Няудача Браткi Ваука

Казкі дзядзечкі Рымуса
НЯЎДАЧА БРАТКІ ВАЎКА
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope

                ***

— Напэўна, у мамы тваёй госці, — сказаў дзядзечка Рымус, калі Джоэль убег да яго з вялікім кавалкам пластовага пірага. — А калі не госці, дык мусіць, яна страціла ключ ад буфета, а ты знайшоў яго.

— Проста, дзядзечка Рымус, мне мама адрэзала пірага, а я падумаў — прынясу яго табе.

     Стары ўсміхнуўся:

— Дзякуй, дзякуй, сынок. Гэты пірог якраз мне дапаможа сабрацца з сіламі, каб расказаць далей пра Братка Труса і пра яго сяброў.

     Тут стары замоўк і ўзяўся за пірог. Ён расправіўся з ім вельмі хутка. Потым строс крошкі з барады і пачаў:

— Так узлаваўся Стары Ліс на Братку Труса — проста не ведаў, што і рабіць, зусім нос павесіў. Вось ідзе ён неяк па дарозе і сустракае Братку Ваўка. Ну, прывіталіся, вядома, — як маешся, ці здаровыя дзеткі. Воўк і пытае:

— Штосьці турбуе цябе, Братка Ліс?

     А Ліс адказвае:

— Не, чаму ж?

     І смяецца, і балбоча як ні ў чым не бывала, таму што яму здалося, што Воўк сцяміў сёе-тое. Але братка Воўк таксама быў не дурань і пачаў лаяць Братку Труса за яго выхадкі, таму што па ўсёй акрузе прайшла ўжо чутка аб тым, як Трус падмануў Братку Ліса.

     Пагаварылі яны пра гэта, і раптам Братка Воўк кажа:

— А я ж прыдумаў, як вылавіць Братку Труса.

— Як жа? — пытаецца Ліс.

     Воўк кажа, што трэба заманіць яго ў хату да Браткі Ліса.

— Ну, гэтая справа нялёгкая. Як жа яго завабіць да мяне? — пытаецца Ліс.

— Падмануць, вядома.

— Хто ж гэта зможа яго падмануць? — пытаецца Ліс.

— Я сам і падману, — кажа Воўк.

— Як жа ты зробіш гэта, Братка?

— А вось як, — кажа Воўк. — Ты бяжы дадому і кладзіся ў ложак, прыкінься, быццам памёр. Ляжы і маўчы, пакуль Братка Трус не падыдзе і не кране цябе. Праваліцца нам на месцы, калі ён не дастанецца нам на абед!

     Лісу спадабалася гэтая задумка. Адправіўся ён дадому, а Воўк — той прамой дарогай накіраваўся да дома Труса.

     Прыходзіць, а дома нібыта нікога няма. Але Воўк пастукаўся ў дзверы: блям! блям!

     Ніхто не адгукнуўся.

     Ён зноў пастукаўся: блім! блім!

— Хто там? — спытаў Трус.

— Сябры, — адказвае Воўк.

— Сябры сябрам розніца, — кажа Трус. — Ты скажы, як цябе зваць.

— Я з худымі весткамі, — кажа Воўк.

— Вось і заўсёды так, — кажа Братка Трус. — Нядобрыя навіны дыхаюць мне ў спіну.
 
     А сам да дзвярэй, у шчыліну глядзіць.

— Братка Ліс памёр сёння раніцай, — кажа Воўк.

— Што ж ты не ў чорным адзенні? — пытаецца Трус.

— Я якраз і іду за гэтым, — адказвае Воўк. — Думаю, дай заскочу да Браткі Труса ды паведамлю, якая бяда здарылася. Вось зараз толькі я ад Браткі Ліса. Працягнуў ножкі, небарака.

     На гэтым Воўк і развітаўся. Трус сеў, пачухаў патыліцу, а там і вырашыў, што сходзіць да Браткі Ліса, даведаецца, што чуваць. Сказана — зроблена: ускочыў і пайшоў. Як прыйшоў ён да хаты Ліса — так усё панура вакол! Падышоў бліжэй — ніхто не зварухнецца.

     Зазірнуў у хату, а Ліс ляжыць у ложку з выцягнутымі нагамі, вялікі ды страшны.

     Тут Трус кажа ціхенька, быццам сам з сабой размаўляе:

— Кінулі ўсе небараку Братку Ліса. Я ўсё ж веру, што паправіцца Братка Ліс, хоць і баюся, што ён памёр. І ніхто не прыйдзе праведаць Братку Ліса! Братка Воўк і той яго кінуў. У мяне, праўда, спраў па вушы, але панаглядаю за ім. Так, з выгляду, ён памёр. А як падумаеш, так, мабыць, і не памёр ён зусім. Таму што, гэта кожны ведае, калі прыйдзеш да нябожчыка, толькі ён убачыць цябе, адразу ж падыме дагары лапы і крыкне: «Ого-го!»

     Але Стары Ліс ляжаў ціха. Тады Трус сказаў крыху гучней:

— Дзіўная справа! Братка Ліс ну зусім мёртвы, а паводзіць сябе ну зусім не як нябожчыкі. Нябожчык, калі прыйдуць зірнуць на яго, адразу падыме дагары лапы і крыкне: «Ого-го!»

     Тут, вядома, Ліс падняў лапы і крыкнуў: «Ого-го!»

     А Братка Трус — на ўцёкі з усіх ног.


Рецензии