Мёртвае дрэва

И доколь ты не поймешь:
Смерть для жизни новой, —
Хмурым гостем ты живешь
На земле суровой.
                В. Гете

1

Падзеі, які я збіраюся апісваць, адбыліся даўно. Нейкія падрабязнасці пасціраліся з часам. Але менавіта час, гэты суддзя строгі і няўмольны, гэты фільтр і люстэрка нашага існавання, дазволіў пераасэнсаваць дзеянні герояў гэтага аповеду, адным з удзельнікаў якога, дарэчы, з’яўляюся я сам. Бяруся за пяро толькі таму, што не магу болей трымаць унутры сябе груз мулкай, неадчэпнай тугі. Не маючы ўпэўненасці, што нехта, апрача самых блізкіх мне людзей, прачытае гэтыя нататкі (якія інакш і назваць немагчыма), жадаю толькі аднаго: прывесці цяжар  думак  у больш-менш зграбную форму, магчыма, разабрацца ў сабе самім. Спадзяюся, гэта палегчыць мой стан. Адразу папярэджу, што нататкі гэтыя не будуць мець прывычнай пабудовы літаратурнага твора — са сваёй фабулай, завязкай, развязкай, абавязковымі любоўнымі пакутамі і іншым. Распачынаючы іх, я нават не ведаю, чаго збіраюся дамагчыся. Тым болей што не маю дастатковага вопыту. Моцнае толькі жаданне — жаданне падзяліцца пачуццямі, якія апаноўваюць мяне не першы год, на якія паклалі адбітак падзеі нашай  маладосці — бясцэннага і незваротнага скарбу жыцця.
Нас было трое — тры здаровыя, дужыя хлопцы. Была гумавая лодка, палатка, гітара. Была ціхая рэчка, якая заблыталася ў палескай багне, гушчарах і тарфяніках. Быў ліпень са сваімі залевамі, дзівосным водарам траў, паўдзённай спёкай, густымі і цёплымі начамі. Было жыццё. Мы выдраліся з цісканіны і гарачыні  велічэзнага бетоннага горада, а таму асабліва ярка і радасна адчувалі навакольнае хараство. Так ужо надарылася: і водпускі ў адзін час, і агульныя інтарэсы, бесклапотнасць... Мы былі шчаслівыя. Ідэя вандроўкі паходзіла ад Ігара. Я быў гультаяваты, цяжкі на пад’ём, тым больш што нядаўна ажаніўся. А Пашка наогул — гарадскі, кватэрны, нетаропкі чалавек. Яму б утульнасць ды піва з добрай музыкай... Але гэта так, да слова.
Якімі цудоўнымі, яскравымі і нават неабходнымі падаюцца сучаснаму, абцяжаранаму цывілізацыяй чалавеку жыццёвыя кантрасты, узрушэнні, уражанні, што з цягам часу дазваляюць у поўнай меры ацаніць прыгажосць жыцця! Вецер вандраванняў нібыта выдзьмухвае з нас усё бязглуздае і непатрэбнае, прымушае, жадаем мы таго ці не, жыць у згодзе з прыродай, а, такім чынам, з сабой і тым, што нас атачае. Бо мы ж і ёсць — прырода. О,  паверце, я  гэта адчуў у той ліпень напоўніцу: да болю, да мукі, да надрыву душэўнага. А быў дагэтуль зусім не рамантыкам. Пуцявіны майго жыцця пралягалі па маршруце дом—работа—дом, галава была затлумлена дакладнымі ведамі і ўсялякай лухтой.
У тым паходзе мы жылі проста па гадзінах прыроднага рытму. Мы не рабілі якіх-небудзь фізічных практыкаванняў, харчаваліся абы як, спалі мала, але адчувалі невыказную лёгкасць, моц, радасць, эмацыянальны ўздым. Нас лячылі паветра, лес, рака, іхняя магутная энергетыка, праўдзівей — не лячылі (мы былі здаровыя), а прыводзілі да нармальнага, прыроднага стану. Я добра памятаю тыя чароўныя хвіліны, калі пасля шматгадзіннага веславання прыляжаш на прагрэтую сонцам мураву і нібы адчуваеш, як па лапатках, пазваночніку, рэбрах голай тваёй спіны бяжыць, напаўняе і супакойвае добрая і вячыстая сіла... Тады не хочацца ні варушыцца, ні размаўляць, а толькі — раскінуўшы рукі, ляжаць і глядзець на гэтую бездань сінечы, на лёгкія і пухкія воблачкі, сачыць за палётам птушак, слухаць стракатанне конікаў, удыхаць дзівосныя і кожны раз новыя пахі лета.
І зноў рака, пляск вёслаў, кіламетры рудой вады, якая то весела бяжыць па мялізнах і перакатах, то замірае ў ямах нерухомым, задумлівым люстрам. Зрэдку глядзяць на яе з узгоркаў змучаныя спёкай вёсачкі. Аднойчы каровы, што дурэлі і таўкліся амаль па ўсёй шырыні ракі, перагарадзілі нам шлях. Мы чамусьці не збочылі, а плылі напрасткі скрозь статак. Я глядзеў на добрыя пысы бурых і ўсё ж непакоіўся, што нязграбны рух якой з іх праб’е наш ненадзейны гумавы борт.
