Цудадзейная дыета
Я практычна не сустракала жанчын, якіх задавальняла б іх уласная вага. Прычым, гэтая асаблівасць – не веянне часу, навязанае сучаснымі назойлівымі сродкамі масавай інфармацыі; на маёй дарослай памяці так было заўсёды.
Будучы ўрачом-інтэрнам, у ардынатарскай аддзялення рэўматалогіі я ўслых захапілася сілай волі калегі Іны, якая за кароткі час скінула лішнюю вагу.
Жаночая палова мяне падтрымала; мужчыны ў абмеркаванні тэмы не ўдзельнічалі.
Толькі Саша Б., афармляючы гісторыі хваробы, нягучна прамаўмытаў:
– А я, напрыклад, ровары не люблю!
– Прычым тут ровары? – пацікавілася калега, якая сядзела побач з ім.
– Таму, што Іна, такая прывабная раней, стала падобная на транспартны сродак – двухколавы ровер! – ужо гучна адказаў Аляксандр.
Праславутая жаночая салідарнасць выявілася ў не зусім шчырым абурэнні. Верагодна, слухаючы выказванне Сашы, аматаркі смачна паесці думалі:
– А няма чаго табе, Іна, адрывацца ад калектыва!
Адчуўшы змены ва ўспрыманні жанчынамі яго спрэчнай заявы, Аляксандр працягнуў:
– Я Іне, як даўняму сябру, так і сказаў: на каго ты стала падобная?! У цябе ж паміж ног сучка праскочыць!
– Саша, як ты можаш! – абурылася я.
– Магу! Між іншым, уважліва аглядзеўшы сябе ў вялікім люстэрку, Іна пагадзілася са мной – і сапраўды, праскочыць! – спакойна адказаў Аляксандр.
Дзяжурная медыцынская сястра запрасіла мяне да тэлефона; я не даведалася развязкі гутаркі, ініцыяванай мною.
У той дзень прыяцелька працавала ў другую змену. Дачакаўшыся яе прыходу, я мімаходзь удакладніла, ці была ў яе размова з Аляксандрам на “сабачую” тэму.
– Так, была, здаецца, пазаўчора! – пацвердзіла Іна, амаль даслоўна пераказаўшы інфармацыю Сашы.
– І што, цябе не збянтэжыла такая грубая інтэрпрэтацыя вынікаў тваіх пакут? – удакладніла я.
– А чаму яна павінна мяне бянтэжыць? Бо гэта ж праўда! Сама паглядзі, хіба такія ногі былі ў мяне раней, да пахудання? – прыпадняўшы спадніцу, прадэманстравала мне сяброўка вынікі сваіх дыетычных пакут.
– Саша ж мае рацыю: паміж маімі цяперашнімі нагамі не складзе працы праскочыць сабачай асобіны любога полу! – вобразна ацаніла свае “гераічныя” дасягнення Іна.
– Зараз відавочныя матывы твайго сяброўства з Сашам: два боты – пара! – вымавіла я.
Праз два месяцы фігура калегі набыла першапачатковыя формы, вярнуўшы сабе часова страчаную індывідуальнасць.
У медыцыне часта гавораць аб законе “парных выпадкаў”, перш за ўсё маючы на ўвазе ідэнтычныя захворванні, эпізоды, казусы. У маім выпадку закон прыроды аб паўтаральных з’явах меў адтэрмінаваны характар і спрацаваў праз пятнаццаць гадоў ад апісанага вышэй эпізоду.
Гісторыя “непрымірымай” барацьбы жанчын з залішняй вагой паўтарылася ўсё ў тым жа рэўматалагічным аддзяленні Баранавіцкай гарадской бальніцы; у той раз гераіняй забаўнага сюжэту стала я.
Прыкладна за два месяцы да водпуску я прыступіла да апрабацыі дыеты, аўтарам якой з’яўляецца мая сястра Таццяна. Пераносіла рэжым доволі лёгка, у адпачынку дапоўніўшы яго значнымі фізічнымі нагрузкамі.
Вынік трохмесячнага эксперыменту парадаваў; мне падышлі любімыя рэчы, набытыя ў самым пачатку працы ўчастковым лекарам-тэрапеўтам.
Вось на гэтыя істотныя змены майго знешняга выгляда і звярнулі ўвагу калегі падчас штотыднёвага абыходу аддзяленняў стацыянара.
Пасля агляду медычна-кансультацыйнай камісіяй паказаных хворых, урачы, якія іх лячылі, афармлялі пратаколы паседжанняў МКК; тым часам у ардынатарскую зайшла старшыня прафсаюзнага камітэта гарадской бальніцы Аксана Бязвуглая.
Прывітаўшыся, яна замоўкла, уважліва разглядаючы мяне.
