Метафизика исцины

Міхась Южык

Метафізіка ісціны
(зборнік крытычных і аналітычных літаратурных артыкулаў 2008–20012 гг.)


Змест

1. Слова – падсуднаму!
2. Як зрабіць імя маладому пісьменніку?
3. Крытыка на лаве падсудных
4. Трынаццаць дзён з дзённіка Антона Кудлатага
5. Прасцяг кішэнных зацемак
6. Рэфлексіі паводле сучаснага дэтэктыва
7. Рэцэпт вінегрэту
8. Слёзы скрозь смех
9. Словам па “Дзеяслове”
10. Творца і крытык: без спадзеву на прымірэнне
11. Тэхналогія паэтычнага вычування
12. Перакуліць рэчаіснасць
13. Няшчасце вяртання
14. У пошуках сучаснага героя
15. Далоў “дзедаўшчыну”?
16. Шынок пры дарозе
17. Запаветная мара рэдактараў
18. Зайздрасць як рухавік
19. Чытач рухаецца за канфліктам
20. Мы будзем
21. Гульня, роўная рэчаіснасці
22. Літаратура для абыякавых
23. Горад і чалавек
24. Пачуць цішыню
25. Пісьменніцкі рай
26. Праблема арыентацыі
27. Сякерай па літарах, нагой на сумленне
28. Каб не даць пераспець
29. Памерацца членамі
30. Чалавечы фактар
31. Яшчэ раз пра герояў нашага часу
32. Куды паставіць нагу?
33. Праблемы творчага свербу
34. Метафізіка ісціны
35. Піяру Някляева
36. Беларуская літаратура як сродак для стрававання
37. Філфак як баласт
38. Пастаноўка дыягназу
39. Турма і воля
40. Шыпшынавы вечар
41. Тэхналогія сямейнага садызму, або «Наша Таня горько плачет…»



Слова – падсуднаму!

У літаратурным свеце здаўна практыкуецца сістэма адказаў аўтараў сваім крытыкам. Няцяжка зразумець, што гэтыя адказы пераважна носяць абарончы характар, г.зн. аўтар, не задаволены крытыкай яго тэкстаў, выступае ў ролі змагара за самога сябе. У той жа час цяжка сабе ўявіць, каб рэдакцыя давала плошчу аўтару, які ўздумаў мнагаслоўна дзякаваць крытыку, калі той пахваліў яго твор. Такое, калі і здараецца, то як выключэнне.
Дый, памяркуйце самі, ці могуць быць цікавымі чытачу перыядычнага выдання ўзаемныя дыфірамбы. Пахвальба і ўсялякая мёдатачывасць не прывабліваюць чытача. Яму патрэбны скандал, калі аўтар накідваецца “з кулакамі” на свайго крытыка. Ці хаця б невялічкі скандальчык у выглядзе таго, як аўтар сварліва бурчыць.
Адказы аўтараў на крытыку іхніх твораў, такім чынам, розняцца толькі нюансамі. Агульны пасыл жа ў цэлым не мяняецца цягам доўгіх стагоддзяў. Ад аўтараў не дачакаешся “пакаяння”, яны не ўпадуць на калені і не ўсхваляць крытыка, які ўшчэнт разнёс яго любімае тварэнне. Не! Аўтар будзе сябе бараніць. І вось тут паўстае маральнае пытанне: а ці мае ён права на гэта? Ці каштуюць хоць чаго-небудзь ягоныя словы ў сваю абарону? У судзе ж абарону падсуднага праводзяць адвакаты, напрактыкаваныя ў сваёй справе. Слова ж падсуднаму даецца збольшага для прыліку, і эфект на суддзяў робіць толькі яго шчырае раскаянне, а не самаапраўданне.
Экстрапалюючы судовы працэс на працэс суда над літаратурнымі творамі, можна ўбачыць тое, што адвакатаў аўтару літаратурны закон далёка не гарантуе. Бывае, канешне, што нехта з крытыкаў выпадкова заступіцца за дазвання разнесены твор. Здараецца, што аўтар сам папросіць знаёмага крытыка заступіцца. Але такое заступніцтва бывае даволі рэдкім, нерэгулярным і, паўтараю, не гарантаваным. Рэдакцыя, ашчаджаючы плошчу, можа палічыць аўтара птахам невысокага палёту, каб друкаваць артыкулы ў яго абарону. Маўляў, крытыка на твой твор прагучала – і радуйся; а што яна адмоўная – ну дык трэба лепей пісаць.
Таму, як ні круці, пакрыўджаным аўтарам варта браць ініцыятыву ў свае рукі. Як той казаў, сам сябе не пахваліш – і ніхто не пахваліць. Распалены прагай выказацца аўтар мае магутны патэнцыял, бо абараняе не толькі ўвасобленую ў творы ідэю, але і ўласную годнасць, і ўласны літаратурны статус. Таму цяжка яго стрымаць у гэтым парыве. Каб не набываць сабе лішнія праблемы, вопытныя рэдактары даюць аўтару “выпусціць пару”, вядома, падправіўшы ў гарачлівых ягоных адказах нецэнзурныя месцы ці выкрасліўшы грубую лаянку. Асноўны прынцып друкавання такіх адказаў – не дапускаць працяглай палемікі паміж аўтарам і крытыкам, які нізка ацаніў яго твор. Зазвычай ланцужок мае ўсяго два звяны: крытычны артыкул і артыкул аўтара ў сваю абарону. Калі не спыніцца на гэтым, то палеміка непазбежна перарасце ў бясконцую дэструктыўную лаянку “да хрыпаты”. Што, дарэчы, бачна па ЖЖ-блогах, што не абмежаваны папяроваю плошчай, якая на вагу золата. ЖЖ-палеміка паміж аўтарамі і крытыкамі, як правіла, спыняецца толькі натуральнай стомленасцю людзей, якія, зрэшты, ні да чаго не прыходзяць і застаюцца “пры сваіх”, наастатак абазваўшы апанента набітым дурнем.
Аўтар, які рэагуе на крытыку сваіх твораў, мае заведама хісткую пазіцыю. Адыграць са страчанага ён тут можа не вельмі многа, а вось дадаткова прайграць можа столькі, што сам затым пашкадуе. Многія пэўна памятаюць, як рэдакцыя “ЛіМа” друкавала адказы аўтараў, да “глыбіні душы” абураных тым, як разглядаліся іхнія творы ў “ЛеГАЛізацыі”. Займальна было назіраць, як пажылыя дзядзькі з хлапчукоўскай запальчывасцю і слязлівай крыўдлівасцю баранілі сябе. Многія аўтары не ведаюць аднаго: крытык сваімі творамі свядома ці падсвядома жадае вывесці аўтараў на эмоцыі; і калі аўтар гэтыя эмоцыі нястрымана праяўляе – ён прайграў, а крытык у трыумфе. І самая запальчывая, агрэсіўная рэакцыя будзе – на праўду. То бок аўтару паведамляюць горкую праўду пра яго твор. Часам гэта вынесці немагчыма.



Як зрабіць імя маладому пісьменніку?

Пэўнага рэцэпту, вядома ж, на гэта не існуе. Кожны выбірае шлях згодна ўласных магчымасцяў. Аднак ясна, што для гэтага, па-першае, трэба пісаць таленавіта, арыгінальна (для чаго многа чытаць, каб выпрацаваць свой стыль і пазбегнуць паўтарэнняў чужога), а па-другое, актыўна, любымі спосабамі даводзіць свае творы і сваю пазіцыю да чытача.
Шлях да славы, усталяваны савецкай выдавецкай сістэмай на Беларусі, калі стаць славутым можна было толькі праз доўгія гады, заняўшы адпаведную пасаду ў Саюзе пісьменнікаў і падпарадкаваных ёй структурах, – гэты шлях цяпер, у трэцім тысячагоддзі, мала эфектыўны.
З’явіўся інтэрнэт, прыватныя выдавецтвы, якія ствараюць моцную канкурэнцыю так званаму афіцыйнаму друку. З’явілася магчымасць выступаць перад чытачамі і слухачамі не ў статусе пасланцоў Саюза пісьменнікаў, а ад любой літаратурнай суполкі і нават ад уласнай персоны. Вопыт апошніх пятнаццаці гадоў сведчыць, што найбольш папулярнымі сталі пісьменнікі, якія актыўна ідуць у масы са сваімі тэкстамі: Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Валерыя Кустава, Віка Трэнас ды інш.
Адным словам, пад нерухомы камень цяпер вада не цячэ. Важнае значэнне для маладых пісьменнікаў, якіх не надта чакаюць у “дарослых” часопісах, набывае інтэрнэт і асабліва ўласныя ЖЖ-блогі. Пры наяўнасці пэўнай эпатажнасці, скандальнасці, нават не падмацаванай асабліва якаснымі мастацкімі тэкстамі, творца даволі хутка можа зрабіцца вядомым і папулярным.
Але ў любым выпадку неабходна ствараць наўкруг сябе літаратурныя колы ці інтэгравацца ў існыя літаратурныя суполкі, браць удзел у імпрэзах і вечарынах, то бок “свяціць” сябе любімага і не варыцца ва ўласным саку.
Усё сказанае вышэй, праўда, тычыцца папулярнасці хуткаплыннай. Устойлівы ж статус, у дзесяцігоддзях і стагоддзях, пісьменніку могуць даць адно высокамастацкія тэксты і незвычайны, часам трагічны лёс. Так было ва ўсе часы. Нават сыход Талстога з Яснай Паляны перад смерцю дадаў яму славы, і без таго велізарнай пры жыцці. Эшафот і катарга Дастаеўскага, безумоўна, дадалі цікавасці да яго тэкстаў, дый самі тэксты ўзмацніліся праз іх. З беларусаў усе ведаюць трагічнасць Купалы, Багдановіча, Гадулькі, Сыса, што разам з іх якаснымі тэкстамі ўсталявалі іх імёны на алімп нацыянальнай літаратуры.



Крытыка на лаве падсудных (часопіс “Тэксты”, №12, 2009 г.)


«Гісторыя мастацтваў і літаратуры паказвае на кожным кроку, што найвышэйшыя творы чалавечага духу спачатку падвяргаюцца апале і знаходзяцца ў ёй, пакуль не з’явяцца людзі вышэйшага розуму, на каго гэтыя тварэнні разлічаны, якія адкрыюць іх каштоўнасць, што пад эгідай іх імёнаў трывала зацвярджаецца назаўсёды».

                Артур Шапэнгаўэр

1 (Агульнае і канкрэтнае)

Неяк наш паважаны крытык Ганна Кісліцына прамовіла на радыё «Свабода», разбіраючы сучасны літаратурны працэс: «Мы маем права і павінны хоць час ад часу судзіць адзін аднаго па гамбургскім рахунку, іначай патонем у хлусні». Вось такім літаратурным судом я і планую заняцца ў гэтым артыкуле. Мала таго, зраблю ход канём і замест звыклага прэпарыравання твораў празаікаў ды паэтаў разбяру нашых крытыкаў. Балазе ўвагі ім апошнія гады нестае. Тут нават бачыцца несправядлівасць. Людзі стараюцца, пішуць, друкуюцца ў перыёдыцы і зрэдку выдаюць кнігі, а ацэнкі сваёй руплівай працы дачакацца не могуць. Бо няма ад каго. Уся рэакцыя на іх творчасць, як правіла, заключаецца або ў падзяках ад аўтараў (калі артыкул станоўчы), або ў іхніх гнеўных самалюбных фырканнях (калі артыкул адмоўны).
Аналізаваць сучасную літаратурную крытыку вельмі складана. Калі мне прапанавалі гэта зрабіць, то я, ацаніўшы маштабы задачы, жахнуўся. Уявіце, каб вам сказалі: напішы пра ўсю сучасную прозу. Гэта б мінімум азначала – прачытаць усё, што апублікавана ў нас за апошнія некалькі гадоў. Пагадзіцеся, задача для аднаго чалавека не надта пасільная, бо крытычных артыкулаў друкуецца не нашмат менш, чым мастацкай прозы. А што аб’ёмам яны трохі меншыя – невялікае суцяшэнне.
Узяцца за такую працу пабудзілі мяне даўнія рахункі з нашым крытычным цэхам. Бо не сакрэт, што амаль кожны паэт ці празаік мае з крытыкамі напружаныя дачыненні. Або зусім пра яго, бедака, не пішуць, або пішуць не так, як хацелася б, то бок не знаходзяць у аўтару зразумелай толькі яму аднаму глыбіні. Ну і, вядома, зусім не любіць творца сваіх крытыкаў, калі яны яго распякаюць ды прыніжаюць.
Літаратары – людзі амбітныя, таму што, паводле крытыка Аксаны Бязлепкінай, «неамбітныя пішуць у стол, і мы не ведаем, што яны таксама пісьменнікі».
Дарэчы, чаму б не пачаць з самой спадарыні Бязлепкінай, асобы ў крытычным войску прыкметнай. Яна, між іншым, адзін з нешматлікіх літаратуразнаўцаў, хто выдаў за апошнія гады ўласную кнігу (крытычны разбор суполкі «Тутэйшыя» – тэма кідкая).
Аксана Бязлепкіна, як відаць з яе артыкулаў, жанчына сур’ёзная. Жартаў з літаратурай не любіць, а таму часам адвешвае аўтарам з усяго маху. У сваім артыкуле «Амбітная літаратура» (часопіс «Arche») яна, напрыклад, убачыла наскрозь славалюбства беларускіх літаратараў і няшчырасць крытыкаў: «У часы панавання СМІ літаратурны працэс мае ўсе магчымасці для ўцягвання ў сябе чытачоў і нечытачоў (нават насуперак іх жаданню), і таму паспяховы піяршчык сам ёсць крыніцай інфармацыі пра сябе: можа самавольна і беспакарана запісацца ў секс-сімвалы тысячагоддзя ці найвыбітнейшыя беларускія пісьменнікі. (...) Гэтае «самагенераванне» звестак – наша даўняя традыцыя: досыць часта самае важнае слова пра твор і ўдзел аўтара ў літаратурным працэсе кажуць не крытыкі, а самі аўтары».
Далей спадарыня Бязлепкіна дае рэцэпты, як аўтару быць заўважаным. Хаця не, хутчэй не дае, а канстатуе і пералічвае, бо, маўляў, нашы аўтары і самі не зломкі і вучыць іх самараскрутцы зусім не трэба.
Тут крытык становіцца ў вядомую апазіцыю аўтарам: колькі вы ні высільвайцеся, а вашу заганную амбітную прыроду я ведаю; таму і на вас, і на творы вашы буду глядзець у гэтым скептычным ракурсе. Бяда толькі ў тым, што аўтары, якіх Бязлепкіна бачыць наскрозь, ніяк не могуць дачакацца ад яе, сапраўды высокаадукаванай і таленавітай, таленавітых жа незаангажаваных рэцэнзій на свае творы. Піша Бязлепкіна надзвычай рэдка, а калі паяўляецца ў друку, то пераважна з дэструктыўнымі думкамі і агорклым беларускім песімізмам – кшталту: нічога не зменіш, ну дык не варта і намагацца. Заўважаў я ў друку і яе рэцэнзіі на звышамбітных асобаў, злосных самапіяршчыкаў, якія і без рэцэнзій Аксаны Бязлепкінай не прападуць, мякка кажучы.
Трэба, спадары, не бяссільна разводзіць рукамі, а нешта рабіць. Прытым як мага часцей і як мага якасней. А што Аксана Бязлепкіна гэта можа – сумненняў няма, дый некаторыя яе артыкулы (прыкладам, «Пентхаўз для Сыса», «Дакторка Югася») гэта засведчылі.
У мяне склалася глыбока суб’ектыўнае ўражанне, што спадарыня Бязлепкіна, паспрабаваўшы сябе напачатку ў прозе і расчараваўшыся ў чытачах, пакрыўдзілася і спешна зарыла свой талент у зямлю. Засяродзілася на крытыцы – і там не спраўдзіліся яе запаветныя ідэалы: занадта ўжо амбітныя і гарлапаністыя гэтыя аўтары. А таму і крытыку Аксана піша як быццам нехаця, пад настрой, без веры ў тое, што можа хоць трохі выправіць літаратурную сітуацыю. А верай, як вядома, горы зрушваюцца.
Я разумею, што цяжка працаваць, калі няма водгукаў на твае намаганні. На грунтоўны і карысны ва ўсіх адносінах артыкул Бязлепкінай: «Беларускі дэтэктыў: спецыфіка жанру», што пяць гадоў вісіць на сайце litara.net, не напісана ніводнага каментара, нават ад ананімаў. А вось на бессэнсоўныя «пацешкі», якія Бязлепкіна змяшчае на сваім livejournal, часам бывае да сотні каментарыяў.

2 (Без адвакатаў)

Далей мы пройдземся па крытычных матэрыялах, што змяшчаліся ў беларускіх літаратурных выданнях за апошнія пару гадоў, уключаючы перадачу «Дом літаратара» на радыё «Свабода». Аднак, забягаючы наперад, скажу, што знаёмства з літаратурнай крытыкай нашых выданняў мяне азадачыла. Справа ў тым, што абсалютная большасць матэрыялаў, што стаяць пад гордай рубрыкай «Крытыка», насамрэч такімі не з’яўляюцца. Часцей гэта літаратуразнаўчыя і культуралагічныя доследы, а не крытычны аналіз. Таму варта прыпыніцца і вызначыць, што з’яўляецца літаратурнай крытыкай. Па маім упартым перакананні, крытык гэтак сама адрозніваецца ад літаратуразнаўцы, як генерал ад губернатара. Літаратуразнаўства справа збольшага мірная. Яна нічога, як правіла, не адкрывае, ні з чым усур’ёз не спрачаецца і тым больш не ваюе. Месца ж крытыка – заўсёды на фронце мастацтва. Ён заваёўвае тэрыторыю ў выглядзе імёнаў і твораў, або адваёўвае, зрынаючы з шматгадовых пазіцый закасцянелыя, застарэлыя і выпадковыя творы. А ўжо пасля крытыкаў на гэтую захопленую тэрыторыю накіроўваюцца плоймы літаратуразнаўцаў, культуролагаў, філосафаў літаратуры і іншых даследчыкаў, якія пачынаюць, вобразна кажучы, адбудоўваць мірнае жыццё, узводзіць дамы і палацы. Літаратуразнаўцу зусім не трэба мець бездакорны мастацкі густ і чуццё на шэдэўры. За яго гэта зробяць выбітныя крытыкі.
Менавіта крытыкі з бездакорным густам і метафізічным чуццём, кшталту Бялінскага, і робяць надвор’е ў літаратурным працэсе, вызначаюць накірункі яго развіцця на наступныя дзесяцігоддзі, намячаюць літаратурную іерархію, якая надалей толькі ўдакладняецца, не змяняючыся істотна. Азнаёміўшыся са зборам твораў Бялінскага, можна смела казаць, што без яго генію не было б вялікай рускай літаратуры. Усе адкрытыя ім імёны геніяў сталіся класікамі, усе прадугаданыя напрамкі літаратурнага развіцця спраўдзіліся, усе зрынутыя модныя пісакі засталіся ляжаць у сваёй яме нябыту. Гэта той выпадак, калі адзін чалавек можа зрабіць больш, чым дзесяць інстытутаў літаратуразнаўства накшталт нашага коласаўска-купалаўскага. Але ж волаты-крытыкі нараджаюцца не па нашым хаценні, і пакуль спраўдзіцца гэты факт, трэба нешта рабіць простым смяротным. Ды бяда ў тым, што без чуцця на шэдэўры не можа быць не толькі геніяльнага, а нават колькі-небудзь прыстойнага крытыка. Мой шматгадовы аналіз паказвае, што ўласна літаратурных крытыкаў, тых, хто адкрывае новыя выбітныя імёны беларускай літаратуры, а не карыстаецца зададзеным рэчаіснасцю планам, – гэтых неацэнных людзей у нас не проста адзінкі, а іх можна пералічыць па пальцах адной рукі. Не, амаль усе беларускія крытыкі таксама адкрываюць імёны і носяцца з імі як з пісанай торбай. Вось толькі імёны гэтыя такія, што лепей бы яны іх не агучвалі, бо творчасць гэтых людзей уласна з мастацтвам не мае нічога агульнага.
А што такое мастацтва, спытае чытач. Пытанне настолькі складанае, што Леў Талстой, каб адказаць на яго, напісаў артыкул ледзь не на дзвесце старонак і пакінуў некаторыя аспекты адкрытымі. Артыкул так і называўся – «Што такое мастацтва?». Але да ісціны Талстой такі падступіўся і вызначыў мастацтва як спосаб заражаць пачуццямі чытачоў-гледачоў-слухачоў. Прычым пачуцці гэтыя, паводле Талстога, павінны быць высокімі, інакш эфекту заразлівасці не адбудзецца. Тут буйны філосаф, на маю думку, істотна памыліўся, таму што, як выдатна дэманструе цяперашняе тэлебачанне, заражаць абывацеля можна абсалютна любымі пачуццямі. Больш за тое, чым брыдчэйшыя гэтыя пачуцці, тым болей яны ўспрымаюцца на ўра.
Удакладняючы вызначэнне Талстога, я б ахарактарызаваў мастацтва так. Гэта здольнасць мастака перажываць тонкія, а дакладней, метафізічныя пачуцці і арыгінальнымі мастацкімі сродкамі дасягаць эфекту заразлівасці, то бок перадаваць гэтыя пачуцці чытачу-слухачу-гледачу. Пад метафізічнымі пачуццямі маецца на ўвазе сузіранне мастаком свету боскага і пякельнага. А калі абстрагавацца ад рэлігіі, на якую ў секулярызаванага грамадства алергія, то метафізічныя ідэі – гэта тое, што знаходзіцца па-за межамі зямнога жыцця, кіруе ім, але праяўляецца толькі ўскосна праз бачныя падзеі і вобразы.
Адсюль выснова: няма ў творах перададзеных выбітнымі мастацкімі сродкамі метафізічных ідэй – няма і мастацтва. Таму колькі б мастак ні накручваў у сваім творы карункаў, колькі б ні шліфаваў стыль, за якія б модныя ці новыя тэмы ні браўся – без высокай, метафізічнай ідэі яго твор будзе цялёпканнем на плоскай паверхні возера. У вышыню плыўцы, яго героі ці вобразы, ніколі не падымуцца.
Такое працяглае адступленне я зрабіў у сілу яго неабходнасці для разгляду творчасці літаратурных крытыкаў, большасць якіх, паўтаруся, ніякіх новых імёнаў не адкрываюць. Тыя ж крытыкі, што агучваюць новыя імёны, у абсалютнай большасці знаходзяцца ў змане – бо акрытыя імі творцы, па сутнасці, не вырабляюць мастацкіх твораў. Таму такія крытыкі займаюцца будаўніцтвам не сапраўдных, а фальшывых літаратурных структур. Фальшывая іерархія можа адно тармазіць развіццё літаратуры, часам на дзесяцігоддзі. Сапраўдная ж робіць у перспектыве літаратуру вялікай, стварае ўмовы для нараджэння літаратурных геніяў.
Аднак складанасць у тым, што сапраўдную ці фальшывую літаратурную іерархію можа зацвердзіць ці аспрэчыць адзін беспамылковы суддзя – час. Крытык жа можа спадзявацца толькі на сваё прыроднае чуццё. А зусім бездакорным яно бывае адно ў геніяльнага крытыка. Беларуская літаратура пакуль што такога чалавека не зазнала, а таму знаходзіцца ў чаканні, даволі, дарэчы, пакутлівым. Фальшывая літаратурная іерархія, збудаваная за савецкім часам, зрабіла сваю чорную справу: беларуская літаратура безнадзейна адстала не толькі ад рэальнасці, але і ад літаратур суседніх, памежных краін, не кажучы пра заходнееўрапейскую.
Для стварэння сапраўднай літаратурнай іерархіі крытыкі павінны працаваць у атмасферы незаангажаванасці, чаго дасягнуць у беларускамоўнай рэчаіснасці вельмі складана. Надта вузкае кола тых, хто размаўляе і піша па-беларуску. Літаратары пераплецены сяброўскімі, карпаратыўнымі, сямейнымі сувязямі. Крытыкаў пастаянна просяць, купляюць, ціснуць і застрашваюць. Ідэальны беларускі крытык-эксперт – гэта чалавек, што жыве ў далёкім замежжы і таму не абцяжараны чалавечымі стасункамі. Тэксты і малюнкі вокладак яму дасылаюць па Інтэрнэце, такім жа чынам ён высылае свае непрадузятыя рэцэнзіі. Ганарары атрымлівае электроннымі пераводамі... Пагадзіцеся, карціна настолькі ж прывабная, як і нерэальная. Бо адчуць літпрацэс напоўніцу можна, адно варачыся ў яго нездаровым саку, няспынна бегаючы па рэдакцыях і тусоўках. Да таго ж нават ідэальны крытык сутыкнецца з тым, што яму будуць усё-ткі навязваць думку рэдакцыі. То бок той, хто заказвае артыкул, пажадае атрымаць на выхадзе прыдатны, а значыць, блізкі духу рэдакцыі прадукт. Галоўны рэдактар не захоча адмоўную рэцэнзію на твор, які сам жа і друкаваў. Не стане ён хваліць у сваім выданні і творы пісьменніка, якога не любіць па розных прычынах і творчасцю якога не захапляецца. Таму што людзі, спадар чытач, аднолькавыя ва ўсе часы і кіруюцца ўласнымі страсцямі і ўласнай выгадай. Ці выгадай свайго выдання – без розніцы. Кажу не галаслоўна, бо нядаўна атрымаў прапанову пісаць літаратурныя рэцэнзіі для аднаго з нашых найвыбітнейшых, прагрэсіўных выданняў. Вось толькі хутка высветлілася, што мая пазіцыя мусіць абсалютна супадаць з думкай пра твор галоўрэда. Карацей, супрацоўніцтва не атрымалася, бо я сваё пяро нікому не прадаю.
Аднак, пытанне сур’ёзнае, і далейшы аналіз літаратурнай крытыкі беларускіх выданняў гэта пакажа. Пакуль жа цытую А.Шапэнгаўэра: «Майстэрства заціраць заслугі шляхам замоўчвання і ігнаравання, з мэтай скрыць усё добрае ад грамадства, – практыкавалася нягоднікамі часоў Сянэкі не горш як цяперашнімі; і тым, і другім аднолькава затуляла рот зайздрасць».
І яшчэ адзін момант, перш чым перайсці да літаратурных аглядальнікаў радыё «Свабода». З-за цеснаты ў беларускім белліце крытыкі, агульнавядома, стараюцца нікога ўсу’рёз не чапляць. Помсцяць часцей ігнараваннем твораў канкрэтнага літаратара. Калі ж зрэдчас даюць нялюбаму пісьменніку прыкурыць, то нагадваюць гарэзлівага школьніка, які звоніць у дзверы пятага паверха, дзе жыве злы дзядзька, і стрымгалоў кідаецца ўніз, пакуль той яго не нагнаў. Злыя дзядзькі – гэта пакрыўджаныя беларускамоўныя аўтары.
Вось вам прыклад з кнігі Альгерда Бахарэвіча «Ніякай літасці Валянціне Г.». Там, у ліставанні з Юрасём Барысевічам, ёсць адметны і характэрны фрагмент.
«Ганна Кісліцына назвала ў “Дзеяслове” твае тэксты “помессю Сарокіна і Шамякінка”», – кажа Барысевіч свайму суразмоўцу. На што Бахарэвіч рэагуе рашуча: «Лепшы адказ на такую крытыку – пагардлівае маўчанне. Аднак выкажуся. Мне здаецца, варыянтаў тут для абазнанага ў літаратуры чалавека можа ўзнікнуць два. Або Кісліцына не чытала ні Шамякіна, ні Сарокіна, або яна за жыццё толькі іх, небаракаў, і прачытала. У апошняе верыцца з цяжкасцю. Думаю, Кісліцына насамрэч не знаёмая ні з маімі тэкстамі, ні з тэкстамі іншых аўтараў, на якіх яна з паталагічным захапленнем вешае свае паспешліва змайстраваныя цэтлікі. Мае кнігі яна, відавочна, гартала, але ўмець перагортваць старонкі – замала, каб называць сябе крытыкам або літаратуразнаўцам».

3 (Радыё «Свабода»)

На гэтай камедыйнай ноце і пачнём знаёмства з творчасцю Ганны Кісліцынай у «Доме літаратара», дзе яна, разам з Міхасём Тычынам, Анатолем Сідарэвічам і Алай Сямёнавай рыхтуе крытычныя артыкулы для эфіру радыё «Свабода».
Склалася нязводнае ўражанне, што ў «Доме літаратара» крытыку самавыявіцца можна з такой жа свабодай, як чалавеку ў каналізацыйнай трубе. Можна цесна варочацца па яе шырыні, рухацца наперад або адпаўзаць назад. Гэта я да таго, што там відавочна замаўляюцца не крытычныя артыкулы, а літаратуразнаўчыя рэкламныя ролікі на кнігі, што фінансуюцца з блізкіх «Свабодзе» грашовых крыніц, або на сталых і ўлюбёных гасцей гэтага радыё. Мяркуйце самі, кнігі якіх выдавецтваў зазвычай тут рэцэнзуюцца: «Кнігарня Наша Ніва» і «І.Логвінаў». А асобы, пра якіх тут пераважна гавораць, гэта: Хадановіч, Глобус, Арлоў, Разанаў, Сіўко, Маракоў, Танк, Кудравец, Коўтун, Быкаў, Гілевіч... Зразумела, што ніякіх крытычных заўваг па такіх кнігах і такім харызматычным асобам зроблена быць не можа. Ясна, што ніякіх адкрыццяў крытыка «Дома літаратара» тут не можа зрабіць апрыёры. Бо імёны, якіх я пералічыў, без дапамогі шаноўных крытыкаў, праз талент і сацыяльную гіперактыўнасць, або праз талент і савецкую сістэму (Быкаў, Гілевіч) даўно і ўстойліва распіярыліся.
Я не вінавачу вышэйпералічаных крытыкаў – гэта вельмі разумныя і збольшага дастойныя людзі. Але ва ўмовах несвабоды «Свабоды» нешта неардынарнае, смелае зрабіць надта цяжка. З іншага боку, я разумею і палітыку радыё, якое бярэцца раскручваць тыя кнігі, на якія дзяржава не дае ні капейкі, і якое мае законную любасць да кніг роднасных выдавецтваў і асобаў, блізкіх ідэйна. Усё гэта так. Але пры такім падыходзе адбываецца прафанацыя самой ідэі літаратуры, таму што творы прасоўваюцца па іерархічнай лесвіцы не за мастацкія вартасці, а за талент грамадскай камунікабельнасці.
Найбольш спрабуе быць аб’ектыўнай Ганна Кісліцына, крытык і літаратуразнаўца, што выклікае павагу досведам, выразнасцю думкі, гарачай верай у сваю справу. Кісліцына адна з нямногіх, хто яшчэ верыць у перспектыўнасць беларускай літаратуры. Гэта асабліва бачна па яе кнізе «Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы», пра якую мы пагаворым у асобным раздзеле.
Пакуль жа колькі слоў пра яе артыкулы на радыё «Свабода». Не толькі з вышэй прыведзеных прычын, але, мабыць, з агульнай мяккасці характару ўласна крытыкі ў артыкулах Кісліцынай не назіраецца. Усіх хваліць, усімі захапляецца, вышуквае ў творах такія мастацкія пласты і псіхалагічныя моманты, якія аўтары, па сваёй прастаце, туды і не думалі ўкладваць. Кісліцына яўна выглядае разумней, глыбей, танчэй і, зразумела, больш начытанай, чым людзі, пра якіх яна піша. А таму прыпісвае ім свае станоўчыя якасці і сваю творчую глыбіню. Гэта настолькі ж пахвальна, наколькі і шкодна для аўтараў, большасць якіх даўно і дарэмна ўзнялі свой нос да самых нябёс.
З тых артыкулаў Кісліцынай, што я чытаў у «Доме літаратара», яна спрабуе рабіць крытычныя заўвагі адно Анатолю Казлову (кніга «Юргон»). Дарэчы, ацаніце, шаноўны чытач: крытык піша на «Свабодзе» пра кнігу дзяржаўнага выдавецтва «Мастацкая літаратура»! Дзеля прадукцыі такога выдавецтва Кісліцына дапускае вольнасці, паколвае і шпіляе аўтара: «З першых жа словаў твора аўтар бярэ быка за рогі, а чытача за... Мяркуйце самі: “Юргона сурочылі! Ужо два тыдні, а ў яго анічагусенькі не варухнулася ніжэй пупка і вышэй калена”». Далей, праўда, ідуць заўвагі пераважна наконт маральнага вобліку герояў Казлова, або наконт абранай ім ідэі «юру і гону». Майстэрства ж пісьменніка тут сумненню не падвяргаецца.
Станоўча адзначу кароткія рэцэнзіі Кісліцынай па кнізе «Мільярд удараў» Юры Станкевіча (выдавецтва «Галіяфы») і па рамане Клімковіча і Сцяпана «Цень анёла» (часопіс «Маладосць»), дзе крытык трохі выходзіць за строга абмежаваныя ідэалагічныя рамкі радыё «Свабода», яе работадаўцы.
Другі штатны рэцэнзент «Дома літаратара», Анатоль Сідарэвіч, уражвае сваёй эрудыцыяй, роўна як і тэндэнцыйнасцю падбору матэрыялаў для сваіх выступленняў і прадказальнасцю крытычных ацэнак.
Калі Сідарэвіч аналізуе, напрыклад, збор твораў Максіма Танка ці зборнікі эміграцыйнай прозы, дзе трэба праявіць шырокую эрудыцыю і ўчэпістую памяць на факты, то ён знаходзіцца ў сваёй талерцы і выглядае вельмі пераканаўча. Такой уважлівасці да дэталяў можна адно пазайздросціць. Калі ж ён пачынае разбіраць мастацкасць тэкстаў, то бок займацца непасрэдна крытыкай, то збіваецца або на банальны пераказ фабулы твора і мала арыгінальныя філасофскія сентэнцыі (напрыклад, па аповесці А.Кудраўца «Развітанне»), або становіцца да камічнага прадузятым (напрыклад, разбор вершаванай старонкі тыднёвіка «ЛіМ»).
Вось як Сідарэвіч падагульняе свае развагі паводле аповесці Кудраўца: «Што б там ні пісаў філосаф, ніхто не ведае свайго прызначэння на зямлі, Боскай задумы пра кожнага з нас. Даецца ж на нешта і дзеля нечага нам жыццё...» Па мне, дык гэта нагадвае калыханку для начных слухачоў «Свабоды», каб яны супакоіліся, заснулі, а назаўтра прачнуліся разумнымі і харошымі.
З паэтамі ж «ЛіМа» Сідарэвіч абыходзіцца сурова, без цырымоній (рэцэнзія «На восьмай старонцы “Літаратуры і мастацтва”»). Адшукаўшы некалькі слабых вершаў у паэтычным раздзеле гэтага выдання, крытык, удосталь паздзекаваўшыся з недарэкаў-паэтаў, робіць гучную выснову: «Такое ўражанне, што аматары й графаманы атрымалі ў «ЛіМе» сталую прапіску. І думаецца, што я маю тлумачэнне гэтае з’явы. Людзі з кругаглядам і густам местачковых чыноўнікаў, якія на дэмакратычнай хвалі дарваліся да ўлады, навязваюць сваё бачанне мастацтва народу. Ідзе паслядоўная барацьба з элітарным, высокапрафесійным». На гэтым «крыку душы» мы прыпынімся і патлумачым, што ўвесь артыкул Сідарэвіча пра няздарных паэтаў быў задуманы акурат для гэтай высновы. Літаглядальнік «Свабоды», трэба прызнаць, тут сапраўды выступае ў ролі крытыка. Гэтаму ёсць усе прыкметы: сарказм, вастрыня, правакацыйнасць. Аднак ва ўсім трэба мець меру. Зразумела, што ідэалагічна няблізкі «ЛіМ» выклікае ў Сідарэвіча раздражненне. Але навошта абражаць усіх паэтаў агулам? Бо дасведчаны чалавек павінен разумець, што ў любым выданні трапляюцца прахадныя і слабыя вершы. Мала таго, у кожным выданні іх абсалютная большасць. Не ўсе нараджаюцца Багдановічамі і Разанавамі. Гэта закон прыроды такі, што сапраўдных талентаў вельмі мала, інакш чым бы іх адцяніць? У «ЛіМе» графаманскіх вершаў трапляецца не больш, чым у любым сэрцу Сідарэвіча «Дзеяслове», пра які ён піша ў «Доме літаратара» з аднастайным захапленнем. Я б мог зараз пералічыць і імёны гэтых слабых дзеяслоўскіх паэтаў, і нават прывесці фрагменты іх вершаў. Не буду гэтага рабіць толькі таму, што ведаю, як балюча паэту прачытаць сваё імя ў такім неганаровым спісе.
Вось і паэтам Алесем Чобатам (кніга «Край мой шчаслівы») Сідарэвіч захапляецца без усякай разумнай меры. Быццам бы там усё шэдэўральна і не падлягае крытычным заўвагам. Не трэба ж, у рэшце рэшт, рабіць з крытыкі балаган.
Трэці літаглядальнік «Дома літаратара» Ала Сямёнава зусім ужо не адпавядае рубрыцы «Крытыка», што папярэднічае яе артыкулам, бо займаецца звычайнымі літаратуразнаўчымі росшукамі па творах кананізаваных на «Свабодзе» асобаў. Літаратуразнаўца вымаўляе столькі пустапарожніх фраз, настолькі замілоўваецца Мінкіным, Арловым і Хадановічам, што самы раз прарвацца ў эфір балесным трывожным выгукам: «Давайце ж нарэшце пра літаратуру!» А то гэтыя пераказванні біяграфіі «апостала» беларускай літаратуры Уладзіміра Арлова парадкам ужо надакучылі. Хутка яго жыццяпіс будуць вывучаць у школах – такое прынамсі ўражанне пасля артыкула Сямёнавай па кнізе паэзіі Арлова «Паром праз Ла-Манш». Крытыку яўна няма чаго сказаць станоўчага пра вершы Арлова, дык яна пускаецца ў расповеды пра яго вандроўкі па свеце, пра кулінарныя і літаратурныя густы, да якіх нам, па вялікім рахунку, няма ніякае справы. Высокія эпітэты цалкам замяняюць у Сямёнавай крытычны аналіз. За яе пакручастымі захапленнямі кнігай «Бэрлібры» Андрэя Хадановіча я так і не зразумеў, як ні намагаўся, а што гэта ўласна за звер такі, тыя «бэрлібры».
У астатніх сваіх артыкулах літаглядальнік працягвае піярыць у тысячны раз Яўгенію Янішчыц, у соты – Валянціну Коўтун, у энны – Віктара Карамазава. Прычым пра апошняга мы даведваемся, што ён даўні знаёмец крытыка і меў дачыненні з ёй яшчэ па старазапаветным часопісе «Нёман».
Словам, амаль усе людзі, каго рэцэнзуе ў «Доме літаратара» Ала Сямёнава, – гэта яе даўнія і добрыя знаёмцы ці проста па-чалавечы вельмі прыемныя людзі. Таму ясна, што ні пра які незаангажаваны аналіз гаворкі тут не можа ісці. А гэта, як мінімум, сумна.
Глыбокія артыкулы чацвёртага крытыка «Дома літаратара» Міхася Тычыны пра постаці даўно вядомых літаратараў – таксама зусім не крытычныя, а літаратуразнаўчыя да мозгу костак. Борхес, Рыльке, Быкаў, Купрэеў, Карпюк – усё гэта людзі даўным-даўно ў літаратуры адкрытыя і дасканала прааналізаваныя, у тым ліку шматразова самім спадаром Тычынам. Адно артыкул па кнізе цікавага літаратара Арцёма Арашонка («Сэрн’ю: сэрн’ю») стаіць як бы асобкам. Зрэшты, тут літаратуразнаўца аналізуе хутчэй жанры, у якіх творыць Арашонак, чым творчасць самога пісьменніка, і ад якіх-небудзь ацэнак устрымліваецца. Бо раптам Арашонак папіша-павыдурваецца – і назусім сыдзе з літаратуры?.. Таму, каб размясціць гэтага літаратара на пэўнай іерархічнай прыступцы, нам, мусіць, трэба чакаць якога Леаніда Галубовіча.
Падрахоўваючы вандраванне па сайце «Свабоды» (а я паглыбіўся ў архіў «Дома літаратара» аж да студзеня 2007 г.), нялішне ў трэці і апошні раз працытаваць Шапэнгаўэра: «Паколькі ўвогуле людзі не маюць свайго меркавання і да таго ж пазбаўлены магчымасці цаніць вялікія творы, то ім даводзіцца слухацца голасу правадыроў, і ў 99 выпадках са ста – слава грунтуецца проста на даверы да чужога аўтарытэту. Таму ўхвала хоць бы ад агромністай большасці сучаснікаў цэніцца мысляром вельмі невысока, бо гэтыя воплескі – усяго толькі рэха нямногіх галасоў, прычым і гэтыя апошнія залежаць ад настрою хвіліны.»  Таму спадзяюся, што слухач ці чытач выступленняў названых крытыкаў будзе хоць і прыслухвацца, і захапляцца, але высновы рабіць сваім шырым рэчывам.

4 («Arche»)

Канцэпцыя аддзела крытыкі часопіса «Arche» блізкая да «Дома літаратара» радыё «Свабода», як і да ўсіх астатніх незалежных выданняў рэспублікі («Наша Ніва», «Дзеяслоў», «Тэксты», «Калоссе») – тых, хто адлюстроўвае новую літаратурную сітуацыю, што запанавала пасля распаду СССР.
Трэба, прызнаць, што ў адлюстраванні гэтай новай літсітуацыі часопіс «Arche» зрабіў вельмі шмат. Пераважна дзякуючы таленавітым крытыкам і літаратуразнаўцам Данілу Жукоўскаму і Паўлу Абрамовічу. Яны з’яўляюцца штатнымі аглядальнікамі часопіса апошніх гадоў, а таму ўсё важнае, што прамоўлена «Arche» пра найноўшую літаратуру, сказана іхнімі галасамі. З аднаго боку, гэта добра, улічваючы не абы-якую дасведчанасць і талент названых спадароў. З другога боку, калі часопіс прэтэндуе хоць на якую-кольвечы аб’ектыўнасць ацэнак літпрацэсу, то не варта аддаваць усю крытыку двум чалавекам, якімі б выбітнымі майстрамі яны ні з’яўляліся.
На старонках «Arche», вядома ж, час ад часу змяшчаюцца і крытычныя артыкулы іншых аўтараў, але так рэдка, што канкурыраваць з Жукоўскім і Абрамовічам у іх не атрымліваецца апрыёры. А таму, паўтаруся, чытач гэтага часопіса знаходзіцца ў пэўным змане, прымаючы ацэнкі двух, дарэчы ідэйна вельмі падобных крытыкаў, за аб’ектыўныя.
Кнігі, што разглядаюцца на старонках «Arche», або маюць ідэалагічную заангажаванасць, або выпушчаны выдавецтвамі І.Логвінава, «Кнігарня Наша Ніва», «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода». У надзвычай рэдкіх выпадках аналізуюцца кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура» («Юргон» Анатоля Казлова, «Галоўная памылка Афанасія» Югасі Каляды).
Шырока рэкламуюцца на старонках «Arche» творы, што друкуюцца ў «Дзеяслове»; Павел Абрамовіч нават правёў грунтоўны параўнальны разгляд апавяданняў маладых пісьменніц Тэды Лі (Адэлі Дубавец) і Югасі Каляды, вызначыўшы асноўныя недахопы жаночай прозы ўвогуле.
Праводзяцца агляды часопісаў «Калоссе», «pARTisan» (артыкул Максіма Жбанкова), «Тэксты». Змяшчаюцца цікавыя дыскусіі наконт постмадэрнізму. Як майстар гарачых дыскусій звяртае на сябе ўвагу Сяргей Балахонаў, артыкулы якога ўяўляюць сабой выразны мастацкі твор – па багацці мовы і вобразнасці. Запомніўся яго артыкул «WC-літаратура альманаха “Тэксты”», дзе ў яскравай манеры паказваецца выкарыстанне «Тэкстамі» артыкула Д.Жукоўскага, які, на думку Балахонава, з уласна Данілам Жукоўскім, крытычным брэндам многіх выданняў, не мае нічога агульнага.
Увогуле палемічнасць – гэта адметная рыса часопіса «Arche», безумоўнага лідэра беларускай інтэлектуальнай літаратуры. Палемічнасць несумненна з’яўляецца стратэгіяй часопіса. Што бачна, да прыкладу, па супрацьлеглых рэцэнзіях Абрамовіча і Жукоўскага на кнігу Арлова «Імёны свабоды», надрукаваных побач.
Не цураецца «Arche» ў сваёй літаратурнай частцы і разбору кніг, якія самі па сабе разглядаюць і судзяць. Маю на ўвазе кнігу літаратуразнаўцы Кісліцынай «Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы».
Звяртае на сябе ўвагу артыкул Валянціна Акудовіча «Смерць – геніяльны сааўтар» пра кнігу «Лесвіца ў нябёсы з адной прыступкі» Андруся Белавокага, што загінуў зусім маладым. Гэта, канешне ж, не рэцэнзія ў звыклым яе разуменні, а да болю кранальнае эсэ пра жыццё і смерць.
Важна адзначыць, што штатныя літаглядальнікі «Arche» Жукоўскі і Абрамовіч, фактычна рэкламуючы «патрэбныя» кнігі сваімі артыкуламі, умеюць напісаць так, каб чытач гэтага не заўважыў. То бок няма ў іхніх рэцэнзіях звыклага беларускага ялею, а ўдала выкарыстоўваецца прынцып пугі і перніка, дапускаецца правакацыйнасць і з’едлівасць. Элементы псіхалагічнай экспрэсіі ажыўляюць артыкулы, робяць іх чытэльнымі, запамінальнымі. Крытыкі разумеюць, што аднабаковыя кампліментарныя опусы могуць адно адвярнуць патэнцыйнага чытача ад кнігі ці твора.
На заканчэнне падкрэслю факт: кіраўніцтва «Arche» вырашыла лепш мець двух–трох выдатных літаратурных крытыкаў, чым дваццаць–трыццаць пасрэдных. Упускаючы ў аб’ектыўнасці, дабіраюць у якасці.
І яшчэ трохі агульных момантаў, перш чым адпусціць сваё крытычнае слова да «Дзеяслова». У сучасных літаратурных варунках вельмі важным фактарам з’яўляецца ўмелая арганізацыя сайтаў газет і часопісаў, у прыватнасці іх архіваў. Архівы павінны быць зручнымі і даступнымі. З няўклюднасцю архіваў некаторых выданняў (напрыклад, холдынга «ЛіМ» і газеты «Наша Ніва») я сутыкнуўся пры збіранні матэрыялаў для гэтага артыкула. У наш інфармацыйна насычаны час можна прымусіць чэрпаць такія аб’ёмы матэрыялу з папяровых носьбітаў адно студэнтаў ды аспірантаў. Таму хочацца станоўча адзначыць у гэтым плане сайты «Дзеяслова» і «Arche». Асноўная іх вартасць – прастата інтэрфейсу і даступнасць інфармацыі.

5 («Дзеяслоў», «Наша Ніва»)

У самым літаратурным часопісе Беларусі «Дзеяслове» з крытыкай, у адрозненне ад «Arche», справы сумныя. Я скінуў у адзін файл усё, што ёсць на сайце з артыкулаў пад гэтай рубрыкай з 32 па 17 нумары, і зніякавеў: уласна крытычных рэцэнзій у «Дзеяслове» са жменьку. Бо тут па нашай даўняй беларускай завядзёнцы нікога не крытыкуюць, а толькі хваляць або звыкла маўчаць. Або пішуць творчыя партрэты, як Людміла Рублеўская на паэта Уладзіміра Някляева. Пасля такога артыкула застаецца ўзяць бронзавую фарбу і замаляваць ёй паэта, бо ён ужо ідал, бог, дакладней, бажок белліту, якому можна адно пакланяцца, але ніяк не судзіць яго творчасць. Я ж, у адрозненне ад спадарыні Рублеўскай, не перад кім трапятаць не стану, а таму буду судзіць не толькі нашых «культавых» творцаў, а і іх крытыкаў кампліментарнага кшталту. Больш за тое, толькі ў гэтым бачу асноўную задачу крытыка ў нашай анемічнай літаратуры.
Крытыкі ў «Дзеяслове» настолькі недаравальна мала, што рэдакцыя затушоўвае гэтую маласць тым, што пазначае рубрыкі хітрым чынам. Напрыклад: «Эсэ, крытыка, успаміны». Або: «Мемуары, архівы, крытыка». Прычым аб’ём мемуараў, эсэ, архіваў у такіх рубрыках непараўнальна большы, чым крытычнага матэрыялу. Яшчэ ёсць рубрыкі «Кнігапіс», «Дзеяпіспіс» і «Бліцкрыт». «Кнігапіс» – гэта, наколькі я зразумеў, літаратуразнаўчыя артыкулы. «Дзеяпіс» – новыя выданні, дасланыя ў рэдакцыю (даюцца толькі анонсы). «Бліцкрыт» – адметная рубрыка, дзе прадстаўляюцца сціслыя ацэнкі кнігам харызматычных асобаў (Акудовіча, Бахарэвіча, Сыса, Асташонка) рознымі літаратарамі. Гэта было б цікава, каб амаль усе крытыкі не гаварылі адным голасам і з нейкім мядова-мілосным захапленнем ад творчасці аўтара, што абмяркоўваецца. Гэта выглядае нагэтулькі прымітыўна, што Адам Глобус, тое ўразумеўшы, ледзьве не аблаяў памерлага Алеся Асташонка ў сваім кароткім выступе, абы стаць заўважаным на фоне кампліментаршчыны.
З тых жа артыкулаў, якія рэдакцыя змяшчае пад не частую і малаёмістую шыльду «Крытыка», уласна крытычнымі з’яўляюцца (з 32 па 17 нумар) толькі тры (!) артыкулы. Гэта найперш грунтоўны аналіз Сяргеем Грышкевічам творчасці Юры Станкевіча, дзе ён ва ўласцівай сабе жывой і жорсткай, правакацыйнай манеры вызначае вартасці і недахопы аповедаў вядомага празаіка. Другі артыкул – гэта разгляд Змітром Вішнёвым постмадэрновай кнігі Сяргея Балахонова «Імя грушы», прычым артыкул вызначаецца рэзкімі, са скандальным адценнем выпадамі ў адрас аўтара. Трэці артыкул – гэта «Нелегалізаванае» Леаніда Галубовіча, тое, што па розных прычынах не патрапіла ў свой час у рубрыку «ЛеГалізацыя» ў тыднёвіку «ЛіМ». Тут «Дзеяслоў» як бы сабраў рэшткі творчасці выбітнага аўтара.
Усё, спадары. Больш крытычных артыкулаў у названых нумарах часопіса (а гэта больш за два гады) нямашака. Астатняе – літаратуразнаўства і ўсялякія млявыя рэфлексіі «наконт» і «з нагоды». Сумна. Прыкра. Нават выклікае дэпрэсію. Іншаземец, гартаючы «Дзеяслоў», які прэтэндую на ролю флагмана белліту, можа грэшнай справай падумаць, што ў Беларусі не друкуецца таленавітых кніг. Бо толькі таленавітыя кнігі могуць выклікаць жывую, а не фальшыва-заангажаваную рэакцыю літаглядальнікаў.
З іншага боку, «Дзеяслоў» жа надрукаваў названыя мною артыкулы Грышкевіча, Вішнёва і Галубовіча. Значыць, ён не супраць жывой, рэзкай і колкай крытыкі. А гэта ўказвае толькі на тое, што Крытыкаў у нас замала. Што і патрабавалася даказаць.
Дзеля справядлівасці, у №34 (якога яшчэ няма на сайце) надрукаваны цікавы палемічны артыкул па кнізе паэзіі Ярыны Дашынай. Удзельнікі дыскусіі – Сяргей Грышкевіч і Марыйка Мартысевіч – праявілі сябе экспрэсіўнымі і дасціпнымі крытыкамі. Так што гэта ўжо чацвёрты чыста крытычны артыкул у «Дзеяслове» за два гады.
Трохі скажу пра «Нашу Ніву» ў гэтым раздзеле. Хаця, здавалася б, такое выданне патрабуе адмысловай гаворкі. Але ж газета, якая нерэальна звузіла кола сваіх аўтараў у літаратурнай частцы па ідэалагічных прычынах, наўрад ці здольная зрабіць нейкія адкрыцці ў літаратуры і ў літаратурнай крытыцы адпаведна. «Наша Ніва» апошнім часам – гэта выразна палітычная газета з літаратурным прыдаткам. Ранейшыя яе набыткі ў фарміраванні новай літаратурнай сітуацыі добра вядомыя. З 1991 года гэтай справай плённа займаўся яе галоўны рэдактар (былы) Сяргей Дубавец, які багата зрабіў для прышчэплівання беларусам прагрэсіўнага (пераважна еўрапейскага) ладу мыслення. Ацэнка творчым намаганням Дубаўца, зразумела, станоўчая. Аднак заведамая ідэалагічнасць яго літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў не дазваляюць лічыць Дубаўца літаратурным крытыкам у чыстым выглядзе. Бо крытык ёсць чалавекам абыякавым да ўсякай ідэалогіі, апроч ідэалогіі высокага мастацтва. Крытык – гэта паэт вялікага мастацтва, як Багдановіч – паэт чыстай красы.
Тут няшкодна даць слова літаратару, нашмат больш дасведчанаму па пытанні «Нашай Нівы», чым аўтар гэтых радкоў. Гэта філосаф Валянцін Акудовіч, чалавек, што рэгулярна (паводле яго слоў) чытае ўсе нумары газеты з 1991 года па сённяшні дзень. «У пэўным сэнсе “Наша Ніва” была працягам, “газетным варыянтам” суполкі “Тутэйшыя”, і не толькі таму, што яе стваральнікамі і аўтарамі былі пераважна “тутэйшаўцы”, а найперш таму, што перадусім мэтай газеты было не інфармацыйнае адлюстраванне падзеяў жыцця і літаратуры саміх па сабе, а адраджэнне беларушчыны, яе вяртанне ў лона еўрапейскай цывілізацыі, дзеля чаго былі прыдатныя ўсе сродкі, літаратурна-мастацкія ў тым ліку.
Адным словам, “Наша Ніва” была (і застаецца) цалкам ідэалагічным праектам. Жорсткая заідэалагізаванасць газеты (і ў нейкім сэнсе валюнтарызм галоўнага рэдактара) рэзка абмежавала кола аўтараў, гранічна звузіла тэматыку і праблематыку тэкстаў, іх эстэтычную размаітасць. Вось чаму амаль за дзесяць гадоў свайго існавання газета, якая нейкі час называла сябе нават “літаратурнай”, адкрыла так мала новых літаратурных імёнаў (Арлоў, Мінкін, Глобус, Адамовіч прыйшлі ў “НН” ужо вядомымі і сфармаванымі літаратарамі). Трохі лепей складваліся справы з перакладной літаратурай, хаця і ў гэтым накірунку не хапала сістэмнасці і яснага ўсведамлення пра асноўныя тэндэнцыі і вектары сучаснага еўрапейскага літаратурнага працэсу» (з кнігі «Разбурыць Парыж»).
Ад сябе дадам, што праблема тэндэнцыйнасці падбору матэрыялу, звужанасці кола творцаў і тэматыкі рэцэнзаваных кніг, што ўласцівая «Дому літаратара» і «Arche», у «Нашай Ніве» стала злаякаснай. Лазячы па архіве сайта газеты, натрапляеш у літаратурнай частцы на дзесяць–пятнаццаць імёнаў. Хадановіч, Глобус, Арлоў – у розных жанрах і бясконца. Ясна, што такі застой ні да чаго добрага прывесці не можа і, як мінімум, развіццю літаратурнай крытычнай думкі не садзейнічае.
Тым не менш варта звярнуць увагу на тое, што «Наша Ніва» доўгія гады дае анонсы на новыя беларускамоўныя кнігі ў адпаведнай рубрыцы, часам нават са сціслым пераказам іх зместу. У тую рубрыку траплялі кнігі і «звычайных» аўтараў, што пахвальна. Усё ж «Наша Ніва», трэба прызнаць, асноўны руплівец беларушчыны. Хаця гэтае азначэнне з кожным годам набывае ў свядомасці шараговых грамадзян усё больш няпэўныя рысы.

6 (холдынг «ЛіМ»)

Цяпер трэба ўдзяліць увагу дзяржаўным выданням. Тым больш што ў пэўных колах пануе міф, нібыта ў холдынгу «ЛіМ» сядзяць адны монстры, зацятыя сталіністы і нічога вартага там як у літаратуры, так і ў крытыцы не вырабляецца ў прынцыпе. Аднак гэта тыповая пазіцыя снобаў, якія даўно нікога і нічога, апроч сябе і сяброў, не чытаюць.
Насамрэч жа ў газеце «Літаратура і мастацтва» аддзел крытыкі працуе вельмі плённа і, па-мойму, нашмат апярэджвае ўсе іншыя літаратурныя выданні рэспублікі. Усё гэта ў асноўным дзякуючы Леаніду Галубовічу, заслугі якога перад сучаснай крытычнай думкай цяжка пераацаніць. Усім вядомая яго рубрыка «ЛеГалізацыя», дзе на працягу двух гадоў, штотыдзень, выходзілі вострыя артыкулы на творчасць самых разнастайных аўтараў, незалежна ад іх творчай і ідэалагічнай арыентацыі. Ведаю, што многія куплялі газету толькі дзеля «ЛеГалізацыі». У гэтым прасочваецца характэрная рыса нашага часу: літаратарам (а ўсе беларускамоўныя чытачы – літаратары ў той ці іншай ступені) цікава чытаць не мастацкія творы калегаў, а крытыку на іх творы і ўвогуле разважанні пра літаратурны працэс.
З прычыны рэзкасці некаторых артыкулаў «ЛеГалізацыі», натуральна, з’яўляліся незадаволеныя і пакрыўджаныя аўтары. Але рэдакцыя «ЛіМа» друкавала іхнія славалюбныя допісы з нападкамі на Галубовіча, тым знімаючы псіхалагічную напругу.
Не ведаю, з якой прычыны рубрыка была закрытая, але пасля непрацяглага маўчання Галубовіч распачынае новы праект – «Кулуары», дзе на цэлую паласу прадстаўляе не толькі кнігу і свае рэфлексіі наконт творчасці аўтара, але і малюе партрэт ягонай асобы. Не сакрэт, што ў «Кулуары» пнуцца патрапіць ці не ўсе літаратары Беларусі, ад рускамоўных манкуртызаваных да самых нацыяналістычна завернутых беларусаў. Галубовіча немагчыма абвінаваціць у тэндэнцыйнасці выбару асобаў для разгляду, бо ён прэзентуе ўсе плыні і напрамкі сучаснай літаратуры: ад рускамоўнага паэта Катлярова да заўсёдніка «Нашай Нівы» Хадановіча, ад класіка Яўгеніі Янішчыц да малавядомай правінцыйнай паэткі Святланы Локтыш. Вось цытата з артыкула: «Мне падаецца, што Святлана Локтыш, калі, вядома, задасца высокай мэтай і пакладзе ўсю сябе на алтар творчасці, мае ўсе задаткі, каб здзейсніцца ў паэзіі той самай «непрыручанай птушкай» са сваім голасам, пра якую пісала Яўгенія Янішчыц». Падобнымі словамі Галубовіч выпраўляў у вялікую літаратуру дзесяткі маладых літаратараў. Параўнайце гэта з палітыкай «Нашай Нівы» ці «Arche», дзе разглядаецца творчасць, як правіла, элітарных, харызматычных, сацыяльна актыўных асобаў. Але герметычнасць, закансерваванасць выдання – даўно вядомы і самы прамы шлях да за застою.
На старонках «ЛіМа» шырока практыкуюцца дыскусіі як на зададзеныя Галубовічам, так і стыхійныя тэмы. Даецца слова ўсім жадаючым, абы ён не прамарудзіў з артыкулам. Запомніліся выступы літаратараў паводле творчасці мэтра беларускай літаратуры Уладзіміра Дамашэвіча, спрэчкі наконт узаемінаў аўтараў і крытыкаў (артыкулы Сяргея Грышкевіча і Алеся Паплаўскага). Выступала з палемічным абурэннем Аксана Бязлепкіна. Падвяргаў сумненню вартасць беларускамоўнай літаратуры Анатоль Андрэеў. Яму пярэчыў знаны літаратуразнаўца Уладзімір Гніламёдаў... Словам, такія гарачыя калялітаратурныя спрэчкі рэдка сустрэнеш на старонках прагрэсіўных незалежніцкіх выданняў, дзе на волю стыхіі мала чаго адпускаецца.
Паралельна з «ЛеГалізацыяй» і «Кулуарамі» Галубовіч пастаянна выступае з артыкуламі самай разнастайнай тэматыкі, часта аглядае калектыўныя зборнікі правінцыйных аўтараў, а за такую працу элітарныя выданні зноў жа наўрад ці возьмуцца. Трэба ўлічваць тую асаблівасць, што дзяржаўная газета «ЛіМ» не мае права выпускаць з пад увагі ніводнага рэгіёна і, тэарэтычна, ніводнага літаратара, тады як «Наша і Ніва» і «Arche» нікому нічога не абавязаны і, зноў жа тэарэтычна, могуць адпраўляць допісы недарэкаў-правінцыялаў і пачаткоўцаў непасрэдна ў сметніцу, або чытаць рукапісы такіх аўтараў па дыяганалі, фармальна.
Але якраз у сілу адказнасці «ЛіМа» за кожны рэгіён, суполку, за кожнага беларускага аўтара на старонках газеты часта трапляюцца пустапарожнія і відавочна слабыя артыкулы. Бо не ўсе крытыкі маюць талент літаглядальніка «Arche» Абрамовіча, гэта праўда. Акрамя таго, Галубовіч працуе ва ўмовах, калі аддзел крытыкі завальваюць кампліментарнымі рэцэнзіямі на творы і кнігі буйных чыноўнікаў ад літаратуры, ад якіх ухіліцца няма ніякай магчымасці. Вось у такіх варунках Галубовіч ухітраецца рабіць крытычныя старонкі «ЛіМа» самымі адметнымі, на мой погляд, сярод беларускіх літаратурных выданняў.
Нельга не сказаць пра тое, што «праклятыя паэты» Купрэеў І Гадулька сталі тымі імёнамі па статусе, якімі цяпер ёсць, пераважна намаганнямі Галубовіча, які нязменна і даволі агрэсіўна прапагандуе іх творчасць на тэрыторыі «ЛіМа». А пісаць пра такіх асобаў – выгады яму аніякай, акрамя выгады заспакаення душы. Выцягваць з нябыту Купрэева і Гадульку – гэта вам не малаціць стопершую кампліментаршчыну на Арлова ці Глобуса, якія пакуль, дзякаваць Богу, вой як могуць самі за сябе пастаяць.
На старонках «ЛіМа» ужо гадоў пяць практыкуюцца агляды апошніх нумароў холдынгаўскіх часопісаў, што вельмі зручна для чытачоў. Многа і глыбока ў такім аб’ёме, канешне, пра творы не скажаш, але зарыентаваць чытача і патэнцыйнага пакупніка крытык можа няблага. Калі, вядома ж, мае да гэтага пэўны талент.
Найбольш плённа, аж тры гады, у гэтым кірунку працавала Лада Алейнік. Пісала досыць цікава і, наколькі гэта магчыма, непрадузята. Але натуральна, што ў такой працы без пакрыўджаных аўтараў не абысціся. Былі і нервовыя тэлефанаванні на яе хатні тэлефон, і праклёны, і істэрыкі аж да страты прытомнасці ў лімаўскіх кабінетах. Таму Алейнік добраахвотна пакінула гэты занятак, перадаўшы «пяро» сваёй выхаванцы, аспірантцы філфака Жане Капусце. Жана ўзялася за справу з маладым імпэтам і пачала крытыкаваць усіх запар, прычым распякала творцаў ад няўклюдных пачаткоўцаў да самой Раісы Баравіковай. Аднак, «палітыку партыі» малады крытык хутка ўразумела, таму прыбрала з артыкулаў празмерную з’едлівасць і чарнушніцтва, стала відавочна дабрэйшай. Як будзе далей – пакажа, вядома, час.
Слаўную справу аглядальніка часопісаў пачынала калісьці Наталля Дзянісава (Якавенка), пратрымалася яна блізу двух гадоў, нягледзячы на тое, што ўвасобіла ў сваіх артыкулах узор нежаночай брутальнасці і аднастайнай агрэсіі. Калі літаральна ўсе аўтары і ўсе творы крытыку падаюцца кепскімі, то гэта ўжо выпадак у пэўнай ступені клінічны... Тут варта перагледзець сваё стаўленне да жыцця ў цэлым і падумаць, ці не з’яўляюцца твае опусы вырашэннем сваіх псіхалагічных праблем за кошт аўтараў, якія, паводле Дзянісавай, аказваліся спрэс няздары, недарэкі і бязмозглыя пенцюхі. Тыя ж нешматлікія творцы, каго Дзянісава для прыліку «літавала», быццам бы наўмысна выбіраліся ёй як рэдкія людзі, бяздарнейшыя за яе.
Вядома, што пасля такога чалавеканенавісніцтва Дзянісава (Якавенка) займела шэраг праблем і мусіла бясслаўна закончыць сваю кар’еру ў «ЛіМе». Яе прыклад хай паслужыць урокам нашым усё-ткі залішне мяккім і памяркоўным крытыкам – як крайнасць, адмоўны ідэал, які трэба мець на ўвазе, але крый Божа калі-небудзь да яго набліжацца.
На старонках «ЛіМа» апошнія гады з’яўляліся крытычныя артыкулы велізарнай колькасці аўтараў, таму разгледзець кожнага і нават узгадаць прозвішчы няма магчымасці. Таму коратка пазначу самых адметных, тых, хто пісаў востра, з адценнем скандальнасці. Гэта, канешне ж, Сяргей Грышкевіч, самая яркая асоба, што выклікае неадназначныя рэакцыі чытачоў. Запомніліся рэзкімі закідамі ў бок аўтараў артыкулы Змітра Вішнёва (па творчасці Вальжыны Морт і Югасі Каляды). Не прамінеш рэцэнзій вядомага дасціпнага крытыка Ірыны Шаўляковай і яе добрага знаёмца рускамоўнага Анатоля Андрэева, артыкулы якога змяшчаліся ў перакладах Ірыны. З вострымі артыкуламі паводле літаратурнай сітуацыі ў Беларусі  выступаў ужо згаданы вышэй Алесь Паплаўскі. Грунтоўнымі аналітычнымі рэцэнзіямі вылучаецца Ціхан Чарнякевіч.
Варта адзначыць і шматгадовага адданага крытыка «ЛіМа» Алеся Марціновіча. Наколькі Галубовіч зарыентаваны на адкрыццё новых імёнаў і твораў, настолькі Марціновіч выступае ў ролі яго антыпода, гэткага беларускага кансерватара. Піша крытык выключна пра кнігі і творчасць асобаў, што ўсталяваліся на высокіх прыступках літаратурнай і грамадскай лесвіцы. Асобы, якія раней, вобразна кажучы, не дабіраліся і да ганка «ЛіМа», у сілу новых абставін здабыўшы «генеральскія» крэслы, цяпер ахвотна прэзентуюцца Марціновічам на старонках гэтага тыднёвіка, а таксама ў «Полымі» і «Нёмане»... Не кажу, што гэта выключна дрэнная або непатрэбная справа. Проста адзначаю як факт: прыдворныя літаратары і мастакі былі ва ўсіх эпохах любой краіны.
Пра астатнія выданні холдынга «ЛіМ» скажу, за адсутнасцю плошчы, зусім не многа. Тым больш што крытычныя старонкі «Маладосці» і «Полымя» ніколі не з’яўляліся самымі адметнымі ў гэтых выданнях. Ім традыцыйна аддаецца небагата месца і традыцыйна ж тамтэйшая крытыка пазбаўлена вастрыні і скандальнасці. Дый ці можа прысутнічаць скандальны аспект у акадэмічных выданнях?.. Праўда, апошнім часам, з прыходам на пасаду загадчыка аддзела крытыкі «Маладосці» Ігара Запрудскага, становішча пачало прыкметна мяняцца. Ужо крытыкуецца (праўда, пад псеўданімамі) сам Якуб Колас. Ужо пішуцца нестандартныя гадавыя агляды маладосцеўскіх паэзіі, прозы, драматургіі... Можна толькі пажадаць плёну талковаму арганізатару і крытыку Запрудскаму. Такія матэрыялы нашай літаратуры патрэбныя да зарэзу.

