Родныя плыни
(скарбонка згадак)
Усё перажытае мной жыццё як бы прыпынілася і,
развітваючыся, глядзіць мне ўслед…
Так летнім надвячоркам адыходзіць ад чалавека яго цень.
(Л.Галубовіч)
1. Рыжы плёс
Ёсць мясціны мае найдаражэйшыя, блізкія сэрцу мясціны. Жывуць яны паасобку, недзе ў патаемных глыбінях свядомасці. Цнатлівыя, бо пабачаны былі чыстым дзіцячым паглядам. Занатаваны шчыра і маляўніча, занатаваны назаўжды.
І даўно я ўжо не даверлівы хлапчук, а чалавек паважны і, бадай, абачлівы. І не па сцяжынках здзірванелых ужо шыбую, а чыкільгаю, баязліва аглядваючыся, па няўмольных пуцявінах жыцця. Але сэрцам там — сярод гайкоў маіх ненаглядных, светлых журлівых дуброў над Свіслаччу.
Там, на сутоцы Свіслачы і Сінькі, ціхмянай лугавой рачулкі, знаю, упершыню сузіраў я сапраўдны, непадроблены бок жыцця. Піў з крыніцы Паэзіі. Бо дзень у маленстве — не дзень, а неймаверная гульба святла і ценяў. Фарбы заўсёды падаюцца мігатлівымі і няпэўнымі, але яскравымі і, ужо дакладна, непаўторнымі.
Свіслач пасля Асіповіцкага вадасховішча цячэ ўпэўнена і нетаропка. Яна сцішаная, шырокая, але глыбокая не дужа. Цячэ сярод гушчароў, яловых бураломаў, думае важкую і цёмную, як свае воды, думу. Чуеш мяне, рака? Я ж твой, я адтуль — ад дзён у аблоках і пералессях, у жыце і верасе. Я дыбаю тут, поруч, і ніколі табе не здраджваў. Бо сумленне і зараз мусіць жывіцца ў засені вербаў ніцых, што сумуюць наўсцяж старога твайго рэчышча. У водах цьмяных, між таплякоў і водарасцяў. Там самая буйная, не злоўленая мной рыба. І добра, што не злоўленая…
А колькі акунькоў, яршоў, плотак і карасікаў было марна пазбаўлена жыцця маім хлапчуковым азартам! Але менавіта праз рыбалку, праз гэты паляўнічы і, мабыць, не надта высакародны занятак, уведваў я пакрысе навакольную прыгажосць. Не свядома, не аналізуючы і крэмзаючы на паперы, а натуральна і грунтоўна — крок у крок. І хадой, і дыханнем, і зрокам…
Да драбніц памятаю: ракоча і пыхкае “Верхавіна”, і нясёмся мы на ёй з бацькам над стромкім берагам; хвошчуць па плячах яліны і алешыны; сцежка змяіцца, і, здаецца, карціць ёй саскочыць у старык, у вусцішную яго зеўру; а бацька не збаўляе хуткасці, і застаецца толькі туліцца да яго спіны і жмурыць вочы… На шляху да сутокі сцяжынка некалькі разоў аддаляецца і набліжаецца зноў да жахлівага, у лілеях і гарлачыках, старога ручва. І сэрца тахкае, і сцінаецца маленькая істота…
Плёс на зліцці Сінькі і Свіслачы — напраўду адмысловае месца. Тут дужая рака колісь збочвала ў гушчар, рабіла неверагодную, даўжынёй у пару кіламетраў, дугу і вярталася амаль у тую ж кропку. Цераз некалькі метраў прымала Сіньку. Але тое памятае даўніна. Цяпер Свіслач прабіла нетрывалы перашыек і цячэ наўпрост: ціхая, глыбокая, мэтанакіраваная. Утварыўся шырокі, з рыжаватымі пясчанымі берагамі, плёс.
…Сыпле сонца на пясок свае бліскаўкі, коцяцца яны ў рудую, настояную ў гліністых берагах ваду. Гайдае ветрык галлё пахілых ракіт, шушукаюцца чараты ў затоцы. Тут лес саступіў паплаўцам і ўзгорыстым палянкам. Але затаіўся паблізу. Вартавымі стаяць наперадзе асобныя дубы, за імі — цямравае царства ельніку.
А маленства маё бавіцца тут. І слухае, і цікуе. “Тут-тук-тук”, — імпэтны пошчак-розгалас. “Дзяцел”, — кажа бацька. А вось плюхнула штосьці знянацку аб ваду ля процілеглага берага. “То — шчупак, драпежная рыбіна…” І шугае ўжо мой позірк цераз раку ў раскошную вячыстую дуброву. Якая прастора між камлямі — хоць у футбол гуляй. Хочацца, ах, як хочацца туды! Бо бераг супрацьлеглы заўжды здаецца больш уловістым, палянкі — лагаднейшымі, дубы — больш магутнымі і разложыстымі. А мо так і насамрэч? Таму што рэдка, вельмі рэдка там пабачыш чалавека — пастуха або рыбака-вяскоўца.
Зрэшты, рыбалка неблагая і тут, пад ракітамі: толькі б крыху ўмення.
Мы трапілі сюды ўпершыню неяк а дванаццатай гадзіне, улетку. Раса ўжо высахла. Крамяны дзень набіраў сваю моц. На беразе плёса сядзеў адзінокі стары рыбак. Мы падышлі прывітацца. Бацька разгаварыўся з ім. Гаворкі перадаць не змагу, але тое, што ўбачыў пасля, стаіць перад вачыма і па сённяшні дзень. Рыбак якраз засек і выцягнуў плотку — на мой тадышні погляд, зусім не малую рыбку. Затым, не паднімаючыся з металічнага рыбніка, які служыў заадно і сядзеннем, стары палез у кішэню і выцягнуў, здаецца, звычайную драўляную школьную лінейку. Прыклаў рыбку да яе, паблажліва пахітаў галавой і, нешта буркнуўшы, кінуў небараку ў ваду. Рыба здалася яму надта дробнай. Досыць уражаныя гэтым дзеяннем, мы праявілі законную цікаўнасць да змесціва дзедавага рыбніка: ёмішча, памерам з сямілітровае вядро, было запоўнена буйнымі плоткамі і падлешчыкамі на дзве трэці. Гэта было тое, што бывалыя рыбаловы называюць “белай” рыбай. У такое паняцце не ўваходзіць, дарэчы, нават карась.
