Петрусёва лета

Міхась Южык

Петрусёва лета

апавяданне


Пятро ехаў на поўдзень. Ехаў па знаёмым накірунку, са звычайным, крыху забытым дзіцячым настроем. Дыміў папяросай у тамбуры амаль пустой электрычкі, вяртаўся на месца, уладкоўваўся на парэзанай і спісанай непрыстойнасцямі вагоннай лаўцы, лажыўся — скурчваўся па яе даўжыні, сядаў ізноў, ускакваў, прынікаў душой і вачыма да прачыненай форткі. Жвавы ветрык кудлаціў капу саламяных валасоў, цвяліў вочы, урываўся ў душу пылам навакольных шляхоў, водарам раслін, прэласцю сіласу, гарачынёй ад жвіру і гравію, чымсьці лясным, далёкім, сінім... Цягнуліся бары, мільгалі чыгуначныя слупы, віліся рачулкі і лугавыя сцежкі, грувасціліся на ўзгорках вёсачкі, танулі, хаваліся ў садах. Здзіўлялі аляпаватасцю будыніны дачнікаў. Усё, як у маленстве. Усё да болю знітавана з існасцю.
Пятро маўчаў. Маўчалі і спадарожнікі: стары ў пацёртай зялёнай вопратцы палясоўшчыка, у кірзавых ботах і са скураным палявым ранцам; бабулька на сядзенні цераз праход з поўнымі ягад вёдрамі; пара закаханых, што задрамалі ў абдымках; руды сабака і інтэлігентнага выгляду гаспадар. А па падлозе, лаўках, столі, спінах і тварах гуляе жнівеньская пройма. Пыліць, узрушвае, нагадвае нешта. Пятру неспакойна. Як перад спатканнем хвалюецца хлопец. Два гады ціхмяна прымалі маразы, завеі, спёку і слоту любыя сэрцу мясціны. Два гады хлопец не вяртаўся сюды нават улетку: мітусіўся, нерваваўся, дамагаўся чагосьці ў гарадскім мурашніку. Працаваў, складаў музыку, іграў, падыгрываў, падзарабляў піяністам у рэстаранах, кляў канцэртмайстра, кахаў дзяўчат, ненавідзеў пасля расставання.
А бярозкі перад агародчыкам на крывым вясковым завулку раслі сабе паціху, бурна і шчодра зелянелі вёснамі, сонна пагойдвалі ў ліпеньскую спёку сваімі кучарамі. Дзедава хатка даўно пустая. Па суседстве жыве бабка-сваячка Паўлаўна — прыглядвае за пустым падворкам, жаліцца, наракае на лёс. Раней, пасля смерці дзеда, бацькі хоць лета бавілі тут. Рыбалка, грыбы ў наваколлі адмысловыя... Два гады бацька хварэе, цягаецца па бальніцах, дома бурчыць і павучае. Маці пры ім.
Забалацце. Станцый, вёсак, пасёлкаў такіх па Беларусі — безліч. Нараджаліся яны калісьці сапраўды за балотам. А балота — ды дзе яго няма? А не відно — то было і высахла. Здавён будаваліся ў такіх мясцінах сялібы. Пасярод гушчароў, яроў, балацін і азёр з гразкімі берагамі. Будаваліся ўпарта і грунтоўна. З дубу, хвоі,  таполі... Без напышлівасцяў і аздоб. Няма тут каму прыгажосць дэманстраваць. Хіба што туманам ды балотнай нечысці. І няма калі. Чарнела бярвенне ад сырасці, поўз падмурак па зыбкім грунце, парахнелі стрэхі... Змяняліся ўладары, грукацелі, каціліся па грэшнай зямлі паўстанні і войны... А чалавек жыў на злосць няўродам і пошасцям, капрызам надвор’я, лютасці драпежнікаў, сквапнай тупасці панства. Паднаўляліся, перасцілаліся дахі, рубіліся хаты для новых сем’яў, выпальваліся гушчары, узворвалася на іх месцы зямля, засявалася ралля, зелянелі нівы, асвойваліся пашы.
...Бразнулі дзверы, натужліва, амаль пакутліва зарыпелі рэсоры — павольна, крыху хутчэй, хутка. І не пачуць ужо асобных рытмаў  колавай хады. Толькі сіпаты гул, толькі  стогн вагонаў, што  шпарка адбягаюць  па дузе  насыпу. Пятро агледзеўся: пануры яловы гушчар падступіў, амаль ахапіў вал. Як ствалы гонкіх хвояў, падаюць на дол слупы святла. Яшчэ жаўцейшым здаецца пясок, яшчэ цямнейшай, больш таямнічай — лясная глуш. Лунаюць матылі, вясёлкавыя стракозы, па-гаспадарску ўвіхаецца сарока на абшарпанай лаўцы ля сметніцы. Спадарожнік-палясоўшчык  перасек чыгуначнае палатно і схаваўся ў хмызах. Ані душы.
Родны краявід. Нічога не змянілася. Так было заўсёды, мноства гадоў. І калі, ад’язджаючы апошні раз адсюль, азіраўся спешна цераз плячо, і ў маленстве далёкім... Гэтая цярплівая, шчодрая зямля, гэтая сусветная дабрыня, што льецца на яе несупынна з нябёсаў — спрадвечнае аднаўленне жыцця. Хлопец шыбаваў па затравелай лясной дарозе... Сухое, спякотнае лета. Толькі ў нізінах пад навіслым яловым веццем не высыхаюць ажно з вясны лужыны. Ці то раскай, ці то проста шызай плеўкай пакрыты яны — царства плавунцоў і слімакоў, нездаровае месца. Пятро заўсёды імкнуўся прамінуць гушчар як мага хутчэй. Бо здавалася, што з-за папараці і хмызоў, з глыбіннага ляснога змроку сочыць за табой нехта.
Скрыпічны футарал у руцэ, рукзак за плячыма — дзіўнае суседства. А хлопцу што — гэта ягоная работа, хлеб і ўсцеха. Пройдзе дзве-тры гадзіны — і цягнуцца, ліпнуць спрактыкаваныя пальцы да зграбнай постаці скрыпкі. Турботы, шчасце — усё праз яе праходзіць. З дзяцінства, з сямі гадоў, бадзяюцца па свеце неразлучныя двое. І любяць адно аднаго, і патураюць, і сварацца. Пятру ўжо амаль трыццаць гадоў, а ні сям’і сваёй, ні багацця, ні месца сталага пад сонцам, ні заняткаў і пацех звычайных чалавечых не мае. Толькі — руды кавалак дрэва, які ён вымушаны ажыўляць штогадзіну, каб не звар’яцець з нуды і непрагляднасці. Наглуха, трывала запоўнены ім дні, гады лепшыя. Ды яшчэ піяніна і ноты — бледныя, незлічоныя нотныя аркушы. Неспасціжнае таінства нараджэння гукаў.
