Якуб
Ён сядзіць. Ужо колькі год, што птушкі ведаюць ягоны плечы як прыстанак, дзе за асалодаю можна серті. З белымі плямамі , Якуб, бронзавы, задуменны, быццам з кнігай, якую ніколі не закрывае, сядзіць. Плошча ягонага імя адна з нямногіх, дзе яшчэ не паставілі шкляныя шапікі. Тут тхне старасцю. Тут пахне гарадскім садам, які памятае, як па галоўнай праспекце хадзілі не машыны, а людзі.
- Уставай, Якуб,- шэпчуць ветры.
Але ён не ўстае. Ён бачыць.
Ён бачыць, як навокал паўстае новы горад. Шкляны, халодны, бязлікі. Яго будуюць хутка, быццам баяцца, што каменны класік закрые вочы і прачнецца ў іншай рэальнасці. Якуб глядзіць на трамвайныя рэйкі, якія заўтра адарвуць ад зямлі. Стомленыя рабочыя, жоўтыя экскаватары, гул, які заглушае голасы. Якуб ведае гэтыя рэйкі. Ён сам пісаў пра іх. Не пра рэйкі, пра шляхі. Пра тыя, якія вядуць дадому.
А цяпер іх хутка вырвуць.
Уставай, Якуб. Паглядзі на вуліцу. Паглядзі на люстраныя фасады, дзе замест твайго адлюстравання засталіся смешныя сонечныя зайчыкі. Дзе замест натоўпу, які спяшаецца ў сусьвет, толькі пустыя стужкі эскалатараў у метро, якія працуюць хутчэй за любы трамвай. Горад становіцца зручным. Ён становіцца добрым для тых, хто ніколі не сядзеў на драўлянай лаўцы і не слухаў шум колаў.
Але Якуб сядзіць.
Ён бачыць старых людзей. Тых, хто яшчэ памятае вайну. Хто выходзіць на плошчу, садзіцца побач з ім, на лаўкі і моўчкі глядзіць на будаўніцтва. Яны не гавораць пра палітыку. Яны гавораць пра тое, што заўтра не будзе трамвая. Яны гавораць пра тое, як галоўны праспект стаў большым, змяніўшы дзесяць назваў, а іхняе жыццё ўжо меншым. Яны гавораць пра тое, што іхнія ўнукі не ведаюць, дзе быў іхні дом, бо дом знеслі, каб зрабіць паркінг.
Якуб чуе.
Ён бачыць маладога хлопца. Той сядзіць, на каленках трымае ў руках старэнькую кнігу. На ростанях. Хлопец не чытае. Ён проста трымае. Гэта ягоны бацька чытаў яму ўголас каля Свіслачы. Гэта ягоны дзядуля вывучаў у школе. А цяпер хлопец трымае кнігу, быццам апошнюю кроплю памяці.
-Уставай,- шэпча хлопец.
Але Якуб устаць не можа. Ён жаж помнік. Ягоны абавязак сядзець. І назіраць. І маўчаць. Бо калі помнік гаворыць, гэта ўжо не помнік, гэта прарок. А прарокаў не любяць. Прарокаў змяняюць на шкляныя шапікі і падземныя паркінгі.
Мінск паступова губляе свой голас. Спачатку знікаюць трамваі. Потым драўляныя хаты ў прыватным сектары. Потым твае старыя суседзі, якія паміраюць у пустых кватэрах без ліфта. Потым назвы вуліц пачынаюць дубляваць. Потым знікае памяць.
Якуб ведае гэткую паслядоўнасць. Ён напісаў шмат пра тое, як гублялася Беларусь. Ён пісаў пра вайну. Ён пісаў пра галечу. Ён пісаў пра любоў і надзею. Але цяпер ён піша сціпла, тваім маўчаннем.
Я падыходжу да яго. Кладу руку на п'едэстал. Граніт халодны, як ранішняе возера.
Дзень добры, дзядзька Якуб.
Ён не адказвае.
-Яны паразбіралі рэйкі, нейдзе каля возера , ты чуў?
Шум машын заглушае мае словы.
- Але мы яшчэ тут. Некаторыя. Ты шчэ сядзіш. Я стаю. І дух ліцьвінаў, калі ён яшчэ жывы, дзесьці блукае.
Якуб глядзіць проста перад сабой. У ягоным позірку німашака ні злосьці. Ні тугі. У ім ёсць нейкая ціхая, мужыцкая роўнасць. Ён быццам кажа, так, я перажыў больш. Я перажыў вайну. Я перажыў пасляваенны голад. Я перажыў, калі гарады знікалі і паўставалі. Я перажыў, як знікалі цэлыя народы. Перажыву і гэта.
Але я не веру. Я бачу ў ягоных вачах нешта іншае. Мужнасць з адценнем суму. Ён разумее, вось горад, які ён любіў, той драўляны, бедны, чалавечны, паэтычны Мінск, сыходзіць разам з апошнімі трамваямі.
Плошча ягонага імя становіцца проста пляцоўкай. З помнікам. З людзьмі, якія спяшаюцца на працу. З дзецьмі, якія не ведаюць, хто гэты задуменны дзядзька.
Горад можна перабудаваць. Але яго немагчыма перапісаць.
Я адыходжу. У галаве гучыць словы. Уставай, Якуб!!!
Я йду па вуліцы, дзе ўжо хутка не будуць грукатаць трамваі. Але я чую, крокі тых, хто застаўся. І гэтыя крокі, яны мацнейшыя за навалач якая апанавала краіну.
Уставай, Якуб, шэпчу я.
Але ён сядзіць.
Свидетельство о публикации №226080800956