Стары здзейсніў яшчэ пару падобных вымярэнняў, упэўніўся, што пайшла “малеча саплівая”, хутка сабраў свае няхітрыя прычындалы і развітаўся. Веласіпед, злёгку шорхаючы па мурагу, скрыўся ў ельніку — як і не было. Ціша. Стары вясковец не парушыў яе. Мусіць, таму і павёз з сабой багаты ўлоў. Мабыць, таму мы з бацькам, што прымчаліся сюды на прарэзлівай “Верхавіне”, колькі ні закідвалі потым свае вуды на плёсе, акрамя зачэпаў і блытаніны лёсак, нічога ад ракі не займелі.
Праз некалькі дзён прыбылі сюды зранку, мяркуючы, што ранейшы наш няпоспех вызначаны адно познім часам… Вынік быў не лепшы. Рыба торкала, але нейк зманліва і жартаўліва-асцярожна. Падсекчы яе не ўдавалася. Часцяком паплавок тапілі на плыні донныя водарасці. Памятаю, мяне апанаваў тады адчайны капрызны імпэт. Бацька ледзьве паспяваў разблытваць лёску і перавязваць адарваныя кручкі…
Неспадзявана нам дапамог рыбак, мясцовы жыхар, які завітаў сюды, паводле ягоных слоў, “падурэць з вудамі”. Вудзільны ў яго былі нязвыкла кароткія, пафарбаваныя чамусьці ў сіні колер. Іх дзядзька паўтыркаў завостранымі канцамі ў прыбярэжную гліну. Штук пяць-шэсць. Як высветлілася пазней, ён ішоў “на шчупака”, таму і прыладзіўся адразу ж лавіць жыўцоў пад ракітнікам. Паклікаў туды і нас.
Прылегшы на дзірван паплаўца, мы назіралі ў чыстай і празрыстай (тады яшчэ так) вадзе, як на пясчанай мелізне пасвіцца статак увішных рыбак з паласатымі спінкамі. Гэта былі акунькі. Яны зацята атакавалі дзядзькаву прынаду — вяртлявых чырвоных чарвякоў. Тут можна было не сачыць за паплаўком, а глядзець проста ў ваду, што хораша прасвечвалася ўжо даволі высокім сонейкам. Рыбак нацягаў з дзесятак акунькоў за якіх пятнаццаць хвілін і паклыпаў зараджаць свае снасці, пакінуўшы няўклюдных рыбаловаў на верным і ўдачлівым месцы…
Акурат з таго часу і доўжацца мае сапраўдныя рыбацкія вандроўкі па Свіслачы. Цяпер усё часцей і часцей думаю, што ўсе мае рыбалоўныя дзеянні былі проста патугамі дасягнуць той дасканаласці, грунтоўнага майстэрства, якімі ўразілі мяне ўпершыню сустрэтыя мясцовыя рыбакі — шчодрай і назіральнай душы людзі.
А рыбачыў я шмат: за чвэрць веку ад сутокі Свіслачы і Сінькі, вышэй па рацэ, аж да Асіповіцкага вадасховішча я даследаваў літаральна кожны метр берага. Лавіў у травеньскую паводку па вялікай вадзе, калі маленькая рака, Свіслач і старое яе ручво зліваюцца ў адно шырачэзнае люстра, а незатопленыя яшчэ паплавы жаўцеюць дзьмухаўцамі. Рыбачыў у ліпеньскую сухмень, калі ў які год рака ператвараецца ў рачулку, а стромкія берагі выскаляюцца аголеным карэннем прыбярэжных вярбін, калі рыба туляецца недзе па цэнтры рэчышча, а багавінне кісне пад неміласэрнымі промнямі. Таіўся з вудамі на старыку, пільнуючы тлустых заспаных карасёў у акенцах між лілей і гарлачыкаў. Сядзеў у надзіманай лодцы на якары ў світальным тумане, закінуўшы ў шпаркія воды зімовую вуду, чмыхаў і калаціўся ад пранізлівай золі. Лавіў важкіх гарбатых акунёў донкамі на тым жа плёсе… Я хадзіў на досвітку і адвячоркам, заставаўся на начлег ля зыркага вогнішча, адзін і з гурмой хлапчукоў, такіх жа апантаных гэтым заняткам. Хадзіў пехатой, ездзіў на машынах і веласіпедах. Падлеткам асядлаў і прыстасаваў да гэтай мэты ўсё тую ж старую “Верхавіну”, прадзіраўся з ёю праз гушчары і папараць, груз у дрыгве і гразі. Мапед глух і разладжваўся звычайна на рацэ. Я цягнуў гэткую бандуру на пясчаныя пагоркі, па разбітых каляінах і лужынах, якія пад лапамі змрочнага ельніку ніколі не высыхалі. Выкараскваўся з гразкай куламесы пад ліўнем і грымотамі. Дашчэнту прамоклы, без рыбы, злосны, праклінаў непагадзь і заракаўся не совацца туды ніколі…
Марна! Не далей як увечары, абсохнуўшы ў напаленай хаце, я ўжо ўслухоўваўся ў дробат дажджу па шыферным даху з надзеяй — ці хутка скончыцца? Не чыталася, не размаўлялася ні з кім, а толькі працінаў душу покліч далёкага лесу. Варыў прынаду, пры гэтым мудраваў кожны раз, спрабаваў вынайсці нешта непаўторнае і дзейснае. Пасля неспакойнага і перарывістага сну, з цягам якога чырвонае пяро паплаўка завабліва мігціць перад вачыма, калі раз-пораз выбягаеш на ганак, высоўваеш далоні ў паветра і ўглядаешся ў нябеснае прадонне, штодзень падскакваў я з гасціннага ложка і ў паўзмроку імчаўся туды, дзе нічога няма, акрамя волкай непагадзі, гразкіх сцяжын і ракі ў імжыстым покрыве.
