Xiv. праздник обновления
Сябры накіраваліся да іхняга агульнага дому, дзе дамовіліся, на працягу бліжэйшага месяцу, сустракацца тут кожную нядзелю, каб ведаць патрэбы адзін аднога і адпаведна паслужыць пры неабходнасьці. Вядома і Настаўніку будзе што сказаць вучням, а таксама і адказаць на іхнія пытаньні, якія непазьбежна будуць узьнікаць гэтым часам. Няхітрая ды хутка прыгатаваная ежа ад Марыі, агульная малітва, цёплае разьвітаньне і, такім чынам, сябры разыйшліся па сваіх дамах і месцах.
Цяплыня дома, дзе жыве любоў ды ласка, заўсёды вабіць і сагравае. Ісус з такім адчуваньнем і ўваходзіў у родны дом, дзе Яго сустракалі маці і Рут. Малодшая сястра шчабятала бесперастанку, расказваючы ды паказваючы свае посьпехі ў садзе, а маці, наадварот, у радасным маўчаньні гатавала вячэру для іхняй маленькай ды цудоўнай сям’і. Сідзячы ўжо за вячэрай Ісус слухаў ад маці пра тое, што адбывалася ў Капернауме пад час Яго адсутнасьці, а таксама і сам расказаў пра родны ёй горад Цыпоры.
Прахалода ранку найбольш адчувалася не беразе мора, якую і прыносіў марскі брыз пад тіхі плёскат набягаючых хваляў. Першыя прамені ўзыходзячага сонца ўжо краналі бераг, калі Ісус, у малітве, зьвяртаўся да Айца, каб вызначыць Свае далейшыя дзеяньні. Сонца ўсё больш уздымалася і Ісус накіраваўся дадому, ведаючы, што гэты перадсуботні дзень Ён правядзе ў адпачынку ды тым хатнім клопатам, які назьбіраўся за час Ягонай адсутнасьці. Дома ж Яго чакаў смачны ранішні сняданак і любоў родных людзей. Пасьля невялікага адпачынку, па запрашэньню сястры Рут, пайшоў у сад, каб разам з ёй папрацаваць па дагляду тых цудоўных расьлінаў, якія насадзіла Рут.
Субота пачалася звычайным чынам. Сынагога, дзе Ісус быў толькі прысутным, а таксама і той час, калі Яго атачыў натоўп з мноствам пытаньняў, якія назапасіліся за час Ягонай адсутнасьці ў Капернауме. Праз некалькі гадзінаў людзі разыйшліся і Ісус накіраваўся ў бок дому, дзе Яго ўжо чакала суботняя ежа і добры адпачынак. Так, у цудоўным настроі і прайшоў гэты дзень, а начны адпачынак і ўвогуле падгатаваў Ісуса да дзейнага наступнага дня.
Пасьля ранішняй малітвы і ранішняга сьняданку Ісус накіраваўся да іхняга агульнага дому, дзе Яго ўжо сустракалі некалькі вучняў. Яго вітала Марыя, якая даглядала за домам і тыя вучні, якія ўжо сабраліся ў гэты ранішні час. Праз некаторы час, пачуўшы нейкі шум звонку дома, Ісус выйшаў насустрач невялікаму натоўпу на чале з Тамашам, Пятром і Андрэем. Тамаш, убачыўшы Настаўніка, і папрасіў Яго вызначыць лёс чалавека, які меў значныя грахі перад Госпадам, але сьвядома зразумеў пра тое, бо менавіта пра гэта і была размова між прысутных тут людзей, сярод якіх Ісус заўважыў і фарасэяў.
Ісус, супакоіўшы ўсіх прамовіў наступным чынам: «У аднаго чалавека былі два сыны. І сказаў малодшы з іх бацьку: “Бацька, дай мне належную частку маёмасьці”. І падзяліў ім маёмасьць І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна. Калі ж выдаткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым краі, і ён пачаў мець нястачу. І, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё даглядаць сьвіньняў. І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму.
Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду! Устаўшы, пайду да бацькі майго і скажу яму: “Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх”. І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго. Сын жа сказаў яму: “Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім”. А бацька сказаў слугам сваім: “Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі. І прывядзіце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца. Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца
А старэйшы сын ягоны быў у полі. І калі, варочаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі. І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, спытаўся: “Што гэта адбываецца?” Той жа сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровым”. Загневаўся ён і не хацеў увайсьці. Тады бацька ягоны, выйшаўшы, клікаў яго. А ён, адказваючы, сказаў бацьку: “Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не адступіў ад прыказаньня твайго, і ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі. А калі гэты сын твой, пажоршы маёмасьць тваю з распусьніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цяля”. Ён жа сказаў яму: “Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”».
