Тры нелюбовi. Частка пятая
Бываючы ў бабулі і дзядулі, мае сыны з задавальненнем пілі сырадой. Старэйшы сын Дзяніс дагэтуль успамінае асаблівы, незабыўны смак малака і батона, густа намазанага бабуліным вішнёвым ці малінавым варэннем. У мяне ж захаваліся іншыя дзіцячыя ўражанні: слова “сырадой” выклікае ў памяці смак падавога жытняга хлеба, выпечанага мамай ў вясковай печы на кляновым ці на капусным лісці.
У канцы васьмідзясятых гадоў мама скарысталася маёй прысутнасцю ў бацькоўскай хаце падчас адпачынку і паехала пагасціць да кагосці з дзяцей; я засталася “на гаспадарцы”. Справа звыклая: накарміць усіх, уключаючы жыўнасць, памыць, прыбрацца і падаіць карову.
Першыя тры дні ўсё ішло, як звычайна: гатаванне, уборка, мыццё; раніцай і ўвечар – дойка каровы. Кожны раз на даенне Лыскі мяне суправаджаў тата. Я супраціўлялася, што, я маленькая?
Бацька быў непахісны:
– Мне ўсё ровна трэба ісці ў хлеў: свінням падаслаць ды і ў каровы прыбрацца.
Узяўшы арэхавую палку, ішоў за даяркай. Станавіўся ў галавы Лыскі і моўчкі назіраў за даеннем.
На чацвёрты дзень карова “ашалела”. Падчас даення бесперапынна матала галавой, пераступала з нагі на ногу, сцябала па маім твару хвастом і ўкладвала яго на галаву даяркі... Бацька некалькі разоў строга прыкрыкнуў:
– Лыска, стаяць!
І выразна паказваў ёй арэхавую палку.
Цярпення карміцелькі хапіла толькі на палову дойкі; у яе галаве паспеў нейкі план, рэалізацыі якога заміналі гэтыя двуногія.
Першай ахвярай Лыска “прызначыла” мяне. Размахнуўшыся задняй нагой, накіравала капыт мне ў галаву; толькі хуткая рэакцыя – прыкрыццё рукой чарапной каробкі – выратавала мяне ад магчымага драматычнага выніка.
Бацька дапамог мне падняцца, прывёў у дом і дапамог прылегчы на канапу. Пераканаўшыся, што мой стан не выклікае асцярог, адправіўся да суседкі; нельга пакідаць карову на ноч не выдаенай.
Суседка справілася з пастаўленай перад ёй задачай і ў той, і ў два наступныя дні. Мяркую, што бацька, які заўсёды беражліва ставіўся да хатніх жывёл, прывёў карове апошні, “арэхавы” аргумент.
Праз тыдзень ад апісваных падзей скончыўся мой водпуск. Выйшаўшы на працу, зайшла засведчыць павагу галоўнаму ўрачу Баранавіцкай гарадской бальніцы Генадзю Лабковічу.
Расказала, чым займалася ў адпачынку, перадала паклон ад бацькоў, з якімі мой кіраўнік быў асабіста знаёмы.
І тут Генадзь Іванавіч звярнуў увагу на вялізны сіняк на маёй правай руцэ, жоўта-сіні колер якога выдатна спалучаўся з бледна-салатавай афарбоўкай майго элегантнага фінскага касцюма-двойкі.
– А што гэта ў Вас з рукой? – заклапочана спытаў ён.
Мне вельмі хацелася адказаць збітай фразай героя Георгія Буркова з фільма “Старыя-разбойнікі” – “бандыцкая пуля”. Аднак абрысы сіняка і яго памеры не дазвалялі абысціся дзяжурным жартам.
Прыйшлося сказаць праўду:
– Карова ўдарыла!
– Як ударыла? – засумняваўся Генадзь Іванавіч.
– Вельмі проста, капытам!
– А навошта Вы так блізка да яе падыходзілі?
– Бо яшчэ не вынайшлі дыстанцыйнага метаду даення каровы!