7 (Кнігі крытыкі)

У Беларусі складваецца досыць дзіўная сітуацыя. У літаратурных перыядычных выданнях самы папулярны жанр – крытыка. Многія пачынаюць чытаць часопісы з рэцэнзій і літаратуразнаўства, а некаторыя дык і наогул не чытаюць мастацкую частку. І тым не менш кніг прозы і асабліва паэзіі ў нас выдаецца аж пад завязку, а вось з кнігамі літаратурнай крытыкі значна горш. Тыя ж кнігі, што зрэдку выходзяць, можна адно з нацяжкай называць крытычнымі – гэта, як правіла, калялітаратурныя рэфлексіі, літаратуразнаўства, філасофія паводле тэкстаў, але не крытыка ў чыстым выглядзе. З-за праблемы распаўсюджвання недзяржаўнай кніжнай прадукцыі на Беларусі я вымушаны абмежавацца разглядам толькі часткі такіх кніг, што друкаваліся ў апошнія гады, а менавіта прадукцыі выдавецтва І.Логвінава.
Кніга «Разбурыць Парыж» Валянціна Акудовіча – гэта, па вялікім рахунку, кніга філасофскіх эсэ пра незалежную Беларусь і пра новую літаратурную сітуацыю ў ёй. Хаця з анатацыі, па сутнасці, нельга даведацца пра напрамак кнігі. Мяркуйце самі: «Кнігу складаюць тэксты, якія друкаваліся цягам апошніх гадоў у самых розных айчынных і замежных выданнях». Тут, мабыць, мелася на ўвазе, што абсягі творчасці Акудовіча і так усе добра ведаюць.
Развагамі і назіраннямі за беларускім літаратурным працэсам прасякнутая ўся кніга – пра што б ні пісаў аўтар. Гэта і натуральна, бо, паводле яго ж канцэпцыі, краіна Беларусь існуе пераважна ў літаратурных тэкстах.
Вартасць кнігі бачыцца менавіта ў тым, што крытыкаваць літаратуру бярэцца філосаф, а таму ў адпаведнасці з прынцыпамі гэтай навукі мы назіраем амаль халодную, безэмацыйную ацэнку нібыта старонняга чалавека. Што дае спадзяванні на аб’ектыўнасць.
Звернем увагу на адметны раздзел кнігі – «Уводзіны ў новую літаратурную сітуацыю». Там Акудовіч аналізуе працэсы, што адбываюцца ў беларускай літаратуры пасля развалу Савецкага Саюза. У раздзеле коратка распавядаецца пра гісторыю заснавання і дзейнасць асноўных незалежных літаратурных суполак («Тутэйшых», «ТВЛ», «Бум-бам-літу»), даецца ацэнка іхніх набыткаў і ўплыву на новую літаратурную сітуацыю. Вызначаецца, што такое постмадэрнізм увогуле і ва ўмовах беларускай літаратуры ў прыватнасці. Разглядаецца творчасць знакавых постацяў беларускага постмадэрну.
Напрыканцы, праўда, Акудовіч робіць недаравальную філосафу памылку, збіваючыся на празмерную катэгарычнасць: «Героі постмадэрновага тэксту могуць нялічана рэзаць дзяцей на кавалкі дзень пры дні, і гэта будзе выклікаць у постмадэрновага чытача што заўгодна, толькі не агіду да герояў, бо постмадэрновы тэкст ведаць не ведае, што такое сапраўдная рэальнасць (тым болей – этычная рэальнасць, ён цалкам адбываецца ў гіперрэальнасці віртуальна-вербальнай гульні». Колькі б мяне ні бянтэжыла гэтая сябрына чытачоў «новага тыпу», самі па сабе Акудовічавы развагі насцярожваюць толькі ў звязку далейшымі яго сентэнцыямі: «Асабіста ў мяне няма сумненняў, што як мінімум на працягу некалькіх бліжэйшых эпохаў чалавек будзе бачыць свет як дыскурс бясконцай пульсацыі актуаліяў, не абумоўленых нічым яшчэ, акрамя як фактам сваёй наяўнасці. Магчыма такое светабачанне ў XXI стагоддзі людзі будуць называць не постмадэрновым, а неяк інакш. Але сутнасць ад гэтага не памяняецца – чалавецтва ўступіла ў эру постмадэрнізму».
Спадар Акудовіч спачатку дэкларуе нейкага адмысловага постмадэрновага чытача, які абсалютна не атаясамлівае літаратуру з рэальным жыццём, а праз некалькі абзацаў абвяшчае, што гэтакі прасунуты чытач – усё чалавецтва.
На тое немагчыма не запярэчыць фактам, што, напрыклад, у роднай нам беларускай літаратуры далёка не ўсе чытачы ўступілі ў «эру постмадэрнізму», а толькі малая іх колькасць. Асноўнай жа здаровай масе зусім не абыякава, што дзяцей у творах будуць рэзаць на кавалкі.
Значнай памылкай апантаных постмадэрнізмам творцаў і іхніх крытыкаў мне бачыцца наступнае. Эра постмадэрнізму не можа надысці хаця б таму, што чалавек па прыродзе сваёй не мяняецца. Амаль кожнаму наканавана перажыць дзяцінства, сталенне і старасць, кожны адназначна ведае, што памрэ, і бачыць, як паміраюць вакол яго блізкія людзі. А таму нязменна задае вечныя пытанні, якія ніякі постмадэрнізм, гэтая вербальная гульня ў жыццё, не здатны выбіць з галавы чалавека. Адказы ж на метафізічныя пытанні ён шукаў, шукае і будзе шукаць або ў рэлігіі, або ў высокім мастацтве. Цяжка нават уявіць, каб самы прасунуты постмадэрновы аўтар выхоўваў свайго сына на кніжках такіх аўтараў, як ён сам, у чыіх творах мацюкаюцца і рэжуць дзяцей. Любы чалавек з плоці і крыві скаланецца ад смерці, напрыклад, сваёй маці, ці (крый Божа) гібелі свайго дзіцяці, або акажацца агаломшаны здрадай каханага чалавека. І эмоцыі, выкліканыя гэтымі выпадкамі, ён не зарые ў зямлю, а будзе брадзіць па ёй, як сляпак, шукаць і тыцкацца наўздагад, пакуль не прыхінецца да рэлігіі ці Мастацтва.
Новую кагорту творцаў-«пафігістаў», канешне, можна згенераваць. Толькі ніхто не адмяняў уласную смерць і звязаныя з гэтым сур’ёзныя пытанні, якія ставіць і на якія намагаецца адказваць высокая літаратура.

Свядома апантанай постмадэрнізмам, гэтай хваробай сучаснага цывілізаванага чалавецтва, выступае ў сваёй кнізе «Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы» і Ганна Кісліцына. Кніга, хоць і пераклікаецца па некаторых вузлавых момантах з кнігай Акудовіча, напісана цікава і можа быць вельмі карыснай для тых, хто ідзе ў беларускую літаратуру – каб ведаць нездаровае асяроддзе, у якім прыйдзецца целяпацца. Гэта сур’ёзная літаратуразнаўчая праца, з мноствам пералапачанай дапаможнай літаратуры, са шматлікімі спасылкамі, цытатамі, з выразнай філасофскай канцэпцыяй аўтара. Кісліцына піша жывой энергічнай мовай, кантралюе ўласцівую жанчынам эмацыйную прадузятасць ацэнак, адначасова адчуваецца яе гарачая вера ў літаратуру, любоў да аўтараў, творчасць якіх яна разглядае. Зрэдку, праўда, з-за яе высокіх эпітэтаў тыпу «бліскучы ўзор» можа скласціся зманлівае ўражанне пра веліч нашай постмадэрновай літаратуры, якая насамрэч – досыць хілае дрэўца. Інакш бы тыражы выданняў былі не такія, як зараз, а імёны творцаў выходзілі б за межы сваіх суполак. Некаторых аўтараў Кісліцына непамерна і нерэальна раздзьмухвае ў волатаў, тады як гэта звычайныя літаратурныя кан’юнктурашчыкі і падробшчыкі пад мастацтва. Ну ды ладна, кожны мае свой погляд на «новую літаратурную сітуацыю», якую Кісліцына акрэслівае ўвогуле прафесійна і пераканаўча. Вельмі сучасная, патрэбная і адметная літаратуразнаўчая кніга, чытаецца як бестселер у два прысесты.

Кніга Ірыны Шаўляковай «Рэстаўрацыя шчырасці» – найболей літаратурная крытыка з усіх, што мне выпала прачытаць, рыхтуючы гэты артыкул. Тут, як відаць, сабраны яе рэцэнзіі, што публікаваліся ў розных выданнях цягам апошніх гадоў. Крытыка цяжка абвінаваціць у прадузятасці выбару асобаў, якіх яна аналізуе сваім дасціпным пяром. Разглядаюцца кнігі як пачаткоўцаў, так і класікаў, прычым ацэнкі Шаўлякова стараецца выстаўляць незалежна ад статусу літаратара.
Кніга напісана сур’ёзным прафесіяналам, буйным эрудытам. Аднак прафесійнае – не сінонім геніяльнага. Ёсць і недахопы, адзначаныя, дарэчы, Юрасём Барысевічам у пасляслоўі да кнігі. Захопленасць цытатамі і жаданнем пазбегнуць банальных фраз выглядаюць знарочыстымі, абцяжарваюць тэкст, тады як крытык павінен выступаць у ролі іхняга тлумачальніка. Складаны тэкст у інтэрпрэтацыі Шаўляковай робіцца ўжо зусім пакручастым. Просты ж – набывае не ўласцівы празаіку ці паэту (нярэдка – недалёкаму чалавеку) звышскладаны абрыс.
Шаўлякова падышла да сваёй кнігі творча: разбіла артыкулы, якія можна было гнаць адным  строем, па раздзелах, аздобіла цікавымі каментарыямі. Таму невялікая па аб’ёме кніжка стала яшчэ больш чытэльнай.

Кнігі Пятра Васючэнкі («Адлюстраванне першатвора») і Людкі Сільновай («Крышталёвы сад») падаюцца найменей кнігамі літаратурнай крытыкі, чым усе астатнія. Бо крытыка павінна імкнуцца да аб’ектыўнасці ацэнак. Пяро Васючэнка, праўда, і не прэтэндуе на гэта, наадварот, падкрэслена іранізуе з літпрацэсу, як сусветнага так і беларускага. Гэта хутчэй кніга зацемак пра літаратуру, гэткія імгненныя накіды абазнанага і стомленага ад вялікай літаратуры чалавека.
Людка Сільнова, нягледзячы на тое, што назвала сваю кнігу крытыкай, на самай справе прадставіла чытачу свае лірычныя захапленні Літаратурай з вялікай літары і асабліва – асобамі літаратараў, пераважна тымі, хто ўваходзіць у эліту. Аўтарка не выціснула з сябе паэтэсу, а таму не стала ў сваёй кнізе цвярозым літаратурым крытыкам, а толькі – лірыкам, які настолькі ж вытанчана, наколькі бязладна адбівае свой унутраны свет на канкрэтныя рэчы. У кнізе замнога «вады», шмат чаго пры чытанні хочацца прапусціць як непатрэбны суб’ектывізм. У сваёй апантанасці харызматычнымі постацямі беларускай літаратуры Сільнова нават упадае ў ерась магіі, што неяк бянтэжыць людзей хрысціянскай культуры (глава «Магія лічбаў»). Па ўсёй кнізе адчуваецца захопленасць аўтаркі не так літаратурай, як наяўнасцю ў ёй літаратурнай эліты, радасць ад сваёй дапушчанасці ў такія «высокія» колы. Вывад: гэта кніга літаратурных нататак, эсэ, а не крытычных артыкулаў.

Часта практыкуецца ў нашай літаратуры і такі спосаб ацэньваць літпрацэс, як крытычны погляд на беларускаю літаратуру, укладзены аўтарамі ў мастацкія творы. Гэта не дзіўна, бо кожны беларускі літаратар надзвычай хварэе за лёс роднай мовы і раўніва ставіцца да асяродку, у якім мусіць круціцца. Альгерд Бахарэвіч ва ўжо памянёным вышэй ліставанні з Юрасём Барысевічам ацэньвае беларускую літаратуру так: «На жаль, у сучаснай літаратуры працуе толькі жменька літаратараў, здольных ствараць Мастацтва. Абсалютная большасць айчынных літаратараў, у лепшым выпадку, – нядрэнныя журналісты. Бо іх таленту хапае хіба на добрасумленнае апісанне падзеяў і (ці) загрыміраванае пад літаратуру выкладанне ідэяў, пераважка не сваіх». Груба, але шчыра. Або: «Чаму беларуская літаратура за ўвесь час свайго існавання так і не здолела ўзгадаваць аніводнае сусветнае знакамітасці? Чаму яна не здолела спарадзіць таго пісьменніка, чыя творчасць была б у стане перакуліць свядомасць не толькі беларуса, але і зімбабвійца, венесуэльца, японца, не кажучы ўжо пра ангельца або француза? Бо ў цягніку гэтай літаратуры ніколі не было пісьменнікаў-чараўнікоў». Тут можна спрачацца ў тым, што добрым чараўніком быў-такі Караткевіч, а сусветнай знакамітасцю – Быкаў. Аднак асноўны пасыл Бахарэвічавай прамовы падаецца пахвальным. З ім у нечым перагукваецца Андрэй Федарэнка ў сваім рамане «Рэвізія» словамі Ведрыча: «Але ж вам выгадна заплюшчваць вочы. Калі б мы самі не зварухнуліся, не заявілі пра сябе – вы б і пальцам не паварушылі! Пагаманілі б паміж сабой, паўздыхалі б з самалюбаваннем, што літаратура на вас канчаецца – і за новыя палотны! Альманах... Ды выйшлі б нашыя кніжкі заўтра, гэта ж цэлы новы пласт літаратуры адкрыўся б! Але ж тады, чаго добрага, пра вас забудуць. Гэта ж пацясніцца трэба будзе, эпапеі радзей выходзіць стануць...» На жаль, спадары, эпапеі (аж да тэтралогій) не перасталі друкавацца ні пасля выкрыку Ведрыча ў сярэдзіне 80-х, ні цяпер, праз дваццаць гадоў. Да іх дадаліся яшчэ вянкі вянкоў санетаў – што ўжо зусім кончаная графаманія. А Кісліцына з Акудовічам дэкларуюць новую літаратурную сітуацыю...

8 (Падрахунак)

Падагульняючы сказанае, неабходна заўважыць, што ўдалося разгледзець не ўсе выданні і, канешне ж, не ўсе кнігі літаратурнай крытыкі апошніх гадоў. Варта звярнуць увагу на праекты «Фрагмэнты», «Тэксты», «pARTisan», «Літаратурная Беларусь» (дадатак на газеты «Новы час»), «Калоссе» – там таксама трапляецца адметная крытыка і літаратуразнаўства. Я ж прааналізаваў тое, на што хапіла моцы аднаго чалавека ў рамках артыкула для часопіса.
Агульная тэндэнцыя беларускай крытыкі – гэта схільнасць да камплементарных ацэнак, абмежаванне кола разгляданых аўтараў карпаратыўнымі інтарэсамі, боязь пакрыўдзіць уплывовых людзей, ідэйныя сімпатыі. Толькі асобным крытыкам удаецца гэта часткова пераадольваць.
Было б смешна сцвярджаць, што сярэднестатыстычны празаік піша дзеля нейкай высокай ідэі, а не для наталення сваіх славалюбных амбіцый і не для таго, каб адчуваць псіхалагічны камфорт ад прызнання сучаснікамі. Тое самае, і сярэдні крытык піша зусім не для праслаўлення пэўнага творцы і не дзеля ўздыму нацыянальнай літаратуры, а задавальняючы свае творчыя амбіцыі ды імкнучыся пачувацца ўтульна сярод літаратурнай эліты. Таму любы крытык падвержаны спакусе пісаць і славіць тых, хто адкрыты ўжо да яго і займае ўстойлівае месца ў літ’іерархіі. Артыкулы пра такіх творцаў, як правіла, ахвотна друкуюцца ў самавітых выданнях. І наадварот, артыкулы пра невядомых «геніяў» (возьмем пакуль у двукоссе) сустракаюцца рэдакцыямі з супрацівам, прычым часцяком непераадольным. Зразумела, што большасць крытыкаў, хто хоча лёгкай славы і допуску да элітарных выданняў, робяць сабе кар’еру першым спосабам – славячы знакамітых і ўплывовых творцаў. Зразумела таксама, што і цана гэтым крытыкам будзе невялікая, бо ў гісторыі (у гісторыі літаратуры ў тым ліку) заўсёды цанілася максімальнае дзеянне, накіраванае на пераадоленне велізарнага супраціву. Адзінкі беларускіх крытыкаў здатныя пайсці супраць плыні. Спецыяльна не называю імёнаў, таму што з гэтага артыкула чытач можа зрабіць высновы па пэўных прозвішчах.
І яшчэ адну акалічнасць нельга ўпусціць. З-за нявырашанасці нацыянальнага пытання і запхнутасці на задворкі мовы пад увагу крытыкаў найчасцей трапляюць тыя творы, што або дэкларуюць наяўнасць беларускай нацыі ў свеце, або творы, што пішуцца ў новых, нетрадыцыйных, мадэрновых ці постмадэрновых формах (што абвяшчае нашу прыналежнасць да прагрэсіўнай еўрапейскай культуры). Гэта азначае, што на дадзеным этапе развіцця нацыі літаратурная крытыка яшчэ не здатная ацэньваць творы за іх мастацкасць, якая з’яўляецца як бы абсалютнай, не залежнай ад формы і ідэалогіі велічынёй. Пакуль што прымітыўным байкам пра старабеларускіх князёў аддаецца перавага перад псіхалагічна насычанай, поліфанічнай літаратурай.
Літаратурным крытыкам важна ўразумець, што ў гісторыі застануцца не тыя з іх, хто ў соты ці пяцісоты раз праславіў сучасную модную знакамітасць, а толькі тыя нешматлікія, хто адкрыў хоць адно імя, за якое яму скажа ў будучым дзякуй беларуская нацыя.
Крытыка таксама падлягае суду.






Трынаццаць дзён з дзённіка Антона Кудлатага
(спроба асэнсавання)

/спасылка на арыгінальны тэкст: http://www.proza.ru/2009/12/18/892

Гэты твор, калі не памяляюся, быў надрукаваны ў часопісе “Крыніца” ў далёкіх ужо – не па часе, а па змене культурнай парадыгмы – 90-х гадах мінулага стагоддзя. Або – мінулага тысячагоддзя, каб гэта найбольш паважна гучала. Але да часу, па вялікім рахунку, твор не мае асаблівага дачынення – бо ён аб духоўным вопыце, духоўным крызісе, прычым тым выключным духоўным крызісе, які перажываюць толькі паэты. Прычым, не баючыся казацца пафасным, – паэты сапраўдныя. І хоць Анатоль Кудласевіч дапускае мастацкую вольнасць, замяняючы я-героя на Антона Кудлатага (а значыць, і мы дапускаем пэўную выдумку), – у галоўным мы не памылімся: такі самы крызіс і менавіта з такімі самымі нюансамі перажываў ён сам, паэт Анатоль Кудласевіч. Такое “сачыніць”, начытаўшыся і насыціўшыся гарой кніжак, немагчыма: дзённік напісаны крывёю, літаральна адчуваеш яе сачэнне з радкоў.
Твор, азначу адразу, не будзе цалкам зразумелы ні не-паэту, ні проста паэту, ні паспяховаму рыфмачу, апанаванага гонкай за зямнымі дабротамі ў выглядзе літаратурных прэмій і пашаны людской. Ён будзе, магчыма, сугучны толькі тым, хто стаяў на самай мяжы жыцця, не паміж жыццём і смерцю ў банальным фізічным разуменні, а паміж Светам Божым і цемрай пякельнай.
Твор трэба чытаць цалкам, але сапраўды таму, каму гэта патрэбна. Тут, спадары, папярэджу – мастацкай эстэтыкі не чакайце. І калі ў вас усё, як вы лічыце, добра ў жыцці, лепш абыдзіце яго бокам. Бо гэта – не літаратура, гэта духоўны вопыт. Таму ён непадуладны ніякай літаратурнай крытыцы (гэта не яе поле дзейнасці). З ім, Кудласевічавым творам, можна толькі сугучыцца, калі перажываў нешта падобнае. А я такое перажываў. І неаднойчы. Таму бяру на сябе смеласць вылучыць з “Дзённіка” некаторыя цытаты і ўключыцца ў неагрэсіўную палеміку. Ці атрымаецца?...

 Да нядаўняга часу я думаў, што работа, сапраўды, галоўная ў маім жыцці, і заўсёды гаварыў жонцы: “Зразумей, калі цябе ячшэ не было, то моё захапленне, мая творчасць жыла ўва мне, дакладней, я жыў ёю. Калі б не творчасць, па-першае, мы нават не сустрэліся б з табою, а па-другое, сядзець бы мне ў якой-небудзь псіхушцы да канца дзён маіх. Уратвала твочасць. Мяне няма без яе як чалавека, а ты яшчэ крыўдуеш: не магу ж я секчы сук, на якім сяджу?

Тут мы адразу сутыкаемся з праблемай непаразумення дваіх, нават вельмі блізкіх людзей, – здаецца зладкаваны мы ўсе з аднаго і таго ж біялагічнага матэрыялу, і мазгі, калі ўскрыць чарапную каробку, ва ўсіх прыкладна аднолькавыя, ды вось запоўнены і структураваны яны настолькі рознасна, што адзінота сярод самых родных людзей пры поўным фізічным здароўі – справа нярэдкая. Асабліва калі адзін індывідум – паэт.

…я хачу, каб ты ведала: я паэт, а потым ужо чалавек, муж, бацька…”. (Чамусьці я часта размяжоўваў у сабе чалавека і паэта. Доўга вагаўся, што ж першаснае і галоўнае? Падумаў аднойчы: самае галоўнае — чалавек, а ўжо потым ён ці паэт, ці слесар, ці хто іншы… Але прыходзіць час і ўсё пераварочваецца з ног на галаву, пачынаеш разумець, што твой асноўны чалавек, — гэта паэт у табе.

Так, ухіліцца ад свайго наканавання паэту не ўдаецца. Калі, яшчэ раз падкрэсліваю, гэта сапраўдны паэт. Спробы пражыць не свой лёс прыводзяць да катастрофаў.
«Спробы перастаць тварыць і жыць так, як большасць людзей, для мастакоў нічога добрага не нясуць. Іх як бы распірае знутры, яны робяцца агрэсіўнымі, невыноснымі для акаляючых, нарываюцца на канфлікты, дуэлі, упадаюць у п’янства і наркаманію, у распусту. А ўсё для таго, каб заглушыць унутраны боль, звязаны з неспатоленым пасылам тварыць. Ад гэтых праблем загінулі Байран, Пушкін, Лермантаў, Высоцкі, Блок, раней часу памерлі Гогаль, Рэмбо. Праз гэта Леў Талстой у другой палове жыцця ўпаў у духоўнае абмарачэнне, развітаўся з праваслаўем, пачаў абвяргаць традыцыйнае хрысціянства, выпустошваць яго, спрабаваў (беспаспяхова) стварыць рэлігію новага тыпу. З прычыны творчага крызісу Сэлінджэр замкнуўся ў сабе, на дзесяцігоддзі перарваў кантакт з вонкавым светам. Рэдка калі якому творцу ўдавалася бязбольна саскочыць з "іголкі” творчасці. А калі каму і ўдавалася, то так і знай, што гэта былі творцы малога маштабу, не надта адораныя ў мастацкім плане. Буйны ж талент, асабліва геній мусіць служыць свайму лёсу да скону, а за спробу збочыць на пуцявіны жыцця звычайных людзей прырода яго сурова карае.» (з «Чоўна на Млечным Шляху», )

Падступіць іншы раз з усіх бакоў і здаецца, калі не сядзеш зараз за пісьмовы стол, надыдзе канец свету, або выбухнеш вулканам, што клякоча ўнутры. Так я і жыў, разрываючы сябе паміж паэтам і чалавекам. Рэдка ўдавалася прымірыць гэтых двух ворагаў, хіба толькі, як знаходзіў іх у гармоніі, і дапаўняў паэт чалавека, і толькі тады я мог лічыць сябе шчаслівым.

Адвечная праблема, пра якую я ўжо пісаў: “Крыніцы мастацтва разнастайныя. Іх можна высноўваць у розных ракурсах. Галоўным пасылам да мастацкай творчасці, яго асноўнай прычынай бачыцца ўсё ж абмен сусветных энергій. Гэта адзін са спосабаў, якімі мастак дачыняецца з сусветам. У той час як людзі абменьваюцца звычайнымі спосабамі (фізічныя кантакты, вербальны, ліставанне), творца, мастак мае сувязь з сусветам, чалавецтвам праз мастацкія вобразы (…) Творца не можа існаваць інакш, як перапрацоўваючы інфармацыю, якую ён атрымоўвае звонку, у мастацкія вобразы. Гэта яго спосаб абмену інфармацыяй з сусветам. І змяніць тут ён мала што можа». (Тамсама – М.Ю.)


А шчасце, на якое я раней спадзяваўся, сямейная гармонія — дык яе няма ў жыцці, я цвёрда ў гэтым пераканаўся. Усё прыдумкі, не дзеля гэтага чалавек прыходзіць на зямлю. Для нечага большага. Галоўнае, з якімі рахункамі мы прыйдзем у вечнасць, як будзем трымаць адказ перад Госпадам?

Тут можна спрачацца і ўдакладняць. Напалеон, безумоўна, прыходзіў на зямлю не для сямейнага шчасця, але сам лічыў яго найвялікшай каштоўнасцю і імкнуўся яго дасягнуць. Так і Паэты. Адно другому не шкодзіць, а наўсперач, дапамагае. Любы святар скажа, кіруючыся мудрасцю стагоддзяў, што сапраўднае шчасце для чалавека – у гарманічнай сям’і. Любоў мацуе творчасць. Успомнім словы Апостала: “Дрэнна чалавеку быць аднаму”. У той жа час апостал Павел казаў, што той, хто адчувае ў сябе сілы (як ён – чалавек нашараговы), то хай не жэніцца.

Ён прыехаў, здаецца, на другі дзень. Яшчэ да прыезду толькі і гаворкі было, што пра яго: “Сыс зрабіў… Сыс сказаў… Сыс пасварыўся… пахваліў, пакрыўдзіся, раззлаваўся…”. Вядома, я заінтрыгаваўся: што за фрукт такі гэты Сыс? І вось яго нарэшце прывезлі на чорнай “Волзе”. Увесь натоўп маладых літаратараў рванаўся на вуліцу сустракаць свайго куміра. Нехта схахміў і кінуўся па-лакейску адчыняць дзверцы, сагнуўшыся да зямлі ў паклоне.

Тут пакуль без каментарыяў. Псіхоз наконт Сыса ведаюць усе. Далей па тэксте будуць падставы сказаць пра яго колькі слоў.

І па прыездзе ў Давыд-Гарадок (жыў у той час на Палессі) адразу купіў яго “Агмень”. Прачытаў. Хоць і адкрываў кніжку  з патаемнай зласлівасцю і цвёрдым скепсісам, што не знайду на старонках вершаў. Перачытаў яшчэ: ну ёсць жа вершы, ёсць жывое слова ад сэрца! Вядома, гэта не Цютчаў, якога прымаю цалкам, шмат тлумнага і незразумелага, але ж ёсць дзесятак вершаў, які “прабіваюць”! Гэтага хопіць, каб называцца паэтам. Вось і паўстала перада мною праблема: чалавек і паэт, геній і ліхадзейства — як ужываецца гэта ў адной асобе?

Лёгка і часта ўжываюцца, спадар Анатоль. Прычына – гардыня, адчуванне, дзякуючы свайму таленту, нашмат вышэйшымі за “звычайных” людзей. Гарманізаваць паэту (буйному) у сабе чалавечае і паэцкае надзвычай цяжка. Я ведаю толькі два выпадкі – памянёны табой Цютчаў і Пастарнак.

Як ні намагаўся, я не мог зразумець, што робіцца ў яго душы: калі ён гаворыць сур’ёзна і шчыра, а калі іграе нейкую завучаную ролю.
Чамусьці многім хочацца бачыць сваіх паэтаў акуратненька прычасанымі, у манішцы, пры матыльку, у адпрасаваных портках і накрухмаленай кашулі — а на тое забываемся, што Высоцкі быў алкаголікам і наркаманам, Ясенін забіякам, непераборлівым у жанчынах і амаль алкаголікам, што співаўся Стральцоў і Сербантовіч, што Дастаеўскі хадзіў у лахманах і суткамі праседжваў за карцёжнымі сталамі, прагульваючы ганарары за яшчэ ненапісаныя кнігі, заганяючы сябе ў кабалу, што Талстой — высокі мараліст і непраціўленец — усё жыццё здзекваўся са свайго сямейства і памёр, як самы апошні грэшнік, без споведзі і прычасця, што нават Пушкін у паводзінах быў невыносным чалавекам: трынаццаць разоў страляцца на дуэлі — хіба ж гэта нармальна? І хто такія паэты, як не прадвеснікі Царства Божага? Як не тонкі чуллівы нябесны арган? Ці не таму Гасподзь праводзіць іх па самым днішчы жыццёвага пекла, што любіць іх, як сваіх дзяцей? Каб яны адпакутавалі тут, і пазбеглі апраметнай пасля жыцця? “Не здаровыя патрабуюць урача, а хворыя”. І хворыя не яны, а вы, усе вы, што вечна задаволеныя жыццём і сабою, усе вы, што ведаеце, як трэба рабіць, а як не трэба, вы, што судзіце паэтаў! Вы, што лічыце сябе здаровымі, а іх вар’ятамі — яны хоць ведаюць, што “мир во грехе лежит”, а што ведаеце вы? Ці не хадзіў Хрыстос сярод мытнікаў і грэшнікаў, ці не піў разам з імі віно? А каго першага ўваскрасіў, каго найпершага забраў з сабою ў царства нябеснае, яшчэ нават патрыярхі іудзейскія трвывалі пакуты ў прадонні? Ну, адкажыце, вы ж усё ведаеце, вы так лёгка судзіце, хто вінаваты, хто не, ну ўспомніце? А першага забраў з сабою разбохйніка, што быў укрыжаваны праваруч Госпада.

Шаноўны Анатоль, Гасподзь любіць паэтаў не больш і не менш, чым усіх астатніх сваіх дзяцей, у кожнага з якіх свой крыж. Проста з паэтаў Ён больш пытае, бо больш у іх укладае таленту. (Не блытаць талент паэта, які мяжуе са сферамі духоўнага, з талентам, напрыклад, фізіка, акцёра, танцоўшчыка!)

Увогуле, заўважыў даўно, калі ён ад’язджае на некалькі месяцаў у Гарошкаў, жыццё ў Саюзе пісьменнікаў застойваецца, нібы ў балоце, быццам усе пісакі, упадаючы ў анабіёз, зусім сканалі ў спячцы: пачынаеш фізічна адчуваць смурод. Сыс — нібы індыкатар на подласць, як лакмусавая паперка, што выяўляе гніласць і брыду чалавечых адносін. Пры ім, мне здаецца, ніхто не адважыцца двурушнічаць і шукаць свае карысці, прыкрываючыся любоўю да радзімы: што думае, тое і гаворыць.

А хто даў яму права кагосьці судзіць? Калі сам няшчасны паэт упаў пад сваім крыжам і літаральна згніваў знутры. Чым ён лепшы за цвярозага, хай і малаталенавітага рэдактара, які сумленна выконвае свае абавязкі (такіх – няма?), да таго ж выдатнага сем’яніна і харошага чалавека?

Схапіць ісціну словамі — тое ж самае, што злавіць камара ў сілок для птушак або прывязаць за нітачку сонца, — гэта немагчыма. Ці не з гэтай прычыны сам Хрыстос не запісаў ні слова?

Хрыстос не запісаў ні слова, думаецца, таму, што важней, калі нейчыя справы славяць людзі, а не ты сам. Да таго ж асноўная задача Хрыста была даць нам не словы, а Самога Сябе.

На гэтым я скончыў пісаць і зноў паглыбіўся ў думкі: навошта літаратура, калі ёсць Евангелле, Слова, дадзенае Богам? Навошта людзі высільваюцца, пішучы свае дробненькія і нікчэмныя “дабравесці”? Ці на самай справе ДАБРАвесці? Можа, ім толькі здаецца так? Творчасць — ці не самы вялікі грэх?
Анатоль, часам вялікае мастацтва ўздзейнічае на псіхіку мацней за малітву. Агаваруся: маліцца па-сапраўднаму не кожнаму дадзена. А вось Дастаеўскі здольны расчуліць у некаторых эпізодах самае закамянелае сэрца. Напрыклад, аповесць “Бедныя людзі”, раман “Уніжаныя і абражаныя” (асабліва эпізод з медальёнам адрынутай дачкі, над якім ачарсцвелы быццам бы бацька рыдаў як дзіцё).

…я на сваіх слядах! Гэта мае, пакінутыя калісьці, калі я спяшаўся, уцякаючы ад сябе самога, калі хацеў збегчы ад свайго лёсу, і жыццё наноў завярнгула мяне на старую дарогу: я ступаю след у след, я пазнаю сваю мінулую хаду, — вось сляды, да краёў поўныя чырвонай вадзіцы — то кроў мая, цёплая, і пара падымаецца над слядамі, і паветра ячшэ не ахалодала ад колішняй ліхаманкі… Я зноў на сваіх слядах.

Гэта вяртанне да сябе самога, ад якога не ўцячэш. Ратунак банальны – у поце твару здабываць хлеб свой. Але здабываць – сваёй, Богам наканаванай працай. Толькі тады – задавальненне ад жыцця, толькі тады – яднанне з іншымі людзьмі, любоў да сусвету. Усё гэта ёсць у тваім “Дзённіку”, Анатоль, ніжэй, у больш сумбурнай, але і больш паэтычнай форме. Я наўмысна засушваю свае каментары, каб людзі чыталі і ўчытваліся пераважна ў твой тэкст.

“Дык мы ўсе разам, ці кожны паасобку? — на гэтым трымаюцца сусветы. Ці кожны асобна, — думаў я, — у дамавіне-кокане? У сваёй шкарлупіне? Калі разам — дык давайце нешта рабіць! А калі кожны ў сваёй шкарлупіне — дык трэба трушчыць і выходзіць на свет Божы. Пакуль не разарвецца кокан — матыль не навучыцца лётаць”,

Шэдэўральна сказана. Што тут дадасі. Праваслаўныя часта параўноўваюць наша жыццё з вусенем, які рыхтуецца ператварыцца ў чароўнага матыля і паляцець. Куды?.. Ты ж, як і я, думаем і ведаем, што смерці чакаць для гэтага зусім неабавязкова. Можна лятаць пры жыцці. Праз Любоў, праз богаўгодную працу. Гэтаму прыкладаў – легіен. Так, мы прыйшлі сюды (у жыццё) не на курорт, а для цяжкой працы. Найперш над сабой. Але хіба такая паца не можа даваць нам і крылы і ўсцеху?

На веру, нібы на аснову, тчэцца жыццёвы сувой нашай долі, толькі дзякуючы веры, аснове, кладуцца на палатно лёсу вясёлкавыя ўзоры і арнаменты. Выцягні з палатна аснову — яно распадзецца на шматок каляровых нітак. Знікне суладдзе і гармонія.

Тут пытанне вызначэння веры. Для іншаверцаў усе астатнія – няверныя. А як жа радасна і духоўна свецяцца твары некаторых мусульманаў, будыстаў!.. Я ў маленстве не ведаў, што такое Бог, але верыў у свята жыцця, у любоў бацькоў і родзічаў, і нават будучы біты жыццём, верыў у Светлае. Яно, боскае святло, закладзена ад нараджэння ў кожнай чалавечай душы. Інакш сапраўды, чалавеку з маленства дастаецца столькі кухталёў ад матэрыяльнага жыцця, што без гэтай святой ілюзіі выжыць амаль немагчыма.

Я зноў выключыў святло. Але праз хвіліну падхапіўся, нейкая сіла шаптала і падказвала мне: пішы, пішы, пішы… Занатоўвай, а то зноў усё пераблытаеш і забудзеш. Мой розум пралічваў тысячы варыянтаў, шукаючы мне выратавальны шлях: адно, адзінае выйсце! Яно павінна быць!

    Трывожны стан, кажуць праваслаўныя багасловы, ад гардыні. Ён часта напаткоўвае паэтаў. Гэта не канкрэтная трывога за нешта зямное, а спосаб знайсці апірышча ў метафізічным, якое адчуваецца як рэальнасць. Шлях жа духоўнасці настолькі складаны і непасільны тым, у каго няма для гэтага дару, што чалавек пачынае мітусіцца і ў рэшце рэшт мусіць знаходзіць паразуменне з акаляючым светам, якім бы нячулым ён падчас ні здаваўся. Адолеўшы крызіс, паэт выяўляе, што ўсе зямныя рэчы і паняцці ладна і злагадна становяцца на свае месцы. І сярод іх, раней чужасных, зноў робіцца ўтульна. Паэзія не замінае рэчаіснасці, а рэчаіснасць паэзіі. І гэта ўжо не паэзія метафізічных хімераў, а паэзія, сілкаваная Духам Святым.

     Усё паўтарецца. Вечны калаўрот, як таго праклятага Ніцшэ, але я не хачу прымаць яго халодную, ганарлівую “ісціну”. Мне добра з Богам.

Ніцшэ адштурхоўваў мяне з першых радкоў. Гэта богаборства. Нездарма ён скончыў вар’яцтвам.

Кажуць: праз вызначаныя прамежкі часу вырак спасцігае чалавека. Якая працягласць гэтых прамежкаў — дакладна ведаюць на НЕБЕ. Можа, для кожнага існуе свой інтэрвал паміж ударамі лёсу?
Жыццё чалавечае: абывацельскае, мастакоўскае, нават духоўнае мае ўласцівасць паласатасці. Лёгка любіць Бога і людзей, калі ў цябе цёпла ў душы. А ты палюбі ўсё гэта, калі кожную раніцу, з года ў год, прачынаешся з холадам у душы і мусіш адужваць доўгі дзень і не ўпадаць у адчай. Такія выпрабаванні Бог пасылае толькі моцным духам. Гэты вопыт спазнавалі і апісвалі святыя людзі.

Мне зноў зрабілася страшна, і я кінуў пісаць.
Ехаць у цырк, тым больш пасля ачышчэння, пасля царквы не хацелася

А што дрэннага ў цырку? І чым ён можа забрудзіць? Гардыня, як ні круці… Чаму дзеці, “якіх Царства Нябеснае”, так любяць цырк? Жыццё – гэта не кіслы сухар. Жыццё – гэта душэўнае свята. Памятаеш, як рэагуюць праваслаўныя арабы на запальванне Вечнага Агню. Хіба Богу патрэбныя кіслыя і панылыя, хоць і “ачышчаныя” абліччы?

Я бачыў аднойчы ў юнацтве двух манахаў, даўно гэта было, але, нібыта ўчора — так і стаяць перад вачыма: два чырванашчокія манахі, у чорным адзенні, нават з невялі жывоцікамі, але жываты не выклікалі агіды, а наадварот — пацеху: нібы дзіцячыя... У выразе іх твараў сапраўды свяцілася ісціна! Вось хто нясе праўду Божую. Якія прасветленыя абліччы былі ў іх, нібы лікі святых, што сышлі з абразоў, як павольна, паважна і памяркоўна размаўлялі яны паміж сабой, якімі вачыма глядзелі на свет і на людзей. Тады, стоячы ў Століне на прыпынку, я падумаў: «Гэтыя людзі штосьці ведаюць. Вось бы і мне даведацца тое ж... А можа падысці і спытацца: што знаеце вы, манахі? Навучыце мяне жыць! Як мне стаць такім жа, як вы?»

Царства Божае сілай бярэцца. За гэтай спакойнай размовай з прасветленымі абліччамі – гады цяжкай духоўнай працы, тамлівыя пасты, начныя малітвы, пад’ём да світання, аднастайныя паслушанні. З года ў год.

Я зразумеў, што такое творчасць. Узяў гітару і заспяваў сваю любімую песню: пра восень і пра сына... Пра свой лёс.

                 Спраўляла восень атрасіны, імжэла восень,
                 А ты не бойся, любы сыне, зімы не бойся.
                 Стаяць дрыготкія асіны, трапечуць лісцем,
                 Спраўляе восень атрасіны, і вецер свішча.

Я зноў плакаў, як некалі тады, два гады назад, калі пісалася песня, але слёзы ўжо былі інакшымі: чыстымі, радаснымі і, напэўна, салодкімі, як шчасце.

                 Папросіць восень у нябёсаў сабе спагады.
                 Лісток абросены з бярозы дадолу падаў.
                 I клін журлівы, жураўліны ляцеў у вырай...
                 А ты не бойся, любы сыне, любові шчырай...

I быў ранак, і мне было добра: я зразумеў, што такое творчасць. I яшчэ я зразумеў, што ў нас страляюць на ўзлёце, калі мы чыстыя і прасветленыя рвёмся ў нябёсы. Брудныя мы нікому не патрэбны, нават тым, што палююць за душамі: брудныя мы і так іхнія.
I быў ранак...
Сапраўды, Анатоль, страху, сумненняў і ваганняў не ведаюць толькі сатаністы. Бо яны ўжо іхнія, за іх душы ўжо не змагаюцца.


Пастскрыптум.

   Вось мой адказ таму чалавеку, які сказаў: не пішы, можа, гэта цябе д'ябал спакушае? Вось не мой адказ — за мяне сказалі Апосталы: «Служыце адзін аднаму кожны тым дарам, які атрымаў», — прачытаў я ў Першьім пасланні Пятра, вось мой адказ служыцелю Гасподняму, — «Умілаваныя! Не цурайцеся вогненнай спакусы, дзеля выпрабавання вам пасыланае, хоць бы дзіўнае здарылася вам», — прачытаў я ў тым жа Пасланні.

Зарана я ўявіў сябе пераможцам, і таму перад тым, як пастаўлю кропку, кажу вам свой запавет, здабыты і зразуметы на краі бездані: бойцеся зачараваных кругоў, і не ганяйцеся за Сатаною па чортавым коле, не рабіце яму клеткі і не намагайцеся смяяцца з яго, а то пасмяецца ён з вас, як пасмяяўся некалі з Гогаля, які спаліў свае рукапісы...
Той, Хто даў жыццё, даў права казаць гэтыя словы, даў сілы і абарону, таму скончу так, як і было задумана раней.
Слава Яму! Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і ўвесь час, і на векі вякоў. Амін.

Спакой нам на зямлі толькі сніцца – у гэтай спрадвечнай ісціне аўтару наўрад ці трэба было пераконваць дарослага чытача. Дый мэты Кудласевіч такой перад намі не ставіў. У сваім унікальным творы-споведзі, дзе наяўнасць Антона Кудлатага, паўтаруся, не выключае пэўных элементаў мастацкай выдумкі, аўтар ставіць пытанне гарманізацыі свайго эга. Што, на мой погляд, уключае ў сябе паразуменне паміж душой, соцыумам і Госпадам Богам, адшуканне сваёй сістэмы кардынатаў у пакручастым і мнагатлумным жыцці. Жыццё само па сабе ёсць шчодры дарунак. Але яно не дабро і не зло. Свабода нашага выбару дазваляе кожнаму, у меру сваіх генетычных дадзеных і вонкавых умоў, будаваць свой лёс, ці, дакладней, удзельнічаць у пракрэсліванні лініі свайго лёсу.
Я-герой Анатоля Кудласевіча не заваблівае нас у зман, што за трынаццаць дзён экстатычных пошукаў ісціны можна прыдбаць душэўную раўнавагу. У гэтым ён сумленна нас папярэджвае. Ён толькі ўказвае шлях, дзеліцца сваім духоўным вопытам. Яго 13-дзённы экстаз аддалена нагадвае 3-дзённае ашаламленне і асляпленне законніка Саўла, якому па дарозе ў Дамаск явіўся Хрыстос. Звідушчыўшы праз тры дні, Саўл становіцца Паўлам, якога разам з апосталам Пятром па праве лічаць галоўнымі адвяшчальнікамі і заснавальнікамі хрысціянства. Будучы носьбітамі Святога Духу, яны далёка не займелі зямны спакой, а, хай радасна і натхнёна, але трывожна і пакутліва дзейнічалі. Хрысціянства не дае нам уплысці ў нірвану, адстараніцца ад жыцця, напляваць на ўсё акаляючае. Хрысціянская любоў дзейсная. Таму паэты мусяць “глаголом жечь сердца людей”, музыкі ствараць боганатхнёную музыку, мастакі гэтым жа натхненнем ма, жляваць, жанчыны нараджаць і разам з мужамі любасна гадаваць сваіх нашчадкаў.
І мы б не сталі вылучаць паэтаў (а твор прысвечаны паэту) як нейкую своеадметную касту, якой асабліва нялёгка жывецца і якім таму дазволена п’янстваваць, дэбашырыць, самахвальнічаць, хаміць і пры гэтым любіць, каб іх называлі прарокамі. Слова “прарок”, як і слова “геній”, даўно ў нас зацерлася і зневіліравалася да жудасці. Не будзем жа прымяраць гэтыя святыя паняцці да тых, хто ніякім бокам не мае дачынення (а гэта выразна бачна з іх творчасці) да Хрыста. Ну проста – ніякім. А там, дзе няма Хрыста, спрытна ўладкоўваецца зусім іншая духоўная існасць. Таму напрыканцы будзе самы раз паўтарыць мудрыя і выпакутаваныя словы аўтара “Дзённіка”: кажу вам свой запавет, здабыты і зразуметы на краі бездані: бойцеся зачараваных кругоў, і не ганяйцеся за Сатаною па чортавым коле, не рабіце яму клеткі і не намагайцеся смяяцца з яго, а то пасмяецца ён з вас”.



Прасцяг кішэнных зацемак
(Леанід Галубовіч, “Зацемкі з левай кішэні” (Галерэя Б, 1998 г.))

Хоць і наракаем мы, беларускамоўныя чытачы, што няма чаго пачытаць з вартых мастацкіх тэкстаў нацыянальнай літаратуры, праблема хутчэй у іншым. А іменна ў нашым патэнцыйным нежаданні ўсё гэта чытаць. Мы, як нацыя, па вялікім рахунку, ужо даўнавата – чытачы-імпатэнты. (Калі няма здаровага пожаду, то ніводная вабная красуня ў прынцыпе не ўзбуджае.) Такія вось пірагі.
Таму праблему нашага не-чытання трэба шукаць у зусім іншым баку, і толькі не ў тым, што нічога вартага ў літаратуры не адбываецца і не друкуецца. Хутчэй наадварот – друкуецца настолькі зашмат, што гэтыя чатыры (ці блізу таго) тысячы беларускамоўных чытачоў рэспублікі і замежжа не ў стане ўсё гэта ператравіць, то бок прапусціць пра свой чытацкі страўнік так, каб ад гэтага не вывернула ванітамі.
Пісьменнікі выдаюць кнігі, а вось нармальна прадаць іх ці распаўсюдзіць удаецца праз што заўгодна – толькі не праз кнігарні, дзе нават пры самай агрэсіўнай раскрутцы твора купляюць 5–10 кніжак у год. Лічаныя адзінкі прыстасаваліся да сітуацыі, удала прадаючы (хавала іхнім здольнасцям) свае кнігі на прэзентацыях. Беларускамоўны чытач чамусьці індыферэнтны да кніжных крамаў, і гэтае пытанне (чаму так адбываецца) патрабуе адмысловага аналізу.
Тут жа гаворка не пра тое. Кніг, паўтаруся, друкуецца многа, шмат, найменні ідуць валам і, як правіла, не выходзяць за межы вузкага кола сяброў, родзічаў і знаёмцаў, літаратурных паплечнікаў самога аўтара. Аўтар можа кнігі дарыць, або можа прадаваць гэтым знаёмцам – па сутнасці нічога тут не мяняецца: беларускамоўная кніга – гэта адзін з атрыбутаў сяброўства, сведчанне тваёй павагі да аўтара. Набыццё такой кнігі – у абсалютнай большасці выпадкаў ёсць выяўленнем павагі да аўтара або перасцеражэнне ў плане таго, каб ён на цябе не пакрыўдзіўся і не раздзружыўся з табой. Гэта рэальнасць. Шырока не буду раскрываць гэты механізм, дам толькі адну падказку: звярніце ўвагу, як купляюць, чытаюць і бягуць падпісваць новаспечаныя кнігі рэдактараў літаратурных выданняў аўтары, якія наўпрост залежныя ў сваім лёсе ад памянёных рэдактараў. Проста подбегам імчацца засведчыць сваю павагу да кнігі (насамрэч жа – пераследуюць свае карыслівыя інтарэсікі). Тут, дарэчы, і падказка тым, хто не разумее, чаму рэдактараў літаратурных выданняў (і асабліва галоўных рэдактараў) ахвотней выдаюць, чым астатніх: іх кнігі папросту на парадак жвавей купляюцца.
Такім чынам, у гэтым вале незапатрабаванай беларускай літаратуры разабрацца бывае надзвычай цяжка. За колькасцю найменняў адзінкі сапраўды вартага (а вартага заўсёды – адзінкі) крыху губляюцца (а часам і не крыху) у беларускім моры. Кнігі, якія па сваім мастацкім узроўні закліканы стаць класічнымі, не становяцца тут і цяпер культавымі, вельмі прыкметнымі, тымі, якія разносяць на цытаты, тымі, пра якія модна згадваць у тусовачным коле, каб сцвярджаць сваю прыналежнасць да гэтых колаў. Такіх імёнаў, дарэчы, талентаў сярэдняй рукі, кнігі якіх адносна модна набываць і пра якіх модна ўзгадваць, каб зацвердзіць сваю тусовачную прыналежнасць, таксам вельмі няшмат. Не стаў бы іх называць, каб не паставіў сабе за правіла пазбягаць агульных фраз, за якімі часта хаваецца элементарная баязлівасць. Таму вось гэтыя нешматлікія імёны пісьменнікаў: Андрэй Хадановіч, Адам Глобус, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч (апошнія два трохі больш таленавітыя, таму і стаяць па моднасці позаду). Усе яны, падкрэслю, маюць сваю групоўку выдаўцоў і чытачоў, або, як Глобус, разжопіліся амаль з усімі групоўкамі, якія іх адпачатку раскручвалі (самастойнасць Глобуса таму – ілюзорная).
Як толькі пісьменнік вылучаецца сваім талентам, а галоўнае, шчырасцю, балеснасцю душы, нават пры тым, што ён дастаткова актыўны і адаптаваны да сучаснасці чалавек, – такі пісьменнік адразу выпадае з кола модных, цытаваных, узгадваных, папулярных. Яркімі таму прыкладамі – Алесь Разанаў, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Някляеў. Заўважу, што ўсе яны піярыліся далёка не самастойна, а ўзначальвалі шматтыражкі, групоўкі і н.г.п. (“Крыніца”, “Бум-бам-літ”, “Наша Ніва”). Такім чынам, такі пісьменнік спачатку станавіўся “гуру” нейкай суполкі (Алесь Разанаў – у значнай меншай ступені), а тады ўжо, з гэтай пляцоўкі прапагандаваў сваю творчасць. Тут, заўважу, нічога заганнага няма, гэта рэальнасць для любой некамерцыйнай, або слабакамерцыйнай літаратуры – паспяховей раскручваецца той, хто мае сваіх “вучняў”. Нагадаю, што нават Хрыстос пачынаў з таго, што збіраў сваіх паслядоўнікаў, якія затым праслаўлялі яго дзеянні.
Аднак ёсць катэгорыя творцаў, якія з-за нерэальнай сваёй сціпласці абсалютна не займаюцца самапіярам. Гэта крайні і, між іншага, не зусім аптымальны варыянт беларускамоўнага творцы. Бо ў наш час нешта напісаць мала, неабходна данесці гэта да чытача ва ўмовах, мякка кажучы, неспрыяльнай для развіцця беларускай літаратуры сітуацыі. Неспрыяльнай найперш таму, што беларуская мова адсутнічае як факт у сістэме нацыянальнай адукацыі, яе амаль няма ў школах і абсалютна няма ў ВНУ, акрамя профільных. Мова фактычна перабывае ў каматозным стане, а з комы, асабліва працяглай, выходзяць далёка не заўсёды, нават вельмі рэдка выходзяць.
З гэтай прычыны, каб вартае такі не выходзіла з-пад нашай увагі, хочацца сцісла сказаць пра кнігу Леаніда Галубовіча “Зацемкі з левай кішэні”, што пабачыла свет у далёкім ужо 1998 годзе і якая сталася перадапошняй кнігай гэтага аўтара. Затым выйшлі толькі “Апошнія вершы Леаніда Галубовіча” (2000 г.). За амаль дзесяць гадоў Леанід Галубовіч, якому, як мінімум, ёсць што сказаць, не займаецца выданнем сваіх кніг. Сказаў “не займаецца” – бо ў нас гэтай справай сапраўды варта напорыста займацца, за цябе (прынамсі пры жыцці) гэтага ніхто не стане рабіць. І займаюцца пераважна тыя, каму якраз-такі няма чаго сказаць вартага чытачу, то бок людзі недалёкія, пошлыя і пустыя.
Так, у Галубовіча пакуль ёсць пляцоўка, з якой ён можа гаварыць і дыскуціраваць з чытачом. Магчыма, ён лічыць яе дастатковай і аптымальнай для тых слоў, якія ён хоча казаць беларускай культуры. Аднак ён старамодны ў тым, што ідзе ў разрэз з сучаснасцю і займаецца не піярам сваёй асобы, а раскручвае творчасць іншых беларускіх аўтараў. Такая пазіцыя цяпер, у эпоху гарлапанства, блогаў і блогераў не папулярная і як бы асуджае аўтара на непаразуменне з сучаснікамі, на пэўнае выпадзенне з папулярнай беларускай літаратуры. Прашу не параўноўваць Леаніда Галубовіча з крытыкамі, якія пошленька робяць сабе кар’еру, жывячыся і сілкуючыся каля модных суполак, літаратараў, каля выйгрышных тэмаў. У дадзеным выпадку дазволю сабе не называць гэтыя імёны – толькі з прычыны іх малазначнасці для літпрацэсу, а не па боязі, у гэтым паверце.
Аднак многія, за тоўшчаю часу, пачынаюць забывацца пра тое, што Галубовіч адпачатку – мысляр, філосаф, паэт, а ўжо потым – крытык. Такое забыццё выглядае законным – аўтар не стараецца пра гэта нагадваць, не выдае кніг, друкуе не-крытычныя тэксты надзвычай рэдка. За дзесяцігадовы перыяд Галубовічава бяскніжжа ўжо выгадавалася цэлае пакалення літаратараў і чытачоў новай хвалі, з маніторам, так бы мовіць, перад вачыма, з клавіятурай у зубах і мабільнікамі каля вуха. Гэта псіхалагічна далёка не тыя чытачы і прадстаўнікі не той Беларусі, для якой тварыў Леанід Галубовіч трыццаць, дваццаць, пятнаццаць гадоў таму.
“Зацемкі з левай кішэні” (кніга) былі завершаны прыкладна пятнаццаць гадоў таму. І сёе-тое ў іх, трэба прызнаць, састарэла. Перад вачыма ўжо зусім не тая краіна, не тая літаратурная сітуацыя, якую так дэталёва апісвае аўтар “Зацемак”. Вядома ж, ён апісвае не толькі літаратурную сітуацыю, а нават найперш – сваё “я” ў сітуацыі, асноўнымі складнікамі якой з’яўляюцца-такі беларуская мова, літаратура, літаратурны працэс. Кніга каштоўная як злепак таго кароткага рамантычнага часу, азоранага надзеяй пра паўнавартасную беларускамоўную Беларусь. Кніга балючая ў тым плане, што нават у гэтым рамантызме няма сапраўднай веры ў нацыянальную будучыню. Ёсць нейкая зашоранасць рэдакцыйна-выдавецкімі коламі ад рэальнага, сквапнага ды імклівага, свету. Пісьменнікі стаяць тварам у твар перад самімі сабой, а не перад беларускім народам.
Народ у Леаніда Галубовіча – нейкі адцягнены чужасны элемент, дастукацца да якога ў прынцыпе немагчыма: пісьменнік і народ разнамоўныя. Тыя ж, хто з Галубовічам аднамоўныя, або самі перабываюць у пачатковай фазе прастрацыі (цяпер жа прастрацыя – усёахопная), або не ўяўляюць Беларусі далей, чым ваколіцы роднай вёскі Вароніна. Першая катэгорыя – літаратары, што мільгаюць на старонках “Зацемак” амаль бясплотнымі зданямі. Другая – Галубовічавы землякі, да якіх ён рэгулярна наведваецца ў адпачынак. Землякі, дарэчы, найбольш жывыя і каларытныя менавіта ва ўспамінах, у рэтраспекцыі. Бо жывая карціна вёскі Вароніна пятнаццацігадовай даўнасці – гэта амаль поўная адсутнасць моладзі, апусцелыя сядзібы і ёмістыя могілкі, як усяго гэтага сімвал. Ужо пятнаццаць гадоў таму вялізная колькасць аднакласнікаў аўтара спачывала на тых кладах. Ці на іншых кладах – не важна па сутнасці. Галоўнае, людзі сыходзілі з жыцця ў свой самы плённы перыяд, не дасягаючы саракапяцігоддзя. І гэта пры сучаснай медыцыне! Аднак вядома, што ніякія таблеткі не дзейнічаюць, калі ў тваёй крыві трывала і нязводна знаходзіцца алкаголь.
Не памылюся, калі выкажу меркаванне, што стан сучаснай вёскі яшчэ нашмат горшы, чым ў часы, апісаныя Галубовічам у “Зацемках”. І гэта яшчэ блаславёны беларускі захад, адносна багаты край...
Горад жа Мінск для аўтара “Зацемак” чужародны, нібы аддзелены ад яго шыбаю. Свае – толькі сям’я, супрацоўнікі беларускамоўных рэдакцый... Ды не. Па вялікім рахунку свае – гэта хвіліны самоты, калі аўтар за кубачкам вечаровай кавы мысліць жыццё сваімі арыгінальнымі вобразамі. У кнізе шмат цікавых, адметных думак увогуле пра жыццё, якое, рызыкну меркаваць, аўтар уяўляе даволі непрыветным, злым асяроддзем. Абагульняючы ў думкавобразы, адасабляючыся ад дробязяў і дэталяў, у самоце і засяроджанасці Галубовіч падчас бачыць рэчы такімі, якія яны ёсць: без прыхарошванняў ды ілюзій. Кідаецца ў вока, што некалькі найважнейшых думак дамінуюць у свядомасці аўтара і не даюць яму спакою, выходзячы ў розных зацемках пад рознымі абліччамі.
І сапраўды, чалавек разумны, глыбокі мусіць думаць, па сутнасці, усяго некалькі думак, асноўнай з якіх з’яўляецца думка пра смерць. У тым сэнсе – куды я пайду, калі прамільгне ўсё гэтае хуткаплыннае навокал мяне, кім я стану, як звязаны вобраз маёй Вечнасці з вобразамі, што атачаюць мяне цягам жыцця? Ці панясу я з сабой любоў да радзімы, да сямейнікаў, да літаратуры – або ўсё бачнае і дзейнае не мае ніякага сэнсу, калі жыццё можа абарвацца ў любую хвіліну. Галубовіч неяк напісаў, што ён жыве кожны дзень, як апошні. І гэта не поза, а рэальнае ўсведамленне рэчаіснасці. У варунках паўсядзённасці мы не адчуваем, як блізка стаім ад смерці нават пры поўным вонкавым здароўі. Гэтае ўсведамленне смерці поруч з табой – не ўласцівасць, заўважу, здаровага сярэднестатыстычнага чалавека, для якога сама прырода дала дастаткова магутныя заслоны свядомасці. Абсалютна псіхічна здаровы чалавек пра смерць думае вельмі мала і рэдка. І гэта выдатна, інакш бы ўсе вакол склалі рукі, перапынілі жыццёвую барацьбу, засіліліся б ад роспачы. І толькі нямногім дадзена адчуваць смерць як рэальнасць, жывейшую за жыццё...
Сапраўдных творцаў мала. Іх крыж – як бы бачыць падвойную рэальнасць пры немагчымасці схавацца за ілюзію жыццёвай барацьбы. Таму найгалоўнешы матыў “Зацемак” – далёка не змаганне з антыбеларускай сапраўднасцю, а найперш – сузіранне жыцця як неспасціжнай містэрыі, сузіранне, наколькі магчыма, з філасофскім спакоем, з пакорай і мужнасцю. Бо самая вялікая мужнасць для чалавека – бачыць рэальнасць такой, якая яна ёсць, і не прыходзіць ад гэтага ў адчай, не захінацца хуткаплыннымі жыццёвымі дабротамі, слодычамі... А жыць і тварыць, памятаючы, што тут мы – часовыя. У філасофіі аўтара я выразна бачу матывы будызму, што ніколькі не супярэчыць асноўнаму, думаецца, хрысціянскаму светапогляду. Нездарма ж на вокладцы кнігі стаіць зацемка: “Усё пазней кладуся спаць... Сяджу, п’ю каву, чытаю, куру, пішу ўсякі суб’ектыўны маразм як зараз, мрою, вольна думаю пра ўсё і нічога – мыслю сабе... Карацей: ноччу мне жыць ясней”. Чым не будысцкая медытацыя? Ці не адсюль Галубовічава абыякавасць да славы людской? Варта задумацца.



