***

Гляджу ў акно, дзе, розум мой здзіўляючы,
З-пад снегу, нібы ў тым цудоўным сне,
Пялёстак за пялёсткам распраўляючы,
Марознік усміхнуўся зранку мне.

Надзеі кветка, хараством адметная,
Ганец вясны, яе жывы выток,
Глядзела ў вочы, цёплая, прыветная,
І я зрабіў насустрач першы крок.

Рукою дакрануўся і, пагладзіўшы,
Адчуў: мы нібы родныя тут з ёй,
І, акалічнасць гэтую адзначыўшы,
Благаславіў сваяцтва ўсёй душой.

Маўчалі мы, цану трыумфу знаючы,
Чакалі, калі радасць ахіне.
Лісточкі мілаваў я, адчуваючы:
Так маці колісь лашчыла мяне.


Рецензии