне менш спадабаліся, бо яны былі пабудаваны на складанай трукавой лексіцы і выканаўцам бракавала тэхнічнага выканання і танцавальнасці ("Танец з галечыкам", " Жабка", "Бацян"). Больш зладзіліся дзявочыя танцы ("Дожджык", "Птушкі"). Трэба заўважыць, што кандыдацкая дысэртацыя Ірыны Канавальчык прысвечана жаночаму вобразу ў харэаграфіі, таму не дзіва, што атрымалася лепш. Цікаўны танец "Дзярчач" - мелася на ўвазе, што ім  (дзяркачом) вымяталі нячыстую сілу. Але ж дзярчкач - гэта аголены венік, ім скрэблі падлогу ад гразі. Адскрэбці нячысцікаў - такое сабе. А вось не рудыментамі ад спадчыны, а дыяментамі заіскрыліся парныя традыцыйныя танцы: "Джанджоха", "Лён", "Язэпава полька". Вельмі удала апрацаваныя, з настроем выкананыя - яны, лічу, выцягнулі спектакль. Музычнае аздабленне мне падалося месцамі цікавым і прымальным, месцамі - не. Бракавала жывой музыкі.
 Ці было штосьці інфернальнае ці тагасветнае ў праграме? Так, быў танец "Бес", які, дарэчы, зафіксаваны ў Беларусі. Я яго калісьці ставіў для навучэнцаў Крупіцкай школы мастацтваў. Але гэта было даўно.
 Ці справіліся студэнты з тэмай? Лічу, што так. Я раней ніколі не прысутнічаў на творчых паказах Ірыны Канавальчык. Нехта мне казаў, што там будзе нешта кшталту "агратрэша". Ірыну ведаю як выдатнага рэжысёра-балетмайстара дзяржаўных масавых святах, дзе ўдзельнічаў і мой калектыў. Яна ўмелы і вопытны кіраўнік, і гэта моцная "рука" адчувалася ў арганізацыі мерапрыемства. І яшчэ хачу дадаць, што бязгустоўнага "агратрэшу" я не заўважыў. Быў густ, было майстэрства. Хаця працаваць яшчэ ёсць над чым.  "А пакуль настае час вітаць прыход вясны і святкаваць дзень жыватворнай багіні Жывы. Спявайце і танчыце ў яе гонар!" Згарнуць


Рецензии