Як Братка Воук трапiу у бяду
ЯК БРАТКА ВОЎК ТРАПІЎ У БЯДУ
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
В.Сінкевіч
***
Дзядзечка Рымус прыбіваў падноскі да сваіх чаравікаў, а хлопчык ніяк не хацеў пакідаць у спакоі яго малаткі, нажы і шылы, так што стары нават нахмурыўся, быццам злуецца. Але хутка яны зноў памірыліся, і хлапчаня забралася на крэсла, назіраючы, як дзядзечка Рымус уганяе ў падэшву шпільку за шпількай.
— Той, хто ўсім дакучае і суне нос, куды не трэба, заўсёды трапляе ў няёмкае становішча. Вось, напрыклад, узяць Братка Ваўка. Чаго б яму не сядзець рахмана і нікому не дакучаць! Дык не! Завёў ён сяброўства са Старым Лісам, і прычапіліся абодва да Труса. Нават прадыхнуць яму не давалі, і скончылася справа дрэнна. У такую пераробку патрапіў Братка Воўк, што бяда!
— Няўжо, дзядзечка Рымус? А я думаў, што Воўк пакінуў у спакоі Трусіка пасля таго выпадку — памятаеш, як ён прыдумаў, быццам Стары Ліс здох?
— Ты лепш не перабівай мяне, таму што хутка мама пакліча цябе спаць, а ты пачнеш капрызнічаць і атрымаеш таго самага рамяня, што я зрабіў калісьці твайму тату.
Джоэль засмяяўся. А дзядзечка Рымус, гледзячы на тое, што хлопчык нібы вады ў рот набраў, працягваў:
— Братка Трус ні днём ні ноччу не ведаў спакою. Ледзь адлучыцца з дому, ведай — прыйдзе Братка Воўк, панясе каго-небудзь з трусянят. Пабудаваў сабе Трус хатку з саломы — яе развалілі. Пабудаваў ён сабе жытло з хваёвых верхавін — і тое прастаяла нядоўга. Пабудаваў дом з кары — і з тым бяда. Кожны раз, як абрабуюць хату, аднаго трусяняці як не бывала. Да таго дайшоў Трус, што зусім раззлаваўся і ну лаяцца. Пайшоў і паклікаў муляроў. Склалі яны яму хату з дошак, на каменным муры. Тут стала яму спакайней. Цяпер ён ужо мог адлучыцца, правесці дзянёк у суседзяў. Вернецца, сядзіць ля агню і паліць трубку, газету чытае, як належыць сямейнаму чалавеку. Ён выкапаў шчыліну ў склеп, каб хаваліся туды трусяняты, калі здарыцца шум па суседстве. І добрую завалу прыладзіў да дзвярэй. Братка Воўк толькі зубамі пстрыкаў, пажывіцца яму не было чым. Трусяняты — тыя былі ўжо вельмі палахлівыя. А Трус так расхрабрыўся — чуе, як непадалёку скача Воўк, а ў яго ўжо мурашкі па спіне не бягуць.
Вось неяк сабраўся Братка Трус адведаць Братка Янота, ды раптам чуе страшны шум і тупат на дарозе. Ён і вуха навастрыць не паспеў, як у дзверы ўскочыў Братка Воўк. Трусяняты адразу ж у склеп.
А Воўк увесь у брудзе быў, зусім задыхаўся.
— Выратуй, выратуй мяне, Братка Трус! — просіць Воўк. — Пашкадуй, выратуй, Братка Трус! Сабакі за мной па пятах, ледзь не разарвалі. Чуеш, яны бягуць? Схавай мяне куды-небудзь, Братка Трус, каб яны не знайшлі мяне!
— Ну што ж, — кажа Трус. — Вунь стаіць вялікая скрыня, скачы ў яе, Братка Воўк, і адчувай сябе як дома.
Скокнуў Воўк у скрыню, зачынілася вечка, бразнуў кручок аб пятлю — трапіўся Братка Воўк! А Трус свае акуляры чапляе на нос, прысоўвае да агню качалку, табакерку адкрывае, бярэ добрую панюшку тытуньку… Доўга сядзеў так Братка Трус, моршчыў лоб і ўсё думаў, думаў.
Тут Воўк падаў голас са скрыні:
— Ну што, сабакі сышлі, Братка Трус?
— Ніяк, адна ўсё прынюхваецца тут за вуглом.
Узяў Трус імбрычак, наліў у яго вады і паставіў на агонь.
— Што ты робіш там, Братка Трус?
— Хачу пачаставаць цябе гарбатай, Братка Воўк.
А сам бярэ свердзел і ну свідраваць дзіркі ў вечку скрыні.
— Што ты там робіш, Братка Трус?
— Свідрую дзірачкі, каб табе не было душна, Братка Воўк.
Схадзіў Трус, прынёс дроў, кінуў іх у агонь.
— Што ты робіш там, Братка Трус?
— Агонь разводжу яшчэ жарчэй, каб ты не замёрз, Братка Воўк.
Пайшоў Трус у склеп, прывёў усіх сваіх дзетак.
— Што ты робіш там, Братка Трус?
— Ды вось расказваю дзеткам, які ты добры сусед, Братка Воўк.
Трусяняты і раты заціснулі лапкамі, каб не смяяцца. А Братка Трус узяў імбрычак і давай ліць гарачую ваду на вечка скрыні.
— Што там за шум такі, Братка Трус?
— Гэта вецер свішча ў трубе, Братка Воўк.
А вада стала ўнутр працякаць.
— Хто гэта шчыпле мяне, Братка Трус?
— Гэта блыхі кусаюць цябе, Братка Воўк.
— Ох і кусаюцца ж яны, Братка Трус!
— Павярніся на іншы бок, Братка Воўк.
— Нешта паліць мяне, Братка Трус!
— Гэта ўсё блыхі, блыхі, Братка Воўк.
— Зусім заелі, Братка Трус, — скардзіцца Воўк.
А вада ў дзірачкі — жур-жур, а вада ў дзірачкі — жур-жур, а з кіпенем жарты дрэнныя. Як узвые Воўк, як падскочыць! І кручок адляцеў разам з пятлёй, і Трус кулём са скрыні. Выскачыў Воўк і ну ўцякаць ва ўсе лапаткі.
З таго часу жыве Братка Трус спакойна, ніхто яму не дакучае. А Воўк, калі сустрэне яго, успомніць, як блыхі кусаліся ў скрыні, хвост падцісне — і ў бок.
Свидетельство о публикации №226100501985