Баль на канаце
БАЛЬ НА КАНАЦЕ
кніга літаратурна-крытычных і аналітычных артыкулаў
Змест
1. Проза, якая маўчыць
2. Жоўты колер самоты
3. Баль на канаце
4. Прастора беларускага слова
5. Жыццё ценяў, цені жыцця…
6. Паперадзе часу
7. Дзіцячы час Уладзіміра Машкова,
або Зноў пра нашу няпамятлівасць
8. Што чытаць дзецям?
9. Па закуццях свядомасці
10. Адказнасць за словы
11. Планета Душа
12. У «Фотаальбом»
13. Шукаю паэзію
Проза, якая маўчыць
1
Зараз скажу крамольную рэч. Уся беларуская проза савецкага перыяду пісалася толькі дзеля аднаго твора – “Чорнага замка Альшанскага”. Толькі гэты раман можа мець у кантэксце сусветнай літаратуры якую-небудзь каштоўнасць. Зрэшты, і ён пакуль не ацэнены абагульненым сусветным чытачом, не ўнесены ім у адну з пачэсных ніш. А шкада. Раман сапраўды таго варты. Вартая б гэтага была і дэтэктыўная аповесць Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, каб не было відавочна, што фабула яго цалкам спісаная з бестселера А.Конан-Дойля “Сабака Баскервіляў”. Ад таго мастацкасць “Дзікага палявання” ніколькі не пацярпела, а ўсё ж…
Шмат хто думае, што вяршыняй літаратуры з’яўляецца паэзія. Гэта памылка. Прозу пісаць значна цяжэй. Нездарма ж многія празаікі, уключаючы таго ж Караткевіча, а таксама Купрына, Буніна ды інш., пачыналі сваю слаўную кар’еру з паэзіі. І некаторыя вельмі паспяхова рыфмавалі, і некаторыя засталіся паэтамі і празаікамі ў адной асобе. Але ж да прозы даходзілі не адразу, падступаліся з апаскай, разумеючы, што проза – гэта далёка не тое, што не зарыфмавана і не змешчана ў рытмічны каркас.
Проза найперш павінна быць сюжэтнай, чытэльнай. А для таго аўтар мусіць умець уцягваць чытача ў свой тэкст. Умець інтрыгаваць і вадзіць за нос. Умець не размазваць думкі і апісанні людзей і прыроды на дваццаць старонак. Умець не паўтараць заезджаныя фразы і агульнавядомыя ісціны, а значыць, не здавацца банальным. А галоўнае, аўтар, які бярэцца пісаць рэалістычную прозу, павінен ведаць псіхалогію чалавека. Не канкрэтных людзей, а менавіта чалавека як прыроднай і духоўнай з’явы. І вось ужо з гэтага абагульненага чалавека будаваць, ляпіць усіх сваіх шматлікіх герояў.
Беларуская проза савецкага перыяду славіцца сваёй расцягнутасцю, дыдактычнасцю, а часам крайняй занудлівасцю. Тое, што можна сказаць на паўстаронкі, гаварылася беларускімі празаікамі ў цэлай главе. Акцэнт рабіўся на дэталёвасці, на смакаванні бытавых падрабязнасцяў, а ўжо калі героі думалі ці вялі дыялог, то нярэдка заблытваліся ў сваіх філасофскіх сентэнцыях, а бедны чытач мусіў усё гэта трываць. Зрэшты, і чытачоў у беларускіх празаікаў ніколі шмат не было. Крытыкі, літаратуразнаўцы, знаёмцы, родзічы, а таксама браты-пісьменнікі, што чытаюць з нядобрым пачуццём творчай рэўнасці, – вось збольшага і ўсе беларускія чытачы.
Я гадаваўся ў Мінску ў інтэлігентнай сям’і, але да дваццаці пяці гадоў не бачыў на свае вочы тоўстых беларускіх часопісаў і толькі цьмяна здагадваўся, што яны існуюць. У школе мне ніхто іх не паказаў. З беларускай прозы па сваёй ахвоце чытаў толькі Маўра і Караткевіча. Чаму? Таму што цікавыя, захапляльныя творы не трэба прымушаць чытаць, больш за тое, іх не трэба шукаць, яны цябе самі знойдуць. Помніцца, яшчэ не выйшла кнігай Караткевічава “Дзікае паляванне”, а ў нашым мінскім двары пра яе ўжо хадзіла пагудка, вечарамі нехта пераказваў у кампаніі праз трэція вусны яе сюжэт, прыдумляючы ад сябе такія застрашлівыя падрабязнасці, якіх у аповесці не было. Вось вам народны эпас, не раўнуючы як творы Гамера, якія ў свой час перадаваліся з вуснаў у вусны.
Цікава, згадзіўся б хто з маіх сяброў-хлапчукоў пераказваць тыя раманы, трылогіі і пенталогіі беларускіх празаікаў, якія тонамі, вагонамі адгружаліся з друкарняў і размяркоўваліся па шматлікіх бібліятэках рэспублікі, дзе ляжалі мёртвым грузам гадамі? Сумняваюся. Паколькі нудна і нецікава. А Караткевіч і Маўр – таямніча, загадкава і цікава. Так і натапырваецца вуха паслухаць. Так і цягнецца рука да кніжкі, хоць бы і на беларускай мове, якую ў той час мы ўспрымалі як мёртвую.
Я ніколі не чуў пра навукова-літаратурныя інстытуты імя, напрыклад, Аляксандра Купрына, не чуў і слова “купрыназнаўца”. Але ж вось ведаю безагаворачна – Купрын вялікі празаік. У той жа час цэлыя нашы навуковыя інстытуты шчыруюць, каб пераканаць нас, што беларускія класікі, акрамя таго што вялікія паэты, яшчэ і непераўзыдзеныя празаікі, драматургі. Шчыруюць, стараюцца, выкарыстоўваючы бюджэтныя грошы, – а не могуць у гэтым пераканаць. У велічы ж Купрына мяне ніхто і ніколі не пераконваў. Я проста паназіраў, як рагоча над яго кнігамі мой брат, а тады ціхенька ўзяў з паліцы першы том збору твораў, прачытаў першае апавяданне – і ўжо не мог адарвацца, пакуль не дабіў і першы, і другі і апошні тамы. Вось жа не трэба было прымушаць, і не патрэбны цэлы штат дыпламаваных літаратуразнаўцаў, каб мяне схіліць на “шлях ісціны”.
У нас жа часцяком горы крытычных кніг і навуковых дысертацый абслугоўваюць твор, які з’яўляецца сапраўдным літаратурным карлікам. Нібы ляціць вакол Сонца планета Зямля, а спадарожнікам у яго не Месяц, а гіганцкія Сатурн і Юпітэр. Спадзяюся, зразумела, што “карлік” я выкарыстоўваю як вобразны выраз, бо ў літаратуры карлікамі могуць быць тысячасторонкавыя эпапеі, а гігантам – адно чэхаўскае апавяданне, напрыклад, “Ванька”. У літаратуры аб’ёмам і колькасцю публікацый не возьмеш. Дарэчы, нядаўна перачытаў “Ваньку” і здзівіўся, наколькі яно кароткае. Мне ж яшчэ са школы яно ўяўлялася доўгім, старонак пад трыццаць. Відаць, таму, што шмат там укладзена жыццёвай праўды і драмы ў невялікі аб’ём.
2
Беларускай прозе савецкага перыяду бракуе дынамікі. А адсутнасць дынамікі аўтаматычна робіць твор нечытэльным, а значыць, выштурхоўвае яго з папулярнага мастацтва. Бо калі твор цяжка чытаць, ніякія глыбокія думкі ўжо не ратуюць. Канешне ж, гэта не тычыцца лепшых твораў Караткевіча, Быкава, Маўра. Але дынамічных твораў прозы настолькі мала (па пальцах пералічыць), што з’яўляецца падстава знайсці ў гэтым тэндэнцыю. А тэндэнцыя мела свае прычыны, як мае прычыну кожная з’ява нашага свету.
Дык вось. Занудлівасць беларускай прозы вынікала перш-наперш з сацыялістычнага ладу жыцця. Бо творцы рэдка тварылі, а больш абслугоўвалі сістэму. А калі казалі нешта сваё, ад душы, то мусілі думаць, як гэта будзе ўспрынята ў рэдакцыях, якія пацягне за сабою наступствы. То бок у кожнага ў галаве сядзеў нябачны, але строгі і няўмольны цэнзар. Ён скоўваў пяро нашых празаікаў, ён скажаў іх думкі, выпустошваў боскую сутнасць мастацкай творчасці. Пісаў не чалавек. Пісала сістэма. І гэта жахліва.
Мастацкая творчасць – працэс выключна інтымны. Яна не церпіць прынукі, цэнзуры і заахвочванняў у выглядзе вялізных грашовых прэмій, што прыносілі “народную” славу, якой спакушала Сістэма нашых беларускіх празаікаў. І яны стараліся па самае “не магу”. Сёння папулярная тэма калектывізацыі – пішу пра яе. Заўтра запатрабаваны ваенныя эпапеі – грувашчу эпапеі. Будуюць Байкала-Амурскую магістраль – пра гэта я проста абавязаны напісаць.
Пісанне “на злобу дня” ўяўляецца гвалтам над самой ідэяй мастацкай творчасці, а таксама – апаганьваннем свяшчэнных, балючых для нашай нацыі падзей: рэвалюцыя, Вялікая Айчынная вайна, партызаншчына. Гэтыя тэмы парадкам зняслаўлены ў беларускай літаратуры. Добра, што кон паслаў нам Васіля Быкава, які сваімі высокамастацкімі творамі пра Вайну заглушыў і апусціў на дно Гісторыі процьму бяздарных аповесцяў і раманаў на гэтую тэму.
Зрэшты, тут я пагарачыўся. Гэта агульнавядомы закон прыроды: з велізарнага балота атрымліваюцца кучы торфу, з куч торфу выходзіць кучка вугалю, а з кучкі вугалю – невялікі алмаз. Быкаў – наш беларускі алмаз. Але ж патрэбны і торф! Тым не менш варта прызнаць, што творчасць Быкава досыць аднабаковая, не стэрэафанічная, як у Талстога і Дастаеўскага, ён пісьменнік адной тэматыкі, якую распрацоўваў усё творчае жыццё. Быкаў – гэта пясняр негатыву, светлыя бакі жыцця ён упусціў.
Да Быкава ніяк не клеіцца вызначэнне “геній”, у адрозненне ад Купалы, Коласа, Караткевіча. Хоць па мастацкасці, па пранікненні ў глыбіні чалавечай душы яго аповесці перасягаюць, і часам значна, творы згаданых пісьменнікаў. Прычына ў тым, што ў часы фармавання ядра нацыянальнай культуры геніямі могуць стаць толькі тыя, хто апелюе непасрэдна да нацыянальнай свядомасці, хто абуджае пачуццё нацыянальнай годнасці, вакол каго нацыя крышталізуецца. Быкаў жа – гэта адзіны беларускі пісьменнік, буйны талент, які прэзентуе нашу літаратуру ў сусветнай прасторы. Прэзентуе праз агульнаеўрапейскую і агульначалавечую тэму Другой Сусветнай вайны.
Як пісьменнік Быкаў нагадвае спружыну, якае захоўвае патэнцыял толькі ва ўмовах знешняй варожасці. Пясняр негатыву за доўгае творчае жыццё так і не выйшаў за рамкі ваеннай тэматыкі. Пры мірным укладзе яго спружына мякчэе, яго пяро блякне, і пісьменнік мусіць шукаць сабе знешняга ворага, каб прыйсці ў форму.
Захоўваць тонус яму дазваляла чарнобыльская тэматыка, а таксама апазіцыя існай уладзе, якая трансфармавалася ў зацятую асабістую нянавісць да прэзідэнта. Гэтая нянавісць, а таксама аддаленасць ад краіны не дазвалялі Быкаву аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю. Яго імя стала марыянеткай у руках апазіцыйных сродкаў масавай інфармацыі, ідалам, якім яны гандлявалі. Быкаўскай вядомасцю спекулявалі і спекулююць.
Ніводнага разу мне сам-насам ніхто не сказаў, што любіць творчасць Быкава. І гэта на фоне таго, што ў любові да яго афіцыйна клянуцца ўсе, каму не лянота, што на гэтым пабудавана эстэтыка цэлага тоўстага літаратурнага часопіса.
Такі метафізічны парадокс даўно вядомы ў філасофіі. Гэта пацвярджэнне таго, што літаратурны і духоўна-нацыянальны працэсы развіваюцца па законах, часам процілеглых законам духоўнага і эмацыйнага развіцця чалавечай асобы. Асобны чытач не любіць Быкава за непраглядны змрок яго твораў, за тэму жудаснай вайны, пра якую б пажадана не нагадваць тым, хто яе не зведаў, хто хоча жыць мірна і палюбоўна. Абагульнены ж нацыянальны чытач ганарыцца Быкавым як пісьменнікам, які найпаўней і найглыбей паказаў беларуса (ці савецкага беларуса) у векапомныя дні найкрывавай вайны чалавецтва, паказаў гераічна.
3
Узгадаю свайго любімага празаіка – Купрына, сапраўднага караля малой формы, апавядання. Тут ён перасягае сусветна прызнанага генія Чэхава, у гэтым мяне наўрад ці хто-небудзь пераспрачае. Аднак не будзем параўноўваць двух вялікіх апавядальнікаў, а распачнём з дапамогай іх адну балючую і злабадзённую для беларускай прозы тэму – тэму рэдагавання твораў і ўзаемаадносін аўтараў і рэдактараў.
Уважліва чытаю, ужо энны раз, збор твораў Купрына – і заўважаю, наколькі каравы, непрыгладжаны і непрылагоджаны яго стыль, наколькі грубая, але жывая і каларытная мова. Уявіце, каб па такім яго творы, як аповесць “Яма”, прайшлася рука нашага беларускага рэдактара савецкіх часоў. Запэўніваю, што ад “Ямы” нічога б не засталося. Дый сам твор бы ў друк не пусцілі. Як жа, брудная тэма – прастытуцыя, апісанне паднаготнай публічнага дома! У савецкіх людзей не павінна быць уяўлення пра прастытуцыю. Гэта я да таго, колькі вялікіх твораў прозы магла не далічыцца беларуская літаратура толькі з-за пільнай савецкай цэнзуры. Дзяржава баялася вострых тэм. А прозы без вострых тэм не бывае. Вось і мяркуйце самі, якая ў нас проза савецкага перыяду. А такая: прыручаная, добраўпарадкаваная, посная, а значыць, змярцвелая. Чытаць яе нармальнаму чалавеку немагчыма: нудна, павучальна, фальшыва. Нават прыгажосць, лірыка ў прозе пасля праходу праз такую цэнзуру рабілася сапсаванай і фальшывай. Бо ў фальшывай, ханжаскай дзяржаве не магло быць і шчырых лірыкаў.
Але ўявім сабе, што напісаны па-беларуску востры, праўдзівы і высокамастацкі твор савецкая цэнзура якім-небудзь цудам дапускае да друку. Вы думаеце, яна нічога ў ім не кране? Кране, і няслаба. Усе экспрэсіўныя, эмацыйныя, самыя каларытныя месцы яна прыбярэ. Або скасуе зусім, або па іх пройдзецца каравая і бязлітасная рука рэдактара Івана Іваныча. У выніку думкі могуць быць зыначаны, пастаўлены з ног на галаву, а галоўнае, чытач ужо не адчуе рукі гіпатэтычнага беларускага N, дамарослага генія, а збольшага пабачыць руку бяздарнага Івана Іваныча, які з асаблівай асалодай будзе глуміцца над геніяльным тэкстам празаіка N. А той або будзе цярпець гэты глум, або са скандалам забярэ рукапіс. Забраць то забярэ, а куды ён з тым рукапісам падасца – вось пытанне краевугольнае. Бо Сістэма мела, па сутнасці, адну выдавецкую арганізацыю. Канкурэнтаў не існавала. Перакрылі кісларод – значыць, паўсюль і надоўга. Назаўсёды. На ўсё жыццё. Што пасля такога рабіць – справа вядомая. Часцяком залівалася такое гора гарэлкай. Не піць – таксама небяспечна. У вар’ятню патрапіш, або заўчасна памрэш ад інфарктаў-інсультаў. Насамрэч выбару ў беларускіх празаікаў савецкага часу было небагата. Таму не станем іх строга судзіць. Зрэшты, не судзіць таксама не можам. Бо прараслі ж праз падобную Сістэму расійскія і Салжаніцын, і Булгакаў, і Платонаў. Як прараслі, якой цаной – іншае пытанне. Але прараслі. У нас геніяльных твораў у стол не пісалася. Хіба што рукапісы папалілі? Але ж “рукапісы не гараць”.
4
Плаўна падымаемся ў наш час. А то што гэта мы ўсе пра Саветы ды пра Саветы? Бяда ў тым, што беларуская афіцыйная выдавецкая сістэма ўспадкавала і данесла да нашых дзён асноўныя заганы савецкага часу. Цэнзура цяпер не такая жорсткая, але яна ёсць, прычым цэнзура бессістэмная, якая часта залежыць ад прыхамаці рэдактара. Што яшчэ горш, чым калі б яна залежала ад цэнзара, чыноўніка-прафесіянала, які б кіраваўся літарай закону. Бо пакутуюць аўтары не так ад цэнзуры, як ад сваявольнага ўмяшання ў іх тэксты чужой волі. Рэдагуюцца не толькі відавочныя памылкі і ляпсусы, а і тое, што ўздумаецца, пад настрой. Рэдактары ж таксама пісьменнікі. І часта самавыражаюцца за кошт аўтараў. Выкідаюць кускамі, абзацамі і цэлымі главамі паводле прынцыпу “я так рашыў, і так будзе”. Прычым уцямна растлумачыць аўтару логіку сваіх дзеянняў некаторыя рэдактары абсалютна не ў стане. Часта сапсаваць тэкст іх пабуджае асабістая непрыязнасць да аўтара. Адрэдагаваў – значыць, прынізіў, а сябе ўзвысіў. Нярэдка перакройваюць тэкст на свой густ. Рэдактар не любіць некаторыя словы – значыць, бязлітасна крэсліць і замяняе іх сваімі, любімымі. Дазвольце, гэта ж тэкст не Івана Іваныча, рэдактара, а пісьменніка N, нашага бледнага генія! Не бяды, перажыве, не падохне – так разважае Іван Іваныч, упэўнены, што робіць усё правільна, што валодае ісцінай.
Змагацца часам з такімі рэдактарамі – сабе даражэй. Могуць рукапіс тармазнуць, перанесці на іншы месяц, а то і вярнуць – выдавай, маўляў, за свае грошы, калі разумны такі. Вычытаць карэктуру аўтару не даюць, або стараюцца не даць, хоць па законе абавязаны. У гэтым выпадку аўтар можа пабачыць пад сваім прозвішчам чужы тэкст, устаўлены туды памылкова. Такое бывае. А гэта ўжо маральным злачынствам папахвае.
У той жа час, занятыя самавыражэннем на чужым рукапісе, некаторыя рэдактары прапускаюць сапраўдныя ляпы, тое, дзеля чаго яны і пастаўлены: адлоўліваць факталагічныя і лагічныя хібы.
Чытач можа спытаць, навошта ж я надаю такую ўвагу тэхнічным момантам, якім чынам яны, маўляў, звязаны з літаратурай, з самім таінствам творчасці? А самым прамым чынам звязаны, спадару чытач. Гэтыя тэхнічныя моманты душылі і душаць нашу беларускую літаратуру дзесяцігоддзямі. Яшчэ ў трыццатыя гады, пры разгуле махровай камуністычнай ідэалогіі, быў устаноўлены парадак, як абыходзіцца ў рэдакцыях з рукапісамі. Аснова гэтага парадку – падганяць рукапісы пад стандарт, шаблон, каб не дай Бог нічога адметнага не прабілася. У аўтарскай адметнасці бачылася крамола. Прыручаныя савецкай сістэмай літаратары (тыя, хто застаўся ў жывых і не патрапіў у ГУЛАГ) зрабіліся “народнымі”, “знакамітымі” і “славутымі”. Цяпер усе астатнія рукапісы мусілі быць адрэдагаваныя і падчышчаныя пад густ гэтых “класікаў”. Зразаліся вострыя вуглы, прыбіралася з тэкстаў экспрэсія, на першае месца быў пастаўлены стыль, вонкавая прыгажосць, а не сутнасць мастацкага твора, як павінна заўсёды быць.
У Дастаеўскага ёсць апавяданне “Рахманая”, што выйшла ў яго “Дзённіку пісьменніка”. Дык там у адным сказе я ўбачыў штук сем “вышел”, “прошел”, “сошел”, “пошел”, “проходил”. Вось дзе шырокае поле дзейнасці для некаторых нашых рэдактараў, вось дзе б яны разгарнуліся. І як добра, што ў часы Дастаеўскага не было яшчэ літаратурных інстытутаў, дзе абучалі высокаму «слогу». Інакш бы проста не было Дастаеўскага. Як і не было б Чэхава, Купрына і шмат каго іншага, хто з'яўляецца апірышчам сусветнай літаратуры.
Па сваім горкім вопыце дачыненняў з рэдактарамі скажу, што пасля сустрэч з некаторымі я выходзіў па-сапраўднаму хворы, маральна згвалчаны, з міжвольнай нянавісцю да мастацкага слова. Аднойчы правёў эксперымент. Памятаючы заўвагі да майго тэксту аднаго рэдактара, я ўзяў у рукі трэці том збору твораў Васіля Быкава і, адпаведна гэтым заўвагам, прайшоўся з алоўкам па старонцы. Дык яна стала ўся чорная. А тое, паўтаруся, збор твораў. Пра што гэта гаворыць, як не пра суб'ектыўнасць рэдактарскіх заўваг, пра тое, што яны часцяком адстойваюць не ісціну, а тое, як бы сам рэдактар будаваў фразы, каб меў да гэтага здольнасці.
Самае страшнае, што падобны здзек з рукапісаў працягваецца ў некаторых афіцыйных выдавецтвах і па сённяшні дзень, калі побач выспелі плоймы прыватных выдавецтваў, дзе, маючы грошы, аўтар можа друкаваць любую бязглуздзіцу на любой, хоць кітайскай мове. Можа нават змяшчаць тэкст дагары нагамі.
Пра абсурднасць умяшання рэдактара ў аўтарскі тэкст можна сказаць праз наступнае параўнанне. Уявіце, што сур’ёзнаму мастаку, напрыклад, Рэмбранту нейкі тагачасны прадпрымальнік прапаноўвае зладзіць замежную выставу. Але за гэта патрабуе, каб яго бяздарны сынок, які вучыцца жывапісу, падправіў на карціне Рэмбранта твар аднаму персанажу. Інакш выставы не будзе… Жах. А ў нашай літаратуры такое робіцца рэгулярна.
5
Зноў вяртаюся да праблем беларускай прозы савецкага перыяду. Яшчэ адной яе слабасцю бачыцца адсутнасць у большасці празаікаў драматургічных здольнасцяў, таго, без чаго дыялогі, якія вядуцца іхнімі героямі, выклікаюць неўразуменне. Часам пытаешся ў сябе, а ці могуць жывыя людзі так няўклюдна і нецікава паміж сабой размаўляць, як на старонках нашых знакамітых творцаў?
Што такое драматургічна выбудаваны дыялог? Гэта калі чытачу зразумелая псіхалагічная абгрунтаванасць кожнай прамоўленай фразы, калі вымаўленае вынікае з партрэта героя і сітуацыйнай калізіі, калі фраза чапляецца за фразу. Акрамя таго, дыялогі і маналогі павінны быць прынамсі не нуднымі, не расцягнутымі на дваццаць старонак, калі адзін герой нібы чытае лекцыю сваім студэнтам, а яго ніхто не насмельваецца перабіць. Як ні дзіўна, самым драматургічна падкаваным беларускім празаікам з'яўляецца Іван Пятровіч Шамякін, на якога патокамі ліюцца абвінавачванні ў яго творчай нямогласці. Не, спадары, Шамякін у нас – гэта пісьменнік, які запачаткаваў традыцыю гарадскога рамана, ажывіў, прыблізіў да рэчаіснасці тыпажы цывілізаванага чалавека. Да Шамякіна можа быць шмат прэтэнзій па розных пунктах, але толькі не па мастацкасці і жыццяпраўднасці яго лепшых твораў. Назаву гэтыя творы: «Снежныя зімы», «Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды». Сцвярджаю, што з гэтых твораў пачалася традыцыя беларускага гарадскога рамана, без якой культура не культура, а літаратура не мастацкая літаратура. Названую традыцыю, зрэшты, наступнікі Шамякіна развівалі слаба.
Менавіта ў недаразвітасці беларускага гарадскога рамана на сённяшні дзень я бачу асноўныя праблемы беларускай прозы, беларускай літаратуры і нацыянальнай культуры ўвогуле.
Рэч у тым, што наша еўрапейская цывілізацыя – цывілізацыя гарадская. Яна была такой на Беларусі і пры савецкім часе, пачынаючы з шасцідзесятых гадоў. Такой яна застанецца да свайго скону. Дык вось на фоне гэтай гарадской цывілізацыі беларуская літаратура (а класіка прозы – пагатоў) не забяспечвае чытача тымі творамі, якія б апісвалі і даследавалі гарадское жыццё, тое жыццё, якое насамрэч і найбольш цікавіць народ. Псіхалогія горада цікавіць як саміх гараджан, так яшчэ ў большай меры вясковую моладзь, якая прагне уладкавацца ў горадзе.
Дысбаланс, разрыў паміж літаратурай і рэчаіснасцю відавочны. Відавочныя і прычыны гэтага дысбалансу. Беларускую мову ўлады Савецкай імперыі ў горад не дапусцілі, тым самым замарудзіўшы, а дакладней, замарозіўшы развіццё нацыянальнай літаратуры і сталенне грамадскай думкі. Практычна ўсе беларускія літаратары, сябры тагачаснага Саюза пісьменнікаў – выхадцы з вёскі, толькі яны з'яўляліся носьбітамі народнай мовы, культуры. Аднак горада яны дасканала не ведалі, бо гадаваліся і фармаваліся як асобы на пастаральных традыцыях. Не ведалі, не разумелі яго, хоць і жылі ў атрыманых ад дзяржавы гарадскіх кватэрах па гадоў пяцьдзесят. Дакладней, яны не любілі той горад, на вуліцах якога не чулі роднай, блізкай збалеламу сэру матчынай мовы. Таму пісалі пра тое, што добра ведалі і любілі: пра вёску, родныя краявіды, каханне, якое не бывае гарадскім ці вясковым, пра вайну і партызанаў, што таксама не мела ніякай гарадской афарбоўкі. Багата таксама пісалі пра сівую мінуўшчыну, тым самым унікаючы сучаснасці, хаваючыся і ўцякаючы ад яе.
Нельга сцвярджаць, што беларускія празаікі вясковага паходжання не намагаліся наблізіцца да горада ў сваіх творах. Але, акрамя Івана Шамякіна, гэта аказалася не пад сілу нікому. Дый Шамякінавы раманы – гарадскія або напалову («Снежныя зімы»), або на дзве трэці («Сэрца на далоні» і «Атланты і карыятыды»). Іх героі раз-пораз – мысленна або рэальна – вяртаюцца ў вёску або ў ваенныя гады, у тое асяроддзе, якое найбольш зразумелае Івану Шамякіну. Аднак крок па набліжэнні да гарадскога рамана Шамякін зрабіў велізарны, можна сказаць, апярэдзіў свой час, зладзіў падмурак для таго пакалення беларускамоўных празаікаў-гараджан, якія рынуліся ў літаратуру з сярэдзіны дзевяностых гадоў.
Менавіта з-за татальнай і незваротнай урбанізацыі еўрапейскай культуры, з-за гэтых аб’ектыўных працэсаў амаль уся беларуская проза савецкага перыяду рызыкуе застацца непрачытанай нашчадкамі. Бо для народа яна страціла актуальнасць, цягне яго назад, тады як ён прагне ісці наперад. Гэта аб’ектыўная сітуацыя. І колькі б мы, літаратары, ні галасілі пра веліч беларускай прозы мінулага стагоддзя, народ нам веры не дасць. Савецкая літаратура застанецца рэліквіяй, закансерваваным нацыянальным набыткам, мёртвым скарбам, цікавым толькі для спецыялістаў, літаратуразнаўцаў і аматараў даўніны. І не таму, што такая слабая. А проста аб’ектыўна не ўпісваецца ў сучаснасць, тармозіць рушэнне цывілізацыі. Аднак яна – стартавая пляцоўка для актуальнай літаратуры, для беларускай класікі новага тыпу, што не састарэе з гадамі, для такой, як уся сусветная класіка. Нагадаю на ўсякі выпадак, што Шэкспір, Дзікенс, Дзюма, Бальзак, Рэмарк, Хемінгуэй, Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў глыбока даследавалі псіхалогію горада і інтэлектуальнай эліты. Не ў апошнюю чаргу з гэтай прычыны іх творы не толькі не выпалі з сучаснасці, але мацуюць і развіваюць нашу цывілізацыю.