– Вы так выдатна схуднелі, як Вам гэта ўдалося? Можа, падзеліцеся сакрэтам? – звярнулася да мяне калега.
– З задавальненнем, Аксана Паўлаўна! Гэта вельмі простая дыета – вынаходніцтва маёй сястры Таццяны.
– “Павольней, я запісваю…” – пад суправаджэнне класічнай фразы Шурыка з “Каўказкай палонніцы”, калега таропка пачала шукаць ручку і лісток паперы.
Знайшоўшы, зручна ўладкавалася за сталом:
– Я гатова!
– Добра, пачнём! – прыступіла я да выкладу “асаблівай” дыеты.
– Сняданак – дзве сталовыя лыжкі “Геркулеса”, завараныя крутым кіпенем. Я дадаю ў гэтую размазню чайную лыжку працёртай клюквы, якая практычна не змяшчае цукру. Чай – таксама без цукру.
– Абед звычайны: першае і другое. Рыба, мяса, гародніна, пераважна адварная ці тушаная. Ніякіх узвараў, прысмакаў, хлеба. Кава ці гарбата – без сахара.
– Вячэра – да шасці гадзін, сто грамаў нятлустага тварагу і гарбата. Можна шклянку кефіру ці сыраквашы. На працягу дня – любыя несалодкія вадкасці ў неабмежаванай колькасці.
– А горкае піва можна? – удакладніў гарэзлівы ўрач-інтэрн.
– Не, выключаецца любы алкаголь, у тым ліку і высокакаларыйнае піва. А то ў прыгожага і стройнага лекара вырасце піўны жывот. І ён, доктар, як дробны правінцыйны жулік Міхаіл Панікоўскі, будзе слёзна скардзіцца: “…мяне дзяўчаты не кахаюць!” – адказала я ў тон дапытліваму калегу.
Яшчэ падчас выкладання я звярнула ўвагу, што дактары адарваліся ад напісання гісторый хваробы і ўважліва слухалі мяне, робячы паметкі. Нават загадчык аддзялення, які зайшоў у ардынатарскую па нейкай патрэбе, затрымаўся.
У канцы майго апавядання Аксана Паўлаўна, як вопытны тэатральны партнёр, падала рэпліку:
– Так проста?!
– У прынцыпе, так! – адказала я, ужо адчуваючы, як вясяляцца мае няўрымслівыя ўнутраныя чорцікі.
– Самы цяжкі час надыходзіць прыкладна ў дзесяць часоў вечара. Есці хочацца так, што засушаная леташняя скарыначка хлеба ўяўляецца маннай нябеснай! – працягнула я аповед з драматычнымі ноткамі ў голасе.
Слухачы з нецярпеннем чакалі развязкі. Колькі надзеі на няцяжкае пахуданне было ў вачах калег, што я проста не мела права падмануць іх чаканні!
– Калі пачуццё голаду дасягне кульмінацыйнай кропкі, адразаеш кавалачак сала. Невялікі такі кавалак, грамаў дзвесце-дзвесце пятьдзясят. Стругаеш яго лустачкамі…
У аўдыторыі – рэдкія смяшкі; бОльшая частка слухачоў працягвае запісваць.
– Узяць подавы барадзінскі хлеб. Яго не трэба многа наразаць, усяго адну лусту таўшчынёй сантыметра паўтара…
Смех узмацняецца; ужо ніхто не запісвае.
– Выкладаем на вялікую талерку: сала злева, хлеб – справа…
Злавіўшы здзіўлены погляд прафсаюзнага лідара, растлумачыла:
– Так зручней…
Нястрымны рогат слухачоў не дазволіў мне завяршыць пераказ унікальнай дыеты – размясціць у цэнтры талеркі парэзаную кольцамі цыбулю або часнок.
Калі смех заціх, Аксана Паўлаўна расчаравана вымавіла:
– Я ж Вам паверыла, а Вы ўсё ў жарт ператварылі! Не хочаце дзяліцца сакрэтам!
Прыйшлося прызнацца, што арыгінальны рэцэпт дыеты быў выкладзены “да сала”.
А з вячэрнім пачуццём голада я змагаюся з дапамогай усё той жа аўсянкі.
З сокам свежавыціснутай цытрыны…
Свидетельство о публикации №226080100688
Спасибо Вам
Леонид Корнейчук 05.08.2026 20:53 Заявить о нарушении
А то некоторые авторы Проза.ру называют его "испорченным русским".
Видно, сами писатели испортились...
С улыбкой и пожеланиями здоровья и благополучия.
Нелли Фурс 06.08.2026 09:58 Заявить о нарушении
Леонид Корнейчук 06.08.2026 11:14 Заявить о нарушении