Апошняя лагчына. Пясчаны пагорак. Пахілая бяроза, хмызняк шыпшыны, падлессе чэзлых асін. І цуд: стромыя, магутныя хвоі — бор, улюбёнае месца Пятра. Кантрастна, шчодра, жыццесцвярджальна раскрываецца, вабіць яно да сябе душу пасля гушчыні яловага палону. Цягнуцца ўздоўж ствалоў жоўтыя ніткі, весела бегаюць па некранутым імху сонечныя плямы. Далёка, глыбока пранікае позірк. Бяжаць туды хочацца, абдымаць ствалы, удыхаць чароўныя водары, проста дурыцца. Але прастуе хлопец, не збочвае. І мроіцца яму, і марыцца аб светлым. Віхураць у галаве гукі, складаюцца ўжо амаль у мелодыю, рассыпаюцца і ляцяць выраем кудысьці ўвышыню — за хваёвыя кроны.
Паўзе жук па дарозе. Сіне-зялёны, блішчасты. Мураш упарта цягне былінку. Птушка ўскрыкнула і насцярожылася — пачула незнаёмца. Спыніцца б, прысесці на пянёк ці на кукішкі, разгледзець, прасачыць... Але кліча шлях. І лесу ўжо няма. А палеткі — рыжыя, жытнія, хвалістыя ад ветру. Не велізарныя, не акіян цалінны. А возера, дзіўнае возера ў міжлессі. Цячэ па ім, гаспадарыць, бушуе сухавей. Палын у ім, мята і канюшына. І жывое, вясковае, цёплае. На ўзгорку нібы з аблокамі ўпоравень віднеюцца шэрыя дахі. Забалацце. Сонцам палітае маленькае сяло. Бяжыць, уецца да яго сцяжына.
Жылі тут і дзед, і прадзед, і прадзед прадзеда, мусіць. Слаўна жылі, цяжка і радасна. Без неўрозаў, псіхозаў. Працавалі бесперапынна, надрываліся, хварэлі немачамі праведнікаў, верылі. І дзяцей выхоўвалі ў веры і любові да працы, да белага свету. Да вербаў ніцых, да зямлі і ветру. І нараджаўся некалі Адам ці Янка, рос ціхім, задуменным дзіцём. Глядзеў ён на бег аблокаў і водную рабізну крыху ўважлівей за іншых і больш прагна ўдыхаў водары вёснаў. Крэмзаў штосьці ўпотай на шматках паперы, а затым ішоў у блуканне па свеце дапытлівы падлетак — будучы слынны паэт, і, магчыма, не вяртаўся назад. І ўчытваліся потым людзі на розных мовах у цудоўныя радкі, аналізавалі, зачароўваліся, дашукваліся прычын і вытокаў. А было там усяго: старая ліпа над бацькоўскім тынам, парог убогай хаты ды рудыя палеткі...

Лагодна атуліў Пятра жнівеньскі поўдзень. Трапеча, жыва адгукаецца новым уражанням чуйная душа. Ад гарачага, густога ветру млее маладое цела...
Мыкаюць бурыя, ляпаюць мяцёлкамі хвастоў па сваіх баках, жуюць задумліва, амаль летуценна. Вунь заварушыўся пастух пад дубам ля дарогі, млява хітнуў прывітанне падарожнаму, перавярнуўся на другі бок і сціх — заснуў, мусіць. У трыпутніку, у лопухах, у мяце... Вылез невядома адкуль, загыркаў шэры мацёры сабака. Гэтак жа раптоўна змоўк, ляніва пазяхнуў, тыцнуўся шырокай пысай у пастухоўскую кайстру, прылёг побач з гаспадаром. І жмурыцца сабака на сонечныя плямы, параскіданыя па дарожным палатне, на кеды хлопца, што ўзнімаюць пыльныя хмары. Спакойна навокал, ціха.
О, як зайздросціў падчас Пятро гэтай мернасці, гэтай мудрай нетаропкасці і падманнай абыякавасці! Што за гармонія! Якое адвечнае, сапраўднае жыццё! Сядзяць бабулькі на лавачках уздоўж крывых частаколаў, каля лядашчых, касабокіх веснічкаў. Грунтоўна сядзяць, упэўнена. Здаецца: і гадзіну, і дзве здолеюць так праседзець, гледзячы на аканіцы напроці, на шыфер і салому дахаў, на сады, на далёкую пушчу і чароды аблокаў. Альбо яшчэ далей — кудысьці ў сябе, у мінулае, у Бога. Можа прашоргаць, пракульгаць цераз вуліцу стары і сесці поруч. І нічога не сказаць адмысловага — прывітацца проста. І будуць яны сядзець разам, зрэдку перакідвацца словамі — пра гаспадарку збольшага, пра ўраджай. Або — проста маўчаць і радавацца сонцу, шчодраму жніўню. Марыць, спадзявацца, тужыць аб страчаным. Не надакучыць ім гэта ніколі — колькі б дзён не дарыла жыццё. Любяць яны яго. І жыць умеюць. У кожнага ёсць час для працы, для роздумаў і адпачынку, для малітваў шчырых, для шчасця. Не тое, што Пятро. Вось і ў водпуску ён. І з настроем, адпаведным чалавеку, што выдраўся з гарадской штурханіны: грыбы збіраць, купацца, рыбачыць, жыць, як расліны — не думаць, не меркаваць, не мудрагеліць. Але падсвядома прадчувае хлопец і тое, што не — не атрымаецца ў яго проста жыць, проста любіць і радавацца. Як у маленстве бестурботным колісь. Як тут усе людзі — не зважаючы ні на што. Бо ведае ён сябе, добра ведае.
Сярод гулу, весялосці, заняткаў разнастайных і пацех наляціць, бывала, нечакана, апануе, развярэдзіць душу туга невытлумачальная, сум аб хуткаплынным, зніклым, няспраўджаным. Нудна стане Пятру. Вычварнымі і бязглуздымі пададуцца забавы сяброў, чужымі — іх абліччы. І нават лясы і лугі — пустымі і жахлівымі. Пацягне дзіўная сіла ў самотнасць, у пакойчык свой — да піяніна і скрыпкі. Абмацаюць чуйныя, прагныя да ігры немужчынскія пальцы клавішы ці струны, прыпадуць да іх... Акіян гукаў спародзіць постаці, пачуцці, здані — цэлы ўяўны свет. Выкліча жывых, адаб’е ў зіхатлівым люстэрку свядомасці лёсы жыхароў Мінуўшчыны. Прэч, смутак! Як весела тут, як хораша, спагадліва, аб’ёмна, дзівосна! І зноў хочацца жыць — складаць, запісваць крывулькі нотаў. Бегчы да людзей — іграць, распавядаць, дзяліцца, удзельнічаць...
