Тры нелюбовi. Частка чацвёртая
Нашай сям’і часам вылучаліся сенакосныя лугі на адлегласці пятнаццаці-дваццаці кіламетраў ад населенага пункта. Дабіраліся на дзялянку грамадскім транспартам; да месца прызначэння – пешшу.
У той год майму бацьку, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, Лукашэвічу Гаўрылу Карнеевічу, “клапатлівае” калгаснае начальства для сенакашэння выдзяліла ўчастак за вёскай Козікі, аддаленай ад Целяханаў на дваццаць чатыры кіламетры.
Без старонняй дапамогі бацька скасіў траву; да нашага з сястрой Марыяй прыезду ў водпуск сена ўжо высахла.
Працаздольных членаў сям’і на той момант было трое: тата і мы, дзве сястры.
Нашы мужы, Сяргей і Валодзя, засталіся ў гарадах пастаяннага пражывання, Харкаве і Баранавічах.
Дабраўшыся да ўчастку збору сена, мы з Марыяй пераглянуліся – непачатае мора працы! Тата перахапіў нашы погляды:
– Нічога, дзяўчаткі, вачам страшна, а рукі робяць!
З такім аптымістычным наказам прыступілі да працы. Мы з сястрой зграбалі сена ў капіцы (невялікая капА, бел. дыялект – заўв. аўт.); бацька трохзубымі віламі пераносіў іх у вызначанае месца і фармаваў стог.
Да абеду каманда нарыхтоўшчыкаў фуражу працавала спрытна і ўмела. Паступова рабочы рытм сясцёр пачаў запавольвацца, усё часцей хацелася адпачыць, паляжаць, у высокае безхмарнае неба паглядзець. Верагодна, заўважыўшы ў памагатых некаторую расслабленасць, бацька з мэтай падтрымкі дачок вымавіў фразу, якой і да гэтага часу карыстаюцца дзеці і ўнукі:
– Ужо засталося менш за палову!
Аднойчы, высаджваючы ў грунт сорак пяты з сарака сямі саджанцаў таматаў, мой старэйшы сын Дзяніс оптымістычна заўважыў:
– Мама, ужо засталося менш за палову, як казаў дзядуля Гаўруша!
З нашай сенакоснай дзялянкі мы з Марыяй зрэдку пазіралі на аўтамабільную дарогу, якая праходзіла непадалёк, сумнымі поглядамі праваджаючы рэдкія транспартныя сродкі.
Мой дрэнны настрой пагаршаўся яшчэ і тым, што вышыня фармуемага стага няўмольна набліжалася да двух метраў; бацька пакуль спраўляўся без нашай дапамогі. Не трэба было валодаць аналітычным складам розуму, каб зразумець, хто з сясцёр хуткім часам “упрыгожыць купал” рукатворнага фуражнага збудавання.
Нечакана для нас на шашы спыніўся міжгародні аўтобус. З яго выйшаў высокі малады чалавек спартовага выгляду і, аглядзеўшыся, накіраваўся ў наш бок.
“Зоркі сокал” Марыя з палёгкай выдыхнула:
– Дык гэта ж наш Валодзя! Ты хіба не бачыш?
– Бачу-бачу! – адказала я, не прызнаючыся ў сваёй “лёгенькай” блізарукасці.
– Тата, як Вам спадабаецца: я пазнала Валодзю раней, чым Нэлька! Жонка называецца!
Мы з сястрой узрадаваліся нечаканаму падмацаванню. Марыя звярнулася да майго мужа, які ўжо падыйшоў да працаўнікоў сенакосных палёў:
– Валодзя, твой прыезд – проста карціна Аляксандра Іванова “З’ява Хрыста народу”!
Муж растлумачыў, што яшчэ здалёку ўбачыў і пазнаў нашу каларытную групу, і папрасіў кіроўцу прытармазіць.
Валодзя адразу ж уключыўся ў працу. Ён аднёс бОльшую частку сабранага сена да стага і ўзлез на яго.
Мы з сястрой дазволілі сабе знізіць уборачны тэмп. Не спяшаючыся, падносілі капы сухой травы; бацька і Валодзя вяршылі стажок сена.
У тый дзень лёс быў да нас добразычлівы. Фураж не трэба было адвозіць дадому; складзіраваны, ён застаўся ў полі. Неўзабаве мы з’ехалі дадому на рэйсавым аўтобусе.
Дома нас чакаў халодны хлебны квас хатняга прыгатавання і любімы канал Агінскага. Купанне ў ім забрала ў зборшчыкаў сена ўсё дзённае ператамленне і адтэрмінавала на нейкі час фармаванне маёй трэцяй нелюбові – парнага малака.
Працяг http://proza.ru/2026/07/27/835
Свидетельство о публикации №226072700813