6
Цяпер вярнуся да лепшага, на мой погляд, беларускага рамана, да «Чорнага замка Альшанскага» Уладзіміра Караткевіча і паспрабую даказаць задэклараванае ў пачатку артыкула сцвярджэнне. Сцвярджэнне пра тое, што ўся беларуская проза дзесяцігоддзямі пісалася дзеля стварэння аднаго-адзінага шэдэўра – памянёнага Караткевічавага рамана. Зразумела, што гэтае сцвярджэнне заведама экстрэмальнае і зусім не адмаўляе важнасць для беларускай літаратуры твораў іншых пісьменнікаў. Аднак нацыянальныя літаратуры ніколі не мацуюцца колькасцю, а толькі – якасцю твораў, а калі вастрэй – колькасцю сваіх шэдэўраў. Шэдэўр жа прозы ў нас усяго адзін – «Чорны замак Альшанскі». Чаму? А таму, што геній Караткевіча выявіўся напоўніцу толькі ў гэтым рамане, толькі ў ім галоўны герой (Антон Косміч) – гэта сам Караткевіч у крыві і плоці, толькі тут пісьменнік гаварыў пра сваё запаветнае, пра тое, што ён ведаў яўна і беспярэчна. У «Чорным замку» паўстае і пранізваецца ўся Беларусь як нацыянальная адзінка: мегаполіс, мястэчка, вёска дыхаюць, калі так можна сказаць, на поўныя грудзі і без усялякага фальшу. Рэальнасць удала пераплецена ў выдумкай, міфамі, выяўлены прымхлівы і затоены характар беларуса, паказаны беларускі інтэлігент-гараджанін ва ўсёй красе і без прыхарошвання. Гучыць шчырая, а не фальшывая любоў да нацыянальнай калыскі духу.
Я неадназначна стаўлюся да творчасці Караткевіча (і гэта пакажу зараз ніжэй), але за «Чорны замак Альшанскі» схіляю перад ім галаву і смуткую па тым, што геній Караткевіча не змог яскрава выявіцца ў іншых творах.
Зраблю невялікае адступленне.
Перачытаў нядаўна “Тры таварышы” Рэмарка. Прычына: успомніў, як гэты раман мяне ўразіў у дваццацігадовым узросце.
Усё тая ж тэма трох мушкецёраў, галоўны герой і яго згубнае каханне – на першым плане, усё і ўсе вакол гэтаму каханню падыгрываюць. Астатнія два таварышы амаль не выпісаны характарамі, але настолькі верныя галоўнаму герою, што гатовыя аддаць апошнюю кашулю, памерці ці ператварыцца ў абслугу, якая з’яўлялася б па першым жа патрабаванні героя, абы яму добра было.
Аб’ект кахання герой абраў заведама пройгрышны. Хворая на сухоты дзяўчына нагадвае бясплотнага анёла, выглядае зусім нерэальна. Яна, канешне ж, не вытрымлівае жарсці, і хвароба, што дагэтуль развівалася павольна, прымае злаякасны характар. Магла б яшчэ жыць і жыць, каб не закахалася ў былога вайскоўца, а цяпер механіка, алкаголіка, але, як паказвае Рэмарк, вельмі душэўнага чалавека. Каханне, як водзіцца, напаўняе сэнсам яго нікчэмнае існаванне. Але аўтар ужо асудзіў каханне на смерць, бо дзяўчына, што ясна з першых жа старонак, у канцы мусіць памерці. Так хоча аўтар. Так патрабуе класічны сюжэт меладрамы.
У дваццацігадовым узросце я плакаў. Цяпер таксама нешта казытала ў носе на апошніх старонках рамана, бо сцэны ў туберкулёзным санаторыі выпісаны пранікнёна. Раман выйшаў моцны, напэўна лепшы раман Рэмарка, нягледзячы на тое, што мастацкіх адкрыццяў ён не зрабіў.
З нагоды “Трох таварышаў” адразу ж згадаўся раман “Нельга забыць” Караткевіча. Усё хачу яго перачытаць, ужо і кнігу паклаў на тумбачку. Але многае замінае. Напрыклад, тое, што бачу ў ім пагоршаную копію “Трох таварышаў”. Той жа сюжэт, тое ж нерэальнае, яшчэ больш фантастычнае, чым у Рэмарка, каханне. Герой у Караткевіча не механік, а паэт. Дык той Рэмаркаў механік да вайны быў музыкантам, філосафам. Словам, тыпажы блізкія. Дзяўчына, у якую закахаўся герой Караткевіча, хворая не на сухоты, у яе невылечна слабае сэрца. Канец той жа – смерць у клініцы, думкі пра сэнс існавання аўтар пакідае за кадрам, хай чытач мучыцца. Героі нафантазіравалі сабе немаведама што, а мы павінны перажываць. Калі ў нямецкага раманіста герой падводзіцца да апантанай закаханасці паступова і псіхалагічна абгрунтавана, то ў нашага Караткевіча мы не бачым, чаму Грынкевіч так аддана закахаўся менавіта ў тую жанчыну. Не бачым, і хоць ты трэсні. Аўтар, праўда, пераконвае нас, што закаханыя мелі містычную сувязь праз мінулае, праз гераічных родзічаў, якія пазнаёміліся сто гадоў таму на пароме ў вераб’іную ноч.
Караткевіч наогул выдатны казачнік. Ён ствараў жыццё такім, якім хацеў яго бачыць, а не паказваў такім, як яно ёсць. Слабае месца рамана “Нельга забыць” – неразбярыха з тым, за што ж так страшна кахае герой жанчыну: за сувязь іх продкаў (што лухта несусветная), або таму, што проста згубіў юначую галаву. Адна версія аслабляе другую.
Раман выцягвае да з’явы мастацтва толькі непазбыўная рамантыка Караткевіча, яго вера ў светлую сілу пачуццяў. Ратуе як заўсёды цудоўная паэтычная мова твора, ратуюць выдатныя вершы ад імя нібыта галоўнага героя, рассыпаныя па ўсім рамане. “Нельга забыць” пераконвае мяне, што Караткевіч выбітны паэт і сярэдні празаік. Сярэдні таму, што не здолеў выціснуць з сябе паэта ў празаічных творах. Зрэшты, можа, гэта да лепшага.
7
Падобныя заўвагі можна рабіць амаль па ўсіх творах Караткевіча, дзе ён бярэцца ўсур’ёз даследаваць рэчаіснасць. Бо па прыродзе ён рамантык, даследчык гісторыі, безумоўна цудоўны паэт, але ніяк не празаік-псіхалагіст кшталту Талстога і тым больш Дастаеўскага. Караткевіч не здолеў забіць у сабе паэта, таму не змог стаць празаікам у поўнай меры. У псіхалагізме яго творы моцна не дацягваюць да шэдэўраў сусветнай рэалістычнай літаратуры. Героі ўяўляюцца па-дзіцячы наіўнымі, іх дыялогі не маюць драматургічнага складніку, іх думкі і мова не гучаць натуральна для сучаснага цынічнага, “прасунутага” чалавека. У гэтым і слабасць, і сіла Караткевіча як празаіка. Чуў ад многіх літаратараў, што Караткевіча трэба прачытаць да паўналецця, гадоў у шаснаццаць, і тады палюбіш яго на ўсё жыццё. І гэта напэўна так. Нездарма ж “Чорны замак Альшанскі” крытыкі і літаратуразнаўцы часта пазначаюць як твор для старэйшага школьнага ўзросту. Хоць, па мне, дык гэта сапраўдны дарослы раман. Дарослы, але зразумелы нават падлеткам. У гэтым моц Караткевічага непаўторнага рамантызму. Чытач заражаецца яго любоўю да жыцця, да людзей-землякоў, да радзімы з яе цяністымі местачковымі вулачкамі, з сутарэннямі Чорнага замка, з яе прагай міфаў, паданняў, легенд.
Так, “Чорны замак Альшанскі” – гэта шэдэўр беларускай літаратуры, я б сказаў больш – шэдэўр па самых строгіх мерках сусветнай літаратуры, гэта нейкая абсалютная велічыня, вяршыня ўсёй нашай, не надта, зрэшты, доўгай у часе літаратуры.
А як жа Быкаў, спытае ў мяне нервовы чытач. Быкаў – гэта аўтар магутнай і запатрабаванай тэмы Другой сусветнай вайны. На ёй ён і ўехаў у сусветны літаратурны працэс. Ёсць пісьменнікі тэмы, а ёсць пісьменнікі тэкстаў, якія здольныя, як Чэхаў, убачыць на стале звычайную чарніліцу і раскруціць з яе геніяльны аповед. Што такое чарніліца? Пошлая рэч. Што такое апавяданні Чэхава? Геніяльныя творы. Па самых строгіх мерках, адмяжоўваючыся ад тэматыкі, аповесці Быкава геніяльнымі не з’яўляюцца. Таму яшчэ раз кажу: наша літаратурная вяршыня – гэта “Чорны замак Альшанскі”.
Пры канцы гэтага вялікага артыкула варта даць тлумачэнні. А то сяму-таму можа здасца, што аўтар узяў за мэту прынізіць і апаганіць “свяшчэнную” беларускую прозу. Ні ў якім разе. Проста ялейных рэцэнзій на беларускія раманы, аповесці і апавяданні выходзіла такая неверагодная колькасць, што складваецца ўяўленне пра веліч нашай літаратуры ў сусветным кантэксце. Здольнаму ж цвяроза мысліць відавочна, што гэта далёка не так. Экстатычна-хвалебныя вызначэнні нашых класікаў, што з’яўляюцца на старонках друку, да непрыстойнасці дысануюць з вызначэннямі тых жа класікаў у кулуарах тых самых рэдакцый. Там, у калідорах ды курыльнях, пра класікаў часта выказваюцца з раздражненнем, кпінамі і нават злосцю. Гэта нейкі агідны фальш, якому трэба пакласці калі не канец, то хаця б стварыць прэцэдэнт альтэрнатыўнай крытыкі нашых “непаўторных”, “непераўзыдзеных” і “народных”. У адваротным выпадку будзем буксаваць на адным месцы дзесяцігоддзямі. А гэтага, мяркую, не хочацца ніводнаму нармальнаму літаратару.
Жоўты колер самоты
Ён абвёў вачыма пакой.
Кнігі… Тысячы кніг…
А. Асташонак.
У канцы дзевяностых гадоў, будучы прыхільна сустрэты ў рэдакцыі часопіса “Крыніца”, я праявіў натуральную цікавасць да творчасці людзей, што складалі яго рэдкалегію або там друкаваліся на сталай аснове. Нейкі рамантычны арэол авяваў рэдакцыю гэтага часопіса. Калектыў бясспрэчных інтэлектуалаў, што небеспадстаўна прэтэндаваў на авангард тагачаснага літаратурнага руху, – яны ўвасаблялі для мяне нейкую заваблівую, можна сказаць, праектную Беларусь. Тую краіну, якой насамрэч ніхто ніколі не бачыў, але на якую многія з нас яўна ці таемна такі спадзяваліся.
Тады я і пазнаёміўся, па меры магчымасці, з кнігамі Л.Галубовіча, А.Разанава. Не без цяжкасці адшукаў у бібліятэцы адзіны прыжыццёвы зборнічак прозы Алеся Асташонка. Па шчырасці, тая кніга мяне не надта ўразіла. Напэўна – традыцыйнай беларускай зануранасцю ў асабістае, адсутнасцю, на мой тадышні розум, абагульненняў, размытай сюжэтнасцю і аднатоннасцю апавядальнай манеры. Скажам так, асоба аўтара, якая вымалёўвалася ў маёй свядомасці паводле ягоных перакладаў і нешматлікіх згадак у друку, выйгравала перад яго вобразам аўтара-мастака.
Але ў сваіх ацэнках мы схільныя да паспешлівасці ды памылак, і толькі час, гэты суровы і няўмольны суддзя, расстаўляе людзей па ранжыры з усёй справядлівасцю.
Памёр чалавек. На чужыне. Не ведаю падрабязнасцяў і прычын таго заўчаснага скону. Але муляе цяжар гэтай страты. Можа, таму, што ні ён, ні я ўжо даўно не спускаліся па вуліцы да Круглай плошчы. Ён – ад рэдакцыі “Крыніцы”, я – ад завода “Гарызонт”, дзе калісь працаваў. Шпацыруючы па гэтай вуліцы, я, малады інжынер, вымройваў першыя вершы і пачуваўся дужа няшчасным у асяродку, які чамусь не хацеў мяне разумець. Алесь Асташонак, як вынікае з усёй яго творчасці, таксама не знаходзіў паразумення з гэтым складаным светам і, мабыць, вымройваў свае аповеды на нашых ажыўленых вуліцах, застаючыся непапраўна самотным.
Кніга “Жоўты колер белага снегу”, выдадзеная “Мастацкай літаратурай” пасля смерці Алеся, успрымалася ўжо мной, безумоўна, праз прызму ягонага лёсу. Лёсу чалавека нешараговага інтэлекту, драматурга, сцэнарыста, выдатнага перакладчыка з некалькіх моў, які, як і большасць з нас, не палюбіўся сваім народам. Такія літаратары, як Асташонак, у краінах з нармальным стаўленнем да роднай літаратуры не маюць адбою ад выдавецтваў: іх закідваюць прапановамі перакладаў, яны нязменныя госці тэле- і радыёперадач, іх паважаюць, да іх меркаванняў прыслухваюцца, яны нарасхоп.
Пры татальнай незапатрабаванасці мы, хочам таго ці не, звужаем свой эмацыянальны сусвет, сціскаем радкі, пішам значна менш і, як правіла, адчувальна горш, чым маглі б. Таму замест грунтоўнага збору твораў таленавітага аўтара часцяком выходзіць яго сціслая пасмяротная кніжка. Аднак, калі ўчытацца, у такіх кніжках палягае не меншы жыццёвы вопыт, што і ў дзесяцітомніку. Бо і ў першым, і ў другім выпадку пражыта тое ж жыццё – чалавечае.
У “Жоўтым колеры белага снегу” разглядаюцца самыя розныя грані нашай рэчаіснасці. І менш за ўсё хацелася б тут займацца банальным пераказам. Трэба чытаць, няспешна і ўдумліва. Той, хто ўмее гэта рабіць, знойдзе ў кнізе і кранальныя месцы, і арыгінальныя думкі, і каларытныя персанажы.
Ад сябе скажу, што найболей упадабаў раздзел “Хроніка зносу”. Напачатку я ўвогуле даўмецца не мог, што маецца на ўвазе пад “зносам”. І толькі з другога-трэцяга апавядання, да мяне, як да жырафы, дайшла аўтарская задума. Цікавая і, здаецца, мала кранутая ў айчыннай літаратуры тэматыка. У дадзеным выпадку “знос” – гэта выспы драўляных кварталаў у агромністым горадзе, якім пагражае знішчэнне. Не вёска і не горад, з насельніцтвам, што жыве па сваіх адмысловых законах, гаворыць на нязводнай трасянцы, адчувае сваю бесперспектыўнасць, выношвае пагарду з дамешкам зайздрасці да “закончаных” гараджан.
Мне добра знаёмыя такія раёны. Да чатырнаццаці гадоў я жыў на вуліцы, што межавалася з прыватнымі кварталамі. Вялізныя, яны ішлі амаль ад самага Лагойскага тракту да вуліцы Багдановіча і далей – на край горада. Некаторыя мае аднакласнікі жылі ў тых драўляных дамах. Але ў бальшыні дзяцей той “вёскі” была свая школа – цагляны чатырохкутнік высіўся над кіламетрамі хат. Тамтэйшыя хлапцы ў пачатку васьмідзесятых хадзілі ў кірзачах і ватоўках, вызначаліся агрэсіўным норавам, разбойніцкай згуртаванасцю, і мы, дзеці пяціпавярховак, стараліся пазбягаць з імі стрэч. Іхнія бацькі горка пілі, буянілі, садзіліся ў турмы… Вядома, не ўсе. І, напэўна, далёка не ўсе… Аднак жыццёвы ўклад, бязлітасна і гратэскна намаляваны А.Асташонкам у “Хроніцы зносу”, падаецца мне балюча праўдзівым і па-мастацку грунтоўным. Там ёсць і сімволіка, і асацыятыўнае сугучча з “беларускім архіпелагам”, выведзеным колісь філосафам В.Акудовічам, архіпелагам незапатрабаваных людзей…
На заканчэнне задумваюся: а навошта я напісаў гэта ўсё? Не для самавыражэння – гэта дакладна, бо артыкул не прэтэндуе на рэцэнзію Асташонкавай кнігі. Проста кальнула, што з пяцьдзесяці гадоў жыцця ад чалавека, які валодаў багатымі ведамі і неардынарным светаўяўленнем ды прагнуў дзяліцца гэтым з сучаснікамі, застаюцца ўсяго дзве невялікія кніжкі, якія, да таго ж, рызыкуюць аказацца непрачытанымі. І стала страшна за тых, хто памёр, за сябе, за ўсіх нас.
Давайце, прынамсі, чытаць і помніць адно аднаго.
Баль на канаце
У артыкуле Леаніда Галубовіча “Тварам да айчыны” (“ЛіМ”, 17.11.06) былі кінутыя скрыты і яўны заклікі да палемікі. Рэцэнзуючы аповесць Уладзіміра Дамашэвіча “Месяц у раі, або Аддай сэрца людзям”, крытык зрабіў шэраг канцэптуальных заўваг, галоўнай з якіх, на мой погляд, з’яўляецца адсутнасць рэзкіх сюжэтных калізій, зацягнутасць побытавых апісанняў і дыялогаў. Чытаў я аповесць Дамашэвіча (“Полымя”, №№ 9,10, 2006 г.) ужо пасля Галубовічавага артыкула, чытаў прадузята, спрабуючы ацаніць вартасці твора праз “шкло” памянёных заўваг.
Адразу агаваруся, што буду разглядаць аповесць Ул.Дамашэвіча толькі ў звужаным ракурсе. А іменна прааналізаваць суадносіны сюжэтнай дынамікі з аб’ёмам твора. Прычым хочацца паказаць, як гэта вырашаецца не толькі Дамашэвічам, а і класікамі айчыннай ды сусветнай літаратур.
Палеміка наспела не сёння. Калі прасачыць агляды холдынгаўскіх часопісаў за апошнія гады, то дзяжурнымі заўвагамі крытыкаў (спачатку Н.Дзянісавай, затым Л.Алейнік) да раманаў і працяглых аповесцяў з’яўляюцца наступныя: слабая інтрыга, празмерная дэталёвасць у апісаннях, недынамічнасць і ненатуральнасць дыялогаў, а таксама трывіяльнасць думак, укладзеных аўтарамі ў вусны герояў. У той жа час суровыя крытыкі пільна сочаць за тым, каб твор нёс у сабе духоўны пачатак, каб надрукаванае на старонках часопісаў не прыпадабнялася да бульваршчыны. Словам, каб дагадзіць крытыку, аўтар павінен з майстэрствам канатаходца балансаваць над прорвамі бездухоўнасці і занудства, мусіць знаходзіць нейкую залатую сярэдзіну – што, па вялікім рахунку, і з’яўляецца задачай мастацкай творчасці.
Што тычыцца духоўнага пачатку аповесці Дамашэвіча, то тут нават бессэнсоўна спрачацца. Ужо сама назва твора ўказвае на мэты, якія ён пераследуе. І мэты гэтыя, на мой погляд, дасягнутыя. Далей не разгортваю, таму што Галубовіч у сваім артыкуле гэта зрабіў даволі даходліва і шырока.
Пытанне ж зацягнутасці і занудлівасці літаратурных твораў настолькі складанае, што я ніколі не рашуся выстаўляць каму-небудзь ацэнкі, выказвацца адназначна і безапеляцыйна. Усё гэта справа густу, і прыклад таму – станоўча-захоплены водгук на аповесць Ул.Дамашэвіча ад Ю.Станкевіча, пісьменніка зусім іншага, калі не сказаць – супрацьлеглага плана. Ацэнку гэтую знарок прывёў Галубовіч у пачатку свайго артыкула.
Нават проста гартаючы аповесць “Месяц у раі…”, бачна, што паміж дыялогамі і апісаннямі, паміж простай і аўтарскай мовамі вытрымліваецца парытэт, бачна, што дыялогі не выліваюцца ў маналогі аднаго з герояў, тады як другі герой ператвараецца ў рахманага слухача. Праўда, ёсць выключэнні-хібы, пазбегнуць якіх наогул рэдка каму з празаікаў удаецца. Вось, прыкладам, у размове з Рагнедай і яе маці (глава IV) Янка бярэ слова: “Натуральна было чакаць, што я падтрымаю сваю жонку Рагнеду, але няхай яна мне даруе, я прымаю бок нашай мамы…” (Далей ідуць слушныя Янкавы развагі пра пераезд і звязаныя з ім побытавыя невыгоды – на дваццаць радкоў палымянскага фармату, а гэта добрых паўстаронкі ў звычайнай кнізе). Не многім з нас удаецца атрымаць такіх цярплівых і далікатных суразмоўнікаў. Калі прыгледзецца да чалавечай гаворкі, то яна носіць фрагментарны і перарывісты, экспрэсіўны характар. Мы пастаянна перабіваем адно аднаго калі не слушнымі довадамі, то хаця б рознымі “хм”, “угу”, “так”, “не”, “безумоўна”. А іначай гаворцы проста не быць, яна разваліцца, бо суразмоўцы смяротна надакучаць адно аднаму. Зрэшты, і тут я гатовы паверыць Ул.Дамашэвічу, што зрэдчас жонка можа дазволіць мужу выгаварыцца, не перарываючы яго з паўхвіліны. Тым больш што такіх месцаў у аповесці вельмі няшмат.
Давайце паглядзім, як вырашаецца пытанне натуральнасці дыялогаў класікамі. Часам – зусім ніяк. Асабліва вылучаецца ў гэтым Ф.М.Дастаеўскі. Напрыклад, сядзіць у засадзе брат Міця, высочваючы ненаглядную Грушаньку, бачыць, што міма ідзе малодшы брацельнік Алёша, падзывае яго да сябе і там, у засадзе, распачынае свой маналог аб сэнсе жыцця на некалькі буйнафарматных старонак. Бывае такое ў жыцці? Практычна ніколі. Аднак Дастаеўскі стварае нейкую іншую рэчаіснасць, дзе размаўляюць і дзейнічаюць па законах самога аўтара, і – цуд – чытач, напачатку пасердаваўшы, хутка дае веры, што так можа быць, і ўжо адарвацца не ў сілах ад Міцевай мнагаслоўнасці. Што ж прымушае нас цярпець доўгія дыялогі-маналогі герояў Дастаеўскага? Магія слова. А яшчэ і зусім рэальныя, разважаныя аўтаравы прыёмы. У дыялогах прамаўляюцца абсалютна незвычайныя, нетрывіяльныя рэчы. Прамовы вельмі экспрэсіўныя, страсныя, балансуюць на мяжы прыстойнасці, ад герояў пастаянна чакаеш якой-небудзь пачварнай выхадкі. За главой з дыялогамі пра высокія матэрыі, як правіла, ідзе глава з надзвычай напружанымі калізіямі, з эксцэнтрычнымі, эпатажнымі, агрэсіўнымі дзеяннямі. Падзеі ў доўгіх раманах Дастаеўскага мяняюцца з калейдаскапічнай хуткасцю. Разгалінаванасць сюжэтнай лініі не дае чытачу занудзіцца. Расцягнутых апісанняў у Фёдара Міхайлавіча мы практычна не знойдзем.
Куды з меншай экспрэсіўнасцю, але падобнымі прыёмамі вырашаецца праблема дыялогаў, апісанняў і дзеянняў у раманах Івана Шамякіна. Шматлінейны сюжэт дазваляе пераскокваць з адной лініі на другую, інтрыгаваць чытача. Да таго ж Шамякін выдатна ўмее звесці канцы з канцамі.
Уладзімір Караткевіч не аматар укладваць у вусны сваіх герояў доўгія прамовы, пазбягае, па магчымасці, дыдактыкі і павучанняў. Ён любіць і ўмее апісваць наваколле, побыт, людзей і іх дзеянні. Але нярэдка ловіцца на гэтую вуду, ахвяруючы сюжэтнай дынамікай. Вось напрыклад, баль у доме Яноўскай (“Дзікае паляванне караля Стаха”) апісаны па-майстэрску, сакавіта і недакучліва, бо гэтае апісанне ёсць дапаўненнем да напружанага сюжэта, на ім чытач адпачывае душою, каб праз колькі старонак зноўку патрапіць у вір чорнага, жудаснага, таямнічага. Апісанні ж побыту ў “Каласах пад сярпом тваім”, хоць таксама выкананы густоўна і бездакорна, амаль не разбаўляюцца дзеяннямі, не нанізаныя на жорсткі каркас сюжэта, а таму ўражанне ад іх меншае па меры прасоўвання чытача па рамане.
Найаптымальным чынам, на маю думку, вырашаецца гэтая праблема Л.М.Талстым. Яго “Вайна і мір” – абсалютны ўзор гарманічнага спалучэння займальнасці, духоўнасці, праўдзівасці і прыгажосці. Неяк знакамітага Барыса Акуніна, майстра стылізацый, спыталі, ці зможа ён падрабіцца пад Льва Талстога. На што Акунін адказаў, што немагчыма падрабіць стыль пісьменніка, які характэрны адсутнасцю ўсякага стылю. Гэта, па-мойму, найвышэйшая пахвала, сведчанне таго, што творчасць Талстога зліваецца з жыццём (якое шматстылёвае), яна настолькі праўдзівая і рэальная, што асоба аўтара нівелюецца, за прамовамі герояў мы бачым жывых людзей, яны самі (як бы ад сябе, а не ад Талстога) да нас апелююць.
Яшчэ раз вернемся да аповесці Ул.Дамашэвіча. Пісьменнік правільна і сумленна назваў свой твор аповесцю, не раманам. Ідзе нетаропкі, у духу нацыянальнага менталітэту, расповед аб жыцці-быцці простых (ці не зусім простых) людзей, аўтар адшуквае паэзію ў паўсядзённасці, стварае атмасферу душэўнасці і лірызму. Мэта твора апраўданая мастацкімі сродкамі, і наадварот. Літаратура такога кшталту для мяне нашмат даражэйшая, чым бойкае чытво, якое запаланіла кнігарні нашай краіны. Там да занудства не прыдзярэшся, але, як правіла, не знойдзеш і крупінкі духоўнасці, не адрозніш аўтара ад аўтара, бо амаль усе яны – на адзін твар. Тыя творы пішуцца са свербу да дзеяння, а часцей – з прагі да славы. Аповесць жа Дамашэвіча відавочна пісалася з любові да жыцця, дзе кожная дэталь, кожная дробязь маюць значэнне. Аповесць, думаю, можна назваць, зважаючы на сённяшнія рэаліі, гэтакім анты- чорным квадратам. Яна антыпод прымітывізму ў літаратуры і заклік да маладзейшых, якім муляе слава іх расейскіх калег па пяры: а слабо, вам, чалавекі, напісаць пра простыя рэчы, без выкрутасаў і блазнавання, але так, каб вас друкавалі, чыталі і абмяркоўвалі? А мы абмяркоўваем аповесць Ул.Дамашэвіча – значыць, яна не пакідае нас абыякавымі. Для сённяшняга стану айчыннай літаратуры – гэта ўжо нямала.
Прастора беларускага слова
1
Калі аналізаваць сусветную літаратуру як прастору, у якой жывуць і ўтульна сябе пачуваюць героі і ў якой разам з імі віртуальна існуюць чытачы, прыходзіш да высновы, што ў беларускай літаратуры такая прастора адно фарміруецца. Прычым фарміруецца недаравальна марудна.
За рамкі гэтага артыкула хацелася б вынесці разгляд беларускай паэзіі, бо паэзія, у сілу сваёй асабовай заглыбленасці, мала здольная да стварэння агульнага літаратурнага прасцягу і скіраваная, што называецца, ад сэрца да сэрца.
