Чарга
Раздзел 1
Пісьменнік Г., неадказны сакратар газеты “Шлях Правадыра,” прыехаў у сталіцу па важкай патрэбе. Ён прывёз сюды рукапіс, выпеставаны, выняньчаны цягам доўгіх начэй, калі, набраўшыся як жаба твані кавы, ён садзіўся пасля працоўнага дня за рукапіс. Зашываўся ад сямейнікаў – і працаваў, працаваў, працаваў да знямогі.
Г. даўно ўстанавіў сабе правіла: пісаць ад рукі, яму дужа падабалася выглядаць класікам у сваіх вачах. Г. зрабіў над працоўным сталом некалькі абрамленых уласных партрэтаў, якія апрацаваў фаташопам. На адным партрэце, на чвэрць сцяны, Г. сядзеў за пісьмовым сталом, сівы, барадаты і задуменны, уперыўшы пагляд некуды ўдалячынь, падпіраючы рукой падбароддзе, другая ж рука элегантна трымала асадку. На другім, крыху меншым, партрэце Г. знаходзіўся нібыта ў школе (фотамантаж) у атачэнні вясёлай гурмы дзяцей. На галоўцы аднаго белабрысага падшыванца ляжала рука Г., ён быццам перадаваў хлапчуку сваю светлыню; другая рука Г. абдымала развітую рыжую дзяўчынку за плечы, і, трэба сказаць, занадта пяшчотна. Астатнія малышы стаялі наўкола славутага класіка. На трэцім партрэце быў ужо не сам Г., а яго мармуровы помнік, усталяваны чамусьці на плошчы Якуба Коласа ў стольным градзе. Манціруючы фаташопам, Г. без шкадавання выкінуў з фота бронзавы помнік класіку і акурат на яго месца ўбіў свой мармуровы.
Вось у атачэнні такіх святланосных выяў, поначы, і працаваў Г. месяц за месяцам. Ён падымаўся на досвітку, прасопшы усяго пару гадзін, бадзёрым і натхнёным на новыя дзеянні. Шыбаваў у рэдакцыю “Шляху Правадыра”, дзе запраўляў, па-сутнасці, замест алкаголіка галоўрэда ўсімі справамі. Наведвальнікі цугам цягнуліся да пісьменніка Г., які ўзвышаўся на сваім крэсле, нібы на троне. А ж і сапраўды, неадказны сакратар загадаў зрабіць сваё працоўнае месца на ўзвышэнні, рабочыя доўга шчыравалі, ладкуючы з дошак гэтакі пастамент. Таму наведвальнікі неадказнага выглядалі як бы прасіцелямі, як бы ў нечым вінаватымі перад Г.
Працоўны дзень гэтай замухрыжнай канторы заканчваўся а сёмай вечара, але Г. яшчэ гадзіну-паўтары сядзеў там, давяршаючы дзённыя справы. Потым ён званіў галоўнаму рэдактару дамоў і дакладваў, што ўсё на мазі. Той нешта адабральнае хрыпеў, а часцей адказвала за яго жонка, бо ў галоўнага даўно развілася энцэфалапатыя на глебе алкагалізму і ён не мог звязаць і трох слоў. Дык вось, годна завяршыўшы працоўны дзень, Г. хапаў сваю валізу, авоську і бег цёмнымі завулкамі і калдобінамі райцэнтра з адметнай назваю Сранцавічы дадому.
Яго мікрараён быў у трох кіламетрах ад цэнтра, дзе касабочылася рэдакцыя, і туды яшчэ не праклалі аўтобусны маршрут. Таму даводзілася, утуліўшы галаву ў плечы, трухаць праз блатныя і п’яныя прыватныя сектары, дзе з кожных веснічак мог вымкнуць люты сабака, а з-за кожнага рага – вываліць агрэсіўная гурма тутэйшых дэгенератаў. Г. быў неаднаразова пакусаны, яго неаднойчы збівалі на горкі яблык падонкі, але нязломнасць Г. мацавала яго штодня. Калі білі нагамі, Г. згортваўся на зямлі вожыкам, хаваючы на жываце торбу з рукапісамі. Часцей жа Г. уцякаў, бо развіў у сабе як спрынтэрскія, гэтак і стаерскія здольнасці. І нарэшце, дабегшы да радзімай плітачнай хрушчоўкі, Г. зайцам залятаў на свой пяты паверх, кідаў колькі слоў сямейнікам, ладаваў сабе двухлітровы кафейнік з моцным напоем, заскокваў у свой пакой, зачыняўся там на два абароты ключа і бадзёранька прымаўся пісаць ад рукі, а дакладней, запісваць ідэі, які азарылі Г. цягам працоўнага дня.
Ужо пад раніцу, калі летам віднела, а зімой яшчэ чарнела за вокнамі, Г. шпарка пераносіў сваю пісаніну на кампутар і толькі тады валіўся з ног без сілаў – проста на дыванку ля дзвярэй. Прачынаўся неадказны сакратар без будзільніка роўна ў восем. І так дзень пры дні, месяцамі.
І вось глыбокай зімою, калі ўсе дарогі былі занесены завірухамі і буранамі, пісьменнік Г. завяршыў апошнюю рэдакцыю свайго векапомнага твора, узяў на працы адгулы і выправіўся ў сталіцу. Ні цягнікі, ні аўтобусы тады не хадзілі, нагэтулькі суровая стаяла зіма. Але Г. загадзя дамовіўся з пілотам грамадзянскай авіяцыі, які ляцеў па прадукты на верталёце. Не прайшло і гадзіны, як Г. светлай марознай раніцай апынуўся на аэрадроме ў двух кіламетрах ад кальцавой Менска. Праўда, гэтыя два кіламетры прыйшлося адужаць, прабіраючыся па грудзі ляснымі сумётамі з рукапісам за плячыма. Але, паўторымся, нязломнасці Г. было не займаць.
Перасекшы кальцавую нарэшце, Г. убіўся ў аўтобус, які ехаў у цэнтр. Прыйшлося літаральна вісець, заціснутым паміж суседзямі, якіх набілася як селядцоў, а неацэнны рукапіс трымаць высока над галавой, каб не памялі. Затое было цёпла, звонку ж тэрмометр на аўтобуснай станцыі выдаваў мінус сорак адзін градус.
Праз тры гадзіны Г. быў перад рэдакцыяй. Даўжэзная чарга, як у помныя часы гарбачоўскай перабудовы па гарэлку, цягнулася ад ганка рэдакцыі змяістым хвастом уздоўж камяніц. Багата там народу сабралася. Паколькі чарга прасоўвалася марудна, то пісьменнікі грэліся ля разведзеных вогнішчаў. Заняўшы чаргу, Г. прабраўся да аднаго вогнішча пагрэцца. І сустрэў там знаёмых. Там былі слынныя Хлёпус, Напаўарлоў, Гадановіч, Смякляеў, за спінамі мільгануў твар вядомай крытыкесы Налейнік, якая, відаць, наўмысна не набліжалася да вогнішча, бо там стаяў яе даўні непрыяцель, барадаты Напаўарлоў – п’янаваты, ён гаманіў са сваім сябруком Гадановічам. Хлёпус жа сядзеў на шыкоўным крэсле, пастаўленым перад вогнішчам, з выцягнутымі, як да каміна, нагамі. У нагах яго ляжаў верны паплечнік і сябра Мемуаран, перыядычна працягваючы пруцік і варушачы вуголле.
Пераадолеўшы комплекс правінцыяла, пісьменнік Г. парукаўся з усімі. Толькі пыхлівы Хлёпус не падаў яму рукі, нават не паглядзеў у яго бок, што трошкі пакрыўдзіла, хоць і не збянтэжыла – Г. ведаў, хто такі Хлёпус. Здзіўляла толькі тое, што гэткая вядомая медыйная асобіна сядзіць у агульнай чарзе. Бо, пакуль Г. саграваўся ля вогнішча, да ганка рэдакцыі двойчы пад’язджалі трактары, з якіх выходзілі літаратурныя генералы, увешаныя рэгаліямі, у залатых пагонах і высокіх зімовых шапках. Аднаго Г. пазнаў – то быў славутавядомы паэміст у прозе… Вось толькі прозвішча Г. прызабыў – не то Сырамёдаў, не то Гаўнаедаў. Ну ды не важна. Світа кожнага з генералаў адпіхвала шараговых пісьменнікаў з ганка і працісквала ў рэдакцыю сваіх начальнікаў. Куфры з іх рукапісамі, замкнёныя на здаравенныя замкі, неслі лейтэнанты, пыхкаючы і высільваючыся.
Світа Сырамёдава, дарэчы, груба піхнула адну дзяўчыну з ганка, тая паляцела ў сумёт потырч і разрумзалася. Адзін маладзён паспрабаваў быў абурыцца, нешта такое прапішчаў, але яго адцяснілі за рог будынка два плячыстыя капітаны і патлумачылі, што да чаго. Прынамсі з-за рага маладзён паявіўся сіне-зялёны і маўкліва-прыгнечаны. Усё гэта з хваляваннем, трымценнем і стоенай зайздрасцю назіраў пісьменнік Г., дзівуючыся на сталічныя парадкі. Зрынутую з ганка дзяўчыну, дарэчы, паднялі, абтрэслі ад снегу і зноў утыркнулі ў чаргу.
Раздзел 2
Чарга амаль што не рухалася. А між тым студзеньскія дні кароткія, і сонца, паблішчэўшы ў рэчышчы вуліцы, скацілася за дахі. Неадказны сакратар сранцавічцкай газеты рэальна ацаніў сітуацыю і замаркоціўся. З вячэрнім верталётам аніяк не вернешся на радзіму. Устрэміўшыся ў чаргу, трэба трымаць сваё месца. Тым больш што тут раз-пораз успыхвалі спрэчкі за месцы, нейкія хітраваны даказвалі, што яны нібыта стаялі тут, сталыя чаргоўцы не жадалі іх пускаць. Два разы раздаўся гук плескача. Адзін раз вуха пісьменніка Г. дапяў гук глухога ўдару. А аднойчы зусім блізка каля яго ўсчалася тузаніна паміж маладым высокім чаргоўцам і пажылым грамадзянінам каржакаватага выгляду. Яна вываліліся з чаргі ды, учапіўшыся адно аднаму ў каўняры, качаліся па снезе з пыхканнем і праклёнамі. Пакуль іх разнялі, яны афарбавалі снег у чырвонае – у маладзейшага лінула кроў з носу. Калі ж двое добраахвотнікаў трымалі пажылога за рукі, неадказны сакратар заўважыў, што ў таго пад вокам наліўся гузак.
Вечарэла. Да пісьменніка Г. падышоў літаратар Мемуаран, адклікаў з чаргі і сказаў, што Хлёпус загадаў яму, як новаму чалавеку ў чарзе, стаць дзяжурным па вогнішчы. Да таго ж, зараз падвязуць машыну з калодамі, трэба будзе пакалоць іх на дровы – ноч чакаецца лютая. Выхадца з вёскі, пісьменніка Г. ніколі не палохала фізічная праца, ён нават узрадаваўся магчымасці падразмяцца і подбегам скіраваў за Мемуаранам да вогнішча, дзе прывольна сядзеў на сваім элегантным крэсле Хлёпус – у дарагім футры з тыгравага меху, у пухнатых валёнках з залатымі карункамі, у пыжыкавай шапцы-вушанцы і мехавых рукавіцах.
Неадказны сакратар пад наглядам Мемуарана ачысціў прастору перад Хлёпусам ад трэсак, вуголля, дбайна змёў попел. А тады накідаў на вогнішча свежага бярозавага палення, і агонь шугануў угору, асвятляючы чаргу, будынкі, людзей – разам з іншымі вогнішчамі, размешчанымі адно ад другога ў дваццаці метрах.
Хутка прытарахцеў трактар з прычэпам, куды былі навалены папілаваныя камлі соснаў. Дружна, разам з пяццю маладымі літаратарамі, узяўся за справу пісьменнік Г. Ён забраўся на прычэп і, арудуючы то нагамі, то рукамі, то ломікам, скочваў важкія камлі на зямлю. Маладзёны ж адносілі іх да кучы. Неадказны сакратар працаваў так, што скінуў свой зашмуляны кажушок і яму не было холадна.
Цямнела, і размаітая чарга пачала забаўляць сябе песнямі, скокамі, карагодамі, сям-там з’яўляліся спантанныя масавікі-забаўнікі, што кіравалі то хорам, то танцамі, то наладжвалі спевы пад гітару ў вузкім коле чаргоўцаў.
А пісьменнік Г. працаваў. Жылісты, ён нібы не ведаў стомы. Хутка прычэп апусцеў. Апусцілася і ноч на чаргу. Падалося, што чарга павялічылася, стала калі не даўжэйшай, то відавочна шырэйшай, чым пры дзённым святле. Праз нейкі час адзін чарговец падкаціў тачку з калунамі і сякерамі, сказаўшы, што зараз падыдуць яшчэ пяцёра ім на падмогу. І сапраўды, неўзабаве праца пайшла на ўсю поўніцу. Пісьменнік Г. махаў калуном, быццам лёгкай сякераю, і праз якія дзве гадзіны куча дроў параўнялася з кучай калодаў. Прыйшоў Мемуаран і свіснуў адбой. Гэта было вельмі своечасова, бо работнікі прытаміліся. Іх адвялі на разгорнутую ў палатцы палявую кухню, дзе з дна катла кухар чарпануў кожнаму па місцы густой аўсянай кашы з нейкім прываркам. Далі і па чвэрцьбохана хлеба. Усё гэта літаратары ўпісалі з апетытам зайздросным. Чарга ж даўно павячэрала. Ад яе веяла весялосцю і разняволенасцю. Дзявочы і жаночы смех, мужчынскі рогат, музыка з магнітафонаў, нехта нават пеў у палявым караоке. Пісьменніку Г., пакуль ён прабіраўся да свайго вогнішча, раз-пораз перасякалі дарогу літаратары і літаратаркі, якія танчылі і скакалі.
Праціснуўшыся да вогнішча, неадказны сакратар сранцавіцкай газеты знайшоў Мемуарана і далажыў, што гатовы прыступіць да абавязкаў дзяжурнага. Аднак той, удзячна паляпаўшы па плячы, сказаў, каб Г. садзіўся адпачываць і грэцца, бо другі дзяжурны заступіў на яго месца. І сапраўды, нейкі сухі барадаты дзядок шчыраваў мяцёлкай, ачышчаючы прастору каля ног Хлёпуса, які ўсё так і сядзеў у сваім футры, жуючы цяпер бутэрброд з ікрой і запіваючы яго духмянаю кавай.
Неўзабаве да іх па вуліцы падкаціў белы мерседэс з ланцугамі на колах. Як потым патлумачылі неадказнаму, толькі так можна перасоўвацца па Менску, бо далёка не ўсе дарогі ачышчаны як след, адмысловыя службы не спраўляюцца са снегападамі і маразамі. З мерседэса вынікнулі два чалавекі ды прыняліся шпарка цягаць з багажніка і салона кардонныя скрыні. Ставілі іх блізу вогнішча. Затым яны прынеслі доўгі раскладны столік, тры раскладныя крэслы, устанавілі над столікам два акумулятарныя ліхтары. Пісьменнік Г. доўга кумекаў, для чаго гэта ўсё, але спытаць не наважваўся. Хлопцамі з мерседэса кіраваў Мемуаран, загадна пакрыкваючы. Высветлілася ўсё праз колькі хвілін. На століку з’явіліся стосы размаітых кніг – гэтак Хлёпус наладзіў беспадатковы гандаль сваёй прадукцыяй. Дзесяткі розных стосаў – дзіваваўся неадказны сранцавіцкі сакратар – і ўсе з адным прозвішчам аўтара: “Хлёпус”! Пісьменнік Г. міжволі пранікся павагай да чалавека, які здолеў столькі стварыць.
А між тым Мемуаран накінуў сіні халат на свой кажушок, усеўся за столік і пачаў прадаваць кнігі, па якія імгненна выцягнулася чарга. У чарзе дамінавалі жаночыя твары, асабліва было багата дзяўчат. Захопленымі вачыма паглядалі яны на крэсла з жывой легендаю, куды трэба было, расплаціўшыся за кнігу, падыходзіць з ёю да аўтара, каб той распісаўся. Мемуаран, жывы і ўвішны, з жарцікамі і показкамі хутка адпускаў тавар. Гэтая чарга рухалася разоў у тысячу хутчэй за асноўную, куды па выраку лёсу ўбіўся сранцавіцкі літаратар.
Г. таксама стаў у малую чаргу і праз паўгадзіны з дзвюма кнігамі ў руках падыходзіў да Хлёпуса, тужачыся ўсміхнуцца. Але твар таго быў непранікальны, да таго ж схаваны за шапкай, каўняром і цёмнымі акулярамі. Хлёпус паблажліва распісаўся на кнігах, якія дрыготка падаў яму Г, і хітнуў галавой, што азначала: “Наступны!” З якой радасцю пры няпэўным святле ўбачыў Г. загагулісты надпіс класіка на кожнай кнізе – “Удачы!”. Ад гэтага цёплага і пранікнёнага слова неадказны сакратар ледзь не расплакаўся.
Раздзел 3
Па меры таго, як ноч завалодвала горадам, мацнеў і мароз. Па чарзе папаўзлі чуткі, што ўначы будзе да пяцідзесяці градусаў. А таму нават такі вынослівы чалавек, як пісьменнік Г., крыху напалохаўся. Ён прыкмеціў, што многія чаргоўцы-менчукі сыходзяць на ноч дадому. Некаторыя даручалі сачыць за сваім месцам суседзям – відаць, яны мяняліся месцамі праз ноч. Некаторыя ж ставілі ў чаргу родзічаў, каб на досвітку іх падмяніць. Для пісьменніка Г. быў непрыдатны ні першы, ні другі варыянт. Таму ён стаў выпытваць, дзе б можна было прыкархнуць гадзінку-другую. Адна кабета накіравала яго ўсё да таго ж Мемуарана. Выслухаўшы просьбу Г., Мемуаран, які ўжо распрадаў кнігі Хлёпуса і падлічваў барыш, чыркнуў яму запіску і сказаў, каб той адшукаў Гадановіча. Лёгка сказаць – адшукаў! Неадказны сранцавіцкі сакратар з гадзіну блукаў па чарзе, выпытваючы, але натрапіў толькі на Напаўарлова. Той сабраў каля сябе ладнае кола народу і баяў пра старажытнасць. Усе слухалі з захапленнем. Таму недарэчна было пісьменніку Г. перабіваць гэты цудоўны спектакль. Але прыйшлося. Улезшы ў цэнтр гурмы са сваім заплечнікам, Г. злаўчыўся сунуць Напаўарлову цыдулку. Той вокамгненна зрэагаваў і набраў нумар па сотавіку. Праз тры хвіліны пісьменнік Г. сустракаўся за рагом найбліжэйшага дома з Гадановічам. Расхрыстаны, у не па надвор’і лёгкім палітоне, з бел-чырвона-белым шалікам, з рукамі ў кішэнях і добра паддаты, выслухаў Гадановіч праблему пісьменніка Г, сказаў “Зробім!”, дастаў з кішэні блакнот, вышмаргнуў аркушык і накрэмзаў цыдулку. Перш чым аддаць яе Г., Гадановіч спытаў, ці ёсць у таго цыгарэты. Прастадушны Г. дагодліва дастаў пачак “Кладна” і працягнуў суразмоўцу. Той запусціў у пачак тры пальцы і лоўка зачапіў цыгарэт пятнаццаць. Затым сказаў, каб Г. адшукаў Навумовіча і аддаў запіску яму. А тады сунуў у кішэнь палітона цыгарэты, пажадаў добрай ночы Г. і пашыбаваў прэч, на хаду набіраючы нумар па сотавіку.
Зноў пачаліся пошукі ў чарзе патрэбнага чалавека. А мароз між тым лютаваў. З зайздрасцю заўважаў Г., як сыходзяць з чаргі на начлег людзі. Аднак лёс злітаваўся нарэшце з гэтага ўпартага чалавека: у адной сябрыне чаргоўцаў, што слухалі песні пад баян, яму ўказалі на Навумовіча. І Г. не паверыў сваім вачам: Навумовіч аказаўся якраз тым самым Навумавічам – узнёслым паэтам, аўтарам шматлікіх радыёперадач пра беларускую культуру, адным з найвядомейшых у Беларусі Навумовічаў. І было няўцям, як у такога прадзяржаўнага чалавека могуць быць цесныя стасункі з наскрозь апазіцыйным і дзёрзкім Гадановічам. І тым не менш… Вяртлявы, жвавы і жукаваты, Навумовіч імгненна вылецеў з купкі людзей за руку з пісьменнікам Г., адвёў яго ў зацішак і сказаў, што начлег будзе каштаваць пяць даляраў. Неадказны сакратар узяўся б за галаву, каб ставала на гэта сілаў. Але, багата намахаўшыся ломікам і сякерамі, марыў няшчасны сакратар сранцавіцкай газеты аб адным – прыняць гарызантальную позу. Таму ён дастаў беларускія рублі і расплаціўся па курсе з Навумовічам, які несупынна вярцеў галавой налева-направа. Наўзамен Г. атрымаў цыдулку з адрасам і паролем. Нарэшце, а другой гадзіне ночы, дамовіўшыся з суседзямі па чарзе, выправіўся будучы класік спачываць. Чатырохпавярховая камяніца сталінскага ампіру стаяла ў глыбіні квартала, непадалёк. Там, на трэцім паверсе трэцяга пад’езда і знаходзілася прапанаваная Навумовічам начлежка пісьменнікаў. Пісьменнік Г. пастукаў у кватэру 14 тры разы косткамі пальцаў і прахрыпеў у замочную шчыліну пароль. Яго адразу ўпусцілі. Гаспадар, чарнявы мужчына няпэўнага ўзросту ў цяльняшцы, сямейных трусах і валёнках, узяў у Г. цыдулку і адвёў у адзін з пакояў. Калі адчыніліся дзверы, на Г. патыхнула пахам салдацкага поту, смуродам шкарпэтак і нястачаю кіслароду. Уся падлога была завалена нейчымі целамі. Так цесна, што здавалася, і лязо нажа паміж імі не пройдзе. Да таго ж тут панаваў немілагучны шматгалосы храп. І ўсё ж гаспадар пераканаў Г., што таму будзе тут добра і што ён абавязкова ўцісне сваё цела паміж іншых, калі добра парупіцца. Трэба, гаварыў гаспадар, класціся паміж двума целамі бокам, і тыя пакрысе расступяцца. Так Г. і зрабіў. Націснуўшы на нейчыя тушы, ён лёг і праз хвілін 15 сапраўды адчуў пад сабою холад падлогі – целы неяк неймаверна растуліліся пад вагою сухарлявага Г. Яго апанаваў мёртвы сон.
Раздзел 4
Абуджэнне было як па камандзе “пад’ём”, хоць ніхто пісьменніку Г. не камандаваў. Ён прачнуўся па звычцы сам – ледзь толькі заняўся зімовы ранак, а восьмай гадзіне. Целы пісьменнікаў, сярод якіх убіўся Г., не варушыліся, толькі храплі і саплі. Захацелася як мага хутчэй выбрацца з гэтага душнага памяшкання. Ён стаў асцярожна ўставаць, баючыся патрывожыць суседзяў. І тым не менш, выціскваючыся адсюль, давялося наступіць на адну руку, адну галаву і два жываты. Толькі на двары, на свежым марозным паветры, уздыхнуў Г. спакойна. Ён ужо два гады не спаў так доўга, як гэтай ноччу, – пяць гадзін. А між тым нават дзве гадзіны на сваім дыванку ля дзвярэй давалі пісьменніку болей сілаў, чым сённяшняе спаннё. Ён абсалютна не адпачыў. І дзень у чарзе загадзя стаў палохаць неадказнага сакратара. Ён прыспорыўся да рэдакцыі.
Ужо пры першым поглядзе на чаргу, вогнішчы і палаткі Г. адчуў нешта не тое. Снег наўкола быў нязвыкла патаптаны. Чарга парадзела. Шмат людзей групаваліся коламі. Вогнішчы былі раскіданыя. Да таго ж Г. прытрызнілася, што ён не адшукае свайго месца ў чарзе, не знойдзе суседзяў. Пісьменніка апанавала паніка, усчалася тахікардыя, і ён, з навалаччу ўваччу, мітусліва пабег наперад. Сэрца стукала з незвычайнай і небяспечнай хуткасцю. Нават на бягу было адчувальна, як кволяцца мышцы ног і трасуцца калені.
Толькі праз хвілін дзесяць, прыйшоўшы да ладу, Г. стаў арыентавацца ў прасторы і змог распытаць пра апошнія падзеі. Аказваецца, з гадзіну таму на чаргу наляцелі амапаўцы і зрабілі жорсткую ператруску. Нехта нібыта стукануў ім, што ў чарзе распаўсюджваюцца “Лісты з волі” ад пісьменніка Хабарэвіча, які, будучы ў Нямеччыне, даўно вядзе падрыўную дзейнасць у Беларусі. То бок гэты зацяты нацыяналіст высылае Сецівам агіткі з праклёнамі ў бок ураду і заклікамі “змагацца за Беларусь”. Ён даўно абвешчаны тут персонай нон-грата, але гэта толькі ўзлавала яго і дадало рашучай адвагі. Ці не штодня Хабарэвіч высылае сябрам і знаёмым свае “лісты з волі”, а тыя тайком раздрукоўваюць іх, множаць ды распаўсюджваюць.
Вось і гэтай ноччу ў чарзе як быццам з’явілася чарговая пачка агітак, нейкі добразычлівец навёў на чаргу АМАП. Гэтыя байцы наляцелі віхрам, калі рэшткі чаргі драмалі ля вогнішчаў, у самы сонны час, перад досвіткам. АМАП паклаў людзей на снег, некаторых білі дручкамі, некаторых катавалі, каб яны выдалі лісты. Каб дэмаралізаваць чаргу, байцы раскідалі вогнішчы. Вынік быў, праўда, небагаты – усяго два асобнікі лістоў, якія знайшлі ў аднаго бедачыны пісьменніка. Нягледзячы на тое, што пісьменнік кляўся ў тым, што яго падставілі і падклалі агіткі, яго мантулілі, надзявалі кайданкі, а потым павалаклі ў “варанок”. Цяпер чарга трэслася, што той недарэка пад катаваннямі здасць таварышаў.
І тым не менш жыццё працягвалася. А палове дзесятай падкаціў мерседэс Хлёпуса, які гэтай ноччу салодка спаў у сваім асабняку. З машыны вылузаўся спярша Мемуаран, абабег яе, адчыніў дзверы, з якіх паважна вылез гаспадар мерседэса. Тым часам вадзіла і адзін ахоўнік выцягвалі з задняга сядзення шыкоўны фатэль. Літаральна праз хвіліну Хлёпус сядзеў на сваім месцы перад астылым вогнішчам і чытаў нешта па электроннай кніжцы. А Мемуаран дзьмухнуў у свісток, падклікаючы пісьменніка Г. і яшчэ некалькіх дзяжурных па лагеры. Ён загадаў Г. заняцца вогнішчам, каб абаграваць Хлёпуса, а сам шуснуў у найбліжэйшую палатку, прызначэння якой Г. пакуль што не ведаў.
Амапаўцы зруйнавалі палявую кухню, таму гарачай ежы з раніцы не прадбачылася. Кожны мусіў наталяць голад, як зможа. Пад лыжачкай у Г. смактала, страўнік атакаваў яго мозг непрыемнымі адчуваннямі. У нагах і руках ад душнай ночы утварылася слабасць. Г. збаяўся, што не справіцца з задачай і Мемуаран яго пакарае. Добра хоць што, як кожная здаровая сялянская натура, Г. запасся ў дарогу ладным кавалкам сала, боханам сранцавіцкага хлеба і горкай цыбуляй. Таму літаральна на хаду, праміж справамі, Г. удалося перакусіць, глытаючы прамерзлае сала, трушчачы цвёрды бохан і заядаючы ўсё гэта кускавым цуркам. Сілы прыбыло, і Г. лёгка ўправіўся з вогнішчам – праз хвілін дзесяць Хлёпус ужо саграваўся каля яго, ведучы свае справы па ноўтбуку і мабільніку. Мемуаран, дарэчы, арганізаваў перад Хлёпусам столік з закуссю і кавай. А Г., першы зацяпліўшы вогнішча ў лагеры, нарэшце змог адшукаць сваё месца ў чарзе. Гадзіны тры ён таптаўся ў ёй, грэючы скалелыя пальцы ног рухам, і назіраў, як лагер ажыўляецца, як таўсцее чарга.
Апоўдні прыбыло радыё “Воля” і з нагоды начнога ператрусу разгарнула свой лагер, цэнтрам якога стаўся мікрааўтобус са спадарожнікавым рэтранслятарам. Карэспандэнты “Волі”, ведаючы, што іх пабаяцца крануць, раздзімалі скандал. Яны сноўдалі па чарзе з мікрафонамі, беручы ў сведкаў інтэрв’ю, і тут жа выдавалі ўсё гэта ў жывы эфір. Спыніць іх азначала для ўраду выглядаць на ўсю “Эўропу” яшчэ непрыглядней, таму міліцыя сачыла за ўсім гэтым нахабствам з адгегласці аднаго квартала, не ўмешваючыся. А карэспандэнты “Волі” здымалі камерамі застылую кроў на снезе нібыта ад пабояў пацярпелых і закідвалі відэа на свой сайт.
Уся гэтая валтузня трохі пазабавіла Г. і развеяла нуду стаяння ў амаль нерухомай чарзе. Але а другой гадзіне дня адбылося зусім ужо нечаканае – бойка паміж чаргоўцамі. Агідная лютая бойка. Толькі наступнага дня пісьменнік Г. выведаў усю падаплёку гэтай азвярэлай разборкі. Рэч была ў тым, што да вядомай журналісткі і публіцысткі, супрацоўніцы розных апазіцыйных “газэтаў” Марыйсевіч, у час, калі яна тусавалася каля рафіка “Волі”, падкаціў яе знаёмец Жорык Гарташ – рускамоўны бяздарны паэт, якога, на бяду паэта, даўно ненавідзеў сам Гадановіч, які быў даўнім сябрам Марыйсевіч. Але не ў рэўнасці справа. Гарташ быў рускамоўным паэтам, а нацыяналістычны гарт Гадановіча ўсе ведаюць. І вось ён, згледзеўшы ў чарзе недарэчнага рускамоўнага Гарташа, гукнуў сваім хлопцам, каб тыя з ім разабраліся. Яны вызванілі вядомага бузацёра і хама Чувырлу, яшчэ больш бяздарнага, чым Гарташ, паэта. Чувырлу яшчэ велічалі “сынам Знакамітага”. Знакаміты – гэта жывы класік беларускай літаратуры, паважаны старац. Чувырлу ж друкавалі толькі за тое, што ён яго сын. З гэтага комплексу непаўнавартасці “сын Знакамітага” к сарака гадам канчаткова спіўся, нідзе не працаваў і цягнуў з бацькі грошы, прытым злосна лаючы Знакамітага на кожным рагу і пры любой магчымасці. Ён даўно ўжо нічога не пісаў і выступаў у літаратурных тусоўках як клоўн і п’яны агрэсар. Калі Чувырла з’яўляўся з цяжкага бадуна, ён быў страшны ў праявах. На бяду Гарташа, сёння была якраз раніца такога пахмелу для квадратнага здаравілы. У шапцы, ватоўцы і керзачах, Чувырла прыджгаў па званку Гадановіча з шыза-чырвоным тварам і заплылымі вачыма.
Раздзел 5
Як выжал, якому крыкнулі “гець!”, скіраваў Чувырла ў атачэнні Гадановічавых шасцёрак да Гарташа. Той, нічога не падазраючы, стаяў і весяліў Марыйсевіч показкамі. Каля іх тырчала яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку і супрацоўнікаў “Волі”. Здаравіла рассунуў гэтае кола плячыма і моўчкі ўхапіў Гарташа за каўнер моднага кажуха. Той увобмірг абвяў, бо добра ведаў Чувырлавы выхадкі. Куды толькі падзеўся найвясёлы настрой. Усе прыяцелі Гарташа здранцвелі, нават Марыйсевіч, якая рэдка калі губляецца, адравянела.
Секунды тры панавала злавеснае маўчанне, а тады нападнік прарыкаў кшталту “Хто ты такі?!” і стаў за каўнер выводзіць Гарташа з чалавечага кола. Тут зашалахцелі нясмелыя выгукі абурэння. Гарташ дрыготка схапіў за руку Чувырлу, абазначаючы намаганне выслабаніцца. Але вялізная пяцярня нападніка трымала надзейна. Ён ціснуў ахвяру да краю вытаптанай пляцоўкі. Крыкі абурэння пачалі нарастаць, нехта ўжо ўчапіўся ў Чувырлаву ватоўку і цягнуў назад. Але раптам адна Гадановічава шасцёрка, каварна зайшоўшы ззаду, падсела пад Гарташа наўсколенцы, а Чувырла моцна, аберуч, штурхануў таго ў грудзі. Рускамоўны паэт, як падсечаны, грымнуўся долу. Ён бы моцна стукнуўся галавой вобзем, каб не сумёт, які адыграў ролю падушкі. Сумёт не даў размажджэрыць яго патыліцу. Ашаломлены Гарташ не паспеў падняцца, як Чувырлаў бот сорак сёмага памеру шугануў яму ў грудзі. Гарташ мячыкам адляцеў у глыбокі снег. І тут усчаўся жаночы віскат, які неспадзявана абудзіў чаргу, што аморфна назірала за гвалтам. На спіне Чувырлы апынулася Марыйсевіч, дзяўчына далёка не хілага целаскладу. Яна збіла з нападніка шапку і тузала за рэдкія валасы, абсыпаючы адборнымі мацюкамі. У эпіцэнтр бойкі бегла некалькі мужыкоў – літаратараў рознага ўзросту. Унутраная агрэсія, якая назапасілася ў гэтай слабарухомай чарзе, знайшла сабе выйсце ў Чувырлу, на якога ці не ўсе мелі зуб. Колькі разоў гэты нягоднік зрываў пісьменніцкія сходкі, колькі чалавек ён прынізіў, аблаяў, апляваў за доўгія гады сваёй п’янай кар’еры – і не злічыць. Пра Гарташа ўсе практычна забыліся. Малацілі цяпер Чувырлу і яго падручных. Кулакі рознай вагі, чаравікі і валёнкі, адколатыя глыбы лёду і кульбы кульгавых старых – усё пайшло ў ход. Адзін дзядок асабліва жорстка збіваў кіем зрынутага долу паэта.
Пісьменнік Г., які ці не першым памкнуўся заступацца за Гарташа, цяпер мусіў бараніць самога бузацёра ад разлютаваных дзядзькоў і дзядоў, якія з перакошанымі тварамі калашмацілі цела Чувырлы. Неадказны сакратар, справядлівасць і міласэрнасць для якога былі дэвізам, апынуўся ў сяродку гэтага шалёнага кола. Адвалакваючы аднаго барадатага старца, ён не заўважыў, як другі чахлы дзядуля размахнуўся і злева нанёс удар па фізіяноміі Г. Уваччу пацямнела, і другі ўдар Г. успрыняў ужо не так востра. Ачомаўся ён у нейкай палатцы. Лямпачка без абажура вісела ўверсе, а нейкія цені ўвіхаліся над ім. Гэта аказаліся Мемуаран і жанчына ў доктарскім зялёным халаце. Яна нешта прыкладала да твару Г. Са свядомасцю паступова вяртаўся і боль. Аказалася, што палова твару яго распухла неймаверна – калі Мемуаран паднёс яму кавалак люстэрка, Г. сябе не пазнаў. Не твар, а нейкі счарнелы бохан. Яму наклалі дзесяць швоў на скулу. Выпускаючы з урачэбнай палаткі, парэкамендавалі пастаянна прыкладаць снег, балазе снегу было даволі.
Знадворку вечарэла. На месцы крывавай бойкі гуртаваўся народ. Зіхацеў перадатчык радыё “Волі”, карэспандэнты і журналюгі бегалі як заведзеныя. Пісьменнік Г. падаўся бліжэй – там Гадановіч, свежы і ўсмешлівы, як нічога не было, даваў інтэрв’ю “Волі”. Побач з ім стаяла Марыйсевіч, нейкая разбэрсаная і празмерна румяная. Запал бойкі яшчэ не зусім пагас у яе вачах. Як потым сказалі Г., Гадановіч сам адцягнуў Марыйсевіч ад Чувырлы і супакойваў, як мог, нібы не ён падбухторваў злашчаснага п’яніцу, які пасля бойкі падняўся з зямлі без наступстваў. Мемуаран тут жа адвёў яго ў харчовую палатку, наліў дзве шклянкі гарэлкі і загадаў хлопцам адвезці яго дамоў да Знакамітага, пакуль на абрынуліся амапаўцы. Вартаўнікі правапарадку не паспелі ўмяшацца ў тузаніну і загрэбці таго-сяго ў пастарунак – настолькі аператыўна дзейнічалі людзі Хлёпуса. Дый пісьменніку Г. адпачываць і маркоціцца з нагоды разбітага твару не давялося – яго тут жа выправілі на дзве гадзіны калоць дровы, а затым – чысціць пры святле ліхтара белы мерседэс. Толькі ў дзевяць вечара, паеўшы на палявой кухні сытнай аўсянкі, Г. здолеў вярнуцца на сваё месца ў чаргу. Аднак не за гарамі ноч, і варта было зноў рыхтаваць пяць даляраў для Навумовіча, каб той даў цыдулку з новым паролем – так у іх было змоўлена. А палове дванаццатай Навумовіч заўсёды прыбываў у лагер, каб яго можна было адшукаць.
У чарзе да пісьменніка Г. падышоў мажны круглатвары чалавек, паздароўкаўся, і неяк бянтэжліва звярнуўся па-руску. Ён прадставіўся літаратарам Ненатолем Ачмуціным, паэтам, які стаіць тут з перакладамі сваіх вершаў. Раптам Г. азарыла ашаламляльная думка: “А як доўга ён тут стаіць?!” Яна выклікала такі страх за сябе, што Г. мусіў валявымі намаганнямі яе задушыць. Г. чуў імя Ненатоля Ачмуціна, хоць і не быў знаёмы, і не чытаў яго, як казалі, таленавітыў вершаў. Г. наогул мала каго чытаў, бо быў заклапочаны і захоплены выключна сваёй творчасцю. Даводзілася чытаць толькі творы рэдактараў тоўстых часопісаў і моцных фігур у літаратурным свеце, каб пры нагодзе іх пахваліць. Ачмуцін быў усё ж рускамоўны, да таго ж даволі адыёзны паэт з велікароскім ухілам. Было неяк няўцям – навошта такая паспяховая асоба пакутуе ў гэтай марознай чарзе. Нібы адказваючы на пытанні Г., Ачмуцін пачаў наракаць на свой лёс, на сваю неабачлівасць – маўляў, падаткнула яго нялёгкая прынесці сюды пераклады, маўляў, друкаваўся б у рускамоўных выданнях, дзе яго паважалі, але вось захацелася пабачыць свае тварэнні ў ганаровых дзяржаўных беларускіх часопісах, маўляў, стаў у чаргу і цяпер мусіць ісці да канца. Па словах Ачмуціна, ён яшчэ ні разу не бачыў ніводнага літаратара, які б добраахвотна выйшаў з чаргі. Адсюль толькі выносілі. Па меры гэтага шчырага расповеду настрой Г. няўхільна псаваўся. Раптам захацелася напіцца і забыцца хоць на колькі гадзін непрабудным сном. Але ў краіне панаваў сухі закон – спіртное адпускалася толькі па спецыяльных дазволах на вяселлі і памінкі. Ні жаніцца, ні паміраць Г. не збіраўся. У яго была цудоўная гаспадарлівая жонка і непарушнае сялянскае здароўе. Аднак у галаве такі завярцелася думка, што для Мемуарана дастаць выпіўку не праблема. Але ж колькі гэта будзе каштаваць? І колькі разоў яшчэ трэба будзе аплачваць тут начлег? Ох, прыйдзецца тэлеграфаваць жонцы праз некалькі дзён, каб выслала грошы.
