Карова Браткi Труса
КАРОВА БРАТКІ ТРУСА
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
В.Сінкевіч
***
— Аднойчы вяртаўся Братка Воўк з рыбнай лоўлі, — пачаў дзядзечка Рымус, задуменна паглядваючы на агонь у ачагу. — Звязак рыбы перакінуў праз плячо і бег па дарозе.
Раптам Матухна Перапёлка выпырхнула з кустоў і замахала крыламі ў яго пад носам. Братка Воўк падумаў, што Матухна Перапёлка хоча адвесці яго далей ад свайго гнязда. Кінуў ён рыбу долу — і ў кусты, туды, адкуль вылецела Перапёлка. А якраз у гэты час з’явіўся тут Братка Трус. Вось яна — рыбка, а вось ён — Трусік. Ужо, вядома, не такога характару быў Братка Трус, каб прайсці міма рыбы, зачыніўшы вочкі. Вяртаецца Воўк да таго месца, дзе пакінуў звязак, а рыбкі і няма. Сеў Воўк, паскроб у патыліцы, падумаў-падумаў, і прыйшло яму на розум, што Братка Трус блукае недзе тут, па суседстве. Пусціўся Воўк з усіх ног да дома браткі Труса...
— А ты ж казаў, дзядзечка Рымус, што Воўк баяўся Труса з таго часу, як Трус апарыў яго кіпенем? — перабіў Джоэль старога негра.
Дзядзька Рымус нават лоб зморшчыў з прыкрасці.
— Ай-яй-яй! — забурчаў ён, калыхаючы галавой. — Заўсёды гэтыя хлопчыкі спрачаюцца і спрачаюцца. Яны думаюць, што ўсе ведаюць лепш за нас, старых.
— Дык ты ж сам казаў, дзядзечка Рымус!
Але стары не глядзеў на хлопчыка. Ён быццам і не чуў яго. Дзядзька Рымус нахіліўся і пачаў мацаць рукой пад крэслам, сярод скураных абрэзкаў. А сам усё працягваў бурчэць пад нос:
— Прама бяда з дзецьмі. Ты думаеш, што яны маленькія, а яны ўжо вунь якія! — Тут ён выцягнуў з-пад крэсла прыгожую пугаўку, сплеценую з папружак, з чырвоным пэндзлікам на канцы. — Я вось зрабіў пугу для аднаго хлопчыка, а ён ужо вунь які вырас, лепш за мяне ўсё ведае!.. Прыйдзецца аддаць гэтую пугаўку каму іншаму.
Тут у Джоэля на вачах бліснулі слёзы, а вусны здрыгануліся. Дзядзька Рымус адразу памякчэў.
— Добра, добра, сынок, — сказаў ён, ласкава пагладжваючы хлопчыка па руцэ. — Не крыўдуй на старога дзядзьку Рымуса. На чым гэта мы спыніліся? Як у Браткі Ваўка рыба знікла, і Воўк пусціўся з усіх ног да дома Браткі Труса. Звяртаецца да браткі Труса, а той і слыхам не чуў ні пра якую рыбу. Воўк крычыць:
— Не адпірайся, Братка Трус!
А Трус і ведаць нічога не ведае. Воўк на сваім стаіць.
— Ну хто, як не ты, Братка Трус, сцягнуў маю рыбу!
Тут Братка Трус пакрыўдзіўся.
— Калі так, — кажа, — калі ты ўпэўнены, што гэта я ўзяў рыбу, бяры, забівай любую маю карову!
Братка Воўк зхапіў Братка Труса за слова, пайшоў на выган і зарэзаў самую лепшую яго карову. Братку Трусу ох як горка было развітвацца з каровай! Але ён ужо сёе-тое прыдумаў і шапнуў сваім дзеткам:
— Не бядуйце, трусяняткі, мяса ўсё роўна будзе наша!
Ён прыскакаў на злом галавы і крыкнуў Ваўку, што паляўнічыя гойсаюць вакол.
— Бяжы хавайся, Братка Воўк, — сказаў Трус, — а я пабуду пакуль тут, пасцерагу карову.
Толькі пачуў Воўк пра паляўнічых — адразу знік у кустах.
А Братка Трус жывеханька абадраў карову і прасаліў шкуру, а тушу ўсю раскроіў і павесіў у сваёй вяндлярні. Потым узяў каровін хвост і ўторкнуў яго канцом у зямлю. Скончыў з каровай, кліча Ваўка:
— Хутчэй сюды, Братка Воўк! Хутчэй сюды! Твая карова ўцякае ў зямлю. Хутчэй сюды!
Воўк прыбягае, глядзіць — Трус сядзіць, ухапіўшыся за каровін хвост, каб той не знік у зямлі. Падаспеў да яго Воўк на дапамогу, як пацягнуць яны ўдваіх за хвост — вырвалі хвост з зямлі. Братка Трус паглядзеў на яго і кажа:
— Ох, прыкрасць якая! Хвост абарваўся, а карова ўцякла!
Але Братка Воўк не хацеў адмаўляцца ад свайго дабра. Ён узяў лом, матыку з рыдлёўкай і пачаў зямлю рыць, каб адкапаць гэтую карову. А стары Трус сядзеў у сябе на прызбе, пакурваў цыгару. Кожны раз, як стукне Воўк матыкай, Братка Трус шапне сваім дзеткам:
— Рые, рые, рые, а мяса няма!
Бо мяса даўно ляжала ў вяндлярні. І доўга-доўга Братка Трус і ўсе яго дзеткі ласаваліся смажанай ялавічынай кожны раз, як пабягуць у іх слінкі.
— А зараз, сынок, вазьмі гэтую пугу, — дадаў стары, — і скачы дадому. Можаш сказаць сваёй маме, каб яна пасцягала цябе ёю у наступны раз, калі ты забярэшся ў слоік з цукрам.
Свидетельство о публикации №226100502015