Але акурат пасля такіх надворных калатнеч, калі па небасхіле адбягаюць на ўсход абрыўкі нізкіх няветлівых хмар, часцяком і надараецца на Свіслачы жор рыбы. Тады па ўскаламучанай хвалістай вадзе, калі з-за рабізны і пасрыванага ветрам лісця паплавок ледзьве распазнаеш, узнагароджваюцца асобныя рыбакі за сваю ўпартасць багатым уловам.
Вада ў Свіслачы разнастайная сваімі адценнямі, яна здольная выказваць імі ўсе пачуцці свае — ад поўнага спакою да буйнай радасці, ад гневу да абыякавасці. Мне трошкі знаёмая гэтая мова. Вось, напрыклад: ясны дзень, вада цячэ паважна і ўпэўнена; яна аднолькава блакітна-шэрая па ўсім рэчышчы, пухнатыя аблачынкі адлюстроўваюцца ў ёй паразмыванымі краямі, нібыта сонныя. Час ад часу дасягае слыху пляск рыбін. Наўкол адчуваецца гэткая ўсеагульная згода. Значыць, рака жыве. Не бурна, не вірліва — але нечым можа цябе сягоння парадаваць… Альбо яшчэ: такі ж сонечны дзень, але вада дзіўна блішчыць і вясёлкава пераліваецца на сонцы; выразна вылучаюцца абрысы ямаў і водмеляў, а таксама вуглаватых бела-ружовых аблокаў, што часта напаўзаюць на сонца. Наваколле так і пярэсціць, а ў нябачным нам свеце, пэўна, адбываецца нешта трывожнае. Ад таго і рыба не бярэцца, і на душы робіцца нейк нелагодна.
А бывае: навісне нерушна шэрае неба. Ані руху ў паветры, ані гуку ў травах і на свінцовай роўнядзі. Рака як бы здранцвела, хаця і цячэ і, мусіць, жыве ў сваіх нетрах. Не шорхае чарот у затоках, не шапочуць і нават не плачуць ніцыя вербы.
Позняй вясной, у адзін з такіх дзён, лавілі мы на старыку ў даволі вялікай і, трэба зазначыць, спрактыкаванай кампаніі. Рыба зусім не бралася. Хаця адзін дзядзька, мой далёкі сваяк, змог бы налавіць, здавалася, і ў лужыне. Упустую праваждаўшыся да адзінаццаці гадзін раніцы, я, каб разагнаць маркоту, пашыбаваў пералессем да Свіслачы — калі і не па рыбу, то хоць паглядзець на жывую ваду, размяцца з вудай на цячэнні. Пасля некалькіх закідаў са стромкага берага паплавок павольна, як бывае пры донных зачэпах, пачаў тануць. Я млява пацягнуў вудзільна. Яно выгнулася, але нешта важкае на тым канцы лёскі не паддавалася ні на пядзю. Пэўна, корч. Я роспачна стаў торгаць снасць, унутрана згаджаючыся адарваць кручок, бо сердаваў і, шчыра кажучы, шукаў нагоды выправіцца дадому. Корч, аднак, зрушыўся і, відаць, марудна поўз на лёсцы да берага. Але раптам рука адчула не трапятанне, а акурат важкія штуршкі нейкай магутнай істоты. Затым лёска пачала разразаць ваду супраць цячэння, і ў цьмяным рачным люстры паказаўся вялізны медны шар. Я знерухомеў ад нечаканасці, а ў руках і нагах паявілася прыкрая кволасць… Потым цягнуў здабычу тупа і няўмела. Кароткай, амаль дзіцячай вудай. Практычна без апоры нагам змагаўся з дужай рыбінай. Паблізу не было каго аклікнуць і папрасіць падбегчы з падхватнікам. Адно на процілеглым беразе два дзядзькі, мусіць, пацвельвалі з мяне. Ім, пэўна, здалося, што бедачына зачапіўся і проста злуецца… Барацьба доўжылася мо хвілін дзесяць. Я ўсё ж злаўчыўся і выцягнуў здабычу на вузкую палоску гліны, пад кручу, з якой мне собіла прыладзіцца рыбачыць. То быў лешч. Сапраўдны рачны волат кілаграмы на два. Ён выгнуўся дугой і “стаяў” на жываце, напалову ў вадзе, нерухомы. Баючыся дыхнуць, я ліхаманкава спускаўся па зыбкім пяску. Аступіўся, для раўнавагі ўзмахнуў рукамі. У адной была вуда… Ад гэтага недарэчнага штуршка кручок куляй вылецеў з рыбінага рота. Я нейк дэпрэсіўна ўтаропіўся на ляшча, які яшчэ колькі секунд, не расшалопаўшы пра сваю свабоду, варушачы шчэлепамі, ляжаў на грунце. Затым гэты прыгажун шабулдыхнуў шэрачэзным хвастом і марудна споўз у цёмную, таямнічую свіслацкую ваду…
Мне потым ніхто не паверыў. І гэта самае крыўднае. Прынамсі, таварышы, убачыўшы маю адчайную разгубленасць, пасмейваліся даволі з’едліва. Аднак пасля доўга і безвынікова кідалі свае вуды на месцы маёй рыбалоўнай паразы.
Той лешч сышоў у ваду… Як і шмат чаго туды пазбягала. Я і сам падчас думаю — а ці быў ён? А раптам усё — сон, няспраўджаная мая мара: дзяўчына ў блакітным вэлюме пад ліпеньскім сонцам, што дыбае між вёсак счарнелых у водарах лугавін, дзе лунаюць матылі і размаітыя птушыныя спевы, паўз зацень дубоў і таполяў… Недасяжная, неверагодная, любая… Мо там яна, за рачной лукавінай, за разбураным мостам цераз Сіньку, паўстане калісь пад заранічкай над світальнымі росамі?..
2. За разбураным мостам
На сутоцы Свіслачы і Сінькі, што зліваюцца непадалёк ад Асіповічаў, ёсць стары мост. І не мост ён ужо даўно, а адны разваліны: счарнелыя дубовыя палі, на якіх яшчэ трымаюцца асобныя збуцвелыя дошкі насцілу. Хісткае біла захавалася толькі з аднаго боку. Хапаючыся за яго, які рызыкант па слізкіх жэрдках усё ж можа пераправіцца з берага на бераг вузенькай рачулкі. Але на тое адважваюцца хіба што турысты. Месцічы абачліва абыходзяць гэтае, калісьці такое бойкае, месца. Аб тым сведчаць здзірванелыя каляіны лясной дарогі, якая праз мост здаўна злучала вёску Малая Гарожа з навакольным светам.
