Через Тир и Сидон

XIII. ПРАЗ ТЫР І СІДОН


Дамовіўшыся з вучнямі сустрэцца на гэтым месцы праз тыдзень, каб пайсьці ў даволі працяглую вандроўку, Ісус накіраваўся дадому, дзе Яго чакалі родныя людзі. Ісус не сказаў вучням пра накірунак гэтае вандроўкі, бо і Сам дакладна не планаваў, на гэты час, канкрэтнага накірунку. Час пакажа. А ў гэты час.

А ў гэты час, у махеронскі палац Ірада Антыпы, прыйшла дэлегацыя з Ерусаліму. Фарысэі і кніжнікі, спасылаючыся на паўнамоцтвы ад Сінедрыёну, прапанавалі Іраду арыштаваць Ісуса з Капернаума за тое, што Ён падбухторвае народ да непадпарадкаваньня, а нават і да бунту. Сур’ёзнае абвінавачваньне, а таму вельмі асьцярожны Ірад перанёс наступную сустрэчу з фарысэямі праз два дні, каб асабіста разабрацца з гэтым сур’ёзным абвінавачваньнем.

Ірад неадкладна запрасіў да сябе саветнікаў, каб вызначыцца ў гэтым пытаньні і не выглядаць у вачах рымскага кіраўніцтва ня то што няёмка, але і некампетэнтна. Больш таго, ён не пазбавіўся яшчэ згрызотаў сумленьня за тое, што пазбавіў галавы Яна, які хрысьціў народ у Ярдане, а таму зусім не жадаў быць уцягнутым у новую авантуру, якая магла адбыцца ў накірунку Ісуса. Ірад ужо чуў што-нішто пра Ісуса, Які аздараўляў хворых людзей, лічачы Яго ці прарокам, ці бязкрыўдным рэлігійным фанатыкам.

Саветнікі пацьвердзілі погляд Ірада на Ісуса, дадаўшы тое, што Яго не цікавіць зямная ўлада як і тое, што адзіны клопат Ісуса – гэта ўсталяваньне духоўнага братэрства сярод прыхільнікаў Ісуса, што яны лічылі Валадарствам Нябесным. Ірад так і сказаў фарысэям, адмовіўшы тым у арышце Ісуса, нягледзячы нават і на пагрозы фарысэяў паскардзіцца на Ірада цэзару.

Так, фарысэі і кніжнікі атрымалі тактычную паразу, але стратэгічны накірунак павінен быць нязьменным – яны павінны перашкодзіць служэньню Ісуса з Галілеі. Нарада дэлегацыі ў першасьвятара вызначыла рашэньне – тэрмінова паслаць прадстаўнікой сынедрыёну да галілейскіх сынагогаў давесьці негалосную пастанову першасьвятара пра тое, каб не дапусьціць служэньне і пропаведзь Ісуса ў сынагогах.

Добра вядома тое, што весткі на Ўсходзе, нават і сакрэтныя, вельмі хутка распаўсюджваюцца па розных месцах. Ня стала выключэньнем і гэтае рашэньне, якое, ужо праз два дні, дасягнула Магдалы, дзе на рынкавай плошчы здаходзілася крама Марыі, якая, у гэты час, займалася гаспадарчымі справамі. Марыя адразу ж накіравалася да Юды, брата Ісуса, каб вызначыцца з далейшымі сваімі дзеямі. Яна знайшла Юду на беразе мора, які гатаваў рыбацкія прылады да выхаду на промысел. Яны вырашылі, што Марыя неадкладна павінна пайсьці ў Капернаум, каб усё гэта давесьці да Ісуса.

Шлях да Капернаума не займаў шмат часу і Марыя, якая выйшла на досьвітку наступнага дня з Магдалы, ужо набліжалася да гораду. Сонца яшчэ не паднялася высока і блакітая паверхня мора, над якой узвышаліся ветразі рыбакоў, радавала вока, але небясьпека, якая складалася вакол Ісуса, трымала сэрца ў хваляваньні. Усе ведалі няўстойлівы ды непрадказальны характар Ірада, а таму пагроза арышта Ісуса, няхай і тэарэтычна, безумоўна захоўвалася.

Марыя ведала, што, хутчэй за ўсё, яна знойдзе Ісуса ў майстэрні Зэбедэя, Які, увесь гэты тыдзень павінен быў працаваць там. Шлях да Зэбедэя праходзіў каля дома Ісуса і Рут, якая сустрэла Марыю, пацьвердзіла тое, што Ісус зараз знаходзіцца ў майстэрні. Хуткім крокам яна накіравалася да майстэрні і ўжо праз дзясятак хвілінаў Марыя ўбачыла Настаўніка, Які нешта паказваў работнікам, стоячы каля корпуса недабудаванай яшчэ лодкі.