Аб набліжэнні да вёскі звычайна сігналізавалі пакінутыя ўздоўж берагоў рыбацкія прылады (жарліцы, донкі), альбо сеткі — на ўсю шырыню ракі. Мы заўсёды змагаліся з міжвольным жаданнем праверыць безгаспадарную снасць, тым болей што поспехі нашы ў рыбнай лоўлі былі сціплыя, а рыба тут, безумоўна, вадзілася, і нават буйная. Аднойчы з-за рачной лукавіны, як з мінулага стагоддзя, насустрач нам вынырнуў рыбацкі човен з дзедам-палешуком на карме. Мы счапіліся вёсламі і доўга гутарылі. Ігар, заўзяты рыбак, распытваў яго — што ды як, спрабаваў уведаць запаветныя сакрэты. Рыбак гаварыў смешна і напаўзразумела, на мясцовай гаворцы, бесперастанку дыміў пакамечанай папяросай ды чамусьці сплёўваў не ў ваду, а на днішча ўласнага чоўна. Часам здавалася, быццам ён пацяшаецца з нас. Атрымлівалася, што мы рабілі ўсё не тое, ды не так, і наогул нічога ў рыбалцы не цямім (што, зрэшты, было праўдай). Сам стары ніякіх пэўных парад не даваў, а толькі, калі ўжо мы пачалі губляць цярпенне, дастаў з-пад сядзення вядро, амаль поўнае рыбы, і вывернуў нам на днішча добрую палову. Затым хутка развітаўся і жвава адплыў, зухавата накіроўваючы паваротлівы човен адным вяслом.
Я не раз заўважаў, з якой ахвотай Ігар гутарыў з простымі людзьмі: рыбакамі, паляўнічымі, лодачнікамі, касцамі, палясоўшчыкамі, пастухамі... Ён амаль адразу знаходзіў з суразмоўнікамі агульны  інтарэс, зацікаўліваўся шчыра, гаманіў няшмат — у асноўным слухаў, зрэдку пытаўся аб нечым, здавалася б, нязначным, пра сябе звычайна не расказваў анічога. Ёсць людзі, якім неабходна выгаварыцца. Яны распавядаюць пра мінулае сваё, пра радню і сваякоў падчас непатрэбныя нікому падрабязнасці. А пры гэтым як быццам насычаюцца энергіяй, якая неабходна ім для падтрымання жыццёвай сілы. Робяць гэта, канешне ж, несвядома. Ігар быў маўчун, замкнёны ў сабе чалавек, але валодаў супрацьлеглым і, як мне здаецца, вельмі каштоўным дарам — здольнасцю слухаць, што вабіла да яго сэрцы. Ён ахвотна гутарыў з тымі, у каго розум, мова і дзеянні не супярэчаць адно аднаму, — натурамі цэласнымі і шчырымі. Мусіць, як чалавек складаны Ігар ачышчаўся духоўна ў зносінах з людзьмі, якія мелі багаты жыццёвы вопыт. У тлумным жа хаўрусе, сярод усеагульнай весялосці ці бурнай папойкі, настрой яго часцяком псаваўся. Ігар змаўкаў, маркоціўся, а іншы раз на панібрацкае паляпванне па плячы мог адказаць рэзкім словам або дзеяннем.
...Заканчваўся другі тыдзень нашае лодачнае вандроўкі. Рака спакойна, па-добраму несла наперад, плаўна гушкала барты лодкі-катамарана. Мы веславалі ўвесь дзень, па чарзе, каб асабліва не стамляцца. Першародныя карціны ціхай і лагоднай беларускай прыроды мяняліся перад вачыма. Шмат кіламетраў — ні жытла, ні шляхоў, ні мастоў, а толькі — дубровы ды старыкі, вербы ды пясчаныя мялізны... За два тыдні ні прытока, ні нават ручаіны не прыняла сяброўка-рака ва ўлонне сваё, нібыта ахоўваючы інтымную з намі блізкасць. Кажуць, што ў кожнай ракі ёсць свая душа, адметны характар. Калі гэта так, то душа ў нашай рэчкі была рахманая і замкнёная, паважная, як белы лебедзь, што плыве па нерухомай вадзе паркавага стаўка пад шатамі навіслага вецця. Яна прыязна прымала пляск вёслаў, кроплі дажджу, птушыныя спевы, грымоты навальніцы, валтузню кароў на берагах і не цярпела ракатання маторак, смуроду бензіна, масленых плямаў на сваёй паверхні, хцівага і бязлітаснага чалавека. Таму і праклала ручво сярод палескай багны, дзікай самотнай глушы.
Як я ўжо зазначаў, ініцыятыва паходзіла ад Ігара, які адразу ж напусціў на сябе таямнічы выгляд і не меў жадання дзяліцца з намі мэтай і маршрутам вандроўкі. Ды ці была мэта? Нам проста было лёгка, хацелася жыць, рухацца, любіць і радавацца кожнаму дню. Меркавалі даплыць да вусця ракі — да самай Прыпяці, прыстаць да якога-небудзь гарадка, а потым ужо шукаць спосаб вяртання дамоў. Наогул, у першы тыдзень паходу ў нашых дзеяннях пераважалі неспакой і празмерная сур’ёзнасць. Мы быццам бы кудысьці спяшаліся: кароткі адпачынак удзень і зноў — наперад: мерныя ўзмахі вёслаў, віры, перакаты, лукавіны да самага вечара. Амаль і не размаўлялі паміж сабой, акунутыя ў сузіранні і думкі аб запаветным. І толькі ўвечары, пасля ўсталявання палаткі, знішчалі са звярыным апетытам спехам прыгатаваную вячэру, садзіліся каля вогнішча і вылівалі ў песнях і аповедах набытыя за дзень уражанні. Калі існуюць лясныя і балотныя жыхары — лесуны, русалкі, вадзянікі і іншыя казачныя персанажы, то яны нябачна прысутнічалі сярод нас у тыя незабыўныя вечары, калі гітара разносіла ўздоўж берагоў свае цудоўныя гукі, а нямоцны голас ці то пяяў, ці то апавядаў дзівосныя гісторыі. Іграў звычайна Паша. Гітара ў ягоных руках была надзіва паслухмянай і здавалася прыродным дадаткам да чалавека. Пашка выдатна валодаў голасам сваім, песняў ведаў шмат, іграў на гітары ці не з сямігадовага ўзросту. Часам гітару браў у рукі Ігар. Рэдка, але такое надаралася. У параўнанні з Пашам, гэта была ігра дылетанта.  Але дзіўна было тое, што, іншым разам не трапляючы ў акорды і рытм, ён мог данесці да слухачоў душу песні, прымусіць паверыць у казачныя краіны з бурштынавымі морамі і дзікімі гарамі, піратамі, жар-птушкамі і іншым.