На мой погляд, як дваццатае, так і дваццаць першае стагоддзі маюць ярка выяўлены празаічны дух. Хоць у дваццатым і былі кароткія ўсплёскі цікавасці да паэзіі (маючы на ўвазе Савецкі Саюз, калі збіраліся стадыёны слухачоў), утварыліся яны дзякуючы таму, што паэтычнае слова найболей сціслае і даходлівае, праз яго ўдавалася хутчэй і спрытней выкрыкнуць праўду, пакуль не заткнулі рот. І яшчэ было вялікае жаданне тую праўду пачуць. У дачыненні ж да Уладзіміра Высоцкага яўна спрацаваў эфект перакрытых шлюзаў, калі магутная творчая энергія не знаходзіла сабе афіцыйнага выйсця і бруіла праз край. Уявіць такую дзікую папулярнасць пад час татальнай свабоды выказванняў ніяк не магчыма.
Што тычыцца прозы савецкага перыяду, а сюды з поўным правам можна аднесці амаль усю беларускую, то ёй даводзілася значна цяжэй. Тут ужо не выкрыкнеш, прарваўшыся да трыбуны, не прапяеш у паўпадпольнай зале пад гітару запаветныя думкі. А трэба ісці і здавацца рэдактару. І як бы прыхільна ні ставіўся да цябе рэдактар аддзела прозы, над ім навісала цэлая іерархія, на верхатуры якой, хочаш – не хочаш, сядзела незабыўная псеўдатройца: Ленін, Партыя, Камунізм. Гэтая тройца ніяк не хацела згаджацца з парываннямі душы савецкіх пісьменнікаў, а патрабавала даволі жорсткага ўпісвання ў рамкі дазволенага. Тыя ж, хто не згаджаўся, або з цягам часу мякчэў і прыносіў у рэдакцыю "што трэба", або гінуў у прамым і пераносным сэнсе. Дастаткова ўзгадаць запоі сапраўды народнага паэта Твардоўскага, наркаманію і жудасны скон таго ж Высоцкага, алкагалізм і смерць ад рук п'янай палюбоўніцы пранізлівага Рубцова. А цкаванне генія сусветнага маштабу Пастарнака, якое ў рэшце рэшт прывяло да анкалагічнага захворвання? Гэты жыццялюб, аўтар мноства светлых паэтычных шэдэўраў, бясспрэчны хрысціянін перад сконам казаў, што яму хочацца хутчэй памерці, бо столькі ў жыцці подласці. І ўсё ж паэтам было трохі лягчэй. Пра празаіка ж Міхаіла Булгакава без болю проста-такі немагчыма згадваць. Прыкаваны страшнай хваробай да ложка ў росквіце лет, сляпы, дарэшты схуднелы, ён прасіў жонку паклясціся, што яна не памрэ, пакуль не апублікуе "Майстра і Маргарыту". Яна выканала клятву амаль праз трыццаць гадоў, прысвяціўшы гэтаму ўсё астатняе жыццё – дамаглася публікацыі з вялікімі купюрамі, у другарадным расійскім часопісе. А колькі б мог напісаць усімі прызнаны цяпер Міхаіл Афанасьевіч, творчая спадчына якога ў параўнанні з мерай яго таленту выглядае ўрэзанай. І страшна ўявіць, што думаў гэты чалавек перад смерцю, трымаючы "ў падполе" свой геніяльны твор і не бачачы ў будучых дзесяцігоддзях якіхсьці прасветаў. Страшна.
Асобкам, безумоўна, стаіць Аляксандр Ісаевіч Салжаніцын – чалавек, якому аказалася па плячы паўстаць супраць непераможнага монстра і, у рэшце рэшт, ажыццявіць немагчымае – перамагчы. Гэты не запіў, адужаў смяротную хваробу, выстаяў і давёў сваю праўду да чалавецтва. І горка, што ў радах расійскай культурніцкай эліты апошнім часам усё часцей і настойлівей гучаць абразы ў адрас гэтага волата духу, пакусванні ды прыніжэнні спадцішка. Маўляў, многа на сябе бярэ, абвясціўся прарокам, а мы самі, маўляў, не лыкам шытыя і ўказчыкі нам не патрэбныя. Вось ужо да каго цалкам пасуе выслоўе, што няма прарока ў сваёй айчыне. Хаця, на мой розум, дзіўнага тут нічога няма – звычайная зайздрасць, бо побач з Салжаніцыным асабліва не пакрычыш пра сваю геніяльнасць, як гэта цяпер заведзена. Дужа тым крыкунам замінае гара ў рост Аляксандра Ісаевіча, кідае яна на іх адчувальны цень.
2
А цяпер паглядзім, што стварылі ўласна беларускія празаікі за савецкі перыяд, і паспрабуем цвяроза ўсё ацаніць.
Па-першае, дзе дысідэнцкія творы, якія адкрыліся ці адкрыюцца беларускаму чытачу пасля зняцця камуністычнай цэнзуры? Дзе калі не шэдэўры літаратуры, то хаця б невядомыя творы таго часу, дзе б выяўлялася самастойная аўтарская пазіцыі і якія б, у сілу гэтай самастойнасці, тады не друкаваліся? Дзе нашы Даўлатавы, Платонавы, Булгакавы? Не праявіліся. А значыць, прыходзіць на розум выснова: усё напісанае па-беларуску друкавалася. Дарэчы, гэтая думка была шматкроць агучана ў беларускай прэсе, яна не мая. І тым не менш: няўжо ўсе былі цалкам згодныя, няўжо ніхто не пісаў, напрыклад, з простых хрысціянскіх пазіцый, няўжо ніхто не паглядзеў на савецкую рэчаіснасць скрозь прызму сатыры?
Не ўсе, вядома ж, не ўсе. Ды непамяркоўныя сканалі ў ГУЛагу ці з’ехалі за мяжу.
І вось тут мы падыходзім да самага складанага. Тыя, хто выжыў, пісалі. Але, каб быць надрукаванымі, вымудраліся з эзопавай мовай, глушылі, згладжвалі, выбяднялі. На пытанне, што лепей – зарываць свае творы літаральна ў зямлю, каб праз дзесяцігоддзі іх хтосьці, магчыма, і адкапаў, або наступаць на горла ўласнай песні, – прызнаюся, не бачу адназначнага адказу. Выкажу толькі пачутую, не памятаю ўжо дзе, думку, што мастацкія шэдэўры ствараюцца збольшага пры самай жорсткай цэнзуры ў самых таталітарных грамадствах. Спрэчна? Так. Але як тут не ўзгадаць "Джаконду" Леанарда, п'есы Мальера, лепшыя раманы Дзюма ці тыя ж "Майстар і Маргарыта" і "Архіпелаг ГУЛаг"? А што, Талстой і Дастаеўскі пісалі свае раманы пры поўнай свабодзе выказванняў? А па-мойму, тут спрацоўвае вышэйпамянёны эфект перакрытых шлюзаў: нельга сказаць наўпрост, то скажу складана і па-мастацку.
Зноў вернемся да прасторы мастацкага слова, якая несумненна з'яўляецца падмуркам нацыянальнай культуры. Калі ў рускай літаратуры, нават незважаючы на сямідзесяцігадовае душэнне, тут асаблівых праблем няма (паспелі ўсё асноўнае сказаць у дзевятнаццатым стагоддзі), то ў беларускім культурніцкім полі карціна куды менш прывабная. У сілу аб'ектыўных прычын гмах беларускай літаратуры стаіць яшчэ, фігуральна кажучы, у рыштаваннях і не пакрыты дахам. Дарэчы, нічога катастрафічнага ў гэтым няма, бо ёсць што сказаць наступнікам Купалы і Коласа, Быкава і Караткевіча.
Для аналізу любой нацыянальнай літаратуры дастаткова ўзяць некалькі знакавых постацяў, каб ацаніць яе патэнцыял. Прынята лічыць, што дух нацыі ўвасабляецца ў некалькіх пісьменніках, якія найболей шырока гэты дух выяўляюць.
Для рускіх гэта Пушкін, Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў.
Для французаў, напэўна, Мальер, Бальзак, Стэндаль, Ралан.
Для англічан, мусіць, Шэкспір, Дзікенс, Дэфо, Свіфт.
У беларускай прозе такімі знакавымі постацямі, на мой погляд, з'яўляюцца Іван Шамякін, Уладзімір Караткевіч і Васіль Быкаў. Гэта найболей актыўныя і паспяховыя стваральнікі літаратурнай прасторы. Іх творы выдрукаваны велізарнымі тыражамі, іх можна без цяжкасці знайсці і прачытаць. Збольшага па іх творчасці і мяркуюць іншаземцы пра стан беларускай прозы.
3
У апошнія гады з'явілася кепская звычка ўсяляк пашчыпваць у прэсе імя Івана Пятровіча Шамякіна. Нарадзіўся і актыўна жыве нават цэлы тэрмін: "шамякінская мова". Маўляў, прыгладжаная, прылагоджаная, газетна-публіцыстычная. Канешне, у гэтага творцы не знойдзеш такіх моўных шэдэўраў, як у так званай незалежнай прэсе і радыё, дзе кожны са скуры вылузваецца, каб стварыць і навязаць нешта сваё. Прывяду з памяці: "лятак" (самалёт), "бачыны" (старонкі), "студыёзусы" (студэнты), "мапа" (геаграфічная карта), “амбасада” (пасольства), “гелікоптэр” (верталёт). Насамрэч спіс велізарны і гаворыць ён пра тое, што Іван Пятровіч паважае мяне, як чытача, і кладзе ў падмурак літпрасторы ладныя камяні, а спадары "незалежнікі" мной пагарджаюць і муруюць гмах з нетрывалай, порыстай цэглы. Выходзіць, ужо ад падмурка Шамякін – будаўнік, а яны – шкоднікі. Бо мова ёсць не проста наборам слоў, а код, з дапамогай якога пісьменнік зносіцца з чытачом, перадае свае думкі. І калі гэты код адпачатку кульгавы, калі ён выглядае блазнаваннем і здзекам, то як можна ім карыстацца? Гэта ж ужо не літаратура, а нейкае разгадванне рэбусаў.
Маім першым уражаннем ад раманаў Івана Шамякіна была прастата і даходлівасць мовы. Я адразу з ёй падружыўся, яна не замінала мне акунуцца ў мір герояў, дазваляла не спатыкацца на ёй, а арганічна ў ёй дыхаць. Між іншым, гутарачы з далёкімі ад літаратуры людзьмі, пачуў нешта падобнае: Шамякін лёгкадаступны і для рускамоўнага беларуса, чытаючы яго, многія забываюцца, што гэта не па-руску. А значыць, раблю выснову: Шамякін – прапагандыст беларускага слова, яго пашыральнік. Не ў прыклад многім цяперашнім інтэлектуалам-дасціпнікам.
У творах Васіля Быкава мова мне падаецца таксама арганічнай, лаканічнай і ёмістай. А таму героі яго размаўляюць натуральна, нязмушана, падчас з ненавязлівым беларускім гумарком. Як тут не ўзгадаеш – "пушкінская прастата". Бо ж сапраўды, Пушкін ажывіў рускую літаратурную мову. Да яго яна была празмерна грувасткая і напышлівая.
Што тычыцца творчасці любімага мной Уладзіміра Караткевіча, то адназначнага стаўлення да мовы яго прозы няма. Дый, калі паглядзець уважліва, многія яго аповеды напісаныя рознастылёва. Гэта быў нястомны эксперыментатар у моватворчасці, і сам прызнаваўся ў артыкулах таго часу, што не любіць некаторыя словы і стараецца іх пазбягаць. І наадварот, многія яго любімыя словы цяпер гучаць штучна, нацягнута, то бок не вытрымалі выпрабавання часам. Але трэба зрабіць скідку на тое, што Уладзімір Караткевіч пісаў збольшага гістарычныя творы і стараўся выбіраць мову "пад эпоху". Найлепшай, па сваёй ёмістасці і даходлівасці, мне падаецца мова ў творах "Дзікае паляванне караля Стаха" і "Чорны замак Альшанскі”. Адметны той факт, што аповесць “Дзікае паляванне” была першым, а раман “Чорны замак” – апошнім буйнымі творамі пісьменніка. Думаецца, што наэксперыментаваўшыся ў прозе, якая была напісана паміж гэтымі двума творамі, Караткевіч вярнуўся да альма-матэр – прастаты выяўлення. Не дзіва, што і "Дзікае Паляванне", і "Чорны замак" з'яўляюцца самымі любімымі ў народзе і чытэльнымі творамі з яго спадчыны. І мяркую, справа тут не ў тым, што яны маюць дэтэктыўны сюжэт, а ў гармоніі слова, псіхалогіі і праўды жыццёвай.
Дарэчы, пра праўду. Многія папракаюць Івана Шамякіна ў сюжэтных нацяжках, кан'юнктурных акцэнтах, у густым налёце саветчыны. Але, прабачце, чалавек – гэта не толькі тое, што ёсць у патаемных сховах яго душы, а і тое, што звонку: маці, жонка, дзеці, начальнік на працы, грамадскі лад. Калі хто можа пражыць без вонкавага – хай паспрабуе. Шамякін, на маю думку, найпаўней з беларускіх літаратараў паказаў побыт і псіхалогію тадышняга, савецкага беларуса. Адлюстраваў жыццё з усімі яго перакосамі, нацяжкамі, кан'юнктурнымі акцэнтамі, якія меліся ў нас тагачасных. У гэтым ён бясспрэчна праўдзівы. А тое, што ў яго бездакорны герой можа сядзець адно ў райкаме, а ў выканкаме зрэдку трапляюцца і заганныя людцы, то пры фактычнай забароне ў творах хрысціянскай маралі зразумець гэта не цяжка. За адсутнасцю ў творы Бога, нехта ж павінен быць на самым версе і ўвасабляць сабой праўду і справядлівасць. Ніколькі не іранізую. Бо Іван Шамякін, па сутнасці сваёй, ёсць не кім іншым, як хрысціянскім пісьменнікам. Хоць падчас сам гэта ўсяляк намагаецца абвяргаць. Чалавечнасць, справядлівасць, любоў і самаахвярнасць – асмяяныя цяпер паняцці, якімі так і праменяцца старонкі раманаў Івана Пятровіча, – хіба гэта не хрысціянскія каштоўнасці? Па творах Шамякіна чалавеку, які мерыцца стварыць шчаслівую сям'ю, варта вучыцца. Успомнім шматдзетную сям'ю шараговага архітэктара з "Атлантаў і карыятыдаў".
Але, вядома ж, галоўнае ў лепшых творах Шамякіна – не ідэалогія і не прыхарошванне праўды жыцця, а ўсё тыя ж мастацкія вартасці. З героямі яго хочацца быць побач, ім спагадаеш, іх бачыш амаль фізічна. У філосафа-містыка Данііла Андрэева я прачытаў, што створаныя вялікімі пісьменнікамі вобразы літаратуры набываюць рэальнае жыццё на тым свеце і праходзяць усе стадыі развіцця духу, хоць і не былі народжаныя ў плоці. То бок і Наташа Растова, і Яўгеній Анегін жывуць у тагасвецці, як душы сапраўдных памерлых. Гэта я да таго, што ў творах Шамякін героі абсалютна жывыя, хоць і створаныя яго фантазіяй. Загортваючы апошнюю старонку "Атлантаў" ці "Снежных зім", я нібы пакідаю герояў жыць далей – у іх уласнай прасторы, якая ўсё больш робіцца агульнай прасторай беларускай культуры. Чытач можа ўвайсці туды і існаваць як напраўду. І гэта надзвычай важна.
Чытаючы першага разу "Атланты і карыятыды", натрапіў на вобраз старавера, нязломнага дзеда, які не даў зруйнаваць свой асабняк у цэнтры горада. Калі прыехаў кран з будаўнічай "грушай", каб разваліць яго дом, дзед засеў у падвале са стрэльбай і не даў гэта здзейсніць. Засыпаць пад абломкамі жывога чалавека нават савецкія ўлады не асмеліліся. Уражвае прыклад стойкасці духу. Але яшчэ больш я быў уражаны тым, што тое аказаўся рэальны, не прыдуманы выпадак. Па іроніі лёсу гэты старавер жыў у асабняку, што стаяў у двары той пяціпавярховай "хрушчоўкі", дзе прамінула маё дзяцінства – у Мінску, на Някрасава, 8. І хоць Шамякін апісваў у "Атлантах" не Мінск, а абласны цэнтр, жыў жа ён на той час акурат у сталіцы. І акурат у той час, калі пісаўся раман, усё гэта адбывалася. Я нават прозвішча таго дзеда запомніў – Паддубны. Высокі, застрашлівы для нас, падшыванцаў, стары з вялізнай сівой барадою. Наша кватэра была на першым паверсе "хрушчоўкі", якраз пад самымі вокнамі працягнуўся плот дзеда Паддубнага. Яго асабняк займаў палову майго краявіду за акном: аляпаваты, каменны, двухпавярховы, змрочны. Калі "добрыя" савецкія грамадзяне падпалілі плот непажаданага суседа і ён зырка гарэў, то плавіліся шыбы нашых акон. Тушэнне пажару мы перачэквалі на вуліцы.
Бядуюць, што няма ў нашай літаратуры герояў, вартых пераймання і захаплення. А шамякінскі архітэктар Максім Карнач – хіба не сімпатычны вобраз? Прычым гэта чалавек зямны, з усім наборам страсцей і памылак, а не штучны ідэальны герой, якімі так часта грашылі савецкія творцы.
4
А цяпер пра малапрыемнае. Чамусці не вельмі любяць беларускія празаікі пакорпацца ў сабе, пасумнявацца ў сваёй творчай і чалавечае бездакорнасці. Калі супастаўляць з творамі таго ж Талстога і Дастаеўскага – там спрэс ваганні, незадаволенасць сабою, адчай, і ад таго глыбокія духоўныя падзенні і высокія ўзлёты герояў. А возьмеш дзённік Льва Мікалаевіча, дык здаецца, што горшага грэшніка папросту не ведаў свет. Усё яму ў сабе не так, усё не тое. Сцвярджае адно, праз дзень абвяргае гэта. Мучыцца сумненнямі, мардуе сваіх сямейнікаў. Тыран, дый годзе. Прывяду колькі вытрымак з дзённіка Л.М. Талстога за 1908 год: “Кончил «Письмо индусу», слабо, повторения…”; “Написал очень озлобленное предисловие и не годящееся начало. Духовно слаб”; “Хотел писать «Погибшие», но не пошло”. Калі чытаеш лісты Чэхава – таксама дзівішся, да чаго ж ён прыніжае свае творы, “расказікамі” называе, “пусцяковінкамі”. І гэта сусветныя геніі так пра сябе выказваюцца.
У нашых празаікаў рэдка падобнае знойдзеш. У сабе яны сумнявацца не хочуць, у творах сваіх любяць дакладнасць: гэты кар’ерыст, гарлахват, гэты пустабрэх, тая распусніца, а той патрыёт і герой. Налепяць ярлыкі з першых старонак і не хочуць здымаць іх нават тады, калі здаровы сэнс і ход аповеду таго вымагае. А між тым у гэтай унутранай амплітудзе характараў уся мастацкая сіла. І нават калі сустракаюцца ў жыцці абсалютна ўраўнаважаныя людзі, у літаратуры такія персанажы малацікавыя. Проза дыктуе свае законы: нечаканыя хады, калізіі, сутыкненні светапоглядаў, узрушэнні, надрывы. Пісьменнік павінен агаломшваць чытача навізной, каб той не дай Бог не знудзіўся. Асабліва гэта тычыцца раманаў. А як ты яго агаломшыш, гэтага чытача, калі заведама ясна, як паступяць героі ў той ці іншай сітуацыі. На іх жа трывала наклеены ярлыкі.
Дарэчы, гэтая практыка “ярлыкоў” тычыцца не толькі герояў, але і ўласна творцаў. Гэты, маўляў, піша няблага, але не як Кузьма Чорны, а гэты – добры лірык, але, канешне, Максімам Багдановічам яму не стаць. А хто спытаў, ці хоча той творца стаць Багдановічам? Ды гэты Сідараў хоча быць сабой і нікім іншым, як кожны нармальны літаратар жадае набыць вядомасць, укараніцца ў літаратурным працэсе і на яго ўплываць. Бо для яго, Сідарава, няма чалавека даражэйшага, танчэйшага і інтэлектуальнейшага, чым ён сам. А мы яго з першых жа крокаў у літаратуры абражаем, спараджаем усялякія комплексы. Рубрыкі кшталту “дэбют”, на мой погляд, трэба тэрмінова прыбраць. Бо праз дзесяцігоддзі пасмяюцца з нас гісторыкі, пабачыўшы новага нацыянальнага генія пад такой шыльдай. Лермантаў з Багдановічам не дажылі да дваццаці сямі. Дык яны – маладыя пісьменнікі? Такі “камплімент” пасуе хіба што да пекных жанчын.
І наадварот, як назавуць каго геніяльным, значыць, павальна ўсе кожным яго радком захапляцца павінны. Не ведаю, у якіх там акадэмічных кулуарах вызначылі лепшым раманам Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Вызначылі – і тыражуюць паўсюдна гэты ярлык, навязваюць недасведчаным людзям. Назвалі памянёны раман, а таксама раман “Каласы пад сярпом тваім” культавымі. З натугай адолеўшы гэтыя творы, мушу сказаць, што слова “культавы” да іх добра пасуе. Бо культ – гэта нейкая неаспрэчная дадзенасць, якая не падвяргаецца сумневу і якой можна адно пакланяцца. Калі ж разважыць цвяроза, то гэтыя раманы Караткевічу не ўдаліся. Сур’ёзныя ідэі, узваленыя ім на свае плечы, пісьменнік не пацягнуў. Больш за тое, сам разумеў гэта. Нездарма ж “Каласы”, гэтая шырокамаштабна задуманая эпапея, засталіся няскончанымі. Усё, што пасялілася ў маёй памяці па ўніклівым прачытанні рамана, – гэта вобраз грушы над стромай Дняпра, чорны вершнік і бойка ў віленскай вучэльні паміж палякамі і літвінамі. Раман жа “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” выглядае яўна сырым. І не дзіва, Караткевіч чамусьці вельмі спяшаўся яго напісаць. У зборы твораў пазначаныя даты: 7 красавіка 1965 г. – 29 красавіка 1966 г. І ўжо ў 1966 годзе раман быў апублікаваны ў перакладзе на рускую мову ў № 11–12 часопіса “Нёман”. Такая спешка ў працы над раманам у 500 старонак не магла не адбіцца на яго якасці. Героі выглядаюць хадульнымі, ім не верыш і ўспрымаеш, як казку пра сярэднявечча. Да таго ж, ці дапушчальна пісаць карыкатуру на апосталаў і Хрыста і публікаваць гэта ў хрысціянскай (хоць тады і пад камуністычнай пятой) Беларусі? Ёсць рэчы, з якіх нельга пацвельваць нават у мастацкіх творах. І тым больш – называць бадзягу і штукара Братчыка Хрыстовым іменем. Не дзіва, што вышэйшыя сілы не спрыялі Караткевічу пры напісанні рамана і ён аказаўся без таго, што называецца “божай іскрай”. Невыпадкова ж раман цалкам заняў том №6 збору твораў пісьменніка, а гэта – нядобрая лічба. Не верыцца нават, што яго пісаў чалавек, які стварыў “Чорны замак” і “Дзікае паляванне”, якія, дарэчы, занялі том №7 – “7”, наадварот, лічба цудоўная.
У абарону любімага пісьменніка скажу, што, калі ёсць у беларускай літаратуры шэдэўры прозы, то гэта два вышэйпамянёныя Караткевічавы творы. Я іх перачытваў разоў па пяць, і кожны раз захапляўся нанова. Вядомы той факт, што над аповесцю “Дзікае паляванне караля Стаха” малады Караткевіч працаваў ці не дзесяць гадоў, быў надзвычай да сябе патрабавальны і ўрэшце дамогся несумненнай гармоніі. Тое ж і з раманам “Чорны замак Альшанскі”: пісаў няспешна, удумліва, будучы ўжо ў сталым узросце. Гэта любімы мой беларускі раман. Яркія вобразы, вывераны псіхалагізм, любоў да сваіх персанажаў. Хіба забудзеш касцельнага вартаўніка Мультана, датклівага навукоўцу Мар’яна, далікатную Стасю ці самога Косміча Антона Глебавіча?
Здаецца, найлепш у Караткевіча атрымоўвалася пісаць тады, калі не грузіў ён сябе нейкімі эпахальнымі ідэямі, а тварыў проста з сэрца, калі быў звычайным апавядальнікам, забаўнікам, штукаром.
Добра атрымаўся ў Караткевіча і раман “Нельга забыць”, бо пісаў ён там пра сваё набалелае, пра паэтаву існасць. Прачытаўшы, надоўга таксама запомніш і застрашлівую “Ладдзю роспачы”, і жартаўлівага “Цыганскага караля”.
Пра творчасць Васіля Быкава мне цяжка выказвацца. Ведаю, што лічыцца благім тонам крытыкаваць творчасць чалавека, надзеленага славай людской, тым больш такой заслужанай, як у Быкава. І ўсё ж асмелюся задацца наступнымі пытаннямі. Ці дапушчальна маляваць рэчаіснасць адно чорна-барвовымі фарбамі? Ці не ўгоніць гэта сучаснага знерваванага чытача ў цяжкую дэпрэсію? Канешне, вайна – штука бязлітасная. Аднак звычайнае жыццё – не вайна. Якраз за гэтае мірнае жыццё ў перспектыве і ваявалі быкаўскія героі, праяўляючы цуды мужнасці, роўна як і цуды подласці і здрады. Але што атрымалася: адваяваліся яны, вярнуліся, адбудаваліся, тут бы толькі і жыць. А паводле твораў Быкава апошняга перыяду выходзіць, што ў мірным жыцці – такое ж пекла, як на вайне. Успомнім эпізод, калі прысеў нямоглы дзядок на сонейку, грэецца, радуецца, а міма праходзіць мілая дзяўчынка з вялікім сабакам, і гэты сабака знянацку кідаецца на дзядка і перагрызае яму горла. Жудасць бярэ. І хочацца крыкнуць: ды не так усё чорна вакол, як у вашых творах, паважаны Васіль Уладзіміравіч! У адваротным выпадку зямля б даўно ў апраметную правалілася. Аж не – жывуць беларусы, кахаюць, жэняцца, нараджаюць дзяцей, ходзяць у госці, выпіваюць традыцыйную чарку, смяюцца. Так было ва ўсе часы. І так будзе. Не хоча чалавек адчуваць сябе непапраўна няшчасным, такая яго прырода. Можна ж, дарэчы, і так пра вайну напісаць: “Жди меня, і я вернусь, Только очень жди, Жди, когда наводят грусть, Желтые дожди…\ …Ожиданием своим ты спасла меня”. Гэта Канстанцін Сіманаў, эпапею якога “Жывыя і мёртвыя” я перачытаў тройчы, бо там сярод цемры і вусцішы праглядае-такі святло. А іначай усё астатняе губляе сэнс. І хоць проза Васіля Быкава відавочна мае вышэйшыя мастацкія вартасці, чым сіманаўская, у яго літаратурнай прасторы мне вельмі няўтульна. Дастаткова назваць некаторыя назвы яго аповесцяў, каб тут жа жахнуцца: “Праклятая вышыня”, “Знак бяды”, “Мёртвым не баліць”, “Страта”, “Ваўчыная яма”, “Незагойная рана”.
5
Ёсць у нашым літаратурным свеце нездаровая тэндэнцыя абвяшчаць са шматлікіх трыбун, што раман як форма памёр і ніхто нічога вартага ўжо не напіша. Каб пераканацца ў адваротным, трэба проста наведаць кнігарні, паглядзець на прадукцыю расейскіх выдавецтваў. Раманы Муракамі – таўшчэзныя, шматлікія, добра купляюцца. А бестселеры Джона Фаулза, такія, як “Маг” і “Калекцыянер”, хіба тонкія кніжкі? А раман – лаўрэат прэміі Букера Людмілы Уліцкай “Казус Кукоцкага” – няўжо мае кішэнны фармат? Раманаў шмат, і яны заўсёды запатрабаваныя. Бо толькі ў іх можна надоўга акунуцца ў іншую прастору, калі па нейкай прычыне рэчаіснасць не здавальняе. Менавіта па раманах мяркуюць аб набытках нацыянальных літаратур. Што такое для мяне Англія? А перш-наперш “Рабінзон” і “Гулівер”. Што такое Францыя? Ды найперш “Тры мушкецёры” і “Шчыгрынавая скура”. Што такое Расія? А збольшага “Вайна і мір” ды “Браты Карамазывы”.