Набліжаўся час перапынку і Ісус прапанаваў Марыі адыйсьці да марскога берагу, дзе не павінна было быць перашкоды для іхняе размовы. Ісус уважліва выслухаў тое, што Марыя пачула ад знаёмых гандляроў з Ерусаліму, якія прыйшлі ў Магдалу, каб закупіць партыю вэнджанай рыбы. Яны расказалі пра тое, што фарысэі ціснуць на Ірада, каб той даў згоду на арышт Ісуса. І больш таго стала вядомым тое, што сынедрыён загадаў сынагогам Галілеі забараніць пропаведзь Ісуса. Падзякаваўшы Марыю, Ісус папрасіў яе заставацца ў іхнім доме, а Сам вярнуўся ў майстэрню, каб працягнуць запланаваную на сёньня працу.

Раніца, як звычайна, сустрэла Ісуса на беразе Галілейскага мора ў малітве да Айца. Ісус павінен быў вызначыцца адносна той магчымай небясьпекі, якая магла прыйсьці ў бліжэйшы час. Ісус добра ведаў, што Ягоны час яшчэ не настаў, але Ён ня быў адзін, а таму быў адказным за тых людзей, якія атачалалі Яго і верылі Яму. Паступова яму адкрываўся той план дзеяў, якія давалі добры выхад з складаючай сітуацыі. З гэтым настроем Ісус і накіраваўся дадому, дзе Яго чакаў ужо смачны сьняданак ад маці і сястры Рут.

Майстэрня сустрэла Ісуса знаёмым вытворчым гоманам і прыемна-сьпецыфічным пахам апрацоўваемага дрэва ды розных прапітак канструкцыі ствараемай лодкі. Заставаліся некалькі перадсуботніх дзён, каб скончыць пэўны этап запланаванай працы па стварэньню корпуса новай лодкі. Ісус нікому, нават і родным, не казаў пра магчымую небясьпеку і таму, з погляду іншага чалавека, нічога не зьмянілася ў паводзінах і словах Ісуса да атачаючых Яго людзей.

Суботні ранак сустрэў Ісуса на звыклым месцы берага мора, калі Ён зьвяртаўся да Айца з падзякаю за тое, што Ён вядзе Свайго Сына па плану, дзеля якога і дадзена Яму жыцьцё ў гэтым сьвеце. Ісус ужо ведаў ад начальніка сынагогі, які прыйшоў да Ісуса ўвечары і расказаў Яму пра тое, што некалькі гадзін таму прыходзіў пасланец з Ерусаліму з загадам ад сынедрыёна пра забарону пропаведзі Ісуса ў сынагозе. Ісус супакоіў яго і яны дамовіліся пра тое, што начальнік сынагогі не будзе гэтым разам запрашаць Ісуса на кафедру для чытаньня Пісаньня і тлумачэньня прачытанага.

Сеўшы на Сваё месца ў сынагозе, Ісус не заўважыў вакол Сябе нейкай напружанасьці ці нездаровага інтарэсу. Усё як звычайна. Служэньне праходзіла па традыцыйнаму сцэнару і калі настаў час для тлумачэньня пэўных урыўкаў Пісаньня, Ісус быў, у добрым сэнсе, зьдзіўлены вынаходніцтвам начальніка сынагогі, які запрасіў на кафедру таго самага пасланца-фарысэя з Ерусаліму. Усё выглядала так, як і павінна было быць, а адсутнасьць Ісуса на кафедры не выклікала ў прысутных ніякага зьдзіўленьня ці адпаведных пытаньняў.

Але пытаньні былі і людзі, якія слухалі госьця з Ерусаліму, па ўсёй верагоднасьці, не атрымалі поўнавартаснага адказу на тыя пытаньні, якія ўзьнікалі па тэме тлумачэньня. Шмат хто атачыў Ісуса каля сынагогі, каб паслухаць Ягонае тлумачэньне таго ўрыўка, які абмяркоўваўся пад час служэньня ў сынагозе. Ісус коратка вызначыў сэнс гэтага ўрыўку і нясьпешна адказаў на некаторыя, найбольш важныя, пытаньні. Калі скончыліся пытаньні, Ён заўважыў таго самага фарысэя, які стаяў з краю натоўпу і таксама слухаў Ісуса. Позіркі іх сустрэліся і холад у гэтых фарысэйскіх вачах яскрава сьведчыў Ісусу пра тое, што гэты чалавек будзе казаць першасьвятару ў Ерусаліме.

Разьвітаўшыся з натоўпам Ісус, у суправаджэньні некаторых вучняў, накіраваўся ў бок іхняга службовага дому, дзе іх ужо чакала Марыя, якая прыгатавала што-нішто, каб пачаставаць суботняю ежай Ісуса і тых, хто быў з Ім. Яны яшчэ працяглы час не разыходзіліся, удакладняючы розныя моманты пра будучую вандроўку. Ісус ня быў шматгалосным, сказаўшы толькі тое, што яны пойдуць у бок Міжземнага мора і што гэтая вандроўка працягнецца ня меньш за некалькі месяцаў. Больш падрабязна яны абмяркуюць гэта заўтра, калі зьбяруцца ўсе вучні Ісуса.