Раздзел 6
Наступны дзень, калі паўсонны Г. выбраўся з начлежкі пісьменнікаў, сустрэў яго сцяной снегападу. Мароз як быццам зменшыўся, але снег валіў настолькі густы, што Г. з цяжкасцю знайшоў дарогу да лагера. Сёння ён крыху запазніўся, а таму чарга перад ім паўстала ва ўсёй, так бы мовіць, красе. Калі Г. наблізіўся да яе хваста, то наперадзе было відаць толькі метраў дзесяць, не болей. Выгінастая і варухлівая, чарга сыходзіла ў снегапад. Г. маланкава кінуўся да свайго месца, каб заявіць аб сабе суседзям, пастаяў там да прыліку колькі хвілін і памкнуўся да вогнішча. Хлёпуса яшчэ не было, ля прыгашанага кастрышча грувасціліся сумёты. Некалькі літаратараў працавалі шуфлямі, стоячы па пояс у снезе. Мемуаран, на гэты раз проставалосы і ў расхрыстанай ватоўцы, уладарна пакрыкваў на работнікаў, прыспешваючы – ён відаць, хваляваўся, што з хвіліны на хвіліну прыбудзе Хлёпус. Убачыўшы пісьменніка Г., Мемуаран радасна галёкнуў, і паказаў рукой, каб той далучаўся да працы. Неадказны сакратар схапіў шуфель і прыняўся кідаць снег. Яны якраз улажыліся: праз хвілін сорак прывезлі Хлёпуса, на гэты раз на зялёным джыпе. Ён вылез з нейкімі дзядзькамі і хвілін дзесяць гутарыў з імі, ухутаны снегападам. Затым дзядзькі скочылі ў джып і паехалі, а Хлёпус заняў сваё звыклае месца. На гэты раз ягоны фатэль хавалі ўначы ў палатцы. Дарэчы, палатак у лагеры яўна прыбыло – гэта пісьменнік Г. адразу прыкмеціў. За Хлёпусам прыбыў рафік “Сабоды”, радыёстанцыя тут жа стала разгортвацца.
Паўз вогнішча прайшоў нарад міліцыянтаў, са знарочыста абыякавым выглядам яны рушылі ўздоўж чаргі, спакваля знікаючы ў белым марыве. Нарэшце Мемуаран адпусціў работнікаў на кухню. На гэты раз давалі гарохавы суп з рыбінымі галовамі і замест чорнага хлеба паўбохана белага. Г. узрадаваўся такой разнайстайнасці меню. Было вельмі смачна. Тым больш што запіць гэта ўсё далі кіпенем з двума кускамі цукру. Гэта канчаткова ўзняло настрой, і Г., прыбыўшы да вогнішча, наважыў дагадзіць гаспадарам: ён ухапіў шуфель і за якія паўгадзіны літаральна адпаліраваў пляцоўку вакол Хлёпуса, на заканчэнне ўпрыгожыўшы лагер яловым голлем, якое паўтыркаў па акружнасці. Затым схадзіў у доктарскую палатку, урачыха зняла павязку з яго твару, агледзела рану, змазала зялёнкай і наляпіла пластыр. Цяпер нарэшце можна было стаць у чаргу. Якраз аціх снегапад. З неба асобнымі парашуцікамі спускаліся рэдкія сняжынкі. Па дарозе да свайго месца Г. сутыкнуўся з самім Смякляевым, якога не бачыў з першага дня. Той бадзёра шыбаваў уздоўж чаргі з кіпай “Народнай нядолі” пад пахай. Г. прывітальна кіўнуў. На што гэты славуты чалавек адказаў ветлівым кіўком. Г. заўсёды ўражваў аптымізм і сіла духу гэтага немаладога, але такога нязломнага чалавека, таленавітага паэта, палітыка і грамадскага дзеяча. Ніякай пыхі ў ім не было і паміну. Ад кіўка знакамітасці на сэрцы правінцыяла Г. яшчэ больш пацяплела.
Да абеду амаль нічога не адбывалася. Чарга стаяла і забаўляла сябе як магла. Напаўарлоў зноў наладзіў вакол сябе тэатр, дзе ён быў і акцёрам, і рэжысёрам. На гэты раз ён апавядаў пра асобу Кастуся Каліноўскага, раз-пораз мяняў голас, пераўвасабляючыся ў розныя персанажы. У народзе, што атачаў прамоўцу, аднойчы паказаўся бел-чырвона-белы сцяг, але яго хутка схавалі за спінамі пад шматгалосыя шыканні.
У другой купцы, маладзёвай, аўтары і чытачы часопіса “Высерань” спаборнічалі паміж сабой у майстэрстве дэкламацыі вершаў. Яны ўсперліся на зладжаную з лёду трыбунку, вышынёй з метр, і пачаргова аратарствавалі. Было прыемна, што пісьменніка Г. тут пазнавалі. Падышоў слынны малады крытык Белякявічус, паціснуў руку і сказаў, што чытаў апошнюю рэч Г. у часопісе “Бадзёрасць”. Неадказны сакратар зардзеўся, з пачуццём абняў Белякявічуса і сказаў, што чытае ўсе яго артыкулы і асабліва упадабаў артыкул у тыднёвіку, дзе той разбіраў раман класіка Пятра Абмякіна. Белякявічус пазнаёміў Г. са сваімі хаўруснікамі, сярод якіх было нямала паглядных дзяўчат. Г. хутка прыйшоў у гуллівы настрой і, каб казырнуць перад дзяўчатамі, успомніў маладосць і ўзлез на трыбуну з дэкламацыяй верша Васіля Рыкава. Ён яшчэ ў школе захапляўся творчасцю славутага песняра вайсковых дарог. На палове верша, праўда, Г. запнуўся, пачаў нешта мармытаць, успамінаючы, але слухачы яму падказалі. Г. узрадавала, што ў нас такая дасведчаная і развітая моладзь. Сышоўшы з трыбуны, ён праслязіўся, бо ўжо шмат гадоў шчыраваў на ніве падлеткавай прозы, паставіўшы за мэту зрабіць моладзь лепшай ва ўсіх адносінах. Было ўсцешна, што яго самаадданая дзейнасць дае свой плён.
І толькі перад абедам адбылася падзея, якая прытушыла такі цудоўны настрой. Аднекуль здаля данёсся рокат, а потым паказаліся самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі. Іх было чатыры. Прыкрывалася гэтая чарада баявым танкам, які роў гучней за астатніх. Увесь гэты гвалт спыніўся насупраць рэдакцыйнага ганка. Чарга баязліва замерла. З самаходак павыскоквалі салдаты і ўтварылі жывы калідор да ганка. Потым выскачылі афіцэры і выструніліся паралельна самаходкам. Неўзабаве з аднаго люка высунулася галава, а затым і ўсё мажное цела маршала Цемрашэвіча. Ён паважна ступіў на вытаптаны снег. Тады адзін палкоўнік з чарады афіцэраў страявым крокам скіраваў да маршала і голасна далажыў, што дарога расчышчана. Маршал паблажліва кіўнуў і сказаў “вольна”. А тады ў атачэнні верных афіцэраў рушыў да рэдакцыі. Пісьменнік Г. ведаў, што маршал Цемрашэвіч – гэта славуты аўтар гексалогій, агромністых раманаў пра беларускую вёску, якімі поўняцца ўсе часопісы Беларусі. На гэты раз Цемрашэвіч не прывёз з сабой непадымных рукапісаў – бо рукапісы чарговай эпапеі даўно ляжалі ў рэдакцыі, для іх, па чутках, быў адведзены асобны пакой. Цяпер жа маршал Цемрашэвіч, відаць па ўсім, прыбыў вычытваць карэктуру. У глыбіні душы, зусім-зусім трошкі, Г. пазайздросціў маршалу – пазайздросціў не таму, што той пнецца ў рэдакцыю без чаргі, а таму, што сам Г. ніколі не зможа напісаць гексалогій, прынамсі –да пенсіі, калі будзе багата вольнага часу.
Раздзел 7
Прыезд маршала Цемрашэвіча стаўся апошняй адметнай падзеяй, потым тры дні нічога значнага не адбывалася ў даўжэзнай чарзе. Нават снег не ішоў. Усталявалася марознае надвор’е, неба завалаквала смуга, скрозь якую редка-рэдка вызірала нізкае сонца. Пісьменнік Г. ужо прызвычаіўся да ранішняй фізічнай працы па ўпарадкаванні тэрыторыі лагера. Ён прыдбаў сабе новыя знаёмствы сярод літаратараў, якія кідалі снег і калолі дровы разам з ім. Вядома, што сумесная праца збліжае. Пад час перакураў шмат чаго цікавага і важнага даведаўся Г. Аказалася, што ён амаль не ведае літаратурны свет ці прынамсі мае аб ім даволі наіўнае ўяўленне. Адзін работнік паведаў яму, што, стоячы ў чарзе сумленна, Г. ніколі не дойдзе да мэты, то бок да рэдакцыі. У гэтым асаблівасць чаргі. Трэба шукаць нейкія іншыя, нестандартныя спосабы. Але якія менавіта – работнік не ўдакладніў, а Г. па прыроднай сціпласці спытаць не насмеліўся. Аднак гэтыя словы трывала заселі ў душы і пачалі даваць трывожныя парасткі. Неадказны сакратар стаў заўважаць, што за некалькі дзён ён і сапраўды амаль не прасунуўся да рэдакцыйнага ганка. Вакно на першым паверсе, шчыльна завешанае рудымі канцылярскімі шторамі, па-ранейшаму знаходзілася на яго ўзроўні. У адзін дзень ён быў трохі паперадзе акна, у другі дзень – трохі далей, але ў сярэднім не прасоўваўся да сваёй мэты. А між тым Г. сам бачыў, як рэдка, але нехта з чаргоўцаў залузваўся-такі ў ацынкаваныя дзверы рэдакцыі, бачыў, як нехта выходзіў адтуль – найчасцей замаркочаны і ў слязах, але выходзіў. Што б гэта магло значыць, чаму няма руху наперад – у гэтым была заклятая таямніца чаргі і Г. цвёрда рашыў яе разгадаць.
Аднаго разу, увечары, бавячы гадзіны перад сном з Ненатолем Ачмуціным, Г. наважыў задаць яму амаль прамое пытанне пра хітрую нерухомасць чаргі. Той, на здзіўленне Г., нітрохі не збянтэжыўся, а нават усміхнуўся, паклаў руку Г. на плячо, сказаў са шкадаваннем: “Ох, які ж вы яшчэ малады!” – і ў некалькіх словах акрэсліў сутнасць праблемы. Рэч у тым, гаварыў Ачмуцін, што само па сабе ў жыцці нічога не рухаецца і трэба рабіць, так бы мовіць, унёскі, а калі Г. хоча канкрэтней – то даваць на лапу дзелавым людзям. Тады Г. пераставяць бліжэй, і народ не абурыцца. Ачмуцін ужо колькі разоў так рабіў, але і гэта, заўважыў ён, не гарантуе стоадсоткавага поспеху – бо даюць усе. І пытанне толькі ў нюансах – хто дасць болей. Ачмуцін бы з задавальненнем даў так, каб не стаяць на лютым марозе, але цяжба з адным графаманам яго амаль разарыла. Г. можа сам упэўніцца, завітаўшы ў яго кватэру, што палова мэблі і кніг прададзена. Між іншым Ачмуцін запрасіў Г. у бліжэйшыя дні да сябе ў госці, пасядзець за чарачкай, паўспамінаць лепшыя дні, памарыць аб будучыні… А, і самае галоўнае, бачачы проста-такі нерэальную наіўнасць суразмоўцы, Ачмуцін сказаў зусім ужо пэўна – даваць хабар трэба Мемуарану, і тое не факт, што Мемуаран згодзіцца. Дакладней, яму трэба будзе узяць ад Г. заяву, паставіць яе ў чаргу такіх жа заяў і, калі Хлёпус падпіша, то гэта шанцунак.
У той дзень зусім прыгнечаны Г. выправіўся спачываць. Дакладней, пайшоў на сустрэчу з Навумовічам. Спаткаўшыся за рагом, Г. працягнуў яму загадзя падрыхтаваныя пяць даляраў, аднак жукаваты паэт, пакруціўшы галавой туды-сюды, прашаптаў, што такса павышаецца – цяпер сем даляраў. Г. паспрабаваў абурыцца, але Навумовіч быў непрыхільны – у краіне падаражэў хлеб, а таму ўсе тарыфы аўтаматычна ўзвышаюцца. Калі, канешне, Г. хоча начаваць у сумёце ці ў якім бамжатніку – то на здароўечка, разводзіў рукамі Навумовіч. Калі ж шаноўны спадар хоча спачываць у цёплым пакоі сярод інтэлігентных людзей, то варта заплаціць сем даляраў. З цяжарам у душы аддаў Г. праславутыя пяць даляраў і заплаціў рублямі яшчэ за два.
Гэтай ноччу, перш чым падняцца ў начлежку, ён абследаваў усе пад’езды навакольных дамоў – ці няма там гожага месца прысланіцца нанач да якой батарэі. Але большасць пад’ездаў мелі кодавыя замкі, у астатніх прыдатнай батарэі Г. не знайшоў. Трапілася адна батарэя, дзе б можна было драмануць, але каля яе ўжо гужаваліся агрэсіўнага віду падлеткі – далёка не такія харошыя і разумныя, як у яго аповесцях. Гэтыя могуць і ў пысу. Добра, што Г. адразу рэціраваўся. Падумалася, дарэчы, што нядрэнна б дзесьці набыць паляўнічы нож і на ўсякі выпадак мець пры сабе.
Наступнага дня, адпрасіўшыся ў Мемуарана, Г. злётаў на бліжэйшае паштовае аддзяленне – у пяці кварталах ад рэдакцыі, каб даць тэлеграму жонцы. Датэлефанавацца з мабільніка ніяк не атрымоўвалася. Відаць, з прычыны рэкордных маразоў у Сранцавічах трэснуў і разваліўся сотавы рэтранслятар. Таму прыйшлося заняць месца ў чарзе на пошце – гэтакай жа змяістай чарзе, як і каля рэдакцыі. Цяпер, згледзеўшы любую чаргу, Г. палохаўся, міжволі ўсчыналіся сэрцабіццё і ўдушша, ахоплівала паніка. Гэтак сталася і цяпер. Аднак неўзабаве Г. супакоіўся – чарга рухалася не ў прыклад злашчаснай рэдакцыйнай чарзе так, што вока ўлоўлівала гэты рух. Праз якія тры гадзіны Г. тэлеграфаваў жонцы, каб яна выслала яму дзвесце даляраў з зацемкі, то бок тыя грошы, якія яны збіралі на плазмавы тэлевізар. Абыдуцца і трубкавым тэлевізарам, не бяды. Галоўнае цяпер – адужаць чаргу. Будучая слава пакрые ўсе выдаткі, хай жонка будзе спакойная. Яшчэ Г. прасіў яе тэлеграфаваць сюды да запатрабавання праз дзень, каб ён быў у курсе сямейных і рэдакцыйных спраў. Прасіў таксама дазваніцца галоўнаму і супакоіць, што ён хутка вернецца, прычым з падарункамі для ўсіх супрацоўнікаў; прасіў, каб гналі ў нумарах любую чухну – газету ўсё адно ніхто не чытае, галоўнае, каб у гарвыканкаме не даведаліся, што Г. пакінуў месца працы без важкай прычыны… Хаця, думаў неадказны сакратар, выходзячы на мароз, якая прычына можа быць яшчэ болей важкай, чым намер стаць у чаргу?
Раздзел 8
Аднойчы ўранні, калі пісьменнік Г. прыбыў у лагер чаргоўцаў, ён заўважыў незвычайную мітусню. Каля вогнішча, якім загадваў Мемуаран, завіхалася чалавек дзесяць маладых і сталых пісьменнікаў. Чуліся крыкі, эмацыйныя перегукванні. Каля вогнішча ляжала некалькі буйных сувояў, жалезныя палкі, усялякі будаўнічы рыштунак. Г. прыспорыўся да Мемуарана. Той адразу ж запрог яго працаваць, не тлумачачы, што, уласна, яны будуць рабіць. Паяснілі самі работнікі. Адзін, вядомы байкаплёт Слесарэўскі, быў прызначаны на сёння прарабам. Па адукацыі інжынер-будаўнік, ён хвацка кіраваў працаю. Аказалася, яны ставяць буйную і доўгую гандлёвую палатку – Хлёпус адчыняе тут кніжны кірмаш. І трэба спяшацца, бо вось-вось падвязуць сам тавар. Сапраўды, не прайшло і паўгадзіны, як да вогнішча падваліла вялікая фура. Шафер-дальнабойшчык выйшаў, паздароўкаўся з Мемуаранам і папрасіў колькі людзей на разгрузку. Мемуаран дзьмухнуў у свістульку і падклікаў да сябе новыя працоўныя сілы ў выглядзе шасці паэтаў-пачаткоўцаў. Яны прыняліся цягаць з фуры кардонныя пачкі і стаўляць іх каля гандлёвай палаткі, якая пад кіраўніцтвам Слесарэўскага была ўжо напалову ўзведзена.
Работа спорылася. У палатцы зацяплілі буржуйку, з якой паваліў густы шызы думок, які дадаў рамантыкі ў аднастайнасць быту чаргоўцаў. Затым унутры паставілі два шэрагі доўгіх сталоў, павесілі над імі лямпачкі. Асвятленне ажыццяўлялася праз асабістую міні-электрастанцыю Хлёпуса, якая месцілася за рагом дома, працавала на мазуце, дыміла і раўла як апантаная.
Пісьменнік Г. уласнаруч выклаў ледзяністую падлогу палаткі духмяным яловым голлем. Словам, усё было падрыхтавана да ўносу самой прадукцыі – курган з пачкаў кніг выдавецтва “Варвест” высіўся збоч палаткі. Уносілі па камандзе Мемуарана, ён узразаў пачак, вымаў кнігі і ставіў па алфавітным парадку стосамі на стале. Ля кожнага стоса ён змяшчаў шыльду з назваю кнігі і імем аўтара. Літаратура там была выключна рускамоўная і дужа разнамасная. Ад спецыяльнай даведачнай літаратуры да парнаграфічных часопісаў, ад класікі сусветнай мастацкай літаратуры да зборнікаў анекдотаў. Уражвала шыкоўная размаітасць вокладак. Пераплёты з залатым цісненнем, з высокамастацкімі малюнкамі, са скуры кракадзіла, кнігі з супервокладкамі, дыхтоўныя кнігі з аўдыёдыскамі – шмат-шмат усяго, ад чаго ў пісьменніка Г. разыгрываўся чытацкі апетыт і расла прыкрая зайздрасць ад таго, што яго ўласныя кнігі выглядалі ў параўнанні з прадукцыяй “Варвеста” ўбогімі папялушкамі. Кусаліся і цэны. Аднак Г. рашыў, што б там ні было, купіць хоць адну прыгожую кнігу. Устрэмілася думка паставіць яе на ўласны пісьменніцкі стол – для ўзняцця настрою і як арыенцір на будучыню. Г. пакляўся сабе, што займее такую кнігу накладам за 50 тысяч з уласным імем на вокладцы. Ён паставіў сабе такую мэту і ён, чалавек дзівоснай нязломнасці і адвагі, даб’ецца жаданага.
А пакуль тое, давялося стаць у чаргу (“Зноў чарга!”), якая за некалькі хвілін утварылася некароткая, адсмоктваючы, так бы мовіць, кантынгент з асноўнай чаргі. Нецярплівыя пакупнікі прагнулі ўбіцца ў пунсовую палатку, над якой валіў з коміна вясёлы дымок. У палатцы за столікам сядзеў Мемуаран у сінім халаце прадаўца. Праваруч і леваруч ад яго, у такіх жа халатах, але таннейшага пакрою, сядзелі Ачмуцін і Навумовіч. Усе трое ўпраўна адпускалі тавар. Навумовіч выкрыкваў на ўсю іванаўскую назвы кніг і хваліў іх, і сцвярджаў, што нядорага. Ачмуцін быў не такі гаманкі. Аднак пісьменніку Г. пакуль гэта ўсё было не відно, толькі чуваць, бо ён знаходзіўся у метрах дзесяці ад палаткі на трыццаціградусным лёгкім марозіку, у чарзе, хвост якой даўно вываліў з палаткі “Варвеста” і разрастаўся ўсё болей.
Сам Хлёпус пакуль адсутнічаў. Па чутках, ён прыедзе ўвечары, на ўрачыстае адкрыццё кірмашу; казалі, будзе гулянне з шашлыкамі ды феерверк.
А пакуль што народ хваляваўся, прагнучы найхутчэй займець нешта ад славутага выдавецтва “Варвест”. Раптам пісьменніку Г. падумалася, што гэты ажыятаж, гэтая напруга апошніх дзён у чарзе, якая не вылілася ў які-кольвек скандал, – усё гэта не можа абысціся без выбуховай разрадкі. Потым Г. рашыў, што гэтай думкаю наклікаў бяду. Або, рэфлексуючы, меркаваў, што тое быў толькі яго прагноз, які вынікаў з ведання сітуацыі. Як бы там ні было, а скандал спраўдзіўся – лямантлівы, слязлівы, смаркаты, крывавы… адным словам – агідны. Зачыншчыцай яго сталася помная па бойцы з Чувырлам літаратарка Марыйсевіч. Неадказны сранцавіцкі сакратар і раней чуў, што Марыйсевіч называюць бабай-скандалам, што, маўляў, дзе яна ні з’явіцца – там крыкі, лаянка, мардабой і міліцыя. Чуў, але не мог даць веры, што такая разумная, мяркуючы па яе артыкулах, маладзіца здатная на зверскія супрацьпраўныя дзеянні. Гэта ніяк не ўкладвалася ў цнатлівай свядомасці Г. І тым не менш, яму давялося ў гэтым упэўніцца.
Раздзел 9
Марыйсевіч з’явілася знянацку, у жывым калідоры паміж дзвюма чэргамі, як бы маючыся агаломшыць людзей. З’явілася ў чорным трыко і сінім цесным світэры, басанож, з валасамі тырчастымі, аблітымі, відаць, нейкім клеем. На шыі ў яе вісела шыльда з надпісам, які пісьменнік Г. так і не паспеў расчытаць. Марыйсевіч зацягнула голасна, з завываннямі, нейкую ўкраінскую песню, выпростваючы рукі ўгору. Народ напраўду аслупнеў. Раптам з чэргаў выскачылі чатыры маладзёны рознага полу, але ў аднолькавых з Марыйсевіч уборах. У іх руках вокамгненна з’явіліся бенгальскія агні, адзін ірвануў петарду, а тады ўсе яны хорам завылі. Пры гэтым дзве дзяўчыны ў трыко распласталіся ля ног Марыйсевіч.
Гэтае вычварства пісьменнік Г. назіраў з трывожным здзіўленнем. Толькі потым яму, правінцыялу, патлумачылі, што гэта перформанс. Пакуль жа ён сачыў за развіццём падзей з няўцямным выразам праставатага твару. І вось праз колькі хвілін нешта пайшло не па сцэнарыі. Марыйсевіч неспадзявана кінулася да меншай чаргі, схапіла некага і стала лямантаваць. З дапатопнай цікаўнасцю Г. пасунуўся да яе. Аказалася, што Марыйсевіч, магутная і грозная, трымала за футра худзенькую дзяўчыну, у якой Г. пазнаў скандальна вядомую журналістку Заслаўскую. Марыйсевіч тузала яе за футра і галасіла, каб тая выйшла вон і не глядзела на яе. Дзяўчына рахмана пераконвала, што стаіць у чарзе па кнігі і зусім не збіраецца глядзець на гэты дурнаваты спектакль. Ад слоў Заслаўскай Марыйсевіч увачавідкі прыходзіла ў дзікі шал. Твар яе збарвянеў, як у гіпертанічкі, яна перахапіла Заслаўскую за каўнер пад горлам і матляла, соўгаючы па наледзі. Народ наўздзіў бязмоўнічаў і бяздзейнічаў.
Распаляючыся, Марыйсевіч зыкнула, што апошняга разу загадвае Заслаўскай сысці па дабру, але, не дачакаўшыся адказу ад спалатнелай дзяўчыны, тарганула яе так, што тая паслізнулася і ўпала б, каб не магутная рука Марыйсевіч, што трымала яе каўнер. Тады раз’ятраная публіцыстка падняла Заслаўскую, нібы перыйка, з зямлі ды заляпіла смачную аплявуху. Раздаўся характэрны пляскат. Але і на гэта народ не зрэагаваў. Марыйсевіч, падсілкаваная высокай дозай адрэналіну, усчала калашмаціць маладую журналістку штосілы. Яна біла ёй пад дых каленам, ірвала валасы, узнагароджвала кухталямі, шоргала па наледзі. Толькі праз секунд дваццаць гэтага шалёнага гвалту з натоўпу выскачыў Гадановіч і павіс на руках у прыяцелькі. Туга б яму прыйшлося, каб за ім следам не выскачылі памагатыя і не ўчапіліся за ўсе рукі і ногі Марыйсевіч – на кожным яе члене павісла некалькі мужыкоў. Прагрэсіўную публіцыстку павалілі долу, намагаючыся суняць, але яна раўла як скажоная, патрабуючы даць ёй “гэтую гадаўку”, то бок Заслаўскую.
Чым правінавацілася худзенькая дзяўчына перад Марыйсевіч, пісьменнік Г. не ведаў. У той самы момант, калі трэба было ўмяшацца і спыніць гвалт, Г. раптам працяў подленькі страх. Успамін пра папярэднюю бойку, з удзелам таксама скандальнай Марыйсевіч, не даваў зрушыцца з месца на дапамогу Заслаўскай. Не дазваляў помны эпізод, калі яму раскроіў твар чахлы дзядуля з кульбаю. Г. затросся як у ліхаманцы, не ў змозе крануцца з месца. Ох, як сорамна яму за гэта было… Замест таго, каб мужна імчацца да Заслаўскай, ён захінуў твар далонямі, каб не бачыць збіцця. Балазе працягвалася тое не вечнасць – да зрынутай на лёд Марыйсевіч, якая звівалася ў захопах Гадановічавых людзей, імчаліся доктарка і медсястра. “Бром з люміналам!” – гэтыя словы доктаркі адбіліся ў свядомасці Г. Медыкі населі на Марыйсевіч і праз адзежыну вялікай іголкай ушпільнулі заспакаяльнае. Прагрэсіўная публіцыстка паторгалася яшчэ з хвіліну, слабеючы, і заціхла. “У палатку, пад кропельніцу!” – закамандавала ўрач. Марыйсевіч поцягам павалаклі да медпалаткі. Народ у чэргах гудзеў растрывожаным вуліем. Вочы Г. замгліла чырвоная павалока, ад напругі яго ўражлівая натура сарвалася на істэрыку. Ён упаў на снег і задушліва ўсхліпваў, і тонка стагнаў, мармычучы няўцямнае для людзей, якія не адразу скумекалі, што Г. патрэбная дапамога.
Медыкі былі занятыя куды больш цяжкім выпадкам з Марыйсевіч, таму Мемуаран абмежаваўся тым, што расціраў твар Г. ледзяністым снегам, даваў поўхі і адпойваў гарэлкаю. Толькі праз гадзіну Г. перастаў трэсціся.
Раздзел 10
З прычыны крывавай расправы, здзейсненай Марыйсевіч, у лагеры ўсчаўся пярэпалах. Людзі бегалі то да палаткі, дзе адхайваюць пісьменніка Г., то да месца, дзе паклалі на насілкі Заслаўскую, то да медпалаткі, дзе спуталі Марыйсевіч і капаюць лекі. Імгненна зашустрыла радыё “Воля”, колькасць яго карэспандэнтаў вырастала неймаверна, нібы іх кланіравалі ў рэдакцыйным аўтобусе. Шумлівыя, яны лёталі па лагеры, хапаючы кожнага стрэчнага і прапаноўваючы даць інтэрв’ю. Зрэшты, Гадановіча не трэба было ўломліваць, ён з азартам загаманіў аб гэтым надзвычайным здарэнні – румяны, задзірысты і рухавы, з рукамі ў кішэнях і з бел-чырвона-белым шалікам на шыі, распавядаў бывалы паэт “Волі” пра выпадак з Марыйсевіч. Ён бараніў прыяцельку, перакладаючы віну на Заслаўскую – нібыта тая доўгія месяцы пісала на Марыйсевіч пасквілі ў газетах і часопісах, а сёння, стоячы ў чарзе, нібыта па кнігі, насамрэч вяла падрыўную дзейнасць, не даючы засяродзіцца на перформэнсе. На пытанне “Волі”, дык навошта ж было так люта збіваць, прагрэсіўны паэт прыхіхікваў – а хай дзеўка не нарываецца.
Двое іншых карэспандэнтаў накінуліся на паўпрытомную Заслаўскую, якая знаходзілася на насілках, пакладзеных проста ў сумёт. Абодва вокі яе былі сінія, вусны крываточылі, рукі трэсліся, голас дрыжэў. Каля яе завіхаліся сяброўкі, адпойваючы гарачым чаем і змазваючы раны. Заслаўская ледзь магла гаварыць, але напорыстыя карэспандэнты тыцкалі ёй у твар мікрафон, тараторылі пытанні, сярод якіх пераважала назойлівае – а ці будзе яна падаваць у суд, ці будзе адкрыты працэс над Марыйсевіч, радыё “Воля”, маўляў, стане дабівацца адкрытага працэсу. Пыталіся, як на гэта адрэагуюць родзічы Заслаўскай, калі даведаюцца. Ну і ўсё ў такім духу. Словам, мучылі няшчасную дзяўчынку нястомна. Нарэшце з’явілася некалькі сябрукоў Заслаўскай, даволі дужыя хлопцы, і настойліва папрасілі “Волю” пераключыць увагу на каго іншага. “Воля” крыху адышлася, але і зводдаль былі чуты яе выгукі, прычым слова “суд” вымаўлялася з нейкім экстазам.
Вакол Заслаўскай пакрысе сфармавалася кола прыяцеляў, агрэсіўна настроеных на Гадановічаву групоўку, у якую, як вядома, уваходзіла азвярэлая Марыйсевіч. Пачаў назапашвацца ваяўнічы патэнцыял паміж гэтымі коламі, ужо паляцелі ў праціўнікаў снежкі і камлыгі лёду, калі падаспеў Мемуаран і строга загадаў супакоіцца. Праз дзве гадзіны мусіць пачацца адкрыццё кніжнага кірмашу, і ён не хоча, каб гэта скасавала міліцыя. Словы Мемуарана мелі дабратворны ўплыў на разгарачаных маладзёнаў. Хутка доктарка з медсястрой вынеслі размяклае цела Марыйсевіч і здалі яго пад апеку хаўруснікаў, а ў медпалатку панеслі Заслаўскую – з ёй таксама трэба было шмат працаваць.
Тым часам пісьменнік Г., апрытомнены Мемуаранам, стаў на кволыя ногі і выйшаў праветрыцца на трыццаціградусны марозік. Сіверы гналі пазёмку. Над лагерам маляўніча дымілі коміны і матляліся на ветры зыркія лямпачкі. Асноўная чарга зусім парадзела, бо ўжо падкацілі бочку бясплатнага піва ад Хлёпуса, ужо Слесарэўскі з памочнікамі ладавалі шашлычную. Па чутках, кожнаму дадуць па нізцы бясплатнага барановага мяса. Народ узрушыўся. Актывізаваліся Напаўарлоў і Смякляеў. Калі першы, згуртаваўшы вакол сябе моладзь, мірна распавядаў пра князя Ягайлу, то другі даводзіў слухачам, усё болей смялеючы, як кепска жывецца народу пры адсутнасці грамадзянскіх свабода. Такая гамонка нібы магнітам прыцягнула карэспандэнтаў “Волі”, якія наставілі зброю сваіх мікрафонаў і відэакамер на бунтоўнага паэта. Нехта правакацыйна выняў нацыянальны сцяг і стаў ім размахваць. Але нядоўга – нехта гвалтам накінуў на сцяг кажух, пачалася валтузня, якую, праўда, хутка сунялі людзі Мемуарана. На завяршэнне нейкі гад выбухнуў у натоўпе петардай. Аднак усё абышлося: роты міліцыянтаў, што стаялі ў двух кварталах ад рэдакцыі, не набліжаліся.
Пісьменнік Г. самотна брадзіў па лагеры. Барадаты, з заплечнікам, у валёнках і рукавіцах, ён нагадваў Івана Сусаніна. Толькі ён нікога нікуды не вёў. Наадварот, туга і безнадзейнасць змушалі яго да руху. Звыклы многа хадзіць, неадказны сакратар спрабаваў гэтак суцішыць хандру, якая апанавала яго пасля выпадку з Марыйсевіч. Ён моцна зняверыўся ў людзях. Як яны так доўга маглі назіраць, як збіваюць дзяўчынку?! А галоўнае, як ён сам, бравы літаратар, пясняр высокай маралі і флагман падлеткаў усяе Беларусі, пасмеў не кінуцца на падмогу ахвяры?! Г., будучы па прыродзе мазахістам, з насалодай стаў уядаць сябе падобнымі думкамі. Праўдзівей, адна яго частка хацела спакою і радасці, а другая, подлая, вярэдзіла незагойныя раны. О, Божа, гаварыла гэтае “я”, колькі я тут стаю, колькі ўсяго адбылося, колькі я грошай патраціў, колькі сілаў і калорый паклаў, колькі ўрону нанёс сваёй адсутнасцю сранцавікцай газеце – а выніку практычна няма! Я ўсё гэтак жа стаю, думаў Г., пад пятым ад ганка вакном, дзень пры дні не прасоўваючыся наперад. Як жа засвярбела зараз неадказнаму дастаць усе грошы, што мае, і аддаць іх начальнікам, каб яго пераставілі бліжэй да ўвахода! Аднак другое “я” душыла гэтую маладушнасць. Пісьменнік Г. не з такоўскіх! Ён будзе мужна біцца за сваю праўду, пакуль стане сілаў. Ён будзе мерзнуць тут, хрыпець, высільвацца на колцы дроў і парадкаванні тэрыторыі – але яму не сорамна будзе зірнуць сабратам у вочы. Чакай, гаварыла яго кепскае “я”, а не прасоўваешся ты па чарзе ці не таму, што вось гэтыя сабраты, якіх ты так апяваеш, і становяцца раз-пораз бліжэй да ганка насуперак сумленню і сораму, га? А калі не яны, то чаму ты не рухаешся па чарзе? Бедачына Г. быў ужо не ў змозе трываць гэты верад. Ён падышоў да бочкі з півам і ўзяў свой бясплатны куфель. Дабрадатны напой, цёплы ў параўнанні з марозным паветрам, хутка сагрэў нутро і расцяпліў думкі. Адыграла ролю і гарэлка, якую ліў у яго Мемуаран, адхайваючы; напоі, так бы мовіць, сплюсаваліся, узмацнілі адно аднаго. І пісьменнік Г. спакваля расслабіўся, а затым раскісла паплыў па хвалях агульнай весялосці: адкрыццё кніжнага кірмашу якраз пачыналася.
Раздзел 11
Калі пачаліся шашлыкі і феерверк, пісьменнік Г. зусім разамлеў. Ён неяк міжволі далучыўся да маладой разбітной кампаніі, дзе верхаводзіў крытык Белякявічус. Дзіўна глядзеўся Г. побач з маладымі і навамоднымі хлопцамі і дзяўчатамі ў сваім пацёрханым кажусе, валёнках, са сваім заплечнікам, дзе ляжаў неацэнны рукапіс. Ён прыцягваў да сябе ўвагу чаргоўцаў, некаторыя пачалі пасмейвацца і паказваць пальцамі. Навумовіч спадцішка кпіў з яго і пакочваўся з рогату, нашэптваючы нешта на вуха крытыкесе Налейнік. Дарэчы, неадказны сакратар беспаспяхова шукаў Налейнік усе папярэднія дні – хацеў падзякаваць той за артыкул пра яго аповесць, дзе адна гераіня-садыстка прывязвала сына да дрэва, нібы сабаку. Налейнік асабліва ўпадабала гэты эпізод, яна назвала яго адкрыццём у беларускай літаратуры. Прачытаўшы яе артыкул, пісьменнік Г., помніцца, расчуліўся і нават цішком сплакнуў. Ён кінуўся шукаць тады Налейнік па інтэрнэце, але нідзе не было яе тэлефона. І ніхто са знаёмых не падказаў. А прыбыўшы ў чаргу, першага дня, Г. адразу згледзеў крытыкесу, аднак тады было не да падзяк – трэба было найхутчэй зарыентавацца ў чарзе. А потым і Налейнік некуды знікла.
Паддаты Г. ў шумлівым хаўрусе маладзёнаў, такім чынам, не бачыў, як Налейнік з Навумовічам паказваюць на яго кіўкамі ды сцябаюцца. А Г. тым часам танчыў пад губны гармонік, на якім наярваў Белякявічус. Ён пускаўся ў прысядку, гупаўся на калені і ўскокваў на ногі зноў, пляскаў далонямі па бёдрах, а потым зладзіў на ледзяністай пляцоўцы брэйк-данс – пад воклічы маладзёнаў. Затым яны скінуліся па дваццаць тысяч і адправілі чалавека да Гадановіча; у адной з палатак нацыяналпаэт прадаў ім тры пляшкі каламутнага самагону. Пілі, тайком перадаючы па крузе конаўку нібыта з гарбатаю. Даўно пісьменнік Г. гэтак не расслабляўся. Напружныя сцюдзёныя дні ў чарзе запатрабавалі разрадкі. І Г. знайшоў яе ў алкаголі. Дрэнна памятае неадказны сакратар, як а адзінаццатай яны выправіліся ў “ін’яз” на дыскатэку. Там, у зале, пад гукі хвацкіх мелодый Г. працягваў вудурвацца – галёкаў, улюлюкаў, запрашаў незнаёмых “ін’язавак” танцаваць. Але тыя шарахаліся ад барадатага дзядзькі з заплечнікам. Г., не адчуваючы сваю недарэчнасць, устрэмліваўся ў чужыя кампаніі, пару разоў хапаў дзевак за задніцы. Гэта ледзь не выклікала канфлікт і бойку – Белякявічусу з цяжкасцю ўдалося суняць хлопцаў “ін’яза”.
Потым у Г. здарыўся правал у памяці – на гэты час яго паклалі спаць на шэраг крэслаў ля сцяны. Тым часам Белякявічус з хаўруснікамі знялі нейкіх нагастых дзевак і пацягнуліся з тымі ў інтэрнат доўжыць гульбу. Непрытомнага Г. павалаклі за сабой пад рукі. Аднаго разу ляснуліся з ім, паслізнуўшыся на лёдзе, заплечнік зваліўся ў яго са спіны – і толькі цудам адзін з маладзёнаў, абярнуўшыся, гэта заўважыў, падняў і зноў пачапіў на спіну Г., якога ўжо былі паднялі і валаклі далей.
У інтэрнаце яны падняліся чорным ходам на пяты паверх, зачыніліся ў цесным пакоі. Неадказны сакратар памятае нейкія выгукі, нейкія варухлівыя голыя клубы, нібыта нейкія пышныя грудзі, нібыта нейкія стогны. Аднаго разу яму здалося, што нехта наступіў яму абцасам на твар. Ачуўся Г., калі ўжо віднела, – у палатцы з буржуйкай. Увайшоў чалавек, адчыніў засланку, падкінуў дровы і выйшаў. У пярэпалаху ўскочыў Г. на ногі і, ледзьве не развярнуўшы палатку, выбег на паветра. Лагер яшчэ спаў. Толькі некалькі чалавек дазорных стаялі ў чарзе. Г. зноў зазірнуў у палатку. Нейчыя целы ўпокат ляжалі на нарах, вельмі цесна. Здалося, што Г. пазнаў чаравікі Белялявічуса – і тут стаў прыгадваць, што выпраўляўся на гулі ў “ін’яз”. Ён не на жарт збаяўся. Што ён там рабіў? Нічога толкам не памятае. Божа! Абхапіўшы галаву рукамі, Г. патрухаў саракаградусным марозікам да паштовага аддзялення. Там, прастаяўшы ў чарзе нядоўга, з гадзіну, ён дазваніўся дадому і перагаварыў з дашчэнту зляканай такім раннім званком жонкай: казаў, што ўсё нармальна, што хутка будзе, чарга ўжо, маўляў, набліжаецца. Прасіў, праўда, выслаць яшчэ грошай – для чаго сказаў прадаць стары камод і кілім, што вісіць на сцяне ў яго працоўным кабінеце. Рэчы ўсё адно не вельмі патрэбныя і зусім не модныя, а калі яго прымуць у рэдакцыі і пойдуць сур’ёзныя ганарары – яны, маўляў, купяць сапраўдны турэцкі кілім і зробяць еўрарамонт. Пра рэдакцыйныя справы ў сранцавіцкай шматтыражцы Г. зусім не пытаў. Нагадала пра гэта сама жонка – што галоўрэд без просыху п’е, а праспаўшыся, цягаецца ў рэдакцыю і кляне, і мацярыць там Г. за тое, што ён заваліў справу, што раёнка ўжо мае памер сурвэткі, што вось толькі хай неадказны тут з’явіцца – ён з ім пагаворыць душэўна. Г., зрэшты, не вельмі напалохала тое – страх згубіць чаргу, а таксама страх адказнасці за свае ўчарашнія выхадкі пераважылі.
