Каханне ёсць лiхам, але казёл можа i падрэзаць

Мінск сёння мае развядзёнак поўны катух.

Я адзін з тых, хто дзеля гэтага руку прыклаў. І не толькі руку.

Мужчына пачынае сябе знішчаць на трэці дзень пасля шлюбу.

Пра гэта напісаны горы тэкстаў. Знятыя стужкі. Трагедыі, камедыі, драмы. Карціны намалёваны і крымінальныя справы. А як жа ж.

Каханне ёсць ліха. Але казёл можа і падрэзаць.

Такі момант. Здараецца ў нашым жыцці.

Мужчына ідзе далей па вінтавой драбіне жыцця. Наганяе прапушчанае. Жанчыны не адстаюць.

Гонка працягваецца да апошняга дню.

А потым.

Потым...не суп з катом.

Мікстуры. Санаторыі. Дзеці, якія павыраслі. І жывуць у іншым сусьвету.  Ты ім ўжо нахер непатрэбны.

У кагосьці суды і дразгі. У кагосьці ўсё ўладжваецца па-свойску.

Але гадоў не вернеш. Як і нерваў.

Тады прыходзяць сны.

Настае момант, і табе пачынае сніцца бясконцы сон. Кожную ноч, серыял, працяг твайго, ужо не твайго жыцця.

Былыя жонкі.

Прыходзяць да цябе.

Не, сексу ўжо няма.

Ёсць сюжэты з дыялогамі, вандраваннямі, прыгожым жыццём, якое можа быць толькі ў выраі.

Ты бязмежна шчаслівы.

Бачыць сваіх былых маладымі. Кабетамі бальзакаўскага веку.  Сівымі бабулямі з сьмешнымі рыдыкюлямі, якія шпацырююць сваіх сабакаў.

Бо чалавекі, якіх яны кахалі,  даўно пакінулі гэты гаротны свет.

Альбо па-ранейшаму шчэ балююць, сябе знішчаючы.

Віскі. Рок-н-рол. Руль цяжкага грузавіка. Прастытуткі.

Мужчыны выдумляюць сабе мільён заняткаў.

І сумленна цягнуць лямку.

Часам ім бліжэйшыя старыя сябры і небяспечная праца, чым сям’я і жанчына, якая яшчэ цябе кахае і нарадзіла табе цудоўных дзяцей...

Раніцай ты робіш свой звыклы сняданак пенсіянера і шпацыруеш на абавязковы мацыён.

Шэсць кіламетраў кроку.

Трымаць хуткасць пяць кіламетраў за гадзіну.

І адбываецца жахлівае.

Насустрач крочаць маладыя, прыгожыя жанчыны.

Яны пазіраюць на цябе, які ўяўляе з сябе пругкага, упэўненага ў сабе... старога.

Ты назіраеш у іх вачох пагарду.

Пагарду ўсіх сваіх былых.

Тых, хто некалі паверыў у цябе.

А ты ішоў, нікога не заўважаючы...

Ёхан Леверда


Рецензии