Суботні вечар у родным доме, смачная вячэра і вечаровая размова з Рут, якая цікавілася тымі краінамі, якія пабачыў Ісус у Сваёй нядаўняй вандроўцы, супакойвалі сэрца ды давалі надзею на тое, што і гэтая вандроўка з вучнямі ў бок Міжземнага мора, будзе пасьпяховай і прынясе свой плён. Ісус засынаў, падзякаваўшы Айца за гэты дзень і за тое, што Ён дае надзею і на дзень заўтрашні.

Нядзеля пачалася з ранішняй малітвы і пасьля сьняданку Ісус накіраваўся ў іхні дом сходаў, дзе Яго павінны былі ўжо чакаць вучні. Калі дома Яго прыпыніў невялікі натоўп, які ўзначальваў той самы фарысэй, які прынёс нядобрую вестку з Ерусаліму.

Менавіта ён і зьвярнуўся да Ісуса як бы ад імя натоўпу: «Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць рукі свае, калі ядуць хлеб». Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Чаму і вы адступаецеся ад прыказаньня Божага дзеля традыцыяў вашых? Бо Бог загадаў, кажучы: “Шануй бацьку твайго і маці”, і: “Хто праклінае бацьку ці маці, няхай сьмерцю памрэ”. А вы кажаце: “Калі хто скажа бацьку або маці: “Дар Богу тое, чым ты ад мяне карыстаўся”, той можа і не шанаваць бацьку свайго ці маці сваю”. І вы пазбавілі сілы прыказаньне Божае дзеля традыцыяў вашых. Крывадушнікі! Слушна прарочыў пра вас Ісая, кажучы: “Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”».

Адвярнуўшы Свой позірк ад фарысэя да натоўпу, Ісус прамовіў да іх: «Слухайце і разумейце: “Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека”». Нехта з натоўпу папрасіў удакладніць сказанае, на што Ісус і адказаў: «Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе выкарчавана. Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ўваляцца ў яму».

Гэта была параза, бо Ісус, пашукаўшы вачамі фарысэя, які і падбухторваў гэты натоўп, не знайшоў яго. Вучні ж, калі Ён наблізіўся, папрасілі растлумачыць сказанае Ім тут. Ісус, вытрымаўшы паўзу, сказаў ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Ці ж яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выкідаецца прэч? А тое, што выходзіць з вуснаў, — з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека. Бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы. Гэта апаганьвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».

Ісус запрасіў усіх у дом і выклаў ім план бліжэйшых дзеяньняў іхняе вандроўкі. Яны выходзяць заўтра, з гэтага месца, на ўсходзе сонца. Яны ідуць да Тыру і Сідону наступным маршрутам: Магдала, Цыпоры, Пталемаіда і далей на поўнач, уздоўж берагу Міжземнага мора, на Тыр і Сідон. Далейшы маршрут падкажа час і абставіны вандраваньня. Марыя пойдзе з імі да Магдалы, дзе і застанецца з тым, што будзе наведаваць гэты дом кожныя два тыдні, наглядаючы за належным парадкам. На гэтым частка вучняў разыйшліся па сваіх дамах, а другая частка засталася тут, і іхнім доме. Ісус таксама пайшоў дадому, каб пабыць з роднымі людзьмі перад, як Ён адчуваў, працяглай па часе вандроўкай.

Цяплыня роднага дому супакойвае кожнага чалавека, тым больш калі родныя людзі паказваюць сваімі паводзінамі любоў да блізкага чалавека. Сузіраньне кветкавага раю разам з сястрой Рут, размовы з маці пра нейкія нязначныя гаспадарчыя клопаты,- усё гэта супакойвала і дадавала ўпэўненасьці ў тым, што запланаваў Ісус на бліжэйшы час. Ісус адчуваў нейкую занепакоенасьць маці, якая павінна была што-нішто ведаць пра магчымую небясьпеку для Сына, але Ён бачыў і тое, што матчына любоў вышэй за ўсё гэта, а таму усё гэта садзейнічала супакою і любові гэтай цудоўнай сям’і. Цудоўная вячэра, малітва ды начны адпачынак і былі сканчэньнем гэтага ды пачаткам наступнага дня.

Ранішні бераг Галілейскага мора, ранішняя малітва да Айца, якая дадала ўпэўненасьці ў запланаваным дзеяньні, умацавала Ісуса як фізічна, так і маральна. Пасьля раньняга сьняданку, Ісус, з вандроўнымі рэчамі, накіраваўся на месца збору, дзе Яго ўжо чакалі вучні, каб пачаць гэтую незвычайную вандроўку. Тамаш прапанаваў усім памаліцца Богу і папрасіць дапамогі ў тых цяжкасьцях, якія маглі перасьледаваць іх на іхнім шляху. Пасьля малітвы яны адправіліся ў няблізкі шлях. Наперадзе была Магдала.