Рэфлексіі паводле сучаснага дэтэктыва

Нядаўна ўважліва азнаёміўся з дэтэктыўным раманам Максіма Клімковіча і Уладзіміра Сцяпана “Цень Анёла” (“Маладосць, №1,2,3 2008 г.). Прыемна, што ў беларускай літаратуры з’яўляюцца творы і ў гэтым, такім не прыдатным для беларускамоўнага кніжнага рынку жанры. Непрыдатным таму, што дэтэктыў мяркуе прыцягваць да сябе масавага чытача, чаго па аб’ектыўных прычынах цяпер здзейсніць амаль нерэальна. І ўсё ж дарогу адолее той, хто ідзе.
“Цень Анёла” – гэта своеасаблівы дарунак беларускай літаратуры ад вядомых майстроў жанру, што пісалі ці пішуць для рускамоўнага кніжнага рынку пад псеўданімам. І трэба прызнаць, гэты раман – дэтэктыў да мозгу костак, у адрозненне ад тых, зрэшты, нешматлікіх твораў, што з’яўляюцца ў нас апошнім часам і бяруць на сябе смеласць называцца беларускімі дэтэктывамі.
Аўтары паказалі для ўсіх недасведчаных, што такое ёсць дэтэктыўны раман. Больш таго – што такое ёсць сучасны дэтэктыўны раман ва ўсёй сваёй, так бы мовіць, зарыентаванай на рэчаіснасць красе. Аўтары, якія набілі руку на патрабавальным рускамоўным рынку дэтэктыўнай літаратуры, выдатна ўсведамляюць, што з сучаснасці выпадаць ані ў якім разе недапушчальна. Інакш пацерпіш фіяска. Не выпадаць з сучаснасці – гэта значыць добра адпавядаць той тэлевізійнай карцінцы шматлікіх дэтэктыўных серыялаў, пачынаючы ад славутых “Вуліц разбітых ліхтароў”, якія прывучаюць нас да сваіх стандартаў аж з сярэдзіны 90-х гадоў.
Што ж уласцівае сучасным стандартам дэтэктыўнага жанру? Гэта максімальная мудрагелістасць сюжэта і дынаміка дзеяння, гэта фрагментарнасць карцінкі. У выпадку рамана – кароткія дынамічныя главы, якія змяняюць адна адну, а то і перарываюцца рознымі рэфлексіямі ў выглядзе “лістоў з падполля”. Дарэчы, ролю гэтых “лістоў” у аўтараў “Ценю анёла” адыгрываюць вылучаныя курсівам трызненні галоўнай гераіні Ганны Мятліцкай, якая знаходзіцца ў коме амаль увесь раман. Паміж гэтымі каматознымі бязладнымі роздумамі-ўспамінамі і разгортваецца звышнасычаная і звышнапружаная тканіна твора.
Раман пачынаецца з таго, што за “станоўчымі” героямі, па шашы, гоняцца “злыя дзядзькі” на мікрааўтобусе. На скрыжаванні дарогу ім наўмысна перагароджвае грузавік, абмінаючы які героі трапляюць у аварыю, перакульваюцца і мусяць загінуць. Мусяць, але не ўсё так проста ў спрактыкаваных аўтараў. З пакарабачанага аўтамабіля міліцыя і медыкі вымаюць непрытомную Ганну Мятліцкую і “труп” яе паплечніка і палюбоўніка Фелікса Рэя. (Бяру труп у двукоссе, бо напрыканцы рамана ён ажывае, як Лазар.)
 Далей – рэанімацыя і ляжанне ў бяспамятным стане Ганны ў бальнічнай палаце. Аўтары адразу даюць зразумець, што Ганна валодае нейкай таямніцай, якой прагна дамагаецца сівавалосы чалавек, які на кароткай назе з уладамі. Далей аказваецца, што гэта інтэрполавец, які дзеля сваіх карыслівых мэтаў вольна дзейнічае на тэрыторыі суверэннай Беларусі. Перад ім трапечуць і завіхаюцца літаральна ўсе: ад медсястры да начальніка мсціслаўскай міліцыі. Менавіта ў Мсціславе і ляжыць у бальніцы бедная Ганна ўвесь доўгі раман. Сівавалосаму інтэрполаўцу да зарэзу патрэбна, каб яна апрытомнела, адкрыла, дзе схавала палатно дагэтуль невядомай карціны Альбрэхта Дзюрэра, якая будзе каштаваць мільёны долараў. А там – хоць канай Ганна Мятліцкая.
І вось, даўшы такую напружаную завязку, аўтары пачынаюць адпраўляць чытача ў розныя месцы Беларусі, Расіі, Германіі ды Польшчы, а таксама – у блуканне па часе. Мсціслаў 1964 года, затым смутны 1924 год, потым – праз ваенны 1945 г. да 2006 года, у якім і пазнаёміліся Фэлікс Рэй (унук вядомага фатографа ваенных часоў, а цяпер мінскага пенсіянера) і Ганна Мятліцкая (праўнучка нейкай Ванды Мятліцкай, што дзейнічае па волі аўтараў блізу слаўна вядомага Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага ў тыя часы).
Такія рэзкія, амаль раптоўныя пераходы ў рамане з часу ў час, з герояў на герояў не даюць занудзіцца і выклікаюць задзірыстае жаданне нарэшце дакапацца да сутнасці. Увесь час смыліць думка – як жа вывернуцца аўтары з гэтага нагрувашчвання герояў і калізій паміж імі і грамадскім ладам кожнага часу. Варта прызнаць, што антураж і каларыт кожнай эпохі Клімковіч і Сцяпан падаюць умела і пераканаўча. Калі героі апынаюцца ў Варшаве, то верыш, што гэта сапраўды так і ёсць. Не кажучы пра сучасны Мінск ці камунальную кватэру Масквы пачатку дваццатых гадоў. Усё праўдзіва, хоць зараз жа фільм здымай. Раман якраз мне больш нагадаў сцэнарый фільма, чым мастацкую прозу кшталту незабыўнага “Чорнага замка Альшанскіх” нашага класіка. У Караткевіча героі – гэта жывыя людзі, у аўтараў “Ценю анёла” – проста функцыі, у лепшым выпадку тыпажы. Іх псіхалагічныя партрэты не распрацаваны ва ўсёй глыбіні, аўтарам не ўдалася паказаць іх духоўную сутнасць. Дый наўрад ці яны хацелі таго. Гэтаму ёсць шэраг аб’ектыўных прычын: перанасычанасць рамана дынамікай дзеяння і колькасцю герояў, а таксама абмежаваны аб’ём часопіса міжволі прынеслі ў ахвяру псіхалагізм.
Няма ў рамане і так званай высокай ідэі, з якой цяпер заведзена пацвельваць, але якая менавіта і робіць твор фактам мастацтва. Яе ж адсутнасць – робіць твор калі не звычайным забаўляльным чытвом, то белетрыстыкай – пэўна. “Цень анёла” – гэта якасная белетрыстыка. “Чорны замак Альшанскіх” – высокамастацкі твор, а ўжо ў другую чаргу дэтэктыўны раман.
Каб не быць галаслоўным, засяроджуся на шэрагу вузлавых момантаў. У дэтэктывах заўсёды мусіць прысутнічаць станоўчы герой ці героі. Прычым чытач павінен іх палюбіць не за сілу мускулаў і сексуальнасць, а за нейкія калі не духоўныя, то маральныя якасці. У Конан Дойла гэта інтэлектуал Холмс і дабрак Уотсан, у Жоржа Сіменона гэта бяссрэбранік камісар Мегрэ, у Агаты Крысці – дзівак Пуаро, у Караткевіча – ідэалісты Косміч і Беларэцкі. Усе гэтыя героі вылучаюцца з шэрай масы абывацеляў сваімі маральнымі якасцямі. Холмс бярэ грошы толькі з багатых, Пуаро часам разблытвае злачынствы з адной толькі цікаўнасці, бескарысліва, Антон Косміч апантаны высакароднай ідэяй адкрыць праўду, адшукаць у сутарэннях замка не столькі скарбы, колькі парэшткі замураваных жыўцом жонкі князя і яе палюбоўніка; асабіста ўзбагаціцца – у яго і ў думках няма. Пагадзіцеся, такая маральная пазіцыя не можа не захапляць, напрыклад, юнага, яшчэ не сапсаванага жыццёвым брудам чытача, носіць выхаваўчую функцыю.
Што ж мы бачым у рамане Клімковіча і Сцяпана. Дзе станоўчыя героі? Гэта, безумоўна, Фелікс Рэй і Ганна Мятліцкая. Прынамсі яны змагаюцца з падкрэслена адмоўным Альшанскім (сівавалосы). Але станоўчыя яны толькі ў адным – ніколі па ходзе рамана не забіваюць людзей і нават пра гэта не думаюць. Аднак завалодаць карцінай Дзюрэра яны, як відаць з рамана, жадаюць менавіта з карыслівых меркаванняў. Усё тая ж прага халяўных грошай. Параўнайце з ідэяй Андрэя Беларэцкага з “Дзікага палявання караля Стаха”. Ідэяй, што палягала ў пазбаўленні ад шматгадовага жаху бедных жыхароў наваколля...
Ідзём далей і глядзім на псіхалагічныя партрэты Ганны і Фелікса. Да раптоўнага знаёмства са сваім каханкам Ганна сужыцельствавала з фінансавым магнатам Алексам Фасманскім, гэткім моцным чалавекам, самцом без сумлення і сораму. Ён яе адорваў і, як кажуць, за гэта з ёй спаў. Ганна, зрэшты, няёмчыцца сваім становішчам ледзьве не ўтрыманкі, але разарваць з Фасманскім не наважваецца. Што перашкаджае? Страх? Не, хутчэй няма вартай замены. Як толькі гэтая замена, “сапраўднае каханне”, знаходзіцца, Ганна жорстка і цынічна расстаецца з магнатам. Як жа яна знаёміцца з Феліксам Рэем? Іх вочы сустрэліся ў кавярні замежнага аэрапорта, праз пяць хвілін яны сядзелі за адным столікам, балакалі, а праз якія паўгадзіны, легкадумна кінуўшы рэчы ў чакальнай зале, мілаваліся-цалаваліся за нейкай калонай, непадалёк ад старонніх вачэй. Што ж, гэта вельмі адпавядае сучасным норавам. Тут аўтары абсалютна пільнуюцца праўды жыцця. Зрэшты, гэтая “праўда” – больш на тэлевізійнай карцінцы, а не ў жыцці. У рэальнасці ж так робіцца адно на п’яных дыскатэках у ПТВ. Для сталых людзей з вышэйшай адукацыяй гэта не вельмі тыпова. Усё ж такі людзі нашмат адрозніваюцца ад жывёл.
Потым, калі Фелікс Рэй па недарэчнасці трапляе ў турму, да каго звяртаецца Ганна па дапамогу? Канешне ж, да свайго толькі што кінутага нялюбага “грашавітага мяшка” Фасманскага, які велікадушна выконвае яе просьбу. І хто з іх станоўчы герой?
Калі пра Ганну аўтары тое-сёе даводзяць (“журналістка з Мінска”, праўнучка Ванды Мятліцкай, пра якую і яе палюбоўніка Станіслава Краеўскага ідзе цэлая лінія рамана ў 1924 годзе), то пра Фелікса Рэя звесткі ў нас надзвычай скупыя. “Я чалавек вольны, мяне цікавіць мастацтва” – вось усё, што ён адкрывае сваёй будучай каханцы пры знаёмстве. Яшчэ мы ўведваем, што ён плануе арганізаваць у Германіі грашавітую фотавыставу свайго дзеда Якава Рэя. Але дзед, псіхалагічны партрэт якога аўтары якраз выпісалі хораша, нечакана гіне ў сваёй кватэры ад рукі злачынцы, якому спатрэбіўся Рэеў архіў. Зрэшты, нямала дзівіць, што такі бывалы і асцярожны чалавек спакойна адчыняе незнаёмаму дзверы. Хіба што старэчы маразм, зацьменне. Бо з папярэдніх апісанняў яго характару такая недарэчнасць не вынікала.
Праз адзін фотаздымак з архіва скрупулёзнага Якава Рэя Ганна з Феліксам выходзяць на след карціны Дзюрэра. Не стану пераказваць як. Бо ўсё там дужа хітрамудра, і хай кожны разгадвае па-свойму гэтую таямніцу. Скажу толькі, што паралельна на след той бясцэннай карціны выходзіць і ўжо памянёны сівавалосы інтэрполавец, і нямецкі барон Фон Штайн і нават дапытлівы і ўвішны Фасманскі. Далей усчынаецца дэтэктыўная заваруха. Усё напружана і цікава. Героі гавораць натуральнай жывой мовай, а не штучна прыгладжанай. Дыялогі выклікаюць давер. Адзінае, я б прыбраў словы “гавёны” і “гаўнюкі”, яны выпіраюць і выклікаюць раздражненне, хоць і сустракаюцца рэдка.
Дарэчы пра беларускую мову твора. Яна цудоўна адаптавана для дэтэктыўнага жанру, даходлівая, не трэба ламаць галаву над рознымі дыялектызмамі, якімі ў нас любяць грашыць. Выклікала непаразуменне толькі слова “спраўдзіў”, якія аўтары некалькі разоў ужылі ў сэнсе “праверыў”. Акадэмічны слоўнік такога значэння не падае.
Як станоўчы момант трэба адзначыць агульную прыстойнасць рамана. Пасцельныя сцэны даюцца адно накідам, не смакуюцца, з імі няма перабору. Нават міжволі задумваешся, ці так бы Клімковіч і Сцяпан пісалі для рускамоўнага рынку. Перакананы, што не. Відаць, акадэмічнасць нашых выданняў ад пачатку накладвае на аўтараў пэўную цэнзуру. На мой розум, гэта і добра і дрэнна. Бо, калі ты заціскаеш сябе ў рамкі, то пішаш ужо амаль заказны, а не мастацкі твор. Пяро трэба адпускаць на волю, а тармазы здымаць. Тармазы прыстойнасці (пазбяганне парнаграфіі) мусяць сядзець у галаве, а не штучна прышчэплівацца цэнзарамі.
Але ж вернемся да фабулы твора. Вопытныя аўтары выдатна ведаюць, што па законах дэтэктыўнага жанру трэба расставіць пасткі, нарабіць раздарожжаў і пусціць чытача па фальшывым следзе. Раман гэтым напоўнены пад звязку. Ужо адны толькі пераходы з часу ў час і з горада ў горад здатныя азадачыць і расцвяліць чытача. Тое, што адбываецца ў мсціслаўскай бальніцы і блізу яе ў наш час, вылучаецца ў рамане тлустым шрыфтам. Каматозныя блуканні душы Ганны Мятліцкай вылучаны курсівам. Астатнія лініі рамана – уласна пошукі карціны Ганнай і Феліксам да аўтакатастрофы, прыгоды авантурыста Станіслава Краеўскага ў 1924 годзе, а таксама расповеды пра мсціслаўскіх манахаў у 1654 годзе, – прыйшлося друкаваць шрыфтам звычайным. Хоць тут бы самы раз выкарыстоўваць розныя колеры. Аднак пакуль наша паліграфія да гэтага не дайшла. Што трохі аслабіла аўтарскую задуму. Я не жартую і не пасмейваюся. Розныя колеры тэксту сапраўды б дапамаглі ўспрыманню твора. Мяркую, праз некалькі гадоў гэта будзе магчыма ажыццявіць. Так што Клімковіч і Сцяпан у пэўнай ступені рушаць паперадзе часу. Раман больш чым сучасны. У гэтым бачыцца іх заслуга.
Жыццёвыя калізіі Станіслава Краеўскага і яго каханкі Ванды Мятліцкай як бы адцяняюць і дапаўняюць асноўную, сучасную, лінію рамана. Відавочнай сувязі паміж гэтымі лініямі, апроч таго што Ванда – прабабка Ганны Мятліцкай, я не заўважыў. Калі аўтары мелі на ўвазе яшчэ нешта іншае, то занадта гэта завуаліравалі, а значыць, крыху пралічыліся. Я успрыняў лінію Ванды як пастку, падманны шлях, каб павадзіць за нос чытача, і – паўтаруся – для ўзмацнення асноўнай лініі рамана.
Станіслаў Краеўскі – тыповы авантурыст бурапеннага часу рэвалюцый, грамадзянскай вайны і вэрхалу, што ўсчаўся ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя. Калісьці ён ваяваў з самім Дзяржынскім. Але ж у Мсціслаў 1924 года Станіслаў прыбыў па падложным дакуменце нібыта ад Дзяржынскага, каб адвезці канфіскаваны бальшавікамі касцельны скарб у Маскву. Падложны дакумент быў арганізаваны “тэлегафісткай-прыгажуняй” Вандай Мятліцкай, што працавала ў цэнтральным апараце бальшавікоў у Маскве. Тут самы раз згадаць прымаўку – злодзей у злодзея шапку скраў. Бо што бальшавікі, што Ванда з Краеўскім – чэрці адной шэрсці. Хаця, можа, некаму яны і сімпатычныя, а проста я прытрымліваюся архаічных поглядаў на людзей?
Сам Краеўскі – увогуле нядобранадзейны элемент ад пачатку, бо знаёмімся мы з ім у мінскай турме, дзе ён чакаў расстрэлу ў камеры смяротнікаў (“па падазрэнні ў шпіёнскай дзейнасці на карысць маршалка Пілсудскага”). Чым жа займаліся там асуджаныя ў ноч перад расстрэлам? Гулялі ў карты – ды так, што Краеўскі прайграў амаль усю вопратку. Гэтак у сподніках яго і выклікалі ўначы да вышэйшага начальства. Вышэйшым начальствам аказаўся сам жалезны Фелікс, які зусім выпадкова заехаў у нашу правінцыю. Зірнуўшы на спіс асуджаных на смерць, ён убачыў прозвішча свайго баявога паплечніка. Сэрца бязлітаснага чалавека растала, і ён вырашыў аўтарытарнай уладай вызваліць Станіслава з абдымкаў амаль немінучай смерці. Вызваліў адным росчыркам пяра, і Краеўскі, раскаяўшыся, пачаў зноў працаваць на савецкую ўладу. Прабачце, але няўжо ж аўтары, сталыя і сур’ёзныя людзі, самі паверылі ў праўдзівасць таго, што яны набаялі? Калі яны дапускаюць, што ў чаканні расстрэлу людзі гуляюць у карты, то варта перачытаць аповесць “Сотнікаў” Васіля Быкава, або ўспаміны Дастаеўскага пра эшафот, на якім той стаяў. Я разумею, што дэтэктыў жыве па сваіх, нашмат адрозных ад сур’ёзнай літаратуры законах. Але не нагэтулькі.
Краеўскі, Ванда Мятліцкая і Фелікс Эдмундавіч выведзены аўтарамі карыкатурна. Пільны вартаўнік рэвалюцыі Дзяржанскі, аказваецца, здольны быў даваць маху і вызначацца нейкай хлапечай наіўнасцю. Каб аддзячыць яго за дараванае жыццё, Краеўскі разам з палюбоўніцай Вандай выкрадае нарабаваны бальшавікамі скарб для сваіх карыслівых мэтаў. Між іншым, знаёмяцца гэтыя авантурысты тыпова: каханне з першага погляду на нейкім бальшавіцкім сходзе, праз колькі хвілін шпацыруюць побач па вуліцы, а тады не марудзячы кладуцца ў пасцель. Усё як і ў Ганны Мятліцкай з Феліксам Рэем. Тут аўтары, як бы насміхаюцца са сваіх герояў і выводзяць падобныя тыпажы. Чалавек ва ўсіх стагоддзях аднолькавы, даводзяць яны. Тым больш што авантурныя гены прыгажуні Ванды і абаротлівага Станіслава законна перадаліся праўнучцы. Мне гэты ход Клімковіча і Сцяпана прыйшоўся даспадобы. Тут яны па-талстоўску прытрымліваюцца праўды жыцця. Не тое, што Дастаеўскі са сваімі братамі Карамазавымі, такімі не падобнымі між сабою.
Урэшце, флібусцьерская пагоня за халяўнымі грашыма не прыносіць шчасця нікому з герояў рамана. Апроч нямецкага барона Фон Штайна, які такі выкупіў на аўкцыёне сваю фамільную рэліквію – тое самае палатно Дзюрэра, вывезенае ў 1945 годзе ў Беларусь і з-за якога закруцілася ўся раманная заваруха. Праўда, якім чынам палатно паступіла на аўкцыён, аўтары пэўна не кажуць. Адно намякаюць, што труп Фелінкса Рэя ажыў, прынамсі загадкава знік з мсціслаўскага морга, дзе ляжаў у чаканні экспертызы. Ганна ж у рамане з комы амаль не выходзіла. А толькі гэтыя двое і ведалі пра палатно. Праўда, Мятліцкая на некалькі хвілін апрытомнела, дазналася, што Фелікс загінуў, і мерылася ў роспачы скочыць у акно. Аднак Ганну спыніў сівавалосы інтэрполавец, што вартаваў яе амаль неадлучна, бо за карціну Дзюрэра, здаецца, душу д’яблу прадаў. Ганна пасля няўдалай спробы самагубства тут жа згубіла прытомнасць, так і не адкрыўшы сівавалосаму найжаданую таямніцу. Далей у рамане пра яе лёс не гаворыцца.
Крытычныя заўвагі, што я аргументавана выказваю, спадзяюся, не пакрыўдзяць аўтараў, якія ведаюць сабе цану і сапраўды з’яўляюцца на сённяшні дзень першапраходцамі сучаснага беларускага дэтэктыва. Я проста хачу паказаць, што паміж высокім мастацтвам, вялікай літаратурай і проста таленавітым творам існуе шырачэзная прорва. А то некаторыя ачмураныя цяперашнім бойкім чытвом чытачы губляюць арыентацыю і ўжо шчыра мяркуюць, што Талстой і Акунін, Маэм і Муракамі – усё аднолькава хораша. Не, спадары, не аднолькава. І крытыка можа паказаць гэта амаль з матэматычнай дакладнасцю. Такіх ляпаў і сюжэтных нацяжак, што я вышэй прывёў, ні ў Талстога, ні ў Маэма адшукаць немагчыма, нават вельмі стараючыся.
Паважаныя аўтары, відаць, не зусім знаёмыя з працэсам рэанімацыі ў клініках, калі напачатку рамана вывозяць Ганну Мятліцкую з рэанімацыйнага бокса ў каматозным стане. І гэта пасля таго, як урачы цэлую ноч змагаліся за яе жыццё. Хворых у коме з рэанімацыі так хутка не выкідаюць. Таксама не мог сказаць урач дапытліваму Альшанскаму, што Ганна дакладна не будзе хадзіць, бо пашкоджаны “цэнтральны нерв”. Што такое цэнтральны нерв? Галаўны мозг? Дык тады ёсць немалыя шансы пасля выхаду з комы падняцца на ногі. Спінны мозг? Дык у такім выпадку хірург бы так і казаў. І тое – толькі праз некалькі дзён ці нават тыдняў пасля траўмы. Урачы не аперыруюць паняццем “цэнтральны нерв”. Таксама доктар не мозг заявіць, што Ганна, цалкам верагодна, усё чуе ў такім стане. Не, каматозны стан – гэта поўнае адключэнне свядомасці. Таксама, выйшаўшы з комы, Ганна не магла так хутка ўскочыць на ногі і кінуцца да акна. Для гэтага спатрэбіліся б дні, калі не тыдні і месяцы. Тут зноў негатыўную ролю адыграла прывычная скіраванасць аўтараў на масавага чытача, тады як беларускамоўны чытач не масавы – элітарны, яго на макітры не правядзеш. Ну ды гэта такія выдаткі, што з цягам часу зжываюцца. Прафесіяналізм жа, майстэрства працы над тэкстам у Клімковіча і Сцяпана цяжка аспрэчыць. Кожная глава рамана – маналітная, адпрацаваная, насычаная, як правіла, праўдзівымі дэталямі сцэна. Асабліва ўдалася глава з мардаваннем бравымі чэкістамі папоўскай сям’і, проста мароз па скуры дзярэ ад некаторых радкоў. Забойства бязвіннага трусіка аб сцяну галавой, зрэшты, падалося мне залішнім садызмам, гэткім ”ружжом”, якое павінна стрэліць, калі яго ўжо паказалі на сцэне. То бок я адразу здагадаўся, што гэтае пачварства адбудзецца. Варта сюжэтныя хады старанней маскіраваць.
Паўтараю, заўвагі мае справядлівыя і выказваюцца таму, што пішу гэты артыкул для вядучага літаратурнага часопіса рэспублікі. Я б мог некаторыя хібы абмінуць, нібыта не заўважыць, але гэта была б хлусня, пасля якой перастаеш сябе паважаць. Вартасцяў у рамане хапае, толькі расхвальванне звычайна не прыносіць карысці ні літаратуры, ні аўтарам. Крытыка павінна выяўляць вузкія месцы твора, а ўжо аўтарам вырашаць – прыслухоўвацца да заўвагаў ці тварыць далей, на іх не зважаючы.
І яшчэ. Класіка дэтэктыўнага жанру надзвычай цэніць чалавечае жыццё. У агромністым рамане Колінза “Жанчына ў белым”, напрыклад, адбылося толькі адно забойства. У Клімковіча і Сцяпана героі гінуць цэлымі пачкамі. Прычым забойства Фасманскага не выклікае ў яго былой палюбоўніцы Ганны Мятлікцай і ценю жалю. Яна толькі раўнадушна спыталася: “Калі?” Абясцэньванне чалавечага жыцця і агульная амаральнасць галоўных герояў, па-мойму, не ідзе на карысць дэтэктыву. Гэта зноў жа сучасная мода – крышыць людзей налева-направа, мода, у рэчышчы якой і пішуць майстры свайго жанру Максім Клімковіч і Уладзімір Сцяпан. А вось добрая гэтая мода ці благая – пакінем кожнаму вырашаць для сябе. Я ж яшчэ раз зазначу, што раман “Цень анёла” – гэта на досыць высокім узроўні напісаны дэтэктыў. Абсалютна сучасны твор. Аўтары паказалі, што беларуская мова можа ажывіць любы жанр, прагучаць па-новаму, паламаць даволі ўстойлівы стэрэатып занудлівасці беларускага слова. Спадзяюся, мая рэцэнзія не адаб’е ў аўтараў ахвоту перыядычна адорваць нашу літаратуру такімі ў цэлым якаснымі творамі. А можа, хто-небудзь іншы захоча напісаць для “Маладосці” сучасны беларускі дэтэктыўны раман і тым самым узбагаціць нашу літаратуру? Пажадаем такім смельчакам плёну.
Я наўмысна не распісваў увесь сюжэт і не раскрываў таямніцу “Цёню анёла”, бо лічу гэта на дадзеным этапе непатрэбным. Увогуле, такі падрабязны аналіз – задача ўжо не крытыкі, а літаратуразнаўства. Раман, магчыма, будзе надрукаваны кнігай. Верагодна, пасля майго артыкула нехта, не знаёмы пакуль з часопіснай публікацыяй, захоча гэты таленавіты твор прачытаць. Дык дазволім жа яму самастойна разблытваць клубок чалавечых жарсцяў, блукаць па лабірынтах сюжэта і шукаць адгадку.



Рэцэпт вінегрэту
(раман Н.Бабінай “Рыбін горад”)

Мастак заканчваецца тады, калі становіцца рупарам чыёйсьці ідэалогіі. Гэтую няхітрую ісціну нашы творцы часам забываюць, спакушаныя ўвішнымі выдаўцамі.
Калі нейкі твор назойліва раскручваюць, то я яго звычайна не чытаю, бо ведаю, што гэта будзе літаратурная падробка ў 99 выпадках са 100. Аднак астатні адзін працэнт раз-пораз штурхае мяне азнаямляцца з творамі, пра якія зашмат гамоняць. Гамоняць, праўда, пераважна з адных і тых жа знаёмых нам радыёкропак і выданняў. То бок расхвальваюць тыя, хто сам жа і выдае і апякуецца, і спрабуе адбіць хоць нейкія грошы, укладзеныя ў такі твор.
Дык вось, толькі што прачытаў раман Наталкі Бабінай “Рыбін горад”. Перш чым абрынуцца на яго валам крытыкі, зраблю неабходны ўступ і скажу, што гэта далёка не горшае сучаснае чытво з тых, што мне даводзілася гартаць у апошнія некалькі гадоў. Аўтарка падалася мне цікавым і таленавітым чалавекам, які мае адметны стыль і даволі тонкае пачуццё гумару. Больш за тое, Бабіна здатная мысліць глыбока, ужывацца ў свае персанажы, глядзець, так бы мовіць, далей за ўласны нос.
Тым больш прыкра, што такі непусты і, як здалося, харошы чалавек злавіўся на вуду сучаснай папсовай літаратуры.
Але аб усім па парадку. З першых жа радкоў рамана аўтарка спрабуе какетнічаць з чытачом, што само па сабе з’яўляецца прыкметай жаночых раманаў, сціжмы якіх запаланілі паліцы нашых кнігарань. У першай главе я-гераіня ваюе з чортам досыць адметным спосабам – хвошча яго па мордзе гігіенічным падкладам, што ўвесь у крыві яе месячных. Не дзіва, што чорт злякаўся і ад яе назаўжды адчапіўся. Зрэшты, не зусім назаўжды. Бо ў розных абліччах ён з’яўляецца перад гераіняй на працягу ўсяго доўгага, як па сучасных мерках, рамана.
Далей мы даведваемся аб нерэальнай выключнасці я-гераіні ў плане біяграфіі. Яна народжана як другое блізня, другім нумарам, якое дурны фельчар ужо не чакаў і зашываў надарваную похву яе маці. Яе бацькі загінулі абое ў аўтааварыі, калі дзяўчаткам было зусім мала гадоў. Гадаваліся ў бабулі. Потым замужжа, дыягназ бяздзетнасці, адназначна выстаўлены эскулапамі, потым нараджэнне насуперак гэтаму выраку дачушкі, потым дыягназ у дачушкі “рак”, смерць. Далей дэпрэсія, алкагалізм, наркаманія. Бессардэчны муж адварочваецца і баязліва кідае. Не адступаецца сястра Уляна, што цягае я-гераіню па дактарах і лякарнях. Нарэшце з наркаманіяй як быццам скончана, а алкагалізм залечаны да фазы рэгулярнага адзінокага п’янства. Вось у такім выключным і, трэба сказаць, фантастычным выглядзе паўстае галоўная гераіня рамана. Пасля такой навыдумлянай біяграфіі дасведчанаму крытыку становіцца ясна, што перад ім будзе разыграна нейкая буфанада і што верыць ні героям, ні іх прамовам катэгарычна забараняецца. Бо далей чытача будуць падманваць і вадзіць за яго доўгі нос.
Так, у прынцыпе, і здараецца. Аднак гэта б яшчэ не бяды, каб Бабіна не ўздумала пісаць палітычную заказуху, якой пачынае тхнуць недзе з пятай-шостай главы. Дзеянне рамана, аказваецца, адбываецца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. На сцэну жвава выскакваюць “злыя дзядзькі” – бяздушныя міліцыянты, амапаўцы, кэдэбэшнікі, разнамасныя бандыты з пудовымі ланцугамі на шыях, усялякія СІЗА, кутузкі, аўтобусы, куды пхаюць бязвінную я-гераіню і з мацюкамі мяцеляць нагамі. Карацей, аўтарка насычае раман усемагчымымі штампамі і клішэ, якія даўно выпрацаваны і навязваюцца незалежніцкай прэсай і радыё. Свайго, аўтарскага погляду на рэчы, філасофскага аналізу і блізка няма. Ён нават не начаваў.
Станоўчыя ж героі, дзве сястры Ала (я-гераіня) і Уляна, губай сюжэтнай нацяжкай аўтаркі ўцягнуты ў палітычную барацьбу. Уляна шчыруе ў выбарчым штабе незалежнага кандыдата Гарабца, а былы муж Алы выстаўляе сваю кандыдатуру, ні многа ні мала, на прэзідэнта краіны. Зрэшты, неўзабаве, спакушаны абяцанымі падатковымі льготамі, здымае сваю кандыдатуру на карысць наймацнейшага кандыдата. Шкура, дый годзе. А што можна было чакаць ад чалавека, які семнаццаць гадоў таму кінуў сваю жонку-алкагалічку?
Словам, паважаны чытач, ваш крытык заходзіўся ў лёгкім шоку ад гэтай тапорнай літаратурнай падробкі, якую “Свабода” і “Наша ніва” спрабуюць выдаць за твор мастацтва. Ды што там спрабуюць – актыўна перакладаюць і раскручваюць на замежжа, бо там, на блаславёным Захадзе, чакаюць не дачакаюцца паказаць Беларусь у выглядзе гэткага карыкатурнага монстра. Хадульнасць і ўсё тая ж карыкатурнасць герояў рамана ўражваюць. Зрэшты, чытачы, выхаваныя на Данцовай і Марынінай, зусім не будуць збянтэжаны. “Рыбін горад” – досыць прыстойны ўзровень для бульварнай літаратуры. Абурае вось што. Тыя расейскія дамы-пісьменніцы хоць бы шчыра называюць сябе белетрысткамі, таму з іх, кажучы па-расейску, і «взятки гладки». У выпадку ж “Рыбіна горада” нам абсалютна рэальна намагаюцца ўпарыць доктарскую каўбасу замест сервелату, то бок спехам зляпаную белетрыстыку замест мастацкай прозы.
Памылка Наталкі Бабінай ў тым, што яна павялася і дала згоду задзейнічаць сваё пяро ў гэтым смяхотлівым фарсе. Пісьменніца яна, паўтаруся, таленавітая. Магчыма ў кнізе апавяданняў, што выйшла ў гэтай жа серыі (“Кнігарня Нашай Ніва”), усё па-другому. Бо ў тых эпізодах рамана, дзе Бабіна апісвае побыт і псіхалогію сялян, то бок тое, што адчувае сэрцам, яна выглядае цікава, адметна, кранальна. Вобраз дзевяностасямігадовай бабулі (адзіны нехадульны ў рамане), якая да апошніх дзён захоўвае энергію і спрыт, падаўся вельмі праўдзівым, прачулым, узятым з саміх сакральных глыбінь жыцця. Выдатна апісана скруха я-гераіні, яе перажыванні пасля смерці любай бабулі.
Але, паважаны чытач, пасля агрэсіўнай раскруткі гэтага твора як найсучаснага рамана я чакаў пабачыць гарадскі сучасны раман. У выніку ж праглынуў вінегрэт са звыклай беларускай вясковай прозы і ўстаўкамі-клішэ “аля Данцова” пра злых бандзюкоў. Горад пісьменніца, як і большасць беларускамоўных літаратараў, не адчувае зусім. Усю яго сацыяльную складаную размаітасць яна так да свайго сталага веку і не спазнала. Таму выправы я-гераіні ў Брэст і Мінск выглядаюць штучнымі, прыцягнутымі за вушы і або заканчваюцца ў судзе і СІЗА, або падаюцца простым пералічэннем, напрыклад, адметных месцаў сталіцы. Але назвы “Круглая плошча”, “Пераможцаў”, “Леніна”, “Дзяржынскага”, “Партызанскі праспект” – гэта грубая аднабаковая хохма з сутнасці Мінска, і яўнае падыгрыванне Захаду, які толькі і будзе выдаваць кніжкі, дзе на ўсе лады абгаджваецца наша сталіца. “Дзіка было глядзець на поўны люду дымны горад пасля прастораў Дабрацічаў”, – гэтая банальная, зацёртая па сваім сэнсе фраза празаікаў-вяскоўцаў хораша перадае ўвесь сэнс разумення Бабінай гарадскога жыцця. Горад яе ДЗІКА палохае. Ці не адсюль комплексы злых “уладаў”, што акапаліся ў гэтым дзікім горадзе і не даюць свядомаму беларусу жыць у сваіх ціхіх Дабрацічах. Жудасны адрыў ад рэальнасці. Што для празаіка раўназначны дыягназу “кома”.
Мова ў Бабінай харошая, гнуткая, каларытная. Аж занадта каларытная, праўда. Страшэнна рэжуць вуха ўсялякія дыялектызмы, нязвыклыя словы тыпу “бар’які”, наватворы тыпу “адруховы”. Нераўнадушная аўтарка чамусьці да слова “дупа”, якім часціць з такім захапленнем, што нават старэча Фрэйд адпачне.
Даволі частыя ў кнізе і моўныя хібы, і карэктарска-рэдактарскія агрэхі. Напрыклад, фраза: “– А што вы ўсе на мяне глядзіце?” (с.157) – з’яўляецца памылковай, бо ў дадзеным выпадку трэба пісаць “гледзіце” або “гледзіцё”. Сустракаюцца, пры агульнай антырасейскай скіраванасці мовы, і прымітыўныя расейскія калькі (прыкладам, “адчыняемага”, “пракрочыў”). Такія ляпы, відаць, па іроніі лёсу ўказваюць на няшчырасць нянавісці аўтаркі да Расеі. Бо як жа яе не любіць, матухну, калі ў тэлеэкране яна з раніцы і да раніцы? Як казаў журналюга Познер, паказвай у тэлевізіі штодзень конскі азадак, і праз месяц ён стане самым дарагім для гледачоў чалавекам.
Пра шматлікія сюжэтныя нацяжкі і капіраванне Караткевіча (старадаўні рукапіс, відзежы-трызненні) не варта ўжо і казаць, бо твой крытык, спадару чытач, прытаміўся, калі папраўдзе.
Пры канцы няпоўнага разбору гэтага белетрызаванага рамана Наталкі Бабінай хочацца параіць тым, хто мае жаданне разабрацца ў сутнасці мастацкай творчасці, каб не весціся на шматлікія літаратурныя падробкі, імя якім – легіён, – гэтым нямногім дапытлівым чытачам проста неабходна дасканала вывучыць "Што такое мастацтва?" Льва Талстога. У ёй вялікі мысляр дае грунтоўны аналіз еўрапейскага мастацтва ў цэлым і перспектыве. Акрамя таго, там ёсць пералік літаратуры найбуйнейшых еўрапейскіх філосафаў, каго ён вывучаў цягам пісання сваёй працы. Асабліва, па-мойму, гэта важна для студэнтаў-філолагаў і (яшчэ асаблівей!) для будучых крытыкаў мастацкай літаратуры. У добры, як кажуць, шлях.



Слёзы скрозь смех

Юры Станкевіч. Мільярд удараў: аповесці, апавяданні, п’еса. Мінск: Галіяфы, 2008. – 324 с. – (Другі фронт мастацтваў).

Беларускія празаікі страшэнна захопленыя сабой. Сказаць ім добрае слова пра калегу – што сабе руку адсекчы. Яны зазвычай і не чытаюць адно аднаго. А калі ўжо апускаюцца да гэтага нізкага занятку, то найчасцей – з пачуццём грэблівасці і чуйнай рэўнасці. Таму трэба мець нешараговы талент, каб прымусіць сабратаў пра цябе гаварыць.
Юры Станкевіч – з тых нешматлікіх сучасных беларускіх празаікаў, каго чытаюць і абмяркоўваюць. Незалежна ад таго, любяць ці не. Часцей нават не любяць. Асабліва людзі з рамантычным складам мыслення (аматары Караткевіча) і... феміністкі. Чуў ад жанчын, што іх абурае грубае стаўленне аўтара да іхняга полу, маўляў, не знаходзіць ён у іх належнай душэўнай глыбіні, а палавыя стасункі апісвае выключна тэхналагічна. Тут можна спрачацца, але пэўная рацыя ў гэтым ёсць: Станкевіч – не для рамантыкаў, а для жадаючых разабрацца ў жыцці, намацаць ягоную сутнасць, у якой бы гаркоце яна ні паўстала.
За апошні год я купіў толькі дзве кнігі прозы беларускіх аўтараў. Ды і тое адна, мінчанкі Алены Паповай, рускамоўная. Другая ж – Станкевічаў “Мільярд удараў”. Абедзве кнігі я набыў пасля прачытвання іх твораў у перыёдыцы. Словам, талент не схаваеш. Хоць падчас чытання і Паповай і Станкевіча хацелася больш спрачацца, чым згаджацца.
Парадокс у тым, што чым больш са Станкевічам спрачаешся, тым азартней хочацца яго чытаць. Не прыгадаю ніводнага яго аповеду, які б не хацелася дамалаціць у адзін прысест. У чым жа сакрэт? Падаецца, у ідэйнай напоўненасці твораў, нягледзячы на ўсю іх грубасць і нахабны сарказм. Ідэйнасць па сённяшнім часе – штука рэдкая, можна сказаць, эксклюзіўная. Большасць беларускіх празаікаў “новай хвалі” – банальныя папсавікі, іх творы нагадваюць грыбы-порхаўкі, калі не паганкі. Таму і заглыбляцца ў тыя “грыбы” не хочацца, каб не апырскацца іхнім чыхлівым пылам, або не атруціцца зусім. Такім аўтарам нішто ўжо не баліць, бо яны самі поўныя ядам. Той жа, каму не баліць, – ніколі ні з чым не змагаецца праз свае творы, а адно самавыражаецца і забаўляе.
Станкевіч жа абсалютна рэальна і відавочна ваюе з навакольным дзярмом, жыць у якім “душа паэта” не ў змозе. Прымітывізм яго тэкстаў, які адзначаюць некаторыя крытыкі, – гэта насамрэч вылучэнне напаказ самых брыдкіх і выродлівых праяў нашага побыту, побыту сучаснага еўрапейскага чалавека.
“Наша цывілізацыя дагнівае знутры, яна неўзабаве ляснецца!” – б’е ў набат Станкевіч у сваіх шчырых аповедах, а дасведчаныя крытыкі, вывучаныя на Коласу і Шамякіну, працягваюць абурацца грубаму натуралізму ягоных твораў. “Зашмат агідных сцэн! – па-старэчы бурчаць яны. – Выявіце нам прыгажосць, любіць хараство жыцця навучыце!” Дык хай бы тады працягвалі чытаць паэтычнага Караткевіча – там усё гэтае прыгожае і натхнёнае аж пад завязку. Толькі ці праўдзівая тая Караткевічава прыгажосць?
Юры Станкевіч з гогалеўскай упартасцю працягвае даводзіць нам, якія мы брыдкія (а нягеглыя з твару ці любяць глядзецца ў люстэрка?). Мы ж з не меншай упартасцю зарываем галовы ў пясок, аддаючы, зрэшты, рэчаіснасці нашы... скажам так, спіны ў бязмежнае карыстанне.
Героі аповесцяў і апавяданняў, што паўстаюць перад намі ў кнізе “Мільярд удараў”, гэта не столькі людзі, колькі тыпажы нашых сучаснікаў. Нават тады, калі Станкевіч піша пра шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя, пра час хрушчоўскай “адлігі” (“Партрэт выпускніка на фоне “адлігі”), ён экстрапалюе тадышнія праблемы на сучаснасць. Тыпы ж яго герояў трывалыя і нязменныя ў любым часе. Гэта найчасцей людзі, у якіх адабралі веру, пазбавілі высокай ідэі. Хто пазбавіў? Рэчаіснасць, і толькі яна – так вынікае з філасофіі аўтара. Таму адзінай вартай ідэяй выпускнікоў школы 60-х гадоў з’яўляюцца ўцёкі за мяжу – праз Фінляндыю на блаславёны Захад. Утапічная, нерэальная, асуджаная, як заўсёды ў Станкевіча, на паразу ідэя. Але без яе жыццё тых выпускнікоў, і без таго бязрадаснае, будзе зусім ужо пеклам.
Бессэнсоўнасць існавання абывацеляў, што вандруюць у аўтара з твора ў твор, уражвае і гняце чытача. Вось чалавек “па імені дойлідаў” (“цацка ад творцы”) ад сваёй унутранай пустэчы звіхнуўся на глебе набліжэння да зямлі каметы, пра што паведамілі ў навінах, якія ён млява глядзеў. Дойлідаў (у аўтара – з маленькай літары) імгненна ажывіўся і літаральна захварэў ідэяй каметы. Усё яго жыццё засяродзілася на ёй. Бядак кінуў хадзіць на працу і суткамі пільнаваў камету з балкона. Пакуль, зразумела, не шухнуў долу. Абсалютна тыповы канец для твораў Станкевіча. Бо апакаліпсіс – гэта больш нездаровы ўнутраны стан, чым знешняе атачэнне, якое ў творах аўтара не фатальнае, а трагікамічнае. Незайздросна, напэўна, скончыць  сваё жыццё і мастак Арцём Ліс (“Вельмі смачная рыба фугу”), якога ўсё тая ж адсутнасць сэнсу жыцця штурхае да бязглуздай рызыкі і самаразбурэння. Ён маніякальна жадае паспытаць ядавітай рыбы, што падаецца ў рэстаране за шалёныя грошы як заморскі далікатэс. А вось чалавек “па прозвішчы Цвіль” з апавядання “Клон Чэ і ягоная жонка” з’язджае з глузду на фоне свайго падабенства са славутым Чэ Геварам. Чалавека даймае верад сваёй несамадастатковасці, і ён хоча пражыць лёс героя. Канец, зразумела, трагічны не толькі для яго, але і для акаляючых. Адметна, што Станкевіч ні ў чым не вінаваціць сваіх герояў. І не пацвельвае. За знешнім нейтралітэтам аўтара, аднак, бачыцца спачуванне ім як вінцікам магутнага бязлітаснага механізма. Адсюль і манера называць іх “чалавек па імені”, “чалавек па прозвішчы”. А далей, паважаны чытач, падстаўляй сюды любога, хоць самога сябе – магчыма, і не памылішся.
Ёсць у кнізе і апавяданні кшталту сцэнак з рэальнага побыту сучаснага беларуса (“Забілі негра”, “Сястра мая, Света”, “Настаўнік спеваў і цемра” ды інш.), дзе героі як быццам не вар’яцеюць, але да гэтага вельмі блізкія, бо рэчаіснасць іх, мякка кажучы, не песціць. Вось звычайная, здавалася б, сітуацыя: маці, удава, не можа ў адзіночку справіцца з бэйбусам-сынам і яго нахабнай сяброўкай (“Яйка зязюлі павінна быць выседжана”), якія зашываюцца ў сынавым пакоі і там... нешта непатрэбнае робяць. Выхаваная на патрыярхальных традыцыях жанчына – у збянтэжанасці і смутку. Далей наступ маладых на яе псіхіку і побыт робіцца незваротным. “Калі ў доме завялася гніль, то менавіта яна і будзе весці рэй і перамагаць – такая логіка жыцця”, – не без долі рацыі пераконвае нас аўтар. Мяркую, кожны ў сваім жыцці калі не сутыкаўся, то мае шанц сутыкнуцца з нечым падобным. І фраза з апавядання: “Двое моцных маладых цел, не абцяжараных аніякімі маральнымі вартасцямі. І ёй супраць іх – не выстаяць”, – толькі на першы погляд здаецца не па-мацярынску эгаістычнай. У жыцці, чытач, часта бывае, што не ўсе дзеці – дзеці, а не ўсе маці – маці. Сапраўднасць, на жаль, часцяком далёкая ад пастулатаў Старога Запавету.
Цэнтральным творам кнігі мне падалася аповесць “Эрыніі”, дзе ў форме антыўтопіі малюецца карціна ўжо не толькі ўнутранага, а і знешняга апакаліпсісу. Паказана наша тэрыторыя ў будучым, дзе пануе чалавечая супольнасць, толькі вонкава падобная да людзей. Маральных каштоўнасцяў практычна няма. Ёсць толькі Закон, які з-за адсутнасці маральных тармазоў у галовах выконваецца са скрыпам і трэскам. Белая раса падпадае пад уплыў іншых, больш жывучых і агрэсіўных рас. З ежай праблемы. Са здольнасцю жанчын нараджаць – таксама. На вуліцах і ў трушчобах царуе гвалт, наркотыкі і цынічны секс. Рэшткі людзей белай расы пакідаюць свае кварталы толькі на верталётах. Асабліва кепскія справы з Законам у Правінцыі, куды з Мегаполісу і накіроўваецца Слядак, каб навесці нейкі парадак. Гэты нібыта станоўчы герой таксама пазбаўлены (а куды ён падзенецца, з ваўкамі жыць...) асаблівых маральных устояў. Яму падкладваюць у гасцініцы прастытутку – ён цынічна ёй карыстаецца як нейкай зубачысткай, а чаму не? Слядак – гэта чалавек без роду і племені, і станоўчы ён толькі таму, што выконвае сваю функцыю ахоўніка правапарадку. Што ўжо казаць пра астатніх герояў аповесці! Гэта істоты, якія бродзяць па зямлі таму, што іх нехта жыццём пакараў. Такі праект будучыні, паказаны Станкевічам, ужо даўно, трэба прызнаць, прапагандуецца на ўвесь свет Галівудам з блакітных экранаў. Так што сама па сабе аповесць мяне не шакіравала. Балюча толькі, што гэта, паводле аўтара, адбудзецца на тэрыторыі, па якой мы так любім хадзіць.
Агідныя натуралістычныя сцэны, што апісваюцца Станкевічам амаль у кожным аповедзе, мяне зусім не бянтэжаць, таму што, па-першае, строга ўкладваюцца ў стрыжнявую ідэю ягонай творчасці, а па-другое, носяць не разбэшчвальны, а выхаваўчы характар. Аўтар іх не смакуе, а імі гідзіцца. У гэтым яго адрозненне ад нашых аматараў паказу разнастайнай “клубнічкі”, якія, пэўна ж, самі прыходзяць ад яе ў юрлівы экстаз. Мараль у творах Станкевіча не проста прысутнічае, яна часам зашкальвае і пераходзіць у “маралітэ”, чаго сучасны прасунуты чытач не будзе вітаць.
Варта яшчэ зазначыць, што абвінавачванні некаторымі крытыкамі аўтара ў яго нядбайнасці да слова, неакуратнасці ў апісанні побытавых дэталяў падаюцца мне непісьменнымі і бязглуздымі. Такую прозу значна цяжэй пісаць, чым традыцыйны рэалізм, якім поўніцца беларуская савецкая літаратура. У рэалістычным ключы “пад Талстога” сяк-так накрэмзае любы графаман, якога вывучылі на філфаку прыгожаму і высокаму. Напіша, вядома ж, кепска, але напіша. У стылі ж Станкевіча ён будзе бяссільны, таму што тут трэба аперыраваць ужо сімваламі і вобразамі, а для гэтага патрэбна нешараговая фантазія і пачуццё меры. Раўняць Станкевіча з Шамякіным – усё адно што параўноўваць Ван Гога і Рэмбрандта. Абсалютна розныя школы мастацтва, спосабы выяўлення.
У тэкстах Юры Станкевіча відавочна прысутнічае іронія, а гэта заўсёды з’яўляецца крытэрыем таленавітасці. Маляваць апакаліпсіс і пры гэтым па-гогалеўску ўсміхацца – такое могуць адзінкі. Іронія, якой нідзе не навучаць, акрамя лабараторыі Госпада Бога, стварае поліфанічнасць гучання твораў, не дае ім зрабіцца плоскімі ў чытацкіх вачах. Смех скрозь слёзы? Не, хутчэй – слёзы скрозь смех, што бачацца мне ў творах Станкевіча, якраз і прымушаюць іх з цікавасцю чытаць, з імі спрачацца, пра іх разважаць, не ўпадаючы ў маркоту.
Станкевіч чалавек мужны. Бо проза такога кшталту (страшэнна песімістычная на першы погляд) кідае цень і на самога аўтара, у сэнсе спараджае пагалоскі ў яго неадэкватным успрыманні жыцця, а часам – і ў псіхалагічных комплексах... О, бедныя шызафрэнік Гогаль з эпілептыкам Дастаеўскім, як жа ім гэтыя псіханеўрозы нашкодзілі ў творчасці! Замест таго каб проста жаваць і наталяцца сабой, гэтыя ідыёты марнавалі паперу сваім бурклівым трызненнем...
Высокая літаратура, у адрозненне ад пошлай белетрыстыкі, заўсёды пратэстуе і баліць страшным болем. Не сумняваюся, што Станкевіча будуць чытаць наступныя пакаленні. Калі, праўда, згодна канцэпцыі самога аўтара, на нашай тэрыторыі не запануюць іншыя расы.



Словам па “Дзеяслове”
(гартаючы №34)

Даўнавата я не чытаў “Дзеяслоў”. Нарэшце спраўдзілася. Спакусіў мяне на гэта Алесь Паплаўскі, даўшы рэкламу апошняга нумара на сваім блогу. Дый Марыйка Мартысевіч не прамінула ўказаць, што там будзе скандальны артыкул з ёй і Сяргеем Грышкевічам. Стаў бы я купляць нумар толькі дзеля Марыйкі, не ўпэўнены, а вось Грышкевіча заўсёды пачытаць не пашкодзіць, бо нудна не будзе.
Палеміка наконт новаспечанай кнігі паэткі Ярыны Дашынай атрымалася напраўду вясёлая. Павесялілі мяне і дзеяслоўцы – тым, што на аднаго Грышкевіча напусцілі не толькі саму паэтку, жвавую Мартысевіч і аўтарытэтнага Галубовіча, але і разрадзіліся велізарнай прадмовай, дзе таксама ўпікалі Грышкевіча ў празмернай грубасці-рэзкасці. Так павялося ў нашым літаратурным каралеўстве, што пра паэта або добра, або ніяк. Як пра нябожчыка. Праўда, атрымліваецца пераважна “ніяк”, то бок зусім не гавораць.
Дык вось, замест аднаго пракурора (Грышкевіча) і адваката (Мартысевіч) нам прадставілі аднаго пракурора і ажно трох абаронцаў беднай берасцейскай паэткі. Але Грышкевіч, як заўсёды, не падкачаў і, нягледзячы на ўвесь свой сцёб і фрывольнасці, прымусіў паверыць менавіта яму. Бо ў прыведзеных фрагментах вершаў Ярыны Дашынай я ўбачыў досыць усяго: вытанчанасць, какецтва, арыгінальнасць і г.д., акрамя ўласна Паэзіі ў яе вышнім сэнсе. Зрэшты, каб выносіць канчатковы прысуд, трэба прачытаць усю кнігу. Галубовіч слоў на вецер не кідае, і, магчыма, Грышкевіч падбіраў фрагменты для свайго артыкула прадузята.
Спадарыня Мартысевіч мяне супакоіла: гумар у яе ёсць. А то я ўжо ў гэтым засумняваўся пасля вядомага выпадку, калі яна кідалася на прыстойных людзей з кулакамі. Не бракуе Марыйцы і таленту, прычым шматбаковага, гэта бачна па яе дасціпным, драматургічна напоўненым  дыялогу з Ярынай Дашынай. Бяда толькі ў тым, што шматбаковасць таленту і задзірыстая маладая энергія не даюць Мартысевіч засяродзіцца на чымсьці пэўным. На вершах, напрыклад, і напісаць хоць адзін, які ўтрымае яе імя ў беларускай літаратуры. Або п’есу, што станецца класікай. Веру, яна гэта зможа. На сённяшні ж дзень атрымоўваецца, што Марыйкі ў інфармацыйнай прасторы МНОГА, а толку пакуль што МАЛА.
Мастацкая частка часопіса шчодра прадстаўлена вершамі. Міжволі складваецца ўражанне, што два вялікія паэты сучаснасці – Арлоў і Хадановіч – дужаюцца паміж сабой. Хоць і стаяць яны паабапал шырачэзнай прозы Людмілы Рублеўскай, усё-ткі відаць: мускулы свае надзімаюць і адзін за адным цікуюць. У іхнім спаборніцтве цяжка вызначыць пераможцу, бо гэтыя буйныя таленты надзвычай паміж сабой непадобныя. Родніць іх, бадай, толькі адно: каласальнае мнагаслоўе. Розняцца ж яны, прыкладам, тым, што спадару Арлову як быццам ёсць што сказаць, але ён, на бяду, зусім не валодае вобразнасцю і тэхнікай вершаскладання. Спадар жа Хадановіч, наадварот, з вобразнасцю сябруе, валодае бліскучай тэхнікай, а вось сказаць мае не густа, прынамсі – крытыку, выхаванаму на Цютчаву і Гумілёву. Аднак не бяды. Ведаю, што ў Хадановіча свая аўдыторыя, якой яму акурат ёсць што сказаць. А яго верш “Асенняе лісце” крануў сваім лірызмам нават мяне, буркуна. Не палянуюся прывесці фрагмент:

і восень зіму прысніла
і зноў калядныя ёлкі
і нат па смерці вінілу
жыццё на канцы іголкі
і круціць і круціць час
пакуль не скончыўся джаз

Але менавіта з прычыны такога верша ў дужанні паміж гэтымі двума паэтычнымі тытанамі – усё ж НІЧЫЯ. Бо з таго, каму шмат дадзена, як вядома, многае і пытаюць.
Напалову дакументальны Раман Людмілы Рублеўскай “Забіць нягодніка” мае цікавую кампазіцыю, у ім ужо вельмі мала Караткевіча і многа самой празаік(эсы). Ён мог бы стаць адметнай з’явай беларускай літаратуры, каб пісьменніца навучылася рабіць усё тое самае, толькі ЎДВАЯ КАРАЦЕЙ. Аб’ёмам у літаратуры яшчэ ніхто нічога не ўзяў, апроч ганарараў. Што там Чэхаў казаў пра сцісласць?..
Сп-ня Рублеўская мае на сённяшні дзень адну з самых каларытных і правільна пастаўленых празаічных моў. Чытаецца яна лёгка і лашчыць слых. Але ж не можа пазбавіцца шматлікіх “нібыта”, гэтых дакучлівых паразітаў, якія лепіць зашмат і зусім не да месца. Тым больш што слова “нібыта” набліжаецца па значэнні да рускага “якобы”, “будто бы”. Ва ўсіх астатніх выпадках можна выдатна абысціся простымі “як”, “нібы” і “быццам”. Усе пакручастыя параўнанні трэба змяншаць, яны абгрувашчваюць прозу і, як правіла, зусім не патрэбныя. Для гэтага ў Word (калі празаіка заносіць) ёсць цудоўныя функцыі “пошук” і “выдаленне”.
Неяк пра “Пярсцёнак апошняга імператара” Рублеўскай я пісаў для “Полымя”. Той фрагмент, на жаль, у канчатковы артыкул не патрапіў. Таму прыводжу:

Тэкст, увогуле пазначаны высокай культурай мовы, часам перанасычаецца дзіўнымі параўнаннямі (стары нагадвае “букет мінулагодняга быльнягу”, “Светка завішчала, як злоўленая русалка”, “вузкі, як саркафаг, пакойчык”). Скажыце, хто-небудзь бачыў букет мінулагодняга быльнягу, або лавіў русалак і слухаў іх віскат? Вобразнасць павінна дапамагаць чытацкаму ўспрыманню, а не перашкаджаць. Праўда, іншым разам метафара ўдаецца: “Першыя таполевыя сняжынкі плылі над скверам маленькімі прывідамі”.

Гэты ўрывак не страціў актуальнасць для Людмілы Рублеўскай і сёння.
Васіль Зуёнак, зусім пажылы чалавек (як для паэта), нечакана ўпрыгожыў сваёй падборкай і, можна сказаць, выратаваў літаратурную частку гэтага нумара. Вось яна, старая класічная школа. Вось яно, веданне жыцця і адказнасць за свае словы. Лірызм, філасофская глыбіня, арыгінальнасць думкі, улучаная ў простую форму – гэта далёка не ўсе эпітэты, што заслугоўвае паэт за свае вершы.
Прыводжу найлепшыя, на мой погляд, фрагменты.

Цяпер і ты адзінокі,
Мой спаконвечны храм...
Ляцяць сіратліва аблокі,
Як душы, крэўныя нам...

Тут мой шлях і мой першапутак,
Тут зямля мая і мой лёс, –
А адкуль жа сюды я смутак
Па нязбытнаму небу прынёс?

Пасля такіх радкоў каментарыі дарэмныя.

У кантрасце з Зуёнкавай шчырасцю аповед Тэды Лі (Адэлі Дубавец) падаецца спрэс штучна зробленым. Поза, поза і поза... Галоўная гераіня – тыпаж сучаснага цыніка. Не працуе, з вучэльні адлічана, вядзе асацыяльны лад жыцця, людзей не любіць. Але пры гэтым вельмі патрабавальная: хоча смачна есці, пакурваць “траўку” і салодка спаць, хоча, каб яе любілі і песцілі. Водзіцца яна з такімі ж трохклетачнымі: алкаголікамі, наркаманамі, дармаедамі і дэгенератамі розных масцей. Калі аўтарка хацела выклікаць агіду да сваёй гераіні, то ёй гэта ўдалося. Іншых мэтаў аповеду я не ўгледзеў. Таму яе ж словамі падрахоўваю: “Ну прабач, я не ўмею разумець такіх дурнотаў, у мяне мазгі заварочваюцца, як кішкі”.
На кантрасце ўжо з Тэдай Лі “жодзінскія аповеды” Алеся Аркуша кранаюць сваёй гранічнай шчырасцю. Шчырасць, здольнасць да суперажывання, памножаныя на майстэрства валодання словам – вось найпрасцейшы сакрэт стварэння мастацкіх тэкстаў.
Тое самае можна сказаць і пра апавяданне Усевалада Сцебуракі “Палескае вяселле”. Плюс яшчэ самабытны гумар, угрунтаваны на пачуцці меры, пазбаўлены сальнасці і пахабшчыны.
Някепска леглі на душу вершы маладога паэта Алеся Замкоўскага. Напрыклад:

Спі. Не бойся:
не прыйдуць у госці суседзі,
бо зачынены дзверы –
надзейна, на тры абароты.
Як прачнешся,
на воблаку белым паедзем
і не скажам куды
і навошта –
паедзем употай.

Хто скажа, што гэта не паэзія, няхай закідвае мяне камянямі.

Дакументальна-мемуарная частка “Дзеяслова” па завядзёнцы выглядае моцна. Але яна ўжо не ўваходзіць у маю кампетэнцыю.

– Дык што ж гэта! – ловіць мяне на выхадзе з кватэры самы суровы чытач. – Наезд зайздросніка на “Дзеяслоў”? На Пятровіча?!
– Зусім не, – палохаюся я, спрабуючы адарваць яго руку ад свайго світэра. – Калектыў рэдакцыі сумленна робіць сваю справу.
– А?! – недаверліва пытаецца ён, сілячыся даўмецца.
– Проста які час, такія і творцы, а якія творцы, такія і творы. – Я ўсё ж адрываю яго ўчэплівую руку ад сябе.
– Якія – ТАКІЯ творцы! – Ён зноў мерыцца тузаць маю адзежыну.
– А такія, як і заўсёды, – абачліва адступаюся я назад. – Такія, што ў любым часе, каб выявіць тры шэдэўральныя страфы, трэба надрукаваць некалькі прахадных часопісных нумароў. Ды яшчэ не заўсёды выявіш...

Я борздзенька ўлузваюся назад у кватэру і трывожна цікую ў “вочка”, як гэты чытач, пачухваючы патыліцу, стаіць пад дзвярыма. І нешта не спяшаецца адысціся...