Раніца падкідвала нас з жорсткіх пасцеляў першымі сонечнымі промнямі, што прадзіраліся скрозь гушчар панурага лесу, залівістым пошчакам птушак, сырасцю і нясцерпным пачуццём голаду. Менавіта голаду здаровага, насычанага кіслародам цела, а не звычкай чагосьці пажаваць, таму што так трэба. Не ставала ні часу, ні цярплівасці гатаваць ежу. Мы ўспорвалі бляшанкі кансерваў, размочвалі сухары ў халоднай, з вечара накіпячонай вадзе і з задавальненнем знішчалі гэтае няхітрае снеданне. Затым акуналіся ў трохі астылую за ноч рэчку. Вада бадзёрыла, цела станавілася пругкім і гатовым да бою. Тады згортвалі часовы лагер, ускаквалі ў лодку і адчальвалі.
Лета, нібыта  па маўклівай дамове, упарта трымала ўстойлівае і спрыяльнае нам надвор’е. Раніцы заўсёды былі ясныя. Апоўдні набягалі аблокі — не цёмныя і вуглаватыя, што навяваюць неспакой і журбу, а белыя і пухкія. Яны ляніва пасвіліся на блакітным полі нябёсаў, то адкрывалі, то хавалі пастуха свайго — Сонца, стваралі вычварныя карункі на вадзе, на траве, на дрэвах, супакойвалі і абяцалі шчаслівы нам шлях. Бывала, Ігар сядаў на карму, закідваў у ваду, што пенілася і бліскала пад намі, лёску з блешняй. Лёска нацягвалася і трымцела ў ягоных руках. Мне трызніўся пругкі штуршок, барацьба, тоўсты, што палена, шчупак вагой у некалькі кілаграмаў. Але рыба чамусьці не бралася на нашу снасць. Чапляліся ў асноўным затопленыя галіны і жмуты багавіння. На зайздрасць нам нехта лупцаваў ваду ля супрацьлеглага берага, сярод карчоў і завалаў.
Ліпеньскае сонца безупынна працавала над целамі і тварамі, наносіла на іх бронзавую фарбу, рабіла больш грубымі і непадатлівымі, набліжала да прыроды. Вечары былі чыстымі, як вымытае да свята люстра. Сонца павольна і як бы неахвотна спускалася за небакрай, з жалем даручала нас пустэчы і бяздонню ліпеньскае ночы, зоркам і маўчуну-месяцу. Месцы для начлегу выбіраліся высокія і як мага аддаленыя ад лесу і шматлікіх старыкоў-балот з іх жамярой і сырасцю. Толькі аднойчы вечар не здолеў разагнаць спякотную напругу адыходзячага дня, сабраў усё ж няветлівую нізкую хмару і выліў на зямлю светлыя свае слёзы. Мы сядзелі ў палатцы, прыемная стома ад цяжкога дня хіліла на сон. Дробат дажджу, ліхтар, што разам з палаткай матляўся ад імпэтаў ветру, выклікалі ўражанне цяпла хатняга агменю, гэткага схову ад віхур і нягод вонкавага свету.
Пасля двухтыднёвага веславання мы ўсё-такі стаміліся. Рупела атабарыцца недзе ў зацішным кутку, зрабіць доўгі прыпынак, паблукаць па лясах, парыбачыць, увогуле адпачыць. Ігар запэўніваў нас, што мясціны пакуль яшчэ не дастаткова гожыя, прасіў крыху пацярпець, спасылаючыся на тапаграфічныя карты, якімі назапасіўся, трэба сказаць, вельмі дарэчы. Без  іх  мы б даўно  заблыталіся ў развілках і  петлях  ракі,  паплылі б не па тым рэчышчы і зусім бы разгубіліся.  На звычайнай карце рака падаецца ледзьве не прамой лініяй, а насамрэч даводзілася праплываць адлегласць у некалькі разоў большую. Часта мы абыходзілі якую-небудзь вёску з розных бакоў, пакуль наблізімся і аддалімся ад яе. Было крыўдна падчас глядзець на карту і супастаўляць сантыметры на ёй і патрачаныя за дзень намаганні.
Але вось рака стала шырэйшай, далучыўшы да сябе адзін з нешматлікіх прытокаў, а дакладней, першы за ўвесь двухтыднёвы шлях. Лес адступіў ад берагоў, усё часцей трапляліся ўзгорыстыя паплавы, палянкі, зыбучыя пяскі на берагах. Мы павесялелі. Хутка знайшлося і месца для прыпынку: паўвыспа, што стварылася двума неглыбокімі затокамі, з пясчаным адхонам і водмеллю. Чатыры наступныя дні, якія мы бавілі ў тым месцы, з’явіліся, мусіць, самымі яскравымі і запамінальнымі ў маім жыцці. Ні грашыма, ні бяздумным каханнем зямным, ні пашанай, ні ажыццяўленнем надзей і жаданняў сваіх не дасягнуць чалавеку таго шчаслівага стану, які дае яму поўнае і безумоўнае ўваходжанне ў прыроду, падпарадкаванне яе простым і старажытным, як свет, законам. Здавалася, не існуе ў цэлым свеце ні гарадоў, ні палітыкі, ні матораў, ні кніг, а толькі яна — гэтая спаконвечная сутнасць: і любоў, і маці, і настаўнік. Ты не просіш у яе нічога, а атрымліваеш усё, што неабходна. Аддаеш і ёй без высілкаў, без натугі ўсяго сябе і пры гэтым застаешся  цэласным і нерастрачаным, як сонечнае святло, як сціжмы зорак, як неспасціжная бясконцасць Сусвету...