А бедаваць, што раман памірае, пачалі даўно. Але ж не памёр. Чытаючы нататкі А.І.Салжаніцына ў “Новом мире”, даведаўся, як яго падахвочвалі ў шасцідзесятых гадах ехаць за мяжу, на нейкую літаратурную канферэнцыю, прысвечаную акурат паміранню раманнай формы. Не паехаў, адмовіўся, каб не лічыць сябе крывадушнікам. Бо ў ягоным загашніку на той час ляжалі “У крузе першым” і “Ракавы корпус”, якія Аляксандр Твардоўскі хацеў ды не мог надрукаваць на старонках “Новага міра”. Не прапускала цэнзура.
Цяпер пра крытыку. Небяспечны гэта ў нас занятак. Коўзкі і непрывабны. Асабліва для тых, хто сам займаецца мастацкай творчасцю. І справа не ў другараднасці крытыкі, а ў тым, што боязна-такі пакрыўдзіць людзей. Асабліва тых, хто высока стаіць. Небяспечна. Дый шараговага літаратара скрытыкуеш – а раптам ён разлютуецца і па фізіяноміі плясне. Дарэчы, так і прачытаў на старонках “ЛіМа”, што ўжо былі прэцэдэнты. І нават, калі не баяцца, што і кар’еру сапсуюць, і дадуць па фізіяноміі, – усё адно няёмка будзе добраму чалавеку ў вочы пры стрэчы глядзець. Тым больш што беларускі літаратурны асяродак надзвычай вузкі.
І таму атрымоўваецца, што і людзі інтэлектуальныя ў нас на крытыцы сядзяць, і нават пабуджэнні смелыя маюць, а як даходзіць да справы – няма ў іх поўнай свабоды выказванняў. У лепшым выпадку крытыкуюць напоўніцу маладых ды бэсцяць канкурэнтныя “незалежніцкія” выданні. Ну, а тыя ў сваю чаргу – нашых пляжаць, а сваіх хваляць. Не магу не адзначыць шматгадовую працу Леаніда Галубовіча. Ведаю, што цікавасць да “ЛіМа” апошнім часам узрасла менавіта з-за яго “ЛеГалізацыі”. Ды, відаць, не ўсім такая крытыка даспадобы прыйшлася, і паменела яго крытычных артыкулаў.
Пякучая штука крытыка, вярэдлівая, непрыемная. Ды без яе, халеры, няможна. У зборы твораў Дастаеўскага змешчаны крытычныя артыкулы таго часу, што выйшлі паводле яго твораў, надрукаваных у адпаведным томе. Дык гэта ж кашмар, як з Фёдарам Міхайлавічам распраўляліся. І мнагаслоўны ён, і блытаны, і такі-сякі-гэтакі. А побач прыводзяцца яго лісты да брата – ніякага раздражнення на крытыкаў, толькі пасміхаецца, іранізуе. Гэта, на мой погляд, прыкмета здаровага літпрацэсу.
У нас жа гэты працэс хварэе сур’ёзна. Праўда, іншым разам з’яўляецца які-небудзь бравы казак і накідваецца на ахвяру. Ды так, што толькі пер’е ляціць. Так і тхне ад падобных крытычных артыкулаў суб’ектывізмам, незразумелай злосцю на аўтара, зайздрасцю. Ці, наадварот, з’яўляецца нешта вартае – маўчанне, ані слова жывога, як і не друкаваў чалавек свой твор.
Не так даўно нарэшце з’явіўся ў нашай літаратуры раман, які можна без нуды і з карысцю чытаць, – “Рэвізія” Андрэя Федарэнкі (“Полымя”, №1–2, 2004 г.). Тут і ўніклівае адлюстраванне сучаснасці, і шэраг вечных праблем, і смелая пазіцыя аўтара. А галоўнае – талент, які для любога абазнанага ў літаратуры чалавека бясспрэчны. І што: паліўся паток грунтоўных крытычных артыкулаў? Не. Маўчанне – затоенае, звыклае, беларускае. Праз паўгода адгукнуўся заўсёды нераўнадушны Галубовіч, даволі для сябе асцярожна паспрабаваў скіраваць чытацкую ўвагу на гэты твор. Праходзіць яшчэ месяц-два, і з’яўляецца на старонках “ЛіМа” артыкул па рамане “Рэвізія”, які моцна мяне здзівіў. Мала вядомы мне крытык пачынае чыхвосціць раман на ўсе лады, прычым робіць гэта з дрэнна прыхаванай нелюбоўю да аўтара. Чапляецца да дробязяў, як тое: няправільнае напісанне “у” і “ў” (нейкае шкалярства), нестыкоўкі наконт камароў у канве твора (былі яны ці не). Ну давайце тады разнясём Купрына за тое, што ў яго ў адным творы ёсць голуб з зубамі. Ці Дастаеўскага, за тое, што ў яго зачаста трапляецца слова “чрезвычайно”. Прабачце, а дзе ж канструктыўнасць, дзе хоць найменшыя патугі на аб’ектыўнасць? Аўтар піша, што сюжэт “Рэвізіі” – тыповы постмадэрновы прыём. Быццам у нас напісана сто такіх твораў па-беларуску, а Федарэнка – сто першы ў гэтым радзе. Не. Не толькі сотні падобных твораў – анічога па-беларуску няма. Прынамсі, шырока апублікаванага. Дык навошта ж прыніжаць сваё, прабачце, гадзіць у сваёй стайні? Побач выдрукаваны другі артыкул пра “Рэвізію”, у раўнавагу адмоўнаму. Але і там не бачу галоўнага: не сказана, што твор добра і лёгка чытаецца, што мае сур’ёзныя мастацкія вартасці. Ці ўжо мы прывыклі за апошнія дзесяць год, што беларуская літаратура не можа нічога вартага вырабіць – і паўтараем гэта як папугаі? А каб назваць гэты твор знакавым, ды выдаць у цвёрдай вокладцы сур’ёзным накладам, ды скіраваць увагу да яго студэнтаў і школьнікаў? Хто б прайграў? Відаць, толькі тыя, хто Федарэнку зайздросціць. І не ў якім разе – не беларуская літаратура, якая адчувае велізарную патрэбу ў цікавых раманах.
6
Прывяду жахлівы факт. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” пад кіраўніцтвам папярэдняга дырэктара практычна не выдавала з сярэдзіны дзевяностых гадоў арыгінальнай беларускай прозы. Нават празаікі, што актыўна публікаваліся ў часопісах, па дзесяць гадоў не бачылі сваіх кніжак. У Анатоля Казлова выйшла адна, у Андрэя Федарэнкі ніводнай “дарослай”, у Алеся Наварыча, здаецца, таксама ніводнай. І гэта вядомыя, раскручаныя імёны, творы якіх пры добрай падачы могуць мець і камерцыйны поспех.
Нядаўна, пасля доўгага перапынку, наведаў кнігарню “Светач”. Разбягаюцца вочы ад прадукцыі расійскіх выдавецтваў. Муракамі, Каэлья – цэлымі паліцамі. Расейскага дэтэктыву – трашчаць стэлажы. Дастойна прадстаўлена расейскія класічныя і сучасныя “непапсовыя” творы, ляжаць на відным месцы, красуюцца. Знайшоў і беларускамоўны куток. Ды зажурыўся. Купала, Колас, Багдановіч, Караткевіч – гэта, канешне, выдатна. А дзе сучасная, злабадзённая проза, па якой я хачу даведацца, чым дыхае Беларусь? Дзе серыі “Сучасны раман”, “Беларускі дэтэктыў” і падобныя? Няма і паміну. Наогул нічога з сучаснага беларускага не знайшоў, колькі ні перакладаў стосы. Ёсць паасобныя паэтычныя зборнікі дэбютантаў, ёсць гістарычная проза Уладзіміра Арлова. Сіратліва выглядае беларускі кніжны куток, ізгоем ва ўласнай хаце. Напрыклад, у Эстоніі за савецкім часам было не купіць літаратуру, напісаную па-эстонску, бо кожная сям’я лічыла святым доўгам набыць кнігу на роднай мове. У нас жа, наўсперач, кожны лічыць сваім доўгам аблаяць, зняславіць, прынізіць усё беларускае. Настолькі ўсе зняверыліся, што, нават калі што вартае паяўляецца, пляжаць і яго, каб ужо не муляла вочы сваёй адзінотай. Паўстае заканамернае пытанне, чаму не арганізуе актыўную прапаганду сучаснай літаратуры адпаведны інстытут Акадэміі навук?
Трэба разумець, што нашчадкі будуць вывучаць гісторыю па цяперашніх нашых творах, збольшага па прозе, дзе найпаўней адлюстраваны дэталі побыту і псіхалогія людзей. А не па гістарычных аповедах пра старадаўніх князёў, якія, зразумела, таксама патрэбныя. Дык што ж мы пакінем нашчадкам – прагалы дваццацігадовай даўжыні, калі нічога не друкавалася?
Літаратары змушаныя выдаваць кнігі за свой кошт, часцяком у выдавецтвах, якія не маюць выхаду на кніжны рынак. Тыповая сітуацыя: пісьменнік забірае тыраж дамоў, дзе ён гадамі бядотна ляжыць, нікім не запатрабаваны, калі не лічыць кучкі знаёмцаў ды родзічаў. Гэткая, прабачце, духоўная мастурбацыя.
Ці адваротная карціна. Пісьменнік грузіць свае кнігі ў валізу і выпраўляецца па гарадах і вёсках з выступленнямі. А каб было весялей, бярэ з сабой чалавека з гітарай. Там яны і спяюць, і раскажуць. Толькі што не станцуюць. А тады прадаюць свае кнігі. Між іншым, ідзе “на ўра”.
Творы Шамякіна, Караткевіча, Быкава, якімі б высокімі вартасцямі яны ні валодалі, не могуць узяць на сябе функцыі прапагандыстаў сучаснасці. А нам, чытачам, хочацца ведаць, чым жыве цяперашні беларус, на што ён спадзяецца ў будучыні. Мы хочам суперажываць, спагадаць сучасным героям, угадваць у іх і свае рысы, глядзецца ў гэтае люстэрка і, калі трэба, нешта ў сабе мяняць. Дык наладзьце, выдаўцы, такую магчымасць. Цікава, што б падумаў расейскі чытач, калі б, завітаўшы ў кнігарню, убачыў творы Ламаносава, Жукоўскага, Дзяржавіна, Пушкіна, Гогаля – і ўсё, і болей нічога? Ён бы, мусіць, спалохаўся, што настаў канец свету. Дык давайце падумаем пра сябе і мы, беларусы.
Жыццё ценяў, цені жыцця…
Ніжэйнапісанае склалася паводле прачытання самых, на мой погляд, цікавых і таленавітых узораў прозы, што друкаваліся ў апошнія гады ў Беларусі. Гэта раман Андрэя Федарэнкі “Рэвізія” (“Полымя”, 2004, №1,2) і раман Алены Паповай “Пузырек воздуха в кипящем котле” (“Нёман” 2007, №3). Захацелася правесці параўнальны аналіз гэтых, як здаецца, зусім процілеглых твораў сучаснай літаратуры.
Раман Алены Паповай разглядае чалавека як бязвольную адзінку ў побытавых варунках. Асноўныя яе героі – інтэлігенцыя без цара ў галаве, трапна пазначаная колісь А.Салжаніцыным як «образованщина» – то бок людзі высокага інтэлекту, так званая культурная эліта, але без Бога ў душы. Героі рамана А.Паповай уцягваюцца ў хаатычны рух перабудоўчага перыяду 80-х, калі страчваюцца ранейшыя каштоўнасці і арыенціры, а на змену ім прыходзяць новыя, незнаёмыя, але такія заваблівыя каштоўнасці “заходняга свету”. Аўтар намагаецца супрацьпаставіць Камякову, гэткую наваяўленую бізнесвумен, яе даўняй сяброўцы Кіры, не апантанай перабудоўчымі амбіцыямі сямейнай даме. На Кіру не надта паўплывалі знешнія падзеі канца васьмідзесятых гадоў, яна быццам бы па-ранейшаму бачыць галоўную ролю жанчыны ў захаванні хатняга агменю. Але гэта толькі зман, прыхаваная няпраўда. Бо як толькі Кіра атрымоўвае магчымасць рэалізавацца ў калізіях сучаснасці, яна прагна, не менш чым Камякова, спрабуе ў іх упіхнуцца. Тут А.Папова па-майстэрску раскрывае прыроду большасці людзей, якія амаль напоўніцу залежаць ад акаляючага асяроддзя, якія воляй-няволяй падпарадкоўваюцца жорсткім рэаліям. Персанажы рамана намаляваныя нібы на плоскасці (жыццё ценяў), гэткімі чарвякамі ў чалавечым абліччы, не раўнуючы двухмернымі істотамі. Яны не толькі духоўным жыццём не жывуць, але і душэўным даволі-такі пагарджаюць. Іх дзеянні, па задумцы Паповай, носяць выключна матэрыялістычны характар. Гэта банальнае выжыванне ў свеце даляру, гэта да таго ж прага не проста выжыць, а захаваць высокія пазіцыі ў гэтай сістэме каардынатаў, змагчы не толькі існаваць, але кіраваць і загадваць. Героі Паповай дзейнічаюць без асаблівых ваганняў, душэўных згрызот, без вярэдлівага пачуцця чалавечай і, крый Божа, нацыянальнай годнасці. Герояў, якія па ўсім відаць – мінчане, зусім не хвалюе пытанне сваёй нацыянальнай прыналежнасці. І ў гэтым бачыцца жыццёвая праўда. Яны змагаюцца выключна за сябе. Зацята, учэпіста, часам бязлітасна.
Раман жа Андрэя Федарэнкі “Рэвізія” разгортвае перад намі вобразы вельмі непапулярнай, можна сказаць, апляванай апошнім часам нацыянальна свядомай інтэлігенцыі. Яны жывуць, здавалася б, у тым самым часе і месцы, што і персанажы рамана Паповай, аднак мысляць зусім іншымі катэгорыямі. Іх, небарак, турбуе стан роднай мовы, яны хваравіта ўсведамляюць сваю беларускую годнасць, яны неабыякавыя да родных куткоў, да малой, правінцыйнай радзімы.
У рамане “Рэвізія” мы бачым схаваныя ад шырокага ведама карціны сходак беларускамоўнай моладзі, што адбываліся ў Мінску ў канцы 80-х гадоў. На іх, па сутнасці, вырашалася наша нацыянальная будучыня. Тут самы раз прывесці сакраментальную фразу Ведрыча з першай главы рамана: “Ён аббег вачыма залу. – Усе ў зборы? Ну, а цяпер сюды не хапае адной невялікай бомбы. І скончылі б з гэтай няшчаснай Беларуссю за хвіліну!”. Як кажуць, ні дадаць, ні адняць.
Тыя сходкі не хвалявалі абсалютную большасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь і, што самае важнае, не хвалявалі большасць культурнай інтэлігенцыі, той самай, апісанай у рамане А.Паповай. Пакуль вырашалася пытанне быць нам, беларусам, або не быць, героі Паповай увішна ладзілі свае асабістыя справы. А іменна дабрабыт, сексуальнае партнёрства (не блытаць з каханнем), захаванне сваёй асабовай адзінкі ў перабудоўчым вэрхале, які апанаваў краіну.
А “наіўныя” героі А.Федарэнкі працягваюць разважаць пра родную мову, пра сэнс існавання чалавека на зямлі, яны ўнурваюцца ў мінулае, якога, паводле палітыкі партыі і ўрада, у нас няма і быць не магло. Героі Федарэнкі нібы юродзівыя, недарэкі (цені жыцця) у параўнанні з мэтанакіраванымі, прыземленымі героямі Паповай, якія, зрэшты, дзеля ўласнага дабрабыту гатовыя знішчыць – літаральна! – былых сяброў.
Межы маралі ў рамане А.Паповай сціраюцца на нішто. У рамане ж А.Федарэнкі яны набываюць нерэальныя рамкі, прымаючы характар звыш’ідэі.
Гераіня Камякова апанавана частымі, невылечнымі дэпрэсіямі, якія заглушаюцца адно напружанымі і, у прынцыпе, бессэнсоўнымі для самой гераіні дзеяннямі. Яна часам змагаецца за праўду, але толкам не ведае, у чым тая праўда палягае. То яна кіраўніца буйной фірмы, то дробная гандлярка на барахолцы, якая паўстае на самога “пахана” рынку (што выглядае, дарэчы, крайне ненатуральна). То яна, разбэрсаная і галодная, кліча да сябе на кватэру прызабытую “сямейніцу” Кіру, каб тая яе без усякага спадзеву на ўдзячнасць суцешыла. Спіць абы з кім, сябруе абы з кім, супрацоўнічае абы з кім…
Не тое – пераборлівыя героі рамана А.Федарэнкі “Рэвізія”, Трухан і Ведрыч. Гэтыя спадары ведаюць сабе цану. Яны вельмі недаверлівыя, яны ніколі не ахвяруюць і часцінкай уласнай годнасці дзеля выгады, дабрабыту. Галоўны герой стойка, па-беларуску хітра трывае допыт у следчага. Ён не давярае нават таварышу Ведрычу, папулярнаму беларускаму паэту, які забраў у яго на прагляд рукапіс. І не давярае небеспадстаўна – рукапіс знаны паэт згубіў. Самае дарагое, што ёсць у галоўнага героя Федарэнкі, – гэта творчая самасць, абсмяяная “прасунутай” сучаснасцю зануранасць у сябе, у лёс сваіх продкаў, у сакральны нацыянальны і агульначалавечы досвед. Ён выступае ў двух абліччах: сучасніка Трухана і чырвонаармейца Трухановіча, якія дзейнічаюць у паралельных лініях рамана. Трухан – празаік-пачатковец, з загадкавай хваробай мозгу, якая дае магчымасць зрэдку бачыць відзежы мінулага. На аснове гэтых празорстваў ён піша раман, дзе адлюстроўвае жыццё свайго двайніка Трухановіча. Трухановіч жа, які нібыта толькі персанаж, пасля кантузіі страціў памяць, але набыў мажлівасць бачыць будучыню і апісвае ў прозе свайго двайніка Трухана. Чырвонаармеец мае бацькоў, але не ўспрымае іх з прычыны амнезіі. Сучасны пісьменнік Трухан, наадварот, памятае мінулае жыццё, але бацькоў не мае. Лініі двайнікоў як бы замыкаюць раман на сябе самім. Мінулае ўплывае на будучыню і наадварот. У Вечнасці, дзе няма часу, усё ўзаемазвязана і ўсё магчыма. Там прывід можа зрабіцца жывым, а жывы чалавек – прывідам.
Адчуваецца, што галоўны герой (Трухан-Трухановіч) мае повязь з тагасвеццем, што жыццё яго, адпаведна хрысціянскай традыцыі, не заканчваецца з паміраннем цела, што ён адказны перад Богам за ўсе свае думкі і дзеянні.
Але той свет яшчэ калі будзе, а жыць трэба цяпер. Жывым у зямлю не палезеш, як любяць казаць нашы мудрыя старажылы. І таму героям Федарэнкі няўтульна ў сучаснасці, нават пакутна. Але – парадокс! – не менш пакутуюць у сучаснасці і разваротлівыя героі Паповай (Камякова, Антон, Гінзбург). Больш за тое, за існаванне пад блакітным небам яны плацяць уласным здароўем, гонарам і самім жыццём, як забіты бізнесовец Антон, які раней “заказваў” Камякову. Заўважце, усе гэтыя персанажы выйшлі з гуманітарнай інтэлігенцыі 70-х!
Няма шчасця на гэтым свеце, можам мы зрабіць выснову пасля прачытання абодвух раманаў. Аднак раман А.Федарэнкі, у сілу сваёй духоўнай скіраванасці, шматмернасці, пакідае хаця б спадзяванне на адшуканне гэтага шчасця, на прыдбанне яго пасля доўгіх пакутлівых пошукаў і чарады памылак. Бо шчасце ў Федарэнкі ёсць катэгорыя ўнутраная, даступная для ўсіх і кожнага хаця б у Дыягенавай бочцы. Раман жа А.Паповай, здаецца, даводзіць нам адназначна, што жыць на зямлі – насамрэч цяжкая, няўдзячная і беспрасветная справа. Але ж, як мы ўжо казалі, жывым у зямлю не палезеш. Таму не хочацца поўзаць чарвякамі па пляскатай талерцы сучаснасці, а карціць-такі лунаць у хваравітых, напружаных мроях герояў рамана “Рэвізія”. Бо ўсё-ткі, як ні круці, мы людзі – не чарвякі.
Паперадзе часу
Дастаеўскі, як усякі вялікі творца, ніколі не дагаджаў чытачам, крытыкам і выдаўцам. Ён апярэдзіў свой час на некалькі пакаленняў. Яго магутнасць напоўніцу ўсведамляюць толькі цяпер. Але ж і цяпер прачытаць яго здольныя не многія.
Дастаеўскі пісаў не пра тое, як бывае ў рэальным жыцці, а паказваў, якія буры кіпяць у душы кожнага чалавека, калі ён, чалавек, больш чым аднаклетачная істота. Яго раманы – гэта зборышча нейкіх інфернальных істот, якія сышліся не для таго, каб жыць па-людску, а для таго, каб пакутаваць і бесперастанна тыраніць адно аднаго. Яго героі дзейнічаюць і размаўляюць так, як рабілі б людзі, здымі яны з сябе маральныя забароны і адпусці тармазы. Станоўчых герояў у Дастаеўскага практычна няма, а нам для лагоды і адпачынку патрэбныя такія героі. Таму Дастаеўскі чытаецца цяжка так званымі простымі людзьмі, якія любяць у жыцці толькі прыемнае і гоняць ад сябе думкі пра смерць. Тыя ж, хто ў жыцці парадкам пакутаваў, хто паміраў і не памёр ад хваробаў і войнаў, знаходзіць у творах Дастаеўскага чыстую праўду.
Станоўчыя (дакладней, псеўдастаноўчыя) героі ў Дастаеўскага выглядаюць яшчэ ненатуральней за адмоўных, бо яны штучна прыўносяцца аўтарам у асяроддзе дэманаў у чалавечым абліччы і мусяць рахмана бараніцца ад гэтых маральных вырадкаў, а то і мірыць іх паміж сабой.
Калі быў апублікаваны раман “Бесы”, прагрэсіўная моладзь парвала з Дастаеўскім, аддаўшы яго анафеме. Бо ён замахнуўся на святое – свабоду, паказаўшы сапраўднае, звярынае нутро прагрэсістаў і рэвалюцыянераў.
Толькі перажыўшы тры рэвалюцыі (1905, 1917 і 1991 гг.), Расея пачала разумець прарочае значэнне пісьменніка Дастаеўскага.
Яго раманы, не маючы тэхнічнай бездакорнасці твораў Тургенева, нашмат перараслі іх у грамадскай свядомасці суайчыннікаў. Тургенеўскія “Бацькі і дзеці” (лепшы яго раман) успрымаюцца цяпер як голая ідэя без развіцця, патуранне густам часу, які нараджаў прагрэсістаў і нігілістаў. Тургенеў цяпер выглядае банальным.
Дастаеўскі ж не пабаяўся пайсці супроць моднай плыні, пасварыўся з сучаснасцю, хоць і надзвычай цаніў меркаванне аб сабе моладзі.
Чысценькі, слязлівы пан Тургенеў, які не стаяў на эшафоце, не вытрымаў параўнання з катаржнікам Дастаеўскім на шалях Гісторыі. А ён жа цаніўся сучаснікамі значна вышэй за Дастаеўскага, нават у матэрыяльным плане, атрымоўваючы за друкаваны аркуш ад выдаўцоў удвая больш.
На творчасць Дастаеўскага безумоўна вялізны ўплыў зрабілі катарга і хвароба – эпілепсія. Але менавіта яны і далі пісьменніку тыя ашаламляльныя празорствы і разуменне сутнасці жыцця.
Ці не праўда тое, што чалавек безупынна пакутуе, незалежна ад свайго багацця ці беднасці? Ці не праўда тое, што ў пакутах ён падсвядома знаходзіць сэнс жыцця на зямлі? Ці не праўда, што багатыя старцы абзаводзяцца маладымі сужыцелькамі, як стары Карамазаў, як багацей з “Ідыёта”, што разбэсціў Настассю Піліпаўну? Бо ж гэта мы ў люстэрку Дастаеўскага, а таксама ўсё чалавецтва ўглыб гісторыі і ўглыб будучыні. Багацей у ідэале – гарэмшчык. Багацей у ідэале тыран, што атачае сябе аб’ектамі тыраніі (аповесць “Кепскі анекдот”). А бядняк – гэта патэнцыйны злачынца, галодны студэнт Раскольнікаў з сякерай мясніка. А сям’я – гэта нярэдка палігон для разладу, інтрыг, затоенай нянавісці, юру і самалюбнай самарэалізацыі. Так, шчаслівыя сем’і бываюць. Але ўсё часцей – як выключэнне, пра тое сведчыць колькасць афіцыйных разводаў. А колькі яшчэ мужоў, жонак, дзяцей жывуць у адным доме лютымі, непрымірымымі ворагамі?
Мы бачым сябе ў люстэрку, падстаўленым нам Дастаеўскім, і таму нам сорамна, а падчас – не пазнаём, а часам балюча згадваць свае нізкія жарсці, падзенні, прынізлівае каханне і г.д. і да т.п.
Большасць прыемных, станоўчых людзей на зямлі – гэта, як правіла, крывадушнікі, хлусы, акцёры, што ўмеюць выдатна хаваць сваю сапраўдную існасць. Але і ў самым “зверы” і нягодніку жыве прыстойны чалавек. Гэтаму вучыць нас Дастаеўскі. Нельга судзіць людзей адназначна, просталінейна.
Для разумення сутнасці чалавека добра пабыць на інтэрнэт-форумах. Тут, схаваныя пад маскамі, людзі развязваюцца, тут бачная іхняя існасць у чыстым выглядзе. Не агорнутыя цялеснай абалонкай, грамадскай мішурой, а таксама пазбаўленыя боязі сацыяльных рэпрэсій, мы смялеем і больш выдаём на сябе сапраўдных, чым на тых, якія мы ў грамадзе. Тут мы ганарымся, ліслівім перад кім трэба, амбітнічаем, апускаем сабратаў значна часцей і бязлітасней, чым робім тое ў жыцці. Тут мы, схаваныя за псеўданімамі, можам абразіць чалавека, не баючыся ўдару па твары або дуэлі.
Мы любім тых, хто нас хваліць, баімся начальнікаў і ненавідзім сваіх ворагаў зацята, са шматгадовай злапомнасцю. У той жа час, калі чалавек чысты душой, то на форуме ён вельмі добра заўважны і прыемны нават болей, чым у жыцці. Але такіх людзей, як і ў рэчаіснасці, вельмі і вельмі мала. Мы часта добрыя не таму, што добрыя, а таму што баімся, каб нас палічылі благімі, і таму, што шукаем у сваёй “харошасці” асабістую выгаду.
Творчасць Дастаеўскага – гэта своеасаблівы праект інтэрнэт-форумаў. У раманах пісьменніка людзі амаль пазбаўлены плоці, ён як бы знарок пагарджае іх знешнасцю, а таксама матэрыяльным атачэннем, у якім яны дзейнічаюць. Апісваючы знешнасць, Дастаеўскі насамрэч апісвае душу чалавека. Дамы ж, кватэры і вуліцы, дзе апынаюцца яго героі, маюць аднолькавы змрочна-шэры колер, будзь тое катух беднага студэнта Раскольнікава або харомы генерала Епанчына з “Ідыёта”. Знешняе атачэнне герояў мае ў творах Дастаеўскага толькі псіхалагічнае напаўненне, падкрэсліваючы ці адцяняючы характары персанажаў. Брыдкі, хітры, шматгрэшны чалавек стары Карамазаў – значыць і дом яго такі самы: прыземісты, грувасткі, з усялякімі пакойчыкамі, каморамі і хітрамудрымі вузкімі лесвіцамі, што вядуць невядома куды. Не лесвіцы тое, спадару чытач, а пакручастыя пралазы ў цёмнай душы Карамазава, гаспадара гэтага дома. Дом – душа героя. А горад у Дастаеўскага – не горад, а інфернальная прастора, дзе герой дзейнічае. Гэта як бы выварат сапраўднага горада, не бачнае звычайнаму чалавечаму зроку паселішча. Няма ў Дастаеўскага сонечных месцаў, дзе б персанажы песціліся і раскашавалі. Месца іх пражывання – або вечна халодны, сыры і ветраны Пецярбург, дзе нават летам даводзіцца хутацца ў паліто, або глухія правінцыйны гарадкі, дзе пешаход патанае па калені ў гразі, дзе няма за што зачапіцца эстэцкаму воку. Але ж і ў такіх Богам забытых месцах, куды пераносіць нас Дастаеўскі, кіпіць напружанае сацыяльна-псіхалагічнае, адухоўленае жыццё. Там не менш, чым у Пецярбургу, цікавяцца лёсам Расіі, дый не толькі Расіі, а ўсяго цывілізаванага чалавецтва.