Раздзел 12
Пры набліжэнні да лагера, які патанаў у ранішняй марознай смузе, Г. заўважыў нешта няладнае – нейкія празмерныя варушэнні ў раёне іх вогнішча. Адразу стала зімна і боязна. Нясмелым поступам, нібы гатовы штосекунды ўцякаць, пісьменнік Г. рушыў наперад. Чарга папаўнела, у яе далучаліся новыя літаратары, што прыбывалі з ночы. Моцна дыміла палявая кухня. Пад лыжачкай каварна засмактала, неадказны сакратар учора ўвечары зусім мала еў, усё больш піў. Ад паганай самагонкі ў горле стаяў даўкі камяк, муціла. Ох, з якой бы асалодай Г. выпіў цяпер кубачак моцнай кавы з пячэннем, гэтак ён прывык пачынаць свой працоўны дзень у рэдакцыі. Аднак кавы тут не падаюць – палявая кухня можа прапанаваць у лепшым выпадку аўсянку з прагорклым салам, а ў горшым – баланду з крапівы, запраўленую пацярухай, то бок адкідамі рыбалоўнай вытворчасці. Але Г. гатовы і на баланду, абы нечым цёплым страўнік запоўніць, перабіўшы гэтым млосць, а разам з ёй – і цьмяныя ўспаміны пра ўчарашні разгульны вечар. Дык што ж ён там нарабіў? – не адпускала трывожная думка. Трэба як найхутчэй спытацца ў Белякявічуса.
Аднак спытацца ў прагрэсіўнага крытыка Г. хутка не ўдалося – падышоўшы да вогнішча Хлёпуса, ён убачыў дзіўную карціну. На расчышчанай ад метровага снегу пляцоўцы, памерам з паўхакейнае поле, стаяў Мемуаран у кажусе і вушанцы, а перад ім, долу, з голымі торсамі і ў кедах, адціскаліся па камандзе яго ўчарашнія сабутэльнікі-хлопцы, уключаючы і бравага Белякявічуса. “Устаць!” – закамандаваў Мемуаран. Хлопцы шарэнгай ускочылі. “Легчы!” – тыя пляснуліся на лёд. “Устаць!”... “Легчы!”… “Устаць!”… “Легчы!”… У Г. заняло дух і падалося, што валасы падымаюцца дыбарам і прыўзнімаюць шапку. Не адразу пісьменнік дакеміў, што гэтак Мемуаран карае маладзёнаў за ўчарашняе парушэнне рэжыму. Нехта, відаць, нафіскаліў. Або Мемуаран спаткаў іх пад раніцу п’янымі ўшчэнт. Толькі гэтага не хапала. Пісьменнік Г. лагічна падумаў, што замест ранішняй баланды яму прапануюць прыняць “упор лежачы”. “Упор лежачы прыняць!” – сапраўды выгукнуў Мемуаран, зрэшты зусім не зважаючы на Г., які бянтэжліва замёр перад пляцоўкай. – “Раз, два, раз, два…” – зухавата камандаваў ён.
Больш ідыёцкага становішча Г. і прыдумаць сабе не мог. Хацелася падысці да Мемуарана і сказаць, каб і яго пакаралі, каб і яго паставілі ў шэраг з хлопцамі. Бо тыя ж яўна заўважылі Г. і злуюцца на несправядлівасць – найбольш бухім і адвязным учора быў ён, а не яны. І тым не менш Мемуаран, як бы не бачачы неадказнага, працягваў муштраваць літаратурную моладзь. Белякявічуса, што нядбала адціскаўся ад лёду, ён пагнаў на перакладзіну, якая на краі пляцоўкі была зладжана паміж двума дрэвамі. Той, як гліст, звіваўся на сцюдзёным жалеззі, але больш за тры разы падцягнуцца не мог. “Яшчэ, яшчэ! Дрэнна!” – сердаваў Мемуаран. Калі Белякявічус зваліўся з перакладзіны, Мемуаран пусціў яго поўзаць па-пластунску па перыметры. А яго хаўруснікаў прымусіў бегаць на карачках уперад-узад.
Пісьменнік Г. працягваў аслупянела тырчаць непадалёк, баючыся азвацца. Тым часам ад чаргі сталі спаўзацца сюды цікаўныя. Карэспандэнты “Волі” даўно згледзелі гэты ласы кавалак і залеглі па перыметры пляцоўкі ў сумётах, наставіўшы на Мемуарана і яго падапечных рулі відэакамер. Божа, як сорамна было Г.! І тым не менш ён не мог зрушыцца з месца. У натоўпе, які пакрысе атачыў пляцоўку, пачаўся нястрымны рогат, калі Мемуаран закамандаваў маладзёнам бегаць навыперадкі дваццаціметроўку, а таму, хто прыбяжыць апошнім, належала лезці на перакладзіну. Бедны задыханы Белякявічус неадменна прайграваў. Ён ужо не мог даскочыць да перакладзіны – і плюхаўся на лёд бязвольнаю клушай. А Мемуаран не адставаў і загадваў адціскацца ад долу. Праз сорак хвілін гэтага відовішча Г. нарэшце выйшаў са здранцвення і пабег на сярэдзіну пляцоўкі да камандзіра. Ён, рыдаючы, пачаў прызнавацца, што і ён учора быў на дыскатэцы, і ён напіўся ў сцельку, і ён парушыў лагерны рэжым – дык чаму ж яго не караюць?! Мемуаран выслухаў яго тыраду, паблажліва паляпаў па плячы і сказаў, што не ва ўзросце Г. трываць такія нагрузкі. Да таго ж, як будуць на яго глядзець чытачы, якія даведаюцца праз “Волю”, што сам пісьменнік Г., гэты дбайца за чысціню нораваў, настаўнік і ўзор для падлеткаў, учора нажорся самагонкі і цяпер пакараны? Не, Мемуаран не лічыць гэта ні педагагічным, ні справядлівым. Для Г. будзе сёння іншая праца – увечары ён заступае вартавым перад гандлёвай кніжнай палаткаю. Стрэльбу атрымае пасля вячэры. А цяпер хай ідзе падмацавацца на палявую кухню і становіцца ў чаргу. Затым Мемуаран зноў павярнуўся да Белякявічуса і хаўруснікаў ды пракрычаў: “Упор лежачы!”
Раздзел 13
Дзень пакрысе набіраў сваю моц, раскачагарваўся на звыклую паўсядзёншчыну. Пісьменнік Г. нарэшце дабраўся да палявой кухні і, можна сказаць, упершыню за суткі нармалёва перакусіў. Меню было неблагое – рэвеневы вітамінны адвар з косткамі барана, паўцагліны чорнага хлеба і на запіўку адвар з жалудоў. Асабліва спадабаўся гэты жалудовы імітатар кавы. Непітушчы пісьменнік Г. дужа сумаваў па ўлюбёным сваім напоі – зваранай каве, адзінай яго страсцю пасля, зразумела, літаратуры. Жалудовы адвар спарадзіў процьму прыемных успамінаў аб доме, аб мілай сэрцу рэдакцыі сранцавіцкай раёнкі.
Потым Г. з паўгадзіны пабрадзіў па прылеглых дварах, каб пабыць на адзіноце да таго, як заступіць у чаргу. Двары былі завалены двухметровымі сумётамі. Дворнікі прарылі там асобныя сцяжыны, па якіх народ рушыў, як па акопах. Была расчышчана і дзіцячая пляцоўка, на якой нехта забыў вядзерца і шуфлік. Г. узяў гэтыя малечыя прычындалы ў рукі, задумліва пакруціў і паставіў на заледзянелую дзіцячую горку – каб было бачна гаспадарам. Прастадушны Г. і падумаць не мог, што з такога віднага месца цацкі хутчэй скрадуць тыя, каму яны не належаць, чымся знойдуць тыя, хто іх згубіў. Г. жыў у сваім, пабудаваным ім казачным свеце, населеным дзівоснымі персанажамі, якім чужасныя нізкія зямныя памкненні, як тое ўкрасці, згвалціць, наздзекавацца. Праўдзівей, асобныя персанажы, што неслі ў сабе зло, ён наўмысна ўводзіў у свае светлыя творы – каб пры канцы развянчаць іх, выкрыць, зніштожыць маральна. Пісьменнік Г. быў, папраўдзе, добрым чалавекам.
Чарга сёння, як заўважыў Г., была непрывычна ажыўленая. Відаць па ўсім, на яе паўплывалі ўчарашнія шашлыкі, бясплатнае піва і феерверк, зладжаны “Варвестам”. Ля кніжнай палаткі, зноў, як і ўчора, віўся хвост чаргі. Прадаўцы – Мемуаран і два яго памагатыя, Навумовіч з Ачмуціным, – сядзелі на сваіх месцах і спрытна адпускалі тавар. Г. успомніў, што ўчора так і не набыў прыгожую кнігу, а сёння няма сілаў стаяць у дзвюх чэргах. Яшчэ будзе час набыць варвестаўскую прадукцыю. Цяпер жа трэба стаяць – то бок займацца справай, дзеля якой ён прыляцеў на верталёце са Сранцавічаў. Чарга шумела – бурчэла, шаптала, пляткарыла, смяялася, нават плакала. Тут прысутнічаў, словам, увесь спектр чалавечых эмоцый. А першай дня, зрэшты, па ёй прашалахцелі трывожныя словы “хуткая”, “прыступ”, “сэрца”. Аказалася, адзін пажылы дзядзька выйшаў на ганак пасля размовы з рэдактарамі ды раптам схапіўся за грудзі, закашляўся і пакаціўся з прыступак. Людзі кінуліся да яго, паднялі, аднеслі ў медыцынскую палатку. На гэты раз абышлося без “хуткай” – дзяжурная дактарыха з медсястрой прывялі яго да прытомнасці.
Неўзабаве гэты вусаты і сівы чалавек, сантэхнік па сваёй асноўнай спецыяльнасці, сядзеў ля вогнішча Напаўарлова на купцы дроваў і за конаўкай чаю распавядаў, што з ім здарылася. Пісьменнік Г., апанаваны цікаўнасцю, выйшаў на колькі хвілін з чаргі і паслухаў яго аповед. Выявілася, што рэдактары працавалі з ім усю ноч, пачаргова. Адзін рэдактар быў злы – і распякаў дзядзькавы вершы на ўсю закрутку, прыдзіраўся да кожнай дробязі, абражаў, пагражаў, не даваў нават вады папіць. Другі ж рэдактар, што змяняў яго кожныя дзве гадзіны, быў сама дабрыня. Ён прапаноўваў аўтару цыгарэтку, наліваў баржомі, даставаў з халадзільніка бутэрброды, гутарыў задушэўна, умольваючы па-добраму забраць рукапіс. Але дзядзька, спрактыкаваны ў літаратурных варунках, на гэта не згаджаўся. Тады добры рэдактар сыходзіў – і на змену яму ў кабінет урываўся той ранейшы, суровы. Ён лаяў паэта, марыў голадам, пагражаў пабоямі, карцэрам, курыў, наўмысна пускаючы дым у твар апанента. Але і на гэта не паддаваўся паэт – ён цвёрда стаяў на сваёй праўдзе, што рукапіс яго варты друку. Карацей, мардавалі яго так паўсутак, потым выпусцілі, не дамовіўшыся ні аб чым. Прызначылі явіцца праз некалькі дзён. І вось, удыхнуўшы на рэдакцыйным ганку свежае паветра, расслабіўшыся, паэт-сантэхнік, які ніколі не жаліўся на здароўе, адчуў моцны боль за грудзінай і ўдушша; уваччу пацямнела, і ён не памятае, як апынуўся ў медыцынскай палатцы… З узрослай трывогай у душы, якая дужалася з прыроднай мужнасцю, адыходзіў пісьменнік Г. ад вогнішча Напаўарлова і ўціскаўся ў чаргу.
Раздзел 14
Пасля абеду Мемуаран адправіў пісьменніка Г. выспацца перад начным дзяжурствам. Ён давёў Г. да палаткі з надпісам “Вартавая” і ўказаў месца ўнутры на нарах. Сказаўшы, што без дзесяці восем яго разбудзіць апальшчык, Мемуаран адышоўся. Дзелавы і рухавы, ён з першых дзён знаёмства выклікаў у Г. павагу і нейкае трапятанне. Неадказны сакратар ніяк не мог уцяміць, як пісьменнік, славуты на ўсю Беларусь вытанчанымі эсэ-ўспамінамі, можа праяўляць такую цвёрдасць і абаротлівасць у наглядзе за чаргою.
Буржуйка весела чырванела ў нетрах палаткі. На драўляных нарах, апроч Г., нікога не было. Зайшоў апальшчык – малады паэт-наватар – адчыніў печку, паварушыў у ёй, падкінуў дроваў і знік. Г. пасля ўчарашняй загульнай ночы разбірала салодкая млявасць. І разам з тым не давалі заснуць трывогі: падзеі апошніх сутак варочаліся ў мозгу млынам. Дый ці справіцца ён з вартай? Г., папраўдзе, ніколі не трымаў у руках срэльбу. Што як нападуць ліхадзеі? Раптам пранізліва ўзнікла думка, што сёння ён можа забіць чалавека! А як жа іначай, калі Г. прывык выконваць свае абавязкі з усёй адказнасцю? Што ж, нападуць – і ён неадменна стрэліць!
Перад адлётам у сон свядомасць Г. азарылася новым сюжэтам для чарговай аповесці. У ёй фігуравалі сумленныя юнакі, паглядныя дзяўчаты і бацька-педафіл. Сапраўды, ідэю педафіліі яшчэ ніхто не ўзнімаў у айчыннай літаратуры. Г. будзе першапраходнікам! З гэтым ён і захроп.
Прачнуўся неадказны сакратар акурат перад тым, як у палатку ўвайшоў апальшчык яго катурхаць. Гэта ўзрадавала Г., бо ён яшчэ раз упэўніўся, наколькі безадмоўна працуе яго падсвядомасць. Так, мозг Г. быў як швейцарскі гадзіннік, адладжаны, вывераны механізм, здольны да самай складанай разумовай дзейнасці.
На бягу закідваючы заплечнік з рукапісам, Г. памкнуўся да Мемуарана на інструктаж. Гэтым разам той сядзеў перад вогнішчам у фатэлі Хлёпуса, які адсутнічаў. Некалькі маладых пісьменнікаў завіхаліся побач з шуфлямі, чысцячы снег, які паспеў нападаць за вечар. Мемуаран быў у пышным футры, валёнках і рукавіцах. Ён ветліва сустрэў пісьменніка Г. і павёў за сабой да гандлёвай палаткі. Над ёй вісела гірлянда дзяжурных лямпачак. Вакол жа палаткі была расчышчана адмысловая сцяжына для каравула. Мемуаран паказаў Г. маршрут варты, сказаўшы, што трэба рухацца па коле, перыядычна мяняючы напрамак. Дый мароз не дазволіць стаяць, уначы абяцаюць за пяцьдзесят градусаў з лютым ветрам.
Затым Мемуаран завёў Г. у саму палатку, дзе ўрачыста дастаў з доўгай драўлянай скрыні ружжо-двухстволку. Калібр у зброі быў самавіты, з ёй яўна можна хадзіць на мядзведзя. Мемуаран паказаў, як дзейнічае гэтая зброя – ён зняў мехавыя рукавіцы, вывеў Г. з палаткі, прыпаў на адно калена, вомегам прыцэліўся і… на тым баку вуліцы з бразгатам разляцелася ўшчэнт тэлефонная будка. Ад выбуху двухстволкі Г. упаў на снег, аглушаны. Падняўся на кволых нагах з дапамогай Мемуарана.
Затым яны вярнуліся ў палатку, Мемуаран перазарадзіў ружжо, сказаўшы, што Г. павінен страляць без папярэджання, як толькі хто пераступіць рысу, утвораную вакол палаткі сцяжынай. Пісьменніку Г. перадаўся ваяўнічы дух начальніка, ён прагавіта схапіў стрэльбу, ледзь расчуўшы галоўнае – у чатыры гадзіны ночы Мемуаран прывядзе да яго змену, празаіка Шкандыбайлу.
Г. з усёй адказнасцю заступіў на свой пост. Грозна праходжваючыся ўздоўж палаткі, ён лавіў на сабе паважлівыя позіркі чаргоўцаў. Радавала, што яму першаму даручылі варту палаткі “Варвеста”.
Чарга спакваля радзела – людзі разыходзіліся нанач. Некаторых, праўда, падмянялі родзічы і знаёмыя, але ў параўнанні з дзённай чаргой начная выглядала зусім сіратліва: асобныя людзі стаялі ў пяці метрах адно ад аднаго, прысядаючы і топчачыся, каб не замерзнуць. Для абагрэву, зрэшты, была прадугледжана палатка, у якой магло адначасна знаходзіцца не больш за тры чалавекі не больш як пятнаццаць хвілін.
Апоўначы чарга прыняла амаль такі выгляд, які мела зранку, калі Г. па завядзёнцы адным з першых прыбягаў да яе з начлежкі. Вуліца вымерла і зеўрала паўцемраю. Толькі ў трох кварталах наперадзе міргалі агні міліцэйскіх машын, якія назіралі за чаргою. Згодна прагнозу, узмацняўся паўночны вецер. Неўзабаве жвавая фантазія Г. стала маляваць даволі непрыемныя карціны. Прыкладам, тое, што на паддашку прылеглага дома самотную фігуру Г. выцэльвае снайпер, каб бясшумнай высокадакладнай стрэльбай зняць вартавога, расчысціўшы хаўруснікам дарогу да запаветнай палаткі.
Раздзел 15
Нечакана для Г., які баяўся неадказна выканаць функцыю вартавога, гадзіны каравульнай службы мінуліся хутка. Ён нават не адмарозіў ніводнага пальца. Для чаго, праўда, прыйшлося бегаць вакол варвестаўскай доўгай палаткі, разразаючы сцюдзёны вецер, калі ён бег перад яе фасадам, і падганяцца гэтым ветрам, калі ён бег позаду. Аднаго разу вецер змахнуў з Г. шапку і шпурнуў яе ў гурбы снегу метраў на дзесяць. Не было ніякай мажлівасці вярнуць шапку, бо адыходзіцца з паста не дазволена. Пісьменнік Г. проста утуліў мазгаўню ў плечы і вышэй падняў каўнер кажуха. Стала ніштавата. Затое гэтыя праблемы – не адмарозіць усе магчымыя члены і галаву – адарвалі ад боязных думак наконт ліхадзеяў. Да таго ж на бягу ў глуздах Г. стаў неспадзявана раскручвацца сюжэт новай аповесці, дзе, нагадаем, мусіў дзейнічаць педафіл-бацька, які прыставаў да сябровак яго дачкі-шасцікласніцы, дакранаючыся спярша як бы няўзнак да розных частак іх цела і замысліваючы завабіць іх у якісьці зацішак…
Г. так захапіўся педафільнай гісторыяй, што не заўважыў, як са сцяны снегападу выйшаў да яго Мемуаран з берасцейскім празаікам Шкандыбайлам – каравульным новай змены. Г. схамянуўся, выструніўся і адрапартаваў Мемуарану, што ўсё ціха і ўсё як мае быць. Затым ён перадаў драбавік Шкандыбайлу і папрасіў Мемуарана дазволіць збегаць па шапку. Нялёгка адшукаў яе Г. пад тоўшчаю снегу, які пад такім марозам імгненна ператвараўся ў лёд. Прыйшлося літаральна адкалупваць злашчасную шапку. Але пісьменнік Г. годна справіўся з гэтым.
Мемуаран адвёў яго да дзяжурнай палаткі і сказаў класціся спаць да васьмі раніцы, да разводу, где будуць раздавацца нарады на работы. З якой асалодай паваліўся Г. на жорсткія нары ля гарачай буржуйкі! Ён завязаў вушы шапкі, падкурчыў пад сябе ногі ў валёнках і аддаўся ўсёпаглынальнаму сну…
Аднак прабуджэнне было трывожным. Нехта біў яго па спіне нечым тупым. Аказалася, апальшчык ніяк не мог раскатурхаць Г. і пусціў у ход ногі. Толькі тады Г. падняўся. “Бяда!” – крычаў пажылы апальшчык (здаецца, драматург, аўтар некалькіх п’ес). “А?!” – з вырачанымі ад страху вачыма Г. выбег з палаткі. Знадворку ледзь-ледзь віднела. Нешматлікі народ мітусіўся, раздаваліся крыкі, галас, лямант. Г. нічога не мог зразумець – і таму стаў панічна гарланіць разам з астатнімі. Усё змяшалася. Чарга страціла сваё рэчышча, рассяродзіўшыся між палаткамі і вогнішчамі. Злева, зводдалеку, за вогнішчам Смякляева, нешта зырка гарэла. Пісьменнік Г. убачыў крытыка Белякявічуса, які, зашпільваючы на хаду кажух, бег у той бок з двума хлопцамі. Г. рынуўся за імі.
Толькі паступова да яго даходзіла тое, што адбылося. Перабівістыя і няпэўныя чуткі і пагудкі ад стрэтых людзей склаліся, нарэшце, у пазл. Як выявілася, уначы перад досвіткам здарылася страшнае: празаіка Шкандыбайлу, каравульнага, усыпілі на пасту хлараформам. Ліхадзеі падкраліся да небаракі ззаду і накінулі снатворную анучку яму на пысу. Калі Шкандыбайла вырубіўся, яны закінулі стрэльбу ў сумёт – і развесілі на палатцы “Варвеста”, на самым фасадзе, што глядзіць на вуліцу, агромністы бел-чырвона-белы сцяг. Прычым прыляпілі яго нечым трывалым. Ліхадзеямі аказаліся людзі празаіка і бізнесоўца Сахроменкі, які пражывае стала на Ўкраіне, але абслугоўвае кніжны рынак Беларусі і Расеі, канкурыруючы з Хлёпусам. Людзі Сахроменкі здзейснілі свой налёт вераломна, пад покрывам ночы. Пакуль адны здымалі паставога і правакацыйна развешвалі на “Варвесце” нацыянальны сцяг, другія маланкава ставілі сваю гандлёвую палатку за крайнім вогнішчам Смякляева. Вечна пільны Мемуаран, выйшаўшы памачыцца на снег перад досвіткам, першы ўбачыў напаўмёртвага паставога і сцяг. Ён забіў трывогу. Людзі Хлёпуса былі на месцы праз якія тры хвіліны. І дзейнічалі вельмі рашуча. Адна група здзірала сцяг, пакуль канчаткова не развіднела і яго не згледзелі міліцэскія кардоны. А другая без усякіх міндальстваў і цырымоній, без перамоў і абурэнняў пусціла Сахроменку чырвонага пеўня. То бок проста аблілі яго палатку бензінам і падпалілі. Яна занялася спорна. Добра, што Сахроменка не паспеў выгрузіць і перанесці ў яе кнігі. На браніраваным грузавіку ён цудам уцёк ад справядлівай помсты. Услед яму ляцелі глыбы снегу і адборныя мацюкі людзей Хлёпуса і шараговых чаргоўцаў, якія таксама былі нездаволены прыхаднем.
Яшчэ не згарэла палатка, як Смякляеў наладзіў з гэтай нагоды крыклівы мітынг. Мемуаран жа хадзіў і злосна раскідваў нагамі рэшткі лагера Сахроменкі. Хутка ад палаткі застаўся адзін попел і абгарэлая арматура. Запрэглі маладых літаратараў, і тыя за паўгадзіны вычысцілі і закідалі снегам месца, дзе меліся атабарыцца ўкраінскія агрэсары. Калі разднела, і следу начнога здарэння не засталося. Толькі віраваў народ вакол смякляеўскага вогнішча. Сам трыбун стаяў на высокім сумёце і голасна абуджаў нацыянальную годнасць сабраных.
Разгневаны Мемуаран адчухаў пацярпелага Шкандыбайлу і загадаў адвесці яго ў палатку-карцэр. Палатка была без печкі. Да таго ж Шкандыбайлу распранулі да сподняга. Гэтак ён мусіў праседзець да ночы. З гарачкі Мемуаран адправіў і невінаватага пісьменніка Г. на кухню – чысціць катлы.
Раздзел 16
Увесь дзень, да позняга вечара, Г. шчыраваў на кухні чорнарабочым. Яго перадалі ў распараджэнне кухара, суровага шасцідзесяцігадовага паэта Пушчанскага. І той не выпускаў з-пад сваёй прыдзірлівай увагі падначаленага ні на хвіліну. Пушчанскі (або як хіхікалі ў тусоўках – Запушчанскі ці нават Спушчанскі) быў паэтам-лірыкам, які праславіўся некалькімі дзесяткамі кніг сваіх узнёслых вершаў. Паэт апяваў Пушчу, свой радзімы куток. Чытаючы яго вершы, слёзы наварочваліся на вочы чуллівага пісьменніка Г. Ён даўно хацеў пазнаёміцца з лірыкам, аднак не прадчуваў, што знаёмства гэта адбудзецца ў такім малапаэтычным месцы, як лагерная кухня, з яе дымам, чадам, смуродам недаедкаў, з пахамі прагорклага масла і тухлай капусты. Мала таго, кухар хадзіў вечна нахмураны і лаяў Г. за кожную прамашку – за неразваротлівасць, за нячыста, на яго погляд, вымытыя жалезныя талеркі, лыжкі і конаўкі, за бруд на падлозе і ўвогуле за тое, што сам выгляд Г. яго раздражняў.
Але ж раздражняў Пушчанскага не адзін Г. Па чутках, гэта быў надзіва склочны і лямантлівы дзядзька, што, зноў жа, ніяк не вязалася з яго ажурнымі прасветлымі вершамі. Акрамя таго, баялі, што Пушчанскі насамрэч у роднай пушчы не бываў гадоў ужо пятнаццаць, што разасраўся з роднай сястрой і братам і вядзе з імі цяжбу за бацькоўскую халупу ў тры акны. Раней, калі Пушчанскі летаваў у Пушчы, ён адмоўна настроіў супроць сябе ўсіх суседзяў, бо лаяўся з тымі з любой драбязы. Аднаго разу ён быццам бы ўначы пераставіў плот з суседам, усшырыўшы сваю тэрыторыю на колькі квадратных метраў. І яшчэ Пушчанскі быў нібыта вельмі абаротлівым у жыцці, у яго побытавым, матэрыяльным, далёкім ад лірыкі баку. Прыехаўшы сорак гадоў таму здзіўляць сталіцу, ён пачаў з таго, што ажаніўся на другім курсе з аднагрупніцай-мінчанкай, якая мела трохпакаёўку, пражываючы з бабуляй. Бабулю Пушчанскі зацкаваў і заеў да магілы даволі хутка і ўжо напоўніцу заўладарыў у кватэры. Тры яго сыны і адна дачка былі на сённяшні момант добра ўбітыя ў сталічную жылплошчу, у Пушчанскага была цэлая процьма ўнукаў. Зрэшты, зваднічаў і грызся ён з дзецьмі няспынна, усе хадзілі па яго струнцы. У рэдакцыях Пушчанскі нахрапіста сварыўся за ганарары. Цяпер жа, у чарзе, выскандаліў сабе самае цёплае месца – пры кухні.
Памятае пісьменнік Г., як яго гадамі мучыла пытанне – што ж за пушчу апявае Пушчанскі – Белавежскую ці Налібоцкую, ці якую яшчэ. Бо ў вершах пушча не мела пэўнага вызначэння. Гэта быў сімвал прыгажосці ды чысціні, якой самому лірыку ў жыцці, відаць, не хапала. Ва ўсякім разе, пісьменнік Г. лётаў пад яго наглядам і пануканнямі як сраны венік.
У абед выйшаў чарговы скандал. На кухню раптоўны заваліў Чувырла, які адлежаўся пасля помных пабояў і прывалокся сюды па новую прыгоду. Азызлатвары, ён запатрабаваў абед, а потым, узяўшы сваю міску варыва, не еў і стаў галасіць, што гэта нахабства варыць суп з бульбянога шалупіння і запраўляць яго рыбінай луской. На што Пушчанскі мацюкамі паслаў яго вельмі далёка. Чувырлу было толькі таго і трэба – ён расшумеўся, раскрычаўся, растопаўся нагамі, патрабуючы “нармальнай ежы”. Пушчанскі, схаваўшыся за кухарскай стойкай, працягваў пасылаць таго куды трэба. Абурыўся і народ, што знаходзіўся ў кухоннай палатцы. Нехта ўспомніў, што Чувырлу нават супу не належыць даваць, бо ён не стаіць у чарзе, паколькі даўно нічога не піша. Гэта яшчэ больш раззлавала п’янюгу – ён выплюхнуў суп некаму ў твар і схапіў загрудкі. Чаргоўцы мігам павіслі ў яго на руках, патрабуючы супакоіцца. Але Чувырла роў як ранены дзік, намагаючыся выслабаніцца. Заверашчаў голас збарвянелай Налейнік: “Пайшоў вон, прытырак!” Крытыкеса даўно зненавідзела Чувырлу за яго насмешкі з яе. Здавалася, яна вось-вось рынецца на Чувырлу і ўчэпіцца ў пысу. Тут прыбеглі Напаўарлоў і Гадановіч ды пачалі ўгаворваць Чувырлу суцішыцца. Марна – той працягваў абурана рыкаць і выць.
Пісьменнік Г., які трывала звязваў Чувырлу з той тузанінай, калі яму размяжуліла твар кульба дзядка-літаратара, трымаўся ў баку, шаруючы ў цёплай ванначцы ліпкія ад тлушчу талеркі. Толькі калі з’явіўся Мемуаран, Чувырлу сяк-так удалося суняць. Узяўшы за плячо здаравілу, якога ўжо выпусцілі чаргоўцы і які працягваў булькатліва парыкваць, Мемуаран павёў яго ў сваю палатку, дзе, відаць па ўсім, наліў традыцыйныя дзве шклянкі гарэлкі. Прынамсі выйшаў з палаткі Чувырла даволі лагодны. Яго тут жа падхапілі пад рукі людзі Хлёпуса і выправадзілі з тэрыторыі лагера. Ля самага праспекта Залежнасці Чувырла стаў гарлаць блатныя песні і яго павязаў міліцэйскі нарад.
Раздзел 17
Пасля працы на кухні, прыцёгшыся ў начлежку, пісьменнік Г. паваліўся як падсечаны, убіваючыся паміж целамі іншагародніх літаратараў. Да гэтага, праўда, яму прыйшлося па завядзёнцы адшукаць Навумовіча і атрымаць традыцыйны пароль. Да таго ж, у давяршэнне ўсіх бядотаў дня, той падвысіў таксу за начлег да васьмі даляраў. І месяца не прамінула, як кошт узрос на тры даляры. “Нахабства!” – сердаваў Г., разлічваючыся за рагом камяніцы з вяртлявым дзялком. Але сілаў на тое, каб голасна абурацца і моцна гараваць, у Г. на сёння больш не было.
Ён прачнуўся на самым досвітку і першы выбраўся з задушлівага пакоя ў цёмны пад’езд, а затым – і на свежае марознае паветра. Вось тут Г. і апанаваў глухі адчай. Ён успомніў усё разам: і падвышкі кошту за начлег, і несправядлівае асуджэнне на кухонную працу, і тое, што грошы заканчваюцца… А галоўнае, тое, што ён па-ранейшаму стаіць у чарзе пад тым самым завешаным канцылярскімі шторамі акном і не прасоўваецца! Тады як людзі ў рэдакцыю ўваходзяць і выходзяць з яе. У гэтым была вялікая таямніца чаргі. Каторы раз за апошнія дні Г. працяла думка, што трэба даваць на лапу. Але з якіх шышоў?! Хоць бы на начлежцы неяк зэканоміць, папрасіцца апальшчыкам палатак ці што. Не-не, а драманеш хоць трохі пры печцы. Так, трэба рашацца, трэба разрываць гэтае зачараванае кола, гэтае таптанне на адным і тым жа месцы ў чарзе.
Пісьменнік Г. подбегам рушыў адразу на пошту. Там ён, выстаяўшы чаргу, дазваніўся да жонкі і папрасіў, каб тая зладавала яму пасылку. Трэба выслаць ніжнюю бялізну, а тое зусім запаршывеў, гаварыў Г; а таксама – дзве пары цёплых шкарпэтак, вязаную шапку, якую ён будзе надзяваць пад мехавую, трохі кавалкавага цукру, танных папярос, а тое ў сталіцы ўсе дарагія. І галоўнае – грошай. Як ні сорамна было гэта казаць, а давялося. Так, грошай на банальную аплату начлежкі. А ў розуме ён трымаў – на хабар Мемуарану, каб той яго пераставіў бліжэй да запаветных дзвярэй. Далей прыйшлося выслухаць малапрыемнае: што галоўрэд зусім запіў і ўжо не можа дабрацца да рэдакцыі. Толькі швэндае па піўнушках свайго мікрараёна і люта лае Г., і плача, і просіць на апахмел. А рэдакцыя тым часам прадае інвентар, каб хоць неяк выкручвацца – раёнка мусіць выходзіць шэсць разоў на тыдні, хоць задушыся. Прадалі ўжо крэсла Г. і яго дарагую попельніцу. Артыкулы набіраюць велізарнымі літарамі, каб неяк запоўніць плошчу. Павялічылі фотаздымкі данельга. І ўсё роўна не дабіраюць належны аб’ём. Ужо паступілі незадаволеныя сігналы з гарвыканкама як рэакцыя на ананімкі нядобразычліўцаў. Але Г. прасіў жонку супакоіць калегаў, ён вось-вось вернецца трыумфатарам і тады сранцавіцкая газета паарлее, ускрыліцца і зноўку стане лепшай у Беларусі. Хай толькі крышку пацерпяць.
Абнадзеены ўласнай хлуснёй Г. подскакам пабег да чаргі. Устрэміўся туды. Хутка падышоў Ненатоль Ачмуцін, з якім ён сардэчна парукаўся і разгаманіўся пра жыццё-быццё, пра стан сучаснай літаратуры. Ачмуцін гаварыў па-руску, неяк прыцішана, нібы саромеючыся. Затое Г. выкладаў свае думкі поўным голасам. Яму было прыемна, што з чаргі на яго абарочваюцца і прыслухоўваюцца. Г. згледзеў на сабе цёплы пагляд слыннай Налейнік і ўсмешліва кіўнуў крытыкесе. Праз колькі часу падышоў берасцейскі празаік, вядомы нам гора-каравульны Шкандыбайла, які ўжо адбыў карцэр і зноў свяціўся звыклым для яго аптымізмам. За сяброўскай гамонкай весела мінаў час.
Перад абедам пайшоў снег. Было бязветрана, і таму снегапад валіў вертыкальна. Нечакана недзе з вышыні пачуўся рокат, які штосекунды ўзмацняўся, палохаючы людзей. Раптам са снежнай заслоны, на вышыні пяціпавярховага дома, вымкнуў верталёт з чырвоным крыжам на корпусе. Ён плаўна, але даволі хутка зніжаўся. Пісьменнік Г., з высалапленым языком і вырачанымі вачыма, глядзеў на гэтае дзіва. Па чарзе прашалахцела трывожнае шапаценне. Тут на дне верталёта адчыніўся люк, з якога вываліўся і паляцеў долу агромністы куб. Ён мякка чмякнуўся ў сумёты. А верталёт імгненна памкнуўся ўвышыню. Пісьменнік Г. і расшалопаць нічога не паспеў, як спераду, з боку міліцэйскіх кардонаў, раздаліся аўтаматныя чэргі. Трасіруючыя кулі цалялі ў таямнічы верталёт, які імкліва набіраў вышыню. Пуцявіны куляў былі выразна відны нават праз снегапад. Некалькі ляснулі аб метал верталёта, разляцеўшыся іскрамі. Аднак верталёт шугануў у нябачную сняжыстую вышыню і астанія чэргі пайшлі слепа і міма. Некаторыя чаргоўцы ў жаху шухнулі ў снег.
Раздзел 18
Упаў долу, спалоханы аўтаматнымі чэргамі, і пісьменнік Г. Ён ляжаў, абхапіўшы галаву аберуч, нібы баючыся, што зверху ўпадуць на яго абломкі зруйнаванага верталёта. Аднак гукі прапелераў, роўна як і застрашлівыя гукі аўтаматаў, неўзабаве аціхлі. Г. сцярожка падняў галаву і ўбачыў, як па снезе, хто паўзком, хто наўсколенцах, а хто і подбегам, чаргоўцы прабіраліся да загадкавага куба, які ўпаў з неба. Куб хутка атачылі. Пачаўся галас і таўханіна. Раптам з кучы народа вымкнуў Гадановіч у сваім нацыянальным шаліку і спрытна ўскочыў на куб. Цяпер слынны паэт узвышаўся над сабратамі. Ён заклаў пальцы ў рот і пранізліва свіснуў. З народа выскачыла Майрыйсевіч, стала спінай да куба і пачала крычаць, адпіхваючы людзей. Гадановіч тым часам выняў аднекуль паляўнічы нож і ўспароў верх куба. Акунуў у яго рукі па локці. “Гуманітарка!” – усклікнуў бравы паэт. – Станавіцеся ўсе ў чаргу!” Марыйсевіч паводле клічу паплечніка стала фармаваць людзей у чаргу. Пакуль Гадановіч пароў куб і вышморгваў з яго пакункі, яна арудавала рукамі і горлам. Падлечаная пасля апошняга прыступу шалу, але ўсё яшчэ знерваваная, разрумяненая марозам Марыйсевіч сурова кіравала людзьмі. “У чаргу, выструньвайцеся ў чаргу! Я сказала!” – рыкала прагрэсіўная публіцыстка.
Неадказны сакратар сранцавіцкай раёнкі, падпарадкаваны спрадвечнаму інстынкту, ускочыў нарэшце з долу і рынуўся займаць сваё месца ў новай чарзе. Не адразу чарга стала ўпарадкаванай, і нямала прыйшлося папрацаваць над ёй Марыйсевіч. Імкнучыся да запаветнай гуманітаркі, літаратары хваляваліся. Локці, кулакі, чаравікі традыцыйна пайшлі ў ход пры барацьбе за месца пад сонцам. Рэпарцёру “Волі” ў сумятні разбілі дарагую відэакамеру і скрывянілі нос. Худзенькую журналістку Заслаўскую ледзь не затапталі, выпадкова збіўшы на дол. Пісьменнік Г. прадзіраўся наперад, баронячы твар далонямі, усляпую. Нарэшце пагрозлівыя выгукі Марыйсевіч прынеслі плён – чарга сфармавалася. Вузкая, доўгая і змяістая, яна ўжо пагражала перавысіць асноўную чаргу да ганка рэдакцыі, якая, адпаведна, радзела. Пісьменніку Г. дапамог Ачмуцін, які клікнуў яго і хітра паставіў перад сабой. Інакш бы не пабачыць Г. іншаземнай гуманітаркі. “Строіцца, строіцца ўсе ў чаргу!” – працягвала па інэрцыі галасіць узбуджаная Марыйсевіч. Нягледзячы на яе строгасць, з другога боку куба няўзнак сфармавалася зусім малая чарга, у якую паважна сталі Смякляеў, Напаўарлоў і яшчэ некалькі рэдактараў апазіцыйных часопісаў ды “газэтаў”. Іх абслугоўваў сам Гадановіч, кідаючы зверху пакункі. Шараговыя літаратары тым часам цягнулі дрыготкія рукі да Марыйсевіч, якая з нейкай грэблівасцю раздавала пачаргова гуманітарку.
