Братка Мядзведзь i Сястрыца Жаба
БРАТКА МЯДЗВЕДЗЬ І СЯСТРЫЦА ЖАБА
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
В.Сінкевіч
***
— Ну ты раскажы мне, дзядзечка Рымус, — прычапіўся Джоэль, — злавіў потым Мядзведзь Братку Труса?
Увесь твар старога пакрыўся вясёлымі маршчынкамі ад смеху.
— Глупства ты кажаш, сынок. Не такім быў Братка Трус. Вось Мядзведзю — таму зноў не пашанцавала.
— Як жа гэта адбылося, дзядзечка Рымус?
— Братка Мядзведзь бег, бег па дарозе, бачыць — няма Браткі Труса.
— Ну пачакай, Сястрыца Жаба! — зароў Братка Мядзведзь. — Я табе пакажу, як паважаных звяроў падманваць! Нават праз год табе гэтага не забуду!
Але не прайшло і года, і месяца, не прайшло і тыдня, вяртаўся Мядзведзь з лесу, дзе шукаў мядовыя дуплы… Глядзіць — на беражку, ля балотца, сядзіць старая Сястрыца Жаба. Кінуў Братка Мядзведзь сваю сякеру, падышоў да яе паціху, працягнуў лапу ды як схопіць Сястрыцу Жабу! Вось так. Прыціснуў яе мацней і кажа:
— Як маешся, Сястрыца Жаба? Як твае дзеткі? У нас з табой сёння будзе доўгая размова, — невядома ўжо, калі ўбачаць яны цябе зноў.
Жаба разгубілася і не ведала, што і казаць. Яна не разумела, у чым справа, таму прамаўчала. Сядзіць і маўчыць. А Мядзведзь зноў за сваё:
— Няўжо забылася, як ты падманула мяне наконт Браткі Труса? Пацешылася з мяне, Сястрыца Жаба? Цяпер я над табой пацешуся.
Тут Жаба спалохалася і кажа:
— Чым я цябе пакрыўдзіла, Братка Мядзведзь? Калі гэта я хлусіла табе?
Братка Мядзведзь аж засмяяўся. Яму хацелася пацешыцца над Жабай.
— Не, вядома, не, Сястрыца Жаба! Бо не ты ж гэта выставіла з вады галаву і сказала мне, што Братка Трус толькі што прабег. Ну, канешне, не ты. Ты ў гэты час мабыць сядзела дома са сваімі дзеткамі. Я ўжо не ведаю, дзе ён, твой дом, затое я бачу, дзе ты зараз, Сястрыца Жаба, і яшчэ я ведаю, што больш ніколі не давядзецца табе дурыць добрых суседзяў вось тут, каля гэтай дарогі.
Вядома, Жаба не магла прадугледзець, што хоча з ёй зрабіць Братка Мядзведзь. Але яна зразумела, што неяк ёй трэба ратаваць сваё жыццё, ды ратаваць хутчэй, бо Братка Мядзведзь ужо зашчоўкаў зубамі. Вось жаба і крыкнула:
— Братка Мядзведзь, адпусці мяне на гэты раз! Я ніколі больш не буду так рабіць! Адпусці мяне, Братка Мядзведзь, я за гэта пакажу табе самае тоўстае мядовае дупло ва ўсім лесе!
А Братка Мядзведзь усё пстрыкае зубамі, пена ўсё цячэ ў яго з рота. Сястрыца Жаба зноў просіць:
— Адпусці мяне, Братка Мядзведзь! Я ніколі, ніколі больш не буду! Толькі раз, толькі раз адпусці!
Але стары Мядзведзь сказаў, што ёй усё роўна канец прыйшоў, пачаў ужо думаць, як расправіцца з Сястрыцай Жабай. Ён ведаў, што яе не ўтопіш, а спаліць — у яго агню не было. Думаў ён, думаў...
Раптам Жаба перастала крычаць ды плакаць і кажа:
— Калі ты хочаш забіць мяне, Братка Мядзведзь, занясі мяне да таго вялікага каменя — на краі сажалкі, — каб я хоць у апошні раз магла паглядзець на маіх дзетак. А потым ты возьмеш сваю сякеру і прыб’еш мяне на гэтым самым камені.
Гэтая парада спадабалася Братку Мядзведзю, і ён згадзіўся: узяў Сястрыцу Жабу за заднія ногі і ўскінуў сякеру на плячо. Потом пайшоў, паклаў Жабу на камень. Яна прыкінулася, быццам глядзіць на сваіх дзетак, а Мядзведзь пастаяў, пастаяў і ўзяўся за сякеру. Папляваў на лапы, размахнуўся — як стукне па камені: блям!
Але пакуль ён падымаў сякеру і апускаў яе, старая Сястрыца Жаба скокнула ў сажалку — керблінк, керблінк! Адплыла далей і заспявала.
Вось якую яна спявала песню:
Інгл-га-джэнг, ура, ура!
Інгл-га-джэнг, ура!
Вось я і дома. Ура, ура!
Інгл-га-джэнг, ура!
— Гэта вельмі смешная песенька, — сказаў хлопчык.
— Смешная, вядома, — адказаў стары, — таму што мы не разумеем жабіну мову.
А калі б мы яе разумелі, можа, яна зусім і не была б смешнай.
Свидетельство о публикации №226101300761