Адным словам, людзі ў Дастаеўскага амаль бесцялесныя, а гарады – нейкія незямныя, бяскроўныя, пазбаўленыя натуральнага каларыту. Гэта зусім іншыя гарады, чым у творах Талстога, Тургенева і нават Гогаля. І вось змясціўшы такіх герояў у такую прастору, Дастаеўскі ўжо амаль не звязаны законамі рэчаіснасці, а можа цалкам засяродзіцца на даследаванні душаў людзей, на пошуках ісціны, на выяўленні духу нацыі і нават духу ўсяго цывілізаванага чалавецтва. Учынкі, а дакладней, выхадкі ягоных герояў шакіруюць непадрыхтаванага чытача. Бо гэты чытач у жыцці нічога падобнага не назіраў. Не назіраў, але няпэўна здагадваўся, што такое можа адбыцца. Таму што ў душы, у самых нетрах існасці кожнага чалавека, цьмяна адбываецца тое самае, што і ў творах геніяльнага Дастаеўскага.
Прыслухайся да сябе, чытач. І калі ты не святы падзвіжнік, то зразумееш, наколькі твае думкі і ўнутраныя дыялогі адрозніваюцца ад таго, што ты прамаўляеш услых, для людзей. У думках ты можаш аблаяць начальніка, праклясці бацьку і маці, якіх ты штодня любоўна цмокаеш у шчокі. Не кажучы ўжо пра думкі наконт тваіх палюбоўніц ці палюбоўнікаў, якіх ты часам нават за людзей не можаш лічыць, а толькі за аб’ект свайго нястрымнага юру. Колькі падазрэнняў, немых выкрыкаў і роспачы правіхурыць пад накрыўкай нашай душы, так і не выйшаўшы вонкі. Бо вонкава мы мусім стрымлівацца, каб выжываць. Хто не стрымліваецца, той парушальнік грамадскіх і маральных законаў, той злачынца, вылюдак, таго мы не паважаем і асуджаем нашым чалавечым судом. А розніца толькі ў тым, што яны праявілі, паказалі нам сваю заганную існасць. А мы не паказалі яе нікому, мы ўтрымаліся.
Дык вось героі Дастаеўскага зазвычай не стрымліваюцца. Баліць ім – і яны крычаць, галосяць, даводзяць усім акаляючым пра свой боль. Хто пабуджаў забойцу Раскольнікава вяртацца на месца злачынства і паводзіць сябе перад акаляючымі так падазрона, ледзь не пальцам указваючы на сябе: гэта я забіў старую працэнтшчыцу, бярыце мяне, судзіце, карайце? Мог бы Раскольнікаў зрабіць твар цаглінай і на ўсе пытанні следчага аднеквацца ды цынічна адсмейвацца. Доказаў жа на яго не было. Крыміналістыка таго часу не дазваляла ідэнтыфікаваць адбіткі пальцаў і групу крыві. Мог бы Радыён Раскольнікаў, адседзеўшыся, дастаць з-пад запаветнага каменя грошы працэнтшчыцы і зажыць у сваю асалоду. Аднак адразу пра грошы забыўся, бядак, хоць менавіта яны і былі пабуждальным матывам, каб узяць у рукі сякеру. Беднасць, голад – гэта не жарты, гэта балюча. Але яшчэ балючэйшы, як аказалася, голас сумлення, згрызоты тыя ўпартыя, што точаць цябе, не даюць ні спаць, ні есці, ні мысліць. А Раскольнікаў жа быў атэістам, бязбожнікам. Здавалася б, адкуль такая датклівасць, калі ні ў Бога, ні ў пасмяротную адплату не верыш? А адтуль, што нявер’е не пазбаўляе ад той пасмяротнай адплаты, чытач. Як, прыкладам, не пазбаўляе няведанне правіл дарожнага руху ад таго, што можаш інвалідам застацца. Не вер – тваё права. Але пасля не енчы, не галасі. Раскольнікаў гэта ўсё перажыў. А Дастаеўскі гэта ўсё зведаў на ўласным і чужым вопыце, ад катаржнікаў даведаўся, з якімі доўгія гады валяўся побач на жорсткіх нарах.
У “Запісках з мёртвага дома” ён прыводзіць гісторыі, ад якіх валасы дыбарам устаюць. У некаторых перакананых забойцаў, паводле Дастаеўскага, зусім не бывае раскаяння і згрызотаў. Рэжуць яны старых і немаўлят, бездапаможных, рахманых, – і нібы крывёю іх напіваюцца. Ужо ад самой прысутнасці такіх недачалавекаў на нашай зямлі страшна становіцца. Такія нават Дастаеўскаму не цікавыя як героі раманаў, бо душы ў іх быццам зусім няма, а значыць, і працаваць раманісту няма з чым.
Сэрцу Дастаеўскага мілыя тыя, што супраціўляюцца сваёй зверскай прыродзе як могуць, а забіўшы, упадаюць у нервовую гарачку і каюцца. Як, напрыклад, Рагожын, што без памяці кахаў Настассю Піліпаўну, а авалодаўшы-такі ёй, зарэзаў за тое, што яна яго прыніжала доўгія і пакутлівыя гады.
Цяперашняга чытача, праўда, жудасныя гісторыі, распаведзеныя Дастаеўскім, не так ужо павінны шакіраваць. Тэлевізар яшчэ не тыя пужалкі паказвае ў сваіх крымінальных зводках. Але тэлевізар паказвае факты, а не псіхалагічную падаплёку злачынстваў, не дэманічныя звівы душы. І таму не так жахаешся, калі паказваюць пятнаццацігадовага дзецюка, які, пасварыўшыся за сняданкам, зарэзаў нажом бацьку, маці і родную сястру, а затым пасек на кавалкі і ў калодзежы прыхаваў. Нават не так жахаешся, што ён збіраецца, адседзеўшы сем гадоў, вярнуцца ў той жа дом і абзавесціся сям’ёй – замест той, якую ножыкам пакрышыў. Не жахаешся, таму што ў душу яго паганую ніхто не пралез. А Дастаеўскі ў сваіх раманах пралазіць. Глыбока, дапытліва, дасканала. Але што дзіўна: як пакорпаецца Фёдар Міхайлавіч у такой подлай душы, то чытач ужо пачынае шкадаваць таго дэмана ў чалавечым абліччы. А шкадуе таму, што забойца, аказваецца, не аўтамат з сякерай, а жывы чалавек са сваімі пакутамі, са сваімі добрымі якасцямі.
Ад Дастаеўскага і пайшла ў сусветнай літаратуры традыцыя паказваць людзей як мага глыбей ды шырэй. Так шырока, што, па словах самога ж Дастаеўскага, можна б і звузіць. Купрын, Кафка, Фолкнер спрабавалі выкарыстоўваць прыёмы Дастаеўскага. Кожны па-свойму, у меру развіцця, так бы мовіць. Але ніхто так глыбока не зазіраў. Пераняць у Дастаеўскага, падрабіцца пад яго – немагчыма. Бо надта ўжо індывідуальнасць выразная. А галоўнае, не кожны вялікі талент на эшафоце стаяў, штохвіліну смерці чакаючы, не кожны пісаў творы пад страхам прыступу эпілепсіі і вар’яцтва, якое можа насунуцца ў любы дзень. Але вар’яцтва – доля бязбожнікаў. З такой пранікнёнай верай у Хрыста не мог пазбавіцца розуму Дастаеўскі. Усявышні збярог. Дый жонку такую даў, што апошнія пятнаццаць гадоў пражыў геній шчасліва, усе радасці шматдзетнай хрысціянскай сям’і зведаў. І смерць адносна лёгкую і хуткую займеў Дастаеўскі. Сасуд у грудзях лопнуў, за суткі не стала пісьменніка. Кажуць, Бог забірае людзей у самы лепшы перыяд іхняга жыцця, тады, калі яны найболей духоўна прасветлены. У дачыненні да Дастаеўскага – гэта праўда. За год перад сконам ён завяршыў публікацыю наймацнейшага свайго твора, “Братоў Карамазавых”, і адразу прыдбаў, можна сказаць, усенародную славу, якую і блізка не прыносілі ранейшыя творы. Цэлы год пісьменнік быў нарасхват: запрашалі з выступамі, з лекцыямі ва ўсялякія маладзёжныя аўдыторыі, аддавалі газетныя плошчы для палемікі наконт сэнсу рамана, які выклікаў грамадскі рэзананс незмаўкальны. Дастаеўскі поўніўся задумамі, хацеў пісаць працяг “Братоў Карамазавых”. Гэткае “Праз дваццаць гадоў” “а ля” Дзюма-бацька. Можа, і добра, што не напісаў. Працяг, як правіла, прайграе арыгіналу. Дый меркаваў там Дастаеўскі зрабіць Алёшу Карамазава, гэтага ціхмянага святошу, рэвалюцыянерам, нават злачынцам і катаржнікам…
“Браты Карамазавы” справядліва прызнаюцца спецыялістамі лепшым, кульмінацыйным творам пісьменніка. А ў сусветным маштабе маюць такое ж значэнне, як і шэдэўр Талстога “Вайна і мір”. Мацнейшых узораў псіхалагічнай прозы сусвет проста не ведае.
У чым жа сіла “Братоў Карамазавых”? Паспрабуем сцісла аб гэтым сказаць. Па-першае, раман увабраў у сябе ўсе сюжэтныя і псіхалагічныя напрацоўкі Дастаеўскага, якія ён назапасіў у сваёй папярэдняй творчасці. Усе асноўныя тыпажы, што вандравалі па старонках папярэдніх раманаў, увайшлі ў “Браты Карамазавы”. Але ўвайшлі не статычна, а ў сваім развіцці, сталі яшчэ шырэйшымі і аб’ёмнейшымі, яшчэ выразнейшымі і пазнавальнейшымі.
Тут усё. І прага злачынства, і адначасовая боязь яго, ваганні і згрызоты сумлення, што прагучалі ўпершыню ў “Злачынстве і пакаранні”. І дэманы нявер’я, якія мардуюць беднага Івана Карамазава гэтак жа, як і асноўных герояў рамана “Бесы”. І праблема шалёных грошай, якія гэтак сама, як і ў “Ідыёце”, не прыносяць шчасця ў рэшце рэшт. І любімы тыпаж фатальнай жанчыны ў вобразе Грушанькі. І, канешне ж, вобраз князя Мышкіна ў развіцці – Аляксей Карамазаў.
Усё гэта пераплялося, спалучылася, знітавалася напружаным дэтэктыўным сюжэтам – і атрымаўся раман-шэдэўр “Браты Карамазавы”. Тут, дарэчы, Дастаеўскі дарэшты развіў любімую сваю тэму шырыні рускай (а шырэй – усходнеславянскай) душы, увасобіўшы яе грані ў трох кроўных братах – Карамазавых. Адзін, Іван, гэта сухі аналітычны розум, ваяўнічы атэіст. Другі, Міця, гэта кіраваны жарсцямі чалавек, буян, светлае і цёмнае ў якім суседнічаюць самым дзівосным чынам. Трэці, Алёша, гэта духоўная іпастась рускай душы, шукальнік метафізічнай ісціны.
Увогуле, метафізіка ў раманах Дастаеўскага мае выключнае, я б сказаў, цэнтрамасавае месца. Яго раманы называюць раманамі пра ідэю. І ідэя гэтая заўсёды грунтуецца не на грамадскім ладзе і вопыце, не на ўзаемаадносінах душ, а на духоўным падмурку, на сакральным, на тым, што з незапомных часоў нябачна кіруе светам людзей. Няшчасце большасці персанажаў Дастаеўскага вынікае менавіта з адмаўлення метафізічнага, са спробы жыць без Бога, гэтакі бунт супраць сакральнага. Бунты заканчваюцца заўсёды трагічна. Але пісьменнік паказвае, што без гэтага бунту няма чалавека. Каб прыйсці да Бога, гармоніі, большасці людзей неабходна зведаць увесь морак богапакінутасці, зразумець, што патуранне жарсцям і поспехі ў грамадстве – гэта ілюзія, пакланенне якой і пазбаўленне якой часта вядзе да непапраўнага, да маральнага разлажэння, часам да самагубства.
Дастаеўскі бязлітасны да сваіх герояў у гэтым плане. Ён не вагаючыся аддае іх у рукі нячысціка. Яны збольшага вешаюцца, зрэдку страляюцца, іх вабяць халодныя воды Нявы. Аднак калі лёс Свідрыгайлава і Стаўрогіна выклікае ў нас асацыятыўную фразу “сабаку сабачы скон”, то дзяўчыну-пакаёўку з рамана “Падлетак”, што засілілася ад безвыходнасці, напраўду шкада, яна ўспрымаецца як бязвінная ахвяра недасканаласці грамадства. Але пісьменнік не адыходзіць ад праўды жыцця. Насамрэч канчаюць самагубствам не толькі зацятыя нягоднікі, але і людзі з добрай душой, даведзеныя абставінамі да адчаю. Нягоднікі ж часта жывуць і ў вус не дзьмухаюць.
Карацей, творы Дастаеўскага не для адпачынку з прыемнай кніжкай у руках, а для тамлівай духоўнай працы. Працаваць духам мала хто любіць. Гэта праца пакутная, але і карысці прыносіць нямала. Тым, хто дойдзе да сутнасці. Шлях складаны, няблізкі. Фініш не гарантаваны нікому.
Творы Дастаеўскага не старэюць, а робяцца ўсё болей сучаснымі. Можна шмат разважаць, чаму так адбываецца. Але вярней прызнаць гэта чарговай загадкай генія, або геніяльнасці як філасофскай катэгорыі. Не важна. Важна, што чалавецтва можа ганарыцца, што зрэдку нараджае сыноў, якія рассоўваюць рамкі магчымага, прыўзнімаючы заслону, за якой боская таямніца. Могуць смела ганарыцца і ўсе беларусы, бо ў Дастаеўскім шмат нашых генаў. Псіхалогія правінцыяла, жыхара ўскраіны імперыі, часта праскоквае ў яго творах. Напрыклад, у раздражненні і недаверы да чужакоў, людзей няблізкай культуры і варожага менталітэту, асабліва да яўрэяў. Такой варожасці ў рускага двараніна, сталічнага жыхара, быць не магло, бо яўрэі ў часы Дастаеўскага ў Пецярбургу і Маскве не жылі і не маглі даймаць сваёй чужароднасцю Фёдара Міхайлавіча так востра. Няйначай паляшуцкія гены нагадалі нешта з “вякоў мінулых”? Ну ды гэта мы ў якасці жарту.
А калі без жартаў, то Дастаеўскі чалавек свету. Ім захапляюцца людзі самых розных нацыянальнасцяў, у тым ліку тыя, якіх ён не дужа шанаваў у сваіх творах (французы, палякі, немцы, яўрэі). Любяць за веліч духу, за глыбіню пранікнення ў сакральнае, за любоў да ўсяго чалавецтва і кожнай чалавечай адзінкі, за нястомнае ўмацоўванне гуманістычных ідэй, якія і дагэтуль не даюць нам канчаткова абрынуцца ў прорву матэрыялізму, спажывальніцтва і бездухоўнасці. Захапляюцца яго прароцтвамі, што ўжо спраўдзіліся, спраўджваюцца і, найхутчэй, будуць спраўджвацца цягам гісторыі чалавецтва.
Прыпавесць пра Вялікага інквізітара з рамана “Браты Карамазавы” займае вузлавое месца ў творчасці Дастаеўскага. У адной главе пісьменнік распавёў, можна сказаць, гісторыю і трагедыю хрысціянскай цывілізацыі. Прыпавесць, відавочна напісаная ў піку каталіцызму з яго цэнтралізацыяй, папствам, выдатна прымяраецца намі амаль на любы час і любы хрысціянскі народ. У ёй – пра тое, як баіцца чалавек духоўнай свабоды, асабістых дачыненняў з Хрыстом. Настолькі баіцца, што з радасцю аддае сваю свабоду Вялікаму інквізітару, гэткаму кіраўніку касты жрацоў, які за тое дае чалавеку хлеб і нібыта пазбаўляе ад штодзённай адказнасці перад Богам. Людзі з радасцю нясуць Вялікаму інквізітару сваю духоўную свабоду. Бо інквізітар будзе думаць і вырашаць за іх, а яны – проста жыць у сваю асалоду. Чалавек аддаваў асабістую свабоду сярэднявечнай інквізіцыі, а пасля – Гітлеру, Сталіну… А цяпер людзі, можна сказаць, аддалі яе навуковаму прагрэсу, гэткаму Молаху, які пажырае іх душы. Навука сказала: “Бога няма, прынамсі маімі сродкамі даказаць яго існаванне няможна. А таму не грузі, чалавек, сабе галаву ўсялякай лухтой. Жыццё даецца аднойчы. Спяшайся жыць. Я накармлю цябе, апрану і забаўлю відовішчамі, каб не заставалася месца роздумам, захіну цябе імі ад твайго дакучнага Бога. Замест духоўнай волі табе дасца багата вольнага часу, які ты прысвеціш радасцям жыцця, выключна матэрыяльным радасцям; табе дасца воля хуткіх камунікацый: паветраныя лайнеры, мабільнікі і кампутары… Вер толькі ў мяне, чалавек, руш за мною і станеш шчаслівы!”.
І чалавек каторы раз пайшоў на повадзе Вялікага інквізітара.
Аднак не забудземся, што кожны такі паход заканчваўся досыць трагічна.
Дзіцячы час Уладзіміра Машкова, або Зноў пра нашу няпамятлівасць
Мы, беларусы, надзіва шчодрыя людзі. Тэнісістка Марыя Шарапава з бацькам-гамяльчанінам, жывучы ў ЗША, праслаўляюць расійскі сцяг. Выхадцы з Беларусі займаюць віднае месца ў расійскай палітыцы. Нашы маладыя спевакі перамагаюць на расійскіх тэлеконкурсах песні. Нашы пісьменнікі шчыруюць зноў жа на рынку ўсходняй суседкі. І толькі няма прарока ў сваёй айчыне – у Беларусі.
Гаворка далей пойдзе, натуральна, пра літаратуру, а дакладней, пра дзіцячую літаратуру, пра стан і перспектывы якой неаднойчы гутарылі на старонках “ЛіМа”. Са шматлікіх дыскусій і артыкулаў вынікала, што ў нас дзіцячая літаратура знаходзіцца ў катастрафічным стане, што талентаў па пальцах адной рукі можна пералічыць і г.д. Аднак, спадары, перш чым разважаць пра сучаснае і будучае беларускай дзіцячай літаратуры, напэўна, трэба не забывацца пра яе мінулае. А то міжволі складваецца ўражанне, што ў нас з вартых твораў ёсць толькі “Палескія рабінзоны” шаноўнага Янкі Маўра.
За шмат гадоў чытання нашай літаратурнай перыёдыкі я лічаныя разы сустракаў імя пісьменніка Уладзіміра Машкова. А з часу яго смерці – прайшло гадоў пяць – пра яго практычна не ўзгадваюць. І гэта на фоне жалобнага ляманту пра дзіцячую літаратуру. А між тым творы Ул.Машкова на слыху ў розных пакаленняў людзей. Яго кнігамі, што выдаваліся на Беларусі з сярэдзіны 60-х гадоў, зачытваюцца і па сёння. Колькі разоў я, згадваючы ў розных кампаніях назвы яго дзіцячых аповесцяў, імгненна чуў жывую рэакцыю. «Между «А» и «Б», «Веселая дюжина», «Как я был вундеркиндом», «Соскучился по дождику» (знарок прыводжу назвы твораў па-руску – так, як яны пісаліся, друкаваліся і ўваходзілі ў грамадскую свядомасць) – без перабольшвання можна назваць культавымі. Яны сталі такімі без усякай штучнай раскруткі праз літаратурныя прэміі, тусоўкі, яркія тэлеэкранізацыі, без увядзення ў школьныя падручнікі. З таго, што пастаўлена па творах Машкова, я запомніў толькі тэлеспектакль па «Между «А» и «Б» і надзвычай няўдалы фільм па «Как я был вундеркиндом», зняты на “Беларусьфільме”. Той жа “Беларусьфільм” зняў шэдэўральныя дзіцячыя стужкі па творах А.Рыбакова і яшчэ нямала выбітных дзіцячых фільмаў. Гэта і зразумела, на экранізацыю расійскіх аўтараў выдаткоўваліся сур’ёзныя сродкі, запрашаліся лепшыя акцёры і рэжысёры. Машкоў жа быў тутэйшы, мінчанін, а значыць, па тым часе – правінцыял.
І ўсё ж мастацкая вартасць літаратурных твораў – рэч непарушная. Яны рана ці позна атрымоўваюць належную ацэнку, займаюць адпаведнае месца ў літаратурнай іерархіі. Ужо абдумаўшы гэты артыкул, я вырашыў пашукаць узгадванні пра Ул.Машкова ў Інтэрнэце і, на сваё здзіўленне, выявіў, што яго аповесці ўключаныя ў самую аўтарытэтную і вядомую рускамоўную электронную бібліятэку http://www.lib.ru. А туды не ўносяць за прыгожыя вочы і дзяржаўныя прэміі. Там прадстаўлены лепшыя творы расійскіх пісьменнікаў і сусветная класіка. Для параўнання, з беларускіх класікаў у http://www.lib.ru патрапілі толькі Быкаў і Караткевіч.
Што лепшыя дзіцячыя аповесці Ул.Машкова з’яўляюцца літаратурнымі шэдэўрамі, для мяне было ясна даўно. Іх вартасць я правяраў гадамі. З часу, калі ледзьве навучыўся чытаць, і да нашых дзён, калі парадкам абазнаўся ў літаратуры, я перачытваў творы Ул.Машкова незлічоную колькасць разоў. І цяпер, як і ў сямігадовым узросце, захапляюся, нават прыдзірлівым вокам крытыка не знаходжу ў іх слабых месцаў.
Чаму я насмеліўся даць такую высокую ацэнку творчасці Ул.Машкова? А таму, напрыклад, што звышпапулярныя аповесці А.Рыбакова (“Корцік”, “Бронзавая птушка”), пры ўсёй іх мастацкай сіле, нашмат саступаюць творам нашага земляка. Рыбакоў выкарыстоўвае сюжэт Марка Твэна, дзе “добрыя” шукаюць скарб, а “дрэнныя” ім замінаюць. Да таго ж яго аповесці гожа падпявалі сацыялістычнаму ладу жыцця, савецкай ідэалогіі. Змяніўся час – і актуальнасць іх змізарнела.
У любімых мной “Палескіх рабінзонах” Я.Маўра прысутнічаюць ідэі Д.Дэфо і таго ж М.Твэна. У разрэкламаваных праз мультфільмы творах Э.Успенскага пра ката Матроскіна праглядваюцца прыёмы славутай Астрыд Ліндгрэн.
Ул.Машкоў жа, апрача мастацкай пераканаўчасці тэкстаў, гранічна арыгінальны. У яго, нягледзячы на суровы час напісання твораў, няма “савецкіх” нацяжак, дакучлівых павучанняў і фальшывага пафасу. Ён “глядзіць” на свет вачыма дзіцяці, як правіла, пішучы ад першай асобы. Ён геніяльна пераўвасабляецца ў персанажы і выклікае адназначны давер чытачоў, прычым як дзяцей, так і дарослых. Ствараецца поўная ілюзія, што табе апавядае сам герой-падлетак! Машкоў не эксплуатуе вядомыя сюжэты, а бярэ тэмы з надзённага жыцця, “з-пад ног”, не абвастраючы іх прыцягнутай за вушы героікай. У тэкстах ніякай вады, тонкая іронія, дабрыня, прыроднае пачуццё меры; мараль не ляжыць на паверхні, а крыецца ў глыбінях, куды чытач мусіць самастойна пранікнуць. Усе аповесці адна да адной не падобныя, пісьменнік не паўтарае нават уласныя прыёмы.
Вось сцісла пра сюжэты лепшых твораў Ул.Машкова, каб было зразумела тым, хто не чытаў.
“Паміж “А” і “Б”. Галоўны герой – шасцікласнік, разгільдзяй, прайдоха, бязбацькавіч, выклікае сімпатыю з першых жа старонак. За шматлікія правіны яго пераводзяць з элітнага класа “А” ў другарадны “Б”. Там яго ацэньваюць за ўменне гуляць у футбол, за шчырасць і вулічную адвагу. Адчуўшы падтрымку, ён прыводзіць клас “Б” на першае месца па футболе, па ваенна-патрыятычнай працы і г.д. Пры канцы навучальнага года клас “Б” выходзіць у лідэры па розных паказчыках. Клас “А” ў разгубленасці. Усё мусіць вырашыць спаборніцкі турпаход на пачатку лета, дзе герой апынаецца перад няпростым маральным выбарам: у старым класе – даўні сябар і дзяўчынка, якую ён пакахаў. Аповесць насычана трагікамічнымі сітуацыямі, трымае ў напрузе да апошніх радкоў, ненавязліва выхоўвае лепшыя чалавечыя якасці. Яна актуальная сёння, як і сорак гадоў таму, бо засяроджваецца не на побыце, звязаным з пэўным часам, а на душы чалавека.
“Як я быў вундэркіндам”. Тут галоўны герой, наадварот, ніякі не разгільдзяй, а выдатнік вучобы. Ён загружаны дадатковымі заняткамі і не мае ні хвіліны аддухі. Пасля школы калясіць па горадзе па настаўніках, што выкладаюць яму англійскую мову, фізіку, матэматыку, музыку і нават плаванне. Вяртаецца так позна, што бацькі ўжо спяць, і мусіць гутарыць з імі праз ліставанне (выдатны гратэск). Аднакласнікі яго не любяць, з ім не сябруюць, ён не ведае, чым заняцца на пераменках. Але ёсць сусед Грышка, аднагодак, шустры малец, які нечакана адкрывае для героя чароўны свет дзіцячых гульняў, прыгодаў, увогуле прыгажосці жыцця. Герой, каб выбавіцца з цянётаў дадатковых заняткаў, прыкідваецца перад настаўнікамі невукам. Ён паступова ператвараецца ў звычайнага хлопчыка, здольнага на самыя хітрыя, рызыкоўныя і разам з тым высакародныя ўчынкі. Складаная псіхалагічная задача твора вырашаецца Машковым з нязмушанай лёгкасцю. Аповесць чытаецца неадрыўна.
“Засумаваў па дожджыку”, на маю думку, найлепшы твор Ул.Машкова, апавядае пра ўцёкі падлетка, гамяльчаніна, з дому з-за праблем у сям’і і школе. Ён трапляе на ўзбярэжжа Чорнага мора, дзе бяздомнічае і выжывае за кошт кемлівасці ды адвагі; напрыканцы герой дабіраецца аж да Валгаграда. Яго, вядома ж, шукае міліцыя, збіваецца з ног. Аповесць напоўнена, акрамя ўсяго, лірызмам, нейкім прасветленым сумам; падача матэрыялу абсалютна новая, самабытная. Сказаць, што твор проста займальны і многаму вучыць – гэта будзе мала і суха. Ён ашаламляе і занатоўваецца ў памяці назаўжды, шмат у чым дапамагае на далейшых жыццёвых дарогах.
Аднак узгаданыя аповесці Ул.Машкова, як усе высокамастацкія творы, – гэта больш чым жыццё. Гэта сінтэз найбольш характэрных і яскравых яго праяў. Гэта свой арыгінальны, адасоблены свет, дзіцячы свет. Нездарма кніга Ул.Машкова, дзе сабраныя лепшыя творы пад адной вокладкай, называецца «Детское время» («Юнацтва», 1987 г., 528 с., тыраж 125.000 ас.). Кніга нашага земляка, пісьменніка унікальнага таленту, творы якога могуць годна прадстаўляць нашу літаратуру на сусветным узроўні. Усё цяпер залежыць ад нас, ад таго, ці захочам мы быць годна прадстаўлены. Або звыкла захінёмся лозунгам “у нас нічога няма” і будзем вырашаць асабістыя кнігавыдавецкія справы? Бо прызнаўшы, што ў нас “нешта ёсць”, неабходна аддаваць друкаваную плошчу таленавітым. Ці ўсе на гэта гатовыя?
