Купалье

Балет "Купалле" у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Спектакль ідзе ўжо больш за год. Калі-нікалі сустракаў водгукі, асабліва ў "Treads", дзе называлі балет маляўнічым і стракатым. Маўляў, падзея ў культурным жыцці. Да, таго ж многія ахвотнікі балету, разачараваныя сыходам Валянціна Елізар'ева з Вялікага театру Беларусі, перанакіравалі свае позіркі на творчасць вучня майстра - Сяргея Мікеля. Аднак, падрабязных водгукаў аб творчасці гэтага харэографа сярод тых, хто прапанаваў гэта, я не знайшоў. На сайце тэатра ёсць спасылкі на станоўчыя рэцэнзіі прэсы. Вырашыў разабрацца сам і схадзіць на "Купалле".
  Мяне спачатку засмуціў адзін факт. "Купалле" па водгукам у сеціве не лічылі сюжэтным спектаклем, як такога могуць чакаць ад двухактовага балета. Так, гэта можа быць калектыўнае дзеянне з міфічнымі персанажамі і без прыватных гісторый. Сам харэограф напісаў лібрэта, што натуральна. Але ж і кампазітар Елізавета Лобан пісала амаль пад дыктоўку балетмайстара. Чытаю у анатацыі да спектакля -  балетмайстар паставіў сабе мэту - узнавіць старажытную традыцыю, вярнуцца да каранёў,  дакрануцца да найбольш глыбокіх пластоў і сэнсаў, якія ўкладалі нашыя продкі ў святкаванне "Купалля". Звярнуў увагу на адну фармулёўку: "Отказ от детской сказачности, которая навязчиво интепретируется в современном искусстве" - маўляў, такую задачу паставілі сабе стваральнікі спектакля. Амаль інтрыга. Што ж будзе далей?
  Так, перад глядачами паўстала маляўнічая карціна берагу ракі. І чатыры істоты, сімвалізуючыя чатыры стыхіі: ваду, агонь, зямлю і паветра. З'явіліся і зніклі. Далей пайшла тэма вады. Вады, якая змывае ўсё негатыўнае. Рытуал ачышчэння. Мяне адразу насцярожыла музыка. Я не музыказнаўца, і мне цяжка вызначыць стыль. Ці гэта імпрэсіянізм, ці сімвалізм ці нешта іншае? Музыка на мой погляд была фонам ці ілюстрацыяй да дзеяння. Музыка, пад якую цяжка танчыць. Існуюць тры музычныя сферы: песня, танец і марш, якія адрозніваюцца характарам. І іх кантраст і спалучэнне ладзяць драматургію буйных сцэнічных форм. Спектакль быў амаль суцэльнай песняй. Гукі прыроды, галасы людзей - у музыку аркестра (дырыжор М. Траццякова) парою ўпляталіся трэкі чалавечых галасоў і песен. Успамінаю "Купальскае шэсце", якое ансамбль "Крупіцкія музыкі" паказваў на сцэне Белдзяржфілармоніі падчас свайго 10-гадовага юбілею. Гэта не быў танец, а шэсце (павольны марш) з паходнямі (свяцільнямі). Музыка ў апрацоўцы У.Грома была вельмі выразнай, магічнай з галасамі птушак і вухканнем савы і спевамі "Ой, Купала, Купала, сорак хлопцаў прапала". Гэта было прадчуванне чагосьці таямнічага, невытлумачальнага. А у дадзеным спектаклі музыка была больш медытатыўнай і нуднаватай. І чаго тады было чакаць ад харэаграфіі? Тэма вады сімвалізуе безперапынны рух. Гэта такая магчымасць для кардэбалета - стварыць вобраз! На сцэне - суцэльная палістатыка, танцоры то рухаюцца, то дранцвеюць. І зусім нецікавая банальная харэаграфія. Так, прысутнічалі некаторыя балетмайстарскія паліфанічныя прыёмы - прыём "хвалі" і іншыя. Мне спадабалася пластыка рук, яна была распрацаванай і ўдалай. Але гэтага было мала. Кожную стыхію, акрамя кардэбалету, прадстаўляў дуэт танцораў. Цяжка прыдумаць ужо арыгінальную лексіку для дуэта - сучасныя харэографы пералапацілі ўсё на свеце. І зусім нечакана выглядала ў пары становішча партнёркі ў позе "ecartee" на 180 * (у поўнай вертыкальнай расцяжцы, дзе насок нагі накіраваны на столь). Такое ўраджанне, што нехта пераблытаў Мальдзівы з Купаллем ў Беларусі. Як гавораць - маветон! А вось, што вянкі паплылі да столі на задніку сцэны - гэта знаходка (адна з нямногіх). Першае дзеянне амаль не закранула эмацыянальна: ні музыкай, ні харэаграфіяй. Толькі сцэнаграфія (Ілля Падкапаеў) вабіла вока.