Прымаючы Сіньку, Свіслач робіць лукавіну і назаўжды, да самай Бярэзіны, сыходзіць у лясы. За магутным сасновым борам, што высіцца на стромкім правым беразе паўнаводнай ракі, туліцца вёска Малая Гарожа — зусім не малое сяло. Там мае карані па прадзеду. Моцныя, трывалыя, непарыўныя. Як у старых дубоў.
У малой лугавой рачулкі вельмі нізкія берагі, абалона надзвычай шырокая і багністая. Таму ад Гарожы да Асіповічаў і бліжэйшых вёсак дабірацца карацей і лацвей за ўсё было менавіта праз хваёвы бор, мост цераз Сіньку. Абгінаючы затым Свіслацкі старык, які тоіцца ў змрочных яловых бураломах. Так і рабілі мае продкі, так рабіў прадзед, калі, назаўжды асеўшы ў Асіповічах, наведваўся на радзіму.
Мост збудавалі самі вяскоўцы. Даўно, мажліва, у мінулым стагоддзі. Драўляны, вузкі, ён добра вытрымліваў калёсы, гружаныя збожжам і гароднінай, быў рады і паважнай хадзе мясцовых рыбаловаў, грыбнікоў, паляўнічых.
У Вялікую Айчынную мост быў зруйнаваны: ці то партызанамі, што непадзельна гаспадарылі ў лясах, ці то нямецкімі бомбамі. Пазней яго аднавілі зноў жа сяляне, саматугам, для паездак на прырэчныя палеткі, рынак, чыгунку.
Карысталіся мостам пасля вайны вяскоўцы яшчэ каля трыццаці гадоў, пакуль не старасць, не бомбы — цывілізацыя разваліла яго канчаткова. Непрыстасаваным аказалася гэтае збудаванне для магутных цягачоў, што з дазволу калгаснага лясніцтва жвава ўзяліся вывозіць спляжаныя дрэвы бору. Непрыдатны быў мост і для порсткіх легкавушак і матацыклаў, на якіх асіповіцкія рыбаловы-заўзятары не надта ашчадна асвойвалі свіслацкае прыбярэжжа…
Разваліўшы мост, гараджане нашкодзілі самі сабе, а жыхары Малой Гарожы атрымалі неспадзяваную палёгку. Вялікая лапіна сапраўднай беларускай прыроды адразу ж выбавілася з-пад улады агрэсіўна, паляўніча настроеных людзей, першабытныя жадункі якіх навукова-тэхнічны прагрэс распаліў неймаверна. Дабірацца туды цяперака стала дужа цяжка: праз гасцінец, шлях, цераз усю доўгую Малую Гарожу, зноў жвірысты шлях, потым — бор, яго пакручастыя шматкіламетровыя сцяжыны. Шараговы рыбак не адважыцца. Таму і ловіць звычайна на ўчастку ад Асіповіцкага вадасховішча да Сінькі — да разбуранага моста. Ловіць цяпер ужо драбязу, дый то — радзей і радзей
...Далёкай, таямнічай кінастужкай пракручваецца ўспамін аб адзіным пераадоленні мной гэтай славутай перашкоды... Бацька доўга вагаўся, затым высадзіў усіх з нашага новага “жыгулёнка” і па рыпучым, дзіравым насціле пераехаў на процілеглы бераг Сінькі. За ім пехатой рушылі астатнія. Мне было тады каля дзесяці гадоў… Мост выглядаў яшчэ даволі трывалым, хаця і перажываў, як аказалася, свае апошнія дзянькі…
Потым мы ехалі па светлым, ветлівым лесе. Потым сонца шчыравала ў прыроднай купальні, завіснуўшы над выносістымі хвоямі. Абрысы іхніх крон на сіняй тканіне летняга небасхілу згадваюцца цяпер чамусьці з “Цямнее край зубчаты бору…” вялікага паэта… Я глядзеў на пазалочаныя сонцам вершаліны дубоў і клёнаў і дыбаў па пакатым пясчаным дне наперад. А Свіслач вабіла мяне, неназойліва лашчыла і падштурхоўвала шпаркай плынню далей і далей па мелізне… На сярэдзіне ракі дно нечакана абарвалася, і я адной нагой нібы завіс над безданню. А рака зацягвае, усмоктвае ў сябе… І людзі далёка, і ад жаху нічога не магу выгукнуць… Я падскакваю, раблю некалькі панічных рухаў усімі членамі і, дзякаваць Богу, станаўлюся абедзвюма нагамі на грунт…
Тое, бадай, адзіная дзіцячая згадка пра цяжкадаступныя цяпер Свіслацкія берагі. Неўзабаве мост разваліўся. Я пазней часта натрапляў на ягоны касцяк, калі рыбачыў на сутоцы, абыходзіў старое рэчышча з вудамі. Доўгія гады супрацьлеглы бераг Сінькі быў для мяне нечым недасяжным, таямнічым, запаветным. Вёска Малая Гарожа ўяўлялася ледзьве не выраем, калыскай хлапечай душы, вытокам і вартавым маіх тадышніх памкненняў.
Зрэдчас з-за руінаў моста даходзілі звесткі: то прыцягнецца стары ў бахілах з таптухай і поўным шчупакоў мехам; то прыплыве з-за лукавіны на гумавай лодцы бывалы дзядзька і, прычаліўшы, вываліць на траву тлустых блішчастых краснапёрак; то які басаногі хлапчук распавядзе байку пра свой паход з вудай па заваблівых, уловістых берагах…
Толькі пасля службы ў войску, летуючы ў Асіповічах, я, амаль выпадкова, усё ж трапіў туды. Адрамантаваўшы старую бацькаву “Верхавіну”, я рыбачыў у той год пераважна на вадасховішчы. Аднойчы да мяне завітаў сусед-аднагодак з прапановай з’ездзіць палавіць на адно “талковае”, нядаўна ўведанае ім месца. Як высветлілася, гэта было акурат на Свіслачы за Малой Гарожай. Праўда, дабіраліся мы туды не праз стары мост, а па Бабруйскай шашы на мапедах. Затым збочылі да вёскі, доўга вязлі ў сухіх пясках, выкараскаліся на гравійку, заехалі ў бор і, разам са сцяжынай пакружляўшы па ім, нарэшце дасягнулі жаданай мэты.