Сонца толькі пачало ўздымацца з усходу, калі група вандроўнікаў выйшла з Капернауму і рухалася па дарозе ля берагу Галілейскага мора ў накірунку Магдалы. З левага боку яны назіралі блакіт мора, які зіхацеў у першых праменях узыходзячага сонца, а з другога боку зелянелі ўжо палеткі ад стараннай працы земляробаў. Рыбацкія лодкі, што сьлізгалі па марской роўнядзі, ўжо завяршалі сваю ранішнюю працу, калі на палеткі сяляне толькі выходзілі, каб аддаць зямлі сваю працу да наступу сьпякотнага часу.

Рыбакі хутка прыйдуць да берагу, каб разьбірацца са сваёй здабычай, сяляне схаваюцца ад сьпякоты ў цені сваіх пабудоваў, але нашыя вандроўнікі павінны цярпець і сьпякоту, пакуль не дасягнуць пэўнага намечанага пункту. І гэтым пунктам для іх была Магдала.

Магдала сустрэла іх сьпякотным ужо часам. Марыя, як і дамаўляліся, пайшла дадому, а Ісус з вучнямі накіраваўся да Юды, які, як бачылася, павінен ужо быць на беразе пасьля рыбацкага выхаду ў мора. Яны знайшлі Юду на беразе, які склаў ужо увесь свой рыштунак і гатаваўся да перасоўваньня дадому. Сёняшні ўлоў для Юды быў даволі значным, а таму ён вельмі ўзрадаваўся, калі ўбачыў Ісуса ды Ягоных вучняў, бо шлях дадому павінен быў стацца зусім няцяжкім.

Дома іх сустрэла жонка Юды, якая, пасьля вітаньняў, кінулася нешта гатаваць для гасьцей, а тым часам Ісус назіраў дзіўную карціну майстроў, калі Ян, Пётр і Андрэй, разам з Юдай, хутка і спрытна упарадкавалі той немалы рыбны ўлоў, які вывез з мора брат іхняга Настаўніка.

Ну вось і парадак, а таму ўжо хутка сябры частаваліся за сталом Юды. Смачная ежа, ветлівыя твары, добрая размова пра нейкія дэталі ды сьпецыфічныя прыёмы лоўлі рыбы і своеасаблівыя рэцэпты рыбных блюдаў, некаторыя з якіх былі тут,- усё гэта дадавала настрою усім, хто сядзеў за гэтым агульным сталом. Ісус з задавальненьнем назіраў, як прысутныя шчыра дзякавалі гаспадыню дома за такі смачны пачастунак і радаваўся ў сэрцы Сваім за такую цудоўную маладую сям’ю малодшага брата Юды.

Ісус вырашыў затрымацца ў Магдале да заўтра, каб на світанку працягнуць свой шлях у напрамку Цыпоры. Да вечара заставаўся яшчэ значны час і сябры вырашылі нясьпешна прагуляцца па гораду. На Ўсходзе ўсе гарадзкія шляхі вядуць да рынкавай плошчы і Магдала не была таму выключэньнем, а таму вандроўнікі хутка і апынуліся на гэтым самым месцы. Рынак яшчэ жыў гоманам прадаўцоў і пакупнікоў, на сваім месцы кіпелі спрэчкі мясцовых філосафаў і тых, хто быў неабыякавым да актуальных грамадзкіх пытаньняў. Ісус з цікавасьцю назіраў за гэтымі дыялогамі, але не палічыў неабходным удзельнічаць у іх. Ён, сузіраючы, адпачываў, слухаючы ўдзельнікаў гэтага дыспуту, які не кранаў асабліва войстрых пытаньняў жыцьця чалавека.

Сонца ўжо схілялася на Захад, калі сябры размясьціліся на беразе мора, непадалёк ад дома Юды. Ісус адказваў на пытаньні вучняў, якія тычыліся тых краінаў, дзе быў Ісус пад час Сваёй двухгадовай вандроўцы. Тамаш, падгадаўшы паўзу, запытаў Ісуса пра непрыязныя, а нават і агрэсіўныя адносіны фарысэяў да Ісуса, быццам бы яны былі адзінымі носьбітамі праўды. Ісус чакаў падобнага пытаньня, бо гэта пачалося ня ўчора і, у рэшце рэшт, Ён павінен быў патлумачыць паводзіны фарысэяў.

На працягу многіх стагодзьдзяў, асабліва пасьля Бабілонскага палону, гебраі настолькі выпусташылі праўду, што ператварылі яе ў догму і тым самым асудзілі сябе на духоўную стагнацыю і паміраньне. Гебраі сталі бачыць тое, што праўда ёсьць памежнай лініяй самазадаволенай выключнасьці. І ў гэтым ёсьць памылка, бо замест таго, каб быць вяхамі духоўнага кіраўніцтва і развіцьця, такія вучэньні губляюць сваю стваральную і жыцьцядзейную сілу, ператвараючыся ў ахавальную і нават агрэсіўную.