Нямая сцэна.
– А Вы што, самі карову даілі? Вы ўмееце даіць кароў? – з сумневам у голасе вымавіў галоўны ўрач.
– Вядома, я ж вырасла ў сельскай мясцовасці, а там трэба ўсё ўмець! – быў адказ.
Як аказалася, дарма я ўжыла слова “усё”; кіраўнік зразумеў яго літаральна.
– Дык Вы і касіць умееце? – зацікаўлена спытаў Генадзь Іванавіч.
Спусціўшыся з “заваяваных вяршыняў” ударніка сельскагаспадарчай вытворчасці, растлумачыла:
– Не, я толькі вучуся!
Мае ўменне ўласнаручна здабываць малако настолькі ўразіла Генадзя Іванавіча, што на наступны дзень падчас пасяджання медыцынскага савета пры галоўным урачы лякарні, ён давёў гэтую інфармацыю да ведама калег у раздзеле “Рознае”.
Рэакцыя намесніка галоўнага ўрача па лячэбнай працы Анатоля Статкевіча, непераўзыйдзенага дасціпніка і гумарыста, не прымусіла сябе доўга чакаць:
– Галоўнае, Генадзь Іванавіч, каб даярка карову з быком не пераблытала! А то давядзецца Вам новага намесніка па экспертызе шукаць!
Рогат прысутных калег не дазволіў мне нават на кароткі час адчуць сябе лепшай даяркай гарадской бальніцы.
У студэнцкія гады маёй сястры Таццяне аднойчы прыйшлося прадэманстраваць свае навыкі даяркі.
Яе аднакурсніцам, якія працавалі зборшчыцамі бульбы ў адным з калгасаў Віцебскай вобласці, захацелася выпіць сырадою; яны звярнуліся з просьбай да свайго брыгадзіра.
– Пойдзеце ўвечары на ферму і скажаце, што я дазволіў, – прапанаваў калгасны начальнік.
З малочнымі бітончыкамі дзяўчыны адправіліся на ферму да вячэрняй дойкі. І вось няўдача: калгасныя даяркі вырашылі пацешыцца. Убачыўшы дэлегацыю і пачуўшы наказ брыгадзіра, самая бойкая з іх сказала:
– Так мы не супраць, мы толькі – за! Падкарміць студэнтак – святая справа!
Падміргнуўшы таваркам, працягнула:
– Бярыце ў падсобцы даёнкі і прыступайце. Колькі надоіце – усё вашае!
Гарадскія дзяўчынкі, будучыя правізары, разгублена пераглянуліся; ніхто з іх не ўмеў даіць, ды і кароў бачылі толькі на карцінках ці ў кіно.
На такую рэакцыю і разлічвала шустрая даільшчыца. Паблажліва паглядзеўшы на няўмелых “навукоўцаў”, яна падрыхтавалася вымавіць навучальную прамову.
“Неспадзянка” (нечаканасць), як кажуць палякі, чакала аматарку розыграшаў ў асобе маёй сястры Таццяны. Яна прайшла ў дапаможнае памяшканне, узяла вядро і прыстасаванні для апрацоўкі вымя. Павязаўшы на галаву хустку, падышла да азадачанай жартаўніцы і ўдакладніла, якую менавіта карову можна даіць?
Паказаўшы на адну з кароў, бойкая даярка затрымалася, назіраючы за дзеяннямі студэнткі. Потым, прыгаворваючы “Але ж умее!”, адправілася на сваё працоўнае месца.
Пакорлівая калгасная карова аддала ўсё малако – поўнае вядро. Яшчэ чатырох жывёл, якія чакалі сваёй чаргі на ручную дойку, выдаіла Таццяна. У знак падзякі за дапамогу даяркі дазволілі сястры ўзять з сабой вядро малака, чаму была невымаўна радая кватэрная гаспадыня студэнтак, якая не трымала карміцельку.
Працяг http://proza.ru/2026/07/27/850
Свидетельство о публикации №226072700835