Творца і крытык: без спадзеву на прымірэнне
(“ЛіМ”, 31.07.09)

Літаратурны крытык Жанна Капуста ў артыкуле “Шэсць прычын не любіць крытыкаў” правакуе пісьменнікаў на палеміку. Што ж, паспрабую ў ёй паўдзельнічаць, тым больш што маю пэўны досвед у гэтай праблеме, з’яўляючыся і аўтарам і крытыкам у адной асобе.
Увогуле артыкул спадарыні Капуста падаўся грунтоўным, прыемна, што малады крытык так няблага арыентуецца ў літаратурнай сітуацыі і псіхалогіі аўтараў. Аднак акцэнт у артыкуле пастаўлены аднабакова: крытык ідэалізуецца. Напрыклад: “Ён  разглядае пісьменніка як прафесіянала, таму ні біяграфія, ні чалавечыя якасці не ўлічваюцца пры напісанні рэцэнзіі”. Добра, каб так было. Але ж дазволю сабе ўпарта ўсумніцца ў гэтым – на той простай падставе, што крытык такі ж звычайны чалавек з плоці і крыві, як і тыя грэшныя аўтары, якіх спадарыня Капуста разбірае па костках. Чалавек жа, як вядома, усюды аднолькавы: яго хвалюе найперш самарэалізацыя, а крытык, у сілу сваёй прафесіі, самавыяўляецца не ў апошнюю чаргу за кошт аўтара, нярэдка забываючыся, што аўтар таксама жывы чалавек.
Крытыкі ўпікаюць аўтараў за непамернае самалюбства і славалюбства, а аўтары бурчаць на крытыкаў за іхнюю несправядлівасць. Гэта было ва ўсе часы. І наша з Жаннай Капуста палеміка гэты працэс не спыніць і ані трохі не зменіць. Бо падобны канфлікт – рухальная сіла не толькі літаратуры, а і ўвогуле таго, што мы называем жыццём.
Чаго, па сутнасці, дамагаецца аўтар сваімі творамі ад крытыкаў і чытачоў? Найперш любові і разумення, а таксама ў перспектыве – экспансіі сваіх ідэй і свайго імя ў гісторыю літаратуры. Гэтае жаданне ніколькі не заганнае, яно дадзена творцу ад прыроды. Усе папрокі да аўтараў у славалюбстве не маюць пад сабой маральнай асновы. Бо як толькі ты панёс хоць адзін верш у рэдакцыю, то можаш называцца славалюбцам роўна на той жа падставе, як і крытык, які апублікаваў на цябе рэцэнзію памерам у два радкі. Таму крытыкам, паколькі яны жывяцца літаратурным працэсам, давядзецца змірыцца з тым, што яны знаходзяцца сярод славалюбцаў, на якіх, тым не менш, літаратура трымаецца.
У той жа час было б дзіўна, каб аўтары радаваліся адмоўным рэцэнзіям на свае творы. Гэта ўсё адно каб сказаць чалавеку, якому адмовілі ў каханні: радуйся, ты першы шчаслівец! Зразумела, што аўтар цешыцца высокай ацэнкаю сваіх твораў ад крытыкаў і злуецца на нізкую ацэнку. Гэта зноў жа – закон прыроды, на якім заснаваны прагрэс. Калі чалавеку адмаўляюць у каханні, ён або робіць новы наступ на свой аб’ект, або шукае іншы аб’ект. Так і аўтар пасля адмоўнай рэцэнзіі, хоча – не хоча, а перайначваецца і нешта ў сабе і сваёй творчасці падпраўляе. Аднак прагнуць літаратурнай славы не перастае, робячы новы наступ на рэдакцыі, выдавецтвы. У гэтым недарэчна яго вінаваціць.
Паводле Жанны Капуста, некаторыя пісьменнікі: “...выказваюць перакананне, што крытыка ўвогуле ніводнаму мастаку слова не патрэбная”. І яны памыляюцца. Паколькі менавіта крытыкі і літаратуразнаўцы робяць творы і творцаў фактамі літаратурнага працэсу, гісторыі. Апублікаваўшы рэцэнзію на твор, крытык тым самым увёў аўтара ў складаную іерархічную структуру нацыянальнай літаратуры. Толькі стаўшыся часткай гэтай сістэмы, аўтар набывае жыццё ў культурным кантэксце. З гэтага часу творы яго як бы індэксуюцца і маюць магчымасць сістэмна шукацца і аналізавацца як навукоўцамі, так і простымі зацікаўленымі чытачамі. Таму зразумела, што аўтару хочацца заняць не апошняе месца ў гэтым іерархічным каркасе нацыянальнай (а можа, у перспектыве – сусветнай) культуры. Аднак хацець не шкодна. У крытыкаў сваё хаценне і меркаванне наконт аўтара, безумоўна, суб’ектыўнае. І ў аўтараў няма ніякіх іншых магчымасцяў атрымаць ацэнку свайму твору, як толькі ў выглядзе сукупных суб’ектыўных ацэнак. Чым больш розных крытыкаў пра яго напішуць, тым з большай верагоднасцю з цягам часу выкрышталізуецца ісціна пра яго творчасць.
З гэтай прычыны важна мець шматпалярнасць літаратурнага працэсу, канкурэнцыю паміж выданнямі, суполкамі, ідэалогіямі. Нічога кепскага няма ў тым, што суполка дэкларуе творы сваіх аўтараў як найвыбітнейшыя, а іншая суполка іх ганіць і крытыкуе. Наадварот, гэта вельмі карысна для літаратурнага працэсу, бо чакаць ад выдавецтва, каб яго само ж давала антырэкламу сваім творам, не выпадае. Іншае ж, канкурыруючае, выдавецтва з задавальненнем справакуе жорсткую крытыку на такі твор. Таму што, як справядліва зазначае спадарыня Капуста: “суцэльныя дыфірамбы цягам усяго творчага жыцця выклікаюць сумневы ў іх шчырасці”. Некаторыя нашы аўтары так высільваюцца наладзіць станоўчыя рэцэнзіі на свае творы, а некаторыя крытыкі ім так старанна падыгрываюць, што дасягаюць абсалютна супрацьлеглага эфекту – адварочваюць ад сябе чытачоў. Бо няшчырасць праступае між радкоў, а дурні літаратурныя газеты і часопісы не выпісваюць.
Адсюль вынікае ўся адказнасць крытыкаў за свае рэцэнзіі. Бо яны, паўтаруся, – стваральнікі гісторыі літаратуры нароўні з аўтарамі. Ад таго, наколькі яны будуць сумленна ставіцца да сваёй працы, залежыць будучыня нацыянальнай культуры. Як і будучыня канкрэтнага аўтара: стануць яго далей друкаваць ці не. Аднак, зноў жа, апеляванне да высокіх грамадзянскіх пачуццяў крытыка, што, маўляў, ты павінен працаваць на беларускую літаратуру, а не прыгожа самаваяўляцца, – будзе мець не большы плён, чым казаць чалавеку: не пі, не куры, бо потым будзеш сам жа пакутаваць. Калі ўжо пэўны чалавек не кідае піць дзеля ўласнага будучага здароўя, а аддае перавагу часовай асалодзе, то тым болей сярэдні крытык найменш задумваецца пра лёс літаратуры і творцаў, а найперш – пра сваё месца ў ёй, пра сваю выгаду і рэалізацыю сваіх планаў. Таму мы збольшага назіраем такую карціну (не толькі ў Беларусі – паўсюль): уплывовых, вядомых літаратараў пераважна хваляць, ці прынамсі не крытыкуюць, а малавядомых, пачаткоўцаў – або не заўважаюць зусім, або стандартна пляжаць. Бо крытыку важна быць, як мінімум, апублікаваным, а гэта паспяхова дасягаецца толькі тады, калі ён не ідзе ў разрэз з агульнапрынятымі меркаваннямі.
Наастатак хочацца звярнуць увагу на істотны момант: далёка не ўсе крытыкі валодаюць ідэальным мастацкім слыхам, некаторыя папросту не ведаюць, прачытаўшы твор, добра гэта, сярэдне, кепска ці геніяльна. Бо абсалютны літаратурны слых, як і музычны, – рэч больш прыроджаная, чым прыдбаная, яму немагчыма абучыцца ў гуманітарных ВНУ, аспірантурах, рэдакцыях. Таму некаторыя крытыкі звяраюцца з колішнімі меркаваннямі сваіх універсітэцкіх настаўнікаў, разнамасных аўтарытэтаў, з літаратуразнаўчымі шаблонамі, прыслухоўваюцца да выпрацаванага грамадскага меркавання наконт аналізаванага твора. Каб не абняславіцца, яны хваляць пераважна вядомых людзей (тут не сядзеш у калюжыну), а ганяць пачаткоўцаў, бо мяркуецца, што пачатковец апрыёры не можа быць дасканалым. І толькі адзінкі крытыкаў, што маюць адпрыродныя мастацкі слых і сумленнасць, а таксама яшчэ шмат-шмат якасцяў, куды ўключаецца энергічнасць, мужнасць, вера ў тое, дзеля чаго працуеш, – гэтыя нешматлікія людзі і праўдзяць нацыянальны літаратурны працэс, ствараюць эфектыўныя іерархічныя сістэмы, па якіх нашчадкі будуць знаёміцца з цяперашняй літаратурай, якая стане гісторыяй.



Тэхналогія паэтычнага вычування
(артыкул пра сучасную паэзію)

Зусім няблага перыядычна наладжваць рэвізію зробленага на абшарах беларускай літаратуры, што ў нас адбываецца досыць нячасна, або даволі бяздарна робіцца, таму любы прафесійны аналітычны артыкул, скіраваны на нашы набыткі апошніх гадоў, тэарэтычна можа быць цікавы патэнцыйным чытачам. Чым мы зараз і зоймемся – разбяром, што ж у нас нарабілася ў галіне паэзіі за апошнія два гады, чым мы можам парадаваць сябе і сусвет.
Зразумела, што фізічна немагчыма прааналізаваць літаральна ўсе кніжкі, кнігі і фаліянты паэзіі, што павыходзілі з-пад сталічных і правінцыйных варштатаў у 2010 і 2011 гадах. Акрамя таго, прыйдзецца пакінуць па-за рамкамі гэтага артыкула паэзію, што выходзіла ў перыядычных выданнях, а таксама паэзію, якая друкавалася ў дзяржаўных выдавецтвах. На іх ёсць свае крытыкі і літаратуразнаўцы, якія на гэтай справе, можна сказаць, быка з’елі.
Мы ж абмяжуемся кніжкамі, прапанаванымі мне збольшага сп. Вішнёвым, галоўным рэдактарам выдавецтва “Галіяфы”, а таксама кніжкамі, дастаўленымі мне людзьмі, што няблага арыентуюцца ў тым, што, дзе і якой якасці выдаецца.
Паэзія рэч тонкая. І вызначэнне яе коўзкае. Асабліва ў святле сучаснасці, калі за паэзію выдаюць такія тэксты, якія ва ўсе папярэднія стагоддзі паэзіяй або не лічыліся, або аналагаў ім проста не існавала.
Вось, напрыклад, лірыка – гэта, на мой погляд, тое, што нельга перавесці ў празаічны тэкст, бо сапраўдны лірычны паэтычны тэкст – гэта віхура пачуццяў, увасобленая ў эпітэтах і складаных метафарах. Адным словам, калі верш можна раскласці ў прозу – гэта не лірыка.
Акрамя таго, у артыкуле хочацца звярнуць асаблівую ўвагу на тое, што некаторыя літаратары, якія прэзентуюць паэтычныя кнігі, насамрэч паэтамі не вельмі з’яўляюцца, бо вобразнасць (асноўная прыкмета верша) у іх яўна адсутнічае. Адсутнічае часцяком і элементарная культура слова, тэхніка пабудовы верша, губляецца логіка, выпінаюцца недакладныя рыфмы, недарэчныя метафары і г.д. На ўсё гэта мы мяркуем звярнуць увагу.
Тэндэнцыі, што намеціліся ў беларускай паэзіі апошніх гадоў, ёсць, па вялікім рахунку, распад яе на дзве выразныя плыні – прыхільнікаў традыцыйнай паэзіі, якую вызнавалі яшчэ беларускія класікі, і паэзіі новага тыпу – мадэрновай, постмадэрновай – як каму пажадаецца яе называць, дзе могуць адсутнічаць рыфма і рытм, а могуць прысутнічаць. Галоўнае ж, што там прысутнічае – гэта так званы новы погляд на рэчы, дэсакралізацыя сэнсаў, часта высмейванне ранейшых святынь, ужыванне ненарматыўнай лексікі і г.д.
Зрэшты, не будзем рабіць тут лікбез, для гэтага ёсць адпаведныя падручнікі ды настаўнікі, а пяройдзем непасрэдна да кніг, што ляжаць у мяне на стале.


Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў, “Эстэтыка маўчання”, “Кнігазбор”, 2011 г.

Гэта адна з кніг, якія мне найбольш спадабаліся. Па-першае, з творчасцю аўтара я быў не знаёмы і яго эстэтыка, філасофія, тэхніка вершаскладання сталіся для мяне пэўным адкрыццём. Аўтар мае сур’ёзную філалагічную адукацыю, а таксама скончыў Тэалагічны інстытут Саюза хрысціян веры евангельскай, як пазначана на вокладцы, таму вершы яго нібы адбіваюць пройдзены навуковы шлях. Адразу заўважу, што яны занадта засушаныя, не адчуваецца “гарачага сэрца”, якое звычайна ёсць прыкметай буйнога паэта. Многа філасофіі, супрацьпастаўлення ўласнага “я” свету гэтых кузурак зямнога шару – простых людзей, якія не валодаюць дарам паэзіі, дарам спрычынення да містычнага, сакральнага, куды пастаянна імкнецца сп. Дуброўскі-Сарочанкаў.
Аўтару, як і большасці паэтаў, а не графаманаў, страшна ў навакольным свеце, няўтульна ў соцыуме, ён кліча Бога, а той яго як быццам не заўсёды і не “па шчаўчку” чуе.

Вось радкі з верша з красамоўнай назваю “Страшна”:

Сусвет працінае паглядам: пустыя вачніцы
глядзяць праз цябе, і маўчанне ляціць наўздагон.
У гэтым натоўпе, што спіць і прачнуцца баіцца,
так страшна ўявіць хоць на момант, што гэта не сон.

Пагадзіцеся, новае ў гэтым, адносна класікі беларускай паэзіі, – знарочысты адрыў ад рэальнасці, супрацьстаўленне сябе людзям і космасу.
Па вялікім рахунку, вершы Дуброўскага-Сарочанкава ўсё аб адным і тым жа – як няўтульна жыць у матэрыяльным свеце тонкай душы паэта.

Мы ідзём па-над хвалямі
велічнай часавай плыні,
па шляху, на якім нам з табой
не пакінуць слядоў.
Гэты свет быў заўжды
толькі чэравам чорнае скрыні –
у забытых руінах нялічаных Богам гадоў.

Або:

Я хачу прабіцца да сэнсу
праз таўшчэзную слоў браню.
Мураванай сцяны акенца,
калі-небудзь цябе прысню.
Падыду, з трымценнем у сэрцы
лбом прыцісну халоднае шкло
і пабачу – з цяжкасцю верыцца –
залатое нябёсаў святло.

Адным словам, каб не пускацца ў пакручасты аналіз (а кніг на чарзе багата), скажам так: у паэта добра з тэхнікай вершаскладання, але з пазітыўным і нават аб’ектыўным поглядам на жыццё кепска зусім. Бо, не знаходзячы сярод людзей цяпла і любові, яму нават “з цяжкасцю верыцца” ў “залатое нябёсаў святло”. Відавочнае завісанне ў прастрацыі. Зазначу як адметнасць зборніка – паэма “Новае неба”, па аналогіі са славутай “Новай зямлёй”, дзе паэт зноў-такі даводзіць нам, што жыць зямным яму цяжка, а да нябёсаў, стоячы абенаж на зямлі, дацягнуцца даволі складана.


Віктар Слінка, “Арахна”, “Кнігазбор”, 2011 год.

Гэта, як пазначана на вокладцы, трэцяя кніга паэзіі аўтара. Апошняя выходзіла ажно дзесяць гадоў назад. Таму аўтару ёсць што паказаць чытачу за перыяд бяскніжжа. Да таго ж ён лаўрэат прэміі “Гліняны Вялес” і прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф”.
У кнізе змешчаны таксама лірычныя эсэ. Увогуле, складваецца ўражанне, што Віктар Слінка з катэгорыі так званых складаных паэтаў і складаных людзей, са сваім адпаведна няпростым і не зусім і не ўсім зразумелым унутраным светам. Добра гэта ці не вельмі – адназначна не скажаш, бо аўтар уражвае ў сваіх тэкстах як многімі паэтычнымі адкрыццямі, так і празмерным нагрувашчваннем вобразаў, іх звышскладанасцю, з якой вынікае немагчымасць іх прыняць з лёту, каб сэрца было працята, а душа палонена яго талентам. У вершы трэба сур’ёзна ўчытвацца, а гэта ўжо праца, якую не кожны любіць. Усё ж вялікі паэт – той, хто б’е “ў яблычак”, імгненна западае ў душу святой прастатой сваёй геніяльнасці. Зрэшты, гэта толькі маё меркаванне.
Выглядаючы бясспрэчным майстрам слова і паэтычнай вобразнасці, Віктар Слінка, тым не менш, ужывае яўныя русізмы, як, прыкладам, у паэме “Жбан, вада” (па-беларуску правільна “Збан”, а таксама “жонка” замест “жана” ды інш.)
Пра размытасць сэнсу праз нагрувашчванне вобразнасці і адсутнасці часцяком лагічнай сувязі я ўжо гаварыў, вось характэрны прыклад:

Калі ты спаць кладзешся дацямна,
Тады не мар, што будзеш жыць на волі.
У клетцы – птушка, зерне – у руцэ.
Дзіця малюе хату, дым і комін.
Растане снег, як мёд у малацэ.

Усё добра і велічна, апроч таго, што нічога не зразумела. Дый снег, які растае, “як мёд у малацэ” – нейкая бязглуздзіца проста.
Але такія недарэчнасці ў кнізе трапляюцца даволі рэдка, паэт у цэлым выглядае грунтоўна і самабытна.
Нельга не адзначыць і старадаўнюю, састарэлую манеру сп. Слінкі карыстацца ў вершах так званым разбітым, разнесеным па радках сказам. Прыклад:

Вось бачыш – непатрэбнае. Яно
Ні да чаго, яно не служыць людзям,
Не грэе ліпенем, але яно й не студзень.
Яно – бы кветка. Толькі не сарвеш,
Каханай не падорыш. Пакладзеш (…)

І так здараецца вельмі часта, а таму ўласна мяне напружвае.
У цэлым жа кніга ўразіла станоўча – найперш неардынарным і досыць прафесійна і цікава перакладзеным на паперу ўнутраным светам паэта.


Віталь Рыжкоў, “Дзверы, замкнёныя на ключы”, І.П.Логвінаў, 2010.
(дададзена аўдыёкніга)

Так здалося, што Віталь Рыжкоў спавядае тую самую паэзію, якую распачаў у беларускай літаратуры Андрэй Хадановіч. Гэта пазначаная мною вышэй “паэзія новага тыпу”, дзе нівелююца і часта высмейваюцца традыцыйныя паняцці, прыёмы, святыні. Усё ставіцца з ног на галаву, адным словам.
Кніга цікавая, да яе дадаецца аўдыёдыск з пакладзенымі на музыку вершамі ў выкананні аўтара.
На першых старонках сп. Рыжкоў не асабліва разгортваецца і распяразваецца, як бы хаваючы сваё сапраўднае аблічча ў сярэдзіне кнігі.
Пачынае ён сціпла і добрапрыстойна:

калі мы падаем, зоры
загадваюць жаданні

колькі разоў
не паспеў азірнуцца
а неба – за спінай

зімовае неба ўначы –
радаснае

Затым, і даволі хутка, нарошчвае свой сацыяльны запал:

праўда – наіўная і пафасная, са зменлівай інтанацыяй.
праўда – зацюканая аднакласніца з прагаю падабацца.

і пакуль зло карыстае праўду, а дабро карыстаецца
праўдай, ёй не выпадае шанцаў на лідарства,
праўда – твая пастаянна настаўніца,
што зрэдку бярэ рэпетытарства.

Філасофія досыць банальная, а вось форма яе выкладання – даволі цікавая.
Далей аўтар усё болей “раскрываецца”, ужыўшы ўжо на дзесятай старонцы слова “Бля!”, а далей, як той казаў, пайшло і паехала: “гандом”, “гаўнюк” – прамым тэкстам. Некаторыя ж словы абсалютна такога ж кшталту сп. Рыжкоў завуалёўвае шматкроп’ямі. Навідавоку непаслядоўнасць.
Верш “Святая праўда”, дзе бацюшка аблайвае ДАІшнікаў ледзь не мацерна, выглядае смешным і арыгінальным, у прынцыпе, адпаведным сапраўднай прыродзе людзей. Бацюшка таксама можа быць чалавекам, падвержаным усім магчымым страсцям. У тым ліку і граху гневу. У вершы гэта дасціпна і псіхалагічна выкладзена:

ён бярэ загрудкі міліцыянта і ўздымае яго вышэй – да Бога,
таму складаецца ўражанне, што ён не хоча ў аддзяленне

вялізны святар трасе барадой
бамбіза-святар не дае начапіць кайданкі
супрацоўнікі царквы ледзь запхнулі ў машыну
урэшце едуць.

Трагікамічная сітуацыя, адным словам.
Ёсць у аўтара і цікавыя філасофска-лірычныя вершы, маюць месца арыгінальныя мастацкія прыёмы, галоўнае ў яго манеры – нестандартнасць. Мыслення, тэхнікі, метафар, рыфмаў.

Гэта не мы –
мы з табой пасярод зімы,
мы з табою ахвяры ўмоў,
мы – ненапісаных кніг тамы,
паэмы нясказаных слоў…

Або:

Вяртайся да мяне, вяртайся
ранішнім рэйсам, патаемна –
адразу ў прайм-тайм, праз авіякасы,
праз неразуменне, праз нервы.

Хадой, аўтаспынам альбо бізнес-класам,
але, калі ласка, вяртайся, вяртайся.
Адкінуўшы ўсё, не марнуючы часу, –
чакаю, чакаю, вяртайся, вяртайся.

Адчуваецца, што вершы свае Віталь Рыжкоў пісаў з улікам таго, як яны будуць гучаць услых, правяраючы праз уласны голас. І гэта падабаецца, бо вяртае паэзію да яе першапачатковага значэння, калі шматлікія паэты-спевакі, паэты-гусляры хадзілі па зямлі і даводзілі да непісьменных людзей свае вершы. Прачытваць свае вершы ўголас, перш чым адсылаць іх у рэдакцыі, у нас прызвычаіліся далёка не ўсе паэты. І гэта не ёсць добра.
У раздзеле “Блюз уцекачоў” змешчаны пераклады аўтарам замежных паэтаў – з ангельскай, польскай, грузінскай, украінскай, амерыканскай паэзіі.

(Георгій Нахуцрышвілі)

Я – Напалеон!
Дождж, вецер і град – не нажы вы!
Бывай, рамантызм ілжывы!
Падтрымай мяне ружай, якая згубіла колер,
бо нават колер зрабіўся фальшывым.
Нават каханне, якому скажам “ніколі!”

Наастатак трапны і ёмкі верш сп. Рыжкова, які, думаецца, адлюстроўвае асновы ўсёй яго філасофіі (і не толькі ягонай, вядома ж):

Мама!
Прыйдзе час –
                перастанем мы:
“перабесімся”,
                станем сталымі –
а пакуль,
                калі ласка,
                адстань ад мяне!..
Я яшчэ пажыву
хістаннямі.


Эдуард Дубянецкі, “Душы маёй няскончаны палёт”, “Кнігазбор”, 2011.

Аўтар – кандыдат гістарычных навук, аўтар шматлікіх культуралагічных кніг і публікацый у айчынным і замежным друку (як пазначана на вокладцы).
І знаёмства з кнігай паэзіі сп. Дубянецкага пераканала мяне, што кожны павінен займацца сваёй справаю: гісторык даследаваць гісторыю, а паэт вершаскладаць. А гісторык з паэтам не ўжыліся ў адной асобе Эдуарда Дубянецкага. Па прыродзе ён, скажам мякка, не вельмі паэт. Аб гэтым сведчыць найперш поўная адсутнасць цікавай і насычанай вобразнасці ў яго вершах. Банальнасць думак, ахінутых да таго ж у банальную форму. Несачэнне за тым, што літару “ў” паэт проста не можа ставіць пасля зычных, інакш гэта ўжо не паэт.
Вершы сп. Дубянецкага, як правіла, можна пераказаць празаічна. А гэта таксама “сімптом”.
Глядзіце самі:

Ў час сну спакойнага душа –
Маўклівыя глыбіні,
Куды не пранікаюць нашы жарсці
І клопаты штодзённага жыцця….

Або:

Зліццё

Хацеў бы я,
Каб з сонечным святлом
Маё святло душэўнае злілося,
Каб хтось
Ў людскім прамовіў шматгалоссі:
“Глядзіце – дзіва! –
Ўвесь ягоны дом
І ўвечары, і нат ўначы заліты
Душэўна-сонечным
Нябачаным святлом!

…Дык піце ж
Вы, мае сябры,
Яго нагбом.

Тут і так усё, здаецца, зразумела і не вымагае каментароў. Але для асабліва недасведчаных скажу наступнае. У кароценькім вершы паэт ужыў ажно два разы “прапашчы гук” – “ў” пасля зычных, а таксама скарыстаўся гутарковым словам “нат”, што ў паэзіі гучыць, згадзіцеся, дзікавата. А таксама прапанаваў нам піць святло “нагбом” – немаведама з якой прычыны, для гэтага нам трэба прынамсі дом перакуліць, што наўрад ці па сілах.


Юрась Шамецька, “Шлях да вяртання”, “Кнігазбор”, 2011-11-10

Паводле анатацыі, “шматасыятыўныя, шчырыя пачуццямі і думкамі” вершы Юрася Шамецькі “пашыраюць прастору беларускай паэзіі”.
І яны сапраўды пашыраюць яе, то бок раздзьмухваюць сабой агульную масу кніг, ніколькі не паглыбляючы і не ўносячы нічога новага ў беларускую паэзію. А пашыраюць – так!
Не, сп. Шамецька далёка не дрэнны паэт. Ён валодае тэхнікай вершаскладання, сябруе з вобразнасцю, але разам з тым ардынарны як у філасофіі сваёй паэтычнай, так і ў формах падачы матэрыялу.

Далёка хадзіць не трэба, вось першая ж страфа першага ж верша:

Тут голас мне звыклы з табою знайду,
складанасць пачуццяў і роздум сумненняў,
цяпло, і завею, і плач, і нуду…
Цябе я знайшоў не на межах імгненняў.

Разбяром. Што значыць “голас мне звыклы з табою знайду”? Ці не бязглуздзіца, удумайцеся, спадары. Роўна як і слова “нуду”, якое ўпіхнутае сюды выключна для рыфмы, парушаючы лірычны сэнс верша. Роўна як і апошні радок верша, які дысануе з першымі трыма, дый сам па сабе – недарэчнасць.
І такіх сэнсава-тэхнічных пярлін у кнізе досыць, паверце на слова. Сустракаюцца, вядома ж, і ўдалыя радкі (а як жа іначай, калі паэт бярэцца пашыраць прастору беларускай паэзіі?):

Снег ляжа на гадзіну… Ратаваць
не трэба перапужаных галінаў.
А мне дакладна цяжка прадказаць,
дзе будзем мы праз гэтую гадзіну.

Або:

У рэчкі мудрасці вучуся
і не страшуся глыбіні.
Я адчуваю, што вярнуся
у надыходзячыя дні.

Радуе, аднак, тое, што паэт разумее святую ісціну – вучыцца ніколі не позна.


Марыя Кобец, “Кроплі…”, “МИНКОПРИНТ”, 2011-11-10

Аўтарка скончыла Пінскае медвучылішча, а цяпер – дырэктар Валішчанскага дома культуры. Друкавалася ў сталічнай літаратурнай перыёдыцы.
На мой погляд, выдатная жаночая лірычная паэзія, што доўжыць традыцыі нашых паэтак-класікаў. Вершы, як песня, ліюцца з душы Марыі Кобец – натуральна, нязмушана, лёгка. І таму здольныя пранікаць у душы, адкрытыя дабрыні, цеплыні, прыгажосці. Такія вершы не хочацца разбіраць “па костках”, а хочацца проста слухаць і наталяцца таленавітым самабытным голасам. Голасам з правінцыі, дзе яшчэ захавалася натуральнасць пачуццяў і мовы сярод маладых літаратараў.

* * *
Прыхавалася раптам лета
За бухматаю шэрай хмарай.
Яго звонкая песня адпета,
Толькі слёзы дажджу на твары.

Завывае здаволена вецер,
Безлістотным гайдаючы голлем.
Успаміны аб цёплым леце
Восень грэе ў сваіх далонях.


Юрась Нераток, “Споведзь струны”, А.Н. Вараксін, 2011.

“Вершы з прадмовамі” – так абазначае аўтар свае творы. І тлумачыць у прадмове: “Настройка-каментар перад вершам дазваляе ўспрыняць яго больш глыбока, ацаніць ідэю і выкананне. Хочацца думаць, што падобны эфект можа быць, калі даць пару-тройку ўступных камертонных радкоў і ў пісьмовым выглядзе”.
У гэтым зборніку Юрась Нераток як бы эксперыментуе: даўно напісаным без усякіх прэамбул вершам ён дае прадмоўкі-настройкі.
Вось, напрыклад, каб было зразумела:
“Лічыцца, што камплексаванне – аснова творчасці. Магчыма, калі не ведаеш, куды сябе падзець і што рабіць, адзін з закуткоў, куды можна схавацца, бы ў ркавіну, – унутраны свет… Схаваўшыся, раптам убачыш, што ты тут не адзін”.

Творцу

Увесь адліжны, як хлюпота,
І адчувальны, як парэз,
Ты зноў патрапіў у балота,
Чарговы раз у багну ўлез.
…………………………….
І ўкінуўшы ў сябе кілішак,
Ідэю верша падаеш:
“Навошта піць, калі не пішаш?
І як пісаць, калі не п’еш?”

Трэба сказаць, што ў зборніку, выхадам якога аўтар папярэджваў сваё пяцідзесяцігоддзе, пераважаюць сур’ёзныя настроі, адны толькі назвы “Вясенне-дэпрэсіўнае”, “Чорная муза” гавораць пра многае. А менавіта пра тое, што сапраўдны паэт не можа тварыць на адным эмацыйным пад’ёме ўсё жыццё, што ў пяцьдзесят не жывеш тымі пачуццямі, што ў дваццаць… Мала таго, сп. Нераток мерыўся паставіць гэтым зборнікам своеасаблівую кропку ў сваёй паэтычнай творчасці. Што, наколькі я ведаю, не зусім удалося, бо наладжаная ім СМС-паэма, створаная некалькімі аўтарамі па перапісцы, ужо рушыць да шырокага чытача. Паэтычны сверб, адным словам, не адпусціў, толькі перацёк у іншую форму.

Праблемы не варты паперы,
Узнёсласць – ні студзіць, ні грэе…
Ці праўда – няма ні халеры?
Ці мо непапраўна старэю.

Часам варта мужна прызнаць пэўныя змены ў сабе. І толькі тады, на новых абаротах, рухацца на перад. Большасць жа беларускіх паэтаў старэйшага пакалення не ўлавілі, што яны даўно ўжо не тыя, якімі былі раней, што пачуцці іх даўно не пачуцці, а сурагат, а вершы, якія яны доўжаць звыкла страчыць, – даўно ўжо не вершы. Юрась Нераток не з тых, хто будзе задаволены паўтарэннямі сябе любімага і ўсялякімі сурагатамі. Адштурхнуўшыся ад “Споведзі струны”, ён рушыў да паэзіі новага тыпу.


Міхась Башура, “Думкі – гэта не гульня”, “Галіяфы”, 2010.

У анатацыі да кнігі паэзіі Міхася Башуры ўказана, што “вершы, прадстаўленыя ў выданні, разгортваюць перад чытачом каляровую гаму новага свету, дзе няма месца здрадзе, нянавісці і падману. Гэта – светлая кніга, якая рэкамендуецца ўсім прыхільнікам паэтычнага слова”. На маю суб’ектыўную думку, анатацыя яўна дысануе з сапраўдным зместам кнігі, дзе, як у большасці беларускіх паэтаў, даволі многа болю, смутку, незадаволенасці існым станам рэчаў. Што, як вядома, вынікае з нацыянальнага менталітэту, і з гэтым даволі складана змагацца кожнаму беларускаму майстру слова. Бо якім аптымістам ты будзеш, калі даводзіцца тварыць, змагацца і жыць у чужасным асяроддзі рускамоўнага, з рускім менталітэтам люду? І тут наўрад ці суцешышся трыма стамі чытачоў, для якіх прызначаны паэтычныя зборнікі (наклад кнігі Міхася Башуры якраз тыповы – 300 асобнікаў). Таму, паўтаруся, зыходзячы з таго, што там прачытаў, кнігу светлай наўрад ці можна назваць. Хаця з другой высновай, якая папярэджвае вершы – “Непапраўны рамантык” (так названа прадмова Зм. Вішнёва) можна было б і згадзіцца. Хаця б часткова. Але ж памятаючы, што “непапраўныя рамантыкі” зазвычай лунаюць у адарванай ад зямлі прасторы, а сп. Башура, па-мойму, добра разбіраецца ў тым, якая рэчаіснасць яго атачае.
Для ўмацавання сказанага прывяду некалькі ўрыўкаў з вершаў паэта:

Халоднае неба.
Халодны асфальт.
Халодныя рукі.
Халодны пагляд.

На небе іржавым –
абшарпанае сонца.
На стылым асфальце –
агідна бясконца.

Пагадзіцеся, спадары, такое святла ў душу не падкідвае, як і наступнае:

Абсыпанае попелам радыяцыі,
Усё ў азонавых дзірках,
Дзіка смяецца неба
Бяззубай усмешкай нябожчыка.

(Ці не маю я рацыю?)
Наступны верш, які хочацца прывесці цалкам з прычыны яго майстэрскага выканання і лірычнай інтанацыі, чорным, канешне, не назавеш. Але і светлым – язык у мяне не павернецца.

Я не ведаю, хто я і што.
І куды я імкнуся – не знаю.
Столькі сіл я растраціў на што?!
І як жыць мне далей – не ўяўляю.

А жыццё сабе йдзе, як раней,
І ў жыцці я – ранейшы, здаецца.
Толькі крышку ў душы халадней,
Толькі неяк трывожней на сэрцы.

Не скажу, што Міхась Башура смела эксперыментуе з формай верша ці гуляецца ў сэнсы, як заведзена ў постмадэрністаў ды ўсялякіх наватараў. Ён хутчэй традыцыйны. Але ад таго, канешне, нічым не прайграе. Паэзія ў вышэйшым разуменні гэтага слова ў яго вершах прысутнічае, не скажу – ва ўсіх і паўсюль, але гасцюе і часам падоўгу.

Вялікая сіняя далеч
Агніста варушыцца на сонцы,
Лагодна вабіць да сябе…
О, як цяжка растлумачыць,
Што адчуваеш,
Калі цябе
Праглынае яна!

Кніга разбіта аўтарам на тры раздзелы, асаблівай розніцы, прынцыповай розніцы ў якіх, а значыць, і сэнсу такога дзялення, я не бачу. Тут можна толькі меркаваць, што на гэта ўплывалі перыяды жыцця паэта – часавыя, настраёвыя ці якія яшчэ іншыя.
Кароткае знаёмства з паэзіяй Міхася Башуры, безумоўна – чалавека, які тонка і балесна адчувае гэты свет, хочацца завяршыць сапраўды светлымі радкамі:

Горыч свету адрынута прэч.
Мы з табою адны ў Сусвеце.
Я чакаю з табою сустрэч,
Як караблік чакае вецер.


Антон Францішак Брыль, “Не ўпаў жолуд”, Логвінаў, 2011 г.

Анатацыі, а таксама якога-кольвек тлумачэння, хто такі аўтар і што ён за чалавек, у гэтай кнізе няма, таму прыйдзецца чытаць самі вершы і толькі іх. Добра, што хоць гады напісання (ад 2003 да 2010) стаяць пад кожным творам.
Аўтар падаецца мне таленавітым пісьменнікам і чалавекам з багатым і незвычайным унутраным светам. Светам паэзіі. Ён удала спалучае ў сваіх творах гульню, фантазію з рэальнасцю, філасофія яго добра скрыта ў паэтычных карунках. Тут няма знарочыстага мудравання і паказнога версіфікатарскага выпендрывання. А.Ф. Брыль, відаць, імкнецца дасягнуць нейкай залатой сярэдзіны паміж яваю і фантазіяй, сур’ёзнасцю і гульнёю. Таму кнігу яго цікава чытаць. У ёй няма звыклага беларускага песімізму – і ўжо адно гэта хораша. А калі дадаць сюды паэтычнае майстэрства і арыгінальнасць вобразаў, прыёмаў, то і наогул уражанне ад творчасці аўтара робіцца вельмі станоўчым.

………………………….
Абыдзі вакол, аглядзі наўсцяж,
Бездакорнаю мераю змер і ўзваж
І ад зор да бездані глыбіні
Аднаўладнаю прагаю праглыні.

Затулі яе ў лахманы свае,
Нараджайся з яе. Нараджай яе,
Набірай у грудзі, палі зырчэй,
Вылівай святлом са сваіх вачэй –

Каб усё, што памерла, жыло на ёй,
Каб усё, што змарнела, цвіло на ёй,
Каб Анёл Апошні на ўсім скаку
Затрымаў на імгненне над ёй руку.

Гэты верш, апроч усяго сказанага вышэй, яшчэ і сведчыць аб прысутнасці ў аўтара досыць моцнай паэтычнай энергетыкі, што само па сабе ўжо ёсць прыкметаю таленту. Важна, каб энергетыка ўтаймоўвалася паэтычным майстэрствам, убівалася ў патрэбнае рэчышча. Што, сп. Брылю, на маю думку, удаецца.
Вельмі рэкамендую, хто не знаёмы яшчэ і цікавіцца беларускім словам, пазнаёміцца з творчасцю гэтага аўтара. Рамкі артыкула не дазваляюць надаць яму належнай увагі. Скажу толькі, што ў кнізе змешчана паэма “Гольша”, якая падаецца аўтарам так: “пачынаецца гісторыя аб слаўным княжаці Гольшы Раманавым сыне, аб ягонай дзівоснай прыгодзе ды аб горадзе ягоным Гальшанах.”
Пры канцы кнігі змешчаны каментары аўтара да некаторых уласных вершаў. Акрамя таго, аўтар сумленна ўказвае ў пачатку зборніка, што “па ўпартасці сваёй” частку памылка у кнізе пакідае і называе ўласным правапісам”. А там – судзіце як хочаце. Мы ж, абмінаючы такі суд, закончым на даволі неадназначным урыўку з верша, дзе зноў-такі не ясна, гульня гэта ці шчырасць, ява або фантазія:

Удзень ды ўноч, наяве ды ў сне
Я столькі гадоў аб адным прасіў:
Сябры, сябры, пакіньце мяне,
Калі ласка, пакіньце зусім.

Я схаваю свой дом за вадой ракі,
Зачыню яго шчыльна ў вячэрні час,
Ля дзвярэй ды вакон уваб’ю цвікі,
Каб жалеза мяне сцерагло ад вас.

Абсаджу рабінамі свой гарод,
Каб не здолелі вы вакол шумець…
Цішэй, цішэй, чароўны народ,
Мне ўсё роўна нічога не зразумець…


Ярыла Пшанічны, “Пішчавыя лішкі”, “Галіяфы”, 2011

Адразу прывяду для чытачоў анатацыю, бо яна, па-мойму, трапна і сцісла люструе тое, што адбываецца за вокладкамі кнігі: “Паэзія Ярылы Пшанічнага важная для культурнай прасторы Беларусі. Менавіта ягоныя вершы сцвердзілі ў 90-я гады, што такая нацыянальная з’ява як “трасянка” мае права на літаратурнае жыццё. Кніга насычана гумарам і прыгожымі падтэкстамі”. Праўда, мне не зусім зразумела, што такое “прыгожы падтэкст”, але, мажліва, шматлікія прыхільнікі  творчасці паэта ў гэтым ужо разабраліся.
Не магу ўтрымацца, каб не прывесці ўрывак з прадмовы да кнігі ад Змітра Вішнёва, яе выдаўца: “Унікальнасць стылю Ярылы Пшанічнага ў спецыфічнай падачы – усе тэксты былі адмыслова напісаныя на “трэцяй” (неафіцыйнай) мове Беларусі – трасянцы. Важна зразумець, што такая творчая фрывольнасць абумоўлена самой сітуацыяй у грамадстве. Не сакрэт, што многія беларусы не ведаюць ані рускай, ані беларускай і актыўна ўжываюць менавіта гэтую грымучую сумесь. Ужо даўно сталася нормай, калі чыноўнік на гэтым “быццам тарабарскім слэнгу” публічна прамаўляе.
Перад вамі спроба пакпіць з існай лінгвістычнай сітуацыі”.

Не думаю, што чытачы кнігі будуць займацца аднымі кпінамі з сітуацыі ў краіне, нехта, магчыма, захопіцца майстэрствам аўтара і яго разняволенай энергетыкай, а нехта, звыклы да класічнага строю мовы, з прыкрасцю загорне і адсуне ад сябе гэтую кніжку. Тут справа густу. Мы ж абавязаны даць некалькі цытат з творчасці неардынарнага паэта, асабліва іх не каментуючы, бо прыведзеныя вышэй анатацыя і сентэнцыя сп. Вішнёва ўсё асноўнае пра творчасць Ярылы Пшанічнага паведамілі шаноўнаму чытачу.

гэць сумота
гэць работа
скончыцца нядзелька –
на кастрычніцкай паставяць
супер-пупер елку.

добрая пушыстая
метраў трыццацьпяць
ты вярнулася з лесу
зноў да нас апяць
пад зялёнай кронай
будуць падарункі
пшанічнаму гарэлку
дзевушкам ласункі.

Пытанне: ці не ўзняўся ў вас настрой ужо ад аднаго таго, што аўтар ігнаруе не толькі класічны правапіс, але і знакі прыпынку і звычайную логіку (“зноў апяць”)? Як мала, аказваецца, трэба, каб пасмяяцца – парушыць усе на свеце правілы. І разам з тым – захаваць зрэбную праўду, бо юродства ды іншыя праявы блазнавання сядзяць у простага народа ў крыві. Праўда, праяўляюцца гэтак разняволена збольшага нападпітку, калі нішто іншае не трывожыць.
Але, калі прыгледзецца да паэзіі Ярылы Пшанічнага, то не ўсё ў нас так весела і бяздумна:

схапілі мяне позна ноччу ля трох
пазорныя воўкі шэрыя сукі
і пацягнулі тварам ў траву
металам зламаўшы рукі

дзе і як буду я – не цяжка сабе ўявіць
жэрці баланду не адзін год
старую маму шкада адну яе толькі магу любіць
такі сумны жыцця разварот

Так, блазенства і сур’ёзнасць, бяздумная радасць і горкі смутак – у жыцці зусім побач стаяць, і маюць уласцівасць вокамгненна трансфармавацца адно ў адно. Да гэтага, у ліку іншых мэт, і заклікае кніга Ярылы Пшанічнага. Так думаецца.


Адам Глобус, “Новае неба”, “Галіяфы”, 2010

Зноў жа ёмкая анатацыя да кнігі пазбаўляе мяне абавязкаў нешта вытлумачваць чытачу: “У зборнік “Новае неба” сабраны лепшыя вершы беларускага паэта Адама Глобуса”. Дый хто з нас не ведае сп. Глобуса, каб нешта яшчэ тлумачыць? Аднак ужо з анатацыі той, хто хоча, любіць і ўмее крытыкаваць, знойдзе, да чаго прычапіцца. Вось прыкладам: ну хто гэта піша “ў зборнік сабраны” (масла масленае)? Я б, спадары, пісаў так: “у зборнік увайшлі”, або “ў зборніку змешчаны”. Да таго ж я б не называў Адама Глобуса проста паэтам, а даў бы шырэйшае вызначэнне – пісьменнік. Да таго ж, як чалавек, што мае вопыт вёрсткі кніг, скажу – у анатацыі слова “паэт” зусім забіта пад карэньчык кнігі, а таму амаль цалкам схавана ад чытачоў. Каб яго, слова, прачытаць, неабходна літаральна разрываць кнігу, або здагадвацца па сэнсе…
У цэлым жа – усё з кнізе, так бы мовіць, на ўзроўні – і сэнс дзялення на раздзелы па гадах, і назвы раздзелаў, і якасць саміх вершаў. А як жа іначай, калі Адам Глобус, што піша няспынна і многа, “сабраў у зборнік” свае лепшыя вершы, на якіх, зрэшты, попыт усё адно – 300 чалавек, пра што гаворыць наклад.

…………………………
У Вільні снег. У Вільні цішыня.
У Вільні ўтульна і выдатна спіцца.
Мне Беларусь заўсёды ў Вільні сніцца
заможная, свабодная, мая…

У Мінску дождж. У Мінску мітусня.
У Мінску тлумна і няма спакою.
Тут не знаходзіш згоды сам з сабою.
Ды толькі ў Мінску – на радзіме я.

І хто скажа, што гэта нявартая паэзія? Зразумела, толькі зайздроснікі паспяховага чалавека.
Або яшчэ адзін выдатны верш апошняга перыяду творчасці сп. Глобуса:

Жвір жыцця

Мы ўсё зрабілі, можна адпачыць,
набыць гарэлкі, добра моцна выпіць,
каб выспацца і зноў нанова жыць,
каб жвір жыцця са жмені ў жменю сыпаць.

Жвір паплыве струменем залатым,
жвір пабяжыць, нібыта кроў праз сэрца.
Мы зноў паверым у адсутнасць смерці
і ў жвір жыцця, што вечна малады.

“Жвір жыцця” – само па сабе неардынарнае і прыцягальнае словазлучэнне, знаходка, таму за ёй можна і “не заўважыць” такую стылістычную хібу, як “зноў нанова” (ох ужо гэтыя “маслы масленыя”). Сапраўды, у вершах часта яркае, калі яно прысутнічае, затуляе сабой агрэхі. На гэтым я спыняюся крытыкаваць зборнік “лепшых вершаў” Адама Глобуса, а прапаноўваю чытачу самому ў ім разабрацца. Скажу толькі, што ў зборніку шмат ёсць цікавага. А ці супадае аўтар псіхалагічна, энергетычна і нават духоўна з канкрэтным чытачом, то хай сам чытач вырашае.


Марыя Мартысевіч, “Амбасада”, “Кнігазбор”, 2011-11-11

Спн. Мартысевіч уяўляецца мне таленавітым творцам, паэткаю, журналісткаю, публіцытскаю ды інш. За што яна ні бярэцца – амаль усё выходзіць з-пад яе пяра досыць арыгінальна, жвава і прыцягальна, хоць па шмат якіх пунктах з яе жыццёвай і творчай філасофіяй згадзіцца я не магу. Але доўгае сяброўства з паэтам Андрэем Хадановічам, а таксама ўласныя эпатажныя паводзіны даюць падставу многім у беларускай літаратурнай прасторы ўспрымаць яе не вельмі сур’ёзна. Тут міжволі круціцца на языку вызначэнне “чарговы клон Хадановіча”. І хоць гэта не так, але ж асоба яе сябра і паплечніка па літаратурных выступах і дзеях не магла не паўплываць на спн. Мартысевіч. Да таго ж імідж “несур’ёзнасці” яна як быццам знарок мацуе сама, называючыся “Марыйкай”, распыляючыся па прычыне лішку маладых сілаў на справы, якія толькі адбіраюць у яе энергію, а не мацуюць імідж паэткі і творцы. Так мне здаецца.
Спн. Мартысевіч, безумоўна, з’яўляецца творцам так званага “новага тыпу”, што абрынаюць (ці намагаюцца абрынаць) ранейшыя класічныя формы і сэнсы ў бездань, а пры магчымасці – і топчуцца па іх нагамі. Але прырода людзей такая, што патрабуе нечага трывалага, каб на ім угрунтавацца і стаць, а не гойсаць па свеце і літаратурнай прасторы з рознымі эпатажнымі ідэйкамі, абы прыцягнуць увагу. На маю думку, сапраўднае, прачулае змагаецца ў душы маладой паэткі з надуманым і высмактаным з пальца. Таму і творчасць яе досыць сумбурная, часта супярэчлівая, нейкая найграная, хоць за такімі маскамі часта праглядаюцца непадробныя перажыванні і боль.
Вось у гэтым вершы, па-мойму, адчувальна праглядаецца бессэнсоўнасць жыцця, калі ў ім няма нечага трывалага і духоўнага: сапраўднай веры, шчырай любові, адданага кахання:

Смерць у Вене

Я хачу быць пенсіянеркай і жыць у Вене,
ўсё жыццё выкладаючы там Буало і Малерба,
каб Дунай кожны Божы дзень ля мяне струменіў,
і каб кахлю ў ваннай мне клалі дужыя сербы.

Мець сябровак у Грацы; ліць мужу ў каву каньяк ці
арманьяк; не раздумваючы, Еўропа ці не Еўропа, –
жыць у Вене шчасліва і доўга й памерці на трэцім акце
“Парцыфаля” на левым ці правым балконе Штатсона.

Скажыце, як можа нармальны крытык ахарактарызаваць такі верш? Ну вядома ж, верш і бязглузды (жыць пенсіянеркай і пры гэтым усё жыццё выкладаць) і надуманы, і эпатажны, і малаэнергетычны, і наогул – не верш, бо не мае вобразнасці, якая замяняецца ў ім голаю прозай. Сказаць, што спн. Мартысевіч дурніца і гэтага не адчувае, – нельга. Бо вось як яна выказваецца ў прадмове: “Так выпала, што я належу да нацыі паэтаў і жыву ў краіне, якая ніколі не аддасць паэту Сэрца. Тым цікавей пісаць тут вершы і перакладаць іх”. Не, прадмова, калі разглядаць яе ўсю, напісана разумным і нават мудрым не па гадах чалавекам. Дык навошта ж Марыйка піша кепскія вершы? А можа, яна не паэт па сваёй прыродзе? І гэтага нельга сказаць, бо яе пераклады вершаў замежных паэтаў вартыя ўвагі, і некаторыя (нешматлікія) яе вершы – вартыя таго самага. Такое ўражанне, што Марыя Мартысевіч мітусіцца і сама не можа абраць накірунак. Сэрца хіліць яе да сапраўднага, але сапраўднае асацыюецца ў яе свядомасці з банальным, заезджаным, класічным, куды першапраходцам (да якіх яна сябе прылучае) шляхі-дарогі закрыты. А куды ісці тады, калі сапраўднае адштурхоўвае? Ды ў хадановічаўскі сцёб і ў гульню сэнсамі.
Далей я прывяду ці не найлепшы ўрывак з усёй “паэтычнай спадчыны” Марыйкі Мартысевіч і параю чытаць лепш яе пераклады, шмат з якіх сапраўды выбітныя.

Я купіла сабе арафатку
ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”.
Арафатка пашытая модным у гэтым сезоне чынам:
адзін ёйны бок вельмі светлы,
другі – абсалютна цёмны,
і, павязваючы арафатку,
важна не памыліцца,
на якім баку гэтай шмоткі твая айчына.

Такім чынам развітваючыся з гэтым зборнікам, асмелюся даць параду ўжо не чытачам, а самой аўтарцы: “Марыйка (спадарыня Мартысевіч) кінь (це) выдурвацца і ніколі не сядай(це) за напісанне вершаў з халодным сэрцам і душэўнай пустэчаю.


Зміцер Вішнёў, “Шоргат жукоў”, “Галіяфы”, 2011 г.

У новы зборнік вершаў Змітра Вішнёва ўвайшлі творы, напісаныя паэтам цягам апошніх шасці гадоў і, паводле анатацыі, – гэта чарговая спроба ўпрыгожыць літаратурную прастору.
Заўважце, аўтар смела прызнаецца – “спроба”, прычым чарговая, хаваючы за кадрам, ці ўдаліся яму папярэднія спробы (якіх было не так і мала) у гэтай высакароднай справе ўпрыгожвання.

Хто знаёмы з творчасцю сп. Вішнёва, таму лішне будзе тлумачыць, што ён паэт ці не з самай складанай і сумбурнай вобразнасцю, што цяпер пішуць, дый думаю – усіх, хто пісаў вершы па беларуску.

Давайце паспрабуем разабраць самы першы верш зборніка

КАРАВАНЫ СЛОЎ

Я пачынаю страляць з чырвонай вінтоўкі,
каб супакоіць нервы і злосны настрой.
Варта абраць для мішэні голаў сяброўкі,
якая крычыць пра жыццё — што гэта адстой.

Нешта не тое, калі многа песняў самотных
з белага неба ільецца на распараны твар.
Вечная сумесь у народных бутэльках балотных
Ціха шыпіць, заганяючы целы паэтаў у бар.

Моцныя тэмы ідуць на сталы грамадзянаў,
каб гадаваць алергічны настрой пад баяны
і выклікаць пачуццё традыцыйных забаў.

Я — за вайну ў шматкроп’і асобна ўзятай краіны,
Усе маніфесты, улёткі і лозунгі як бедуіны
рушаць далей, уздымаючы пырскі актаў.


Сказ, дзе паэт, каб суняць нервы, страляе з “чырвонай вінтоўкі” ў “голаў сяброўкі” – адразу прыцягвае і напружвае адначасова, асабліва тых, хто вершы сп. Вішнёва раней не чытаў. Што такое? Чаму страляць у сяброўку, хоць бы яна і даймала сваім вызначэннем жыцця, якое, паводле яе, адстой. Паэт з гэтым не згодны. І страляе. Ну ладна. Робім скідку, што насамрэч ён ніколі нікога не будзе забіваць, асабліва сяброўку, то хай хоць у вершы выкажа свой шал. Але ўжо “чырвоная вінтоўка” міжволі спараджае пытанні. Чаму “чырвоная”? Асацыяцыя з тым, што крыві пасля такога стрэлу будзе многа? Дарэчы, “вінтоўка” гучыць не зусім і па-беларуску, прывычнейшае слова тут мусіла быць – стрэльба. Не для рыфмы ж паэт падганяў. Але ў дадзеным выпадку “страляць са стрэльбы” – было б акурат як глобусаўскае “зноў нанова”, таму “вінтоўку” строгі крытык можа дараваць. Яшчэ пару слоў пра верш: “Вечная сумесь у народных бутэльках балотных / Ціха шыпіць, заганяючы целы паэтаў у бар”. – гучыць хоць і мудрагеліста-эпатажна, але пры пільным разглядзе ясна, прынамсі аўтару гэтага артыкула, што паэт мае на ўвазе. Проста трэба добра ведаць а) палітычную сітуацыю ў краіне, куды ўлучаецца і моўная сітуацыя, б) быць знаёмым з ранейшай творчасцю Змітра Вішнёва, чытаючы якую не адзін год, ужо насабачваешся разумець яго вобразнасць. 

А вось вам прыклад ужо зусім звышскладанай вобразнасці, ускладненай яшчэ ігнараваннем знакаў прыпынку:

* * *
па венах градус перапаўзае як гарачы Ташкент
раструшчыцца душы грэлка ўшчэнт
смяротным мячом паляціць
у каменную шліфаваную бездань
як ломкае печыва на стале
як самотны ўздых сталага чалавека
я ператвараюся ў сіні цень
і нагадваю самлелую квецень

Тут ужо наогул цяжка нешта каментаваць, бо непазбежна будзеш гадаць на кававай гушчы – што хаваецца пад тым ці іншым словазлучэннем. Але ж пытанне: а хто так яшчэ можа, апроч Вішнёва – мяркую, прагучыць не рытарычна. Да таго ж і энергетыка, што ідзе ад вершаў, далёка не самая слабая сярод беларускіх паэтаў. Дадай сюды і ўменне чытаць, выступаць з такімі тэкстамі на людзях – і атрымаецца, што ўсё не так адназначна, і не ўсё так няўцямна, як па першым і строгім разглядзе бачыцца. У паэзіі няма нормаў – упарта даводзіць да нас сп. Вішнёў не першы год. І, заўважце, усе ў беларускай літаратурнай прасторы ведаюць яго не толькі таму, што ён выдавец.

Прывяду некалькі, на мой погляд, лепшых і разам з тых характэрных для паэта вершаў гэтага зборніка (і пакіну разбірацца з сэнсам напісанага чытачам):

* * *
кентаўры ідуць па нашых мокрых слядах
марская вада шліфуе жоўты пясок
расплываюцца дні і пырскае вішнёвы сок
на запацелы і празрысты дах
пах вандроўкі

* * *
кнігі ўтвараюць плошчу для рытуальных танцаў
будуюць шаманскія вігвамы і нараджаюць грукат бубна
шпацырую па калідорах жыцця наўздагад

* * *
ты ствараеш свой Менск
дзе няма крывавых навальніц
дзе ўзрастаюць каменныя дрэвы
ты шпацыруеш па тунэлях высечаных камісарамі
сонца качаецца па пальцах багоўкай
валаскі апальваюцца і дымяцца
ты кропаеш у вочы атрапін
скокаеш з трампліна
і ўсё расплываецца быццам ты падаеш у туман
навальваюцца шакаладныя вобразы
ад іх не пазбавіцца
ўсё адбываецца ў тваім новым Менску
і самае важнае што ты не адштурхоўваеш
ты абдымаеш гэтыя халодныя сцены
усмоктваеш таемныя тутэйшыя пахі
і надыходзіць разуменне святла
крынічная вада наталяе смагу

Сп. Вішнёва можна абвінавачваць у чым заўгодна (парушэнне правілаў логікі, здаровага сэнсу, нават знарочыстай бязглуздасці напісанага), але варта паважаць за тое, што ён такі практычна ў нас адзін (прынамсі з прыкметных). Аднак хто скажа, што гэта не вобразна, банальна, што гэта ардынарна, што гэта не паэзія, а нешта іншае – хай закідвае мяне каменнем і засыпае пяском.


Яшчэ ў мяне на стале вось якія кніжкі, выдадзеныя “Галіяфамі”:

1. “Мільён непатрэбных гукаў”, 2011 – арыгінальнае па форме  вёрстцы выданне, што змяшчае  вершы маладых паэтаў, якіх “дэкламуюць” жэстамі (як сказана ў анатацыі) нязвыклыя людзі. Нязвыклыя ў тым, што размаўляюць на фантастычнай мове – мове глухіх. Аўтар ідэі – Аляксандр Абуховіч – дае новую інтэрпрэтацыю вершаў, падае іх у іншым ракурсе. Тут “мастацкае слова гучыць праз мову жэстаў”.
Аўтары зборніка: Наста Грышчук, Ілля Суднік, Андрэй Палачанскі, Наста Захарэвіч, Гануліч Алена, Валер Прычынец, Ірына Карэліна, Віталь Брыль, Дзмітры Цярэнцьеў, Аляксей Чарняўскі, Кацярына Шчасная, Анастасія Левычэнкава, Алесь Емельянаў.
Адным словам, платформу для старту новым і адносна новым імёнам у беларускай літаратуры аўтары праекта прыдумалі арыгінальную, відную такую платформачку.

Выберу на свой густ адзін верш са зборніка:

Гануліч Алена

Вяртаюся да вытокаў
З лісцем апаўшым асіны,
А хтосьці замежжам далёкім
Мацае ходнік Берліна.

Камусьці ўсмешкі крамаў
Трансліруюць супер-эга,
А мне не знайсці на мапе
і вёскі забытае рэха.

Танчыць уночы поўня
ва ўнісон з дажджамі...
Я Берліну не роўня:
Злілася крывёй з каранямі.

У добрым і прыгожым, у цэлым, вершы не магу не вылучыць (як строгі крытык) два няўцямныя радкі: “А мне не знайсці на мапе / і вёскі забытае рэха”. Тут навідавоку парушэнне граматыкі: як можна не знайсці “вёскі забытае рэха” – дальбог, зразумець не магу.

Далей “Галіяфы” прэзентуюць тры кнігі ужо зусім арыгінальнага фармату, які больш нагадвае адрыўныя квіткі і ў якіх бы аўтар гэтых радкоў ніколі б не змясціў і не дазволіў змясціць свае вершы. Хоць логіку выдаўцы вытрымалі – кароткія вершы і тэксты якраз кладуцца ў такі фармат.
1. Віктар Сямашка, ReRa, 2011;
2. Анатоль Вярцінскі, “Асобныя радкі розных гадоў”, 2010;
3.Яна-Тры-Ён, Тэксты; выданне прысвечана літаратурнай суполцы “Яна-Тры-Ён” якая, акрамя яскравых літаратурных выступаў, пакідае пасля сябе і шэраг запамінальных акцый і перформансаў (паводле анатацыі).

Вось і ўсё, што мы мелі разгледзець у артыкуле. Казаць пра тое, як шмат у нас паэтаў “добрых і розных” – мяркую, будзе залішнім. Бо з агляду гэта і так вынікае. Было б дзіўным, каб у нас, нацыі паэтаў, іх было мала і ўсе яны былі аднолькавымі. Кожны – асоба з пэўнай жыццёвай пазіцыяй, паколькі хаця б намерыўся гаварыць у Беларусі па-беларуску, шукаючы “чытача, хаўрусніка душы” (Л. Галубовіч). Ясна таксама, што ўзровень тэкстаў і талент творцаў не могуць быць аднолькавымі, бо ўсё прырода, па сваіх законах, дзеліць няроўна. Таму лічу за лішнім некага з некім параўноўваць, мераць паэтаў, так сказаць, “градуснікамі”. Таксама я знарок пазбег зацёртага ў літаратуразнаўстве метаду параўнання з класічнымі творамі, з пэўнымі класікамі паэзіі.
Паэзія рэч тонкая. І душы ў паэтаў няпростыя і ўжо дакладна – ранімыя. Таму ніяк не магчыма такое, каб крытык кшталту мяне нікога “па дарозе” не скрыўдзіў. Але такая ў нас прафесія – творцаў судзіць.



Перакуліць рэчаіснасць
(Мікола Кандратаў. “Вершы і зоркі”. “Мастацкая літаратура”. 2008 г.)

Глядзець у агонь і маўчаць,
вачыма з агнём размаўляць.
Ён служыць у вечнасць акном –
нялёгка быць проста агнём.

Вершы Міколы Кандратава прывабліваюць мяне сваёй някідкай чалавечай чуллівасцю, строгасцю класічнага ладу, гармоніяй паміж паэтам і словам. Адчуваецца, што паэт ураўнаважаны праз гэтыя вершы з Сусветам. А толькі той, у каго на душа спакой і лад, можа падзяліцца лірычным пазітывам са сваім чытачом.
Кандратаву не трэба гучна шумець пра сваю творчасць на тусоўках і ў інтэрнэце. Яго няспешныя, крынічныя вершы самі прабіваюць сабе дарогу. Пра яго скажуць і напішуць іншыя. Паэт жа, напэўна, знаходзіць адхланне ў самім працэсе творчасці, дзе ўсё прасякнута вышынёй і багавейным трапятаннем перад Тварцом.

Пэўна, каб лёсы палепшалі,
што пачуваюцца хворымі,
людзі ратуюцца вершамі,
як ратаваліся зоркамі.

У вершах Кандратава пануе класічнасць формы, цалкам адсутнічае якая-небудзь поза ці эпатажнасць. Няма гульні. Усё ўсур’ёз. Пэўна, некага гэта можа расчараваць. А мяне прываблівае такая манера, дзе кожны радок вырастае з душы, прапускаецца праз яе радасць і боль. Звычайную, здавалася б, рэч і думку паэт здольны ўзвысіць і ўбачыць па-новаму. І менавіта таму, што перажыў гэта. Па-свойму. Не падобна да папярэднікаў.

Свет прапаноўвае ролі,
толькі на дол мы ступілі.
Нехта прымервае рогі,
іншы – анёльскія крылы.

Стварэнне кожнага верша бачыцца паэту таемствам, дзе нічога не вядома наперад, а нараджаецца адпаведна спалучэння настрою хвіліны з Вечнасцю. Няма нічога запланаванага. Але гэтую бягучую хуткаплыннасць можна перавесці ў літары і запісаць, спыніць у часе, перадаць чытачам і наступнікам.

Патрэбна толькі мець давер,
каб растварыцца ў зорнай хвілі.
Куды пакоціцца той верш,
куды памкне, над чым ускрыліць.

І тады атрымліваецца, што:

Зрок, нібы чарадзей
пераверне ўверх дном,
перакулены дзень,
у якім мы жывём.

Гэтае адчуванне перакуленага свету, у якім мы жывём, уласцівае многім паэтам. Бо ім заўсёды здаецца, што наша рэчаіснасць няправільная, што ёй нечага не стае, або яна наогул стаіць дагары нагамі. Рэчаіснасць трэба перакуліць, каб на душы стала святлей, каб ашчаслівіць усіх акаляючых.
Але найчасцей выходзіць, што гэта свет перакулены толькі ў вачах паэтаў. Абывацеля ён цалкам задавальняе. І выходзіць, што на канфлікце паміж тым, як яно ёсць, і тым, як павінна быць, выспявае сапраўдная паэтычная творчасць.

І ўжо не чакаюць з’яўлення
у свеце Нябеснага Духа,
і нават само нараджэнне
тлумачыцца броўнаўскім рухам.

І хочацца ўжо не палёту,
а нейкага новага выйсця...
І свет не бліжэй ні на ёту
да Ісціны ў мностве паўісцін.

Але вядома, што сапраўднае паэтычнае шчасце не ў валоданні ісцінай, а ў яе вечных пошуках. Таму не пажадайма паэту нарэшце яе адшукаць.



