Як Дзяцел зрабiуся паэтам. казка для дзяцей

Увосень Дзяцел вырашыў адрамантаваць сваё дупло, якое выдзеўб на старой хвоі яшчэ летась.
– Тук-тук, тук-тук! – стукаў ён па дрэве. – Тук-тук, тук-тук!
Хвоя адклікалася звонкім гулам. Дзяцел ніколі не рабіў ёй балюча, ён, як лясны доктар, толькі знаходзіў і выдаляў з-пад кары прагніўшую драўніну.
– Гэтыя гукі падобныя на словы, – каркнула Варона, прыслухаўшыся да стуку Дзятла. – Ты можаш складаць вершы. У цябе складана атрымліваецца.
– Магу, – пагадзіўся Дзяцел. – З маіх рытмічных гукаў можна скласці верш, які толькі захочаш. Вось хоць бы такі – "кар-кар, кар-кар".
– Не, сваё "кар-кар" я нікому не аддам! – крыкнула Варона і знікла.
А Дзяцел працягваў стукаць. Паступова яго стук ператварыўся ў доўгі верш з незразумелых кароткіх слоў. Словы круціўся ў паветры, не ведаючы, што ім далей рабіць.
"На ўскрайку лесу жывуць вятры – зімовы і летні, – успомніў Дзяцел. – Яны музыканты і ўмеюць складаць музыку. Я падару ім свой верш, і тады хтосьці з іх складзе прыгожую песню", – вырашыў ён і задаволены сваёй выдумкай паляцеў да вятроў.
Падляцеўшы да хаткі Сівера, Дзяцел паказаў яму свой верш, спадзяючыся, што той тут жа складзе песню на такія рытмічныя словы.
– Так, у мяне ёсць шмат прыгожай музыкі, – сказаў Сівер. – Але я яе захоўваю для зімовай Завеі. А песні я не ўмею складаць.
Засмуціўшыся такой няўдачай, Дзяцел з надзеяй паляцеў да Паўднёвага ветру, але той таксама адмовіў яму:
– Так, я склаў вясёлую музыку, – сказаў Паўднёвы вецер. – Але я яе падрыхтаваў для летняй Навальніцы, а песні я не ўмею складаць.
"Што ж мне рабіць? – перажываў Дзяцел. – Няўжо мой верш так і застанецца нікому не патрэбным",– думаў ён і ўжо хацеў вяртацца назад да свайго дупла. Але паглядзеўшы ўгару, Дзяцел заўважыў у небе чараду жураўлёў, якія адляталі на поўдзень. Шэракрылыя птушкі дружна махалі доўгімі крыламі і штосьці напявалі, толькі слоў у гэтай песні не было чуваць.
– Жураўлі! Калі хочаце, я вам падару свой верш! – гучна крыкнуў Дзяцел. – Вы будзеце прамаўляць гэтыя словы разам са сваёй музыкай, і тады ў вас атрымаецца песня. Яна дапаможа вам у дарозе.
– Мы возьмем твой верш, возьмем, возьмем, дзякуй! – адгукнуліся жураўлі.
Калі Дзяцел узмахнуў крылом, яго доўгі верш, падобны на тонкі празрысты ручаёк, паляцеў угару, да птушак.
Неўзабаве з неба палілася песня жураўлёў:
– Курлы-курлы, курлы-курлы, – працягла спявалі птушкі, а неба разносіла гукі і словы жураўлінай песні ва ўсе бакі неабсяжнага зямнога абшару.
Узрадаваны Дзяцел вярнуўся да свайго дупла, каб працягнуць працу. "Наступны верш я падару яшчэ каму-небудзь, – падумаў ён, звонка пастукваючы па кары хвоі. – Як жа прыемна рабіць добрыя справы!"

26.10.26


Рецензии