Сцяжынка нырнула пад пахілую бярозу, раптоўна расступіўся гушчар, і я, што газаваў першы, ледзьве не ўляцеў з крутога берага ў Свіслач, якая ціхутка паўзла пад намі. Здавалася, з глыбіні, з-пад сваёй цёмна-люстраной паверхні ўзіралася рака ў неспадзяваных наведвальнікаў: недаверліва і загадкава. Стоеную векавечную жальбу адчуў я тады ў бурых водах Свіслачы. Па гэтых берагах, пэўна ж, хадзілі колісь і мае продкі. Не дзеля забавак і гвалту над навакольным хараством. Хадзілі па справах — сцішана і ашчадна. Магчыма, іх празрыстыя душы і тады луналі між намі, зычылі любасці і дабра…
Мы з прыяцелем упадабалі гэтае месца і пасля ці не праз дзень наведваліся туды. Рыбачылі паспяхова. Ды не гэта галоўнае. Больш значным здавалася спатканне з той бязважкай адвечнай лагодай, якую дарыла нам рака, чым быў спрэс насычаны навіслы над ёй лес, чым дыхала кожная цявінка і ягадка. У каронах дубоў на процілеглым беразе шасталі павевы, гулялі святлацені на прыбярэжных паплавах. Клёны над намі, пераплятаючыся разложыстым голлем, стваралі прыродныя альтанкі, адорвалі прахалодай у спёку. Паплаўкі вудаў час ад часу занырвалі ў цемру ямы, каб адразу ж вярнуцца з упэўнена падсечанай буйной плоткай ці гусцёркай.
Натаміўшыся ад нерухомага сядзення з вудамі, прыемна размораныя гарачынёй валавокага ліпеня, мы выбіраліся на лясныя палянкі. Там мільгалі суніцы. Іх дурманлівым водарам, змяшаным з п’янлівымі пахамі разнатраўя, патыхала гарачае паветра баравіны. Няўзнак распазнаваліся ў ім і чабор, і горыч яловай кары ці жывіцы. А больш хацелася спаць, дакладней — драмаць лежма пад цурчанне бойкай крынічкі, задумлівы шэпт асін. Пад воблачнай ватай…
Потым лавілі зноў, да глыбокіх прыцемкаў адцягвалі вяртанне дадому. Бывала, за цэлы дзень на рацэ так і не пабачыш, і не пачуеш чалавека. Занураныя ў ваду, мы амаль не размаўлялі паміж сабой і, дзіўна, нават не адчувалі ў гэтым патрэбы… Што наша бедная, змушаная гаворка ў параўнанні з мовай птушак і конікаў, ледзь чутным шорганнем ляснога звярка ці настойлівым дробатам дзятла? А як красамоўна выказваецца імпэт ветру ў чаратах, ці акунь, што ганяе драбязу на водмелі… Там жабкі, захапіўшыся, зазвычай ствараюць сырымі вечарамі гуллівую какафонію.
Людзі… людзі маёй радзімы — сапраўдныя, непадробныя, шчырыя… Мы зрэдку сустракалі іх там. Яны праходзілі паўз нас: маўклівыя рыбакі і палясоўшчыкі, грыбнікі і паляўнічыя. Шныпарылі вясковыя белабрысыя хлапчукі з нератамі і таптухамі. Усе яны былі вельмі дарэчнымі там — як страказа, як бацян ці таполя. Значна натуральней за нас, значна бліжэй да прыроды… Я дужа люблю іх: гаваркіх за чаркай ля вогнішча і маўкліва-засяроджаных за вудамі. Люблю іх рыбацкія расповеды-небыліцы. Хаця… надта ўжо часта было тым байкам і бясспрэчнае пацвярджэнне. Напрыклад: шыбуе рухавы дзядок з “павуком” уздоўж берага, запыніцца каля цябе, крыху пажаліцца на вялікую ваду, на карчы, што рвуць сетку, а тады скажа:
— Вунь у той затоцы судака падняў, халера яму!
— Як там? — здзіўляюся. — Ды ці ёсць судакі на Свіслачы?
І сапраўды, пра судакоў там чую ўпершыню.
— Эх, братка… — са шкадаваннем глядзіць на мяне стары, лезе ў зашмальцаваную торбу і высоўвае адтуль вялізную драпежную галаву рыбіны. Праз якую секунду ўжо пхне судака назад, узнімае шост “павука” на плячо і рушыць праз асаку на новае месца.
А неяк хаваўся ад дажджу ў нашым будане спіты дзядзька. Увесь час сіпеў, кашляў і забаўляў нас рыбалоўнымі показкамі. У гуморы прыгадаў, як некалі юнаком сядзеў рыхтык тут з вудай — на паваленым дрэве. Было горача. Ён акунуў тады ногі ў ваду і боўтаў імі. Раптам вада растулілася, і страшэнная разяўленая пашча рыбіны цапнула гора-рыбака за голую нагу. То быў агромністы сом. Паводле дзядзькавага расповеду, ён ухапіўся за сук і толькі таму не быў вокамгненна зацягнуты ў яміну. Але сом не расшчэпліваў сківіцы. Тады хлопец выхапіў з-за дзягі паляўнічы нож і паласнуў па вачах гэтаму рачному страхоццю. Рыбіна асела ў ваду, здзіраючы са шчыкалкі мяса…
Гэтаму можна было не верыць, можна было пераміргвацца ці пацвельвацца з гора-рыбака, каб той адразу ж не прадэманстраваў, закасаўшы калашыну, жахлівыя застарэлыя шрамы. З такой прычыны я затым досыць уважліва ўслухоўваўся ў расказы дзівака пра ляшчоў, якіх ён ловіць тут выключна на п’явак, пра тое, што дождж хутка скончыцца і распачнецца жор рыбы…
Развітваючыся з намі перад змярканнем, дзядзька казаў:
— Пайду за старык. Калі не сягоння, то заўтра на досвітку туды ляшчы падыдуць. Буду сцерагчы.