Чытайце, калі ласка, кнігі Уладзіміра Машкова, купляйце (для гэтага прынамсі трэба іх перавыдаць) сваім дзецям і ўнукам. Магчыма, нехта з іх, апанаваны белай зайздрасцю, стане калі-небудзь пісьменнікам. Або проста добрым чалавекам. А гэта, сябры, нямала.
Апошняя аповесць Ул.Машкова, выдадзеная асобнай кнігай недзе ў серэдзіне 90-х, уяўляла з сябе адно бледны цень яго лепшых аповесцяў (і тым не менш распрадалася за тыдзень). Надышоў час гвалту і рэзруху. “Дзіцячы час” Уладзіміра Машкова закончыўся. На мяжы тысячагоддзяў страшная хвароба забрала ад нас найвыбітнейшага (гавару адказна і смела) дзіцячага пісьменніка Беларусі.
Давайце ж шанаваць яго памяць. Выдаваць яго кнігі. Перакладаць іх на нацыянальную мову. Дзеля сваіх дзяцей. Дзеля нашай далёкай і блізкай будучыні.
Што чытаць дзецям?
Дзіцячая літаратура – рэч надзвычай сур’ёзная, і займацца ёю трэба адмыслова, аддаючы ўсю душу. Або не займацца зусім. У гэтым мяне пераконваюць некаторыя кнігі сучасных беларускіх празаікаў, адрасаваныя дзецям.
Адразу варта паразумецца, што такое дзіцячая літаратура, які яе дыяпазон. Бо, згадзіцеся, казка пра курачку-рабу і “Востраў скарбаў” Р-Л. Стывенсана – гэта розныя ва ўсіх адносінах рэчы. Адна звернута да зусім маленькага чытача, другая – да чытача сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, больш таго, “Востраў скарбаў” можна чытаць з карысцю і ў сталасці, і ў старасці.
Увогуле, для чаго патрэбная дзіцячая літаратура, навошта яе прыдумала чалавецтва? Попыт нараджае прапанову. А попыт на інфармацыю ў маленькіх людзей, якія пачынаюць спазнаваць свет, велізарны і неспатольны. Дзіцячая літаратура, несумненна, выйшла з вусных народных казак, з тых часоў, калі не было яшчэ прафесійных літаратараў. Гэта значыць, літаратуры як такой не было, а дзіцячая літаратура фактычна ўжо існавала. Адсюль вынікае, што літаратура для дзяцей мае важнейшае значэнне, чым літаратура для дарослых. Фігуральна кажучы, дарослы пражыве і без “Боскай камедыі”, а вось дзіцё без казак наўрад ці сфарміруецца ў нармальнага чалавека.
Ледзь толькі пачаўшы размаўляць, малыш імкнецца пашырыць свой кругагляд. А пашырае ён яго не толькі досведам рэчаіснасці, але і фантазіяй, якая тоесная абстрактнаму мысленню – якасці, што адрознівае чалавека ад іншых жывых істот. Найлепшай спажывай для прагнай фантазіі дзіцяці з’яўляюцца казкі, прыгоды, розныя таямніцы. У казках разам з людзьмі і нароўні з імі дзейнічаюць жывёлы, надзеленыя чалавечымі якасцямі. Думаецца, так атрымалася ад таго, што розум дзяцей патрабуе для характарыстыкі персанажаў акрэсленасці, маскі, якая ўжо сваёй вонкавасцю дае псіхалагічны тыпаж. Воўк – гэта максімальнае зло. Заяц – спрытнюга і баязлівец. Мядзведзь – гультай-здаравіла. Свіння – увасабленне тупасці. Баба-Яга, Змей-Гарыныч – гэта наогул прадстаўнікі апраметнай. Ванька-дурань – ён дурань і ёсць. Цар, кароль – сімвал улады, высакароднасці. Чараўнік – уладар над містычнымі сіламі, праваднік, які звязвае рэчаіснае з тагасветным.
Лёгка зрабіць выснову, што любая дзіцячая літаратура – прыгодніцкая, дзе можа прысутнічаць элемент чароўнага, фантастычнага. Аднак адразу агаворымся, што далёка не ўся прыгодніцка-фантастычная літаратура можа стацца дзіцячай.
Адной з умоў дзіцячай літаратуры, крытэрыем адрознення яе ад дарослай, з’яўляецца яе этычны аспект і абмежаванні ў тых сферах чалавечых стасункаў, якія дзіцё не ў стане зразумець у сілу аб’ектыўных прычын. Кнігі для дзяцей не павінны вучыць благому. Зло, якое абавязкова ў іх прысутнічае, супрацьпастаўляецца дабру і заўсёды асуджаецца, прайграе. Дзіцячая літаратура, як правіла, не закранае палітыкі, глыбінь навукі і псіхалогіі, а таксама сферы сексуальных адносін, каханне ў дзіцячай літаратуры носіць выключна духоўны характар.
Мова, якой пішуць кнігі для дзяцей, павінна быць максімальна простая і разам з тым вобразная, даходлівая. Недапушчальныя перагрузка метафарамі, расцягванне сказаў, захапленне ўстаўнымі сказамі і г.д.
Усе прыведзеныя мною крытэрыі характэрныя для класікі жанру, для тых кніг дзіцячай літаратуры, якія на працягу стагоддзяў падарыў нам сусвет. Іх усё-ткі варта назваць, паколькі складваецца ўражанне, што з-за лавіны электроннай інфармацыі, якая абрынаецца на нашы галовы, бацькі забываюцца даваць дзецям класічную літаратурную адукацыю (я не агаварыўся, менавіта найперш бацькі – не настаўнікі). Шэдэўры дзіцячай літаратуры замяняюцца жвавымі мульцікамі, якія зляпаны камп’ютэрнымі праграмамі, а вандроўкі па старонках прыгодніцкіх кніжак – падарожжамі па лабірынтах камп’ютэрных “стралялак” і “бегалак”.
Буду называць аўтараў і іх найвядомейшыя творы для дзяцей, групуючы па раздзелах, хаця дзяленне гэтае досыць умоўнае. Не забудуся, вядома ж, на класіку рускай і беларускай літаратур.
Казкі: браты Грым (“Воўк і сямёра казлянятаў”, “Чырвоны Каптурок”), Х-К. Андэрсен (“Снежная кралева”, “Брыдкае качаня”), Ш. Перо (“Папялушка”, “Кот у ботах”), Л. Кэрал (“Аліса ў краіне цудаў”), Р. Кіплінг (“Маўглі”, “Котка, якая гуляла дзе пажадае”), Дж. Радары (“Чыпаліна”), А. Талстой (“Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна”), Дж. Харыс (“Братка Ліс і братка Трус”), А. Мілн (“Віні-Пух”), Э. Успенскі (“Кракадзіл Гена і яго сябры”), М. Носаў (“Прыгоды Нязнайкі”), А. Волкаў (“Чараўнік ізумруднага горада”, перапрацоўка казкі Ф. Баўма “Мудрэц з краіны Оз”).
Аповесці і апавяданні з рэалістычным сюжэтам (але, магчыма, з элементамі фантастыкі). А. Ліндгрэн (“Тры аповесці пра Малыша і Карлсана”, “Пэпі Доўгаяпанчоха”, “Эміль з Лёнебергі”), М. Твэн (“Прыгоды Тома Соера”, “Прыгоды Гекльберы Фіна”), Р-Л. Стывенсан (“Востраў скарбаў”), Ж. Верн (“Пятнаццацігадовы капітан”), А. Шклярскі (серыя раманаў пра прыгоды Томаша Вільмоўскага), А. Бяляеў (“Чалавек-амфібія”), А. Гайдар (“Цімур і яго каманда”, “Чук і Гек”), М. Носаў (апавяданні, аповесць “Віця Малееў у школе і дома”), А. Рыбакоў (“Корцік”, “Бронзавая птушка”). З беларускай класікі: Я. Маўр (“Палескія рабінзоны”, “У краіне райскай птушкі”, “ТВТ”), М. Лынькоў (“Міколка-паравоз”), Ул. Машкоў (“Паміж “А” і “Б”, “Вясёлы тузін”, “Як я быў вундэркіндам”, “Засумаваў па дожджыку”).
Вышэйпрыведзены спіс – гэта своеасаблівая база, без якой, перакананы, не можа адбыцца сапраўдны літаратар, калі яго пазбавілі гэтых кніг у дзяцінстве. З гэтым мінімальным спісам можна смела адпраўляцца ў бібліятэку і пачынаць адукоўваць сваё дзіця, калі бацькі хочуць выгадаваць з яго інтэлігента гуманітарнага профілю.
Памятаю, як у школе, у класе пятым ці шостым, мы перажывалі літаратурны бум не меншы, а значна большы, чым цяпер адбываецца з “Гары Потэрам”. Тады гэта былі кнігі польскага дзіцячага празаіка Альфрэда Шклярскага. Купіць іх было немагчыма. Практычна немагчыма было і дастаць. Калі ж камусьці ўдавалася здабыць адзін з раманаў серыі пра адважных польскіх падарожнікаў, то кніга прыносілася ў клас і перадавалася з рук у рукі з умовай – на адны суткі. За адзін вечар мы праглыналі раман у трыста старонак і ашчасліўлівалі ім наступнага аднакласніка ў прагнай чарзе чытачоў. Незабыўнае пачуццё, калі кніга літаральна ўсмоктваецца ў цябе, як вада ў апанаванага смагай вандроўніка. Ты нібы напраўду брыдзеш па джунглях Новай Гвінеі або перавальваеш Гімалаі з Томікам Вільмоўскім, яго бацькам і вернымі сябрамі-паплечнікамі. Разам з захапляльным сюжэтам кніга рассоўвала для нас далягляды зямлі, паказвала краіны, народы, звычаі, адукоўвала, выхоўвала высакародства, якое самым натуральным чынам перадавалася нам ад нязломных палякаў – герояў васьмі раманаў А. Шклярскага. Тады я зразумеў, што значыць любіць сваю нацыю. Аказваецца, ці не кожная кропка на зямным шары ўганараваная нейкім выбітным палякам, героем, выгнаннікам з захопленай расейскім царызмам радзімы – так нам умела і далікатна даводзіў пры любой зручнай магчымасці аўтар.
Дарэчы, дзякуючы творам Астрыд Ліндгрэн, я жыва сабе ўявіў і палюбіў Стакгольм – горад, над пакручастымі дахамі якога лёталі неразлучныя Малыш і Карлсан. Крыху пра гэтых двух персанажаў, пра гэтую, па-мойму, найвялікшую знаходку ў дзіцячай літаратуры. Бо ж хто такі Карлсан? Гэта такі сябар, якога многім з нас пастаянна не хапае ў дзяцінстве. Мала любові бацькоў, мала братоў і сясцёр! Трэба яшчэ нешта інтымнае, толькі сваё. І вось гэтая сублімацыя дзіцячага кахання, якое ў юнацтве разгарыцца ў цягу да процілеглага полу, ёсць геніяльна ўгаданы шведскай пісьменніцай таўсматы чалавечак з маторчыкам. Ён, па сутнасці, абсалютная фантазія Малыша, сябар, які прыходзіць скрозь каменныя сцены тады, калі табе сумна і адзінока. Як любы “каханак”, Карлсан адчувае сваю значнасць для Малыша, а таму капрызіць, сваволіць, дамінуе над хлопчыкам, які ўзрадаваны толькі тым, што любімы Карлсан на яго не забыўся. Малыш не можа лятаць, а таму Карлсан з ім не ў роўных умовах. Ён можа выпырхнуць з акна і болей не прыляцець, калі яго чымсьці пакрыўдзіш. Малыш раўнуе Карлсана да сваіх таварышаў, прычым ахвотней дзеліць яго з дзяўчынкамі, чым з хлопчыкамі. Што яшчэ раз пацвярджае любоўную прыроду іх узаемаадносінаў. А колькі такіх “малышоў” па ўсім свеце – самотных, зажураных, запёртых у пакаранне ў сваім пакойчыку. І да колькіх з іх у хвіліны маркоты прылятае дзякуючы Ліндгрэн выратавальны Карлсан!
Вось сіла дзіцячай літаратуры. Вось яе значнасць. І таму заўсёды балюча ўспрымаю халтурныя з’явы, калі маленькага чытача крыўдзяць і водзяць за нос, калі яго папросту падманваюць.
У мяне на стале вялікі стос кніг вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка Аляксея Якімовіча. Усе яны выдадзеныя не абы-дзе, а ў дзяржаўным выдавецтве “Юнацтва”. Пералічу іх: “Гордзіеў вузел” (1987 г.), “Эльдарада просіць дапамогі” (1989 г.), “Сакрэт Тунгускага метэарыта” (1993 г.), “Пастка для пярэваратня” (1997 г.), “Залатая дзіда” (2001 г.). З-за немагчымасці грунтоўна прааналізаваць усю творчасць аўтара абмяжуюся яго першай і апошняй, па храналогіі, кнігамі – з тых, падкрэслю, што ёсць у мяне.
Пачнём з “Залатой дзіды”. У ёй аўтар апісвае незвычайныя, фантастычныя прыгоды герояў-школьнікаў, а дакладней, беларускіх шасцікласнікаў у Лацінскай Амерыцы. Як яны туды трапілі? А папросту выйгралі конкурс на лепшае веданне іспанскай мовы. Вось так усе трое сяброў выйгралі конкурс – і паляцелі. Ім, праўда, дадзеная ў апекуны настаўніца, але, каб не замінаць адважным вучням разбірацца з індзейцамі і вампірамі, яна захварэла і легла ў мясцовую бальніцу. Карацей, твор пачынаецца з самага што ні ёсць фальшу, які не схаваеш за ярлыком “фантастыка”. Бо фантастычнае – не сінонім бязглуздага. Але яшчэ раней, у першых жа абзацах, мы даведваемся, што на зямлі індзейцаў мапучэ (якія пражываюць у непралазных джунглях) стаіць страшэнная засуха. Усё гіне. І правадыр намерыўся зарыць у зямлю рытуальную галіну і прынесці ў ахвяру суроваму мясцоваму богу самых адкормленых лам – каб бог паслаў дождж.
Тут увага! Паводле тлумачальнага слоўніка, джунглі – гэта густы непраходны лясны зараснік у балоцістых мясцовасцях трапічных краін. Таму засуха, якой там, дзе растуць джунглі, у прынцыпе быць не можа, спатрэбілася аўтару адно для таго, каб здзейсніць задуманы рытуал, выклікаць бога, які спусціўся б на бліскучым шары. У гэты шар бог забраў лепшага воіна племені і паляцеў немавед куды. Праўда, паслаў абяцаны дождж. Далей, праз сем гадоў, адважны воін аб’яўляецца ў адным з лацінаамерыканскіх гарадоў, дзе з ім сустракаюцца беларускія шасцікласнікі, вядуць нязмушаныя гутаркі па-іспанску і пачынаюць разблытваць нейкія штучныя, бессістэмныя таямніцы. Балазе ж настаўніца залегла ў лякарню! Па гэтым горадзе блукаюць вампіры, і нехта вылавіў міфалагічнага карліка, у якога галава павернута тварам назад.
Не ведаю, ці можа нармальны чытач адолець хоць некалькі старонак такога містычна-прыгодніцкага вінегрэту, дзе адсутнічаюць элементарныя прычынна-выніковыя сувязі і рэшткі здаровага сэнсу.
У кнізе ёсць і апавяданні. У адным з каторых (“Пажар”) хлопчыка душыць сусед за тое, што той быў сведкам яго заляцанняў да маці хлопчыка. Атрымаўшы адпор сваім сексуальным прыставанням, помслівы сусед падпаліў хлеў. Хлопчык спрабаваў вымагаць з яго за маўчанне грошы. За што ледзь не развітаўся з жыццём. І гэта тэма дзіцячай літаратуры?
Адзіны станоўчы момант я бачу ў грунтоўнай, адаптаванай да дзіцячага ўспрымання беларускай мове, якой напісаны кнігі А. Якімовіча.
Другая кніга, “Гордзіеў вузел”, пісалася Якімовічам значна раней, калі, мусіць, не былі яшчэ вычарпаны сюжэты і тэмы. Сюжэт кнігі цікавы, сімвалічны. Аднак заведама павучальны. У класе згубіўся алфавіт, і настаўнік заклікае добраахвотнікаў пусціцца на яго пошукі. Хутка трое пяцікласнікаў, сярод якіх адна дзяўчынка, лёгка адпускаюцца бацькамі ў загараднае падарожжа, каб шукаць “алфавіт”. На самай справе, падарожжа патрэбнае аўтару для таго, каб абучаць чытачоў сваёй кнігі розным народным прымаўкам ды прыказкам, выслоўям тыпу “ахілесава пята” і “гордзіеў вузел”. Трэба паставіцца з павагай да шырокай эрудыцыі Якімовіча. Вось толькі наўрад ці яна спрыяе мастацкасці твора ў цэлым. Бо чытач, а дзіцё – асабліва, вельмі не любіць, калі яго чаму-небудзь навязліва і бесперапынна вучаць. Чытач прагне эмоцый, прагне зліцца з героямі і пражыць іх жыццё, радавацца і бедаваць разам з імі. Хоча жыццёвай праўды. Думаць, што дзіцё непамерна дурнейшае за дарослых, – поўны абсурд.
Добра, што ў нас ёсць Уладзімір Машкоў, які непаўторна ўзараў самы складаны пласт літаратуры – дзіцячыя прыгоды, пазбаўленыя гераічна-фантастычнага складніку, пласт абсалютнага рэалізму. На маю думку, гэта найвышэйшы пілатаж у дзіцячай літаратуры. Такія аповесці Машкова, як “Паміж “А” і “Б” і “Як я быў вундэркіндам”, не маюць аналагаў у класіцы сусветнай дзіцячай літаратуры. Па мастацкай сіле яны могуць быць пастаўлены ў рад з рэалістычнай аповесцю А. Ліндгрэн “Эміль з Лёнебергі”, якая ўсё ж такі арыентавана на маладзейшага чытача (да сёмага класа). Узгаданыя ж творы Машкова з ахвотай чытаюцца нават дарослымі. Яго творчасць патрабуе шматграннага вывучэння і асэнсавання, і безумоўна – увядзення ў школьныя праграмы як лепшага ўзору айчыннай дзіцячай літаратуры. Застаецца толькі пашкадаваць, што Уладзімір Машкоў пісаў свае творы па-руску. Але, з іншага боку, дзякуючы гэтаму яны атрымалі розгалас на прасторах былога Саюза, перакладаліся яны і на мовы некаторых суседніх (тады сацыялістычных) краін.
Аповесць Людмілы Рублеўскай “Пярсцёнак апошняга імператара” таксама можа быць вызначана як дзіцячая літаратура. Тым больш што кніга, у якой аповесць з’явілася, выйшла ў выдавецтве “Юнацтва” ў серыі “Бібліятэка прыгод і фантастыкі” (“Сэрца мармуровага анёла”, 2003 г.). У аповесці даволі цікавы дэтэктыўны сюжэт і шмат таямнічага. Шмат там і высакародных ідэй наконт лёсу беларускай нацыі, багата разважанняў пра культуру і мастацтва нашай краіны, пра ролю літаратуры ў жыцці чалавека. Але ж бяда ў тым, што ідэі гэтыя даўно агучаныя класікам нашай літаратуры Уладзімірам Караткевічам, роўна як і вынайдзеныя сюжэты (раманы “Нельга забыць”, “Чорны замак Альшанскі”), якімі пісьменніца свядома ці несвядома ў сваёй аповесці карыстаецца. Асноўная памылка Рублеўскай у тым, што яна змяшчае ў гераічныя тыпажы Караткевіча (Антон Косміч, Андрэй Грынкевіч) жаночую душу – Магдаліну Дарбут, што выглядае ўжо зусім недарэчна. Мужчына і жанчына – гэта прыродныя антыподы. А таму тое, што ў Караткевіча высокае і гераічнае, у Рублеўскай набывае відавочныя карыкатурныя рысы.
Да таго ж пісьменніца перагружае чытача сваім культуралагічным досведам, развагамі пра высокае-добрае-вечнае, якія адно размазваюць дэтэктыўны сюжэт. Тэкст, увогуле пазначаны высокай культурай мовы, часам перанасычаецца дзіўнымі параўнаннямі (стары нагадвае “букет мінулагодняга быльнягу”, “Светка завішчала, як злоўленая русалка”, “вузкі, як саркафаг, пакойчык”). Скажыце, хто-небудзь бачыў букет мінулагодняга быльнягу, або лавіў русалак і слухаў іх віскат? Вобразнасць павінна дапамагаць чытацкаму ўспрыманню, а не перашкаджаць. Праўда, іншым разам матафара ўдаецца: “Першыя таполевыя сняжынкі плылі над скверам маленькімі прывідамі”.
Няважныя справы ў аповесці і з вызначэннем часу дзеяння. Гэта тым больш насцярожвае, паколькі Рублеўская пераходзіць у розныя часавыя пласты, дзе цякуць паралельныя лініі аповесці. Пра тое, што аповесць пачалася прыблізна з 1987 года, я даведаўся дзякуючы дэдуктыўнаму метаду адно на 30-й старонцы. Уяўляю, як ламалі свае галовы юныя чытачы. Недзе пасярод аповесці гаворыцца, што галоўную гераіню “нейкая сіла цягнула да пісьмовага стала, і на паперу клаліся радкі, чамусьці на беларускай мове”. І гэта пасля таго, як мы цвёрда ўведалі, што Магдаліна Дарбут вучылася ў маскоўскім літінстытуце, затым перавялася на айчынны філфак і ўсё яе атачэнне, уключаючы жаніха, – беларускамоўная інтэлігенцыя. У такіх лагічных хібах трэба вінаваціць не толькі аўтара, а і рэдактараў кнігі.
Прыемна ўразіла аповесць Васіля Гігевіча “Марсіянскае падарожжа”, што выйшла ў аднайменнай кнізе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” (1990 г.). Гэта глыбокі, удумлівы твор навуковай фантастыкі, які можа быць смела рэкамендаваны чытачам старэйшага школьнага ўзросту. Адчуваецца, што аўтар грунтоўна вывучаў праблему, пра якую піша, перахварэў ёю. У аповесці я не заўважыў ніводнай фальшывай ноты, а таму невялікія агрэхі ў псіхалогіі персанажаў ніякім чынам не псуюць твор. Падкупляе абраная Гігевічам спавядальная манера пісьма: да нас звяртаецца адзін з апошніх ацалелых людзей з марсіянскай калоніі зямлян, хутка касмічны холад прыбярэ яго да сябе. А далей ідзе перадгісторыя марсіянскай каланізацыі, дзе ў ненавязлівай зграбнай форме выказваюцца думкі аўтара пра праблемы нашай цывілізацыі, пра тое, што чалавеку пагражае стацца марыянеткай у руках штучнага інтэлекту. Што, дарэчы, ужо адбываецца ў трэцім тысячагоддзі, як і прадказваў аўтар. Нельга не заўважыць выдатную беларускую мову твора, пазбаўленую хітрамудрых абаротаў, дыялектызмаў, флёру ды іншай мішуры, якая перашкаджала б чытацкаму ўспрыманню, парушала б гармонію. “Марсіянскае падарожжа” – адзін з лепшых узораў навуковай фантастыкі, якія мне даводзілася чытаць.
Дзіцячая аповесць Валерыя Гапеева “Пастка на рыцара” (“Юнацтва”, 2002 г.) пакінула дваістае ўражанне. З аднаго боку, яна мае арыгінальны дэтэктыўны сюжэт, напісана даходлівай мовай, прасочваецца неабыякавасць аўтара да праблем школьнікаў, веданне іх псіхалогіі. А з другога, відавочна, што ідэя, выбраная Гапеевым, свядома высоўваецца ім на пярэдні план, не прыхаваная жыццёвымі рэаліямі, усё падпарадкавана гэтай высакароднай ідэі рыцарства (міжволі згадваем Сервантэса). Я вучыўся ў розных школах, і нідзе не толькі не думалі пераставаць крыўдзіць слабейшых, а рабілі гэта з адмысловай бязлітаснасцю. У “Пастцы на рыцара” дзейнічае падпольны ордэн, які сочыць у класе за парадкам і справядлівасцю. Гапееў імкнецца да жыццёвай праўды і адначасова ўводзіць ненатуральнага рыцара ў латах (не раўнуючы Дон-Кіхота), які б’е пасля школы пугай галоўнага хулігана класа. Пісьменнік намагаецца вырашыць праблемы рэальнасці з дапамогай фантастыкі. Тым больш расчароўваешся, калі напрыканцы рыцарам аказваецца самая слабая і нягеглая вучаніца класа. Гэта фантастыка, як той казаў, у квадраце. У дадзеным выпадку змешванне жанраў не прынесла карысці твору, які, тым не менш, мае досыць высокія мастацкія вартасці і, несумненна, будзе цікавы і карысны для маладых чытачоў.
Ёсць таксама ў беларускай літаратуры творы, напісаныя літаратарамі без свядомай арыентацыі на юнага чытача, але творы тыя, у сілу іх займальнасці, мастацкасці і прыстойнасці тону, могуць быць дзецям прапанаваны. Гэта некаторыя аповесці вядомага празаіка Анатоля Казлова (асабліва “Дзеці ночы” з кнігі “Незламаная свечка”), а таксама творы неардынарнага пісьменніка-фантаста Юрася Нератка (асабліва аповесці “Дыверсія” і “Мутант” з кнігі “Закуцце”).
Ёсць выдатныя ўзоры дзіцячай прозы Андрэя Федарэнкі, які піша, як правіла, на дарослыя тэмы, але часам пераключаецца на дзіцячую прыгодніцкую літаратуру. У сваіх аповесцях “Шчарбаты талер” і “Афганская шкатулка” (з аднайменных кніг) Федарэнка развівае прыгодніцкія сюжэты, калісьці задэклараваныя Р-Л. Стывенсанам і М. Твэнам. Прычым робіць гэта таленавіта, з веданнем псіхалогіі падлеткаў, а галоўнае, з любоўю і павагай да чытачоў.
Не так даўно выйшлі ў свет кнігі казак Раісы Баравіковай (“Казкі астранаўта”) і Алены Масла (“Таямніца закінутай хаты”). Яны парадуюць чытача сярэдняга школьнага ўзросту як сваёй цудоўнай паліграфіяй, так і цікавым зместам. У казках Масла пераважаюць прытчавыя матывы. У казках Баравіковай – касмічныя падарожжы, якія таксама збольшага маюць іншаказальны, абагульняльны сэнс.
Таксама можна рэкамендаваць чытачам кнігі і асобныя творы дзіцячай літаратуры Уладзіміра Ягоўдзіка, Міхася Пазнякова, Анатоля Зэкава, Алеся Бадака. А з тых, што выходзілі ўжо даўно, – творы Паўла Місько, напрыклад, кнігі “Прыгоды бульбобаў”, “Навасёлы”.
Аналіз палітры дзіцячай літаратуры – па вялікім рахунку, справа навуковага інстытута. Я ж, па меры магчымасці, кінуў свой суб’ектыўны рэтраспектыўны пагляд, параўнаў класікаў з сучаснікамі і выказаў на гэты конт свае асабістыя думкі. Хтосьці з імі не пагодзіцца, хтосьці абавязкова пакрыўдзіцца, хтосьці, магчыма, аспрэчыць у друку некаторыя мае сентэнцыі і прадставіць свае аргументы. Ад гэтага будзе толькі карысць.
Па закуццях свядомасці
Выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусціла ў серыі “Дэбют” кнігу даволі ўжо вядомага і ніяк не маладога празаіка Юрася Нератка “Закуцце”.
Кніга атрымала назву па аднайменным апавяданні, якое і дае зачын усёй чытанцы, стаіць па парадку першым. Гэта, па-мойму, наймацнейшы твор усёй кнігі, пацверджаннем чаму служыць хаця б тое, што апавяданне, нягледзячы на нетрадыцыйнасць тэматыкі, было надрукавана ў двух цэнтральных акадэмічных літаратурных часопісах, па-беларуску, а потым па-руску. Акрамя таго, назва “Закуцце” служыць добрай сэнсавай візітоўкай кнігі. Бо літаральна ўсе творы Нератка – з немалой таямніцай, а то і з чартаўшчынкай, у лабірынтах свядомасці аўтара гняздуюцца дзіўныя і, трэба прызнаць, не ўсім зразумелыя і прымальныя думкі.