Вельмі ўважліва слухалі вучні Ісуса, усё больш і больш пераймаючы ад Настаўніка ўменьне ацэньваць чалавечыя асобы з кропкі погляду іхніх магчымасьцяў. Яны даведаліся, што многія душы можна пасьпяхова навучыць любові да нявідзьмага Бога, калі спачатку навучыць іх любові да іншых людзей. Бо недарма Ісус казаў ім: «Калі робіце добрае для братоў Маіх меньшых – для Мяне робіце».

Надыйшоў час вячэры, калі Юда, падыйшоўшы, запрасіў усіх у дом. Смачная ежа, цёплыя словы падзякі гаспадыне гэтага дому – усё гэта сагравала сэрцы сяброў, калі яны, пасьля невялікага перапынку і малітвы, пачалі ўкладацца на начны адпачынак.

Першыя прамені сонца сустрэлі Ісуса на беразе мора. Ён маліўся да Айца, просячы посьпеху іхняе вандроўцы на гэты дзень і добрага настрою для усіх яе ўдзельнікаў. Ранішнія вітаньні, добры сьняданак, разьвітаньне з гаспадарамі гэтага дому і сталі вынікам таго, што яны, у добрым настроі, крочылі па дарозе ў напрамку Цыпоры.

Узыходзячае, яшчэ несьпякотнае сонца, пяшчотным дотыкам кранала сяброў, якія ішлі ў заходнім накірунку ад Магдалы. Яны бачылі розных сустрэчных людзей, якія, розным чынам, рухаліся на рынак Магдалы, каб нешта прадаць ці набыць патрэбныя ім рэчы і абавязкова нешта з рыбнай прадукцыі, заўсёды смачнай і добра падгатаванай. Сялянскія палеткі, па баках ад дарогі, прымалі сваіх гаспадароў, якія ўжо прыходзілі, каб апрацоўваць іх дзеля будучага ураджаю. Так прайшло некалькі гадзінаў, калі паўднёвае сонца пачало істотна прыпякаць, прымушаючы вандроўнікаў спыніцца на адпачынак каля прыдарожнай карчмы. Так сябры і зрабілі, калі ўбачылі прывабнае месца для адпачынку.

Размясьціўшыся ў цені дрэва каля прыдарожнай карчмы, сябры дасталі з паходных сумак хлеб, венджаную рыбу, сыр і зеляніну, каб падсілкавацца і адпачнуць. Тамаш прынёс з карчмы віна і ўсе ўселіся кругам. Абед праходзіў у добрым настроі, а нават і весела, бо ўсех весяліў Тамаш, які расказваў розныя забаўныя сямейныя гісторыі. Адпачынак расцягнуўся на некалькі гадзінаў, пасьля чаго вандроўнікі працягнулі свой далейшы шлях.

І вось, Цыпоры. Горад адкрыўся перад імі яшчэ здалёк, бо знаходзіўся на пагорку сярод урадлівай зямлі, якая насычалася ад шматлікіх крыніцаў і радавала чалавека. Уся гэтая прыгажосьць добра праглядалася з вышыні гораду, як птушка бачыць усё гэта з вышыні сваёго палёту. Не дарма і назва гэтага гораду перакладаецца як «птушка», што сядзіць на вяршыні. Усё гэта ведаў Ісус, бо нядрэнна ведаў гэты горад і шмат што зьвязвала Яго з ім.

Маці Марыям нарадзілася тут і Ісус добра ведаў тую драматычную гісторыю яе нараджэньня. Ісус ведаў і тое месца, дзе знаходзіўся дом бацькоў маці, які быў разбураным пад час паўстаньня Юды Галілеяніна супраць Рыма. Гэтыя падзеі адбываліся тым часам, калі сям’я, маленькага яшчэ Ісуса, хавалася ад валадара Ірада ў Александрыі. Дом ня быў адбудаваным, а кавалак зямлі так і застаўся быць пустэльным на скрыжаваньні двух вуліцаў непадалёк ад рынкавай плошчы.

Тут прыйшла ў жыцьцё маці Марыям і тут пайшоў з жыцьця зямны бацька Язэп, пад час трагічнага выпадку на будоўлі палаца для кіраўніка Галілеі. Чатырнаццаць гадоў было Ісусу, калі здарылася гэтая сьмяротная трагедыя і якая аўтаматычна вызначыла гэтага юнака старэйшым у сям’і, якая складалася з маці і сямёх дзецей. Ісус няблага ведаў гэты горад, бо і сам працаваў тут, а таму ўпэўнена накіраваўся да дому добра знаёмага Ясэфа, з якім шмат часу працаваў тут, у Цэпоры.

Ісус вырашыў застацца ў Цыпоры на два ці тры дні, тым больш тое, што гасьцінны Ясэф разьмясьціў іхнюю немалую каманду ў асобным невялікім будынку для гасьцей. Ясэф ужо ведаў пра цуды Ісуса, тым больш, што Кана Галілейская была побач, а гандлёвыя людзі, якія прыходзілі з Капернаума, прыносілі весткі пра шматлікія цудоўныя дзеі Ісуса. Ясэф і прасіў пра гэтае Ісуса, бо яму было прыемным бачыць і чуць Настаўніка, за якім ідуць Ягоныя вучні.