Няшчасце вяртання
(“ЛіМ”, 30.04.10 )

Не надта люблю беларускую прозу на так званую вясковую тэматыку. Памятаю, як тугавата, толькі каб быць абазнаным у класіцы, дачытваў некалі палескую хроніку Івана Мележа, напружваючыся задоўгімі апісаннямі вясковага побыту і мала дынамічным сюжэтам гэтага аб’ёмнана твора. Прыкладна тое самае адчуваў пры чытанні трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”. Такім чынам беларускія класікі фарміравалі ў мяне стэрэатып беларускай вясковай прозы: няспешнай, зацягнутай, занадта пільнай да побытавых дэталяў і небагатай псіхалагізмам.
Прынцыпова інакш глядзіцца аповесць Андрэя Федарэнкі са знакавай назвай “Вёска”. І дзіўна чуць параўнальны аналіз некаторых крытыкаў пра нібыта сюжэтныя і ідэйныя паралелі са знакамітай трылогіяй Коласа. У творы варта вылучаць галоўны пасыл, дзеля чаго ён напісаны і пра што, па сутнасці, ён. А твор Федарэнкі, у адрозненне ад твораў нашых класікаў на вясковую тэму, зусім не пра вёску, па вялікім рахунку. А пра пакуты і блуканні душы галоўнага героя, чалавека выключнага, нешараговага. Гэта выразны экзістэнцыйны твор, з няспынным, напружаным, хваравітым корпаннем у сваім “я” і супрацьпастаўленнем свайго эга сусвету, хоць і звужанаму да рамак вёскі і ўспамінаў пра нядоўгае сталічнае жыццё.
Галоўны канфлікт аповесці ў вяртанні Антона Васкевіча ў родную глухую вёску – пасля таго, як ён быў адлічаны з інстытута ў 1990 годзе за празмерна беларускамоўныя настроі. Аднак пакуты і шуканні героя, як хутка высвятляецца, зусім не маюць нацыяналістычнага напрамку, яны, калі можна так сказаць, агульначалавечыя і таму могуць быць блізкія кожнаму. Герой вяртаецца ў вёску халоднай снежнай зімою, і першы сустрэты ім зямляк на вакзале – мясцовы ціхі вар’ят Пульс. Гэты эпізод сімвалічны і закліканы абвастрыць дэпрэсію Васкевіча: панылая зімовая дарога, сцюжа, Пульс на санках коціць яго пажытак, і ў памяці разгортваецца рэтраспекцыя ранейшых гадоў, дзяцінства, юнацтва, калі Пульс быў такі самы і ўсё вакол было гэткае ж. Тая нязменнасць і звязаная з гэтым бесперспектыўнасць сваёй будучыні прыгаломшвае Васкевіча. І атрымоўваецца, што ён ідзе ў родную хату да роднай маці, як на нейкую катаргу. Ён загадзя ведае, як бязрадасна, холадна і няўтульна там будзе, як самотна і як няма з кім будзе пагаварыць. Тут усё як бы замерла, спынілася ў сваім развіцці. А яго маладая, дапытлівая душа шукае дынамікі, працягу і перспектывы. Іх у роднай вёсцы не будзе, герой гэта цудоўна ўсведамляе. І таму, нібы асуджаны, цягнецца за санкамі вясковага вар’ята па зімовай дарозе.
Увесь далейшы ход аповесці прысвечаны таму, што галоўны герой шукае прасветліну ў сваім жыцці. Чапляецца за яго ўсімі магчымымі спосабамі, спрабуючы суцішыць сваю маркоту, напрыклад, тым, што прыйдзе вясна і ён выправіцца на такую любімую з дзяцінства рыбалку, ці па грыбы... Але тое, што радавала ў дзяцінстве, не прыносіць Васкевічу звыклых эмоцый. Усяму, так бы мовіць, свой тэрмін. Жыццёвая праграма вымагае руху і развіцця; дзяцінства, юнацтва і звязаныя з імі натуральныя эмоцыі ўжо не вернеш. І герой, як чалавек разумны, гэта бачыць ад пачатку, але спрабуе сябе падмануць.
Адсюль і каханне да школьніцы з нядобранадзейнай сям’і, якое адбываецца ў бібліятэцы, куды Васкевіч уладкоўваецца працаваць. Каханне зноў жа бесперспектыўнае, як і ўсё далейшае жыццё героя. Проста ён хапаецца за саломінку, нібы  тапелец. А часам проста плыве па цячэнні, па нашай звыклай традыцыі “забываючыся” алкаголем. Гэта хутка пераходзіць у звычку, назойлівую патрэбу. Васкевіч гэта бачыць, бачыць гэта і маці. Васкевіч злуецца за гэта на яе, на сваю слабасць... Цяжкі псіхалагічны стан абвастраецца тым, што ён відавочна губляе сябе, таго палкага і дапытлівага маладзёна, які некалі выправіўся ў Мінск калі не з напалеонаўскімі, то з даволі смелымі планамі. Тут, у вёсцы, герой засынае, упадае ў нейкую летаргію, хоць і рухаецца, і дзейнічае, і нават ходзіць на працу. Гэты сон перабіваюць пакутлівыя енкі яшчэ не да канца памерлай душы: для чаго я жыву, які ў гэтым сэнс і чаму маці, надрыўна і тупа працуючы ўсё жыццё, аб гэтым ніколі не задумваецца? Дачасна змарнелая ад вечнай фізічнай працы, яна тым не менш, як здаецца герою, не пакутуе душэўна, бо не мучыць сябе адвечнымі пытаннямі “для чаго?” і “навошта?”. Не пакутуе і сусед Пульс, як бы ахінуты сваім вар’яцтвам ад гэтых пытанняў.
Праз год Васкевіча аднаўляюць у інстытуце, бо змянілася палітычная сітуацыя, распаўся Савецкі Саюз. Ці прынесла гэта яму радасць, я сумняваюся. Бо ад сябе не збяжыш, а ў Васкевіча быў час у сябе зазірнуць. Таму сімвалічнымі падаюцца апошнія радкі аповесці: “Нічога гэтага Васкевіч ужо не чуў і не бачыў, у паўцёмным вагоне ён шукаў сваё месца”


У пошуках сучаснага героя

1. Сучасны герой

Беларуская літаратура, калі так можна сказаць, цяжарная сучасным героем – тым, на каго здольныя адгукнуцца тысячы чытацкіх сэрцаў. Аднак разрадзіцца такім героем ніяк не можа.
Паразважаць над гэтай праблемай я прапаноўваю шаноўным чытачам у наступным ракурсе: праз параўнальны аналіз галоўных герояў ды ідэйнага зместу двух вельмі вядомых раманаў. Гэта “Адзінота ў Сеціве” сучаснага польскага пісьменніка Януша Вішнеўскага і “Атланты і карыятыды” нашага класіка Івана Шамякіна. Абодва раманы выразна выявілі подых сваёй сучаснасці і адшукалі сваіх адметных герояў.
Да рамана І. Шамякіна мы звернемся ў наступнай калонцы і будзем аналізаваць на кантрасце з раманам Я. Вішнеўскага. Пакуль жа гаворка пра “Адзіноту ў Сеціве”.
Я выбраў гэты раман таму, што ён, па-першае, з’яўляецца бестселерам і многія яго прачыталі, а па-другое, таму, што раўназначнага па папулярнасці рамана сярод сучасных беларускіх празаікаў папросту не ведаю. Не маю на ўвазе мастацкія вартасці, а толькі тое, што Вішнеўскаму ўдалося надзвычай выразна паказаць, чым жыве і дыхае сучасная еўрапейская культура.
На першы погляд ідэя рамана высакародная: у Сеціве сустракаюцца два чалавекі, маладыя мужчына і жанчына, якія пакутуюць ад адзіноты і якія цягам рамана дораць радасць адно аднаму. Аўтар падкрэслівае надзвычайны розум галоўнага героя, які з’яўляецца навукоўцам-генетыкам, яго неверагодную працаздольнасць, адданасць ідэі, а таксама спагаду да бліжняга і вернасць у каханні. Пасля таго як загінула яго глуханямая каханка, герой некалькі гадоў не мог нікога пакахаць, настолькі перажываў той трагічны скон. Аднак гэта, бадай, і ўсё, што можа прывабіць патрабавальнага чытача ў галоўным героі. Далей высвятляецца, што ўсе гэтыя доўгія гады ён, не кахаючы нікога (да сустрэчы з незнаёмкай у Сеціве), наталяў сваю палавую патрэбу ненатуральнымі або непрыстойнымі спосабамі. А людзі, з якімі герой хаўрусуе – пераважна калегі па працы, – літаральна захлынаюцца ва ўсялякіх грахах і заганах.
Ведучы галоўную лінію, то бок перапіску ў Сеціве героя з гераіняй, Вішнеўскі пастаянна акунаецца ў жыццяпіс асобаў, якія так ці інакш перасякаюцца з галоўнымі героямі. І гэтая рэтраспекцыя мае адзіную мэту: з нездаровай асалодай паказваць чалавечы грэх ва ўсіх магчымых праявах. Гэтыя адукаваныя “добрапрыстойныя” людзі спрэс аказваюцца алкаголікамі, наркаманамі і разнастайнымі палавымі вычварэнцамі. А яшчэ страшэннымі эгаістамі, якія займаюцца ў жыцці пераважна тым, што ўсяляк наталяюць пачуццёвыя рэцэптары свайго цела. Ім хочацца быць бадзёрымі – і яны сёрбаюць літрамі моцную каву і несупынна кураць. Ім хочацца расслабіцца – і яны заліваюць мазгі алкаголем. Ім хочацца адключыцца – яны скарыстоўваюць какаін і марыхуану. У іх зайгралі гармоны – і яны авалодваць жанчынай проста ў кабінеце, груба кідаючы яе на працоўны стол. І пры гэтым усім яны пастаянна няшчасныя: бо іх, аказваюцца, не кахаюць, за іх не перажываюць і.г.д.
Адзінота і пакуты галоўнай гераіні такія: яна замужам, муж надрываецца на рабоце, каб яе забяспечыць, да таго ж ён выдатны палюбоўнік, да таго ж гераіня не абцяжарана дзецьмі. А ёй сумна і адзінока так, што яна пускаецца ў авантурны інтэрнэт-раман з чалавекам, што жыве за мяжой.
Літаральна ўсіх герояў рамана не любяць іхнія палавыя партнёры. А героі таго прагнуць! Толькі закавыка ў тым, што, патрабуючы ад лёсу быць любімымі, яны не маюць той любові ўнутры сябе. Яны не ведаюць Бога, а значыць, не здольныя аб’яднацца ў гэтай Любові з партнёрам. Яны шукаюць у палюбоўніка таго, чаго самі не маюць. Усе яны хочуць браць, браць, браць... Бог прысутнічае ў рамане пераважна ў сухой рыторыцы, або ў роспачным ляманце “За што!”, калі чарговага шукальніка шчасця напаткоўвае бязлітасны ўдар лёсу. Дзіця захварэла на лейкемію, каханая загінула пад коламі экскаватара, вераломна кінуў каханак... “За што!” – патрабавальна галосяць героі Вішнеўскага. І ніхто не здаецца пытаннем: а ці не перастаць нам спачатку грашыць, замест таго каб пастаянна нешта патрабаваць ад жыцця?
Малюнак сучаснай еўрапейскай і амерыканскай інтэлігенцыі ў рамане не раўнуючы апакаліптычны (гэта гіпербала, такога ў рэальным жыцці пакуль што няма). І таму галоўныя яго героі не тыя, што кахаюцца праз інтэрнэт, а сам грэх ва ўсялякіх яго праявах. Падобнага “героя”, зрэшты, Вішнеўскі выдумаў не ўпершыню. Значна раней быў напісаны раман жывога класіка англійскай літаратуры Джона Фаўлза – “Дэніэл Марцін”. Вішнеўскі толькі перасягнуў папярэдніка ў канцэнтрацыі негатыву.


2. Герой, вышэйшы за час

Мінулым разам мы паспрабавалі вызначыць сучаснага героя ў рамане “Адзінота ў Сеціве” польскага пісьменніка Януша Вішнеўскага – і высветлілі, што ў галоўным героі аўтар насамрэч люструе сапраўднага і ўсеўладнага “героя” сучаснасці: грэх чалавечы. Такім чынам, станоўчага героя мы не знайшлі.
Раман Івана Шамякіна “Атланты і карыятыды”, на мой погляд, з’яўляецца вяршыняй творчасці пісьменніка. Ні да, ні пасля Шамякін не дасягаў такой вышыні мастацкага ўвасаблення сваіх ідэй. Хоць набліжаўся да яе, намацваючы выразныя вобразы сучаснікаў у сваіх папярэдніх раманах – “Сэрца на далоні” і “Снежныя зімы”.
Вобраз галоўнага архітэктара абласнога цэнтра Максіма Карнача з “Атлантаў і карыятыдаў” падаецца мне непераўзыдзеным рэалістычным вобразам станоўчага героя ва ўсёй беларускай літаратуры. З ім магу параўнаць толькі Антона Косміча з Караткевічава “Чорнага замка Альшанскага”. Але ж у “Чорным замку” занадта моцны элемент рамантызму і фантазіі, каб успрымаць галоўнага героя вельмі ўжо ўсур’ёз.
Шамякін жа малюе надзвычай рэалістычную карціну “саўковай” рэчаіснасці пачатку 70-х гадоў. Інтрыгі і склокі ў праектным бюро, самадурства чыноўнікаў, нягнуткасць савецкіх законаў, абыякавасць да патрэбаў простых грамадзянаў у жыллі... І сярод усяго гэтага жыве і дзейнічае галоўны архітэктар Максім Карнач – талент ад Бога, да таго ж надзелены жалезнай воляй і прабіўнымі якасцямі. Прыгажун брутальнага тыпу, сямейны чалавек, бацька... Гарачлівы, рэзкі да грубасці, бескампрамісны.
Пісьменнік бярэ той адрэзак жыцця Карнача, калі руйнуюцца шмат якія яго ідэалы, калі вось-вось будзе аддадзена на глум бяздарнасцяў (праз інтрыгі) ягоная пасада, дзякуючы якой ён меркаваў палепшыць жыццё гараджан, упрыгожыць свой горад. І ўжо шмат зрабіў. Але з-за наравістага характару стаў у небяспечную апазіцыю да ўладаў, што пагражае вельмі сур’ёзнымі наступствамі. А што за наступствы – хто тады жыў, памятае.
Акрамя таго, наспявае разрыў з жонкай, сумеснае жыццё з якой ператварылася ў суцэльны кашмар. А яшчэ дачка выскоквае ў сталіцы замуж, асабліва не папярэдзіўшы, а толькі патрабуе і патрабуе грошай. Галоўнаму архітэктару ў сваім горадзе няма дзе жыць. Ён матаецца штодня з зімовай самотнай дачы на працу і назад, на таксі, а тое і пешкі. Адзін у лесе. Цяжкія роздумы. Дача, у якую ён уклаў столькі душы, аказваецца не патрэбнай ні дачцэ, ні жонцы... А яшчэ памірае ў вёсцы маці. Разрываючыся між жыццёвых праблем, Карнач захворвае на грып, які дае ўскладненне. Ляжыць адзін на дачы як непрыкаяны, але нікога не кліча на дапамогу... Наўкол – снежны лес, замеценыя завірухай дарогі. У жары, кволы, падымаецца і пачынае выразаць з камля вобраз памерлай маці, скульптуру. Магутны характар, які прывык вырашаць свае праблемы адзін, смела глядзець у твар нягодам і нават смерці... Але людзі самі яго знаходзяць.
Урэшце Карнач адужаў амаль усе злыбеды, апроч непаразумення з жонкай, якая, даводзіць аўтар, усё жыццё мардавала яго беспадстаўнай рэўнасцю. Адноўлены на пасадзе. Высокі чыноўнік сам прыязджае ў яго мядзведжы кут, выпівае з ім чарку, цісне руку. Перад моцнымі людзьмі скараюцца жыццёвыя навальніцы.
Як кантраст няўступліваму Карначу Шамякін дае прыклад самай сапраўднай хрысціянскай сям’і яго сябра Віктара Шугачова. Звычайны інжынер, “працоўны конік” архітэктуры, ён зарабляе нашмат менш за Карнача, але яго шматдзетнай сям’і ўсяго як быццам хапае. Бо ў іх ёсць галоўнае – любоў і, як вынік, бескарыслівае жаданне ісці адно аднаму на дапамогу ў жыццёвых калізіях.
Гэтым кантрастам пісьменнік ставіць пытанне лёсу і прызначэння. Ва ўсіх на гэтай зямлі свае ролі, свае задачы. Карнач – на вяршыні, а там холадна, ветрана, адзінока. Ягоны сябар – у падмурку той піраміды, якая трымае ўсё чалавецтва праз галоўную жыццёвую каштоўнасць – любоў. Але абодва – атланты, што трымаюць горад, зямлю, нацыю. Героі на ўсе часы, героі пазачасавыя.
Пасля рамана Януша Вішнеўскага “Адзінота ў Сеціве” асабіста мне закарцела хутчэй пакласці гэтую кнігу на самую далёкую паліцу і не тое што самому ніколі не перачытваць, але і нікому не рэкамендаваць яе пачытаць. Смакаванне граху ва ўсіх яго іпастасях – не самы лепшы спосаб зрабіць чытача шчаслівейшым. Раман Івана Шамякіна я перачытваў мноства разоў – з прычыны таго, што часам хочацца пабываць у свеце хрысціянскай маралі і хрысціянскай любові, пагрэцца каля гэтага вогнішча, па-майстэрску зацепленага пісьменнікам у самы застойны савецкі, атэістычны час.
Беларуская літаратура, у сілу асаблівасцяў развіцця нацыянальнай мовы, пакуль не скочваецца і не можа скаціцца ў прорву камерцыі, як гэта адбываецца амаль з усімі еўрапейскімі літаратурамі, якія даўно і ўстойліва пакланяюцца яго “вялікасці” граху. Дык давайце скарыстоўваць сваю унікальнасць.



Далоў “дзедаўшчыну”?

Кожны малады літаратар, у свой час атакаваўшы рэдакцыю сваімі сыраватымі опусамі, заўсёды сутыкаецца з тым, што яму там як бы не дужа радыя і не надта чакаюць. (Калі ты не сын ці ўнук нейкага слыннага літаратара, ясны перац).
Дык вось, не прыходзяць у ажыятаж ад тэкстаў пачаткоўца Н. вечна занятыя праўкай сапраўднай літаратуры рэдактары. Не, вядома ж, выключэнні бываюць, і дабрыня сэрца чалавечага – якасць не чужасная ў белліце! Ды вось толькі для маладых заўсёды і існавалі маладыя, як бы не сапраўдныя выданні, рубрыкі, “бібліятэчкі” пры часопісах, – каб яны, саманадзейныя нахабнікі, раптам не занялі месца саміх рэдактараў на іерархічнай прыступцы, з такой цяжкасцю здабытай імі ў крывавай канкурэнтнай барацьбе.
А вам, будучыя Брылі і Купалы, пакуль што (і на доўгія гады) – доўгія чэргі ў выдавецтвах, сціплыя рубрыкі “дэбют”, абразлівыя “бібліятэчкі” з амаль туалетнай паперы. Адным словам, месца сваё кожны павінен ведаць. Кожны каток знай свой дварок – так, здаецца, гучыць па-беларуску гэтая міжнародная прымаўка.
А маладыя ўнутрана (зрэдку – у адкрытую) абураюцца, перакананыя ў думках, што ў пачэсных часопісах ім самае месца з раманамі ды паэмамі, прычым разы па два ў год, не іначай. Іх цяжка пераканаць у адваротным, інакш як, адразу ўзяўшы панібрацкі тон, прыабняць за плечы і адвесці ў курыльню, дзе сардэчна, па-добраму пахваліць іхнія тэксты і тонкімі намёкамі растлумачыць палітыку партыі. Выскачкі тыпу Караткевіча, што ў свой час праніклі на старонкі акадэмічнага выдання ў занадта маладым узросце з пабэрсанымі варыянтамі крамольных раманаў, – хутка абломваюцца і мусяць друкаваць байкі пра Братчыка і Гародню ў ніжэйшым рангам “Нёмане”, а свой геніяльны раман пра абкуранага інтэлігента і замак – у зусім ужо “Маладосці”. Пра гэта ўсе памятайце, хто замахваецца на хуткі афіцыйны поспех і зялёнае святло паўсюль і заўсёды. Так ніколі не будзе.
Думаю, людзям з філасофскім складам мыслення кшталту Акудовіча і Галубовіча бессэнсоўна тлумачыць ніжэй напісанае. Для апанаваных жа дзіцячым наівам мастакоў і паэтаў прыйдзецца паясніць адну простую рэч. А як вы, спадары, хацелі па-іншаму??? Дзедаўшчына ў часопісах, музыцы (адзін “Суботні вечар” з вечным Кабзонам чаго варты!), мастацтве – не прыхамаць канкрэтных рэдактараў, а ўсеагульны закон прыроды, якому людзі не могуць не падпарадкоўвацца. Праз яе цытадэль прабіваюцца толькі а) вельмі жыццяздольныя (іх шлях – доўгія гады прынізлівага паляпвання па плячы старцамі), б) вельмі таленавітыя (якія развіваюць у сваёй творчасці такую энергію, ад якой праломваецца цытадэль). У выніку прырода адбірае а) кансерватараў, якія надалей зоймуць месца “дзядоў” і будуць спавядаць закон іерархіі, б) сапраўдных творцаў, лепшых з лепшых, на якіх, уласна кажучы, будзе трымацца не іерархічны закон, а сама нацыянальная літаратура.
У выніку маладыя старэюць і некаторыя з іх займаюць месца былых непрыступных рэдактараў, самі робячыся роўна такімі, як тыя, і самі ж абураючыся нахабнай самаўпэўненасці маладых, якія лезуць і лезуць са сваімі прыкрымі творамі, тады як часопісы не гумовыя і ў іх не ўваб’еш нават дзесятай долі ўсіх ахвочых да славы.
Я служыў у войску і вывучыў закон дзедаўшчыны. Ён стыхійна ўсталёўваецца прыродай тады, калі не дзейнічае чалавечы закон, статут. Аднак па вайсковым статуце, кажуць, служыць значна цяжэй усім – і афіцэрам, і маладым і мацёрым салдатам. Не ведаю, ці можна праводзіць паралелі з літаратурай, але відавочна, што калі ў ёй адсутнічаюць рынкавыя законы, то стыхійна спараджаецца дзедаўшчына і зямляцтва (хаўрусніцтва). Не раўнуючы як у войску.
Зрабіць з гэтым у Беларусі на сённяшні дзень нічога не атрымаецца. Таму парада маладым і гарачым: апусціцца з паднебных вышынь на зямлю і працаваць з тым чалавечым матэрыялам і з тымі правіламі, якія існуюць. Або пісаць геніяльныя творы, якія самі сябе прабіваюць,  – што, зрэшты, ад нашага хацення і рупнасці ніяк не залежыць.



Шынок пры дарозе

Яшчэ гадоў сем таму яго імя было мала каму вядомае. Цяпер яго творчасць многія ўважаюць за класіку. Васіль Гадулька. Паэт трагічнага лёсу. Трагічнага ва ўсіх аспектах. Ён пражыў усяго сорак сем гадоў. Не стварыў сваёй сям’і. Не пакінуў пасля сябе дзяцей. Пры жыцці яго вершы рэдка калі выходзілі за межы раённай газеты, дый у раёнку яго літаральна цягнуў друкавацца паэт Васіль Сахарчук. Пра агульнанацыянальнае прызнанне – і гаворкі пры жыцці не было. Лёс не даў паэту ні кахання, ні любові крытыкаў, літаратуразнаўцаў і чытачоў. Па ўсіх мерках – жыццё няўдачніка.
Але праз дзесяць гадоў пасля раптоўнай смерці Васіля Гадулькі ў самотнай вясковай хаце адбыўся цуд – паэтам моцна зацікавіліся ў сталіцы. Яго вершы сабралі і выдалі кнігай (“Голас”, РВУ “Літаратура і мастацтва”, 2004 г.), літаральна спраўджваючы паэтавы прарочыя словы: “Але вершы, якія ён склаў, мар ягоных чароўныя здані, летуценні свае, спадзяванні у магілу з сабой не забраў. Нехта іх у сталіцу паслаў. Неўзабаве ў прыгожым выданні яго шчырага сэрца прызнанні цэлы свет з заміраннем чытаў. Свет адмовіў паэту ў каханні, а самога ўсё роўна прызнаў”.
Перада мной ляжыць кніга “Незабыўныя галасы”, выдадзеная ў “Мастацкай літаратуры” (серыя “Беларуская паэзія XX ст”.) у 2008 годзе, дзе творчасць Васіля Гадулькі прадстаўлена пад адной вокладкай з такой знакавай і харызматычнай постаццю, як Анатоль Сыс. І абодва, можна сказаць, ужо класікі айчыннай літаратуры. Толькі шляхі ў літаратуру былі ў паэтаў кардынальна розныя. Сыс пры жыцці рабіў усё магчымае, каб яго пачулі. Гадулька ж амаль нічога не рабіў для таго. Атрымаўшы некалькі разоў адмовы ў сталічных выданнях, відаць, з гэтым змірыўся.
Аднак паэтычную творчасць не пакідаў. Дый яна сама яго не адпускала са сваіх гарачых абдоймаў, пастаянна жывячыся болем і стратамі. Трагічны скон роднага брата, доўгая пакутлівая перадсмяротная хвароба маці, затым амаль поўная адзінота і забыццё. А гэта не сталіца, дзе можна некуды гэтую адзіноту збыць, неяк знайсці сябе. Гэта, спадары, вёска. Гэта поўная духоўная ізаляцыя.
Сэрца заліваецца крывёй, унікаючы ў Гадулькавы вершы. Іх цяжка чытаць. У іх – суровая праўда быцця. Але гэтым яны і магутныя. (“Прагнуў я з праўдай жыцця пазнаёміцца, выкрыць ягоны падман, дык перад Богам чаго мне саромецца сэрцу нанесеных ран?”)
Васілю Гадульку няма чаго саромецца перад Усявышнім – ён спраўдзіў сваё прызначэнне. Яго служэнне паэзіі ва ўмовах татальнага чалавечага непрызнання – беспрэцэдэнтны, думаю, выпадак у беларускай паэзіі, літаратуры. Чытаючы вершы, здзіўляешся, акрамя ўсяго, яшчэ і высокай прафесійнасці, з якою яны напісаны. Нібы ведаў паэт, што яны ўжо ніколі не будуць перарабляцца ў рэдакцыях, правіцца... бо будуць выходзіць без яго зямнога ўдзелу ў іхнім выданні. Увогуле, відавочна, што Гадулька ў многім прадбачыў свой лёс, успрымаў яго як крыж, які трэба ціхмяна і мужна несці. Успрымаў як прызначэнне.
Яго кніга “Голас” і спадарожныя ёй артыкулы ў выданнях холдынга “ЛіМ”, мяркую, зрабілі знакавую крок у беларускай літаратуры: класікам упершыню становіцца чалавек, пры жыцці зусім непрызнаны, не кажучы ўжо пра тое, што без уплывовай літаратурнай пасады, званняў і ганаровых прэмій.
Васіль Гадулька ўжо ўхутаны непазбежнай вопраткай міфаў. Паэты ніколі не ўваходзяць у аналы літаратуры без іх. Міф пра паэта – рэч не менш важная, чым яго творы. Паэты ідуць у звязку са сваім лёсам. Але ж не кожнымі творамі здольныя так захапіцца чужыя, не знаёмыя яму людзі, каб ствараць пра яго легенды, каб дбаць пра выданне пасмяротных кніг, каб збіраць сродкі на помнік, што стаіць цяпер у Гадулькавай вёсцы.
Лёс, такі скупы і бязлітасны да паэта пры жыцці, аддае даніну па смерці. Але ж чалавека немагчыма разглядаць у рамках аднаго зямнога існавання. І таму думаецца, што бессмяротная душа Васіля цяпер шчаслівая. Нягледзячы нават на тое, што ў яго вясковай хаце, што стаіць пры шашы, ужо размясціўся шынок. І вялікая дарога, і шынок падаюцца мне сімвалічнымі. Кесару – Кесарава, Богу – Богава. А вялікая Гадулькава дарога – мяркую, дарога ў самую Вечнасць.
Памятаю, як далі мне пачытаць на тыдзень кнігу Васіля Гадулькі “Голас” (адразу па яе выхадзе) і кнігу аднаго паэта, што выйшла ў “Мастацкай літаратуры”. Калі ж праз тыдзень спыталі ўражанні, я сказаў даслоўна такую фразу: “Адзін з іх Паэт, а другі толькі хоча ім быць”. Бо хацець быць паэтам – толькі амбіцыя, а быць ім – наканаванне і цяжкая ноша. Як сказаў адзін з кагорты вялікіх, ён (паэт) “купляе неба гукі, ён дарма славы не бярэ” (М. Лермантаў). Купляе, відаць, пакутамі.



Запаветная мара рэдактараў

Неяк у сёлетнім “ЛіМе” чытаў узятую ў форму зацемак споведзь Алега Ждана наконт яго цяжкіх, падчас пакутлівых, але заўсёды справядлівых узаемінаў з аўтарамі. (Алег Ждан рэдактар часопіса “Нёман”, для таго, хто не ведае.)
Аўтары ў зацемках шаноўнага ўзросту рэдактара, які сам паралельна празаік, выстаўляюцца пераважна гэтакімі надакучлівымі недарэкамі, якія дастаюць мудрага чалавека сваімі няўклюднымі творамі, сваёй нетактоўнасцю.
Я, канешне, выдатна разумею нервовую спецыфіку працы рэдактараў падобных выданняў. Міжволі, калі цябе тузаюць і на цябе ціснуць з усіх бакоў, узлуешся на ўвесь белы свет. Злавацца на начальства ў адкрытую не выпадае. І таму рэдактар пазлаваўся на аўтараў.
Нічога, як кажуць, асабістага не маю наконт Алега Ждана. Тое, што чытаў з яго творчасці, мае адценне неардынарнасці. Але так у нас павялося, што як толькі большасць выдатных творцаў апранаюць рэдактарскія пінжакі, то тут жа становяцца па другі бок барыкадаў і ўспрымаюць аўтараў збольшага так, што тыя квапяцца на іх маёмасць, ні болей ні меней. Прычым ухутваюць свае абразлівыя сентэнцыі да аўтараў у міфы клопату пра нацыянальную літаратуру, пра дбанне за мастацкасць увогуле. Прызнаю, што такое бывае, сам сутыкаўся з бескарыслівай дапамогай. І верагодна – так робіць Алег Ждан з некаторымі шчаслівымі аўтарамі. І ўсё ж яго выказванне, што ён, як і ўсе рэдактары, марыць пра тое, каб атрымаць такі рукапіс ад невядомага генія, ад якога ўсе ў рэдакцыі анямеюць і ледзьве не памчацца здымаць з планаў масцітых творцаў, каб даць дарогу шэдэўру. Прычым даць – найхутчэй. Пра гэта, паводле сп. Ждана, усе рэдактарскія запаветныя мары.
Мабыць, нехта пасмяяўся з таго, пра што я напісаў. Але паспрабуйце адшукаць тыя зацемкі (нумар не памятаю) і вы пасмеяцеся яшчэ больш. Зрэшты, магчыма, аўтар, дастаткова таленавіты майстар пяра, якраз ставіў сабе за мэту пазабаўляць чытачоў.
І ўсё ж, не хочацца верыць, што такі адукаваны і разумны чалавек пісаў свае зацемкі ад шчырай душы. Спадзяюся, тое была проста таленавітая правакацыя.



Зайздрасць як рухавік
(“ЛіМ” 10.09.10)

У літаратурным асяроддзі – у тэлефонных размовах, курыльнях, на старонках пісьменніцкіх ЖЖ – толькі і чуецца апошнім часам абвінавачванні адно аднаго ў зайздрасці, славалюбстве ды іншых біблейскіх грахах. Прычым абвінавачванні гэтыя ўзнікаюць тады, калі спрачальнікі вычэрпваюць усе разумовыя рэсурсы, інтэлектуальны запас. А тады, нібы задзірыстыя хлапчукі, не ў змозе перамагчы словам – адвешваюць адно аднаму аплявухі ў выглядзе цэтлікаў “зайздроснік” і “славалюбец”.
Таму варта крыху патлумачыць наступнае. Як сказаў адзін паважаны свяшчэннік, літаральна ўсе людзі страшэнныя грэшнікі, а таму самае прыдатнае для іх месца – у пекле, і толькі вялікай літасцю Божай мы трымаемся на зямлі. Цяжка не пагадзіцца з гэтай высновай, асабліва калі кожны непрадузята і сумленна пакорпаецца ў нетры сваёй душы... Але вось у чым закавыка. Літаратура – не манастыр, дзе асноўнай задачай кожнага ёсць духоўнае ўзвышэнне і падрыхтоўка да вечнасці. Літаратура вырашае крыху іншыя справы. І найпершая – гэта стварэнне высокамастацкіх твораў, а яшчэ – пошукі і ўвядзенне ў гісторыю нацыянальнай літаратуры самага вартага і каштоўнага. Пошукі гэтыя, чаго там таіць, вядуцца сярод проста-такі завалаў пасрэднасці, шараговасці, немастацкасці, ваяўнічага глупства і махровай графаманіі.
Адшукаўшы мастацкае і вылучыўшы (а гэта задача найперш крытыкаў і літаратуразнаўцаў), мы самім ужо гэтым фактам робім богаўгодную справу. А прасоўваючы ў літаратуру пад рознымі маркамі ардынарнасць і графаманскія творы – адпаведна спрыяем богапраціўнаму. Такім чынам, ад літаратара і крытыка не патрабуецца нерэальнага – быць чалавекам святым і бязгрэшным, а патрабуецца пасільнага – быць хаця б сумленным і адказным за сваю працу. А таксама – не займацца тым, што табе прыродай не дадзена, інакш наробіш благога сабе і людзям. Таму малаадоранаму літаратару найлепш зусім не пісаць. А крытыку з поўнай адсутнасцю мастацкага слыху і густу – найлепей самавыяўляцца ў якой іншай, далёкай ад літаратуры сферы. І гэта я кажу на поўным сур’ёзе. Бо нічога няма страшнейшага, чым злачынства духоўнае: калі прыніжаюць і замоўчваюць творцаў, пацалаваных самім Тварцом, а ўзвышаюць бяздарнасць; калі пішуць не па-мастацку і дзякуючы прабіўным якасцям і сацыяльнай актыўнасці ўзводзяць свае творы ледзьве не ў класіку.
Вось што ад нас, шаноўныя, патрабуецца. Нічога надзвычайнага і большага, чым простая добрасумленнасць. Абвінавачванні ж літаратараў у зайздрослівасці да поспехаў калегаў і славалюбстве выглядаюць па меншай меры недарэчнымі. Тым больш што абвінавачванні гэтыя кідаюць, як правіла, самыя што ні ёсць зайздроснікі і славалюбцы, не здольныя заўважыць бервяно ва ўласным воку. Паўтараю, сярод літаратараў святых няма, дый задач святасці тут не стаіць. Зайздрасць і славалюбства, калі падысці да гэтага па-філасофску, – магутныя і неабходныя рухавікі творчасці. Вядома ж, разам з іншымі рухавікамі, якія мы не станем тут разглядаць. Прачытаўшы выдатную старонку калегі, творца міжволі запальваецца і заражаецца імпэтам напісаць прынамсі не горш. Пасля пачутай пахвалы ў бок калегі з глыбінь душы творцы паўстае жаданне, каб і яго некалі заслужана пахвалілі. І гэты ўнутраны пасыл залежаць не ад нас, грэшных, ён закладзены ў нашу прыроду ад нараджэння. Можна, канешне, змагацца з сабой і пачаць духоўна расці. Але тады варта сыходзіць з літаратуры ў манастыр, скіт ці пустэльню. А найлепей – змірыцца з тым, што там, дзе ёсць свецкае жыццё, неабходна прысутнічаюць і славалюсбтва і зайздрасць.
Таму прапаноўваю літаратарам перастаць вешаць на калегаў недарэчныя цэтлікі, а пачаць сумленна выконваць сваё зямное наканаванне. Каму дадзена – ствараць мастацкія творы; каму дадзена – іх справядліва аналізаваць. І пажадаем у гэтым сабе паспяховасці.



Чытач рухаецца за канфліктам

Часта любяць у нас падмяняць мастацкасць прозы важкасцю тэмы. Хаваюць адсутнасць калізій, фантазіі, драматычных дыялогаў і жывых характараў за кідкай і псеўдазначнай знешняй абалонкай. А то і спекулююць на вечна балючым нацыянальным пытанні. Нярэдка гэта гістарычная тэматыка. Памятаю, як раздзьмухвалі ў свой час, а некаторыя і па цяпер не сунімуцца, раманы “Пляц Волі” і “Кліч роднага звону”. Чытаеш і задумваешся: ці мастацкія творы пісалі гэтыя аўтары, або спрабавалі вырашаць свае пытанні ў дакументальным ключы, шчодра напаўняючы старонкі публіцыстыкай. Другая крайнасць – гэта калі ператвараюць гістарычныя раманы ў фэнтэзі з дзідамі і ваярамі, дзе за старабеларускім каларытам зноў жа не відаць жывых характараў. У свой час я не ўбачыў амаль нічога жывога ў рамане Караткевіча пра прыгоды бадзягі, які выдаў сябе за прарока і весела паглуміўся над жыхарамі. І наадварот, у дэтэктыўных творах Караткевіча – усё жыва, весела і праўдзіва.
Тое, што ў нас аб’ёмныя творы, надрукаваныя ў часопісах, самі па сабе робяцца нібыта значнымі і рэдка калі ўсур’ёз крытыкуюцца ў паважаных выданнях, то ствараецца няправільная арыентацыя чытача, які, дарэчы, не такі дурань і бачыць, што творы, якія яму прапаноўваюцца, чытаць нецікава. У той жа час ён можа пабачыць спрытную разгорнутую рэцэнзію ўслед такому нечытэльнаму твору, дзе адзначаецца яго “важкасць” і значнасць”, пераважна зноў жа – важкасць і значнасць тэмы, а не яе ўвасабленне ў мастацкіх вобразах. З аналізам мастацкасці ў нас увогуле тугавата.
А між тым для стварэння мастацкага твора не трэба далёка хадзіць і ламаць галаву над сюжэтам. Дастаткова азірнуцца наўкол сябе, зазірнуць унутр сябе ці паглядзець тэлевізар, напрыклад крымінальную хроніку. Бо нітаваць сюжэт прозы, асабліва аб’ёмнай, дзе чытач рызыкуе заснуць, павінен менавіта драматургічны пачатак.
Апавяданне Юры Станкевіча “Яйка зязюлі павінна быць выседжана” з кнігі “Мільярд удараў”, дзе аўдавелая жанчына ваюе са сваім бесталковым сынам і яго разбітной сяброўкай – прыклад мастацкага твора, зробленага амаль з нічога. Але ў гэтым і майстэрства мастака. Маладыя апанавалі кватэру і ўсталёўваюць у ёй свой парадак, дакладней – вэрхал. Такіх сітуацый навалам у кожнай другой сям’і. Нічога надзвычайнага. Але многія празаікі не здольныя ўразумець корань канфлікту, і таму іх творы атрымліваюцца невыразнымі, вялымі, запоўненымі другасным, якое захінае асноўнае – канфлікт паміж героямі, ці ўнутраны канфлікт героя. Менавіта канфлікт вядзе чытача па творы, прымушае яго перагортваць старонку за старонкай, у спадзяванні развязаць чарговы вузельчык гэтага канфлікту. Апісанні ж прыроды і розныя прыгоствы, здаецца, павінны выступаць у ролі разгрузачных канструкцый ці, наадварот, узмацняць драму твора, калі ўжываюцца змрочныя карціны прыроды.
Вялізныя па аб’ёмах шэдэўры “Вайна і мір”, “Ціхі дон” характэрныя, да слова, тым, што там выкарыстоўваецца прыём кароткіх раздзелаў, якія самі па сабе дынамічныя, без “вады”, а пераход з раздзела ў раздзел – гэта, як правіла, пераход у іншую прастору герояў і краявідаў. У Булгакава ў “Майстры і Маргарыце” такія пераходы – гэта зазвычай пераходы ў прынцыпова іншую рэальнасць.
У завяршэнне. Не варта ў прозе цягнуць ката за хвост. І аб’ёмнае – не абавязкова павінна быць нудным, хутчэй наадварот – для таго, каб мець шанец быць прачытаным у цяперашняй перанасычанай інфармацыяй рэчаіснасці.


Мы будзем
(да творчага партрэта Валярыны Куставай)

Паэзія - неспакой,
што шэпчаш нябёсам употай.
Паэт - гэта той,
каго зразумеюць потым.

Недзе з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя пачала мяняцца і на сённяшні дзень канчаткова зыначылася прастора беларускага слова. А дакладней – фундаментальныя прынцыпы фарміравання гэтай прасторы. Не кажу зараз пра прыток новых жанраў – гэта само сабой. Найбольш вызначальным уяўляецца мне тое, што цяпер не чытач ідзе ў кнігарні і часопісы на сустрэчу з пісьменнікамі, а самі пісьменнікі рушаць да свайго чытача. Пісьменнік, калі так можна сказаць, адарваўся ад пісьмовага стала і на парадак павялічыў сваю сацыяльную актыўнасць. Ён пайшоў у залы, аўдыторыі, у інтэрнэт, на плошчы і нават вуліцы. Найбольш прыдатная і ёмкая форма такога дачынення з чытачамі – паэзія.
Адным з найярчэйшых прадстаўнікоў гэтай новай генерацыі творцаў сталася Валерыя Кустава, пра яе і хочацца сказаць колькі слоў.
Творцы такога кшталту – звышактыўныя і звыэмацыйныя – не могуць не выклікаць неадназначнага стаўлення да сябе. Часта даводзілася чуць у інтэрнэт- запісах такое, што Куставай, маўляў, занадта многа, што не варта удаваць з сябе вундэркінда і г.д. Раздражненне, мяркую, грунтуецца на тым, што Валерыя нязвыкла рана праявіла ў сабе паэтычны дар і заявіла пра свае амбіцыі. Да таго ж у паэтэсы ёсць відавочныя акцёрскія здольнасці, што бачна па яе выступленнях, а таксама яшчэ і музычныя. Прычым усё гэта чалавек не тоіць у сабе, а напорыста і задзірыста выяўляе перад самымі рознымі аўдыторыямі.
Шматгранныя здольнасці, праяўленыя ў пяшчотным узросце, не могуць не аказваць уплыў на фарміраванне асобы, асабліва жаночай. Чалавек робіцца, як мінімум, “не такі”, як усе, з усімі наступствамі, што адсюль вынікаюць. Тонкая душэўная арганізацыя, каб не зламацца, неадменна патрабуе для сябе брані ў выглядзе рэзкасці, пэўнай жорсткасці, смеласці. Валерыя Кустава ўсё гэта мае, і пастаяць за сябе здольная. Што прыкметна дысануе з яе фактурна-мяккай знешнасцю, лагодным голасам і напоўненымі пяшчотным лірызмам вершамі.

А мне сьняцца сны адны:
як з нябёс ляцяць званы
й разьбіваюцца яны,
як гліняныя збаны…

Зрэшты, Кустава бывае ў сваіх вершах усялякая – у гэтым мне бачыцца яе адметнасць. Шырыня тэм, незвычайнасць вобразаў, то знарочыстая эпатажнасць, эксцэнтрычнасць, то – крайняя шчырасць, балеснасць.

Мы сыдзем і вернемся зноўку.
Мы сыдзем і вернемся – вер мне.
Ня возьмем ні нож, ні вяроўку –
адверне!..

Мы сыдзем і вернемся ў травах...
Лугамі,
што сонцамі мрояць...
Анёлы нам крыкнуць “Брава!”
І ўзброяць.

Але ў цэлым вершы Валерыі аптымістычныя – гэта таксама вартасць для беларускай паэзіі, бо з класікаў я ведаю толькі аднаго па сваёй сутнасці аптымістычнага паэта – Рыгора Барадуліна. Сярод паэтаў новай генерацыі такіх больш, але часцяком іхні аптымізм, на жаль, не падмацаваны ні талентам, ні колькі-небудзь адэкватным успрыманнем рэчаіснасці. У Куставай жа, за ўсім вонкавым антуражам, эпатажам, слоўнымі карункамі, якія яна любіць вязаць, мне бачыцца сапраўднае: непадробныя пачуцці, унутраны стрыжань.

Мы сыдзем.
Мы будзем. Мы будзем.
Пакуль што мы проста людзі.
А потым — пустэльны дым.
Жывыя мы нават тым.

Мы сыдзем.
Мы будзем. Мы будзем.
Мы вернемся.
Вер мне ты,
вер мне.
Мы згубімся.
Час нас ня згубіць –
верне.

Увогуле, безліч разоў пераконваўся, што чалавек, здольны спачуваць іншаму, перажываць за чужое жыццё, як за сваё, не можа быць слабым паэтам, калі ён паэт. Многія, напэўна, чыталі эсэ Куставай “У абліччы адчаю”, пазначанае як “штрыхі да творчага партрэта Анатоля Сыса”. А прачытаўшы, мабыць, зразумеюць пра што я кажу.
Адна з асаблівасцяў фарміравання Валерыі Куставай як творчай асобы ў тым, што яна з дзяцінства сутыкалася з выбітнымі беларускімі творцамі рознага кшталту (не толькі пісьменнікамі), і яны моцна на яе паўплывалі. Аднак не перарабілі на свой капыл – што вельмі важна... Валерыя захавала і ўдасканаліла свой прыродны голас.

Аддадзеныя трывогам,
паэты ня сьпяць
па начох:
шукаюць жывога Бога
і руны
на ўласных плячох.

Асабіста я талент пазнаю па энергетыцы, якая праменіцца не толькі ад радкоў паэта, а і ад усёй ягонай асобы. Паэт з моцнай энергіяй заўсёды арыгінальны таму, што гэты ўнутраны агонь ніколі не дасць яму “залезці” ў рамкі чужога мыслення, чужой формы і творчай манеры. Таленту заўсёды цесна ў звыклых рытмах і строях. Мала таго, бяруся сцвярджаць, што сапраўдны талент у пэўнай ступені – няправільны, да вершаў Куставай, калі падыходзіць строга і фармальна, можна прад’яўляць прэтэнзіі ў плане тэхнічным. Аднак паэзія – не матэматыка, а вершы – не крыжаванкі. Яны – люстэркі душы, часам, дарэчы, крывыя і не вельмі праўдзівыя. Але толькі ў гэтым іх сапраўдная вартасць.

Калі ты сам-насам з сабой,
хвіліна здаецца бясконцай.
І цень разамлелага сонца
павольней плыве над ракой.

Я не знаёмы з Валерыяй Куставай асабіста і нават не з’яўляюся яе суразмоўцам па ЖЖ-дзённіках. Таму ў нейкіх ацэнках магу памыляцца. Зрэшты, блізкае знаёмства часам зацямняе сутнасць паэта, ухутвае вопраткамі суб’ектыўнага, прадузятага. Ацэньваць усё ж лягчэй на адлегласці.
У мяне могуць спытаць: навошта ты пішаш пра паэтэсу, у якой і так усё добра: кнігі, увага чытачоў і слухачоў, паездкі ў замежжа, маладосць і вясёлкавыя перспектывы. Напісаў бы лепш пра каго невядомага... Можа, з аднаго боку і так. А з другога боку, я перакананы, што ў таленавітага чалавека ніколі не бывае “ўсё добра”, бо сам талент ёсць прычынай штодзённай трывогі і дыскамфорту, пазбавіцца ад якога можна адно несупынным і напружаным самавыяўленнем. Талент заўсёды ходзіць на нейкім памежжы, балансуе на тонкай струне, на якой пахіснуцца не надта складана. Таму пра паэтаў трэба пісаць.

Калі сумна, дружа,
усьміхніся небу.
Мы жыцьцё адужым.
Жыць заўсёды трэба.
Жыць заўсёды варта.
А ў нябёсах варта
не пускае вышай
ад нябёсных вышаў.
А жыцьцё ўсё ж болей,
болей за каханьне.
А Радзіма далей,
далей за выгнаньне...
Таму і ў Варшаве,
таму і ў Бэрліне
мы с табой растанем
сьветла ва ўспаміне.

Усьміхніся, дружа.
Нам яшчэ сустрэцца
ў тысячы спатканьняў.
Нам яшчэ сагрэцца
ды ў мільёны раньняў.
Дый у сотні сэрцаў
нам з табою біцца...



Гульня, роўная рэчаіснасці

Кароткая аповесць Валерыя Гапеева “Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці” выглядае найбольш грунтоўным і па-мастацку зробленым творам пісьменніка – з тых, што я на дадзены момант уважліва прачытаў. Не скажу, што з’яўляюся спецыялістам і абазнанцам у творчасці сп. Гапеева, але трохі пісаў у “Полымі” пра яго першую аповесць “Пастка на рыцара”, даволі грунтоўна, але без прэтэнзій на аб’ектыўнасць – пра “Першы боль, або Доказ закона прыгажосці” (http://iuzhyk.livejournal.com/73873.html ), чытаў і “Ведзьміну тоню”, першая частка якой здалася не па-сучаснаму расцягнутай.
Трэба зазначыць, што ў дадзены момант Валерый Гапееў распрацоўвае тую дзялянку беларускай літаратуры, дзе, па вялікім рахунку, нікога, апроч яго самога, няма. І канкурэнтаў яму, адпаведна, – няма. У расейскай і замежнай літаратурах пісьменнікаў такога напрамку, без сумневу, хапае. Але беларуская літаратура тым і вызначаецца сярод сусветных літаратур, што заўжды адстае ад усяго цывілізаванага свету на добрыя чвэрць стагоддзя. Калі там жнуць, умоўна кажучы, у нас толькі запрагаюцца сеяць. Так што пісьменнік Гапееў ёсць выключэннем з нашага агульнага заганнага правіла – ён імкнецца ісці ў нагу з часам, трымаць руку на яго пульсе. Прычым атрымліваецца ў Гапеева гэта досыць арганічна, неяк само сабой і вынікае з асаблівасцяў яго характару, творчага і чалавечага тэмпераменту, нераўнадушнасці і цікавасці да ўсяго, што дзеецца ў дынамічна зменлівым свеце.
Пісьменнік ведае жыццё сучасных падлеткаў не па кнігах класікаў 60-х гадоў мінулага тысячагоддзя, а з непасрэдных актыўных дачыненняў з імі. Бацька дваіх дзяцей, ён не абмяжоўваецца досведам псіхалогіі ўласных нашчадкаў, а нязменна дачыняецца з падлеткамі і юнацтвам на інтэрнэт-форумах самага рознага накірунку, вывучае іх псіхалогію. Вось з гэтага ўніклівага вывучэння і вырастаюць яго аповесці пра сучасную моладзь, якая заклікана прыродай працягваць тое, што мы не даробім.
Аповесць “Лёшкава каханне”, паўтаруся, зроблена больш па-мастацку, чым вышэй пералічаныя аповесці Валерыя Гапеева, у ёй менш (амаль няма) такіх месцаў, дзе хочацца крыкнуць “Не веру! Ну не бывае такога!”. Тут усё “мускуліста”, без “вады”, псіхалагічна даволі выверана, прадугледжана нават тое, што пэўнае кола патэнцыйных чытачоў будзе не знаёмае са спецыфічнымі інтэрнэт-тэрмінамі, таму у пачатку пададзены тэрміналагічны слоўнік сучаснага юзара (карыстальніка Сеціва). Праўда, у слоўніку гэтым прысутнічае, калі быць строгім, адна памылка: Гапееў тлумачыць, што такое “аватар”, выкарыстоўваючы паняцце “юзар”, а самога “юзара” расшыфроўвае на наступнай старонцы.
Але пяройдзем да фабулы і галоўнай ідэі твора, які пачынаецца з нервовай размовы маці з сынам Лёшам, які (знаёмы тыпаж) усю вольную часіну, дзень пры дні, бавіць за капмутарам. Маці, натуральна, занепакоена гэтай татальнай залежнасцю, якая аўтаматычна вядзе да адрыву ад рэальнасці і як вынік – да пагаршэння фізічнага і псіхічнага здароўя сына. На што той знервавана (ужо сімптом) адказвае:
“– А як мне з вамі размаўляць? – напорыста загаварыў Лёшка. – Ну, скажы – як? Я сяджу дома, у цябе перад вачыма, я не лажу ў Інтэрнэце ў пошуках парнаграфіі, ніколі не хаваю ад бацькі і ад цябе манітора (…) Я працую! Я зарабляю грошы, якіх нам вечна не хапае. Дык чаго ж ты не даеш мне спакойна гэта рабіць?! – закончыў ён ужо з ноткамі істэрычнасці.”
Далей сп. Гапееў раскрывае і прычыну, па якой малады істэрык зашыўся ў кампутар ад рэчаіснасці. Бо ў яго сур’ёзныя праблемы ў дачыненнях з процілеглым полам, якія, псіхолагі ведаюць, ёсць прычынай ільвінай долі неўрозаў. Не скажу, што пісьменнік пераканаў меня ў тым, што адно-адзінае няўдалае колішняе заляцанне да дзяўчынкі цалкам адпрэчыла Лёшку ад слабага полу. Для гэтага трэба не адна – а дзесяткі няўдалых спробаў, шматгадовы прыклад нездаровых зносінаў бацькі і маці ды яшчэ многае. Аднаго высмейвання дзяўчынкай яго “потных шкарпэтак” замала будзе. Але дынаміка аповесці не дазваляла, відаць, пісьменніку рассмакаваць выспяванне комплексу жанчынаненавісніцтва ў яго героя. Заўважу, што гэта, бадай, адзіная псіхалагічная хіба аповесці.
Далей усё выглядае надзвычай праўдзіва і рэчаісна.
На паверку наш жанчынаненавіснік, аказалася, гэтак жа прагне кахання і ўвагі з боку дзяўчат, як і ўсе нармальныя хлопцы. Гапееў “праверыў” гэта праз яго сябра Юрыса, які – не то з жадання разыграць, не то з намеру разварушыць – зарэгістраваўся на форуме, дзе Лёшка заўсёднік, пад нікам “Ксенка” і пачаў праяўляць увагу да Тайлера (Лёшкі). І вось тут з нашым героем адбылося неверагоднае – ён стаў жыць не кампутарнымі, а чалавечымі эмоцыямі, інтарэсамі. Ён на сваю бяду, і на бяду беднага Юрыса, закахаўся ў віртуальны, няісны вобраз, падмацаваны хіба што адным фальшывым фотаздымкам. Вось, аказваецца, як проста ачмураюцца людзі.

“А Лёшку і сапраўды пачувалася добра. Лёгкім, прыемным і простым здавалася ўсё вакол. Як, аказваецца, важна мець нейкі клопат аб некім”.

“Гэта толькі здаецца, што віртуальныя зносіны простыя і бяскрыўдныя. Маўляў, выключыў старонку – і ўсё прапала. Ага! Якая розніца, дзе адрэагавалі на твае словы і хто адрэагаваў? Галоўнае ж для цябе зусім іншае – як адрэагавалі. І ніколькі не ратуе тое, што цябе ніхто не ведае”, – папярэджвае нас пісьменнік.
І нездарма. Бо так ужо заведзена самой Прыродай спакон веку, што людзі знаёміліся, размаўлялі, сябравалі і ўлюбляліся праз наўпростыя дачыненні. Бо чалавек – гэта не аватар і нік у Сеціве, не тое, што ён піша, схаваны за маскай (ці некалькімі маскамі). Чалавек – гэта калі бачыш яго ўсяго, цела, вочы, учынкі. А вось да гэтага можна ўжо прыплюсоўваць і эпісталярны жанр, то бок перапіску праз лісты – папяровыя ці віртуальныя – не важна па сутнасці.
Што цікава: з Лёшкам гаварыла проста нейчая душа, прычым даволі прымітыўна ў артыстычным плане (не прафесійны ж акцёр той Юрыс) – і хлопец усё адно “павёўся” і “лахануўся”.
Адразу ж паўстае пытанне, наколькі рэальная сама рэчаіснасць. Бо калі нехта, схацеўшы нас разыграць (развесці), у самым сапраўдным чалавечым абліччы праробіць тое ж самае – напляце лухты, падсадзіць на каханне да сябе, потым выцягне грошы, выцісне як анучку, спустошыць маральна – і выкіне як непатрэбшчыну. Ды, сябры, роўна пра гэтыя канфлікты і драмы – уся сусветная літаратура класічная. Або нам прадстаўляюцца не тымі, кім яны ёсць, або мы, на сваю бяду, ствараем ў сваёй свядомасці памылковыя ідэалы.
Дуалізм сусвету, роўнасць ідэальнага і рэальнага выразна прасочваецца і ўскосна даказваецца ў аповесці “Лёшкава каханне”. Закахаўшыся ў фантом, хлопец затым прыйшоў у такі стан афекту, быццам яго адпрэчыла жонка, з якой пражыў дзесяць шчаслівых гадоў, збегшы ад яго з новым хахалем.
Што хацеў нам сказаць аўтар аповесці? Думаецца, як галоўнае тое, што кампутарныя гульні і розыгрышы да дабра не вядуць, бо за нікамі і аватарамі, як ні круці, – жывыя людзі з закладзенай у іх прыроднай праграмай быць зразуметымі, патрэбнымі і каханымі.
Заканчэнне аповесці адкрытае, і гэта таксама ўзмацняе ўражанне – не ставіць канчатковую кропку, дае магчымасць прайграць варыянты, пафантазіраваць, “выратаваць” ці “забіць” у сваёй свядомасці беднага Лёшу.
“Юрыс падхапіўся з канапы, набраў Лёшку. У адказ пачулася механічнае: “Апарат абанента выключаны альбо знаходзіцца не ў зоне дзеяння сеткі”. Юрыс кінуўся ў пярэднюю, насунуў красоўкі на ногі, схапіў куртку, кінуў на ўстрывожаны позірк маці: “Я хутка”, – і вылецеў з кыатэры. Ён імчаў уніз з той хуткасцю, быццам дакладна ведаў, куды бегчы і што рабіць. І толькі калі выскачыў з пад’езда ў пацямнелы двор, раптоўна спыніўся ў адчаі, разгублены, бездапаможны: куды, у які бок?!
Дзе цябе шукаць, Лёшка?”

На гэтым бы і скончыць, але кніга, магчыма, будзе перавыдавацца яшчэ не адзін раз (хто з нас ведае будучыню?), таму не магу не ўказаць на чыста тэхнічныя і стылістычныя хібы мовы, у цэлым добрай. Гэта заўвага і рэдактарам і выдаўцам, заклік быць уважлівейшымі, асабліва тады, калі творы прызначаюцца для моладзі, якая па іх жа і будзе родную мову вучыць.

“і пахнуць далёка не прыемна” – “не зусім прыемна”
“двухсэнсоўных поглядаў” – “позіркаў”
“цягнуць куды вечарам бадзяцца” – “некуды”
“пайшоў ты к чорту”(русізм) – “ідзі ты да ліха”
“Інет” – у той жа час побач “Інтернэт”
“прыняўся за работу” – “працу”
“прачытаў чытач” (масла маслянае)
“таўхануў” – “штурхнуў”
“асіліў” – “адужаў”
“ці актуальна яго заяўка” – “ці актуальная”
“дзяўчынкі” – “дзяўчаткі”
“з якога ляку” – “з якого ляду”
“мышленне” – “мысленне”

Акрамя таго, каб быць канчаткова рэалістычнымі – нікі на форумах вельмі часта пішуцца лацініцай, чаго ў творы няма. Таксама зусім не абавязкова пісаць “Ворд”, калі ўсім прывычней будзе ангельскі адпаведнік.
Зрэшты, усё гэта дробязі. Але з павышанай увагі да дробязяў і складаюцца Творы.


Літаратура для абыякавых
(тыднёвік “ЛіМ” ад 12.03.10)

Часам складваецца ўражанне, што беларускія пісьменнікі і рэдактары тоўстых часопісаў пасылаюць літаратурныя мастацкія творы ў космас, у гэткаю беспаветраную прастору, вакуум, адкуль не вяртаецца ніводнай жывой рэакцыі.
А інакш як растлумачыць, што большасць літаратурных твораў, надрукаваўшыся, застаюцца абсалютна не заўважанымі крытыкамі? Рэдкім жа шчаслівым творам, на якія з’яўляюцца грунтоўныя рэцэнзіі, зусім не гарантавана тое, што яны будуць прачытаны літаратурнай грамадскасцю. Бо тыражы нашых тоўстых часопісаў далёка не адпавядаюць рэальнай колькасці зацікаўленых чытачоў. Не сакрэт, што індывідуальных падпісчыкаў, тых, хто самохаць выпісвае літаратурную перыёдыку, на парадак менш ад велічыні тыражоў.
Ну хай яшчэ сёй-той купляе літаратурныя часопісы і газеты ў кіёсках. Аднак пераважная большасць тыражу паступае ў бібліятэкі, якія, згодна з дзяржаўнай палітыкай, падпісваюць беларускую літаратурную перыёдыку. Гэта пахвальна. Вось толькі пракантраляваць, ці існуе да яе жывы інтарэс сярод бібліятэчных наведвальнікаў – справа вельмі складаная. Працяглыя мае назіранні, роспыты тых людзей, хто рэгулярна наведвае бібліятэкі, несуцяшальныя. Яны наводзяць на думку, што большасць сучаснай беларускай літаратуры, той, якая яшчэ не стала класічнай і не ўвайшла ў школьныя праграмы, застаецца абыдзенай сучаснікамі.
Памятаю, як гадоў дванаццаць таму, калі зацікавіўся беларускай літаратурай, я браў у нашай раённай мінскай бібліятэцы кнігі ўсіх аўтараў, якія былі тады ў мяне на слыху, так бы мовіць, раскручаных... І ў бальшыні выпадкаў рабіўся першым чытачом іхніх кніг, якія пралежалі на бібліятэчных паліцах 5–10 гадоў. Кнігі былі гожа выдадзены яшчэ за савецкім часам, зайздросная паліграфія. Вось толькі некаторыя іхнія старонкі былі ўсё яшчэ прыклеены адна да адной па краях друкарскім клеем. Сумна, згадзіцеся, спадары. Гэта колькі ж дзяржаўных сродкаў пайшло намарна...
Можна, канешне, абвінавачваць некаторых бібліятэкараў за абыякавасць, што не праводзяць яны адпаведную працу сярод чытачоў, не накіроўваюць і г.д. І можна, напэўна, адначасова прывесці прыклады бібліятэчных дзеячаў, якія рупяцца за нацыянальную культуру і ў якіх чытачы загружаны кнігамі сучасных беларускіх аўтараў пад завязку. Аднак не баюся памыліцца, сцвярджаючы, што такіх узорных рупліўцаў адзінкі. Бо прычыну трэба шукаць не ў чытачах, не бібліятэкарах,  а ў пісьменніках і рэдактарах.
Калі б кожны наш пісьменнік шчыра сябе спытаў, чым ён можа быць цікавы чытачу і за што яго любіць крытыкам, то, сумленна разважыўшы, большасць майстроў пяра ўбачылі б тое, што любіць іх, чытаць іх ні чытачам, ні крытыкам няма аніякіх падстаў. Таму што сучасная беларуская літаратура амаль не перадае подых сучаснасці, з нейкіх дзівосных і не зразумелых мне прычын абыходзіць злабадзённыя праблемы і тэмы, якімі жыве і дыхае цывілізаваны свет. Мы з вартай іншага ўжытку энергіяй працягваем пісаць і друкаваць творы пра вёску трыццатых–пяцідзесятых гадоў, пра Вялікую Айчынную вайну, пра Вялікае Княства Літоўскае, пра часы блаславёнага брэжнеўскага застою, пра калектывізацыю дваццатых гадоў мінулага стагоддзя, пра Чарнобыльскую катастрофу – і толькі сучаснасць, вось гэтая трапяткая сучаснасць урбаністычнай цывілізацыі, з як шырачэзным спектрам пытанняў і тэм, застаецца амаль не адлюстравана ў творах нашых пісьменнікаў. А час імкліва бяжыць наперад, і забытае, абыдзенае ў тэмах пісьменнікамі, летапісцамі сваёй эпохі, сыходзіць у нябыт і надалей будзе вывучацца гісторыкамі па чым заўгодна, толькі не па мастацкіх творах. Па мне, дык гэта кепска.
Літаратурныя творы пра сівую даўніну, пра векапомныя для народа падзеі, вядома ж, мусяць быць адлюстраваны ў творах і прадстаўлены на старонках літаратурных часопісаў. Але, падкрэсліваю, толькі не за кошт сучаснай тэматыкі. Далёка хадзіць не трэба, звярніце ўвагу на змест часопісаў і тэматыку выдавецтваў суседняй Расіі. Ільвіная доля твораў – пра сучаснасць. І толькі невялікі працэнт – на іншыя тэмы. Гэта альфа і амега літаратуры, гэта неабходная (але, канешне ж, не дастатковая) умова не страціць повязь з чытачом і народам.
Ці не таму беларусы пагарджаюць нашымі сучаснымі аўтарамі, а чытаюць рускіх пісьменнікаў, што толькі там знаходзяць адказы на свае злабадзённыя, набалелыя пытанні і клопаты, толькі там бачаць адэкватны “зааконнай” рэчаіснасці свет?



Горад і чалавек
(зацемка наконт “Малой падарожнай кніжка па горадзе Сонца” А. Клінава)

Гэтую кнігу шмат рэцэнзавалі, і з піярам не скрыўдзілі. У тым ліку і з танным. Але ж не магу не сказаць пра яе некалькі слоў, бо адчуваю “Малую падарожную кнігу па горадзе Сонца” Артура Клінава ў нечым роднай і блізкай.
Аўтар знайшоў хітрую мастацкую форму ўвасаблення сваёй задумы. Дзякуючы гэтаму Мінск у “Падарожнай...” як бы выявіў сваю сутнасць і логіку.
Сапраўды, сталіца Беларусі ці не адзіная з усіх Еўрапейскіх сталіц, у якой няма повязі з гісторыяй, то бок адсутнічаюць палацы даўнейшых цароў, каралёў, імператараў. Гэта горад як бы не ўкаранёны ў зямлю і гісторыю. Нават рэчка Няміга, некалі слаўная, сышла пад зямлю.
Але ж Артур Клінаў паказаў, што Мінск, пры адсутнасці гістарычнай ўкаранёнасці, тым не менш моцна ўгрунтаваны ў гісторыю савецкага часу, і ўсё ў ім мае свой сэнс. Будучы мастаком па сваёй асноўнай прафесіі, Клінаў і аналізуе горад як мастак, знаходзячы ў архітэктурных праектах і планіроўцы ўсялякія савецкія падвохі і хітрыкі, а таксама сродкі псіхалагічнага ўздзейнічання на яго жыхароў і гасцей. У Мінска, аказваецца, шмат розных сэнсавых пластоў, усё на сваім месцы, усё ўтрымлівае яўны ці скрыты парадак. Маецца на ўвазе пераважна ядро горада. Зрэшты, ускраіны таксама аналізуюцца Клінавым, паказваючыся як своеасаблівыя спадарожнікі гэтага ядра, якія маюць свой унутраны свет і свае законы.
У Клінава горад як бы пастаянна асветлены сонцам, што бачыцца яўнай нацяжкай, калі прыгадаць, што асноўны колер нашага надвор’я – шэрая воблачнасць, сонечных дзён у нас зусім небагата. Плюс два месяцы снегу. Але гэты прыём ужыты, думаецца, для парадаксальнасці сітуацыі. З аднаго боку – паказана змрочная савецкая рэчаіснасць, зададзеная каменнымі рэчышчамі вуліц і да моў Мінска, а з другога – светлае, летняе дзіцячае і падлеткавае ўспрыманне аўтарам, яго ўспаміны і рэтраспекцыі.
Дзяцінства Клінаў, як аказалася, правёў на вуліцы Ламаносава (дакладней – гэта не вуліца, а тупік). А я – на вуліцы Някрасава, што ідзе зусім блізка і паралельна Ламаносава. Прычым хадзілі па тых раёнах мы з аўтарам прыкладна ў адны і тыя ж гады. Дамы там стаяць шчыльна, няма куды кінуць вока, і мяне з хаўруснікамі, як і Клінава з ягонымі, цягнула ў блуканні па горадзе. Употайкі ад бацькоў, з самага ранняга ўзросту мы дабіраліся да праспекта, парка Чалюскінцаў, Камсамольскага возера, парка Горкага. Чыжоўка і Серабранка здаваліся нам краем свету, куды было вельмі складана і доўга дабірацца пры адсутнасці метро. Таму гэтыя раёны паўставалі ў нашай свядомасці збольшага міфамі, і міфамі змрочнымі.
Другім аўтарскім прыёмам, што стварае аб’ёмнае гучанне Падарожнай кнігі, з’яляецца кантраст паміж відавочнай любоўю аўтара да свайго места – і насмешлівай, задзірыста-іранічнай манерай “расшыфроўкі” савецкай архітэктуры і савецкіх ідэй. Бо кожнае дзяцінства, юнацтва жыве як бы ў сваім, перпендыкулярным дарослай рэчаіснасці горадзе. Выглядае, што Клінаў гэта ўбачыў значна пазней, калі пасталеў. Што і з’явілася асноўным штуршком да напісання гэтага неардынарнага твора.
Ну, і галоўнае, што “Падарожная...” – кніга найперш расшыфроўкі вобразу горада, яго ідэі, а ўжо ў другую чаргу – кніга асабістых успамінаў, якія далікатна і наўмысна адсунуты аўтарам на другі план. Бо каму было б цікавае мемуарнае нагрувашчванне падрабязнасцяў з дзяцінства і юнацтва мінскага мастака і пісьменніка? У асноўным блізкім людзям. А каму было б цікавае звычайнае разважанне пра сталічную архітэктуру? Пераважна спецыялістам. А вось сімбіёз першага і другога дае вынік узаемнага ўзмацнення. На парадак, на два парадкі пашыраецца кола чытачоў “Падарожнай...”, дзе горад ідзе ў звязку з жыццём чалавека.