З самім апавяданнем “Закуцце” ў чытачоў не павінна ўзнікнуць праблем. Сюжэт прыцягальны, заваблівы, але не празмерна закручаны. У гіблую вёсачку выпраўляецца “залатое пяро” газеты “Сенсацыя і будзённасць” карэспандэнт Кірыл Градоўскі. Выпраўляецца, каб сустрэцца са знакамітай мясцовай знахаркай Паўлючыхай і зрабіць выбітны артыкул. Далей усё разгортваецца па законах гогалеўскага “Міргарада”, дзе рэальнае пераплятаецца з містычным, дзе замест нячыстай сілы яўляюцца дапытліваму карэспандэнту язычніцкія багі. Аўтар, да ўсяго, яшчэ і добра адукоўвае чытача ў паганскай міфалогіі беларусаў. Аповед прачытваецца без раздражнення і з захапленнем.
Аднак далейшае вандраванне па кнізе можа азадачыць пэўную катэгорыю чытачоў – тых, якія выхаваныя на класічнай літаратуры, якія звыклі спачуваць героям, пазнаваць у іх пэўныя тыпажы, радавацца, бедаваць, праліваць над кнігай слязу. І справа не ў тым, што ўсе апавяданні Нератка пазначаны як “фантазіі”, а значыць, з’яўляюцца фантастычнымі. Аўтар ухітраецца адступіцца нават ад класікі абранага жанру, закручваючы часам такія сюжэты і дэкларуючы такія ідэі, якія не кожнаму, нават абазнанаму, чытачу па зубах.
У апавяданні “Альгемоны” Нераток паказвае змрочны свет гарадской каналізацыі, дзе, аказваецца, пражываюць плоймы дзівосных пачвар, якія харчуюцца адкідамі нашай цывілізацыі. Гэты свет адкрываецца звычайнаму сантэхніку. Тут, праўда, заўважаецца паралель з фільмамі жахаў, дзе пад зямлёй (каналізацыя, метро) селяцца то вампіры, то монстры, карацей, усялякая пякельная жыўнасць.
Апавяданне “Прашу разабрацца” вельмі хітрамудрае па сваёй фабуле. Таму не буду пра яго падрабязна распавядаць, скажу толькі, што яно малюе карціну паранаідальнага псіхозу аднаго чалавека, хворага на манію пераследу. Зрэшты, пры канцы аказваецца, што пераслед сапраўды меўся быць. Што не перашкодзіла галоўнаму герою насамрэч з’ехаць з глузду.
Апавяданнем “Дыверсія” аўтар паказвае складаную псіхічную падаплёку і нават небяспеку апантанага захаплення камп’ютэрам, у прыватнасці – электроннымі гульнямі, за якімі падлетак часам забываецца, дзе ява, а дзе фантазія. Надзвычай актуальны па сённяшнім часе твор.
Аповед “Саранча” аўтар ахарактарызаваў як “сярэдневяковая фантазія”. Мудрагелісты як па сюжэтных калізіях, так і па філасофскай начынцы твор. Там прысутнічаюць ведзьма, саранча, таполя, алхімік ды іншыя персаналіі, якія глядзець на белы свет па-свойму і досыць нязвыкла. Скласці гэтую літаратурную мазаіку – ужо пісьменніцкі подзвіг. Пажадаем яшчэ поспеху чытачу ў ёй разабрацца.
Творы “Разведчык” і “Мутант” напісаныя ў рэчышчы навукова-фантастычнай літаратуры. Але і тут аўтар злаўчыўся ўціснуць сваё “я”, зрабіўшы іх сапраўды літаратурнымі творамі, а не “стралялкамі”, “хадзілкамі” і “ляталкамі”. Там шмат абагульненняў, нестандартнага погляду на рэчы і з’явы. У “Мутанце” прасочваецца нават пародыя на сам жанр.
Апавяданне “Юбілей” зноў падсоўвае чытачу (ужо, мабыць, знерваванаму) ненармальнага чалавека. Шараговы супрацоўнік, уладальнік шматлікіх псіхалагічных комплексаў, запрашае на свой юбілей начальніка, з якім ніколі не быў у блізкіх адносінах. Дзіўна, што начальнік на гэта згаджаецца, і, як высвятляецца, на сваю бяду: падначалены хоча прымеркаваць юбілей да сваёй смерці, прычым разыгрывае самагубства так, што яно выдае на забойства. А яшчэ папярэдне мучыць некалькі гадзін запар беднага госця расповедамі пра “глыбіні” сваёй душы. Тут ужо няслаба тхне дастаеўшчынай.
У апавяданні “Тыграняты” герой расказвае свой дзіўны сон. Праўда, што гэта сон, чытач можа даведацца толькі ў самым канцы.
“Нерэалізаваныя шансы” – гэта аповед пра тое, як герой памёр і пры адлёце ў вечнасць балюча перажывае тое, што ён упусціў у жыцці. Дробныя выпадкі, аказваецца, з’яўляюцца разгалінаваннямі на дрэве жыцця, якое магло б пайсці па-іншаму, калі б не… калі б не выпала такая сухая і каравая галіна.
Падобную мэту пераследуе, напэўна, і апавяданне “Формула”, дзе Нераток разгортвае такую філасофскую дактрыну, перад якой я пасую. У гэты закутак аўтаравай псіхікі я, прызнаюся, пранікнуць не ў сілах. Але заўсёды ёсць уніклівыя і кемлівыя чытачы, якія дакапаюцца да любой сутнасці.
Як бачна з гэтага сціслага агляду, усе творы, за выключэннем апавядання “Закуцце”, прызначаныя для даволі дасведчанага і дапытлівага чытача. Ён мусіць запасціся цярпеннем, каб атрымаць асалоду ад гэтай, на мой погляд, вельмі неардынарнай і сэнсава напоўненай кнігі.
Асаблівасць аўтаравай манеры ў тым, што ён быццам адстараняецца ад сваіх персанажаў, не вельмі хварэе тэмамі, пра якія піша, да ўсяго ставіцца з іроніяй і намякае, што літаратура – гульня. З гэтай прычыны ён не можа запаліць чытача якойсьці сваёй ідэяй і тым больш навучыць чамусьці “высокаму”. Але менавіта гэтая адстароненасць дазваляе яму быць аб’ектыўным у ацэнках жыццёвых праяў, не дае збіцца на прымітыўнае павучальніцтва. Нератковы аповеды – шматпланавыя, шматслойныя, прычым гэтыя сэнсавыя слаі можа ствараць сам чытач.
Юрась Нераток, безумоўна, адкрыў свой напрамак у сучаснай беларускай фантастыцы. Ён з’явіўся неяк сам па сабе, без класічнай філфакаўскай адукацыі, і вытокі яго творчасці можна паспрабаваць адшукаць хіба што на прасторах сусветнай літаратуры. А хутчэй – у самім размаітым, складаным і ў прынцыпе неспазнавальным жыцці. Ён не прыхільнік традыцый. Ён цураецца нават прыблізнага эпігонства і знарочыста імкнецца ў першапраходцы. Гэта выклікае па меншай меры павагу.
Скончу тым, з чаго пачынаў: кніга Нератка, выпушчаная ў пачаткоўскай серыі “Дэбют”, дасць фору многім ганаровым серыям “Мастацкай літараты”. Бо перад намі сфарміраваны празаік з процьмай арыгінальных ідэй, з самабытнай манерай пісьма, са сваім “закуццем” душы.
Адказнасць за словы
Патрэба выказацца на гэтую тэму спела ўва мне даўно, але канчаткова пабудзіў да дзеяння артыкул Зміцера Вішнёва “Ліст да Мушкі” (“ЛіМ”, 27 мая 2005 года). Там аўтар мерыўся аналізаваць творчасць Вальжыны Морт, у прыватнасці кнігу “Я тоненькая як твае вейкі”. Ніякага аналізу там, праўда, не атрымалася, а выйшаў злосны пасквіль на калегу, завершаны фразай: “І сапраўды, пераконваешся, што Вальжына Морт – “тоненькая як твае вейкі” – зусім нябачная ў кантэксце беларускай літаратуры”. Ну, на добры лад, каб так напраўду было, то не варта пра яе і пісаць. Але спадар Вішнёў усё ж удзяліў такой “нябачнай” асобе ладную пісьмовую плошчу. А натхняльнікам яго творчага імпэту была, як я зразумеў, асабістая непрыязнасць да Вальжыны Морт. Гэта вынікае з артыкула: “Аўтарка прыцягвае ўвагу чытача не стылем, не сюжэтам, а, як заўсёды, эпатажам – піша пасквілі на паплечнікаў. Хаця, можа, гэта яе лірычныя героі? Так, у адным з твораў знаходзім: "Жыбуль – алкаголік. Жыбуль – бураціна…”. У другой замалёўцы ёсць наступныя словы: “Барысевіч круціць галавою ў знак неўхвалення, як бы круціла попаю чатырохгадовая дзяўчынка…”.
Тут я спыняюся цытаваць артыкул Вішнёва, зрэшты як і каменціраваць, а перайду да зусім іншага артыкула ў іншым выданні. Гэта часопіс “ARCHE”, №2, 2005, артыкул “Сны дзяцей” Арцёма Арашонка. Цытую з яго: “Абаяльная Вальжына Морт смела і дзёрзка рушыць у літаратуру. Яе вершы перакладаліся на балгарскую, латышскую і нямецкую. Спадарыня Вольга выдатна ведае некалькі моваў, мае моцную адукацыю Лінгвістычнага універсітэта, сама выкладае. Твор “Гопнікі” вылучаецца на фоне сучаснага моладзевага фарсу… элегантная Вальжына атрымала пацвярджэнне свайму таленту – “Крышталь Віленіцы”, які стаў супакаеннем для яе прыхільнікаў і мазалём для зайздроснікаў”.
Відаць, Зміцер Вішнёў патрапіў у шэраг зайздроснікаў? Падазрэнне на гэта дае цытата з таго ж артыкула: “…ён таленавіты і меў бы не меншыя шанцы, чым ніжэй прыведзеныя асобы, тым не менш спадар Зміцер гэтак і не вырас са свайго веку дзіцячых мрояў”. Пагадзіцеся, крыўдна было такое чуць пра сябе Вішнёву і немагчыма не адрэагаваць.
Звяртаюся далей да артыкула Арцёма Арашонка, дарэчы, чалавека даволі маладога, як бачна з біяграфічных дадзеных (нар. у 1981 г.), але вельмі ўпэўненага ў сваім літаратурным досведзе. А таму ён смела і безапеляцыйна нам прапаноўвае: “Вось імёны, якія вартыя ўвагі: Вальжына Морт (Вольга Мартынава), Вольга Гапеева, Анатоль Івашчанка і Ігар Пракоф’еў”. Усё, іншых няма, лічыць аўтар і вылучае вышэйназваных ні многа ні мала як будучых кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію. Зрэшты, ён прызнае і заслугі старэйшых, у прыватнасці ляпае па плячы Алеся Разанава: “Разанаў пачаў меней пісаць, пісаць, на мой погляд, не так глыбока і пранікнёна…”, ставіцца запанібрата да Пятра Васючэнкі: “Пятро Васючэнка з’явіўся ў літаратуры, як запозненае дзіця”. А таксама непахісна ўпэўнены ў наступным: “Вольга Іпатава стварыла самы значны твор пачатку XXI стагоддзя. “Альгердава дзіда” – гэта фрэска, у якой спалучаецца вялікая мастацкая школа, глыбіннае веданне…”.
Карацей, з артыкула спадара Арашонка мне бачна толькі тое, што вельмі пажадана аказацца ў ліку ягоных сяброў і не прывядзі Божа – ворагаў. Тады і вартасць тваіх твораў будзе мяняцца ў адпаведны бок. Ох ужо гэтая маладая гарачнасць, схільнасць да чорна-белых ацэнак, катэгарычнасці. Мне могуць запярэчыць, што гэта асабістая думка аўтара і ён мае права выказвацца як пажадае. (Ды ён і сам нас папярэджвае сурова: “Мастак – чалавек вольны, нясе адказнасць толькі перад Богам”.) Але ж менавіта адказнасці за свае словы ў артыкуле Арашонка не праглядаецца. Кідаю камень у гарод часопіса “ARCHE”: мне заўсёды здавалася, што рабіць глабальныя ацэнкі літпрацэсу дазваляецца адно людзям вопытным, сталым, аўтарытэтным, а не нядаўнім выпускнікам філфакаў.
На заканчэнне звяртаюся да крытыкаў, якія маюць пастаянныя трыбуны ў выданнях холдынгу “Літаратура і мастацтва”. Паважаныя, рэагуйце, калі ласка, аператыўна на праяўленні групаўшчыны, сваяцтва і спробаў звядзення рахункаў, калі ацэнкі твораў мала залежаць ад самога твора, а пераважна – ад таго, хто дзе сядзіць і хто з кім тусуецца. Іначай зарасцём пустазеллем.
Планета Душа
З’явілася нагода пагаварыць пра раман-дылогію Клаўдзіі Харкевіч “Злом”, першая частка якога была надрукавана ў 9–11 нумарах часопіса “Нёман” за 2006 г. Зломы лёсу гэтага твора, што пісаўся аўтарам дваццаць два гады, як аказалася, далёка не скончыліся з яго апублікаваннем. Такія рэчы ствараюцца цяжка, пакутна прабіваюцца да чытача, а, надрукаваныя, сустракаюцца неадназначна, прымаючы на сябе агонь крытыкаў. Гэта і нармальна, бо да ўсяго неардынарнага, якое патрабуе каласальных намаганняў, акаляючае асяроддзе не можа быць раўнадушным.
Адштурхнуся ад рэцэнзіі на раман, што не замарудзіла з’явіцца ў “ЛіМе” ад 26.01.07. Артыкул крытыка Наталлі Якавенка выйшаў пад назвай “З эпохай на “ты” і з першых жа радкоў уразіў сваёй верхагляднай сярдзітасцю. Адразу ж я скеміў, што ўзбудзіла раздражненне крытыка уступнае слова галоўнага рэдактара, дзе даваліся авансы публікаванаму раману. Разумею, што высокія эпітэты, якія папярэднічаюць твору, – гэта неасцярожнасць рэдакцыі, бо яны могуць стацца пажывай для нападкаў нядобразычліўцаў. Такая ўжо прырода людзей. Усё новае, яркае, закліканае ўзняцца над паўсядзённасцю ўспрымаецца літаратурным асяроддзем у штыкі. Не зважаюць толькі на шэрасць, якой наша літаратура (як і любая іншая) не абдзелена.
Пройдземся ж па заўвагах крытыка Н.Якавенка – з мэтай паказаць, наколькі суб’ектыўным можа быць асабістае ўспрыманне, наколькі па-рознаму можна інтэрпрэтаваць некаторыя, здавалася б, відавочныя рэчы.
“Калі ўжо Клаўдзія Харкевіч параўноўваецца з Іванам Мележам, зазначу наступнае. Слынны празаік пачынаў не з эпапеі, а з апавяданняў, у якіх фарміравалася яго мастакоўскае майстэрства”, – указвае ў сваім артыкуле Якавенка. Што ж, тады мы маем поўнае права спытацца, з якіх апавяданняў пачынаў не менш слынны празаік Шолахаў; дзе яго ўзоры малых формаў, на якіх ён адточваў сваё майстэрства перад “Ціхім Донам”? Іх няма. І гэта пацвярджае містычны аспект геніяльнасці, у які занадта эрудзіраваныя і прывязаныя да зямлі людзі ніяк не жадаюць паверыць.
У іншым месцы свайго артыкула крытык адзначае, што “К.Харкевіч не ўмее будаваць сюжэт, што катастрафічна для эпічнага твора”. Але, вяртаючыся да прыведзенага як эталон Івана Мележа: ці з’яўляецца сюжэт моцным бокам яго эпапеі, або ён дабіваецца эфекту найпадрабязнейшым, надзвычай набліжаным да жыцця бытапісаннем? Каб Іван Мележ умеў будаваць напружаны сюжэт, то яго палеская хроніка магла б быць узведзена ў ранг шэдэўраў літаратуры і пастаўлена ў адзін шэраг з “Ціхім Донам”. Чаго, відавочна, не адбылося. Тое ж самае наконт эпапеі Клаўдзіі Харкевіч, моцныя бакі якой трэба шукаць у іншым, так бы мовіць – не сюжэтам адзіным праслаўляецца твор. Хоць ніжэй я паспрабую паказаць, што сюжэтная пабудова “Злому” зусім не такая слабая, як сцвярджае Якавенка.
Таксама абурэнне крытыка выклікала нібыта безадказнае стаўленне Харкевіч да гісторыі: “Між тым абурае не столькі гэта, колькі занадта смелае, суб’ектыўнае і нейкае бесклапотнае стаўленне К.Харкевіч да гістарычных асоб, падзей…”, “ну а калі ўзяць Дзяржынскага, “усталого, сердечного человека, посвятившего себя служению Родине”. У падачы К.Харкевіч ледзь не святы. Незразумела толькі, чаму Дзяржынскага называлі жалезным Феліксам”. Тут мы ніяк не можам дацяміць, чаму Дзяржынскі ў пэўныя моманты жыцця не мог быць стомленым, сардэчным чалавекам. Таксама зусім відавочна, што пра дзяржаўнага дзеяча кшталту Дзяржынскага, у якога было вельмі мала асабістага і многа грамадскіх спраў, можна казаць, што ён прысвяціў сябе служэнню Радзіме. Чаму не? Акрамя таго, мастацкая творчасць тым і адметная, што ў ёй дазваляецца не строга пільнавацца гістарычных фактаў, якія, як вядома, у розных крыніцах падаюцца па-рознаму. Шмат хто, напрыклад, не згаджаецца і гэтак жа, як Якавенка, абураецца трактоўкай Львом Талстым падзей 1812 года, шмат хто не згодны з іранічна выведзеным у рамане вобразам Кутузава. І што з таго? А як дэманічна Аляксандр Дзюма паказаў кардынала Рышэлье ў сваіх “Трох мушкецёрах”? Гэты персанаж ну зусім не адпавядае свайму правобразу.
Але варта заканчваць разбор заўваг крытыка Н.Якавенка, таму што яны маюць адзін накірунак і адну мэту – негатыўную. Я заўсёды з недаверам стаўлюся да аднатонных рэцэнзій. Крытык асуджае Клаўдзію Харкевіч за тое, што яна падзяляе сваіх персанажаў на чорных і белых. Але сама Наталля Якавенка не сказала пра “Злом” ніводнага добрага слова, усё напісала чорнай гуашшу. Але нават пра чорную пляму на белай сцяне можна сказаць больш таго, што яна чорная. Таму мы дазволім сабе не паверыць крытыку і паспрабуем даказаць, што рацыі ён не мае.
І яшчэ, каб закрыць гэтую тэму і перайсці непасрэдна да вартасцяў і недахопаў “Злому”. Некаторыя крытыкі, відаць, парадкам начыталіся Бялінскага і нераўнадушныя да лаўраў вялікага літаратурнага аналітыка. А таму капіруюць яго фірменны стыль, заснаваны на рэзкасці, запальчывасці, крайняй праўдзівасці. Аднак перайманне нікога ніколі не прыводзіла ў фавор. Да таго ж, каб размаўляць з аўтарам так звысоку або запанібрата, як рабіў гэта Бялінскі, патрэбная, ні многа ні мала, яго геніяльнасць. А яна не здабываецца начытанасцю і руплівасцю, а даецца звыш. Усе, каго прапясочваў у свой час Бялінскі, былі або ніжэй за яго па таленце, або роўныя, як Гогаль і Дастаеўскі. А ад вышэйшага ці роўнага атрымаць крытычную аплявуху не так ужо крыўдна.
Што такое мастацкі твор, у дадзеным выпадку – літаратурны твор, якія яго прыкметы? Леў Талстой вылучае тры асноўныя ўмовы: 1) правільнае, то бок маральнае стаўленне аўтара да прадмета творчасці, 2) яснасць выяўлення ці прыгажосць формы, што адно і тое ж, і 3) шчырасць, непрытворнае пачуццё любові або нянавісці да таго, што выяўляе творца. Напрыклад, паводле Талстога, такі прызнаны майстар прозы, як Мапасан, валодаў толькі дзвюма апошнімі прыкметамі і пагарджаў першай.
Заўважце, у вызначэнні Л.Талстога няма ні слова пра займальнасць сюжэта, а прыярытэт аддаецца маральнасці, прыгажосці і непадробнаму стаўленню аўтара да прадмета творчасці. Улічваючы гэтыя ўмовы, а таксама давяраючыся свайму ўнутранаму чуццю, скажу наступнае. Будзь нейкі раман напісаны бездакорна, з жорсткай і займальнай фабулай, выдатнай літаратурнай мовай і распавядай ён пра рэчы надзвычай новыя і недаследаваныя, ён не абавязкова стане мастацкім творам. Прыклад таму – раманы усім вядомага Барыса Акуніна, бясспрэчна таленавітага літаратара, які выкарыстоўвае добра адпрацаваныя ў літаратуры прыёмы, ведае, як павінны размаўляць і дзейнічаць людзі мінулага часу, але ведае па шырока вядомых кнігах і дакументах; ён падае рэчы так, як звыкла да гэтага грамадская свядомасць. Акунін карпатліва распрацоўвае сюжэт, прагназуе чытацкі попыт, глядзіць наперад у плане прасоўвання на рынак свайго праекта. Аднак мастацкіх твораў у яго няма.
У той жа час, будзь раман Харкевіч злеплены абы-як (хоць гэта далёка не так), не прыўнось ён нічога новага ў літаратуру (і гэта не так) – усё роўна я назваў бы яго мастацкім. Таму што “Злом” пісаўся з унутранага пачуцця, зусім не апелюючы да кніжнага рынку і грамадскай свядомасці. Харкевіч не брала гатовыя клішэ і не шыла з іх твор белымі ніткамі, яна тварыла знутры сваёй збалелай душы, спярша увабраўшы гэты матэрыял досведам жыцця, вынасіўшы, выгадаваўшы і выпусціўшы ў свет скрозь прызму асабістага ўспрымання. Каштоўнасць любога мастацкага твора ў яго цэласнасці, непаўторнасці – мовы, або псіхалагізму, спосабу падачы, уласцівых аўтару і толькі яму, то бок у яго адзінкавасці, унікальнасці. Творы Акуніна заўсёды штосьці і кагосьці нагадваюць. Раман жа Клаўдзіі Харкевіч паўстае перад намі сваім адметным космасам.
Цяпер паспрабую растлумачыць чаму. Хаця выступаць у ролі тлумачальніка мастацкага твора – рэч няўдзячная. Літаратуру трэба ўспрымаць сэрцам, цэласна, не засяроджваючы ўвагу на асобных дэталях. Неяк адна мастачка казала мне, што бачыць у любым чалавечым твары структуру звязак і мышцаў, форму чэрапа і міжволі прыкідвае, як гэта можа быць выяўлена на карціне. Яна ўжо не здольная захапляцца боскай прыгажосцю твару, як бы захапляўся чалавек, які не ведае таямніц партрэтнага мастацтва… Гэтак і літаратары, і асабліва крытыкі не могуць адстараніцца ад свайго досведу і успрыняць раман усёй душой. Так і я, чытаючы “Злом”, знаходзіўся ў дзвюх іпастасях: зацікаўленага чытача і празаіка, што бачыць яго дэталёвыя вартасці і недахопы.
З першых жа старонак уразіла мова аўтара. Для мяне гэта з’яўляецца вельмі важным пунктам у ацэнцы любога твора. Тым больш такога аб’ёмнага, як “Злом”. Мова, увогуле, указвае на тое, ці варта чытаць далей такую буйную рэч, а па сутнасці – ці таленавіты аўтар.
Спосаб падачы матэрыялу ў рамане даволі арыгінальны і самабытны. Мова ўяўляе з сябе дзіўную сумесь несучаснай рускай мовы з беларусізмамі, дыялектызмамі, паланізмамі. Яна нагэтулькі каларытная, што да яе напачатку цяжка звыкнуць. Я, прызнаюся, адразу насцярожыўся і задумаўся: ці не перабор гэта, ці не захіне сабой кідкі местачковы каларыт сутнасць рэчаў, ці не стане ён вопраткай без цела? Бо аўтар наважыўся на даволі рызыкоўны крок. Калі ў эпапеі Шолахава “Ціхі Дон” усё пярэсціць дыялектам, то там і аўтар знаходзіўся ў вельмі блізкім часавым адрэзку ад падзей, якія апісваў, ён увабраў іх крывёю і плоццю. Харкевіч жа ўзялася змадэляваць тое, як жылі і размаўлялі людзі адразу пасля грамадзянскай вайны, у 1922 годзе, у Заходняй Беларусі. А як яны размаўлялі? Гэта, безумоўна, не была чыстая руская мова, не была і чыстая беларуская. Гэта была сумесь, якая, насычаная дыялектызмамі і паланізмамі, мяркую, стаяла куды бліжэй да беларускай, чым да рускай мовы. Але паколькі Харкевіч абрала для свайго аповеду “вялікі і магутны”, то ўяўляецца, што яна вырашыла гэтую задачу калі не аптымальным, то набліжаным да аптымальнага чынам. На другой-трэцяй главе я звык да гэтага неардынарнага спосабу падачы, і ён мяне перастаў бянтэжыць.
Харкевіч выглядае пераканаўча ў дынамічных, падмацаваных дзеяннем дыялогах. Самабытны гумар, экспрэсія ўзмацняюць іх змест, перад вачыма паўстае карціна, якая просіцца на кінаэкран. Вось прыклад:
“— Польское войско только у бандитов отбирает коней, у вас красношлемники забирали, а вы обвиняете благородное Войско Польское, — оборвал говорящих Клыба. — Говорю вам: красные взяли ваших коней.
— Красные нам своих оставили! — выкрикнула молодуха Нырок.
— Кто это ляпнул? А ну-ка выйди! Запорю! — резкий квакающий голос войта повис над толпой”.
А далей, праз колькі радкоў:
“Бросилась в сторону Нырчиха, а тут легионеры на оскаленных страшных конях подскочили, заметалась, бедная, забилась, упала на сырую землю, закрыла голову руками ”.
Усё гэта рэалістычна, драматычна і нават больш згушчана, сканцэнтравана, чым у жыцці. А так і вымагаюць законы мастацкай прозы – узмацняць і згушчаць.
У той жа час, дыялогі ў рамане, не падмацаваныя напружанай калізіяй, калі героі, прасцей кажучы, не спрачаюцца паміж сабой, выглядаюць не зусім натуральна, прынамсі прайграюць вышэйзгаданым “дзейным” дыялогам. Гэта праблема не толькі Харкевіч, а і ўсіх без выключэння празаікаў – зрабіць натуральнай падачу матэрыялу праз вусны герояў у тым выпадку, калі не кіпяць страсці.
Тое, як распавядае Сільвановіч сваім таварышам пра свае злыбеды (глава 4), уяўляецца мне не надта праўдападобным. Але я не сцвярджаю, што ў жыцці так быць не магло, я кажу толькі пра тое, што маё чытацкае ўспрыманне тут буксавала. Магчыма, лепей было ўсё гэта падаць аўтарскай мовай.
У месцы, дзе Сільвановіч апелюе да патрыятычных пачуццяў слухачоў (глава 3), Клаўдзія Харкевіч перабірае з пафасам:
“— Крепки корни — непобедимы деревья. Вот так, друзья, и в людской жизни. Чем крепче мы будем, тем больше людей поверят нам, увереннее будут держаться и защищать себя. Не сомневайтесь, придет желанная пора!
Затаив дыхание, слушали Сильвановича, и от его слов у каждого крепла вера. Михась, Тадеуш, Анеля, Людвися, Василь — понимали, что они в некотором смысле тоже корни, поэтому на них ложится большая ответственность за будущее народа”.
Што мяне насцярожвае ў гэтым урыўку – дык тое, што не можа аўтар просталінейна сказаць, што творыцца ў душы кожнага слухача ў пэўны момант, не можа сцвярджаць за ўсіх агулам, што яны дружна прасякліся словамі прамоўцы. Усе людзі розныя. Калі моцныя і пранікнёныя словы Сільвановіча – чытач сам вырашыць, кранулі яны сэрцы яго таварышаў ці не.
Чаму я завастраю ўвагу на такіх псіхалагічных хібах у рамане “Злом”? Ды таму, што хачу прад’явіць да яго самы высокі рахунак, той рахунак, які мала хто з празаікаў здольны вытрымаць. Гэта мерка, якой мераюць класікаў. Акрамя таго, зразумела, што часопісная публікацыя – гэта, як правіла, не апошні варыянт, яна дае магчымасць унесці змяненні перад выхадам кнігі. Спадзяюся, аўтар хоча нешта ў сваім творы ўдасканаліць.