Дачакаўся і Г. свайго – сіні пакунак, прагна прыціснуты да грудзей, займеў новага гаспадара. Узрушаны, абмацваючы пальцамі здабычу, адыходзіўся Г. Ногі самі сабой завялі яго ў найбліжэйшую падваротню, а затым – у адзін з пад’ездаў жылога чатырохпавярховага дома. Забраўшыся па лесвіцы на самы паддашак, пісьменнік Г. сеў на падлогу, абхапіў пакунак нагамі і раздзёр дыхтоўную абгортку пазногцямі. Змесціва гуманітаркі было такое: алоўкі, нататнік, асадка, маленькі калькулятар, зубная паста, шчотка, тры пары трусоў і трое памперсаў, пяць пачкаў “Мальрбара”, сінтэтычныя шкарпэткі, расчоска, белы шакалад, пачак галетаў, майка з надпісам “За свабоду!” і вязаная шапачка. Нібы нябачны чарадзей уведаў усе жаданні пісьменніка Г. і забясплатна адарыў яго гэтай раскошаю! Асабліва парадавала шапачка, якую Г. тут жа надзеў пад вушанку, і чыстыя трусы, якія Г., агледзеўшыся, нацягнуў замест прапацелых старых. Блакнот і самапіска тут жа спарадзілі ідэю не чакаць вяртання дадому, а запісваць новую аповесць пра педафіла, фабула якой штодня разгортвалася ў ягонай свядомасці. Так, Г. будзе пісаць! На злосць нягодам. Ён не патраціць намарна ні дня. І калі падыдзе яго чарга ў рэдакцыю, чарнавік новага векапомнага і лёсавызначальнага для нацыянальнай літаратуры твора будзе гатовы!
Раздзел 19
Наступныя некалькі дзён нічога значнага з чаргою не адбывалася. Але гэта і насцярожвала, бо пісьменнік Г. добра ўжо зведаў асаблівасць чаргі – у адносным маўчанні і нерухомасці яна назапашвае злосць. Чым даўжэй сцішана чарга, тым агіднейшым бывае яе эмацыйны выбух.
А ў цэлым побыт Г. наладжваўся. Ён прачынаўся на досвітку, вылузваўся з начлежкі на мінус-сараградуснае свежае паветра з добрым настроем. Мыў твар сняжком, адначасова бадзёрачыся. І спяшаў да чаргі. Там, як правіла, яго сустракаў добразычлівы Мемуаран і азадачваў нейкай справаю. Найчасцей Г. калоў дровы ці разгружаў калоды, калі прыходзіў грузавік. Калі вогнішча не мела патрэбы ў дровах, Г. чысціў пляцоўку перад фатэлем Хлёпуса, змятаў нанесены за ноч попел, пасыпаў свежым сняжком, упрыгожваў яловым голлем. Іншым разам снег выпадаў паўметровы, тады ў дапамогу Г. Мемуаран клікаў маладых літаратараў, і яны дружна, з агеньчыкам працавалі шуфлямі.
Ранішнія работы перад сняданкам былі карысныя для здароўя Г., які звык сядзець у сваім кабінеце гадзінамі. Ён увачавідкі набіраў моц і вынослівасць на свежым паветры. Аніразу нават не чхнуў, не засаплівеў. Таму работы па лагеры Г. выконваў з усёй дбайнасцю і адказнасцю. Ён ведаў, што мяце пляцоўку не толькі, каб Хлёпусу, калі той прыбудзе, было чыста і хораша, а яшчэ і для сябе, гартуючы волю. Воля відавочна спатрэбіцца Г. у змаганні з непадатнай чаргою. Так, адно засмучала неймаверна – марудны рух па чарзе, а праўдзівей, адсутнасць усякага руху. Аднак Г. цвёрда наважыў – як толькі з’явяцца грошы, падаваць заяву на перастаўленне наперад. Г. быў да гэтага маральна гатовы.
Нарэшце са Сранцавіч прыбыў грашовы перавод – цяпер можна жыць яшчэ месяц. З радасці Г. купіў сабе ў хлёпусаўскай палатцы “Піражковая” пончык з павідлам і запіў яго распушчальнай каваю, якая прадавалася тут жа. Затым ён рашыў памыцца ў лазні. Ну, лазня – гэта загучна сказана. Проста прыйшлося даць дзесяць даляраў Навумовічу – і той адправіў Г. з цыдулкай на адмысловую кватэру ў доме, што туліўся ў глыбіні квартала. Там адбывалася памыўка чаргоўцаў у звычайнай ванне, праўда, з душам і гарачай вадою, таксама выдаваўся абмылак і шорсткая мачалка. Пасвяжэлым, памаладзелым на колькі гадоў выходзіў адтуль Г. На хвалі ўзнёслага настрою ён адшукаў у чарзе байкапісца Слесарэўскага і заказаў таму адліць з лёду канторку, на якой Г., як рускія класікі, стоячы, будзе пісаць аповесць проста пад небам. Няма чаго таіцца – няхай чаргоўцы глядзяць, як творыць сапраўдны талент. Аповесць пра педафіла рвалася вонкі з палымяных грудзей Г.
Слесарэўскі правёў інжынерны разлік і сказаў, што на апалубку, куды ён будзе заліваць ваду, спатрэбіцца два дні працы, а ўвесь кампот будзе каштаваць Г. дзесяць даляраў. У параўнанні з “лазняй” Навумовіча, разважыў Г., гэта зусім нядорага. Дарэчы, дзейнічаць дык дзейнічаць – і гэтага ж дня пісьменнік Г. зноў адшукаў Навумовіча і папрасіў таго знайсці яму якую аплатную працу, нешта кшталту дворніка ў прылеглых дамах, балазе снегу гэтай зімою нямерана. Навумовіч звыкла пакруціў галавою, нешта прамармытаў пра сябе і адразу выставіў сваю таксу: дваццаць даляраў на тое, каб ён, Навумовіч, пачаў нейкія варушэнні па просьбе Г. Без грошай ён нават варушыцца не стане. Прыйшлося згадзіцца. Г. чамусьці верыў у Навумовіча – чалавек, які піша такія праніклівыя лірычныя вершы, проста не можа не адшукаць для Г. падзаробак. Прыняўшы грошы, Навумовім імгненна іх пералічыў (Г. даваў дробнымі беларускімі па курсе) і чэпкімі пальцамі сунуў ва ўнутраную кішэнь. Сказаў, каб Г. знайшоў яго праз два дні. На гэтым і парашылі.
Раздзел 20
Наступныя два дні пісьменнік Г. правёў у трапятлівым чаканні. Не, тое было не напружанне, а менавіта чаканне радасці, калі ён нарэшце стане за пісьменніцкую канторку і зоймецца справай, для якой народжаны – пісаць аповесці пра падлеткаў. Толькі калі Г. піша мастацкую прозу, ён жыве па-сапраўднаму, жыве з адчуваннем сэнсу і развіцця. Ужо колькі гадоў Г. лавіў сябе на думцы, што марыць зарабляць сваім майстравітым пяром так, каб не цягацца на працу і не адседжваць па 8–10 гадзін у душным кабінеце пад наглядам алкаголіка галоўрэда. Як жа яму надакучыла вытужваць у раёнку артыкулы, ваяваць з графаманамі, скаржнікамі, проста прыдуркамі, якія нязменна пнуцца ў рэдакцыю. Цярпець гэтыя гадзіны, каб потым, дабегшы дадому, зварыць наймацнейшаю каву і акунуцца ў чароўны свет фантазіі пра падлеткаў.
Так, Г. ведаў жыццё моладзі, ён, можна сказаць, дыхаў іх інтарэсамі, у працоўныя часы залазячы на маладзёвыя форумы і прыкідваючыся юнаком. Г. без фальшывай сціпласці можа ганарыцца тым, што зведаў усе звіліны жыцця сучаснай моладзі і можа – так, можа! – зрабіць іх жыццё лепшым праз свае творы. І ўжо робіць! Яго аповесці чытаюць, яго сайт наведваюць і пакідаюць цудоўныя водгукі. Зрэдчас бываюць, праўда, і брыдкія каментарыі, але Г. насабачыўся іх хутка выдаляць за несправядлівасць і блакіраваць асабліва назойлівых. А так усё цудоўна. Усё на мазі. “Усё будзе добра!” – гэты слоган Г. паўтараў па некалькі разоў на дзень, змагаючыся са сранцавіцкімі графаманамі ў рэдакцыі ці слухаючы лаянку ў свой бок галоўрэда. Г. непахісна верыў у сябе.
Тым часам літаратар Слесарэўскі майстраваў яму апалубку для канторкі – паміж дзённымі справамі, якімі таго нязменна азадачваў Мемуаран. Работ па лагеры было багата, бо снег валіў і валіў, мароз лютаваў і лютаваў, а попел з вогнішчаў асядаў на бялюткі сняжок. Усё гэта трэба было парадкаваць – і ўмелыя рукі пісьменніка Г. тут былі дужа прыдатныя. Працуючы з шуфлямі і калунамі, Г. няспынна разгортваў у свядомасці старонкі новай аповесці. Так што як толькі канторка з лёду будзе гатовая, стройныя радкі пабягуць з-пад яго асадкі.
Не менш, як заказу Слесарэўскага, чакаў Г. звестак ад Навумовіча, якога ніяк не мог згледзець каля чаргі. Засталося мацаваць спадзеў, што абаротлівы паэт займаецца разам з процьмаю спраў і яго справай. Немагчыма ж пастаянна жыць на пераводы ад жонкі. Пісьменнік Г. у рэшце рэшт мужчына і сам здольны сабе зарабіць.
Праз дзве ночы на трэцюю Г. заступаў у каравул па ахове палаткі “Варвеста”. Пасля нападу людзей Сахроменкі вартавыя меры былі ўзмоцнены – цяпер уначы дзяжурылі не два, а тры каравульных, адпаведна змяншаўся час змены, што дазваляла захаваць бадзёрасць і не лахануцца па прыкладзе злашчаснага Шкандыбайлы. Вакол палаткі Мемуаран выставіў агароджу з калючага дроту, па якой бег не такі і малы ток. Цяпер вартавому трэба было да ўсяго яшчэ і сачыць, каб парыў ветру не кінуў яго на смертаносную агароджу. Але рызыка дадавала Г. адрэналіну. Каравульная служба ўносіла рамантычную разнастайнасць у яго жыццё. Было ўсцешна назіраць поначы, як стаіць палаткавы гарадок насупраць усім вятрам і марозам, як клубіцца шызы дымок у слабым святле ліхтароў, як з камінкоў вырываюцца вясёлыя іскры.
У каравульнай адзіноце хораша марылася. Пашыралася свядомасць, святлелі думкі. Часам Г. адчуваў невыказную любоў да ўсяго свету, да ўсіх людзей, нават да ненавісных яму крытыкаў, якія раней гвалцілі яго творы, нават да апошняга забулдыгі і бузацёра Чувырлы, па міласці якога Г. раскроілі твар. Хацелася дзяліцца сваёй радасцю з усімі людзьмі.
Раздзел 21
Гэты дзень быў адметны для Г. Раніцой, калі прытрухаў у лагер, ён убачыў, як непадалёк ад палаткі “Варвеста”, недзе на палове адлегласці паміж вуліцай і чаргою, літаратар Слесарэўскі ўсталяваў апалубку для канторкі і ўжо залівае яе вадою. Мароз стаяў ядраны, таму праз колькі хвілін Г. прымаў работу байкапісца, ціснуў яму руку. Потым давялося толькі адшліфаваць лёд, і працоўнае месца Г. было цалкам гатовае. Каля дзівоснай канторкі сталі збірацца чаргоўцы, распытваць. Г. шчыра і радасна сведчыў, што сёння ўвечары пачне тут тварыць. Балазе гуманітарная самапіска была маразаўстойлівая. Народ з захапленнем і нейкім недаўменнем глядзеў на Г. Для саліднасці ён расчэсваў бараду гуманітарнай расчоскай. Шкада, немагчыма было на сябе паглядзець збоку, Г. здавалася, што ён як ніколі зараз выдае на Талстога.
Потым пачаліся звычайныя работы па лагеры – уборка тэрыторыі, разгрузка і колка дроваў, выраўніванне разам са Слесарэўскім драцяной агароджы вакол “Варвеста”, якую пахіснуў уначы буран. Быў традыцыйны сняданак, порцыя гарачага крапіўнага адвару, паўбохана чорнага хлеба і жалудовая кава. Пажыўная ежа надавала моцы, сагравала нутро, і было ўжо зусім не цяжка стаяць некалькі гадзін у чарзе. Тым больш што Г. дазвалялася кожныя дзве гадзіны грэцца ля вогнішча Хлёпуса.
Па абедзе як з-пад зямлі вынікнуў Навумовіч, адклікаў Г. за рог дома і паведаміў радаснае: з паслязаўтрашняй раніцы той можа заступаць на работу. Навумовіч, маўляў, ужо перагаварыў з Мемуаранам, і той будзе штораніцы адпускаць Г. на чатыры гадзіны. Па словах Навумовіча, пад яго увагай было два варыянты. Першая вакансія – гэта білецёр пры платным біятуалеце, які Хлёпус адчыняе сёння ў рэдакцыйным двары. Другая – звычайны дворнік у доме непадалёк, які ўжо з месяц прападае без нагляду і двор якога завалены трохметроваю тоўшчай снегу. Так што Г. пашанцавала. Варыянт з туалетам, казаў Навумовіч, быў неблагі, нават трохі лепшы па грошах, але падумалася, што Г. будзе не зусім прыемная такая пасада. Бо кожны літаратар, які з’явіцца на апраўку, будзе яго бачыць. Г. пагадзіўся, што праца білецёрам у біяпрыбіральні не зусім прывабнае месца ў плане пісьменніцкай рэпутацыі. Зрэшты, каб не выпадала альтэрнатывы, Г. і на прыбіральню б згадзіўся – выжываць неяк жа трэба. Аднак шанцунак даваў яму месца дворніка. Зразумела, што Г., выхадзец з вёскі, не толькі не баяўся фізічнай працы, а любіў яе шчыра. Неадказны сакратар яшчэ раз паціснуў руку Навумовічу, нават прыабняў расчулена. Дзелавіты лірык тут жа накрэмзаў цыдулку з адрасам упраўдома і давёў, што Г. трэба туды прыбыць заўтра ў пяць вечара, каб падпісаць дамову.
Як на крыллі ляцеў Г. да роднага вогнішча. Хлёпус сядзеў на сваім месцы, ухутаны ў велізарнае футра, на нагах яго таксама ляжаў мех. Ён працаваў на ноўтбуку, таму зусім не зважыў на Г., які прыняўся самохаць месці пляцоўку ля яго ног. Відаць, камерцыйныя справы спорыліся: над палаткай “Варвеста” з’явілася шыльда “Запрашаем у біятуалет на заднім двары!”. Сапраўды, устаноўка туалета была своечасоваю мерай. І хто, як не Хлёпус, мог паклапаціцца пра гэтую патрэбу пісьменнікаў? За зімовыя месяцы, калі чарга амаль спыніла свой рух і разраслася як анаконда, задні двор, а таксама прылеглыя двары былі пазасяраны і пазасцыканы беларускімі літаратарамі. Выратоўвалі адно няспынныя снегапады. І можна было ўявіць, як у сярэдзіне траўня, калі аголіцца маці-зямелька, колькі тут усяго непрывабнага знойдуць гаспадары памянёных двароў. Як жа непрыемна і сорамна было даткліваму Г. абсяраць панадворкі! Аднак што паробіш – без апраўкі ніяк, тым больш што прыбіральня рэдакцыі была наглуха зачынена ад простых літаратараў, там ладзілі свае справы толькі самі рэдактары, некалькі генералаў, а таксама маршал Цемрашэвіч, баялі, любіў там нетаропка пасядзець за газетаю.
Упарадкаваўшы пляцоўку наўкол вогнішча, Г. паспяшаўся наведаць новы туалет. Калі ён забег у двор рэдакцыі, то адразу ўбачыў жоўта-зялёную вясёлую палатку, што стаяла на ўзвышэнні. На снежным пагорачку выстраілася чарга. Асобныя постаці прабіраліся да яе рознымі кірункамі, некаторыя абганялі Г., нібы няможна было ім цярпець. Пісьменніку Г. таксама закарцела прыспорыцца, але намаганнем волі ён не паскорыў хаду і даў сябе абагнаць чалавекам пяці. Пакурваючы, Г. стаў у не такую і малую чаргу. Чарга была адна, а кабінак у туалеце, казалі, было дзве – мужчынская і жаночая. Палатка нібыта мела электрападагрэў і рукамыйнік. Гэта ўсцешвала, даўно Г. не мыў рук.
З палаткі выйшла Марыйсевіч, якая, відаць, адна з першых наведала цывільную палатку. З ганарлівым тварам, у футры і рукавіцах, папулярная апазіцыйная публіцыстка нешта жавала. Раптам ззаду зыкнулі – гэта Гадановіч з Напаўарловым віталі сваю сяброўку. З цыгарэтамі ў зубах гэтыя двое, не доўга вагаючыся, абмінулі чаргу і шуснулі нахабна ў палатку. Нават у туалет яны пнуліся без чаргі! – з прыкрасцю падумаў Г. Цікава, што яны там будуць рабіць удвух у цеснай кабіне? Дарэчы, білецёрам сюды паставілі злашчаснага Шкандыбайлу, апрануўшы яго паверх кажуха ў сіні камбінезон.
Хвілін пятнаццаць, не меней, знаходзіліся ў палатцы Напаўарлоў з Гадановічам. Адданыя апазіцыянеры выйшлі адтуль усмешлівыя, падымліваючы цыгарэтамі і зусім не зважаючы на народ, які, праўда, не насмеліўся абурацца. Адна зацятая Налейнік прамовіла даволі гучна: “Серуны!”, і зусім ужо голасна: “Сволачы!” Выразы твараў апазіцыянераў не памяняліся. Весела гамонячы і размахваючы рукамі, яны скаціліся з пагорка і некаму галёкнулі. Тое быў іх паплечнік Смякляеў, і спяшаўся сюды паэт, відаць, не вершы чытаць. “О, Божа!” – падумаў у роспачы Г. і разам з тым адчуў знаёмы позыў у нізе жывата і прамежнасці.
Раздзел 22
Да вечара Г. знаходзіўся ў эйфарыі. Яму не цярпелася перарабіць усе справы па лагеры як найхутчэй, каб распачаць за канторкай аповесць. Нарэшце пасля вячэры, дзе давалі па традыцыі чарпак аўсянкі і кіпень з двума кавалкамі цукру, Г. навастрыўся на справу. Ён расчысціў пляцоўку метр на метр перад ледзяной канторкай “мэйд ін Слесарэўскі”, скінуў заплечнік, выцягнуў адтуль гуманітарныя нататнік і самапіску ды заняў працоўнае месца. Для асадак інжынер прпадугледзеў адмысловы латок, леваруч. Праваруч жа быў круглы латок для чарніліцы. Аднак пісаць чарнілам можна будзе хіба вясною, надта лютыя стаяць маразы. Такім чынам, не здымаючы мехавых рукавіц, узяў будучы класік падлеткавай літаратуры асадку і вывеў першы радок: “Стаяла цудоўная сонечная раніца пачатку чэрвеня, ззяла сонца, зіхацела раса”. Далібог, гэта было арыгінальна. А далей нібы само Наканаванне панесла пісьменніка Г. па старонках нататніка. Ён настолькі захапіўся, што цалкам забыў на люты мароз, на чаргоўцаў, якія за ім цікавалі і паказвалі на яго пальцамі. Г. нічога не чуў і не бачыў. Толькі мілыя сэрцу вобразы віравалі і дзейнічалі ў яго мазгаўні, спрытна перацякаючы на паперу. Маразаўстойлівая іншаземная асадка працавала бесперабойна. Г. ведаў, што калі ён працуе, то ўпадае ў транс, з якога яго нішто не можа вывесці – нават п’яніца галоўрэд і шумлівая жонка. Таму, дарэчы, Г. ніколі не пісаў на працы. Неадказны сакратар вельмі дбайна ставіўся да сваіх службовых абавязкаў. У кватэры ж, паўторымся, ён тварыў толькі поначы, шчыльна зашыўшыся ў кабінеце.
Бліжэй да поўначы Г. пачынаў выходзіць з трансу і стаў расплывіста прыкмячаць, як з боку чаргі даносіцца рогат – гэта паэт Гадановіч сабраў вакол сябе хлапцоў і дзяўчат і, ківаючы на Г., як быццам сцябаўся. Прынамсі маладзёны раз-пораз выбухалі смяшком, хапаючыся за жываты. Нехта з гэтай купкі пракрычаў: “ Гогаль!”, таксама пачулася слова “прыдурак”. А можа, Г. падалося. Тым не менш ён згарнуў гэты імправізаваны кабінет, запхаўшы нататнік і асадку ў заплечнік. Г. любоўна змёў сняжок з цудадзейнай канторкі ды рушыў уздоўж чаргі, наўмысна не зважаючы на пацвельванні Гадановічавых памагатых. Тым не менш ледзяная снежка, што паляцела з іхняга боку, балюча выцяла спіну паміж лапатак. Але і на гэта Г. не зрэагаваў, працягваючы задуменны свой шпацыр.
Калі Г. прамінаў вогнішча Напаўарлова, то ўбачыў нейкую сумятню. Вялікі гісторык на гэты раз не чытаў лекцыю для моладзі, як ён прывык, а стаяў, абступлены людзьмі. Там мільгалі камеры рэпарцёраў “Волі” і было відно не то ўсхваляванае варушэнне, не то лёгкая тузаніна. Г. з цікаўнасці падаўся туды. Раптам з гэтай купкі, проста перад носам Г., выйшлі лірык-кухар Пушчанскі і мініятурыст Вясковіч, славуты аўтар карацелек пад назваю “Паміж чаркай і барадою”. Гэтыя двое саплі і вывалаквалі з натоўпу крытыкесу Налейнік, якая супраціўлялася і лаялася на іх. Налейнік прысядала на снег, але Пушчанскі з Вясковічам цягнулі яе зацята. Зніякавелы Г. шуснуў паўз іх да вогнішча. Аказалася, адбылася агідная нечаканка. Падчас лекцыі Напаўарлова, якім заслухваліся дзесяткі людзей, у цэнтр кола ўварвалася Налейнік і знянацку плюнула лектару ў твар. Ладны харкач павіс у таго на барадзе. Аднак пакуль Налейнік збіралася паўтарыць свой удалы прыём, Напаўарлоў кінуўся на яе і ўчапіўся ў валасы. Завязалася смяротная барацьба, і пакуль іх разнялі, Налейнік раздзерла пазногцямі твар слыннага лектара. Той жа як быццам толькі адарваў у яе пару пасмаў. Цяпер скрываўлены твар Напаўарлова здымалі камеры “Волі” і ўжо перадавалі ў эфір. Налейнік тым часам валаклі да медыцынскай палаткі.
Раздзел 23
Пасля тузаніны Налейнік з Напаўарловым у лагеры ўсталяваўся спакой, нічога значнага як быццам не адбывалася. Наступнага дня, паабедаўшы баршчом з чорным хлебам, Г. трохі пастаяў у чарзе, пагаманіў з Ачмуціным. Потым рускамоўнага паэта выклікалі прадаваць кнігі “Варвеста”, а Г. з нуды стаў брадзіць усцяж чаргі, бавячы час да пяці гадзін, калі ён выправіцца прымаць справы дворніка.
Каля вогнішча Напаўарлова зноў сабраўся народ, і зноў нязломны гісторык, стаўшы на глыбу лёду, распавядаў пра даўніну. З падрапаным тварам, барадаты, сівы, Напаўарлоў нагадваў пірата. Яго сябрука Гадановіча побач не было, як і Марыйсевіч. Стаяў толькі крытык Белякявічус з трыма знаёмымі Г. па “ін’язаўскай” дыскатэцы хлопцамі. Пасля таго, як Мемуаран пакараў маладзёнаў, правёўшы з імі вытлумачальную працу, бравы Белякявічус неяк панік, стушаваўся і, галоўнае, затаіў злосць на Г., якога абышла Мемуаранава кара. Пісьменнік Г. часта лавіў на сабе непрыязныя позіркі Белякявічуса, а таму не падыходзіў да яго, не вітаўся.
Каля вогнішча Смякляева было даволі пустэльна. Сам трыбун адсутнічаў, ён наогул рэдка калі тут бавіўся днём, займаўся, відаць, актыўнай грамадскай дзейнасцю на абшарах сталіцы. Зрэшты, трыбуна з мерзлага снегу ніколі не пуставала ўвечары, там заўсёды мітынгавалі, там віравалі антыўрадавыя настроі і збіралася самая жвавая і агрэсіўная частка чаргоўцаў. З інстынкту самазахавання, які быў так добра развіты ў правінцыяла Г., ён заўсёды трымаўся воддаль гэтага вогнішча, бо міліцэйскія кардоны, відавочна, не драмалі і з адлегласці двух–трох кварталаў для постраху пастрэльвалі аўтаматнымі чэргамі. Кулі ляцелі паўзверх дахаў дамоў, зрэдку збіваючы адтуль кілаграмы снегу.
Дайшоўшы да канца лагера, Г. павярнуў назад і, знарок нетаропка, рушыў у хвост чаргі. Недзе паміж вогнішчамі Напаўарлова і Хлёпуса ён натрапіў на палатку, якой як быццам не бачыў раней. З яе толькі што выбраўся пахмурны Белякявічус, абыякава слізгануў вачыма па Г. і пацёгся ў чаргу. Разам з тым у палатку ўвайшлі дзве дзяўчыны. Вечна насцярожаны Г. сам не ведае, чаму ўвязаўся за імі. У процілеглым уваходу куце палаткі, за зыркай буржуйкай, у святле лямпачак колам гуртаваліся літаратары. Г. ушчаміўся ў гэтае кола і ўбачыў дзівоснае: на снежнай падлозе ляжаў пластыкавы дыванок, на якім сядзеў не хто іншы, як ужо памянёны намі мініятурыст Вясковіч. Пажылы дзядзька, дакладней, не сядзеў, а стаяў наўсколенцах і перасоўваў пластмасавыя кубачкі, тры штукі. Толькі пазней Г. растлумачылі, што гэтая гульня называецца “напарстак”, а Вясковіч, адпаведна, “напарстачнік”. Празаік-мініятурыст хвацка соўгаў па дыванку кубачкі, пад адным з якіх знаходзіўся белы шарык. Журналістка Заслаўская гаварыла, пад якім кубачкам знаходзіцца шарык, і амаль ніколі не ўгадвала, за што Вясковіч браў з яе грошы. Аднаго разу, пры самай высокай стаўцы, Заслаўская ўгадала і выйграла вельмі многа. Усмешлівая, яна скончыла гульню і выйшла з кола з ладнай купюрай грошай. Народ паважліва загудзеў. “Хто наступны?!” – малайцавата крыкнуў Вясковіч. Пісьменнік Г. так і не зразумеў, чаму ён выкрыкнуў: “Я!” – і, азартна адпіхнуўшы нейкага малайца, пасунуўся да Вясковіча. Той аб’явіў сваю стаўку і запатрабаваў “грошы наперад”. Г. сунуў яму купюру і стаў нецярпліва сачыць за кубачкамі, якія з дзівосным спрытам перасоўваў мініятурыст. Г. дакладна запомніў, пад якім той схаваў белы шарык, – і таму, калі Вясковіч спыніў свае маніпуляцыі і выкрыкнуў: “Пад якім?” – Г. без ваганняў назваў кубачак. З фокусніцкім шыкам Вясковіч падняў кубак – там была пустата. Падняў астатнія два – пад адным знаходзіўся праславуты шарык. Апанаваны азартам, Г. прайграў яшчэ некалькі партый, і выратаваў яго толькі Шкандыбайла, які выпадкова сюды завітаў. Па старой дружбе ён літаральна за каўнер вывалак Г. з палаткі пад зларадасны смех літаратараў. Размахваючы рукамі, Г. захліпіста паўтараў: “Пад правым, пад правым, я ведаю!” Канчаткова ачмурэнне з Г. сышло пасля таго, як Шкандыбайла уваткнуў яго ў чаргу на звыклае месца. Толькі тады неадказны сакратар зразумеў, што прайграў шулеру-мініятурысту двухдзённы заробак за будучае месца дворніка. Настрой адразу апаў, і без пятнаццаці пяць абвялы і пастарэлы Г. павалокся да ўпраўдома з Навумовічавай цыдулкай – наймацца на працу.
Раздзел 24
Дом, у які меўся наймацца Г. дворнікам, знаходзіўся ў ста метрах ад біяпрыбіральні Хлёпуса, праўда, глядзеў сваімі чатырма пад’ездамі ў процілеглы бок. Таму была верагоднасць таго, што карыстальнікі выкшталцонага туалета не згледзяць Г. за яго не зусім літаратурным заняткам. Дом быў чатырохпавярховы, як і большасць дамоў гэтага старога квартала. Прычым даваенны, аб гэтым сведчылі два вялізныя коміны на спадзістым даху. Наўскідку, у кватэрах былі высокія столі. Да слова, кватэра з высокай столлю была запаветнай мараю Г., ён разлічваў у будучыні, калі стане сусветнавядомым падлеткавым празаікам, купіць сабе кватэру, ды што там кватэру – дом у некалькі пакояў і паверхаў, дзе будуць высокія столі, дзе можна прывольна тварыць у шырачэзным і высачэзным, сонечным кабінеце з вялізнымі вокнамі…
А пакуль тое, Г. будзе адно прыбіраць двор дома з высокімі столямі. Балазе снегу, як упэўніўся Г., тут багата. Метры тры. На гэта ўказвалі рэчышчы сцяжынак, пратаптаныя жыльцамі ад пад’ездаў. З-пад снегу выступаў адно дах даволі высокай альтанкі. Што ж, пісьменнік Г. ніколі не баяўся работы.
Упраўдом чакаў Г. каля дворніцкай – аднапакаёвай кватэры на першым паверсе першага пад’езда. Дакладней, дворніцкая займала толькі кухню кватэры, у пакоі мясціўся, відаць, кабінет упраўдома. Гэта быў дзядзька з катэгорыі вечна п’яных і вечна пазітыўных людзей. Ён радасна павітаў Г., абняў, сказаўшы, што дворнік ім вельмі патрэбны – з часу, калі звольніўся апошні дворнік, якога пераманіў высокім заробкам суседні дом. З таго часу, паведаміў упраўдом, той дворнік наўмысна кідае снег цераз агароджу на стары двор. І ўправы на гэтую скаціну нямашака. Ну ды нішто, гаварыў упраўдом, аглядаючы жылістую працавітую постаць Г., цяпер са снегам праблем не будзе.
У дворніцкай грувасціліся шуфлі, рыдлёўкі, венікі, бляшанкі з фарбамі, пэндзлі ды іншая адпаведная дрэнь. Г. колькі хвілін парадкаваў гэты пакой, перш чым расчысціў пляцоўку, дзе можна прылегчы на дыванок каля батарэі. Гэта з’явілася для Г. прыемнай неспадзяванкай – цяпер не трэба цягацца ў начлежку, а галоўнае, плаціць даляры вяртляваму Навумовічу. Неадказны сакратар цяпер будзе спаць абсалютна бясплатна і бестрывожна, у цяпле, без храпу і сопу суседзяў, без смуроду потных шкарпэтак. Толькі здаровыя пахі венікаў будуць мацаваць яго сон.
Упраўдом зрабіў асноўныя ўказанні Г. і на пару хвілін зачыніўся ў сваім кабінеце. Выйшаў адтуль узбадзёраны і падвяселены, з расчырванелым носам. “Ну, будзь, братка!” – даўшы плескача па далоні неадказнага сранцавіцкага сакратара., упраўдом знік за дзвярыма. Заўтра ў шэсць раніцы трэба заступаць на дзяжурства. Г. багавейна абмацваў звязку ключоў, якую павесіў на рэмені, – сёння ён нарэшце па-людску паспіць. А галоўнае, калі сон яго перарвуць калізіі аповесці пра педафіла, то можна будзе спакойна паразважаць, не раздражняючыся чужародным хропатам. Калі ж прыйдуць адмысловыя геніяльныя выразы, словазлучэнні, то Г. імгненна іх і запіша. Гуманітарныя блакнот і самапіска заўсёды ў заплечніку.
З такімі святланоснымі думкамі Г. выйшаў на вечаровы дзядзінец. У процілеглым куце матляўся адзінокі, недабіты хуліганамі ліхтар. Двор збольшага асвятляўся снегам і вокнамі. Перасякаючы яго па глыбокай сцяжыне, Г. натрапіў на чалавека з аўчаркай. Аўчарка непрыветна зарыкала і выскалілася на Г. Яны цудам размінуліся без цяжкіх натупстваў.
Каля біятуалета панавала шчодрае асвятленне, стаяла працяглая чарга, якую разрульваў пераапрануты ў білецёра берасцеец Шкандыбайла. Дарэчы, радавала і тое, што апраўляцца Г. будзе цяпер не толькі камфортна, але і бясплатна – у дворніцкай даволі чысты ўнітаз і працаздольны зліўны бачок. Так, пасада, якую знайшоў яму ўсюдыісны Навумовіч, дарагога вартая. І нядорага абышлася. Толькі снегу, трасца яго бяры, занадта нападала.
Раздзел 25
Да вечара Г. тварыў на сваім працоўным месцы – за канторкай, гожа змайстраванай інжынерам-будаўніком Слесарэўскім, а па сумяшчальніцтве знаным беларускім байкапісцам. Мемуаран па абедзе некуды з’ехаў, таму ў лагеры панавала вольніца. Хлопцы швэндалі ўздоўж чаргі ды фліртавалі з маладзіцамі. Запраўляў Белякявічус, які без нагляду Мемуарана зноў стаў барзець – адпускаў занадта вострыя кепікі наконт знешнасці некаторых жанчын. І неўзабаве паплаціўся за гэта. Праўдзівей, не ён сам, а яго хаўруснікі – маладыя аўтары часопісаў “Бадзёрасць” і “Высерань”. Раздухарыўшыся, двое хлопцаў дазволілі сабе насміхнуцца са знешнасці Марыйсевіч, якая стаяла даволі далёка ад іх. Аднак нехта ёй нафіскаліў, папулярная публіцыстка падляцела да хлопцаў імгненна і, заўсёды хуткая на расправу, надавала ім кухталёў. У аднаго высеранца літаральна заплыло вока, ён колькі дзён потым хадзіў з павязкай на паўтвару. Другога Марыйсевіч ударыла ў каленны сустаў, і небарака затым доўга накульгваў. Зноў Гадановічу давялося суцішваць сяброўку, якая, распаліўшыся, шукала новай крыві, то бок чалавека, да каго можна дакалупацца. Прыйшлося вывесці яе за межы лагера.
Аднак Гадановіч не марнаваў час – хутка вярнуўся, сабраў вакол сябе літаратурную чэлядзь, маладых нахабных бяздарнасцяў. Яны сталі непадалёк ад вогнішча Хлёпуса і, знарок гучна, пачалі сцябацца з пісьменніка Г. Паказвалі пальцамі, рагаталі, нехта нават запусціў куском лёду. Вялікімі намаганнямі волі Г. трымаў сябе ў руках і не паддаваўся на правакацыі. Няхай сабе дурэюць – Бог ім суддзя. Г. разумеў, што ён тварыў для гісторыі, дзеля беларускай літаратуры, дзеля найсветлай будучыні. А Гадановіч з хаўруснікамі не сунімаўся. “Барадатая балда!”, “Сранцавіцкі крэцін”, “Ёлупень!” – цвялілі слых іхнія выкрыкі. Самае крыўднае было тое, што чаргоўцы, як згледзеў Г. краем вока, таксама паддаліся настрою падонкаў і весела назіралі, чым гэта скончыцца. Пісьменніку Г. прыйшлося ўвесці сябе ў найглыбейшы транс, ён поўнасцю выключыў рэчаіснасць і застаўся з мілымі сэрцу героямі.
Апоўначы, калі ён выйшаў з медытацыйнага стану, Гадановіча з памагатымі след прастыў. Задзірыста дымілі палаткі скрозь завіруху. Вецер гайдаў драцяную агароджу палаткі “Варвеста”. З боку вогнішча Смякляева даносіліся рэзкія выгукі – нам, відаць, ладзіўся чарговы мітынг нацыяналпатрыётаў. Вогнішча Напаўарлова ахапіла людское кола. Там звінелі гітара і тонкі дзявочы голас. Вокны нядрэмнай рэдакцыі свяціліся праз шчыльныя канцылярскія шторы. Цьмяным срэбрам паблісквала пад рэдкімі ліхтарамі вуліца.
Г. любоўна закрыў блакнот і запхнуў яго разам з асадкаю ў заплечнік. На сэрцы стала радасна. Найперш ад таго, што ён агораў сёння дваццаць з лішкам старонак. А яшчэ таму, што не трэба было цягнуцца ў начлежку. Яго чакала цёплая дворніцкая. І абсалютна бясплатна. Закінуўшы мяшок за плечы, неадказны сакратар пашкандыбаў скрозь завею.
Раздзел 26
У дворніцкай пісьменнік Г. сагрэў сабе кіпеню на двухфаернай пліце, дастаў з заплечніка тры кавалкі цукру і папіў кіпень упрыкуску, зажоўваючы чорнымі сухарамі. Пасля гэтага пачала апаноўваць салодкая млявасць, і Г. рашыў не марудзячы ладзіцца спаць. Ён кінуў нейкія рызманы на свабодную ад інвентару пляцоўку і лёг туды, падабраўшы ногі і галаву пад кажух, затуліўшы вушы заечай шапкай. Вырубіўся імгненна.
Аднак пасярод ночы яго разбудзіў страшны грукат. Г. падхапіўся на ногі і прыслухаўся скрозь удары трывожнага сэрца. Грукат паходзіў ад уваходных дзвярэй – нехта іх скаланаў і лаяўся з таго боку па мацеры. Г. на дыбачках падступіў да дзвярэй. Ад удараў тыя ледзьве не зляталі з завесаў. Неадказны сакратар адчуў холад пад лыжачкай. Ён не наважыўся спытаць, хто там, толькі зірнуў у вочка. За дзвярыма варушыліся нейкія цені. Яны клялі, як потым здагадаўся Г., упраўдома. І патрабавалі выпіўкі, як пазней зразумеў Г. Зараз жа яму прыйшлося замерці не дыхаючы хвілін на пятнаццаць, пакуль дзядзькі калашмацілі дзверы і мацюкаліся. Затым яны сышлі ў ноч.
Г. вярнуўся ў кухню-дворніцкую. Лёг на рызманы. Паглядзеў на наручны гадзіннік. Да шасці раніцы, калі трэба будзе ўставаць, заставалася каля дзвюх гадзін. Нягледзячы на начны верад, Г. зноў заснуў нібы салдат і абудзіўся за хвіліну да таго, як мусіў запікаць будзільнік. Неадказны сакратар каторы раз пахваліў сваю падсвядомасць. А тады сагрэўся кіпенем і выскачыў за дзверы з рыдлёўкай і шыфлем.
Двор патанаў у цямрэчы. Толькі самотны ліхтар у процілеглым куце разгойдвала ветрам. Амаль усляпую Г. прыняўся за працу. Скінуў кажух, але на саракаградусным марозе неўзабаве яму стала горача. Жыльцы дома, якія з сямі раніцы пачалі выбірацца на працу, здзівіліся барадатаму дзядзьку ў світэры і з мяшком за плячыма, які, арудуючы шуфлем, варочаў горамі снегу. Такой самааддачы яны не назіралі ніколі.
У дзевяць Г. скончыў працоўную вахту. Добра разднела, і было відаць, што траціна двара вызвалілася ад снегу аж да мерзлай зямлі. Велізарныя гурбы пакрывалі агороджу двара і паціху звальваліся на суседні дзядзінец. Адтуль нехта нябачны лаяўся і праклінаў Г. Халера на іх! Галоўнае, што дзённая норма выканана. Цяпер можна імчацца ў чаргу. Г. забег у дворніцкую, скіпяціў вады і паеў трохі сухароў, размочваючы. Гэтак замарыў голад.