Эх, жыццё б Пятру прасторнае — яснавокае, на вятрах і сонейку, у поце і мазалях. Без думак натужлівых, надуманых пакут, блуканняў у пошуках цьмянага, магчыма, неіснуючага наогул. Упэўненасці б яму ў сабе, разважнасці, роўнага настрою. А тое ж за дзень, бывала, неаднойчы і адчай кіпцюрамі прыхопіць, і ўзляціш дагары, узрадуешся да экстазу. Вось і зараз корпаецца ён у старых лахманах: варушыць колішнія пачуцці, супрацьпастаўляе цяперашнім. І цямнее ўжо на душы, і свідруе яе нешта неадчэпнае...
Гойсаюць па вуліцы бялявыя хлапчукі, у ценях дрэў заліваюцца птушкі, валтузяцца куры ў купах гною, працуюць сяляне... Але даўно, ужо шмат гадоў, гэтыя цудоўныя, амаль запаведныя палескія мясціны атручаны, апаганены нахабна  і  бязлітасна. Немачы, гора, смерць схаваліся нябачным ядам у глебе, праніклі ў кару і лісце, паасядалі ў нячышчаных комінах, расцерушыліся па сталах, бялізне. Балазе прырода не ведае аб гэтым і жыве, як раней, паўнакроўна: каласуе жыта, грукацяць грамы, захоўвае вячыстую прахалоду пушча, Сож магутна паўзе, выгінаючыся, па пясках за вёскай. Ведае толькі чалавек — усяго ліха віноўнік. Ён жа больш за ўсіх і пакутуе. Пустэльнымі зрабіліся вуліцы роднага Гомеля, сумным — лебядзіны ставок у старадаўнім парку. Нават у самую моцную спёку не стракацяць так, як калісьці густа, гарадскія пляжы купальнікамі. Хто здолелі — даўно паз’язджалі адсюль. Змянілі кватэры, прапіскі. Чэзне раскошны край. Хварэюць людзі. Бацька Пятра, заўсёды такі бадзёры: рыбак, паляўнічы, плывец выдатны, да шасцідзесяці гадоў  ператварыўся ў вартую жалю разваліну. Нічога не баліць як быццам, а сілы няма нават па кватэры прайсціся. Не можа працаваць, злуецца. Спаганяе раздражненне на сыне. Не прабяжыць ужо бацька запаветнай сцяжынкай да ракі на досвітку, не пажартуе, не вып’е чарку ў дзедавай хаце. Забылася на яго Забалацце.
Так, не ведаюць пра смерць, пра подлую атруту ні верас, ні аблачынкі пухкія, ні птушкі, ні жучкі-павучкі. Жывуць сабе проста: весяляцца, сустракаючы дзень; ад холаду пакутуюць... Хварэюць і паміраюць натуральна, не задумваючыся, не прадбачачы...
Зарыпелі, паддаліся веснічкі: стары мілы дворык, зарослы травой і бадзякамі; асунутая ў зямлю, нібы змарнелая хата. А колькі весялосці, смеху тут было колісь! Двор дзятва і жывёла вытоптвалі за лета. Зараз сцяжынка да ганка амаль не прыкметна. Не дыміць комін, не бразгаюць дзверы.
Пятро прысеў на прызбу, закурыў, агледзеўся ўважлівей: пабудовы колішняй гаспадаркі, агароджа, што адмяжоўвае двор ад саду. А сад! — скурчаны, пустазелле з ніжнімі галінамі ўпоравень. Схаваліся ў траве і агрэст, і парэчкі. Паўсюль царуе бур’ян. Маўклівым дакорам глядзяць на Пятра ўсыпаныя дробнымі пладамі здзічэлыя яблыні. І няма слоў для апраўдання. Хаця хочацца, дужа хочацца сказаць, што заняты быў, што грошы зарабляў, дапамагаў бацькам. Што рабіць ён у свае трыццаць гадоў нічога вартага не ўмее, апроч як музіцыраваць... Маўчаць касарукія яблыні, маўчаць каржакаватыя вішні і слівы. І толькі бяроза над галавой шэпчыцца з ветрам, і ледзь скаланецца галоўкай рамонак ля ног. Палявыя кветкі — рамонкі, валошкі ды казяльцы — падступілі да дому.
Але рохкне недзе свіння, замыкае карова з блізкай лугавіны, прагарлапаніць певень — весялей робіцца на сэрцы. Ёсць жыццё. Трымаецца яно тут, магчыма, на бабульках, на Паўлаўнах, якім і месца на Зямлі, бадай, больш няма. З’язджаюць у гарады ўнукі, запіваюць з тугі сыны, а яны працуюць аддана і ўпарта, як звыклі з дзяцінства, цягнуць убогую гаспадарку, любяць родную глухмень. Хоць і жаляцца заўсёды на лёс, і хварэюць. Дыхаюць водарамі палеткаў, смаляцца пад сонцам, не разважаючы, колькі рэнтгенаў атрымліваюць іх скура і кроў. Гэта занятак для гарадскіх — адукаваных, начытаных, якія са страху глытаюць таблеткі, едуць на курорты па ванны... Але і хварэюць, і паміраюць усё адно. Не Паўлаўны ж, не Фадзеічы жудасць чарнобыльскую ўчынілі, а ўсё тыя ж бледныя разумнікі — прафесары з кандыдатамі.

Змрокам і няўтульнасцю заняпаду сустрэлі Пятра памяшканні хаты. Скрыпяць масніцы ў сенцах. Затхлае, сырое паветра нібы захоўвае ў сабе ўспамін аб зімовых сцюжах, золкіх непраглядных начах. Пятро паспяшаўся расчыніць аканіцы, падпарадкоўваючыся спрадвечнаму чалавечаму жаху перад цемраддзю. Хай падыхае хатка, напоўніцца летам. І бегаюць, і слізгацяць ужо ніткі промняў па запыленай канапе, па стале, па шыфаньерцы; праз проймы акон пранікаюць унутр слабыя гукі здранцвелага, вялага ад спёкі дня; здзіўлена ўсміхаюцца са сцен партрэты продкаў — сонейку, прыгажосці і дабрыні.