Раз ужо мы закранулі чытацкае ўспрыманне, то магу параіць Харкевіч асцярожней абыходзіцца са спадаром чытачом у наш нервовы, цынічны і насмешлівы век. Не жартаваць, не гарэзаваць з ім, а нават апускаць слова “чытач”.
Вось чым заканчваецца прадмова да рамана:
“…А мы вам, дорогой читатель, правдиво расскажем о жизненных путях и дорогах наших героев, об истоках и устьях их судеб, о начале и конце. Мы-то все-все о них знаем и поведаем.
Итак, давным-давно…”
Такая “прынада” гучыць вельмі несучасна. Гэткі зварот да чытача пайшоў са стагоддзя семнаццатага–васемнаццатага, калі не было ні радыё, ні тэлебачання, а малаадукаваны правінцыйны чалавек атрымоўваў па пошце часопіс або кнігу, разразаў іх, а пісьменнік пачынаў яго забаўляць, выступаючы ў ролі добрага казачніка. Пісьменнік быў закліканы стаць сябрам, членам сям’і, акрамя таго, аўтарытэт яго тады не аспрэчваўся. Цяпер жа, калі ўсе дужа пісьменныя і начытаныя, зварот да чытача запанібрата можа выклікаць неразуменне і нават адпрэчванне.
Клаўдзія Харкевіч няблага ўжываецца ў некаторых сваіх персанажаў і пачынае гаварыць той мовай, якой павінны або маглі яны размаўляць. Напрыклад, дыялог Сільвановіча са знахаркай Ляпіхай. Мова Ляпіхі добра стылізавана, яна неардынарная ў сваіх інтанацыях, музыкальная, таямнічая. Яна стылістычна не пераплятаецца з мовай суразмоўніка – Сільвановіча, у гэтым вытрымліваюцца характары, тыпажы.
Лірычныя адступленні, апісанні прыроднага асяроддзя, што атачае герояў, з’яўляюцца козырам аўтара. Прырода падаецца жывой душой, непасрэдным чыннікам падзей, якія адбываюцца на яе фоне:
“Вода — в сырых облаках, в каплях, на голых ветках, вода — под снегом, вода заливает низины, подступает к жилью, заставляет спасаться людей, а зверей в лесу загоняет на высокие суши. На пнях и корягах спасаются от воды мыши и всякая тварь. Даже к воздуху, кажется, подмешана вода: такой он тяжелый, сырой, синеватый”.
Падобных прыгожых урыўкаў у рамане не шмат, але ўсе яны – па месцы, ствараюць лёгкі настрой, выглядаюць дарэчы пасля глаў з вострымі калізіямі. Іван Бунін некалі казаў, што сучасныя яму маладыя літаратары забываюцца пра тое, што чытач не можа безупынку знаходзіцца ў напрузе, што яму трэба даваць адпачынак лірызмам, дабрынёй, пераключаць яго ўвагу са страшнага на прыгожае. Харкевіч някепска з гэтым спраўляецца.
Тым болей засмучаюць нешматлікія месцы, калі парушаецца гармонія ў апісанні прыроды:
“Еще день не заступил на свое дежурство, как в панскую усадьбу примчался войт”.
Заступленне дня на «свое дежурство», як мне здаецца, тут выпінаецца, не адпавядае агульнаму трапятліваму стаўленню аўтара да прыроды, уяўляецца чужародным тым выразам, якімі Харкевіч зазвычай апісвае прыроду. Чаму б не замяніць гэту няўклюдную канструкцыю на простае: “Еще не занялся день”?
Няма магчымасці разгледзець раман ва ўсёй паўнаце. Дый, здаецца, рана яшчэ. Бо апублікавана толькі першая частка дылогіі. Але вось на што хачу звярнуць увагу – дык на ўменне Харкевіч выпісваць сатырычныя сцэны, завастраць праблему за кошт гратэсковых рысаў герояў: небывалае, у жыцці амаль не магчымае, набывае ў яе значэнне важнае, павучальнае.
Героі ў такіх сцэнах статычныя, не развіваюцца, а дзейнічаюць у рамках, адведзеных ім першапачатковай характарыстыкай. Па ходзе аповеду іх асноўныя рысы пацвярджаюцца, абвастраюцца, але не выходзяць за рамкі “саміх сябе”.
Вось спрытнюга Цыльга задумаў аблапошыць збяднелага пана Харвата. Абодва прайдохі, абодвум палец у рот не кладзі. Іх зводзяць галеча аднаго і жаданне другога парадніцца са слаўным родам. Пан жэніць свайго выродлівага сына на грошах і прыгажуні, ставячы на кон тытул і занядбаны маёнтак. Яны таргуюцца: карыкатурна, вычварна, выступаюць перад намі не як жывыя людзі, а як тыпажы. І гэта вельмі добра, і ўжо ва ўсякім разе не дрэнна. Гэта традыцыя Гогаля, у якога ў “Мёртвых душах” і “Рэвізоры” ўсе галоўныя персанажы карыкатурныя, статычныя. Але менавіта за кошт гэтага Гогаль дабіваецца мастацкай выразнасці. У фантастычнай сцэне сватаўства Нарона да Веранікі аўтар можа змусіць рассмяяцца да слёз самага пыхлівага і непрыхільнага да яе чалавека. Я прынамсі парадаваўся гэтаму эпізоду рамана, таму што беларускай літаратуры бракуе менавіта такіх эпізодаў. У гэтым плане Кандрат Крапіва амаль адзінокі.
Не хачу займаць плошчу далейшым апісаннем сватаўства і жаніцьбы, балазе жадаючыя мелі магчымасць іх прачытаць і ацаніць па ўсёй строгасці. А хто не чытаў – смела рэкамендую. Дынамічная сцэна са знікненнем прыгажуні Веранікі і заменай яе на нягегліцу Тэклю ўражвае і разам з тым адмятае абвінавачванне крытыка Якавенка ў тым, што Харкевіч “катастрафічна” не ўмее будаваць сюжэт.
Раман “Злом” вельмі аб’ёмны, і не толькі ў прамым сэнсе. Аўтарка адлюстравала на планеце сваёй душы цэлы космас тыпажоў, лёсаў, падзей. Я, па сутнасці, толькі пачаў пра яго гаварыць, а законы жанру ўжо загадваюць закругляцца. Таму звяртаю ўвагу крытыкаў, што будуць надалей пісаць пра гэты раман, або пра іншыя аб’ёмныя творы: паважаныя, не спяшайцеся з ацэнкамі, асабліва з катэгарычнымі. Добры раман можна параўнаць з бочкай мёду, якая ствараецца намаганнямі соцень тысяч пчол, вымагае ўдзелу вопытнага пчалавода, наяўнасці сонца і мільёнаў кветак, што даюць нектар. А дрэнная рэцэнзія – гэта ўсё тая ж горкая лыжка дзёгцю. Аўтар зусім не абавязаны прытрымлівацца звыклых канонаў раманаў-эпапей, ды і любых іншых літаратурных канонаў. Наадварот, ён павінен па магчымасці ад іх адыходзіць, у гэтым яго творчая самакаштоўнасць. Ні пра якое перайманне Мележа, Лынькова, Шамякіна і гаворкі не можа ісці, калі ты намерыўся сказаць свету новае слова. Той, хто ідзе след у след, заўсёды прайграе свайму папярэдніку. Так “Ціхі Дон” займае ў сусветнай іерархіі месца ніжэйшае, чым “Вайна і мір”, а “Сага пра Фарсайтаў” – ніжэйшае, чым “Анна Карэніна”. Пры ўсіх сваіх вартасцях раманы Шолахава і Галсуорсі – адно паўтарэнне пройдзенага Талстым у плане псіхалагізму, спосабаў пабудовы сюжэта і раскрыцця характараў. У той жа час Франц Кафка, нягледзячы на ўвесь свой сумбур, парушэнне прычынна-выніковых сувязяў ды іншыя недарэчнасці, вялікі ў сваіх “Працэсе” і “Замку”, вялікі і самадастатковы. Бо непераймальны.
Клаўдзія Харкевіч праклала раманам “Злом” сваю сцяжыну ў нашай літаратуры. Падкрэслім: у рускамоўнай беларускай літаратуры. Не будзем жа ёй хаця б чыніць перашкоды на гэтым шляху.
Гэты раман, як і некаторыя іншыя творы, што з’явіліся ў нашых часопісах, сведчыць мне пра наступнае. Літаратурнае бясчассе, што доўжылася ў нас гадоў пятнаццаць, калі рэдактары не адшуквалі новых таленавітых імёнаў, а як фішкі перастаўлялі з нумара ў нумар старыя, якія ўжо не мелі нічога сказаць грамадству; калі крытыкі крывадушна адварочваліся ад усяго новага, як заклён паўтараючы “у нас нічога новага няма”; калі літаратурныя творы не мелі ні найменшага значэння не толькі для грамадства, але нават для маргінальнага літаратурнага асяроддзя, – гэты нездаровы час-бясчассе паступова заканчваецца. Жыццё патрабуе абнаўлення. Гэта неабходна ўразумець. За неразуменнем звычайна ідзе пакаранне ў выглядзе таго, што творы класікаў, апрыёры закліканыя весці наперад і вырошчваць на сабе раўнацэнныя ім тварэнні, набываюць зусім процілеглую якасць. А іменна пачынаюць цягнуць нацыянальную літаратуру назад з няўмольнай і неадступнаю сілай.
У «Фотаальбом»
1. Агульнае
У выдавецтве “Тэхнапрынт” нядаўна выйшла кніга Юрася Нератка “Фотаальбом”. Лічу гэта досыць адметнай падзеяй, бо вершы і проза Юрася за апошнія гады нярэдка з’яўляліся на старонках розных перыядычных выданняў рэспублікі.
Вершы “Фотаальбома” можна ўмоўна падзяліць на чатыры групы:
1) грамадзянскія, 2) лірыка, 3) філасофскія, 4) “побытавы каларыт”. Найбольш значнымі падаюцца мне грамадзянскія вершы – з-за смелай пазіцыі аўтара, невульгарнага гумару, досціпаў і самабытнага стылю.
Наогул, прыемна зазначыць, што ўся кніга прасякнутая гэтай самабытнасцю, пазнавальнасцю радка. Бясспрэчна высокі і прафесійны ўзровень зборніка. Нават рэдкія русізмы, што я сустрэў (як тое: “кроўю”, “шыкарны”, “дзіра”), успрымаюцца не як ляпы, бо стаяць пад рыфмамі, а значыць, аўтар свядома іх дапусціў.
Манера некаторых паэтаў даваць назвы літаральна ўсім вершам зборніка выглядае звычайна як сімптом графаманіі. Аднак на гэты раз бачу мэтазгоднасць, таму што ў аўтару праглядаецца баечнік (сюжэтнасць, вывядзенне маралі). Сюды ж хораша дапасоўваецца і пакручасты шрыфт, які не часта выкарыстоўваецца пры вёрстцы тэкстаў.
Сярод лірычных вершаў Нератка я б выдзеліў “Той год” і “Паэт і сняжынка”, сярод філасофскіх – “Багі”. З вершаў, што апісваюць побытавы каларыт беларуса, найбольш уражвае “На Дзяды”.
Зборнік адкрываюць аж чатыры рэцэнзіі вядомых паэтаў: Віктара Шніпа, Леаніда Галубовіча, Васіля Жуковіча і Віктара Гардзея. Не ведаю, ці трэба так шмат, тым больш што вершы Нератка, на маю думку, не маюць патрэбы ў апякунстве. З рэцэнзій найболей грунтоўна глядзіцца Галубовічава, што натуральна, бо толькі ён і з’яўляецца прафесійным крытыкам. Астатнія напісаны паэтамі па духу – на эмоцыях, але добра і справядліва. Праўда, ва ўзгаданай рэцэнзіі Леаніда Галубовіча зацягнуты ўступ, а ўласна пра Нератка – малавата.
2. Нераток у кантэксце айчыннай лірыкі
Асноўная праблема сучаснай беларускай паэзіі бачыцца мне ў адсутнасці ў творцаў трывалага хрысціянскага светапогляду. Зрэшты, такога светапогляду наша літаратура, па сутнасці, ніколі не мела. Прычын тут шмат, і прычын аб’ектыўных. Гэта і адносна малады ўзрост беларускай літаратуры – узрост, у якім свет успрымаецца па-дзіцячы наіўна, з язычніцкім захапленнем прыроднай красой, каханнем, са шчырай любоўю да свайго кутка, малой радзімы; гэта, безумоўна, і тое, што айчынная паэзія найбольш актыўна развівалася ў ліханосныя часіны рэвалюцый, грамадзянскай вайны, а затым – пры цемрашальскай камуністычнай цэнзуры, пры ідэалогіі, што навязвала творцам псеўдакаштоўнасці. За савецкім часам выказвацца ў творах з хрысціянскага гледзішча было не толькі немагчыма (не апублікуюць), але і небяспечна (пасадзяць, знішчаць).
Пасля памятных падзей развалу савецкай імперыі зноў жа не хрысціянскія каштоўнасці прыйшлі на нашу зямлю, а апантаны нацыяналізм эліты, а для масаў – адкіды буржуазнага свету: незлічоныя баевікі і “жахлівікі”, порна-эротыка, патокі нахабнай рэкламы, дзе запанавала адна ідэя – бязмежна любіць сваё “эга”, усяляк яго песціць і наталяць, перамагаць у жыцці любой цаною… Усё гэта не магло не паўплываць на беларускую літаратуру, і на паэзію – у прыватнасці.
З гэтага часу беларускамоўная паэзія, на мой погляд, пацякла ў двух выразна акрэсленых рэчышчах. Першае, гэта перапяванне даўно агучаных класікамі матываў прыроднага хараства, асалоды кахання і болю за родны кут. Другое, гэта апантанае перайманне новых форм, пераважна ўзораў сучаснай еўрапейскай паэзіі – папросту вершаў, напісаных так званым верлібрам, дзе няма ніякіх правілаў рыфмоўкі і рытмікі, дзе можна не ставіць знакі прыпынку і г.д. Але ў класічным вершы, не знаходзячы новых тэм і выяўленчых сродкаў, новая паэзія, па-мойму, проста асуджана прайграваць творам Коласа, Купалы і Танка – хаця б таму, што тыя былі нацыянальнымі першапраходцамі. У вершах, напісаных верлібрам, у апошнія гады прасочваецца крайняя беднасць думкі, асабліва заўважная пры адсутнасці рыфмоўкі, мелодыкі. Асобна тут, несумненна, стаяць творы Алеся Разанава, сапраўднага мысляра, які менавіта як паэт новых форм заваяваў еўрапейскае прызнанне, а ў айчынную літаратуру ўнёс неацэнны ўклад.
Падбіраючыся да твораў Юрася Нератка, хочацца звузіць аналіз да ўласна лірычных вершаў беларускай паэзіі і пагаварыць вось пра што. Багата ў нас напісана вершаў пра каханне, пра “незямную любоў”, пра пачуцці найсветлыя (самы яркі тут прадстаўнік – Леанід Дранько-Майсюк). Але як бы высока ні ўзносілі паэты сваіх лірычных гераінь, у якія б нябёсы іх ні запускалі, якімі б ні надзялялі велічнымі эпітэтамі, усё-такі найчасцей бачна, што іхняя муза – жанчына зямная і акурат зямных слодычаў чакалі ад яе аўтары. Рэдка каму ўдавалася абстрагавацца да нейкай беззаганнай жаночай існасці, музы ў чыстым выглядзе. З агульнавядомых вершаў можна назваць, бадай, толькі “Вераніку” Максіма Багдановіча і “Алесю” Аркадзя Куляшова. Дарэчы, у гэтых вершах аўтары не ўзносяць лірычных гераінь да нябёс, але створаныя імі чыстыя жаночыя вобразы дасягаюць магутнай метафізічнай сілы.
І цяпер: што такое лірыка Юрася Нератка? Канешне ж, ён не з’яўляецца паэтам метафізічнага чуцця. Аднак і называць яго паэтам прыземленым не выпадае. Нераток, на мой розум, – лірык эгацэнтрычны ў добрым сэнсе гэтага слова. Ён не імкнецца да завоблачных яснот, а найважнейшым у жыцці (і творчасці) лічыць стварэнне наўкол сябе прасторы любові. Гэта і сардэчныя адносіны з сябрамі, і шчымлівая любоў да бацькоў, і вернасць у каханні, на якой грунтуецца святая святых чалавецтва – сям’я. Нераток, як няшмат хто з лірыкаў, адчувае трагедыю чалавека на зямлі, безнадзейную закінутасць яго ў бязмежным космасе, калі не сфарміравана вакол яго памянёная прастора любові: “Туманы на белым свеце, туманы – не праб’е іх чалавека слабы зрок…”, “І трасуцца журботна лісты, і грукоча тралейбус пусты…”, “Паміж зямлёй і небам снег кружыўся, і вечнай каляінай час ішоў…”. У лірыцы сваёй паэт больш звяртаецца да людзей (а пераважна – да сябе), чым да акаляючай прыроды. Дрэвы, кветкі, птушкі ў яго “падыгрываюць” чалавечым пачуццям або іх адцяняюць: “Дрэваў стромкіх пастрыжаны строй, быццам спынены сілаю злой…”, “Здранцвелай ластаўкай, павер, прадвесцем мая ў сумёце тысячы папер твой верш сканае…”.
Як бачна з апошняй цытаты, Нераток мала спадзяецца на вечнасць, якая для нас – туман, а надае найбольшую ўвагу непасрэдна працэсу жыцця. У іх, у цяперашніх гадзіне, хвіліне, секундзе, заключаецца для аўтара найвялікшая каштоўнасць. І таму Нераток вельмі пільны ў вершах да дэталяў, якія выходзяць з-пад яго пяра паэтычна пераўтворанымі: “Крапае дождж, але мокра – не пыльна. Тралейбус пад’ехаў, набіліся шчыльна…”, “Комін спадцішка ўлавіў рогі месяца. І сабака дзіка ўзвыў – хтось павесіцца!”
Варта сказаць, што зборнік “Фотаальбом” – як і ўсе фотаальбомы – вельмі багаты тэматычным зместам. Нераток паўстае перад намі, так бы мовіць, у розных абліччах. Гэта і пранікнёны лірык, і ўмелы апісальнік прыроды, і філосаф, і паэт вострага грамадзянскага зроку. Як ужо адзначалася, найболей каштоўнымі падаліся мне менавіта грамадзянскія вершы Юрася, напісаныя як быццам пяром баечніка.
3. Байкі – штука сур’ёзная
Грамадзянскія вершы, што з’яўляюцца ў беларускамоўным друку апошнім часам, часта даволі шаблонныя. Гэта жальбы на жыццё, галашэнні па страце народам сваіх каранёў, праклёны і гразьба ў адрас уладаў, абзыванне ўсіх рускамоўных манкуртамі і іншае. Нераток тут нетрадыцыйны. Са сціплым і трапным беларускім гумарам ён вылучае асноўныя рысы нашага менталітэту, прымушае чытача зірнуць на сябе збоку, пасмяяцца з сябе. “Дык мы народ ці не народ?” – пытаецца аўтар у адным з вершаў і на працягу ўсяго зборніка намагаецца сам сабе адказаць. Разам з жартаўлівым тонам некаторых грамадзянскіх вершаў, пабудаваных з умельствам байкапісца (Юрась ужо выдаў колькі гадоў таму кнігу баек), праглядаецца і непадробны, сур’ёзны боль аўтара за свой народ, які саромеецца нацыянальнай самасці.
Успамінаю савецкія гады, калі ў школе як агню палохаліся слова “яўрэй”. Сорамна было назвацца прадстаўніку гэтай нацыі, сорамна было ляпнуць пры ім нешта пра яўрэяў – без розніцы, станоўчае ці адмоўнае. Нібы тут жа вылеціць з-пад зямлі нейкі дэман і ўсіх пакарае. Абсурдна, бязглузда – але факт. Гэта наконт таго, да якой дурасці і забабоннасці можа дайсці грамадская думка. Нешта падобнае адбываецца цяпер з беларусамі на сваёй зямлі. Нават некаторым літаратарам няёмка і боязна загаварыць на вуліцы па-беларуску: глядзяць як на мамантаў, якія немаведама чаго яшчэ не сканалі.
Для барацьбы з ганебнай хваробай беларусаў, з гэтай дзіўнай бояззю самапраяўлення, Нераток абраў дзейсны спосаб – сатыру, каб сорамна стала нам за сябе:
Таму ты будзеш ногці грызці,
пакуль нарэшце знойдзеш “выйсце”:
у клетку шуснеш, быццам трус.
А як інакш? – ты ж беларус.
Нераток, варта зазначыць, не абмяжоўваецца ў сваіх грамадзянскіх вершах нацыянальнай тэматыкай, а разглядае досыць шырокі спектр сучасных праблем. Але ў цэнтры ўсяго – беларус, любімы герой аўтара, якому – перажыў дзень, і дзякуй Богу: “І змяняе ягоны хаос мітусні параўнальны спакой цёмнай ночы”.
На заканчэнне хочацца сказаць, што Юрась Нераток выглядае ў зборніку як неардынарны аўтар, хоць і выступае ў звыклых формах на звыклым жа тэматычным полі беларускай літаратуры. Бо ўсё ж творчасць – гэта найперш выяўленне сваёй існасці, і добра, калі ёсць што выяўляць. Калі ж існасць твая – не возера, а мелкая лужына, то не памогуць ні навамодныя формы, ні “крутая” тэматыка…
І яшчэ раз слухаем паэта:
Туманы… А ўсё астатняе – міраж.
І куды іду – паспеў ужо забыць.
Невядома, ці было калі інакш,
ды здаецца мне – інакш павінна быць.
Шукаю паэзію
Я шукаю паэзію. І гэта не поза, не фанабэрыя, а стан жыцця. Страціўшы пачуццё паэтычнага слова, шмат гадоў ужо нічога не рыфмую. Больш за тое, лічу шкодным для празаіка працаваць на два франты. Гэтыя два спосабы мыслення, два лады жыцця і ўспрымання рэчаіснасці, на маю думку, несумяшчальныя.
І ўсё ж жыве ў душы верад паэтычнага слова, як нейкае наркатычнае спадзяванне на вяртанне тых наіўна-светлых пачуццяў, што краналі ў маладосці. З паэзіяй, як ні круці, жыць весялей. Аднак і штучна ўпіхваць яе ў сябе нягожа і нават небяспечна, калі не хочаш стацца пасмешышчам.
Прызнаюся, рэдка чытаю паэтычныя публікацыі ў перыёдыцы. Усё па той жа, вышэй апісанай, прычыне. Як не чытаю кнігі дзіцячай літаратуры, што калісьці зрабілі на мяне магутнае і непаўторнае ўражанне. Баюся паўтарэнняў і параўнанняў не ў лепшы бок.
Гэта я падводжу да таго, як з нечаканай прыемнасцю спыніўся і засяродзіўся на адной лімаўскай публікацыі вершаў.
Але спачатку патлумачу, што пабудзіла мяне напісаць гэты тэкст. Рэч у тым, што ў нас таленавітыя публікацыі ў перыёдыцы, як правіла, ніякім чынам не адзначаюцца і ціхамірна звальваюцца ў Лету. Калі яшчэ па часопісах нехта сяк-так праходзіцца, то публікацыі ў тыднёвіку “ЛіМ” збольшага застаюцца за кадрам. А шкада.
У нас часцей нагодай да крытычнага доследу з’яўляецца кніга. Але што такое кніга ў наш час? Выдавецтва “Мастацкая літаратура” па розных прычынах не дае жыццё і пяці працэнтам вартых друку рукапісаў. У прыватных жа выдавецтвах пераўтварыць свой рукапіс у кнігу можа любы сацыяльна актыўны ці проста грашавіты чалавек. Публікацыя ў холдынгаўскіх выданнях, на мой розум, мае куды большае значэнне шмат па якіх прычынах. Па-першае, яе прачытае непараўнальна больш людзей, чым кнігу. Па-другое, тут існуюць даволі жорсткія крытэрыі адбору, і твор, што выйшаў у газетах ці часопісах, ужо сам па сабе набывае літаратурную значнасць.
Таму я прапаноўваю спадарам крытыкам не грэбаваць часопісна-газетнымі публікацыямі, заўважаць новае, таленавітае і проста асабіста ўпадабанае. У гэтым я бачу іх асноўную задачу, а не толькі ў тым, каб спяваць чарговыя дыфірамбы класікам, высмейваць пачаткоўскую няўклюднасць або казырыцца сваёй эрудыцыяй.
Цяпер як мага коратка да публікацыі, што мяне прывабіла і прымусіла яе чытаць-перачытваць. Гэта вершы Веранікі Мандзік у “ЛіМе” ад 2 лютага 2007 г.
Прыемна і лёгка пісаць пра творцу, які асабіста табе не знаёмы. Не баішся збіцца на суб’ектыўнасць, не апасаешся быць выкрытым у кан’юктуршчыне і ліслівасці. Не ўплывае асоба аўтара (эпатажнасць, скандальнасць, грамадская актыўнасць), а толькі — непасрэдна вершаваныя радкі і закладзеная ў іх паэзія.
Праклінаю той час, калі поцемкам пішуцца вершы,
Ва ўтрапёнасці, у безвыходнасці, у цішыні.
Не апошнім вар’яцтвам, але ж, безумоўна, не першым
Марна прагну душу саржавелым замком зачыніць.
Гэтыя радкі падаюцца мне найбольш трапным крэда любога сапраўднага паэта. Ён, няшчасны, і пакутуе, і наталяецца, і не хоча пісаць, і не можа без таго пісання пражыць. Гэта страсць, гэта сублімацыя кахання, бо без кахання мы падчас таксама не можам, хоць яно нярэдка прыносіць больш пакутаў, чым тае асалоды.
І сыходжу ў будзённасць, хаваючы вочы і сэрца
Ад таго, што ў іх творыць цяпло, ці агонь, ці пажар.
Праклінаючы, зноўку спрабую радкамі сагрэцца,
Бласлаўляю святую бяздарнасць ці д’ябальскі дар.
Давайце па шчырасці, спадары, ці шмат такіх пранізлівых і разам з тым па-філасофску заглыбленых радкоў у нашых прызнаных класікаў? Магчыма, нямала. Ці тады паставім пытанне па-іншаму. Падпішы пад гэтым вершам любое пашанотнае імя — і захапленняў не забракуе. Дык ад чаго ж мы такія нямыя і нячулыя да ўсяго новага? Чаму маўчым? Чаго чакаем? І хто, акрамя нас, будзе адшукваць новыя пацеркі ў шалупінні сучаснай гіпертрафіраванай графаманіі? Не робячы гэтага, не ўзнаўляючы літаратурны працэс новымі імёнамі і творамі, мы, па сутнасці, пералівам з пустога ў парожняе. А па вялікім рахунку — нічога не робім дзеля айчыннай літаратуры.
Мяне заўсёды абурае пазіцыя: цяпер, маўляў, нічога вартага не робіцца; напішыце добра — і мы вас адразу агучым. Аднак рэчаіснасць паказвае, што гэта далёка не так. У нас любяць ідэю, за якую даруюць усё на свеце. Хай скандаліст, хай п’яніца, але — свядомы, наш, жывы ці пасмяротны ідал. Толькі зашмат гэтых ідалаў штучна зробленых. Давайце ўсё-ткі не забывацца на сутнасць творчасці, бо твор, як правіла, з’яўляецца рэччу ў сабе і непадуладны ніякім знешнім кан’юктурным абставінам.
Я далёкі ад ідэалізацыі паэзіі Веранікі Мандзік. Напрыклад, верш “Тваіх прызнанняў несур’ёзных словы…” падаўся мне слабейшым за астатнія. Але гэта цалкам нармальна для паэта — слабейшае нам дадзена для таго, каб адцяняць сабою сапраўднае.
Як, прыкладам, такое, сапраўднае:
Я шчасце прыціскала да грудзей,
Тугое, трапяткое — толькі б выспеліць!
Баялася: а раптам прападзе,
А раптам з рук няўмелых вёртка выскачыць?
Многае яшчэ хочацца сказаць, але няма такой магчымасці. Застаецца толькі пажадаць, каб паэтычнае шчасце ў такіх адораных асобаў, як Вераніка Мандзік, не выскаквала “вёртка” з рук. А для таго, на добры лад, і патрэбныя крытыкі.
2003–2008 гг.
Свидетельство о публикации №226110500553