Не марнуючы ні хвіліны, ён пакіраваў да роднай рэдакцыі. Там яго вітаў добразычлівы Мемуаран, які якраз скончыў раздаваць нарады на працу. Ён парукаўся з Г., спытаў, як прайшло дзяжурства, патрапаў па плячы і сказаў ісці снедаць, пакуль кухня не зачынілася. Пасля сняданку яму і Слесарэўскаму належыць раўняць агароджу вакол палаткі “Варвеста”, якая ўначы пакасілася. Бурану не было, таму ёсць падазрэнне, што гэта здзейснілі людзі. Што ж, Мемуаран правядзе ўніклівае расследаванне і вінаватым не пазайздросціш. Да слова, Г. згледзеў, што на перакладзіне ўжо вісіць адзін хлопец з перавязанай галавою – той самы, які ўчора пацвельваў з Марыйсевіч і атрымаў ад яе на арэхі. Другі пабіты публіцысткай небарака тым часам адціскаўся пад перакладзінай каля ног першага. Так, у лагеры парадкі былі суровыя, і Г. мусіў прызнаць гэта звышсправядлівым. Іначай бы чаргоўцы даўно перакусалі адно аднаго.
Г. так і не ўдалося паснедаць: праходзячы міма запаветнай канторкі Слесарэўскага, ён убачыў пад ёй жоўтую пляму. Як варожая страла працяла адчуваннем нядобрага. Наблізіўся – і ахнуў: ад канторкі ішоў смурод свежазамерзлай мачы. Нейкая свалата на яе спецыяльна насікала. Жоўтыя разводы шчодра пакрывалі корпус канторкі; сцякаючы, яны ўтварылі лужыну, якая заледзянела. Падонкі! Зайздроснікі! Яны не маглі перанесці таго, што жыццё ў Г. наладжваецца, што да яго вярнулася творчае натхненне, што ён не марнуе тут час, як яны! Г. ахапіў зверскі шал. Каб ён убачыў зараз ухмылістую фізіяномію таго, хто гэта зрабіў, то схапіў бы калун і разваліў яго мазгаўню. Аднак на канторку мачыліся ананімна. і можна было толькі падазраваць, што гэта зроблена памагатымі Гадановіча. О, як хацелася зараз наскардзіцца Мемуарану, каб той выкрыў і пакараў гэтых вылюдкаў! Аднак Г. не хоча выглядаць ныцікам і слязліўцам. Ён выцерпіць гэты глум, ён адчысціць канторку ад смуродных сцулёў і сёння ўвечары прымецца за новыя раздзелы аповесці. Хай ведаюць мярзотнікі, што ніякія падкопы і злыбеды не пахіснуць яго волю. Г. абяззброіць іх сваёю рашучасцю! З гэтымі мужнымі думкамі Г. пайшоў да Слесарэўскага, узяў у таго рашпіль, вярнуўся да канторкі і стаў счышчаць з яе агідную намаразь. Замерзлую лужыну ўнізе разбіваў ломам.
Раздзел 27
Нарэшце жыццё Г. стала ўваходзіць у каляіну. Падымаючыся ўранні, ён пэўна ведаў, што будзе рабіць. А менавіта – выслабаняць двор ад гораў снегу, які гэтая рэкордная зіма падкідвала шчодра. Праз дзень, а тое і кожнага дня валіў снегапад. Віравалі завеі. Іншым разам яны намяталі снег да ўзроўню акон другога паверха. Таму Г. даводзілася ўставаць у чатыры раніцы, каб да сямі вызваліць вокны жыльцоў ад гурбаў. Фізічная праца на саракаградусным марозіку была прыемная, Г. адчуваў сябе як ніколі бадзёра, яго сухарлявае цела, здавалася, не ведала стомы. Ён перакідваў да дзевяці гадзін горы снегу, супараўнальныя з аб'ёмам работы экскаватара, і адчуваў пасля невыказную лёгкасць. Напіўшыся кіпеню з сухарамі, ён здзяйсняў прабежку міма біятуалета Хлёпуса да рэдакцыі. (У душы цешачыся, што эканоміць на прыбіральні.)
Дапяўшы чаргі, Г. здароўкаўся з суседзямі, па-сяброўску цёпла гутарыў з Нетатолем Ачмуціным і падлечанай ужо крытыкесай Налейнік. Паведамляў ім, што новая аповесць рухаецца з небывалаю хуткасцю, і магчыма, калі падыдзе яго чарга да рэдакцыі, ён зможа прапанаваць часопісам не адну, а дзве аповесці. Налейнік была вельмі зацікаўлена ходам творчасці Г. і прасіла, калі што, даць ёй у рукапісе першай прачытаць гэты адмысловы твор. Абяцала напісаць рэцу. Аднак Ненатоль Ачмуцін трохі збянтэжыў Г. тым, што, адвёўшы ўбок, параіў нізашто не даваць Налейнік рукапіс, бо яна вядомая сваім няўстойлівым норавам і замест станоўчай рэцы можа абгадзіць твор не міргнуўшы вокам. Ачмуцін, маўляў, ужо стаўся яе ахвяраю. А зрабіць Г. неабходна вось што: перанесці на дыск рукапіс сваёй першай аповесці, то бок той, з якой ён прыляцеў са Сранцавічаў, і напісаць заяву на імя загадчыка крытычнай палаткі, слыннага Белякявічуса, той, маўляў, адчыніў кантору па напісанні рэцэнзій на яшчэ ненадрукаваныя творы. Такса ўмераная. Таму Г. трэба мець дыскету, заяву, а таксама дадаць туды дваццаць даляраў – і тады Белякявічус паставіць рукапіс Г. у чаргу, а пасля або сам, або нехта з яго памагатых (высеранцаў і пустаслоўцаў) напіша неблагую станоўчую рэцу. За гэта Ачмуцін ручаецца. Па-любому канчатковую рэдактуру будзе весці сам Белякявічус, таму Г. можа смела аддаваць яму рукапіс. Чарга чаргою, казаў Ачмуцін, любыя чэргі некалі канчаюцца, а вось без станоўчай рэцы рызыкаваць друкаваць свой твор ён нікому не раіць. Толькі трэба трымацца як найдалей ад Налейнік.
Гэтую інфармацыю Г. пераварваў усю рэшту дня і паўночы, калі выходжваў каравульным вакол палаткі “Варвеста”. Хм, так то яно так, але Белякявічус яўна стаў да яго непрыхільны… Ці антыпатыя антыпатыяй, а грошы грашыма. Грошы ж урэшце не пахнуць. Здзівіла і непрыязная ацэнка Ачмуціным творчасці Налейнік, якой Г. раней давяраў. Ды што там давяраў! – яе артыкул пра аповесць, дзе дзейнічае маці-садыстка, дагэтуль упрыгожвае перадавіцу асабістага сайта Г. Не, трэба добра абмазгаваць усё, перш чым рашышся на нешта. Эх, праклятая схільнасць Г. да гнілых рэфлексій, гэтая прага самакорпання! Калі іншыя дзейнічаюць – ён раз’ядае сябе сумненнямі. Як пераадолець правінцыйную нерашучасць?
Раздзел 28
Назаўтра, адрэфлексаваўшы сітуацыю, Г. расставіў для сябе прыярытэты. Так, ён напіша заяву на рэцэнзію Белякявічусу, так, ён дасць яму грошы. Канешне, калі па шчырасці, Г. цвёрда лічыў, што яго аповесці вартыя добрых рэцэнзій бясплатна, без гэтага прынізлівага хабару. Тым болей што такія ўжо пісаліся раней, разам, праўда, з благімі. Але благія рэцэнзіі Г., з-за іх прадузятасці, не змяшчаў на сваім сайце. Добрыя ж ён, аздабляючы па-мастацку, вывешваў там і разам з чытачамі, па некалькі разоў на дзень, іх перачытваў. Чытанне ўхвальных рэцэнзій на свае аповесці здымала стрэс і напругу працоўнага дня, лагодзіла душу. Асабліва любіў Г. рэцы Налейнік – захапляючыся, крытыкеса ўваходзіла ў палкі экстаз і тады не шкадавала прыемных эпітэтаў. Аднак учарашнія словы Ачмуціна, чаго там таіць, насцярожылі Г. Прыйшлося ўзяць пад увагу, што Налейнік бывае зменлівай – і калі раптам што не ўпадабае, то можа зганьбіць увесь твор, таксама не шкадуючы эпітэтаў і забываючыся на сяброўства. Да перасцярогі такога вопытнага чалавека, як лірык Ачмуцін, несумненна трэба прыслухвацца. Таму Г. парашыў нізашто не даваць рукапіс новай аповесці Налейнік, спасылаючыся на тое, што ён вельмі сыры. Гэта было добрае выйсце – не адмаўляць крытыкесе наўпрост, каб тая, чаго добрага, не пакрыўдзілася і не ўзлавалася. Не, старая аповесць пойдзе пакуль Белякявічусу і яго памагатым, туды ж затым выправіцца і новая аповесць пра педафіла – зразумела, калі Г. упадабае першую рэцу. Адно што трэба зрабіць – папрасіць Ачмуціна перадаць дыск, заяву і грошы ў палатку «Крытыка», бо дагэтуль неяк сорамна глядзець у вочы Белякявічусу, той яўна пакрыўдзіўся пасля «ін'язаўская» вечарынкі. З першага ж тыднёвага заробку, які будзе ў пятніцу, Г. выдаткуе грошы на рэцу. Што ж, на гэтым Г. і скончыў свае рэфлексіі, з гэтым ён і заснуў.
Далей пайшлі звычайныя дні ў чарзе. Гарбацячыся з ламамі, рыдлёўкамі і шуфлямі, Г. тым не менш рашыў не мяняць свой рэжым у чарзе і ўдзельнічаць у яе жыцці паўнакроўна. Ён дзяжурыў ля вогнішча, ацяпляючы Хлёпуса, ён выстойваў некалькі гадзін на марозе сярод чаргоўцаў, абмяркоўваючы з імі літаратурнае жыццё, дзелячыся марамі і спадзяваннямі, спагадаючы чужым бедам. Ён хадзіў на кухню да Пушчанскага і атрымоўваў свае міскі баланды і чорны хлеб, з'ядаючы гэта ўсё ў кампаніі літаратараў. Ён быў усмешлівы і добразычлівы з усімі. Вечарамі, калі не заступаў у каравул, Г. станавіўся за канторку і пад паважлівымі позіркамі людзей нястомна тварыў. Заканчваў пісаць ён апоўначы, калі з боку праспекта Залежнасці даносіўся гадзіннікавы бой і пачынаўся дзяржаўны гімн. Тады Г. запіхваў прылады ў заплечнік і спяшаўся начнымі дварамі да дворніцкай, дзе яго чакаў кіпень з сухарамі ды ўтульная пасцель на падлозе. І хоць Г. ставіў будзільнік – ён нязменна прачынаўся за хвіліну да пабудкі, ускокваў, разаграваў ваду, лёгка перакусваў ды імчаўся на двор, дзе яго чакалі горы новага снегу.
Г. выконваў свае абавязкі так дбайна, быў такі мілы і ўсмешлівы з жыльцамі, што тыя палюбілі яго душэўна і часцяком клалі на яго кажушок, хто што зможа – салёны гурок, кавалачак сала, хлеб, цыбулю, нават цукеркі. Г. з удзячнасцю з'ядаў гэта ў дворніцкай – вітаміны і калорыі былі яму дужа патрэбныя. Але важнейшай за калорыі была для яго спагада добрых людзей. Ён зноў стаў любіць Боскі свет, ён вяртаў да сябе той узнёслы прасветлены стан, у якім толькі і можа тварыць літаратар. Ён нават дзякаваў гэтым снежнасыпучым хмарам, якія даюць магчымасць працаваць для людзей, дзякаваў лютым маразам і вятрам, якія ачышчаюць яго цела і душу, выдзьмухваючы адтуль усё наноснае, несапраўднае. Г. адчуваў, як кожная клетачка яго цела робіцца адзіным з прыродай і космасам. Цяпер сама касмічная энергія вадзіла яго асадкаю, вывяргаючы на паперу глыбінныя думкі і найцікавейшыя сюжэтныя павароты.
Раздзел 29
Дзень плыў за днём, то павольна і аднастайна лагодна, то выбухаючы канфліктамі паміж чаргоўцамі, а то і зверскімі бойкамі. Пісьменнік Г., па прыродзе чалавек з правінцыйна ўстойлівай псіхікай, няспынна разважаў над тым, чаму людзі грызуцца і лаюцца. Даўно ён прыкмеціў асаблівасць чаргі: яна павінна эмацыйна разраджацца канфліктамі. Калі ж у чарзе спакойна больш за тры дні – то чакай брыдкай неспадзяванкі. І чым больш працяглая паўза – тым шалёней выбухае чарга. Г. таксама заўважыў, што калі з рэдакцыйных дзвярэй вывальваюцца пакрыўджаныя і абражаныя літаратары, то гэта здымае напятасць чаргі – людзі пускаюць паток эмоцый на спагаду і абурэнне. Гэтак пакрысе супакойваюцца.
Пасярод тыдня Г. стаў сведкам дружнага паўстання чаргі. Выйшла вось што – адзін літаратурны генерал, знакаміты Залупкін, які цягаўся ў рэдакцыю, ведама ж, без чаргі, які да таго ж вадзіў туды сваіх дарослых дзяцей, – гэты стары грыб цяпер прывёў за руку сваю ўнучку. Малалетняя падшыванка, школьніца гадоў дванаццаці, весела гамонячы, забегла з дзедам у рэдакцыю міма спакутаваных чаргоўцаў. Хвацка ляпнулі і зачыніліся за імі грувасткія дзверы. І тут як па камандзе чарга загудзела, захвалявалася. Яна цярпела ўсё – траскучыя маразы і непраглядныя снегапады, надрыўныя работы па лагеры, увогуле – строгі рэжым “Мемуарана-крывавага”. Яна цярпела нечарговыя ўваходы ў рэдакцыю маршала Цемрашэвіча, разнастайных літаратурных генералаў і іх распешчаных дзетак – аднак прабяганне міма сябе генеральскай унучкі-школьніцы чарга дараваць не змагла. Гэта было ўжо вышэй за людское трыванне. У чарзе стаялі пажылыя і зусім старыя пісьменнікі, іншагароднікі, шматдзетныя кабеты, цяжарныя маладзіцы – людзі, якія закінулі сямейныя і службовыя справы, адракліся дзеля чаргі ад усяго, месяцамі чакаючы свайго зорнага часу. І вось перад гэтымі паважанымі людзьмі генерал Залупкін правёў за руку ўсмешлівую наіўную малалетку з яе дзіцячымі вершыкамі.
Гудзенне чаргі перайшло ў пакутніцкі стогн, затым усцяж яе прашалахцела слова “нахабства”, потым раздаліся мацерныя выгукі ды іншыя няўсцешныя для генерала эпітэты. А тады пачалося скандзіраванне “Даеш у чарзе справядлівасць!” і “Далоў вы****каў генерала Залупкіна!”. З рэдакцыі выскачыў малады служка ва ўніформе, блізкай да гестапаўскай. Ён спачатку прасіў, а потым патрабаваў, каб чарга супакоілася. У яго паляцелі кавалкі мерзлага снегу, і ён мусіў схавацца ўнутры. Потым у вакно высунулася вусатая галава рэдактара Быдлянскага, вядомага сваімі здзекамі з аўтараў. На гэты раз вочы яго былі напалоханыя. Ён пачаў прасіць цішыні – іначай патэлефануе ў міліцыю. Нехта кінуў у Быдлянскага сукаватым паленым – той не паспеў схаваць галаву, аднак палена па ёй прамазала, а патрапіла правей і рассадзіла вялікую шыбіну. Крыкі і лаянка ўзмацніліся.
Пісьменнік Г. з жахам назіраў за ўсім гэтым. Хацелася баязліва даць лататы, і толькі намаганнямі моцнай волі Г. стрымліваўся. Жвавая фантазія малявала міліцэйскія “газікі”, якія вось-вось падскочаць да рэдакцыі і ўсіх замятуць, і будуць біць, і адбяруць рукапіс. Сэрцайка ўсчало мітуслівую малацьбу. Аднак, як і заўжды, на дапамогу прымчаўся Мемуаран. Успёршыся на ганак, ён запатрабаваў цішыні і наладзіў прамову. Словы яго былі пранікнёныя, ён гаварыў аб тым, што не хоча, каб людзі, якія выстаялі тут не адзін месяц, паехалі дамоў шылам кашы паеўшы, бо рэдакцыя зусім на законных падставах спярша выкліча ахоўнікаў правапарадку, якія знясуць лагер, а потым рэдакцыя наогул зачыніцца. Калі пісьменнікі думаюць, што без іхніх тварэнняў часопісы не пражывуць, то яны памыляюцца – па дадзеных Мемуарана ў рэдакцыях рукапісаў на некалькі гадоў, адны толькі куфры маршала Цемрашэвіча забяспечаць выхад часопісаў на паўгода. Таму, доўжыў Мемуаран, лепей суцішыцца і нават папрасіць прабачэння, для чаго крытык Белякявічус напіша чалабітную да рэдактараў і кожны падпішацца.
Па меры таго як Мемуаран гаварыў, настрой у чарзе мяняўся ад звышагрэсіўнага да звышпамяркоўнага. Пісьменнікі пачалі раскайвацца. Некаторыя зарыдалі. Людзі Хлёпуса вокамгненна прыскакалі з аконнай шыбаю і замянілі ёю разбітую за якія дзесяць хвілін. Якраз паспела чалабітная Белякявічуса – і выстраілася чарга яе падпісаць. Пісьменнік Г., паддаўшыся агульнаму раскаянню, плакаў і скрозь слёзную павалоку не здужаў прачытаць змест чалабітнай, а проста яе падпісаў. Урэшце дэлегацыя выправілася ў рэдакцыю прасіць літасці. Прайшло пяць гадзін, перш чым выйшаў з дзвярэй рэдактар Быдлянскі і спавясціў, што рэдакцыя даруе чарзе і гатовая ўсё забыць. Але калі хоць яшчэ раз нешта падобнае здарыцца – цынкавыя дзверы замкнуцца да сярэдзіны лета. “Пранесла!” – заспявала душа пісьменніка Г. Ён пабег за канторку тварыць аповесць.
Раздзел 30
Насуперак тэорыі пісьменніка Г., які адкрыў перыядычнасць скандалаў і боек у чарзе, ужо наступны дзень пасля выпадку з чалабітнай напоўніўся гвалтам. Пачалося з таго, што пасля сняданку і ранішніх работ, калі Г. стаяў у чарзе, там з’явіўся рускамоўны паэт Жорык Гарташ. Пасля таго, як яго шугануў п’янюга Чувырла, Гарташа ў чарзе след прастыў. Аднак нялёгкая прынесла яго зноўку. Прабіраючыся ўсцяж чаргі да вогнішча Напаўарлова ў спадзеве там спаткаць Марыйсевіч, Гарташ, баязліва азіраючыся, пытаўся ў кожнага другога, ці няма тут Чувырлы. Вочы паэта былі вылуплены, вусны і рукі трэсліся, галава ўтулілася глыбока ў каўнер палітона, спіна мела выгляд клічніка. Гарташ так усім надакучыў сваім баязлівым выглядам і бесперапыннымі роспытамі пра Чувырлу, што маладыя хлопцы рашылі з яго наздзекавацца. Калі Гарташ быў ужо напаўдарозе да вогнішча Напаўарлова, два маладзёны падскочылі да яго з дзікімі тварамі ды, казелячы вочы некуды назад, засыкалі: “Чувырла! Чувырла!” Трэба было глядзець на Гарташа, бо апісаць крайнюю ступень перапуду і чалавечага прыніжэння немагчыма напоўніцу. Гарташ раптам змізарнеў, стаўшы ніжэйшым ад сябе ўдвая, пры гэтым з****неў так, што рысы яго твару сталі, як у лядачага дзеда, ён падскочыў ад зямлі на метр, закруціўся ваўчком, а тады пасціўся наўцёкі, наўскос перасякаючы вуліцу. Хлопцы заўлюлюкалі яму ўслед, закрычалі раскацістае “Гець!”, заабзывалі непрыстойнымі словамі.
Так, рускамоўных у чарзе не любілі. Дарэчы, Ненатоля Ачмуціна не краналі толькі таму, што ён падрадзіўся прадаваць кнігі “Варвеста”. А той, хто на службе ў Мемуарана, персона недатыкальная. І тым не менш Ачмуцін балюча пакутаваў ад непаважлівых і нават грэблівых позіркаў, якія лавіў на сабе. З ім ніхто не размаўляў па шчырасці. Адзін толькі Г. пранікся да яго цёплай сімпатыяй. І Ачмуцін гэта цаніў, усяляк памагаючы выжыць ва ўмовах чаргі. Мацёры чалавек, ён адразу пасля выпадку з чалабітнай адвёў Г. у палатку, дзе стаялі два кампутары і працаваў Інтэрнет. Амаль бясплатна, усяго за адзін даляр, ён даў Г. доступ да Сеціва. Гэтак Г., зайшоўшы на сваю паштовую скрыню, спампаваў электронны варыянт аповесці, з якой ён сюды і прыбыў. Ачмуцін тут жа прадаў яму дыск, куды неадказны сакратар запісаў файл аповесці. Такім чынам, усё было падрыхтавана для таго, каб падаць дакументы “Белякявічусу і К” на напісанне станоўчай рэцэнзіі. Засталося толькі чакаць пятнічнай палучкі.
Аднак, выпадкам з рускамоўным недарэкам Гарташам, калі чарга ўдосталь парагатала, не абышлося ў гэты марозны дзень. Адвечар па чарзе папаўзлі пагалоскі, яна ўстурбавалася. Ніхто толкам не ведаў, што зараз будзе, – звесткі ішлі супярэчлівыя. Зрэшты, доўга чакаць не прыйшлося – з падваротні шумна, грымучы ланцугамі на колах, выкаціў белы мерседэс Хлёпуса. Ён нешта валок за сабой на тросе. Не адразу ў святле ліхтароў згледзеў Г., што валакуць чалавека. Валакуць за ногі. Мерседэс спыніўся напроці вогнішча. З месца кіроўцы выскачыў раз’ятраны Мемуаран, з задніх дзвярэй – два дужыя малайцы Хлёпуса. Яны памкнуліся назад – да чалавека, які курчыўся на зямлі. Яго груба страсянулі, паставілі на ногі, Мемуаран нагнуўся і спрытна адвязаў ад яго трос. А тады размахнуўся і выцяў чалавека пад дых кулаком. Чалавек ёкнуў, сагнуўся крукам і павіс на руках здаравілаў. Яны жвава пацягнулі паўнепрытомнае цела да вогнішча. Г. разам з народам падаўся туды. Нарэшце ўдалося разгледзець, што скурчаны чалавечак – гэта берасцейскі празаік Шкандыбайла, цяпер, нагадаем, білецёр прыватнага туалета.
А справа была вось у чым. Зранку Шкандыбайла вырашыў жульнічаць – і ўзвысіў на дзесяць адсоткаў цану на квіткі. Самавольна. Барыш, ясная рэч, думаў прыкішэніць. Але ж злашчасны празаік не ацаніў чаргоўцаў – яны тут жа абрынуліся на Мемуарана з прэтэнзіямі. Суровы наглядчык чаргі пацямнеў з твару ад такога нахабства, але ж адразу караць не стаў – даў Шкандыбайлу “падзарабіць”. І толькі адвячоркам яны падкацілі да яго на белым мерсе, агаломшанага вывалаклі з палаткі , зрынулі долу і спуталі тросам. Далейшае ўжо назіраў Г.
Мемуаран вышыхтаваў чаргу ўздоўж рэдакцыі на надзвычайны развод. Тым часам яго малайцы прынеслі аднекуль тумбачку і ўсталявалі яе перад чаргою. Успёрлі туды бледнага зарумзанага Шкандыбайлу. Мемуаран у трох словах давёў, што гэты чалавек насмеліўся пасягнуць на святое – на рэпутацыю Хлёпуса, а таксама знахабіўся абрабаваць простых чаргоўцаў, нажываючыся на іх натуральнай патрэбе. Такім чынам, віна яго, можна сказаць, нязмыўная.
Далей, павярнуўшыся да падсуднага, Мемуаран гаркнуў, каб той прасіў у людзей прабачэння ў самай прынізлівай форме і маліў завочна адсутнага Хлёпуса, каб той яму дараваў. Злашчасны празаік пачаў выбачацца, хлюпаючы носам і выціраючы слёзы. Як ні агіднае было Г. ашуканства Шкандыбайлы, ён ледзь не расплакаўся, назіраючы пакуты берасцейца. А Мемуаран гэтым не скончыў – ён даў Шкандыбайлу ў рукі некалькі купюр і загадаў іх з’есці. “Жары! – рыкаў Мемуаран. – Каб надоўга гэта запомніў!” Давячыся, Шкандыбайла пражаваў і каўтануў храбусткія купюры. Наастатак Мемуаран скамандаваў сваім хлопцам надзець на Шкандыбайлу спецоўку з яркім надпісам на грудзях і спіне: “Я ўкраў чужыя грошы!” – і загадаў празаіку так хадзіць, не здымаючы, месяц. Затым Мемуаран прылюдна аддаў чаргоўцам грошы, якія лішкам узяў з іх за прыбіральню выкляты Шкандыбайла. А самога злодзея прызначыў на месяц апальшчыкам палатак “Піражковая”, “Крытыка” і “Хатні кінатэатр”. Замест яго білецёрам выправіўся аўтар славутых карацелек “Паміж чаркай і барадою” пажылы напарстачнік Вясковіч. “Мяняюць шыла на мыла”, – падумаў пра сябе Г.
Раздзел 31
Неадказны сакратар сранцавіцкай раёнкі, шматпакутны пісьменнік Г., удала пачаў наступны дзянёк. Пасля таго, як дасвятла перакідаў тры тоны свежага снегу, ён выправіўся на пошту, дзе, прастаяўшы чаргу, дачакаўся размовы з жонкаю. Г. казаў, што ўсё ў яго цудоўна, што ён уладкаваўся на прэстыжную працу, што сёння атрымае тыднёвы заробак і што ёй, жонцы, не давядзецца яму больш прысылаць дапамогу. Дасылаць хутка будзе ён сам, бо неўзабаве падыдзе чарга і ўсё ў іх лёсе зменіцца. Адно што ён просіць: сёння і ніколі надалей не гаварыць яму нічога пра рэдакцыйныя справы, не ўзгадваць гэтае мурло галоўрэда, не псаваць Г. болей настрой. Бо яму цяпер кожная крупінка энергіі дарагая – блізяцца вялікія справы, хай жонка моліцца за яго. Ужо скончыўшы прамову і шыбуючы па вузкай сцяжыне да рэдакцыі, згадаў Г., што зусім не спытаў жонку, як ёй жывецца, ці ўсё ў яе нармалёва, успомніў, што даўно нічога не чуў пра дзяцей і, дзіўна, наогул пра іх не думаў – настолькі быў паланёны чаргою. Зрэшты, усё турботнае і непрыемнае Г. прызвычаіўся адганяць, ён бачыў перад сабой мэту – і непахісна рухаўся да яе.
У чарзе перад світанкам зноў надарыўся ператрус – шукалі не то “Лісты з волі” нацыяналіста Хабарэвіча, якія той нібыта дасылае з Нямеччыны, не то самога Хабарэвіча, які нібыта інкогніта прабраўся ў сталіцу. Ва ўсякім разе лагер быў зноў раскіданы амапаўцамі, некалькі палатак звалены, чарга гула разварушаным вуліем. Двух чалавек павезлі на допыт. Мемуаран хадзіў злосны і разам з тым поўны творчай энергіі. Ён склаў каманду на чале з прарабам Слесарэўскім, куды адразу далучыў працавітага Г. Задача стаяла няпростая – да прыбыцця Хлёпуса, за якую гадзіну, выраўняць тут усё, упарадкаваць, вымесці, каб медыйная асоба нічога брыдкага не заўважыла. Пісьменніку Г. Мемуаран любоўна даручыў лёгкую працу – адпыласосіць фатэль Хлёпуса, зацяпліць разбуранае міліцыянтамі вогнішча, выраўнаваць пляцоўку і ўкласці яе свежым яловым голлем. Пісьменнік Г. з самааддачай рынуўся гэта выконваць, у душы радуючыся, што спазніўся ў лагер і не падвяргаўся шмону амапаўцаў. Г., папраўдзе, цярпець не мог грубай сілы, яшчэ са школы, калі два здаравілы-аднакласнікі трымалі яго за шасцёрку. А вось працу Г. любіў да самазабыўнасці. Пасля ранішняй дворніцкай вахты ён не толькі не страціў энергіі, як бы страціў яе звычайны чалавек, а наўсперач, амаль нічога не еўшы, адчуваў дзівосную сілу.
За працай сам сабой пачаў доўжыцца сюжэт аповесці, бездакорны мозг прапаноўваў некалькі варыянтаў, нараджаючы іх з нябыту, і сам выбіраў найбольш адмысловы. Г. перапаўняла натхненне. Управіўшыся да прыезду Хлёпуса, ён паспяшаўся на кухню, дзе Пушчанскі выдаў яму наварыстага супу з сушанай крапівы, традыцыйныя паўбохана чарнюткага хлеба, сырую моркву і кіпень без цукру. Г. праглынуў гэта ў прыемнай кампаніі Ачмуціна, Навумовіча і Налейнік, якія шчыра з ім размаўлялі, дзелячыся сваім патаемным – творчымі планамі. Ні слова негатыву Г. ад суразмоўнікаў не пачуў. Неадказны сакратар даўно адкрыў сусветны закон, што калі ў яго ў галаве свята, то ўсе непрыемнасці абмінаюць яго самі сабой, ён прыцягвае тых людзей, якія нясуць пазітыў. Г. быў тонкі псіхолаг.
Пасля абеду, крыху пастаяўшы ў завірушнай чарзе, Г. пазычыў у Ачмуціна шчотку, пачысціў вопратку і валёнкі, прыгожа ўвязаў заплечнік з рукапісам і ўрачыста выправіўся да ўпраўдома – па доўгачаканы заробак. Гэты просты сардэчны чалавек быў пад лёгкаю чаркай, ён парукаўся, абняўся з Г., спытаў як жонка і дзеці, цёпла паглядзеў у самыя вочы, потым парадаваўся на надвор’е – якая прыгожая стаіць зіма, – і выдаў Г. пад роспіс сумленны заробак. Вяртаючыся ў чаргу, Г. плакаў ад радасці, ад паўнаты быцця, ад таго, што ён сціскае ў кулаку мазольныя грошы, што жыццё цвёрда наладзілася. Цяпер нічога не палохала, ён нават прагнуў новых цяжкасцяў, ён хацеў, каб строгі Мемуаран яго азадачыў, каб прыбыў не самазвал, а цэлы вагон сукаватых дубовых калодаў – і Г. кінецца іх ператвараць у горы палення.
З гэтымі сляпучымі думкамі ён і прыбаў у чаргу. Аднак яго сустрэў Ненатоль Адмуцін з нейкім кіслым, калі не жалобным тварам. Ён падышоў да Г., прыабняў, цяжка ўздыхнуў. Нешта ёкнула ў Г. і апала ў раён мачавога пухіра ліхім прадчуваннем. Ачмуцін кіўнуў галавой і прапанаваў Г. рушыць за ім. Ледзь толькі яны зайшлі за палатку “Піражковая”, Г. зразумеў усё… Дакладней – убачыў на свае вочы. Лядовая канторка была разнесена ўшчэнт, застаўся толькі фундамент, напаўзасыпаны ледзяным крошывам. Паўзверх усяго ляжаў велізарны калун. Г. паваліўся на снег і абхапіў галаву. Далей ён няпэўна памятае, што адбывалася. Скрозь барвовую смугу мільгалі твары то Навумовіча, то Ачмуціна. Добрыя людзі сіліліся яго суцяшаць. Падыходзіў Слесарэўскі, гладзіў па галаве і нібыта абяцаў аднавіць канторку бясплатна. Потым убачыў сябе ўжо ў нейкай палатцы, на нарах, побач сядзела журналістка Заслаўская і ўлівала ў яго знямелы рот нешта гарачае. Потым – зноў твары Навумовіча і Ачмуціна. Затым падышлі дзве крытыкесы-антаганісткі – Сініцына і Цемнякова, – бяда Г. расчуліла і згуртавала жанчын. Але, папраўдзе, Г. не хацеў зараз нікога бачыць. У цяжкай маркоце ён выбраўся з палаткі і, адлепліваючы ад сябе рукі спагадлівага Ачмуціна, павалюхаўся ў двары, неяк адшукаў свой дом і пад’езд, забраўся ў дворніцкую і ўпаў на падлогу між мяцёлак, рыдлёвак і шуфляў. Бяздумна ўтаропіўся ў столь – не хацелася жыць.
Раздзел 32
Млосную, даўкую, ліпкую ноч правёў пісьменнік Г. у дворніцкім катуху. Ён ляжаў з пустымі вачыма, нікуды не гледзячы, нават у сябе, не заўважаючы холад падлогі – бухнуўся Г., не паслаўшы свой дыванок. Страшнымі былі не вярэдівыя думкі, не крыўда, а наогул адсутнасць якіх-кольвек думак. Быццам ліхадзеі, што ўдарам калуна зруйнавалі канторку, выбілі з яго і душу. У такую прастрацыю Г. даўно не трапляў – мабыць, з часу, калі сужыцель па інтэрнаце магілёўскага тэхнікума адымеў яго дзяўчыну і ўсім выхваляўся. І нават тады не так балюча было, малады мозг энергетычны і хутка пераключаецца ў пазітыўны рэжым. Цяпер жа Г., паўторымся, быў ніякім – проста нячулым куском матэрыі. І гэта палохала. Хацелася некуды збегчы. Або дзейнічаць, каб адпомсціць – але ні на што не было эмоцый. Зеўрала за вакном завірушная ноч. Г. адчуваў сябе богапакінутым.
Толькі на досвітку, калі сняжыстая маса на карнізе стала злівацца па колеры з небам, Г. расчуў у сабе нейкія думкі. Думкі адмоўныя, але гэта было ўжо нечым! Цяпер яго кібернетычны мозг пачне разрульваць сітуацыю. Што ж, рэфлексаваў Г., гэтыя маразмоіды, падонкі, подлыя брыдкія людзі не змаглі перанесці ягонага шчасця – шчасця тварыць насуперак маразам і завеям, насуперак нават таму, што за месяц Г. не пасунуўся па чарзе ні на крок. Гадановіч са сваімі памагатымі, нікчэмнасці, хахмачы і сцябальнікі, творчасць якіх заснавана на папугайнічанні ды малпаванні, на высмейванні твораў вялікіх папярэднікаў, і толькі. Яны нават рыфмы падбіраюць па слоўніках, недарэкі! І вось, калі паршыўцы бачаць сапраўднае – то бок чалавека, які творыць для Вечнасці, для шчасця будучых пакаленняў, які зыначвае сваімі творамі літаратурную Беларусь і выхоўвае юнакоў, каб тыя не шыраліся і не распаўсюджвалі СНІД, а былі добрымі людзьмі, – канешне, гэтыя сцябальнікі і разбуральнікі проста шалеюць. Дэманы, які жывуць у іх, паўстаюць супроць вечнага! Спачатку яны рагаталі і тыцкалі пальцамі ў Г. – ён на гэта не паддаваўся, потым яны абасцалі сваёй паганай мачой святое – пісьменніцкую канторку, – і гэтым не зрушылі Г. з пуцявіны. І нарэшце, давячыся лютай бяссільнай злосцю, яны ўзнялі калун і разбурылі канторку, на якой ляжалі майстравітыя рукі Г., цудадзейная асадка і запаветны нататнік. Але яны памыліліся! (Тут Г. адчуў, што ў яго мозг зноў паступае касмічная энергія, розум каторы раз пачынае перамагаць.) Так, яны памыліліся! Можна знішчыць канторку, зніштожыць нават рукапіс, але волю Г. не зломіць ніхто. Аповесць насамрэч жыве ў яго падсвядомасці, і пакуль дыхае Г., пакуль у яго палымяных грудзях тахкае сэрца – нягоднікі будуць нядужыя.
Г. ускочыў на ногі з неймавернай энергіяй. Што ж, ён пакажа ім, што такое сапраўдная літаратура! Ён будзе тварыць з радасным выразам твару, а гаўнановічы няхай глядзяць на яго і курчацца ад свайго яду. І хай назірае ўся чарга – збольшага нармалёвыя людзі. Г. не баіцца плётак і пагалосак, ён адкрыты перад імі, перад усім светам, не баіцца ні вятроў, ні сцюжаў, ні амапаўцаў… Тут Г., праўда, згадалася, як учора ў паўнепрытомнасці ён варочаў ратавальную думку – наскардзіцца Мемуарану, каб той выкрыў злачынцаў і пакараў па ўсёй строгасці. Цяпер жа Г. адагнаў гэтую думку, высмеяў сваю ўчарашнюю слабасць і зрабіў скідку на непрытомнасць. Па-першае, Мемуаран заклапочаны справамі Хлёпуса, і наўрад ці зможа іх кінуць ды заняцца расследаваннем паводле канторкі. А па другое, Г. сам нічога не скажа. Не хапала яшчэ праслыць у чарзе хлюпікам, слязліўцам і скаржнікам! Не. І біць морды гадановічавым памагатым (ну не сам жа Гадановіч арудаваў калуном!) Г. не стане. Г. не кранае дзяцей. Ён іх будзе выхоўваць – прыкладам сваёй мужнасці, непахіснасці, цвёрдасці. Хай усе бачаць!
“Хай усе бачаць!” – аўтатрэнінгам паўтараў гэтыя словы Г., калі ён з голым торсам выбягаў на заснежаны двор з шуфлем і рудлёўкай у руках. “Хай усе бачаць!” – напяваў ён, калі блізу яго сабраліся жыльцы, дзівуючыся на яго мускулы і спрыт, з якім ён зносіў сумёты. “Хай усе бачаць!” – мармытаў Г. з набітым ротам, калі нахапкам паядаў кінутыя спагадлівымі жыльцамі кавалкі харчоў. “Хай усе бачаць!” – хрыпеў Г., бегучы паўз хлёпусаўскі біятуалет да рэдакцыі.
А блізу чаргі кіпела тым часам работа – прыбыла велізарная фура з новай партыяй кніг “Варвеста”, гэтага друкаванага манапаліста на тэрыторыі Беларусі і суседніх краін. Хлёпус сядзеў у сваім фатэлі, унураны ў ноўтбук. І таму Мемуаран стараўся як ніколі, панукаючы рабочых, то бок беларускіх літаратараў мужчынскага полу, за выняткам чахлых старцаў – усіх запрог на разгрузку дзелавіты Мемуаран. Пісьменнік Г. не прымусіў сябе чакаць – і кінуўся ў гэты працоўны вір: разагнаўшыся, падскочыў на некалькі метраў і заляцеў у фуру, адпіхнуўшы аршанскага літаратара. Праз секунду Слесарэўскі ўнізе ўжо прымаў ад Г. важкі пачак.
Раздзел 33
Работа кіпела – толькі к абеду літаратары спустошылі фуру, пераправіўшы пачкі кніг у палатку “Варвеста”. Унутры палаткі Мемуаран пакінуў адно самых адказных – чакала праца па сартаванні прадукцыі. Астатніх адпусцілі на кухню, каб, паеўшы, яны займалі свае месцы ў чарзе. Аднак да гэтага адбылося надзвычайнае здарэнне. Аказалася, што пісьменнік Ненатоль Ачмуцін, калі ўсіх пагналі на разгрузку, хітра ўхіліўся ад гэтай долі: схаваўшыся ў адной з пустых палатак, ён прыладзіўся каля печкі і чытаў кніжку. Мемуаран наўрад ці б гэта ўпільнаваў, бо звычайна не прыцягваў Ачмуціна на цяжкія работы, каб захаваць у яго энергію для продажу кніг. Але гэтым разам быў аўрал і Мемуаран аддаў выразны загад усім мужчынам разгружаць. Гэта не тычылася толькі самых-самых асобаў, у лік якіх Ачмуцін аніяк не ўваходзіў. Не шчыравалі ля фуры, паўторым, толькі лядачыя дзядкі, ну і, канешне ж, Напаўарлоў, Смякляеў – як загадчыкі вогнішчамі. А яшчэ Гадановіч – як адмысловец па гуманітарнай дапамозе з замежжа.