  Другая карціна (стыхія агню) мала што змяніла. Рытм (і нудота) засталіся без зменаў. Пасярод сцэны быў слуп - свяцільня, вакол якога і адбывалася далейшае дзеянне - "обряд очищения огнём". Агонь павінен быў змяніць энергетыку спектакля, але гэтага не адбылося. Не пастаўнена была кропка пад заслону першага акта - яна проста закрылася перад перапынкам, пакінуўшы гледача ў здзіўленні. Частка з іх пакінула тэатр.
  Другая дзея і трэцяя карціна - стыхія зямлі. Абрад Выбраніцы. Пошук найпрыгажэйшай дзяўчыны і "ритуальные бесчинства". Трэба зазначыць, што тут нарэшце ў музыцы (і часткова ў танцы) з'явіўся кантраст. Магу вызначыць сцэну (танец?) са сподняй бялізнай, якая лятала ў паветры ад аднаго артыста да другога - намёк на гумар, і гэта кантраставала з астатнім дзеяннем. Эротыка была амаль незаўважанай.  У 70-я гады прошлага стагоддзя, калі французскі харэограф Марыс Бежар са сваім "Балет XX век" прывёз у СССР "Вясну свяшчэнную", то смеласць эратычных сцэнаў шакавала савецкую публіку. Сёння гэтым ужо нікога не здзівіш. Тым больш не здзівіш тым, чаго не было. Сцэна с Выбраніцай, якая ў нагоце (трыко), ляжала на пераносным кветкавым дыване выглядала штучнай і недарэчнай. Дзеючыя асобы былі асексуальнымі. Калі дзяўчыны ўсё ж перадавалі сваю характарыстыку жаноцкасці, то мужчынская частка зусім не танула ў сваёй брутальнасці. Іх парою было цяжка вызначыць ў натоўпе. І адзенне, і лексіка, і манера выканання не спрыялі гэтаму. Таму хімія да гледача не даходзіла. Глядач пазіраў на сцэну, як на акварыум. Чацвёртая карціна - узыход сонца, які перапыняе Купальскую ноч. Павінны былі па павер'і з'явіцца на небе тры сонцы. Але ці было гэта адлюстравана ў спектаклі (тэхнічна гэта не складана) не бачыў, бо мне было неабходна заўчасна пакінуць тэатр за пяць хвілінаў да фінала.
 Што магу сказаць урэшце?. Спектакль, на мой погляд, няўдалы, эмоцыяў не вызваў. Харэаграфія пасрэдная, здаецца аўтару не хапае ведаў ансамблевых форм класічнага танца, танцавальнага фальклору, танцавальнай драматургіі. Падрыхтоўка да стварэння балета была чыста тэарэтычнай. Пагружэння ў тэму я не заўважыў. У анатацыі "Купалле" прадстаўлена, як беларускае (палескія спевы ў трэку таму сверджаць). Добра, калі атрымалася славянскае. Сучасная харэаграфія рэдка калі карыстаецца фальклорным начыннем.
 Сяргей Мікель пэўны час працаваў у Мінскім каледжы мастацтваў. Шкада, што ён не застаў час, калі існавала майстэрня абрадавай творчасці "Спас" пад кіраўніцтвам Вольгі Гарэлавай. Вось там удавалася з мінімальнай колькасцю танцораў, аздаблення пляцоўкі стварыць эмацыянальнае дзеянне, пакінуць моцнае ураджанне ў гледача. Я не магу даваць адзнаку балетмайстару ў цэлым, бо не бачыў яго астатніх балетаў ("Вішнёвы сад", "Тытанік"). Магчыма там іншая карціна. А што датычыць "Купалля", то, на маю думку, трэба было ставіць яго аднаактовым, але больш сціслым і дынамічным. А другое дзейства аддаць іншай тэме, іншаму рытму. Гэта мой суб'ектыўны погляд на канкрэтную падзею.


Рецензии