У гасцях у Матухны Мiдоус
У ГАСЦЯХ У МАТУХНЫ МІДОЎС
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope
***
Джоэль зноў падрыхтаваўся слухаць, а дзядзечка Рымус узяў качаргу і паштурхаў галавешкі, каб весялей скакаў агонь. І нарэшце пачаў:
— Ты ведаеш, вядома, што Трус быў не ў ладах з Каровай з таго часу, як выдаіў у яе малако. Вось аднаго разу, калі яна гналася за ім, ды так хутка, што перабегла праз уласны цень, Братка Трус надумаў згарнуць з дарогі і наведаць сваіх добрых сяброў — Матухну Мідоўс з дзяўчынкамі.
Скок ды скок, скок ды скок, і раптам Братка Трус бачыць — пад кустом ляжыць Братка Чарапаха.
Спыніўся Трус і пастукаўся ў дах хаты Чарапахі. Ну вядома, у дах, таму што Братка Чарапаха заўсёды цягае з сабой сваю хаціну. У дождж і ў снег, у спёку і ў сцюжу, калі б ты ні сустрэў яго і дзе б ні знайшоў — усюды з ім яго слаўная хатка.
Дык вось, Трус пастукаў па даху і спытаў, ці дома гаспадар. А Братка Чарапаха адказаў, што дома.
— Дзень добры, Братка Чарапаха!
— І ты будзь здаровым, Братка Трус!
Пасля Трус спытаў:
— Куды ты паўзеш, Браце Чарапаха?
А той адказвае:
— Так, гуляю, Братка Трус.
Тут Трус сказаў, што надумаў схадзіць у госці да Матухны Мідоўс з дзяўчынкамі, і спытаў, ці не хоча Братка Чарапаха адправіцца разам з ім.
— Чаму ж не — можна, — згадзіўся Братка Чарапаха, і яны пайшлі ўдваіх.
Набалбаталіся ў дарозе ўволю, і вось, нарэшце, ужо яны прыйшлі. Матухна Мідоўс з дзяўчынкамі сустрэлі іх на парозе і запрасілі ў хату. Госці ўвайшлі.
Братка Чарапаха быў такім плоскім, што яму кепска было знаходзіцца на падлозе, і на крэсле таксама яму было занадта нізка. Вось, пакуль усе шукалі, куды б яго пасадзіць, Братка Трус узяў таго і паклаў на паліцу, дзе стаяла вядзерца. Братка Чарапаха разлёгся там так важна, быццам індыка праглынуў.
Як жа без таго, каб не ўспомніць пра старога Ліса, і Трус пачаў расказваць, як ён асядлаў Ліса і які выдатны з яго атрымаўся верхавы конь. І ўсе рагаталі да ўпаду — Матухна Мідоўс з дзяўчынкамі і Братка Чарапаха.
А Трус сядзеў у крэсле, пыхкаючы сваёй цыгарай. Тады адкашляўся ён і кажа:
– Я б і сёння прыехаў на ім, толькі я задаў яму трэцяга дня такую скачку, што ён закульгаў на адну нагу. Баюся, давядзецца яго цяпер і зусім збываць з рук.
Тады Братка Чарапаха кажа:
— Ну што ж, калі ты надумаеш прадаваць яго, Братка Трус, прадай яго каму-небудзь як мага далей, таму што ён ужо вельмі надакучыў нам у гэтых краях. Толькі ўчора я сустрэў Братка Ліса на дарозе, і ўявіце, як ён абразіў мяне! «Гэй, — крыкнуў ён, — вось і ты, Гразнуха-Паўзуха!»
— Жах які! — усклікнула Матухна Мідоўс. — Чуеце, дзяўчынкі? Стары Ліс абазваў Братка Чарапаху Гразнухай-Паўзухай.
І ўсе проста ахнулі, як гэта Ліс асмеліўся пакрыўдзіць такога мілага Братку Чарапаху! А пакуль яны ахалі і абураліся, Ліс стаяў каля задніх дзвярэй і падслухоўваў.
Шмат непрыемнага пачуў Братка Ліс. І вось раптам ён усунуў галаву ў дзверы ды як крыкне:
— Добры вечар, сябры! Як маецеся? — і як скокне да Браткі Труса!
Матухна Мідоўс з дзяўчынкамі паднялі крык, а Братка Чарапаха падпоўз да краю палічкі ды як плюхнецца Лісу на галаву! Ён быццам аглушыў Ліса.
А калі апамятаўся Ліс, усё, што ён убачыў, гэта кацялок з гароднінай, перавернуты дагары дном у ачагу, і зламанае крэсла. Братка Трус знік, і Братка Чарапаха знік услед, і Матухны Мідоўс з дзяўчынкамі таксама як не бывала.
Трус забраўся ў трубу — вось чаму кацялок быў перавернуты ў ачагу дагары дном. Братка Чарапаха запоўз пад ложак і стаіўся за куфрам, а Матухна Мідоўс з дзяўчынкамі выскачылі на двор. Ліс агледзеўся па баках і памацаў сваю галаву там, куды трапіў яму Братка Чарапаха. А Труса і след прастыў. На бяду, дым і попел зрабілі сваю справу, і раптам Братка Трус як чхне: апчычхоу!
— Ага! — узрадаваўся Ліс. — Вось ты дзе! Добра, — сказаў ён, — я выкуру цябе адтуль. Вось зараз ты мой.
Але Трус ні пікнуў у адказ.
— Што ж, ты не выйдзеш дабром? — спытаў Ліс.
А Трус — ні слова.
Тады Ліс пайшоў па дровы. Прыходзіць і чуе — Трус смяецца.
— Што ты там смяешся, Братка Трус? — спытаў Ліс.
— Сказаў бы, ды нельга, — адказваў Трус.
— Ужо лепш кажы, — просіць Ліс.
— Ды так, хтосьці схаваў тут скрыню з грашыма, — кажа Трус.
— Так я табе і паверу! — кажа Ліс.
— Ды ты паглядзі, — сказаў Трус, і толькі Ліс сунуў пысу ў ачаг, Трус усе вочы яму засыпаў нюхальным тытунем: ён заўсёды насіў пры сабе табакерку.
І Ліс давай куляцца — кулём, кулём за парог. А Трус вылез з трубы і развітаўся з гаспадынямі.
— Як ты справадзіў яго, Братка Трус? — спытала Матухна Мідоўс.
— Хто, я? — спытаў Братка Трус. — Ды я проста сказаў яму, што, калі ён адразу ж не накіруецца дадому і не перастане дакучаць сумленным жыхарам гэтых мясцін, я схаплю яго за каўнер і ўсё бакі яму абламаю!
А Братка Ліс куляўся і куляўся, пакуль не дабраўся да свайго дома.
— А што сталася з Чарапахай? — спытаў Джоэль.
— Што сталася, што сталася! — усклікнуў стары. — Вечна дзеці жадаюць усё пазнаць адразу! У цябе вочы ўжо зліпаюцца. Бяжы спаць, сябрук!
Свидетельство о публикации №226072101220