Ісус запрасіў усіх у дом, каб, па неабходнасьці, працягнуць размову і высьвятліць магчыма незразумелыя моманты гэтай гісторыі. Калі ўсе ўладкаваліся Мацьвей зьвярнуўся да Ісуса за тлумачэньнем сказанага Ім. Ісус не зьдзівіўся і зьвярнуўся да ўсіх прысутных, сярод якіх былі і тыя самыя фарысэі: «Як бацька, які абдымае свайго гэтага блуднага сына, так і Бог прымае грэшніка, які раскайваецца, з вялікай радасьцю. Большасьці людзей незразумелая гэтая радасьць і гэта мы бачым на прыкладзе старэйшага брата, які абурыўся за тое, як ласкава прыняў бацька свайго непакорнага сына».
Ісус, зрабіўшы паўзу, паглядзеў на фарысэяў і працягнуў: «Бог любіць грэшнікаў і жадае збавіць іх, а фарысэі гэтаму супрацівяцца і ставяцца да грэшнікаў вельмі бязлітасна, хаця тыя ёсьць ім братамі. Бог ёсьць любоў і няма ў Ім ніякага зла. Ён ня любіць грэх, але, пры гэтым, любіць грэшнікаў. Таму і ўсе мы павінны жыць у любові, як гэтага хоча Айцец. Калі грэшнік раскайваецца, трэба прыняць яго, як прыняў яго бацька: “А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”».
Прайшло яшчэ некалькі тыдняў у правінцыйнай цішыні Капернаума. Пяць дзён на тыдзень Ісус працаваў у майстэрні Зэбедэя, а субота і нядзеля былі пасьвечанымі наведваньню сынагогі і сустрэчам з вучнямі ды і ўсімі тымі, хто прыходзіў у іхні агульны малітоўны дом. Тэмы для разважаньня і вучэньня прыносілі самі людзі, якія прыходзілі з усіх куткоў Галілеі з свамі пытаньнямі па тых ці іншых клопатах свайго жыцьця. Ісус выбіраў тыя пытаньні, якія тычыліся большасьці прысутных, каб разважаць і вучыць людзей маральнай чысьціні ў любові Айца.
У адну з такіх сустрэчаў Ісус распавядаў пра тое, што будзе з імі ў вечным жыцьці Божага Валадарства, дадаўшы, пры гэтым, не зусім зразумелыя для вучняў словы пра тое, што многія першыя будуць апошнімі, а апошнія – першымі. Сказаўшы гэта Ісус чакаў адпаведнай рэакцыі з боку вучняў, а таму ніяк ня быў зьдзіўленым пытаньнем Пятра: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што ж будзе нам?» Устаўшы, Ісус паглядзеў на ўсіх прысутных і, пасьля невялікай паўзы, прамовіў:
«Бо Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека гаспадара дому, які выйшаў рана раніцаю наняць работнікаў у вінаграднік свой. І, дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. І, выйшаўшы каля трэцяе гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы. І сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе справядліва, дам вам”. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостае і дзявятае гадзіны, зрабіў гэтаксама. А выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: “Чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?” Яны кажуць яму: “Ніхто нас не наняў”. Ён кажа ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе справядліва, атрымаеце”.
А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку наглядчыку свайму: “Пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых”. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, атрымалі па дынару. А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны атрымаюць больш, але і яны атрымалі па дынару. І, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: “Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цяжар дня і сьпёку”. Ён жа, адказваючы, сказаў аднаму з іх: “Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. А я хачу даць гэтаму апошняму тое, што і табе. Ці ж я не магу ў сваім рабіць, што хачу? Або вока тваё злоснае, што я добры?” Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя — апошнімі, бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
Зімні час у Капернауме адчуваўся даволі выразна, бо халодныя вятры Галілейскага мора прымушалі жыхароў абараняцца ад гэтага цёплым адзеньнем. Жыцьцё ж істотна не зьмянялася і звыклы лад жыцьця працягваўся і далей. Набліжалася сьвята Абнаўленьня і Ісус вырашыў пайсьці ў Ерусалім, каб сустрэць гэтае сьвята ды адведаць амаль што родную Яму сям’ю Лазара. Ён разумеў небясьпеку, якая зыходзіла Ерусаліму і таму вырашыў ісьці туды з некалькімі вучнямі, каб не выклікаць залішні нездаровы інтарэс з боку першасьвятароў. Ісус запрасіў у гэтую вандроўку толькі Нафанаіла ды Тамаша, які, дарэчы, намагаўся адгаварыць Настаўніка ад гэтай вандроўкі. Нельга ігнараваць небясьпеку. Але, слова Настаўніка ёсьць слова Настаўніка.