— Дык імжыць жа яшчэ. Счакаў бы…
— А што мне дождж! Завалюся пад яліну, ватоўкай накрыюся — і бывай здаровы.
Памаўчаўшы, дадаў сур’ёзна:
— Заўтра рыба будзе, хлопцы. Пагода — любата. Адно жонку не папярэдзіў, што застаюся. Праўда, звыклася яна — у мяне тутака справункаў процьма.
— А ты хто?
— Палясоўшчык…
Ён растаў у вечаровым марыве, а я пасля доўга ўзіраўся ў шэрае несімпатычнае неба. Аніводнай прагаліны! Нудота... Пацепваючыся ад золкасці, палез у будан, дзе ўжо хроп мой прыяцель.
Зранку было — ні воблачка…
С кожнай такой сустрэчы можна пісаць аповед. Дый не толькі з людзей, загартаваных жыццём пад адкрытым небам. Жыхары ракі і лесу ды так званая “нежывая прырода” раскажуць не менш.
Аднойчы ўвосень, прадзіраючыся скрозь падлесак з мапедам у руках і рукзаком за плячыма да адной затокі, я натрапіў на вялізны спрахлы пень. Па плошчы ён быў, як ложак. Магутны дуб, відаць, спілавалі даўно, калі месца хмызоў і маладога бярэзніку займала лугавіна. З яе гэты волат дзесяцігоддзямі задуменна ўзіраўся ў люстра ракі. Мінаючы пень, я заўважыў на ягонай замшэлай паверхні варушэнне. Прыгледзеўся і сцепануўся ад нечаканасці: мноства вужак, перавіўшыся паміж сабой у купку, бестурботна грэлася на скупым восеньскім сонцы. Мне зрабілася ніякавата, хаця тое былі, здаецца, бяскрыўдныя вужы. Лусканая скура іх вясёлкава пералівалася, і мне ўспомнілася зноў жа Багдановічава — пра Змяінага цара:
Зіхацяць маёй кароны
Залатыя рожкі,
Цёмным бляскам адлівае
Ўся луска мая.
Непадалёку ад сатлелага пня, па ўзбалотку, расце чарамша — вельмі каштоўная і смачная расліна. Яна любіць змрок і сырасць — нібыта хаваецца ад людзей, якія яе ўсё адно амаль вынішчылі. Прынамсі, у Беларусі прыродныя чарамшыныя дзялянкі можна ўжо пералічваць па пальцах рук.
У зімовыя завірушныя вечары часта прыгадваецца мне леснічоўка на водшыбе Малой Гарожы, рыпучая студня каля яе і адзінокая крывая сасна, занесеная некалі ветрам з блізкага лесу. Там рубяць на заказ хаты. Іх вянкі рознай вышыні шашкамі расстаўлены на ўзлеску… Успамінаецца прамы гравійны шлях цераз пушчу. Калі ясным летнім вечарам вяртаешся па ім са Свіслачы, сонца скатваецца па небе акурат на канцы гэтага прасёлка. Косыя барвовыя прамяні запаляюць тады ствалы гонкіх хвояў. Бурштынавым полымем гараць яны наўсцяж шматкіламетровай дарогі. І здаецца, што на ўсім свеце толькі і ёсць, што гэты агністы сасновы частакол. А ў прамежках ствалоў — непрагляднае цемрыва гушчы…
Змяркаецца, вычварныя цені лесу паўзуць на дахі Малой Гарожы. Цямнеюць сады, там-сям у акенцах успыхвае святло лямпачак. На вуліцы гаспадарыць цёплы пах толькі што прагнанай чарады. Нягеглыя хацінкі вабяць сваёй утульнасцю. Але мы прамінаем соннае сяло, уключаем ліхтары мапедаў і таропка кіруем далей — у бок шашы, да Асіповічаў…
3. Домік рыбака
Мы зранку глядзімся ў люстэрка, каб надаць сабе належны вонкавы выгляд, каб узняць уласны настрой. Яны розныя бываюць, гэтыя люстры… На зары жыцця мне давялося глядзецца ў паверхню Асіповіцкага вадасховішча. Не сябе бачыць у ім, а адбіткі бухматых хмарак і мігатлівых зарніц, водарасці і гульню сонечных плямаў. Я гляджуся туды і цяпер, бывае, і не пакідаючы бетоннай кватэры-схованкі, калі знадворку — маразы ці проста панылая непагадзь.
У люстэрку маім — не толькі абрысы ды ўяўныя вобразы. Там пах чабору і медуніцы, неўтаймоўныя летнія вятры, што ляцяць з воднага абшару. Там пранізлівы драч аклікае маё маленства, а бор шапоча і закалыхвае…
За сялом Вяззе, за вясковымі могілкамі, за невялікай сенажаццю пачынаюцца густыя нізкія лясы. Кажуць, чаргуючыся з балацявінамі ды ўзбалоткамі, цягнуцца яны да самай Градзянкі, а мо і далей — у бок Магілёва. У тым напрамку і разлілася колісь Свіслач, перагароджаная для стварэння ГЭС. Вадасховішча ўдаецца ў яловыя гушчары затокамі, амаль адразае некаторыя лапікі зямлі ад навакольнага свету і цывілізацыі, утвараючы гожыя месцы для адпачынку турыстам.
На адной з такіх паўвыспаў, колькі помню сябе, знаходзіцца Домік рыбака і паляўнічага. Даволі дыхтоўны дамок патанае ў навіслых над ім ялінах і хвоях. Самотны вартаўнік падтрымлівае ў ім іскрынкі жыцця. На веснічках зялёнага штыкетніка няма шыльды, і выпадковы вандроўнік, канешне ж, не здагадаецца аб прызначэнні гэтай двухпавярховай будыніны. Выхаднымі днямі, зрэдку — у будныя дні, таямнічы дамок ажывае: пачынаюць скрыгатаць ланцуг студні, бразгаць вядро, грукаць боты па ганку, рыпець масніцы веранды, па двары разносяцца бадзёрыя ўпэўненыя галасы. Гэта мясцовая “эліта” прыязджае весела бавіць час: гаспадарыць у гушчарах і затоках. Адплываюць ад маленькага прычалу чаўны, раз за разам раздаюцца ў лесе стрэлы дубальтовак.