Мы сталі нібыта дабрэйшымі і чысцейшымі духам. Ігар цэлымі днямі бавіўся ля супрацьлеглага берага, дзе расколаты перуном дуб амаль упаў у раку: рыпеў карэннем, але ўсё ж трымаў старое знябытае цела ці не паралельна вадзе, зацята чапляўся за жыццё, апошнімі намаганнямі адстойваў свае на яе правы. Бераг быў стромкі. Ігар падплываў пад яго на аднамеснай надзіманай лодцы, прывязваўся да ссохлых галін старога дуба і гадзінамі сачыў за чырвоным пяром паплаўка, які павольна калыхаўся на ціхай вадзе. Цярплівасць узнагароджвалася: на змярканні, радасны і бадзёры, ён вывальваў на прымятую ля палаткі траву пузатых краснапёрак, лабастых язёў, а іншы раз і амаль круглага ляшча, што блішчэў, як начышчаны грош.
Нарэшце  мы  наядаліся  ўдосталь. З‘явілася магчымасць выпрабоўваць свае кулінарныя здольнасці, эксперыментаваць у гатаванні ежы. Рыба запякалася ў фользе на жары, смажылася на ражнах, варылася юшка і нават грыбная поліўка з рыбай. Недахоп умельства цалкам капменсаваўся звярынай патрэбай нашых страўнікаў. Памятаю прыемныя хвіліны насычэння, калі прыляжаш ля мігатлівага вогнішча ў салодкай стоме, без думак і жаданняў сочыш за павольнай плынню ракі, слухаеш пераборы струн... Бесклапотная, дужая і шчырая маладосць, дзе ўсмешка твая і голас, што дрыжыць надзеяй нязбытнай, — пакінутая на волі ўсцеха нашая і журба?..
Гаспадарку, дакладней, дзённыя работы па лагеры, вёў пераважна Паша. Дый спраў было няшмат: насячы дроў і ежу прыгатаваць. Астатні час — купайся сабе колькі пажадаеш, грэй пуза ці брынкай на гітары. Для Пашкі гэта амаль што рай быў. Падчас ён пераплываў на процілеглы бераг і забаўляў гутаркай Ігара, а заадно замінаў рыбалцы.
Мяне ж вабіў лес. Я гадзінамі блукаў па дубровах і гаях, светлым хваёвым бары, акунаўся ў сырасць яроў і яловых гушчароў. Грыбоў было небагата з-за недахопу вільгаці. Толькі дзе-нідзе,  ля  старыкоў і  па ўзбалотках, удавалася  знайсці няшмат пашэрхлых лісічак і сыраежак. Але мы радаваліся і гэтаму. Затое паспявалі ўжо чарніцы, на палянах трапляліся сунічныя напасці, а маліннік адорваў невялікімі, але салодкімі і духмянымі ягадамі. Я накручваў кіламетры без сцяжынак і арыенціраў і знаходзіў дзіўны інтарэс у рызыцы заблудзіць у лясных нетрах, у гэтай вячыстай глушы. Падчас адпачынку на паляне, размораны гарачынёй ліпеньскага поўдня, я летуценна назіраў, як павольна плывуць аблокі ў блакітных прагалах між ізумрудных вершалін дрэў, што сонна разгойдваліся пад лёгкім ветрыкам. Здавалася немагчымым, штучным і варожым чалавечай сутнасці жыццё іншае — бурлівае, поўнае вэрхалу і ляманту, жыццё пачуццяў слёзных і радасных, несупыннай барацьбы за карысць хвілінную і падманную. Будзе дзень, будзе і хлеб, будзе праца ад досвітку да змяркання, будзе любоў, без якой губляе сэнс усё астатняе... Адна яна не дазваляе нам у сумятні турбот штодзённых драпежна накінуцца на сабрата ў дзяльбе скарбаў ды месц пад сонцам...
Раніцай чацвёртага дня нашай стаянкі Ігар застаўся гатаваць абед, а мы з Пашкам адправіліся ў найбліжэйшую (па карце) вёску — запасціся харчамі. Хацелася купіць трохі хлеба, бульбы, а тое супы, макароны і ўсялякія канцэнтраты ўжо надта надакучылі. Прыхапілі з сабой карту і компас. Па нашых разліках, у некалькіх кіламетрах на ўсход пралягала прасёлачная дарога, якая павінна была прывесці да пазначанага на карце населенага пункта. Накрапваў дробны дождж. Было прыемна адчуваць яго лагоднае казытанне, ступаць хутка намоклымі кедамі па мяккім імху, збіваць кроплі з галін дрэў і кустоў вялізнай папараці, уцягваць носам свежае і вільготнае паветра. Дарогі ўсё не было, але мы лёгка і радасна шыбавалі па абраным накірунку. Вецер неўзабаве разагнаў хмары, сонца кінула долу жыватворныя свае промні. Яны блыталіся ў кронах дрэў, адбіваліся ад мокрага лісця, дасягалі палян і пранікалі ў глыбіні яроў. А лес спяшаўся ўвабраць у сябе блаславёную, дасланую з нябёсаў вільгаць раней, чым сонца ўсталюе канчатковую над ім уладу.
Дарога аказалася зусім не такой, як я яе сябе ўяўляў, — не вузкай, затравелай, парослай хмызамі, заваленай ламаччам, а даволі ўезджанай гравійкай. Яна цягнулася па жвірыстым насыпе, а паабапал яе былі зроблены неглыбокія раўкі для сцёку вады. Па такіх дарогах звычайна ходзіць рэйсавы аўтобус пару разоў на дзень з заездам у параскіданыя па лесе хутары і вёсачкі. Было хораша крочыць па ёй, яшчэ сырой ад нядаўняга дажджу. Лес бліскаў і прамяніўся па баках, то набліжаўся, то адыходзіў на значную адлегласць. Наперадзе дарога натыкалася на магутны  строй  хваёвага бору, збочвала направа, рабіла плаўную дугу. Жаўтлявая таямнічая стужка прасёлка, дзікі лес ды сонца над галовамі... Мроілася: вось-вось са змроку ялін і хвояў выйдзе насустрач нам валадарка звяроў і птушак Алеся, сімвал чысціні і жаноцкасці, пакліча ў незваротную далячынь.