Незаўважна прайшлі гэтыя дні, калі сябры ўжо крочылі ў паўночна-заходнім напрамку да Пталемаіды. Ісус ніколі ня быў у гэтым горадзе, але, будучы ў Дамаску, чуў, ад дасьведчаных гандляроў, агульныя звесткі пра гэтае месца на беразе Міжземнага мора. Пталемаіда межавала з вялікім марскім залівам каля вусьця ракі Белус. Калісьці гэты горад меў назву Акко, але пад час Аляксандра Вялікага пачаў насіць імя паплечніка Аляксандра Пталемея. Зараз гэты фінікійскі горад адносіўся да правінцыі Сірыя і не падлягаў да юрысдыкцыі нашчадкаў Ірада Вялікага, што давала бясьпеку Ісусу ад перасьледу з боку Ерусаліма.

Сьпякотны апоўдзень прымусіў сяброў прыпыніцца на адпачынак пад ценьню вялікага дрэва каля прыдарожнай карчмы, каб, схаваўшыся ад сьпякоты, падсілкавацца сваімі харчовымі прыпасамі. Пталемаіда не была ўжо далёкай, бо злева добра праглядалася гара Карміл, якая разьмясьцілася на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Абед быў скончаным калі Тамаш, які сядзеў побач з Ісусам, запытаў у Яго, кажучы: «Дык хто большы ў Валадарстве Нябесным?»

Гэтае пытаньне даўно ўжо пасьпявала ў Тамаша, бо ён чуў гэта ад вучняў, якія абмяркоўвалі між сабою гэтае пытаньне, будучы упэўненымі ў тым, што ў любым выпадку павінен быць падзел на большых і меньшых. Нават і ў Валадарстве Нябесным. Сам Тамаш не прымаў удзелу ў гэтых спрэчках сярод вучняў, але пытаньне засталося і дапытлівы Тамаш таму і звярнуўся з гэтым да Ісуса. Зацікаўленыя вучні заціхлі і глядзелі на Настаўніка, чакаючы адказу на пытаньне Тамаша, а па сутнасьці і іхняга.

Аглядзеўшыся, Ісус убачыў маленькага хлапчука, які гуляўся непадалёк ад іх, і паклікаў яго да Сябе. Ён паставіў хлапчука сярод вучняў і зьвярнуўся да ўсіх, хто быў на гэты час вакол Яго: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і ня станецеся, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Дык хто панізіць сябе, як гэтае дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным. І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прыймае. А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб павесілі млынавы камень на шыю ягоную і ўтапілі яго ў глыбіні мора. Глядзіце, не пагарджайце ані адным з малых гэтых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага».

Пталемаіда сустрэла вандроўнікаў плёскатам Міжземнага мора, хвалі якога, адна за другой, накатвалі на бераг, аддаючы сябе цалкам сустракаючаму іх прыбярэжнаму пяску. Лагодны заходні вецер даваў сябрам прахалоду і яны, у добрым настроі, назіралі гэтую блакітную далю, на якой праяўляліся белыя ветразі гандлёвых караблёў. Сябры знайшлі, непадалёк ад порту, прыбярэжную карчму, дзе і прыпыніліся на адпачынак. Сонца было яшчэ высока і яны, пасьля невялікага адпачынку, вырашылі аглядзець частку горада, якая межавала з марскім портам.

Сонца ўжо схілялася да заходняга гарызонту, пакідаючы залацістую дарожку па марской паверхні, калі сябры сядзелі на беразе мора, размаўляючы пра дараваньне грахоў. Калі ж узьнікла паўза, Пётр зьвярнуўся да Ісуса з пытаньнем: «Госпадзе! Колькі разоў брат мой будзе грашыць супраць мяне, і я дарую яму? Ці да сямі разоў?» Ісус, не марудзіўшы, адказаў: «Не кажу табе: да сямі, але да сямідзесяці разоў па сем».

Вось гэта нечаканасьць і Ісус, убачыўшы зьдзіленыя твары вучняў, вырашыў патлумачыць сказанае: «Дзеля гэтага Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які захацеў разрахавацца са слугамі сваімі. Калі ж пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў дзесяць тысячаў талентаў. А як ня меў што аддаць, пан ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць. Тады слуга той, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: “Пане! Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё табе аддам”. Пан, зьлітаваўшыся над слугою тым, адпусьціў яго і дараваў яму пазыку. А слуга той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”. Тады таварыш ягоны, упаўшы да ног яго, прасіў яго, кажучы: “Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё аддам табе”. А той не захацеў, але адыйшоўшы, кінуў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу. Таварышы ягоныя, убачыўшы, што сталася, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, паведамілі пану свайму ўсё, што сталася. Тады пан ягоны, паклікаўшы яго, кажа яму: “Злы слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты прасіў мяне. Ці ж ня мусіў і ты зьлітавацца над таварышам тваім, як і я зьлітаваўся над табою?” І, загневаўшыся, пан ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі не даруе кожны з вас ад сэрца свайго брату свайму грахоў ягоных».