Пісьменнік Г., самааддана высільваючыся на фуры, не-не, а кідаў позіркі ў бок вогнішча Напаўарлова, дзе гэтыя трое прывольна грэліся, прычым не толькі агнём. На калодзе перад імі стаяла пукатая пляшка з нечым рудым. Гэтую вадкасць Гадановіч раз-пораз наліваў у шклянкі, і пісьменнікі, чокаючыся і вяселячыся, выпівалі. Заядалі з пярэстых бляшанак кансерваў. Побач з імі сядзела і Марыйсевіч, таксама законна – як жанчына і сяброўка ўзгаданых спадароў. Іх галасы і задзірысты смех цвялілі нервы рабочых. Калі бяседа пажылых Смякляева і Напаўарлова не абурала Г., то малады Гадановіч, на якім можна мяшкі вазіць, раздражняў дужа. Падбухторшчык, у яго хапае энергіі адно на падлянкі ды рогат, думаў Г., не ў змозе забыць разбураную канторку. А Гадановіч тым часам падкідваў паленцы ў агонь і, ззяючы белазубай усмешкай, гаманіў з таварышамі. Потым у яго руках з’явілася гітара і паліліся застольныя песні.
Аднак вернемся да Ачмуціна, які разлічваў ціхамірна адлежацца ў цёплай палатцы. Яго здалі чаргоўцы, нафіскаліўшы Мемуарану ўжо пры канцы разгрузкі. Разгневаны наглядчык чаргі памкнуўся ва ўказаную палатку, і хутка лірык Ачмуцін вылецеў адтуль сраным венікам. Мемуаран шпарка крочыў за ім і страшна крычаў: “Ты што, бля, самы хітра вывернуты?!” Потым выструніў Ачмуціна перад фурай, каб чаргоўцы гэта бачылі, зрабіў апошняе папярэджанне і ў пакаранне прызначыў: да вечара накалоць дроў на суткі для вогнішча Хлёпуса. Ачмуцін, які пакутаваў на дыхавіцу праз паўнату, успрыняў такі аб’ём працы як смяротны прысуд. З жалобным выразам твару, ссутулены, ён пацёгся да важкіх сукаватых калодаў, узяў калун… Гэта было жудаснае відовішча – назіраць, як мучыцца не прывучаны да фізічнай працы пажылы чалавек. Гадзіна сплывала за гадзінай, а Ненатоль Ачмуцін, увесь потны, задыханы, сіне-бледны, валтузіў усё адну і тую ж непадатную калоду. Ён падаў зняможаны, уставаў на хісткія ногі, валіўся зноў, нарэшце авалодваў калуном, але ўжо не мог узняць яго над галавою. Тым часам чарга, дзе было багата нядобразычліўцаў рускамоўнага лірыка, пасмейвалася, пацвельвалася, рагатала, сцябалася. Асабліва весела было маладым хаўруснікам Гадановіча – сабраўшыся ў кола непадалёк, яны адвешвалі ў бок лірыка вытанчаныя колкасці і дасціпнасці даволі антысеміцкага зместу. Гэта былі маладзёны так званай “школы Гадановіча”, яго студэнты, якіх нацыяналпаэт абучаў майстэрству вершаскладання.
Чуламу пісьменніку Г. было невыносна глядзець на пакуты таварыша па чарзе. Ён не мог спакойна стаяць, калі Ачмуцін тут загінаецца. Але дапамагчы не было ніякай мажлівасці – Мемуаран знаходзіўся побач, у палатцы “Варвеста”, кіруючы сартаваннем. Неадказны сакратар некалькі разоў выбягаў з чаргі і, абхапіўшы галаву аберуч, брадзіў па замеценых дварах. Кожнага разу, калі вяртаўся ў чаргу, яму здавалася, што не застане Ненатоля ў жывых. Аднак той змагаўся – валіўся, уставаў, падаў, станавіўся на карачкі, валіўся… Побач высілася цалюткая калода і ляжаў непадымны калун.
Звечарэла, і на шчасце Ачмуціна Мемуаран, ускочыўшы ў месресдэс Хлёпуса, загадаў кіроўцу некуды ехаць. Пісьменнік Г., не вагаючыся, памкнуўся да вогнішча, падняў Ачмуціна, пад смех гадановічцаў усадзіў таго на сумёт, збегаў да Пушчанскага па кіпень, кінуў туды свайго цукру, размяшаў у конаўцы і даў піць знясіленаму паэту. Сам жа зняў кажух, світэр, схапіў велізарны калун, узняў над галавой… Работа спорылася: ужо праз гадзіну дзённая норма няшчаснага Ачмуціна грувасцілася ў выглядзе кучы дробных паленцаў. Літаратары назіралі за Г.. Па чарзе, ён ведаў, папаўзлі нездаровыя пагалоскі. Яшчэ ўвечары ўсё будзе даложана Мемуарану. Што ж, Г. кіраваўся сваім сумленнем. Толькі гэтага суду ён баіцца на свеце. Няхай карае справядлівы Мемуаран – Г. усё вытрывае.
Павячэраўшы наварыстай аўсянкай у Пушчанскага, Ачмуцін, поўны ўдзячнасці, запрасіў Г. да сябе дадому – у госці, на сяброўскія пасядзелкі. Ачмуцін усё адно сёння выпраўляецца дамоў начаваць, пасля такога смяротнага стрэсу трэба грунтоўна выспацца. Ён прапанаваў Г. скласці яму кампанію за вячэраю ў камфорце трохпакаёўкі. З апошнім жа цягніком падземкі Г. вернецца і заначуе ў дворніцкай, каб заўтра дасвятла пачаць сваю вахту. Г., нечакана для самога сябе, адразу згадзіўся. І не таму, што Нетаноль спакушаў выпіўкай і смачнымі стравамі, – далібог, хацелася сяброўскай цеплыні і камфорту. Таму, спешна, пакуль не прыехаў Мемуаран, таварышы рушылі ў бок праспекта Залежнасці.
Раздзел 34
Пісьменнікі Г. і Ачмуцін, як канспіратары хаваючы твары ва ўздыбленых каўнярах, пакінулі тэрыторыю лагера і неўзабаве былі на праспекце Залежнасці. Спусціліся ў падземку па напаўзаваленым снегам уваходзе. Паспяхова мінулі некалькі міліцэйскіх кардонаў, хоць Г. дужа баяўся, што яго спыняць і запатрабуюць пашпарт, а тады пачнецца цягамотнае дазнанне, хто ён і што робіць поначы ў Менску. Г. не парушаў ніякіх правоў і цалкам законна быў прыпісаны да літаратурнай чаргі, але доўгія тыдні ў сталіцы зрабілі яго палахлівым і ўзмацнілі комплекс правінцыйнай непаўнавартасці. Але, паўторым, усё абышлося. Таварышы пралезлі ў вагон і, змагаючыся з цісканінай, хутка даехалі да станцыі “Плошча Якуба Коласа”. Нагадаем, што менавіта гэтая плошча прысутнічала ў патаемных марах пісьменніка Г., менавіта тут ён планаваў заняць месца ў выглядзе помніка – замест састарэлага класіка. Г. палічыў, што такіх супадзенняў не бывае – першы ж яго прыпынак у метро стаўся запаветнаю плошчай.
Ачмуцін жыў непадалёк. Падземнымі пераходамі яны выйшлі да Дзяржаўнай Філармоніі. Шэрая камяніца была маляўніча асветлена, з яе якраз выходзілі прыемныя цывільныя людзі, скончыўся апошні канцэрт. Леваруч зіхацеў святочнымі фарбамі ЦУМ. Літаратары прамінулі Філармонію і скіравалі вышэй – удалечыні, на пагорку, знаходзіўся ціхі і ўтульны квартал, дзе стаяў дом Ачмуціна. Тут асабліва хораша ўлетку, усё патанае ў зеляніне развесістых дрэў, – апяваў паэт сваю вотчыну. Цяпер, што праўда, было не лета і шлях да пагорка быў засыпаны лютымі завірухамі. З сотнямі тонаў снегу не спраўляліся ачышчальныя машыны і экскаватары. Некалькі машын заглухлі, зламаліся, і іх пакінулі да вясны – з сумётаў дзівосна тырчалі каўшы, кабіны, колы перавернутых буранам машын. Да пагорка ўдалося прабіць толькі адну сцяжыну. На ёй зрэдзьчасу трапляліся людзі. Насустрач прабегла гурма моладзі з песнямі і дзявочым смехам. Пару скараходных бабулек з торбамі абагналі нашых сяброў.
Неўзабаве за горамі снегу паўсталі абрысы дамоў з рознакаляровымі вокнамі. Яны, як маякі, вабілі цеплынёй і дабром. З болем у сэрцы згадалася Г. уласная хрушчоўка, дзе так хораша яму пісалася і жылося. Сцяжына выруліла да невялікага скверыка – сінія яліны патаналі на паўкорпуса ў гурбах. Ачмуцін сказаў, што зараз яны зрэжуць ладны кусок. А тады, агледзеўшыся, зайшоў па грудзі ў снег, пабрыў да найбліжэйшай яліны. Г. аслупянеў, дзівуючыся. Ачмуцін тым часам нырнуў пад дрэва, пабыў там хвіліны дзве і вынырнуў з нечым у руках. Пасунуўся да Г. У руках, аказалася, лірык трымаў дзве пары шырокіх лыж. Ён прапанаваў Г. надзець гэтыя прылады проста на валёнкі, узброіўся сам. “Туды!” – махнуў Ачмуцін некуды ў сняжыстую непраглядзь і жвавенька затэпаў па паверхні глыбачэзнага снегу. Куды толькі падзеліся яго дыхавіца і невынослівасць, праяўленыя пры колцы калодаў. Тут Ачмуцін быў майстра. Нявопытны пісьменнік Г. ледзь паспяваў за ім між блакітных ялін, а потым – па ледзьве асветленых дворыках.
Праз хвілін сорак яны, прыемна натомленыя лыжнай прабежкай, спыніліся ля пад’езда Ачмуціна. На вачах лірыка, прыкмеціў Г., навярнуліся слёзы – так ён любіў родны дом. Зайшлі ў пад’езд, там гарэла моцная лямпачка, было чыста, пахла духмяным асвяжыцелем. Ненатоль адчыніў адну з паштовых скрынь і выняў кіпу літаратурных газет і часопісаў. “Выпісваю і расейскія, – патлумачыў Ачмуцін, – люблю пачытаць нанач”.
Затым яны пругка ўзбеглі на чацвёрты паверх, спыніліся перад дзвярыма з нумарам “22”. Ачмуцін, заўважыўшы, як сумеўся Г., ласкава сказаў, што нікога няма: жонка на час, пакуль ён перабывае ў чарзе, пераехала да сястры, каб не так самотна было. А дзеці даўно маюць уласныя сем’і. Ачмуцін нарэшце адамкнуў і знасцежыў дзверы.
Вітальня ўразіла вытанчанасцю дызайну – усё было абабіта натуральным кедрам, столь была блакітна-белая, пластыкавая. На сцяне вісела некалькі партрэтаў самога гаспадара, зробленых, як аказалася, найвыбітнейшымі беларускімі і расейскімі мастакамі, а таксама адным мангольскі геніем, з якім паэт пазнаёміўся на пленэры. Між партрэтаў віселі дарагія і рэдкія экспанаты – кінжалы, дзіды, нізкі-бразготкі дзікунскіх плямёнаў, ракавіны з экзатычных марскіх глыбінь, некалькі фота, на адным з якіх малады Ачмуцін сядзеў на слане. Усё гэта, перш чым зайсці ў пакой, з густам апісаў, распавёў, патлумачыў ветлівы гаспадар.
Направа ішоў калідор у кухню. У пакоі вялі тры дзверы, зачыненыя, таксама з сібірскага кедру. Ачмуцін звярнуў увагу Г., што двое дзвярэй заклеены дзяржаўнымі судовымі пячаткамі – маёмасць Ачмуціна пакуль часткова апісана па цяжбе з графаманам, пра якую, успомніў Г., Ачмуцін раней гаварыў. Лірык прапанаваў Г. зняць валёнкі і надзець прыгожыя пухнатыя тапкі. Затым яны зайшлі ў шыкоўную чысцюткую прыбіральню і вымылі рукі. Зірнуўшы, праўда, на сябе ў люстэрка, Г. таемна жахнуўся: за тыдні на свежым паветры твар яго зарудзеў, відавочна схуднеў, замацярэў, пасуровеў, барада тырчала касмылямі ва ўсе бакі, абвіслыя вусы закрывалі рот, вочы неяк нязвыкла, амаль драпежна блішчэлі. Цяпер ён напраўду больш выдаваў на дворніка, чым на майстра пяра.
Нарэшце гаспадар падвёў яго да адзінага неапячатанага пакоя, адамкнуў і расчыніў дзверы. “Прашу!” – гасцінна вымавіў лірык.
Раздзел 35
Пакой, куды зайшоў Г. паперадзе Ачмуціна, уразіў змесцівам. Дарагая вытанчаная мэбля, плазмавы тэлевізар, перад акном прасторны рабочы стол з чырвонага дрэва, пухнатая тахта, два фатэлі, белыя пластыкавыя сцены. На палову кожнай сцяны – кніжныя паліцы адмысловай работы. Прычым кнігі знаходзіліся толькі на адной паліцы, другая спрэс была занятая, як разгледзеў Г., выключна кнігамі і літаратурнымі рэгаліямі гаспадара. За чысцюткім шклом стаялі фаліянты самога Ненатоля Ачмуціна, выдадзеныя за яго бліскучую творчую кар’еру, прычым усе – вокладкамі наперад, узятыя ў адмысловыя залачоныя рамкі. Рады паліцы займалі таксама разнастайныя ганаровыя граматы, медалі, вымпелы. Яшчэ гаспадар паказаў ашаломленаму Г. свае пісьменніцкія білеты трох літаратурных саюзаў – Беларусі, Расеі і яшчэ раз Расеі. Білеты стаялі на падставачках. Кніг жа было парадку двух дзесяткаў. Ачмуцін, дэманструючы, асабліва ганарыўся некалькімі кнігамі ў цвёрдых вокладках, адна – з серыі “Брыльянтавая асадка”, надрукаваная нядаўна ў дзяржаўным выдавецтве “Выбітная літаратура”. Некалькі кніг таленавіты лірык выдаў у Расеі – Маскве, Санкт-Пецярбургу і ў горадзе Прыволжску, з якім ягоны, Ачмуціна, часопіс мае сталыя творчыя сувязі.
Паказаўшы свае дасягненні, Ачмуцін захінуў шторы, прапанаваў Г. зняць заплечнік, кажух і сесці ў крэсла, адчуваючы сябе “як дома”. Сам жа патэпаў на кухню, пагрымеў там трохі, а тады вярнуўся, штурхаючы перад сабой міні-бар на колках. Заруліў міні-бар паміж фатэлем, куды апусціў сваё натомленае цела Г., і тахтой, куды сеў сам Ачмуцін. “Ну што ж, прашу закусіць”, – кіўнуў хлебасольны гаспадар, паціраючы рукі.
У бары стаялі пляшка іншаземнага каньяку, разнастайныя бутэрброды, у тым ліку з чорнай ікрой, якую за жыццё сранцавікці пісьменнік каштаваў адзін раз. Марынаваныя балгарскія гурочкі, заліўны шчупак, шпроты, селядзец пад бураковым футрам і маянэзам, вэнджаная каўбаса, рэзаная паляндвіца, вустрыцы, ананасавы сок, – багата чаму знайшлося месца ў міні-бары Ачмуціна. Пасля лагернай баланды гэта прынамсі ўражвала – і Г. не прымусіў сябе доўга чакаць. Чокнуўшыся з лірыкам, ён прагна ўсмактаў гаючы каньяк і закусіў яго рэзкім гурком. А тады, стараючыся не спяшацца, тым не менш шпарка апускаў у згаладалы страўнік далікатэсы, усяго патроху. Ачмуцін, закусваючы нетаропка і з веданнем справы, падліваў тым часам неадказнаму сакратару каньячку, выпіваў за беларускую і расейскую літаратуру, за выдавецтва, дзе ляжыць яго “Выбранае”, і нават таставаў з здароўе Мемуарана.
Наталіўшы люты голад, адчуўшы салодкае ўздзеянне каньяку, пісьменнік Г. стаў пільней услухоўвацца ў прамовы Ачмуціна. Падвыпіўшы, той разняволіўся і пачаў абмяркоўваць вартасці некаторых пісьменнікаў. Гэта моцна зацікавіла Г. Ачмуцін гаманіў, што, у прынцыпе, беларускія пісьменнікі збольшага “брыдкія нікчэмныя асобы”, гатовыя задушыцца за месца ў часопісах і з’есці жыўцом суседа па літаратурнай чарзе. Толькі аднаго Мемуарана Ачмуцін паважае, па вялікім рахунку. Нават Хлёпус – чалавек гнілаваты. Вымавіўшы імя Хлёпуса, Ачмуцін спахапіўся і папрасіў Г. трымаць іхнюю размову ў сакрэце. Далей лірык раскрываў паднаготную літаратурных варункаў, ужо не тоячыся, без апаскі – ён пранікся невыказным даверам да Г., які сёння ўратаваў яго, можна сказаць, ад інфаркту. Дык вось, Налейнік, па словах Ачмуціна – гэта крытыкеса-ізгой, няўстойлівая псіхапатычная баба. Яна палаялася з усімі калегамі па крытычным цэху, з усімі пісьменнікамі, рэдактарамі, цяперашнімі і былымі студэнтамі, якім яна выкладае “крытычнае пустаслоўе”, такі ў яе невыносны характар. Ачмуцін сам замаўляў ёй грунтоўны артыкул на часопіс “Ядзвіга літаратурная”, дзе ён галоўны рэдактар. Дык яна, кленучыся яму ў павазе і любові, тым часам пісала і ўладкоўвала ў элітарную рэдакцыю насамрэч разносны артыкул. Яна літаральна пасміхалася, здзекавалася з часопіса і галоўрэда. Заплаціла “презлым за предобрейшее” – гэтак даслоўна сказаў Ачмуцін. Тады паэту прыйшлося прыкласці каласальныя намаганні, прыцягнуць усе свае сілавыя сувязі, ажно да камітэту дзяржаўнай бяспекі, каб перашкодзіць артыкулу выйсці і зганьбіць “Ядзвігу літаратурную”. Гэта каштавала здароўя, і Ачмуцін потым месяц ляжаў у бальніцы і месяц далечваўся ў сочынскім санаторыі.
Ачмуцін падкінуў на талерку Г. салёных рыжыкаў, крылца халоднай курыцы па-французскі, выпіў за сваё здароўе, “якое спатрэбіцца”, і доўжыў расповед. Па словах Ачмуціна, Смякляеў, Напаўарлоў – гэта дзялкі, якія добра жылі пры савецкай сістэме, робячы там галаваскрутныя кар’еры на розных нівах. Пасля развалу СССР, па словах Ачмуціна, яны добра прыстасаваліся цягнуць замежныя гранты, выбіваць якія нанялі, маўляў, маладога спрытнюгу Гадановіча – былога рускамоўнага, дарэчы, паэта, якога некалі сам Ачмуцін дрэсіраваў у літаратурным гуртку. Гэтыя трое лоўка перафарбаваліся ў беларускіх нацыяналпатрыётаў. Далей Ачмуцін прайшоўся па крытыкесах Сініцынай і Цемняковай, высмейваючы, затым, падвяселены восьмай чаркай, заняўся кухарам Пушчанскім і аўтарам легендарных карацелек “Паміж чаркай і барадою”, напарстачнікам, а цяпер білецёрам прыватнага туалета Вясковічам. “Усе шэльмы!” – раз-пораз замацоўваў свой дослед Ачмуцін, сыта падміргваючы збянтэжанаму Г. Далей ён пусціўся ў брудныя акалічнасці асабістага жыцця журналісткі Заслаўскай. Паступова дайшоў да крытыка Белякявічуса. Вельмі разумны чалавек, але таксама брыдкая нікчэмная асоба, – гэтак ахарактарызаваў ён перспектыўнага крытыка. Той, маўляў, глядзіць у рот старэйшым, запабягае, маўляў, гатовы з іх парушынкі здзімаць. Да астатніх пыхліва халодны, і ўвогуле не лічыць іх за людзей. Страшэнна славалюбівы, і баязлівы адначасова, дробна-помслівы і зларадасны да чужых бедаў. Пасля гэткага вызначэння Г. быў засумняваўся, ці туды ён аддае свой дыск з рукапісам і заяву на станоўчую рэцу. Аднак Ачмуцін яго супакоіў, што, маўляў, Белякявічус сваю справу ведае і чалавек увогуле адэкватны – не ў прыклад Налейнік. Ён, канешне, не будзе маляўніча расхвальваць тварэнні Г., як гэта робіць істэрычная крытыкеса, але і падлянку, як яна, не падкіне. Хай Г. не трывожыцца. Пасля гэтых слоў Г. выцягнуў-такі з засаленага заплечніка дыск і заяву ды перадаў гэта ў надзейныя рукі Ачмуціна. Той пераканаў, што заўтра ж і перадасць Белякявічусу, прычым зробіць гэта тактоўна – ніхто ў чарзе не даведаецца.
Выпілі па дзесятай, і свет для Г. зазіхацеў святочнымі фарбамі. Пакой як бы пашырыўся, столь узнялася, і можна было лятаць. Аднак Ачмуцін нечакана пасур’ёзнеў, пасунуўся бліжэй і спытаў, ці ведае Г., што па-беларуску той піша для маленькай жменькі людзей і што, толькі перайшоўшы на вялікую і магутную мову, Г. можа дабіцца сусветнага поспеху? Г. не злаўчыўся яшчэ адказаць, як Ачмуцін зрабіў нечаканую прапанову – аддаць копію першага рукапісу яму, у “Ядзвігу літаратурную”, іхні часопіс, маўляў, славуты на расейскіх абсягах. Г. зніякавела маўчаў, а лірык доўжыў спакусліва: у іхнім часопісе ёсць цудоўны перакладчык Мылаварня, якія бярэ за працу нядорага, усяго трыццаць адсоткаў ад ганарару, затое ж і працуе бесперабойна, карыстаючыся найноўшымі электроннымі перакладчыкамі. Хай Г. згаджаецца – не прагадае дакладна, бо гэта амаль еўрапейскі прасцяг. Іхні часопіс, маўляў, запрасілі на некалькі еўрапейскіх кніжных выстаў, Г. хутка, вельмі хутка праславіцца. Цяпер, праўда, праз цяжбу з графаманам справы часопіса і самога Ачмуціна на мялі, але гэта часова, гаварыў Ачмуцін, амаль улезшы ў твар праставатага Г. І хай не баіцца Г, доўжыў няўрымслівы лірык, што друк у “Ядзвізе літаратурнай” яму нечым зашкодзіць – аповесці выйдуць сінхронна па-беларуску і па-руску, у гэтым Ачмуцін клянецца. Затое які будзе ўдар па літаратурнай прасторы, проста накаўт! Паддаты расчулены Г. нарэшце прамямліў згоду, Ачмуцін тут жа сунуў падпісаць нейкія паперы і адразу заручыўся правамі на бягучую аповесць Г. – пра педафіла, над якой Г. вечарамі працуе. Ударылі па руках, пацалаваліся, выпілі. Г. праслязіўся, стаў клясціся ў любові да Ачмуціна і да расейскай літаратуры, стаў называць лірыка сваім “хросным бацькам”, зноў палез цалавацца. З вялікай цяжкасцю Ачмуціну ўдалося вывесці Г. на мароз. Прыйшлося зноў станавіцца на лыжы і праводзіць развяселенага Г. да падземкі, пхаць у вагон. А той смяяўся, плакаў, гарлаў заліхвацкія песні… Зрэшты, дабраўся да дворніцкай без асаблівых прыгодаў, спакваля цверазеючы пад стылым студзеньскім ветрам.
Раздзел 36
Заваліўшыся ў дворніцкую, пісьменнік Г. заснуў мёртвым сном алкаголіка. Але прачнуўся, як і заўсёды, без дзесяці шэсць, дасвятла. Ён быў нечакана бадзёры і радасны – здаровы сялянскі арганізм Г. лёгка справіўся з перапоем. Пэўнымі рухамі Г. скіпяціў вады, кінуў у конаўку цукру і ўмяў гэта з чорнымі сухарамі. А тады, накінуўшы кажух і заплечнік, звыкла выбег на шэры двор з агромністым шуфлем. Рэдкія асветленыя акенцы дома, які яшчэ не прачнуўся, віталі неадказнага сакратара. Уначы ўсчалася завея і падкінула яму працы – новыя сумёты высіліся каля агароджы, на дзіцячай пляцоўцы, накрывалі аўтамабілі жыльцоў. Што ж, гэта да лепшага. Г. адчуваў у сабе нерэальныя сілы. Кажух, вушанка і заплечнік паляцелі на снег. Закіпела работа.
…На досвітку двор быў упарадкаваны. Г. усміхаўся першым жыльцам, якія, ідучы на працу, неслі яму падачкі ў кульках – слоікі з квашанай капустай і кашай, белы хлеб, горкая цыбуля, традыцыйнае сала, словам, усё тое, што патрэбна няспешчанаму арганізму работніка. Г. даўно перастаў саромецца гэтых дарункаў, успрымаючы іх як энергетычны абмен: дабро за дабро. Вось і цяпер, заглыбіўшыся ў дворніцкую, ён шчасліва зжаваў гэта ўсё між начыння.
Зрэшты, па меры таго, як Г. набліжаўся да рэдакцыі, настрой яго ападаў. У галаву пнуліся вярэдлівыя думкі аб тым, што ўчарашнія яго подзівгі з калуном не прайшлі міма ўвагі Мемуарана. Нядрэмнаму наглядчыку чаргі, безумоўна, усё далажылі. А Мемуаран умее караць. Ну ды Г. вытрывае і гэта, мужнасці не займаць…
Аднак усё выйшла не так, як малявала палахлівая фантазія Г. Чарга была заклапочана зусім іншым – перад світанкам адбылося новае надзвычайнае здарэнне. З легкавушкі, якая праязджала паўз вогнішча Хлёпуса, нехта кінуў узрыўчатку, раздаўся аглушальны выбух, які пакасіў некалькі палатак, уздыбіў, аплавіў снег. Ахвяраў не было, але на выбух зрэагаваў міліцэйскі кардон, што стаяў у двух кварталах па вуліцы. Некалькі машын ахоўнікаў правапарадку прымчалі на месца здарэння. Пачалася шумлівая разборка. Мемуаран выскачыў з палаткі ў сподніках і валёнках, проставалосы. Але зрэагаваў маланкава – мацёры чалавечышча адразу дакеміў, што гэта падкопы Сахроменкавых людзей, правакацыя з мэтай ліквідаваць канкурэнта на кніжным рынку. Нягоднікі ведалі, што за чаргою ідзе пільны міліцэйскі нагляд… Утаймаваўшы праведны гнеў, Мемуаран скамандаваў падручным кінуць на месца выбуху напаўпустую каністру, трохі разліць паліва. І калі прыбылі вартаўнікі правапарадку, ён сачыніў версію, што нібыта па недаглядзе праліўся і ўзарваўся бензін. Тым не менш, капітан і некалькі лейтэнантаў дакалупаліся і да гэтага, настойваючы, што меры пажарнай перасцярогі не выкананы і ёсць небяспека для жыльцоў суседніх дамоў, а таму вогнішчы мусяць быць згорнуты, палаткі разабраны. Мемуаран, размахваючы рукамі, угаворваў афіцэраў і сяк і так. Тыя ўпарціліся. Падаспеў скандальны Пушчанскі і толькі падліў масла ў агонь – міліцыянты ўперліся яшчэ больш, шумнага кухара схапілі за рукі. Гутарка зацягвалася і, здавалася, заходзіць у непраходны тупік. Але ж Мемуарану ўдалося-такі адклікаць капітана “на пару слоў”, яны завіталі ў палатку “Варвеста”, прабылі там хвілін пяць і выйшлі з зусім інакшым настроем, амаль па-сяброўску. Пры гэтым бравы міліцыянт нешта хаваў ва ўнутраную кішэнь. Параўняўшыся з камандай, ён махнуў падначаленым рукой, яны ўскочылі ў машыны, з ровам развярнуліся і ад’ехалі.
Гэтак быў уладжаны раптоўны канфлікт. Аднак чарга ўжо была абуджана ад сну, разварушана, звыкла ўстурбавана, набракаючы літаратарамі, што вярталіся з ночы. І яшчэ доўга ў ёй віравала гамонка, якая разраджалася нязначнымі сутычкамі, лаянкай, штурханінай і тузанінай.
Не чакаючы загаду Мемуарана, дысцыплінаваны Г. прыняўся парадкаваць пляцоўку перад фатэлем Хлёпуса. Зачысціў месца выбуху, вырыў і выкінуў заліты бензінам снег, ліквідаваў вульгарныя сляды міліцэйскіх ботаў, нарэзаў яловага голля і ўслаў ім пляцоўку. Стала чыста, духмяна, па-людску. Потым Г. далучыўся да Слесарэўскага раўняць агароджу палаткі “Варвеста” і ставіць нанова некалькі палатак, перакошаных выбухам.
Дзень набіраў звыклы свой рытм. Бліжэй да абеду падышоў і Ачмуцін з чамаданчыкам, дзе несумненна ляжаў і дыск Г., і заява, і грошы. Чысты, свежы і выспаты, Ачмуцін адразу пакіраваў да палаткі “Крытыка”, якую ў чарзе называлі яшчэ кантораю “Белякявічус і К”. Знаходзіўся ў палатцы лірык даволі доўга, заняты працаю Г. не заўважыў, як той выйшаў адтуль, і ўбачыў Ненатоля ўжо па абедзе на звыклым працоўным месцы – за кніжным прылаўкам у палатцы “Варвеста”. На пару з Навумовічам яны спрытна адпускалі тавар. Мемуаран тым часам сустракаў белы мерседэс Хлёпуса і дакладваў аб здарэнні з перадсвітальным выбухам.
Раздзел 37
З падачай прашэння на станоўчую рэцу ў кампанію «Белякявічус і К» унутраны свет Г. згубіў сваю хісткую раўнавагу. Узнікла няўцямная і разам з тым прыемная трывога – трывога чакання і прадчування або чагосьці прыемнага, або чагосьці няспраўджанага. Гэта казытала нервы, распаляла азарт. Гарбацячыся на пасадзе дворніка, а затым апальшчыка і прыбіральшчыка вогнішча Хлёпуса, пісьменнік Г. жыў яшчэ і паралельным жыццём – мары пра станоўчую рэцу не пакідалі яго. Калола і вярэдзіла тое, што ні канчатковай даты напісання артыкула, ні тым болей яго зместу не ведаў Г. У крыві закіпаў адрэналін, фантазія працавала бесперабойна і па няўрымслівасці нават перасягала мускулы, што кідалі снег і секлі непадатнае дрэва. Праклятая надумлівасць не давала спакою.
Трызнілася, што Белякявічус, якога раз-пораз сустракае Г. у лагеры, наўмысна не падае ніякіх знакаў, не вітаецца, не загаворвае, не ківае. Малады ганарлівец здзекуецца з яго! Няўжо ж ён замысліў нядобрае? – мучыўся Г. Няўжо ж ён не здолеў дараваць тое, што Г. пасля п'янкі і дэбошу на “ін'язаўскай” дыскатэцы не пакаралі, як усіх малайцоў? Што за дзіцячае мелкадушнасць! Напраўду, у чым Г. перад ім вінаваты? Белякявічус не мог не заўважыць, калі звіваўся на перакладзіне, што Г. падыходзіў да Мемуарана і прасіў справядлівасці, то бок заслужанай кары. Дык завошта ж крытык так доўга злуецца?
А Белякявічус тым часам вёў гэтакі ж лад жыцця, як і раней, і па твары яго ніяк немагчыма было здагадацца, ці захоплены ён геніяльным рукапісам. Поўная, халодная раўнадушнасць, самаўлюбёны эгаізм вытыркаўся на яго бледнай фізіяноміі. Крытык па-ранейшаму хмурна і дэпрэсіўна перасоўваўся па лагеры, зусім без эмоцый. І ажыўляўся толькі тады, калі ўвечары, ля крытычнай палаткі, збіралася гурма маладых аўтараў – пустаслоўцаў, высеранцаў, бадзёраўцаў, сярод якіх Белякявічус пачуваўся безагаворачным лідэрам. Маладыя людзі пачаргова станавіліся на сумёт і чыталі свае вершы, урыўкі з прозы, а таксама на памяць – класікаў беларускай літаратуры. Скончыўшы, выступоўца чакаў неадхільных крытычных стрэлаў. І Белякявічус настаўленча, па-даросламу вучыў равеснікаў, выпраўляў іх хібы, абмылкі, праяўляў неверагодную эрудыцыю ў параўнальным аналізе з класічнымі творамі. Пісьменнік Г., які падкрадваўся да гэтай тусоўкі, змеціў, што больш-менш нароўні з фаварытам трымаюцца толькі двое – адна дзяўчына-крытык па прозвішчы Пуста і сябрук-хлопец, нетрадыцыйны паэт і, па чутках, нетрадыцыйнай жа сексуальнай арыентацыі – меланхалічны жанчынападобны Сузіраловіч. Гэтыя двое відавочна былі аблашчаны пахмурным крытыкам, відавочна дапушчаны нароўні з ім рабіць выступоўцам заўвагі. І яшчэ разняволена трымалася тут Марыйсевіч, хоць і не сяброўка гэтай тусоўкі, але даўняя прыяцелька Белякявічуса. Прагрэсіўная самаўпэўненая публіцыстка завітвала сюды падразвеяцца.
Усё гэта, раўніва назіраючы з-за спін, бачыў і аналізаваў сранцавікці літаратар, намагаючыся хоць намёкам якім улавіць павевы і ўплыў свайго геніяльнага рукапісу на Белякявічуса. Іншым разам, калі той рабіў параўнальны аналіз, пісьменніку Г. мроілася, што суровы крытык цытуе радкі з ягонай (!) аповесці. Але тое быў зман, трызненне – ужо праз секунду Г. цяжка расчароўваўся, разумеючы, што Белякявічус казырае фразай з Пятра Абмякіна, Васіля Рыкава або з прозы Якуба Коласа. І ўсё ж Г. чакаў, верыў у справядлівасць таленавітага крытыка – як бы той ні ставіўся да Г., як бы ні крыўдаваў, але ж яго абсалютны мастацкі густ не можа застацца глухі да шэдэўра.
Аднак мінаў дзень за днём. Валілі снегапады, віравалі завеі, трашчалі маразы. Чарга з чарапашай хуткасцю прасоўвалася наперад, прыпыняючыся на суткі-двое візітамі генералаў са світаю. Некага перастаўлялі наперад – і тады Г. зноўку вяртаўся на сваё месца – туды, пад рудыя канцылярскія шторы, куды ён прыбыў шмат тыдняў таму. Хлёпус адчыняў новыя палаткі. Як грыбы, што растуць проста са снегу, паўставалі «Цырульня», «Лазня», «Садавіна-гародніна», і многія літаратары былі туды запрэжаны прадаўцамі ды грузчыкамі, лазеншчыкамі ды цырульнікамі. Тым самым ажыццяўлялася шматбаковая выгада – людзі займаліся справай, ім давалася магчымасць падзарабіць, а не марнаваць час на абурэнні і бойкі. Вопытны бізнесмен паспяхова здымаў напругу чаргі, адцягваў ўвагу ад таго, што большасць людзей па ёй не прасоўваюцца анітрохі. Інакш бы іх апанаваў даўкі адчай. Працатэрапія ўсё гэта змякчала. Людзі ўвачавідкі станавіліся бадзёрай, жылісцей, маразаўстойлівей, аптымістычней увогуле. Вечарамі пачасціліся карагоды і спантанныя гулянні са снежнымі бабамі, катаннем на каньках, санках, з песнямі. Надзвычайна актывізаваліся Напаўарлоў, Гадановіч, Смякляеў – вакол іхніх вогнішчаў нават удзень тоўпіліся чаргоўцы, не змаўкала гамана, гітарныя пераборы, мілагучныя галасы спевакоў, квітнеў здаровы флірт, утвараліся любоўныя пары. Неяк дапаткі слых Г. улавіў пагалоску, што нібыта ў палатцы «Лазня» ідзе не толькі памыўка – там робіцца тайскі масаж спецыяльна выпісанымі фігурыстымі маладзіцамі, якіх поначы прывозяць на белым мерседэсе і, ухутаных у футры, крадком заводзяць у палатку. Тыя чаргоўцы, хто нібыта меў шчасце дачыняцца з гэтымі маладзіцамі, гаварылі, што за масажам надыходзяць нейкія неверагодныя слодычы. Як кожнаму здароваму мужыку, месяцамі абдзеленаму жаночымі ласкамі, пісьменніку Г. захацелася там пабываць. Збродлівая думка не давала яму спакою некалькі дзён – і ўратаваўся ад яе Г. толькі творчасцю. Дарэчы, канторку ён наважыў не аднаўляць (усё роўна зруйнуюць), а на злосць нягоднікам выцягнуў з кухні Пушчанскага драўляную скрыню з-пад тухлай капусты, занёс яе на месца канторкі, перавярнуў – і там, седзячы вечарамі як на пяньку, тварыў скрозь вятры і завеі, пад захопленымі позіркамі нармальных людзей і пад смяшкі подлых зайздроснікаў.
Раздзел 38
Гэта быў незвычайны дзень. Уначы вятры разагналі шматтыднёвую воблачнасць, і раніца сустрэла чаргоўцаў сінюткім небам, ясным сляпучым сонцам. Чароўна бялеў, іскрыўся, серабрыўся некрануты сняжок, які ўхутваў дарогу, дахі, палаткі, ушчыльную падступаўся да вогнішчаў. У літаратараў – тых, што дзяжурылі звечара, і тых, што вярталіся з начлегу, – свяціліся твары. Людзі нарэшце паверылі, што гэтая рэкордная зіма некалі скончыцца, што надыдзе вясна і заклятая чарга набудзе патрэбны рух.
Пісьменнік Г., рана ўправіўшыся з дворніцкімі абавязкамі, закусіўшы ў закутку дарункамі жыльцоў, – таксама прыдбаў узвышэнне настрою. Часова прызабылася тое, што ні Белякявічус, ні Ачмуцін не падаюць яму знакаў паводле артыкула. А прайшло з моманту падачы, да слова, шмат дзён… І вось гэтая прасветлая раніца акрыліла доўгачаканай надзеяй: хутка, зусім хутка паступіць станоўчы артыкул; а неўзабаве надарыцца новая падзея ў ягоным жыцці – лёсавызначальная заява на перастаўленне наперад, на змену пісьменніцкага статусу ў даўжэзнай чарзе. Грошы амаль сабраны, яшчэ адна палучка – і можна пісаць заяву. Акрамя таго, цяпліў сябе Г., аповесць пра педафіла, пра якую ён разважае і ўдзень і ўначы, рухаецца магутнымі крокамі. Хай кусаюць сабе локці і душацца ад зайздрасці Гадановіч з падручнымі! Аказалася, што на скрыні з-пад тухлай капусты пішацца нават лепш, чым на выкшталцонай канторцы “мэйд ін Слесарэўскі”. А ўсяму прычынай – нязломны дух Г., яго дасканалае веданне псіхалогіі падлеткаў, юнакоў, усіх, хто ўваходзіць у небяспечную пару палавой спеласці. Колькі сілаў паклаў сранцавіцкі празаік, вывучаючы адметнасці юначага сексу, тэорыю спаравання, палавыя перверсіі, колькі гадзін ён правёў на маладзёвых форумах, прыкідваючыся хлопцам, фліртуючы з маладзіцамі і маладымі людзьмі, нібы педзік! І не злічыць. І вось непасільная простаму чалавеку, але такая прыемная для генія праца прыносіць жаданы плён! Аповесць проста-такі вылятае з-пад асадкі Г., раўнюткімі радкамі, кругленькімі літарамі кладзецца ў нататнік. Пішучы і абдумваючы перыпетыі падлеткавага кахання, ліхія дзеянні злаподлага педафіла, Г. іскрамётнай фантазіяй уваходзіць у душы герояў, перажывае іх праблемы і жарсці, сексуальна ўзбуджаецца сам – толькі гэтак дасягаецца мастацкая праўда.