...Нарэшце мы наблізіліся да вёскі. Аб гэтым сведчылі гвалт пеўняў, брэх сабак, рып і ляскат калодзежных ланцугоў, пахі жытла чалавечага. Прысадзістыя хаціны, лядачыя брудна-шэрыя стрэхі, пахілыя, счарнелыя ад дажджоў частаколы, нягожыя весніцы, смешныя лаўкі ля іх... Спелі, радавалі вока яблыневыя садкі. Ціхі, млявы, небагаты рухамі поўдзень... Дзеці гулялі проста на дарозе — без асаблівага нагляду, валтузіліся ў жвіры нароўні з гусямі і індыкамі. Моладзі наогул не было відаць. Старыя, што сустракаліся нам, віталіся, загаворвалі. Высветлілася, што тут няма ўласнага магазіна. Прыязджае з райцэнтра аўтафургон-крама два разы на тыдзень, дастаўляе хлеб і іншыя прадукты. Нам далі трохлітровы слоік малака, накідалі ў мяшок бульбы, ды яшчэ і палясоўшчык, што вяртаўся на калёсах у вартоўню, “палегчыў” наш шлях на некалькі кіламетраў.
Вярнуліся ў лагер без здарэнняў, нягледзячы на адсутнасць сцежак і пэўных арыенціраў. Аб адным толькі варта сказаць: мы натрапілі ў лесе на дрэва — старое, абгарэлае дрэва. Нічога незвычайнага. Ды толькі нядобры, прыкры асадак, нейкія цьмяныя асацыяцыі вялі мае думкі ў непатрэбным напрамку, мімаволі прымушалі нешта згадваць і аналізаваць. Дужа ўжо недарэчна выглядаў гэты агарак некалі магутнага волата сярод прыроднай злагады, кветак, зеляніны і сонечнага святла. Памяць назойліва падсоўвала спляжаны дуб на супрацьлеглым беразе нашае стаянкі, які марудна, сантыметр за сантыметрам, вярнуўся ў ваду. А можа, штосьці яшчэ...
Лагер сустрэў нас гарэзным дымком вогнішча і прыемнымі пахамі свежапрыгатаванага абеду. Ігар ганарыўся сваім поспехам — шчупачком, якога злавіў на жарліцу. Ён наогул быў на рэдкасць вясёлы, узрушаны і відавочна радаваўся нашаму вяртанню. Бо няцяжка ж было заблудзіць у навакольнай бездаражы, дзе любое адхіленне ад патрэбнага накірунку пагражае прывесці чортведама куды...
Пасля абеду многа гаманілі. Абмяркоўвалі далейшы маршрут вандроўкі, планавалі. Паціху падкраўся вечар. Ігар падладзіў снасці і пайшоў адпачываць, каб выспацца да ранішняга лову. У нас жа з Пашкам назаўтра пэўных заняткаў не прадбачылася. Таму мы і не спяшаліся ў палатку, а сядзелі ля  прыціхлага вогнішча, размочвалі рэшткі сухароў у малацэ. Затым Паша ўзяў гітару і доўга зачароўваў мяне, маладзік і зоркі сумнымі і цёплымі, як ліпеньская ноч, песнямі.
...Вам не даводзілася бачыць, як вольная і дужая птушка, што кружляе ў вышыні, нібыта ля самага Сонца, раптоўна скаланецца, узмахне ў апошні раз крыламі ды каменем упадзе ля вашых ног. Калі не, то добра. Я, папраўдзе, таксама не бачыў. Але падзеі наступнае раніцы ўяўляюцца мне цяпер акурат так...
Загінуў Ігар, утапіўся: відаць, вываліўся з праколатай чымсьці  лодкі. І  да сягоння не ўцямлю, як тое здарылася. Бязглузды, крыўдны, жахлівы скон. Урачы, праўда, гаварылі, што спярша спынілася сэрца, а ўжо затым ён захлынуўся. Але гэта было пасля. Тады ж мы проста разгубіліся, калі раніцой не ўбачылі Ігара на звычным месцы з вудай, а толькі гуму спушчанай лодкі, якую млява гайдала плынь ля каранёў старога дуба. Я чамусьці адразу і, як аказалася, беспамылкова ўбачыў усю страшэнную непапраўнасць здарэння, хоць не было відно ні чалавека, ні прычын, ні канчатковых вынікаў. Але гэты стары дуб, гэтае напаўспрахлае дрэва ў лесе... Мы перабраліся на супрацьлеглы бераг, доўга шукалі, клікалі сябра, спрабавалі ўчапіцца хоць за найменшую надзею. А навокал — толькі дрэвы ды балаціны, хмызы ды старыцы — маўклівыя, бязмоўныя сведкі нашага гора. Трэба было дзейнічаць, і дзейнічаць шпарка. Дрэнна памятаю дый не хачу корпацца ў падрабязнасцях таго жудаснага дня. Я бег у вёску, бег да людзей, якія толькі і маглі дапамагчы. Галіны сцябалі па грудзях, па руках, па твары. Спатыкаўся, падаў і не адчуваў болю. Нібы хацеў загнаць сябе, знепрытомнець, абы толькі не думаць, не думаць зусім. Зрэшты, невядома каму было тады лягчэй: мне ці Пашку, што застаўся ў пустым лагеры. Прынамсі, я дзейнічаў. Памятаю хату, памятаю дзверы, у якія грукаў, памятаю абліччы простыя і добрыя, спагадлівыя да чужога гора.