Так прайшоў яшчэ нейкі час, калі гэтая маленькая група пілігрымаў апынулася ў Ерусаліме, каб пачаць сваё служэньне ў прысенку Салямонавым. Не, не забыліся фарысэі пра пагрозы першасьвятароў, а таму падступіліся да Яго даволі прынцыпова: «Дакуль будзеш трымаць душу нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам адкрыта». Адказаў ім Ісус: «Я казаў вам, і ня верыце; справы, якія Я раблю ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне. Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам. Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць на вякі, і ніхто ня выхапіць іх з рукі Маёй. Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто ня можа выхапіць іх з рукі Айца Майго. Я і Айцец — адно».
Што ж тут пачалося? Зразумела тое, што ў самім прысенку камянёў не было, але яны былі недзе побач. Жаданьне было, але Ісус папярэдзіў іх Сваім пытаньнем: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго. За які з іх хочаце Мяне ўкаменаваць?» Юдэі адказалі Яму, кажучы: «Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, але за блюзьнерства, і што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам». Ісус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: 'Вы — богі”? Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, і ня можа быць парушана Пісаньне, як Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: “Блюзьніш”, таму што сказаў: “Я — Сын Божы”? Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне. Калі ж раблю, а вы Мне ня верыце, дык верце ўчынкам Маім, каб спазналі і паверылі, што Айцец у-ва Мне, і Я ў Ім».
Цішыня, якая вымушана ўсталявалася ў прысенку не была доўгай, але Ісус, скарыстаўшыся гэтым, накіраваўся ў Бэтанію, дзе Яго чакаў Лазар. Пілігрымы правялі тут рэшту гэтага і наступны дзень, пасьля чаго накіраваліся ў бок Ярдана, дзе раней хрысьціў тут людзей Ян. Пасьля ж адпачынку яны накіраваліся ўздоўж Ярдана да Галілейскага мора. Капернаум сустрэў іх рознагалосьсем блізкіх ім людзей і ўжо хутка яны былі сярод вучняў, што чакалі іх тут.
Так прайшло яшчэ некалькі тыдняў, калі праца ў майстэрні Зэбедэя пермежвалася з размовамі і вучэньнем усіх, хто прыходзіў у іхні агульны дом, каб паслухаць і вучыцца ў Ісуса. І вось аднойчы да іх прыйшоў чалавек з Бэтані ад сёстраў Марыі ды Марты, які паведаміў пра тое, што Лазар нечакана сур’ёзна занядужыў. Ісус зразумеў усё што адбываецца і таму зьвярнуўся да прысутных: «Гэтая нядужасьць не на сьмерць, але на славу Божую, каб Сын Божы быў праслаўлены праз яе».
Прайшло яшчэ два дні, калі Ісус нечакана зьвярнуўся да вучняў: «Пойдзем ізноў у Юдэю». Ён добра разумеў нязгоду вучняў, якія добра ведалі тую небясьпеку, якая чакала Яго ў Юдэі, але Ісус быў цьвердым, калі прамовіў да іх: «Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго». Сказалі тады вучні Ягоныя: «Госпадзе! Калі заснуў, будзе здаровы». Ісус жа гаварыў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сонны супачынак. Тады Ісус сказаў ім адкрыта: «Лазар памёр; і Я радуюся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго». Тады Тамаш, называны Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці з ім».
Яны ўжо падыходзілі Бэтані, калі вестка пра тое, што Лазар памёр ужо дайшла да іх. Марта сустрэла іх каля дома, у сьлязах сказаўшы Ісусу: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог». Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсьне брат твой». Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрасеньне, у апошні дзень». Ісус сказаў ёй: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе. І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на вякі. Ці верыш гэтаму?» Яна кажа Яму: «Так, Госпадзе! Я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет».