Наступныя два дні вандроўнікі правялі ў горадзе, прапаведваючы на рынкавай плошчы горада, дзе, як звычайна, зьбіраліся розныя людзі, каб паразважаць на грамадзкія і іншыя тэмы свайго жыцьця. Але як быў уражаным гэты натоўп, калі Ісус ацаліў жабрака-сьляпога, які сядзеў каля ўваходу на рынкавую плошчу ў надзеі атрымаць хоць нейкія сродкі для утрыманьня жыцьця. На наступны дзень да Яго прывялі некалькі кульгавых і сьляпых мясцовых жыхароў у надзеі ацаленьня ад Ісуса. Ацаленьне адбылося і каля Ісуса сабраўся вялікі натоўп, які ўважліва слухаў гэтага незвычайнага Настаўніка з Галілеі.

Незаўважна прабёг гэты час і вось зараз сябры рухаліся па дарозе на поўнач, уздоўж Міжземнага мора, у межы Тыру і Сідону, дзе яны павінны былі правесьці значны час сваёй вандроўцы перад вяртаньнем у родныя галілейскія мясьціны, дзе невялікае Галілейскае мора займала ў іхніх сэрцах месца нашмат больш чым вялікае ды неабсяжнае Міжземнае мора. І вось настаў той час, калі яны выйшлі з Фінікіі і накіраваліся ў бок Цэзарэі Філіпавай.

Цэзарэя Філіпава, добра знаёмае месца для вучняў і самога Ісуса, цёпла сустрэла вандроўнікаў, прапанаваўшы ім начны адпачынак і смачную ежу. Сябры вырашылі не затрымлівацца ў Цэзарэі і ўжо праз два дні яны выйшлі на шлях ад Дамаску ў Дзесяцігародзьде. Прайшлі яшчэ два дні, калі яны дасягнулі Галілейскага мора ў акрузе горада Гіпас, дзе і прыпыніліся на высокім беразе мора. Ужо вечарэла, калі да іх іх далучыліся некалькі вучняў, якія затрымаліся ў горадзе, каб набыць ежы для вячэры і ранішняга сьняданку.

Раніца сустрэла Ісуса ў адзіноцтве на беразе мора, дзе Ён, як звычайна, маліўся да Айца з падзякай за супакой і бясьпеку ў гэтай вандроўцы. Сонца ўжо радавала першымі праменямі, калі Ісус вяртаўся да сяброў, якія ўжо падрыхтавалі ранішнюю ежу. Але Ісус бачыў і тое, што да іх падыходзяць людзі, колькасьць якіх усё павялічвалася. Пасьля хуткага сьняданку Ісус сеў на ўзвышанай частцы берагу, калі да Яго падступіўся значны натоўп, які вылучыў перад Ісусам кульгавых, сьляпых, нямых ды розных калекаў з надзеяй дапамогі ад Ісуса.

Ісус не зьдзівіўся колькасьці натоўпа, бо ведаў тое, што вестка пра вяртаньне Ісуса і сяброў, з даволі працяглай вандроўцы, маланкай разнеслася ад Цэзарэі Філіпавай да Бэтсаіды і Харазіна, а таксама і далей па ўзьбярэжжу Галілейскага мора. Пакуль жа Ісус з сябрамі акружным шляхам ішлі ў гэтае месца, людзі кароткай дарогай, а хто і праз мора, хутка дасягнулі месца адпачынку Ісуса. Ён ведаў, што так усё і адбудзецца, а таму неадкладна і пачаў працу аздараўленьня хворых.

Значная частка натоўпу, славячы Бога Ізраіля, казалі паміж сабой пра тое, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць. Так працягвалася на працягу некалькі дзён, калі Ісус, паклікаўшы вучняў сказаў: «Шкада Мне гэтых людзей, што ўжо тры дні са Мною і ня маюць, што есьці; і не хачу адпусьціць іх галоднымі, каб не саслабелі ў дарозе». Вучні гэтаму не зьдзівіліся, але ж і неяк запярэчылі: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэтакі натоўп?» Калісьці Ісус падобнае чуў, але, нягледзячы на гэта, дэлікатна працягнуў: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і некалькі рыбак».

Так і пачаўся гэты цуд ад Ісуса, калі Ён загадаў натоўпу ўзьлегчы на зямлю. Сам жа ўзяў гэтыя хлябы ды рыбу і, падзякаваўшы Госпада, паламаў на часткі, даўшы Сваім вучням, каб тыя далі натоўпу. Гэтага хапіла ўсім, нават і засталося яшчэ кавалкаў на сем кашоў. Калі людзі елі, вучні прыкладна падлічылі мужчынаў з гэтага натоўпу, якіх налічылася каля чатырох тысячаў чалавек. Яны не лічылі жанчынаў і дзяцей, бо гэта б заняло занадта багата часу, але ежы хапіла на усіх. Калі ж натоўп разыходзіўся, Ісус дамовіўся з некаторымі рыбакамі, якія прыплылі сюды на лодках, каб тыя перавезлі Яго з вучнямі праз мора да Магдалы, дзе знаходзіўся дом брата Юды.