Да прыцемкаў Пятро даводзіў пакоі да жылога выгляду. Мыў падлогу, здымаў пасмы пылу і павуціння са столі, з паліц і люстраў. Выбіваў на двары падушкі, коўдры, матрацы і сеннікі, сушыў іх на сонцы. Грэўся сам. Курыў бесперастанку. Уключыў стары халадзільнік, праверыў спраўнасць электрапліткі, кіпяцільніка. Памыў і  пачысціў вёдры, прынёс са студні свежай вады. Дастаў з куфра і разаслаў на кухонным стале абрус. Павесіў на цвік прывезены з сабой чысты стракаты ручнік. Разабраўся з рэчамі і пасцельнай бялізнай. Наладзіў радыёпрыёмнік. Неўзабаве ў руках апынулася скрыпка — разануў смыком па струнах...
Зноў у пакоі спявалі птушкі, стракаталі конікі, гаманілі залевы, бруіліся плыні і набягалі хвалі прыбою. Заходзіў Моцарт, жартаваў і малоў блазенскія глупствы. У куце трызніўся бледны твар Шапэна. Кампазітар задуменна глядзеў у вясковае сутонне. Танцаваў Штраус, пацешна адстукваў рытмы вальса па дашчанай падлозе мудрагелістымі абцасамі. Завітвала Паўлаўна — ужо насамрэч. А Пятро амаль не адрозніваў рэчаіснае ад прывідаў. Ён не перапыняў ігру ў час размовы з бабулькай, якая, здаецца, распавядала пра розныя беды і няўроды. Але быў рады ёй, рады простаму абліччу, шчыраму позірку, гаматнай вопратцы. Паўлаўна запрашала ісці вячэраць, а Пятро толькі хітаў галавой і граў зноў і зноў.
— Табе, мусіць, самотна тут будзе, Пятрусь? То начаваў бы ў мяне, у святліцы...
— Я неспакойны сусед, бабуля, — хлопец мацней пацягнуў смычок. — Дый з дзівацтвамі. Вы ж памятаеце...
— Ну то — снедаеш у мяне?
— Згода...
Гукі, гукі — няма для іх канца і краю. І адзіноты няма, калі чалавек здатны гутарыць з Моцартам, што прыходзіць з глыбіні стагоддзяў, як з братам. А падчас здавалася Пятру, што і не нараджаўся ён аніколі, а спаконвеку калышыцца ў лагодных водах акіяна мелодый.
Голад нагадаў хлопцу аб зямным існаванні. Еў ён прагна: нават запіваў малаком, гарлач якога прынесла добрая бабулька, рыбныя кансервы; угрызаўся ў смажаную курыцу, зноў піў малако — ужо з пернікамі.
Выходзіў на падворак. Углядаўся, услухоўваўся ў чэрава ночы, што зіхацела блакітнымі кропкамі зорак. Ночы ўжо былі досыць цёмныя, хаця прайшло ледзь больш за месяц, як сонца “пераваліла” на зіму. Ціха... Зрэдку цвыркне нясмелая птушка, ды хрыпаты сабака ці то забрэша, ці то завые. Не чутно чалавечай гаманы — тут рана кладуцца, калі няма гулянкі якой альбо свята. Змрочны, значна чарнейшы за бязмесячнае неба стары сад. Нават глядзець туды не хочацца. А ўсё ж зірнеш скоса... Цяпло. Зранку раса будзе, сонца. Шмат чаго чакаў Пятро і ад раніцы наступнай, і ад будучых сонечных дзён. Толькі спякотнае... вельмі спякотнае лета. Больш за месяц — ні дажджынкі. Знемагаў, мучыўся ў гэтым пекле горад, кволіўся і Пятро. З тыдзень ужо вісіць паўсюдна шызая смуга — гар ад пажараў  на тарфяніках. Не дае адпачываць уначы, трывожыць едкім пахам. Дый што за сон у той перагрэтай бетоннай скрыні? Тут ён і выспіцца, і папрацуе — абавязкова  складзе штосьці адмысловае. Яшчэ мітуслівае, цалкам не аформленае, але блізкае, тое, што даўно хвалюе, узрушвае і імкнецца вонкі — у белы ласкавы свет.
Не спалася на новым месцы. А яшчэ поўня сярод ночы ўзышла і нібыта ўзіралася ў Пятра моўчкі праз шыбу. І фіранкі няма ад яе схавацца (заўтра трэба павесіць), і перамясціцца няма куды — толькі чакай, пакуль ссунецца, праклятая. Ускакваў хлопец, курыў нервова. Раптам схапіў скрыпку і пры няпэўным святле настольнай лямпы доўга мучыў бывалы інструмент. Іх слухаў сад, натапыраныя частаколы і жыўнасць, што не спіць уначы. Маглі пачуць і вяскоўцы, надзвычай здзівіўшыся пры гэтым жвавасці начнога музыкі.

Ранак праглыныў Пятра, уразіў змрокам гушчароў, порсткімі вятрамі прастораў, духмянымі, хаця і высушанымі спёкай лугамі. Гэты палескі жнівень! Усё падрыхтавана, насычана і настоена, усё прагне выліцца шчодрымі дарамі садоў і гародаў. У лесе няма прыкмет стомы і памірання, хаця зеляніна ўжо не дужа яркая і сакавітая... А зазірні ў бураломы векавой пушчы, у гушчу старых асін і клёнаў, у глыбіню яроў — і на паплавец захочаш, да аблачынак бела-ружовых, пад залатыя промні. Па-за лесам усё такое вялізнае і сіняе! Сіняе неба, сіняваты туман у лагчынах, сінявой мігаціць раса на досвітку, сіні Сож у жоўтых пясках.
Пятро снедаў у Паўлаўны і выпраўляўся за ваколіцы. Блукаў па лясах, перасякаў разлогі. Хутка і месца сабе знайшоў цудоўнае: дзе рака выгіналася, нібы падкова, на пясчаным адхоне стаяла старая занядбаная цэркаўка. Абшарпаныя муры, з’едзены ржой купал... Стаіць яна, самотная, глядзіць долу — на павольную плынь, на вёсачкі, што ўчапіліся за берагі. Гады плывуць праз яе, стагоддзі... Зарос бур’яном цвінтар, упалі дзверы, унутры — пустэча і крумкачыныя гнёзды, са званіцы скрадзены звон. І толькі счарнелы крыж ліпіць над наваколлем.
Палюбіў гэтае месца Пятро — кіламетрах у трох ад Забалацця. На адхон гадзін з адзінаццаці амаль перпендыкулярна падала сонечная лагода, награвала пясок... Унізе — сіне-зялёныя воды, па-над купалам званічкі — блакіт нябёс, па краях берагавой падковы — сёлы ў зеляніне садоў, на супрацьлеглым беразе — паша і лес удалечыні. Прыслухаешся: па воднай роўнядзі, як па тэлефонным дроце, выразна далятаюць гукі навакольнага жыцця. І мыканне кароў, і брэх пастухоўскіх сабак, і грукат вёслаў ва ўключынах нябачнай лодкі, і гамонка вяскоўцаў...