…Ігара знайшлі хутка, пасля некалькіх прачэсванняў бусаком, зусім непадалёк ад берага. Пашанцавала яшчэ, што плынь не здолела адцягнуць цела, калі наогул можна гаварыць аб шанцаванні ў такім выпадку. Быў следчы з раёна, былі фармальнасці і пытанні, якія не варта ўспамінаць. Дзякуй людзям — яны зрабілі для нас усё магчымае… Дамоў вярталіся на грузавіку, паклаўшы ў яго спехам згорнуты лагер і апавітае брызентам, абкладзенае яловым голлем цела нашага сябра. Я сеў у кабіну поруч са следчым і вадзіцелем. Паша павінен быў вяртацца праз райцэнтр на любым магчымым транспарце. Дамовіліся, што ён паспрабуе паведаміць Ігаравай маці аб трагедыі па тэлефоне, падрыхтаваць яе да прыёму жахлівага грузу.
Я занурыўся ў акно грузавіка, што грукацеў па ўхабах і калдобінах, марна спрабуючы пазбавіцца ад назойлівых, вярэдлівых думак. Ныла пад лыжачкай. Я раз-пораз перакідваўся словамі са спадарожнікамі, але знаходзіўся быццам і не з імі, а ў хаосе перажытага — паўсне-паўсапраўднасці. Дзіўным, недарэчным фільмам уяўляліся мне тады сакавітыя сенажаці, жоўта-рудыя жытнія палеткі, рэкі і гаі, вёскі і пашы. Мроілася толькі, што Ігар (ці хаця б частка яго) застаўся там, на волі, дыхае празрыстым і свежым паветрам, якое любіў беззапаветна… Што добра сябру майму...
Пустата, пустата, пустэча… Чым набіць тваё ненаеднае чэрава, калі дзейнічаць няма мажлівасці, а размовы здаюцца марнымі і беспрадметнымі? Мінулым, пэўна, толькі мінулым…


2

Сутыкаючыся ў віры штодзённых турбот, не ведаем мы, дакладней, не можам спазнаць усю глыбіню характараў нават самых блізкіх людзей, з кім дзелім, так бы мовіць, і гора, і радасці. Што ўжо гаварыць, калі бачыш чалавека не кожны тыдзень, гутарыш з ім спешна па тэлефоне, адмежаваны кіламетрамі гмахаў, дарог, тралейбусных і трамвайных ліній, жыццёвымі абставінамі?.. Натужліва, але няўмольна і паслядоўна выцягвала з мінулага памяць мая цьмяныя, нібыта паразмываныя па краях карціны. Я спрабаваў ухіліцца ад іх, пазбегнуць таго скрупулёзнага аналізу, які праводзіў без маёй на тое згоды напалены і ашаломлены апісаным здарэннем мозг. Дарэмна… Толькі грубы падскок грузавіка або рэзкі гук на дарозе вярталі мяне да рэчаіснасці на некаторы час. Цяпер, разважаючы з  вышыні  перажытых гадоў,  калі  на ўласнай  шкуры  паспытаў жорсткія, а падчас і бязлітасныя законы быцця, разумею сваю тадышнюю разгубленасць. Не скажу, што жыццё песціла мяне, але да таго выпадку неяк літасціва адводзіла ад стром і ўсялякіх пастак. Я не зазнаў нягод, родзічы і сваякі былі жывыя-здаровыя, меў дах, сям‘ю, словам, быў акружаны цеплынёй і клопатамі. Калі і даводзілася раз-пораз атрымліваць па-за домам кухталі і аплявухі, то яны былі такія нязначныя, што не пакідалі асаблівых адбіткаў на маім лёсе, не шкодзілі гонару і сумленню. Карацей, я не быў падрыхтаваны да бур і калатнеч. Смерць Ігара, боль і непапраўнасць страты абрынуліся на мяне тады, як вядро сцюдзёнай вады на галаву млявага летуценніка. Аналіз мінулага, няўмольнае корпанне ў нетрах сумлення, блуканне ў смузе фраз і абліччаў былі тады жыццёва неабходныя мне для таго, каб вытрываць, не ссунуцца з глузду, не акунуцца ў дэпрэсіўны змрок… Як неабходныя мне і цяпер гэтыя нататкі аб сябры маім, светлай яго памяці.
Тры гады Ігар жыў у аднапакаёвай кватэры ў самым цэнтры горада, кватарантам. Я добра, дэталёва памятаю і стары пяціпавярховы дом, і ціхі, цяністы панадворак, і два акны на другім паверсе, хаця даўно, дужа даўно не наведваюся туды. Захоўваю іх у тым выглядзе, якімі жадаю ўяўляць: у святле і аўры толькі добрага. Яму патрэбны быў і дворык той, і бабулькі на лавачках… Ігар быў мастаком. Не па прафесіі, не рамеснікам, а па стане душы сваёй. І гэта не гучныя словы. Можна не ведаць і не ўмець усяго астатняга, самага простага і звычайнага, але табе даруецца ўсё, калі сядаеш на свайго любімага канька, калі расквечваеш і аздабляеш панылую будзёншчыну… Такі быў Ігар. У яго і адукацыі не было адпаведнай, і настаўніка, і падтрымкі. Мастацкае вучылішча пакінуў, не скончыўшы, або “папрасілі” пакінуць. Чаго дасягнуў — сам, упартай штодзённай працай, адзінотай, адрачэннем або ўхіленнем ад рэальнага свету. Таму і пакінуў дом: маці і цётку, утульнасць трохпакаёўкі, дамашні агмень. Без адукацыі, без заробку сталага і гарантаванага ў той час кожнаму законапаслухмянаму чалавеку зарабляў хлеб, аплачваў жыллё.