Юда, як звычайна, цёпла ды сардэчна сустрэў Ісуса і вучняў, якія сталіся ўжо для Юды вельмі блізкімі людзьмі. Сонца схілялася да захаду, калі сябры разьмясьціліся за сталом са смачнай вечаровай ежай. Яны вырашылі затрымацца ў Магдале на некалькі дзён, каб проста адпачнуць ад шматдзённых пераходаў ды прывесьці ў належны стан сваё адзеньне.

Наступныя дні праходзілі для сяброў па рознаму. Восеньскі час ня вельмі паўплываў на іх, бо дні былі яшчэ дастаткова цёплымі і таму адпаведным быў і настрой у сяброў. Кожны быў вольным у гэтым часе. Вучні з рыбакоў пацягнуліся на бераг да лодак Юды і дзядзькі Ісуса. Галілейскае мора ўвогуле непрадказальнае, а ў гэты час чакаць шторму ёсьць звычайным дзеяньнем. Рыбацкі сезон яшчэ ня скончыўся, але рыбакі, у сваёй працы, не адыходзілі далёка ад берагу менавіта таму, што гэта быў восеньскі час з непрадказальным характарам мора. Тым ня меньш Ісус, а таксама некаторыя з вучняў выходзілі ў мора, знаходзячы вялікае задавальненьне ў той справе, якую яны ведалі з дзяцінства.

Праз чатыры дні вандроўнікі накіраваліся ў бок Капернауму, каб разыйсьціся на месяц па сваіх дамах. Кожны няхай паклапоціцца пра сямейныя ці асабістыя справы, а потым яны сустрэнуцца ў іхнім агульным капернауцкім доме, каб вырашыць далейшыя агульныя дзеяньні.


Ад аўтара:

Мы ўжо бачылі, што Ісус, кіруючыся ў межы Фінікіі, сьвядома зыходзіў з Галілеі ў паганскую краіну, бо небясьпека ад Ерусаліма праз Ірада сапраўды існавала. Але і ня толькі гэта. Гэта было часам падрыхтоўцы да фінальнай часткі Свайго служэньня. Але і ня толькі, бо Ён павінен быў падгатаваць вучняў да апошніх дзён Свайго служэньня. Знаходзячыся ў межах Тыру і Сідону, Ён меў добрую магчымасьць большую частку Свайго часу прысьвяціць вучэньню і падрыхтоўцы вучняў да будучага самастойнага служэньня.

Уважлівы чытач павінен падкрэсьліць тое, што эвангелісты (Марк і Мацьвей) не даюць падрабязнага разгляду гэтай вандроўцы, як і тое, колькі часу на гэта патрабавалася. Пры хуткім чытаньні Эвангельляў уяўляецца тое, што гэтая вандроўка ніяк не была доўгай па часе. Але ці гэта так? Давайце паразважаем разам.

Насычэньне пяці тысячаў (Мац 14:15-21; Мк 6:31-44) мела месца быць ўвёсну, таму што ў гэтых мясьцінах ні ў які час трава ня можа быць зялёнай ды прыдатнай. У хуткім жа часе Ісус з вучнямі адыйшлі ў межы Тыру і Сідону. Глядзячы ж на мапу, мы можам упэўнена сьцярджаць, што такая пешая вандроўка з Капернаўма ў Фінікію і ў Дзесяцігародзьдзе, а потым праз Галілейскае мора ў Капернаум, ня можа быць хуткай па часе.

Наступную кропку адліку мы назіраем, калі Ісус прыйшоў на ўсходнюю частку Галілейскага мора, калі адбылося насычэньне чатырох тысячаў чалавек. Ісус загадаў натоўпу ўзьлегчы на зямлю. Чаму так? На пачатаку восені трава ўжо даўно пасохла і зямля была амаль што голай.

І з гэтага мы разумеем, што гэтая вандроўка расьцягнулася амаль што на шэсьць месяцаў. Эвангельлі не даюць нам зьвестак, за выключэньнем аднаго выпадку, служэньня і жыцьця Ісуса ў Фінікіі, але можна быць упэўненым у тым, што гэты час быў вельмі важным у жыцьці Ягоных вучняў. На працягу гэтых месяцаў Ісус мэтанакіравана вучыў ды настаўляў іх для ўспрыманьня праўды і таго, што павінна адбыцца з Ім у хуткім часе.

Мы ж пакрочым разам з Ісусам і Ягонымі вучнямі ў Капернаум, каб, праз некаторы час, быць сьведкамі пачатку фінальнай часткі служэньня Ісуса Хрыста.


Рецензии