Вечарамі ў вокнах дома запаляюцца газнічкі, неяк узрушана сноўдаюць цені, гучаць п’яныя галасы і бязладныя песні. Праз пару дзён усё аціхае. Дом акунаецца ў звыклую для сябе маркоту, слухае шапаткія мовы дрэў, сцішаны крутаватым берагам пляск хваляў…
Улетку, шмат гадоў запар, мы жылі наводдаль Доміка рыбака: у палаткавым гарадку, “дзікунамі”. Мае бацькі і сваякі разбівалі лагер звычайна на невялікім прыбярэжным поплаве. Людзі пад’язджалі туды, бавілі адпачынак, ад’язджалі. Іх месца займаў яшчэ нехта з радні. І так амаль усё лета. Можна было проста завітаць у лагер на выхадныя дні з Мінска. Дарослыя рыбачылі, збіралі грыбы і ягады. Дарэчы, Асіповіцкае вадасховішча і па сённяшні дзень славіцца сваёй уловістасцю. Цяпер у сезон яго берагі проста ўшпіляны рыбакамі. У час майго маленства напаткаць там чалавека было рэдкасцю. Затокі і завадзі кішэлі карасямі, лінямі, краснапёркамі. У “тэлевізары” — сеткі метр на метр, якія тады былі афіцыйна дазволены, трапляліся буйныя акуні і плоткі.
На супрацьлеглым беразе, каля тамтэйшага Дома адпачынку, знаходзілася лодачная станцыя. Дарослыя бралі там пару драўляных лодак на месяц. На іх мы штодзень аб’язджалі папярэдне расстаўленыя ў акенцах між водарасцяў “тэлевізары”. Рыбу кідалі проста на днішча лодкі. Памятаю, я заўсёды асцерагаўся пакалоць босыя ступні аб вострыя плаўнікі гарбаносых акунёў, якія шалёна дрыгаліся і падскаквалі пад намі.
Мне не дужа падабаўся гэты нячэсны, нецікавы спосаб лоўлі рыбы. Я моцна зайздросціў тады рыбакам з вудамі. Адно лета на бераг непадалёк ад нашага лагера кожную раніцу прыязджаў на чырвонай “Яве” дзядзька. Адзяваў бахілы, размотваў дзве-тры вуды і ўладкоўваўся ў невялічкім зарослым заліўчыку, заходзячы ў ваду па сцёгны. Вудзільны клаў на рагулі. Маўкліва дыміў папяросамі і раз-пораз выводзіў з каламутнай, глеістай вады ў падхватнік вялізных шарападобных рыбін. Лавіў нядоўга — гадзіны тры-чатыры, але заўжды вяртаўся з поўным рыбнікам. Мы, хлапчукі, потым з цікаўнасцю разглядалі на траве тлустых, што парасяты, карасёў і лінёў. Між іншым, праз якія пяць гадоў ад таго часу лежабокі-ліні амаль зніклі з вадасховішча.
Аднойчы і я паспытаў шчасця вудзільшчыка. Мне ўпершыню дазволілі лавіць з дарослымі на рыбацкіх мосціках, збудаваных пад Домікам рыбака і паляўнічага. Усю ноч і дзень імжэла і толькі адвячоркам неба крыху праяснілася. Знудзіўшыся ў палатцы, я быў невыказна рады такому неспадзяванаму, незвычайнаму для сябе мерапрыемству. Таму і сядзеў поруч з бацькам ціха-ціха, заварожана назіраў за двума чырвонымі пёрамі, якія ледзь прыкметна пагойдваліся на маленькіх блішчастых хвалях. Рыба доўга не бралася. Два нашы сваякі, бывалыя рыбаловы, на суседнім мастку яўна сумавалі… Як надараецца часцяком, пашчасціла найменш спрактыкаванаму: мой паплавок тры разы ўпэўнена ныраў у глыбіню, і я з дапамогай бацькі выцягнуў дзве немалыя плоткі. Пасля таго ўсе чацвёра сачылі толькі за маёй вудай. І не дарэмна: праз колькі часу чырвонае пяро пачало нетаропка акунацца і рушыць убок. “Падсякай!” — гукнуў бацька. Я нервова таргануў вудзільну і адчуў на тым канцы лёскі не трапятанне, не, а нейкае магутнае варушэнне. “Цягні!”, — закрычалі мне ўсе разам. Ад неспадзеўкі я разгубіўся, а рыбіна ўжо патапіла канец вудзільна. Бязлітасна таргаючы і тузаючы яго, імкнулася ўглыбіню. Тады бацька выхапіў у мяне вуду і, павадзіўшы пару хвілін, няўклюдна, бо не было падхватніка, выкінуў усё ж на мосцік кілаграмовага карася… У лагеры ўсім сказалі, што рыбу вылавіў я. Мяне апаноўвала гордасць, білі дрыжыкі і ляскалі зубы ад перажытага паляўнічага шчасця.
Хмурнымі вечарамі, калі па небе рушылі шэрыя калматыя хмары, калі пад ветрам калыхаліся і стагналі прыбярэжныя хвоі, мне станавілася страшна. Гушчар зеўраў паблізу, бушавалі гаманкія хвалі, на іх грэбнях адбіваліся сполахі далёкай навальніцы. Змаўкалі і хаваліся птушкі, і толькі ластаўкі лёталі над самым долам. Хацелася, дужа хацелася дамоў — у Асіповічы, да бабулі… Адным непагодлівым адвячоркам я моцна расплакаўся: румзаў і прасіўся ў горад. Мне было тады гадоў пяць. Бацькі ўспамінаюць, што аніякія ўгаворы-ўлагоджванні не дапамагалі: малы настойваў на сваім. Я равеў гадзіны дзве, і бацьку ў рэшце рэшт прыйшлося сесці на “Верхавіну” і павезці мяне нанач да бабулі… Праз гадзіну пасля нашага ад’езду надарылася страшэнная навальніца. Бура шкуматала палаткі і кроны дрэў, бліскавіцы рэзалі неба, дождж ліў няспынным патокам. Пасля кожнага выбуху перуна, які, казалі, хвастаў ледзь не ў самыя палаткі, людзі галёкалі паміж сабою, дапытваючыся — ці жывыя яшчэ суседзі. Поплаў ператварыўся ў азярко. У ельніку нешта вусцішна вухкала, і здавалася, што ён палае ўжо ад маланак. Гэткая калатнеча доўжылася да раніцы…
У тую ноч я бестурботна спаў у бабінай хаце. Жахлівая навальніца зачапіла гарадок толькі краем.