Пасля вячэры Пятро звычайна спрабаваў іграць, нават складаць мелодыі... Але бязладдзе ў думках, але мноства дзённых уражанняў не дазвалялі засяродзіцца, перавесці ўбачанае і пачутае ў строй нотаў, стварыць штосьці гарманічнае. Нават класічныя, заведама бездакорныя творы, гучалі блякла і невыразна. Пятро  не пазнаваў сваёй ігры, не пазнаваў твораў любімых кампазітараў. Магчыма, стамляўся за дзень, а найхутчэй, у дні гэтым, у аблоках і калоссі было больш, непараўнальна больш музыкі і жыцця. Бадай, пры ўсёй чуйнасці, геніяльнай чэпкасці зроку і слыху творцы, адлюстроўвае ён толькі частку, невялічкія і не заўсёды лепшыя фрагменты прыроднага хараства. Перадае ўсё-такі суб’ектыўна, хаця і шчыра.
Праз некалькі дзён з-за сваёй няздатнасці, немагчымасці выказацца Пятро зажурыўся. Дні ўсыпілі яго, пазбавілі пільнасці, патрабавальнасці да сябе, творчага запалу, без якога мастак пачынае спакваля блажэць. У галаве кружляюць чароды думак, звонку — гульба гукаў, лунаюць размаітыя водары-пахі, завіхаюцца людзі, лётаюць птушкі. А Пятро не можа іх ахапіць. І маўчыць, і яго не чуюць...
А ці варта намагацца? Вунь дзятва дурэе на вуліцы, абсыпаецца жвірам, вадой абліваецца самазабыўна. Бабкі, дзяды справай занятыя — і тым шчаслівыя. Моладзь гамоніць вечарамі на лавачках, таньчыць пад магнітафонныя выгукі. Сусед Сяргеіч, колішні бацькаў таварыш па рыбалцы і шахматах, штодзень поркаецца ў сваім садку ці ляжыць пад ігрушай, газетамі шамаціць. На адпачынку з сям’ёй. Спакойны і задаволены сабой, напэўна. Неяк сказаў:
— Ты б, Пятро, па-людску, у грамадстве... Ці сад бы да ладу прывёў... А тое ўсё: “дрынь ды брынь”... Хіба гэта справа?
— А што тады — “справа”? — з’едліва спытаў Пятро.
— А вось рыбалка хаця б... Давай заўтра па старыку пройдземся. Карась сёлета гожы. Іншая рыба не бярэ, а ён — звер.
Пятро кінуў погляд на пукатае пуза Сяргеіча, якое той якраз няспешна чухаў, на лагодную яго ўсмешку і падумаў: “А чаму не? І наогул, колькі можна дрыгацца. Прыехаў адпачываць — адпачывай! Годзе з сябе генія строіць... Дый добра тварыць дзе-небудзь у панскай сядзібе, у святліцы прыбранай. Калі за сценамі жыццё варушыцца: слугі ў клопатах круцяцца, дзеткі твае ў садзе гуляюць-весяляцца пад доглядам гувернантак, жонка за гаспадарку дбае, увечары — сябры, музыка... А тут — хата гэтая напаўспрахлая, змрочная, адкуль штохвілінна збегчы карціць. Сад пануры. На вуліцу выйдзеш, то касавурыцца кожны, як на дурня: з ухмылкай. У пакоі граць нудна... Але не ісці ж са скрыпкай у лес ці, горш за тое — на лаўку ля весніцаў... Яшчэ ў шапку кідаць пачнуць...”
Дамовіліся з Сяргеічам назаўтра а палове пятай раніцы сустрэцца ля студні і развіталіся.
Пятро залез з ліхтарыкам у камору і адшукаў у купах запыленага хламу рыбацкія прычындалы, пару бацькавых тэлескапічных вудзільнаў. Цэлы вечар перабіраў на ганку кручкі, плаўкі і грузілы — наладжваў снасці.

Сустракалі світанне з вудамі на старым рэчышчы Сожа. Па здранцвелай навекі вадзе павольна поўз кудлаты туман, абяцаючы прывычную спякоту. Ён блытаўся ў голлі напаўзатанулых дрэў, кучарах ніцых ракіт, у асацэ і чароце. Ветру амаль не адчувалася, але Пятра калацілі дробныя дрыжыкі — ці то ад сырасці, ці то ад паляўнічага азарту.
Паплаўкі чатырох вудаў замерлі на шызай роўнядзі. Не чутно ўсплёскаў рыбы, увогуле — ані гука. Змрочна тут. Нават птушкі галасіць баяцца... Першыя нясмелыя прамяні ледзь кранаюцца дубовых макавак на супрацьлеглым беразе.
Сяргеіч сядзіць, што корч. Мерна выпускае кольцы цыгарэтнага дыму. Пятро таксама курыць — толькі нервова. Раз-пораз выцягвае снасць з вады, правярае прынаду, мяняе яе, перазакідвае... Маўчаць абодва. Чакаюць. Не бярэцца рыба...
Але вось Сяргеіч напружыўся, прыўзняўся крыху. Упэўненым рухам паклаў руку на вудзільна, не адрываючы яго ад рагулі. Праз хвіліну падсек спрытна і цягне ўжо з асалодай, умела выводзіць з цёмнай ямы залацісты шар на паверхню. Унутры Пятра нешта сцінаецца ад зайздрасці і хвалявання. Неўзабаве тлусты карась памерамі з патэльню заблытаўся ў сетцы Сяргеічавага падхватніка.
Бярэцца і ў Пятра. Хіснуўся пёравы паплавок, убок пайшоў плаўна... Ці падаецца толькі? Счакаць бы! Падсечка... Дарэмна! Хлопец са злосцю выплюнуў папяросу.
Рыба пачала хораша брацца гадзін з дзевяці, калі здавалася, што нічога вартага ўжо не будзе, і пара згортвацца. Да дванаццаці гадзін Сяргеіч нацягаў з паўвядра пульхных карасёў і гарбатых краснапёрак. Выводзіў да сачка маўкліва і спрактыкавана. Лавіў на груцу, як і Пятро. У таго ж поспехі былі больш сціплыя. Дый клявала непараўнальна радзей.
Пятро падазрона пазіраў на кручкі Сяргеіча, калі той насаджваў на іх прынаду; закідваў свае бліжэй да ўдачлівага месца. Марна. Напрыканцы рыбалкі ў яго садку трапяталася толькі некалькі карасёў ды худых плотак.