Так, ясная раніца выдатна супала з настроем Г. – ён цёпла паздароўкаўся ў чарзе з суседзямі – зрабіў камплімент Налейнік, кіўнуў дзелавітаму Навумовічу, абняўся з Ачмуціным, крыху пафліртаваў з какеткай Заслаўскай, спецыяльна прайшоў наперад і павітаўся з ганарлівай Сініцынай, з незласлівай Цемняковай. Толькі бел-чырвона-белы шалік Гадановіча трохі зменшыў настраёвы запал. Нацыяналпаэт, як заўсёды, швэндаў па чарзе разняволены, з рукамі ў кішэнях, з цыгарэтай у зубах, з нязводнай сваёй усмешкаю. Г. адвярнуўся і патупаў назад…
А тым часам у чарзе аб’явіўся Чувырла – па завядзёнцы нядобра настроены. У саракаградусны мароз быў ён без шапкі, у ватоўцы і керзачах, у драных рукавіцах. Пальцы адной Чувырлавай пяцярні сціскалі металічны дручок. Праляцела чутка, што бамбіза шукае Гарташа – той быццам бы апублікаваў на яго нейкі паклёп, з’едліва высмеяў. Чувырала з агрэсіўным сапеннем брадзіў па чарзе, нахабна заходзіў ва ўсе палаткі, нягледзячы на абурэнні людзей, маўкліва аглядаў кожны закутах. Ён абышоў вогнішчы, вялікія сумёты, горы паленаў, зазірнуў ва ўсе шчыліны, памацаў кожнага чалавека, думаючы, што хітры Гарташ пераапрануўся ў чужое. Чарга зашумела, заабуралася, але ніхто не асмельваўся суняць здаравілу – як на бяду, зранку адсутнічаў Мемуаран, які выехаў на варвестаўскія склады. Якраз адлучыўся і Гадановіч – балазе недалёка. Славутага гуманітаршчыка вызванілі з праспекта Залежнасці, дзе ён збіраўся ў падземку. Вярнуўся паэт трушком. З падваротні на яго тэлефонны кліч выскачыла Марыйсевіч. Удваіх ім удалося завабіць Чувырлу ў палатку, дзе ў адной са шматлікіх зацемак таілася самагонка. Далей пайшло як па масле – падпітага падабрэлага Чувырлу вывелі за тэрыторыю лагера і пусцілі ў напрамку міліцэйскіх кардонаў, дзе яго і скруцілі праз колькі хвілін.
Аднак падзеі на гэтым не скончыліся. Пасля сытнага абеду з рэвеневага супу, запраўленага камбітлушчам, калі пісьменнік Г. быў прысеў адпачыць на калоду, да яго падышоў адзін літаратар, нязначны празаік, знаёмы Г. адно візуальна. Ён шапнуў, што ёсць сур’ёзная справа, ці не мог бы Г. адысці перамовіцца. Заінтрыгаваны Г. падняўся і шуснуў за рог рэдакцыі. Яны закурылі. Пазіраючы міма Г., як бы няўзнак, суразмоўца спытаў, ці не хацеў бы Г. узяць ганаровы ўдзел у важным мерапрыемстве, падкрэсліваючы, што гэта важна найперш для самога Г. Неадказны сакратар папрасіў удакладніць, аднак змоўшчык давёў, што ўдакладненні будуць пасля. Цяпер жа важная прынцыповая згода. Г. без ваганняў запэўніў, што згодны. Тады дзядзька чыркануў яму цыдулку і сказаў знайсці Навумовіча. А сам кінуў недапалак і адчужана пашыбаваў у двары. Пачухаўшы пад вушанкай патыліцу, Г. памкнуўся шукаць Навумовіча, што аказалася справай нялёгкай, але выканальнай – праз гадзіну ён згледзеў вяртлявага лірыка, які па гэткай жа схеме накіраваў з запіскай да Гадановіча.
Усё дужа выдавала на тое, як першага разу Г. уладкоўваўся на начлег. Толькі цяпер яго пераадрасоўвала значна больш людзей, чым тады. Пасля Гадановіча Г. шукаў Смякляева, Напаўарлова, двух незнаёмых паэтаў, аднаго драматурга, нарэшце Марыйсевіч, якая перанакіравала яго да публіцыста Трасянца, якога Г. зноў жа практычна не ведаў. Бляклатвары дзядзька няпэўнага ўзросту агледзеў Г. з ног да галавы, падазрона азірнуўся наўкол і загадаў рушыць у дзесяці метрах за ім. Сам жа скіраваў у двор рэдакцыйнага дома. Зусім збіты з толку сранцавіцкі сакратар пацёгся следам у дваровую непраглядзь – наваколлем авалодвала зімовая ноч.
Раздзел 39
Літаратар Трасянец, шмыгнуўшы ў двор, рушыў па адной з прабітых у снезе сцяжын вельмі жвава. Г. ледзьве за ім паспяваў. Кіравалі яны спачатку ў бок біяпрыбіральні, пакінуўшы яе злева. Было відаць, як пад гарэзнымі лямпачкамі там стаіць не такая і малая чарга, а на ўваходзе – напарстачнік Вясковіч у сіняй форме білецёра. Заўважыўшы там галаву Налейнік, Г. схаваў сваю галаву як глыбей ва ўздыблены каўнер і паспяшаў прамінуць гэтае месца. Затым яна пакінулі злева і дом, дзе сам сранцавіцкі сакратар працаваў дворнікам, і паглыбіліся ў малазнаёмыя Г. двары.
Трасянец прыспорыўся, пачасціў свае трывожныя азіранні цераз плячо, і Г. раптам збаяўся, што зноў ублытваецца ў непатрэбную яму авантуру. Подленькая думка прапанавала спыніцца, і хай гарыць яно гарам. Але пісьменнік Г. надта сябе паважаў, каб пасаваць перад выпрабаваннямі. Ён дадаў кроку, потым пабег – і тым самым паспяваў не губляць у цемры рухавую спіну Трасянца. А той няшчадна кружляў па раёне – шустрыў між сумётаў, сметніц, пятляў паміж дрэвамі па пояс у снезе, выскокваў на завулкі, правулкі, непраходныя тупікі і зноў кідаўся ў двары.
Г. праз нейкі час прыкмеціў, што Трасянец водзіць яго ледзь не па крузе, яўна мерачыся заблытаць сляды. Нарэшце яны падышлі да старой двухпавярховай камяніцы з комінамі. Трасянец спыніўся перад жалезнымі дзвярыма, выняў звязку ключоў, доўга звінеў імі. Наўкол было абсалютна бязлюдна. І зноў подленькая думка ўкалола Г., ці не зматацца адсюль, пакуль цэлы. Прытрызнілася, што яго зараз завабяць у змрочнае памяшканне, паб’юць, адбяруць грошы, заплечнік, неацэнны рукапіс, згвалцяць і выкінуць голага на мароз. Аднак не – вяртлявы Трасянец па-змоўніцку кіўнуў, яны ўваліліся ў цесны калідорчык і неўзабаве былі ў пакоі, зусім адны. Там стаяў нізкі столік і табурэт, больш нічога не было.
Трасянец прапанаваў Г. сесці, а сам пачаў нервова хадзіць, мераючы невялікі пакой уздоўж і ўпоперак. Затым ён спыніўся, як бы пераадольваючы нерашучасць спытаў, ці можна Г. давяраць. Г. запэўніў. Тады Трасянец яшчэ пахадзіў пару хвілін па пакоі і раптам выкрыкнуў, што сёння ўвечары адбудзецца найважнейшая для гісторыі Беларусі таемная сустрэча. Твар яго пры гэтым зусім спалатнеў, а на шчоках з’явіўся чырвоны румянец туберкулёзніка. На сустрэчу запрошаны толькі самыя адказныя і годныя беларускія літаратары, і арганізатары прапанавалі яму, Трасянцу, прыцягнуць туды Г. (Ад гэтых слоў гонар ахінуў сэрца сранцавіцкага празаіка.) Аднак, гаварыў змоўшчык, неабходна будзе зараз правесці рытуал клятвы, ці згодны на гэта Г.? Неадказны сакратар спытаў, у чым заключаецца рытуал, на што бляклы Трасянец экстатычна ўскрыкнуў, хай Г. спачатку дасць згоду. Адужаўшы насцярогу, Г. пагадзіўся. Тады Трасянец вышмаргнуў з кішэні паперу, таропка расправіў, паклаў перад Г., кінуў на паперу асадку і загадаў пісаць. Тэкст быў прыкладна такі – ён, пісьменнік Г., клянецца захаваць у тайне ўсё, што будзе яму сёння сказана і паказана. Далей роспіс. А далей… Г. жахнуўся: Трасянец дастаў доўгую іголку і падступіўся да яго. Трэба замацаваць пячаткай з крыві – крывавым адбіткам пальца, тлумачыў Трасянец, хапаючы левую кісць Г. Не паспеў неадказны міргнуць, як востры боль стрэльнуў у палец. Трасянец капнуў крывёй Г. ніжэй подпісу і з сілай прыціснуў, раздушыў кроплю пальцам Г. на паперы. Гэтак адбылася ганаровая клятва.
Аблізваючы кроў са збалелага пальца, Г. напалохана пазіраў на Трасянца, які зноў пачаў сваю знерваваную хаду па пакоі. Іх асвятляла адна маласільная лямпачка. І тут Трасянец адкрыўся. Сёння ў падвале аднаго з навакольных дамоў спраўдзіцца сустрэча з пісьменнікам Хабарэвічам, легендарным нацыяналістам, што эміграваў у Нямеччыну, аўтарам “Лістоў з волі” і мноства мастацкіх кніг. Хабарэвіч перасек мяжу каля Гародні і таемна прабраўся ў Менск, каб будзіць нацыянальную годнасць літаратараў. На сустрэчы, паўтарыў Трасянец, будуць толькі самыя-самыя. У Г. перахапіла дыханне: перад вачыма міжволі паўсталі амапаўцы, кайданкі, каталажка і катаванні. Ён з сілай адагнаў ад сябе гэтыя навязлівыя вобразы. А Трасянец тым часам вяшчаў, што сітуацыя вымагае максімальнай сакрэтнасці, таму ён прызначае Г. спатканне праз дзве гадзіны каля аднаго дома ў глыбіні квартала (адрас ён тут жа чыркануў на паперцы і перадаў Г.) Адтуль Трасянец павядзе Г. на месца сустрэчы таемнай сцяжынаю. Пры сабе неабходна мець хоць адну з кніг Хабарэвіча. Тут Трасянец сумеўся і спытаў, ці чытаў Г. нешта з Хабарэвіча. Неадказны сакратар з сорамам прызнаўся, што не. Гэта вельмі дрэнна, устурбаваўся праважаты, і тут жа вышмаргнуў з-за пазухі томік Хабарэвіча, адзін са шматлікіх раманаў, і перадаў Г., загадаўшы за дзве гадзіны вывучыць на памяць адзін раздзел. Гэта неабходна, падкрэсліў Трасянец, бо Хабарэвіч не любіць, калі на сустрэчу з ім з’яўляюцца расхлябанымі і непадрыхтаванымі.
На гэтым пакуль скончылі. Трывожна азіраючыся, Трасянец вывеў Г. на двор, замкнуў дзверы і кінуўся прэч у снягі. Г. ж бесталкова застаўся тырчаць з цыдулкай і кніжкай Хабарэвіча, якую трэба неадкладна вучыць.
Што ж, пакуль тое, Г. наважыў вярнуцца ў чаргу, агледзецца, што да чаго, ці не здарылася там чаго надзвычайнага, прыслухацца да чутак. Яго па-ранейшаму вярэдзіла боязь, напорыста лезлі карцінкі адзіночнай камеры, кайданкоў, катаванняў. О, Божа! – навошта ж на яго ўсё нешта навальваецца. Прапаў да таго ж вечар творчасці, аповесць пра педафіла не далічыцца сваіх дваццаці старонак! Тым не менш Г. ведаў – нішто ўжо яго не можа адхіліць ад авантурнай сустрэчы. Бегучы да чаргі сцяжынкамі, Г. разгарнуў томік Хабарэвіча і пад прывідным месяцовым святлом стаў зубрыць на памяць главу.
Раздзел 40
Падскочыўшы да чаргі, пісьменнік Г. не стаў туляцца па людных месцах, а хаваўся ў ценях і прыслухоўваўся да гаворак людзей. Пра таемную сустрэчу з нацыяналістам ніхто не абмовіўся. З новага Г. пачуў абурэнні, што заўтра як быццам у рэдакцыю заявіцца маршал Цемрашэвіч, з-пад яго, пяра, маўляў, выйшла новая гексалогія. І яшчэ лунала нездавальненне тым фактам, што Мемуаран наладзіў новы каравульны пост – пасля выпадку, калі падручныя Сахроменкі шпурнулі бомбу ў палатку “Варвеста”, прыйшлося ўзмацніць меры аховы, а іменна арганізаваць каравул, які блакіраваў дзесяціметровы ўчастак з боку вуліцы. Каравульны абавязваўся пільна сачыць за ўсімі аўто, што праязджаюць міма, і, калі западозрыць няладнае, страляць з двухстволкі без папярэджання.
Але з гэтым новым пастом Г. пазнаёміцца неўзабаве напоўніцу, калі пачне туды заступаць. Пакуль жа ён прагна лавіў чуткі пра Хабарэвіча. Не, нічога нават ускосна даведацца не ўдалося – настолькі кансператыўна маскіравалі легендарнага нацыяналіста.
Што ж, астатнюю гадзіну неадказны сакратар патраціў на вывучэнне раздзела з Хабарэвічава рамана, балазе памяць непітушчы Г. меў зайздросную. Заканчваў вывучэнне ён ужо ў дворніцкай, куды неўзабаве схаваўся.
І вось у прызначаны час Г. зноў сустрэўся з асцярожлівым Трасянцом, які павёў яго ў глыбіні квартала. Па дарозе праважаты падабраў яшчэ двух чалавек, шапачна знаёмых Г. па чарзе, – хлопца і пажылую кабету. Паздароўкаўшыся адно кіўкамі, змоўшчыкі рушылі ў ноч. Хвілін праз дваццаць мудрагелістага кружляння Трасянец завёў іх у нейкі пад’езд, адамкнуў у цемры дзверы і пацягнуў некуды ўніз. Яны спускаліся ў халодны падвал. Г. было страшна, чаго там таіць. Аднак разам з тым прыемна трапятала авантурная жылка. Трасянец уключыў шахцёрскі ліхтарык, які пачапіў сабе на лоб. Лямпачка высвятляла няроўныя сцены, дзверы з замкамі, цагляную падлогу і – выгіны, выгіны, выгіны… Трасянец і тут блытаў сляды. Праз паўгадзіны Г. быў цвёрда ўпэўнены, што яны прайшлі пад некалькімі дамамі квартала, настолькі доўгі быў шлях. Нарэшце пачуліся людскія галасы, і яны спыніліся каля прачыненых дзвярэй, адкуль лілося святло. Трасянец праціснуўся ў іх, а тады расхінуў, запрашаючы шэптам.
Яны апынуліся ў вялікім нізкім пакоі, забітым народам, асветленым ярка-ярка. Людзі сядзелі на лавах у некалькі радоў. Перад імі стаяў стол, крэсла, за імі на ўсю сцяну вісеў нацыянальны сцяг. Побач са сталом, на падлозе, высіліся стосы кніг. Трасянец указаў, куды сесці. Напяты, з прамой спінай, не смеючы дыхнуць, сранцавіцкі літаратар сеў і стаў сачыць, казелячы вочы налева-направа. Тут былі збольшага знаёмыя людзі, усё тыя ж чаргоўцы. Некалькі арганізатараў, а таксама вядоўца вечарыны, знаны празаік Трындзевіч мітусіліся на імправізаванай сцэне. У першых шэрагах Г. згледзеў Белякявічуса, а таксама яго верных збраяносцаў – крытыкесу Пуста і паэта Сузіраловіча. Таксама мільганула прычоска Цемняковай, лысіна Слесарэўскага, загарадзіла на міг святло постаць Марыйсевіч, што ўладкоўвалася паперадзе сесці. Зразумела, што Ачмуціна, блізкай душы, тут не было. Г. стала трохі самотна. Аднак ён злавіў на сабе цёплыя вочы Налейнік – у ягоным жа радзе. Гэта дадало пэўнасці. Паўтараючы пра сябе закляты ўрывак з Хабарэвіча, Г. трывожна сачыў за ўсім, што вакол адбываецца.
Нарэшце памяшканне запоўнілася, і тут жа пагасла святло. У цемрадзі забухалі крокі. Адначасова нейчыя галасы зладжана зацягнулі “Пагоню”. Пад гукі гэтага гімну ўспыхнуў пражэктар і высвеціў сцэну – перад сталом высіўся чалавек у белым. Святло было накіравана толькі на яго. “Хабарэвіч!” – радасна затахкала сэрца Г. Нарэшце запалілі ўсё святло – і слынны нацыяналіст паўстаў перад людствам. Трындзевіч урачыста адкрыў вечарыну. Хабарэвіч урачыста вітаў прысутных. Быў ён у белым маскіровачным халаце, у ім ён, як выявілася, і перасякаў мяжу блізу Гародні, зліваючыся са снегам. Галава яго была перавязана – гэта кранула куля памежнікаў, рана зусім бяспечная, супакойваў вядоўца Трындзевіч. Стосы кніг каля стала аказаліся пяццю новымі раманамі Хабарэвіча, пісанымі ў Нямеччыне, друкаванымі на Ўкраіне і таемна перапраўленымі праз нетры Палесся ў сталіцу. Г. аж затросся – так яму закарцела набыць гэтыя пяць раманаў. Аднак кнігі, паводле Трындзевіча, будуць прадавацца напрыканцы. Пакуль жа, для разгону, вядоўца ўсадзіў Хабарэвіча за столік, яму прынеслі закусак, некалькі пляшак кантрабанднага піва – і легендарны празаік стаў слухаць, як выступаюць літаратары, пачаргова, з месца, чытаючы на памяць урыўкі з ягонай творчасці. Адна дзяўчынка збілася, затармазіла, заплакала. Яе вывелі вон. Г. здалося ад хвалявання, што ён начыста забыў вызубранае і цяпер яго гэтак жа выставяць з ганьбаю. Але ж пранесла – да Г. чарга не дайшла.
Падняўся сам Хабарэвіч (быў ён у цёмных акулярах, дарэчы) і распачаў на гадзіну прамову. Усе слухалі з трымценнем і захапленнем. Нацыяналіст лаяў урад, прычым такімі словамі, ад якіх у Г. стыла кроў. Сранцавіцкі літаратар заўважыў, як мільганулі пару камер “Волі” – пэўна, гэта хутка пойдзе ў эфір. Стала напраўду жудасна. Зноў прытрызніліся суровыя міліцыянты, кайданкі і пабоі. Тым больш што вядоўца Трындзевіч папярэдзіў, каб не палохаліся, калі раптам пагасне святло – гэта меры перасцярогі. А Хабарэвіч, аблаяўшы ўрад, пусціўся чмарыць беларускіх літаратараў, даводзячы, што сапраўднай літаратуры ў Беларусі няма і не можа быць. Для сапраўднай літаратуры трэба з’язджаць за мяжу і толькі там, вольна мыслячы, тварыць раман за раманам. Потым ён аблаяў і беларускую апазіцыю за пасіўнасць і баязлівасць, прайшоўся па адсутных Гадановічу і Смякляеву. На што раздаўся вокліч з месца як быццам ад Марыйсевіч: “Гэй, ты не вельмі тут!” Хабарэвіч яе не расчуў і перакінуўся на рэдакцыю напаўапазіцыйнага часопіса “Пустаслоў”, высмейваючы яго літаратурную частку.
Цягам вечарыны некалькі разоў спявалі “Пагоню”. Потым выйшаў невядомы Г. валасаты бард. Потым некалькі маладых паэтак – яны артыстычна, з разбіўкай на ролі, чыталі паэму, складзеную маладымі літаратарамі і прысвечаную Хабарэвічу. А легендарны празаік тым часам піў піва, закусваў. Прыслужнікі прыбіралі спарожненыя пляшкі і прыносілі новыя. Г. здзівіўся, колькі змог выпіць Хабарэвіч, талерантнасць яго да алкаголю была каласальная – ні ў гаворцы, ні ў рухах нацыяналіста не з’явілася збівістасці і дрыготкі.
Вечарына доўжылася далёка за поўнач. Потым пасыпаліся пытанні да Хабарэвіча. Асабліва актыўнічаў Белялявічус, перакрыкваючы астатніх, казыраючы сваім глыбінным веданнем усяе творчасці госця. Яго перабівала Заслаўская з першага рада нястрымным патокам пытанняў. Нарэшце вядоўцы і падручныя распачалі продаж кніг. Утварылася ажыятажная цісканіна. Г. удалося набыць толькі дзве, без подпісу, бо за подпіс разгарэлася паперадзе бойка. Зноў Марыйсевіч некага адмяцеліла. Словам, Г. быў невыказна рады, калі Трасянец вывеў яго падземнымі хадамі на свежае паветра. Да роднай дворніцкай Г. бег з пачуццямі вельмі складанымі.
Раздзел 41
Пасля вечарыны Хабарэвіча Г. вырубіўся звыклым сном працоўнага чалавека. Спаў у дворніцкай непрабудна, хоць за вакном віраваў буран, скаланаў шыбы. Прачнуўся Г. па завядзёнцы без дзесяці шэсць, прыбраўся, куснуў сухароў і выбег з прычындаламі ў досвітак. Работы было нямерана. Зноў трэба адкопваць аўтамабілі жыльцоў, занесеныя па макаўку снегам. А каторыя аўто і зусім у ім патаналі. Добра што Г. ведаў, куды якія машыны ставяцца. Што ж, скінуўшы кажух, пачапіўшы бясцэнны заплечнік паўзверх світэра, сранцавікі празаік закасаў рукавы…
Ён дужаўся з завірухай, якая кідала новыя порцыі срэбнага бісеру долу, уздымала яго дагары, слала пазёмкай, утварала слупы, нібы жывыя нейчыя постаці. І Г. перамог стыхію: калі паказаліся першыя жыльцы з кулькамі ежы для яго, двор быў прыдатны для карыстання – сцяжынкі прабіты, машыны адкапаны, выязная дарожка з двара ачышчана да зямлі. Шчодрыя кавалкі ежы звыкла паляцелі на разасланы кажух…
У дворніцкай пісьменніка Г., калі ён з апетытам работніка заглынаў пайку, раптам апанаваў страх. Толькі цяпер Г. дацяміў, што ўчарашняя вечарына не жарты і яна яшчэ вой як можа вылезці бокам. Баязлівая фантазія тут жа намалявала міліцыянтаў, якія хапаюць Г. за рукі і пхаюць у варанок. Неадказны сакратар папярхнуўся. А тады ўскочыў і мітусліва забегаў па малой пляцоўцы, вольнай ад інвентару. Так, трэба было неадкладна схаваць заклятыя кнігі Хабарэвіча! Г. выхапіў іх з заплечніка і ўпёр у кучу мяцёлак. Аднак, не здаволіўшыся гэтым, праз хвіліну перахаваў на антрэсоль. Так будзе надзейней! Сэрца трохі сцішылася, паспакайнела. Што ж, пара выпраўляцца ў чаргу, каб паспець на развод. А яшчэ – пільна прыслухоўвацца да людзей, раптам што ўчуе пра Хабарэвіча, пра тое, чым скончылася вечарына, ці ўсё ціхамірна, ці не павязалі каго.
Ужо на бягу да рэдакцыі, між сумётамі, паўзверх якіх праглядалася біяпрыбіральня Хлёпуса, пісьменніка Г. апанавала паранаідальная ідэя: ці не падкінуў яму хто “Лістоў з волі” на той вечарыне?! За іх жа напраўду пагарэць можна! Г. спыніўся, дзікавата агледзеўся, і стаў скідваць з сябе вопраткі, скрупулёзна іх правяраючы. Застаўся ў адных сямейных трусах – але і ў трусы прыйшлося залезці, нагэтулькі паранойя не давала спакою. Нарэшце Г. упэўніўся, што “Лістоў з волі” пры ім няма і ён лёгка вытрымае вобшук, калі такі здарыцца. На допытах жа, пакляўся сабе Г., ён замкне рот і ні гуку не пачуюць ад яго суровыя міліцыянты. Г. сваіх не здае!
…Чарга была, як ніколі, доўгая і шырокая. А мо Г. здалося так з перапуду. Стаўшы ў яе, ён доўга і напружана прыслухоўваўся да ўсіх выгукаў – але нічога, што хоць трохі б намякала на Хабарэвіча, не пачуў. Ні Налейнік, ні Цемнякова, ні Слесарэўскі, з якімі Г. наўмысна падышоў паздароўкацца, ні сном ні духам не закранулі тэму таемнай вечарыны мацёрага нацыяналіста. Гэта крыху супакоіла. А далей не ставала часу трывожыцца, бо надыходзіў шторанішні развод, на які якраз прыбыў Мемуаран на белым мерседэсе, грымучы прывычнымі ланцугамі. Мемуаран быў у традыцыйнай ватоўцы, валёнках, як заўсёды бадзёры, жвавы і дзелавіты. На разводзе Г. атрымаў лёгкую працу – упарадкоўваць пляцоўку перад фатэлем Хлёпуса, пыласосіць сам фатэль. Г. стаў прыкмячаць, што Мемуаран усё часцей даручае Г. такую работу, ён яўна адзначыў, што акрамя Г. так дбайна прыбіраць працоўнае месца медыйнай асобы не здольны ніхто. Гэта поўніла таемным гонарам за сябе.
Аднак перад працаю трэба было спяшаць на кухню да Пушчанскага – час сняданку быў абмежаваны, паўгадзіны, а тады кухня зачынялася і ніякія мальбы не краналі сэрца суровага кухара. А без калорый працаваць на лютым марозе пагана.
…Перад кухняй, яшчэ не ўвайшоўшы ў палатку, неадказны сакратар адчуў нешта не тое. Нейкі неспакой, агрэсіўныя галасы. Аказалася, сёння не прывезлі чорнага хлеба, і сняданак складаўся толькі з двайной порцыі крапіўнага адвару і жалудовай кавы. “Сам на такім харчы працуй! Куркуль! Хітрая жопа!” – чуліся ў палатцы абразы ў бок Пушчанскага, які звыкла хаваўся за кухарскай стойкай. У адказ ён мацярыў незадаволеных, перамяжаючы грубую лаянку са слушнымі аргументамі. Праз колькі хвілін Г. нарэшце зразумеў, у чым справа: з учарашняга вечара ў краіне зноў падаражэў хлеб, і кіраўніцтву чаргі стала нявыгадна закупляць хлеб у дзяржавы. З сённяшняга дня да рэдакцыі прывязуць адмысловую хлебапякарню Хлёпуса, якая распачне працу і ўжо ўвечары будзе свой свежы хлеб. А пакуль Пушчанскі заклікаў супакоіцца і сёрбаць крапіўны адвар. Усё адно крыкам тут не паможаш. Г. адным з першых гэта ўразумеў, дысцыплінавана схапіў сваю двайную порцыю, як гаручае заліў у працоўны страўнік, запіў сурагатам кавы і выскачыў на мароз. Сілаў яўна прыбыло, у вантробах хораша пацяплела. Прывычныя рукі патрабавалі работы. І яна, радзімая, чакала яго – Мемуаран ужо вынес дарагі замежны пыласос і паставіў побач з фатэлем.
Раздзел 42
Дбайна прыбраўшы працоўнае месца Хлёпуса, пісьменнік Г. пайшоў у чаргу пабалакаць. Так, з некаторага часу стаянне ў чарзе стала яго арганічнай патрэбай. Гамонка чаргоўцаў, байкі, показкі, плёткі, розныя трапнасці і дасціпнасці здымалі з Г. псіхалагічны цяжар, рабілі жыццё паўнакроўным. Ад сваіх літаратурных праблем Г. пераключаўся на справы суседзяў, увогуле на стан сучаснай беларускай літаратуры, на палітыку. І хоць размовы палітычнага кірунку заўсёды палохалі Г., тым не менш яго другое, цікаўнае, “я” прагна ўсмоктвала ўсе енкі зрэбнай праўды з вуснаў чаргоўцаў. Прыносіла палёгку тое, што незадаволенасць жыццём выношвае ў душы не адзін Г., а шмат-шмат хто з літаратараў. Вядома, што агучаная праблема ёсць ужо напалову вырашанай. Г. любіў смелыя выкрыкі Налейнік, калі тая, роспачна вырачыўшы вочы, скардзілася на тое, што амаль галадуе на сваім мізэрным заробку, і гэта пры яе вучонай філалагічнай ступені! Любіў Г. і ціхія скаргі на вушка ад Ненатоля Ачмуціна, калі той пачынаў жаліцца, што яго “Ядзвігу літаратурную” душаць падаткамі, а яго, Ачмуціна, страшэнна не любяць і зайздросцяць сабраты па пяры, што ёсць сярод іх скрытыя і яўныя антысеміты. Ненатолю было балюча, і Г. спагадаў лірыку, а спагадаючы, як бы ачышчаўся духоўна. Любіў Г. і незласлівыя размовы Слесарэўскага, калі той адкрываў душу сранцавіцкаму літаратару, нібы брату, і казаў, што жонка ўжо год, як звольнена з працы, што дачка цяжка хварэе, што ўся надзея сям’і цяпер на яго – ці дачакаецца ён у чарзе свайго зорнага часу. А тады і сам Г. пачынаў распавядаць, як ён любіць сваё раёнку, што без яго там зусім не ідуць справы, што балюча яму і тое, што мусіў дзеля чаргі пакінуць сям’ю на даўжэзны тэрмін. Але ж і не стаць у чаргу Г. не мог – гэта доўг яго, грамадзяніна і пісьменніка.
Сябры перакурвалі, абдымаліся, рукаліся – і на душы рабілася неяк цяплей, і ўжо не настолькі палохала тое, што другі месяц месца Г. у чарзе – усё пад тым самым вакном, зашчыльненым шторамі, і што месца інжынера-будаўніка Слесарэўскага не нашмат бліжэй да рэдакцыі. Разрадзіўшыся гутаркай, сябры выпраўляліся па штодзённых справах сваіх, якімі нязменна азадачваў нядрэмны Мемуаран.
У гэты дзень, які пачаўся са скандалу на кухні, акрамя з’яўлення адмысловай хлебапякарні, чакаўся яшчэ прыезд маршала Цемрашэвіча. Чарга ўжо загадзя буркатала і сцішана абуралася. Некаторыя літаратары, наадварот, хадзілі прыгнечаныя і маўклівыя. Натомлены чаканнем Г. таксама ўпаў у кепскі настрой, мужнасць і цярпенне пачалі яму здраджваць, завярэдзіла ва ўсю моц тое, што мінула багата дзён з моманту, калі Ачмуцін перадаў заяву ад Г. Белякявічусу, перадаў яго кроўныя грошы на напісанне станоўчай рэцэнзіі. Аднак не толькі рэцэнзіі не пабачыў Г., але і якіх-небудзь тлумачэнняў ні ад маладога крытыка, ні ад Ачмуціна. Апанаваны раптоўным імпэтам, Г. сарваўся з месца, увайшоў у палатку “Варвеста” і рашуча адклікаў Ачмуціна для размовы. Ачмуцін выйшаў нехаця, бо Г. сапраўды адарваў яго ад найважнейшай справы – збыту прадукцыі Хлёпуса. Але ж і Г. не мог болей трываць нематы і няпэўнасці – ён наўпрост і вельмі рашуча спытаў Ачмуціна, чаму няма звестак пра станоўчую рэцу, чаму ён, пісьменнік Г., павінен хвалявацца за ўласныя грошы. Ачмуцін збянтэжыўся, відавочна адчуў сябе вінаватым, стаў апраўдвацца тым, што дужа заняты апошнімі днямі і прызабыў. Ён замітусіўся шукаць Белякявічуса і хутка знайшоў прагрэсіўнага крытыка ў адной з палатак, дзе той грэўся на нарах ля печкі з электроннаю кніжкай. Ачмуцін перамовіўся з Белякявічусам і выйшаў да Г. не тое, што з патухлым, але нейкім прывінавачаным тварам. Адвёў Г. у бок і шэптам сказаў, што ўсё, у прынцыпе, добра – справа ў цэлым рухаецца, але ёсць адна-адзінюткая акалічнасць: Г. павінен перапісаць заяву, бо такой заявай Белякявечус не здаволены. “Што значыць не здаволены!” – ледзь задушыў у сабе рык сранцавіцкі літаратар. Але ж Ачмуцін зноў жа шэптам і вельмі спакойна давёў, што хвалявацца не трэба, гэта фармальнасць, правіла – заява мусіць быць напісана ў больш паважлівай форме, з выразамі прашэння і заведамай удзячнасці, з невялікім прыніжэннем нават – гэта, маўляў, карысна для самога Г., так утаймоўваецца гонар. “Сука! Падла! Малакасос!” – рвалася вонкі лаянка з грудзей Г. у бок Белякявічуса, у той час як на твары сваім неадказны сакратар мусіў майстраваць добразычлівасць і мяккасць. А Ненатоль тым часам угаворваў, і падказваў, і ўжо пісаў чарнавік новага прашэння, дзе з’явіліся матывы непамернай пахвальбы Белякявічусу, узвелічэння яго як чалавека і крытыка. І Г., задушыўшы ў сабе лютую злосць, дрыготкай рукой, скарыстаўшыся гэтым узорам, напісаў новую заяву на станоўчую рэцу, і Ачмуцін тут жа яе нанова падаў у палатку “Белякявічус і К”.
“Паршывец! Мярзотнік! Тухляк!” – брадзіў Г. пасля па лагеры, кленучы прагрэсіўнага крытыка. Чалавек, які яму ў сыны прыдатны, так вытанчана здзекуецца з яго! Ды Г. з вялікай асалодай, як сына свайго, адлупцаваў бы Белякявічуса дзягай, спусціўшы таму штаны і ўбіўшы галаву між каленяў. Нічога, прыйдзе час, калі не Г. будзе падаваць заяву на рэцу, а ўсе белякявічусы краіны наперабой кінуцца дамагацца пісаць пра яго!
Раздзел 43
Пасля перапісвання заявы “пад Белякявічуса” пісьменнік Г. доўга не мог суцішыць раз’юху. Ён хадзіў, бегаў, нават распрануўся да штаноў і абцёрся калючым снегам. Мала. Тады злётаў на кухню па вядро халоднай вады, абдаўся ёй на дваццаціградусным марозе, абцёрся вязанай шапачкай. Але ж і гэта не памагала. Выхадка ганарлівага Белякявічуса не выбівалася з галавы. Што ж, неадказны сакратар надоўга запомніць гэтае ўніжэнне, а потым разлічыцца, ды так, што зваліць з капытоў гэтага піскляка. А пакуль трэба было сцяўшы зубы маўчаць, каб атрымаць станоўчую рэцу, якая яму – да зарэзу ў пакручастай літаратурнай кар’еры.
Бліжэй да абеду спраўдзілася падзея, якую так баяліся ўсе чаргоўцы – здаля пачуліся ўжо звыклыя роў, ракатанне, гудзенне. Гэта імчаліся самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі маршала Цемрашэвіча. На гэты раз яны прыкрываліся не адным, а двума танкамі, таму рокат стаяў аглушальны. Пісьменніку Г. закарцела збегчы на задні двор, каб толькі не чуць і не бачыць гэтага гвалту з літаратуры. Аднак і месца ў чарзе няможна ж было ўпускаць! Таму Г. бачыў усё: як спыніўся ўрачысты вайсковы картэж, як вышыхтаваліся афіцэры жывым калідорам, як перш чым вынесці маршала, чысцілі салдаты пляцоўку паперадзе самаходкі. Нарэшце размажнелага Цемрашэвіча выцягнулі з люка і павялі пад рукі па жывым калідоры. Каля ганка палкоўнік падышоў страявым крокам да маршала і гучна далажыў, што ўсё на мазі. Маршал нешта па-старэчы прашамкаў. А тады двое палкоўнікаў сашчапілі рукі насілкамі, усадзілі туды Цемрашэвіча і пабеглі з ім па крутых прыступках рэдакцыйнага ганка. Капітан адчыніў перад імі масіўныя дзверы – і маршал бесперашкодна пранік у святая святых. А тады растуліліся заднія люкі самаходак і салдаты пачалі вымаць адтуль здаравенныя куфры з рукапісам, зашчэпленыя гіганцкімі замкамі. Так, маршал Цемрашэвіч парадаваў літаратурны свет нечарговай сваёй гексалогіяй. Куфры, па чатыры салдаты на кожны, паперлі ў рэдакцыю.
Назіраючы гэта, ад прыроды здаровы Г. ледзь не самлеў. Ён пахіснуўся і толькі сяброўская рука Шкандыбайлы яго ўтрымала. У разгар перапраўкі куфраў знянацку раздаўся ці то віскат, ці то роспачнае выццё. Аказалася, гэта Налейнік, падвержаная нервовым зрывам, рынулася грудзьмі на жывы калідор з афіцэраў з праклёнамі і кулакамі. Аднак адзін палкоўнік так яе штурхнуў магутным плячом, што няхілая і нялёгкая Налейнік адляцела мячыкам і пакацілася па сумётах. Пад маўклівымі, напалоханымі позіркамі чаргоўцаў. Зрынутая Налейнік некалькі разоў парывалася ўстаць, але ўсякі раз валілася, нібы пасля накаўту. Нарэшце, пасля чарговага падзення яна заціхла. Колькі секунд ніхто да яе не спяшаў – настолькі дэмаралізаваная была чарга, бо крытыкесу адпіхнулі не як чалавека – як бяздушную рэч адфутболілі. А тым часам караван куфраў цягнуўся і цягнуўся ў рэдакцыю. Нарэшце да Налейнік з плачам падбегла Заслаўскага, ёй на падмогу вымкнула яшчэ колькі жанчын, сярод якіх Г. прыкмеціў футра Цемняковай.
Ніхто з мужыкоў, у тым ліку і ён, пісьменнік Г., дужы і жылісты, бравы дбайца чыстай маралі, апявальнік мужнасці, – ніхто нават не абурыўся, не тое каб разабрацца са світаю Цемрашэвіча. Гэта быў поўны псіхалагічны ступар. Супроць лома прыёму няма, гэта разумеў кожны…
Цяжкі вечар правёў Г. пасля прыбыцця маршала. Ён ненавідзеў найперш сябе. Хай бы адмяцелілі, скрывянілі яго афіцэры – але заступіцца за жанчыну было справай гонару. Г. употай скусваў да крыві пальцы, каб зрабіць сабе балюча і тым самым заглушыць боль душы. Г. па прыродзе быў крыху мазахістам.
Аднак новы ўдар, яшчэ балючэйшы, вывеў яго са ступару – пасля вячэры на ганку рэдакцыі раптам з’явіўся задзірысты рэдактар Быдлянскі, запатрабаваў цішыні, а тады пракрычаў, што ў сувязі з перапаўненнем матэрыяламі рэдакцыя зачыняецца на бліжэйшы тыдзень. Потым, ён запэўніваў, дзверы зноў будуць гасцінна адчынены. А пакуль няма ніякай мажлівасці нікога прымаць – усе сілы пойдуць на разбор і рэдактуру гексалогіі выбітнага класіка. Пасля гэтых слоў Быдлянскі хуценька знік за дзвярыма. Шчоўкнуў замок.
Гэты быў бязлітасны і подлы ўдар. Нібы спачатку Г. сунулі кулаком пад дых, потым наском чаравіка – па машонцы і, нарэшце, – абухом па патыліцы. Выратаваў ад псіхічнага зрыву толькі Мемуаран, які паставіў Г. у нечарговы каравул вакол палаткі “Варвеста”. І хоць Г. мусіў ісці ў каравул толькі заўтра, яго нечакана ўзрадаваў такі паварот. У каравуле ён прывёў нервы да ладу – сцюдзёны вецер выдзьмухнуў з яго негатыў, арганізм мабілізаваўся на барацьбу.
А трэцяй ночы Г., шпацыруючы з драбавіком скрозь мяцеліцу, расчуў нібыта крыкі з боку палаткі “Лазня”, авеянай вясёлым дымком. Там відавочна бруіла жыццё – прыслухаўшыся, Г. расчуў не толькі крыкі, але і стогны, і віскат, і хрыпенне. Праз паўгадзіны з палаткі, баязліва азіраючыся і зашпільваючы верхнія гузікі, выйшаў Белякявічус і пабег прэч. Яшчэ праз пятнаццаць хвілін адтуль вольна і без усякай няёмкасці вылузаўся гісторык Напаўарлоў, вочы яго масляніста блішчэлі, а барада хавала ўхмылку. Ён паважна патупаў да свайго вогнішча. І тут думкі Г. раптам скіравалі на тое, што і яму таксама дужа хочацца жаночай пяшчоты; уяўленне дагодліва намалявала багатыя формы, якія ахінаюць яго, песцяць, лагодзяць… О!.. Г. заскрыгатаў зубамі ад нецярпення. “А ці нельга там заказаць малалетак?” – мільганула каварная думка.
