Братка Трус i Братка Мядзведзь
БРАТКА ТРУС І БРАТКА МЯДЗВЕДЗЬ
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
В.Сінкевіч
***
— Захацеў неяк Братка Ліс пасадзіць гарох, — пачаў дзядзечка Рымус. — Папляваў Стары Ліс на лапы, узяўся за рыдлёўку — і справа зроблена!
А Братка Трус усё сядзеў і паглядаў, як той працуе. Адно вока прыкрые і як заспявае сваім дзеткам:
Ай люлю! Ай люлю!
Гарох вельмі люблю.
Пратапчу дарогу
Да гэтага гароху.
Ну і, вядома, як стаў гарох паспяваць, прыйдзе Ліс на свае градкі, а нехта ўжо паспеў паласавацца тут салодкім. «Няйначай, як Братка Трус», — думае сабе Ліс. Але Трус так спрытна блытаў свае сляды, што Стары Ліс ніяк не мог злавіць яго.
Вось неяк абышоў Ліс свае градкі вакол і знайшоў у плоце шчыліну. Тут і паставіў ён пастку. Прыгнуў галінку ляшчыны, што расла ля плота, прывязаў да верхавіны вяроўку, на іншым канцы вяроўкі зрабіў зацяжную пятлю і прыладзіў пятлю зашчапкай каля самой шчыліны.
На наступную раніцу шмыгнуў Трус у сваю шчыліну, падхапіла яго пятля пад мышкі, саскочыла зашчапка, ляшчына выпрасталася, як ірване зладзюжку дагары!
Вісіць Братка Трус паміж небам і зямлёй і думкі думае: «Ну, як упаду! Ну, як не ўпаду?» Упасці жудасна, і не ўпасці таксама страшна. Стаў ён прыдумляць, як бы гэта падмануць Ліса. Раптам чуе — нехта ідзе па дарозе. Гэта Братка Мядзведзь вяртаўся з лесу — хадзіў шукаць мядовыя дуплы. Трус паклікаў яго:
— Як справы, Братка Мядзведзь?
Мядзведзь паглядзеў вакол — нікога няма. Паглядзеў яшчэ, бачыць — Братка Трус боўтаецца на галінцы.
— Добры дзень, Братка Трус! Ты як маешся?
— Ды так, нічога, дзякуй, Братка Мядзведзь, — кажа Трус.
— Чым гэта ты займаешся там наверсе? — пытаецца Мядзведзь.
— Грошыкі зарабляю, Братка Мядзведзь.
— Як жа ты іх зарабляеш, Братка Трус?
— Ды вось наняўся да Браткі Ліса пудзілкам. Крумкачоў адганяю ад гарохавых градак. А ты б не хацеў падпрацаваць, Братка Мядзведзь?
— Як не хацець, Братка Трус! Сям'я ў мяне вялікая, ніяк не пракорміш.
— А пудзіла з цябе выдатнае атрамыецца, Братка Мядзведзь! — кажа Трус.
Ён растлумачыў Мядзведзю, як сагнуць галінку ляшчыны. Вось, не прайшло і хвілінкі, Братка Мядзведзь павіс над гарохавай градкай замест Браткі Труса.
А Трус — з усіх ног да дома Старога Ліса. Прыбег і крычыць:
— Братка Ліс! Хутчэй, Братка Ліс, я пакажу табе, хто ў цябе гарох цягае!
Стары Ліс схапіў палку, пусціліся яны разам да гарохавых градак. Прыбягаюць, а Братка Мядзведзь усё вісіць.
— Ага! Папаўся нарэшце! — узрадаваўся Братка Ліс.
І, перш чым Мядзведзь паспеў рот раскрыць, Братка Трус падняў крык:
— Па зубах яго, Братка Ліс! Па зубах!
Стары Ліс размахнуўся сваёй палкай — і бліп! бліп! бліп! Толькі Мядзведзь раскрые рот, каб растлумачыць, як справа была, Братка Ліс — бліп! бліп! бліп!
А Трус тым часам кінуўся на ўцёкі і схаваўся ў невялічкім балоце, так што толькі адны вочы тырчаць, таму што ён ведаў, што Братка Мядзведзь пабяжыць шукаць яго. Зірк-зірк: бяжыць Мядзведзь па дарозе. Дабег да балота і пытаецца:
— Як маешся, Сястрыца Жаба? Не бачыла, каб прабягаў тут Братка Трус?
— Вось толькі што прабег, — адказвае Братка Трус.
І стары Братка Мядзведзь пусціўся наперад па дарозе, а Братка Трус вылез з балота, абсушыўся на сонейку і пайшоў дадому да сваіх дзетак як ні ў чым не бывала.
— А Мядзведзь не злавіў Труса потым, потым?.. — сонным голасам спытаў хлопчык.
— Спаць, хутчэй спаць! — усклікнуў дзядзечка Рымус. — У цябе зусім ужо зліпаюцца вочкі.
Свидетельство о публикации №226101300742