— Ты як кашу чапляеш? — спытаўся Сяргеіч, калі ўжо змотваў вуды.
— Звычайна: каб кручок закрыць, — недаўменна адказаў Пятро.
— А трэба браць зерне найбуйнейшае і расшчапляць яго напалам. Ды па палавінцы — на кручок, разрывам вонкі.
— А якая розніца?
— А такая, браце, розніца, што карась мякаць з-пад абалонкі высмоктвае, а на цэлае зерне не квапіцца.
Пятро прамаўчаў, але ўнутрана абурыўся: “Вось жмінда! Знайшоў, калі параіць. Рыбы ў Сожы яму мала...”
Вярталіся дубровамі, асінавым падлескам, пераспелымі палеткамі, якія яўна зачакаліся камбайнаў. Сяргеіч балабоніў пра палітыку, пра хлеб, пра сэнс і прыгажосць жыцця. Пятро маўчаў і пахмурна падтакваў. Дзень набіраў звычную моц, таміў, хіліў на дрымоту.
— Ты заходзь да мяне вячэраць. Жонка карасёў у смятане запячэ. Возьмем па чарцы. З дачкой пазнаёмлю, — пры развітанні сказаў Сяргеіч, пазяхаючы.
— Добра.
Сяргеіч, у прынцыпе, неблагі дзядзька. Раздражняюць толькі падчас самаўпэўненасць ягоная, азызлы твар ды тлусты карак... Пятро ўсміхнуўся, няўзнак згадаўшы выпадак з прынадай. І дачка ў яго ніштаватая: усё пазірае на Пятра з-за плота  ды прыцемкамі на лаўцы з  моладдзю забаўляецца пад магнітафонныя спевы. “Нічога, і мы пацешымся... Досыць мудраваць!” — падумаў хлопец. Яму раптам спадабалася пустэча, што пачала ўтварацца ў галаве — вакуум бесклапотнасці, жывёльнай ляноты. Хацелася спаць.
...Увечары ўмыты, паголены, ахайны Пятро сядзеў пад ігрушай Сяргеічавага саду за сталом — у кампаніі гаспадара, ягонай жонкі і дачкі, Нэлі.
Дачка, як і маці, паўнагрудая, пародзістая, з румянымі шчокамі і фарбаванымі валасамі. Гадоў дваццаці трох, прыкладна. Пятро не бачыў яе каля пяці гадоў. Чуў, што вучылася ў інстытуце. Улетку, мабыць, — будаўнічыя атрады, лагеры... Жыццё цікавае і вясёлае. Сюды даўно не наведвалася.
На абрус зрэдку зляталі першыя зачэзлыя ад засухі лісткі. У цэнтры стаяла бутэлька “Пшанічнай”, міска румяных, пасыпаных кропам карасёў. Па ўсім стале — разнастайныя салаты, проста гуркі і памідоры — чым багаты жнівень. Горка варанай бульбы на вялікай талерцы, хлеб, сала...
Жонка гаспадара з дачкой прыслужвалі хлопцу: прапаноўвалі паспытаць і тое, і гэта. Нэля чырванела пры сутыкненнях поглядамі, хітравата адводзіла свой убок.
Сяргеіч быў прастадушна замілаваны сабой, жартаваў, сам жа і рагатаў першы. Пакепліваў з акаляючых. Жонка, яшчэ не старая, прыгожая кабета, з глыбокай пашанай услухоўвалася ў кожнае яго слова. Дачка спрабавала ўступаць у гутарку, але, абарваная трапнай заўвагай бацькі, саромелася і збянтэжана замаўкала.
Гаспадар  уражваў ведамі  верхагляда ва ўсіх галінах  рэчаіснасці (напэўна, набраўся з газет, лежачы ў засені дрэва): навуцы, палітыцы, сельскай гаспадарцы, кулінарыі і нават мастацтве. Ён распавядаў, як трэба гатаваць плоў, марынаваць шашлык, габляваць дошкі, гадаваць вінаград і ўдзельнічаць у рабоце амерыканскага парламента. А пасля чацвёртай чаркі палез у нетры мастацтва і літаратуры: лаяў, з’едліва насміхаўся з сучасных пісьменнікаў і мастакоў, абзываў (забыўшыся на прысутнасць Пятра) музыкантаў дармаедамі, меркаваў, як бы ён сам тварыў, калі б меў здольнасці...
Пятро нават не спрабаваў спрачацца — гасіў закіпаючае раздражненне гарэлкай, упісваў карасёў з памідорамі. Дагодліва хітаў галавой. Браў удзел у гульні вачыма з Нэляй. Адпачываў мозгам. Потым пад чаркай паабяцаў заўтра пайграць дзеля  дзяўчыны  на скрыпцы — экзотыка ўсё ж! Паразыходзіліся ў поўнай цемры. Пры гэтым кожны застаўся задаволены сабой і перажытым днём увогуле: Пятро мысленна кпіў з глупства Сяргеіча; Сяргеіч быў уражаны сваім красамоўствам; яго жонка радавалася, што весела мужу; Нэля была дужа ўсхвалявана новым знаёмствам з дзіваком-скрыпачом (дзіцячыя дачыненні не ў лік).

Акно было адчынена ўсю ноч, і здаровае паветра наваколля знішчыла да ранку ўсякія сляды алкаголю ў арганізме Пятра. Устаўшы, ён дастаў з халадзільніка гляк з сыраквашай, паснедаў з чорным хлебам.
Затым выправіўся па харчы ў суседнюю вёску — Хвойнікі. Яна была буйнейшай ад Забалацця і мела ўласную краму.
Зноў спякота. Ані дажджынкі за паўтара месяца. Нават Сож прыкметна абмялеў. Пачалася ўборка збажыны. І думалася па дарозе Пятру, што будуць яшчэ і раллі, і нівы, і пожні. Каласы неаднойчы пазгінаюцца ад ветру, памыюцца ў залевах і акрыяюць на сонейку... Але гэтых, менавіта гэтых каласоў і аблачынак над імі ніколі... ніколі ўжо не будзе...
У краме набіў торбу боханамі свежага хлеба (у асноўным — для Паўлаўны), кінуў наверх мяшэчак падазронага выгляду пячэння — да вячэрняй гарбаты. Спыніўся, здзіўлена разглядаючы шыльду над ганкам драўлянай хаты напроці крамы: “Бібліятэка”. “Асяродак культуры!” — зазначыў штампам і адразу ўзлаваўся на сябе за гэта.
На ганку, дзе скрозь лядачыя дошкі папрарастала траўка, чухаліся і кракалі дзве гусі. Хутка адна залямантавала, саскочыла на дол і з размаху плюхнулася ў прыдарожны равок з вадой да сябровак, што раскашаваліся ў ціне.