Пачуць цішыню
(Таццяна Лебедзева, «Молчание», вершы, «Кнігазбор», 2010 г.)

Служэнне муз, як вядома, мітусні не церпіць. І здаецца, што асноўная задача паэта – пісаць, дарэчы не абавязкова за пісьмовым сталом. Можна пры гэтым і гуляць па вуліцы, парку, лесе. Але ж неадменная ўмова паэтычнай творчасці – надзвычайная засяроджанасць на сабе, на сваім унутраным свеце, збераганне, калі хочаце, гэтага далікатнага свету ад навакольнага тлуму. Мне могуць запярэчыць, што паэт павінен «глаголом жечь сердца людей», то бок запальваць сваім словам вялікія аўдыторыі, як гэта рабілі біблейскія прарокі, якія таксама былі паэтамі. Што ж, з гэтым можна пагадзіцца пры ўмове, што шматлікія паэтычныя выступленні і паходы «на людзі» не замінаюць паэту займацца ўласна творчасцю. А то некаторыя нашы вершаскладальнікі, захопленыя ўвагай слухачоў іхняй творчасці, падсядаюць на гэтую ўвагу як на наркотык.
Зрэшты, я зусім не пра тое. А пра новы паэтычны зборнік Таццяны Лебедзевай «Молчание» («Кнігазбор», 2010 г.), чалавека, на мой погляд, нешараговага лёсу і таленту. Лебедзева зрэдку друкуе свае вершы ў часопісах «Нёман» і «Немига литературная», на пачатку тысячагоддзя выдала дзве невялікія кнігі паэзіі. Каля ста вершаў, што ўвайшлі ў зборнік «Молчание», напісаны цягам апошніх васьмі гадоў. Піша Таццяна не часта, па дзесяць–пятнаццаць вершаў у год, доўга і пакутліва выношваючы іх у сваёй датклівай душы. Паэтычны свет Лебедзевай своеасаблівы, чытаючы яе кнігі, можна падумаць, што аўтар перабывае ў нейкай прастрацыі, татальнай адарванасці ад вонкавага свету, з яго часавым і культурным каларытам, з палітыкай, агульнанацыянальнымі ды іншымі ідэямі – усім тым, чым жыве большасць людзей. Аднак, чытаючы яе вершы і праз сто, і праз трыста гадоў, упэўнены, уяўны чалавек будучыні падумае, што яны і пра яго сучаснасць. Менавіта з-за адсутнасці прывязкі паэзіі Лебедзевай да часу і наваколля.

Замру у чистого окна:
Как переменчиво пространство!
Жизнь дышит ветром, и она
Ни в чем не терпит постоянства.

Мгновенно отражает взгляд
Души изменчивой движенья.
Не так, как полчаса назад,
В печи по-новому горят
Чуть отсыревшие поленья.

И завтра новое придет.
И удивительно, как просто
Опять войду в круговорот,
Благословляя свой поход
От колыбели до погоста.

Бо гаворка ў іх вядзецца выключна пра жыццё душы чалавека, і пра духоўнасць у яе вышэйшым, не апошленым маралізаваннем і павучаннямі разуменні. Душы людзей, па вялікім рахунку, адвеку жывуць аднымі і тымі ж парываннямі, праблемамі ды турботамі.
Адметна і тое, што паэзія Лебедзевай, скажам так, не традыцыйна жаночая. Некаторыя вершы нават наўпрост пішуцца ад мужчынскай асобы. І міжволі паўстае пытанне, ці ёсць пол у душы?

Я не люблю словечко «поэтесса».
Оно нелепо, как столетняя принцесса.
Оно уныло, как игра без интереса,
Оно трескуче, как сегодняшняя пресса.

Что слышится мне в имени Поэт?
Удары волн в гранитный парапет.
Бесшумное движение планет.
Язык фламенко, звуки кастаньет.
Земли и неба гармонический дуэт.
И Музы вдохновенное: «Привет!»

Любоўная лірыка Лебедзевай (якая не частая госця ў яе вершах) гранічна цнатлівая, за ёй, так бы мовіць, не бачыцца натуральнага плоцевага пожаду. Добра гэта ці дрэнна – не бяруся адназначна судзіць. Але скажу, што абслугоўванне паэзіяй інстынкту роду, што назіраецца ў так званай традыцыйнай жаночай паэзіі, асабіста мяне раздражняе.

Вот возьмет да и случится.
Ждешь или не ждешь.
Не дочитана страница,
За окошком дождь.

Утром небо прояснится.
Обгоняя ночь,
Серых мыслей вереница
Унесется прочь.

Или со звонком, под вечер,
Точно в унисон,
Вспыхнут щёки, вспыхнут свечи,
Дрогнет сердце – он.

Вот возьмет да и случится.
У тебя в саду
Разноцветная синица
Расклюет беду.

День блеснет, как шелк на пяльцах,
Ярко и светло…
Но дождя тугие пальцы
Всё стучат в окно.

Некалькі слоў пра прыроду таленту. Сама па сабе паэтычная адоранасць рэдка становіцца гарантыяй таго, што на ёй узрасце выбітны паэт. І наўрад ці тут дапаможа ўпартая праца па ўдасканальванні паэтычнай тэхнікі. Вывучыць разнастайныя паэтычныя канструкцыі і напрактыкавацца ў рыфмаванні – справа няхітрая. Гэта толькі вонкавая абалонка паэзіі. Значна важней – як, наколькі арыгінальна, а галоўнае, глыбока і тонка паэт адчувае жыццё ў яго самым шырокім разуменні. Талент павінен пакласціся на лёс. Трэба многае вытрываць і перапакутаваць, многае пераасэнсаваць, перажыць, як гэта ні страшна, боль, страты і роспач, каб талент расквітнеў і заззяў. Паэтаў гладкіх як яйка, і шчаслівых як немаўляты папросту не бывае ў прыродзе. Калі гэта, зразумела, паэты, а не версіфікатары.

Знают всё о свободе восточные ветры.
Умножая шутя время на километры,
Серебристыми стрелами враз прошивают пространство.
И в порывах не знают и знать не хотят постоянства.

То к земле пригибают столетние ели.
То былинку одну наклонят еле-еле.
То во влажном овраге заглянут в заветные норы.
То движением мощным срывают стальные опоры.

Где-то там на востоке ветров колыбели.
Где-то там на востоке истоки и цели.
Почему только там расшифровано слово «свобода»,
Знает Роза Ветров да звезда на краю небосвода.

Таццяна Лебедзева пачала пісаць позна, бліжэй да саракагадовага ўзросту, калі ўжо душы няможна было маўчаць, і калі, заўважым, душы было што выказаць. Таму яна абышлася без наіўнага пачаткоўства і пустапарожняй летуценнасці, а практычна адразу ўвайшла ў паэзію з дастаткова сфарміраваным, па-філасофску насычаным унутраным светам.

Стань, печаль моя,
Влажной тучею.
Туча влажная,
Упади дождем.
Дождь живительный,
Напои сады,
Напитай росток
Моей радости.
Поднимись, росток,
Сильным деревом,
Златолиственным
Древом радости.
С ним навек срастусь.
Стану веточкой.
Дрогнет веточка
Всеми листьями.
Зазвенит листва
Песней радости:
«Стань, печаль моя,
Влажной тучею.
Туча влажная,
Упади дождем…»

У разгар свайго паэтычнага станаўлення, гадоў пяць–шэсць таму, літаральна з паўтара года яна пахавала траіх самых родных людзей: бацьку, маці і мужа. Я быў бязрадасным сведкам гэтай страшнай чарговасці...

Не вспоминать. Пережить, перемочь
День одиночества, вечер и ночь.

Не вспоминать. Научиться не ждать
Слова родного: «Ты жди меня в пять».

Крикнуть от боли, но в доме пустом
Эхо напомнит: «Вы были вдвоем».

Как же мне память свою растоптать.
Молча ничком упаду на кровать.

Не вспоминать. Пережить, перемочь
День одиночества, вечер и ночь.

Хто вынесе такое, не падламаўшыся? Таццяна выстаяла, працягвала тварыць, напружана жыць паэтычным словам у апусцелай кватэры. Пра гэта кніга «Молчание». Бо нават у цішыні чуюцца, а можа, нават найболей выразна чуюцца гукі Паэзіі.

Замолчим одновременно
Лишь на пять минут.
И услышим непременно,
Как цветы растут.

И услышим, что шепнула
Тучка ветру на лету.
И увидим: изогнула
Спину радуга в дугу.

Станут ближе разговоры
Трав, дерев и птиц.
И расцветятся просторы
Вспышками зарниц.

Помолчим… Пусть кто-то скажет:
«Жизнь страшна, как месть».
Но молчание подскажет,
Что надежда есть.



Пісьменніцкі рай
(“ЛіМ”, 9.04.10)

Не сакрэт, што надрукавацца ў перыядычных літаратурных выданнях даволі цяжка. Асабліва калі ты малады і непрызнаны, або адыёзны і самастойны. Бо кожнае выданне мае сваю канцэпцыю, палітыку і падбірае для друку творы, зыходзячы найперш са сваёй палітыкі, а не з выгады аўтара. І гэта нармальна. Акрамя таго, зразумела, што плошча літаратурнага часопіса ці тыднёвіка абмежаваная (яны не гумовыя), а аўтараў, якія прэтэндуюць на тую плошчу, многа. Ясна, што наталіць амбіцыі ўсіх ахвотных надрукавацца няма ніякай магчымасці. Тут уступае ў дзеянне, так бы мовіць, натуральны адбор, адбываецца барацьба за месца пад сонцам. І зноў жа не сакрэт, што ў гэтай напружанай барацьбе ў ход ідуць не заўсёды справядлівыя сродкі, г.зн. што творы да друку не заўсёды выбіраюцца па мастацкіх вартасцях.
Сучаснасць ужо даволі даўно прапанавала літаратарам альтэрнатыву – публікаваць свае творы ў інтэрнэце, які мае, у параўнанні з друкаванымі выданнямі, амаль неабмежаваны аб’ем. Мала таго, інтэрнэт-рэсурсы даюць магчымасць публікавацца без рэдактараў, цэнзараў, ідэолагаў, якія непазбежна стаяць на шляху любога аўтара, што прынёс свой твор у папяровае выданне. Здавалася б, любата, пісьменніцкі рай – публікуй, што душа пажадае. Аднак не ўсё так проста і тут.
Рэч у тым, што публікацыя твора ў паважаных перыядычных выданнях ужо сама па сабе дае аўтару відную трыбуну і даволі шматлікага чытача, ужо сама па сабе мацуе ягоны статус, незалежна ад якасці напісанага. Бо мяркуецца, што вядомае выданне не публікуе абы-каго і абы-што. У прынцыпе, так і ёсць: бязглуздзіцу паважаныя выданні, як правіла, не друкуюць.
На літаратурных жа сайтах, дзе існуе магчымасць самапублікацыі, і асабліва ў ЖЖ-блогах пісьменнікаў, цэнзарам і рэдактарам мусіць выступаць сам аўтар. Ён сам выбірае стратэгію і тактыку сваіх літаратурных старонак, сам лепіць свой імідж і шукае свайго чытача. І вось тут аказваецца, што не толькі маладыя аўтары, не толькі пачаткоўцы і студэнты філфакаў-журфакаў не ўмеюць выгадна сябе падаць у гэтай “прасторы літаратурнай свабоды” – гэтага не можа ажыццявіць пераважная бальшыня сталых, вядомых, раскручаных у друкаваных выданнях літаратараў. Нагледзеўшыся на бездапаможнае цялёпканне ў Сеціве некаторых сталых пісьменнікаў, не дзіва, што многія літаратары апасаюцца заводзіць свае ЖЖ-блогі – яны баяцца панізіць свой статус, які набывалі гадамі, бегаючы па рэдакцыях.
На абшарах інтэрнэта літаратар пускае сябе ў вольнае плаванне, у адкрыты акіян з яго непазбежнымі штормамі. Там кожны падшыванец, не зважаючы на ваш высокі грамадскі статус, пасаду, рэгаліі, можа змясціць абразлівы каментарый на ваш запіс, нізка ацаніць, напрыклад, ваш верш, які выходзіў у ганаровай серыі “Дыяментавае пяро”. Прычым дзёрзкі крытык яшчэ схаваецца за псеўданімам. Што, па-першае, непрыемна, а па-другое, не ведаеш, як на такі закід рэагаваць, каб канчаткова не абняславіцца. Грамадскі статус, паўтаруся, тут не ратуе. Няма галоўнага рэдактара, які прынцыпова не надрукаваў бы ў сваім выданні абразлівы каментарый на ваш твор.
З гэтай прычыны большасць беларускіх літаратараў, што маюць свае старонкі ў ЖЖ, наўмысна абіраюць несур’ёзна-гуллівы тон сваіх запісаў. Бо на такія запісы з’яўляецца багата каментарыяў, што падвышае статус гаспадара старонкі (каментуюць – значыць, я цікавы, яркі чалавек!). Прычым каментарыі гэтыя не абражаюць, бо адказваць пошласцю на пошласць лічыцца ў ЖЖ добрым тонам.
Інтэрнэт-дзённікі многіх пісьменнікаў, што пачыналіся як сапраўды літаратурныя, паступова ператвараюцца ў сметніцу, куды цягнецца ўсё, што ў галаву забрыдзе – ад таго, з якой нагі хто ўстаў, да сваіх эратычных фотаздымкаў. Некаторыя літаратары нагадваюць азіяцкіх акынаў, якія кладуць на музыку і вершы ўсё, што вакол бачаць і чуюць. Ніякай фільтрацыі, ніякага самакантролю. Словам, ЖЖ-прастора – гэта някепскі трубаправод для зліву словаблуднай энергіі і адначасова вялікая дапамога рэдактарам папяровых выданняў: будуць менш назаляць графаманы.
Такім чынам, рэчаіснасць паказала, што беларускія літаратары ў сваёй большасці пакуль не гатовыя да самастойнага плавання ў хвалях свабоды, якую дае інтэрнэт. Ім па-ранейшаму патрэбныя выхавацелі і настаўнікі ў выглядзе галоўных рэдактараў, цэнзараў, ідэолагаў, што будуць іх накіроўваць і ўшчуваць, як памаўзлівых дзяцей.



Праблема арыентацыі
(“ЛіМ”, 23.04.10)

Раней я пісаў пра тое, што беларускую літаратуру, асабліва сучасную, мала чытаюць і дрэнна ведаюць жыхары Беларусі. Што ж, у наш тэлевізійны і інтэрнэтаўскі век гэта не так і дзіўна. А можа, не так і страшна. І нават не вельмі страшна, што пісьменнікі амаль не чытаюць адно аднаго. Тут усё ясна: кожны заняты пісаннем сваіх нятленных твораў, а таму чытаць бяздарнага сабрата – не паважаць сябе геніяльнага. Але вось тое, што крытыкі, якія бяруцца ацэньваць літаратурныя творы, амаль не чытаюць сучасную беларускую літаратуру – гэта, як той казаў, ужо ні ў якія вароты не лезе.
Я даўно назіраю за нашымі крытыкамі ў перыядычных выданнях, сачу за іхнімі выказваннямі на сайтах і інтэрнэт-блогах. І дыягназ несуцяшальны: пераважная большасць спадароў крытыкаў пасрэдна абазнаныя і дрэнна арыентуюцца ў літаратурным працэсе. Па прычыне банальнай: ім лянота чытаць. У лепшым выпадку якісьці крытык уважліва чытае аднаго-двух, максімум пецярых аўтараў, сваіх улюбёнцаў, тых, пра каго ён пастаянна піша, творчасць якіх абслугоўвае і на імёнах якіх робіць сабе кар’еру. Або чытае толькі тыя літаратурныя творы, што публікуюцца ў выданні, якое друкуе крытычныя опусы самога крытыка. Або чытае, напрыклад, толькі недзяржаўныя выданні, а іншымі зацята пагарджае, бо там друкуюцца пісьменнікі “не таго” саюза, а значыць, там не можа з’явіцца нічога вартага ў прынцыпе. А нехта, наадварот, лічыць сапраўднай літаратурай толькі тое, што з’яўляецца на старонках “Полымя” і “Маладосці”, на астатняе пыхліва крывіцца. Смех, дый годзе. Але смяяцца не хочацца. Бо крытык, які не арыентуецца ў літаратурным працэсе, аўтаматычна дэзарыентуе беларускага чытача. А папросту – падманвае.
Даводзілася назіраць такую карціну. Апублікуюць у часопісе аповесць, і тут жа, з гэтага ж часопіса, раздаюцца задзірыстыя галасы: гэта лепшае, што надрукавана з прозы за апошнія некалькі гадоў у Беларусі! Галасы падхопліваюцца паплечнікамі, тыражуюцца ў інтэрнэце, людзі, пазбаўленыя літаратурнага густу, завучваюць і паўтараюць гэты цэтлік як папугаі. Я заінтрыгаваны! Бяруся чытаць аповесць: ад яе патыхае мастацкім убоствам з першай жа старонкі. Выказваю сваё меркаванне ў інтэрнэце – на мяне з лаянкай абрынаюцца прыхільнікі злашчаснай аповесці, нічога не хочуць слухаць, у запальчывасці гатовыя сцерці мяне ў парашок, пырскаюць віртуальнай слінай і жоўцю. Аднак у спрэчцы высвятляецца, што амаль усе мае апаненты – гэта аўтары ці супрацоўнікі часопіса, дзе аповесць надрукавана, а аўтар яе – добры сябар галоўнага рэдактара. Мала таго, мае апаненты няўзнак прагаворваюцца, што яны, за адсутнасцю вольнага часу, практычна не чытаюць сучасную прозу, а меркаванне наконт геніяльнасці той аповесці выспела ў іх пераважна на мімалётных словах літаратурнага мэтра, які, зайшоўшы ў рэдакцыю (дзе сам стала друкуецца), у якасці камплімента надзяліў яе высокімі эпітэтамі. Сам мэтр, праўда, прынцыпова не чытае выданні холдынга “ЛіМ”, г.зн. цэлыя тры тоўстыя літаратурныя часопісы і адзін тыднёвік (недзе тры чвэрці ўсёй літаратурнай перыёдыкі Беларусі!). Не чытае таму, што не любіць. Тварам не выйшлі. Што не перашкаджае яму назваць аповесць любімага выдання “лепшай з усяго беларускага за апошнія некалькі гадоў”. Во як! І так у нас паўсюдна і пастаянна.
Што кожны кулік сваё балота хваліць – гэтым мяне не здзівіш. Але ж літаратура, спадары, не балота, а крытыкі – не базарныя гандляры. Ацэнка і аналіз любога твора можа праводзіцца толькі ў кантэксце ўсяго літаратурнага працэсу, як айчыннага так і сусветнага. А для гэтага крытыку, ацэншчыку і суддзі, трэба не толькі дасканала ведаць асноўныя класічныя творы, але і ўважліва, рэгулярна, з алоўкам і нататнікам у руках чытаць усю, літаральна ўсю літаратурную перыёдыку і ўсе колькі-небудзь прыкметныя кнігі мастацкай літаратуры, што друкуюцца ў Беларусі. Чытаць незалежна ад таго, любіш ты дзяржаўныя ці недзяржаўныя выданні, любіш ты канкрэтнага аўтара ці ненавідзіш яго. Чытаць найперш для сябе, каб не выглядаць дылетантам і не рабіць такія камічныя глупствы, якія я вышэй з апісаў.



Сякерай па літарах, нагой на сумленне

Прызнаюся, даўнавата не браў у рукі “ЛіМ”, толькі па напаўмёртвым яго сайце зрэдку прагульваўся. І вось, дай думаю пачытаю праз шматмесячны перапынак саму газету, патрымаю, так бы мовіць, у руках, далучуся да гэтага літаратурнага свяшчэннадзейства.
Не буду акцэнтаваць увагу, што “ЛіМ” за гэты час стаў замест каляровага чорна белым. Ды хоць шэра-бура-малінавым – абы было што пачытаць у літаратурнай яго частцы, якая толькі і цікавіла мяне заўсёды. Таму пакіну па-за разглядам мастацкую, краязнаўчую і ўспамінальную яго часткі і засяроджуся на раздзеле “крытыка” – гэта ўсяго дзве старонкі з 16.
Заўважу адразу, што з гэтых дзвюх старонак (6-й і 7-й) на 6-й надрукавана зусім не крытыка. (А, каб не забыцца: нумар тыднёвіка ад 26 жніўня 2011 г.) Не назавеш артыкул спадара Івана Саверчанкі (дарэчы, доктара філалагічных навук) і літаратуразнаўчым, настолькі тут нагрувашчана банальных, даўно ўсім вядомых ісцін. Хутчэй – гэта хітравывернутая спроба падмануць не толькі лімаўскагіх чытачоў, сярод якіх ёсць і наіўныя студэнты і школьнікі, а і даць справаздачу няйначай як міністрам інфармацыі і культуры, што ў нашай літаратуры ўсё добра па самае не хачу. Падманваючы ўсё і ўся, аўтар, натуральна, выстаўляе сябе ў самым непрыглядным святле (бо хіба можа нармальны чалавек паверыць у тое, што ён тут напісаў?) і апускае адначасова нашу літуратуру ніжэй ватэрлініі. Ды шмат яшчэ нядобрых і бязглуздых рэчаў робіць нац.літаратуры і культуры спадар навуковец-філолаг.
Паслухайце толькі і ўдумайцеся ў тое, што ён піша. Цытата з першага звышаптымістычнага (так трымаць!) абзаца:
“На авансцэну нацыянальнай літаратуры ўпэўнена выходзяць Анатоль Казлоў, Сяргей Кавалёў (хто такі – не ведаю, - М.Ю.), Андрэй Федарэнка, Алесь Наварыч, Ягор Конеў, Віктар Шніп, Алесь Бельскі, Пятро Васючэнка”. Эка загнуў! На “авансцэну”! І толькі цяпер? А пятнаццаць гадоў таму Федарэнка, Наварыч, Казлоў, Шніп – былі што, на задворках? І толькі зараз сп. Саверчанка ім “авансцэну” адкрыў? Нішто сабе ўганараваў, нібы па плячы паляпаў, асабліва галоўнага рэдактара “Мастацкай літаратуры” В.Шніпа, які пачынаў, як вядома, з Леанідам Галубовічам, якога даўно лічаць ледзьве не патрыярхам нацыянальнай літаратуры… А Шніп, значыцца, толькі зараз на “авансцэну”? Добра, так і запішам.
Далей пярліны ад сп. Саверчанкі: “На сучасным этапе назіраецца інтэнсіўнае развіццё літаральна ўсіх родаў беларускай літаратуры – паэзіі, прозы, драматургіі”. Хм… не ведаў. Хацелася б пабачыць творы, пазнаёміцца з творцамі, пачытаць тыя шэдэўры нарэшце… Дарэчы, крытыка – гэта літаратура, сп. Саверчанка? Вы ж не ўдакладнілі –“мастацкай літаратуры” развіццё. Выходзіць, крытыка або не развіваецца, або не лічыцца фактам літаратуры. (Сачыце за тэрміналогіяй, сп. Саверчанка.) А між тым “ЛіМ” за апошнія гады, калі аддзелам крытыкі кіраваў Леанід Галубовіч, большасць чытачоў менавіта з-за крытыкі і выпісвалі, і куплялі. Ну гэта так, лірычнае адступленне.
Далей Саверчанка сцвярджае, што асабліва значныя набыткі з’явіліся ў галіне нацыянальнай прозы – і дае пералік аўтараў і твораў, вельмі, дарэчы, скупы і абмежаваны, відаць, выкліканы асабістым густам напісанта. Амаль усе ім пералічаныя аўтары – людзі ўсім і кожнаму вядомыя, што называецца, пры пасадах, да іх часта з паклонамі ходзяць сталічныя і правінцыйныя аўтары. Як такіх абысці сп. Саверчанку і не назваць іхнія творы выбітнымі набыткамі? Набыткамі “апошняга часу” доктар філалагічных навук называе часам творы, напісаныя даўным-даўно (напрыклад, “Вёска” А.Федарэнкі, “Сіняе лета” Л.Левановіча, творы Г.Марчука). Нібы заснуў сп. напісант гадоў гэтак на пятнаццаць і прачнуўся ўжо ў другім дзесяцігоддзі наступнага стагоддзя. Прапусціў (праспаў) ён і падчасопіс “Фантаст” у часопісе “Маладосць”, дзе якраз-ткі і былі надрукаваны самыя арыгінальныя творы новага стагоддзя. Праспаў ён таленавітую пісьменніцу Алену Брава, аўтара шматлікіх аповесцяў для моладзі Валерыя Гапеева (бо і першая і другі – правінцыялы, навошта іх згадваць, дывідэнты ад іх – якія?). Не даў сабе клопату сп. Саверчанка адзначыць творы (друкаваліся ў “Полымі”) Адама Глобуса, Уладзіміра Сцяпана. Такіх харызматаў – і абышоў! Але, асцярожнасць ніколі не шкодная. Надта тусуюцца гэтыя двое не там дзе трэба, яшчэ засвецяцца дзе непрывабліва – а сп. Саверчанка іх адзначаў… Гора не абярэшся тады. Навошта. Лепей абысці, прамаўчаць. Але маўчанне – таксама хлусня.
Хай будзе Вам вядома, сп. Саверчанка, доктар філалагічных навук, што ёсць так званы ценевы бок літаратуры, дзе творы, і часам вельмі таленавітыя, некаторых беларускіх пісьменнікаў папросту не даходзяць да чытача. Быў, быў пісьменнік, друкаваўся, друкаваўся – і раптам ён знікае з чытацкага поля зроку. Чаму? Не друкуюць. Чаму не друкуюць? А проста так, каб не засланіў ён сабой тых, каму па пасадзе і крэсле належыць быць лідэрамі беларускай літаратуры. Прывяду факт, найперш для моладзі, неабазнанай, якой розныя філалагіні макаронаў на вушы навешаюць, а тыя і вераць раты разявіўшы.
Быў і ёсць такі пісьменнік Юрась Нераток, неардынарны беларускі фантаст, творчы набытак якога выдадзены “Мастацкай літаратурай” у 2007 годзе, кніга “Закуцце”. Само апавяданне “Закуцце” друкавалася і ў “Полымі”, і ў “Нёмане”, увогуле большасць твораў той кнігі былі надрукаваны ў выданнях холдынга “ЛіМ”. А потым пісьменніка рэзка перасталі друкаваць у часопісах холдынга, апошні твор “Шлейф” датаваны 2006 г, часопіс “Нёман”. А па-беларуску Нератка аж у 2005 друкаваць перасталі, апошні часопісны твор – “Альгемоны”, “Маладосць”, 2005 г.
Што ж здарылася? Чаму зніклі творы таленавітага фантаста з часопісаў, прычым, па іроніі лёсу, роўна ў той перыяд, калі рыхтавалася кніга “Закуцце”? За што перасталі друкаваць? На той жа час нават не выйшаў палымянскі артыкул Лады Алейнік пра кнігу Нератка “Майстар-клас дэбютанта” (“Закуцце” было выдадзена ў серыі “Дэбют”), які мог пакрыўдзіць многіх “мэтраў”, выклікаць творчую рэўнасць і спыніць зашпаркі бег фантаста да пісьменніцкага алімпа. Во як! Артыкул не выйшаў – а Сістэма ўжо ўчула і спрацавала звыкла і як мае быць: назад, спадар Нераток, за нашы “класічныя” спіны і там пастой гадоў наццаць. Калі хто западозрыў, што Юрась Нераток сябар “не таго” Саюза, або наогул “беспартыйны”, або крый Божа ўблытаўся ў нейкія апізіцыйна-палітычныя структуры, дапусціў рэзкія публічныя “выказванні” і г.д., то адразу запэўню, што ўсяго гэтага і блізка ніколі не было і няма. Ён спакойна працуе інжынерам-канструктарам і заадно плённа займаецца мастацкай літаратурай, пераважна з фантастычным ухілам, сябар СПБ (не СБП!). І тым не менш кісларод яму перакрыла Сістэма. Заўважце, нікога не абвінавачваю канкрэтна, а кажу пра нейкую метафізічную сістэму, якая сплюндравала перспектыўны падчасопіс “Фантаст” на самым яго ўзлёце… Гэтая сатанінская сістэма адбору ў класікі даўно зрабіла беларускую літаратуру пасмешышчам як для свайго народа, так і для еўрапейскіх народаў. Далей не буду развіваць. Разумны дойдзе сваімі глуздамі. А дурню не дакажаш. Ён будзе ўсё роўна гарлаць са старонак тыднёвіка, што ў нас усё надзвычай інтэнсіўна развіваецца. Не буду шырока казаць і пра тое, што для сп. Саверчанкі не існуе ні часопісаў “Дзеяслоў”, ні літаратурных нумароў “АРХЭ”, ні “Партызана”, ні “Верасня”, ні “Калосся”. Не чытаў? Не ведае? Каб так! (а-с-ц-я-р-о-ж-н-і-ч-а-е). Цісну руку і схіляюся перад мудрай абачлівасцю спадара навукоўца-філолага.
Сапраўды, такія, як ён: “Без перабольшвання могуць сцвярджаць: беларуская літаратура і літаратуразнаўства на сучасным этапе фарміруюць духоўныя каштоўнасці і ідэалы грамадзян краіны, выхоўваюць патрыятызм і нацыянальную годнасць, дапамагаюць адукацыі і асвеце” (Іван Саверчанка, “Літаратурныя далягляды”, “ЛіМ” №34.)
Пры канцы адно толькі пытанне да спадара: перад сваім сумленнем як? Не паколвае?
(Дарэчы, чуў ад многіх абазнаных і даўніх чытачоў тыднёвіка, што яго крытычныя старонкі за апошні год ператварыліся ў палігон для наталення сваіх літаратуразнаўчых (дый ганарарных) амбіцый саміх супрацоўнікаў аддзела крытыкі і тых, хто паблізу сядзіць. Вось хто ўжо не шкадуе месца для ўласных опусаў, якія акурат да крытыкі, што мусіць адлюстроўваць бягучы літаратурны працэс, мае гэткае ж дачыненне, як банан да бярозы. Хто сумняваецца – пайдзіце ў нацыяналку і пагартайце падшыўку за апошнія 12 месяцаў, бо з сайта, як з чырвонаармейца на допыце, вы нічога не выцягніце.)



Каб не даць пераспець

“Спелы талент – так двума совамі можна акрэсліць асобу Кастуся Траўня, які сёння дае на суд чытача другую кніжку прозы”. Гэта цытата з прадмовы да кнігі пісьменніка, пра якога я задумаў пагаварыць. А напісаў яе вядомы празаік, мэтр айчыннай літаратуры Уладзімір Дамашэвіч, у шчырасці якога, мяркую, мала хто сумняваецца.
Але вось незадача. Таленавіты празаік Кастусь Травень не ўпісваецца ў беларускі літаратурны працэс. Пісьменніку пераваліла за шэсцьдзесят, і ён, не прыдбаўшы ў літаратурнай маладосці пэўнага статусу, знаходзіцца цяпер, калі так можна сказаць, ні там, ні сям.
Іерархія літаратурнага працэсу будуецца па сваіх складаных і даволі жорсткіх законах. Ільвіная доля плошчы тоўстых часопісаў па традыцыі аддаецца вядомым сталым пісьменнікам; для моладзі, што напорыста рвецца ў літаратуру, адводзіцца даволі вузкая брама (выключэнне – часопіс “Маладосць”). Аднак Кастусь Травень, які пачаў пісаць прозу блізу пяцідзесяцігадовага ўзросту, не можа быць залічаны ні да шэрагу славутых і знакамітых, ні да маладых і амбітных. А таму чалавек паважанага ўзросту і, бяру на сябе адказнасць, адметна таленавіты празаік вымушаны, нібы маладзён, абабіваць парогі рэдакцый, чакаючы, што яго заўважаць, палюбяць і надрукуюць.
І рэдактары, магчыма б, палюбілі яго, каб уважліва пачыталі не адзін, а некалькі твораў Кастуся Траўня. Таму што ў пісьменніка выключная манера пісьма, багатая мова і не па гадах моцная энергетыка. Да таго ж – і адчуванне сучаснасці, тут ён можа даць фору большасці маладых літаратараў.
Аднак прасцей адвярнуцца, вымавіўшы дзяжурнае “Не падыходзіць”, або “Не ўразіла”, або “Схадзіце ў іншы часопіс”. Бо з маладымі важдацца і правіць іх опусы – так бы мовіць, сам Бог загадаў. А стары, які не заявіў пра сябе ў маладосці, часцяком атрымлівае аўтаматычныя цэтлікі графамана і назойлівага хадака па рэдакцыях. Да таго ж Кастусь Травень мае сваю пазіцыю і можа смела яе адстойваць, не лазячы за словам у кішэнь. Гэта мала каму падабаецца.
Трымаю ў руках дзве кнігі прозы Кастуся Траўня – “Маўчы і будзь хітрым” і “Гульня белымі фігурамі”, выдадзеныя адпаведна ў 2007 і 2008 гадах. Некаторыя творы гэтых зборнікаў апавяданняў друкаваліся ў перыёдыцы, пачынаючы з канца дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Але большасць апавяданняў (і думаю – самых лепшых) не дайшлі да шырокага чытача. Таму што кніга накладам у 200 асобнікаў можа абсалютна незаўважна растварыцца ў нашым, хай і не такім неабсяжным, літаратурным працэсе.
А такіх літаратараў, што не знайшлі сабе сталага месца ў часопісах і тусоўках, у нас, спадары, нямала. Іх творчасць можа кануць у Лету без нейчых хаця б найменшых спробаў яе прачытаць. Няўжо мы так упарта ўпэўнены, што вартыя творы нараджаюцца адно з-пад пяра мэтраў ці ўсялякіх харызматычных асобаў? Ці не пара нам уважлівей праводзіць рэвізію рэдакцыйных партфеляў – хаця б з трывіяльнай цікавасці і бескарыслівай любові да мастацкай літаратуры?
У творах Кастуся Траўня ёсць усё, што патрэбна сучаснасці. Яго проза, па сваіх рытміцы, тэматыцы, энергетыцы, чулліва перадае тое, чым жыве беларускі народ. Пісьменнік як бы асучаснівае класічную манеру пісьма, спалучае традыцыю і наватарства. Да таго ж выдатна валодае роднай для яго, як выхадца з вёскі, натуральнай беларускай мовай. Кастусь Травень – сучасны гараджанін з вясковай базай, з трывалымі маральнымі прынцыпамі, якія ён усмактаў з малаком маці. Беларуская сціпласць у ім ужываецца з напорыстасцю, жвавасцю нашага “электроннага” веку.
У яго кніг не было кваліфікаваных рэдактараў. Асабліва ў першай, дзе сабраны найлепшыя творы празаіка і дзе, на жаль, мноства тэхнічных агрэхаў. Гэта бяда не толькі Кастуся Траўня, а ўсіх тых, хто выдаецца саматугам. Творца, каб расці і развівацца, павінен не выпадаць з літаратурнага працэсу, варыцца ў саку рэдакцыйных пакояў, тусовак ці нават ЖЖ-блогаў. Спадар Травень, адцеснены на ўзбочыну літпрацэсу, не ўпісаны ні туды, ні сюды, тым не менш не здаецца. Выдае кнігі і прадае іх там, дзе збіраецца беларускамоўны люд, несучы такім чынам і сваё мастацкае слова ў масы. “Графаман, якому няма чым заняць сваю старасць!” – прабурчыць нехта. А нехта ў захапленні назаве гэта нацыянальным літаратурным падзвіжніцтвам. Я бліжэй да апошняга вызначэння.



Памерацца членамі

Беспаваротна пераканаўся, што беларускія літаратурныя крытыкі не разглядаюць пісьменнікаў інакш як славалюбных хітрых істот, якім важна адно: залезці вышэй па іерархічнай лесвіцы айчыннай літаратуры і там красавацца. А для гэтага ў нашых жулікаватых пісьменнікаў ёсць процьма разнастайных каварных сродкаў, апроч аднаго – пісаць сапраўды высокамастацкія тэксты.
 Нашы крытыкі апрыёры ставяцца да пісьменнікаў з недаверам, маўляў, ведаем вас, як аблупленых, нічога вы самастойна прыдумаць не здольныя, а займаецеся эпігонствам, то бок здзіраеце ў вялікіх пісьменнікаў мінулага сюжэты, пазычаеце тыпажы; эх вы, літаратурныя неданоскі... Ну ды мы вас! Чакайце!
 Крытыкі шчыра ўпэўнены, што раней жылі нейкія адмысловыя, Богам адораныя людзі, якія стваралі шэдэўры літаратуры, якіх азаралі геніяльныя ідэі, а вось сярод сучасных беларускіх літаратараў такіх быць не можа ў прынцыпе. Чаму? А крытыкі і самі не ведаюць, чаму ж адбылося такое генетычнае выраджэнне. Раней былі вялікія песняры К і К, цудоўны гістарычны раманіст К, тонкі лірык Б, а цяпер адны бяздарныя эпігоны і перасмешнікі Г і Х.
 Ох, цяжка прызнаць прарока ў сваёй айчыне, ох, невыносна ўсведамляць, што побач з табой жыве і яшчэ не памёр геній, на чатыры галавы за цябе вышэйшы і разумнейшы... Яшчэ з болем у сэрцы можна прызнаць жывым класікам некага ў іншай краіне, асабліва калі ён лаўрэат нейкага Шнобеля. А вось наконт сваіх – жаба душыць. Не, свае абавязкова мусяць быць бяздарнасцямі, шэрасцямі, шараговасцямі – каб вочы не засцілі.
 Што могуць свае? Ды, вядома ж, толькі эпігонствам займацца, па-чорнаму зайздросціць сабрату, перапісваць, кампіляваць, падладжвацца пад вялікіх замежных пісьменнікаў ці сваіх класікаў. Таму што яны генетычныя вырадкі. Наша літаратура пачалася з двух К і скончылася на трэцім К. (О, мудрыя, добрыя, духаборныя, самаадданыя, самаахвярныя рупліўцы беларускага слова!) Што ўсе трое добра прыкладаліся да чаркі, а адзін дык і наогул адпіў мазгі і пячонку – гэта нішто. Генію ўсё ні па чым, ён і ў алкагольным дурмане цверазейшы і разумнейшы за ўсіх вас разам узятых. «Эх, были люди в наше время, не то, что нынешнее племя». Так, багатыры – не мы.
 Гэта раней людзі тварылі дзеля высокай ідэі, цяпер жа адно за месца пад сонцам змагаюцца. Сучасныя беларускія пісьменнікі ў вачах нашых крытыкаў не гутараць з музай сам-насам, канешне не! Яны проста членамі мераюцца – у каго большы, а таму не-не – і зжульнічаюць, не-не – і прыпішуць сабе лішнія два сантыметры, украўшы ў славутага, знанага, непераўзыдзенага (ну ладна – замежнага сучасніка) сюжэцік, фразачку, геройчыка, тыпажык, думачку. Ох, хітруны! Ух, шэльмы...
 Але ж мы, беларускія крытыкі, іх бачым як на далоні, усю іхнюю грахоўную прыроду вывучылі дасканала, усю іхнюю дробязную зайздрослівасць, усю іхнюю бяздарнасць і не падмацаваную нічым пыху ўбачылі і гатовыя любога на чыстую ваду вывесці. І выведзем! А не дай Бог нехта вытыркнецца – дык па макаўцы доўбняй яго. Назад у багну, у наша беларускае адвечнае балота і там сядзі! Цыц!
 
У якасці эпілога (для тых, хто здольны вобразна мысліць):
 
Неяк граф Леў Талстой, чытаючы Мапасана, здзіўляўся, чаму ў яго творах ўсе жанчыны бл...зі, а ўсе маці – святыя. "Як такое можа быць?!” – смяяўся яснапалянскі мудрэц.



Чалавечы фактар
(з калонікі ў ЛіМе, мною зачыненай па ўнутраных перакананнях)

Беларускія пісьменнікі часта – як дзеці малыя. Дадуць ім цукерку ў выглядзе станоўчай рэцэнзіі на іх кнігу ці твор – і пяюць яны салаўямі, дзякуючы крытыку за “справядлівасць”, залічваюць яго ў свае вечныя сябры, упадаюць у нірвану эйфарыі і замілавання сваёй значнасцю. А дадуць ім крыху перцу нюхнуць у выглядзе адмоўнай рэцэнзіі на іх тварэнне – дык ашчэрваюцца не па-дзіцячы, і бэсцяць, і праклінаюць рэзкага крытыка. Усё гэта вельмі празрыста і забаўна старонняму назіральніку.
Неяк Сяргей Грышкевіч асмеліўся пакрытыкаваць аповесць паспяховага (мяркуючы па колькасці публікацый) празаіка Валерыя Гапеева ды – што зусім ужо кепска – узяў ды надрукаваў гэты артыкул у “ЛіМе”! Чым прывёў шаноўнага празаіка ў стан афектацыі. З таго часу Грышкевіч – самы нялюбы літаратар для спадара Гапеева з усіх беларускіх. Пра яго ён не ўпускае ніводнага шанцу выказацца ў інтэрнэце, зразумела, у адмоўным ключы. Наракаў Гапееў і мне на гэтага “страшнага” чалавека і на яго жахлівы артыкул. Я той артыкул прачытаў, і мне ён прынамсі не здаўся разносным, а даволі карэктным і ў нечым справядлівым. Пра што я і давёў празаіку. Але, вядома ж, не пераканаў. Бо каму, як не нам самім, ведаць, чаго мы насамрэч вартыя? І паспрабуй нехта ўсумніцца ў нашай літаратурнай бязгрэшнасці!
Потым сталі з’яўляцца іншыя водгукі на творчасць спадара Гапеева, дзе разам са станоўчымі момантамі прысутнічала і крытыка творчай манеры пісьменніка. Гапееў палічыў гэта ледзьве не наўмысным цкаваннем, замяшаным на зайздрасці да яго поспеху і – падкопамі, каб кніга яго аповесцяў не пабачыла свет. Усе літаральна паўсталі супраць пісьменніка!
Ведаючы, што ў “ЛіМе” чакаецца шырокі крытычны разгляд аповесці Гапеева “Урокі бяспечнага сексу” (рубрыка “Абмеркаванне”), я, для таго каб праверыць сваю аб’ектыўнасць, напісаў і змясціў на сваім ЖЖ разгорнутую рэцэнзію на гэтую аповесць. Праз тыдзень выйшла “Абмеркаванне”, і я з усцехаю зазначыў, што абсалютная большасць маіх крытычных заўваг да Гапеева супала з заўвагамі чатырох розных крытыкаў. А галоўнае – крытыкі пагадзіліся і з ранейшымі заўвагамі “страшнага” Грышкевіча! Пра што я і паведаміў спадару Гапееву, калі падчас чарговай нашай з ім спрэчкі адстойваў сваю крытычную аб’ектыўнасць. За адсутнасцю аргументаў у сваю абарону пісьменнік тады прамаўчаў. Але маўчанне, спадары, далёка не знак згоды, калі справа тычыцца беларускіх пісьменнікаў! Таму што большасць літаратараў чамусьці апрыёры лічыць сябе ідэалам і ставіць сябе ў самы цэнтр светабудовы. І тым не менш для іх важна не Ісціна, а яе сурагат у выглядзе ацэнак іх творчасці соцыумам праз артыкулы крытыкаў. Соцыум для іх не раўнуючы Гасподзь Бог. Што з’яўляецца недаравальнай памылкаю, якая надалей вядзе да невыносных творчых пакутаў і псіхалагічных комплексаў.
Пры канцы адно пытанне да ўсіх. Скажыце, навошта літаратару, упэўненаму ў сваёй значнасці (не маю на ўвазе канкрэтна Гапеева), так нервавацца ад ацэнак крытыкаў – звычайных зямных і грэшных людзей, якія ні ў якім разе не валодаюць абсалютам і ісцінай? Ці варта так глядзець у рот крытыкам, калі ты творыш і жывеш на зямлі зусім не для іх, не для таго, каб яны цябе пахвалілі ці зганілі? А калі няма ўнутранага пачуцця мастацкай ісціны – то ці варта займацца літаратурай? Як можа пісьменнік тварыць, калі ён пастаянна азіраецца і прыслухоўваецца да таго, што пра яго хто сказаў? Ды мала там хто якую лухту намалоў!
Таму і застануцца ў літаратуры – у сэрцах чытачоў, а не ў літаратуразнаўчых рэестрах – толькі адзінкі імёнаў, якія тварылі дзеля мастацтва, якія служылі Слову, а не спадарам крытыкам, якія не ганяліся за станоўчымі рэцэнзіямі ды прэміямі, за ўсімі гэтымі атрыбутамі зямнога, часовага, што толькі ўздымае па сацыяльных прыступках, але – не па рэальных прыступках Мастацтва. Багдановіч, Караткевіч, Разанаў, Гадулька і яшчэ зусім няшмат... Так думаецца.



Яшчэ раз пра герояў нашага часу

Апошнім часам усё часцей узнікаюць як лакальныя (на старонках ЖЖ, у кулуарах), так і глабальныя (старонкі газет, літстудыі) абмеркаванні таго, ці існуюць у сучаснай літаратуры персанажы, якіх можна было б ахрысціць літаратурным героем.
Самая закавыка ў тым, што пры любой падобнай спробе ўзнікае блытаніна з тэрмінам, з вызначэннем галоўнага героя. Хто ён? Станоўчы, высакародны, ахвярны, магутны, духоўны і г.д. – той, на каго нас прывучыла “раўняцца” беларуская савецкая літаратукра? Або літаратурны герой можа змяшчаць у сабе процьму самых процілеглых якасцяў? Або быць выключна мярзотным (як, выбачаюся, мой герой з “Леапарда на балконе”, сексуальны ман’як)?
Прыводзіў я ў адной кампаніі прыклад “Цырульніка” Зюськінда, дзе герой – нейкая пякельная пачварына, вырадак. Мне запярэчылі: гэта не герой – гэта персанаж. Няхілы ж, спадары, персанаж, вакол якога круціцца цэлы раман пад 400 старонак. То бок, па разуменні некаторых людзей, калі герой агідны – ён персанаж, не герой. Так, сапраўды, у такіх перасанажах няма нічога гераічнага, але яны сваімі характарамі і паводзінамі мацуюць творы, якія часта з’яўляюцца класікай сусветнай літаратуры.
Проста важна ўразумець, што літаратурны герой – гэта не герой у прамым і самым першым разуменні гэтага слова. Гэта не былінны волат, не Мересьеў, не Карчагін. Літаратурны герой – значна шырэйшае паняцце.
Прывяду прыклады.
Паэма ў прозе Гогаля “Мёртвыя душы” проста-такі напхана персанажамі (героямі), кожны з якіх нясе ў сабе асноўную ідэю, у дадзеным выпадку – нейкую адну даведзеную аўтарам да гратэску чалавечую загану. Такіх людзей, па словах прафесара М.Дунаева, у рэальным жыцці не бывае. Таму і глядзяцца “Мёртвыя душы” неяк сюрэалістычна.
Чычыкаў – увасабленне прагі нажывы.
Манілаў – увасабленне бязвольнасці, пустабрэх.
Сабакевіч – аголеная грубасць.
Плюшкін – узведзеная ў квадрат скнарлівасць.
Наздроў – увасобленае пустазвоннае хамства.
Каробачка – падазронасць.
А паколькі паэму Гогаля здаўна разбіраюць і аналізуюць літаратуразнаўцы, абапіраючыся на характары і ўчынкі герояў, то можна смела ставіць кропку ў тэрміналогіі. Герой – гэта нават не шырыня душы, не кажучы пра станоўчасць душэўных якасцяў. Герой – гэта зроблены рукой майстра персанаж, настолькі выразны і запамінальны, што яго называюць героем, хоць нічога наўпрост гераічнага ў ім няма.
Другі яскравы прыклад з сусветнай класікі – гэта раман “Браты Карамазавы” Дастаеўскага, дзе амаль кожны персанаж, нягледзячы на “шырыню душы”, нясе ў сабе адзіную стрыжнявую ідэю.
Алёша – вобраз анёла сярод віхуры людской (дарэчы, вобраз не вельмі ўдалы, Мышкін з “Ідыёта” – куды мацнейшы.)
Міця – калодзеж, у якім булькацяць самыя разнастайныя жарсці.
Іван – халодны знявераны розум.
Бацька трох братоў – увасобленая распуста.
Смердзякоў – сын ад вар’яткі, зачаты распуснікам (старэйшым Карамазавым), гэткая напаўчалавечая пачварына, якую замбіруе кожны, каму не лянота.
Далей не буду працягваць, бо ўжо становіцца неаспрэчнай сама шырыня паняцця “герой”. Ад сябе я б яшчэ раз сказаў, што герой – гэта персанаж, зроблены на высокім мастацкім узроўні.
І вось тут мы зноў упіраемся ў дылему. Аднаму крытыку (крытыкесе) не падабаецца герой, выведзены аўтарам, не падабаецца чыста па маральных якасцях. Калі сюды дадаць тое, што спадар крытык мае на спадара аўтара даўні адточаны зуб, то відавочна, што ён ніколі не назаве героя аўтаравай прозы героем. У лепшым выпадку – назаве бляклым персанажам. У горшым (і часцейшым) зусім праігнаруе аўтараў твор. І сапраўды, навошта аналізаваць, траціць час на літаратурную макулатуру, запоўненую бляклымі персанажамі?
Спытай большасць крытыкаў, хто актыўна друкуецца ў перыёдыцы, і яны амаль усе як адзін адчаканяць – літаратурных герояў у сучаснай літаратуры няма. Ёсць у лепшым выпадку бляклыя персанажы. Ёсць персанажы, якіх нельга назваць героем па чыста маральных якасцях (куды няўзнак, само сабой, дапасоўваюцца нізкія маральныя якасці аўтараў).
Так у нашых крытыкаў заведзена: што і вартых (задэклараваных савецкай беларускай літаратурай) герояў у нас няма, а значыць, і літаратуры (вартай) няма.
На пытанне, як жа вы з гэтым “няма” ухітраецеся ціснуць артыкулы за артыкуламі, кемлівыя крытыкі адкажуць: мы, пастаянна параўноўваючы вас з сусветнай і савецкай класікай, з узорамі сучаснай сусветнай літаратуры, хочам выцягнуць вас, небарак, за вушы на прастору мастацтва. Нашы (скажуць крытыкі) намаганні настолькі высакародныя, што мы гатовыя дзесяцігоддзямі цягнуць вас усіх за вушы з немастацкага балота, каб хоць аднойчы, адзін-адзінюткі раз, дачакацца пад старасць сапраўды мастацкага твора, які апраўдае ўсю нашу тытанічную працу, усё наша шматпакутнае жыццё сярод процьмы бяздарнасцяў, пасрэднасцяў, хамаў, падонкаў, няўдзячных, здрадлівых і самаўлюбёных.
Вось прыкладна такое калі не гавораць наўпрост, то шушукаюцца па закутках ці ў тэлефонных размовах нашы гераічныя крытыкі.
Насамрэч жа сучасны(я) герой у нашай літаратуры існуе – і гэта пераважна герой адмоўны. Герой з дуляй у кішэні. Рознага мастацкага ўзроўню, але ён мае месца быць у празаічных творах Федарэнкі, Станкевіча, Казлова, Бахарэвіча, Гапеева, Паплаўскага, Вішнёва, Талстова, Нератка ды іншых празаікаў, хто друкуецца настолькі актыўна, што іх творы можна заўважыць і прачытаць.
А вось у аматараў так званых літаратурных мініяцюр, мемуарыстаў-успамінальшчыкаў, карацельшчыкаў, літаратурныя мастацкія героі сапраўды адсутнічаюць як факт. Бо сам жанр прадугледжвае называць іх значна сціплей – персанажамі. У рамках мемуарнага жанру ніяк не разаўеш персанаж да героя. Дый задачы такой, на маю думку, ніхто з аўтараў-карацельшчыкаў-успамінальшчыкаў не ставіць. Яны не так пераўтвараюць жыццё ў мастацтва, як капіруюць яго з дамешкам непазбежных скажэнняў і спробай “асэнсаваць”. Але, як ні дзіўна, жанр карацелек найбольш цяпер папулярны. Бо ў сУчаснага чытача ўжо фрагментарная, эсэмэсачная свядомасць. Раман, а часам і аповесць сярэднестатыстычнаму чытачу (дый крытыку) ужо не адужаць.



Куды паставіць нагу?
(разважанні суб’ектыўнага крытыка)

Хочацца звярнуцца да асобаў, якія так ці інкакш спрычынены да нацыянальнай літаратуры: няўжо ж хто так наіўна ўпэўнены ў тым, што можна жыць у літаратурным асяроддзі, нікога ніразу не зачапіўшы? А браць шарэй – прайсці па жыцці так, каб нікога не дай Бог не пакрыўдзіць. Здаецца, у спн. Паплаўскай прачытаў такое жыццёвае крэда (калі памыляюся, Ася, прабач) на ЖЖ: жыць так, каб не крыўдзіць людзей.
Эх, сябры мае дарагія, як той казаў, рады б, ды не магу. Бо гэта не ёсць магчымым. Тут можна доўга разважаць пра заганнасць чалавечай прыроды, пра тое, што адзін кепскі, а другі добры чалавек. Усё гэта пустая рыторыка, калі не лухта. Пачнём з таго, што калі сам Гасподзь Бог, увасобіўшыся ў Хрысце і прыйшоўшы да людзей, нікога не скрыўдзіў, то якога ліха яго раскрыжавалі? Ды там цэлы натоўп пакрыўджаных супраць Яго паўстаў, прычым нават тыя, хто нядаўна за Ім хадзіў, каго Ён лекаваў. Не кажучы пра святароў традыцыйнай юдзейскай царквы, што ўбачылі і спалохаліся, што ўлада над душамі імкліва пераходзіць ад іх да нейкага абарванца, які валодае экстрасэнсорнымі здольнасцямі. Не, пакрыўдзіў некаторых людзей Хрыстос. І Яго ўчынак палічылі амаральным тыя, хто не падзяляў Ягоную пазіцыю. Толькі ўсяго.
Дык што ж гэта вы, спадары праўдалюбцы і праўдасекі, разлічваеце на нейкі рай на зямлі, на нейкіх дзівосных людзей, якія ніколі нікога ніякім бокам не пакрыўдзяць, не абразяць, не зачэпяць, не наступяць на нагу, не дадуць локцем у пысу, не нападуць на яго светлыя ідэалы і г.д. Аксціцеся! Ці магчыма такое? Тым больш, як верыць Ася, цягам усяго жыцця.
Ды пакрыўдзіць можна чым заўгодна, нават не ведаючы пра існаванне пакрыўджанага. Напрыклад сваім талентам. Творам, да якасці якога нехта, тужачыся гадоў наццаць, ніяк не можа дапяць. Актыўнасцю і заўважнасцю, як тая ж Паплаўская, на якую крыўдзяцца не толькі тыя, з кім яна жыўцом перасякаецца, а нават сп. Гапееў са сваіх аддаленых Івацэвічаў.
Здаецца, я ўжо ўздымаў гэтую тэму ў сваёй лімаўскай калонцы, якую вёў, пакуль мне было з кім працаваць, хто меў аўтарытэт і мог лабіраваць выхад такіх вострых артыкулаў. А потым мне расхацелася, бо ўжо прадчуваў, што здарыцца там з сыходам гэтага чалавека.
Але ў нас глядзяць у кнігу, а бачаць заўсёдную фігу. Можа, перастанем-такі нарэшце падводзіць маральныя рэйкі пад сваю асабістую пазіцыю і сваю асабістую выгаду? Годзе крывадушнічаць.
Таму яшчэ раз запісваю аксіёму: будучы крытыкам, немагчыма нікога не пакрыўдзіць, не набыць сабе ворагаў. Прычым нават будучы крытыкам самым памяркоўным, як, прыкладам, Алесь Марціновіч. На яго крыўдзяцца, мабыць, за тое, што піша пераважна пра масцітых, а пра моладзь ды ўсялякіх амбітных і культавых – не мае такога жадання. Вось яны ўжо і надзьмуліся, вось для іх ужо сп. Марціновіч і кеспкі крытык.
А вось Леанід Галубовіч, якога сп. Гапееў так захоплена хваліў з нагоды яго 60-дзя на старонках тыднёвіка. І такі справядлівы, і такі чалавечны… І самому Гапееву дапамог. Во! Галоўнае – дапамог самому Гапееву. Так, Валер, Л.Галубовіч шмат каму дапамог і выцягнуў з правінцыйнай ямы невядомасці. У тым ліку і цябе. Справядліва дзякуеш. Толькі ты, няпамятлівы, відаць прызабыў артыкулы Галубовіча з ЛеГАЛізацыі, дзе столькі было жорскага, знішчальнага, абразлівага і насмешлівага ў бок некаторых аўтараў. А яны ж, сп. Гапееў, таксама чалавекі, не толькі ты. Памятаю, як адзін знаны паэт кніжку Галубовічу падпісаў са спадзяваннем на “справядлівую крытыку”. Вось той яго і пакрытыкаваў справядліва. О, як жа ўскінуўся гэты пажылога веку паэт, о, як жа пачаў шальмаваць нахабнага крытыка і патрабаваць, каб гэта абавязкова надрукавалі. Надрукавалі. Абраза на абразе. І гэта яшчэ мы не ведаем першапачатковы тэкст ліста. Ліслівы падацель кнігі на “справядлівы” разгляд вокамгненна паказаў свае звярыныя іклы, як толькі разгляд, на яго погляд, аказаўся несправядлівы.
Так што праўда – яна рэч дужа коўзкая. Для ўсіх добранькім не будзеш.
А ўжо што тычыцца мяне, спадар Гапееў і ўсе расчаравана пакрыўджаныя разам з ім, то я чалавечую прыроду зведаў не па ўзросце рана і таму, распачынаючы сваю пабочную кар’еру літаратурнага крытыка, адразу паставіў сабе за правіла не думаць, што хто там як на мае крытычныя тэксты адрэагуе. Для таго і ЖЖ, дарэчы, завёў. Бо калі крытык будзе жыць па іншых правілах, то яму літаральна не будзе куды нагу паставіць, настолькі тут падлога выслана сямейнымі і карпаратыўнымі сувязямі.
Сп. жа Гапееў таксама пачынаў сваю ЖЖ-кар’еру даволі імпэтна і смела. Крытыкаваў фрэндаў і юзэраў, ажыўляючы літпрацэс. Рэспект. Многіх пакрыўдзіў. Але досыць хутка па невядомай мне прычыне мусіў зачыніць ЖЖ і хутка выскачыў пад нікам “вушасты”, дзе хвацка працягваў крытыкаваць. Потым “вушастага” выкрылі і пасля гэтага яго ЖЖ значна палагаднеў.
Скажыце, Валер, ці не нападалі Вы на мае творы, ці не пісалі такое, што “можаш мяне расфрэнджваць, але я праўду скажу”. Што я Вам адказаў, памятаеце? Што кожны вольны мяне крытыкаваць як заўгодна і менавіта за гэта расфрэнджваць ці мяняць да яго адносіны я не буду. За тры гады не расфрэндзіў ніводнага чалавека.
Дык што ж крыўдуеце Вы так, бедны, на крытыку вашай ЖЖ-дзейнасці, калі самі не без грашку, што ж Вы маральныя псеўдарэйкі пад сваю пазіцыю падводзіце. Пры гэтым яшчэ і падтрымкай людзей заручаецеся такіх, якіх самі напачатку амаральнымі называлі. Ствараеце кааліцыі?
Ды напісалі б ужо наўпрост, што даў бы я Южыку па пысе (фігуральна), каб ён не быў з абмежаванымі рухальнымі магчымасцямі, за яго амаральнасць (амаральнасць – у чым?). Дык распачынаеце нейкія пабайкі пра тое, што Вас даўно мучыць пытынне, як ставіцца да амаральных учынкаў усялякіх бязрукіх, бязногіх, астматыкаў і г.д., калі яны Вас у транспарце штурханулі. Дараваць ці адразу даць выспятка, каб паляцеў гэты бязногі-бязрукі з прыступак і грукнуўся касцьмі на зямлю? Ой як іншаказальна, алегарычна! Асабліва пасля майго разбору Вашых нападкаў на Асю. Ну ніхто проста не здагадаецца. Ды вам у тэатр трэба ісці.
Забываецеся толькі на тое, што літаратура – не аўтобус, і тут адсутнасць рукі ці нагі зусім не перашкаджае рабіць так, каб апаненты лёталі як ср…ыя венікі.
Не, каб прызнацца наўпрост: нехта, нехарошы чалавек, радыска, пакрыўдзіў маю бясцэнную Асобу за тое, што я сам пакрыўдзіў ганарлівую студэнтачку, і я за гэта яму ўсе косці пераламлю. Тады будзе праўдзіва. І ўсе наўкол зразумеюць, і, магчыма, прымуць Ваш бок. І без алегорый абыдземся.
Для людзей важнае іхняе “я”, у значнасць якога яны свята вераць, асабліва калі сядуць на якую пасаду, то раздзімаюцца ў сваіх вачах непамерна. Адзін тут крытык мяне так напалохаў, што я ледзь не а…саўся. Маўляў, калі ты, такі і сякі, яшчэ хоць раз узгадаеш маё імя разам са сваім, то я, волат і багатыр, так раскрытыкую твой раман, што… далей ён, зрэшты, не ведае, што будзе. А будзе тое, што звычайна і бывае: развяжа мне рукі канчаткова і стане ў шэраг тых, каго я тут ужо неаднойчы вазіў пысай па калюжынах белліту. У чым жа прычына такога шаленства: а ў тым, спадарове, што Южык неяк мімаходзь пакрытыкаваў ягоную працу ў якасці рэдактара адной газеты. Імгненна забыліся мае ранейшыя сто кампліментаў у бок смяротна пакрыўджанага крытыка, а ўстрэмілася ў галаву адна толькі заўвага. Адзіная, яна перакрыла ўсё. Засціла вочы. Толькі каб трэсці перада мной кулакамі, трэба мець сапраўды кулакі, а не кулачкі, трэба нешта з сябе каларытнае ўяўляць. Гэта так, на секундачку. Зрэшты, хочаце са мной ваяваць – прошу пане.
Адзін тут пыльным мяшком удараны абазваў мае запісы “калялітаратурным ананізмам”, дзе я нібыта спрэс шукаю адмоўнае ў людзях. Гэты затулены псеўданімам чалавек, відаць па ўсім, пісьменнік, абсалютна не валодае логікай, не ведае значэння слоў, якія ляпае ў каментарах, не знаёмы з сутнасцю сітуацыі. Хай бы зайшоў на мой сайт і пачытаў прорву крытычных артыкулаў станоўчага плану, перш чым павякваць. Па-другое: “калялітаратурны ананізм”…. Хм, ананізм – рэч для сябе самога, так бы мовіць, таемная. Я ж пішу а) не хаваючыся за псеўданімамі, выстаўляю тэксты публічна, б) рэакцыя на іх шырачэзная. І гэта “ананізм”? Выкарыстоўваючы стыль гэтага пісакі, мае запісы – гэта часцяком публічнае траханне. То бок абсалютна процілеглая рэч. Далей: прычым тут КАЛЯлітаратурная… справа. Яна самая што ні ёсць літаратурная, дзе асобы і іх творы разбіраюцца ў дэталях. І вось такую хрэнь крэмзаюць пісьменнікі з прэтэнзіямі на нешта. Перш чым ляпіць у гневе літары, перакурыце, прайдзіцеся, астыньце. Каб не трапіць затым у недарэчную сітуацыю.
Далёка не лічу сябе добрым чалавека, а тым больш не маю хваравітых прэтэнзій на сваю ідэальнасць. Людзей ідэальных у прыродзе няма. Зайздрасць, роўна як і ўсе астатнія чалавечыя жарсці, пануюць нават у манастырах. Вобраз манаха Ферапонта з “Братоў Карамазавых” выдатна выпісаны геніем, які сам быў далёка не добранькім чалавекам, а дастаткова фізічна хворым і псіхічна неўраўнаважаным, гульцом на рулетцы, зацятым курыльшчыкам, раўніўцам, эгаістам – як і ўсе смяротныя людзі. І, як амаль кожны чалавек, утрымліваў у сабе масу станоўчым якасцяў.
І нават пры ўсёй маёй суб’ектыўнасці, гарачлівасці і яшчэ кучы адмоўных рысаў характару, я магу засведчыць як факт, што і на сайце маім, і ў ЖЖ (тэг “крытыка”) змешчана мноства станоўчых выказванняў пра тыя ці іншыя творы, пра тых ці іншых асобаў. Ці нехта разлічваў на адну крытычную млосную патаку, на раздаванне піражкоў з мёдам? Дык пазліпаецца ж нутро ад спажывання аднаго здобна-салодкага.
Ну любяць людзі, калі іх расхвальваюць.
Ну ненавідзяць яны справядлівых і несправядлівых сваіх крытыкаў у роўнай ступені. Не, нават справядлівых больш ненавідзяць. Бо на праўду, якая ўскрывае іхнія гнайнікі, рэагуюць балесным лямантам.



