Як сустрэлiся Братка Лiс i Братка Чарапаха

Казкі дзядзечкі Рымуса
ЯК СУСТРЭЛІСЯ БРАТКА ЛІС І БРАТКА ЧАРАПАХА
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope

                ***

     Дзядзечка Рымус тачыў свой шавецкі нож і баяў:

— Неяк ішоў Братка Ліс. Раптам бачыць — на самай сярэдзіне дарогі ляжыць Братка Чарапаха. Братка Чарапаха адразу падумаў, што трэба трымаць вуха востра, а адным вокам сачыць за ўсім. Але Стары Ліс прыкінуўся ласкавым і ну балбатаць: маўляў, ён страшна рады сустрэчы, цэлых сто гадоў не бачыў ён Братку Чарапаху.

— Добры дзень, Братка Чарапаха! Што гэта цябе не відаць даўно?

— Усё блукаю, дзе давядзецца, Братка Ліс. Усё блукаю.

— Нешта выгляд у цябе нездаровы, Братка Чарапаха, — кажа Ліс.

— Усё поўзаю ды хварэю, — адказвае Чарапаха.

— А што з табой, дружа? Ніяк, і вочка ў цябе чырвонае!

— Ох, дзе табе зразумець, Братка Ліс! Паспрабаваў бы ты ўсё поўзаць ды поўзаць, хварэць ды хварэць.

— Ды ў цябе абодва вокі чырвоныя! Ты зусім занядужыў, Братка Чарапаха!

— Ужо куды горш, Братка Ліс.

— Якая ж бяда здарылася з табой, Братка Чарапаха?

— Ды так. Пайшоў прагуляцца ўчора, сустрэўся мне адзін чалавек і кінуў мяне ў агонь.

— Як жа ты вылез з агню, Братка Чарапаха?

— Усё сядзеў і цярпеў, Братка Ліс! Сядзеў і цярпеў, а дым раз'еў мне вочы, і агонь апаліў мне спіну.

— Здаецца, хвост у цябе і зусім згарэў? — здзівіўся Ліс.

— Не, ён на месцы, — сказаў Братка Чарапаха і высунуў хвост з-пад панцыра.

     А Ліс толькі таго і чакаў: схапіў Чарапаху за хвост і крычыць:

— Вось ён, вось ён, Братка Чарапаха! А памятаеш, як ты стукнуў мяне па галаве ў Матухны Мідоўс? Ці забыўся? Вы былі там разам з Браткам Трусам? Ну, зараз табе канец будзе!

     Прасіў, прасіў Братка Чарапаха адпусціць яго. Колькі ні ўпрошваў, нічога з таго.

— Ну, цяпер я цябе ўтаплю, — пагразіў Братка Ліс.

     А Братка Чарапаха кінуўся прасіць яго:

— Толькі не тапі мяне, Братка Ліс! Ужо лепш кінь мяне ў агонь — я ўсё ж крыху прывык да яго.

     Але Стары Ліс і слухаць нічога не хацеў. Ён пацягнуў братку Чарапаху да ручая і сунуў яго ў ваду.

     А Чарапаха крычыць:

— Кінь гэты карэньчык і хапай мяне за хвост! Кінь гэты карэньчык і хапай мяне за хвост!

     Ліс у адказ:

— Які карэньчык? Я твой хвост трымаю, а не карэньчык.

     Але Братка Чарапаха падняў крык:

— Хутчэй хапай мяне, а то я пайду на дно! Я тану, тану! Кінь гэты карэньчык і хапай мяне за хвост!

     Ну, тут Ліс выпусціў яго хвост, і Братка Чарапаха пайшоў на дно — кербланкеты-блінк!

     Складана перадаць тыя гукі, якія вылецелі тут з глоткі ў дзядзечкі Рымуса. Гэта былі такія цудоўныя гукі, што хлопчык перапытаў:

— Як-як пайшоў ён на дно?

— Кербланкеты-блінк!

— І патануў, дзядзечка Рымус?

— Хто? Стары Братка Чарапаха? Ды хіба ты тонеш, калі мама кладзе цябе ў ложак?

— Ну, не, — задуменна адказаў Джоэль.

— Вось і Братка Чарапаха не патануў. Таму што ў вадзе ён быў дома, дружа.

Кербланкеты-блінк!


Рецензии