Паблізу Доміка рыбака няма населеных пунктаў. Вялікае сяло Вяззе знаходзіцца ад яго, па меншай меры, у трох кіламетрах. Вязчане рыбачаць ў асноўным на сваіх, прылеглых да вёскі, берагах вадасховішча. За Домікам жа пачынаюцца густыя лясы, балаціны, сенажаці. У міжлессях можна напаткаць невялікія жытнія або кукурузныя палеткі. Але вёсак не відно. Мабыць, таму мы і жылі месяцамі ў поўнай адасобленасці ад знешняга свету. Зрэдку сустрэтыя там людзі — пераважна такія ж турысты-гараджане.
Адным летам адпачывалі паблізу нашага лагера, на суседнім поплаве, тры хлопцы з Бабруйска. Замест даху над галавой у кожнага было па чоўну. Нанач яны перакульвалі іх дагары днішчам на падрыхтаванае загадзя яловае вецце. Днём вудзілі з лодак у завадзі ці шнырылі з кошыкамі па прыбярэжным бураломе. Харчаваліся юшкай ці грыбной поліўкай. Доўгія нізкі грыбоў і рыбы яны развешвалі на ўзлеску паміж асінамі. Жылі турысты надзвычай проста. Сякера, чыгунок, вуды — вось, бадай, і ўся маёмасць тых хлопцаў. І яшчэ запомніліся іх вечаровыя спевы ля мігатлівага вогнішча… Хто зможа пражыць так з месяц? Без забавак, найменшых выгод і прыстасаванняў цывілізацыі. Прыгадваючы часы маёй, ужо значна пазнейшай, маладосці, скажу, што ў падобныя вандроўкі мы выпраўляліся з непатрэбным, вульгарным друзам рэчаў. Нярэдка неслі з сабой і “гаручае”. Аб якіх зносінах з прыродай магла ісці ў нас гаворка? Ды яна, мусіць, проста пагарджала намі. Тыя ж хлопцы былі часткай навакольнага свету, і ён давяраўся ім. Аніяк не магу ўявіць такіх турыстаў у мітуслівых, пошла-меркантыльных, здрадлівых варунках гарадскога жыцця.
Успамінаю самотнага вартаўніка таямнічага доміка. Менавіта ён аднойчы распавёў камусьці з маёй радні аб прызначэнні гэтай будыніны. А яшчэ падзяліўся адным рыбацкім сакрэтам. Бо лавіў стары многа, без перабольшання — вёдрамі. Але рыбачыў раз на тыдзень, перад выхаднымі, каб прадаць рыбу будучым наведвальнікам доміка. Прычальваў стары зазвычай апоўдні, на вузкім чоўне, шпарка працуючы адным кароткім вяслом. Адкуль прыплываў — невядома. Але затым доўга цягаў кашом з днішча на бераг срэбраных, з чырвонымі плаўнікамі і рахманымі вачыма, плотак. Сартаваў на мураве і пераносіў у дом… Як аказалася, дзед напярэдадні збіраў вядро плоскіх ракавінак. Варыў, яны раскрываліся. Даставаў мяса малюскаў і сек паляўнічым нажом — у мешаніну, якая наступным ранкам служыла і падкормкай, і прынадай. Па яго словах, на адной водмелі ў цэнтры вадасховішча плоткі проста вар’яцелі ад такога пачастунку і літаральна лезлі на дзедаў кручок. А рыбачыў ён заўжды адной вудай.
Не радзей як людзі сустракаліся нам тады насельнікі лесу. Неяк, збіраючы грыбы на ўзлеску невялікай баравіны, мы натрапілі на лася. Расахаты волат здзіўлена і бязбоязна некаторы час пазіраў у наш бок, затым скрыўся ў хмызняку, важка ступаючы і ламаючы голле. Бачыў я пазней і ласіху з ласянём, што пераходзілі неглыбокую завадзь-балотца. Пра зайцоў, вавёрак і розных вужак няма і гаворкі! Лес жыў тады паўнакроўна. І гэта непадалёку ад Доміка рыбака і паляўнічага, дзе па выхадных шныпараць заўзятары з сіламі ды стрэльбамі!
Той дамок стаіць і цяпер. Але наведваемся мы туды рэдка. Шматлюдна сталася там, тлумна. Асвойталі запаветныя бураломы аўта- і мотааматары, не бянтэжаць іх гразкія дарогі-сцяжыны, лужыны пад яловым веццем, што не перасыхаюць ніколі. Нарабіў чалавек аб’ездаў: праз хмызняк, праз маладыя саснякі і алешнікі. Здратаваны грыбніцы і сунічныя палянкі, засмечана прыбярэжжа прыхільнікамі актыўнага адпачынку. Здрабнела і штогод драбнее ўсё больш рыба, адыходзіць вышэй — у бок Лапічаў. Не сунімаюцца рыбаловы: сноўдаюць на лёгкіх надзіманых лодках па завадзях, сякуць водную роўняць і чысцюткае паветра вінтамі маторак… Не так, усё не так цяпер.
Толькі люстэрка маё ці не штодня адбівае бялявага задумлівага хлопчыка, што сядзіць ля кастрышча, варушыць кіёчкам вуголле. Шызы дымок сцелецца па доле, ахутвае рудыя палаткі, здзімаецца азёрным ветрыкам у гушчар, пад кроны каржакаватых дрэў. Паважна дыбае чырванадзюбы бусел у затоцы. Курлыкаюць, пралятаючы, жоравы. Там сонца ярчэй і лагадней палівае залесныя гоні, а цені аблокаў паўзуць па жаўне баранамі. Там шлях у вярбовых прысадах вабіць у патаемную даль. Грузавікі, поўныя жытам, ныраюць і караскаюцца на пагоркі. Знікаюць спакваля, растаюць у журлівым жнівеньскім марыве. Там вёскі, мабыць, жыццё неспазнанае. Някідкая, сцішаная мая Беларусь.
1999 г.
Свидетельство о публикации №226093000581