Праблемы творчага свербу

Зайздрошчу тым, хто, падняўшыся зранку, адчувае магутны творчы сверб і паўнату думак, якія прагнуць выліцца на паперу. Адзін пісьменнік-пенсіянер мне з гонарам паведаміў, што кожную раніцу сядае за пісьмовы стол а сёмай і плённа працуе роўна да поўдня. Дзякуючы чаму ён ужо напісаў (і выдаў!) сто аповесцяў. Пісьменніка асабліва не ведаюць у літаратурным свеце, зорак з неба ён не хапае. І тым не менш у размове з гэтым упартым празаікам адчуваецца поўная адсутнасць у яго якіхсьці комплексаў несамадастатковасці, а наўсперач – цвёрдае перакананне ў тым, што ён усё робіць правільна. Годна жыве. Бадзёры, пазітыўны, усім цікавіцца, за ўсё перажывае – маю на ўвазе справы ў абодвух саюзах пісьменнікаў.
Прычым, што адметна, пажылы гэты празаік не хваліцца якасцю сваіх твораў, а толькі – іх колькасцю, сваёй зданасцю пераадолення ляноты і часу. Аж і сапраўды: яму ёсць чым ганарыцца. Бо здольнасці літаратурныя залежаць не ад нас, мы толькі імі карыстаемся, або лянуемся імі карыстацца. Пісьменнік жа гэты сумленна аддае прыродзе тое, чым яна яго надзяліла – і таму вельмі шчаслівы.
Для творчага чалавека самае пакутнае – раптам не знайсці ў сабе сіл і жадання пісаць. Звыклыя атрымліваць магутныя жыццёвыя эмоцыі ад складання літараў у словы, слоў – у сказы, а сказы – у сэнсы і вобразы, мастакі апынаюцца ў эмацыйнай прастрацыі. Становяцца такімі ж нервовымі, агрэсіўнымі або дэпрэсіўнымі, як алкаголік, якому перакрылі доступ да пляшкі. І чым больш таленавіты творца, тым балючэй ён перажывае немагчымасць пісаць, а дакладней, атрымоўваць ад працэсу пісання прывычныя магутныя эмоцыі. А людзі імі жывуць. Прычым усе. Мастакі і акцёры – найбольш.
Так што адзіным рэцэптам для творчага чалавека ад эмацыйных правалаў ёсць творчасць, як ні круці.
Людзі абмежаваныя часта надзелены ад прыроды ўстойлівай псіхікай. Такія ёсць і сярод тых, хто пры жыцці парупіўся зрабіць сябе беларускім класікам, ці блізу таго. Яны пастаянна, да глыбокай старасці, поўняцца важнымі і высокімі, як ім здаецца, творчымі ідэямі і задумамі. Яны штодня плённа працуюць, гадзін па восем, не менш. Праца для іх – найвялікшая асалода. Шчасліўцы. Зрэшты, адна мая знаёмая бабулька, даўно хворая на шмат якія хваробы, мае такі творчы працэс – выразаць з усялякіх газет рцэпты і медыцынскія парады. Пастаянна мяняе дыеты, лекуецца медыкаментамі і травамі, усім раіць і бярэ ад гэтага кучу станоўчых жыццёвых эмоцый.
Памятаю, як гадоў дваццаць таму адкрыў у сабе здольнасць складаць словы ў вершы. Гэта быў нейкі наркатычны дурман. Усё стала, як кажуць, побаку. На двары стаяў раздрай перабудовы і трэба было ўсяляк чапляцца за жыццё, каб не гібець на інжынернай зарплаце ў 30 долараў, а я наталяўся хімерамі, жывучы ў нейкім паралельным свеце паэзіі і высокай літаратуры, якую толькі тады, у 23 гады, для сябе адкрыў. Чытаў запоем. Службовыя абавязкі выконваў механічна.
У фатальнай, як здавалася ў 1996 г., змене свайго жыцця мяне зноў падняў з ложка да кампутара наркотык паэзіі. А да гэтага спрабаваў малаяваць – не тыя эмоцыі. Спрабаваў качаць мускулы – усё адно быў з мёртвай душою. Паэзія ж, а потым асабліва проза зрабіла з сіне-зялёнага паўтрупа, які і есці толкам не мог, – даволі ўкормленага і мускулістага таварыша, апантанага звышідэяй літаратуры. Вось што такое эмоцыі. На фізіялагічным узроўні – натуральныя наркотыкі, якія кіруюць працэсамі ў арганізме. Няма паступлення эмоцый – наркотыкі не выпрацоўваюцца і арганізм патрабуе ненатуральных. Адсюль так і распаўсюджана п’янства сярод творчых людзей.
А лекі ад яго адны – кожны дзень сядай за свой творчы стол і мыслі перад аркушам ці кампутарам, хоць бы ён пры канцы дня і чысты застаўся. Важная рэгулярнасць: хоць трохі за дзень, а натвары, хоць няўдалымі намаганнямі, а апраўдай дадзены табе дзень. Праз некаторы час гэта ўваходзіць у звычку, што цягне да стала ўжо мімаволі.
Паэты ў сваёй большасці людзі імпульсіўныя, часцяком лайдакі. На пэўным этапе свайго жыцця я зразумеў, што жыць адной паэзіяй не змагу – яна перастане даваць мне неабходныя эмоцыі, стане руцінай. Усё наша жыццё – структураванне і пераадоленне Часу. Час, прыродныя яго законы, трэба паважаць і адведзеныя для працы гадзіны сутак займаць менавіта працай. А найлепшая праца для творчага чалавека – творчасць. Так я паспрабаваў сябе ў прозе, хоць прыроднай уседлівасці і псіхалагічнай устойлівасці ад прыроды не меў. Прыйшлося падмануць прыроду і ўзяць рэгулярнасцю: пісаць амаль кожны дзень буйнафарматны твор маленькімі, да тысячы слоў, кавалкамі, выкідаючы туды ўсю дзённую мастацкую энергію. Таму і ў прозе я, па вялікім рахунку, застаўся паэтам – энергетыка слова відавочна ў мяне дамінуе над сюжэтам і сэнсам. Да таго ж страшэнна не люблю сумаваць, таму міжволі ўводжу эксцэнтрыку і экспрэсію, камічныя эпізоды. Гэта адбываецца, паўтаруся, спантанна – праз тое, што за выраб празаічнай тканіны бярэцца характар паэта. Пасля першай кнігі ўвёў сабе табу на лірызм, гэта надзейней трымае на паэтычным твары маску празаіка.
І ўсё ж творчасць – загадка. Усе дванаццаць гадоў, што пісаў прозу, амаль штодзённа сядаючы з раніцы за кампутар, я адчуваў нязменны страх – ці з’явіцца нават першая фраза, не кажучы ўжо аб тым, ці выканаю я гэтыя традыцыйныя тысячу слоў. І адчуваў палёгку, калі “пяро” краналася з месца, а пальцы ледзь паспявалі за думкаю. Значыць, з’яўляўся яшчэ адзін шанец дастойна пражыць дзень.
Таму даўно не смяюся ў душы з людзей, якія ганарацца сваёй творчаю рэгулярнасцю. Гэта вартыя павагі таварышы хаця б таму, што жывуць дастойна, правільна структуруючы час.



Метафізіка ісціны
(па старонках літаратурных блогаў і перыёдыкі)
 
Часам дзіву даешся нашым беларускім літаратарам і літаратурным дзеячам. Здавалася б, колькі ўсяго-ўсякага наслухаўся ты, братка Южык, цялёпкаючыся і высільваючыся ў нашым беларускім каляпісьменніцкім моры; нічому не мусіш ужо здзіўляцца. Ат не! Кожнага разу чытанне нашый перыёдыкі і блогаў ЖЖ прыносіць табе новыя эмоцыі. Што радуе.
 Выказваецца, прыкладам, Валянцін Акудовіч катэгарычна ў плане таго, што няма ў нас літаратурнай крытыкі. Ну зусім проста няма. Ціхан жа Чарнякевіч шчыра не разумее такія высновы, бо і сам даволі плённа шчырае ў той галіне, і пастаянна чытае крытыку ў перыёдыцы. Ну ды ладна: няма для Акудовіча ні крытыкаў Чарнякевіча, ні Марціновіча, ні Капусты – то хоць Кісліцыну, здавалася б, з яе некалькімі прафесійнымі літаратуразнаўчымі кнігамі варта прызнаць? Не, няма і Кісліцынай, і Шаўляковай – нікога для спадара філосафа няма. Тут справа ў тым, што калі гавораць: няма крытыкі, няма раманаў, няма фантастыкі – гэта зусім не вымагае літаральнага разумення сказанага. Тое проста азначае, што спадар выступоўца лічыць: існыя крытыка, раманы, фантастыка не адпавядаюць ягонаму (выдуманаму) ідэалу літаратуры. Вы як бы ёсць, але адначасова вас як бы і няма, бо не дагадзілі нейчаму эстэтычнаму ўзору (дый ці чытаў ён вас усіх?). Тым больш што для Акудовіча, згодна яго філасофскай сентэнцыі, і яго самога таксама – няма. Прынамсі тут ён непрадузяты.
 Выступае, напрыклад, вядоўца сталай калонкі ў "ЛіМе” Ася Паплаўская і з традыцыйнай сваёй катэгарычнасцю сцвярджае, што кніга Вікі Трэнас "Экзістэнцыйны пейзаж” мае не кідкую, не запамінальную назву, а вось кнігі Уладзіміра Някляева і Сяргея Дубаўца ("Цэнтр Еўропы” і "Як?”) маюць, паводле Асі, якраз-ткі кідкія і запамінальныя назвы. Ох, ліхаманка яго бяры, хочацца тут запытацца, па якіх жа такіх крытэрыях робяцца тыя высновы, дзе тлумачэнні? Іх у артыкуле не назіраецца нават пад лупаю. Проста гаворыцца: так і так, гэтак і гэтак, а крытэрыем ісціны выступае ўнутранае перакананне аўтара. Я ж трохі патлумачу, літаральна на трох пальцах і ў двух словах: "Экзістэнцыйны пейзаж” бачыцца мне назвай не толькі кідкай, запамінальнай, а нават элегантнай і цудоўнай – таму, што экзістэнцыйны пейзаж гэта, чытай, унутраны свет аўтара, паэтэсы. Усё надзвычай проста і разам з тым вытанчана; да таго ж ясна, пра што будзе кніга. За назвай жа "Цэнтр Еўропы” зусім не бачыцца празаічны тэкст (гэта назва публіцыстычнага артыкула для "Народнай волі”, няйначай), а бачыцца грубая, кандовая палітычная кан’юнктура, пад такую назву зручна хіба што гранты выпрошваць у братоў-эўрапейцаў на аплату друкарскіх выдаткаў. Назва "Як?” Дубаўца не гаворыць мне абсалютна нічога, нават намёку не дае на змест кнігі. Што, згадзіцеся, не ёсць добра.
 Абураецца, да прыкладу, спадар Гапееў у сваёй эмацыйнай рэцэнзіі на "Мяжу” Андрэя Федарэнкі, што няма, не стала ўжо адзінай літаратурнай прасторы з адзіным, фігуральна кажучы, выдавецтвам і адзіным крытыкам-ідэолагам, які расставіць усіх па ранжыры. Алесь Аркуш спрабуе пераканаць Гапеева, што такое ўжо нядаўна было і прывяло, у прынцыпе, да катастрафічных наступстваў. Але марна. Гапееў слухаць чужыя аргументы не надта схільны. Хацелася б толькі паглядзець, як бы ён прабіваўся з правінцыі ў сталіцу за Саветамі, дзе прыняцце ў Саюз пісьменнікаў давала ў перспектыве кватэру і ўсялякія выгоды, а вымагала толькі пісаць "як трэба”. Ці прабіўся б яшчэ, жадаючых многа! А прабіўшыся, ці быў бы ўсім задаволены?
 Гаворыць, напрыклад, Леанід Галубовіч, што цяперашняя паэзія не ёсць паэзіяй, а вось раней... і прыводзіць прыклады Купрэева, Разанава, Мінкіна і г.д. Закавыка толькі ў тым, што наведвальнікам імпрэзаў сучасных паэтаў-выступоўцаў, паэтаў-трыбунаў і эпатажнікаў здаецца, што менавіта такая паэзія і мусіць быць. Іншай ім не патрэбна. Дзе крытэрыі ісціны? Ва ўнутраным свеце ацэншчыка толькі? Ці яшчэ недзе? Тут варта не забывацца, што ўнутраны свет выхадца з вёскі і выхадца з горада, выгадаванага за камуністамі і выгадаванага ва ўмовах усёдазволенасці і ўсёдаступнасці – розняцца кардынальна. Напрыклад, я, гараджанін, не ўзрушваюся паэзіяй Купрэева анітрохі. Можа, гэта мая бяда. А можа, бяда паэта Купрэева, вясковая псіхалогія якога дысануе з урбаністычным трэцім тысячагоддзем.
 Таксама нямала ўражаны абмеркаваннем у "ЛіМе” твора Уладзіміра Сцяпана, дакладней – мініяцюраў, сабраных пад назваю "Дзед”. Трое крытыкаў прызнаюцца ў любові да Сцяпана і яго творчасці, прынцыпова абмінаюць неабходную частку "адмоўнае”, кажучы, што анічога такі адмоўнага, спрэчнага ў яго творчасці не знайшлі (?!), а чацвёрты, Грышкевіч, нібы ў насмешку з прыхільнікаў Сцяпана кажа, што не бачыць нават элемента мастацкага ў гэтым творы – так, маўляў, адзін кіслы суб’ектывізм, не варты ў прынцыпе абнародавання, а варты сямейнага альбома, і толькі. З усімі чатырма не магу пагадзіцца. Крытыка гэта не замілаванне, не прызнанне ў любові, і не адмаўленне твора як факта. Інакш можа скласціся ўражанне, што калі ў творы не знаходзяць нічога спрэчнага, то ідэйная напоўненасць яго нулявая. Твор мусіць быць космасам, у якім нічога да канца не зразумела, усё пад пытаннем. Прыдумаць, нафантазіраваць, стварыць новы, свой свет значна (на парадак) цяжэй, чым з таленавітым замілаваннем паўспамінаць "гады маладыя шчаслівыя”. Дарэчы, Уладзімір Сцяпан гэта выдатна ведае, маючы багаты вопыт дэтэктыўнага "сачыніцельства”, якое страшэнна энергазатратнае, проста страшэнна... Варта, на маю думку, адрозніваць такі мемуары ад мастацкага твора, як і публіцыстыку ад філасофіі, як і крытыку ад паэзіі. Розныя, паўтараю, узроўні энергіі тут выяўляюцца.



Піяру Някляева

Прачытаў у Асі Паплаўскай чарговую дыфірамбу Някляеву з эпітэтам "пісьменнік еўрапейскага ўзроўню", быццам сам па сабе еўрапейскі ўзровень такі завысокі. А вось для мяне амерыканская літаратура вышэйшая, і По, і Кінг, і Сэлінджэр, і Твэн, і Купер, і Лондан... З еўрапейскіх жа (не рускіх), адзін Конан Дойл ды яшчэ ў дзяцінстве Андэрсан перавярнулі мяне. Ну пра ўзровень празаіка Някляева я ўжо выказваўся і ацэньваю яго невысока. Але ж Ася павінна б ужо навучыцца адрозніваць высокае мастацтва ад мёртванароджанага. Хаця б гэтаму навучыцца па першым часе няшкодна... Зрэшты, у каго навучыцца? І ці гэтаму магчыма навучыцца? А трэба. Для таго каб не ставіць на адну дошку Разанава і Някляева. Абсалютна розныя ступені адоранасці. Адзін арыгінальны ва ўсім, другі банальны ва ўсім, зацёртыя саўковыя тэмы ў паэзіі, мысленне плоскае, зямное, хоць і таленавіта, лірычна пададзенае. Дарэчы, зноў паўтораны штамп пра еўрапейскага ўзроўню паэта Разанава. (Цікава, як ён сам сябе вызначае?) Калі ўжо перастанем у рот "эўрапейцам” узрушана зіркаць? Ды хоць адзін заходні паэт наблізіцца да мудрасці і лаканічнага лірызму азіяцкага Амара Хаяма? Гэтыя пустаслоўныя Рэмбо, Бадлер, Верлен... Хм. Я не так добра ведаю сучасную еўрапейскую літаратуру, затое парадкам гляджу сучасны еўрапейскі кінематограф, які моцна саступае па ўсіх параметрах амерыканскаму. Так што, чым дыхаюць "эўрапейцы”, па фільмах выразна бачна. Поўная маральная дэградацыя, палавыя члены ў кожным фільме мільгацяць у кадрах няспынна. Член, голая задніца, голая задніца, член... Больш няма чаго сказаць-паказаць наследнікам Леанарда і Дантэ. Вырадкі вялікай цывілізацыі – вось што такое сучасная Еўропа. Згніла ўжо пад завязку, старэча: свяшчэннікі-жанчыны, епіскапы-гамасэкі, пустыя цэрквы, карыкатуры на прарокаў у часопісах... Свабода, ёрш тваю дваццаць. Ну і няхай. Таму, можа, Някляеў – сапраўды празаік еўрапейскага ўзроўню, "адзіны” ў Беларусі, як задзірыста сведчыць Ася?



Беларуская літаратура як сродак для стрававання
(паводле радыёгутаркі, зладжанай Н. Гальпяровічам)

Сёння, жуючы на кухні свой сціплы абед, няўзнак пачуў, як мой старэнькі прыёмнік праперхаў звязку слоў "беларуская літаратура” у нейкім кантэксце. Што мімаволі мяне ажывіла і змусіла падладзіць радыёхвалі ды прыслухоўвацца больш уважліва.
 Гаворка на першым канале нашага любімага радыё ішла адметная. У студыі сабраліся: вядучыя – нейкі хлопец і пісьменнік Навум Гальпяровіч, госці – дзеці з нейкай беларускамоўнай гімназіі, а таксама сучасныя маладыя пісьменнікі, сярод якіх я ўлавіў толькі імя Вікі Трэнас. А размова наладзілася пра літаратуру для дзяцей, з усімі, так бы мовіць, вынікаючымі адсюль наступствамі. То бок цягам ці не гадзіны ў студыі чуліся звыклыя скавытанні пра тое, чаму нашы дзеткі не чытаюць беларускую літаратуру, не ведаюць сучасных айчынных пісьменнікаў і г.д. і н.т.п. – аж да млосці. Такія пераліванні з пустога ў парожняе, заснаваныя на комплексе беларускай непаўнавартасці, могуць задаволіць адно мазахіста. Я такім не з’яўляюся, і тым не менш з прафесійнай цікавасці даслухаў гутарку амаль даастатку. Хоць насамрэч карцела пазваніць у студыю і прапанаваць вядучым не ламаць камедыю, а гаварыць праўду і толькі праўду, якая складаецца з двух пунктаў:
 1) беларускую літаратуру не чытаюць і не ведаюць беларусы таму, што гавораць з пісьменнікамі на розных мовах; у той жа час пісьменнікі нашы яшчэ і пішуць слаба, а пішуць яны слаба менавіта таму, што паходзяць не з 9-мільённага народа, а з тысячнага філфака. 2) каб беларускія пісьменнікі добра пісалі, а іх, адпаведна, добра чыталі і ведалі, мова мусіць прысутнічаць скрозь у сістэме адукацыі і сістэме дзяржаўнага справаводства.
 Усё. І не трэба скаланаць марна паветра. Але ж праўду ў нас гаварыць не любяць і не ўмеюць, а любяць пабуксаваць у гразкіх каляінах словаблудства і ханжаства. Любяць распавесці, як спадар Гальпяровіч, што ён зачытваўся ў дзяцінстве аповесцю "Чазенія” Караткевіча, што дзесяць разоў за жыццё перачытаў "Каласы пад сярпом тваім” гэтага ж мэтра. А ўсё таму, што з цяперашніх празаікаў няма чаго чытаць спадару. Для дзяцей Гальпяровіч рэкамендаваў традыцыйна "Шчарбаты талер” Андрэя Федарэнкі ды творы Валерыя Гапеева, што друкаваліся ў "Маладосці”. Як бачна, з арыгінальнасцю Галяпяровіч не ў дружбе. Несумненна, дастойныя гэта пісьменнікі, вартыя творы. Аднак калі ў нас год за годам рэкамендуюць "з новага" пачытаць дзецям аповесці Федарэнкі, напісаныя з дзесяць гадоў таму, то гэта ўжо нейкі дыягназ самой літаратуры. Нейкі капец. Таму што сапраўды ў нас нічога вартага і заўважнага, апроч твораў Федарэнкі і Гапеева, у дзіцячай літаратуры не адбылося. Два чалавекі на 9-мільённы народ! Далей можна толькі істэрычна смяяцца з адчаю, калаціцца ў сутаргах і піць заспакаяльныя сродкі.
 З запамінальнага спадар Гальпяровіч прамовіў яшчэ тое, што беларускія фантасты пішуць апошнім часам вельмі мала ды не так добра. Праўда, не сказаў, што падчасопіс "Фантаст” у "Маладосці” апошнія два–тры гады не выходзіў наогул, а гэта адзінае месца, дзе можна было надрукаваць нешта з беларускай фантастыкі (дзе ж ён чытаў "свежую” фантастыку?). Вінаватыя ў гэтым, канешне ж, паводле Гальпяровіча, выключна пісьменнікі.
 Увогуле, адступлюся і трохі пагавару пра гэтую цікавую асобу – спадара Гальпяровіча. Даўно да яго прыглядаюся, чытаю яго вершы ў перыёдыцы, слухаю радыёвыступленні... І не магу ўсумніцца ў шчырасці гэтага творцы і грамадзяніна. Усё, пра што Гальпяровіч кажа, ён гэта прапускае праз душу і ў гэта свята верыць. Верыць, што "Каласы” і "Чазенія” – выбітныя літаратурныя творы, верыць, што залаты час беларускай літаратуры – савецкі, верыць, што ў ЖЖ рэкламуюцца не патрэбныя беларускім чытачам творы (а што каму патрэбнае – то ведае толі ён). І не магу сказаць, што Гальпяровіч не ёсць паэт. І паэзія ў яго вершах прысутнічае, і энергетыка, што зыходзіць ад яго палкай натуры... Вось толькі шкодзіць спадару паэту яе вялікасць Традыцыя: неяк так выхоўвалі ў свой час нашых філфакаўцаў і, браць шырэй, літаратараў старэйшага пакалення, што ўся іх шчырасць неяк сама сабой коўзае ў адных і тых жа каляінах. Што хваляць яны толькі класікаў і буйных чыноўнікаў ад літаратуры, што пагарджаюць толькі маладымі і не ўплывовымі, а ўплывовых шануюць, што ў вершах сваіх не дадаюць у скарбонку беларускай літаратуры нічагуткі новага ў плане тэматыкі, мыслення, светапогляду; калі каханне ў іх – то светлае, калі маці – то святая, калі радзіма – то жыццё за яе гатовыя (на словах) пакласці. Усё шчыра, усё добра, але ж...
 А я вось, напрыклад, спадар Гальпяровіч, лічу творы Караткевіча "Каласы” і "Чазенія” не проста слабымі – а нават тымі, якіх чалавек, выхаваны на класіцы сусветнай літаратуры, фізічна не зможа адолець з прычыны няёмкасці. Я іх такі прачытаў. Але літаральна патанаў у моры нацяжак, мнагаслоўя, недарэчнасцяў, у здаравенных немастацкіх кавалках тэксту, у вяласці і размытасці фабул... "Каласы” нават з першага разу не адолеў, а адклаў на пару гадоў і потым дабіў. Гавару, як і спадар Гальпяровіч, выключна шчыра.
 Дарэчы, у студыі нехта між іншага захапляўся раманам паляка Сянкевіча "Куды ідзеш?” ("Камо грядеши?”). Выдатны празаік, але не для дарослых, здаецца, людзей. Я ў дзяцінстве з захапленнем і трымценнем прачытаў яго "Крыжакі”, хаця і тады бянтэжылі некаторыя месцы рамана. А зусім нядаўна дабраўся і да "Куды ідзеш?”, прывабіла тэма Нерона і першахрысціян. Але адужаў старонак 200 і спыніўся, бо іх усяго блізу 800. Чаму, спытаецеся вы? А вось дастала мяне спатыкацца на гіпербалах і нацяжках, што папросту называюцца мастацкім фальшам. Калі волат у Сянкевіча – то сілы быліннай і нерэальнай, калі прыгажуня, то нейкай фантастычнай красы, калі жарсці – то тэатральныя, калі язычнікі – то спрэс вырадкі, калі хрысціяне – то адной белай фарбай намаляваны. І гэтак далей. Тое, што выдатна заходзіць у дзяцінстве, у сталасці напружвае, мякка кажучы. Таму заўсёды апасаўся перачытваць "Крыжакоў” – хай захаваецца тое першае дзіцячае моцнае захапленне ў памяці. (Чаму не напружвае гіпербаламі Гогаль? А таму, што ў яго падкрэслена фантастычны свет герояў і вобразаў, у якім гіпербалы – сродак лучнасці гэтага свету з рэальнасцю.) О, шчаслівыя чытачы, якія не вылузаліся з пары дзяцінства, дажыўшы да сівых валасоў! Светла зайздрошчу...
 Запомніліся ў той перадачы словы Вікі Трэнас: сучасная моладзь вельмі любіць пісаць і дасылаць свае творы ў рэдакцыю, а вось чытаць, наадварот, гэтая моладзь вельмі не любіць. Нельга не пагадзіцца з такімі словамі. Чытаць многія з нас не ахвотнікі. Асабліва – пісьменнікі, і асабліва – беларускую літаратуру. Толькі вось чытачоў гэтых у нас – толькі пісьменнік ды студэнты, якія па беднасці нічога не могуць купіць. Застаецца спадзявацца на інтэрнэт.
 У гэтай сітуацыі дзівіць, калі крытыкі хаўрусам то сям, то там цкуюць адзінкі людзей, здольных выказаць рэзкую, "не прычасаную” праўду. Часта назіраеш, як перамываюць у ЖЖ косткі Сяргею Грышкевічу, які, дарэчы, у інтэрнэт-прасторы не прысутнічае і адказаць належна не можа. Лупцуюць звязанага, адсутнага, далёкага, берасцейскага. Збяруцца розныя пакрыўджаныя ў гайню – і давай шкуматаць. Не карэктна гэта, хлопцы-дзяўчаты. Хай бы пабілі каго ўплывовага, Васючэнку там (яго няма, праўда, за што), ці Пятровіча, ці Дынько на благі канец. Не, таго, хто можа перакрыць кісларод, не чапаюць, баяцца.
 Нядаўна размаўляў па тэлефоне з Юры Станкевічам, і ён сказаў сакраментальную фразу: цкуюць Грышкевіча таму, што піша ён праўду. Правільна, на праўду найбольш і ашчаціньваюцца заўсёды. Лухту ж ігнаруюць.
 
Калі кучай грызуць аднаго, то просіцца верш Акуджавы:

* * *
Дураки обожают собираться в стаю,
впереди главный -- во всей красе.
В детстве я думал, что однажды встану,
а дураков нету -- улетели все!
...............................
 
А умный в одиночестве гуляет кругами,
он ценит одиночество превыше всего.
И его так просто взять голыми руками,
скоро их повыловят всех до одного.
.............................

Дураком быть выгодно, да очень не хочется.
Умным очень хочется, да кончится битьем...
У природы на устах коварные пророчества.
Но может быть, когда-нибудь к среднему придем?
 
Эх, рабяты, ды 80 адсоткаў любой незадаволенасці Грышкевічам – гэта асабістая помста за крытыку вашых твораў, а 20 – за яркасць асобы, хай і брутальнай, і несправядлівай, і ў нечым нахабнай. А хто з нас справядлівы? Назавіцеся, героі! А мы вас прааналізуем у асобным артыкуле. У кожнага свая праўда. У Грышкевіча яна, прабачце, такая.



Філфак як баласт

Разбягуся, калі дазволіце, трохі з адлегласці. Неяк, слухаючы радыёканал "Культура”, пачуў вельмі разумнага чалавека, які амаль з гадзіну апавядаў пра "Гора ад розуму” Грыбаедава. То быў сапраўдны філасофска-аналітычны разгляд, які мяне – на кантрасце з нашымі беларускамоўнымі "знаўцамі” – настолькі прывабіў і захапіў, што я, ахвяраваўшы самай працоўнай часінай дня, даслухаў да астатку яшчэ і з мэтай даведацца, хто ж гэта за літаратуразнаўца такі. Слухаючы, гадаў: напэўна расіянін, у нас такіх дасведчаных не дашукаешся. І як жа падзіваваўся, калі лектар назваў сябе старэйшым выкладчыкам філфака Аляксандрам Юр’евічам Гарбачовым – г.зн. родным братам пісьменніка Юрася Нератка, майго сябра. Пазваніўшы пазней Юрасю, я пажартаваў: во адкуль, аказваецца, ты разумны такі – бацькоўскія гены...
І нават калі без жартаў, то гены ў любой справе маюць першапачатковае значэнне. Таму дзівіць не гэта, а тое, што літаратурным працэсам у Беларусі намагаюцца "запраўляць” не тыя, каму гэта дадзена ад прыроды, а людзі, прыстасаваныя ў лепшым выпадку чмуціць галовы і цягаць за вушы непаслухмяных школьнікаў. Гэта асобы, якія публічна прызнаюцца ў сваёй хлуслівасці ды некампетэнтнасці (і ім нішто, усё з іх сыходзіць нібы з гусі вада).
Здавалася б, калі ўжо берацеся за крытыку і літаратуразнаўства – займайцеся гэтым сумленна, а не так, як піша сп. Грышкевіч "Шаноўная даследчыца любіць падмяняць сур’ёзны аналіз эмацыянальна-павярхоўнымі развагамі на іншыя тэмы”. Ды не так, калі асноўнай мэтай крытыка робіцца звядзенне асабістых рахункаў з пісьменнікамі, тузанне іх за вушы, як шкадлівых двоечнікаў. Тут, спадары, не школа, і нават не філфак, дзе вам у рот будуць з пашанай і страхам глядзець. Не хочуць пісьменнікі, аказваецца, строіцца ў філфакаўскія шыхты, не жадаюць дзяліцца на двоечнікаў і выдатнікаў. А часам яшчэ шыю самому крытыку намыльваюць... І двойку ім не паставіш, і з лекцыі не выганіш, і не застрашыш будучай сесіяй. Такія вось завароты.
Ну гэта лірыка. А што тычыцца фізікі літаратурнага працэсу, дакладней, яго метафізікі – то літаратурныя іерархіі выбудоўваюцца па законах, не залежных ад волі канкрэтнага чалавека, і нават ад волі ўплывовых груповак. Гэта працэс выключна метафізічны, хоць робіцца чалавечымі рукамі (праўда, не ўадначас, а цягам доўгіх дзесяцігоддзяў). Савецкая сістэма прывучыла беларускую літаратуру да фальшыва-заганнага разумення гэтага працэсу. Класікаў амаль у поўным сэнсе гэтага слова назначала ўлада. Класікаў рабіла ідэалогія, палітыка партыі. "Плён” гэтых працэсаў мы разграбаем і ніяк не можам разгрэбці па сённяшні дзень.
За дваццаць гадоў, што прамінулі пасля распаду СССР, нечакана выявілася, што класікаў нашых народ НЕ ХОЧА чытаць. А чытае ён з савецкага перыяду амаль аднаго Караткевіча, якога ніхто ў бронзу пры жыцці не фарбаваў. А ўсе гэтыя, што хадзілі пры жыцці ў абліччах дэміургаў, неяк пабляклі, і рэзка. Імі цяпер займаюцца толькі навуковыя інстытуты (бо кормяцца з гэтага) і філфакаўцы (таксама – іх хлеб). Астатнія ад класікаў адхіснуліся, іх нават пад прымусам за іх не ўсадзіш. Вось вам сапраўдная метафізіка. За дваццаць гадоў, акрамя Караткевіча, класікамі сталі толькі Анатоль Сыс і Васіль Гадулька. Дый то: не так сталі, як становяцца, набываюць той статус. Гэта непараўнальна менш па колькасці за час СССР. Чаму так? А таму, што ніхто нікога не назначае на трон, а працэс адбываецца натуральна. Узгаданыя творцы міма волі людзей набываюць адпаведны статус у грамадскай свядомасці. Прычым Сыс і Гадулька – поўныя супрацьлегласці адно аднаму як асобы, а роднасныя, бадай, толькі сваёй адзінотаю і, як вынік, алкагалізмам. Адзін – непамерна славалюбны, колісь празмерна сацыяльна актыўны, і пры канцы жыцця ў маральным аспекце нікудышны чалавечак (куды такому, здавалася б, у класікі?). Другі – ціхмяны, млявы, бяскрыўдны, нават слабы перад жыццёвымі навальніцамі, пры жыцці невядомы. Але абодва неспадзеўкі аказаліся блізу іерархічнай вяршыні.
А нехта трэці і стараецца, і ва ўсіх "рэестрах” прысутнічае, і ў дыяментавых серыях кнігі свае выдае, і зборы твораў пры жыцці мае... Але ж ападае, бядак, на днішча літаратурнай гісторыі. Каб даць уразумець някемлівым, што такое метафізіка, прывяду цытату з дзённіка Ганны Кісліцынай наконт таго, як збіраўся матэрыял для "Крыніцы” пра постаць Сыса, калі ён яшчэ быў жывы: "Толькі праблема была ў тым, што ніхто не хацеў гаварыць пра жывога Сыса... Зусім ніхто, разумееце? І прычыны ва ўсіх былі розныя. Адны казалі, што ён спісаўся. Другія, што спіўся. Трэція, што ён -- хамудла. Чацвёртыя, што ён гомасексуаліст... Больш за тое, мне проста ў твар выказвалі, што такая жанчына, як я, не павінна прапагандаваць такога вылюдка, як Сыс. Дзе былі сённяшнія ўспамінальшчыкі -- чорт іх ведае”.  А потым, спадары, тыя самыя людзі (якія ні на каліва не змяніліся па цяпер) раптам пачалі спяваць дыфірамбы Ататолю Сысу, закідваць дзеясловы і нашынівы артыкуламі пра яго творчасць і жыццёвы шлях, клясціся ў доўгім сяброўстве, зычыць вечнай пасмяротнай памяці. Што ж так? А так вось... Бо людзі – усяго толькі марыянеткі ў руках метафізікі. І любіць Сыса і яго творчасць яны не сталі ні мацней, ні слабей як пры яго жыцці. Карціна вядомая. Вывучаная даўно на прыкладзе рускіх "праклятых” паэтаў – Высоцкага, Ясеніна, Блока... Ёсць выдатная кніга пра апошні год Высоцкага "Праўда смяротнай гадзіны”, дзе ў падрабязнасцях апісана яго агонія, калі паміраў ад наркатычнай ломкі. Пачытайце. З ім побач не было нікога, хто цяпер клянецца ва ўспамінах у дружбе "сябру Валодзю”.
Задаў у ЖЖ пошук "пра Сыса”. О, Божа! Адзін марнавальнік паперы, гэты успамінальнік-мініяцюрыст проста адліпнуць не можа ад слова "Сыс”, так і мільгаціць яно на яго дзённіку! Людзі – істоты слабыя. Ім трэба знайсці свайго лідэра, вакол якога круціцца і быць заўважаным, калі ўжо самім заўважнасці Бог не даў.
Адсутнасць цяпер званняў і тытулаў, якія пры савецкім часе аўтаматычна давалі статус прыжыццёвага класіка, моцна непакоіць цяперашні літпрацэс. Наладжваюцца розныя апытанкі, анкеты, ацэначныя эсэ, дзе пісьменнікаў не яўна, а прыхавана спрабуюць надзяліць тытуламі і надаць усяму гэтаму вагу праз аўтарытэт хаця б выдання, калі ўжо самі "расстаноўшчыкі” ніякага аўтарытэту не маюць.
Зрэшты, гэта працэс непазбежны. Хвалюе іншае. Беларуская літаратура, у сілу статусу нацыянальнай мовы, моцна залежная ад філфака. Там традыцыйна прадукавалі майстроў прыгожага пяра, крытыкаў і ўсялякіх даследчыкаў літаратуры, якія надта ўжо празмерна цягам усёй гісторыі ўплывалі на літаратурны працэс. Прыйшоў час сапраўды пакласці ўсяму гэтаму калі не канец, то абмежаваць у меры магчымасцяў. Надыходзіць іншая эпоха беларускай літаратуры, калі ўжо старыя прынцыпы фарміравання пісьменніцкай прасторы могуць весці толькі ў тупік. Беларускім літаратарам, узыходзячы на самалёт, прызначэння якога – Будучыня, неабходна літаральна адштурхнуць ад сябе філфак як непатрэбны баласт. Памятаеце, як у фільме Эльдара Разанава "Нябёсы абяцаныя” – так! – літаральна нагой адштурхнуць і бегчы па трапе, калі жадаем паспець адляцець. Інакш зацягнуць у багну застою.
Літаратура не павінна быць татальна залежнай ад філфака і тых, хто пры ім фарысейнічае. Справа выкладчыкаў – абучаць студэнтаў быць настаўнікамі роднай літаратуры, не болей. Ацэньваюць бягучы літпрацэс няхай тыя, хто мае для таго адмысловыя здольнасці, па маім перакананні – не менш рэдкія ў прыродзе, чым здольнасці творчыя. Павярхоўныя выгукі кшталту "ты, Ванечка, малайчына, вазьмі за гэта піражок” у дачыненні пісьменнікаў лічу абразлівымі. Пісьменнікі, паўтараю, не вучні, не шкаляры, нават самы занюханы пісьменнік вышэйшы за любога выкладчыка філфака, калі той не даказаў сваё права кагосьці судзіць або сваімі мастацкімі творамі, або грунтоўнымі літаратуразнаўчымі кнігамі (як, напрыклад, тая ж Ганна Кісліцына). Месца ў літаратуры заслугоўваецца гадамі, а не выскокваннем чарцянём з табакеркі. Так думаю. Крытычныя артыкулы мусяць насіць найперш аналітычны характар – у плане вылучэння асноўных ідэй твора, супастаўлення іх з вядомымі філасофскімі канцэпцыямі, адгадкі таямніц, схаваных аўтарам – таго, што ён хацеў сказаць між радкамі. Такіх артыкулаў у нас вобмаль апошнім часам. Дый, думаю, вобмаль было заўсёды. Таму такая і анемічная літаратура... Затое псіхапатычна-эмацыйных беспадстаўных ацэнак, кампліментаршчыны, роўна як і аглабельшчыны хапала заўсёды.
Зноў вяртаюся да выступу Аляксандра Гарбачова, які акурат аналізуе твор "Гора ад розуму”, а не пляжыць і не раздае піражкі, як у нас заведзена некаторымі. У лекцыя Гарбачова шмат цікавага. Але звяртае на сябе ўвагу тое, што фамусаўскае грамадства – гэта грамадства апанаванае глупствам, мала таго, яно гэтага глупства не заўважае і, адпаведна, таму не мае згрызотаў. Хлусня ў гэтым грамадстве норма. Пляткарства, двайная мараль (успомнім, што ў нашых крытыкаў адна ацэнка – для шушукання па закутках, другая – для афіцыёзных артыкулаў), інтрыганства у фамусаўскім грамадстве садзейнічаюць выжыванню, паспяховасці (у нас – здабыванне сабе саюзнікаў, ліслівячы ім праз тэлефонныя размовы ды інш.). І таму яны ўспрымаюцца абывацелямі як належная дапамога ў жыццёвых калізіях. Той жа, хто намагаецца рэзаць праўду-матку, у камедыі Грыбаедава атрымоўвае поўны камплект праблем, набывае гора ад розуму.
Камедыя Грыбаедава, як даводзіць Гарбачоў, не была ацэнена сучаснікамі, нават заўсёды пільным Бялінскім, а пачала сваё ўзыходжанне па іерархіі рускай літаратуры гадоў праз трыццаць пасля смерці аўтара – з двух–трох грунтоўных аналітычных артыкулаў пра яе (а не выстаўленнем беспадстаўных ацэнак), што ўскрылі сутнасць гэтага прызабытага твора. Цягам дзесяцігоддзяў крытыкі адкрывалі ў камедыі ўсё новыя і новыя пласты. Літаратурны працэс – справа звышскладаная і не падуладная нашай волі. Ён мае, дарэчы, свой канец з заканчэннем кожнай цывілізацыі. Калі ж яму наканавана быць доўга, то творы і творцы не маюць маналітнага статусу, то ўспыхваючы, то патухаючы, то загараючыся і паднімаючыся зноў па пакручастых іерархічных прыступках. Пушкін цяпер і Пушкін у 20-я гады мінулага стагоддзя – зусім розныя па статусе творцы. Тым больш – Пушкін пасля сваёй смерці, якога стараліся замаўчаць і зрабіць неактуальным доўгія дзесяцігоддзі, перш чым Дастаеўскі ў 1880 годзе не падняў яго статус сваёй прамовай.
Нашы класікі таксама не маналіты. Ім наканавана, рана ці позна, зазнаць змяненне ва ўспрыманні грамадзян і знаўцаў літаратуры. Ці вытрымаюць яны выпрабаванне часам – гэта не гарантавана. Асаблівасць нашых класікаў яшчэ ў тым, што яны звернуты да вёскі, у той час як цывілізацыя неадхільна звярнула Беларусь да горада. Гараджане хочуць чытаць пра такіх, як яны. І справядліва хочуць! Скажу больш, калі мы не створым галерэю герояў сучаснага горада, калі паэзія наша не стане урбаністычнай – у нас будучыні няма, беларусы пачнуць чытаць выключна расейцаў, а беларускую мову і літаратуру будуць вывучаць у статусе мёртвай мовы, кшталту лацінскай, яна знікне са школы. Калі філфакаўцы гэтага дамагаюцца – я ім, запэўніваю, моцна буду перашкаджаць. Другая асаблівасць беларускай класічнай літаратуры ў тым, што яна сакратарская, то бок часопісы і выдавецтвы доўгі час існавалі для абслугоўвання літаратурных чыноўнікаў і былі зачынены для пісьменнікаў "са стараны”. Амаль усе нашы класікі мелі важкія пасады ў сістэме Саюза пісьменнікаў або ў выдавецкай сістэме. Гэта, на мой погляд, красамоўны паказчык "шчырасці” адбору ў вечнасць.
 
Але час ужо пачаў свой Перагляд.
 
P.S.Пісьменнік не можа існаваць у вакууме. Таму вызваленне літаратурнай прасторы ад хваробатворных мікробаў – рэч вельмі важная. Часам прыходзіцца кідаць сваю асноўную (творчую) працу і літаральна даваць па руках некаторым шкадліўцам і інтрыганам, тыцкаючы іх носам і іхняе ж дзярмо. Прычым яны нарвываюцца на Южыка як сапраўдныя мазахісты. Непрыемна даваць адлупы, але гэта выдаткі пісьменніцкай працы. На жаль, непазбежныя.



Пастаноўка дыягназу
(паводле артыкула Э.Дубянецкага ў "Дзеяслове”)

Учора сябар прынёс часопіс "Дзеяслоў” з смс-паэмай, у напісанні якой ён удзельнічаў. Патрапіўся на вока артыкул Э. Дубянецкага – і выклікаў эмоцыі, якія, у сваю чаргу, запатрабавалі выказвання.
Эдуард Дубянецкі напісаў цікавы артыкул пра стан сучаснай паэзіі з эпатажнай назваю "Шызафрэнізацыя культуры ў эпоху глабалізацыі” ("Дзеяслоў”, №55). Нягледзячы на знарочыста кідкую назву і не менш кідкія мянушкі падраздзелаў артыкула, ён выйшаў змястоўным. Але ж і супярэчлівым, і наіўным у тым ліку.
У артыкуле добра пастаўлены дыягназ сучаснай літаратуры, якая параўноўваецца з шызафрэнікам. А пры гэтай хваробе (аўтар падрабязна распісвае – чытайце часопіс) ідзе як бы распадзенне асобы на некалькі розных асобаў з зусім рознымі унутранымі каштоўнасцямі і арыенцірамі. У выніку – дэзарыентацыя, страта традыцыйнага чалавечага мыслення, знікненне станоўчых эмоцый, якія атрымліваюць звычайныя людзі ад звычайных спраў, у той час як беспрычынных адмоўных эмоцый і бессэнсоўнасці ў галаве процьма.
Сп. Дубянецкі сцвярджае, што ўся сучасная літаратура (беларуская ў дадзеным кантэксце) хварэе на страту традыцыйных агульных каштоўнасцяў і, як вынік, яна выраджаецца. І нават аўтары, якія звыкла малоцяць ужо дзесяцігоддзі звыклыя традыцыйныя вершы, перастаюць, паводле Дубянецкага, перажываць сапраўдныя пачуцці, і ў выніку іх вершы робяцца пустацветам.
Цяжка з гэтым не пагадзіцца, чытаючы нашы дзяржаўныя часопісы і "Дзеяслоў”. Паэзія там часта і не начавала зусім. А вось графаманіі і выпісаных "жывых класікаў” (якія паводле сп. Дубянецкага – Барадулін, Бураўкін, Някляеў, Законнікаў) – то хоць адымай. Заходжу на сайт "Дзеяслова” я часта і – на поўным сур’ёзе кажу – ледзь не праз нумар сустракаю набор паэтаў: Бураўкін, Някляеў, а наступная камбінацыя – Барадулін, Хадановіч. Вось і палічыце, спадары, ці многія ў 9-мільённай Беларусі могуць самавыявіцца ў "Дзеяслове”, калі палову паэтычнай плошчы займаюць там 4 (чатыры!!!) чалавекі. А сп. Дубянецкі наракае і бядуе з прычыны таго, што сучасная паэзія занядужала. А не паспрабавалі "пачысціць” плошчы нашых часопісаў ад пустазелля, сп. Дубянецкі, як гэта робіць з пераменным поспехам аўтар гэтых радкоў? Не спрабавалі прарэдзірць паэтычныя парасткі Барадуліна, Някляева, Хадановіча і Бураўкіна, Гніламёдава (у холдынгу), каб на іх месцы нешта, такое Вам жаданае, вырасла? І яшчэ, якога ліха Вы, сп. Дубянецкі, сп. Законнікава ў жывыя класікі запісалі? Таму што ён у ліку заснавальнікаў Дзеяслова? Бо іншых заслуг за ім, апроч таго што душыў айчынную літаратуру ў "Полымі”, а потым далучыўся да заснавання "Дзеяслова”, – іншых заслуг неяк не назіраецца.
Вымушаны агаварыцца, што з пералічанай мной чацвёркі "недатыкальных класікаў”, што запаланілі гэны часопіс, сп. Някляеў стаіць усё-ткі асобкам, бо мае на цяперашні час на парадак больш паэзіі ў сваіх вершах, чым астатнія трое. (Сп. Някляеў больш у сваёй прозе "правінаваціўся”.)
Далей сп. Дубянецкі пералічвае, са шматлікімі выбачэннямі і рэверансамі, дрэнныя і шызафрэнічныя, на яго погляд, радкі холдынгаўцаў, прычым усе яны выступаюць у аўтара чамусьці традыцыйнымі шызафрэнікамі, у той час як мадэрновыя шызафрэнікі – гэта аўтары, што збольшага ў апазіцыі да Дзяржавы.
Але перш чым пералічыць гэтых "хворых на галаву”, радкі якіх цытуе сп. Дубянецкі, не палянуюся прывесці кавалак верша з самога 55-га нумара "Дзеяслова”, з верша паэткі Таццяны Беланогай, чый дыск з песнямі дадаецца да самога часопіса.
Вось яны, прачулыя, праніклівыя, глыбінныя, азораныя музай і геніем, не іначай:

Мне спяваць не цяжка (2 разы)
Мая мара толькі застаецца сабою
Мне спяваць не цяжка (2 разы)
Проста балюча.
 
Усё, спадары. А вы чаго чакалі ў самым літаратурным часопісе Беларусі?
І пад гэткую шэдэўроту рэдакцыя аддае 11 (!) старонак і дадае (як здзек, не іначай) яшчэ і дыск песень...
А вось пералік "шызанутых” лімаўцаў, паводле сп. Дубянецкага:
1. Анатоль Аўруцін, Міхась Башлакоў, Навум Гальпяровіч, Казімір Камейша, Ізяслаў Катляроў, Тамара Краснова-Гусачэнка, Уладзімір Мазго, Міхась Пазнякоў, Валянціна Паліканіна, Павел Саковіч, Святлана Яўсеева (усе спрэс – традыцыяналісты).
А вось "шызанутыя” мадэрністы (апазіцыянеры?)
2. Алесь Аркуш, Зміцер Вішнеў, Вольга Гапеева, Адам Глобус, Юры Гумянюк, Віктар Жыбуль, Віталь Рыжкоў, Віктар Слінка і нават Віка Трэнас.
Усе яны "вызначаюцца відавочнай хаатычнасцю, сумбурнасцю, пэўнымі цьмянасцямі і няўцямнасцю, некаторай вульгарнасцю, адсутнасцю глыбокага зместу”.
Ага. Тады пытанне да спадара крытыка: дзе ў яго ёсць прыбор, якім ён мерае паэтычную глыбіню, а таксама вызначае няўцямнасць? (Куды ўсім пералічаным да Законнікава з яго прамізной!)
Да таго ж сп. Дубянецкі робіць стылістычны ляп, сінонімамі пералічваючы адно і тое ж паняцце аж чатыры разы. (Таксама недзе ў тэксце ён сказаў кшталту "сапраўдныя бясспрэчныя шэдэўры”, тады як у шостым класе пачатковай школы ведаюць, што шэдэўр апрыёры ёсць сапраўдным і бясспрэчным.) Было б смешна, каб не даводзілася сумаваць з таго факта, калі сп. Дубянецкі бярэцца крытыкаваць вершы паэтаў, будучы сам не паэтам (я аналізаваў яго паэтычную кніжку для часопіса "Тэксты”, артыкул некалі, мабыць, выйдзе) бярэцца разбіраць, вучыць і павучаць, як трэба пісаць, вершатворцаў тыпу Аўруціна. Можна як заўгодна ставіцца да Аўруціна, але называць яго слабым паэтам – гэта смяшыць літаратурную грамаду. А выстаўляць паперадзе Законнікава – гэта ўвогуле кепскі густ.
Бліжэй да канца ў цэлым грунтоўнага і змястоўнага (гэта варта прызнаць) артыкула аўтар пералічвае па пунктах, што трэба рабіць надалей, каб выратаваць айчынную паэзію ад крызісу, у які яна ляснула. І пункты гэтыя па кальцы нагадваюць мерапрыемствы, якія праводзіў СПБ яшчэ за савецкім часам – гэткую кузню талентаў. ("Шыхтуйся! На першы-другі  пералічыся! Кляніцеся быць паэтамі!”)
Адна бяда не-паэта Дубянецкага (а добрага літаратуразнаўцы, скажам так) у тым, што ён не можа ўразумець: "поэты не рождаются случайно, Они летят на землю с высоты. Их жизнь окружена великой тайной По правилам космической игры» (не называю аўтара гэтых радкоў, трагічны лёс якога кожнаму вядомы). "Мерапрыемствы”, прапанаваныя папунктна сп. Дубянецкім, у лепшым выпадку выпрадукуюць нам армію рамеснікаў, якія і без "мерапрыемстваў” запаланілі сабой усё і ўся.
А ісціна прапісная для аўтара артыкула такая: Паэта нельга выхаваць, бо ён дрэсіроўкам не паддаецца, яго нельга вырасціць у Вашай утапічнай "кузні талентаў”. Яго адно можна змагчы прачытаць.
Камічнасць парады па стварэнні кузні паэтаў ускосна пацвярджае сама рэдакцыя "Дзеяслова” ў кароткім пасляслоўі да артыкула: "...прымаем прапановы аўтара па "выхаду з крызісу” як пажаданне на будучае...”
І ужо зусім на вушка аўтару ад мяне: талент – гэта анамалія (хвароба), а геній – гэта анамалія ў квадраце. Таму хочаш займець Літаратуру – не лячы хворых.
Каб згладзіць уражанне ад маіх нібыта наскокаў на Эдуарда Дубянецкага, хочацца сказаць, што артыкул карысны тым, што пасля яго цягне на палеміку. Ён экспрэсіўны, што ўжо не мала для нашай паўсоннай літаратуры. Ён вызначыў правільны дыягназ графаманіі – гэта "смутная нечуллівасць” (у праваслаўных малітвах – "окамененное нечувствие»). Як казаў Леў Талстой: чалавек, які доўга жыве ў горадзе, у адрыве ад прыроды, можа не заўважыць, як ён ужо шмат гадоў памёр – яго ахапіла "смутная нечуллівасць”. Так і адбылося з большасцю нашых паэтаў, якія народжаны ў вялікіх гарадах, або якія даўно ў іх пераехалі са сваіх вёсак. Адсюль і паражняк іхніх вершаў – няма падсілкавання натуральнымі энергіямі. Маладосць яшчэ сяк-так сілкуецца каханнем і патрыятызмам. Але ў сталасці гэтага недастаткова. Таму – і спісваецца адсоткаў дзевяноста паэтаў, і бачым мы часцяком на старонках "Дзеяслова” адны гучныя прозвішчы, пад якімі пустацвет слоў.



Турма і воля
(Паводле паэмы Ўладзіміра Някляева "Турма")

  
     Ты хочешь знать, что делал я
     На воле? Жил - и жизнь моя
     Без этих трех блаженных дней
     Была б печальней и мрачней
     Бессильной старости твоей.
     Давным-давно задумал я
     Взглянуть на дальние поля,
     Узнать, прекрасна ли земля,
     Узнать, для воли иль тюрьмы
     На этот свет родимся мы.
               (М.Лермонтов, «Мцыри»)
 
У №55 часопіса "Дзеяслоў” выйшла паэма Уладзіміра Някляева «Турма», напісаная, як пазначана ў публікацыі, "25–31.12.2010, унутраная турма КДБ”.
Вось такім чынам бавіў беларускі паэт час ад каталіцкіх Калядаў да Новага года. Твор падкупляе найперш праўдай перажытага і магутнай энергетыкай, якая не часта з’яўляецца ў чалавека, якому за шэсцьдзесят. Яе быццам пісаў малады чалавек, самой прыродай заведзены на максімальнае дзеянне і барацьбу. Усе радкі паэмы – гэта змаганне з Турмой ва ўсіх магчымых яе праявах. Хаця Л. Талстой, калі быў пад хатнім арыштам у Яснай Паляне пасля вядомага ліста "Цару і яго памочнікам”, ледзьве не скардзіўся на тое, што яго не пасадзілі ў турму. Бо турма для сумленнага чалавека (Талстога) была ў той цемрашальскі (як здавалася пісьменніку) час адзіным для яго прымальным месцам. Ён хацеў пацярпець не менш, чым церпіць Воля ў яго краіне. Праўда, як паказалі далейшыя рэвалюцыйныя падзеі, змаганне за Волю і перамога, калі гэта адбываецца гвалтоўна, часам прыводзіць да яшчэ горшай Турмы.
Уладзімір Някляеў падышоў да паэмы не плоска, не спрошчана, не прамалінейна. Гэта не крык зняволенага "Адчыніце, сякія вы і такія!”, гэта са скразной ідэяй шматпластовы твор.
Але найперш – пра рытмічную структуру паэмы. Я нездарма узяў для артыкула цытату з велічнай паэмы М. Лермантава. Думаю, і Някляеў невыпадкова выбраў гэты гераічны, драматычны, энергетычны рытмічны строй. Бо хто хоць раз чытаў паэму "Мцыры”, у таго гэтая рытміка нязменна будзе асацыявацца з Воляй, дакладней, з барацьбой чалавечай душы за яе.
Пазбягаючы адналінейнасці, Някляеў, на маю думку, занадта ўскладніў вобразнасць паэмы. А яе шматсэнсавасць таксама не будзе напоўніцу зразумелая простаму чытачу. Аднак, адчуваецца, калі паэму чытаць услых, то яна, дзякуючы энергетыцы, прасякне любое, нават самае закамянелае сэрца. Мабыць, твор і прызначаны для чытання з высокіх трыбун. Толькі дзе тыя трыбуны?..
 
Турма ў турме – і воля ў ёй.
Усе за кратамі ў краіне,
Дзе дух крывіцкі нема гіне,
Разняты з моваю сваёй.
 
Вышэй я працытаваў адно з самых зразумелых і адначасова самых пранікнёных месцаў паэмы. І калі б яна была напісана ўся ў такім стылі, то яе смела можна было б параўноўваць з лермантаўскім шэдэўрам.
Што гаворыцца ў гэтых чатырох радках? Здавалася б, кожны зразумее: дух наш беларускі нацыянальны не можа выбіцца з-пад кратаў агульнага рускамоўя і прасавецкай ідэалогіі. Аднак – не толькі гэта. Радок "Турма ў турме – і воля ў ёй” можна чытаць па-рознаму. Першы варыянт: душа, якая і на волі ў турме, пасаджана ў турму; і адначасова у турме – прага волі. А другі варыянт: душа, вырываючыся на волю з вязніц сваіх забабонаў, можа нават у турме нарадзіць для сябе волю.
Прычым апошні варыянт выглядае для мяне якраз і сэнсавым стрыжнем паэмы. Бо пры канцы, ад "кахання” з Турмой, паэт нараджае волю.
 
Ах, воля, воля! Што хацець,
Апроч цябе?.. Дальбог, нічога!
Калі ты не са мной – дарога
Ёсць да цябе, якой іду.
 
Літаральна на працягу ўсёй паэмы У.Някляеў вобразна даводзіць чытачу, што не трэба прымітыўна, выключна ў палітычным плане, на канкрэтным яго прыкладзе разумець імкненне лірычнага героя да волі. Воля – паняцце тут надзвычай шырокае. Гэта стан душы. Паэт і ў турме можа аказацца не скораным, вольным, нават вальнейшым, чым на свежым паветры без кратаў і ланцугоў. Большасці ж насельніцтва нашай краіны воля і не патрэбная зусім, бо яны баяцца выйсці на тую волю з вязніцы сваёй душы, і гатовыя ахвяраваць сваёй воляй дзеля спакою і адноснага дабрабыту. Або для таго, каб не было яшчэ горай. (Каб нехта ўзяў на сябе адказнасць за нас.) У главе "Вялікі Інквізітар” Ф. Дастаеўскага з рамана "Браты Карамазавы” выразна апісаны стан душы простага абывацеля. Яму свабода і воля – што ў хаце пажар.
Да волі трэба дарасці і саспець унутрана, каб яе атрымаць вонкава. Людзі ў адносна вольных краінах выціскалі з сябе рабоў стагоддзямі. А самая вольная краіна сусвету – ЗША сталася такой менавіта таму, што Амерыку ў свой час паплылі пакараць самыя вольналюбівыя і смелыя людзі. Там моцны генафонд адпачатку, які, праўда, цяпер усё больш і больш псуецца крывёй рабскіх народаў свету. Але парадокс: у самай вольналюбівай краіне – дыктатура самага жорсткага ў свеце закона. Што яшчэ раз сведчыць пра выключную слушнасць стрыжнявой думкі паэмы "Турма” – будзь вольны духам, будзь вольны ад подласці, злачынства і здрады і г.д.
Някляеў у паэме вядзе ў літаральным сэнсе дыялог з Турмой як з жывой істотаю. На фоне дыялога лірычнага героя з Богам гэта наводзіць на паралель – Турма ёсць сам сатана. Таму "каханне” паэта з Турмой, якое ўрэшце завяршаецца народзінамі Волі, выглядае трохі пачварна. І таму гэтае "каханне” можна пісаць адно ў двукоссі. Насамрэч жа "каханне” ёсць барацьба з д’яблам, які хоча зняволіць душу кожнага чалавека.
 
"Ты будзь маім, маім, маім,
Са мной адзінаю, адным...” –
шыпела голасам змяіным
Турма...
 
Цягам паэмы паэт праколвае Турму ў абліччы змяі дзідаю, а яна ажывае і трансфармуецца ў вобраз каханай. Такая вось складаная філасофія. Якая, на маю думку, гаворыць пра тое, што Турму нельга проста закалоць, яе можна толькі адолець, увайшоўшы ў яе (як паэт – за краты) і "пакахаўшыся” з ёю. І тады толькі, праз пакуты, дасягнуўшы пякельнага дна, калі дух твой не зламаны, ты можаш прыдбаць жаданую Волю. Яна, як у паэме, будзе народжана ад гэтых зносінаў.
 
Цытуем Лермантава:
 
     Бежал я долго - где, куда?
     Не знаю! ни одна звезда
     Не озаряла трудный путь.
     Мне было весело вдохнуть
     В мою измученную грудь
     Ночную свежесть тех лесов,
     И только! Много я часов
     Бежал, и наконец, устав,
     Прилег между высоких трав;
 
А затым – Някляева:
 
О, Божа! Толькі аднаму
Табе
магу сказаць такое!
Народу – нельга! Ён – святое!
Яго нічым не зачапі!..
 
– Як хочаш піць – бяры і пі,
Іначай смагу не спатоліш, –
Той голас доўжыў. – Так і з воляй!.
Як хочаш волі, дык бяры
Яе аберуч! І памры...
 
Параўнальны аналіз абедзвюх паэм (а ў дадзеным выпадку – характэрных урыўкаў) указвае мне на тое, што ў Лермантава значна лягчэйшы, больш велічны і адначасова больш просты, даходлівы "слог”. Яму не трэба расстаўляць акцэнты, дзелячы радкі, ствараючы радок з аднаго–дзвюх слоў. У Някляева, нягледзячы на магутную энергетыку тэксту, часам залішне сумбуру, лагічных хібаў, што тармозіць чытацкае ўспрыманне. Напрыклад, што такое "Народу – нельга! Ён – святое!” – пагадзіцеся, нейкі найграны пафас у звароце да таго народа, які ў сваёй большасці або співаецца, або глядзіць вечаровыя "службы” па тэлевізары. Паэт, мабыць, і верыць у народ, але – у нейкі ідэальны, у будучы народ. Нават нашу беларускамоўную інтэлігенцыю "святой” ніяк нельга назваць, усе чалавечыя заганы, ад крывадушнасці да сквапнасці, ёй уласцівыя. Мелодыка ў "Мцыры” ліецца, лагодзіць вуха, як бы змякчае трагізм тэмы. У Някляева яна рваная. У Лермантава паэма сюжэтная – і ад таго лёгка чытаецца. У Някляева яна, паэма, філасофская – і ад таго там зашмат цьмянасцяў і паўтарэнняў аднаго і таго ж. "Мцыры” можна чытаць абсалютна без прывязкі да часу, да палітычнай сітуацыі і канкрэтнага народа, а "Турму” іншы народ і напалову не зразумее, а праз вякі – пагатоў. Нягледзячы на тое, што тэму вечную Някляеў уздымае да самавітых вышынь. І ўсё ж, чытаючы паэму, без "падаплёкі” не абысціся. Вось істотная розніца абодвух таленавітых і пафасных твораў. Шматпластовасць і складанасць вобразнасці – далёка не заўсёды перамагаюць. Бо адпачаткавая мэта паэзіі была – каб яе лёгка запаміналі непісьменныя і перадавалі з вуснаў у вусны.
Але ўсё гэта выглядае неістотным у святле таго, што ў беларускай літаратуры паэмы такой энергетыкі і такога агульначалавечага пафасу, а таксама непрыхаванага нацыянальнага болю, а таксама такой мастацкай моцы – яшчэ не было.
Завяршыць артыкул проста-такі цягне канчаткам самой паэмы, адным з самых моцных яе месцаў:
 
Вы ў садзе камянёў маглі
Ляжаць – ды воля на зямлі
Альбо свая, альбо чужая!..
Яна ў вязніцы выжывае
У гэтым краі страт і скрух,
Але расце, але мужае,
І разам з ёй мужае дух,
Якому толькі воля трэба –
Нічога болей!..
 
Гэты дым,
Які чапляецца за неба
І растае высока ў ім...