Пятро прысеў на пясчаны грудок. Сухавей разгойдваў былінкі. Зноў тыя ж васількі ды рамонкі. Трыпутнік нібы паўзе па прыступках. Густы, даўно адцвіўшы бэз торкаецца ў вокны... Смаліць шлях няўмольнае сонца. Здранцвела вёска. Заржавелы замок адпачывае на дзвярах бібліятэкі. На бляклай аляпаватай шыльдзе не разабраць гадзін працы. Усё зразумела: зараз адна праца — у полі. Пятро ўявіў сабе за сценамі тамы любімых пісьменнікаў — Караткевіча, Багдановіча, Лермантава, што, напэўна, гадамі пыляцца на паліцах некранутымі; складзеныя ў куце стосы часопісаў...
Дрэмле сяло ў сонечным вэлюме, у садах кучаравых, у смузе з тарфянога гару.
...А вечарам прыйшла Нэля. Яны пілі каву ля расчыненага ў пануры сад акна. Нізкае праменне блыталася ў галінах яблынь. Доўгія рукастыя цені змяіліся па бурштынавай траве, караскаліся на тын і гаспадарчыя будыніны, запаўнялі пакой.
Нэля распавядала пра сябе. Пятро слухаў рассеяна... а больш іграў. Граў без натхнення, без самааддачы — як рабіў, калі падпрацоўваў піяністам у начных клубах...
Гэтая  засланка душы, закляты вораг Пятра — звычка на ўсё глядзець як бы зводдалеку, ставіцца з недаверам, аналізаваць... Якім нудным і брыдкім ён сам сабе падчас падаваўся! І цяпер ён загадзя пралічыў далейшыя падзеі: вось Нэля пасунулася бліжэй, хітра зазірае ў вочы; вось просіць паказаць ёй некалькі акордаў — села побач; вось трымаюцца яны за смык разам — пальцы  датыкаюцца,  пераплятаюцца,  хвалююча  падрыгваюць; какетлівы смех — і яна ўжо ў Пятра на каленях; гарачыня грудзей, клубоў — рухавых, пругкіх... І разгараецца, вар’юецца штосьці нястрымнае ў кісцях рук, пад лыжачкай, ніжэй... Прапаў!..
Назаўтра раніцой прачнуўся Пятро з пачуццём агідным, быццам здзейсніў нешта пачварнае, здрадлівае. Здрадлівае найхутчэй у дачыненні да старой скрыпкі, партрэтаў продкаў і сцен драхлага дома.
...Наступныя два дні Пятро бавіў у стагах за вёскай: асавела перагортваў дэтэктыў, загараў, драмаў гадзінамі. Харчаваўся яблыкамі з чорным хлебам. Зрэдку спускаўся да Сожа асвяжыцца. Думак не было — адна апатыя, пакорлівасць плыні часу. Не хацелася бачыць ні Нэлі, ні Сяргеіча. Баяўся не сустрэчы, а неабходнасці вытлумачвацца ці граць чарговую ролю. На абшарах кіпела жніво. Прырода нібыта спяшалася насыціцца энергіяй летніх дзён, якія пакрысе, але няўмольна скарачаліся... Сэрца стукала мерна, бойка гнала па жылах прамытую вятрамі кроў. Сумленне больш не мучылася ад бяздзейнасці розуму, які ўжо не імкнуўся ствараць і вышукваць надуманыя праблемы. Хлопец проста прымаў жыццё, і яно лашчыла яго і любіла...
На трэці дзень, выбіраючыся завулкамі з вёскі, Пятро натрапіў на Нэлю. Яна сядзела на лаўцы ў кампаніі дзвюх ладненькіх, фанабэрыстых (відаць, таксама гарадскіх) дзяўчат. Зачапілася за яго. Адышліся на колькі крокаў.
— Ты чаго хаваешся? — спытала яна досыць патрабавальна, прывабная ў лёгкай летняй сукенцы і панаме, знарок збітай набакір.
— А што ж мне — серэнады пад вокнамі спяваць? — грубавата пажартаваў Пятро.
— Ладна... Хадзем пакупаемся.
Спускаліся да ракі поруч, не тоячыся. Пятро не саромеўся — не злачынца ж. Але хмурыўся, глядзеў долу і моўчкі шураваў кедамі жвір. Жвір патыхаў пячным жарам. Што за жнівень!
...Уверх па рацэ цугам цягнуліся баржы, борздзенька абагнала іх ракета на падводных крылах — усхвалявала, ускаламуціла ваду. Пятро, акунуўшыся, крыжам ляжаў на прыбярэжным пяску. Нэля сядзела побач і скубла зубамі сцяблінку. Вада сцішылася. Знянацку па ёй, напэўна, з нябачных з-за выгіну ракі лугавін данесліся да чуйнага вуха Пятра чароўныя гукі — шматгалосы напеў сялянак. Не натужлівыя, не канцэртныя спевы, калі дзяруць горлы і трасуцца пад ліхаманкавыя рытмы. А акурат напеў — лагодны, ласкавы, няспешны, як дзень залацісты, як цячэнне Сожа. Слоў было не разабраць, а толькі адзін падгалосак-ручаінка лунаў над агульным хорам.
Пятро ўслухоўваўся прагна, амаль хваравіта. Ён меркаваў, што і Нэля таксама чуе гэтае дзіва. Але раптам увушшу:
— А ведаеш, у Турцыі адпачываць цяпер значна лепей, чым у Балгарыі. Цэны аднолькавыя, а сэрвіс...
Пятро скалануўся. Ускочыў, пашыбаваў прэч. У галаве віравала прыкладна наступнае: “Усё добра ў іх!.. Матэрыю, забавак падавай!.. Бацька сам нажарэцца ў тры глоткі, аблае ўвесь свет і спіць потым, як немаўлятка... Дачку выхаваў з аднымі Турцыямі-Грэцыямі ў галаве... Нічога, сёння ж прыцемкам дрыгацца будзе пад магнітафон ды рагатаць з патлатымі... Ненавіджу!”
...Яна, аднак, прыйшла да яго ўвечар. Прыходзіла і наступнымі вечарамі: тоячыся, пад аховай сутоння крадком рассоўваючы жэрдкі плота. Ён валодаў ёй шалёна, у палавым ачмурэнні тузаў спешчанае, прагнае да ласкі маладое цела. Рабіў справу неяк па-драпежніцку, але пры тым ясна, з дзіўнай цынічнай разважнасцю адрозніваў, размяжоўваў сэнс любові і кахання. Бо ў жыцці сваім гэты пераростак любіў па-сапраўднаму, бадай, толькі акіян гукаў ды лунаючыя ў ім цьмяныя постаці. І не мог паяднаць з рэчаіснасцю. Мо ў гэтым быў ягоны крыж?