Раздзел 44
Неадказны сранцавіцкі сакратар спачатку пасаромеўся гэтага таемнага жадання свайго – заказаць у палатку “Лазня” якую гарачую малалетку. Тым больш што жаданне ўзнікла спантанна, і ён, Г., зусім не збіраўся гэта ажыццявіць. І ўсё ж, схільны да рэфлексій, Г. прысвяціў астатні каравульны час “разбору палётаў”. Як мысляр, вопытны празаік і мацёры чалавечышча Г. ведаў, што ніводнае чалавечае жаданне не ўзнікае на пустым месцы, усяму ёсць свая падаплёка. А каго ўжо, як не сябе, абавязаны быў зведаць празаік на ўсю поўніцу? Толькі спазнаючы сваё таемнае “я”, можна дайсці да сутнасці, да каранёў, напісаць такія глыбінныя творы, якімі ўжо парадаваў і яшчэ парадуе Г. беларускую літаратуру.
Так, Г. ведаў некаторыя свае асаблівасці. Прыкладам, сваю павышаную сексуальнасць, нервовую ўзбуджальнасць, якая часам даходзіла да дзікіх прыпадкаў, калі ён руйнаваў мэблю ў кватэры, па-зверску роў, палохаючы суседзяў… або лямантаваў у рэдакцыі, зрываючыся на асабліва дакучнага графамана, аднаго ён проста адкалашмаціў нагамі, і потым былі праблемы з міліцыяй. А ўсё праз павышаную сексуальнасць, непамерную фантазію, якая цягам жыцця не давала яму спакою. Карацей, жаданні Г. значна перавышалі яго магчымасці, і ён падсвядома сышоў у творчасць, каб ствараць свет падлеткавага кахання, дзе віруюць такія жарсці, якіх яму ў правінцыйным сранцавіцкім жыцці неставала.
Як і ўзорнага сем’яніна Набокава пастаянна цягнула паспытаць малалетак, што ён і рабіў у сваёй творчасці, гэтак і Г. усё дарослае жыццё цягнуўся да цела цнатлівых дзяўчатак. Пісьменніцкая работа, можна сказаць, пазбавіла яго ад бяды – ён не стаў зацятым маньякам, а сублімаваў жаданні ў мірную літаратурную творчасць. Дзеянні ён ператварыў у фантазіі, трагічныя развязкі – у маралітэ, якімі неадменна заканчваў свае вострасюжэтныя аповесці. Палавы інстынкт быў закілзаны, асуджаны, правільна каналізаваны. Насамрэч жа пісьменнік Г. гэтак каналізаваў сваю ўласную сексуальнасць. І неяк прызнаўшы гэта, яму стала лягчэй, ён перастаў сябе грызці і есці за кожны позірк на маладыя стройныя ножкі сранцавіцкіх школьніц, за любаванне іх гарэзнымі попкамі – Г. ведаў, што так ён натхняецца, што ў гэты момант нехта звыш насычае яго творчай энергіяй.
Так, думаў Г., выходжваючы з драбавіком вакол палаткі “Варвеста”, гэта не страшна, і ніколькі не заганна, што ўзнікла думка заказаць у палатку “Лазня” шуструю малалетку. Па-першае, сексуальная разрадка яму проста-такі неабходная, з прыродай не паспрачаешся. Па-другое, як сумленны пісьменнік, які маецца маляваць вобраз педафіла, Г. абавязаны кіравацца мастацкай праўдаю, то бок паспытаць малалетку на справе. Вядома, тое не будзе сітуацыяй, набліжанай да рэальнасці – прастытутка не цнатлівая школьніца, а ён не педафіл. Ну дык трэба падключыць уяўленне – і ўсё стане на свае месцы, разважаў Г. Яны разыграюць ролі – і ён атрымае найбагацейшы матэрыял для творчасці. Найбагацейшы!
Тым не менш, каторы раз у жыцці, давялося суняць свае апетыты – ён не настолькі дурны, як Белялявічус, і не настолькі без комплексаў, як Напаўарлоў – каб карыстацца жаночым целам перад самым носам чаргі, хоць бы і ўночы. Несумненна, папаўзуць пагалоскі, пачнуць хіхікаць, паказваць пальцамі. Гэта нядобра. Усё ж справа, якую робіць Г., патрабуе маральнай чысціні, ён флагман не толькі для падлеткаў Беларусі, але і для ўсіх аўтараў, хто пішуць і будуць пісаць пра падлеткавае каханне. Каханне мусіць быць чыстым, беззгаганным, правільным – менавіта такім, якому вучыць Г. на старонках сваіх кніг, на сваім сайце – праводзячы працяглыя дыскусіі з чытачамі. Ён адзін напраўду ведае, як трэба кахаць. Ён вялікі знаўца юначага сексу.
З гэтымі думкамі і змянілі Г. на варце, з імі ён і выправіўся высыпацца ў палатку. Аднак сон не браў – развярэджаная фантазія пра малалетку, якую ён зажадаў спазнаць у “Лазні”, не давала спачыну, выбудоўваючы сюжэт пра каварнага педафіла. А той дзейнічаў вельмі рашуча! Хітраспляценні сюжэта перамяжаліся з побытам адляцелага дня, насычанага даволі непрыемнымі падзеямі, галоўная з якіх – закрыццё рэдакцыіі праз паганага Цемрашэвіча. Стары мухамор! Ды калі ж ён паспявае страчыць свае гексалогіі! Не іначай, уся армія гэтым занятая. Дарэчы, пасля магутнага штурхаля палкоўніка Налейнік ачухалася. Яна парывалася ўстаць на ногі і бегчы змагацца далей, але Заслаўская з Цемняковай моцна яе трымалі. Налейнік не супакойвалася, прыйшлося выклікаць доктарку з медсястрой і яны, з дапамогай людзей Мемуарана, занеслі Налейнік у медпалатку пад заспакаяльную кропельніцу.
Ужо перад самым заступленнем Г. у варвестаўскі каравул яго вуха дапяла радасная звестка – у чарзе сказалі, што Хабарэвіч увечары перасек дзяржаўную мяжу у сарака кіламетрах паўночней Бярэсця, памежнікам, што атакавалі нацыяналіста аўтаматнымі чэргамі, не ўдалося яго паразіць. Пад шквалам агню Хабарэвіч дапоўз да польскіх сяброў, якія яго прыкрылі і вывезлі з памежнай зоны з невялікімі раненнямі. Цяпер, па чутках, Хабарэвіч, натхнёны Беларуссю, засядзе за чарговую порцыю “Лістоў з волі”, якія неўзабаве знойдуць свой распаўсюд у грамадстве. Так, гэта радавала Г. Але найбольш з той прычыны, што, пакуль Хабарэвіч не злоўлены, наўрад ці пачнецца хапун па справе з вечарынаю. На няма і суду няма. І ўсё ж кожнага разу, калі любая патрульная міліцэйская машына праязджала паўз лагер, нутро Г. баязліва сціналася. Мы ўжо ўзгадвалі, што сранцавіцкі празаік ненавідзеў грубую фізічную сілу.
Раздзел 45
Караван куфраў з гексалогіяй маршала Цемрашэвіча пасеяў у чарзе сапраўдную паняверку. Ладна, калі быў які-кольвек рух па чарзе – нягледзячы на маразы і завеі гэта яшчэ можна было цярпець. Цяпер жа чакаў панылы тыдзень без усякага руху. Душы чаргоўцаў агарнула роспач. Стройная чарга стала даваць збоі. Пачаліся сабатажы – некаторыя літаратары адмаўляліся калоць дровы, парадкаваць лагер. Часта з’яўляліся п’яныя. Пачасціліся нервовыя зрывы, бойкі. Нават строгі Мемуаран не мог навесці парадак. Чаргоўцаў, што правінаваціліся, саджалі ў халодную палатку-карцэр, падвешвалі голымі на перакладзіне, аблівалі халоднай вадой, білі ботамі ў жывот – але гэта не мела ранейшага плёну. Людзі нібы згубілі страх. Здавалася, некаторыя спецыяльна нарываліся на Мемуаранаву кару, каб пабоямі ў іх прыглушылі душэўны боль.
Некаторым здавалася, што і праз тыдзень, і праз месяц рэдакцыя не адчыніцца. З’явіліся душэўна хворыя. Асабліва ўразіў пісьменніка Г. адзін пажылы худы літаратар, які брадзіў па лагеры проставалосы і расхрыстаны ды паўтараў як заведзены слова “заўжды”. Як давялі Г. дасведчаныя, гэты аршанскі празаік пацярпеў ад рэдактараў якраз перад прыбыццём Цемрашэвіча. У яго аповесці быццам бы выкрэслівалі ўсе словы “заўжды” і замянялі іх на “заўсёды” як на больш звыклае, распаўсюджанае, беларускае. Аршанскі празаік маліў іх пакінуць хоць трыццаць адсоткаў слова “заўжды”, якое ён страшэнна любіць з дзяцінства. Аднак рэдактары на чале з Быдлянскім былі непрыхільныя – ніводнага слова “заўжды” не павінна застацца ў аповесці, інакш яна не будзе надрукавана. У выніку бедны празаік ссунуўся з глузду – апынуўшыся на свежым паветры, ён забыў усё на свеце, сваё імя нават, і зацыклена паўтараў любімае слова “заўжды”. Ён дужа ўсім надакучыў. Шасцёркі Гадановіча закідвалі яго снегам і паленамі, давалі падсрачнікі, збілі шапку, рагочучы, – небарака ні на што не рэагаваў. Праз дзень яго мусілі павязаць і выклікаць спецбрыгаду.
Пісьменнік Г. не ўхіляўся ні ад працы па лагеры, ні ад творчасці. Наадварот, творчасць давала яму сілы перажыць тыднёвую нерухомасць. Касмічная творчая энергія спрытна ператваралася ў літары з шасці да адзінаццаці вечара, калі ён сядзеў на сваёй скрыні з нататнікам і асадкаю. Людзі Гадановіча па-ранейшаму хіхікалі з Г., аднаго разу, калі ён адсутнічаў, выкралі скрыню і кінулі яе ў вогнішча Хлёпуса. Не бяды, Г. спакойна пайшоў да Пушчанскага і ўзяў новую скрыню.
Пасля адзінаццаці, выканаўшы дзённую норму старонак, Г. не ішоў адразу ў дворніцкую, а хінуўся да вогнішчаў Напаўарлова, радзей – да Смякляева. Трыбуны, трэба прызнаць, таксама не палі духам – і будзілі народ сваімі ідэямі. Напаўарлоў – слаўнай гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, Смякляеў – тым, што лаяў урад і заклікаў да супраціўлення рэжыму. Сям-там пастаянна мільгала постаць Белякявічуса – і гэта моцна раздражняла пісьменніка Г., таму што рэцэнзіі па-ранейшаму не з’явілася, і вядома, што тусуючыся ля вогнішчаў, рэцэнзію не напішаш. Ну ды хер з ім, пісьменнік Г. набярэцца цярпення. Яму не звыкаць.
Праз двое сутак чарга выбухнула надзвычайным здарэннем – у прыцемку двароў людзі ў масках напалі на Навумовіча, накінулі кажух на галаву і моцна пабілі. Гаварылі нападнікі па-беларуску, і прычынай збіцця сталася тое, што Навумовіч зноўку падвысіў кошт на начлежку. А што ён мог парабіць, калі ў краіне зноў падаражэў хлеб? Збіты і пакрыўджаны Навумовіч наогул перастаў даваць людзям начлег – чаргоўцы, хто вінаваты і не вінаваты, аказаліся без даху над галавой. Навумовіч жа патрабаваў вылавіць зачыншчыкаў – толькі тады чаргоўцы змогуць па-ранейшаму спачываць уначы. Мемуаран правёў жорсткае расследаванне – і наступнага дня чацвёра малайцоў ужо віселі на перакладзінах уніз галавой, голыя па пояс. Катаваннямі з іх выбілі прызнанне ў нападзе на Навумовіча. Віселі яны гадзінамі, з іх сцякала мача і замярзала ў перамешку з кроплямі крыві ад пабояў. Пісьменнік Г., чалавек ранімы, не мог на гэтыя пакуты глядзець. І ўсё ж ён прызнаваў праўду Мемуарана і Навумовіча – ніхто не смее збіваць мірных чаргоўцаў беспакарана.
Раздзел 46
Наколькі дрэнныя былі справы ў чарзе, настолькі выдатна, дзякуючы стойкасці пісьменніка Г., пачувалася яго творчасць. Блізілася кульмінацыя аповесці, калі стары педафіл мусіць згвалціць аднакласніцу сваёй дачкі, завабіўшы на паддашак. Неадказны сакратар быў так узбуджаны, што не заўважаў нікога навокал. Ён прагнуў найперш аднаго – парабіць усе дзённыя справы і засесці на працоўнае месца, то бок за драўляную скрыню, узятую з кухні Пушчанскага. Калоў дровы і кідаў снег ён чыста механічна, ён быў у любасных сэрцу вобразах выкшталцонай аповесці. Адна, праўда, пабочная думка ўпарта ціснулася ў мазгаўню – залішне часта перад вачыма мільгаў Белякявічус, тады як павінен ён быў сядзець і пісаць станоўчую рэцу для яго, пісьменніка Г. Аж не – прагрэсіўны крытык раз-пораз наладжваў сходкі моладзі каля сваёй крытычнай палаткі, дзе літаратуразнаўча разбіраліся творы як сталых, гэтак і маладых літаратараў.
Белякявічус ставіў на пляцоўку столік і лаву, дзе ў цэнтры сядзеў сам, а праваруч і леваруч – яго паплечнікі, зброяносцы, крытыкеса Пуста і задуменны жанчынападобны Сузіраловіч. Прычым, як лавіў слых Г., найбольш з’едліва крытыкаваў усіх меланхалічны паэт. Той, каго разбіралі, стаяў перад столікам на аблітым вадой заледзянелым сумёце з рукамі па швах. Г. страшэнна сердаваў на гэтыя мерапрыемствы – маладыя паршыўцы займаюцца зусім не тым, чым належыць! А належыць ім разбіраць найсучасную літаратуру, то бок аповесць пісьменніка Г. Ну ды трасца на іх галаву, пісьменнік Г. даўно пакляўся адпомсціць Белякявічусу за яго пыху.
А чарга тым часам усё болей разлагалася маральна. На чацвёрты дзень вымушанага прастою адбылася падзея, якую Г. проста не мог не заўважыць, як ні хаваўся ў аповесць ад рэчаіснасці. У непраглядны снегапад зверху пачуўся гул, і з неба, са снежнай заслоны, як манна пасыпаліся пакункі – уроссып. Большасць чаргоўцаў аслупянела. Але найболей спрытныя дацямілі, што пакункі трэба хапаць, і рынуліся на іх коршакамі. А невялікія пакункі ўсё сыпалі і сыпалі з неба. Нарэшце адбылася кропка біфуркацыі – калі ўся чарга, а не толькі спрытныя адзінкі, выйшла са ступару. Народ кінуўся хапаць пакункі. Утварылася цісканіна і куламеса. Г. таксама кіраваўся прыродным інстынктам, а таму кінуўся ў кучу. Праўдзівей, было некалькі куч, нават мноства. І ў кожнай душыліся, біліся, штурхаліся і лямантавалі за гуманітарныя пакункі, што маннаю ўпалі з неба. Колькі пакункаў шуснула ў вогнішча Напаўарлова – дык пару літаратараў рынуліся і туды, раскідаўшы вогнішча, з саменькага агню вышморгваючы бясцэнныя дарункі, апальваючы рукі, шапкі і кажухі.
Пісьменнік Г. воляй лёсу апынуўся непадалёк ад месца, дзе качаліся па зямлі, дужаючыся, некалькі літаратараў. Уразіла карціна, як крытыкеса Налейнік сядзела верхам на празаіку Шкандыбайлу, адной рукой ціснучы таго за горла, а другой выкручваючы яго руку з пакункам. Вочы Шкандыбайлы жудасна вылупіліся, але пакунак ён не аддаваў. І тут Г. краем вока згледзеў, што з купкі, дзе тры чалавекі шалёна біліся між сабою, вылецеў выпадковы пакунак і пляснуўся ў якім метры ад Г. Маланкава зрэагаваўшы, Г. даў на яго нырца ў снег і накрыў жыватом. Абмацаў пакунак і стаў падымацца, трохі выпрастаўшы руку з пакункам для апоры наперад. І ў гэтым міг адзін дзядок-літаратар наступіў на кісць Г. ботам, а другі, злева, нанёс Г. магутны ўдар па галаве. Г. бачыў гэты скажоны нянавісцю старэчы твар, здаравенную камлыгу лёду ў руках, якую дзядок узняў над галавой, абрынаючы на галаву Г. Добра што дзве шапкі – адна мехавая і адна вязаная – не дазволілі разваліць чарапную каробку. Г. абмежаваўся адно непрытомнасцю і здаравенным гузаком на патыліцы. Ачухаўся ён ля вогнішча Хлёпуса, на руках у Ачмуціна, які расціраў яго твар снегам. Потым Г. па загадзе Мемуарана далі глынуць самагону, запіць гэта кіпенем, і праз паўгадзіны сранцавіцкі літаратар быў на нагах. У лагеры стала ціха. Цісканіна за гуманітарку закончылася. Па словах Ачмуціна, ёсць моцна траўміраваныя, аднак лятальнага зыходу няма. Таксама лірык нашаптаў Г., што заўтра на разводзе Мемуаран будзе караць асабліва зацятых. Г. з жахам пакасіўся на перакладзіну між дрэвамі, дзе, прывязаныя за ногі, віселі ўніз галовамі чатыры крыўдзіцелі Навумовіча. Яны ўсё яшчэ віселі, нябогі!
Раздзел 47
Наступнай раніцы, яшчэ да сняданку, Мемуаран выструніў чаргу на развод. Пісьменнік Г. баяўся гэтага жудасна. Радавала адно – гузак быў у Г. на патыліцы не так прыкметны, дакладней, зусім непрыкметны пад дзвюма шапкамі. Страшна было патрапіць пад гарачую руку Мемуарана, калі б ён стаў распякаць і караць усіх тых, хто мае пабоі. Дарэчы, пасля ўчарашняй тузаніны за гуманітарку многія літаратары стаялі з перавязанымі або залепленымі пластырам тварамі, у сяго-таго вісела не падвязцы заматаная рука, трое былі ў гіпсе, адзін на мыліцах, берасцейца Шкандыбайлу трымалі на насілках чацвёра. Словам, сёння чакалася размова нялёгкая і няпростая
Але ж Мемуаран каторы раз здзівіў Г., даказаўшы сваю геніяльнасць кіраўніка. Спачатку ён быў суровы і пачаргова клікаў да сябе начальнікаў вогнішчаў – Напаўарлоў, Смякляеў і Слесарэўскі (што замяняў самога Мемуарана) рушылі да яго страявым крокам і звонка дакладалі стан рэчаў. Затым Мемуаран нечакана пацяплеў і сказаў: гэта яго асабісты недагляд, што чарга страціла баявы дух і закісла. А ўчарашняе душылава за гуманітарку, маўляў, гэта адно вынік маральнага заняпаду. І ён, Мемуаран, зараз парупіцца, каб людзі былі максімальна загружаны, каб іх эмоцыі ішлі не на лаянку і разборкі, а на стваральную дзейнасць. З заўтрашняга дня, спавяшчаў Мемуаран, будзе выходзіць малатыражная газета “Чарга”, галоўным рэдактарам ён прызначае Белякявічуса, вядомага пісьмасёра. Заснавальнікам газеты выступае, вядома ж, “Варвест”. І каб газета выходзіла ўжо заўтра, журналюгам на чале са скандальнай Заслаўскай належыць збіраць матэрыял і сядаць за ноўтбукі. Акрамя таго, падпісацца на газету ўжо сёння, вось проста зараз, абавязаны кожны чарговец. Кошты невялікія, запэўніваў Мемуаран. Затое кожны літаратар будзе ў курсе паўсядзённых спраў, жыць інтарэсамі калектыву.
Стаяць у чарзе прыйдзецца доўга, нагадаў Мемуаран, невядома нават калі рэдакцыя агорае рукапіс Цемрашэвіча. Таму трэба назапасіцца не толькі цярпеннем, але і трымаць дух бадзёрым, а цела здаровым. Відаць па ўсім, разгрузка і колка дроў не дарэшты загружае літаратараў, асабліва маладых. Таму Мемуаран прыдумаў вось што. Адразу пасля сняданку ўсе мужчыны (тут ён сурова зірнуў на Ачмуціна) прызначаюцца расчышчаць хакейную пляцоўку паміж вогнішчамі Хлёпуса і Напаўарлова. Дошкі для бартоў паступяць адразу пасля абеду, і бартамі зоймецца каманда на чале са Слесарэўскім. Асновай для трыбун стане снег, утвораны пры расчыстцы, з яго будуць зладжаны зручныя лавы і для мацунку заліты лёдам. Потым з літаратараў, маладзейшых за пяцьдзесят гадоў, складуцца хакейныя каманды і арганізуецца турнір “Залатая клюшка”, за перамогу ў якім, акрамя медалёў і вымпелаў, належыць пазачарговае наведванне рэдакцыі. То бок па заканчэнні турніру пяць чалавек пераставяцца па чарзе на самы ганак рэдакцыі.
Пісьменнік Г. пасля умоў Мемуарана, дзе згадваўся ўзрост, крыху абвяў, бо яму не было поўных пяцьдзесят, толькі сорак дзевяць з кончыкам, а значыць, ён прызавецца ў каманду. Аднак пачуўшы, што за перамогу даюць месца на ганку чаргі, Г. акрыліўся. На гэтым, зрэшты, развод быў закончаны, і трэба было бегчы на кухню да Пушчанскага па звыклае варыва. Што Г. і зрабіў. Паколькі на кухню памкнуліся ўсе разам, то ўтварылася даўжэзная знерваваная чарга, і толькі добры Ачмуцін, які стаяў вельмі блізка да раздачы, зноў дапамог – падміргваннем і кіўкамі завабіўшы сранцавіцкага празаіка і паставіўшы паперадзе сябе. На гэты раз давалі суп з учарнелай капусты, запраўлены рыбінымі шкілетыкамі – даволі каларыйная страва. Тым больш што заядалася яна свойскім хлебам з фірмовай хлебапякарні Хлёпуса, якая ўжо працавала на ўсю магуту. Хлеб быў нейкі дзівосны – не такі, якім кармілі раней, не дзяржаўны. Ён быў крыху пластылінавы, малапорысты, зялёна-чарнюткі, але пах надзвычай духмяна, заўсёды быў свежы, прыемным камяком клаўся ў страўнік і ляжаў там гадзінамі, захоўваючы пачуццё сытасці. Да таго ж пры ўласнай хлебапякарні можна было вольна ўздыхнуць – хлеб будзе заўсёды, незалежна ад таго, ці змогуць яго завесці, калі пачнецца буран. Хлеб усяму галава, справядліва заўважыў пісьменнік Г., дажоўваючы сваю скарынку ў кухоннай палатцы за стойкай, у кампаніі мілага сэрцу Ачмуціна.
Раздзел 48
Рэшту дня пісьменнікі стваралі хакейную пляцоўку. Хуценька падпісаўшыся на малатыражку “Чарга”, аддаўшы за яе кроўныя сто тысяч, далучыўся да агульных работ і неадказны сакратар сранцавіцкай раёнкі. Ён прыбыў у распараджэнне Мемуарана, і той загадаў ехаць на склады “Варвеста” – атрымаць цвікі, малаткі, іншы рыштунак для збівання бартоў. Дошкі ж на барты павінны вось-вось паступіць, таму Г. трэба, казаў Мемуаран, вельмі спяшацца.
Злётаўшы на край горада на бразгатлівым грузавічку, Г. дзелавіта выканаў загад, паспеўшы якраз на разгрузку дошак, да якой мігам і далучыўся. Дошкі кідалі груба на снег, балазе ён быў мяккі. Мемуаран турбаваўся, рэзка пакрыкваў, патрабаваў ашчаджаць кожную дошчачку, за пабой, маўляў, ён тры скуры злупіць.
А затым пачалася, так бы мовіць, аўральная паралельная праца. Пакуль моладзь чаргі расчышчала палову пляцоўкі, сталыя літаратары пад кіраўніцтвам Слесарэўскага жвава збівалі барты і адразу ж ставілі іх. Гэта быў бесперабойны канвеер, зладжаны вопытным інжынерам. Пісьменнік Г. натхніўся збіваннем бартоў. Ён спрытна састаўляў дошкі, клаў на іх перакладзіну і, як аўтамат, заганяў туды цвікі – раўнюткім шэрагам. Засмучала адно – трое лайдакоў, знаныя Напаўарлоў, Смякляеў і Гадановіч, уселіся зусім блізка ад Г., каля вогнішча і, па завядзёнцы ўспароўшы гуманітарныя кансервы, закусвалі імі самагонку, якую не тоячыся наліваў Гадановіч. Яны хутка развесяліліся, расчырванеліся, загаманілі, загарланілі песні. Потым клікнулі хаўрусніцу Марыйсевіч – і ўчатырох ім стала зусім ужо свята. Гадановіч пачаў жартам дужацца са Смякляевым, паваліў таго на снег, даўшы падножку. Аднак пажылы трыбун быў не зломак і, лежачы, учапіўся ў нагу Гадановіча і стаў яе выварочваць на болевы прыём. Гадановіч упаў, але паспеў ухапіць Смякляева за каўнер і рабіў таму ўдушаючы. Твар Смякляева пасінеў…
Словам, гэта істотна адрывала Г. ад працы, моцна яго злавала. Адно вока сачыла за дошкамі, малатком і цвікамі, другое ж, збродлівае, не-не, а страляла ў бок вясёлых пасядзелак ля вогнішча Напаўарлова. Гадановіч са Смякляевым гэтак распаліліся дужаннем, што барадатаму гісторыку і Марыйсевіч прыйшлося не жартоўна іх разнімаць. Але ж астыўшы, сябры хутка памірыліся, выпілі міравую, зноў паліўся жыццярадасны Гадановічаў смех, раздаліся гітарныя пераборы і густы барытон Напаўарлова.
А літаратары тым часам шчыравалі над хакейнай пляцоўкай. Сцямнела, а была зроблена толькі палова працы. Мемуаран сердаваў. Ён загадаў паставіць магутныя ліхтары, якія асвятлілі пляцоўку крыжам. Ліхтары сілкаваліся ад дызельнай электрастанцыі Хлёпуса. Праца мусіла скончыцца сёння любой цаной. Бо ўжо не далей, як заўтра, планавалася першая трэніроўка, а паслязаўтра – сам турнір “Залатая клюшка”. Мемуаран, як змеціў уважлівы Г., быў асабліва строгі ды прыдзірлівы да Белякявічуса і Ачмуціна – як да беларучак, людзей не прывучаных да мазольнай працы. Сын вёскі, Мемуаран міжволі з падазрэннем ставіўся да спешчаных гараджан, усіх гэтых меланхалічных крытыкаў і ўзнёслых лірыкаў, і, наадварот, сімпатызаваў працавітым літаратарам, выхадцам з беларускай вёскі Слесарэўскаму, пісьменніку Г. і многім іншым. Над Белякявічусам жа з Ачмуціным Мемуаран проста-такі вісеў, несупынна пакрыкваючы, паганяючы, папраўляючы.
Калі ад пакутаў маладога ганарліўца Белякявічуса радасцю поўнілася сэрца Г., то ад мучэнняў мілага Ачмуціна гэтае сэрца Г. крывёй аблівалася. Мерна заганяючы цвікі, бачыў Г., як захліпаўся, задыхаўся, валіўся пад цяжарам шуфля Ачмуцін, як падымаўся зноў і зноў з хрыпам і стогнам, як Мемуаран з’едлівым слоўцам дадаваў яму дыхту, а то і проста даваў выспяткі ў пухлы зад, паскараючы. Было балюча: чаму збольшага справядлівы Мемуаран так не любіць мірнага Ачмуціна, з якім, дарэчы, сядзіць за адным прылаўкам у палатцы “Варвеста” – гэта не ўкладалася ў цнатлівай свядомасці правінцыяла Г. Няўжо адно выгада кіравала Мемуаранам, калі ён уладкоўваў Ачмуціна на цёплае месца прадаўца кніг, карыстаючы яго прыродныя гандлярскія здольнасці? А сапраўдная сутнасць Мемуарана ў тым, што ён антысеміт і нацыяналіст? Мажліва… Зрэшты, не пісьменніку Г. судзіць наглядчыка чаргі, які ёсць дабрадзеем і бацюхнам родным для кожнага чаргоўца. Каб не Мемуаран, літаратары б падушылі адно аднаго за месца ў часопісах, а то і жыўцом бы з’елі.
Г. адвярнуўся ад Ачмуціна, не ў змозе глядзець на яго апошняе падзенне з важкім шуфлем, і засяродзіўся на бартах. З боку вогнішча Напаўарлова раздаўся залівісты смех. Г. міжволі абярнуўся: Напаўарлоў і кампанія завабілі да сябе маладых дзяўчат-літаратарак, там пачаліся флірт і гульба, адна літаратарка ўжо сядзела на каленях у паддатага Смякляева, ён нешта мармытаў ёй у самае вушка. “Сволачы! Гаўнюкі!” – бухнуў прарэзлівы выгук. Але крычаў не Г. – гэта неўтаймоўная дбайца справядлівасці Налейнік праклінала іх, не выходзячы, зрэшты, з чаргі. Г. раптам збаяўся, што Налейнік выскачыць і зноў аплюе Напаўарлова, правакуючы бойку. Аднак крытыкеса абмежавалася ледзяком, які запусціла ў іх. Лядзяк, не дасягнуўшы мэты, плюхнуўся ў вогнішча і згінуў бясследна. Дзеянні Налейнік засталіся зусім незаўважанымі харызматычнымі літаратарамі, якія прыйшлі ў такі гумор, што ўжо не смяяліся, а качаліся ў рогаце па снезе, іх румяныя твары і чырвоныя насы, шырокія зубастыя ўсмешкі кантраставалі з бледнымі тварамі работнікаў, якія высільваліся тут жа непадалёк. Мемуаран па-ранейшаму пільнаваўся рашэння сёння закончыць хакейную пляцоўку, хоць бы прыйшлося гарбаціцца да самай раніцы.
Раздзел 49
А восьмай вечара пісьменніка Г. знялі з работ, хоць пляцоўка яшчэ не была завершана. Г. заступаў у каравул, на новы пост, уздоўж вуліцы, у дваццаціметровай зоне, што напроці палаткі “Варвеста”. Каманда ж Слесарэўскага засталася ўзводзіць хакейную пляцоўку пад нуль, то бок да рабочага стану, да самога заліву лёду. Апроч Г., знялі з дзяжурства і Белякявічуса – той пабег у новаствораную палатку газеты “Чарга”, дзе паўночы мусіў рыхтаваць макет, рэдагаваць, вывяраць ды інш. Журналюгі газеты на чале з Заслаўскай увесь дзень, разам з карэспандэнтамі “Волі”, круціліся каля хакейнай пляцоўкі ды на іншых аб’ектах чаргі, збіраючы матэрыял. Адказным сакратаром “Чаргі” Белякявічус выпрасіў сабе крытыкесу па прозвішчы Пуста, найбліжэйшую сваю паплечніцу і сяброўку. А стыль-рэдактарам “Чаргі” неспадзявана для Г. была прызначана Лесавікова, пенсіянерка, колішняя рэдактарка часопіса “Бадзёрасць”. Пісьменнік Г. мысленна парадаваўся за Лесавікову, бо неаднойчы назіраў, як яна дзяжурыла ў агульнай чарзе пад вятрамі і снегападамі. Вось так бывае, горка разважаў Г., галоўны рэдактар, якога выправілі на пенсію, не на канапе ляжыць з газетаю, а мусіць тырчаць у суровай чарзе на агульных правах… Што ж, вытанчаны стыль, узорны густ Лесавіковай вельмі прыдатныя для гэткай пасады, пісьменнік Г. быў у ёй пэўны – не падвядзе, і газета з’явіцца ў выкшталцоным пісьмовым стылі.
Адно засмучала: Ачмуцін зусім паміраў на будоўлі, Мемуаран не думаў яго здымаць, хоць чыстка снегу даўно закончылася, а на цяслярскія і сталярскія работы лірык быў непрыгодны. Але ж Мемуаран запрог яго цягаць дошкі для Слесарэўскага і каманды, а затым – вымятаць пілавінне і парадкаваць трыбуны. Словам, Ненатоль прамучыцца тут цалюткую ноч. І пісьменнік Г. мусіў зноў назіраць пакуты блізкага сябра, заступіўшы ў каравул са звыклым драбавіком.
У каравуле Г. агарнуў чарговы прыступ тугі. Паўплывала тое, што праз будову хакейнай пляцоўкі ён прапусціў вечар творчасці, аповесць пра педафіла не пасунулася ні на слоўца. А калі Г. хоць адзін дзень не тварыў, то быў падвержаны прыступам меланхоліі. Энергія, што павінна ісці на стварэнне, ішла тады на самаразбуральныя думкі. Тут жа прыгадалася, што месяцы ў чарзе, шчыльна напоўненыя падзеямі ды эмоцыямі, насамрэч не наблізілі Г. да ўласна ягонага інтарэсу. А менавіта – да рэдакцыйнага ганка, да запаветнае публікацыі. Ды яшчэ рэцэнзія клятага Белякявічуса, з ягой малады крытык марудзіў бязбожна! Цяпер, думаў Г., гэты смаркач зусім закіне рэцэнзію, спасылаючыся на занятасць у газеце “Чарга”. І што мае Г. у суме? – усё той жа без палачкі нуль. Гэта трэба прызнаць. Ён слугаваў інтарэсам чаргі, Мемуарана, Хлёпуса, Хабарэвіча – але толькі не свайму ўласнаму інтарэсу! Мала таго, Г. пастаянна гэта ведаў, але хаваўся ад такой думкі ў побытавай мітусні, у надрыўнай працы, якая ніколькі не набліжала яго да рэдакцыйных дзвярэй.
Тут успомнілася Г., што ён даўно не тэлефанаваў жонцы – яму было сорамна, ён хацеў парадаваць яе поспехамі, зачытаць па тэлефоне станоўчую рэцу на сваю аповесць, сказаць, што шмат зарабляе, выслаць ёй грошы нарэшце. А ў выніку Г. можа толькі пахваліцца дворніцкай працай – не болей. У яго ўжо амаль сабраны грошы для Мемуарана на перастаноўку ў чарзе наперад, але як ён можа даваць кроўныя грошы зноў, пакуль не адпрацавалі ранейшыя грошы за рэцу? Гэта быў жах! Пісьменнік Г. адчуў, што ў яго мазгаўні ўтвараецца хаос, а душа блізіцца да адчаю. Ён баяўся сябе, баяўся драбавіка ў руках – што, раптам звар’яцеўшы, перастраляе зараз чаргоўцаў, а найперш знішчыць палатку “Лазня”, з якой штоночы даносяцца страсныя стогны і віскі, куды возяць на белым мерседэсе вопытных прастытутак і куды так любяць цягацца не такія закамплексаваныя, як Г., літаратары…
Вялікімі намаганнямі Г. узяў сябе ў рукі і дастаяў каравул. Змяніўшыся, тут жа пабег у дворніцкую, каб драмануць хоць пару гадзін.
Раздзел 50
Назаўтра ў чарзе ўсё ішло звыклым чынам. Людзі вярталіся з ночы і папаўнялі чаргу. Віталіся, не віталіся, тоячы адно на аднаго звады і крыўды. Жартавалі, сварыліся, смяяліся і плакалі. На разводзе Мемуаран павіншаваў усіх з пачынам, з выхадам першага нумара малатыражкі “Чарга”, Заслаўская з падручнымі раздалі кожнаму па асобніку. Затым пайшло назначэнне нарадаў на работы, сняданак у паэта Пушчанскага, і ўсё завялося, закруцілася, як звычайна.
Адсутнасць пісьменніка Г. напачатку ніхто не заўважыў. Адно самыя блізкія, Ачмуцін, Слесарэўскі ды, бадай што, Налейнік колькі разоў да абеду пакрыёма адчувалі, што нечага нестае. Але іх паглыналі надзённыя клопаты. І толькі познім вечарам усім стала ясна, што не відаць у чарзе гэтага дзівакаватага чалавека з заплечнікам, з яго сівой кашлатаю барадою, з вушанкай, парванымі рукавіцамі. Ніхто не сеў на скрыню пад ліхтаром, ніхто не пачаў тварыць у нататніку на смех, а то і на зайздрасць чаргоўцам. Неадказнага сакратара не было, ён знік без усякіх тлумачэнняў, прычын, і нават вечна дасведчаны Мемуаран, якому далажылі аб гэтым, нічога не мог сказаць.
Раніцай гэтага дня не заўважылі адсутнасць Г. і ў двары, які ён прыбіраў. Снегу за ноч не нападала, і таму двор стаяў дбайна прыбраны з учарашняй раніцы. Усё было ціха, ясна, зімна, з невялікім марозікам. Адно асобныя сняжынкі, нараджаючыся нібы з пустэчы, луналі між дамамі і дрэвамі, планіравалі на зямлю.
Тым часам, калі ў чарзе з’явіліся першыя прыкметы адсутнасці пісьменніка Г., па шашы Мінск-Бярэсце, насустрач аўтамабільнаму руху, па кромцы ледзяністага асфальту, рушыў чалавек у кажуху і валёнках, абапіраючыся на нейкае падабенства посаха. Крок яго быў размашысты і шырокі, сустрэчны ветрык узвіваў фалды кажуха, калмаціў бараду. Рэдкія стрэчныя людзі звярталі ўвагу на сінізну і глыбіню вачэй дзіўнага вандроўніка, які нагадваў Божага чалавека. Вочы нібы глядзелі і нібы не глядзелі наперад. Здавалася, што барадач зазірае ці то ў самога сябе, ці то ў даступныя толькі яму таямніцы быцця. І доўга ў памяці стрэчных прахожых заставаўся чароўны вобраз.
Чалавек з заплечнікам прачнуўся сёння і зразумеў, што не можа прымірыцца з заклятай чаргою. Па жыцці імпульсіўны, ён гэтак жа эмацыйна, на разважаючы, падняўся на ногі, кінуў мяшок за спіну, напяў вушанку і выйшаў на двор. Не, папраўдзе, ён азірнуўся апошняга разу – і куча мёцел, стырчма састаўленых у пакоі, здаліся яму шэрагам ружжаў, якія патрабавалі агню… З гэтай секунды ён не быў ужо ні дворнікам, ні чаргоўцам. Выбраўшыся з кварталаў спляценнем сцяжын, чалавек сеў у першы цягнік падземкі і даехаў да краю горада. Там, пытаючы напрамак у менчукоў, ён дапяў кальцавой і выйшаў на шашу Менск-Бярэсце. Смела памкнуў на паўднёвы захад, дзе далёка-далёка, за непралазнымі лясамі, на самай мяжы палескіх балот, пад купалам вольнага неба, прытулілася яго малая радзіма. Там было хораша, там былі жонка і дзеці, нам гарэў любімы агмень, там адчыняліся дзверы раённай газеты, дзе віравала крыху наіўнае, але не сапсаванае сталічнымі парадкамі жыццё. Чалавек ратаваў рэшткі сваёй душы, святое гарэнне, пазбаўленае пыхі і меркантыльнасці, здрады, подласці, ашуканства і славалюбства. Гэта было яго апошняе права. Губляючы веру ў казку, ён вяртаў веру ў жыццё, мяняў жураўля на сінічку.
Па меры таго як барадач аддаляўся ад Менска, паветра ўвачавідкі цяплела, мароз ападаў, нацягнула нізкія хмаркі, весела сыпануў снег, які па абедзе стаў мокрым, пераходзячы ў косы дождж. Адтуль, з малой радзімы, пахла вясною…
2013 г.
Свидетельство о публикации №226100300468