Памятаю маленькі пакойчык, дзе ў страшэнным бязладдзі стаялі, ляжалі і віселі мальберт, замалёўкі, планшэты, пэндзлі і фарбы. Ад чаго гэты катушок здаваўся яшчэ меншым. Недапрацаваныя палотны, параскіданыя па ложку фотаздымкі, слайды, неахайная, поўная недакуркаў, попельніца; пустыя бутэлькі з-пад піва і ліманаду… Улетку таполевы пух праз расчыненае насцеж акно ацярушваў начынне і падлогу… Здавалася, усё прасякнута непаўторным духам творчасці, чаканнем нечага новага, народжанага з нябыту.
Як усякі сапраўдны майстра Ігар не выносіў мітусні, працаваў выключна на адзіноце. Я шмат разоў бываў у гэтай кватэры-студыі, але ніколі не даводзілася бачыць самога працэсу стварэння карціны ці хаця б некалькіх мазкоў па палатне. Мабыць, менавіта таму Ігар і пакінуў радню, добраахвотна зняволены ў чатырох сценах, трываў невыгоды і нуду адзіноты. Ён любіў маці, гэта я ведаю дакладна. Любіў не напаказ, а глыбока і шчыра. Абстаноўка іхняе кватэры, рэдкая ў той час электронная апаратура, каштоўныя святочныя падарункі — усё гэта куплялася на грошы, заробленыя пэндзлем і толькі ім. І грошы, паверце, немалыя. Сабе Ігар пакідаў хіба што на пражытак: няхітры харч, папяросы і нячастыя ўцехі.
Паважаю, схіляю галаву перад людзьмі апантанымі, якія вераць у сваю справу, якіх не трэба пастаянна забаўляць, накіроўваць, якім добра з сабой, з любімым заняткам. Гаворка не ідзе аб эгаізме. Не! Але, як здаецца мне (і гэта толькі маё меркаванне), без адзіноты творчасці не было б на Зямлі нічога, ва ўсякім выпадку — нічога неардынарнага. І хай не гавораць пра калектыўную працу, яе бясспрэчныя перавагі-выгоды. Мы гэтага наеліся ўдосталь. Чалавек не пражыве адзін — гэта безумоўна; рэалізоўваецца толькі ў грамадстве — так. Але вынік і пуцявіны — нябачныя, напаўасэнсаваныя сцежкі і пралазы — гэта розныя рэчы. Дайце чалавеку хаця б пару гадзін у дзень пабыць аднаму, канешне, калі ён таго жадае… Ігар знаў за сабой гэтае права. І тады змаўкаў тэлефон, замыкаліся дзверы для любога: маці тое ці блізкі сябар. Падчас, калі шчыраваў над якой-небудзь складанай кампазіцыяй, ён не выходзіў з кватэры ці не цэлы тыдзень, харчаваўся нішчымніцай, а тое і зусім галадаў. У апошнюю зіму быў асабліва раздражнёны, узрушаны, багата працаваў. Быў незадаволены сабой. Перажываў, што прыходзіцца спяшацца, маляваць кепска, псаваць, халтурыць,  абы  толькі хутчэй прадаць пейзажы, вытрымаць канкурэнцыю, якая  была  не   на  жарт. Не  маючы  магчымасці  штодзень таўчыся ў мастацкім радзе, дзе дэманстраваліся і прадаваліся палотны, Ігар збываў іх перакупшчыкам за бесцань. З прычыны нязводнай нервовай напругі былі і зрывы: запоі і іншае. Распавядаю пра гэта толькі дзеля таго, каб не склалася ўражанне аб сябры маім, як аб нейкім ідэальным героі нашага часу. Героі, якога не зразумела грамадства. Па прыродзе рамантык, Ігар быў па волі лёсу куды болей прыземлены і разважлівы, чым многія з нас, яго равеснікаў. Бо рушыў ужо тады па даволі няходжаных пуцявінах.
Але не працай адной жыве чалавек. Добра бавіць час мы ўмелі, і Ігар — не выключэнне. Апошнім часам не было шумлівых застолляў, зухаватасці нястрымнай, калі складаецца ўражанне, што табе падуладна ўсё на свеце. Напіткі выбіраліся больш якасныя, іх колькасць была меншай. Не надаралася палкіх спрэчак, дый тэмы для гутарак выбіраліся збольшага сур’ёзныя. Ігар з задавальненнем запрашаў у наша кола “свежых” людзей, асабліва схільных да творчасці. Калі ўдавалася выгадна прадаць карціну, ён рабіў сапраўднае свята. Зазвычай збіраліся на яго старой кватэры. Гатаваліся разнастайныя стравы з самых адборных і каштоўных прадуктаў, якія толькі можна было знайсці. Іспанскія віны, дасціпныя тосты, размовы да глыбокай ночы, гітара… Штосьці чароўнае было ў гэтых сустрэчах. Можна было гутарыць аб чым пажадаеш: аб зямным ці ўзнёслым — усё прымалася і разумелася… Салодкае пачуццё свабоды — хаця б на вечар, хаця б за сценамі кватэры.
Памятаю Ігара вясёлага і гаманкога, калі ён сыпаў жартамі ў застольным цыгарэтным куродыме, пад чаркай, у разняволеных спрэчках. Часам пытаў сябе: ці той гэта пануры мастак, які з захапленнем, амаль фанатычна гарбее над палатном у самоце і паўзмроку? Адкуль бравада, адкуль знарочысты аптымізм? Але шчыры пагляд, але вокамгненны цень на твары друга нібыта адказвалі: “Гэта не маё, гэта я так… Проста мне зараз хораша і весела”. Так, хораша менавіта зараз, але далёка не заўжды — гэта я ведаў дакладна. Частыя змены настрою, замкнёнасць. Ігар не быў чалавекам адкрытым ва ўсіх адносінах. З узнятымі вачыма і ссунутым дагары забралам ён выходзіў толькі на барацьбу, на выпрабаванні. Ва ўсім астатнім — глухія нетры, таямніца, схаваная за вонкавым спакоем і абачлівасцю: без душэўных распрананняў, нараканняў і тым больш слёз. У гэтым былі і сіла яго, і слабасць.