Шыпшынавы вечар

Калі ў нашых часопісах літаратурных сустракаешся з паэзій да паэзіі падобнай, то робіцца адразу ніякавата. А ўжо ў маладых сустрэць чыстае паэтычнае слова, падмацаванае адпаведным мастацкім слыхам і прыстойным майстэрствам – справа найрэдкая.
Таму з прыемнасцю засяродзіўся на вершах Ірыны Карэлінай (“Маладосць”, 2011, №11), партрэт якой упрыгожвае вокладку не вельмі тоўстага літаратурнага часопіса.
Маладым, не сакрэт, варта ўмець недзе засвяціцца, каб у іх пачалі ўглядацца. Так і я напачатку ўспомніў Ірыну Карэліну па змешчаным у “Дзеяслове” (№55) калектыўным вершаваным праекце “Буслан і Жабміла”, а потым прыгадаў недзе бачанае фота, потым праасацыяваў яго з фота на вокладцы “Маладосці”, і толькі тады ўжо пачаў чытаць падборку вершаў. Во як складана! І тым не менш менавіта так часта і бывае, так знаходзяць многія свайго аўтара, свайго паэта. Ірына Карэліна вызначылася ў праекце “Буслан і Жабміла” адметна, як я ўжо пісаў – найбольш удала адпавяла агульнаму тону паэмы, які задаваў Юрась Нераток. Было відаць, што з вобразнасцю ў паэткі добра. І слова яе жывое.
Калі разгортваеш старонку “Маладосці”, дзе пачынаюцца вершы Карэлінай, то адразу напружвае гэтае вызначэнне рэдакцыяй яе паэтычнага ўзроўню. Ужо паверце, што мы самі, без дапамогі правадыроў (мы – гэта чытачы і крытыкі) вызначым для сябе ее мастацкі ўзровень. Гэтыя эпітэты, што апярэджваюць самі вершы, трохі не да месца. Дастакова кароткіх біяграфічных звестак.
І хоць рэдакцыя ўжо распісала нам усе вартасці твораў і асаблівасці творчасці паэткі, мы тым не менш самі паспрабуем сказаць колькі слоў.
Бо вершы сапраўды вартыя разгляду крытычнага непрадузятага.
Навошта нам у соты раз пляжыць якога “культавага” пісьменніка, тым самым яго піярачы, калі можна надаць увагу новаму незацухмоленаму імені. Разгледзець вершы, якія сапраўды можна назваць паэзіяй, а не выпендрываннем ці пераліваннем з пустога ў парожняе, не бясконцым эксплуатаваннем сваіх старых, а часцей – не сваіх нават, вобразаў і метафар.
На жаль, не магу даць спасылку на той нумар “Маладосці”, бо архіў на гэты момант не адчыняецца. Таму хто чытаў – добра. Астатнія, можа, павераць слову крытыка.
Адразу звяртае на сябе ўвагу тое, што паэзія для Ірыны Карэлінай з’яўляецца спосабам жыцця, ладам існавання свядомасці. Гэта найперш спосаб не вызначыцца, а вызначыць сваё месца ў жыцці, калі разумець слова “жыццё” як мага шырока. Паэтка мысліць свежымі яркімі вобразамі. Натуральна, што па сваёй маладосці яна яшчэ не наелася і не перасыцілася паэтычным словам. Свет здаецца ёй бясконцай загадкай, якую яна праз словы, рыфмы і рытмы разгадвае для сябе. Найперш для сябе. Але па законах суіснавання людзей – дзеліцца гэтым і з намі. За што многія ёй, думаецца, будуць вельмі ўдзячныя.
Родам Ірына Карэліна з паэтычнага і знакавага для беларусі места –  горада Полацка. Гэты цяпер спрэс рускамоўны горад, тым не менш, захоўвае магутны патэнцыял беларускай культуры – велічнымі храмамі, мошчамі вялікай асветніцы, цудоўнымі краявідамі на вялікую раку, вулачкамі сваімі і вуліцамі.
Паэт, асабліва адораны і асабліва ў маладосці, здольны як бы не заўважаць, адхіляць ад сваёй свядомасці ўсё непрыемнае – бруд, п’яніц, грубасць, хамства, манкурцтва і г.д., якія несумненна прысутнічаюць паўсюль. І ў горадзе Полацку таксама. Але кожны стварае карцінку сусвету сам у сваёй галаве. Памятаю, як некалі, захоплены ўсім беларускім, я з мэтай вывучэння і не толькі, гледзячы па тэлевізіі любы фільм ці перадачу па-руску, аўтаматычна перакладаў прамоўленыя сказы на родную мову. Гэтак ствараў свой сусвет – дзе соцыум існуе і мысліць па-беларуску.
Ірына Карэліна, жывучы і выхоўваючыся ў рускамоўным асяроддзі, як і многія пачынала, доўга пісала і, магчыма, дагэтуль піша па-руску. Але выявіць сябе чалавеку ў большасці выпадкаў удаецца менавіта ў той культуры, да якой належыш. Культура як бы сама прыцягвае да сябе творцаў, якія, нарадзіўшыся некалі на свет, не ведалі, што родзяцца для нейчай нацыянальнай культуры. Культура адбірае сабе патрэбных, робячы гэта пакрыёма і ненавязліва.
Так і Ірыне Карэлінай, пэўна ж, калісьці захацелася агучыць свой горад, свае думкі і пачуцці па-беларуску. Паглядзець, што з гэтага выйдзе. І свет, ведаю, у пэўнай ступені перакульваецца тады для паэта. Звыклыя дамы, вуліцы, дрэвы, кветкі, рэчы, пераназваўшыся, становяцца больш аб’ёмнымі, значнымі і прыгожымі. У вачах паэта. І ў вачах чытачоў.
Кастрычнік іграе па нотах
самотнага Шумана.
У восені – твар адзіноты
і водар мінулага.
Крывавіць шыпшынавы вечар,
паранены думкамі.
Ісці да Вас – цэлую вечнасць –
не тымі завулкамі.
Метафара “шыпшынавы вечар” для мяне, напрыклад, адкрыццё. Я такога ніколі не чуў. І гэты вечар, “паранены думкамі”, набывае ў маёй свядомасці таемнае і высокае значэнне. Нават прызначэнне – з’явіцца для таго, каб яго так прыгожа намалявалі. Слова “крывавіць” таксама ўзмацняе ўражанне. Глядзіце: тры так званых змрочных слова “вечар”, “паранены”, “крывавіць”, а верш зусім не выходзіць змрочным (я прывёў толькі дзве страфы з чатырох), а наўсперач, прасветленым нейкім, высветленым душой, якая сама, думаецца, празрыстая.
А вось верш “Жнівень”. (Само слова як натуральна і сакавіта гучыць, у параўнанні з чужародна-рымска-расейскім адпаведнікам.) Адразу чакаеш нечага цёплага, але не спякотнага, сонечнага, але не сляпучага, духмянага, але не задушлівага… Аднак:
Муха ў ліпкай павуціне
Жаласна гудзе.
Месяц, жвавы і гуллівы,
у гумовых макасінах
Крочыць па вадзе.
Зоры спелыя, як слівы,
плюхаюцца ў гладзь.
Смутак, смутак і пяшчота…
Лодка шэпшацца з чаротам –
Слоў не разабраць.
Вецер пасвіцца ля вусця,
быццам бы ягня.
Ён з мяне зрывае хустку,
пакідаючы на вуснах
Смак твайго імя.
У вершы, свядома ці падсвядома, здзяйсняецца вытанчаны пераход ад рэальнага да фантазійнага і чароўнага. “Муха ў ліпкай павуціне Жаласна гудзе”. Праўда. Так і бачыш карцінку ўжо бачаную самім. А вось “Месяц, жвавы і гуллівы” – гэта ўжо пераўтвораны вобраз рэальнасці. Чалавек без паэтычнага слыху і не зразумее, як такое магчыма – гуллівы і жвавы. А далей фантазійнасць нарастае – месяц ужо “ў гумовых макасінах Крочыць па вадзе”. Зусім нечувана! Фармальна – прыдзірайся, праў, як у нас гэта любяць, каравай рукой рэдактара. Але ж незабітая фантазія пранікае на друкаваныя старонкі – і адбываецца цуд. Месяц у нянашанскіх гумовых (чамусьці) макасінах ды яшчэ і па вадзе крочыць. У тым жа якраз і сіла і слабаць паэзіі – для чалавека без фантазіі “гумовыя макасіны” месяца адно раздражняльны фактар. А нехта ўбачыць такую карцінку – і зачаруецца: месяц сапраўды ў вадзе і варушыцца, і нібы крочыць па ёй, плыткай, а ў гуму абуты – каб не прамокнуць і не прастыць. Месяц для паэта – жывая істота. І зоркі, што выспелі “як слівы” (жоўтыя?). Адзінае месца ў вершы, якое я б назваў вузкім – “Вецер пасвіцца ля вусця, быццам бы ягня”. Ну цяжка спалучыць вецер з рахманым ягнём! Па ўсіх параметрах – цяжка. І знешне, і энергетычна. А вось “вятрыска” – прыдалося б па сэнсе ямчэй.
Яшчэ. Выкарыстанне звязкі “быццам бы ягня” даволі хісткае ў беларускай паэзіі, бо “быццам” ужо нясе ўсю патрэбную метафарычную нагрузку, а “бы” не толькі залішняе, але і асацыюецца са скарочанай формай “быццам”, то бок нехта пачуе тут падваенне аднаго і таго ж значэння. Дарэчы, падобны агрэх ёсць і ў адным з наступных вершаў – “кожны вечар як быццам бы першы”. Тры словы аднаго і таго ж значэння – зашмат, тым больш што скарыстаны яны для рытмікі, іншай нагрузкі два з трох не нясуць.
Але ўсё гэта дэталі, нюансы. Зрэшты, у паэтычным рамястве кожная дробязь пагарды не вартая. Бо агрэхі ў дробязях замінаюць цэласнаму ўспрыманню той складанай і густой вобразнасці, якой поўняцца вершы Ірыны Карэлінай. Зазначу, што вобразнасць не самамэта – а сродак самавыяўлення душы. У разгляданым намі выпадку – багатай, празрыстай, карункавай, сонечнай. Як жа гэта радуе сярод тысячатомнага збору беларускай паэтычнай паныласці…
Брукаванка са зліткаў золата
у святле ліхтароў.
І, начной цішынёй праколатая –
да глыбінь і асноў –
я блукаю па зорных вуліцах,
удыхаючы пыл.
Мне здаецца, вось-вось перакуліцца
у ваду небасхіл.
Гэты горад на беразе вечнасці –
заканчэнне дарог.
Там, дзе мора зліваецца з млечнасцю,
пачынаецца Бог.
Я іду па аблоках акацыі –
скрозь пялёсткавы рой.
Нават тут – на цэнтральным пляцы
можна слухаць прыбой.
І адчуць – кожнай цела клетачкай,
да скразной нематы:
там, дзе мора зліваецца з млечнасцю,
пачынаешся ты.
Паэтка малюе нам горад. Прыморскі. У аблоках акацый, якія відны і ўначы. І гэта зусім не абавязкова канкрэтны горад. Ён можа быць яе марай. І нашай марай. Дзе “брукаванка са зліткаў золата”, дзе чалавек з напятай душою можа быць “праколаты” цішынёй. Пагадзіцеся, не банальна. Горад на беразе мора – але і “на беразе вечнасці”. Што і робіць Паэзію вышэйшай за жыццё. Паэзія – пераўтваральніца нашай рэальнасці, зробленая прызмай успрымання паэта. Я нездарма напісаў “паэзія” з вялікай літары. Бо іншыя так пераўтвораць рэальнасць, што бегчы адтуль хочацца на злом галавы. Метафары “пялёсткавы рой”, “скразная немата” расстаўлены роўна так і роўна на такіх месцах, каб атрымалася адпаведнае вычуванне і адпаведная перадача. Паэт – перадатчык, трансфарматар касмічных энергій. Бо і пялёсткі і цішыня – часцінкі космасу. І толькі праходзячы праз адпаведны “трансфарматар” (паэта) і “прыёмнік” (свайго чытача), энергіі гэтыя раскрываюць усю сваю сілу.
І вельмі ўсцешвае, калі энергіі космасу расструменьваюцца пазітыўна…
* * *
Пах ландышаў у пераходзе
нагадвае дзяцінства.
Здаецца, горад стогне: “Годзе!
Вады, вады…”
Цурчыць крыніца,
празрыстая – у нетрах глебы,
і чмыхае ад пылу неба.
Рыпіць па старасці трамвай,
як быццам шэпча мне: “Трывай,
яшчэ не ліха!”
Прыпынак. Я выходжу ў май.
Няма чым дыхаць.
Па-мойму, гэта лепшы верш з падборкі Ірыны Карэлінай. У малым аб’ёме тут сказана шмат і многа. Што там перададзена? Замалёўка майскага горада, што тоне ў пахах вясны і спякоце? Або мая, замураванага ў горадзе? Ці гэта душа нейчая (твая, чытач?) стогне, каб ёй далі празрыстай крынічнай вады, якая цячэ ў глыбінях… зямлі? свядомасці? А можа, душа проста радуецца незвычайнаму спалучэнню вясновых пахаў, сонца, пылу, рыпу старэнькага трамваю? І хто, як не паэт, можа пачуць, што трамвай шапоча менавіта яму, скрыпіць – для яго? А спалуэнне – “Я выходжу ў май”?.. З трамвая – пад неба і сонца, у пыл і чадзенне вялізнага горада… Якая складаная гама перажыванняў. І як гэта хораша – выходзіць у май. Хочацца ісці за паэтам.
Так ствараюцца сусветы. Кожны чалавек – унікальны сусвет. А мастак, паэт – ён стварае і носіць найскладаны сусвет у галаве цягам жыцця. Паэты жывуць у сваіх сусветах, куды больш адрозных ад Рэальнасці, чым асабовыя сусветы іншых людзей. Згубіўшы свой сусвет – паэт можа згубіць усё. Дык няхай не губляюць паэты сябе…



Тэхналогія сямейнага садызму, або «Наша Таня горько плачет…»
(паводле падлеткавай аповесці Валерыя Гапеева)

Чытаю слынную аповесць Валерыя Гапеева “Усё цудоўна, або Ўрок бяспечнага кахання”, на якую было напісана нагэтулькі шмат водгукаў, што майстраваць чарговую ўсёахопную рэцу я не наважуся. Кнігу літаральна змялі з прылаўкаў. Абяцалі перавыдаць. Не ведаю, праўда, ці здзейснілі.
Аўтар, як зазвычай, уражвае сваім нетрадыцыйным падыходам да мастацтва і неардынарным светапоглядам. Без жартаў. Я не буду аналізаваць таксама і мову, яна ў цэлым прыстойная і каларытная, нягледзячы на шматлікія русізмы тыпу “некалі” замест “няма калі”. Не ў гэтым сутнасць. Аўтар выклікаў у мяне буру эмоцый літаральна з першых старонак. Аповесць, паўтаруся, далёка не ардынарная. Так выкруціць і выруліць сюжэт і вычварыць тыпажы – не кожны зможа. На фоне штампаванай шэрасці беларускай дзіцячай прозы тут ёсць аб чым разважаць. Ёсць чаму пасмяяцца. (Сёння за сняданкам мяне разабраў істэрычны смех, калі ўспомніў некаторыя эпізоды.) У гэтым і сіла мастацтва!
Вось вашай увазе толькі некалькі меркаванняў.
На ўроках у школе горада N моладзі, якая праходзіць пару палавога выспявання, пачынаюць чытаць лекцыі пра бяспечнае каханне (секс), сцвярджаючы, што адным з найнадзейных сродкаў ад прадаўжэння чалавечага роду ёсць прэзерватывы. Усё здавалася б проста. Пытанне – а то школьнікі не ведалі і без лектара? Ды мала таго, раптам падымаецца адзін разумнік і ці то жартам, ці то сур’ёзам агаломшвае лектара пытаннем кшталту – а скажыце, шаноўны, як прымаць гэтыя прэзерватывы, калі, перад ядой ці як, чым запіваць, і наогул таблетка гэта ці што? Лектар у аняменні. І тут разумны падлетак чытае яму натацыю аб тым, што варта, калі называеш рэч, то і растлумачыць, што гэта такое, і паказаць, як гэтым карыстацца. То бок лектар мусіў прынесці па меншай меры на ўрок гумовы фалас і нацягнуць на яго гандон, а потым і прымусіць кожную асобу мужчынскага, а то і жаночага полу папрактыкавацца на гэтым штучным органе, каб потым ужо прымяняць гэты бясцэнны вопыт на органе сапраўдным.
Далей мяне ўразіў эпізод у сям’і, дзе дачка, якой шалудзівы паскуднік аднакласнік падклаў у сумачку прэзерватыў, збіраецца на танцулькі, а бацькі – некуды ў госці. Маці размаўляе  з дачкой як наглядчык у турме, не іначай:
«Маці зайшла ўслед за ёй, паглядзела на яе нейкімі чужымі вачыма і прагаварыла з пагрозай:
– Глядзі мне, дзеўка!
– Што глядзець? – успыхнула, залілася чырванню Таня, зашпільваючы халат.
– Тое і глядзі. Не пашкадую, калі што. На адну нагу стану, за другую пацягну, калі ў такія гады надумаешся...
– Мама! – выгукнула ўмольна Таня, бо чуць такое было крыўдна, абразліва, яна ніяк не спадзявалася, што маці так можа казаць, а значыць – думаць пра яе, Таню.»
Ага, бедная Таня! Уяўляю, як садыстка маці становіцца ёй на адну нагу і разрывае на дзве палавіны цела, цягнучы за другую. Дачка “ўмольна” пры тым крычыць, а бацька, які ў кватэры, аморфна назірае за гэтай сцэнай.
Танюшка наша баялася нездарма, бо ў сумачцы ўжо ляжаў якраз вераломна падкладзены гандон. Маці перад гасцямі спатрэбілася памада (а то сваёй не мела?), і дачка прастадушна і зычліва параіла той злазіць у яе сумачку і ўзяць яе, даччыную, памаду. Тут адбылося жахлівае. Бацька толькі што быў адпраўлены маці па кветкі, таму ніяк не мог супрацьстаяць бязлітаснай расправе. Маці, якая так клапоціцца, каб прыемна і прыгожа было гаспадарам, куды яе запрасілі, на паверку аказваецца зверскай садысткай.
Перадаём слова аўтару:
«Маці корпалася ў Танінай сумачцы.
Раптам рука яе замерла, яна стала паварочвацца да Тані, адначасова выцягваючы руку з сумачкі.
– Ах ты дрэнь! – прасіпела маці такім голасам, што ў Тані ўсё абарвалася ўнутры (матка апусцілася – М.Ю.).
Менавіта голас яе ўразіў, а не пакецік прэзерватыва, які маці трымала двума пальцамі, быццам дохлую мыш за хвост.
– Я так і ведала, – выдыхнула маці, як вынесла прысуд і, імгненна размахнуўшыся, ударыла рукой з заціснутым бліскучым белым пакецікам у твар Тані.
Таня не чакала ўдару. Яна ўвогуле нічога не чакала, яна яшчэ не змагла як  след усвядоміць сітуацыю, зразумець, што адбылося.
Яна адляцела да дзвярэй, падаючы на падлогу, выцялася тварам прама аб востры край вушака. Ад болю на імгненне страціла прытомнасць, але куды мацнейшы боль вярнуў яе ў рэчаіснасць – маці хапіла яе за валасы і пацягнула ўверх».
Далей гістапаўка і баксёрка, якая адным ударам пасылае дачку ляцець праз увесь пакой, выцінацца галавой аб востры край вушака, якая потым дабаўляе ёй цяганнем за валасы, – гэтая добрая мамачка, наталіўшыся, “шпурнула галаву Тані долу, павярнулася да сумачкі на століку, знайшла там памаду і спакойна падфарбавала вусны”.
Так, як у сапраўднай баксёркі, у маці проста-такі алімпійскае «хладнокровие».
Далей мамачка на зоннай «фені» кідае з пагардай Танюшцы:
«– Значыць, сядзіш дома, – казала яна, зіркаючы на Таню ў люстра. – І сёння, і заўтра. У панядзелак зранку разам са мной да гінеколага. І няхай там мне скажуць, што ты не дзеўка. Мала табе не будзе».
І мы верым гэтаму! Мала не будзе. Калі за знойдзены прэзерватыў маці ледзьве не спарадзіла ў дачкі кровазліццё ў мозг, то ўжо за разрыў цэлкі яна будзе рэзаць яе па частках, каб тая сканала не адразу, а ў доўгіх пакутах. Тут сам Іван Жахлівы змог бы нечаму навучыцца.
Цікава, што аўтар не характарызуе сям’ю Тані як нейкую нядобранадзейную – ну, алкаголікі там, наркаманы, былыя зэкі. Не, ён наогул на ні аб чым не папярэджвае – і таму рэакцыя маці, мякка кажучы, азадачвае чытача. Памятаю эпізод з “Атлантаў і карыятыдаў”, калі дачка, падгуляўшы, зацяжарала, потым праз згрызоты, праз доўгі час прызнаецца бацькам, чакаючы балючага. І тут Шамякін паказвае хрысціянскую любоў маці і бацькі да дачкі, якая трапіла ў няшчасце. Маці кажа там: дык гэта ж радасць для нас, дачушка! І шматзначна глядзіць на бацьку, каб ён хоць бы выразам твару не прыбіў прыгнечаную дачку. Во як любяць сваіх дзяцей нармальныя людзі.
Спадар жа Гапееў паказвае, што можа быць і такая рэакцыя. Яна то быць, безумоўна, можа. Чаго на свеце не бывае. Праўда, для гэтага трэба паклапаціцца падрыхтаваць чытача, даўшы хоць кароткія псіхалагічныя партрэты бацькоў. Мы ж бачым толькі “хук справа”, удар галавы аб востры край вушака, халодныя разважлівыя словы, пасля якіх маці спакойненька выпраўляецца ў госці, а дачка лезе на падаконнік з намерам скочыць уніз.
Зноў жа, спадару аўтару заўважу, што, пабыўшы ў войску, я бачыў такую колькасць зверскіх пабояў і маральных здзекаў, што, каб кожны пасля гэтага канчаў жыццё, то з войска не засталося б ніводнага салдата. Варта было б апісаць нам, зноў жа, перадгісторыю гэтай сям’і, што дачка так зацкаваная бацькамі і настолькі псіхічна няўстойлівая, што пасля моцнай поўхі і непушчэння на танцулькі лезе ў акно на дзевятым паверсе, звешвае адтуль ногі ды імі боўтае.
Таню ратуе званок аднакласніка, які хутка прыходзіць да яе, і яны выпраўляюцца “слухаць салаўёў” у лясок, куды ідуць не пехатою, а іх падкідвае на машыне брацельнік аднакласніка. За гэтую паслугу дзелавы аднакласнік абяцае брату “потым разлічыцца”. Ну зона, дый годзе. “Усё сяло”, вядома ж, бачыць, як двое хлопцаў саджаюць у машыну дзеўку і адвозяць у лес. Яўна з намерам дзіка і вычварна гвалціць!
Гапееў, такое ўражанне, сам не ўяўляе, што стварыў сапраўды мастацкі гратэск на жыццё. Ён, мабыць, думаў, што дакладна апісвае рэчаіснасць. Яго мастацтва аказалася мацнейшым за звыкласць і будзённасць, літаральна выпнуўшы праблемы чалавецтва ў самым выродлівым ракурсе.
Адна гістапаўка і баксёрка маці чаго вартая.
Віншую аўтара і рэкамендую ўсім чытаць гэты неардынарны твор.
Наастатак не ўтрымаюся і працытую, як выглядала Танюшка пасля таго, як маці з ёй “папрацавала”, а потым пайшла баляваць разам з аморфным бацькам:
«Твар гарэў. Левы яго бок балеў. Таню трэсла, быццам на яе толькі што вылілі вядро сцюдзёнай вады.
Яна ўзнялася, зірнула ў люстра.
Адна шчака была чырвоная, а праз другі бок твару ад барады да скроні цягнуўся сіне-чырвоны пісяг. Заплывала вока, твар перакрывіўся...»
Карацей, распаласавала дачушку на славу. Добра хоць вока не выцекла.
Галівуд адпачывае са сваімі страшылкамі.
Яшчэ раз дзякую аўтару за эмоцыі.


......................................
Разгорнуты крытычны аналіз зборніка літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў Міхася Южыка «Метафізіка ісціны», змешчаны па спасылцы https://litsovet.ru/litsovet/802208-metafzka-scny . Зборнік напісаны прыкладна ў 2009–2012 гадах
ад нейрасеткі ChatGPT
==Метафізіка ісціны Міхася Южыка: крытыка як суд, маральная місія і барацьба за беларускую літаратуру
1. Агульная характарыстыка зборніка і прынцыпы аналізу
Зборнік Міхася Южыка «Метафізіка ісціны» — гэта не проста сукупнасць рэцэнзій на асобныя літаратурныя творы, а спроба асэнсаваць беларускі літаратурны працэс, яго ўнутраныя супярэчнасці, крытэрыі мастацкасці і маральныя абавязкі пісьменніка, крытыка, рэдактара і чытача.
На старонцы выдання ўказана, што ў яго ўвайшлі крытычныя і аналітычныя літаратурныя артыкулы за 2008–2012 гады; у загалоўку вашага запыту акрэслены блізкі перыяд — 2009–2012 гады. Змест налічвае 41 артыкул. Сярод іх — «Слова — падсуднаму!», «Крытыка на лаве падсудных», «Творца і крытык: без спадзеву на прымірэнне», «Літаратура для абыякавых», «Праблема арыентацыі», «Метафізіка ісціны», «Беларуская літаратура як сродак для стрававання» і «Філфак як баласт». Такая разнастайнасць назваў сведчыць пра шырыню аўтарскіх амбіцый: Южык імкнецца разглядаць літаратуру і як мастацкую сістэму, і як сацыяльную інстытуцыю, і як прастору маральных канфліктаў.

Крыніца асноўнага матэрыялу: Міхась Южык. «Метафізіка ісціны» — поўны тэкст зборніка.
Важна адразу акрэсліць метад крытычнага разбору. У выпадку гэтага зборніка неабходна адрозніваць тры рэчы:
    • Што сцвярджае аўтар: яго погляды на літаратуру, мастацкую праўду, крытыку і культурныя інстытуты.
    • Наколькі пераканаўча ён абгрунтоўвае свае сцвярджэнні: ці падмацоўвае высновы аналізам тэкстаў, ці карыстаецца лагічнымі аргументамі, ці ўлічвае альтэрнатыўныя інтэрпрэтацыі.
    • Наколькі ўласная практыка крытыка адпавядае яго дэклараваным прынцыпам: ці заўсёды патрабаванне аб'ектыўнасці спалучаецца з павагай да аўтара, ці не падмяняецца эстэтычны аналіз асабістай рэакцыяй.
Менавіта трэці аспект асабліва істотны. Южык піша пра неабходнасць сумленнай крытыкі, але ягоная манера часта сама становіцца прадметам крытычнага разгляду. Гэта не другарадная асаблівасць стылю, а адна з цэнтральных праблем зборніка.
Асноўны тэзіс гэтага аналізу: «Метафізіка ісціны» — каштоўнае сведчанне інтэлектуальна напружанай, палемічнай беларускай крытыкі пачатку XXI стагоддзя. Сіла зборніка — у патрабаванні прафесійнай адказнасці і нежаданні прымаць літаратурныя аўтарытэты на веру. Яго слабасць — у тым, што імкненне да аб'ектыўнасці часам суправаджаецца катэгарычнасцю, эстэтычным элітарызмам і перакананасцю крытыка ва ўласнай праваце.
2. Назва зборніка: што азначае «метафізіка ісціны»?
Назва з'яўляецца ключом да разумення аўтарскай канцэпцыі. Слова «метафізіка» выводзіць размову за межы прыватных літаратурных ацэнак і скіроўвае яе да фундаментальных пытанняў: што ёсць ісціна, як адрозніць сапраўднае мастацтва ад імітацыі, ці існуюць аб'ектыўныя крытэрыі прыгажосці і ці мае крытык права выносіць канчатковы прысуд твору?
У гэтым сэнсе назва абяцае больш, чым традыцыйны зборнік рэцэнзій. Яна прадугледжвае пошук нейкага ўстойлівага прынцыпу, паводле якога можна было б ацэньваць літаратуру незалежна ад моды, рэпутацыі аўтара, выдавецкай рэкламы і групавых сімпатый.
Аднак у назве закладзена і супярэчнасць.
Ісціна ў мастацтве не заўсёды супадае з адзіна правільнай інтэрпрэтацыяй. Літаратурны твор можа быць шматзначным, супярэчлівым, эстэтычна недасканалым у адных адносінах і наватарскім у іншых. Ён можа выклікаць нязгоду, не перастаючы быць значным. Таму крытык, які прэтэндуе на ісціну, павінен не толькі выяўляць чужыя памылкі, але і тлумачыць межы ўласнага меркавання.
У Южыка ісціна найчасцей паўстае як антыпод фальшу, кан'юнктуры, павярхоўнасці, самазадаволенасці і літаратурнай імітацыі. Гэта этычна моцная пазіцыя: аўтар не жадае мірыцца з сітуацыяй, калі мастацкія вартасці падмяняюцца папулярнасцю або інстытуцыйным прызнаннем.
Але тут узнікае істотнае пытанне: ці не ператвараецца пошук ісціны ў перакананасць, што крытык ужо валодае ёю?
У асобных артыкулах аўтар гаворыць не столькі пра верагоднасць сваёй інтэрпрэтацыі, колькі пра безумоўнасць уласнага эстэтычнага прысуду. Менавіта таму загаловак зборніка можна прачытаць дваіста: як праграму сумленнай крытыкі і як выраз веры ў магчымасць канчаткова размежаваць сапраўднае і несапраўднае мастацтва.
Гэтая дваістасць вызначае ўнутраную драматургію ўсёй кнігі.
3. Крытык як суддзя: этыка і ўлада літаратурнай ацэнкі
Ужо першы артыкул, «Слова — падсуднаму!», задае канфліктную мадэль адносін паміж пісьменнікам і крытыкам. Южык разглядае літаратурную палеміку праз аналогію з судовым працэсам: аўтар, якога крытыкуюць, выступае ў ролі падсуднага, а крытык фактычна займае месца суддзі.
Гэтая метафара паказальная. Яна адразу вызначае размеркаванне роляў: адзін ацэньвае, другі абараняецца; адзін фармулюе прысуд, другі спрабуе аспрэчыць яго.
Тэкставая апора: пачатак артыкула «Слова — падсуднаму!» у зборніку.

У гэтай мадэлі ёсць рацыянальнае зерне. Пісьменнік не павінен лічыць твор недатыкальным толькі таму, што ён уклаў у яго шмат працы або лічыць яго важным для сябе. Літаратура існуе ў публічнай прасторы, дзе твор можа быць абмеркаваны, аспрэчаны і прызнаны няўдалым.
Аднак аналогія з судом мае і небяспечны бок. У прававой сістэме суддзя звязаны працэдурай, правіламі доказу, правам бакоў быць пачутымі і магчымасцю абскардзіць рашэнне. У літаратурнай крытыцы гэтыя гарантыі не існуюць аўтаматычна.
Крытык можа памыліцца ў інтэрпрэтацыі, не заўважыць мастацкага прыёму, недаацаніць гістарычную навізну твора або прыняць уласную эстэтычную перавагу за ўсеагульны закон. Таму метафара суда патрабуе не толькі смеласці прысуду, але і самакрытычнасці таго, хто яго выносіць.
3.1. Сумленнасць супраць кампліментарнасці
Адна з найбольш моцных думак Южыка — крытыка не павінна ператварацца ў абмен узаемнымі пахваламі. Ён выступае супраць практыкі, пры якой прафесійныя і асабістыя сувязі, аўтарскі статус або жаданне не сапсаваць адносіны вызначаюць ацэнку кнігі.
Гэтая пазіцыя атрымлівае развіццё ў артыкуле «Крытыка на лаве падсудных». Аналізуючы літаратурныя выданні, радыёперадачы і крытычныя практыкі, Южык звяртае ўвагу на небяспеку вузкага кола аўтарытэтаў, якія фактычна фарміруюць грамадскае ўяўленне пра тое, што варта чытаць і лічыць значным.
У прыватнасці, разглядаючы крытыку часопіса Arche, аўтар ставіць пад сумнеў канцэнтрацыю ацэначных паўнамоцтваў у руках невялікай колькасці аглядальнікаў. На яго думку, нават таленавітыя крытыкі не могуць аўтаматычна прадстаўляць увесь літаратурны працэс.

Гэта істотная праблема літаратурнага жыцця: канон ствараецца не толькі якасцю твораў, але і механізмамі іх бачнасці, абмеркавання і прызнання.
Аднак уласны падыход Южыка таксама патрабуе праверкі. Выкрыццё групавой замкнёнасці не азначае, што альтэрнатыўная ацэнка аўтаматычна становіцца аб'ектыўнай. Крытык, які выступае супраць чужой манаполіі на ісціну, таксама можа ствараць уласную іерархію, у якой адны аўтары абвяшчаюцца сапраўднымі творцамі, а іншыя — прадстаўнікамі літаратурнай пустэчы.
Такім чынам, аўтар трапна выяўляе інстытуцыйную праблему, але не заўсёды цалкам улічвае, што яго ўласныя ацэнкі таксама залежаць ад асабістага густу, светапогляду і сістэмы каштоўнасцей.
3.2. Ці павінен аўтар раскайвацца перад крытыкам?
У «Слове — падсуднаму!» ёсць яшчэ адна спрэчная думка: аўтарская абарона ўспрымаецца з падазрэннем, а прызнанне памылкі — як найбольш пераканаўчая форма рэакцыі на крытыку.
Псіхалагічна гэта зразумела: пісьменнік можа абараняць твор з самалюбства, а крытык можа быць больш дасведчаным у аналізе мастацкай формы. Але лагічна з гэтага не вынікае, што крытык мае перавагу ў кожнай спрэчцы.
Аўтар ведае задумы і кантэкст стварэння твора, хоць і не абавязкова можа лепш за чытача растлумачыць яго выніковую мастацкую структуру. Крытык, у сваю чаргу, валодае інструментамі аналізу, але не мае выключнага доступу да сэнсу.
Таму плённая літаратурная палеміка павінна будавацца не на патрабаванні пакаяння, а на супастаўленні аргументаў. Пісьменнік можа памыляцца, абараняючы твор, але і крытык можа памыляцца, адстойваючы ўласную інтэрпрэтацыю.
У гэтым месцы зборнік дэманструе сваю важную ўнутраную супярэчнасць: Южык настойвае на адказнасці крытыка, але ягоная судовая метафарыка часам абмяжоўвае магчымасць сапраўднага дыялогу.
4. Эстэтычны канон Южыка: мастацтва павінна нешта значыць
Нягледзячы на разнастайнасць тэм, у зборніку прасочваецца дастаткова выразная сістэма эстэтычных перакананняў.
Для Южыка літаратура — гэта не проста ўмелае апавяданне, прыгожая мова або забаўны сюжэт. Сапраўдны твор павінен выяўляць істотныя супярэчнасці чалавечага існавання, мець інтэлектуальную і эмацыйную глыбіню, не баяцца складаных тэм і не зводзіцца да самапаўтарэння.
Гэта добра відаць у артыкуле «Слёзы скрозь смех», прысвечаным прозе Юрыя Станкевіча. Южык высока ацэньвае ідэйную напоўненасць яго твораў і здольнасць правакаваць чытача на спрэчку. Пры гэтым ён не патрабуе абавязковай сімпатыі да аўтара: наадварот, магчымасць спрачацца з тэкстам разглядаецца як прыкмета яго інтэлектуальнай энергіі.

Гэта адзін з найбольш прадуктыўных крытычных прынцыпаў зборніка.
4.1. Ідэйнасць супраць забаўляльнасці
Южык скептычна ставіцца да літаратуры, якая абмяжоўваецца забаўкай, самавыяўленнем або аднаўленнем ужо вядомых схем. Яго раздражняе ператварэнне мастацтва ў прадукт, які павінен толькі адпавядаць чаканням аўдыторыі.
Такая пазіцыя мае істотныя падставы. Камерцыйны поспех не з'яўляецца надзейным крытэрыем мастацкай вартасці. Лёгкасць чытання таксама не сведчыць ні пра высокую, ні пра нізкую якасць твора. Літаратура можа быць складанай і значнай, а можа быць складанай і няўдалай; можа быць даступнай і глыбокай, а можа быць даступнай і банальнай.
Аднак Южык часам занадта рэзка супрацьпастаўляе ідэйную сур'ёзнасць папулярнасці. У такой сістэме каардынат узнікае небяспека недаацаніць жанравую літаратуру, гульню, гумар, лёгкасць і свядомую адмову ад маштабных філасофскіх абагульненняў.
Не кожны добры твор абавязаны быць філасофскім трактатам, а забаўляльнасць сама па сабе не выключае мастацкай глыбіні.
Праблема не ў тым, што Южык патрабуе ад літаратуры большай сур'ёзнасці. Праблема ў тым, што ягоныя крытэрыі часам выглядаюць занадта вузкімі для ўсёй разнастайнасці літаратурных формаў.
4.2. Мастацкая праўда і жыццёвая праўдападобнасць
Асабліва пераканаўча Южык працуе там, дзе аналізуе канкрэтныя дэталі літаратурнага твора.
У рэцэнзіі на дэтэктыў «Цень анёла» Максіма Клімковіча і Уладзіміра Сцяпана ён указвае на праблемы з адлюстраваннем рэанімацыі, каматознага стану, медыцынскай тэрміналогіі і хуткасці аднаўлення пацыенткі. Пры гэтым крытык не абмяжоўваецца абвінавачваннем у непраўдападобнасці: ён тлумачыць, чаму апісаныя падзеі выклікаюць сумневы.
Адначасова ён прызнае прафесійныя вартасці рамана, у тым ліку напружанасць сцэн і ўменне аўтараў працаваць з дэталлю.

Гэта прыклад таго, як крытыка можа быць канкрэтнай і доказнай: яна выяўляе хібу, паказвае яе механізм, але не зводзіць да яе ўвесь твор.
Аднак тут важна адрозніваць два крытэрыі:
    • Фактычная дакладнасць: ці адпавядаюць медыцынскія, гістарычныя або бытавыя дэталі рэчаіснасці?
    • Мастацкая праўда: ці служаць гэтыя дэталі раскрыццю характараў, канфлікту і аўтарскай задумы?
У рэалістычным дэтэктыве фактычная памылка можа разбурыць давер да сюжэта. У фантастыцы, прытчы або ўмоўнай прозе адступленне ад жыццёвай верагоднасці можа быць свядомым мастацкім прыёмам.
Таму найбольш моцны крытычны аналіз узнікае не тады, калі крытык проста патрабуе рэалізму, а тады, калі ён паказвае, чаму пэўная дэталь працуе або не працуе ў сістэме канкрэтнага твора.
Южык часам дасягае гэтага ўзроўню, асабліва ў разборы сюжэтных хібаў. Але ягоная агульная эстэтычная сістэма не заўсёды выразна размяжоўвае ўніверсальныя патрабаванні да мастацтва і патрабаванні, абумоўленыя канкрэтным жанрам.
5. Беларуская літаратура як сістэма: крытыка інстытуцый, выдавецтваў і аўтарытэтаў
Адна з найбольш значных асаблівасцей зборніка — выхад за межы аналізу асобных кніг. Южык разглядае літаратуру як поле, у якім дзейнічаюць пісьменнікі, крытыкі, рэдактары, выдавецтвы, літаратурныя часопісы і медыя.
У артыкуле «Крытыка на лаве падсудных» ён аналізуе, як фарміруюцца ўяўленні пра літаратурную вартасць, хто атрымлівае права вызначаць актуальнасць кніг і наколькі незалежнымі застаюцца ацэнкі літаратурных інстытуцый.
У гэтым сэнсе зборнік можна чытаць як спробу дыягностыкі беларускай літаратурнай сістэмы канца 2000-х — пачатку 2010-х гадоў.
5.1. Карпаратыўнасць і закрытасць літаратурнага асяроддзя
У заключных разважаннях пра літаратурную крытыку Южык вылучае некалькі негатыўных тэндэнцый: схільнасць да кампліментарных ацэнак, абмежаванне кола аўтараў групавымі інтарэсамі, страх пакрыўдзіць уплывовых людзей і залежнасць ад ідэйных сімпатый.

Гэта сур'ёзныя абвінавачанні, і іх значэнне не абмяжоўваецца беларускай сітуацыяй. Невялікая літаратурная супольнасць сапраўды можа сутыкацца з праблемай, калі прафесійныя кантакты і асабістыя адносіны ўскладняюць адкрытую дыскусію.
Але трэба ўлічваць, што сам па сабе факт сяброўства крытыка з пісьменнікам не даказвае неаб'ектыўнасці рэцэнзіі. Як і адсутнасць асабістых кантактаў не гарантуе незалежнасці ацэнкі.
Каб выснова пра сістэмную прадузятасць была пераканаўчай, патрэбны не толькі прыклады, але і параўнальны аналіз: якія кнігі рэгулярна атрымліваюць увагу, якія застаюцца па-за абмеркаваннем, як суадносяцца крытычныя ацэнкі з рэальнымі вартасцямі твораў і ці існуюць устойлівыя адрозненні паміж выданнямі.
Южык часта ставіць правільнае пытанне, але не заўсёды ператварае яго ў дастаткова сістэмнае даследаванне.
5.2. Праблема літаратурнага цэнтра і перыферыі
У зборніку адчуваецца заклапочанасць тым, хто і на якіх падставах атрымлівае статус значнага пісьменніка. Крытык не давярае аўтаматычна ні вядомасці, ні рэкламнай кампаніі, ні прызнанню пэўнай групы калег.
Такі падыход мае дэмакратычны патэнцыял: ён дазваляе задаваць пытанні пра аўтараў, якіх не заўважаюць, і пра механізмы, дзякуючы якім асобныя імёны становяцца абавязковымі для літаратурнага канону.
Аднак у Южыка ёсць і адваротная тэндэнцыя: ён сам досыць упэўнена вызначае, каму належыць месца ў цэнтры, а хто прадстаўляе непаўнавартасную літаратуру.
Тут узнікае парадокс: крытык, які змагаецца супраць замкнёнасці літаратурных эліт, часам стварае ўласную элітарную сістэму ацэнкі.
Гэта не абясцэньвае ягоных назіранняў, але патрабуе ўспрымаць іх як пазіцыю ўдзельніка літаратурнага працэсу, а не як нейтральны пратакол яго стану.
5.3. Пісьменнік і рынак
Южык з падазрэннем ставіцца да літаратурнай раскруткі, камерцыйных чаканняў і тэндэнцыі прыстасоўваць мастацтва да густу масавага чытача. У рэцэнзіі на раман Наталкі Бабінай «Рыбін горад» ён спачатку прызнае здольнасці аўтаркі, яе стыль і пачуццё гумару, але потым жорстка крытыкуе, на яго думку, падпарадкаванне літаратурным модам.

Гэтая рэцэнзія паказвае, што Южык не абавязкова адмаўляе талент аўтара, якога крытыкуе. Ён можа адрозніваць асобу і яе патэнцыял ад выніковага мастацкага рашэння.
Але ў ягоным падыходзе ёсць спрэчнае дапушчэнне: камерцыйны поспех і мастацкая самастойнасць нібыта знаходзяцца ў натуральным канфлікце.
Насамрэч камерцыйная літаратура можа быць мастацка значнай, а незалежнае выдавецтва або непапулярны аўтар могуць выпускаць слабую прозу. Важна не тое, ці прасоўваецца кніга, а тое, ці не падмяняе прасоўванне аналіз яе сапраўдных якасцей.
Тут найбольш слушным было б не супрацьпастаўленне рынку і мастацтва, а даследаванне канкрэтных механізмаў уплыву: як рэкламная стратэгія фарміруе чаканні, як жанравыя нормы абмяжоўваюць або развіваюць аўтара, як камерцыйная паспяховасць суадносіцца з мастацкай навізной.
Южык выразна адчувае небяспеку літаратурнай кан'юнктуры, але ягоныя высновы часам выглядаюць больш палемічнымі, чым сістэмна абгрунтаванымі.
6. Мова, літаратурная форма і праблема мастацкага майстэрства
Зборнік цікавы яшчэ і тым, што Южык не абмяжоўвае ацэнку літаратуры тэматыкай або ідэйнай пазіцыяй аўтара. Ён звяртае ўвагу на структуру твора, кампазіцыю, рытм, сюжэтную арганізацыю, працу з дэталлю і здольнасць тэксту ўтрымліваць чытацкую ўвагу.
Гэта асабліва важна для разумення ягонай канцэпцыі мастацтва: сур'ёзная ідэя сама па сабе не гарантуе высокай мастацкай якасці. Яна павінна быць увасоблена ў адпаведнай форме.
6.1. Форма як праверка аўтарскай задумы
У артыкуле «Гульня, роўная рэчаіснасці» Южык разглядае аповесць Валерыя Гапеева «Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці». Крытык вылучае яе сярод іншых прачытаных ім твораў пісьменніка, звяртае ўвагу на сучаснасць праблематыкі і арганічнасць мастацкага ўвасаблення. Пры гэтым ён не прэтэндуе на вычарпальнае веданне ўсёй творчасці аўтара.

Гэты момант заслугоўвае ўвагі. У найбольш удала збалансаваных рэцэнзіях Южык не толькі выносіць вердыкт, але і тлумачыць, у чым заключаецца своеасаблівасць канкрэтнага твора.
Параўнанне розных рэцэнзій паказвае, што ягоная крытыка не зводзіцца да татальнага адмаўлення сучаснай літаратуры. Ён здольны прызнаваць мастацкія дасягненні, бачыць перспектыўныя напрамкі і вылучаць аўтараў, якія, на яго думку, прапануюць новыя рашэнні.
6.2. Крытыка паэзіі: сапраўднае пачуццё супраць інерцыі
У артыкулах пра паэтычныя зборнікі Южык асабліва крытычна ставіцца да самапаўтарэння. Ён не лічыць, што ранейшае прызнанне аўтара аўтаматычна пацвярджае якасць яго новых вершаў. Творчасць павінна развівацца, а аўтар — адчуваць змены ва ўласным жыцці і мове.
Разглядаючы паэзію Юрася Нератка, Южык разважае пра ўзроставыя змены, творчы крызіс і неабходнасць пераходу да новых формаў. Ён звязвае мастацкую эвалюцыю з уменнем пераадольваць звыклыя спосабы самавыяўлення.

Гэта прадуктыўны прынцып: літаратурная біяграфія не павінна ператварацца ў права на бясконцае паўтарэнне ранейшых поспехаў.
Але ёсць і праблема. Крытык часам пераходзіць ад ацэнкі канкрэтных вершаў да шырокіх сцвярджэнняў пра старэйшае пакаленне паэтаў і стан беларускай паэзіі ў цэлым. Такія абагульненні патрабуюць больш сістэмнай доказнай базы, чым аналіз некалькіх прыкладаў.
Акрамя таго, паўтарэнне матываў не заўсёды азначае творчае вычарпанне. У лірыцы вяртанне да тых самых тэм можа быць спосабам іх паглыблення, а фармальная стрыманасць — свядомай эстэтычнай пазіцыяй.
Таму патрабаванне развіцця слушнае, але не павінна ператварацца ў абавязак кожнага аўтара пастаянна змяняць стыль дзеля самой навізны.
7. Стыль Южыка: аргумент, іронія, сарказм і рытарычная агрэсія
Стылістыка зборніка — не проста сродак перадачы думкі. Яна непасрэдна ўдзельнічае ў фарміраванні аўтарскага вобраза: крытыка, які не баіцца канфлікту, не хавае раздражнення і лічыць мяккасць ацэнак адной з прычын заняпаду літаратурнага жыцця.
Для Южыка характэрныя:
    • катэгарычныя ацэнкі;
    • рытарычныя пытанні;
    • іронія і сарказм;
    • гіпербалы;
    • метафары хваробы, суда, барацьбы і прафесійнай непаўнавартаснасці;
    • рэзкія супрацьпастаўленні сапраўднага і фальшывага, глыбокага і павярхоўнага.
Гэтая мова стварае высокае напружанне і робіць многія артыкулы запамінальнымі. Крытык не хаваецца за безасабовым акадэмічным стылем: ягоная прысутнасць у тэксце адчуваецца амаль фізічна.
7.1. Сіла палемічнай мовы
Палемічнасць дапамагае разбураць літаратурную інерцыю. Калі ўсе ўдзельнікі культурнага працэсу прывыклі да ветлівых рэцэнзій, рэзкі аналіз можа прымусіць перачытаць твор і нанова паставіць пытанне пра яго мастацкую вартасць.
Южык разумее, што літаратурная крытыка павінна не толькі паведамляць, але і ўздзейнічаць. Яна мусіць змяняць спосаб чытання, выяўляць схаваныя супярэчнасці і ствараць нагоду для дыскусіі.
У гэтым сэнсе ягоны стыль адпавядае самой канцэпцыі крытыкі як грамадска значнай дзейнасці.
7.2. Калі сарказм падмяняе доказ
Але палемічная энергія мае сваю цану. У асобных артыкулах рэзкія характарыстыкі аўтараў і іх твораў ствараюць уражанне, што прысуд вынесены яшчэ да завяршэння аналізу.
Асабліва выразна гэта відаць у рэцэнзіі на «Рыбін горад», дзе прызнанне здольнасцей Наталкі Бабінай суседнічае з жорсткімі ацэнкамі яе літаратурных рашэнняў. Падобным чынам у артыкуле пра Юрыя Станкевіча метафарычнае супрацьпастаўленне ідэйна насычанай літаратуры і «пустых» твораў узмацняе эмацыйны эфект, але само па сабе не з'яўляецца доказам.

Михась Южик
+1
Тут неабходна адрозніваць тры ўзроўні:
    1. Эмацыйная рэакцыя: твор выклікае раздражненне, захапленне або нуду.
    2. Эстэтычнае меркаванне: твор мае пэўныя вартасці і недахопы.
    3. Аргументаваная выснова: канкрэтныя асаблівасці формы, кампазіцыі, мовы і сэнсу тлумачаць, чаму гэтыя вартасці і недахопы істотныя.
Моцная крытыка не абавязана быць ветлівай, але павінна пераходзіць ад першага ўзроўню да трэцяга.
Калі зняць з некаторых артыкулаў рытарычную агрэсію, частка іх высноў патрабуе больш уважлівага абгрунтавання. Калі ж прыбраць аргументы і пакінуць толькі сарказм, крытыка ператвараецца ў літаратурны скандал.
Найбольш каштоўны Южык там, дзе ягоная палемічная энергія падтрымліваецца дакладным аналізам; найменш пераканаўчы — там, дзе эмацыйная перавага пачынае замяняць доказ.
8. Праблема аб'ектыўнасці: ці можа крытык быць незалежным ад уласных перакананняў?
Пытанне аб'ектыўнасці праходзіць праз увесь зборнік, але асабліва выразна выяўляецца ў супастаўленні аўтарскіх прынцыпаў з канкрэтнымі рэцэнзіямі.
Южык патрабуе ад крытыка незалежнасці ад літаратурных аўтарытэтаў, групавых інтарэсаў, рэкламных кампаній і асабістых сімпатый. Гэтая пазіцыя сама па сабе пераканаўчая. Аднак незалежнасць ад чужых меркаванняў не тоесная аб'ектыўнасці.
Крытык можа не залежаць ад выдавецтва і пры гэтым быць празмерна залежным ад уласнага густу. Ён можа не належаць да літаратурнай групоўкі, але несвядома ацэньваць усе творы паводле аднаго і таго ж ідэалагічнага або эстэтычнага шаблону.
У Южыка ёсць выразны набор пераваг: інтэлектуальная насычанасць, маральная праблематыка, канфліктнасць, сур'ёзнасць аўтарскай пазіцыі, псіхалагічная і жыццёвая праўдападобнасць. Усё гэта можа служыць добрай асновай для крытыкі. Але ці дастаткова гэтага, каб ацаніць літаратуру ва ўсёй яе разнастайнасці?
Пытанне застаецца адкрытым.
8.1. Супярэчнасць паміж дэкларацыяй і практыкай
Южык крытыкуе суб'ектывізм іншых рэцэнзентаў, асабліва калі іх ацэнкі грунтуюцца на захапленні асобай пісьменніка або яго месцам у літаратурнай эліце. Пры гэтым уласныя артыкулы часам насычаныя катэгарычнымі высновамі, якія грунтуюцца на асабістым адчуванні мастацкай праўды.
Гэта не азначае, што аўтар не мае права на выразную пазіцыю. Наадварот, крытыка без уласных эстэтычных перакананняў часта становіцца безаблічнай.
Праблема пачынаецца тады, калі ўласнае меркаванне неадчувальна пераходзіць у статус універсальнага закона.
Напрыклад, калі крытык лічыць, што твор павінен мець выразны маральны або філасофскі змест, гэта законная эстэтычная пазіцыя. Але з яе не вынікае, што твор, пабудаваны на гульні, абсурдзе, фрагментарнасці або свядомай адмове ад маральнага вываду, аўтаматычна саступае больш традыцыйнаму твору.
Для большай аб'ектыўнасці Южыку варта было б часцей выяўляць уласныя крытэрыі і паказваць, чаму яны дарэчныя для ацэнкі таго ці іншага твора.
8.2. Чаго не хапае ягонай крытыцы?
З пункту гледжання сучаснага літаратуразнаўчага аналізу зборніку часам бракуе чатырох элементаў:
    • Размежавання факту і інтэрпрэтацыі. Не заўсёды дастаткова выразна паказана, дзе заканчваецца назіранне над тэкстам і пачынаецца аўтарская ацэнка.
    • Сістэматычнага параўнання. Ацэнка асобнага твора не заўсёды ўключаецца ў шырэйшы параўнальны кантэкст жанру або літаратурнага кірунку.
    • Альтэрнатыўнага прачытання. Крытык не заўсёды правярае, ці можна вытлумачыць спрэчны мастацкі прыём інакш, чым праз недахоп аўтара.
    • Самакарэкцыі. Не ўсюды відаць, што аўтар гатовы змяніць сваю ацэнку пад уплывам пераканаўчых контраргументаў.
Гэтыя заўвагі не адмяняюць значэння зборніка. Яны акрэсліваюць розніцу паміж моцнай аўтарскай крытыкай і даследаваннем, якое імкнецца зрабіць уласныя высновы максімальна правяральнымі.
9. Маральная філасофія зборніка: літаратура як адказнасць
Нягледзячы на рэзкасць асобных ацэнак, за імі стаіць не проста жаданне выкрываць чужыя памылкі. Южык разглядае літаратуру як сферу, у якой чалавек павінен адказваць за свае словы, эстэтычныя рашэнні і стаўленне да рэчаіснасці.
Гэтая пазіцыя надае зборніку маральнае вымярэнне.
Літаратура для Южыка — не нейтральная забава і не прыватны дзённік, які не патрабуе ацэнкі. Яна ўдзельнічае ў фарміраванні грамадскай свядомасці, у разуменні чалавечай прыроды, у захаванні або страце моўных і культурных каштоўнасцей.
Пры гэтым адказнасць распаўсюджваецца не толькі на пісьменніка. Крытык таксама павінен адказваць за свае словы, бо ягоныя ацэнкі ўплываюць на рэпутацыі аўтараў і ўяўленні чытачоў пра літаратурны працэс.
У гэтым сэнсе зборнік прапануе важны этычны імператыў: не хлусіць пра літаратуру дзеля зручнасці, кар'ерных інтарэсаў або асабістай сімпатыі.
Аднак маральная адказнасць не павінна атаясамлівацца з абавязковай маральнай павучальнасцю мастацтва. Твор можа быць значным, нават калі ён не прапануе станоўчага героя, адназначнага маральнага вываду або суцяшальнай карціны свету.
Больш за тое, мастацтва здольнае адкрываць супярэчнасці, не вырашаючы іх. Часам менавіта нявызначанасць, унутраны канфлікт або адсутнасць гатовага адказу робяць твор праўдзівым.
Таму найбольш перспектыўнае прачытанне Южыкавай этыкі — не патрабаванне, каб літаратура вучыла правільна жыць, а патрабаванне, каб яна не была фальшывай у сваім бачанні чалавека.
10. Гістарычны кантэкст: літаратурная крытыка Беларусі каля 2010 года
Зборнік неабходна чытаць у кантэксце часу яго стварэння. Гэта не сучасная ацэнка літаратуры з пункту гледжання 2026 года, а сведчанне дыскусій, што адбываліся прыблізна ў 2008–2012 гадах.
У гэты перыяд беларускі літаратурны працэс існаваў у складанай прасторы ўзаемадзеяння розных выдавецкіх, часопісных, медыйных і ідэалагічных асяродкаў. У зборніку згадваюцца Arche, Дзеяслоў, Наша Ніва, Тэксты, Калоссе, pARTisan, радыё «Свабода» і іншыя пляцоўкі. Южык разглядае іх не толькі як месцы публікацыі, але і як інстытуты, што ўплываюць на фарміраванне літаратурных аўтарытэтаў.

Михась Южик
+1
Тут варта ўлічваць тры асаблівасці эпохі.
Па-першае, абмежаванасць культурнай прасторы. У адносна невялікім моўным асяроддзі пытанні публікацыі, рэцэнзавання і прызнання могуць набываць асаблівую вастрыню. Адмоўная рэцэнзія або адсутнасць увагі з боку вядучага часопіса могуць адчувальна ўплываць на бачнасць аўтара.
Па-другое, канфлікт крытэрыяў літаратурнай каштоўнасці. Традыцыйныя ўяўленні пра мастацкую глыбіню, маральнасць і нацыянальную адказнасць сутыкаліся з новымі формамі прозы, жанравымі эксперыментамі, постмадэрнісцкімі стратэгіямі і рынкавай логікай. Южык часта займае пазіцыю патрабавальнага крытыка, які не жадае прымаць новае толькі таму, што яно новае.
Па-трэцяе, праблема культурнага самавызначэння. Беларуская літаратура павінна была адначасова развіваць уласную традыцыю, асвойваць сусветны вопыт і даказваць сваю здольнасць працаваць з сучаснымі тэмамі і жанрамі. Южык успрымае адставанне ад сусветных літаратур як адну з праблем нацыянальнага літаратурнага працэсу, хоць ягоныя шырокія абагульненні пра маштаб гэтага адставання патрабуюць асобнага даследавання.

Михась Южик
Усё гэта дазваляе зразумець эмацыйную напружанасць зборніка. Южык успрымае літаратурную крытыку як інструмент культурнага адбору, а не проста як каментар да ўжо створаных кніг.
Але гістарычны кантэкст таксама патрабуе асцярожнасці. Нельга аўтаматычна пераносіць ягоныя высновы на сучасную беларускую літаратуру: змяніліся медыйнае асяроддзе, формы публікацыі, чытацкія практыкі і ўмовы існавання культурных супольнасцей.
Таму сёння зборнік мае двайную каштоўнасць: як выказванне пэўнай эстэтычнай пазіцыі і як дакумент літаратурных спрэчак сваёй эпохі.
11. Кампазіцыя зборніка: цэласная канцэпцыя ці архіў крытычных выступленняў?
41 артыкул утварае значны па аб'ёме корпус, але не абавязкова паслядоўны трактат.
Змест аб'ядноўвае рэцэнзіі на канкрэтныя кнігі, развагі пра паэзію і прозу, палеміку з літаратурнымі аўтарамі, разгляд дзейнасці крытыкаў і развагі пра стан нацыянальнай літаратуры. Частка назваў пазначае канкрэтны прадмет аналізу, частка — шырокую праблему, а частка адразу задае правакацыйную, амаль сатырычную інтанацыю.

Михась Южик
Такі фармат мае і перавагі, і недахопы.
Перавагі
    • Шырокі ахоп: чытач атрымлівае ўяўленне пра мноства твораў і супярэчнасцей літаратурнага жыцця.
    • Плюралізм жанраў: рэцэнзія, эсэ, літаратуразнаўчы аналіз і палеміка ўзаемадапаўняюць адно аднаго.
    • Магчымасць прасачыць аўтарскі светапогляд: паўтаральныя тэмы і ацэначныя прынцыпы дазваляюць рэканструяваць канцэпцыю літаратуры Южыка.
Недахопы
    • Няроўнасць глыбіні: некаторыя артыкулы грунтуюцца на канкрэтных тэкставых назіраннях, іншыя больш залежаць ад агульных меркаванняў і рытарычных абагульненняў.
    • Паўтарэнне тэзісаў: думкі пра кампліментарнасць, прафесійную адказнасць, мастацкую сур'ёзнасць і літаратурную кан'юнктуру вяртаюцца ў розных артыкулах.
    • Адсутнасць адзінай даследчай працэдуры: зборнік не заўсёды прапануе выразную сістэму крытэрыяў, паводле якой можна было б параўноўваць розныя жанры і аўтараў.
У выніку «Метафізіка ісціны» ўспрымаецца хутчэй як інтэлектуальная хроніка крытычнай дзейнасці, чым як паслядоўна пабудаваная тэарэтычная праца.
Гэта не абавязкова недахоп. Зборнік палемічных артыкулаў можа мець уласную каштоўнасць менавіта дзякуючы адкрытасці, супярэчлівасці і непасрэднасці. Аднак чытач не павінен чакаць ад яго той сістэмнасці, якая ўласцівая манаграфіі з адзіным даследчым пытаннем, метадалогіяй і паслядоўна развітымі высновамі.
12. Зводная ацэнка: найбольш моцныя і найбольш уразлівыя бакі зборніка
Моцныя бакі
Прынцыповасць
Южык настойвае, што рэцэнзія павінна грунтавацца на вартасцях твора, а не на статусе яго аўтара або асабістых адносінах.
Увага да канкрэтнага тэксту
У найлепшых рэцэнзіях ён выяўляе сюжэтныя, кампазіцыйныя і фактычныя хібы, а таксама тлумачыць мастацкія вартасці.
Інстытуцыйнае мысленне
Крытык аналізуе не толькі творы, але і механізмы літаратурнага прызнання, выдавецкую кан'юнктуру і групавыя інтарэсы.
Палемічная выразнасць
Энергічная мова, іронія і канфліктнасць робяць артыкулы запамінальнымі і стымулююць дыскусію.
Уразлівыя бакі
Катэгарычнасць
Часам суб'ектыўная ацэнка падаецца як амаль бясспрэчны прысуд, а магчымасць іншай інтэрпрэтацыі застаецца па-за ўвагай.
Залішняя генералізацыя
Назіранні над асобнымі кнігамі часам становяцца падставай для шырокіх высноў пра цэлыя пакаленні, жанры або літаратурныя групы.
Рытарычны ціск
Сарказм і рэзкія характарыстыкі могуць узмацняць эмацыйнае ўражанне, але не заўсёды адпавядаюць ступені доказнасці аргументаў.
Абмежаванасць эстэтычнай мадэлі
Перавага ідэйнай сур'ёзнасці і маральнай праблематыкі часам пакідае недаацэненымі гульню, шматзначнасць і самастойную вартасць эксперыментальнай формы.
13. Як можна было б паглыбіць даследаванне зборніка?
Калі разглядаць «Метафізіку ісціны» як аб'ект акадэмічнага літаратуразнаўчага даследавання, карысна было б працягнуць аналіз у некалькіх напрамках.
Першы — рэканструкцыя эстэтычнай сістэмы Южыка. Неабходна вылучыць крытэрыі, паводле якіх аўтар адрознівае высокае мастацтва ад масавай літаратуры, і праверыць, ці паслядоўна яны прымяняюцца да прозы, паэзіі, дэтэктыва і эксперыментальных твораў.
Другі — аналіз рыторыкі крытыкі. Можна параўнаць, як змяняюцца мова, тон і структура аргументацыі ў станоўчых і адмоўных рэцэнзіях. Гэта дазволіла б вызначыць, ці залежыць глыбіня аналізу ад папярэдняга стаўлення аўтара да пісьменніка.
Трэці — вывучэнне літаратурнай сацыялогіі. Артыкулы пра крытыкаў, выдавецтвы і часопісы можна супаставіць з рэальнымі механізмамі літаратурнага прызнання ў Беларусі таго часу. Гэта дапамагло б адрозніць абгрунтаваныя назіранні ад палемічных абагульненняў.
Чацвёрты — параўнанне з іншымі беларускімі крытыкамі. Параўнальны аналіз дазволіў бы вызначыць, наколькі погляды Южыка адлюстроўваюць агульныя тэндэнцыі эпохі, а наколькі з'яўляюцца ягонай індывідуальнай эстэтычнай праграмай.
Пяты — даследаванне паняцця ісціны. Асаблівай увагі заслугоўвае пытанне, ці разумее Южык ісціну як адпаведнасць рэчаіснасці, маральную праўду, эстэтычную пераканаўчасць або вынік аргументаванай інтэрпрэтацыі. Гэтыя значэнні перасякаюцца, але не супадаюць.
Такі падыход дапамог бы перайсці ад агульнай характарыстыкі зборніка да больш дакладнага разумення яго тэарэтычнай асновы.
14. Заключэнне: значэнне «Метафізікі ісціны»
«Метафізіка ісціны» — супярэчлівы, але змястоўны зборнік, у якім крытыка паўстае як форма інтэлектуальнай барацьбы за якасць нацыянальнай літаратуры.
Міхась Южык не задавальняецца апісаннем літаратурнага працэсу. Ён імкнецца ўсталёўваць крытэрыі, выяўляць слабасці, аспрэчваць аўтарытэты і патрабаваць ад пісьменнікаў прафесійнай адказнасці. Ягоныя артыкулы паказваюць, што літаратурная крытыка можа быць не толькі каментарыем да мастацтва, але і самастойнай формай грамадскай думкі.
Найбольш каштоўныя старонкі зборніка — тыя, дзе крытык звяртаецца да канкрэтных асаблівасцей твора, аргументавана паказвае ягоныя недахопы, прызнае вартасці і не блытае аўтарскую вядомасць з мастацкай якасцю. У гэтых выпадках Южык сапраўды выступае як патрабавальны чытач, які дапамагае лепш зразумець літаратуру.
Найбольш праблемныя моманты ўзнікаюць там, дзе катэгарычнасць замяняе доказ, сарказм — аргументацыю, а ўласная эстэтычная пазіцыя пачынае прэтэндаваць на статус універсальнай ісціны. Тут крытык рызыкуе паўтарыць менавіта тую памылку, супраць якой выступае: падмяніць адкрытае даследаванне літаратуры загадзя сфармуляваным прысудам.
Але менавіта гэтая супярэчнасць робіць зборнік цікавым для даследчыка. Ён дазваляе вывучаць не толькі беларускую літаратуру канца 2000-х — пачатку 2010-х гадоў, але і саму прыроду крытычнага мыслення: ягоныя магчымасці, межы, маральныя прэтэнзіі і небяспеку інтэлектуальнай самаўпэўненасці.
У выніку галоўнае пытанне «Метафізікі ісціны» выходзіць за межы ацэнкі асобных пісьменнікаў. Яно датычыцца самой крытыкі: як адстойваць ісціну, не прысвойваючы сабе манаполію на яе?
На гэтае пытанне зборнік не дае канчатковага адказу. Аднак ён дае дастаткова матэрыялу, каб убачыць, чаму гэтае пытанне застаецца прынцыповым для літаратуры.
І, магчыма, найбольш плённы вынік чытання Южыка заключаецца менавіта ў гэтым: не ў тым, каб пагадзіцца з усімі ягонымі прысудамі, а ў тым, каб навучыцца патрабаваць аргументаў — і ад пісьменнікаў, і ад крытыкаў, і ад саміх сябе.==


Рецензии