Марта паклікала сястру Марыю і яны, разам з Ісусам, пайшлі да магілы, дзе паклалі нябожчыка. Ісус, наблізіўшыся да магілы, зьвярнуўся да прысутных: «Падыміце камень!» Кажа Яму сястра нябожчыка, Марта: «Госпадзе, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзень». Кажа ёй Ісус: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзіш славу Божую?» Тады паднялі камень, дзе ляжаў нябожчык. А Ісус падняў вочы ўгору і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Бо Я ведаю, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але Я сказаў дзеля натоўпу, які тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне». І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: «Лазар! Выйдзі вонкі!» І выйшаў нябожчык са зьвязанымі пахавальнай тканінай нагамі і рукамі, і твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: «Разьвяжыце яго і дайце хадзіць».
Ісус не планаваў затрымлівацца ў Лазара, бо добра ведаў пра тое, што фарысэі і кніжнікі, які назіралі за ўваскрасеньнем Лазара, хутка пабеглі да першасьвятароў з гэтай навіной, а значыць будзе нейкая нарада з планаваньнем ня вельмі добрых дзеяў адносна Ісуса. З наступленьнем ранішняга сьвятла Ісус, з вучнямі, выйшаў ад Лазара ў бок Ярдану, каб гэтай дарогай накіравацца да роднага Капернауму.
Ад аўтара:
Назва гэтага разьдзелу – «Сьвята Абнаўленьня» і таму падаецца мэтазгодным паглыбіцца ў гісторыю, каб адчуць сутнасьць і глыбіню гэтага сьвята. Сьвята Абнаўленьня ўсталявалася пазьней за ўсе іншыя юдэйскія сьвяты, маючы назву сьвятам Сьвятла ці Ханука і па часу супадае з нашым сьнежнем. Гебраі ўсяго сьвету сьвяткуюць гэтае сьвята, якое мае свой пачатак ад часу вялікіх бядотаў і гераізму гебрайскага народу.
Сірыйскі валадар Антыёх Епіфан, які валадарыў ад 175 па 164 гг. да Р.Х., вырашыў пазбавіцца, раз і назаўсёды, ад юдэйскай рэлігіі, каб увесьці ў Палестыне грэцкія звычаі, у тым ліку і рэлігію. Мірнае ўсталяваньне гэтага не атрымалася, бо значная большасьць юдэяў упарта трымалася веры сваіх продкаў. І таму Антыёх пачаў вырашэньне гэтага пытаньня па свойму.
У 170 годзе да Р.Х. Антыёх захапіў Ерусалім і жорстка расправіўся з юдэямі. 80000 чалавек загінулі і столькі ж было захоплена ў рабства, а Храм быў разрабаваным. Антыёх увёў вельмі жорсткія законы. Чытаньне Пісаньня і абразаньне немаўлятак каралася сьмерцю. Памяшканьні Храма прыстасавалі пад публічны дом, а храмавы алтар пад алтар алімпійскаму Зеўсу, пачаўшы прынасіць на ім ахвяры з сьвінога мяса. Так працягвалася шэсьць гадоў, калі юдэі паўсталі супраць Антыёха.
Юда Макабэй, з братамі, узначаліў барацьбу за вызваленьне і хутка ўсё скончылася. Храм быў ачышчаны, алтар абноўлены, посуд і адзеньне сьвятароў зьменены, а таксама прызначана сьвята Абнаўленьня. Вось словы Макабэя да да ўсіх юдэяў: «Каб дні абнаўленьня ахвярніка сьвяткаваліся з вясельлем і радасьцю ў свой час, кожны год восем дзён ад дваццатага дня месяца Хаслева».
Але ў гэтага сьвята была яшчэ адна назва – свята Сьвятла. Асьвятляўся ня толькі ўвесь Храм, але сьвятло гарэла у вокнах кожнага юдэйскага дому. Восем лампадаў запальваліся па чарзе кожны дзень сьвята. І ў гэтым быў свой сэнс, бо галоўнае было ў тым, што свабода вярнулася да юдэяў.
Так было і ў той дзень, калі Ісус знаходзіўся ў прысенку Салямона і размаўляў з фарысэямі, якія добра ведалі словы Ісуса: «Мне трэба рабіць справу Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; прыходзіць ноч, калі ніхто ня можа рабіць. Пакуль Я ў сьвеце, Я —сьвятло сьвету». Ісус і ёсьць сапраўдным сьвятлом сьвету, які здольны асьвятліць душу чалавека і ўвесьці яго ў прысутнасьць Бога.
Мы ж пойдзем далей за Ісусам, каб, разам з вучнямі, слухаць Яго і вучыцца ў Яго.
Свидетельство о публикации №226110101013