У большасці з нас паводзіны, настрой, нават вонкавы выгляд залежаць ад душэўнага стану. Напрыклад, не ладзіцца нешта ў каханні — чалавек маркотны, няветлівы, негаваркі — што натуральна. Я неаднойчы прыкмячаў гэта за сабой, дакараў, лаяў сябе, але пераадолець не мог. У Ігара ж прамой сувязі з яго любоўнымі захапленнямі і настроем не было відаць. Валодаў сабой ён выдатна. Хандра і нечаканыя эмацыянальныя ўсплёскі былі, найхутчэй, вынікам глыбокай унутранай работы, заўсёднай творчай засяроджанасці. Хаця адзінота, уласная неўладкаванасць яго прыгняталі. Як і любому нармальнаму чалавеку, Ігару, напэўна, хацелася запасу трываласці, стабільнасці дый проста кахання, да якога цягнемся мы ўсе. Але нешта не атрымлівалася. Было нямала кароткіх раманаў, выпадковых сустрэч, некаторыя жанчыны нават жылі ў кватэры-студыі па некалькі тыдняў… Прычына, канешне, была ў самім Ігары: неўраўнаважанасць, складанасць характару, непадатлівасць; гордасць, калі найменшы замах на свабоду ўспрымаецца вельмі балюча; празмерна вялікія патрабаванні да сябе і акаляючых.
…У марозны, завірушны студзеньскі вечар завітаў да мяне Ігар. З‘явіўся неспадзявана, без папярэдняга званка, нібыта са знадворнай замеці, свежы і радасны. Прыйшоў папросту: без дай прычыны. Прынёс бутэльку армянскага каньяку. Было ўжо даволі позна, але была пятніца — пярэдадне выхадных. Мы доўга сядзелі на кухні — цадзілі з маленькіх кілішкаў духмяны напой, сцішана гутарылі. Жонка і бацькі мае пазасыналі ў суседніх пакоях. Мы прыгадвалі мінулае, крыху марылі, крыху жартавалі. Ігар дзяліўся творчымі планамі, паказваў слайды, прывезеныя знаёмымі турыстамі з Алтайскага краю. Другу хацелася маляваць горы, шкадаваў, што ўвачавідкі не бачыў гэтую прыгажосць. Сумняваўся — ці атрымаецца? Яму лёгка давалася наша, роднае — пейзажы знітаванай з плоццю і крывёй зямлі беларускай. І з натугай, нервова — тое, што не бачыла вока. Ігар сам гэта прызнаваў. Але рынак, рынак карцін  патрабаваў разнастайнасці. Тут ужо даводзілася націскаць на горла ўласнай песні, маляваць амаль усляпую, угадваць і аб‘ём і форму. За размовай Ігар знячэўку адкрыўся: сказаў, што працуе нарэшце для сябе, над сапраўдным палатном, што абрыдла гэтая мазня нахапкам, пагоня за грашыма. Адчувалася: ён рады, што намацаў вартае, адшукаў ці пераадолеў нешта. На мае пытанні наконт палатна сумеўся і хітравата адказаў, што пакажа яго толькі пасля канчатковай  даводкі, што праца зацягнулася, што вынік мае вялікае для яго значэнне… Ігар пайшоў толькі на досвітку, пакінуўшы ўтульнасць нашага жытла: нягеглы, скурчаны ад ветру чалавек сярод гмахаў мікрараёна. Я цікаваў за ім да аўтобуснага прыпынку і думаў, што наўрад ці жадаў бы памяняцца з ім месцамі. Ці вартыя ўсе самотныя пакуты творчасці цяпла хатняга ачага, сямейнай утульнасці ціхага, размеранага існавання? Куды ён шыбуе — да сырасці палотнаў, да нездаровага паху фарбаў, да замкнёнага чатырма сценамі бязгучнага і цямравага памяшкання? Цяпер разумею, што кожны жыве ў сваім вузкім свеце, бачыць толькі тое, што жадае ўбачыць, і не мае магчымасці ацэньваць чужое светаўспрыманне. Ігар тады быў шчаслівы па-свойму, па-свойму шчаслівы быў і я.
…Канец сакавіка. Вечар. Зацяжная вясна. Слота. Мы стаім ля аўтобуснага прыпынку, пацепваемся ад золкасці. Унізе нясе сваю нежывую, нібыта чыгунную ваду рака, закутая ў бетон. Горад люструецца ў ёй сваімі мігатлівымі агеньчыкамі. Накрапвае дожджык — яшчэ не веснавы, але цеплаваты, лагодны... Ён нясе адметны пах будучыні, агаляе, размякчае дол. Мелкія ніткі раўчукоў цягнуцца да ракі з адхону. “Як я чакаю лета!..” — сказаў тады Ігар. Так, мы чакалі яго: прамоклыя пасажыры, змучаныя надворнымі калатнечамі зямля, трава, рака, хмызы і дрэвы; самотныя кіёскі і ліхтары. Чакалі цяпла і сонца, чакалі любові…

* * *

Я пабачыў карціну, над якой доўга і ўпарта працаваў Ігар, працаваў самазабыўна, шмат месяцаў, раўніва ахоўваючы яе ад старонняга вока. Убачыў ужо пасля ягонай смерці, калі дапамагаў перавозіць рэчы на старую кватэру. Адшмаргнуў фіранку, што хавала выяву, агаліў, нібы чужую душу, і скалануўся: асенні краявід — пагоркі, пералессі, ужо кранутыя прымаразкамі; імглістая раніца; а наперадзе — дрэва, забітае перуном… Стары апалены дуб тужліва хіліўся ў цемрадзь яра.

1999 г.


Рецензии