Як Братка Трус управiуся з маслам

Казкі дзядзечкі Рымуса
ЯК БРАТКА ТРУС УПРАВІЎСЯ З МАСЛАМ
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope

                ***

— Некалі даўно, — пачаў дзядзечка Рымус, боўтаючы рэшткі кавы ў конаўцы з мэтай сабраць увесь цукар, — быў такі час, што ўсе звяры жылі дружна як добрыя суседзі.
Вось аднойчы вырашылі Братка Трус, Братка Ліс і Братка Апосум усё сваё дабро трымаць разам у адной каморы. Калі ў той каморы прадзіравіўся дах і пачаў працякаць, вырашылі Братка Трус, Братка Ліс і Братка Апосум паправіць яго.
Працы тут было шмат, звяры захапілі з сабой абед. Усе харчы склалі разам, а масла, што прынёс Ліс, апусцілі ў калодзеж, каб не размякла. І прыняліся за працу.

     Доўга ці коратка — у жываце ў Труса забурчала, нават заныла. А думкі ўсе яго толькі і былі, што пра масла Братка Ліса. Як падумае пра яго, так і пачынаюць цекці слінкі. «Адшчыпну я ад яго крышачку, — падумаў Трус. — Але ж як жа мне ўцячы адсюль?»

     Працуюць усе, працуюць. А Братка Трус раптам падняў галаву, вушы навастрыў і як крыкне:

— Тут я! Тут я! Што вам трэба?

     Саскочыў з даху і паскакаў.

     Паскакаў прэч Трус, азірнуўся, ці не бяжыць хто за ім, і ва ўвесь дух да студні. Дастаў масла, палізаў і зноў да працоўнага месца.

— Дзе ты быў, Братка Трус? — пытаецца Ліс.

— Дзеці паклікалі мяне, — адказвае Братка Трус. — Бяда здарылася: старая мая захварэла.

     Працуюць яны, працуюць. А масла вельмі прыйшлося да спадобы Трусу — яшчэ захацелася. Падняў ён галаву, вушы навастрыў ды як крыкне:

— Чую! Чую! Цяпер іду!

     На гэты раз правазіўся ён з маслам даўжэй ранейшага. Вярнуўся, а Ліс цікавіцца ў яго, куды гэта той зноў знікаў.

— Да старой сваёй бегаў. Зусім памірае, небарака!

     Вось зноў чуе Трус, быццам клічуць яго. Паскакаў. Так чыста вылізаў Трус вядзерца, што самога сябе ўбачыў на дне. Вычысціў да бляску і з усіх ног назад.

— Ну, як Матухна Трусіха? — пытаецца Братка Ліс.

— Баюся, што памерла ўжо, — адказвае Трус.

     Братка Ліс і Братка Апосум пачалі плакаць з Трусам разам.

     Вось падышоў час абедаць. Дастаюць працаўнікі свае харчы. А Трус сядзіць сумны. Стары Ліс і Братка Апосум і так і гэтак імкнуцца, каб яго падбадзёрыць і суцешыць.

— Ты, Братка Апосум, збегай да студні па масла, — кажа Ліс, — а я тут усё прыгатую, на стол накрыю.

     Братка Апосум паскакаў па масла. Але хутка вярнуўся назад: вушы трасуцца, язык вываліўся... Стары Ліс крычыць:

— Што здарылася, Братка Апосум?

— Бяжыце лепш самі, — кажа Апосум. — Там масла — ніводнай кропелькі!

— Куды ж яно падзелася? — здзівіўся Ліс.

— Мабыць высахла, — выказаў здагадку Апосум.

     Тут Трус кажа ціхім, сумным голасам:

— У кагосьці ў роце растала, вось што!

     Пабеглі яны з Апосумам да студні — і праўда, масла ні кропелькі. Пачалі спрачацца, як магло такое здарыцца. А Братка Трус раптам кажа, што нехта шмат слядоў пакінуў каля студні. Калі ўсе лягуць спаць, ён зловіць зладзюгу, які масла сцягнуў.

     Вось улегліся яны. Ліс і Апосум — тыя адразу заснулі, а Трус не спаў. Як прыйшоў час уставаць, ён запэцкаў Братку Апосуму пысу абмасленай лапкай, а сам паскакаў. З абедам управіўся ледзь не дарэшты. Вярнуўся, абуджае Братка Ліса.

— Глядзі, — кажа, — у Братка Апосума ўвесь рот замаслены!

     Расштурхалі яны Братка Апосума, кажуць яму: ты, маўляў, украў масла.

     Апосум пачаў аднеквацца. А Братка Ліс — яму б толькі суддзёй і быць — кажа:

— Ты! Як жа не ты? Хто першы бегаў па масла? Хто першы апавясціў аб страце? У каго ўся пыса ў масле?

     Бачыць Апосум, што прыціснулі яго да сцяны. Ён і кажа, што ведае, як знайсці злодзея: трэба распаліць вялікае вогнішча, усе будуць скакаць цераз гэты агонь, а хто зваліцца ў яго — той і ёсць злодзей.

     Трус і Ліс згадзіліся, нацягалі галля вялізную кучу, а потым падпалілі яе. Разгарэлася вогнішча добра. Выйшаў наперад Братка Трус. Трохі даў назад, нешта прыкінуў у галаве, а потым як скокне — ну проста як птушка пераляцеў цераз агонь.
Потым выйшаў наперад Братка Ліс. Адышоў крыху далей, папляваў на лапы, разбегся — і скок! Нізенька праляцеў, нават кончык хваста падпаліў.

— Ты бачыў калі-небудзь лісіцу, сынок? — раптам спытаў дзядзечка Рымус.

     Джоэль падумаў, што, мабыць, бачыў, але не прызнаўся ў гэтым.

— Дык вось, — працягваў стары, — у наступны раз, як убачыш лісу, паглядзі добра, і ты знойдзеш у яе на самым канцы хваста белую адмеціну. Гэтая пазнака — напамінак пра тое вогнішча.

— А як Братка Апосум? — спытаў хлопчык.

— А Стары Апосум — той разбегся і скокнуў — керблям! — прама ў агонь. Тут і канец быў старому Апосуму.

— Але ж ён зусім і не краў масла, дзядзечка Рымус? — сказаў хлопчык, які быў вельмі незадаволены такім несправядлівым канцом.

— Тут ты маеш рацыю, дружа! Так часта бывае на свеце: адзін наробіць бед, а іншы за іх адказвае. Памятаеш, як ты нацкаў сабаку на парася? Не табе ж дасталася, а сабаку!


Рецензии