Аднаго разу ўначы саснілася, быццам бы стаіць ён, Пятро, на адхоне, пад цэркаўкай. Рыжае ранішняе сонца слепіць вочы, Сож выгінаецца падковай. Зверху даносіцца мілагучны голас звона. Хлопец глядзіць туды: патынкаваныя муры, блішчасты бронзавы купал, залацісты крыж над званіцай зіхаціць, адбівае нізкае праменне. Пятро бяжыць угору, доўга бяжыць, грузне ў зыбкім пяску. Вось ён ужо на цвінтары — на самай вяршыні. А ўнізе, па шырокіх сцяжынах, з абодвух бакоў цягнуцца да цэркаўкі людзі — ад вёсак, што патанаюць у бела-ружовай квецені травеньскіх садоў... Блішчаць у руках крыжы і рамы абразоў; абліччаў не разгледзець, а вопраткі — белыя-белыя... Яснае неба. Намнога сіней, намнога прасторней, чым звычайна, навокал. Звініць-заліваецца наверсе звон, шчыруе спрытны званар... Пятро спрабуе ступіць на прыступку ганка і прачынаецца.
За акном шуміць, злуецца залева. Маланкі мяжуюць бездань ночы, асвятляюць каржакаватыя вішні ля частаколу, нягожыя дахі будынін.
Нарэшце прарвала! Пятро ўскочыў, прагна пацягнуў свежае, азонавае паветра. Уключыў святло. Спешна пачаў збіраць параскіданыя імпэтамі ветру нотныя аркушы. Сунуў іх у рукзак, хаця з аднолькавым поспехам мог бы закінуць у печку. Але, час ад’язджаць. “Адпачнуў, набраўся сілы, пацешыўся — малайчына!” — уядаў сам сябе. Склаў астатнія рэчы, накрэмзаў цыдулку для Паўлаўны і прыціснуў пакуль чарніліцай да стала. Паглядзеў на гадзіннік — пачатак чацвёртай: “Мо падрамаць яшчэ?” Апрануты прылёг Пятро на канапу. Знадворку ўсё капала і струменіла. Раптам стала няўтульна і самотна... І змрочна, кантрастна змрочна ў параўнанні з толькі што саснёным цудам!
Пятро курыў да світання. Вецер разагнаў навальніцу. У паветры вісела імжа — след начной калатнечы. Прышчаміў цыдулку дзвярыма, пачапіў замок і пайшоў, не азіраючыся. Адзін за адным віталі новы дзень пеўні, перабрэхваліся азяблыя сабакі. Птушкі пакуль маўчалі...
Але вось выплыў, цялёпкаючыся ў густой вадзяністай смузе, пунсовы, незвычайна вялізны сонечны шар, нібы прыўзняўся на локцях, абапіраючыся на кроны далёкага лесу. Перакінулася скрозь нябёсы задзірыстая вясёлка. Адбіваецца яна ў набраклых срэбрам мурагах, у Сожы, што павольна паўзе з-за пясчанага пагорка. І прымроілася Пятру, што там — далёка, за выгінам ракі — асвятліла сонца купал і крыж цэркаўкі, і ліецца вячыстая музыка па воднай роўнядзі, па вёсках і пашах, над лесам — працуе зухаваты званар... Зашчымела сэрца, заказытала ў носе, густа паліліся па шчоках шчырыя слёзы.

Вір спраў і турбот паўсядзёншчыны зацягнуў неўзабаве Пятра: падрыхтоўка да канцэртнага сезона, рэпетыцыі, сустрэчы з сябрамі, дапамога па доме. Верасень стаяў жахлівы: дажджыла, хлюпала, з поўначы дзьмуў брыдкі сцюдзёны вецер, несліся касматыя шызыя хмары... Прырода, па ўсім відаць, разлічвалася за лета, за няўменне цаніць цяпло і спакой. Хлопец амаль не зважаў на гэта — ускакваў раніцамі ў тралейбус, выдзіраўся  з  яго ўвечары.  Дома  зашываўся ў сваім пакоі: глядзеў тэлевізар, чытаў ці балакаў па тэлефоне. З бацькамі сустракаўся адно за кухонным сталом, але быў пры гэтым добразычлівы, вонкава раскуты, нават цярпліва выслухваў нязменныя бацькавы нараканні на здароўе.
А аднойчы прыбег дамоў задыханы, з хваравітым румянцам на шчоках і паспешліва зачыніўся ў сябе. Не вячэраў. Брынкаў па клавішах піяніна амаль усю ноч, напяваў, мармытаў і нібыта лаяўся з кімсьці. Растрывожыў суседзяў, атруціў кватэру тытунёвым дымам. Бегаў на кухню варыць каву…
Быў ён у такім узрушэнні каля двух тыдняў.

Ля ўвахода ў залу камернай музыкі на прэм’еру збіраліся людзі. Быў сакавік... Зямля ачуньвала пасля зімовых калатнеч. На тумбе вецер дзёр несамавітую афішу, дзе буйнымі літарамі абвяшчалася пра канцэрт слыннага тутэйшага піяніста ў партыі з не менш вядомым тэнарам. А ўнізе дробнымі літарамі прыпісвалася: “Паводле новых твораў П. Мялешчыка”.
Людзі прыйшлі на знаныя імёны, зачароўваліся іх выкананнем, пляскалі ў далоні, дарылі кветкі. У гэты вечар у зале шчабяталі птушкі, стракаталі конікі; чуліся шолах лісця, хада Лесуна па ламаччы гушчароў, грымоты далёкай навальніцы; падалі на траву крамяныя  яблыкі, калыхаўся верас... Кожны чуў па-свойму, адзначаў штосьці асабіста блізкае, дарагое, дзівоснае. Некаторыя плакалі.
У антракце Сяргеіч за столікам буфета вяшчаў жонцы:
— Глядзі ты, як зграбна: “Ля...ляль...ля”. І здатныя ж складаць людзі! Вялікая душа. Не тое, што Пятрусь... Помніш, сусед наш дзівачлівы? Тут, мілка, — сіла.
Пятро ў гэты дзень прыхварнуў і не прыйшоў на прэм’еру. Дый наўрад ці быў бы ўшанаваны — не выбітная асоба. Але з абвязаным горлам, згорблены, нехлямяжы сядзеў за піяніна і ўпарта брынчаў у паўзмроку нешта новае. Злаваўся, касаваў і нанова запісваў ноты. У куце на крэсле сядзеў і хітравата ўсміхаўся Моцарт.

1999 г.


Рецензии