Касмiчнае
Ён быў самым хуткім стварэннем чалавека, якое пакінула Сонечную сістэму. За секунду зонд праходзіў ажно сямнаццаць кіламетраў, за хвіліну – крыху больш за тысячу, а за гадзіну такіх тысяч набягала ўжо больш за шэсцьдзясят. Калі працягваць падлік, то за дзень яму ўдавалася прайсці амаль паўтара мільёна кіламетраў. За год – больш за палову мільярда. А ляцеў ён ужо сорак дзевяць гадоў...
Калі б зонд быў жывой істотай, ён, пэўна, старанна падлічваў бы свой пройдзены шлях. А чым яшчэ займацца ў міжзорнай прасторы? Ніякіх краявідаў, акрамя чорнага неба ды цьмяных зорак. А да роднай планеты адлегласць безупынна павялічвалася – дваццаць пяць з паловай мільярдаў кіламетраў...
А мо ён і быў жывы, толькі не падаваў выгляду? Нават апошнія прылады яшчэ працавалі – дэтэктар плазменных хваль і магнітометр. Астатнія прыйшлося адключыць, бо плутоній-238 працягваў распадацца. Але не такі далёкі час, калі зонд будзе вымушаны анямець назаўжды...
Толькі міжзорны газ ды крыху касмічнага пылу навокал... Калі б зонд мог хоць штосьці зразумець, ён бы звар’яцеў ад роспачы. Можа, паспрабаваў бы спыніцца ці павярнуць назад, дадому. Але ён даўно ўжо не належыў самому сабе. Зонд рухаўся па інэрцыі і мог хіба што крыху зварухнуцца, каб антэна глядзела ў бок Зямлі. А трыццаць шэсць з паловай гадоў таму ён страціў і зрок – камеры больш не перадавалі касмічныя краявіды на родную планету. Апошні фотаздымак Сонечнай сістэмы прымусіў бы засумаваць і заўзятага аптыміста: Зямля – адзіны прытулак чалавецтва – выглядала на ім як маленькая, ледзь заўважная зорачка. А колькі цікавага ён убачыў у пачатку свайго падарожжа! Рознакаляровы волат Юпіцер, велічныя кольцы Сатурна, таямнічы Тытан і іншыя спадарожнікі... А потым – усё. Ніякіх планет – ні вялікіх, ні маленькіх.
Праўда, наперадзе яго чакала воблака Оарта* – радзіма доўгаперыядычных камет. Вось дзе будзе цікава, хай да гэтай падзеі яшчэ тры сотні гадоў. Дзеля такой сустрэчы можна і пачакаць. Наўрад ці там будзе небяспечна. Прасцей выпадкова сутыкнуцца з пэўным чалавекам у вялікім горадзе.
Але зусім без здарэнняў не абыходзілася. Надоечы нейкая драбніца з’явілася на ягоным шляху. Памерам менш за міліметр, але на такой хуткасці ён яе адчуў. А колькі яшчэ іх будзе за мільёны гадоў падарожжа... Добра, што хоць касмічная радыяцыя не ўплывала на яго металічнае цела. Ніякая жывая істота на роднай планеце не вытрымала б такога жорсткага выпраменьвання, нават жывучая ціхаходка.
Сямнаццаць кіламетраў за секунду... Для космасу такая хуткасць – павольней за рух мураша. Нават абсалютны чэмпіён фатон цягнуўся як чарапаха: суседняй зоркі ён дасягаў больш чым за чатыры гады, а галактыкі – толькі за два з паловай мільёны. А калі ўлічваць сапраўдны памер Сусвету, які да таго ж бесперапынна пашыраецца...
Але зонд не ведаў дакладных маштабаў усяго існага. Ён меў толькі закладзеную людзьмі праграму, якую даўно перавыканаў. І як жа добра, што ён не мог рухацца хутчэй! Нават на палове хуткасці святла не тое што пылінка, а кожны атам вадароду (а іх у сярэднім было па адным на кубічны сантыметр прасторы) ператвараўся б у сапраўдную кулю. Але зараз самы лёгкі элемент у Сусвеце не ўяўляў для чалавечага стварэння ніякай пагрозы.
Калі б зонд мог адчуць самоту ў поўнай меры гэтага слова... Сусветную касмічную самоту... Але яе маглі б уведаць хіба што істоты, якія жылі значна даўжэй за насельнікаў Зямлі, не мелі патрэбы ў пастаянным сілкаванні і не баяліся радыяцыі. Такія істоты знаходзіліся ў суседніх галактыках. Але і яны не маглі ўявіць сабе міжзорныя падарожжы, дый увогуле не бачылі ў іх сэнсу. Вандроўкі нават да суседніх зорак займалі надта шмат часу, а ўсіх без выключэння стварэнняў больш цікавілі справы на радзіме. Дасягнуць хуткасці святла забараняў сам Сусвет, а за меншае не варта было і брацца.
Зонд ляцеў. Вядома, Сонца яшчэ доўга будзе самай яркай зоркай у яго полі зроку. А вось і яе суседка – цьмяная Проксіма Цэнтаўра (ці Кентаўра). Ён мог бы пашкадаваць, што накіроўваецца не ў яе бок: падумаеш, нейкіх там семдзясят пяць тысяч гадоў... Але яго траекторыю разлічылі так, што праз сорак тысяч гадоў ён павінен праляцець каля зоркі Глізэ 445, якая зараз знаходзілася за сямнаццаць з паловай светлавых гадоў ад Зямлі. Проста ў будучыні гэты чырвоны карлік сам падыдзе даволі блізка да Сонца – за тры з паловай светлавыя гады. Шкада, што і Глізэ не атрымаецца добра разгледзець, бо бліжэй за паўтара светлавога года да зоркі зонд ніяк не падляціць. А цяпер ад свайго Сонца ён адсунуўся толькі на адзін светлавы дзень... І гэта за цэлую палову стагоддзя!
Зонд ні на імгненне не спыняўся, час ад часу прымаючы сігналы і пасылаючы адказы да роднай Зямлі, якія ішлі туды амаль суткі... Наперадзе чакала вечнасць. Наўрад ці хтосьці яго заўважыць, паслухае залатую пласцінку, падзівіцца зямным надпісам... Хаця... як ведаць?..
* – У нідэрландскай мове прозвішча Oort вымаўляецца з доўгім галосным [о;] – «Оорт». Афіцыйны правапіс патрабуе выкарыстоўваць варыянты «Оарт» і «воблака Оарта» з-за фармальнага правіла акання: паводле сучасных школьных правілаў, у запазычаных словах не пад націскам «о» пераходзіць у «а». Але ў класічным правапісу (тарашкевіцы) іншыя правілы, таму ўжываюцца варыянты «Оорт» і «воблака Оорта»: літара «о» захоўваецца ва ўсіх скланеннях і іншамоўных імёнах, каб не змяняць арыгінальнае вымаўленне.
12–14 верасня 2026, Яроміна;
15–16 (Яроміна), 17-20 верасня 2026, Гомель, Шведская Горка (дапрацоўка з дапамогай Гугл ШІ);
21 верасня 2026, Гомель (удакладненне – «два з паловай мільёны»).
Свидетельство о публикации №226092201107